epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Трагедыя майго настаўніка

Найдрабнейшае каліва травы - незаўважанае ці даўно забытае, - і яно можа калі-небудзь увайсці раптам у жыццё чалавека, заняць увагу і думкі. І няма тае рамы, у якую можна было б, нават самаму моцнаму з моцных, увагнаць гэтую з'яву з малым калівам травы. А якую адлегласць трэба вымераць ад травы да чалавека?!

Аб трагедыі аднаго старога чалавека, майго былога настаўніка чатырох правілаў арыфметыкі, паведаміў мне яго ліст. Я атрымаў яго ў летні дзень, пад вечар.

«Прыйшлося мне давесці да вашага ведама, што я ажаніўся, - пісаў ён. - Жонка мая - вельмі маладая, прыгожая, слаўная і добрая; яна мяне вельмі глядзіць, шкадуе і любіць, хоць мне і пайшоў ужо шэсцьдзесят чацвёрты год. Я яе вельмі люблю, але жыць з ёю мне цяжка, бо дзеці мае, Клаўдзя і Ваця, мне жыць не даюць. Яны мяне і яе выганяюць з хаты і намагаюцца, каб я браў з ёю разлуку. Кажуць, што мне даўно пара ўміраць, а я ажаніўся. Я не дамагаюся пашаны да мяне як да бацькі, я толькі клапачуся, каб як ёй пражыць разам са мною. А яна жыве і начуе ў суседкі, бо яны не пускаюць яе нават на парог дома. Яны кажуць, што я ім свет завязаў, а тут, удумаўшыся, як я яго ім мог завязаць, калі гэта яны свет мне завязалі, не даючы спакойна пражыць да канца жыцця майго. Яна цяпер ходзіць да людзей на работу і корміць мяне. Дык от я, ваш даўнейшы настаўнік, і зварочваюся да вас як да свайго даўнейшага вучня, каб вы паклапаціліся аба мне і дапамаглі мне дастаць пасаду настаўніка. Хоць я ўжо год восем і не працую настаўнікам, можа, нават і больш, але я нічога з навук не забыўся. Палітыку і палітэканоміку я падзубру, і ў мяне ўсё як мае быць пойдзе. Я аб сабе не думаю, мне толькі, каб яна не нудзілася. Калі трэба будзе прайсці настаўніцкія курсы, то я за свой кошт мог бы гэта зрабіць, нічога не патрабуючы ад казны, абы толькі мець пасля пасаду настаўніка. Пастарайцеся, дарагі мой, паклапаціцеся аба мне, не пакіньце мяне ў маёй бядзе. Можа, вам будуць што пісаць на мяне ці нагаворваць мае ворагі, дык вы не верце ім, бо яны ўсе жадаюць мне толькі бяды, хоць я ім ніякае прыкрасці і не зрабіў. Я з сваёю жонкаю абкружаны ворагамі, нават родныя дзеці паўсталі на мяне. Памажэце мне, дарагі. Чакаю ад вас добрага для мяне адказу».

Ліст гэты тры дні ляжаў у мяне на стале - я стараўся дадумацца, што мне адказаць яму. Нельга было проста сказаць яму, што нічога я не магу дапамагчы яму ў гэтай справе, - усё роўна не дасць веры.

На чацвёрты дзень прыйшоў ад яго другі ліст, пісаны больш нервова, як бы ён падыходзіў да апошняга пункта, за якім няможна ўжо было шукаць збавення.

«Калі здарыцца, што вам мае Ваця або Клаўдзя напішуць што-небудзь, то будзьце так сардэчна адданы мне, не звяртайце ўвагі на іх захады, а ідзеце поўнасцю насустрач мне. Так гаворыць нам камунізм, што трэба ісці насустрач нашаму беднаму класу. Жонка ж мая вельмі бяздольная пры цяперашнім нашым становішчы, і мне застаецца толькі адно - клапаціцца, каб не давялося ёй ісці з торбаю па свеце.

Гэта з ёю здарыцца, калі я з ёю разлучуся; а жыцця ёй і мне ў доме маім няма і не прадбачыцца. Адзін мне выхад - пайсці на службу настаўніка, што зрабіць можна пры дапамозе добрых маіх прыяцеляў. Так што, мой дарагі, як ужо я вам пісаў раней, паклапаціцеся. Даведайцеся, можа, мне можна і трэба быць на курсах, і я буду згодны. Чым хутчэй адкажыце мне, бо Ваця і Клаўдзя стараюцца ва ўсім перашкодзіць мне. Яны проці таго, каб я жыў з сваёю жонкаю, хоць бы і на пасадзе, не ў сваім доме. Будзьце ласкавы, пагаварыце там з кім належыць; я гатоў прайсці курсы, але толькі ў Менску, бо ў сваёй акрузе цяжка мне будзе папасці на іх, у мяне тут няма дарагіх таварышоў. На рэшце ліста гэтага прашу яшчэ раз паклапаціцца як аб сваім былым настаўніку і яшчэ раз папярэджваю вас, што калі будзе ў вас якая-небудзь заява супроць майго паганага становішча, то адкіньце яе, бо ў іх адна мэта - разбіць маё жыццё з жонкаю, і ад гэтага для мяне здарыцца вельмі непрыемная гісторыя. Каб мне папасці на курсы, то тады мая жонка магла б пажыць у сваёй вёсцы, а пасля была б пасада, і ўсё было б добра і спакойна. Мой дарагі, пастарайся мне зрабіць кар'еру жыцця, у іншым выпадку я канчаткова прападу. Так я цяпер нуджуся і так у мяне цяпер горка на сэрцы, што я не магу перажыць і не ведаю, дзе мне дзецца. Ваця ж і Клаўдзя рады, што мне нядобра. Жонка жыве ў суседкі, а я дома ні госць, ні гаспадар. Забралі яны ўсё ў свае рукі. Прывядзіце мяне да спакойнага жыцця, і я буду лічыць вас да дошкі труны свае маім ласкавым другам. Добра было б атрымаць ад вас адказ дзён праз 8-10, бо калі пазней, то я не ведаю, што яны са мною зробяць. Пішыце мне на імя брата майго Ўладыслава, бо дома яны перахвацяць ліст. Яшчэ раз прашу вас, дарагі мой, не пакіньце без увагі мае просьбы».

«Прывесці яго да спакою жыцця?!»

І я нічога не напісаў яму. Я сам меўся ехаць туды і думаў сам пастарацца як-небудзь пераканаць яго, што ніколі ў канцылярыях камісарыятаў і іх аддзелаў я не буду такім аўтарытэтным, каб дапамагаць каму-небудзь заняць пасаду.

Лісты гэтага старога чалавека наводзілі на мяне думкі аб усякіх трагедыях чалавечых, аднак адзін з маіх знаёмых, якому я для практыкі вывучэння ўсяго, што толькі можна вывучаць, пачытаў гэтыя лісты, сказаў мне, што чалавек гэты - вузкі эгаіст і па-дурному разумее жыццё. Перш за ўсё, для яго няважна шырыня настаўніцкае працы, ён проста думае аб тым, каб як самому зачапіцца за што ў жыцці. Апроч гэтага, ён як індывідуум супярэчыць прыроднаму ўстанаўленню: ён жа пражыў сваё жыццё, даўно адкрасаваў, а тым часам усе звесткі гавораць, што ён імкнецца парушыць устаноўлены ход падзей, задумаўшы нанава пачаць жыць. Тут толькі амалажэнне магло б утварыць парушаны парадак. Ён падобны да таго старога дупляватага дрэва дзе-небудзь у садзе, якое, высахшы ўсім галлём сваім, пачынае пускаць пасынкі з пня і карэнняў. Пасынкі растуць густа і не ў належную меру, глушаць адзін аднаго, гусцяцца там, дзе самая густата шкодзіць іх жа росту, і рэдка растуць там, дзе можна б і гусцей расці. Калі іх не абрэжуць або не зрэжуць зусім дрэва, яны пачынаюць разрастацца не як пладовае дрэва, а як дзікая прырэчная вярба, што расце зараз і голлямі, і карэннямі. І от само дрэва падобнае ўжо на куст, праўда, зялёны і купчасты, але бясплодны і некарысны ў садзе. А вакол растуць маладзенькія шчэпы, што прышчэплены некалі былі ад гэтага самага дрэва, калі яно было яшчэ здаровым і давала плады. Бліжэйшыя шчэпы цяпер глушацца гэтым раскушчаным дупляватым дрэвам, расці ім тут невыгодна, бо частку сонца засланяе сабою непатрэбны куст пасынкаў.

Дзеці гэтага старога хочуць таксама жыць. Можа, гэты сын яго, Ваця, нядаўна ажаніўся ці думае жаніцца, а стары бацька засланіў яму ў хаце свет.

Вось да чаго падобна гэта здарэнне.

Так гаварыў мой знаёмы. Падумаўшы трохі, ён яшчэ сказаў:

- Чалавек гэты навылет працяты хрысціянскімі разуменнямі. Ён адмаўляе ўсякую актыўнасць арганізацыі. Для яго проста па-хрысціянску камунізм - нейкая вышэйшая, невядома адкуль нараджоная істота, якая вучыць ісці і сама ідзе насустрач усім бедным і бяздольным. Спадзявайся, значыцца, на гатовае. Сядзі рукі склаўшы і ўздыхай, пакуль нехта, навучаны камунізмам, не прыйдзе і не прынясе збавення. Да гэтага ж трэба дадаць, што ён і хітранькі, гэты чалавек; думаючы падкупіць вас, ён гаварыў тут пра нейкі для яго далёкі і незразумелы камунізм.

- Аднак жа ён сам дзейнічае; сам пачаў нанава жыць, супярэчачы дзецям, - пастараўся апраўдаць я свайго былога настаўніка.

- Малая яго ў гэтым храбрасць - ён проста эгаіст ды, у дадатак, баязлівы.

- А што ты хочаш ад яго, старога?

- Ад яго нічога ніхто не хоча і не вымагае, толькі я падвожу яго пад агульны закон для такіх людзей - хто з іх больш правы: ён ці дзеці. Па-мойму, дзеці павінны поўнаю жменяй чэрпаць жыццё, а ён - «пастолькі паколькі».

Я выслухаў майго знаёмага, і нядобрае пачуццё засталося ў мяне да яго. З аднаго боку, трагедыя чалавека, з другога - формула. І нядобрае пачуццё гэтае надоўга не пакінула мяне, бо бачыў я шмат пісароў, якія складалі незлічоныя анкеты абсалютна для ўсіх, самі ж ніколі ў іх не ўпісваліся. За вельмі малы час цэлы калейдаскоп іх, гэтых асоб і характараў, сілком, без майго нават клопату, паказала мне сябе навылет. Адна шаноўная асоба запрасіла была раз мяне на абед. І я пайшоў, радасна чакаючы пачуць паважнае слова.

Аднак паважнага слова я так і не дачакаўся, бо слухаў увесь час усякую гаворку аб закулісных справах адной вялікае ўстановы. Пры гэтым лысіна паважнае асобы далікатна блішчала, і твар зрабіўся раптам мяккім і добрым - відаць было, што асоба папала ў сваю сферу! Другая, не менш паважная асоба, напоўнілася раз вялікім жахам, калі я ў нейкай справе прапанаваў змяніць вельмі цяжкія і надзвычайна невыгодныя метады адной работы на лепшыя.

Асоба прызнала прапанову вельмі добрай, старыя метады вельмі дрэннымі і новыя вельмі добрымі, аднак, з выглядам чалавека, пад якім рушыцца свет, заўважыла:

- Вы забываеце, што тыя метады, якімі цяпер карыстаемся, некалі былі праведзены ў жыццё.

- Дык што?

- Дык тое, што яны ў свой час былі ўхвалены, і, адкінуўшы іх, мы кампраметуем сябе. Заўсёды памятайце, што пра іх было раздзьмута кадзіла, і няхай сабе яно цяпер непатрэбна, аднак мы павінны хоць штучна падкладаць у яго вуголле і ладун. Разумееце?!

Я не меў права не разумець.

І я толькі быў рад аднаму: гаворачы аб змене метадаў, асоба міжвольна пакрыла твар свой страхам, звычайным чалавечым страхам. Такім чынам, першы раз у жыцці давялося мне ўбачыць у гэтае паважнае асобы чалавечы твар.

Я ўспомніў пра калейдаскоп асоб... І мне захацелася зараз жа ўбачыць майго былога старога настаўніка і, пераканаўшы яго ў праўдзівасці палажэння, што нічога дапамагчы яму я не магу, сказаць яму радаснае, ласкавае слова. Я ведаў, што ласкавае слова - гэта саматужніцтва і што адзінае ўстанаўленне жыцця - гэта індустрыя, аднак нічога з сабою зрабіць не мог. Такая ўжо ў мяне брыдкая натура.

Я не паспеў яшчэ выехаць туды, як раптам зноў ліст прыйшоў да мяне. Ліст не ад яго, а пра яго. Між усякімі іншымі навінамі мне пісалі, што пад вечар ён нечага зайшоў дадому. І між ім і сынам Вацем адбылася такая гаворка:

- Чаго ты прыйшоў сюды? - сказаў сын.

- Я трохі паляжу тут на лаве, - адказаў бацька.

- Ідзі вон, тут табе не месца.

- Тут жа мой дом, я паляжу трохі, дзе ж я дзенуся.

- Дзе дзенешся? Унь студня. Ідзі і дзенься там.

Тады ён пайшоў «дзецца» ў студню. Як атручаны, прайшоў па вуліцы, даючы «дзень добры» ўсім сустрэчным. У студню ён палез паволі, па выступах. Вада заняла яму толькі да грудзей. І ён там стаяў у немай роспачы. Як збегліся і хацелі яго выцягнуць, ён паволі падкурчыў ногі, каб схаваць у ваду галаву і захлынуцца.

Дасталі яго нежывога.

 

1927


жнівень 1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая