epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Трухлявае кола

Адзін быў плячысты малады чалавек, Сцёпка Майсейчык, брыгадзір. Другі — чалавек сярэдніх год, Хвёдар Руцкі, актывіст каля брыгадзіра. Яны ўдвух увайшлі ў двор да Юзіка і пайшлі проста да пуні, бо дзверы ў пуні былі адчынены. Юзік стаяў на таку, быў без шапкі, і пасівелыя, нізка астрыжаныя валасы на яго галаве тырчалі віхрамі ва ўсе бакі.

— Што ты без шапкі стаіш? — пачаў гутарку Хвёдар Руцкі.

І паправіў ён на сваёй галаве круглую кепку з гузікам наверсе, пашытую з паласатых крамных старых нагавіц. Юзік не ўспеў адказаць, чаго ён стаіць без шапкі, бо Сцёпка Майсейчык адразу паведаміў:

— Мы, дзядзька Юзік, да цябе от чаго: ты як ішоў пазалетась у калгас, дык схаваў пару колаў і кавалак жалеза. Мы пра гэта ведаем.

Юзікаў твар выцягнуўся, зрабіўся шэры, стары.

— Калі ў мяне што ёсць, я аддам.

— Можа і больш што ёсць, паглядзі,— абазваўся дружацкім тонам Хвёдар Руцкі, мацнуўшы гузік на сваёй круглай кепцы.— Вясна на дварэ, сеяць трэба, снасць патрэбна, колы трэба, жалеза трэба...

— Ведаю, што трэба,— нецярпліва і смела ўжо абазваўся Юзік, і твар яго паяснеў.— Аддам, што калісьці быў схаваў. Схаваў, гэта праўда. Пазалетась. Толькі не два колы, а адно. І не новыя колы, як ты, Руцкі, кажаш (яму здалося, што Руцкі гаварыў пра новыя колы), а трухлявае кола без шыны. А кавалак жалеза — праўда: дышаль з даўнейшага плуга, у кузні ён запатрэбіцца. Куды занесці, на калгасны двор ці пад кузню? Я от зараз.

Сцёпа і Хвёдар зірнулі адзін аднаму ў вочы. Сцёпа зірнуў з нецярплівай панурасцю. («Патрэбна снасць, патрэбна жалеза, а хітры Юзік хлусіць, не аддае. Пачынаецца цяганіна. Давядзецца браць яго за карак!») Хвёдар жа зірнуў на Сцёпу весела і самазадаволена. («Не казаў я, што хлусіць будзе?»)

— Дзядзька Юзік! — сказаў Сцёпа,— давайце зробім усё як мае быць, без хітрыкаў. Аддайце два колы і плуг. Мы ведаем. Два колы новыя, а плуг стары, на жалеза пойдзе.

— Адно трухлявае кола без шыны і дышаль з плуга,— зазлаваў Юзік.— Вы мне не верыце? Ты мне не верыш? (Ён падступіў ужо да Хвёдара Руцкага.) Ты ж сам добра ведаеш, а брыдзіш тут мне светам!

— Чаго ты на мяне! Я прыйшоў з Сцёпам сказаць табе. А ты не гаворыш як чалавек...

— Ты прыйшоў сказаць! Можаш сабе гаварыць, але чаму мне не верыце!

Сцёпа сказаў:

— Занясі, дзядзька, жалеза пад кузню, а колы — на калгасны двор.

І яны ўдвух пайшлі. Хвёдар Руцкі некалькі разоў дакранаўся да гузіка на сваёй круглай паласатай кепцы.

Юзік бачыў з двара, куды яны пайшлі. Яны заходзілі ў некалькі хат, а пасля Хвёдар Руцкі пайшоў дадому, а Сцёпа пайшоў пад калгасную кузню. Неўзабаве явіўся туды і Юзік. Ён прынёс дышаль з старога плуга. Дышаль быў іржавы, але моцны і цяжкі. Здаровы быў кавалак жалеза.

— Не плуг, а дышаль? — усміхнуўся Сцёпа.

— Дзе ж я таго плуга вазьму. Мне не верыце. Ты адно добра папытай у Хвёдара, ён ведае гэты дышаль. Пазалетась ён яго бачыў, тады, калі я кідаў яго пад салому.

Каля кузні было некалькі чалавек. Яны абступілі Юзіка.

— Ты пад салому яго хаваў?

— Пад салому. Бо тады думаў гэтак: у калгас я іду. Іду па сваёй ахвоце. Але калі раптам што такое будзе на свеце, што калгаса не будзе, дык тады зноў прыйдзецца сваю гаспадарку набываць. Каня я ў калгас здаў. Драбіны (чатыры колы) таксама здаў. Плуг здаў. Барану здаў. Усё здаў, што было ў мяне на маёй аднаконнай гаспадарцы. Але як які чарвяк мяне тачыў: а што калі калгас век вечны не будзе. Тады што? «Чорт яго ведае,— сказаў мне тады Хвёдар Руцкі,— год, два—і калгаса не будзе. Гэта не вечная выдумка». Я чалавек стары. Дык мне як хто мазгі зацямніў: а з чаго тады разжывацца пачнеш? Смех адзін з мяне выходзіў: як бы можна разжыцца з кавалка ржавага жалеза і трухлявага кола. Ну, таго кола дык, каб і даваў я, у калгас не ўзялі б,— на чорта яна, гэта ламачына! Гэта адно мне, старому дурню, рукі павярнуліся занесці гэта кола ў пуню і кінуць пад сцяну. (Яно магло б на дварэ два гады праляжаць.) От, сказаў я тады Хвёдару Руцкаму, дышаль з плуга і кола без шыны старое асталося ад мае гаспадаркі. «Няма гаспадаркі,— сказаў тады мне Хвёдар Руцкі,— нічога няма. Усе пагінем». Я бо гляджу, што ён, гэты самы Хвёдар Руцкі, тады адразу палез у конюхі, калгасныя коні карміў і сабе авёс цягаў.

— Як цягаў! — устрасянуўся Сцёпа.

— А чым ён свіння карміў! Па трое на год, здаецца, калоў, усе гэтыя гады. Пакуль быў за конюха.

— А факт?

— Факт? Я яшчэ летась заяўляў, што Руцкі ідзе ўвечары, бывала, з стайні няйначай як агародамі. Вуліцаю не ідзе, і кожны раз у мяшэчку нешта нясе. Не заяўляў? А мне што сказалі? Мне сказалі, што трэба гаварыць толькі тады, калі ўбачыў, што ў яго ў мяшку. Руцкі тады злаваў, крычаў на увесь сход, што яго за злодзея маюць, а гэта ён мае прывычку вопратку сваю класці ў мяшок і несці дадому. Дзеля прыклёпу старое калгаснае кіраўніцтва тады паглядзела ў яго, нічога не знайшло. Фактаў няма! Тады ён на мяне ў суд за знявагу хацеў падаваць. Дык я і зубы сцяў. Дзе я таго факта вазьму! Я адно бачу, што ў Руцкага свіння корміцца лепш як у каго. І карова яго сыцейшая. І ў калгасным кіраўніцтве ён свой чалавек — заўсёды трэцца там. А як жа! Ён жа актывіст!

— Актывіст! — засмяяўся хтосьці з людзей.

— Актывіст на чужы карак! Ты ж сам належыш да калгасаўскіх кіраўнічых, калі цябе зрабілі за брыгадзіра. Ну, можа ты чалавек новы, ты не прыгледзеўся можа яшчэ, але і каля цябе ўжо Руцкі за актывіста зрабіўся. Новыя людзі змяніліся, а Руцкі астаўся на месцы.

— На якім месцы? Ён даўно ўжо не конюх.

— Не конюх, дык актывіст. Руцкага дык усе маюць за актывіста, а я дык не актывіст? Паглядзімо, у каго больш працадзён, у мяне ці ў яго?

— Я чалавек новы,— сказаў Сцёпа,— я не глядзеў, колькі ў каго працадзён было.

— Дык паглядзі. За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. І часта за адзін дзень аж да двух працадзён даганяў! Як летась жыта трэба было прыбіраць, дык не я першы ўночы пайшоў жыта вазіць? Каб не я першы... ?

— Гэта праўда,— загулі галасы.

— Дык на мяне ніхто і слова не скажа, што я актывіст. А Руцкі — дык на воку ва ўсіх, усюды трэцца, усюды парады дае. Дык пра яго ўсе ведаюць!

— Казалі,— сказаў Сцёпа,— што працаднёў у яго таксама нямала. А параду ён разумную падаў: сабраць старое жалеза па дварах, бо ў кузні яго не хапае.

— Гэта не ён сказаў, а я! — закрычаў раптам Юзік і аж кулакі сціснуў.

— Ад яго чулі. Я не ведаю.

— А як жа, заўсёды ад яго чулі! Пазаўчора стаялі на вуліцы. Каваль кажа, што жалеза няма, а я кажу, што па дварах старое ламачча пазбіраць. Руцкі як пачуў, дык адразу і падаўся ў калгасную кантору. Пазаўчора, як быў абед, гаварыў ён пра гэта?

— Пазаўчора.

— Дык гэта я сказаў, а не ён.

— І сказаў ён, што ў мяне схаваны два колы новыя і плуг. Пазалетась ён сам паддаваў мне ахвоты хаваць усё, што ў калгас яшчэ не пайшло. Старое кола і дышаль гэты і не пайшлі ў калгас. От ён, гэты дышаль, каб ён згарэў!

— Жалеза не гарыць,— засмяяліся ў натоўпе.

— А ён цяпер нагаварвае на ўсіх, стараецца, рупнасць паказвае. А як жа, актывісту так і трэба! А пра яго працадні, дык — адзін на полі робіць, а ён у халадку, бывала, агінаецца.

— У якім халадку?

— Два вуллі калгасных пчол ёсць. Дык канешне бо Руцкаму трэба даглядаць іх! Колькі з двух вуллёў можа раёў вылецець? А ён з паўлета ўсё каля гэтых пчол цёрся — я, кажа, калгасных пчол даглядаю! І даглядае сабе! Пчолкі гудуць пад вішняю, а пад яблынькаю Хвёдар Руцкі храпе на ўсе застаўкі. Перачакае дзень, а ўвечары яму працадзень запішуць. І кожны дзень усё трэцца каля калгаснай канторы, у сельсавеце, дзе што якое ў раён трэба да начальства, Руцкі туды ўхітрыцца паехаць: усюды яго ведаюць, усюды чуюць ад яго пра калгас, пра работу. Усіх абдурвае... Два колы ў мяне? Хадзем, сам іх не панясу, хадзем раней пакажу, дзе яны схаваны, тады панясу, бо мне ж ніхто не верыць. Як жа мне верыць, калі я адно пры рабоце стаю, а каля начальства не труся. Хто мяне ведае! Мяне ж цяпер за тое, што я схаваў два колы, самае меншае, трэба з калгаса выкінуць! Хадзем! Хадзем да мяне!

Ён пацягнуў усіх да сябе. Ісці было недалёка. Ён павёў усіх у пуню.

— Вось тут ляжаў гэты дышаль, каб ён згарэў! — ткнуў ён пальцам у адзін кут.— А вось тыя два колы.

Ён паказаў у другі кут. Там, заседжанае курамі, ляжала кола без шыны, трухлявае, обад быў не цэлы: дзве спіцы тырчалі без обада. Што было добрае ў гэтым коле, дык гэта хіба толькі адна букса.

— Букса яшчэ моцная, праўда,— кпліва сказаў Юзік.— Цяпер гэтыя два колы занясу. А вы, пакуль я прыйду, ператрасеце ў мяне ўсё, можа яшчэ штук пяць колаў знойдзеце.

— Чаму ж ты дагэтуль маўчаў, што Руцкі гэткі? — сказаў Сцёпа.

— Чаму маўчаў? Я гаварыў некалі, мне не паверылі.

— Тое калгаснае кіраўніцтва даўно пад суд папала.

— Ведаю.

— А ты маўчыш пра Руцкага.

— Не, я не маўчу. Мала я вам гаварыў?

— А каб не прыйшлі да цябе, дык маўчаў бы!

— А можа і маўчаў бы! Мне ў душу калола ўвесь час зноў загаварыць пра яго. І загаварыць іначай.

— Праўда,— абазваліся галасы.— Праўда.

— І загавару! І загавару. Зараз пайду і ўсюды скажу. Мне душу коле сказаць! У душу коле! Я пайду, і ты са мною пойдзеш! — Юзік глянуў на Сцёпу.— Хіба табе ў брыгадзе патрэбен гэткі актывіст? На чорта ён табе. Мне ў душу коле, што я ў другі раз пра яго не загаварыў да сённяшняга дня. Збіраўся ўсё. Непаваротлівасць гэтая мая!

— Непаваротлівасць гэтая і губіць,— сказаў хтосьці з людзей.

— Дык несці кола ці не? — кпліва сказаў Юзік.

— На чорта яно! — адказаў Сцёпа.

— Хадзем да старшыні,— сказаў Юзік.— Ён чалавек новы. Я яму раскажу, хто актывіст, а хто — скула пад бокам.

— Старшыня сам ужо да Руцкага прыглядацца пачаў. Учора проста пагнаў з канторы. Чаго ты, кажа, тут трэшся, а работы не робіш,— пачуўся голас.— Ужо гаварылі некаторыя пра Руцкага.

— Хадзем,— ірвануўся Юзік ісці.— І я яшчэ скажу.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан