epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

У роднай глушы

Прыехаў я ў мястэчка Цімкавічы з мрокам хмурна-ветранага асенняга дню. За ваколіцай стаяў дзядзька Міхал і глядзеў, не мігаючы, на поле. Чаго ён глядзеў і стаяў на адным месцы, не варушачыся,— хто яго ведае. Ці то гэта конь у яго ўцёк у чыстае поле, прыпомніўшы летнюю работу паплавоў ды загонаў (дзядзька Міхал прывучыў свайго каня да гэтай люботы. Не раз нават плаціў штраф суседзям за патравы канюшыны, пакуль сам не зрабіўся паплаўнічым), а то можа гэта проста надакучыла яму быць у сваёй душнай хаце дык от і выйшаў гэта ён дыхнуць ветрам. Хто яго ведае, аб чым думае стары чалавек, калі глядзіць у вольна-роднае поле задумёным вечарам, і лёгкі вецер чуць-чуць блытае яго сівую бараду.

Я праехаў далей. Па надворнаму выгляду, Капыльская вуліца ніяк не можа страціць сваіх традыцый — такая ўжо ў яе мусіць рэакцыйная натура. Таксама як і ў дзень стварэння свету, калёсы фурманкі па самыя калодкі патанулі ў гразь, так што дзядзька, з якім я ехаў, спешна расшпіліў каўнер і, таксама спяшаючыся, пачухаў шыю, сказаўшы:

— А-я-яй, ды што ж тут робіцца!..

У бацькаўскім двары гразі было менш, але затое была яна «мацнейшаю»: на вуліцы дык яна разбоўтаная, «нямоцная», а тут, калі ўсадзіш нагу, дык адразу не выцягнеш. Цяпер становіцца ясным, чаму гэта інвалід вайны (імперыялістычнай ці грамадзянскай — не выяўлена) — сляпы на адно вока бацькаўскі конь мае прывычку драмаць пасярод двара: от як уедуць ногі ў гразь, дык, утаміўшыся за дзень, неахвотна цягнуць іх назад, дык ён сабе мусіць і думае: «От, падрамлю трохі...»

— Чаму вы хоць пяском двара не высыплеце, усё сушэй было б.

— Ат, невялікае тут што,— адказалі дзядзькі-суседзі, якія прыйшлі, убачыўшы, як «у двор да суседа незнаёмы конь уцягнуў незнаёмы воз»...

Сустракаць мяне выбегла сястра, якую да гэтага года я ўсё яшчэ лічыў малою. А ў хаце — старой бацькаўскай хаце — відната, якое ніколі гэтыя сцены не бачылі: свеціць электрычнасць. А пад лямпачкай стол, а на стале куча газет і часопісаў... Сястра пагаварыла са мною, пасядзела, а пасля вячэры памыла гаршкі, прыадзелася і пайшла некуды на цэлы вечар.

— Гэта яна ў Доўгае (вёска) пайшла,— растлумачыў мне малы брат Юрка,— іхняя ячэйка сягоння там вечар робіць.

— А ты што робіш?

— Я рэдактар!

— Рэдактар?

— Але, гэта ў нас у школе піянерская газета ёсць, дык я там, значыцца...

Я паглядзеў на «рэдактара». Стаяў ён з белаю, астрыжанаю галавою, з вясёлым бляскам дзяціных вачэй, у вялікіх чаравіках, бо ў ботах, як я пасля даведаўся, адхвасталіся падошвы ад несупыннага руху па цімкаўскіх тратуарах.

Пазней трохі прыйшоў пасядзець да бацькі сусед, бацькаў таварыш. Пагаварылі мы ўтрох аб тым, што ў Капылі не вельмі добра вырабляюць татары скуры, а пасля гаворка пайшла адной ёй вядомымі незлічонымі пуцінамі, пачаўшыся з таго, што ў нашай хаце даўней быў повен покуць абразоў, а гэта застаўся ўсяго адзін, ды і той «вельмі ж мяшае Ганне» (гэта той, што пайшла ў Доўгае). З гаворкі выявілася, што «от так, як гэта цячэ вада ў Бушылаўскай рэчцы (Бушылава — гэта кусты каля Цімкавіч), так усё ў жыцці плыве. І каб нябожчыка Рамана або Міхала Шапавалава (даўно ўжо памёрлі) як-небудзь падняць з магілы, дык не пазналі б яны Цімкавіч». Гэта нічога, што па Капыльскай вуліцы таксама ўвосень ходзяць «по морю, яко по суху», але па другіх справах ходзяць. Напрыклад, даўней, дык у гэтую самую асеннюю пару, па гэтай самай гразі, у такі самы цёмны вечар некаторыя дзядзі, не могучы стрымаць наплыву маладзецкіх сіл (ад высокага градуса) хадзілі «ўсміраць» багамольных людзей, якія збіраліся маліцца. Аднаму багамольнаму прыйшлося «за інтарэсам» выйсці на двор. Пайшоў ён ды схаваўся для свайго інтарэсу ў адну будыніну, якая мела выгляд невялікай шафы, на падгніўшых нагах. А дзядзі ўзялі ды, што робячы, палажылі гэтую прыстройку дзверцамі на зямлю, так што бедны чалавек ледзьве выратаваўся. Цяпер цімкавіцкія дзядзі паспакайнелі. І ходзяць яны найбольш толькі на пасядзенні адзін да аднаго.

Хадзіць па Капыльскай вуліцы цяпер трохі спрытней — ляжаць тратуары. Праўда, трохі абляпаецца вадою твар, бо тратуары маюць неспакойны характар, і калі ступіць на яго адзін канец, дык другі паднімецца вышэй тваёй галавы і вельмі спрытна падае і ляпае па вадзе. Але ўсё ж з асцярогаю можна сяк-так хадзіць.

— Яно-то можна лёгка паправіць тратуары,— выказваюцца цімкаўцы,— убіць усяго два цвікі ў дошку і дзела будзе скончана, але нашто мне канешне першаму за ўсіх пачынаць. Міліцыя пакуль што ніякага «распараджэння» не дае.

Вечарам моладзь збіраецца ў хату-чытальню. Толькі вось бяда: у чытальні бачыў я на стале газету і каля сцяны шафу. А што ў шафе — не ведаю, вельмі шчыльна яна замыкаецца. Толькі ўжо перад маім ад’ездам з Цімкавіч гаварылі мне, што трэба было раз камсамолкам дастаць часопіс «Работніца і сялянка», каб падрыхтавацца да жаночага сходу, дык усю «цімкаўскую акругу» ператраслі, пакуль выпадкова дасталі адзін нумар.

Позна вечарам ішоў я па вуліцы, у вайсковым пагранічным клубе ішла нейкая рэпетыцыя, у другім доме таксама рабілі рэпетыцыю музыканты аркестра мясцовай пажарнай дружыны.

— Граюць яны добра,— сказаў мне пасля бацька,— праўда, не тое што даўней, скажам, палкавая музыка, але гэта ж свае хлопцы... Вельмі ж Антосеў хлапец на флейце ўзяўся...

Пазней вечарам, на ганку кааперацыйнай сталоўкі-піўной знаёмымі дзядзькамі вялася гаворка аб тым, як даўней нейкі панамар «заўсёды піў просфары з чаем». Тэма была мусіць цікавая, бо чым далей вялася гаворка, тым больш збіралася дзядзькоў.

Дома застаў я хлапчукоў, якія сядзелі за сталом і языком рабілі экспертызу над каляровымі алоўкамі. Алоўкі заставаліся алоўкамі, а языкі хлопцаў патроху трацілі свой «язычы выгляд». Тут жа мне хлопцы сказалі, што ў Цімкаўскай сямігодцы ў ніжэйшых класах выкладаюць усё па-беларуску...

Назаўтра раніцаю глядзеў я праз акно на вуліцу. Скрозь суседні сад відны былі голыя «Бушалаўскія» кусты, а ў іх там недзе плыве сабе паціху родная Бушылаўская рэчка. Там «Прускія» паплавы завуць у сваё бязмежжа — от так, здаецца, ішоў бы і ішоў па іх, а яны будуць усё новыя і новыя бясконцыя далі паказваць табе... А напроці майго акна «дзядзька Мікалай», падмаргваючы адным вокам, нешта думаў ды ўсё церабіў пальцамі правай рукі нешта ў кішэні сваіх шарачковых портак. Аб чым думаў ён?

Можа гэта несвядома прыпаміналіся яму тыя часы, калі кожную вольную часіну тырчаў ён у тракціры ў Фрумы, калі, бывала, ці то гэта весела, ці то гэта сумна, гулялі ўсе нябожчыкі ўжо: Павал, Міхал, Сцяпан і канца-краю няма гэтым імёнам. Можа гэта прыпомніў ён былую бойку «пад вясёлым градусам». Узляталі кулакі, макрэлі насы, ды не ад поту, а ад самай настаяшчай крыві. Хваціў быў Міхал Тодара, Тодар знячэўку заехаў Антосю. Антось таксама знайшоў сабе пару — падвярнуўся якраз пад рукі Юзік. Толькі небарак Павал не меў сабе пары, усё азіраўся вакол ды падморгваў Кастусю Агародніцкаму, які скептычна глядзеў на ўсю гэтую работу з вышыні Фрумінага ганка і меў на гэта, так як і на ўсё, свае ўласныя погляды. І тут раптам Паўлавы вочы ўбачылі, што родны яго дзядзька Сцяпан таксама не мае пары. Не змікіціў Павал, што дзядзьку Сцяпану і не трэба было пары, то ўжо не тыя гады, каб прабаваць сілу, а хаця пастаяць, паглядзець ды прыпомніць маладосць. Але хто яго там разбіраўся, ці мікіціў. Падбег Павал да дзядзькі ды лупянуў кулаком яму пад нос.

— А Павалка, за што ж ты мяне? — загаласіў акрываўлены дзядзька.

— За што?! — грозна адказаў Павал,— людзі б’юцца, а я дык што!..

Можа аб гэтых прайшоўшых часах думае Мікалай, стоячы ціха на вуліцы, а можа думае, што вось маладое пакаленне не крывавіць насоў... Аб многім можна думаць дзядзьку...

А з боку Бушылаўскіх кустоў плыве слаўны вецер, вее ён шырокай воляй, дзе і хвораму лёгка дыхаць...

Выйшаўшы на двор, пачуў я нейкія гулкія зыкі, як бы гэта ішоў атрад піянераў з бубёным гулам. Аказалася, што гэта падыходзіць пара снедання, а ў гэтую пору ідуць да калодцаў піць ваду каровы. А каровы, так як і ўсякія іншыя істоты, маюць упэўненасць, што тратуары кладуцца толькі для таго, каб па іх хадзіць. (Вядома жывёліна, ёй недаступна думка, што тратуары часам з вялікім поспехам могуць служыць сродкам для калецтва або для арашэння твараў ды вокан буйнымі кроплямі вады). Дык вось, маючы такую ўпэўненасць, цімкаўскія каровы і спацыруюць сабе па тратуарах, а сусед, бачачы такія непарадкі, стаіць у варотах ды гулкім басам даводзіць перад усім светам, што калі тонкая і нямоцная дошка на тратуары, то яна вельмі спрытна ломіцца пад гавяжымі капытамі.

Пераначаваўшы яшчэ адну ноч, выязджаў я з Цімкавіч на аўтобусе. Згодна афіцыйнага паведамлення, аўтобус выходзіць з Цімкавіч на Слуцк у 7 гадзін. Каля аўтобуса застаў я цэлую грамаду цімкаўцаў. Стаялі тут і малыя, і старыя, і нейкіх няпэўных узростаў людзі. Кожны па чарзе падыходзіў і круціў аўтобусны рычаг.

— Што гэта яны робяць? — узбегла мне на думку запытацца першага, хто стаяў да мяне бліжэй.

— А што ім рабіць,— адказаў той,— от ходзяць ды пакручваюць.

Дык тут мне якраз і прыпомнілася, як гэта не вельмі нават даўно нябожчык Зэлік-парыкмахер брыў: ён брые аднаго, а дваццаць стаяць ды глядзяць, абкружыўшы ўсю гэтую работу цеснаю сцяною.

— От, што ім рабіць,— гаварыў нябожчык Зэлік,— стаяць ды глядзяць.

І сам таго не ведаў нябожчык Зэлік, што гэта надае яму бадзёрасці ў рабоце, а можа нават і ў жыцці; што находзіў на яго сум нейкі, калі не было ў яго і ў кліента над каркам вялікай грамады на гледачоў. Так адзін раз, адчуўшы ў часе такога адзіноцтва вялікі сум, абрыў ён свайго цімкаўскага кліента усяго левую палавіну твару і, нічога не кажучы, палажыў брытву, выйшаў з свае парыкмахерскай на вуліцу і пайшоў на рынак выкурыць з добрымі людзьмі папяросу. А той небарак, напалавіну абрыты, чуць не гадзіну чакаў Зэліка, які з’явіўся трохі ўжо весялейшы і ахватней скончыў брыццё, напяваючы раманс:

 

Время давно прошло,

Розы завяли!..

 

І глыбакадумна памаўчаўшы, дабаўляў:

 

Страсти потухли.

 

Пасля публіка пачала ад аўтобуса адыходзіць — вядома, усякая справа надакучае. Дык і пачалі ісці ў кааперацыйную чайную. А там, як і ва ўсякай чайной, пілі чай. І выйшла там зусім па-цімкаўску: адзін п’е, а дзесяць глядзяць, як у яго праз горла праходзіць чай...

Ну што ж, такое ўжо мястэчка Цімкавічы. Выехаў я з Цімкавіч каля паўдня. Свяціла над зямлёй слаўнае асенняе сонца; аўтобус ішоў па вуліцах паволі, так што можна было добра разглядзець, як на Клецкай вуліцы нейкая цёця гаварыла нешта нейкаму дзядзю. Аб чым яна яму гаварыла, гэта адным ім засталося вядомым; я ж толькі бачыў, як дзядзя ад цёцінай гаворкі рагатаў так, што твар яго здаваўся вядром вады, якую раптам ускалыхнулі, а «шляхетная» ватовая жакетка, што гладка ляжала на жываце, траслася, як сіта ў арфе; сам жывот таксама тросся, мусіць і ўсё, што было ў жываце, траслося... І ўяўлялася, што вельмі лёгка і весела было гэтаму чалавеку... Пасля з акна аўтобуса таксама добра было відаць, як нехта вёз калоць япрука; пасля прамігнулі два індыкі за апошнім агародам, і пайшло роднае поле.

Бегла яно насупраць шэрым сваім асеннім выглядам, весяліла вочы шырынёю ды сонцам, што свяціла над ім і было поўна цішыні, якая і ёсць вялікая мелодыя зямлі...

Вялікім размахам лажыўся на зямлю вецер, абвяваў яе, вялікую, абнімаў яе родную шыр. І разам з ім хацелася легчы на зямлю, выказаць усім тое вялікае, што у ёй, што з’яўляецца ад таго, што вось адчуваецца пад табою вольная зямля і дарога на ёй...

Бегла зямля насустрач шырынёй...


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан