epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Вялікая і малая тэма

Разварот творчага замыслу

Увечары вярнуліся з работы і сабраліся ўсе ў свайго брыгадзіра Косціка Раўтовіча, каб падзяліць мануфактуру. Мануфактуру гэтую кааперацыя адпусціла на ўсю брыгаду. Яе было гэтулькі, што ўсім прыйшлося па кавалку, і яшчэ асталася адна хустка, добрая, вялікая, з жаўтаватага паркалю і ў кветкі.

Неяк гэтак выйшла, што не прыйшлося нічога з гэтай мануфактуры адной толькі жанчыне, Марылі. Праўда, яна апошнія дзён шэсць не хадзіла разам з усімі жаць жыта, але не таму, што не хацела, а таму, што ёй даручылі варыць есці дзецям у яслях. Можна сказаць, не то што даручылі, а проста-такі ўпрасілі, бо яна доўга не хацела станавіцца на гэтую работу. Гэта трэба заўважыць, бо пра гэта цяпер увечары ў Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкай.

Сам розум дыктаваў даць гэтую паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая асталася. І кожны гэтак думаў, не дурныя ж людзі былі ў брыгадзе. Усё так ішлося, што адразу гэтак і зрабіць трэба было, аднак жа адразу гэтага не зрабілі.

Мануфактуру дзялілі паміж сабой, вядома, тыя, што працавалі ў брыгадзе. Праца была цяпер цяжкая. Жанкі жалі сярпамі жыта, а мужчыны дакошвалі куп'істую сенажаць. Сярпамі жалі жыта не таму, што ў калгасе не было жняяркі. Дзве жняяркі, простая і снопавязалка, жалі ў іншым палетку. А сярпамі жалі там, дзе быў засаджаны сад. Маладыя яблынькі адно самымі вяршкамі выглядалі паверх жыта. Пусціць туды жняярку значыцца зглуміць сад і жняярку сапсаваць: шчэпы былі паабгароджваны калкамі. Работа жанкам на жніве была цяжкая. Дык з-за гэтага і пайшоў гармідар.

— Што будзем рабіць з хусткаю? — падаў голас брыгадзір Косцік Раўтовіч, калі падзялілі мануфактуру.

Бачачы, што ўсе маўчаць, ён падказаў сваёй брыгадзе, куды павярнуць гэтую хустку.

— Што будзем рабіць з Марыляю? — сказаў ён. Тады абазвалася з свайго месца маленькая жанчына Волечка, густавалосая, бялявая:

— Даць Марылі гэтую хустку.

— Даць, даць! — пачулася некалькі галасоў.

Косцік ужо ўзяў хустку з табурэта, што стаяў пасярод двара і на якім мералі мануфактуру, і хацеў ужо даць яе Марылі. Але Марылі ён перад сабой не бачыў.

— Марыля,— сказаў ён,— бяры хустку.

Марыля не падышла і не ўзяла хусткі.

— Марылі няма,— сказаў хтосьці.

— А дзе ж яна?

— Яна з самага пачатку, як толькі пачалі дзяліць, пайшла дадому — там яна адно дзіця пакінула. Яна мне сказала, каб я ўзяла яе частку і занесла ёй. Давайце сюды хустку.

Гэта сказала Волечка, і ўсе глянулі на яе.

— А-а, якраз і няма яе,— сказаў Косцік, рушыўшы да Волечкі, каб перадаць ёй хустку.

— Узяла б дзіця на рукі і прыйшла б сама,— пачуўся раптам бурклівы голас.

Гэта сказаў стары Уладзя Гельскі. Ён заўсёды пра ўсё гаварыў гэткім тонам, ці рад чым, ці не рад, тон яго заўсёды аднолькавы, бурклівы. Раз, напрыклад, ён убачыў, як араты спыніў коней і адвярнуўся ад ветру прыкурыць папяросу. Левы конь за гэтую паўхвіліну паспеў ублытацца ў пастронкі. «Каб на табе, хлопча, шэрсць курэла з тваім куравам разам,— сказаў Уладзя Гельскі.— Бачыш, конь ублытаўся... Кураць, смокчуць без канца і без меры. У цябе ўжо, мусіць, у вантробах, як у коміне, усё пракурана». І, сказаўшы гэта, Уладзя Гельскі здорава пыхнуў махорачным дымам з вішнёвага папяросніка. Другі раз было гэтак: хтосьці прынёс на сенажаць біклагу вельмі добрага хлебнага квасу. Дык і Уладзя Гельскі такі ніштавата пацягнуў з біклагі разам з усімі. І ўжо як падменчваў касу, прабурчэў сабе пад нос: «От, каб квасу, канешне! А вады з-пад гнілое крыніцы не хочаш?!»

Дык і цяпер гэтаксама прабурчаў ён пра Марылю, што яна, не дачакаўшыся канца дзяльбы, пайшла дадому.

— Я ж кажу, што я ёй занясу хустку,— яшчэ раз сказала Волечка.

— Занясі, занясі,— бацькаўскім тонам сказаў Уладзя Гельскі.

Дык тут... і пачалася гаворка. Перш за ўсё падаўся крыху наперад Ёсіф Катлубайскі. Ён падаўся наперад гэтулькі, каб яго добра заўважыў сам брыгадзір Косцік Раўтовіч. Але і не на гэтулькі ён вылез наперад, каб вельмі аддзяліцца ад натоўпу. Усё было зроблена неўзаметку і ў меру.

— Даць гэтую хустку Косцікавай Галене.

Гэта значыцца, Косцікавай жонцы. А гэта Косцікава Галена на работу чамусьці не хадзіла. Сама яна стаяла цяпер тут жа.

Волечка ад гэтых слоў уся ўстрапянулася, але ў справу спачатку не ўмяшалася, не думаючы, каб справа сапраўды павярнула ў гэткі бок. І без яе тут абыдзецца, а сказаць што-небудзь супраць Галены таксама не добра, бо заўсёды яны жылі, як блізкія таварышкі. Бачачы ж, што ўсе на момант прыціхлі, яна сказала гэтак, каб не пакрыўдзіць Галену:

— Чаму гэта не даваць хустку Марылі?

Ёсіф Катлубайскі ўставіў вочы сабе ў боты і ўпарта буркнуў:

— Каб ёй патрэбна была гэтая хустка, яна б была тут.

— У яе дзіця малое.

— Магла б узяць дзіця на рукі і прынесці сюды.

— Як жа гэта будзе, усім што-небудзь прыйшлося, а Марылі нічога?

— Эт, усе на полі робяць да сёмага поту, а ёй там дзецям есці наварыць — невялікая работа. Яшчэ і сваіх дзяцей там лепш прыкорміць.

Тут і пачалася спрэчка. З аднаго боку, дзе задавала тон Волечка, крычалі:

— Яна не хацела ісці ў яслі! Яна лепш бы, ахватней была разам з усімі на полі.

— А есці варыць, дык гэта не работа? Яна раней за цябе ўстае зранку, пакуль збярэ, з чаго варыць!

— Тут не ідзе гаворка пра гэтае варыва, а пра Марылю. А яна нават лепш за ўсіх рабіла. Яна як рабіла на полі, дык больш за ўсіх жала.

На гэта не было чаго сказаць, дык з таго боку, дзе задаваў тон Ёсіф Катлубайскі, адно чуваць было раз-поразу:

— Ай, цацка вялікая — паркалёвая хустка! Гэтулькі крыку з-за няма нічога. Шкада, каб хустку ўзяла Галена! От бо народ! Бяры, бяры, бяры, Галена, хустку.

Нарэшце ўжо справа павярнулася гэтак, што выйшла было не тое, што Марылі не прыйдзецца хустка, а тое — як гэта Галена возьме хустку, калі яна на поле не ходзіць рабіць, тады, калі ўсе, што дзялілі мануфактуру, робяць дзень пры дні на полі.

— Вазьму хустку,— апраўдвалася Галена,— а пасля ўсе гаварыць будуць, што калі жонка брыгадзіра, дык і хустку ўзяла.

— А брыгадзіравай жонцы хусткі не трэба, ці што? — рубам паставіў справу Ёсіф Катлубайскі. І косці ў ягоных сківіцах заварушыліся.— Бяры, бяры, Галена, хустку.

Галеніны вочы проста-такі гарэлі, як кідала яна позіркі на хустку: ёй вельмі хацелася гэтую хустку ўзяць.

— Ліха ведае, што рабіць? — гаварыў адно раз-пораз збянтэжаны Косцік.— Не хачу я гэтае хусткі. Пасля адно крыўды не абярэшся.

І ён паклаў хустку на табурэт.

— Бяры, бяры, Галена, бяры! — крычаў усё Ёсіф Катлубайскі.

Але Галена чакала, каб ёй хто даў гэтую хустку ў рукі.

— А як жа Марыля будзе? — крычала Волечка.

Хустка ўсё ляжала на табурэце. Ніхто яе не чапаў. Усе пакрысе адступаліся ад табурэта. Нарэшце па адным пачалі разыходзіцца, бо было позна, даўно змеркла, і толькі захад яшчэ ўсё ружавеў. Так усе і разышліся. Волечка ішла дадому, крычучы сваім:

— Катлубайскі думае, што калі Косцік брыгадзір, дык ужо і начальнік? Мы ж яго самі выбралі за брыгадзіра. Гэта ж гэтак падлізвацца к Косціку! От чалавек! Падлізваецца! Падхлебнік нейкі, а не чалавек!

Усе ведалі, што гэта і сапраўды так. Таксама ведалі, што няма ніякае патрэбы Ёсіфу Катлубайскаму падлізвацца да Косціка Раўтовіча.

Але ўжо раз хустка асталася на дварэ, а кожны сваё атрымаў, а тым часам позна было, а заўтра, ледзь дзень нахопіцца, уставаць трэба будзе, дык усе разыходзіліся, пачынаючы ўжо гаварыць пра сваю кожнадзённую работу. Адна толькі Волечка ўсё гаварыла пра «падхлебніка Ёсіфа Катлубайскага», а як адышлася далей, дык загаварыла і пра Галену:

— Сквапная якая! Няма, каб сказала, што не трэба мне, значыцца, гэтае хусткі, дык не — каб самой глынуць.

Неўзабаве ўсе разышліся, толькі некалькі мужчын і хлопцаў спыніліся на вуліцы закурыць на адыходак. І от яны ўбачылі, як Косцік з вельмі гаспадарлівым заклапочаным выглядам прайшоў паўз іх да калгаснага двара з метроўкаю (меркай) на плячы. Гэтаю метроўкаю ён цэлы той дзень мераў палеткі: разбіваў аратым дзялянкі і правяраў скошаныя сенажаці.

Так гэта было ці не так, але некаторым здалося, што Косцік гэта сумысля і без патрэбы пайшоў гэтакі заклапочаны на калгасны двор, каб паказаць, што ён вельмі многа стараецца, многа мае клопату. А значыцца, няма вялікае ў тым бяды, калі жонка яго ўзяла хустку. Так падумалі людзі.

— Узяла Галена хустку ці не? — сказаў паціху хтосьці.

Усе адступілі пад Косцікаву хату. У хаце гарэла газовачка. Яна ледзьве асвятляла гэтую старую, трухлявую, чорную, як склеп, хацінку. Малюсенькае люстэрачка вісела ў ёй на сцяне, і Галена стаяла перад ім у той самай хустцы на галаве, углядаючыся, ці да твару ёй гэтая хустка.

Убачыўшы гэта, усе і разышліся. І пра ўсё гэта назаўтра забыліся.

Не забылася толькі адна Волечка. Ёй не давала спакою «гэтая няпраўда». І назаўтра з самага рання, калі яшчэ не выганялі на поле жывёлу, яна пабегла да Марылі. Тая збіралася ісці ў абору па малако ў яслі. Яна стаяла перад люстэркам і ўглядалася ў яго, ці да твару ёй новая паркалёвая хустка. Волечка хацела расказаць Марылі пра ўчарашнія справы з хусткаю і не толькі расказаць, а заявіць, што яна гэтае справы так не пакіне. Але яна як бы пачала пазнаваць хустку, што была на галаве ў Марылі.

— Якая гэта хустка? — запытала Волечка.

— А гэта мне толькі што Косцік прынёс.

— Што ж ён гаварыў? — не сцярпела Волечка.

— А ён гаварыў, што ўсе паднімалі гаворку ўчора, каб гэтую хустку даваць не мне, а ягонай Галене. Але раз Галена на работу цяпер не ходзіць, а я раблю, дык ён гэтую хустку прынёс мне. Не хачу, кажа, каб пасля звягалі, што раз брыгадзір, дык сабе толькі найбольш глядзіць.

— Я адразу казала. Я яшчэ ўчора казала, што так трэба зрабіць. Дык мяне ўчора не слухалі. А цяпер — дык самі... Каб я ўчора не пакрычала, дык так і асталося б,— весела гаварыла Волечка.

 

* * *

Гэта апавяданне. Яно напісана гэтак: аўтар бачыў усё так, як тут пададзена, і гэта запісаў, зрабіўшы толькі пэўны падбор фактаў. Некаторыя толькі другарадныя факты тут прыдуманы. Напрыклад, не ўпісана сюды ўсё, што не належыць да справы з гэтаю паркалёваю хусткай, доўгія гутаркі пра надвор’е, пра смольнае бярвенне на Косцікавым двары, пра калгаснага барана, на якім дзеці спанатравалі ездзіць конна. Не запісана таксама пра нейкі «панскі спірытус». Уладзя Гельскі расказваў. Ён яшчэ быў малады, даўно гэта было. У нейкім панскім двары яго пачаставалі адной чаркай гэтага спірытусу: «І я ад аднае гэтае чаркі звіўся адразу к чортавай матары. От мацунак, каб яго агні высмалілі». Гэтак расказваў Уладзя Гельскі з самага пачатку справы з паркалёвай хусткай.

І шмат іншых было гутарак у той вечар на Косцікавым двары. Але аўтар пісаў апавяданне наконт справы з паркалёвай хусткаю, дык ён узяў толькі тое, што круцілася навакол гэтае справы. Ён выбраў патрэбныя яму факты і запісаў іх.

Але гэта не значыць, што гэта адзіны, ці прынамсі самы важны спосаб пісаць апавяданні. Абсалютна ніякага спосабу нельга кананізаваць. Усялякая кананізацыя толькі звязвала б індывідуальную волю кожнага аўтара, яго творчую арыгінальнасць. Можна, напрыклад, не выбіраць факты з аднаго часу і месца, як у гэтым апавяданні. Можна выбіраць факты, што былі не ў адзін вечар, а ў год — у два... І не ў адным месцы, а ў шмат якіх месцах. Можна іх бачыць самому, а можна чуць або чытаць пра іх. І пасля складаць іх, падабраўшы іх і выбраўшы іх паводле творчага замыслу.

Можна і «выдумляць» факты. Напрыклад, у гэтым апавяданні, каб даць характарыстыку Уладзю Гельскаму, прыдумана справа з квасам на сенажаці. Але аўтар не так проста выдумаў гэта, а ў залежнасці ад усяго складу Уладзі Гельскага як характару. Аўтар ужо ведаў ягоную справу з аратым (калі араты курыў, а коні заблыталіся ў пастронках), аўтар ведаў і больш штрыхоў, уласцівых гэтаму чалавеку. І аўтар прыдумаў у залежнасці ад гэтага «факт рэальны», прачытаўшы пра які, ніхто не сказаў бы: «Гэтага Уладзя Гельскі зрабіць (або сказаць) не можа». Гэта выдумка з квасам патрэбна была аўтару на тое, каб паказаць, чаму Уладзя Гельскі пачаў раптам бурчэць, як дазнаўся, што калгасніцы Марылі няма на Косцікавым двары. Вось якога гатунку гэта выдумка.

Адным словам, аўтар запісаў факты гэтакія і гэтулькі, каб выйшла апавяданне, дадаўшы сюды некаторую частку выдумкі (толькі ў дэталях для службовае ролі).

Апавяданне напісана, малая тэма пра дзяльбу мануфактуры скончана таксама, як скончылася справа з тою паркалёваю хусткаю.

 

* * *

Але не скончылася справа з чалавечымі вобразамі, з тымі вялікімі прычынамі , якія вымушалі людзей рабіць малыя справы , калі ў брыгадзіравым двары спрачаліся за паркалёвую хустку. Падумаем пра некаторыя моманты.

1. Ёсіф Катлубайскі, калі пачаў угаварваць Косціка, каб ягоная жонка ўзяла хустку, «падаўся наперад гэтулькі, каб яго добра заўважыў сам брыгадзір Косцік Раўтовіч. Але і не на гэтулькі ён вылез наперад, каб вельмі аддзяліцца ад натоўпу. Усё было зроблена неўзаметку і ў меру».

2. «Так гэта было ці не так, але некаторым здалося, што Косцік гэта сумысля і без патрэбы пайшоў гэтакі заклапочаны на калгасны двор, каб паказаць, што ён вельмі многа стараецца, многа мае клопату. А значыцца, няма вялікае ў тым бяды, калі жонка яго ўзяла хустку».

3. «Газоўка ледзьве асвятляла гэтую старую, трухлявую, чорную, як склеп, хацінку» (Косцікаву).

4. Волечка ўсё гаварыла пра «падхлебніка» Ёсіфа Катлубайскага».

Хоць бы гэтыя моманты.

Волечка сапраўды мела рацыю, калі абзывала Ёсіфа Катлубайскага падлізнікам, ці як яна казала — падхлебнікам. Гэты чалавек выразна падлізваўся да брыгадзіра. Брыгадзір, значыцца, быў яму гэткая асоба, гэткі начальнік, якому трэба падлізвацца. (Бо Ёсіф Катлубайскі не такі ўжо і дурань: добра ж ён ведае, што нязручна было Галене браць тую хустку). Але Ёсіф Катлубайскі стараўся і не вылазіць лішне наперад, каб гэта ўсё не лішне кідалася ў вочы людзям. Можна здагадвацца, што гэты чалавек хацеў бы, каб было гэтак: каб сам брыгадзір ведаў, што ён яму спрыяе, а каб больш ніхто пра гэта не ведаў. Бо часам, калі людзі не здаволены сваім брыгадзірам, Ёсіфу Катлубайскаму добра б тады зусім шчыра аблаяць брыгадзіра (за вочы, вядома). Але яму могуць сказаць: «Што ж ты яго лаеш цяпер, а раней дык ты падлізваўся да яго».

Вось які выявіўся чалавек Ёсіф Катлубайскі. Чалавек няшчыры, падлізнік. Чалавек дваісты. Стараецца думаць і рабіць гэтак, як дзьме вецер. Гэта, можна сказаць, хітры чалавек.

Але якая гэта хітрасць?

Кожная чалавечая якасць пазнаецца з яго дзейнасці. Як жа жыў і жыве Ёсіф Катлубайскі? І нашто яму канечне падлізвацца да брыгадзіра?

Вывучаючы гэтага чалавека, як прататыпа да стварэння чалавечага вобраза ў літаратуры (калі карыстацца гэтым спосабам), аўтар даведаўся, што гэты чалавек ёсць тып гаротніка. Кажуць, што ягоны бацька быў «заядлы чалавек»: разбіў калісьці вялікім каменем галаву суседу за тое, што суседскі певень выграб яму ў гародзе каліў тры тытунёвай расады. Гэта было яшчэ за старым часам. Колькі магла каштаваць тая расада? Некалькі капеек. Значыцца, на суседа ў яго была капеечная крыўда. А за гэтую капеечную крыўду магла прапасці суседская галава. Жыццё нават у гэтых людзей мералася капеечнаю крыўдаю. Так сказаць, жыццё мела капеечны бюджэт. Натуральна гэтакім бюджэтам прывык мераць жыццё і сын, Ёсіф Катлубайскі: гадаваўся ж ён пры бацьку. Можна смела гаварыць, што і падлізванне яго да брыгадзіра ёсць яго капеечная «хітрасць». І хіба мы можам сказаць, беручы пад увагу гэту яго несімпатычную рысу, што гэта не калгаснік, што гэта чалавек не савецкі? Вось якое пытанне ўзнікае. Тое ж самае і наконт брыгадзіра Косціка Раўтовіча. Скажам, ён сапраўды гэта ў той вечар сумысля і без патрэбы праходзіў перад людзьмі на калгасны двор з метроўкаю, каб паказаць сваю стараннасць. Гэта рыса, вядома, несімпатычная, але — «газоўка ледзьве асвятляла гэтую старую, трухлявую, чорную, як склеп, хацінку».

Што, чалавечае жыццё магло быць калі-небудзь у гэтай хацінцы? Асуджаныя на век вечны людзі жыць гэтак — хіба яны маглі быць гарманічныя, ясныя? А Косцікавы ж бацькі, дзяды жылі гэтак, неслі на сабе праз усё жыццё сваё гэтую асуджанасць. Цяперашні брыгадзір радзіўся на свет у гэтай самай чорнай нары.

Назаўтра Косцік панёс хустку з хаты. Ён не вытрымаў «злачынства». Дзень пры дні ён заўсёды вельмі старанна вёў сваю брыгадзірскую работу, таксама, як і Ёсіф Катлубайскі, ёсць адзін з добрых калгаснікаў. І разам з тым выступаюць і несімпатычныя рысы.

Такім парадкам, мы кінулі позірк на людзей у часе: мы зірнулі ў глыб гэтага часу і там, ва ўчарашнім дні, стараліся знайсці крыніцы сённяшніх чалавечых учынкаў. І цяпер нам сталі ясныя некаторыя моманты ўсяе гэтае справы — людзі носяць у сабе спадчыну і ад яе не могуць вызваліцца ў адзін дзень. І чым больш яны ўрастаюць у сваю новую справу (калгас), чым больш яны гэтую справу адводзяць ад спраў учарашняга свайго спосабу жыцця, чым больш яны гэтую сваю новую справу вылушчваюць з спраў учарашніх, тым больш і самі вылушчваюцца з гэтых учарашніх спраў. Прыклад таму Волечка. Яна свой калгас выпакутавала, можна сказаць; яна ў калгасе больш за ўсіх тых, што былі ў той вечар на дварэ, яна належыць да ліку арганізатараў калгаса. Гэта пасля аўтар высветліў, калі вывучаў гэты характар.

Дык вось: у ход пайшлі сённяшнія ўчынкі людзей, псіхалагічная спадчына, прычыны, што нарадзілі тое, што засталося ў спадчыну (пражытыя ўжо часы гэтымі людзьмі). І ўсё гэта ўзнікла з патрэбы даць тлумачэнне людскім учынкам, паказаць гэтых людзей у ходзе іхняга развіцця. Мы бачым, што ўжо да гэтага моманту тэма пачынае разрастацца. Мы прымушаны гаварыць пра маленства і юнацтва гэтых людзей, а значыцца, пра тыя падзеі, што адбываліся тады (у сувязі з гэтымі падзеямі фармаваліся людзі). Мы, значыцца, прымушаны загаварыць пра тое, як гэтыя людзі жылі, раслі, фармаваліся, зменьваліся, у які бок ішлі па сваіх дарогах.

А тым часам у гэты самы час, калі гэтакія эвалюцыі перажывалі гэтыя людзі, былі якраз войны, рэвалюцыі, перадваенныя і перадрэвалюцыйныя гады. А пасля — некалькі этапаў нашае рэвалюцыі да сённяшняга дня. Гэтыя людзі так ці інакш праходзілі войны, так ці інакш праходзілі рэвалюцыі, ці, прынамсі, мелі дачыненне і да вайны і да рэвалюцыі. А якое дачыненне? І як?

Косцік Раўтовіч, напрыклад, быў мабілізаваны ў канцы імперыялістычнай вайны, удзельнічаў пасля ў вайне грамадзянскай як чырвонаармеец і вярнуўся пасля дадому, пасля гэтае вайны.

Мы бачым, як шырока разгарнулі тэму, мы дайшлі ўжо да зусім новага творчага замыслу. Перад намі паўстаюць ужо людзі ў малюнках вайны і рэвалюцыі. Перад намі ўжо малюнкі нават, як ішла рэвалюцыя, якая была вайна, якое месца ў гэтых працэсах займала старая Косцікава чорная, як склеп, хаціна... Больш таго, хаціне гэтай, напэўна, ужо год пад семдзесят. (Рэчы перажываюць людзей.) Як выглядаў свет тады, калі будавалася гэта хата? Якія людзі будавалі яе? Нас пачынае цікавіць жыццёвы працэс у гэтай хаце ці каля яе, з моманту пабудовы яе і да нашага часу, калі мы напярэдадні бяскласавага грамадства.

Маштаб нашага замыслу шырыцца. Усе героі малога апавядання просяцца ў большыя творчыя замыслы, у шырэйшыя планы. Яны хочуць паказаць сябе: і Ёсіф Катлубайскі вымагае шырокага псіхалагічнага развароту, і Косцік Раўтовіч, і Волечка. І нават бацькі гэтых людзей. Вырасла вялікая тэма. Яна перарасла межы апавядання. Перад намі працэс жыцця, наш замысел накіроўвае нашу ўвагу на гістарычную абумоўленасць жыццёвых падзей, чалавечых учынкаў, чалавечых вобразаў.

У гэтакім стане быў разварот вялікае тэмы ў аўтара праз малы час пасля таго, як малая тэма рэалізавалася ў апавяданне. Але неўзабаве аўтар знайшоў яшчэ такое «дапаўненне» да сваіх замыслаў, якое пачало прэтэндаваць на заняцце галоўнае, цэнтральнае лініі ва ўсёй тэме.

 

* * *

 

Папоўдні было на вуліцы пуста. Спёка стаяла ў паветры. Сонныя вароны відны былі на жэрдзяных загарадзях ля паплавоў.

Была прытульная мясціна на прызбе ля самае старое хаты: хата стаяла крыху ў глыб двара, і перад ёю раслі клёны і каштаны. Там, на прызбе, і сядзеў цяпер Уладзя Гельскі. Шырока і цвёрда паставіўшы ногі на зямлю, ён, здавалася, урос у гэтую прызбу. Саломінаю ён калупаў зубы.

Неўзабаве выйшаў да яго гаспадар той хаты, ля якое ён сядзеў, высокі чалавек.

— Хутка трэба ісці,— сказаў высокі.

— Пойдзем зараз,— адказаў Уладзя Гельскі.

— Сёння бадай-што мы гэтае сена і высушым.

— Можа быць.

— У мяне зуб у граблях зламаўся. Дык ты пасядзі тут, а я пайду гэты зуб устаўлю, і тады пойдзем.

— Ідзі ўстаў, і тады пойдзем.

— Я марудзіць не буду. Я от зараз. Яшчэ не позна, яшчэ ніхто нават і снапы вязаць не ішоў пасля абеду.

Уладзя Гельскі астаўся адзін.

Неўзабаве падышла да яго калгасніца Рыва.

— Ішлі ўжо жанкі снапы вязаць? — запытала яна.

— Уга,— заспяваў Уладзя Гельскі,— даўно пайшлі.

— Не можа быць! — перапалохалася жанчына.

— От табе і не можа! — холадна прабубніў Уладзя Гельскі.

— У каторы ж яны палетак пайшлі? — аж калацілася жанчына.

Уладзя Гельскі спачатку яшчэ памучыў: ён спакойна калупнуў зубы, пачухаў за каўняром і дастаў тытунь з кішэні. Пасля ўжо даў адказ:

— Не ведаю, галубка, у які палетак пайшлі.— І твар яго быў спакойны і халодны, нічога на гэтым твары ў гэты момант не адлюстравалася.

— У які ж мне палетак бегчы?

— А што я ведаю?

Жанчына пабегла.

Ужо ўвечары стала ведама, што яна дала ў той дзень ходу, шукаючы вязальнікаў: яна абегла два палеткі і нідзе нікога не найшла. Яна ўбачыла, што з яе накпілі, што яшчэ вязальнікі не прыйшлі пасля абеду на работу.

Яна адна пачала вязаць снапы. Нейкі час яна вязала і, бачачы, што ніхто не прыходзіць, кінулася ў другі палетак, там ужо ішла работа.

— Позна прыходзіш! — накінуліся на яе.

— Я раней за ўсіх прыйшла. Я ў тым палетку вязала! — пачала апраўдвацца яна.

— Чаму ж ты разам з усімі не ходзіш? Трэба раней гэты палетак скончыць.

Яна пачала расказваць, як з яе накпіў Уладзя Гельскі. Яна заплакала.

Увечары Волечка, бялявая маладая жанчына, крычала на ўсю вуліцу перад натоўпам:

— Папытайцеся вы, нашто Гельскі гэтакія кпіны строіў! За гэтакі здзек не трэба дараваць. Дзядзька Пракоп,— зірнула Волечка ў вочы высокаму чалавеку, ля хаты якога накпіў Уладзя Гельскі з жанчыны,— ты разам з Гельскім сена гроб, можа, ён табе гаварыў што-небудзь пра гэта? Нашто ён кпіны гэтакія строіць?

Пракопа ўсе ведаюць як чалавека, які не любіць гвалту, гармідару. Але ён не вытрымаў доўгага Волечкавага позірку:

— Ён мне нічога не казаў пра гэта,— ціха выгаварыў ён,— але раней ён гаварыў, што паналазілі жыды на зямлю, што калгасы — гэта паншчына...

Усё было скончана. Паміж Пракопам і Уладзем Гельскім стварылася прорва. Гэта адразу ўбачыў і сам Пракоп.

— А чаго ж ён у калгасе, калі калгас паншчына? — крыкнула Волечка.

— Як на мой розум,— сказаў павольна слова за словам Пракоп,— дык каб ён быў індывідуал, то яму, значыцца, не выгадна быць за індывідуала.

Прорва яшчэ павялічылася. Яна ўжо ўсталявалася на цэлы век. І Пракоп секануў далей:

— Ты, Волечка, пытаеш. А ты ж сама ведаеш, ён увесь час супраць калгаса. Ён з самае вясны стараўся пасварыць калгаснікаў аднаго з адным.

І тады пачалося. Пачалі ўспамінаць усё пра Уладзю Гельскага. І тое, што ён перад вайною быў сальнік, і што ён у вайну скупліваў свіней і прадаваў вайсковым часцям, і што ў яго цяпер заўсёды можна паўлітра гарэлкі дастаць (больш як паўлітра зараз не дае — баіцца). Так і пачалі крычаць. Крычаў хтосьці і пра тое, што Уладзя Гельскі, напэўна, мае яшчэ і золата, закапанае дзе-небудзь у гаршку.

— Чаму ж дагэтуль мы ўсе маўчалі! — грозна спытала Волечка.

У калгасе не на жарты пачалася справа з Гельскім.

 

* * *

Такім парадкам у новым святле паўстала постаць Уладзі Гельскага. Калі ў справе з паркалёваю хусткаю ён тлумачыўся як бурклівы смяхун і ўрэшце ўсяго ён нейкі дабрадушны чалавек з смешнаю фантазіяй, дык цяпер паўстае ён як хітры і дваісты тып. Хіба можа не быць думкі, што ён не так сабе хацеў, каб Марыля не атрымала хустку? Тут быў пэўны замысел: было б нездавальненне, спрэчкі, неспакой. А з дробнага вырастае вялікае. А шмат дробных фактаў, злучаных разам, могуць скончыцца не жартам.

Мы бачым класавага ворага. Ён дзейнічае гэтак тонка, што можа ўяўляцца як добры жартаўнік. Гэтакі ён уцёрся ў першае апавяданне «Паркалёвая хустка». І нават прымусіў аўтара выдумаць яму дзеля ягонае характарыстыкі справу з квасам на сенажаці. Уладзя Гельскі, гэты хітры тып, даў аўтару здаравенную пстрычку ў нос. Аўтар сам прызнаецца ў гэтым. З Уладзі Гельскага нельга зняць і яго жартаўлівасці і, дзе трэба, трапнасці ягонага слова. Гэта так. Але за гэтым усім хаваецца сапраўдны твар гэтага чалавека. Чалавек выявіўся ў дзейнасці. Уладзя Гельскі паказаў аўтару на памылкі яго першага апавядання.

Уладзя Гельскі разгарнуў нашу тэму.

Перад намі — сялянства. Яно папаўняе сабою розныя катэгорыі. Каб паспрыялі ўмовы, Уладзя Гельскі мог бы вырасці ў больш мацнейшага гандляра, а там, можа, дарос бы і да немалога купца, у прадпрыемцу. Таксама гэта накіроўвае наш позірк туды, дзе сяляне, трапляючы на фабрыкі і заводы, папаўнялі сабою пралетарыят. Вобразы пралетарыяту вырысоўваюцца перад намі.

Войны, рэвалюцыі, фармаванне класаў, увесь працэс гісторыі — вось да якіх гіганцкіх карцін вырасла наша тэма. У цэлы комплекс тэм перарасла яна.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан