epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Вялікая школа для ўсіх тэатраў

Спектакль МХАТа «На дне» пастаўлен многа год назад, і лік яго паказаў ужо ідзе на другую тысячу. Аб гэтым вялікім тэатральным тварэнні напісаны тамы доследаў — і ў нас, і за граніцай. Але такая ўжо асаблівасць усяго геніяльнага, што тэму яго вычарпаць нельга. Колькі б ні глядзеў гэты спектакль, ён абуджае ўсё новыя думкі, прымушае дзейнічаць і розум, і сэрца. Думаецца аб многім. Разам з усім іншым, разам з думкамі аб чалавеку, аб яго мінулай прыніжанасці і аб яго жывым і гордым жыцці, аб яго праўдзе і аб складаных працэсах жыцця, абуджаюцца думкі і аб самім тэатральным мастацтве.

Думаецца пра тое, што не перавышанае нікім мастацтва гэтага тэатра дасягаецца тым, што вялікія заснавальнікі яго і далейшыя ахавальнікі іх традыцый паклалі ў аснову свайго мастацтва праўду. Ні адзін жэст, ні адно слова, ні адна самая найдрабнейшая і найтанчэйшая інтанацыя слова не гучаць тут непраўдзіва. Наадварот, чым танчэйшая дэталь,— такая тонкая, што яе адразу можна не заўважыць,— тым яна гучыць тут выразней за ўсё, так, каб яна дайшла да людзей і каб яе заўважылі. Лука гаворыць толькі так, як гаварылі яго жывыя прататыпы ў старым рускім жыцці.

Гэта не ёсць абстрактнае і прыблізнае падабенства. Гэта ёсць сама праўда, і яна ідзе ад праўды ўнутранай, той праўды, што з’яўляецца асабістай прыналежнасцю душы гэтага чалавека, нічым неўласцівым яму ён не можа раскрыць сваёй душы. Адгэтуль і пачынаецца неабходнасць зусім закончанага, а значыцца, і высокага майстэрства. І Сацін, і Насця, і Кастылёў, і Квашня, і Барон, і Актор, і Татарын, і ўсе, і ўсе іншыя — кожны з іх паказвае праўду сваёй душы толькі сам сабою, гэта значыцца толькі так, як гэта ён можа сам, індывідуальна паказаць самога сябе. Адсюль і няўхільная неабходнасць самай дакладнай дасканаласці слова з усімі інтанацыямі, самымі найтанчэйшымі, і з усімі ўласцівымі гэтаму слову ў гэты момант жэстамі, рухамі, выразамі твару і вачэй. А адсюль і магутная музыка рускай мовы са сцэны гэтага найвялікшага ў свеце тэатра.

Мова і тэатр! Нідзе так поўна, як са сцэны МХАТа, не гучыць тая ісціна, што тэатр і мова народа ёсць адзін непадзельны маналіт. Таксама, як і класічная літаратура, тэатр збірае, абагульняе і ўзводзіць у новую, вышэйшую якасць «простую мову народа» — і так ствараецца магутная скала культуры народа. І гэтая моўная культура гучыць са сцэны тэатра ўсёй сваёй магутнай прыгажосцю і сілай. Такім парадкам, МХАТ ёсць самая высокая школа тэатральнай культуры для ўсіх тэатраў нашай краіны і, асобна трэба сказаць, для ўсіх тэатраў нацыянальных рэспублік. У сувязі з гэтым узнікаюць думкі і аб нашым беларускім тэатры. Чым больш нашы тэатры будуць вывучаць свой народ і чым глыбей ведаць яго, тым вышэй яны будуць узнімаць сваё мастацтва. Чым глыбей яны будуць пазнаваць глыбіні жыцця народа, чым больш будуць злівацца з народам, тым больш праўды будзе ў іх мастацтве — вялікай народнай праўды, а значыцца, і праўды ўсёй вялікай Савецкай радзімы і Савецкай дзяржавы, якія і ёсць выяўленне народнай праўды. Абыякавасць да слова — гібель для тэатральнага мастацтва.

На спектаклях МХАТа мы не адчуваем, што мы ў тэатры. Мы зліваемся з жывым жыццём сцэны, мы п’ём вялікую асалоду зліцця з гэтым жыццём так, як стомлены чалавек агортваецца радасцю адпачынку, альбо як бадзёры чалавек — радасцю дзейнасці і працы. І нічога непраўдзівага не рэжа нашага вуха і не коле нашага вока. І адчуваеш, як жыве тут талент у поўным зліцці з упартай працай.

Гэта вялікі прыклад і вялікая школа для ўсіх вялікіх і малых нашых талентаў.


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан