epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Вялікі паэт беларускага народа

Якуб Колас сваёй творчасцю ахоплівае дзве эпохі жыцця беларускага народа: эпоху змагання народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і светлы шлях народа пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Трагедыя беларускага чалавека, які калісьці на сваёй зямлі прымушан быў шукаць для сябе гэтай зямлі, ператварылася ў вызваленчы рэвалюцыйны рух народа, які закончыўся рэвалюцыяй, і народ выйшаў на шырокія прасторы жыцця. Такі змест літаратурнай творчасці народнага паэта.

Уся творчасць вялікага паэта ёсць найглыбейшае адлюстраванне жыцця беларускага народа за некалькі самых бурных і яркіх дзесяцігоддзяў яго гісторыі. Выйшаўшы з самых глыбінь народа, Якуб Колас стаў песняром народнай душы. Нездарма ён, як паэт і дзеяч, узняўся да сваёй дзейнасці на хвалях рэвалюцыі 1905 года, калі народныя масы падрыхтоўвалі тое, што адбылося ў 1917 годзе,— вялікі Кастрычнік.

Кожны народ нашай радзімы ішоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі, да вызвалення ад векавога гнёту і рабства сваёй нацыянальнай дарогай. Творчасць Якуба Коласа ёсць найдасканалае адлюстраванне гэтага.

 

Вобразы мілыя

роднага краю...

 

Гэтыя словы Коласавай паэзіі ёсць як бы азначэнне характару ўсіх створаных ім паэтычных вобразаў і шматлікіх чалавечых літаратурных тыпаў.

Сярод вобразаў усёй беларускай літаратуры, як манумент, узвышаецца трагічны вобраз Міхала з паэмы «Новая зямля». Чалавек вялікага сумлення і працавітасці, ён марыць аб зямлі, на якой ён не быў бы парабкам у пана. Доўгія годы ён дамагаецца гэтай новай зямлі і, каб здабыць яе, кладзе сваю працу. Нарэшце ён ужо агораў яе, ён ужо бачыць перад сабой шчаслівыя берагі, да якіх так цяжка і доўга плыў. І гэтае шчасце ў адзін момант стала яму непатрэбным: знясілены жыццём, ён памірае. Можна сказаць, што гэта была нацыянальная беларуская трагедыя дарэвалюцыйнага жыцця, калі вялікія абшары нашай зямлі належалі не народу, а панству. Трагедыя Міхала ясна гаварыла, што толькі рэвалюцыйным шляхам чалавек можа здабыць сабе права і магчымасць жыць на роднай зямлі.

 

Багачы і панства,

нашы дабрадзеі,

Мы на суд вас клічам,

каты вы, зладзеі.

 

Гэта яшчэ ў самыя першыя часы свае творчасці пісаў Якуб Колас. І гэтыя гнеўныя матывы бурным струменем ішлі праз усю яго творчасць.

 

Мой родны кут, як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы...

 

Так пачынаецца «Новая зямля». Мы паглыбляемся ў гэты вялікі твор і самі як бы пачынаем жыць мілым жыццём у родным кутку, сярод мілых вобразаў роднага краю. І раптам у гэтым нашым абсягу пачынаецца і да канца паэмы даходзіць да страшнай сілы трагедыя Міхала. Не! Патрэбен ачышчальны агонь рэвалюцыі, каб родныя з’явы не атручваліся сацыяльнай няпраўдай.

 

Прасторны шлях,

калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

І злучыш нашы ўсе дарогі?

 

Сістэма вобразаў паэмы даводзіць нашу думку да дзвярэй у прасторны шлях, у які павінна ўліцца індывідуальная дарога кожнага чалавека з шматмільённай народнай сям’і. Мара аб рэвалюцыі! Мара аб сацыялізме! Мары аб з’яднанні народаў у агульначалавечую сям’ю! Нацыянальныя вобразы паэзіі Якуба Коласа выходзяць у свет шырокага інтэрнацыяналізма.

Выдатны празаік і драматург, Якуб Колас стварыў цэлыя плеяды чалавечых вобразаў і тыпаў. Кожны з іх ёсць індывідуальнасць з жывога народнага жыцця.

Пасля Кастрычніка асабліва пладатворна ідзе вялікая праца Якуба Коласа. Галоўныя свае аповесці ён напісаў у гэты час. Імя яго ёсць гордасць народа. Як народны трыбун, ён выявіў і выказаў народную радасць яснай пары Беларускай Савецкай рэспублікі. Яго слова стала цяпер магутнай зброяй у справе змагання народа супроць ненавісных нямецкіх чужынцаў.




Беларуская Палічка: http://knihi.com