epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Вясковая ветэрынарыя (З натуры)

Белавусы, сінявокі, сарочка распяразкай, выйшаў канавал Сёмка Ямкавы на вуліцу. Ідзе важна, з нагі на нагу — твар арлом, грудзі барабанам.

— Што тут, браткі? — чутно здалёк.

Шум грамады пакрывае пісклівы голас:

— Так што, стала быць, такое дзела выходзіць, што Антось Скантужаны гатоў на зіму без малака застацца з малымі дзецьмі... Гэта жартачкі — гэтакая карова. І пачалося ўсё чорт ведае з чаго...

— Ды што тут?

— А тое тут, што раскідаўся, значыць, у мяне сягоння раніцаю, на яго пусцячына, абраз, і выйшла — хоць к гаршкам богу маліся. Іду гэта я к Рыгору Абцасаваму папрасіць цвічкоў збіць абраз, а тут чую гвалт на вуліцы. Я туды. Бачу, карова кашляе...

— Кашляе, мае галубкі, кашляе,— падхватвае жаночы голас.— Нясечанае бульбы хваціла і кашляе. Мусіць, у горле захрасла...

— Дык вось, значыць — чую, карова кашляе. Я за горла памацаў — бачу, тырчыць у горле круглае, як галушка. Яй-права верна, каб я гэтак жыў. Можаце папробаваць...

Куча мужчын кідаецца к карове; а яна стаіць пасярод двара, глядзіць шырокімі вачыма на грамаду. Час ад часу ў яе з горла вырываецца сіплы кашаль.

— А што, не казаў я,— стараецца ўсіх пералепятаць пісклівы голас,— бач, як дае...

Дзесятак рук абмацваюць горла ў каровы.

— Вось, браткі, дайшоў да самага цэнтра; як галушка, браткі, яй-права. А-яй!..

— Дай, я памацаю...

— Пачакай!.,

— Не пхай там ззаду!..

— Куды лезеш, паспееш!..

— Дай я!

— Ражна табе ў зубы!..

— Нічога не будзе, прадсельсавета пазваць трэба — хай парадак зробіць.

— Пазваць камітэтчыкаў заемадапаможных — хай даюць якую-небудзь раду. Паскольку яны, значыць, пастолькі павінны...

— Пастолькі павінны вырашыць справу на месцы. На мясцах павінны вырашаць справу, браткі мае, на мясцах!..

— Ціха, браткі, хахол Сёмка Ямкавы ідзе.

— Я не хахол, а масквіч, і не Ямкавы, а Ямкавой! Што тут?

— Карова...

— Ага, карова!..

Сёмка Ямкавы доўгі і здаровы. Старыя дзяды гавораць, што лепшага канавала на свеце няма. Ён зразу ўваходзіць у курс справы. Перад ім расступаецца грамада, ён аглядае карову, мацае за горла...

— Сёмка,— трасе гаспадар каровы галавою,— я, брат, табе... ратуй адно карову.

— Кладзі, рабята, карову на зямлю,— аўтарытэтна заяўляе Сёмка.

Дзесятак мужчын з крыкам кідаецца на жывёліну. А ўсіх закрывае сваёй доўгаю фігураю Сёмка.

— Саломы, саломы пад бок кладзі, бо тут будзе доўгая праца,— камандуе Сёмка і з усмешкай глядзіць на гаспадара-шаўца,— тут табе, брат, не то што ткнуў шылам ды цвік увагнаў. Тут, брат, справа тонкая, абы-як яе не зробіш. Дзяржы, дзяржы, каб не ўстала.

Здаровы гурт навальваецца на карову, а яна глядзіць на Сёмкаў круглы твар, і ў яе вачах свеціцца глыбокае непаразуменне: «Што будуць рабіць са мною гэтыя людзі?»

Сёмка ўсёй масаю свайго сытага цела прыпадае да каровінай галавы, абхватвае рукамі шыю, абмацвае тоўстымі пальцамі «засеўшую ў горле бульбу».

— Ёсць,— шыпіць яго голас,— бач, як упёрлася, як чорт у грэблю, ні туды, ні сюды.

Ён закасвае рукі, важна азіраецца і з генеральскім выглядам пачынае мяць засеўшую ў горле бульбу.

— Раздаўлю, быць не можа. Р-р-раздаўлю, а яна і пойдзе, або ўніз, або ўверх... Не паддаецца, сволач, цвёрдая. Мусіць, скарбовага заводу бульба, што гэткая цвёрдая, не давіцца. А-а-гэх! Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзець...

Карова пачынае біцца пад мужыцкімі рукамі. Яна рвецца, стараецца вырвацца і ўстаць. Яна цяжка сапе. І так жа моцна сапе Сёмка Ямкавы.

Ад узбуджэння і свядомасці, што ён тут цэнтр увагі, Сёмка з закасанымі рукамі ўсхватваецца перадыхнуць. За сотняю галоў каля мокрага плота Сёмка бачыць дзяўчат.

Голас у яго горды, начальніцкі, сыта-давольны.

— Гэ, дзяўчата... бач ты, малінавы цвет!..— Весела падмаргнуўшы, ён зноў кідаецца ўніз і пачынае зноў аперацыю.

У каровы раптоўна пачынае ісці з горла кроў. Атарапеўшы Сёмка ўсхватваецца, але стараецца паказаць, што гэта так трэба:

— Ага, пайшла-такі! Ну, цяпер, значыць, да самае точкі дайшло. Вось тут і ёсць самы пункт. Гэта, значыць, пачало яно там ужо гэтае; дзействуе ўжо. Цяпер пойдзець!..

Мужчыны пускаюць карову, а яна не ўстае. Чуцён жаночы плач і лаянка мужчыны:

— Ды яна ж была здароўшая, а цяпер уставаць не хоча!..

Сёмка Ямкавы гнеўна плюе на зямлю:

— Тфу, нар-род! Аперацыя — дзела тонкае, пасля аперацыі і бугай галавы не паднімае, а не то што слабая карова.

— Яно верна,— чуецца недзе з кучы мужчын пісклівы лепет,— як рабілі даўней рапарацу ў Макранах нямецкаму бугаю, вечны пакой, у пана Ваніловіча, дык таксама не ўставаў...

— Не такія рапарацы рабіў,— не спыняецца Сёмка,— бывала, такую рапарацу закачу, што і сам дзіўлюся, як гэта жывёліна вытрымае. Тут усё практыка і навука, навука і практыка.

— І смеласць,— чуецца голас.

— Не толькі смеласць, а дажа нават і адвага,— цвёрда адказвае Сёмка і выходзіць з двара на вуліцу.

А карова, пасля аперацыі, саўсім ужо не паднімае галавы.

— А-яй, браткі,— чуцён крык з глыбіні двара,— і гэтая ўдавілася.

— Што, дзе?

— Вось ідзіце, памацайце.

Народ кідаецца к хлеву. Там мужчыны ў другой каровы абмацалі ў горле бульбу.

— Не можа быць?!

— На, глядзі.

— Дык яна ж бульбы не ела?

— Ну дык што, можа з учарашняга яшчэ сядзіць.

— І ўчора не ела!

Выпускаюць яшчэ адну карову. І ў той знаходзяць у горле бульбу.

З дзесятак мужчын разыходзіцца па сваіх дварах, выпускаюць кароў і абмацваюць горла. Усюды тое самае. І пайшлі па сялу пагалоскі:

— Пошасць сярод кароў на бульбу.

— Вось Сёмка заробіць.

Разам з пагалоскамі смех ішоў па вёсцы:

— Вось дурні. Храсткі ў каровы ў горле звычайныя, а яны кажуць — бульба.

— Вось цямнота!

— А Сёмка, ліха яго мацеры, рапарацы робіць.

— Рыгорава карова ад рапарацы здыхаць збіраецца...

У той дзень уся вёска першы раз у сваім жыцці даведалася, што ў кожнай каровы ў горле ёсць круглы храсток — «кадык».

Запрагаў гаспадар «хворай» каровы каня — збіраўся ехаць у мястэчка за ветэрынарам лячыць карову ад канавальскай «рапарацы».

Галасіла жонка:

— І раілі ж людзі застрахаваць карову ад няшчасця.

А Сёмка Ямкавы важна ішоў па вуліцы. Пахам свежых аўчын нясло ад яго. Збоку, побач з ім, дробненька перасыпаў нагамі яго сусед — нізенькі і гаварлівы старычок. Ён заўсёды быў у захапленні перад талентам Сёмкі Ямкавога.

Сёмка спяшаў у другі канец вуліцы, дзе зноў нечага збіралася грамада (дзень быў святы). Сёмка адчуваў бурную радасць ад свядомасці, што цэлых гадзін дзве будзе гаварыць мужчынам аб усіх аперацыях, якіх за свой век перарабіў.

Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія).

Голас у Сёмкі зычны, сыты:

— Не такія рапарацы рабіў. Калі зраблю, бывала, дык ёст іх маліна. Сыт, значыць, п’ян і нос у табаку. Г-ы-х!..

— Яно верна. Навука і практыка. Хэ-хэ!..

 

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com