epub
scan
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Вераснёвыя ночы

I

 

Каля студні з дзеравянага вядра, пазелянелага і слізкага, капала вада на запыленую буйную крапіву і пясок. За парканам спелі яблыкі і арабіны, пад парканам раскашэльвалася мята і бабіна лета. Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, і адна - надзьмутая і сярдзітая - упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым воллем. Абмочаны недзе шчанюк аціраўся каля сяней і нудна вылізваў шэрсць каля хваста. Гусак падняў галаву і глыбакадумна закрычаў. Шчанюк крыху страціў свой нудны выгляд і забурчаў, вільнуўшы шчуплым хвастом.

Паставіўшы каля заскарузлага карыта ражку з свіным цестам, чухаючы вуха аб голую руку вышэй локця, Агата злосна крыкнула:

- Віляй, віляй, падла аблезлая! Зноў недзе ўскочыў у памыі, каб ты ўжо нечага ў вір галавою ўскочыў. Зноў усё пазагаджваеш у сенцах. Вон, каб ты выдах!

Шчанюк выцягнуўся на пяску доўгім целам сваім і ціхавата завыў. Квактуха заквактала мацней. З панурым папрокам Агата кінула на яе дзеркачом.

- Квокчаш? А дзе ж ты вясною была, пошкудзь кашлатая!

Два падсвінакі, трасучы вушамі, весела хваталі з карыта цеста. Верабей зляцеў з вішні на плот, пасля каменем упаў на зямлю каля самага карыта, мяркуючы, каб уварваць крыху сабе. Яго ніхто не заўважыў.

Агата выцерла рукі брудным фартухом, зняла яго з сябе і ўскінула на плот. Рукі ў яе былі прыгожыя і прывабныя, голыя да плеч, белыя і гладкія. Толькі пальцы на іх кароткія і тоўстыя, непрыемныя на выгляд. Сама яна - высокая і мажная, белабрысыя бровы і шэрыя вочы, зацягненыя сытаю каламутнасцю. Як ішла яна ў сені, стан яе цяжка гойдаўся, і вочы прасілі сну.

У халодных сенцах стаялі ночвы з памытымі гуркамі, і былі рассыпаны крупы.

- Зноў дзеці лазілі! - сярдзіта абазвалася Агата, падмятаючы да парога буйную абдзёртую грэчку.

У адчыненых хатніх дзвярах з'явіўся Стасюк, братні сынок, белагаловы свавольнік і сірата; маці ён ледзьве памятаў.

- Цёця Агата, я адзін гурок вазьму.

- Ты ўжо крупы рассыпаў! Як ад цябе нідзе не ўхаваешся. Усюды ты дападзеш.

- Гэта не я... Я вазьму гурок.

- А хто ж гэта?

- Гэта Антосеў Юрка прыходзіў. Рассыпаў крупы і два гуркі ўхваціў і ўцёк. Я яму дам, як злаўлю дзе.

Агата сунула ў рукі яму гурок і выправадзіла з хаты. Злосная раздражненасць не пакідала яе. Яна мучыла яе з учарашняга, калі перад вечарам брат Фэлька, скінуўшы з воза плуг і адкасваючы порткі, запэцканыя вільготнаю раллёю, запытаў:

- Ці праўда гэта, што Асташонак, калі браў на тым тыдні самагонку, дык управіў табе мікалаеўскую трохрублёўку?

- Хто табе казаў?

- На полі хлопцы смяяліся. Казалі, што сам Асташонак хваліцца ўсім. Няхай, кажа, цяпер падае на суд. Няхай падасць, паспрабуе. І праўда, як тут падасі, каб прыйшлося, на суд, калі невядома, каго тут суд за ныркі возьме... Як бо ты глядзела! Няўжо ты не бачыш, што мікалаеўскія, а што савецкія грошы...

- Вечарам. У каморцы газоўка гарэла, а я не прыглядалася. Чорт яго поўначы пазнае.

- А ўрэшце - згарыць няхай ён са сваёю трохрублёўкаю. Адно што от плёткі распускае, халера на яго.

Фэлька паставіў нанач коні, з'еў малака і пайшоў спаць на канюшыну, а яна пакуль управілася ў хаце, шмат прайшло вячорнага часу. Стасюк спаў у хаце на ложку, высадзіўшы цыбатыя ногі з-пад кудзельнай коўдры. Агата паправіла коўдру і выйшла з хаты, поўная гаркачэчы і злосці. Пад паветкаю, дзе ляжалі дровы і трухлявая салома з перакрытай страхі, адзывалася сонная качка. Рэшта ж усё было ціхім. Маўчаў сад за старым парканам, і цёмныя дрэвы яго былі ў нерухомым спакоі. Трохі счакаўшы, на вуліцы ў канцы заспявалі хлопцы. Асташонкавага голасу не магла яна злавіць у песні. Мусіць, там яго не было. Злосць на яго не пакідала мучыць яе. Адна праседзела яна з паўгадзіны каля хаты. Па вуліцы праходзілі хлопцы і да яе не падышлі, можа не заўважылі яе. Асташонка нідзе не было чуваць. Пайшла назад у хату і доўга не магла заснуць.

З таго часу нядобрым усё было; і горш за ўсё тое, што раздражненне супроць яго не ад мікалаеўскай трохрублёўкі было і не ад таго, што ён выхваляўся гэтым - гэта толькі псавала настрой, - а ад таго, што каторы ўжо час зусім заходзіць пакінуў.

Фэлька зноў быў на полі, Стасюк зусім знік недзе з двара.

Агата пасаліла гуркі і падмяла сені. Асенняя муха моцна ўкусіла яе за нагу, каля вялікага пальца. Яна пацерла ўкушаным месцам аб лытку другой нагі і пачала наліваць каля студні ў цэбар ваду; непаласканая бялізна ляжала на мокрым тапчане каля плота.

Дзень хіліў да дрымоты. Сонна крычалі на вуліцы качкі, плюхаючы бруднай вадою каля карыта. Па той бок вуліцы ў суседнім садзе звісала над плотам вясёлая цяжкасць чырвоных арабін; пад імі плот быў аброслы зялёным і зусім сухім мохам і ўзлягаў на трухлявыя подпіркі панурым дзедам. Вільготная каля студні зямля прыемна халадзіла гарачыя ногі. Мокры шчанюк падышоў і ткнуўся галавою ў нагу, ніжэй калена. Агідліва адапхнуўшы яго, Агата стала паласкаць бялізну.

У звінючых кроплях вады, што ліліся з яе голых рук, люстравалася незлічоная рухавасць сонечных іскраў. І рукі яе, белыя і прыгожыя, былі празрыстымі і пахучымі. Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, і твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькі бялелі ў вадзе рукі, і гэта цешыла яе.

Сонца моцна грэла яшчэ. Халоднаю ж і прыемнаю была вада. І ўсё гэта патроху заспакойваць пачало раздражненасць і прытупляць злосць, і праходзіць пачала вастрата гэтай узбуджанасці і ператварацца ў іншыя формы.

Яна ўспомніла, - выязджаючы араць іржышча, Фэлька сказаў: «Скажы Стасюку, каб пазваў сваю канпаню абабраць ігрушы. Але каб не зваў шмат гэтых сваіх вісусаў, а то як прываліць гэтага зграя, дык усе грушы парасцягаюць. Гэта ж гэткая плойма!..» Яна і сама ведала, што трэба абіраць ігрушы; чуваць было, як яны стукалі ў садзе, раз-поразу падаючы на зямлю. Але было жаданне, папаласкаўшы бялізну, нічога не рабіць, і з гэтым жаданнем даводзілася змагацца. Уночы не спалася, і цяпер з'яўляліся адзнакі лёгкай дрымоты. Часта пазяхалася і соладка хацелася, каб вецер абвеяў гарачую голую шыю і плечы. Калені пачыналі злёгку дрыжаць, і твар гарэў. У целе запаноўвала гарачая разамлеласць. Учынак Асташонка з трыма рублямі пачаў траціць сваю вастрату, і зусім згінулі думкі пра крыўду на тое, што нельга адпомсціцца яму, падаўшы на суд ці ўжыўшы якія-небудзь іншыя захады. Усё гэта забывалася, і хацелася як найхутчэй, каб нават і не ўспомніць пра гэта, як пра нешта калючае, непрыемнае. Асташонак зноў здаваўся прыгожым і прывабным. І побач з ім горш яшчэ, як раней, непрыемным паўстаў уваччу Зыгмусь Чухрэвіч, што паўтара гады ўсё дамагаецца, каб узяць яе замуж, і на гэтым тыдні прыходзіў у нядзелю, выфранчаны і далікатны. Раней, як Фэлька быў яшчэ хлопцам, яны дружылі вельмі, з самых малых год сваіх. Пасля бурна разышліся з-за дзяўчыны, якой абодва дамагаліся і якая, урэшце, пайшла замуж за Фэльку. А Фэльку не давялося з ёю доўга пажыць - нарадзіўшы Стасюка, яна неўзабаве памерла. Тады ўсё забылася. Зноў у іх пачалося нешта падобнае да дружбы, а пасля Зыгмусь пачаў прыглядацца на Агату. Яшчэ за некалькі дзён да Асташонкавай трохрублёўкі Фэлька гаварыў ёй:

- А можа і сапраўды табе пайсці замуж за Зыгмуся. Ён цябе будзе кахаць і глядзець.

А яна адказала:

- Што ты мяне хочаш з хаты збыць?! Калі ты хочаш жаніцца, дык я табе ўпоперак дарогі не стаю.

Фэлька па-вінаватаму паморгаў вачыма і мякка сказаў:

- Што ты выдумала? Хіба я не магу з табою гаварыць як з сястрою пра ўсё?

- А от і не можаш пра ўсё. Не маеш права.

- Чаго ты злуеш?

- Не ўмешвайся ў чужыя справы.

Тады зазлаваў і ён.

- Я табе як добра, а ты чорт ведае што! Колькі сваталася, ніхто даспадобы не даходзіць. Усё перабіраеш. Табе ж ці не трыццаць год ужо?

- Ну, я ж казала, што ты мяне з хаты збываеш!

І яна пайшла злосная. А вечарам яны абое зрабілі выгляд, што нічога не было. Так уся гэтая прыкрасць і скончылася. А тут Асташонак, малады і вясёлы, трохі жулікаваты, заўсёды стараўся злавіць яе і на вуліцы і на полі. І поўніў яе агнямі суму здаровай перарослай дзяўчыны. У той дзень, калі здарыўся гэты яго ўчынак з трохрублёўкаю, ён назнарок прыбег праз агароды памагаць ёй складаць атаву, заўважыўшы яе каля гумна. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль яна, чуючы, што траціць волю сваю перад ім, не прагнала яго. У той жа вечар ён і з'явіўся купляць самагонку.

Палошчучы бялізну, яна змагалася сама з сабою. Падабалася сама сабе; глядзела ў ваду; чула разамлеласць па ўсім целе і як усё больш і больш прытупляліся і ападалі думкі. Губілася ўсялякая воля і цвёрдасць.

Стукалі ў садзе вобземлю яблыкі і грушы, спелі арабіны. Цякла пахам моцная мята. Асеннія мухі гулі каля сяней, сінія і вялікія. Стасюк на вуліцы, па той бок студні, боўтаецца ў лужы. Вуліца была ціхаю, дрымотнаю. І без дай прычыны захацелася ёй пакрычаць на Стасюка:

- Стасюк, ідзі ў двор!

 

II

 

Зыгмусь Чухрэвіч бедаваў, што вусень пааб'ядаў вясною лісце ў садзе, і цяпер няма садавіны. Агаце прыкра было слухаць яго павольную гаворку, бачыць, як ён стараўся быць перад ёю дасціпным. Гальштук у яго быў вузенькі, у зялёную палоску, вельмі туга нацягнены на цвёрдай манішцы і раней за ўсё кідаўся ў вочы. Гарнітур быў нішто, але няспрытна вельмі ж сядзеў, мусіць, адтаго, што манішка і цвёрды каўнер усё роўна як звязвалі чалавека. Гамашы былі выглянцаваныя, але запыленыя. Фэлька быў адзеты прасцей і з самага ранку нікуды не выходзіў з хаты. Гаворачы з імі абодвума, Агата неўзаметкі паглядала ў люстэрка, што вісела насупроць на сцяне. Мокрыя яшчэ валасы пахлі дарагім мылам, і здавалася, што гэта пахне блакітненькая шпілька, што гэтак прыгожа сцягвала белы гафтаваны каўнер сіняй блузкі. Стасюк аціраўся каля вялікіх і ўсё дурыўся:

- Цёця Агата, есці.

- Ты ж еў кагадзе.

- Зноў хачу.

Зыгмусь Чухрэвіч памог ёй адчапіцца ад Стасюка.

- Няможна так часта есці, няздорава.

- Чаму?

- Няздорава на жывот.

- Сапсуецца жывот?

Фэлька ўзяў Стасюка за руку і вывеў на двор. Відаць было праз вокны - павёў у сад, каб абы адчапіўся ад Агаты. Зыгмусь Чухрэвіч падкруціў вусы, дастаў з кішэні партабак з бярозавай чачоткі і дастаў тоненькую папяросу. Пакуль трымаў у пальцах, Агата, гледзячы, думала, што ў яго прыгожыя рукі - тонкія і белыя зверху. І, закурваючы, ён зноў пачаў бедаваць, што вусень аб'еў сад. Гаворка яго была вялая, кожнае слова як бы абдуманае. «Здаецца, памагла б яму», - думала Агата, падышоўшы да люстэрка і папраўляючы грабяні ў валасах. У хаце была прыемная хмурнасць, - неба ў той дзень было шэрым, але высокім. Сонца неглыбока было схавана за тонкую пялёнку ветравых хмараў, вецер шастаў за вокнамі садам, сад нехаця пачынаў жаўцець. Аж у хаце, здавалася, чуваць было, як пахнуць у садзе бэры і вінёўкі. Цыганкі чырванелі над плотам і над страхою прыгрэбкі. Нават запозненыя спасаўкі падалі яшчэ на траву і разліваліся ў ёй зялёным кісялём.

- У вас добра сад захаваўся ад вусеня, а ў мяне дык каб, скажам, на завод яблыка адно.

Агата ўздыхнула.

- Чаго вы, панна Агата, уздыхаеце?

- Нічога, так сабе.

- Мусіць, сумна чагосьці?

Агата глядзела, як ад усмешкі пайшло ў яго па твары шэсць вельмі сталых зморшчкаў, па тры з кожнага боку, і схаваліся яны канцамі сваімі ў вясёленька падкручаных вусах.

- На фэст, панна Агата, не збіраецеся?

- Не думала яшчэ. Можа і пайду.

- Можа разам пойдзем?

- Будзем бачыць.

- Сядайце, панна Агата.

- Дзякуй, у сваёй хаце можна пастаяць.

І тут яна падумала, ці не сказала чаго лішняга, можа за тон гаворкі яе пакрыўдзіцца кавалер. Тады ветліва, наколькі льга было, усміхнулася:

- Вы таксама нейкі сумны.

- Не, чаго ж я. Сядайце.

Ён устаў з доўгага памалёванага столка і паставіў яго каля яе. Агата села. Ён сеў поплеч яе, заглядаючы ёй у вочы.

- Пра што вы думаеце?

- Вам трэба ведаць?

- Трэба.

- Нашто вам ведаць?

- Панна Агата...

- Што?

- Эх, панна Агата...

Падсунуўся бліжэй, узяў пад руку, пацалаваў яе кароткія пальцы. Казытнуў вусамі яе цудоўную шыю.

- Панна Агата, панна Агата...

Яна выцягнула з яго рук сваю руку, адсунулася далей.

- Панна Агата!

Губы яго трасліся, вочы зелянелі нерухомымі іскрамі, твар чырванеў.

У сенцах затупаў Фэлька, увайшоў у хату. Агата пайшла ў мыцельнік, за перагародку з цалёвак, нібы мыць міскі.

Зыгмусь Чухрэвіч расказваў Фэльку:

- ...Дык я і кажу яму перад усімі - гад ты, кажу, печаны, хамула ты дурное. Хамут! Чым ты, кажу, хвалішся? Што за тры рублі абармотам зрабіўся?! Знайшоў чым хваліцца, выбачайце за слова, дурніла. Я яму так і сказаў. Не сцерпеў.

- Каму гэта? - трасучыся ад незразумелай крыўды, болю і тупой цяжкасці на душы, крыкнула з мыцельніка Агата.

- Асташонку.

Агата кінула міскі, з мокрымі рукамі кінулася на двор. Пабегла ў сад, дзе пад бэрамі сохла капа садовай атавы. Упала галавою ў сена, калоцячыся ад бурных слёз.

 

III

 

Фэлька стаяў у варотах і чэзнуў па чарнавокай Алімпе. Вечар быў цёмны. Агата сядзела каля хаты. Асташонак хадзіў з Алімпаю па вуліцы. Непадалёку каля нечай хаты гуляў маладзеж. Фэлька не вытрымаў і падаўся да Алімпы і Асташонка.

Пасля дзённага дажджу пахла жвіраватае каменне, маўчалі платы і хаты.

Дзяўчаты і хлопцы заспявалі. Фэлька, Асташонак і Алімпа недзе зніклі з вачэй. Агата пачухала левы локаць, сцішылася каля сцяны. Дзяўчаты на вуліцы зарагаталі. Агата пазнала іх па галасах. Падумала: «Як павыросталі, яшчэ летась у парваных андараках каровы пасвілі, а гэта ўжо з хлопцамі гуляюць». Прыкрасць нейкая находзіла на яе. З'яўляцца пачалі думкі - пайсці ў гурт маладзяжу. Але ўспомніла - няма там аднагодкаў ёй, усе маладзейшыя. Брат Фэлька ніколі не ўпікаў, што сядзіць яна дома, колькі сваталася - ні за кога ісці не хацела, усё па густу выбірала сабе і ніяк выбраць не магла. Хіба ж ён асмеліцца ўпікнуць яе гэтым? А ўсё ж думкі ў яго ўсялякія могуць быць... І чаму якраз Фэлька на думку ўзбрыў, хіба самой ёй нічога гэта не абыходзіць?.. І чаго яны рагочуць так весела, гуляюць гэтак заўзята, гэтыя цыбатыя падлеткі? Можна падумаць, што і сапраўды паненкі цікавыя. Прыкрасць сціснула сэрца. Прыціснулася плячыма да сцяны і чакала.

Гарэла святло ў хатах. Ішла ноч. Маўчала восень у садах і агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лісця. Якую ж ноч прынёс верасень!

«Спаць ісці», - узышоў чэмер думак, але ведала, што не засне.

Далоні рук пачалі гарэць. Ноч схавала ружовасць твару, маўчанне - нервовую трывогу цела.

Дзяўчаты зноў заспявалі. І паважныя крокі скінулі з яе забыццё.

- Панна Агата?

Зыгмусь Чухрэвіч пакруціў вусы і сеў.

- Чаго вы маўчыце, панна Агата?

Падсунуўся бліжэй, памаўчаў і ўзяў за руку. Яе маўчанне надавала яму смеласці. Палажыў руку ёй на плячо. Падсунуўся яшчэ бліжэй, аж прыціснуўся і абняў адной рукою.

- Чаго панна Агата так дрыжыць?

І пачаў цалаваць шыю.

- Панна Агата, панна Агата.

Ад дзікай радасці не памятаў ён, што робіць, - Агата не адсунулася ад яго, як заўсёды, не адабрала рукі сваёй, а нават, здалося яму, схіліла ў яго бок галаву. І ўжо зусім выразна пачуваў ён, што гарэла яна тысячамі агнёў. З кожнай хвілінай ён рабіўся смялейшым.

- Згалі вусы, - сказала яна.

- Нашто?

- І курыць пакінь.

- Чаму?

- Нядобра чуваць дымам гэтым, перагарам.

Дзве цёмныя постаці з'явіліся на вуліцы - Фэлька і Алімпа. Асташонка не было з імі. І гэта кальнула Агату, пасля ўзрадавала. Фэлька і Алімпа падышлі і селі.

- Добры вечар, - сказала Алімпа.

Зыгмусь астаўся сядзець, трымаючы яе руку, адно адхіліў галаву. Гаворка між імі ўсімі доўга не клеілася. Нарэшце Зыгмусь сказаў:

- Абабраў ігрушы, Фэлька?

Голас яго быў неспакойны, узнерваваны.

- Не ўсе. А ты?

- Таксама. У мяне мала ёсць што абіраць. Вусень, каб ён павыдыхаў, увесну быў увесь сад аб'еў.

Голас яго спакайнеў, шпарка рабіўся раўнейшым. Агата ўздыхнула, забрала ад Зыгмуся руку. Ён хацеў затрымаць, але яна была ўпартаю. Аглянуўся на Фэльку - Алімпа сядзела каля яго нерухома. Але заўважыў ён - Фэлька гладзіць яе руку, зусім не гледзячы ў той бок.

- Дзе ж Асташонка падзелі? - запытаў зайздросна Зыгмусь Чухрэвіч.

- Прыстаў да канпані.

Зноў зачамярэла на сэрцы ў Агаты. «Нашто ён успамінае пра Асташонка? Які нячулы. А можа назнарок? Але дзе яму назнарок, каб і хацеў укалоць - не здагадаецца».

- Трэба ісці, - сказала Алімпа.

Устала і развіталася з Агатаю і Зыгмусем за руку. Фэлька пад руку павёў яе. Ноч маўчала, прачышчаючы неба. Высвечвалі зоры, вырысоўваліся абрысы садоў і хат. Агата ўстала ісці. Зыгмусь узяў яе пад руку. Пастаялі гэтак, і ён сказаў:

- Заўтра атаву забіраць буду.

Ёй хацелася зноў сесці, але каб ён пасадзіў яе. А ён стаяў, трымаючы далікатна яе пад руку. Тады яна злосна загаварыла:

- Заўтра атаву забіраць?

- Але.

- А груш мала ёсць у садзе?

- Зусім мала.

- Вусень пааб'ядаў?

- Але, каб ён павыдыхаў.

Ён правёў яе да сянец. У сенцах доўга цалаваў, стала і далікатна, аж пакуль не застукаў варотамі Фэлька. Тады пайшоў, пагаварыўшы трохі з Фэлькам на двары каля сянец. Счакаўшы, пакуль Фэлька ўкладзецца спаць у каморы, Агата яшчэ выйшла на вуліцу. Маладзеж разыходзіўся. Дзяўчаты шапталіся, і невыразны шэпт іх далёка чуваць быў у чулай цішыні вераснёвай ночы. Чуваць быў там і вясёлы голас Асташонка. Агата моцна назнарок кашлянула і пачакала. Пэўна, чуў ён, але не падышоў. Агата села на лаўку, пачакала, пакуль там усе разышліся. Асташонак зусім знік з вуліцы. Усё сціхла. Хоць бы Зыгмусь Чухрэвіч падышоў яшчэ! Агата зачыніла вароты і пайшла спаць у адрынку на канюшыну. Доўга не магла заснуць; чухала пад пахамі, папраўляла пад галавою падушку. Цвыркалі ў канюшыне конікі, і за шчыльнаю сцяною з смольных аполкаў часта ўздыхала цельная карова.

 

IV

 

Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Дзіцячая ўсмешка кволага сонца цалавала зямлю. Пахла на полі бульбаю. Парэзаны плугамі бульбоўнік выглядаў з раллі.

Рукі ў Агаты былі ў зямлі. Твар абвязаны хусткаю. Фэлька стала пажартаваў:

- Чаго ты гэтае загары баішся, як ты дыхаць можаш, гэтак абвязаўшыся. Ад цяперашняга сонца загары не будзе.

Агата, як граблася ў зямлі, так, не паднімаючы галавы, адказала:

- От... табе вельмі абыходзіць, цяжка мне ці лёгка дыхаць.

І падумала, што Фэльку можа нядобра чуць гэткі пануры адказ. Тады глянула на яго, усміхнуўшыся. Але ўсмешка была схавана пад хусткаю, і Фэлька ўбачыў адно вочы. Агата зноў сказала:

- На пераноссе рабацінне вельмі ад сонца садзіцца.

- Пераноссе ў цябе якраз на сонцы.

Фэлька запрагаў каня, развязваў вузлы на вяроўцы, абціраў рукі аб картовае галіфэ. Саскроб вострым каменем зямлю з плуга. Ласкава сказаў да Агаты:

- Найму капальнікаў ды за дзён тры выберам. Што мы будзем тут з табою корпацца.

Пасля, пачакаўшы:

- Пакідай, годзе грабціся, усё роўна гэтых двух градусаў да вечара не выбераш.

- Дык нашто ты разараў гэтулькі?

- Паляжаць да заўтра, ліха іх не возьме... Бачыў раніцаю Зыгмуся.

- Ну то што, калі бачыў?

- Вельмі рад... Вельмі... Ён цябе будзе глядзець... Будзе цябе на руках насіць.

- Чаму гэта мяне?

- А ён хваліўся, што ў вас ужо згода.

- Заранне ён да цябе ў швагры лезе, дурны, марцовы кавалер. А ты і ўзрадаваўся...

- Мне што, як хочаш. Я ў чужыя інтарэсы не лезу.

- Як не! Я не бачу, як ты мяне з ім зводзіш? Ты хочаш жаніцца, дык каб я табе не замінала?!

- Агата!..

- Ты думаеш, я не бачу, што тут каля мяне робіцца?!.

- Да душы не, сястра! Ці так, ці так - я неўзабаве жаніцца буду. Ты мне папярок дарогі не стаіш.

Пасля раззлаваўся:

- Дурная ты!

Агата змоўчала.

- Немаведама, з чаго наганяеш сама на сябе жах... Ачамярэлі мне твае гэтыя слёзы.

- Я ніколі слёз не пускаю.

- Дык так усё ныеш.

Цяпер сапраўды ў Агаты заблішчалі на вачах слёзы. Яна сарвала з твару хустку, кінула на драбіны. Каля воч пачырванела, твар зрабіўся непрыгожым. Стаўшы на калені, яна дагрэбла градус. Фэлька ўссыпаў кош бульбы ў воз. Яна атрэпвала спадніцу ад зямлі, выцірала кулакамі вочы і пэцкала зямлёю твар. Фэлька цмокнуў на каня, рушыў з поля. Яна засталася адна, каб ісці наводдалек. Спявалі на полі дробныя птушкі, награвалася сонцам пад нагамі жвірыстае каменне. Чэзла трава на верасеньскіх межах. Тхнула чабаром і піжмаю; дрымотна звінела сухая трава ці то зелле. Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі на высокіх сцяблах. Яны пападалі між пальцаў босых ног, пакідалі там на нагах галоўкі свае. Агата нагіналася, каб выкінуць іх. Тады мацней пахла верасеньская зямля.

Даўно схаваўся ў лагчыне за ўзгоркам Фэлька з возам, і яна ішла адна сярод жоўтай задумёнасці.

«Фэлька раней прыедзе дадому, пачакае яе ссыпаць бульбу з воза, два мяшкі зверху, пэўна, скіне адзін - здаровы, прыгожы, трохі пануры. І няўжо ён сапраўды стараецца збыць мяне з хаты! Ці не з Алімпаю гэта зладзіў ён, а тая ж ведзьмаватая трохі, дарма што нядаўна каровы яшчэ пасвіла. А за Фэльку яна маладзейшая гадоў на дзесяць, калі не больш. А можа і не яна гэта, можа іншая. Але ж ходзяць разам вечарамі, Фэлька прападаць у яе падоўгу стаў. І Асташонак нечага там трэцца ўсё. Але дзе ён не трэцца, куды ён не ўлезе. Нідзе спакою не дасць. Ніякай сталасці не мае і, мабыць, ніколі чалавекам не будзе. Што за карысць, што малады і прыгожы, калі кручаны і невядома калі пасталее. Яшчэ гатоў і Фэльку напсаваць як-небудзь; і чаго Фэлька не патурыць яго, гада - ходзіць ды хваліцца, што абармотам стаў за тры рублі. Вісус, пошкудзь гэтая... Няхай бы Фэлька браў сабе Алімпу, што яму, маладому, жыць так. І ў хаце ладней было б... Цябе Зыгмусь, кажа, будзе на руках насіць. Зыгмусь хоць стары чалавек, усё ў яго ў парадку, і нікому ён прыкрасці не зробіць, і пальцамі на яго людзі не паказваюць... І кахае мяне. І па-суседску з Фэлькам будзе жыць - усё будзе душа ў душу. Добра ўсё будзе... Бо і праўда - дарэмна я часам на Фэльку сярдую, ён па-брацку ўсё хоча, каб як найлепей. І што я нагавару яму, дык ён усё змоўчыць. Хіба ён кепскі брат? Нічога сабе каторы ўжо год не спраўляе, а мне колькі гарнітураў накупляў. Добры ён, добры. А я крыўджу яго часам, сама не ведаючы, за што. Ён жа сапраўды - калі мяне з хаты збываў? Здаецца ўсё мне. З Зыгмусем з малых дзён дружыць. А каб Зыгмусь быў кепскі, дык хіба ён дружыў бы з ім... А Асташонак... Што там Асташонак!..».

Аднак вострым сумам на момант сціснулася сэрца. І зноў ціхі прастор палявой восені агарнуў спакоем душу.

Плыў водар павольнага канання травы і кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў.

 

V

 

Моцна стукалі аб зямлю яблыкі. Пахлі загарэлыя вінёўкі і недаспелыя бэры. Каля платоў расцвітала бабіна лета. Куры склёўвалі садовую макрыцу, у двары каля студні плюхаліся качкі. Каля прыгрэбкі Стасюк адкусваў па дробцы ад хлебнай скарынкі і кідаў курам. Куры хваталі ежу і з зайздрасцю дзяўблі адна адну ў галаву. Тут жа стараліся пажывіцца вераб'і. Кідаючы крошкі, Стасюк гукаў, каму кідае. «Гэта табе, Тадора», - заяўляў ён старой, валяватай і кашлатай курыцы. «А ты, Рыжы Яначка, не хватай, калі табе не кідаюць», - злаваў ён на шчуплага, абскубленага ў бойцы, маладога пеўніка. «Чаму Чарнявы Рыгор не крадзе чужога?» Але Чарнявы Рыгор у гэты час падскочыў Стасюку пад ногі, каб адабраць у Тадоры крошку. Тадора ўцякла, а якраз папаўся Рыжы Яначка. Дык Чарнявы Рыгор і дзеўбануў Рыжага Яначку ў галаву, аж у таго замакрэў ад крыві грэбень. Стасюк кінуўся ў плач:

- Цёця Агата, чаму Чарнявы Рыгор, каб ён выдах, Рыжага Яначку чуць не забіў!

Агата паволі ішла па садзе да Стасюка, жмурачыся ад сонца і смеючыся.

- Якога гэта Рыжага Яначку? - пытаўся Фэлька, высунуўшыся з сянец з квартаю недапітага квасу.

- Певень гэта ў яго завецца.

Фэлька паставіў квас на лаўку каля дзвярэй, падышоў да Стасюка з свежым тварам пасля святочнага дзённага сну, у новых галіфэ, босы яшчэ. Прыгарнуў Стасюка да сябе, смеючыся сказаў:

- Эх ты, сынку... Байбас ты свавольны.

Пагладзіў па галаве, пайшоў у хату адзявацца, радасны і спакойны. Агата падхапіла Стасюка на рукі, жартаўліва панесла ў сад, цалуючы яго ў бялявыя валасы. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў.

- Ах ты, свавольнік. Буслянё ты цыбатае. Малы, смешны ты, Стасюк.... свавольнік.

Выцалавала яго ў твар, у галаву. Пасадзіла на траву, гладзячы па галаве.

- Цёця Агата, яшчэ.

- Чаго?

- На рукі.

- Бачыш ты, пястун. Цяжкі ты.

- А-ай!

Зноў песціла яго, аж пакуль яму надакучыла. Тады пусціла яго гуляць на вуліцу. Перасадзіла цераз нізкі паркан і глядзела, як пабег ён на той бок вуліцы і пыліў па зямлі босымі пятамі. Доўга глядзела на яго. І пайшла па садзе, сумуючы па сваім, няведаным, дзіцяці. Здавалася - усе думкі былі б аб ім і апраўданы сталі б усе трывогі і буры яе нездаволеных шуканняў. Жаданні сталі б выразнымі і даўгавечнымі.

І зноў патрэбна стала песціць Стасюка.

- Стасюк, сюды бяжы.

- Не.

- Бяжы, сыночак... Хадзі.

Выйшла на вуліцу, узяла на рукі. Там жа ў садзе гладзіла яго па галаве, цалавала ўсяго. Трохі здзіўлены Стасюк заплюшчыў вочы, пакінуў смяяцца. Маўчала і яна, тулячы да сябе малога. Пасля павяла ў камору, карміла павідлам і ўсё думала, чым бы яго, малога, узрадаваць.

Фэлька глядзеў з сянец у камору і рад быў гэткай ласкавасці сястры да яго сына:

- Нашто ты яго распешчваеш гэтак?

- А хто ж яго, сірату, папесціць.

Фэлька аб нечым думаў пасля, гледзячы цераз паркан у сад. Потым увайшоў у хату, выправіў Стасюка гуляць і нясмела пачаў гаварыць. Смуглявы твар яго быў нервовым, як ніколі раней, голас - ціхім, немагушчым нейкім. Гаворачы, глядзеў ён на каляровую, вытканую Агатаю посцілку, што паслана была каля стала на падлозе. У вочы ж Агаце ён ні разу не глянуў.

- ...Што ж, Стасюк, добра ты кажаш, сірата... Памерлага з магілы не паднімеш... Як я яе ні кахаў, а нічога парадзіць ніхто не можа... Як гляну на Стасюка, дык і стаіць яна ўваччу ў мяне, дагэтуль забыць не магу... Астаўся малы, небарак, сіратою.

Патроху дагаворваўся да самага важнага:

- Ты ж ведаеш... дагадваешся даўно... Алімпа за мяне замуж ідзе.

Тады Агата крыўду ці знявагу да брата пачула ў яго ж словах:

- А чаму ёй не ісці за цябе? Ты гаворыш гэтак, як бы яна робіць табе ласку, што ідзе за цябе.

- Не, не.

- Што ж ты... Няхай дзе лепшага знойдзе. Які з цябе ўдавец! Ты сам не ведаеш сябе...

Радасны Фэлька разгаварыўся, але быў вельмі далікатным з сястрою, нават сказаў, што з Алімпаю яны павінны ладзіць, бо Алімпа надзвычайна ласкавая і добрая; што ўся сям'я ў іх вельмі паважная, і Алімпа інакшаю быць не можа...

Доўга гаварыў узбуджаны Фэлька, а яна стаяла каля акна, напроці печы, за няшчыльнаю перагародкаю з пабеленых цалёвак і думала, што брат нечага не выказвае ці не можа выказаць. Можа і сапраўды гэта будзе лепш і для яе, і для яго - што нібыта такі намерылася яна ісці за Зыгмуся Чухрэвіча. І яна будзе мець дзіцё, і яе будзе кахаць і шкадаваць... Зыгмусь Чухрэвіч.

На момант нешта кальнула сэрца. Пасля ўспомніла, як вельмі шмат сваталася да яе, вельмі шмат уздыхалі па ёй, але ніхто не падабаўся, а без кахання замуж ісці не хацела. Так і прайшла першая дзявочая маладосць. І другая на сконе... цяпер жа яна ўсім падабаецца, але ўсе на шмат маладзейшыя за яе хлопцы: старэйшыя ж усе пажаніліся.

Старалася яна перамагчы ўсе вялікія трывогі свае і заспакоіць неспакойнае сзрца.

Неўспадзеўкі думка адна зноў кальнула яе: «Дзіцянё можна мець і не ідучы за Зыгмуся Чухрэвіча. Я ж сама сабе тут у брата гаспадар. Палавіна ўсяго - маё ж тут. Дый Фэлька - слаўны брат, наўздзіў добры і памяркоўны»...

Але ўсё сплывала пад цвёрдым поступам жыццёвых устанаўленняў. І замест бунтоўных думак прыйшоў спакой душы і сэрца.

Фэлька зваў прайсці разам па вуліцы. Падхарошыўшыся перад люстэркам, пакінулі яны Стасюка гуляць з дзецьмі ў зачыненым садзе і пайшлі ціхаю і люднаю па-святочнаму вуліцаю. Пайшлі да Алімпы і з ёю, каля яе хаты, на вуліцы, селі ўтраіх.

 

VI

 

Уночы быў вецер і дождж і шмат атраслося недаспелых антонавак, вінёвак і бэраў. А назаўтра, у нядзелю, з самага ранку расчысцілася неба і сонца пачало прасушваць зямлю. Атрэсеныя яблыкі і грушы насыпаны былі ў сенцах каля сцен і пахлі на ўсе сенцы і хату. У хаце ад гэтага здавалася яшчэ шумней і цясней. Гасцей было цэлае застолле. Фэлька пазваў Алімпу з бацькам і маткаю і Зыгмуся з братам і яго жонкаю. Было падобна на заручыны дзвюх пар. Гаспадарыла каля стала Агата, радасная Алімпа, смеючыся і паглядаючы Фэльку ў вочы, расставіла талеркі і яшчэ нешта памагла Агаце. Агата села за стол пазней за ўсіх. Алімпа сядзела каля Фэлькі. Агата каля Зыгмуся. Пілі вішнёўку, і Зыгмусь паважна расказваў, што гэты год у яго шмат вішань, і дрэнна, што ніхто не здагадаўся паставіць настойкі.

- Каму гэта ў голаў, - таксама павольна дапамагаў яму брат.

- У гаспадарстве ўсё добра і ўсё патрэбна, - падтрымліваў гаворку разбітны Алімпін бацька.

І як падпіў, з радасным захапленнем загаворваў з Фэлькам, ужо, можна сказаць, зяцем сваім, аб чорным Зыгмусёвым жарабцы. Зыгмусь, не спяшаючы, еў вяндліну і ўважліва прыслухоўваўся, што гавораць пра яго гаспадарку. Агата глядзела, як Фэлька глядзеў Алімпе ў вочы, як ружовіў хмель Алімпін твар. Бачыла, як абое яны, падвыпіўшыя, аж млелі адно па адным і не маглі схаваць гэтага. Адварочвала Агата твар на Зыгмуся, а ён слухаў усё, што стары гаворыць пра яго жарабца і зрэдку ўстаўляў слова:

- Але, але, золата, а не конь.

Пасля, як яшчэ выпілі, старыя і жанатыя распачалі агульную гаворку, Фэлька з Алімпаю пачалі ўпаўголаса аб нечым гаварыць, а Зыгмусь старацца пачаў выказваць усім свой погляд наконт коней і садавіны. Агата скоса зірнула яму ў вочы і заўважыла пабабленую скуру ў яго каля вушэй, доўгія шчокі і нізкі лоб пад начэсанымі на яго змочанымі валасамі. Ён глянуў на яе, кіўнуў ёй галавою і зноў узяўся за сваё.

- Зыгмусь, - шапнула Агата.

- Што?

- Зыгмусь.

Ён усміхнуўся, схіліўшы ў яе бок галаву. Тады яна ўбачыла тупую санлівасць яго вачэй і набеглыя ад усмешкі зморшчачкі каля іх. Вусы цяпер не былі падкручаны і, макраватыя, звісалі кончыкамі валасоў на самыя зубы.

- Божа ж мой, - са смуткам уздыхнула Агата. - Зыгмусь, Зыгмуська...

Падсунулася бліжэй і раптам зноў адсунулася: той ужо зноў гаварыў павольна і стала аб тым, як жарабец яго парваў быў раз пута і паўгоняў аўса стравіў.

- Зыгмусь...

- І аўса шкада, і пакуль я злавіў яго...

- Зыгмусь...

- Не так шкоды, як невыгоды... Што?

Агата глядзела на яго абвіслыя вусы і губы. Ён падсунуўся бліжэй, бязвольна неяк усміхнуўся, жуючы, можа нават пустым ротам. «Нашто ён піў, ведаючы, што робіцца гэтакім, як вып'е?!»

- Зыгмусь!

А Фэлька і Алімпа гутарылі ўсё паціху, прыгожыя, радасныя.

- Божачка ж мой...

І раптам устала з свайго месца Агата.

- Куды вы, панна Агата?

Цяпер яна не глянула на Зыгмуся, азірнулася толькі, выходзячы за перагародку ў кухню. «Ісці за яго? І каб дзіцё маё было ад яго? Радненькія ж мае... А Божачка!»

Чула тлум за сталом і скрозь усё голас Зыгмуся:

- Агата... панна Агата?

«Які ж у яго голас!»

Сціснула губы, глядзела бязмоўна ў акно. Хіліўся сонечны дзень да захаду сонца, перад вокнамі сад адкідаў доўгія цені. За сталом усё гаварылі. І зноў чуўся Зыгмусеў голас:

- Панна Агата!

«Чаго ён хоча ад мяне?»

- Панна Агата, я іду шукаць вас.

Чула, як шмаргануўся па падлозе ножкамі зэдлік, затупалі Зыгмусевы гамашы.

«Гэта ж ён будзе мець права, а так, калі захоча хадзіць за мной...»

Язык у яго трохі блытаўся:

- Панначка Агата!

І так кружылася ў галаве, а гэта моцна стукнула ў мазгах. Усё заварушылася перад вачыма. Яблынавыя цені і сонечныя лапіны на зямлі заскакалі і пераблыталіся. Закалацілася сэрца і заныла душа выбухамі вострага суму. Ужо на гэты бок перагародкі стукалі Зыгмусевы гамашы. Тады яна кінулася ў сенцы, выбегла на двор. Зачыніла за сабою дзверы. І пабегла на прыгуменне. «Куды ж мне?!» На прыгуменні Стасюк кідаў палкамі на вераб'ёў.

- Куды ты, цёця?

Думка ў яе з'явілася раптам:

- Да Асташонка. Ідзі скажы ў хаце, што я да Асташонка пайшла.

- І я з табою пайду, цёця.

- Бяжы ў хату, скажы ўсім, што я пабегла да Асташонка. Скоранька бяжы.

Агародамі пайшла спакайней. Калацілася трывожна сэрца, кружылася ў галаве, сплывала патроху ценжар, што гняла душу. Не думаючы, два разы азірнулася на свой сад. Верхавінне груш было ясным і зялёным. Заходзіла сонца.

 

VII

 

Раставала ноч, як Асташонак прывёў Агату дадому. Яны яшчэ пасядзелі на вуліцы, перакідаючыся рэдкімі словамі. Фэлька не спаў - з вуліцы праз акно без фіранкі відаць было, як тупаў па хаце, з расшпіленым каўняром белай сарочкі, у камізэльцы.

- Фэлька, - гукнуў Асташонак.

- Ціха ты.

Фэлька выйшаў на вуліцу, няцвёрда ступаючы разбутымі нагамі, хмельны яшчэ.

- Асташонак, ты?

- Ну як?

- Што?

- Усё.

- Ціха вы, абодва!

Агата ўстала, думаючы калюча ўшкнуць чым-небудзь Фэльку. Маўчалі ўсе трое. Фэлька, трохі збянтэжаны, сказаў:

- Зыгмусь пакрыўдзіўся.

- Зыгмусь Чухрэвіч пакрыўдзіўся! - сказала моцна Агата. - Ты ідзі, - загадала Асташонку.

Асташонак пайшоў, развітаўшыся і з ёю, і з Фэлькам за руку.

«Зараз пачнецца самае важнае, - з сумам падумала Агата. - І няхай сабе пачынаецца што хоча». Пачала шукаць у думках слова, каб укалоць Фэльку.

Але Фэлька падышоў да яе бліжэй, паглядзеў моўчкі ёй у твар і сказаў:

- Ты не крыўдзіся на мяне.

- За што?

- Ты ж думаеш, што я сілком цябе ўгаварваў ісці за Чухрэвіча. А яно не гэтак. Не ідзі ты за яго, калі гэтак не падабаецца ён табе... Хто гэта мог падумаць... Нядобра адно, што пакрыўдзіўся ён, такі ж мы з ім дружылі.

- Адкрыўдзіцца, калі табе гэтак хочацца.

- Я паміруся, толькі ты не ўмешвайся больш у гэтую справу.

- Я ніколі не хацела ўмешвацца.

Слёзы душылі яе, і яна пачала плакаць, сеўшы і прыпершыся плячыма да сцяны. Фэлька сеў каля яе. Палажыў руку на плячо, хмельны і расчулены, пацалаваў сястру. Яна плакала ціха. Пачынала світаць. Выплакала свае слёзы, рабілася ёй лягчэй.

- Кінь ты, не плач. Усё скончылася. Хіба нам кепска жыць на свеце?

- Бяры ты хутчэй сваю Алімпу.

- Чаму ты гаворыш?

- Хачу табе дабра.

Зноў брат пашкадаваў яе, пагладзіў па галаве. Яна ўстала. Стала на паўзмрочнай вуліцы - прыгожая, здаровая, моцная. Высыхалі на вачах апошнія слёзы, хараство жаночай усмешкі расцвітала на твары. Фэлька стаў поплеч з ёю:

- Заснуць з гадзіну трэба яшчэ.

- Ідзі.

- А ты?

- Зараз іду.

Засталася на вуліцы адна.

Яснела неба, віднела на зямлі. І шкада стала ёй, што адправіла яна так хутка дадому паслухмянага перад ёю Асташонка.

Паволі пайшла ў двор, поўная жаночага хараства. Ледзь прыкметна ўсміхнулася - як на ўсходзе заружавеў гэты першы прамень маладога сонца.

Ападалі і пахлі ў садзе грушы. Усход рассцілаў бяліць ружовыя палотны.

 

1928

 

 

Каментары

 

Друкуецца па зборніку «Вераснёвыя ночы» /Менск, БДВ, 1929/. Упершыню апублікавана ў часопісе «Узвышша», 1928, № 4. Датуецца снежнем 1927 і жніўнем 1928 года.


снежань 1927; жнівень 1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000.
Крыніца: невядомая