epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Восень

І лета даўно мінулася, і восень праходзіла, а яна ўсё так, як і тады, у той страшны гарачы дзень: не мае спакою, не спіць начамі, уседзець на месцы не можа, сохне і душыцца горам. І няма ніякай палёгкі ёй. Як настане раніца, ёй рупіць некуды ісці, нечага шукаць. Выйдзе яна з хаты на агароды і задумаецца: няма куды ісці і няма каму выказаць горыч з сэрца. І ніколі не думала яна раней, што адразу, у адзін дзень, ёй суджана стаць такой адзінокай. А была ж такая вялікая сям’я! Трое сыноў і дзве дачкі. Так было заўсёды шумліва і весела ў хаце! І вось прыйшоў дзень. Тры сыны пайшлі мабілізавацца. Праз шэсць дзён прыйшлі немцы. Праз шэсць дзён забралі старэйшую дачку і немаведама дзе дзелі яе. Мусіць, некуды далёка завезлі або забілі дзе. А пасля прыходзілі па маладзейшую, па Ганулю. Яна ўцякла. І немаведама, дзе яна туляецца. Прайшла зіма, вясна і лета. І канчаецца цяпер восень. А іх нікога няма, і яна адна. Стаяць месячныя ночы. Нацерусіўся снег. Вецер пазганяў яго ў лагчыны, і зямля шэрая. Тырчыць з зямлі сухая трава. Гойдаецца пад ветрам голы куст шыпшыны. Высока стаіць месяц. Усюды пустэча і цішыня. Усё прытаілася. Усё змоўкла. Яна адна ідзе пустою дарогаю. Ноч. Ясны змрок. Чаго яна ідзе сюды, у поле да рэчкі?

Вось і масток, і чорныя абрысы трох алешын. Холадна. Пуста. Страшная адзінота. Яна завярнулася і пайшла назад. А бывала, як было добра ўвосень! Лістапад месяц, багатая пара. Усё было завалена садавінай, гароднінай, збожжам. Збіраліся талакой па чарзе ў кожнай хаце шаткаваць капусту. Спявалі песні. Пасля работы банкетавалі. Да Ганулі сваталася многа хлопцаў, а яна пераборлівая вельмі была. Усё чакала таго, з кім ёй суджана век векаваць. Старэйшая, Лізавета, ужо згаварылася са сваім ісці замуж. Няма ўжо ні Лізаветы, ні яго. Ён ваюе недзе.

Яна падыходзіць назад да сваёй хаты. Вось так і ходзіць і дзень і ноч, ад смутку, ад матчынага адчаю. І ніхто не заходзіць, і нікога няма, і так дзень за днём.

Чорны цень ад хаты закрываў палавіну двара: месяц свяціў за хатаю. І ці гэта ёй здаецца, ці гэта сапраўды нехта стаіць пад дзвярыма? Цень. Нічога не відно выразна. Стаіць жанчына. Высокая. Чакае пад дзвярыма, на якіх вісіць замок. Яна падышла бліжэй. І пазнала. Божа мой, гэта Лізавета! У маці трасліся ногі і рукі. Ледзьве яна выдзьмула з жару агонь і запаліла лучыну. Лізавета! Бедная, няшчасная, абарваная, абшарпаная, з вострым носам, з дзікімі вачыма, з ускудлачанымі валасамі. Голас хрыпаты, рух павольны, позірк страшны.

— Маці, я ўцякла з лагера. Цэлы год я мучылася. Некалькі разоў хацела налажыць на сябе рукі. Больш як пяцьсот кіламетраў я ішла, туляючыся. Перагрызла горла паліцэйскаму, які быў злавіў мяне па дарозе. Дзе наша Гануля?

Яны патушылі агонь і за ноч не маглі нагаварыцца, і абедзвюм ім было цяжка, як у магіле.

Перад самым рассвітаннем хтосьці пастукаў у акно. Маці выйшла на двор і ўбачыла Ганулю. Яна была ў ботах, у ватоўцы і ў шапцы. Як яна не падобна была на Лізавету! Яшчэ трэба было запаліць лучыну, але Гануля не дазволіла, і маці папацёмку гладзіла Гануліну галаву.

Як бы сам лёс наканаваў так, што раптам пачала збірацца гэтая сям’я.

— Маці,— сказала Гануля,— я прыйшла толькі даведацца цябе і сказаць табе, што мы ўсе жывы. Я ведаю, што жыве і Юрась наш, і Павал. Вер, што і Мікола недзе жывы. І мы ўсе зноў сваёй сям’ёй збяромся дома. Я была далёка адгэтуль. І нам трапіла ў рукі газета, скінутая нашымі лётчыкамі. Прачытала, што наш Юрась забіў за дзень дзевяць гітлераўцаў. Значыцца, жыве ён! І ўсе мы жывем. І нават Лізавета выратавалася. Але мне няможна тут доўга аставацца.

Цэлы дзень Гануля была дома. А ўвечар пайшла. І сказала, што прыйдзе па Лізавету, калі тая ўвойдзе ў сілы. Маці пацалавала Ганулю ў чыстым полі, на сцежцы праз чорнае ржышча. Гануліна постаць сплыла ў ясны змрок ранняй ночы. Маці адна ішла да сваёй хаты. І не было больш адзіноты. Не было пустэчы на свеце. І якая стаіць восень! Тры алешыны над рэчкай гойдаюцца ў ветры. Сівер коле твар. Далёкі лес пачарнеў: над ім усходзіць месяц. Лягчэй ідуць старыя ногі! Свет раскрыўся перад душой, як слаўны дар чалавеку: за яго варта пакутаваць і чакаць. I якая Гануля стала! Ваюе. Слаўная якая, і Юрась які! Жанчына адна стаіць пасярод свайго двара. У хаце спіць Лізавета. Набіраецца сіл. Позна. Ноч. Свеціць месяц. Узнімаецца ў самае неба чорная постаць стагодняй бярозы. Адзінокая сняжынка ўпала на твар. Апошнія дні і ночы восені! Надзеяй і верай жыў чалавек. Якая восень стаіць!

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com