epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Вучоба і творчасць пачынаючых літаратараў

Наша літаратура мае найвялікшыя магчымасці і перспектывы. Не меншыя стаяць перад ёю і задачы. Гэтыя задачы могуць быць вырашаны з поспехам толькі тады, калі над іх вырашэннем будзе працаваць чым найбольш кваліфікаваных літаратараў.

Пытанне аб літаратурных кадрах у нас надзвычайна вострае. Вучобу маладых пісьменнікаў трэба разгортваць як мага шырэй, пытанне гэтай вучобы павінна ставіцца так, каб маладыя пісьменнікі як мага хутчэй маглі авалодаць літаратурнай тэхнікай.

Тэхніка літаратурнай работы павінна ўдасканальвацца ўвесь час, літаратурная вучоба фактычна ў пісьменніка ніколі не спыняецца. Самыя найвыдатнейшыя класікі да апошняга дня сваёй літаратурнай работы заўсёды былі ў працэсе сваёй вучобы.

Кожны з маладых аўтараў павінен разумець, што літаратурная работа — гэта цяжкая работа.

Мы гаворым пра літаратурную тэхніку. Гэтае пытанне мы падзяляем на паасобныя моманты. Мы гаворым пра паасобныя кампаненты твора. Мы гаворым пра сюжэт, мы гаворым пра вобраз і публіцыстыку. Мы гаворым пра мову.

Над нашымі маладымі аўтарамі (і не толькі над маладымі) навісае, часта шкодны, уплыў старых стыляў. Натуралізм і сентыменталізм асабліва многа ўплываюць на аўтараў. Але калі мы возьмем асноўную масу нашых літгурткоўцаў, то гэтыя ўплывы ёсць сапраўды толькі ўплывы і ідуць яны не ад іхняга светапогляду, а ад прачытанае імі літаратуры.

У большасці выпадкаў гэта літаратуршчына, штучная кніжнасць. Гэта ідзе яшчэ і ад таго, што сам аўтар яшчэ не можа праз адпаведныя літаратурныя формы рэалізаваць замысел свайго твора, а бярэ ўжо гатовыя формы.

Тое самае можна сказаць і пра голы псіхалагізм, які заўважаецца ў некаторых маладых аўтараў.

У нашу літаратуру, вядома, могуць пранікаць людзі і не з нашым светапоглядам, пра іх гутарка асобная. Але тут я гавару пра нашу літаратурную моладзь. Няўмельства будаваць свой твор часта прыводзіць да таго, што ў творы ідэалізуецца той персанаж, якога сам аўтар хацеў скампраметаваць.

Мы гаворым, што сюжэт — гэта вельмі важны момант у літаратурным творы. Сюжэт заўсёды звязан са зместам. Калі аўтару ёсць што сказаць, калі ў яго ясна прадумана дзеянне яго герояў, калі ён добра ведае матэрыял свайго твора,— аўтару лягчэй тады цікава разгарнуць сюжэт. Можна, напрыклад, бачыць на рабоце аднаго пачынаючага аўтара, як цікавы змест твора дае магчымасць цікава разгарнуць сюжэт.

Я гавару пра маладога аўтара Бірылу, пра яго апавяданне «Старая дошка» (надрукавана ў альманаху «Ударнік» № 3).

Я не гавару, што аўтар тут цалкам справіўся з тымі магчымасцямі, якія ў яго былі ў часе працы над тэмай гэтага апавядання, але я хачу сказаць, што цікавы змест дае вялікія магчымасці для пісьменніцкай работы.

Сутнасць апавядання ў тым, што цяперашні калгаснік зжывае сваю ранейшую рэлігійнасць. Падзеі разгортваюцца так: калі ў калгасе малацілі, гэты калгаснік убачыў дошку, падкладзеную пад станок малатарні. Гэта была тая ікона, якую некалькі год таму назад ён вынес з хаты. І от тут перад гэтым калгаснікам, у яго думках, праходзяць цэлыя карціны яго жыцця, пачынаючы з самых малых год. Гэтыя карціны — і вясёлыя, і сумныя, і трагічныя. Але ён у гэты момант ужо канчаткова вызваляецца ад усялякіх рэлігійных уплываў, разам з вызваленнем ад перажыткаў ранейшага пакутнага жыцця.

На гэтым матэрыяле можна разгарнуць найвялікшае літаратурнае палотнішча. Тут можна даць вялікія карціны жыцця цэлае грамады. Але для гэтага патрэбна, апроч фактычнага матэрыялу, яшчэ фантазія аўтара. Патрэбен мастацкі вымысел. Вымысел гэты зусім рэальны.

Працуючы з маладымі аўтарамі, трэба ставіць перад імі пытанне фантазіі, мастацкага вымыслу.

Фантазія аўтара заўсёды дапаможа з’яднаць у адно стройнае цэлае матэрыял з розных пунктаў чалавечае дзейнасці.

У тым самым альманаху надрукованы нарыс маладога празаіка Козляка. Тэма — вынаходніцтва на заводзе. Рабочы ўдасканальвае сваю машыну. Ён некалькі вечароў папрацаваў упарта і зрабіў гэтую справу. От і ўсё. Такая падача матэрыялу аддае натуралізмам. Каб цікавей падаць гэты матэрыял, аўтар мог бы разгарнуць тут якія-небудзь канфлікты паміж паасобнымі людзьмі. Тут, напрыклад, можна было паказаць старое пачуццё зайздрасці да ўдачнай работы гэтага рабочага з боку яго ж таварыша: зайздрасць гэтая ідзе ад дробнабуржуазных перажыткаў. Такім чынам, тэма аб вынаходніцтве паралельна паставіла б і развіла б другую тэму — тэму зжыцця рабочым сваіх дробнабуржуазных перажыткаў.

Вымысел цесным парадкам звязан з пытаннем цікавасці твора. Твор тым каштоўнейшы, чым ён цікавей чытаецца, такім парадкам да чытача лепш дойдзе і сама ідэя твора. У гэтым кірунку вельмі многа мы можам павучыцца ў класікаў літаратуры.

Аўладанне тэхнікай ні ў якім разе не павінна адрывацца ад працы над глыбокім зместам. Часам у маладых аўтараў бывае, што, паводле свайго ўзроўню, яны не дрэнна аўладалі літаратурнай тэхнікай. У аўтара і мова цікавая, часам відаць ужо з самае работы аўтара, што ён разумее і тыя класічныя творы, на якіх ён вучыцца. Але ў самым творы, напісаным аўтарам, змест такі не глыбокі, падзеі такія не цікавыя і не тыповыя, што сам твор не мае ніякае важкасці. Часамі гэта бывае. І от тут узнікае найважнейшая справа: пачынаць працу над творам пасля таго, як прадуман змест, і калі аўтар адчувае, што змест гэты важны і глыбокі.

Той жа самы аўтар тав. Бірыла ў сваім другім апавяданні «Па шляху» якраз не прадумаў да канца зместу, а гэта ў сваю чаргу не дазволіла яму і цікава падаць матэрыял,— там выйшлі толькі паасобныя нецікавыя зарысоўкі.

Пытанне сюжэтнасці, пытанне тыпізацыі герояў, пытанне дыферэнцыяцыі мовы па героях — цесна звязана са зместам пытання фантазіі аўтара — мастацкага вымыслу.

Але, працуючы з маладымі аўтарамі, трэба мець да кожнага з іх індывідуальны падыход. Ужо з самага пачатку відаць, якія лініі для пэўнага аўтара будуць больш характэрныя. Прынамсі гэта можна заўважыць пасля некаторай працы з аўтарамі. І, зыходзячы з гэтага, трэба старацца захаваць гэту індывідуальнасць аўтара, каб пасля ён мог развіваць у сваёй рабоце свае ўласныя прыёмы. Трэба мець на ўвазе індывідуальнасць аўтара. Пад адну мерку ўсіх ставіць нельга.

Малады празаік Краўчанка ўжо з самых сваіх першых літаратурных спробаў паказаў, якія прыёмы, які падыход да распрацоўкі тэмы яму найбольш блізкія. Апроч усяго іншага, у яго заўважаецца тонкі гумар. І таму можа быць, што гэтаму аўтару патрэбна гэтую лінію развіваць далей. Тым больш што гэтая лінія вельмі ўдала вызначаецца ў яго мове.

Мы толькі тады створым выдатны твор, калі ён будзе ісці ад рэальнага разумення свету. Гэта наш адпраўны пункт у справе вызначэння сацыялістычнага рэалізма як стылю.

Тыповасць людзей, тыповасць іх учынкаў, тыповасць тых абставін, у якіх яны дзейнічаюць — гэта асноўнае. Тыповасць павінна быць ва ўсім.

Адзін малады аўтар у сваім апавяданні піша:

«Эх, як добра адчуваецца. Як лёгка ўдыхаць у свае старыя грудзі гэты вясновы прыемны пах. Вясна — гэта другая маладосць, яна ўзнімае вясёлы настрой, адважнасць».

Гэта гаворыць стары калгаснік. Ці тыпова для яго такая фармуліроўка яго настрою? Не, не тыпова. Тут аўтар хоча сказаць, што гэты чалавек перад тым, як выехаць у поле, меў добры настрой, што здаровая раніца, сонца будзілі ў ім нейкі ўздым. І от аўтар фармуліроўку ўсяго гэтага ўкладае ў вусны самім героям. Тады як гэта фармуліроўка не героя, а аўтара.

Такія моманты да пэўнай ступені характэрны для большасці нашых пачынаючых аўтараў, хоць гэта, вядома, не вычэрпвае ўсёй гэтай творчасці. Вельмі часта сваю ўласную філасофію аўтар пераносіць на персанажы свайго твора.

Тыповасць павінна быць ва ўсім. Таксама і ў апісанні таго пейзажу, на фоне якога разгортваецца дзея твора. Пейзаж павінен быць скарыстан для ярчэйшай рэалізацыі ідэі твора.

Адзін аўтар так пачынае сваё апавяданне:

«Каб табе скалынулася ветка ці ў закасаных ветрам дахах саломка — так ціха, і ціхі вечар доліў сівыя дагаркі дня. Белыя пятны калючкамі крышталёў вешаліся або на голыя, драцяныя жмені прысад, на плот, або раўнамерна ўсцілалі зямлю...»

Адным словам, аўтару трэба было сказаць, што было вельмі ціха і не замяталіся ветрам на снезе сляды. Для гэтага падаецца цэлы пейзаж, які толькі адцягвае ўвагу ад галоўнага. Апроч таго, самае апісанне ў аўтара зроблена не простай звычайнай мовай, а з надуманым злучэннем слоў, часта не жывых. Гэта літаратуршчына.

Наша крытыка вельмі мала дагэтуль зварочвала ўвагі на такую справу, як выкараненне з нашай літаратуры рэштак сентыменталізму. Побач з натуралізмам гэты стыль часам яшчэ трымаецца ў нашай літаратуры і робіць уплыў на маладых аўтараў.

Часам бывае: малады аўтар прыносіць свае першыя літаратурныя спробы. Здаровы малады чалавек цэлы дзень працаваў на заводзе пры машыне, чалавек з нашым здаровым светапоглядам, жыццярадасны. А ў творы яго пейзажы «з баваўнянымі воблачкамі», з «пахучымі ветрыкамі» і г. д. Гэта простае перайманне з літаратуры дрэннага гатунку.

Самая пабудова фраз, самая мова, ідучы ад гэтага стылю, набывае нездаровы характар.

Сентыментальны стыль асабліва быў развіты ў нацдэмаўскай літаратуры. Нацдэмаўскія пісьменнікі шмат пісалі пра інтэлігенцыю, прычым іхнія гэтыя «інтэлігенты» заўсёды былі мяшчане і найбольш местачковыя. А гэты местачковы мешчанін нёс у літаратуру і свой падсалоджаны, сентыментальны стылёк. (Пасля гэты інтэлігент у сапраўднасці заўсёды аказваўся заядлым контррэвалюцыянерам.)

 

* * *

Пытанне вучобы нашых маладых аўтараў вельмі цяжка аддзяліць ад вучобы ўсіх нашых пісьменнікаў. Калі правільна паставіць гэтую справу для пісьменнікаў, то яе вельмі цяжка аддзяліць ад самой літаратурнай работы. Работа з маладымі аўтарамі ўжо сама па сабе ўздымае пытанне стылю. Я лічу, што на нашай цяперашняй нарадзе мы павінны завастрыць увагу на тым, каб у рабоце з маладымі аўтарамі былі ўцягнуты ўсе нашы лепшыя пісьменнікі. А гэтага ў нас яшчэ няма.

Мы павінны на нашай нарадзе прад’явіць рахунак нашым пісьменнікам, нашаму выдавецтву, кабінету ўдарніка — рахунак у справе сталай работы, глыбокай вучобы, глыбокай пастаноўкі тых вялікіх пытанняў нашай вучобы, якія стаяць перад намі. Гэтыя пытанні ідуць ад той вялікай філасофіі, таго глыбокага зместу, якімі павінны быць насычаны творы савецкіх пісьменнікаў.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан