epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

З роднай глушы

Вечар кладзецца на снежную вуліцу, з ціхіх палёў плыве сіні змрок. Вёска Кулакі скрыпіць варотамі, каля калодзезяў плюхае вада. Галасы дзяцей заціхаюць на вуліцы.

Прыйшоў вечар.

Вечарам у старшыні сельсавета Мікалая Ч. збіраюцца мужчыны пагаварыць. Гаворка ідзе аб самым патрэбным цяпер — аб дровах, аб лесе.

Заўсёды на свеце так — найбольш гавораць аб тым, што каму баліць.

— Для вёсак, якія далёка ад лясоў,— чуецца голас,— трэба больш даваць палёгкі, бо з дровамі трудна.

— З-за нядбайства лясніцтва нам позна адпусцілі лес, і за кароткі тэрмін не можам прыбраць яго. Наогул, лес позна адпускаюць, трэба з самае восені.

— Мераюць дрэнна дровы, не ў сажонках, а на пні, загэтым не хапае меры.

— Лясніцтва размяркоўвае лес не добра — далёкія вёскі едуць у нашы лясы, а мы ў іхнія — марна часу і працы шмат траціцца.

Лясніцтва Чырвона-Слабодскае знаходзіцца ў Орліку. Гаворка ідзе аб усякіх непрыемнасцях, якія лёгка зжыць, але пакуль яны ёсць, ад іх вельмі прыкра бывае. Расказваюць, як летась ляснічы прадаў быў на пні адны дровы двум пакупнікам.

Са смехам расказваюць пра дзелавода ў лясніцтве, які па ведамасці больш вылічыў грошай за лес, як належала.— Дык я яму праз некалькі дзён паказаў яго гэтую памылку. Ён паглядзеў ды і кажа: «Што праўда, то праўда, памыліўся, ліха на яго». Зараз чаркануў па ведамасці: «Я,— кажа,— паправіў». Аддай жа грошы,— кажу я. «Я з вас,— кажа,— правільна ўзяў».

Скардзяцца на пакражу дроў.

Адзін селянін падаў думку:

— Хіба ўвесці трэба лясную павіннасць: каб кожная вёска кожны год засявала пэўны кавалак лесу.

— Пападзецца дзе-небудзь ва ўстанове які-небудзь шмэндрык, які ўсю працу псуе, ды разводзіць валакіту...

Я іду ў другую хату. Хлопцы расказваюць:

— Слаба вядзецца барацьба з хуліганствам. Некаторыя хлопцы нап’юцца, возьмуць гармоню рэжуць частушкі і хуліганяць.

— Пошта неакуратна дастаўляе газеты.

У адной хаце хлопцы паказвалі мне кнігі — брашуры па кааперацыі, па рэвалюцыйным руху... Кніг мала — непачаты кут работы нашым культурна-асветным установам.

Позна вечарам я гаварыў з старшынёю і сакратаром сельсавета — слаўныя працаўнікі, культурныя людзі, прадстаўнікі лепшае часткі вясковай моладзі.

Пленумам сельсавета ўведзена ў план працы на гэты год: арганізацыя тарфянога таварыства — маецца ў сельсавеце шмат торфу, які неабходна распрацаваць, пабудова лазні, арганізаваць пракатны пункт.

Вялася праца па землеўпарадкаванню. Пасёлак Малінаўка перайшоў поўнасцю на шматполле, і цяпер гаспадары здаволены добрымі вынікамі.

Яшчэ ў плане працы сельсавета — пабудаваць у гэтым годзе школу ў вёсцы Кулаках. Тады школа павінна будзе быць уведзена ў сетку.

Ёсць імкненне адчыніць сельскагаспадарчую кааперацыю.

Вельмі патрэбна адчыніць у цэнтры сельсавета лячэбны пункт.

У вёсках гэтага сельсавета расказвалі сяляне аб забойстве ў вёсцы Дзярэчына сакратара камсамольскай ячэйкі, хвалілі яго як добрага працаўніка. Скрозь я чуў добрыя водзывы аб ім. Працаваў ён у кааперацыі старшынёю.

Следства нічога не выявіла. Перад тым, як знайшлі яго нежывым, быў сход ячэйкі. Яшчэ ёсць пагалоска, што ён сам застрэліўся. Ці так гэта?

Следства павінна раскапаць гэтую справу.

Назаўтра я ехаў у санях па вузкай дарозе. Стаялі ціха вёскі ў снегавых палях...

Мясцовасць гэтая пацярпела ад палякаў. Сляды польскага панавання згладжваюцца. Культура гаспадаркі пранікае ў гэтую глуш. Задача — развіццё сельскагаспадарчае прамысловасці — паўстае зараз тут ва ўвесь рост. Да культуры ідзе родная глуш. І прыйдзе.

І на занядбаных адвеку гонях «закрасуе вечнае ранне».


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан