epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Заўвагі пра драматургію

Кажуць часта так: тэма аб грамадзянскай вайне яшчэ не ўстарэла. Або так: грамадзянская вайна яшчэ доўга будзе тэмай для літаратуры (ці драматургіі). Я думаю, што, гаворачы так, няправільна ставяць пытанне тэмы. У гэтым выпадку тэму ставяць ізалявана ад усяго працэсу жыцця, як быццам бы тыя працэсы, што вычэрпваюцца ў тэме, не маюць сувязі з мінуўшчынай і не ёсць тая неабходнасць, праз якую трэба прайсці, якую трэба зрабіць, каб тварыць наступнае. Грамадзянская вайна, гэты як быццам бы ўжо здабытак гісторыі, ёсць этап нашай рэвалюцыі. І гэты этап жывымі і вострымі сувязямі звязаны з нашым сённяшнім днём. І калі гаварыць, што грамадзянская вайна яшчэ доўга будзе ўдзячнай тэмай, дык, значыцца, прыйдзе гэткі час, калі грамадзянская вайна не будзе тэмай, іначай кажучы, яна пакіне цікавіць, яна страціць як бы тое значэнне, якое яна мае для нашай рэвалюцыі, а значыцца, і для ўсяго далейшага развіцця чалавечага грамадства. Сапраўды ж не толькі грамадзянская вайна ніколі не страціць у нас вялікае цікавасці да сябе, а нават (можа, каму гэта будзе здавацца смешным) іспанская інквізіцыя, скажам, з глыбіні сярэдніх вякоў уздымаецца перад намі як выключная цікавасць. Чаму? Таму, што нас цікавяць усе вострыя выяўленні грамадскіх працэсаў як этапы, як напластаванні, як згусткі класавых канфліктаў у чалавечай гісторыі. Чалавецтва прайшло вялікі шлях, і гэты шлях нас вучыць. Калі прызнаць устарэласць тых працэсаў, якія паступова хаваюцца за даўнасцю гадоў, мы можам сказаць, што і Парыжская Камуна, і першыя з’езды нашай партыі, і першыя класавыя канфлікты, што характарызавалі першыя выхады на арэну гісторыі пралетарыята як класа, і працэсы нараджэння пралетарыята як класа,— што ўсё гэта, зацягнуўшыся засціламі часу, зробіцца нецікавым. Аднак у сапраўднасці гэтага ніколі не будзе.

Часта не так ставіцца пытанне пра тэматыку, як яго трэба ставіць. Ставіцца і рэалізуецца гэта пытанне тэмы гэтак: адбывалася пэўная з’ява, ну, скажам, у часы грамадзянскай вайны, вялікі бой з белапалякамі. І вось гэты эпізод у творы паказваецца менавіта як эпізод. У паказе ёсць і героі-чырвонаармейцы, і камандзіры, у паказе ёсць абрысы або і вобразы людзей з варожага лагера. Паказ, скажам, праз мастацкія вобразы зроблены не кепска, добра. Але калі гэта ўсё будзе паказана менавіта як эпізод, без сувязі з мінулым і наступным, дык гэта надзвычайна зніжае ідэёвую каштоўнасць твора, звужае яго значэнне. Справа ў тым, што бой гэты быў нездарма. Ён ёсць складаная частка цэлай сістэмы, а значыцца, ён мае пэўны ўплыў і на ўсю сістэму. Змаганне за ўзмацненне якога-небудзь паасобнага калгаса ёсць змаганне за ўсю калгасную сістэму. Значыцца, у кожнай тэме мы павінны выводзіць у святло тыя лініі, якія ідуць як тыповыя лініі ўсёй сістэмы. Гэтае шырокай перспектыўнасці мы і павінны дамагацца ў сваіх творах. Ад вырашэння справы грамадзянскай вайны залежала далейшае сацыялістычнае будаўніцтва, ад вырашэння справы сацыялістычнага будаўніцтва залежыць і будучыня ўсяго чалавецтва.

Канкрэтыка ў мастацкіх вобразах. Ад таго, што на грамадзянскай вайне босы і галодны чырвонаармеец, якога мы ўзялі за героя свайго твора, палажыў галаву, аддана ідучы ў бой за пралетарскую рэвалюцыю, ад гэтага залежыць лёс, скажам, яго дачкі, якая, каб тая рэвалюцыя, за якую развітаўся з жыццём бацька, спазнілася, ну — на адно пакаленне, была б нявольніцаю, парабчанкаю або забітаю без пары, старою ад жыцця, рабочаю жанчынаю ці беднаю сялянкаю. А так — яна праз сваю ж працу ў сацыялістычным будаўніцтве дажыве да той яснай пары, за якую бацька ішоў у бой на грамадзянскай вайне. Чырвонаармеец уміраў на вайне, ведаючы, за што ён умірае. Уміраў, свядома ідучы на смерць, ненавідзячы ворага, стараючыся знішчыць яго і сам хочучы жыць, не хочучы ўміраць. Але ў гэтай трагедыі ёсць аптымізм, бо мы бачым далейшую справу гэтага «эпізоду» — рух цэлага класа, рух рэвалюцыі праз тых, блізкіх таму чырвонаармейцу людзей, што далей павялі яго справу, а значыцца, сваё асабістае жыццё. Перад намі выразныя людзі і іх выразная сувязь з падзеямі, гэтая сувязь мае вялікую перспектыўнасць.

У нашай драматургічнай практыцы шмат ёсць такіх з’яў: ідзе на сцэне п’еса і лічыцца яна за самую актуальную сваёю тэмаю, сваімі ідэямі. Але вось праходзіць самы малы час, і гэтая п’еса робіцца неактуальнай, проста-такі часта не цікавай. Хоць бы некаторыя п’есы пра калектывізацыю або пра змаганне за промфінплан на заводзе (так званыя «вытворчыя» тэмы). Справа, бачыце, такая, што «гэтыя п’есы ўстарэлі», што «прайшоў ужо той этап, які яны тэматычна тлумачылі». Этап прайшоў, гэта праўда, п’есы ўстарэлі, гэта таксама праўда. Але хіба той этап згінуў без следу? Хіба ён не вырашыў вялікіх пытанняў, ад якіх залежаць наступныя этапы? Хіба ён не астаўся, як гістарычная з’ява? Ён-то астаўся, але творы, якія нібыта ўвасаблялі яго ў сваіх мастацкіх вобразах, не асталіся. Чаму? Таму, што ў іх якраз не было філасофіі таго ж «этапу», таму, што пытанні, пастаўленыя у гэтых творах, не ішлі па тых вялікіх «сістэмных» лініях, што ідуць углыб і ўгару руху грамадства, у маналітнасці з гэтымі лініямі, бо яны ж самі і ёсць гэтая ж лінія. А пытанні гэтыя пастаўлены, як эпізадычныя, а праз іх і сама справа фактычна зводзіцца да, як каштоўнага толькі на тым этапе, эпізоду.

Успомнім «Жакерыю» Праспера Мерыме. Свой гэты твор ён напісаў у 1828 годзе — больш як сто год таму назад. За тэму гэтага твора ён узяў паўстанне французскіх сялян у XIV стагоддзі. Аднак гэты твор і да сённяшняга дня не «ўстарэў». Наадварот, ён мае і для нас сваю пэўную «актуальнасць». Бо гэты твор мае дачыненне да тых ліній, па якіх і цяпер ідзе наша ўвага: сялянскае паўстанне ў XIV стагоддзі не скончылася перамогаю, так як яно не можа скончыцца перамогаю і цяпер, калі сялянства само па сабе, без пралетарскага кіраўніцтва, ізалявана ад яго, будзе ісці на змаганне хоць бы з буйнымі землеўласнікамі. Бо само сялянства, у сярэдзіне самога сябе, раз’ядаецца супярэчнасцямі, і перамога над тым, супроць каго было паўстанне, цягне за сабою новае змаганне, «новае паўстанне» паміж ужо тымі ж паўстанцамі, якія толькі што разам паўставалі. Так гінуць заваёвы паўстання. У капіталістычных краінах мы і цяпер можам гэта бачыць, так як гэта было і ў XIV стагоддзі. Фактычна мы гэта можам заўважыць у выданай «Жакерыі» Праспера Мерыме. На «Жакерыі» мы, драматургі, пры крытычным падыходзе можам навучыцца, хоць гэты твор і буржуазнага пісьменніка.

У нашай драматургіі не хапае часта гістарычнае перспектывы. Метад рэалізму якраз і ёсць такі метад, які прадбачыць наша рэальнае разуменне рэчаіснасці, а на грунце гэтага разумення (калі мы правільна зразумелі рэчаіснасць) і нашы вобразы будуць гаварыць аб рэальных ідэях, аб рэальных справах чалавечага грамадства.

Мы вельмі мала думаем пра высокія літаратурныя якасці нашай драматургіі. Бадай-што не памылюся, калі скажу, што як бы нават усталяваўся да некаторай ступені клопат толькі пра сцэнічнасць п’есы, пра дынаміку сцэнічнай дзеі. Гэта добра, але гэта аднабока, калі не разумець, што раз са сцэны слова гучыць фальшыва, дык яно зніжае і сцэнічныя якасці. Бо без маналітнасці слова і дзеі не можа быць выдатнага драматургічнага твора. Часта бывае так, што драматургу пакажуць на слова або на фразу і гавораць хоць бы так: тут слова дрэнна гучыць, або: тут сінтаксічна дрэнна сказ пабудаваны. З лёгкім сэрцам, доўга нават не думаючы, аўтар часта пытае: а як тут трэба сказаць? Дарадчык радзіць, і аўтар нават не пытае, ці знаёмы ён з усім папярэднім тэкстам п’есы. Адразу правіць паводле парады. А дарадчык таксама не думае — а можа, тут сумысля ўжыта няправільная пабудова фразы, можа, гэта ёсць прыналежнасць героя? Нашы драматургі не цэняць мовы. Большасць нашай беларускай савецкай драматургіі хварэе на проста-такі зусім слабыя літаратурныя якасці. Мова павінна быць варта дзеі, дзея павінна быць варта мовы. І разам усё павінна быць варта вялікіх ідэй, без якіх наша драматургія не будзе вялікая. А подыхі гэтых ідэй мы павінны бачыць ва ўсёй нашай кожнадзённасці. І самыя малыя справы гэтае кожнадзённасці мы павінны ўзводзіць на вышыню вялікіх ідэй. Вядома, разумеючы пад «малымі» справамі справы тыповыя, якія толькі могуць здавацца малымі, бо мы да іх прывыклі.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан