Трымаць сваю творчасць у плане і на ўзроўні вялікіх ідэй і праблем нашага часу і зрабіць іх у мастацкім выяўленні лёгка даступнымі чытачу кнігі ці гледачу тэатральнага спектакля — гэта ёсць майстэрства.
Мастацкая літаратура толькі тады будзе дзейснай і сапраўднай зброяй у руках партыі, калі яна будзе сапраўды мастацкай, а не сурагатам мастацтва. І драматургія, і мастацкая проза будзе вялікім мастацтвам толькі тады, калі яна будзе ствараць чалавечыя тыпы і вобразы вялікай мастацкай сілы.
Сіла класічнай літаратуры ў тым, што, гаворачы аб часе, у які яна стварылася, мы называем класічнымі літаратурных персанажаў, праз якіх мы часта і маем уяўленне аб шмат якіх грахах і рысах тагачаснага жыцця. Слабасць нашай творчасці ў тым, што, гаворачы аб нашым часе, мы яшчэ мала можам назваць літаратурных персанажаў, праз якія можна было б бачыць многа жывых рысаў нашай вялікай сучаснасці. Праўда, наша сучаснасць ёсць ніколі небывалая раней у чалавечым жыцці з’ява, але гэта якраз і вымагае ад нас імкнення да вялікага майстэрства.
На вялікі жаль, гэтыя, так сказаць, тэхнічныя пытанні літаратурнай творчасці не знаходзілі сабе месца ў рабоце Праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў. Можна сказаць з упэўненасцю, што немалыя дасягненні нашай літаратуры, якія ў нас сапраўды ёсць, найбольш ствараліся без удзелу Праўлення. Трэба збіраць і выкарыстоўваць вопыты і практыку лепшых нашых работнікаў літаратуры, памятаючы, што вялікія справы робяцца калектыўнай сілай. Яднаць і накіроўваць на вялікую творчасць гэтыя сілы — гэта значыць кіраваць літаратурным рухам і гэта значыць на справе выкопваць гістарычную пастанову ЦК ВКП (б) аб перабудове літаратурных арганізацый.