Быў у нас такі Раман Бадзілюк, няхай яму зямля будзе... як бы вам сказаць... не то што пухам, а... а як ён сам таго заслужыў. Адным словам, гэты Бадзілюк пайшоў немцу служыць за паліцэйскага. І верна служыў, як сабака, ліха яму.
Ну добра. Стаю я раз на дарозе, аж бачу — Бадзілюк конна едзе з воласці, ды яшчэ і падпіўшы ў добрую меру. Папстрыквае сабе вусам, патрэсае лыткамі і сам сабе ўсміхаецца. Што за чорт, думаю, чаго гэты дурань такі вясёлы?
— Пане Бадзілюк! — крычу яму насустрач, а сам у кішэні наган мацаю.
— Што ж гэта ты мяне панам завеш,— вышчарыў зубы Бадзілюк.— Я ж з тваім сынам бадай-што аднагодак.
— Мала што,— адказваю я.— Але мой сын просты чалавек, а вы, пане Бадзілюк, сталі нямецкім паліцэйскім.
Бачу — дурному Бадзілюку спадабалася. Засмяяўся. Рад.
— Гэта я хачу запытацца ў вашай Бадзілюковай ласкі, што з зямлёю. Чыя яна — наша ці нямецкая?
Вядома, Бадзілюк! Нават і не бачыць, што я насміхаюся з яго. Падправіў вус і пачаў тлумачыць:
— Вы ўсе дурні. Зямлі вы не ўбачыце, як свайго вуха. Не ідзяце служыць. А пра цябе нават чуткі пайшлі, што ты больш недзе ходзіш, як дома сядзіш. Якая ж табе зямля можа быць?
— А вы, пане Бадзілюк, служыце, а зямлі таксама вам не надзялілі,— падштурхнуў я яго на пахвальбу.
— Як не! Пяць гектараў мне далі. Я папрасіў, каб яшчэ два накінуў — дык ён мне тры. От я цяпер і еду ад гэтай справы з воласці.
— Бо вы верна служыце. К таму ж немцу не цяжка было зямлю табе даць. Ды што немец. Нават я магу. Унь бачыш лес. Дык я табе яго аддаю. Бяры яго сабе.
— А што ты такі за начальнік, каб лясы раздаваць? Но!
— Тпр-р! Хлопцы — сюды!
Цімох з Паўлюком выскачылі з кустоў. Праз адну хвіліну мы з Паўлюком глядзелі, як Бадзілюк, са страхам азіраючыся на Цімоха, валокся ў падараваны мной яму лес па новую надбаўку зямлі да свайго надзела.