epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Зямля

І кожны раз, калі, бывала, прыходзіў ён у суботу перад вечарам дадому, а ў панядзелак на світанні зноў адыходзіў на цэлы тыдзень, заўсёды ў яе душы заставаліся адчуванні нейкай бяды, якая немінуча павінна калі-небудзь з’явіцца. І некалькі дзён пасля гэтага мучылі яе цяжкія думкі аб дзецях. Было заўсёды так, што кожную суботу ўжо з паўдня Ганка, большая з дзяцей, раз-поразу выбягала на дарогу і з расчараваннем адразу ж варочалася назад.

— Каб скарэй той вечар,— скардзілася яна сабе і адразу зноў бегла на дарогу.

А нарэшце прыходзіў і вечар. Сонца заходзіла за вялікі лес. Ганка доўга стаяла на дарозе і, прыклаўшы руку да лба, углядалася ў далечыню. Пасля заўважала на дарозе высокую постаць і як мага кідалася насустрач ёй. І ўрачыста варочалася дадому з бацькам. Вочы яе гарэлі, а гордасці не было канца.

Калі, бывала, спаткае яна на дарозе бацьку і кінецца да яго, той раней падніме яе высока на руках, некалькі разоў пацалуе, паставіць на зямлю, заўсёды патрэпле і паблытае на яе галаве густыя, жаўтаватыя ад сонца валасы і скажа:

— Ну, хадзем, дачушка! Мама здарова?

І, увайшоўшы ў хату, прывітаўшыся з меншымі і з жонкай, пабядуе:

— Божа мой, божа, хаця каб усё добра было.

Яна ведала, што гэта значыць. Гэта значыць, што ён баіцца, каб не прагналі з работы, каб як-небудзь пражыць на свеце, каб як-небудзь выкіравацца так, каб былі накормлены дзеці, каб усе былі здаровымі... Яна ведала, што ён тужыць ад таго, што не упэўнен, што скора не з’явіцца няшчасце.

Ён быў за аратага. Ён араў зямлю. Гэта пачыналася ранняй вясной, тады, калі зямля толькі што вызвалялася з-пад снегу. Зямля прасіла плуга, і зямлі было многа скрозь,— куды ні глянь, была зямля князя Радзівіла, пана Шатровіча, пана Лечашынскага. Ён араў зямлю ў Лечашынскага.

Жыў ён у сваёй хаце. Хата асталася яму ад бацькі. Двор к хаце быў прыгароджан з выгану, а за выганам ішла дарога. Праз кіламетраў шэсць яна канчалася ў кляновых прысадах, і там быў маёнтак Лечашынскага. Стаяла там нізкая і доўгая, са смольнага дрэва будыніна, якая называлася «афіцына», і жылі ў ёй тыя парабкі, што наймаліся ў маёнтак з вясны і да позняй восені, калі канчалася праца ў полі. Гэта былі людзі «без сем’яў». Хто сям’і не меў, той адчуваў сябе вальней. Яму не рупіла тое, што ў нядзелю, калі не ішла ў полі работа, ён застанецца на цэлы дзень у той «афіцыне». Хто меў сям’ю кіламетраў за трыццаць, таго цягнула ісці ў нядзелю дадому, але гэтага зрабіць было нельга, і дзень праходзіў сумна. Ганчын бацька быў шчаслівейшым, ён мог раз на тыдзень быць дома. І цэлы тыдзень, працуючы ў полі, ён думаў аб тым, што скора прыйдзе субота.

Гэта быў чалавек ціхі і працавіты. Можа з прычыны такога складу натуры ён і быў няспынна прывязан да сваёй сям’і, а можа таму, што. дзяцей сваіх яму прыходзілася заўсёды шкадаваць? Тыдзень яму здаваўся доўгім і нудным і праца цяжкой і агіднай.

Якое яму было шчасце чуць у сваёй хаце галасы дзяцей і жонкі! Яна была малая ростам і шчуплая жанчына, часта яна здавалася яму малой дзяўчынкай. Але калі яны пачыналі гаварыць аб дзецях, якой моцнай і велічнай яна здавалася яму. Яна гадавала трое дзяцей, і як гадавала! Не дзіва гадаваць дзяцей у раскошы!

Адзін раз пані Лечашынская са сваім старэйшым сынам спацыравала паблізу гэтай хаты. Лёгкі фаэтон стаяў на ўзлеску, а ад лесу сюды вяла вузкая палявая дарожка, уся зарослая дробнымі жоўтымі кветкамі на высокіх сцяблах. Панскаму сыну было год пятнаццаць, і следам за ім ішоў яго слуга, бравы малады мужчына. Гэтага мужчыну звалі Якім, а сапраўды ён зваўся Яўхім і выбіўся ў панскія слугі з простых людзей.

Жанчына з той хаты на выгане несла з лесу вязанку сухога галля. Была позняя раніца, пані з сынам ішла ёй насустрач.

— Добры дзень, Зося,— сказаў Якім.

Некалі, у першай маладосці, Зося яму падабалася. Цяпер ён быў улюбёны панамі слуга, яму дазвалялася каля паноў трымаць сябе вольна.

— Добры дзень,— адказала Зося і пайшла шпарчэй, азірнуўшыся на сваю Ганку, якая валакла за сабою перакінуты цераз плячо пук сухіх яловых лап.

— Якое пекнае дзіця,— сказала пані Лечашынская, гледзячы на Ганку.— Як ты завешся?

Зося скінула з плеч на зямлю галлё і адказала:

— Ганкай яна завецца, мая пані.

— Цяжка несці? — запыталася пані.

— Цяжка, панечка,— паскардзілася Зося. І, падумаўшы, адважылася сказаць яшчэ:— Цяжка, кепска жывецца. У Ганкі сукенкі няма, толькі гэты рызман, што на ёй.

— Мужа няма? — запыталася пані.

— Муж ёсць, у вашай ласкі за аратага. Жыве ў афіцыне.

— А, гэта мае людзі,— сказала пані і дала Ганцы нейкую дробную манету.

Якім паглядзеў на Зосю і міргнуў, каб яна дзякавала пані. Зося сказала:

— Не, панечка, я не на тое кажу, а проста так, бо і голадна і холадна. Зямлі ў нас няма ні кавалачка, з працы адных рук жывем... Панечка, ведаеце, я ўжо адважуся... Тым годам вы прадавалі зямлю. Мой муж прасіўся, каб яму на выплату на пяць год хоць два маргі, усё ж такі ён ужо гадоў пятнаццаць арэ вам гэтую зямлю. Але пан не дазволіў на выплату.

І цяпер не ўся яшчэ тая зямля прададзена, якую пан намерыўся прадаць, яшчэ ўсё купцы прыходзяць. Можа б вы добрым сваім сэрцам замовілі слова перад панам на нашу просьбу. Гэта было б нам шчасце. Ну, што ж, вырастуць дзеці, дык думка не дае жыць,— на якое шчасце яны растуць і як яны жыць будуць.

Пані ніколі не ўмешвалася ў гаспадарчыя справы свайго мужа, у іх яна нічога не разумела. Яна паглядзела на Ганку і пайшла далей. У доме яна сказала мужу аб Зосінай просьбе. Яна гэта сказала з нервовай раздражнёнасцю. Зосіна просьба вывела яе са спакойнага ўраўнаважання душы, калі яна цешылася з хараства прыроды. Гэта было ў суботу зранку. Перад вечарам Якім сказаў Зосінаму мужу:

— Твая жонка злавіла на дарозе паню і прасіла яе аб зямлі. Няхай яна больш так не робіць, пан выйдзе з цярплівасці, і табе будзе бяда.

Ідучы дадому ў той вечар, чалавек перажываў смутак і злосць. Ён быў чалавек залежны, ён жыў са сваёй працы на зямлі, але гэта лічылася панскай ласкай на панскай зямлі. І сцежка, па якой ён ідзе, і ўвесь абшар да лесу і за лесам — усё гэта чужое, па якім можна толькі прайсці. Як цесна жыць у шырокім свеце!

Ганка бегла насустрач, і смутак быў у чалавека яшчэ большы, калі ён узяў на рукі сваю белагаловую дзяўчынку.

Праз два месяцы была ўжо сапраўдная восень. Праз некалькі дзён скончыцца праца на полі, усю зіму трэба будзе жыць дома без заработку.

Зранку туман вісеў над зямлёй. Чалавек выязджаў з параконным плугам на поле. З панскага саду выехаў абоз з яблыкамі. За заднім возам ішоў нізкарослы парабак Іван Прастарэцкі.

— Іван, дай яблык,— гукнуў чалавек.

— Бяры, братка, толькі нямнога.

Чалавек саскочыў з каня і стаў пакаваць яблыкамі кішэні. Пасля пхаў яблыкі за пазуху, у шапку.

— Пакінь, няможна,— прасіў Іван.

— Гэта панскія, што ты шкадуеш... Братка, заўтра субота, пайду дадому, выбежыць Ганка насустрач, а я ёй гасцінец. Я ж, колькі жыву, ніколі не мог прынесці дзецям гасцінца.

І тут падбег панскі слуга Якім.

Дзве гадзіны чалавек перажываў душэўнае прыгнечанне і знявагу. Аканом яго лаяў і тыкаў пальцамі ў яблыкі, якія чалавек акуратна вылажыў на стале. Пасля прыйшоў сам пан Лечашынскі і сказаў:

— З гэтага дня прагнаць, не заплаціць за месяц, бо хто ведае — пакража летам, напэўна, ішла праз яго рукі.

Чалавек асмеліўся ўспомніць аб чалавечым сумленні:

— Паночку, а калі ў мяне дзіця...

— Што тваё дзіця! Ты злодзей!

— У пана ж вагоны яблык! Бог стварыў, як той казаў, зямлю для ўсіх роўна...

Пан больш не слухаў.

«Што маё дзіця!» — думаў чалавек. Каб не такая панская пагарда да дзіцяці, чалавек, можа б, і адышоў душой ад злосці. Але за дзіця чалавек дараваць не мог. Апоўдні ён прыйшоў дадому выгнаны і зняважаны.

У канцы верасня парабкі шукалі збеглага пана Лечашынскага. Удосвіце чалавек убачыў яго: у сялянскім кажуху ён ішоў выганам паўз хаты, і чалавек пайшоў за ім следам. Пан адчуў на сабе ненавідны позірк, шпарка павярнуўся да чалавека і пазнаў яго. І тое, што ўбачыў ён у чалавечых вачах, жахнула яго. Ён выхапіў наган і стрэліў...

Вясной чалавек працаваў на сваёй уласнай зямлі. Ганка з меншымі гуляла паблізу. Раптам яна закрычала і кінулася к бацьку, але бацька быў за ўзгоркам.

— Пачакай, пачакай,— крычаў з-за дрэва мужчынскі голас.— Не бойся, гэта я, пакліч тату.

Чалавек выйшаў з плугам з-за ўзгорка і ўбачыў Ганку.

— Што, што, чаго ты?

— Панскі Якім у лесе! — крычала Ганка.

Чалавек зняў шапку і абцёр з ілба пот.

«Не можа быць»,— сказаў ён сам сабе.

Увечары, калі ён прыехаў дадому, Зося выбегла яму насустрач. Бачачы яго радасны твар, яна і сама засвяцілася шчаслівай усмешкай і сказала:

— Сёння злавілі бандыта. Ён сказаў, што ў лесе яшчэ Якім. Пан Лечашынскі пакінуў іх не дараваць за зямлю.

Ганка ж нічога не хацела слухаць. Ёй было вельмі прыемна выводзіць з аглабель за повад уласнага бацькаўскага каня.


1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан