epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

З’езд дэлегатак — сялянак і батрачак

Дняўное пасяджэнне 6-га г. м.
Вячэрняе пасяджэнне 6 сакавіка
На пасяджэнні мінскага гарадскога іспалкома
Дняўное пасяджэнне 7 сакавіка
  * * *
Вячэрняе пасяджэнне 7 сакавіка
Дняўное пасяджэнне 8 сакавіка
Вячэрняе пасяджэнне 8 сакавіка ў Беларускім Дзяржаўным тэатры


Дняўное пасяджэнне 6-га г. м.

З усіх куткоў, падчас самых глухіх і дзікіх, з’ехаліся яны. Іх некалькі соцень. Большасць усё маладыя дзяўчаты, але ёсць і стараватыя кабеты. Ахопленыя цікавасцю да справы, яны ловяць усё тое, што гаворыцца і робіцца.

Зразу кідаецца ў вочы тое, як многа за часы рэвалюцыі паднялася наша кабета ў сэнсе грамадзянскага жыцця. Калі яшчэ два гады таму гэтая самая кабета з недаверчываю ўсмешкаю адносілася да ўсякіх канферэнцый і наогул к рабоце жанаддзела, то сягоння ўжо гэтага не відаць. Дэлегаткі на з’ездзе, забыўшы ўсё, увайшлі ў працу, у вырашэнне пытанняў...

Вось на сцэне дэлегатка гаворыць, бойкімі словамі малюе жыццё саўхоза на Чэрвеншчыне. Яна некалькі разоў паўтарае цікавую думку:

— Саўхозы нашы.

І потым заканчвае:

— Беднаты многа, ну, а дзе ўзяць, калі дзяржава бедная. Вось калі падымем гаспадарку нашых саўхозаў, тады будзе большая плата рабочым. Толькі мы гэта павінны зрабіць. Я гавару: узяць лягчэй, чым даць.

Словы яе пакрываюцца бурнымі воплескамі.

І ўжо вакол загулі галасы. Гавораць адна з другою, горача спрачаюцца, даказваюць адна адной. Відаць, што ніяк не могуць пакінуць пытання, не вырашыўшы яго да канца.

— Дайце слова, дайце слова! — крычаць.

— Ціха, таварышы...

— Хаця адно слова! — чуецца дзявочы голас.

— Мне, мне дайце!..

Ставіцца пытанне, ці даваць больш слова прамоўцам-дэлегаткам, ці не.

Галасуюць. Лес рук. Потым выходзяць на сцэну, гавораць, часам са смуткам у голасе, які заўсёды пераходзіць потым у бадзёрасць. Гавораць аб сваіх крыўдах, аб усёй бядзе, якую вынесла на сваіх плячах сялянка за годы вайны і рэвалюцыі...

Падаюцца ў прэзідыум запіскі, у іх адбіваюцца ўсе думкі, якія не даюць спакою жанчыне і якія яна часам не адважваецца выказаць словамі. Тут многа пытанняў, з’явіўшыхся з пераходам на звонкія грошы, многа пытанняў аб кааперацыі, аб пашырэнні Беларусі, аб адносінах вёскі к гораду.

Вось даслоўна такія пытанні:

— Чаму Савецкая ўлада выпусціла звонкія грошы?

— Ці не скарыстае наша золата і серабро буржуазія?

— Чаму, калі выпусцілі звонкія грошы, яны перш-наперш паявіліся ў таргоўцаў?

— Чаму такія дарагія тавары, што немагчыма работніцы за заробленую плату купіць на вопратку?

— Чаму ў горадзе ядуць белы хлеб, а ў вёсцы чорны і чаму ў горадзе ходзяць у блішчастых, шаўровых чаравіках і ў шубах, а ў вёсцы часта ў лапцях?

— Ці будзе Беларусь незалежна ад Велікарусі і Украіны будаваць сваё эканамічнае жыццё?

— Ці можна забараніць спекулянтам таргоўлю?..

І многа яшчэ цікавых пытанняў, у якіх відаць цяжка перажытае, з пакутай перадуманае.

На ўсе пытанні дае адказы т. Нодэль:

— Мы людзі прастыя,— кажа ён.— Калі мы бачым, што робім якую-небудзь памылку (а іх у нас было многа), то мы ўсім кажам: вось мы здорава памыліліся, робім іначай...

Гаворыць ён аб прычыне выпуску звонкіх грошай, аб адносінах к ім буржуазіі, аб тым, што калі які-небудзь рабочы атрымаў за работу звонкія грошы, то аддаў іх таргоўцу за тавар, за гэтым яны і відаць часам у спекулянта.

Далей гаворыць ён аб «ножніцах», аб той рабоце, якая зроблена гаспадарчымі органамі, каб зрабіць тавары даступнымі рабочаму і селяніну, і аб добрых выніках гэтае працы.

— Хадзем усе з канферэнцыі ў рабочыя кварталы, паглядзімо, як жыве гарадская работніца, які яна хлеб есць, белы ці чорны, у якіх яна чаравіках ходзіць. Калі відаць блішчастыя чаравікі і шубы, то гэта нэпманы, з якімі мы нічога агульнага не маем і якія ўжо дажываюць сваё...

— Разаўём кааперацыю,— гаворыць далей т. Нодэль,— і таргоўля спекулянта сама згіне. Такім чынам мы і забаронім яму таргаваць...

— Не трэба вам раз’язджацца адгэтуль, пакуль вы не ўбачыце ўсяго рабочага жыцця горада, каб вы не думалі, што горад — вораг вёскі...

У зале ціш. Часам якая-небудзь жанчына, слухаючы, прапускаючы праз свае мазгі ўсе цікавыя адказы, уся ахопліваецца толькі адною думкаю, звязанаю з адказам, падняўшы сваю цвёрдую, мазалістую руку, яна хоча нешта сказаць, нават адкрывае рог, але бачачы, што прамоўца гаворыць далей, так і астаецца на некалькі хвілін як бы застыўшы...

Потым, як канчаюцца адказы на пытанні, падаецца яшчэ некалькі запісак:

— Каму Савецкая ўлада ўдзяляе больш увагі — работніцы ці сялянцы?

— Ці можна запісацца ў партыю малаграматнай?

Т. Нодэль адказвае і на гэта і потым гаворыць заключнае слова:

— Мы ў сваёй сям'і,— кажа ён,— і за гэтым можам пагаварыць па душах, нават часам горача паспрачацца, але потым сказаць адзін аднаму,— ну, а цяпер давайце дзела рабіць. Нам трэба ведаць,— дзе, і галоўнае, чаму кепска...

Слова яго канчаецца воплескамі ўсіх дэлегатак.

Наступае абедзенны перарыў...

Выходзячы з памяшкання і таўкучыся ў раздзявальні, адзеючыся, дэлегаткі гавораць, спрачаюцца.

— Я прыехала са станцыі Оршы,— чуцён голас,— дарэмна, гавару, скардзяцца, што ў горадзе лепш жыць, як у вёсцы. Мы атрымліваем па 13 чырвоных рублёў у месяц, дык ці ж можна з гэтага добра жыць?

— Я хачу папрасіць літаратуры,— чуваць другі голас.

Шумна гаворачы, ідуць у сталоўку.

 

Вячэрняе пасяджэнне 6 сакавіка

Пасяджэнне адчыняе т. Муратава. Яна кажа, што ў прэзідыуме з’езда ёсць прапановы паслаць тэлеграмы прывітання ад імя з’езда ў бюро КПБ, ЦВКБ, Савета прафсаюзаў, сакратарыята жанаддзела... [...]

Прапановы гэтыя сустракаюцца бурнымі воплескамі.

Не ўспелі яны яшчэ заціхнуць, як чуецца з залы голас дэлегаткі:

— Паслаць тэлеграму прывітання Надзеждзе Канстанцінаўне Крупскай!

Новыя воплескі.

Т. Муратава абвяшчае, што Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт просіць з’езд дэлегатак пасля свайго пасяджэння быць на яго пасяджэнні...

З’езд прыступае да працы.

З дакладам выступае Наркамсабеса.

Ён кажа:

— Уся наша беднасць, усё гора, перажытае за часы вайны, з’яўляецца вынікам таго, што некалькі дзесяткаў капіталістаў хацелі абагаціцца. Яны можа хацелі даць раскошнае жыццё адной якой-небудзь сваёй графіні, і дзеля гэтага мучыліся мільёны работніц і сялянак. Вайна, якая трэба была капіталістам, пакінула нам страшную спадчыну: многа калек, многа знішчаных гаспадарак. Для нас цяпер адна дарога: дапамагчы гэтым пацярпеўшым. Савецкая ўлада гэта робіць па меры сваіх сіл. Наш Саюз пакрыт сеткаю інвалідных дамоў, у каторых мы не даём памерці з голаду інвалідам...

Што тычыцца да абяднеўшых за вайну гаспадарак, то і тут робіцца ўсё магчымае ў сэнсе дапамогі. Гэтымі днямі ў нашым сабесе было паднята пытанне, як бы дапамагчы такім і наогул бедным гаспадаркам у час веснавой сяўбы. У гэтым сэнсе шырокую работу могуць павясці камітэты ўзаемадапамогі. Трэба толькі, каб у іх увайшлі лепшыя людзі сучаснай вёскі; а такія людзі — гэта дэмабілізаваныя чырвонаармейцы і камсамольцы. Самыя адзыўчывыя людскому гору — гэта кабеты; і яны абавязкова павінны ўваходзіць у склад гэтых камітэтаў...

Дарогу кабеце ў камітэт узаемадапамогі!

Прамова Наркамсабеса выклікае многа розных пытанняў сярод дэлегатак.

Просяць слова... Пачынаюць гаварыць.

Вось на сцэпе з’яўляецца кабета. Яна яшчэ, пэўна, не старая, але твар яе зморшчаны. Яна ў вераўчаных лапцях, у саматканай адзежы. На пагляд ёй гадоў за 50.

Ціхімі, часта блытанымі, словамі яна гаворыць:

— Я з вёскі Шоперава, Магілёўскага павета. Што мы тут гаворым, то ўсё вельмі добра. Але не заўсёды гэтак робіцца. У нас камітэт узаемадапамогі памагае толькі багатым, а бедны не даступіцца. У нас перасіляюць кулакі і падсмейваюцца над намі...

Гаворыць яна, не аглядаючыся назад і не зазіраючы ўперад, а пра жыццё сягонняшняга дня.

Зразу робіцца зразумелым, што ёсць глухія куткі, дзе яшчэ бедната толькі пачынае варушыцца, бо вёска раскалолася на кулакоў і беднякоў.

І вось гэтая старая, непісьменная, пэўна, кабета заве ў канцы свайго слова жанчын разам з мужчынамі ўзяцца за дзела.

Чутна бадзёрасць у канцы яе слоў.

У зале ціш. Нават сцены, якія раней бачылі тут толькі дваранскія сабранні, хмурна застылі, здаецца, перад небывалым прамоўцам.

А вось другая дзяўчына Мінскага павета Сёмкава-Гарадзецкай воласці.

У яе словах ужо ясна малюецца шлях жанчыны:

— Часцей трэба збірацца нам на такія канферэнцыі, а то мы цёмныя. Школа ў нас у 5-цёх вярстах. Трэба нам у вёску школу не адно для дзяцей, а і для нас.

Выступаюць больш, дэлегатак чалавек дванаццаць выходзяць гаварыць...

Гавораць дзяўчаты з вёсак, з саўхозаў...

Гавораць аб «непарадках», пытаюцца, што рабіць, даюць рады...

Вось чутно, што недзе там у вёсцы камітэт узаемадапамогі з кулакоў увесь выбран, а там недзе ў глухім кутку ён не працуе... Кепска дзела ідзе...

А вось чутно:

— А ў нашай вёсцы ўсё добра. Пажалуй, ідзём угору, паднімаемся. У нас усюды камсамол арудуе...

— Таварышы,— гаворыць новая дэлегатка.— Я сама член камітэта ўзаемадапамогі. На мяне скоса глядзяць мужчыны; тваё дзела, кажуць, прасці. А я кажу: прасці маё дзела, але і тут маё дзела. Работа ў нас як калі, часам кепская, часам добрая, няма каму працаваць у нашым камітэце...

— Адкуль? — чутны галасы.

— Вёска Курыцічы, Мазырскага павета, Петрыкаўскай воласці,— адказвае кабета.— Прозвішча маё Картыня...

Так доўга яшчэ гавораць. Выказваюць сваю радасць, гора.

Зразу кідаецца ў вочы, што адчуваюць сябе тут, як дома...

У прэзідыуме чалавек 15. Многа маладых дзяўчат, некалькі стараватых і саўсім старых кабет.

Вунь з боку стала, злажыўшы рукі, сядзіць жанчына, член прэзідыума. Худы твар яе ў дробненькіх маршчынах; на ім адбітак нейкае думкі. Вочы яе прыжмураны.

Можа, яны не выносяць электрычнага свету, прывыкшы за свой век к цёмнай газоўцы ў доўгія асеннія ночы.

Зычныя воплескі... звонкія галасы. Вакол пануе радасць...

Гэты жаночы з’езд будзе штуршком для ходу наперад нашых камітэтаў узаемадапамогі,— канчае сваё заключнае слова Наркамсабеса.

Са спевамі песняў, найбольш камсамольскіх, дэлегаткі пераходзяць праз некалькі вуліц на пасяджэнне гарадскога іспалкома.

 

На пасяджэнні мінскага гарадскога іспалкома

Дзеля таго каб пазнаёміць з’езд з жыццём горада, з дакладамі выступілі члены гарадскога іспалкома і загадчыкі аддзелаў іспалкома ў розных галінах.

Першым выступіў загадчык Мінскага аддзела аховы здароўя доктар Сляпян.

Ён гаварыў аб той рабоце, якую зрабіў аддзел у сэнсе аховы здароўя работніц і дзяцей. Ён адзначыў, што раней многа кабет губіла сваё здароўе, а падчас і жыццё ад так званых абортаў. Цяпер,— кажа ён,— калі работніцы няма як па якіх-небудзь прычынах раджаць, аборт павінен рабіцца ў пэўных санітарных умовах, у спецыяльных прытулках, якія ёсць у Мінску, і дактарамі.

Далей т. Сляпян адзначыў, што ў Мінску ёсць 3 радзільных прытулкі, дамы для грудных, беспрытульных дзяцей... Ёсць яслі, дзіцячыя дамы, да якіх прыкамандзіраваны спецыяльныя дактары. Ёсць дзіцячая амбулаторыя. Ізучаецца здароўе падросткаў, якія працуюць на фабрыках і заводах.

Далей гаварыў т. Рабіновіч аб установах, якія маюць сваёю мэтаю ахову здароўя работніц і іх дзяцей, але знаходзяцца пад кіраўніцтвам аддзела народнай асветы. Ён адзначыў, што ў Мінску 16 дзіцячых садоў, у якіх да 700 дзяцей.

Далей член іспалкома Камінскі прапанаваў, каб іспалком сягоння пастанавіў адчыніць яшчэ адны дзіцячыя яслі ў чэсць Усебеларускага з’езда сялянак і батрачак.

Прапанова гэтая была сустрэта бурнымі воплескамі.

Член іспалкома т. Клыс адзначыў, што і сялянка, так як і работніца, мае патрэбу ў яслях для дзяцей. Гаварыў ён яшчэ і аб тым, што часам выхаванне дзіцяці ў яслях розніцца ад таго выхавання, якое падносіцца дзіцяці тады, як яно з ясляў пападае на ноч дадому. Каб гэтага не было, трэба мець зносіны з бацькамі дзяцей. У гэтым напрамку многа ўжо зроблена, і ўсякае дзіця павінна выхоўвацца на сваім родным языку.

Дакладчыцы, якія выступаюць ад дэлегатак, адзначылі, што і ў вёсцы яслі трэба,— калі работніца ў горадзе, ідучы на фабрыку, пакідае дзяцей у яслях, то сялянка дзеля сваёй карысці павінна гэта рабіць, ідучы на поле.

Але часта, дзякуючы цемнаце сваёй, сялянкі баяцца гэтых ясляў, не ведаючы часам добра, што гэта такое... Многа вясковых кабет губіць сваё здароўе няўмелымі абортамі, якія робяць часта шаптуны і павітухі...

Цікава гаварыла дэлегатка Шушко, Глускай воласці, Бабруйскага павета. Вось што яна казала:

— Каб не было ўсяго таго страшнага для жанчыны, аб чым мы тут доўга гаварылі, нам патрэбна асвета. Вось мы гаворым, што ў нас няма школ, не маем сродкаў іх трымаць. Але ці падумаў хто, што мы даём 2 прадналогі замест аднаго. Другі прадналог — гэта папу. Вось мы школу, вучыцеля не можам трымаць, а папы ў нас ёсць, а потым скардзімся на дзяржаву. Так у нашай вёсцы, так я думаю і вакол. Улада наша камуністычная, яна хоча даць нам асвету. А хто ж улада, хто гэтая дзяржава?! Мы самі!

Доўга пасля гэтых слоў грымяць воплескі ўсёй залы.

Дэлегатка Барысаўскага павета Хадасевіч сказала:

— Калі нашы сыны будуць нашымі дактарамі, тады ахова нашага здароўя будзе для нас забяспечана. І вось к гэтаму дружна нам трэба ісці...

У канцы пасяджэння член іспалкома т. Абражук сказаў, што прадлажэнне т. Камінскага аб адчыненні ясляў у чэсць з’езда ён падтрымлівае, але дабаўляе, каб яслі былі адчынены за рысай горада.

Т. Муратава адзначыла ў заключным слове:

— З’езд наш мацней яшчэ звяжа вёску з горадам. Нашы прамовы выяснілі гэтую сувязь, якая ёсць дагэтуль; выяснілі, што вясковая кабета мала яшчэ прымае ўдзелу ў грамадзянскай працы.

Сягонняшні дзень нашага гэтага пасяджэння з’яўляецца днём смычкі праз іспалком...

Пасяджэнне выносіць пастанову: Заслухаўшы даклады аб рабоце гаріспалкома ў галінах аховы маці і дзіцяці і народнай асветы, адкрытае пасяджэнне гаріспалкома разам са з’ездам батрачак і сялянак Беларусі знаходзіць, нягледзячы на кароткі час работы ў мясцовых абставінах, у дзень вызвалення работніцы і аховы маці і дзіцяці, што ў рабоце гаріспалкома ёсць шэраг дасягненняў, але працу ў гэтай галіне трэба ўмацаваць, палепшыць і павялічыць.

Пасяджэнне лічыць неабходным намеціць і прапанаваць гарадскому іспалкому правесці такія мерапрыяцці:

1) У самым хуткім часе адчыніць дом маці і дзіцяці.

2) Аб’яднаць дамы дзіцяці ў адну паказальную ўстанову.

3) Арганізаваць шэраг дзіцячых ясляў пры абшчажыццях для рабочых.

4) Арганізаваць інтэрнацыянальны дзіцячы сад.

5) Рэарганізаваць дом для адзінокіх жанчын у трудавую рабочую камуну і пры доме арганізаваць майстэрні.

6) Арганізаваць вытворчы клуб-майстэрню для беспрызорных падросткаў.

7) У самым хуткім часе адвясці памяшканне для арганізацыі дома, беручы пад увагу малы лік дамоў па беспрызорнасці, якія ёсць у Мінску.

Пасяджэнне зачынілася ў паўгадзіны дванаццатага.

 

Дняўное пасяджэнне 7 сакавіка

Адчыніўшы пасяджэнне, т. Муратава абвяшчае, што на з’езд прыбыла з Масквы прадстаўніца ад ЦК РКП т. Калыгіна. Аднагалосна т. Калыгіна выбіраецца ў члены прэзідыума.

У сваёй прамове т. Калыгіна падкрэслівае вялікае значэнне жаночага з’езда на Беларусі, змучанай войнамі, паходамі немцаў, палякаў і г. д. Усё гэта цяжка адбівалася на жыцці беларускай жанчыны. Нягледзячы аднак на гэта, характар з’езда паказвае, як паднялася беларуская жанчына. Далей т. Калыгіна малюе ўсю работу, якая зроблена сярод жанчын СССР, гаворыць аб мэце гэтай работы, яе далейшых шляхах і той вялікай ролі, якую павінна сыграць жанчына, у сэнсе будаўніцтва новага быту.

Пасля т. Калыгінай робіць даклад т. Хатэнка — зам. камісара Наркамзема Беларусі. Даклад аб сельскагаспадарчай кааперацыі. Ён падкрэслівае, што смычку горада з вёскай можна зрабіць толькі праз кааперацыю.

Далей ён гаворыць аб адчыненні на Беларусі таварыстваў сельскагаспадарчага крэдыту, аб сельскагаспадарчых таварыствах, аб калектыўных гаспадарках. Далей т. Хатэнка падкрэслівае, што ва ўсіх гэтых установах і арганізацыях вялікую ролю павінна граць жанчына вёскі, бо многія галіны сельскай прамысловасці, як, напрыклад, малочная гаспадарка, знаходзяцца ў руках сялянкі. У нас на Беларусі (да пашырэння),— гаворыць т. Хатэнка,— у праўленнях кааператываў усяго 23 жанчыны. Гэты малы лік паказвае, які малы ўдзел прымае ў нас жанчына ў кааператыўнай працы.

Па дакладу т. Хатэнкі маюць словы многія дэлегаткі.

Выходзяць на сцэну адна за адной. Дзяўчаты і кабеты. Гавораць часам нясмела, а часам і саўсім ужо смела. Ад непрывычкі, ад навізны ўсяго гэтага, ніяк не могуць часта ўтрымацца ў рамках аднаго пытання; гавораць не толькі аб кааперацыі, а і аб камітэтах узаемадапамогі, аб асвеце. Вось маладзенькая дзяўчына, сціснуўшы рукі ў кулакі, крычыць:

— Я ўмею чытаць, але калі ёсць час для гэтага?! Летам жні, зімою прадзі, нават сну мала. Ну, калі чытаць, калі?!

Аж нешта страшнае чуецца ў голасе.

А вось пажылая кабета. Твар малады, але зморшчаны, і валасы выбіліся з-пад хусткі. І з непрывычкі здаецца як бы ненармальным, што ў яе заскарузлых, з неабмываемай сажаю руках блакнот і аловак. Гаворыць аб адносінах мясцовай улады да жаночай грамадзянскай працы — не бойся, сама ідзі: усё роўна ніхто там цябе не пазаве. Потым, блытаючыся ў словах, гаворыць аб Леніне, аб «радасці».

Воплескі не даюць ёй скончыць.

Вось дэлегатка з Барысаўскага павета, Вялікадолецкай вол@ltасці@gt.

— Горад ужо стаў на ногі,— кажа яна,— мы гэта бачым. А вёска асталася далёка ззаду. Чаму аб нас горад мала ўспамінае? Чаму мала прысылае к нам сваіх сіл, якія збіраліся нас бараніць. Прысылайце камуністаў у нашы цёмныя куточкі.

 

* * *

Даклад т. Сянкевіча аб вясковым быце даўней, цяпер і ў будучыні — і жанчыне — зацікавіў, захапіў з’езд так, як ніводзін другі даклад.

— Наш новы быт,— гаворыць т. Сянкевіч,— выяўляецца ўжо нават у тым, што вы з сваёй, чыста жаночаю крыўдаю, часам з лапцямі і сярмягамі, сабраліся ў гэтай даўнейшай дваранскай зале. Даўней кабета вясковая была нявольніца нявольніка. Яе гаспадар быў нявольнікам пана, а яна была нявольніцай свайго гаспадара-мужа. Нявольніца яна яшчэ асталася і да гэтага часу. Яна малая, толькі навучылася хадзіць,— а ўжо з’яўляецца нянькаю свайго меншага брата ці сястры. Трохі падрасла — глядзіш, ужо цягне мяшок зелля з агарода або на сенажаці працуе. Праца цяжкая сустрэла яе ўжо з пялёнак. Дзявочыя песні яе вясёлыя, але вясельныя — поўны ўжо скаргі і жальбы. Ужо адзін царкоўны шлюб робіць яе нявольніцай. Ужо там у царкве «апостал» кажа: «а жана да баіцца свайго мужа». Ідзе яна замуж у большасці выпадкаў не па каханню, а затым, што можа прынесці ў чужую сям'ю карысць сваёю працаю ці пасагам. І к 30-ці гадам — яна ўжо саўсім старая. На кожным кроку яе жыцця — паны, шаптуны, заразлівыя хваробы, часта няўмелыя кустарныя аборты, якія губяць яе жыццё, цёмныя павітухі. У такую няволю аддала жанчыну царква. Ужо даўно, на адным усяленскім саборы паднімалася пытанне: — «ці мае жанчына душу»?..

Савецкая ўлада робіць усё магчымае, каб вызваліць жанчыну з гэтага пекла. І гэты наш з’езд мае гэтую ж мэту. Патрэбна барацьба з духавенствам, з усімі забабонамі. Без гэтага не будзе жанчыне дарогі к свету. Жанчына павінна разам з мужчынам прымаць удзел у грамадзянскім жыцці, ва ўсіх галінах дзяржаўных спраў — і ў кааперацыі, і ў галіне народнай асветы... Толькі такою дарогаю жанчына прыйдзе к свайму новаму быту. Савецкая ўлада — першая ўлада на зямлі, якая дала кабеце магчымасць дабіцца гэтага. Дык разам жа, кабета, з К@ltамуністычнай@gt п@ltартыяй@gt да свайго радаснага жыцця!

Доўга грымяць бурныя воплескі дэлегатак.

Выходзяць гаварыць дэлегаткі.

Вось зусім маладзенькая дзяўчынка з Гомельшчыны, Калінінскага пав@ltета@gt, Касюкоўскай вол@ltасці@gt, Бухарына — пралетарскай камуны № 1.

Яна гаворыць: — Жанчыны! Пакіньце баяцца новага быту, ідзеце к яму.

Чаму сярод вас тут так мала камунарак? Нас раней палохалі камунаю, але мы не слухалі і арганізавалі яе. У нас усё адно. Мы там усе як браты і сёстры. У нашай камуне няма царквы, але ёсць затое яслі для дзяцей. Сваіх дзяцей мы не хрысцім, але растуць яны шчаслівыя. Камуна толькі і ёсць жыццё для нас.

Чутны воплескі.

А вось словы такой самай маладзенькай батрачкі-камсамолкі:

— Маладыя — усе ў камсамол, а старыя не перашкаджайце ім у гэтым.

Вось адна апавядае з свайго жыцця:

— Выйшла я замуж без вянца, але жыву шчасліва. Мае землякі і зямлячкі смяяліся нада мною, але цяпер ужо сталі задумвацца над гэтым.

Выступаюць больш... Зразу кідаецца ў вочы, што гавораць «па-свойму», як бы ў сябе дома. На маладых тварах вызначаецца радасны настрой, а на старых — сляды глыбокіх думак. Гэтыя старыя жанчыны выносяць можа (і пэўна, што гэта так) у сабе вялікую барацьбу двух, праціўных адно аднаму, пачаткаў. Бо вядома, як трудна вырываць, ды яшчэ і з карэннямі, тое, што глыбока ўрасло, тое, што ўсё жыццё панавала над думкамі, лічылася «ўсясветнай ісцінай» і на што цяпер адчыняюцца вочы.

Можа толькі сягоння вось тут, у гэтай зале дваранскага сабрання, многія з гэтых, без пары старых кабет, зразумелі настаяшчую праўду аб «грабіцелю-бальшавіку».

І нейкі філасофскі выгляд маюць зморшчаныя жаночыя твары...

 

Вячэрняе пасяджэнне 7 сакавіка

На чарзе даклад т. Гярновіч, прадстаўніцы савецкай юстыцыі,— «Аб зменах у нашым заканадаўстве». (Адносна да жанчыны).

У дакладзе ярка малююцца адносіны між жанчынай і мужчынам у старыя часы, уся іх ненармальнасць...

Далей аб гісторыі жаночага руху ва ўсім свеце, аб тым, што гэтым рухам увесь час былі ахоплены толькі буржуазныя жанчыны. Іх рух чыста жаночы, абасоблены,— кажа дакладчыца,— і з нашым рухам ён нічога супольнага не мае. Наш рух не спецыяльна жаночы, а агульнапралетарскі, класавы.

Далей дакладчыца гаворыць аб савецкіх законах, абараняючых працу жанчыны, аб кодэксе ЗАГС, знаёміць з'езд з некаторымі цікавымі стаццямі кодэкса ўгалоўнага і ЗАГС.

Даклад выклікае многа розных пытанняў, і на сцэну зноў з’яўляюцца прамоўцы-дэлегаткі.

І тут так, як і раней на сваіх кароткіх прамовах, адзначаецца немагчымасць дэлегатак утрымацца у рамках аднаго пытання. Гаворыць аб асвеце і раптоўна пераходзіць на ўвесь цяжар жыцця, на беднасць, на несправядлівасць мясцовай улады. Гаворыць аб прадналогу, аб дзераве і г. д. Гаворыць ад усяго свайго пачуцця, з сілай. Зразу відаць, як многа перажыла, перапакутавала вясковая кабета.

Гавораць аб адносінах да жанчын са стараны мясцовых органаў, аб адносінах да з’езда.

Вось дзяўчына — Лойка — гаворыць аб тым, як яе выбралі на з’езд, але ў воласці не хацелі даць ёй фурманкі, і яна пехатой з Сёмкава-Гарадзецкай вол@ltасці@gt ішла на з’езд. Расказвае, як палохалі яе дома гэтым з’ездам, як смяяліся. Яна заве кабету на шырокую дарогу.

Дэлегатка Старобінскай вол@ltасці@gt, Слуцкага пав@ltета@gt Будрык задае перад усім з’ездам пытанне, як глядзіць Савецкая ўлада на брак, які не зарэгістраваны ў ЗАГСе, і прызывае з’езд вырашыць пытанне, ці можна лічыць законным брак, які не запісан.

І вось тут з'яўляюцца радасныя думкі аб тым, як высока паднялася за часы рэвалюцыі наша жанчына. Тут справа не ў тым, добрую ці кепскую папраўку яна хоча ўставіць у закон, а справа у тым, што яна ужо смела стала крытыкаваць дзяржаўныя законы і не толькі ў сябе дома, а на сваім з’ездзе, на сваім кангрэсе. Думаецца, як высока паднялася гэта нашая беларуская жанчына над хвалёнай культурнай жанчынай Захаду, якая на сваіх з'ездах гаварыла «аб модах, шляпах» і г. д., што відаць нават з тых часопісаў, якія выдаваліся кіраўнікамі іхняга руху.

У адказ на выступленне Будрык гаворыць дэлегатка Высоцкая, якая адзначае, што рэгістрацыя бракаў неабходна дзеля таго, каб лягчэй ахоўваць правы кабет... Для Савецкай улады няма законных і незаконных бракаў і дзяцей.

У сваім заключным слове т. Гярновіч закранула пытанне, падказанае дэлегаткамі аб прастытуцыі, барацьбе з ёю Савецкай улады і метадах гэтай барацьбы.

Потым адказвае на цэлы шэраг запісак.

З’езд заканчвае сваю сягонняшнюю работу. Т. Муратава абвяшчае, што сягоння з прычыны пярэдадня свята жанчыны-работніцы розныя прафсаюзныя арганізацыі просяць дэлегатак пайсці ў іх клубы для святкавання.

Зачытваюцца тэлеграмы прывітання з’езду ад 1-й Мінскай жалезначыгуначнай школы, ад мінскай рабочай канферэнцыі, якая толькі што адбылася.

Явілася дэлегацыя ад саюза пішчавікоў, ад якой т. Бейніна ўручыла прэзідыуму з’езда чырвоны сцяг.

Дэлегаткі арганізавана разыходзяцца па рабочых клубах для святкавання дня работніцы.

 

Дняўное пасяджэнне 8 сакавіка

Пасяджэнне, адчыненае т. Муратавай, пачынаецца словам прывітання т. Аксёлавай, прадстаўніцы ад жанок мінскіх рабочых, якая пасля свайго слова ўручыла з’езду падарунак — невялічкую бібліятэчку.

Пасля кароткай прамовы т. Муратавай наркамасветы [...] робіць даклад «Аб асвеце ў вёсцы».

Ён кажа, што ў агульным ліку ўсіх працаўнікоў асветы на Беларусі 45% займаюць кабеты. Гэтая лічба сведчыць аб тым, што ў галіне народнай асветы жанчына ўжо выявіла сябе, тут яна прымае актыўны ўдзел у працы, тады, як другія камісарыяты толькі заклікаюць к сабе жанчыну.

Далей [...] дае малюнак школьнай справы на Беларусі, гаворыць аб тым, што недахваткі сродкаў не даюць магчымасці развярнуць школьную працу так, як бы хацелася. Але ўсё гэта часовая з’ява.

Далей аб нашай школьнай сістэме: даўней толькі праз гімназію можна было «выйсці ў людзі». А гімназія ніколі не спускалася ў вёску. Нават не ў кожным павятовым горадзе была яна. Наша ж блізкая мэта — у кожнай воласці адчыніць сярэднюю школу. Гэта з поспехам выяўляецца — лік нашых сямігодак па вёсках і мястэчках з кожным годам павялічваецца. Быў час, [...] калі адсутнасць сродкаў заставіла нас увясці так званае самааблажэнне, цяпер жа гэтага няма; з павелічэннем у нас сродкаў робіцца ўсё магчымае, каб забяспечыць школу ўсім тым, што неабходна для заняткаў. Адно з нашых вялікіх пытанняў сягонняшняга дня — гэта палепшыць матэрыяльнае становішча настаўніцтва, бо гэта многа значыць у справе народнай асветы... Мы хочам, каб школа наша давала навуку тую, якая нам патрэбна тут на нашым месцы. Наша краіна — краіна земляробства. І вось мы надзялілі школы зямлёю, на якой з цягам часу будуць «паказацельныя пункты земляробства». Зразу гэтага мы зрабіць не можам, а зямля ўсё ж такі дае карысць,— можа ёю пакарыстацца часам вучыцель, што дадае яму ахвоты лепш працаваць... У нашых школах навука выкладаецца на тых мовах, на якіх гаворыць жыхарства. У нас ёсць школы беларускія, расійскія, польскія... [...] У нас няма, як нам многія гавораць, «насільнай беларусізацыі»,— у нас школа беларуская там, дзе жывуць беларусы і дзеці іх, апрача беларускай, другой мовы не ведаюць... [...] Нам раней гаварылі, што беларуская мова некультурная, што гэта проста або мова «мужыцкая», або «жаргон». А мы кажам проста: плюнь ты, чалавеча, на тое, што табе кажуць «культурнае і некультурнае», а рабі так, як табе лепш... Для нас усе мовы культурныя, бо гэта мовы «людскія»...

Далей [...] гаворыць аб выхаванні дзяцей, у якім вялікую ролю павінна граць кабета; аб хатах-чытальнях, аб працы ў іх, аб ахове кніжак, якія часта дарэмна марнуюцца па вёсках...

Па дакладу [...] мае слова дэлегатка ад Самахвалавіцкай вол@ltасці@gt Мінскага павета т. Шыян. Яна гаворыць:

— Наша жанчына ўжо зразумела вялікае значэнне кнігі... Дайце нам больш настаўнікаў... Аб школе павінна думаць, клапатаць жанчына так жа, як і мужчына, бо чыё сэрца баліць, як не мацеры, як яе дзіця прыйдзе са школы з памёрзлымі рукамі і нагамі. Дык думай жа, кабета, аб палепшанні гаспадарчага становішча школы, вырашай гэтыя пытанні на сходах... не глядзіце коса, як гэта часта робіцца, на вучыцеля: яму неабходны брацкія адносіны... і яшчэ неабходна звязаць дамашняе выхаванне са школьным.

На сцэне перад сталом прэзідыума — дэлегатка Чудная, з вёскі Шаперава, з Магілёўшчыны. Яна, гэтая старая кабета, гадоў за 50, гаворыць пасля кожнага дакладу, і часам па некалькі разоў. Кожны раз яна гаворыць аб страшнай беднасці, аб цяжары, аб горы, бядзе, у якіх жыве вёска. Вось учора яна гаварыла аб той несправядлівасці, з якою «савецкія чыноўнікі» бралі прадналог. Цяпер яна гаворыць аб тым, што школа ў іх вёсцы такая, у якой няма як вучыцца бедным — настаўніца дае «казённыя» кнігі таму, хто прынясе ёй торбачку гароху ці кусочак сала. І вось тут гэтая старая, простая кабета, сама таго нават не ведаючы, у сваіх кароткіх, блытаных словах так многа гаворыць, столькі, колькі не можа часам сказаць доўгая прамова вучонага прамоўцы. Зразу малюецца вялікая беднасць некаторай часткі сялянства, такая беднасць, што страта «торбачкі гароху» ёсць ужо нешта цяжкае. Малюецца і другое: вучыцелька квапіць на «торбачку гароху», значыць яна яшчэ галодная. І відаць сэнс слоў старое сялянкі: горад, падай сваю руку вёсцы, бо ёй дорага кожная «торбачка гароху!».

Вось дэлегатка Бурлыга, Горнаўскай воласці, гаворыць яна нешта новае, яшчэ дагэтуль дэлегаткамі не гаворанае:

— Чаму ніхто з нас не гаворыць аб беспрытульных дзецях, якіх у нас па вёсках многа. Летам яны нам пасуць быдла, прыносяць карысць, і тады мы іх бачым. А зімою яны ўжо нам робяцца непатрэбнымі, мы ўжо аб іх забываем. Часам у нас, па вёсках, ёсць многа сродкаў, якія можна было б скарыстаць дзеля гэтых бедных, пакрыўджаных жыццём дзяцей. Гэта тая зямля, якая нарэзана школам, або якія-небудзь другія запасныя зямельныя фонды. Часам гэтыя землі засяваюцца нават не вучыцелем, гэта яшчэ нічога, але якім-небудзь старшынёю валіспалкома або якім-небудзь інструктарам. Добра, калі яшчэ карыстаецца гэтаю зямлёю ўвесь іспалком, як установа. Вось, па-мойму, і трэба ўсе такія сродкі абярнуць на беспрытульных дзяцей. Я прызываю перадаць гэтыя землі, хоць да часу, на карысць гэтых дзяцей.

Вось дэлегатка Дарэўская. Яна часта выступае. Яе ўжо ведае ўвесь з’езд, як моцную ў сваіх думках дэлегатку, смелага прамоўцу, і за гэтым яе адно паяўленне на сцэне вызывае бурныя воплескі. Яна ў цяжкай, зрэбнай, чырвонай спадніцы, шэрай суконнай кароткай вопратцы. Выгляд яе нейкі здаровы, і здаецца, што можа яна кулаком адбіць рог у стала...

У час абедзеннага перарыву каля памяшкання з’езда, на вуліцы, стоячы на тратуары, яна гаварыла з другою дэлегаткаю:

— Вось ты гаварыла, што нам трэба рабіць,— сказала ёй дэлегатка. — Ну, але ці зробім мы ўсё гэта.

— Зробім,— адказала рашуча Дарэўская,— трэба нам адно: адзін другога лавіць. Калі знойдзеш гада ў іспалкоме, дык бярыся за яго — хадзі адно сюды, галубчык! А калі няма сілы ўзяць — заві камсамольца. Лаві і глядзі вакол!

Цяпер яна гаворыць:

— Вось адна дэлегатка гаварыла, што трэба ў вёсцы будаваць фабрыкі. А я кажу не, не трэба. Фабрыка — гораду, вёсцы — зямля. Горад павінен падтрымаць нас, а мы горад!..

Так і чуецца, праглядвае моцны, «тугі» розум гэтае «мужычкі», якога «абухам не перашыбеш». Яна ўжо будуе дзяржаву аднымі гэтымі сваімі словамі, ад якіх, здаецца, бярвення гатовы варочацца...

Т. Муратава робіць даклад аб рабоце сярод сялянак і работніц.

У дакладзе малююцца этапы гэтай работы, яе бліжэйшыя мэты, пытанні аб ролі дэлегаткі ў вёсцы.

Са словам па дакладу т. Муратавай зноў выступае старая Чудная:

— Няхай ужо мы не ведалі свету, хай жа дзеці нашы яго ўбачаць — кажа яна. Гаворыць далей, часта блытаючыся ў словах. Яна — член прэзідыума і пасля свайго кароткага слова садзіцца на сваё месца за чырвоным сталом на сцэне.

Пасля заключнага слова т. Муратавай выносяцца рэзалюцыі па ўсіх дакладах, у якіх адны матывы — праз працу — к светлай будучыні, у дзяржаўным будаўніцтве — вялікая роля жанчыны. Зачытваецца тэлеграма прывітання ад супрацоўнікаў Наркамзему.

Т. Муратава абвяшчае, што кожная дэлегатка атрымае па звонкай савецкай манеце, каб азнаёміць скарэй з новымі грашыма вёску.

Выходзяць са словамі прывітання прадстаўнікі ад Чырвонай Арміі, ад рабфака БДУ. Просяць дэлегатак пайсці паглядзець на іх жыццё...

Дэлегаткі раз’язджаюцца і разыходзяцца ў чырвоныя казармы, на рабфак, на адчыненне ясляў і кансультацыі ў імя дня работніцы.

 

Вячэрняе пасяджэнне 8 сакавіка ў Беларускім Дзяржаўным тэатры

Зачыненне з'езда

Дэлегаткам раздаюцца партрэты Леніна. Пасля прамовы т. Калыгінай і цэлага шэрагу выступленняў дэлегатак гаварыў прамову старшыня ЦВКБ т. Чарвякоў.

Ён сказаў:

— Трудна нашай Беларусі паднімацца, але як пойдзеш на нашы з’езды, то набіраешся сілы, радасці для далейшай працы будавання новага жыцця, замест старога, цёмнага.

Вось прадстаўніцы самых глухіх куткоў Беларусі з нейкім радасным пачуццём дзержаць у руках партрэт Леніна. Чутно было, як многія абяцалі павесіць гэты партрэт дома разам з абразамі. Гэта гаворыць аб тым, што кабета наша раздвоена, адной нагою яна ўжо ступіла на новае, другою яшчэ моцна стаіць на старым. Па заветах слаўнага бацькі нашага Леніна мы толькі самі можам выйсці на светлую дарогу. Мы павінны весці барацьбу з тымі, якія глядзелі на нас, асабліва на кабету нашу, як на «быдла». А гэта гаварылі тыя, што акружалі жыццё кабеты нашай іконамі, якія яшчэ і дагэтуль, вісячы па вуглах у хаце, гавораць: «павінуйся, цярпі». Дзесяць гадоў таму назад ніхто мабыць і не думаў, што цяпер, у гэтым дзяржаўным тэатры, наша вясковая кабета будзе вырашаць пытанні, не толькі звязаныя з сваёю дзяржаваю, але і звязаныя з Англіяй, Францыяй і другімі заходнімі «высокакультурнымі» дзяржавамі...

Вось тут наша кабета гаруе, а недзе далёка капіталіст, седзячы ў сваім кабінеце, думае, як бы скарыстаць яе працу. Вось, напрыклад, не вельмі даўно ліёнскія купцы прасілі нас загатаўляць для іх паяскі, якія вяжуць слуцкія кабеты і якія так ахвотна купляюць за граніцай; або другія западныя купцы прасілі нас загатаўляць для іх наш лён, які столькі цяжкае працы патрабуе ад нашай кабеты і на якім яны абагачваліся б,— усё гэта і ёсць тая самая паншчына, але ў далікатнейшай, «культурнай» форме... Многія ў нас яшчэ не ведаюць усёй праўды аб К@ltамуністычнай@gt п@ltартыі@gt, многія не давяраюць ёй. Многія, нават, каб прыйшлося, не пайшлі б у гэты тэатр, лічачы гэта нечым пустым, непатрэбным. І вось з гэтай цемраю вядзём мы барацьбу. Але барацьба гэтая ў многа разоў цяжэйшая, чым з беднасцю, з разрухаю. Моцны фундамент ужо заложан. Ёсць у нас ужо і жанчыны, якія ўсё зразумелі. І везучы дадому партрэты Леніна, вы ўсе павінны ведаць, хто такі быў Ленін. Калі мы будзем верыць у Савецкую ўладу, што яна наша, мы справімся з цемраю, якая нас акружае. Ужо многія з вас, пабыўшы тут, скажуць, што бальшавікі не «абармоты», а хочуць шчасця чалавецтву і за гэта змагаюцца. Няхай жа жыве Камуністычная партыя, няхай жыве вольная наша Беларусь, няхай жыве вызваленая сялянка і работніца!

Доўгія, гучныя воплескі пакрылі канец прамовы т. Чарвякова.

Далей прамова т. Багуцкага.

Прывітанне ад Чырвонай Арміі.

Зачытваюцца тэлеграмы прывітання ад работніц гарадоў Бранска і Уфы. Бранскія р@ltаботніцы@gt прызываюць святкаваць 8-е сакавіка замест якога-небудзь царкоўнага свята. Работніцы г. Уфы прызываюць 8-е сакавіка святкаваць замест «благавешчання». Прадлажэнне гэтае прымаецца з бурнымі воплескамі.

Пастаноўлена паслаць тэлеграму 3-му Інтэрнацыяналу, праз які вітаць Клару Цэткін і працоўных усяго свету.

Далей даклад т. Фрай аб камсамоле і яго працы. Пасля дакладу зачытваецца спіс дэлегатак, якія падалі заявы аб уступлеппі ў партыю і камсамол.

Сакратар ЦК КСМБ абвясціў, што падаўшыя заявы ў камсамол прымаюцца і далей прызываў іх к сумеснай рабоце.

Аб уступленні ў партыю падана 15 заяваў. Ім прапанавана звярнуцца па гэтай справе ў мясцовыя ячэйкі.

З’езд пастанаўляе, каб увекавечыць памяць Леніна, звярнуцца з адозваю да сялянства аб сазданні «Сялянскага фонду ў імя Леніна».

Спецыяльнымі дэлегатамі падносяцца падаркі з’езду: ад завода «Пралетарый» — партрэт К. Цэткін, ад дома груднога дзіцяці — знімак з быту дома, ад жонак ваеннаслужачых — Чырвонае Знамя.

З’ездам пастаноўлена прасіць ЦВКБ прадаставіць 20 месц для членаў з’езда на маючым быць з’ездзе Саветаў пашыранай Беларусі.

Пасля заключнага слова т. Муратава зачыняе з’езд.

Духавы аркестр грае «Інтэрнацыянал». Пасля дэлегаткі і ўсе прысутныя пяюць «Адвеку мы спалі».

Пасля зачынення з’езда для дэлегатак ідзе п’еса «На Купалле».




Беларуская Палічка: http://knihi.com