epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Злачынца пакараны

Зыгмунт Асядовіч чуў за гэтыя дні, бадзяючыся на вуліцах, звон у касцёлах, бачыў маршыроўку салдат, бляск рэлігійнай працэсіі з галоўнага касцёла... Усё туманілася ў галаве яго. Трэцяга дня ён яшчэ зарабіў злоты, памогшы дворніку вычысціць забруджанае сутарэнне. У той дзень дзеці яго паспыталі хлеба. А з таго дня ён нават і не бачыў іх: ён зусім не заходзіў дадому, нават нанач, бо не мог глядзець у вочы галоднай сям’і. Ён мог прыйсці туды толькі тады, калі будзе што даць ім паесці. Яго страшна мучыла сумленне — нашто ён пусціў іх на свет, гэтых сваіх дзяцей? Урэшце ўжо і гэта пачуццё прытупілася, сцяжэла, сплыло кудысьці ў цёмную глыбіню сэрца. Як і ўсялякая іншая жывёла, дзеці яго карміліся цяпер нейкім зеллем (маці хадзіла за горад ірваць яго і варыла ў вадзе). Але ці доўга можа так пражыць чалавек?

Зыгмунт Асядовіч зноў, можа ўжо пяцьдзесяты раз, пайшоў да фабрыкі. Далей брамы яго не пусцілі. Дый чаго было старацца ісці туды: фабрыка ледзьве жыла. З дзвюх тысяч рабочых там цяпер асталося ўсяго каля двухсот. Чалавек дзесяць стаяла ля брамы.

— Назад нас на работу не прымуць,— сказаў адзін.— Няма чаго і думаць. Фабрыка зусім, кажуць, стане.

Другі чытаў газету. Ён вычытаў, што ў нейкім з амерыканскіх штатаў урад абмежаваў фермераў сяўбою пшаніцы; больш, як ім вызначана, яны не мелі права сеяць.

— Чаму? — здзівіўся Зыгмунт Асядовіч.

— Бо там больш яе як трэба,— растлумачыў яго таварыш.— Летась там у моры наўмысля ўтапілі шмат пшаніцы.

«Дык там рай жыць,— горка падумаў Зыгмунт Асядовіч.— Там хоць не пакутуюць людзі з голаду».

— А унь бачыш? — паказаў таварыш пальцам на другі бок вуліцы.

Зыгмунт Асядовіч убачыў там тое, што бачыў кожны раз, як праходзіў тут: у піўніцы на акне было накладзена ўсяго, чаго толькі душа жадала. Бяры ідзі, купляй і еш.

— А за што я куплю! — выгукнуў Зыгмунт Асядовіч.

— Гэтаксама і ўсюды,— адказаў яго таварыш.— Гэтаксама там з тэй пшаніцаю.

Ён быў высокі, крыху пасівелы, гэты Асядовічаў таварыш. Ён цяпер стаяў нейк не гэтак, як заўсёды, калі бывала станавіўся на работу і, спяваючы, вітаўся з Зыгмунтам Асядовічам. Ён як бы ўсё чакаў чаго цяпер ад усіх гэтых, што стаялі немаведама чаго ля фабрычнай брамы.

— Мы не таму пакутуем, што няма нічога, а таму, што ўсё багацце пазаграбала сабе кучка людзей...— загаварыў ён.

— Капіталістаў,— памог яму адзін.

— Гэты парадак можа толькі знішчыць рэвалюцыя,— гаварыў усё першы. І сказаў пасля сваё апошняе слова: — Сёння ўвечары мы ўсе павінны быць на дэманстрацыі беспрацоўных. Дэманстрацыю склікае камуністычны камітэт.

— А адкуль ты ведаеш?

— Я сам дачуўся ад выпадковага беспрацоўнага, мне знаёмага.

І ён шпарка пайшоў адгэтуль.

Зыгмунт Асядовіч яшчэ стаяў тут колькі хвілін, яму ўжо [не] было куды ісці, ды і хадзіць яму, галоднаму, зморанаму, было цяжка. Людзі з-пад фабрычнай брамы пачалі разыходзіцца, па некалькі чалавек, па адным. Зыгмунт Асядовіч пайшоў апошні. Ён ішоў, сам не ведаючы, куды, чаго і нашто, некалькі разоў ён спыняўся пасярод вуліцы, пакуль вуліцы былі ціхія. Увайшоўшы ў цэнтральныя вуліцы, ён не мог спыняцца: яго некалькі разоў перасцерагаў вулічны паліцыянт: рух тут быў вялікі. Страшная млосць хіліла яго да дрымоты, усё цела ныла ад голаду і слабасці.

Неўзабаве ён прайшоў паўз шпіталь «Божая міласэрнасць». Цьмянае жаданне хутчэй зваліцца з ног і каб яго паклалі ў шпіталь хоць на дзень — заварушылася ў ім. Але ў тую ж хвіліну яго апанаваў жудасны сум па дзецях, і ён ірвануўся, каб зноў ісці немаведама куды і шукаць немаведама чаго.

Раптам ён убачыў дзіва: проста прад ім, гэтак блізка ад яго, з брамы вайсковай пякарні выехала вайсковая фура, паўнюткая хлеба. Хлеб, гэтак блізка ад яго! Ён не стрываў. Нічога ўжо не думаючы, ён падбег да фуры, хапіў хлеб і кінуўся бегчы.

— Стой! — загукаў яму наўздагон голас.

За фураю ішоў сержант таго самага артылерыйскага палка, да якога належала пякарня і фура з хлебам.

— Стой! — яшчэ раз гукнуў сержант.

Зыгмунт Асядовіч быў ужо далёка. Сержант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Зыгмунт Асядовіч раптам пахіснуўся, прыпёрся на самы найкарацейшы момант да сцяны, але ўжо ў наступны момант ірвануўся бегчы зноў, усё не выпускаючы з левай рукі хлеба. Думкі яго цяпер сталі ясныя, як ніколі за ўвесь гэты час: хлеба дзецям! Хлеба сям'і! Хлеба сабе!

Гэтак бег ён праз шмат вуліц, тулячы да сябе хлеб. Следам за ім па тратуарах і бруку буйна капала кроў. Яна цякла з прастрэленай правай рукі. Вельмі можа быць, што з утрапення ён яшчэ не заўважыў свае раны. Чым больш бег ён, тым больш усё бегла за ім народу: людзі бачылі дзіўнага нейкага, утрапёнага чалавека з хлебам пад пахаю, што шпарка бег, з дзікім бляскам вачэй, і не заўважаў акрываўленай рукі. І цікаўцы кідаліся бегчы за ім. Ужо беглі два паліцыянты, вулічныя дзеці і натоўп дарослых. А ён усё паддаваў ходу.

Вельмі шпарка дабег ён да сваёй кватэры... Гэта была трухлявая прыстройка да не менш трухлявага дамка ў глыбіні двара. А з вуліцы ж засланяў гэтую спарахнеласць ніштаваты дом. Брама была адчынена, і Зыгмунт Асядовіч адразу дабег да сваёй кватэры. Але дабег ён ужо ледзьве. Ужо адчуваў ён і страшны ў руцэ боль, і прайшла ўжо тая нервовая ўзбуджанасць, што гэтак гнала яго вуліцамі.

Неяк няспрытна ён прысеў на калені ля самага парога, і дзіва, усе ягоныя рэчы: лаўка, два табурэты, стол, шафка і ложак — стаялі тут жа, перад парогам. Дзеці яго былі тут жа, адны, без маці.

— У таты хлеб! — загукалі дзеці.

Гэты дзіцячы крык зноў на момант ірвануў у бацькі ўсе жылы. Ён кінуў хлеб туды, дзе, як у тумане, варушыліся дзеці.

— А мама пайшла на могільнік,— радасна хапаючы хлеб, загаварыў большы хлопчык.

— Чаго ж яна пайшла на могільнік? — запытала нейкая жанчына, яшчэ не могучы разабрацца, што тут адбываецца.

— Мама там ірве... расце там... мама варыць...— пачаў заікацца хлопчык, запіхаючы ў рот хлеб.

— А чаму вы на двары? — пытала ўсё жанчына.

— Мы ўжо ад учарашняга дня.

— І начавалі тут?

— І начавалі тут, бо ўжо трэці месяц не плацілі за кватэру. Гаспадар нам дазволіў на двары пабыць...

— А дзе ж ваш бацька?

— А от тата! — віснулі раптам дзеці, бачачы, як бацька іхні качаецца па зямлі, стогнучы.

— У таты кроў! — загаласілі дзеці.

Тым часам паліцыянты разганялі натоўп. Не прайшло і пяці хвілін, як на двары ўжо было пуста.

— Калі матка прыйдзе? — пытаў паліцыянт у дзяцей.

— Яна казала, што доўга не забавіцца,— трасучыся ад страху, гаварылі дзеці, кідаючыся то да бацькі, то назад да таго ламачча, што было вынесена з кватэры на двор.

— Не вем цо робіць,— з момант стаяў паліцыянт. Пасля пабег да бліжэйшага тэлефона. Неўзабаве з шпіталя «Божая міласэрнасць» пад’ехала машына хуткай дапамогі, і паліцыянты памаглі шпітальнаму службоўцу палажыць у машыну Зыгмунта Асядовіча. Ён усё стараўся павярнуць галаву і сказаць штосьці дзецям. Але гэта яму не ўдалося: ён быў ужо гэтакі слабы, а яго гэтак шпарка клалі ў машыну, што ён мог толькі стагнаць.

Неўзабаве пачало змяркацца. На перадвячэрнім небе на захад, дзе неўзабаве павінна было заходзіць сонца, блішчалі чырванаватым колерам вежы галоўнага гарадскога касцёла — катэдры. Яшчэ праз колькі часу на званіцы гэтага касцёла даспяваў самотны звон. Гэта была кожнадзённая металёвая песня — адвітанне сонцу, дню. Дзень канчаўся.

Тым часам машына хуткай дапамогі яшчэ не даехала да шпіталя «Божая міласэрнасць». Перш за ўсё яна заехала яшчэ ў адно месца: забіралі нейкага хворага. Выявілася, што гэта была жанчына: яе занеслі ў выпадковы дом пасля таго, як яна рабіла спробу кінуцца пад трамвай. Паліцыя пытала яе дакументы (тэлефанавала на фабрыку), калі яе муж быў звольнены з фабрыкі і дзе ён цяпер: яна сама не магла гаварыць, гэтакая яна была аслабелая, перапалоханая і збянтэжаная.

Пасля машына хуткай дапамогі накіравалася ўжо ў шпіталь. Ехала машына цераз пляц паўз касцёл. Якраз у гэты момант званіў звон на касцельнай вежы. Над касцёлам заходзіла сонца. З кантычкамі ў руках маліліся на касцельным каменным ганку некалькі жанчын. Старац стаяў на вуліцы з працягненаю рукою.

Касцёл стаяў на рагу пляца, на скрыжаванні вуліц. Раптам машына прымушана была спыніцца — хоць гэта і «хуткая дапамога» была, але і ёй не было як праехаць: густая калона людзей проста з вуліцы выходзіла на пляц. Шэрагі людзей займалі ўвесь брук, а ўглыб — аж пакуль не зварочвалася вуліца. Над галовамі людзей у калонах пакалыхваліся чырвоныя палотнішчы з надпісам «Хлеба галодным!», «Працы беспрацоўным!», «Дапамогі беспрацоўным!», «Няхай жыве камуністычная партыя!», «Прэч катаўскі ўрад!», «Няхай жыве пралетарская рэвалюцыя ў Польшчы і ва ўсім свеце!» Дзесьці ў сярэдзіне дэманстрацыі заспявалі «Інтэрнацыянал». Пасля спявала ўся вуліца. Выхад на супрацьлеглую вуліцу таксама зараз жа загарадзіўся новай калонаю людзей.

Шмат аўтамабіляў, трамвайных вагонаў, разам з імі і «хуткая дапамога» скаціліся на пляцы. Неўзабаве загаварыў прамову чалавек. Гэта быў рабочы. Хто стаяў у той дзень ля фабрычнай брамы, дзе гаварылі пра амерыканскую затопленую пшаніцу, бачылі, што гэта той самы, што тлумачыў Зыгмунту Асядовічу, чаму топяць пшаніцу ў моры, а навакол мільёны людзей мруць з голаду.

Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Ён гаварыў хвілін пяць. Пасля чаго неўзаметку змяшаўся з натоўпам. На яго месца стаў другі.

Дэманстрацыя шырылася і расла. Неўзабаве яна пачала выстройвацца ў доўгія калоны і рушыла на галоўную вуліцу. Там войска і паліцыя перацялі ёй дарогу. Дэманстрацыя стала раставаць, разлівацца па вуліцах, зрабіўшы сваё. Чуваць былі стрэлы, і праз малы час некалькі «хуткіх дапамог» трашчалі маторамі па пляцах і вуліцах, забіраючы раненых дэманстрантаў — галодных, знядоленых людзей.

Зусім ужо было цёмна над касцёлам. Трамваі і машыны зноў замільгалі і загрымелі па вуліцах, як «хуткая дапамога» з Зыгмунтам Асядовічам прыехала да шпіталя «Божая міласэрнасць». Ужо як уязджалі ў шпітальны двор, ранены Зыгмунт Асядовіч пачаў стукаць здароваю рукою ў шкляное акенца да шафёра. Яго стрымліваў шпітальны службовец. Шафёр зазірнуў у машыну.

— Вады, дайце ёй вады, — гукнуў аслабелым голасам Зыгмунт Асядовіч.

За шумам матора шафёр нічога не чуў, ды і, можна сказаць, яны прыехалі ўжо на месца. Першы выскачыў з машыны службовец. Ён загадаў зараз жа, не выносячы з машыны, клікаць да жанчыны доктара. Жанчына ляжала, як нежывая.

— Ад хворых нерваў,— прызнаў доктар.

— А што з дзецьмі? Што з дзецьмі? — не пакідаў гаварыць Зыгмунт Асядовіч.

Бінты з раненай рукі ссунуліся ўніз, ён гэтага не заўважыў.

— З якімі дзецьмі? — пытаў доктар.

— З маімі. Гэта маці іх! Гэта жонка мая! —паказаў ён на жанчыну.

Жанчыну выносілі ўжо з машыны. На шпітальным двары было цёмна, гарэла некалькі ліхтароў толькі над уваходамі ў будынак.

Праз паўгадзіны Зыгмунт Асядовіч ляжаў з нанава ўбінтаванаю рукою. Жанчыну панеслі ў жаночы пакой.

 

* * *

Жанчына выйшла з шпіталя раней за мужа. Ён выйшаў на два тыдні пазней за яе. Рука яго больш у лакці не згібалася, ён астаўся калекам назаўсёды.

Нават каб і мог ён дзе-небудзь знайсці работу, дык не можа з-за свайго калецтва стаць на яе. Але каб і мог ён стаць дзе-небудзь на работу, дык на фабрыку ўжо яго не прымуць: ён жа акалечаў з той прычыны, што краў казённае, дзяржаўнае дабро. Акалечаў ён таму, што не хацеў жыць сумленна і справядліва, а падаўся на злачынную, зладзейскую сцежку.

Адзін раз на касцельным пляцы зноў сыходзілася агульная гарадская камуністычная рабочая дэманстрацыя. Калоны дэманстрантаў выходзілі адначасна з усіх вуліц на пляц. Войска і паліцыя спешна выстройваліся ля касцёла, гатовыя кожную хвіліну даць залп у жывое мора людзей.

Адну з калон беспрацоўных вёў Зыгмунт Асядовіч.


18.06.1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан