epub
 
падключыць
слоўнікі

Л.Л. Верабей

[Раман П. Пестрака]

 

У рамане П. Пестрак раскрыўся як пранікнёны лірык і велічны эпік, узвышаны рамантык і строгі рэаліст, страсны публіцыст і з’едлівы сатырык ці лагодны гумарыст. Ён імкнуўся паказаць жыццё шматгранна і ўсебакова.

Надзвычай разнастайная мастацкая палітра пісьменніка. Узнёсла і пафасна гучаць словы Паддубнага, часта ў гумарыстычна-жартаўлівым плане апісваюцца ўчынкі Апанаса Хмеля, з’едліва сатырычнае ці гумарыстычнае адценне прысутнічае ў паказе Ісэра Цукермана, сына мануфактурнага купчыка, які выдае сябе за марксіста.

Пісьменнік ахвотна звяртаецца да алегорый, сімвалаў. Праўда, частае паўтарэнне асобных з іх, напрыклад, неаднаразовыя ўспаміны пра партрэт Радзішчава ў хаце Андрэя, аслабляе мастацкую змястоўнасць гэтага цікавага вобраза-сімвала.

Раман «Сустрэнемся на барыкадах» — твор эпічны. Аднак у ім моцна выяўлены лірычны пачатак, які адчуваецца, напрыклад, у звароце Сцяпана Каваля да хлопцаў-малойцаў ці ў звароце аўтара да беларускіх лясоў, ва ўзвышана-рамантычным узнаўленні ігры Петруся Хадыкі на скрыпцы. Тут, безумоўна, выявіўся ўплыў Пестрака-паэта. Пісьменнік вельмі часта прыводзіць у рамане вершы і песні. Дарэчы, надзвычай змястоўнай атрымалася сцэна, калі вязні пачулі з рэпрадуктара знаёмую з дзяцінства народную песню, якую нечакана абарваў дазорца. Своеасаблівы суровы каларыт стварае рэвалюцыйная песня «Наперад, Брэстчына, на бой, КПЗБ!». Гавораць, песня — душа народа. Яна выяўляе яго радасці, боль, горыч, надзеі, спадзяванні і мары. Песні і вершы ў рамане раскрылі дадатковыя грані ліра-эпічнага таленту Пестрака.

Пісьменнік надзвычай праўдзівы пры паказе жыцця простых людзей. Ён добра ведаў і па-мастацку дасканала перадаў іх побыт, працу. І гэтыя старонкі лепшыя ў кнізе. У іх з незвычайнай сілай праявіўся талент П. Пестрака. У раскрыцці народнай душы, у паказе драматычных і гумарыстычных бакоў жыцця, ва ўменні стварыць жывыя і праўдзівыя малюнкі людскіх узаемаадносін, урэшце, шырынёй ахопу рэчаіснасці, спалучэннем лірычнага і эпічнага пачаткаў, дакладнасцю пейзажных апісанняў П. Пестрак шмат у чым блізкі да Якуба Коласа. Сам жа пісьменнік прызнаваўся, што пры напісанні гэтага твора яму блізкімі былі таксама Гогаль, Горкі, Жаромскі, Ажэшка.

Хоць апавяданне ў рамане і аб’ектывізаванае, але аўтар глядзіць на народ не збоку. Глыбокім і змястоўным атрымаўся вобраз Сцяпана Касцевіча, бацькі Андрэя, па-народнаму мудрага, гордага, мужнага і сціплага чалавека. Лепшыя рысы народнага характару ўвасобіліся і ў вобразе Дзям’яна Гарагляда. Прываблівае Анупрэй Чарняк з яго вясёлым характарам. Ярка індывідуалізаваны жабрак Рыгор Малахай са сваімі ліслівымі і няшчырымі словамі.

У кнізе створаны праўдзівыя малюнкі народнага жыцця, выяўлены арыгінальныя і самабытныя народныя характары. Нагадаем хоць бы апісанні сенакосу, а таксама сходу, калі мясцовая ўлада агітуе сялян за хутарызацыю. Колькі тут цёплага лірызму і ўзрушэння, народнай дасціпнасці і гумару. Пры ўсіх нягодах народ не страчвае здольнасці смяяцца. А калі народ смяецца, то такі народ жыве. Ніякія сілы яго не зломяць.

Асабліва ўдалыя ў кнізе жаночыя вобразы: Надзя Харашэвіч, Ганна Каравай, Тацяна Ціханчук, Мар’яна Перагуд. Жанчыны ў кнізе прыгожыя, рослыя, маюць густыя, доўгія косы (адзнакі народнага, нават ідэалізаванага ці фальклорнага разумення жаночай красы).

П. Пестрак піша пра жанчын з любоўю, павагай і пяшчотай. Паказвае, якое вялікае гора і нялюдскія выпрабаванні вынеслі яны на сваіх жаночых плячах. Узяць, напрыклад, Мар’яну, жонку Данілы Перагуда, якога павесілі карнікі. Яна сама арэ поле, гадуе дзяцей. Здзіўленая і захопленая яе жыццём, Надзя гаворыць: «Цяжка табе, Мар’яна. А ты ўсё роўна дзяцей родзіш, гадуеш. Непераможная ты, Мар’яна... » Сапраўды, непераможная, як і сам народ і яго лепшыя прадстаўнікі, што змагаліся за яго шчаслівую будучыню.

Раман «Сустрэнемся на барыкадах» з’яўляецца значным набыткам беларускай савецкай літаратуры, сведчыць пра несумненны талент Пестрака-раманіста, які сказаў пранікнёнае і шчырае слова пра свой народ, паказаў яго складаныя і цяжкія шляхі да шчасця і волі.

Л. Л. Верабей


1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пестрак П. Збор твораў у 5 т. Т. 2. Сустрэнемся на барыкадах. Раман. Кніга першая. - Мн.: Маст.літ., 1984. - 430 с.
Крыніца: скан