epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ларыса Геніюш

Куфар

 

Быў час ў маім Краі

сягоння туманны,

аднесены хваляй,

час прадзены, тканы.

 

Працоўныя рукі

каханай матулі

усіх накармілі,

усіх апранулі.

 

Ад лёну зярняці

да белых палотнаў

паслала, спрала,

паткала ахвотна.

 

Не проста, не роўна,

а ўсё пераборам,

пад колер краіны

цудоўным узорам.

 

О сэрца матулі,

жывая крыніца,

дазволь мне сягоння

ля куфра спыніцца.

 

Над працай тваёй

у паклоне сагнуцца,

ўспамінам мазольнай

рукі дакрануцца.

 

За тое, што нас ты

вякі апранала,

за тое, што лёгка

табе не бывала.

 

*

 

Шырокі, высокі, акованы куфар,

малёваны вокал, з клямкаю са сталі,

не стыдна б такому і на панскі хутар.

Куфар незамкнёны, бо у нас не кралі.

Загарнула бабка посцілку удвое

і нядужай века падняла рукою.

У пахучым куфры важна ўсё ляжала,

што сама бабуля працай рук прыдбала.

Быццам водар з поля пранясло ля хаты -

так запахла лугам, чабаром і мятай.

 

*

 

Ах, ляны, ляны - залатыя сны,

белы кужаль - цвет вішнёвы

на грудзях вясны.

Ля маёй мяжы век бы ім цвісці:

поўны куфар тканай белі -

замуж можна йсці.

 

Сінія ляны, зіхацяць яны.

Ў бурны Нёман на світанні

выплылі чаўны.

Наперадзе той, каго Пётрам зваць.

Мне бы сёння на красёнках

сонейка снаваць...

 

Адцвілі ляны.

Восень, туманы...

Буду церці кволы лён мой,

прасці да вясны.

Буду віць, снаваць,

досвіткамі ткаць,

вечарамі прыйдзе Пётра

песняй памагаць.

 

*

 

Палатна сувоі белыя, льняныя,

стаяць, нібы сваі цёсаныя тыя,

спрадзеныя тонка, вытканыя туга,

выбеліў іх травень сонейкам і лугам.

Вечарамі колькі трэба было прасці,

колькі ткаць, бяліці, пакуль ў куфар скласці.

 

*

 

Бела навокал, аж вочы баляць,

вішні лунаюць ля плота,

белы ўвесь сад, беляхціць сенажаць -

то сонейка беліць палотны.

 

Белыя косы, бялявы хлапец

каля дзяўчат завіхнуўся,

з песняю выйшлі дзень белы сустрэць

белыя, белыя, русыя.

 

*

 

Сцежкамі у полі ўздоўж дарожных даляў

вышытыя розна ручнікі ляжалі,

белыя, даўгія - гэтак ў час мяцелі

студзень каля хатаў чысты снег пасцеле.

А на іх рукою вышыты жаночай

сінія валошкі з макамі ў вяночак,

галубок і пеўнік, ягады каліны,

нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні.

Па канцах карункі тонкім павуценнем

альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі.

Ў покуці павесіць, на абраз у хату,

альбо перакінуць цераз плечы свату

ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне,

знача з працавітых, калі поўна скрыня,

няхай паглядаюць і сваты, і госці -

колькі вышыванай, любай прыгажосці.

 

*

 

Пальцам няцяжка нітачку віць,

долю з праменных валокнаў,

нітачка ўецца, песня ляціць,

зоры калыша звонку.

Дзеўцы няцяжка кросенцы ткаць,

ўзор вышываці не сумна,

на ніцях, на струнах чаўночкі мігцяць,

за імі снуюцца думы...

 

*

 

Белыя кашулі, рукавы ў заборы,

пазуха скрозь-наскразь вышыта узорам

чорным і чырвоным, ў васілёчкі - сінім,

роўненька пры боку зложаныя ў скрыні.

Некалькі настольніц з найтанчэйшай пражы,

а у кожнай колер і узор інакшы!

Вось бліскучы, ў восем нічальніц, шырокі

і другі, ў чатыры, з фрэндзлямі навокал,

той з льняной карункай, мяккі, бы шаўковы,

той утком суровым на другой аснове...

Вось, здаецца б, выняў, на сталы паслаў бы

і гасцей жаданых пасадзіў на лавы,

пірагі паставіў, частаваў бы мёдам,

ганарыўся працай і харошым родам.

 

*

 

Дываноў жа столькі,

ўсе па лёне воўнай.

Глянеш - як на ніве:

зелена, чароўна.

 

Тканыя ў гурочкі

ў нічальніц чатэры

васількамі тымі

па аснове шэрай.

 

То узорам чорным

па утку зялёным,

то па белым - сінім,

бы расой замглёным,

 

то ў вянкі, ў алені

нейк перабірана,

быццам не рукамі,

а машынай ткана.

 

То з адное воўны

дываны на сані.

Ярыя, як вішні,

кутасы звісаюць.

 

*

 

Дываны - луг квяцісты ў руках,

мары дзіўныя, ўтканыя ў ніці,

каляровы дзявочы пасаг,

промень шчасця з жыццёвай крыніцы.

 

Кветак спеў, чорнай долі на злосць,

кліч тугі, апяяны узорам.

Дываны - маладосць, прыгажосць,

гоман сэрца жывы і задорны.

 

Калі ходзе дзяўчына, як мак,

калі хата цвіце дыванамі,

не мяняўся б ніводзін юнак

сваёй доляю нават з панамі!

 

*

 

А хустак, як макаў!

Розных шаляновак

з дзён яшчэ дзявочых,

сініх і бурдовых.

 

Цёмныя - у цэркву,

калі пост надыдзе.

Ясныя, як сонца, -

тыя на Вялікдзень.

 

У кветкі, юргіні,

каласы і зелень.

Тыя - йсці ў гасціну,

тыя - на нядзелю.

 

Ясны шоўк - на свята,

а паркаль - на будзень.

Ёсць у чым бабусі

паказацца ў людзі.

 

*

 

Кветка у полі - галоўка жанчыны,

сонца ў вачах, а сама - сцебялёк,

хустку на косы вясёлкай накіне,

каб макам ці ружаю ззяла здалёк.

Чыстую, светлую альбо узорную,

часам чырвоную - ў радасны дзень,

часам ўдавіную, сумную, чорную:

без хусткі ў людзі дзяўчына не йдзе.

Гнуцца на сцежкі сцяблінкі чароўныя,

кветкі на косах залётна нясуць.

Сёстры бярозаў, танклявыя, стройныя,

Краем сваім беларускі ідуць.

 

*

 

Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая,

баба яе велькай хусткай называе.

Ёю ў непагоду добра атуліцца,

старым у дарозе і для маладзіцаў.

 

Мяккаю, шырокай,

зложанай удвое,

ахінуць ля сэрца

дзіцянё малое.

 

Вось ляжаць ля хустаў,

скручаныя роўна,

горкі саматканых

паяскоў цудоўных.

 

Ў ёлачку, у пчолку,

вузенькіх, шырокіх,

каляровых, розных -

не палічыш вокам!

 

Паясочак сіні - недзе ад матулі,

а чырвоны, яры - мужу да кашулі,

а вось гэты - гожы, доўгі, з кутасамі,

падпяразваў святам бабін брат часамі.

 

Загудзелі дуды, гуслі заігралі,

брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі...

І слязу змахнула рукавом бабуся,

бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся.

 

А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі,

падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі.

Зіхацеў на свіце, шырынёй - бы ў пана,

толькі што не слуцкі, а удома тканы.

 

Хутчэй, чым прыняці той абычай панскі,

спадабала шляхта паясок сялянскі,

не слуцкі - родны паясок зрадзіўся,

а насіці пояс пан ў сялян вучыўся.

 

*

 

Йзноў хусткі, палотны,

ручнікоў ці мала,

ўсё гэта дарылі

бабусі, бывала.

Гэтакі абычай й сёння не загінуў:

без гасцінца людзі не йдуць у гасціну.

Ці то маладога ў войска прызываюць,

ці далёка сына з хаты выпраўляюць.

Дораць на радзіны і на наваселле,

дораць на хрысціны, дораць на вяселле

бацькоў маладога і сястру, і брата,

дораць музыкантаў, шчодра дораць свата.

Гуляюць вяселле. П'юць сябры не дарам!

Дораць ўсе ад сэрца маладую пару.

Дружна пры гасціне п'юць, пяюць, гавораць,

выйдуць - патанцуюць, і ўсё дораць, дораць.

 

У старэнькай бабкі, як у маладзіцы,

каптаноў ўсялякіх, блузаў ды спадніцаў.

Андарак вішнёвы з долам аксамітным,

андарак матулін, стужкамі расшыты,

цёмна-маліновы, клетачкаю роўнай,

гарусам патканы, сіненькім па чорным.

Андарак у паскі, ўпоперак, пярэсты,

гэткія насілі некалі дубенцы

і з другіх, суседніх каля Дубна1 вёсак.

На яго казалі проста: занямонскі.

Каля іх ірдзіцца вышыты сардачак,

сіні, аксамітны, бабчын, не іначай,

зубчыкі навокал з жоўтай атарочкай,

вузенькі, прыгожы, як ўспамін дзявочы.

 

Цяжкі сувой суконны дзедаві на світку,

зваляны, патканы ў суканую нітку.

Гэтакае світкі дажджам не адужаць,

не праняці ветру, не прабіці сцюжы.

На каптан для дзеда вытканы святочны,

глянеш, возьмеш ў руку - крамнага не схочаш.

Доўгія губіцы посцілак нясшытых,

нагавіц суконных пад кажух ці світу.

 

*

 

Хвартушок - гэта белае дзіва,

найтанчэйшы, з кудзелі лянок,

гэта гонар ўдалой маладзіцы,

кветкі - ўзорным вяночкам ля ног.

 

Можна ім закрыць вочы ад шчасця,

калі шчокі калінай ірдзяць,

схаваць слёзы, калі не удасца

тое шчасце навекі ўтрымаць.

 

Хвартушок - чарадзейнае хусце -

гэта стан твой задорна абвіць.

Ў бель чаромухі голаў чыюсьці

ў забыцці на хвартух палажыць.

 

Хвартухоў у бабкі - розна вышываных,

белых, ясных, сініх, дарагіх і танных,

гэтыя - на будзень, тыя - пад кудзелю,

гэтыя - ў гасціну, тыя - на нядзелю,

гэты - йсці у цэркву, той - на дзень кірмашны,

на канве рабінай вышыты, інакшы.

А вось гэты, ў кветкі, з тоненькае пражы -

то на смерць бабуся адлажыла важна.

Гэткая кашуля і каптан навюткі,

андарак сліўковы, хуста і абутак -

ўсё гэта заўчасу зложанае ў скрыні

і чакае толькі той сумной гадзіны,

каб у раз апошні, гожа, па-сялянску,

апрануць бабусю без чужое ласкі.

Гэтак і для дзеда, гэтакі абычай, -

ўсё ляжыць, чакае, покуль смерць пакліча.

А ў малым прыскрынку, што збоку прыбіты,

акрамя караляў, стужак аксамітных

ёсць і жменька грошай - на долы, на труны,

на шчырасць апошняй гасціны хаўтурнай.

 

*

 

А дзе пахаваці?

Бабусіна воля:

сялянка жыве

й застаецца на полі.

 

Здалёк супроць вёскі,

на горцы пясчанай

схілілі бярозы

галіны з пашанай.

 

Туды на сон вечны

сышліся сяляне,

пад крыжам бяспечна

ляжаць на кургане.

 

Каменныя пліты

касцей ім не гнуць,

іх памяць і славу

нашчадкі нясуць.

 

Шчабечуць там птушкі,

пяюць салаўі,

там ляжа бабуля,

як серад сям'і.

 

Вясною ў сяле нават

будзе чуваць,

як будзе зязюля

па ёй кукаваць.

 

Ды з дрэвамі разам

па ёй на зары

заплачуць, затужаць

сумныя вятры...

 

*

 

Сутонне. Ўжо мала што

ў куфры відаць,

схілілася голаў

               бяссільна.

Не хочацца куфра таго закрываць,

ўспаміны яго абступілі.

Зрабілася цёмна і пуста наўкруг,

прабіліся слёзы на вейкі,

і цяжка апала са змораных рук

акована куфрава века.

 

1965

 

 

 

Каментары

 

Друкуецца паводле выд.: Невадам з Нёмана, с.193.

Упершыню - час. «Полымя», 1967, № 2.

 

1. Дубна - вёска ў Мастоўскім раёне, на правым беразе Нёмана, каля дарогі Масты-Скідаль.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Ларыса Геніюш. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 2000.
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com