epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

Дон-Кіхот і Санча Панса

 

— Ірачка, дзе ты? Паслухай, каго я сёння сустрэў. Век не здагадаешся,— крыкнуў Карбановіч, разуваючыся яшчэ ў парозе. Ён ведаў, што жонка ў гэты час павінна быць дома.

Кожны раз, калі ён затрымліваўся дзе-небудзь пасля работы і вяртаўся дамоў крыху «вясёленькі», стараўся ашаламіць яе якой-небудзь нечаканай навіной, каб яна, зацікавіўшыся, не крыўдзілася на яго, што затрымаўся. І Іра звычайна прымала гэтую гульню. Выходзячы яму насустрач, прымірэнча гаварыла:

— Ідзі абедай, раскажаш потым.

Сёння ж яна не толькі не выйшла яму насустрач, а нават і голасу не падала, толькі мацней зашумела вада на кухні. Гэта азначала, што яе цярпенню прыйшоў канец і яна нават не жадае яго слухаць. Канечне, для гэтага ў жанчыны былі ўсе падставы. Ён сапраўды перабраў усялякую меру, прастаяўшы з сябрамі ў піўным бары да самага яго закрыцця. Хаця для гэтага была і прычына,— стала вядома, што яго брыгада па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за першае паўгоддзе заняла першае месца не толькі на заводзе, а нават ва ўсім вытворчым аб’яднанні. Сам міністр прыслаў віншавальную тэлеграму. Ну, на радасцях і пагаварылі пра жыццё-быццё. Праўда, Карбановіч мог бы і раней развітацца, ён заўсёды так рабіў,— сябры прывыклі да гэтага і ніколі не крыўдавалі на яго,— але на гэты раз ён быў сапраўды ўзброены такой навіной, пачуўшы якую Іра павінна была дараваць яму ўсё.

Карбановіч паставіў свае чаравікі ў скрынку для абутку, дастаў адтуль цёплыя пантоплі, якія яму пашыла Іра са старога кажушка, даўно прывезенага з вёскі,— у тым кажушку ён доўга ездзіў на рыбалку ўзімку,— зайшоў у ванную, умыўся і толькі потым заглянуў на кухню.

Іра, нахіліўшыся над ракавінай, мыла талеркі. Глянуўшы на яе вылінялы халат, на пантоплі з растоптанымі заднікамі, Карбановіч прысеў на табурэтку ля століка і сказаў:

— Паслухай... Іду сёння раніцай, значыцца, на завод, раптам ля мяне як скрыгане тармазамі «Волга». Я аж злякаўся ад нечаканасці. Загнуў пару ласкавых слоў вадзіцелю і пайшоў далей. Раптам чую: «Віця!» Азірнуўся. З машыны вылез і махае мне рукой невысокі таўсцячок у шэрым касцюмчыку, лысенькі такі, паблісквае залатым зубам, усміхаецца. Абсалютна незнаёмы чалавек. Зноў чую: «Віця!» Прыгледзеўся, а гэта...— Карбановіч замаўчаў: Іра не праяўляла ніякай цікавасці да яго расказу.

— Ну, што, нічога не прыдумаеш? — паківала яна галавой.— Эх, ты!.. Сказаў бы праўду, а то...

Карбановіч ніколі не злаваўся на жонку за прыдзіркі, а нават паважаў у ёй строгасць, хаця ніколі і не паказваў гэтага.

— Санча Панса.

— Дзімка?! — імгненна забыўшыся на сваю раздражненасць, Іра глянула на мужа зіхатліва чорнымі вачыма, твар яе асвяціўся радаснай усмешкай.— Той самы Дзімка?

— Той самы...

Віктар Карбановіч і Дзіма Лазоўскі жылі ў вёсцы Ягаднай у суседніх хатах. Аднагодкі, сябравалі з дзяцінства. Віктар, які рос без бацькі, рана пачаў працаваць у калгасе, быў больш самастойны, ды і знешне ён, рослы, хударлявы, выдаваў старэйшым за свайго сябра, ружовенькага, каратканогага, дагледжанага, адзінага сынка ў бацькоў. Віктар, вядома, верхаводзіў. Дзімка бездакорна падначальваўся яму ва ўсім. Ведаючы пра гэту дружбу, у класе, ды і ва ўсёй школе, Дзімку ніхто ніколі не асмельваўся пакрыўдзіць, крануць. Вучні празвалі іх Дон-Кіхотам і Санча Пансам. Віктар, які любіў гістарычныя раманы, марыў пра подзвігі, употайкі ганарыўся такой мянушкай. Дзімка ж стараўся быць падобным на свайго сябра. Ён і сапраўды быў верны і адданы Санча Панса. «Мой верны Санча»,— называў яго Віктар. «Мой Дон-Кіхот»,— называў той Віктара.

У дзесятым класе Віктар закахаўся ў аднакласніцу чарнавокую Ірачку, якая жыла ў Прудаўцы, недалёка ад школы, у цагляным доме, пабудаваным на гарадскі манер — з шырокімі вокнамі, зашклёнай верандай. Дом стаяў пад старымі ліпамі на месцы былой царквы, што згарэла ў вайну. Ірын бацька рабіў у калгасе заатэхнікам, а маці загадвала мясцовай аптэкай. Яны прыехалі ў іхні калгас адразу пасля вайны аднекуль з Чарнігаўшчыны.

Улетку кожную суботу і нядзелю Віктар ездзіў са свае Ягаднай у суседнюю Прудаўку на спатканне. Ездзіў з ім і Дзімка. «Твой верны Санча Панса ніколі цябе не пакіне»,— звычайна гаварыў ён. Там яны ўтраіх хадзілі ў кіно ці на танцы, якія вечарамі ладзіліся напачатку ля сельсавета. З танцаў звычайна Іру праводзіў дамоў Віктар ужо адзін, а Дзімка з двума веласіпедамі чакаў свайго Дон-Кіхота ў канцы вёскі.

А потым яны ўдвух ехалі ў Ягадную, гарланілі песні, аббіваючы педалямі расу з прыдарожнай травы.

Пасля школы Віктар і Іра паехалі ў Мінск паступаць ва універсітэт. Ён на гістарычны факультэт, а яна — на біялагічны. І абое не паступілі, не набралі патрэбных балаў. Дамоў не вярнуліся. Пайшлі працаваць на завод. У той жа год і пажаніліся. Віктару спадабалася на заводзе, ён там і застаўся. А Іра завочна закончыла педвучылішча. Гэта было ўжо пасля таго, як Віктар вярнуўся з арміі, падрасла іх малая, а ад завода ім далі кватэру.

Дзімка ж, які ледзь цягнуўся на тройкі ды на чацвёркі, паехаў паступаць у суседнюю рэспубліку ў нейкі гандлёвы тэхнікум, у якім па тым часе конкурсы былі зусім малыя. І паступіў. Праўда, на вёсцы хадзілі чуткі, што нібы ўладкаваў яго іхні родзіч, які быў там нейкім начальнікам ці проста выкладчыкам.

З тых даўніх школьных часоў Віктар так і не сустракаў Дзімку. Адпачынкі ў Віктара не заўсёды супадалі з канікуламі Дзімкі, а потым Віктар тры гады служыў на Паўночным флоце, а за той час Дзімка закончыў вучобу і ўжо ніколі не прыязджаў у сваю вёску ў той час, калі там адпачываў Віктар з сям’ёю.

— Адкуль ён узяўся? — дапытвалася Іра.

— Адкуль... Жыве тут,— адказаў Карбановіч. Яму не вельмі спадабалася залішняя яе зацікаўленасць, і ён, павагаўшыся, сказаў: — У госці запрашаў. І адрас даў,— і падаў жонцы бліскучую беленькую кардоначку.

— Калі? — спытала яна, разглядаючы візітку.

— Заўтра. Абяцаў нават заехаць.

— На машыне?

— А што? Ці мала іх цяпер гойсае на машынах? — буркнуў Карбановіч і перавёў гаворку на другое: — Ведаеш, нешта есці хочацца. І перакусвалі ж...

— Ой, я і забылася,— спахапілася Іра.— Стала ды тары-бары, а пра абед забылася.— Яна дастала з халадзільніка каструлю.— Зараз булёну дам. А чай піць будзеш? Я сёння каўбаскі доктарскай купіла.

І ўжо крыху пазней, калі ён пасёрбаў свой булён і яны ўдваіх пілі чай, яна спыталася:

— Калі ж ён заедзе?

— Я адмовіўся.

— А можа, і правільна зрабіў,— адразу ж пагадзілася яна.— Пахваліцца захацелася. Падумаеш, на машыне...

— Я сказаў, што і сваімі датэпаем,— цяпер яго здзівіла не толькі абыякавасць яе да свайго былога аднакласніка, а нават і асуджэнне, якое прагучала ў яе голасе.— Тут блізка. Так што заўтра ў шэсць гадзін і пойдзем. Ці, можа, не хочаш?

— Сходзім, калі паабяцаў,— яна была нібы і незадаволеная тым, што ён пагадзіўся.

На другі дзень пасля работы Карбановіч не пайшоў дамоў пехатою, як звычайна, а паспяшаўся на тралейбусны прыпынак. Дома ўмыўся і адразу ж заглянуў на кухню, упэўнены, што Іра чакае яго ўжо з разагрэтым абедам. Але нават талеркі не былі расстаўлены на стале, і наогул ніякіх слядоў падрыхтоўкі да абеду не было. Ён памацаў каструлі, што стаялі на пліце,— іх ніхто не падаграваў. Але жонка была дома, ён жа бачыў у парозе чаравікі, у якіх яна звычайна хадзіла на работу. Можа, дзе прылегла на канапу ды заснула? Але ў зале яе не было. Дзверы на балкон былі адчынены. Заглянуў туды. Там на напятым шнуры гойдалася перасохлая бялізна. Звычайна Іра не дапускала, каб бялізна перасушвалася. Вярнуўшыся з балкона, заўважыў, што на буфеце і на кніжнай паліцы ляжаў рэдзенькі пыл.

Іра ж не цярпела пылу. Заўсёды, як прыходзіла з работы, першае, што рабіла, дык гэта брала анучу і выцірала пыл.

Устрывожаны Карбановіч паспяшаў у спальню.

На спальным ложку перад старамодным аблінялым трэльяжам сядзела яго Іра ў блакітнай шаўковай сукенцы, якую яны купілі гады два таму, здаецца, у Індыі, калі падарожнічалі па краінах Усходу, і якую яна вельмі рэдка калі надзявала. На шыі віселі пацеркі з ружовых каменьчыкаў. Гэтыя пацеркі яны таксама купілі ў час таго памятнага падарожжа. На галаве ў яе была высокая і такая мудрагелістая прычоска, якой ён ніколі яшчэ не бачыў. Іра глядзела ў люстэрка так, нібы ўпершыню бачыла сябе такой. Здзіўлена і неяк спалохана. Яе цёмныя вочы падаліся яшчэ цямнейшымі, быццам бы набраклі вільгаццю, ці, можа, у іх адбіваліся густа нафарбаваныя тушшу павекі.

— Слухай, гэта ты ці не ты? — Ён не мог схаваць свае радасці.

— Адзявайся.— Яна стрымана перадыхнула, як заўсёды рабіла, калі была нечым вельмі ўсхваляваная, і паказала вачыма на яго выходны гарнітур, што адпрасаваны вісеў на прачыненых дзвярах шафы. На ложку ляжала белая кашуля ў ружовую палосачку і стракаты — малінавы з жоўтым — гальштук. Ні такой кашулі, ні такога гальштука раней у яго не было. Відаць, толькі сёння яна іх купіла.

Карбановіч не стрымаўся, ступіў крок да яе...

— Прычоска ж,— яна адхіснулася ад яго.— Адзявайся, Віця.

— Можа, паабедаем, тады?

— А я і абед не паспела зрабіць сёння. Але...

— Зразумеў...

— Калі згаладаўся...

— Нічога, нічога, Ірачка, перацерпім.

Яны не паехалі тралейбусам, хаця крыху і пазніліся: не хацелі, каб іх, такіх святочных, адпрасаваных, пакамечылі там,— сама ўсе якраз вярталіся з работы. Карбановіч вёў жонку пад руку і, стараючыся патрапіць з ёю крокамі, мелка перабіраў нагамі, як спутаны. Іра ж на сваіх высокіх абцасах не магла ісці хутчэй. Сустрэчныя, не толькі мужчыны, а нават і маладыя хлопцы, хто ўпотайкі, а хто і з нахабнай адкрытасцю, кідалі на яе прычэпістыя позіркі.

— Бач, як вочы лупацяць,— шаптануў ён ёй на вуха.

— Рабочы ж дзень, а мы прыбраліся,— пачырванела яна.

Яны ліфтам падняліся на сёмы паверх. На шырокай пляцоўцы, хоць катайся на веласіпедзе, было толькі двое дзвярэй, абабітых чорным дэрмацінам. На адных надраенай бронзай блішчэў патрэбны нумар. Карбановіч рашуча націснуў кнопку званка. Недзе ў глыбіні кватэры глуха боўкнула. Ніхто не абазваўся. Ён націснуў кнопку некалькі разоў запар. Усё роўна боўкнула адзін толькі раз.

— Аўтаматызацыя, каб яе,— буркнуў Карбановіч.

— Можа, дома нікога няма? — усміхнулася Іра.

— Падобна на тое.

Назад яны спускаліся па лесвіцы, забыўшыся на ліфт. Першым шырока сігаў Карбановіч, а за ім ледзьве паспявала Іра, прытрымліваючыся за парэнчы, каб не спатыкнуцца.

— Пагасцявалі,— бубніў ён сам сабе пад нос.— Запрасіў, называецца. А мы з табой як тыя дзеці. Гальштучкі, прычосачкі...

— Лепей я бялізку зняла б ды папрасавала,— вінавацілася перад ім яна.— А то ўсё кінула-рынула. І так не хацелася ісці, як прадчувала.

Раптам ён спыніўся, глянуў на яе спачувальна.

— Ну, нічога. Ты грошы прыхапіла?.. Вось зойдзем ва універмаг. Там жаночыя халаты прадаюць.

— Ой, што ты, Віця?.. У мяне і той нядрэнны. Лепей сыну пашлём трохі грошай.

— Пацерпіць,— запярэчыў Карбановіч.— Прывыклі, каб ім кожны месяц таго... Нам у свой час ніхто не памагаў, а жывём... Пойдзем ва універмаг. Ты дойдзеш на гэтых сваіх?

— А чаму ж не...— і, каб даказаць мужу, што яна зусім не развучылася хадзіць на абцасах, першай застукацела па лесвіцы.

Выйшаўшы з пад’езда, яны нос у нос сутыкнуліся з Лазоўскім. Ён ішоў з двума бухматымі папяровымі пакункамі ў руках. Твар яго, круглы і прыкметна рыхлаваты, ці, можа, ад натугі — пакункі, відаць, былі нялёгкія,— ці, можа, ад хвалявання, аж наліўся чырванню.

— Ой, прабачце, даражэнькія мае, што спазніўся.— Ён спыніўся, узяў пакункі ў адну руку, павітаўся.— Гэта ж успомніў, што дома халадзільнік парожні, дык заехаў у адно месца, а там пакуль адпусцілі... Якія вы сёння прыгожыя!.. А табе, даражэнькая,— ён змераў дапытліва постаць Іры,— вымова! Строгая вымова. Хіба можна быць такой прыгожай? Гэта ж уявіць цяжка, колькі нашага брата хварэе на бяссонніцу. А я думаю, чаго гэта планы нашы там-сям не выконваюцца,— і рассмяяўся. Але ўбачыўшы, што яго смех не падтрымалі, сказаў: — Ну пайшлі, пайшлі...

— Давай памагу,— і Карбановіч узяў большы пакунак.

Лазоўскі праводзіў гасцей праз прасторную прыхожую, засланую мяккім дываном, у прыцемненую вялікую залу, усадзіў у глыбокія крэслы,— не сядзіш, а як ляжыш,— што стаялі па баках нізкага століка, заваленага газетамі і часопісамі.

— Вы тут адпачывайце, а я хуценька,— і сам выйшаў.

На вялікім, ледзь не на ўсю сцяну акне віселі цяжкія цёмныя шторы. Ад іх у пакоі і трымаліся прыцемкі. Ды і мэбля стаяла цёмная, без бляску. Праз жаўтаватае шкло ў паліцах прасвечвалі пераплёты падпісных выданняў. Таямніча паблісквалі латунныя ручкі, палоскі, якімі была аздоблена мэбля. Шпалеры былі цёмна-вішнёвыя, з нейкім ледзь бачным мудрагелістым малюнкам. На падлозе ляжаў цёмна-зялёны дыван. Са столі звісала зіхатлівая, відаць, з крышталю, люстра. Там было столькі розных вісюлек, што не відаць было і лямпачак.

Ад усяе гэтае абстаноўкі змрок у пакоі здаваўся яшчэ шчыльнейшым.

Зайшоў Лазоўскі. Цяпер ужо без пінжака, у доўгім пярэдніку, які даставаў ледзь не да падлогі. У жончыным, якая, відаць, была вышэй за яго. Ён абхапіў з бакоў стол, што стаяў ля самай сцяны, і нечакана вельмі лёгка перанёс на сярэдзіну пакоя.

— Можа, памагчы? — падхапілася Іра.

— Не, не,— запратэставаў Лазоўскі.— Вы мае госці, і ваша справа сядзець і чакаць. Калі сумна, то паглядзіце во газеты ці альбомы з цікавымі рэпрадукцыямі. Там на паліцах. Адным словам, адчувайце сябе як дома.— Ён абоім прыязна ўсміхнуўся, затрымаўшы свой позірк на Іры.

— Ды тут усё такое, што і паварушыцца страшна,— сказаў Карбановіч.

— Звычайнае,— цялёпнуў плячыма Лазоўскі.

— Цікава, колькі ў яго пакояў? — прашаптала Іра.

— А ты палічы... У нас на пляцоўцы чатыры кватэры, а тут дзве. Значыцца, кватэры ўдвая большыя. Відаць, чатыры пакоі,— і, убачыўшы, што Іра з захапленнем і з нехаванай зайздрасцю аглядае пакой, мэблю, дадаў: — Ёсць яшчэ і большыя. Я хадзіў да аднаго гісторыка. Сем пакояў. Бібліятэка — асобны пакой. Такі, як гэтая зала. О то кватэра!.. Можа, такія вучоным і трэба, а нам з табой...

Вярнуўся з падносам у руках Лазоўскі, расставіў на стале талеркі.

Ён яшчэ некалькі разоў бегаў на кухню і вяртаўся з якой-небудзь закуссю.

— Прашу, сябры. Вы ўжо прабачце, што так, па-халасцяцку...— акінуў ён поглядам стол і яўна быў задаволены ім.

— А ваша жонка на рабоце? — спытала Іра.— Дык, можа, пачакаем?

— Канечне, канечне,— падтрымаў яе і Карбановіч.— Я ж ніколі не бачыў тваю палавіну.

— Яе сёння ўжо не будзе,— паглядзеў на гадзіннік Лазоўскі.— Відаць, на дачу паехала. Мы цяпер на дачы ў асноўным... Ну, аднакласнікі мае, аднакласніцы! Колькі год мы не бачыліся? Болей за дваццаць. Ого! Трэба ж, так хутка ляціць час... Ну, сябры мае, за сустрэчу.

— За сустрэчу, Санча Панса! — усміхнуўся Карбановіч.

Лазоўскі, здавалася, і не пачуў яго, ён у гэты час сачыў, як адолее сваю чарачку Іра, потым яшчэ раз кінуў ёй, маўляў, за ваша здароўечка, выпіў, пацягнуўся па бутэрброд.— Вы ж смялей, сябры, смялей! Што вы седзіцё, як на дыпламатычным прыёме? Віктар? Ірачка? Не пазнаю вас, не пазнаю. Вы ж заўсёды былі такія смелыя... Гэта я ў маладосці быў занадта рахманы. З-за свае рахманасці нямала і страціў. Вельмі багата. Шкадую да гэтага часу. Асабліва шкадую сёння,— і ён зноў даволі выразна паглядзеў на Іру. Тая ледзь прыкметна пачырванела, нагнулася над талеркай. А Лазоўскі ўжо звяртаўся да Карбановіча: — Ну, а дома вы даўно былі?.. Вы заўважылі, я сказаў дома? Даўно пакінулі мы бацькоўскія хаты, а ўсё яшчэ, калі едзем туды, то едзем дамоў. У сваё дзяцінства, юнацтва... На вялікі жаль, я даўно не быў дома. А вы?

— Мы таксама,— сказаў Карбановіч.— Калі маці жыла, яшчэ ездзілі. А цяпер нікога не засталося. Ні ў мяне, ні ў Іры.

— А дзе вы цяпер? — стараўся не выпускаць ініцыятыву ў гаворцы Лазоўскі.

— А ўсё там жа. На заводзе. І яна ў заводскім садзіку выхавацелькай. За гэты час праз яе рукі, можа, паўзавода прайшло,— не без гонару за жонку сказаў Карбановіч.

— А хто з нашых яшчэ тут? — дапытваўся гаспадар.

— А сыны Краўцова. Памятаеш, іх бацька ў сельсавеце рабіў. У іх яшчэ была аўчарка Барс. Старэйшы, Сяргей,— прафесар. Малодшы, Ігар, што ажаніўся з Тамараю, якая жыла на пасёлачку ля станцыі, таксама ў навуцы робяць. На заводзе нашым неяк Сяргей лекцыю чытаў пра беларускіх пісьменнікаў. Пазнаў мяне. Пасля падышоў. Запрашаў да сябе. Ды часу не знайшлося...

— Ды што пра іх? — перапыніла мужа Іра.— З імі ж вы не сябравалі. Вы сябры, і то не сустрэліся ні разу. І ў адным горадзе...

— Я тут нядаўна. Можа, гады два якіх,— адказаў Лазоўскі Іры. Ён гаварыў ёй так, нібы за сталом не было Карбановіча.— Працаваў на Палессі, на раёне, затым у вобласці, завочна вучыўся ў інстытуце. Скончыў. А потым сюды перабраўся. Ведаеце, работы столькі, што няма калі і па горадзе прагуляцца. Вось і не сустрэліся. Калі б яшчэ ведаў, што вы на заводзе... Я думаў, што вас там даўно няма. Многія з нас пачыналі на заводах... Ты ж, Віктар, марыў стаць, здаецца, гісторыкам?

— Ды любіў гісторыю,— прызнаўся Карбановіч, працягваючы відэлец па кавалачак балыка.— І цяпер люблю. Чытаю ўсё, што трапіцца. Асабліва ўспаміны і гістарычныя раманы...

— Ён памяшаўся на гэтых кніжках,— сказала з дакорам Іра. Яна, відаць, не вельмі ўхваляла яго захапленне.— Карысці ніякай, адны расходы.

— Ды і з кнігамі цяпер цяжка,— заўважыў Лазоўскі.

— Цяжка. Але для мяне ніякіх праблем не існуе.— Карбановіч адкінуўся на спінку крэсла. Спінка для яго, высокага, была караткаватай, сядзець было няёмка, і ён, адсунуўшы ад сябе далей парожнюю талерку, аблакаціўся на стол.— Канечне, у магазіне цяпер кніжку добрую не схопіш. А на талкучцы...

— Па пяцьдзесят рублёў аддае за кніжку,— паскардзілася Іра.

— Ну і што? — спытаўся Карбановіч у жонкі так, нібы працягваў з ёй няскончаную спрэчку.— На сямейны ж бюджэт ніякага ўплыву. Аднойчы ўзяў пару соцень, і ўсё,— і ўжо далей расказваў Лазоўскаму: — Я што раблю? Куплю кнігі, прачытваю, і ў наступную суботу прадаю па той жа цане. Бывае, што і болей дадуць. Усяляк бывае. Так і чытаю я ўсё самае, самае... Неяк зайшоў да аднаго гісторыка, вучонага. Пазнаёміліся ў кнігарні. Ён паабяцаў мне тое-сёе даць пачытаць. У яго бібліятэка вялікая, усе пакоі застаўлены кнігамі. Дык, прызнацца, мала чаго я знайшоў у яго такога, чаго не чытаў.— І спытаў у гаспадара: — А ты якія кнігі збіраеш?

— Ды ў мяне і часу не вельмі, гэта болей жонка,— няпэўна адказаў Лазоўскі і, відаць, каб перамяніць гаворку, спытаў: — Ну а хата якая ў вас?

— Нармальная,— пахваліўся Карбановіч.

— У старым доме,— удакладніла Іра.— Як атрымалі яшчэ некалі, так і жывём. Людзі, гляджу, дык не па аднаму разу памянялі, а мы...— І зноў упікнула мужа.— Вось хутка, кажуць, будзе капітальны рамонт. Тады пабачыш... Нармальная.

— Можа, памагчы вам? Ну, з хатай,— і Лазоўскі перавёў свой позірк з Іры на Карбановіча.— А што?

— Дзякуем,— усміхнуўся Карбановіч.— Мы тут прывыклі, так што...

— Ну, можа, мэблю? Ці машына трэба? — гаварыў Лазоўскі, насцярожаны адказам.

— Ой, з гэтай жа машынай смех адзін! — Іра глянула на мужа дапытліва і працягвала: — Я кажу яму: давай на машыну грошы збіраць. Дзеці параслі, жывуць самастойна... Будзем, кажу, да іх у госці ездзіць. Пагадзіўся. Ну і пачалі збіраць. А ў нас на заводзе такім, як ён, машыны без чаргі даюць. Ну і сабралі амаль. Я кажу яму: схадзі ў заўком, пацікаўся там. Пайшоў. Вяртаецца дамоў, дай, кажа, ашчадную кніжку. Машына? Ыгі. І пабег. І прыносіць дзве пуцёўкі. Падарожжа па краінах Усходу, Ледзь не ўсе грошы за іх упёк.

— Затое свету пабачылі,— адказаў Карбановіч.— Былі ў Японіі, В’етнаме, Інданезіі, Індыі, Цэйлоне, ды ўсіх і не пералічыць краін, дзе мы былі...

— Ой,— аж пляснула рукамі Іра.— Гэта ж як што, дык і пайшоў хваліцца.

— А цяпер,— расказваў Карбановіч,— хочам Афрыку пабачыць. Пабыць на Байкале. І абавязкова — на Камчатцы.

— Разгарэліся апетыты пад старасць,— засмяялася Іра. І не было зразумела, яна ўхваляла мужа ці асуджала.

— Чаму пад старасць? Пра гэта мы марылі даўно. Хіба не так, Дзіма? — звярнуўся ён да гаспадара.

— Пазнаю, пазнаю...— сказаў паблажліва Лазоўскі.— Якім ты быў, такім застаўся...

— А гэта добра ці дрэнна? — насцярожыўся Карбановіч.

— Як сказаць,— цялёпнуў плячыма Лазоўскі.— Час мяняецца, мяняюцца людзі...

— Сапраўды, якім быў, такім і застаўся,— абрадавалася Іра падтрымцы.— А то пачынаеш яму часам гаварыць, як цяпер жывуць людзі, слухаць не хоча.

Карбановіч глянуў на жонку, але нічога не сказаў ёй, толькі сам сабе раптам падумаў, чаму гэта яна, яго Іра, якая ў юнацтве, ды і ў частых успамінах пра маладыя гады заўсёды з адкрытай іранічнасцю гаварыла пра Лазоўскага, любіла нават пасмяяцца з яго, цяпер ледзь не глядзіць яму ў рот, ловіць кожнае слова. Ці не таму, што гэты Санча Панса раптам стаў нейкім начальнікам? Дык не можа ж быць... Відаць, проста выпіла крыху жанчына, ну і разгаварылася.

— Канечне, бывае, што і паспрачаемся,— пачаў памяркоўна Карбановіч.— З-за якіх дробязей. Наслухаецца абы-чаго, прыходзіць дамоў і пачынае. У таго дача, у таго дываны японскія, у таго тое... Растлумачыш ёй сэнс жыцця, і зноў у нас поўная згода. Ну, сапраўды, навошта сваё жыццё ўсялякай непатрэбшчынай засмечваць? Вось гэтага ніяк не магу зразумець. Ёсць неабходнае, і дастаткова.

— Ну, цяпер паехаў,— хіхікнула Іра.

— Вось у нас з Ірай,— ён нібы і не пачуў гэты смяшок.— Кватэра — два пакоі. На дваіх. Усё неабходнае ёсць. Усё прывычнае. Я прыходжу дамоў, дык адчуваю, што прыходжу дамоў. Тут мінулае мае сям’і і цяперашняе. Не люблю, каб з-за моды ўсю абстаноўку мяняць. Кожны прадмет у кватэры не проста мэбля. З кожным нешта звязана. У мяне, напрыклад, стол стары. Круглы, на тоўстых дубовых ножках. Не модны. Ужо даўно такіх не робяць. Але ён мне дарагі. За ім я сваіх дзетак кашкай карміў, а потым на ім яны вучыліся пісаць, вучылі ўрокі. Канапа старая. І яна можа расказаць пра многае... Дык навошта я буду гэта мяняць? Паставіш новае, і тады ты не дома ўжо, а ў гасцініцы. А я хачу жыць дома... І з-за кніг яшчэ часта спрачаемся. Я супраць, каб назапашвалі іх. Праўда, трохі ёсць. Ну, гэта, як кажуць, самыя, самыя... Іх дарылі дзецям за выдатную вучобу, дарылі мне... Кнігі існуюць для таго, каб іх чытаць. Я і чытаю. А лішняга мне не трэба. І машыны не трэба, і дачы... Хіба калі на пенсію пайду... Мы ж вольныя людзі. Адпачынак, напрыклад. Куды захацелі, туды і паехалі. Параходам, самалётам, хоць на аленях. Нас нішто не трымае. А што не так? Ну, хіба вялікая радасць выкленчваць у нейкага спекулянта якую-небудзь гайку для машыны? Бегаць усю ноч да акна і паглядваць, ці не здымаюць з твае машыны колы? Адзін мой знаёмы купіў «Ладу». Грошы вялікія ўпёк, а гаража няма. Паставіў пад акном. Не спаў начамі, усё бегаў да акна. І дабегаўся, пакуль інфаркт не схапіў. У нас на заводзе два прафілакторыі. Адзін за горадам, другі на Чорным моры. Едзь, любуйся прыродай... Дык я і кажу, навошта мне абрастаць уласнасцю, мне, рабочаму чалавеку?

— Ой,— уздыхнула Іра.

— Я табе, Дзіма, так скажу,— не звяртаў увагі на жонку Карбановіч.— Хто я такі? Ведаеш, колькі пры мне змянілася дырэктараў завода? А я раблю. Самыя адказныя заказы мне нясуць. Што такое завод? Гэта мы. Такія, як я. На нас яго марка трымаецца. Так што мне на свой лёс нечага наракаць. І для любімай гісторыі ў мяне часу хапае. Два выхадных...

— Ой, адкуль жа два? — зноў запярэчыла Іра.— Адзін дзень з кніжкамі...

— Які дзень? — не пагадзіўся Карбановіч.— Якіх пару гадзін. Не болей. А вечары?

— А начамі хто сядзіць? — зноў перабіла яго жонка.

— Бывае і такое,— не пярэчыў ён,— іншы раз стукне што ў галаву, вось і прасядзіш ноч. І не адну. Без рацыяналізацыі таксама нельга. Ды я не пра гэта. Я наогул. Я хачу сказаць, што мы не маем права губіць сваё жыццё сярод усялякага хламу. Драўляны ён, ці жалезны, ці ў залатых пераплётах. Кнігі, калі іх не чытаюць, таксама — хлам. Жыццё наша, сябры, вельмі кароткае, калі яго разменьваць на ўсялякую пацяруху, і вельмі доўгае, калі жыць не для сябе. Гэта я кажу! Пачытайце гістарычныя кнігі. Як жылі сапраўдныя людзі, дзеля чаго. Яны і сёння з намі... Хіба не так, Дзіма? Ці ты не згодзен са мной?.. Які бог у тваёй душы жыве? Той, якому маліліся ў юнацтве, ці...

— Віктар? — тузанула мужа за руку Іра.

— Канечне, у кожнага чалавека свае патрэбнасці,— не спыняўся Карбановіч.— Але пагляджу, дык у цябе тое-сёе і лішняе. Хаця пры чым тут мы з табой? Усё ідзе вось ад іх, нашых дарагіх палавін. Так што, дарагі мой Санча Панса, да цябе ў мяне ніякіх прэтэнзій. Да цябе толькі адна прэтэнзія. Вельмі ты любіш слухаць балбатню ўсялякую, а пра каньяк забываеш. А я даўно хачу выпіць за сваю палавіну,— ён паклаў сваю ацяжэлую руку ёй на плечы,— за тое, што яна ёсць, што яна пільна сочыць, каб я раптам не заехаў не ў тыя вароты.

— Канечне, канечне. Я якраз і хацеў прапанаваць тост за Ірачку, ды ты мяне, як заўсёды, абагнаў...— Лазоўскі ледзь прыкметна ўсміхнуўся аднымі вачыма.— Канечне, Ірачка, муж у цябе гістарычны. Ты з ім асабліва не спрачайся. Правільны ён чалавек. І жыве правільна. Але... Калі раптам што спатрэбіцца, ну, купіць што, звані мне. Рад буду памагчы. Сур’ёзна. Я словы на вецер не кідаў і не кідаю. ...А ты, Віктар, не занадта ўжо да яе. Хай нашы дарагія палавіны, як ты кажаш, часам тое-сёе і дазволяць сабе... А такім, як Ірачка, усё можна. Калі бачыш такую прыгажосць, разумееш, што жыццё на зямлі недарэмна прыдумана. За цябе, Ірачка! — у яго аж вочы ўзмакрэлі ад усхваляванасці.

— Дзякую, Дзіма,— сказала ціха Іра.

Карбановіч выпіў усё да дна, а потым утаропіўся ў сваю телерку, закусваў, задумліва маўчаў. Маўчаў і Лазоўскі. Іра ж, прыгубіўшы чарачку, сядзела, нібы не ведала, што рабіць, усхваляваная, разгубленая.

Закусіўшы, Карбановіч паклаў відэлец, выцер насоўкаю губы, сказаў Лазоўскаму:

— Ты, Дзіма, даруй, што я разгаварыўся... Да слова прыйшлося. Што ж рабіць, калі яно, як кажуць, баліць... Ты памятаеш, пра што мы марылі?.. Іншы раз сядзіш вось за такім сталом, успомніш, як цяжка яшчэ жывуць людзі на зямлі, што недзе ёсць галодныя, верыш, кусок з рук валіцца...

— Ой, Віктар, зноў,— уздыхнула з нейкім адчаем жонка.

— Ты прабач нас, Ірачка,— падняўся з-за стала Лазоўскі,— што мы такія вялікія палітыкі. Захапіліся глабальнымі праблемамі, а пра жывога чалавека забыліся. А гэты жывы і прыгожы чалавек даўно танцаваць хоча.

Лазоўскі прынёс магнітафон, паставіў яго на газетны столік, уключыў. Палілася нягучная павольная музыка. Падышоў да Іры, кіўком запрасіў на танец. І калі яна ступіла да яго крок, ён хуткім рухам рукі чэпка абхапіў яе за талію, блізка нахіліўся ледзь не паклаўшы ёй на плячо сваю галаву. Танцавалі так ціха і павольна, нібы стаялі на месцы. Лазоўскі нашэптваў ёй нешта на вуха, а Іра толькі разгублена ўсміхалася.

Карбановіч спачатку абыякава глядзеў на гэты танец, думаючы, што ён хутка скончыцца. Але ў магнітафоне, відаць, была занадта доўгая плёнка. Ён не вытрымаў, падняўся, абураны ў душы: «Думае, у сваёй хаце, дык мае права так бессаромна прыціскацца да чужой жонкі»,— глянуў на гадзіннік і заклапочана сказаў:

— Ты прабач, Дзіма. Нам пара. Мы на заводзе выконваем вельмі адказны заказ, і мне трэба выспацца.

— Ой, мне ж таксама пара,— вызвалілася з абдымкаў свайго кавалера Іра.

— Пагуляйце яшчэ, я машыну выклічу,— не хацеў Лазоўскі адпускаць гасцей.

— Не трэба, нам недалёка,— адмовіўся Карбановіч.— А ў гэту нядзелю мы чакаем вас да сябе. Толькі з жонкаю...

— Дзякую, дзякую,— праводзіў ён гасцей да ліфта.— Мне было вельмі прыемна сустрэцца з вамі.

Падняўся халаднаваты вецер, і Карбановіч усяляк стараўся захіліць сабою ад яго жонку. А Іра нібы і не заўважала яго старанняў, ішла моўчкі, схіліўшы ў задуменні галаву, а потым раптам спынілася, глянула на мужа і залівіста рассмяялася. Карбановіч, нічога не разумеючы, пачаў і сам падхіхікваць ёй.

— Ты нічога не заўважыў? — нарэшце спытала яна.

— А што?

— Ён сядзіць такі важны, надзьмуты, а ты яму: «Мой Санча Панса». Ён ледзь чарку з рук не выпусціў,— і зноў залілася смехам.

— А я знарок,— неяк расчаравана сказаў ён, бо чакаў пачуць нешта больш смешнае.— Бачу, сядзіць такі, што і не падступіцца, дык я і напомніў яму, хто ён такі, а ён... Дурань. Хіба можна саромецца свайго юнацтва? Хай бы мяне называў Дон-Кіхотам. Не захацеў. А пра Цэйлон наогул не ўспомніў. Гэта ж з ім мы яшчэ ў школе дамовіліся, як вырасцем ды будзем пры грашах, абавязкова зробім падарожжа на Цэйлон. Была такая юначая мара. Забыўся. Нават і не абазваўся. Маўляў, не ведаў, дзе мы. Захацеў, знайшоў бы. Гэта яго нялёгка было знайсці, лётаў з раёна ў раён. І як ён толькі апынуўся тут?

— Такі вылезе,— сказала загадкава Іра.

— Быў жа сціплы, рахманы хлопчык...

— Ведаеш ты яго...

І, пачуўшы ў голасе Іры нібы асуджэнне Лазоўскага, ён заступіўся за яго:

— Які б ён ні быў, ён друг юнацтва. І гэтым дарагі.

— Дарагі ж,— хмыкнула Іра, але нічога не сказала, падхапіла мужа пад руку.— Ой, пайшлі хутчэй, а то мне холадна.

Іра добра-такі стамілася на сваіх высокіх абцасах, бо, як толькі прыйшлі дамоў, скінула туфлі, не пераадзяваючыся, села ў зале на канапу, ногі паклала на крэсла і акінула пакой такім позіркам, быццам убачыла яго ўпершыню. Карбановіч, які падсеў да яе, заўважыў гэты позірк і, каб зразумець, што ж магло ёй тут раптам кінуцца ў вочы, сам, як і яна, акінуў вачамі залу.

Пакой са старадаўнім буфетам акруглых формаў, які яны купілі яшчэ на пачатку свайго сумеснага жыцця, невялічкая, у дзве полачкі, падвешаная да сцяны кніжная паліца, з паўсотняй самых рознакаліберных з пацёртымі пераплётамі кніг, пасля кватэры Лазоўскага здаўся занадта ўжо сціплым. Карбановіч разумеў, што якраз такое ўражанне засталося і ў Іры, і каб як перавесці яе думкі на іншае, з усмешкаю спытаў:

— А чым мы будзем частаваць нашага Санча Панса? Такой закусі, як у яго, мы нідзе не купім. А можа, па-вясковаму? Натушым бульбы з мясам, наробім галубцоў?

— А навошта ж запрашаў?

— Як навошта? Мы ж у яго гасцявалі. У такіх выпадках ветлівыя людзі заўсёды запрашаюць да сябе... А потым, што ні кажы, а друг...

— Няўжо ўпэўнены, што ён твой друг? Не падазравала, што ты ў мяне такі наіўны. Ці, можа, не разбіраешся ў людзях.

— Ва ўсялякім выпадку былы, калі не цяперашні...

— Ні былы, ні цяперашні,— глянула Іра на мужа і, сустрэўшы недаўменне на яго твары, сказала: — А ты ведаеш, што ён у школе ўпотайкі ад цябе пісаў мне пісьмы, кляўся ў каханні? І потым, калі ты быў у арміі, некалькі разоў прыязджаў у Мінск, угаворваў кінуць цябе і ехаць з ім. А ведаеш, што ён гаварыў? Што ты так і застанешся на заводзе, што ў цябе няма практычнасці, што ты занадта рамантык. Абяцаў залатыя горы. Ты чуў, як ён сказаў сёння, што словы на вецер не кідае. Гэта для мяне было сказана. Каб я ўспомніла яго даўнюю гаворку. Ён і запрасіў нас з табой, каб паказаць мне, кім ён стаў... Яго аж распірала ад злараднасці. Няўжо не заўважыў?

Гэта было нечаканасцю для Карбановіча. Але яго не так усхвалявала тое, што яна сказала, як тое, што яна гаварыла гэта з нехаванай раздражненасцю і нібы насміхаючыся з яго, Карбановіча. Ён разгублена глянуў на яе:

— Можа, шкадуеш, што не кінула мяне?

Іра нічога не сказала, нават не глянула на яго, паднялася і выйшла. Хутка ў спальні зарыпелі спружыны старога матраца.

Карбановіч нават не зварухнуўся.

Яшчэ доўга сядзеў задумаўшыся...

 


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Гаўрылкін Л. Ружы для каварнай жанчыны: Аповесць, апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1990. – 380 с.
Крыніца: скан