epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

Катэдж з цёмнымі вокнамі

 

Раманчук згроб лісткі з тэкстам свайго выступлення і, нібы саромеючыся рэдзенькіх апладысментаў, пайшоў з-за трыбуны.

— Пачакайце, Павел Васільевіч,— спыніў яго Ігар Канстанцінавіч, які вёў нараду.— Вось вы пра ўсё расказалі, раскрытыкавалі ўсіх, а ні слова пра надоі... Ці, можа, я праслухаў?

— Нечым хваліцца, Ігар Канстанцінавіч,— азірнуўся Раманчук на шматлюдны прэзідыум, спыніўшыся.— Але мы не спім ў шапку. Думаем, шукаем, плануем, адным словам, прымаем рашучыя меры. Праз год выйдзем на ўзровень лепшых паказчыкаў у вобласці.

У зале заварушыліся, быццам усе раптоўна прачнуліся. Нехта выразна хмыкнуў.

— Што ж, таварышы,— здавалася, Ігар Канстанцінавіч не заўважыў гэтых праяў недаверу да прамоўцы,— запомнім яго абяцанні. Праз год папросім падзяліцца вопытам.

Раманчук вярнуўся на сваё месца, аслабаніў крыху сіні, чырвонымі кубікамі гальштук, ямчэй выцягнуў ногі ў чорных бліскучых па-летняму лёгкіх чаравіках, адкінуўшы галаву на спінку крэсла, прыжмурыў вочы. Яму даўно абрыдлі гэтыя нарады, на якіх у большасці гучалі, як кажуць, для галачкі інфармацыйныя выступленні, і рэдка хто вылазіў на трыбуну з набалелым.

Задрамаць яму не даў малады звонкі голас. Выступала жанчына з прыгожым усмешлівым тварам, пабліскваючы на высокіх грудзях ордэнамі і медалямі.

— Хто такая? — нахіліўся Раманчук да суседа.

— Даярка,— адказаў сусед і дадаў скептычна: — Выскачка нейкая.

— Кажуць, малако ў каровы на языку,— гаварыла тым часам жанчына.— Толькі не ў нашых кароў. Нашым хоць манную кашу тапчы ў рот, болей не даб’ешся. Усё. Кропка... Тут перада мной таварыш заявіў, што за год нагоніць абласныя паказчыкі. Гэта несур’ёзна, таварышы. Так можа гаварыць толькі які хвалько. Я ведаю, як даюцца гэтыя літры. Трэба рашуча паляпшаць статак. За адзін год яго не палепшыш. Я як і помню, нашаму калгасу не далі ніводнай пародзістай цялушкі. А ў газетах пішуць, што недзе іх выводзяць. Праўда, нашым кароўкам прывозяць гэтае самае ў прабірках, кажуць, ад вельмі пародзістых быкоў. Ды, відаць, па дарозе ўся тая пародзістасць выветрываецца. Бо пакуль што ніякага толку. Яго і не будзе. Самі падумайце. За апошнія два гады ў нас змянілася пяць лінейных селекцыянераў. Мясцовыя не хочуць вучыцца гэтай прафесіі, бачыце, ім сорамна, а тыя, што прыязджаюць, доўга не затрымліваюцца. Няма жылля. З-за гэтых селекцыянераў у нас не толькі запушчана племянная работа, а ледзь не трэць статка заўсёды ў ялаўках ходзіць. Я неяк на раённай нарадзе гаварыла, калі няможна наш калгас забяспечыць добрымі селекцыянерамі, то дазвольце трымаць пару добрых быкоў. Ім кватэры не трэба,— пад шквальныя апладысменты закончыла жанчына.

Высокая, стройная, дужая целам, яна спакойна і ўпэўнена прайшлася па праходзе паўз сцяну і ўселася крыху наперадзе. Цяпер была відаць толькі русявая стаўбунатая прычоска з чырвоненькай заколкай на патыліцы. Раманчук да самага канца нарады сачыў за гэтай заколкай. Калі ж пасяджэнне было закрыта, ён першы юркнуў у дзверы, узяў у гардэробе сваю сінюю куртку на падкладцы са штучнай футры і, адышоўшыся ўбок, апрануўся, нахлабучыў берэцік, на хаду зыркнуў на сябе ў шырокае люстэрка на сцяне ля дзвярэй, убачыў свой пашызэлы ад адросшага за дзень шчэцця круглы твар з задзірыстым курносым носам, выйшаў з памяшкання, спыніўся паблізу, пільна сачыў за выхадам. Вось паказалася і яна. У крэмавым з белым каўнерыкам паліто, у лёгкай блакітнай хусцінцы, якая, як туманец, ахутвала натапыраную прычоску. Спынілася, некага пашукала вачыма, потым перасекла наўспрамкі плошчу і скіравала на праспект. Раманчук назіркам пасунуўся за ёй. Калі ж яна мінула доўгую чаргу легкавушак, што ціснуліся да тратуара, не збочыла ні ў адзін магазін, хоць паспела мінуць іх некалькі, ён паскорыў крок і ўжо ля гасцініцы дагнаў яе.

— Я іду, іду за вамі, а вы ад мяне,— параўняўся Раманчук з ёй.— Я падумаў, ці не баіцёся мяне? Абазвалі перад усімі хвальком, цяпер, думаеце, буду помсціць...

— Ой, я і забылася ўжо,— зыркнула на яго шэрымі вясёлымі вачыма.

— Сёння дамоў? — пацікавіўся ён.

— Хацела, ды нашы застаюцца на заўтра.

— І правільна робяць. Нечага супроць начы ехаць. Я таксама вырашыў пераначаваць, а ранкам ехаць. Цяпер вось іду і думаю, што рабіць цэлы вечар. У горадзе сваіх нікога... Слухайце, як вас велічаць?.. Мяне — Павел Васільевіч... Ганна Андрэеўна?.. Дык, можа, Ганна Андрэеўна, зойдзем у рэстаран, пасядзім, паспрачаемся пра надоі? Ці вы куды ўжо запрошаны?

— Каму мы тут трэба? Хіба не ведаеце, як з нашым братам? Запросяць, выцягнуць на трыбуну, паслухаюць, папляскаюць і... забудуць. Так што дзякую, Павел Васільевіч, за запрашэнне. Толькі пачакайце, пераадзенуся, а то з гэтымі медалямі ў рэстаран...

— Нічога, хай ведаюць нашых.

— Тады хоць паліто пакіну ў нумары.

— Чакайце, я за вамі зайду,— а сам кінуўся ў цырульню, якая была тут жа ў гасцініцы.

Ганна Андрэеўна спынілася ў дзвярах, агледзелася і была памкнулася да століка ў зацемненым кутку, адразу ля ўвахода злева, але Раманчук, абшчаперыўшы сваімі ўчэпістымі пальцамі яе за локаць, правёў жанчыну ледзь не праз усю залу, нетаропка, спаважна, каб іх, значыцца, паспелі ўсе заўважыць, і ўсадзіў за столік пад самым носам у аркестрантаў. Іх сапраўды адразу ж заўважылі. Не паспелі яны і ўсесціся, як ля іх стала адразу ж вырасла рухавая маладзенькая афіцыянтачка і застыла з блакноцікам у руках...

— Што вы нам прапануеце? — спытаў у яе Раманчук, пашарыўшы вачыма ў меню і не знайшоўшы там нічога прываблівага.— Такое, што толькі ў вас ёсць, і нідзе болей.

— Вазьміце смажаніну ў гаршчочках. Наша фірменнае.

— Можа, і сапраўды? — глянуў ён на Ганну Андрэеўну.— Паглядзім, што яны ўмеюць рабіць з таго мяса, якое мы з вамі вагонамі адпраўляем у гарады. Вы не супроць? Што ж, нясіце, дзяўчынка, ваша фірменнае.

Ганна Андрэеўна, відавочна, няёмка адчувала сябе ў гэтай вялізнай, ярка асветленай зале сярод незнаёмых людзей, якія, як ёй здавалася, залішне часта зыркаюць на яе. Яна ўжо шкадавала, што паслухалася Раманчука, не пакінула ў нумары свае ўзнагароды. Каб іх хоць крыху схаваць, яна паставіла локці на стол, загарадзіўшы свае грудзі рукамі, падпёршы далонямі шчокі, якія аж смылелі ў яе пад пальцамі. Заўважыўшы яе стан, Раманчук, каб вывесці жанчыну з гэтага знямення, спытаў пра звычнае ёй:

— Дык, кажаце, у вас дрэнна з жыллём?

— Чаму ж дрэнна? У кожнага свая хата. Усё начальства мясцовае. Брыгадзіры, загадчыкі ўсялякія, старшыня. Пяцісценкі ў іх, дай бог... А спецыялістам, што прыязджаюць, няма дзе жыць. Для іх нічога не будуюць.

— А ў вас? Асабіста?

— Я ў матчынай хаце жыву. Праўда, хата малая, старэнькая, яшчэ адразу пасля вайны ставілі, але нам з сынамі хапае. З дрывамі, праўда, цяжкавата, але нічога.

— Паглядзелі б вы, як жывуць мае спецыялісты, даяркі. У катэджах!.. Па некалькі пакояў, вада з крана, цэнтральнае ацяпленне. А што? Гэта ж ідэя. Можа, сапраўды пагледзіцё? — ён уставіўся на жанчыну такімі нечакана здзіўленымі вачыма, нібы сапраўды гэтая ідэя раптоўна стукнула яму ў галаву, уразіўшы яго сваёй нечаканасцю.— А што? Заўтра ранкам і паедзем.

— Ой, што вы! Я і цяпер як не свая. З галавы дзеці не выходзяць. Адных пакінула.

— А муж?

— Быў ды сплыў,— і памаўчаўшы, растлумачыла: — Прагнала. Піў, біўся. Навошта, каб дзеці бачылі такое, пераймалі?

— Паглядзелі б нашу ферму,— Раманчук зрабіў выгляд, што яго менш за ўсё цікавіць яе асабістае жыццё.— Правялі б з нашымі маладымі даяркамі ўрок майстэрства. Нам карысць, пра вас у газеце напішуць. Слава...

— Ой, мне гэтая слава і так поперак горла, жыцця з-за яе няма,— а потым паскардзілася: — Усім жа здаецца, што медалі даюць за прыгожыя вочы. А таго не бачаць, што на ферму раней усіх, і дамоў пазней усіх. А як недасыпала, калі вучылася завочна ў тэхнікуме. У гэтым жыцці задарам нічога не даецца.

— А я ўжо падумаў, што заўтра раніцай і паедзем разам,— неяк нечакана сумна сказаў Раманчук, потым замаўчаў, трывожна прыслухоўваючыся да нечага ў сабе, таропка дастаў з кішэні скуранога пінжака шкляную прабірачку, высыпаў з яе на далоню некалькі таблетак, глынуў іх, запіўшы мінералкай, якую якраз паставіла на стол афіцыянтка.

Раманчук даўно заўважыў, што людзі, якія раптам пачынаюць глытаць таблеткі, выклікаюць заўсёды спачуванне. Нават строгі начальнік, які толькі што бязлітасна дакараў у нечым падначаленага, раптам мітусліва падае яму шклянку вады, калі той дастае прабірачку з таблеткамі. Нікому не хочацца, каб у ягоным кабінеце нехта схапіў інфаркт.

Завёў сабе шкляную прабірачку і Раманчук, насыпаўшы ў яе бясшкодных вітамінных таблетак.

І кожны раз, калі яму трэба было схіліць каго на свой бок, ён даставаў прабірачку. Дзякуючы ім, таблеткам, ён выбіваў звышпланавую цэглу, цэмент, запчасткі, камбікармы, машыны, камбайны,— усё, што трэба было калгасу.

Афіцыянтка прынесла закураныя гаршчочкі на беленькіх талерачках.

Раманчук сядзеў як скамянелы, зацята прыслухоўваўся да сябе.

Ганна Андрэеўна не зводзіла з яго спалоханых вачэй, аж нахілілася наперад, гатовая кожную хвіліну кінуцца на помач. «А ты, птушачка, у маіх руках»,— падумаў Раманчук і, каб схаваць міжвольную ўсмешку, нагнуўся і пачаў размінаць рукою падбародак, вусны, нібы яны адзервянелі, потым глыбока ўздыхнуў, павёў бадзёра плячыма, дэманстрыруючы, што ўсё небяспечнае мінавала, і як ні ў чым не бывала, спытаў:

— Дык як, паедзем?

— Ой, Васільевіч, пагаворым потым,— узрадавалася жанчына, што не здарылася нічога благога.

— Вы правы, Ганна Андрэеўна. Што паездка? Драбяза ў параўнанні з тым, што ў гэтых гаршчочках,— ён падняў накрыўку, пацягнуў зморшчаным кірпатым носам гарачы водар, які ударыў яму ў твар.— Ну і ну!

Заглянула ў гаршчочак і Ганна Андрэеўна.

— І гэта называецца фірменнай ядой? — хмыкнула яна.— Я такую фірменную ледзь не кожны дзень гатую. Толькі ў вялікім чыгунку. Бульбы туды, пару добрых кавалкаў мяса, цыбулі, ды ў печ. Водар на ўсю вуліцу. Хлопцы дні два цягаюць гэтае фірменнае, пакуль з’ядуць. Яно ў нас жаранкай завецца.

— Затое тут гэтая жаранка пад музыку,— кіўнуў ён на барадатых аркестрантаў, якія ў блакітных штанах і ружовых пінжаках займалі свае месцы ў аркестры, спрабавалі інструменты...

Раманчук у гэты вечар больш ні пра што не распытваў жанчыну. Усё, што трэба было яму ведаць пра яе, ён ведаў, і цяпер усяляк падкрэсліваў, што яго ніколькі не цікавіць ні яе праца, ні яе калгас, і калі яна сама распачынала гаворку на гэту тэму, перапыняў, маўляў, хоць раз у жыцці забудзем пра свае клопаты, адпачнём як людзі.

Калі зайграў аркестр, ён падняўся, цырымонна пакланіўся, запрашаючы Ганну Андрэеўну танцаваць. За ўвесь вечар ёй не далі прапусціць ніводнага танца. Стамляўся адзін кавалер, адразу ж знаходзіўся другі. Усе мужчыны і нават маладыя хлопцы, што былі ў зале, наперабой імкнуліся патанцаваць з ёй, з «сапраўднай жанчынай», як сказаў ёй адзін хударлявы і недарослы — ёй па плячо — валацуга ў залапленых на каленях джынсах.

— Ой, аж ногі гудзяць,— Ганна Андрэеўна вісла ўсім сваім цяжарам на руцэ Раманчука, калі яны падымаліся з рэстарана на свой паверх. Адчыняючы дзверы ў нумар, яна з гуллівай таямнічасцю спытала:

— Як у вас з сэрцам?

— Маё сэрца не баіцца радасці,— шапнуў ёй на вуха Раманчук.

На другі дзень, паснедаўшы ў гасцінічным буфеце тугімі перасоленымі сасіскамі і чаем, яны выехалі...

Ганна Андрэеўна аж свяцілася — так свецяцца шчаслівыя людзі без дай прычыны, проста ад таго, што жывуць на свеце, што ў гэтым свеце ёсць ядраная асенняя раніца з бляклай плямай халоднага сонца ў ранішняй смузе, а ў целе такая лёгкасць, што, каб крылы, чалавек не застаўся б на зямлі, паляцеў... Жанчыне хацелася гаварыць, смяяцца, але вадзіцель Барыс, чарнявы, з вялікімі цыганскімі сумнымі вачыма, а яшчэ болей сам старшыня Раманчук былі нейкія ўжо хмурна маўклівыя, не жывыя людзі, а іх нямыя адбіткі. Асабліва яе ўражваў Раманчук. Ён быў зусім непадобны на сябе ўчарашняга. Ледзь не ўлёгся на заднім сядзенні, з галавой схаваўшыся ў каўнер свае курткі,— толькі берэцік тапырыцца над каўняром, ды нос сучком тырчыць з-пад таго берэціка,— ці спіць, ці робіць выгляд, што спіць, не маючы ахвоты размаўляць. Можа, наогул шкадуе, што так легкадумна запрасіў яе да сябе ў калгас, вось і хавае свае вочы ад яе. А можа, яму блага? Незразумелы ён нейкі. Глытае таблеткі, хапаецца за сэрца, а паводзіць сябе як маладзёнак які...

— Як яно там, Васільевіч? — не вытрымлівае жанчына зацятага маўчання.

Раманчук нават вочы не расплюшчыў, толькі неяк няпэўна павёў плячом, нібы яму муляла там што, дык ямчэй уладкаваўся.

— Ці не захварэў наш старшыня? — услых падумала Ганна Андрэеўна.

— Нічога, адаспіцца за дарогу,— усцешыў яе вадзіцель Барыс.

Ажывіўся Раманчук, калі ўехалі ў цэнтральную вёску ягонага калгаса. Паправіў гальштук, прымасціў па ўпартай чупрыне набакір берэцік, некалькі разоў правёў далонню па твары, нібы зняў з яго ліпкую павуціну.

Спачатку ехалі па звычайнай вясковай вуліцы з даўнімі хатамі, са стракатымі агародчыкамі перад імі з аднолькавага штыкетніка, потым апынуліся на шырокай заасфальтаванай вуліцы, з бетоннымі тратуарамі паўз двухпавярховыя белыя катэджы, перад якімі кволіліся яшчэ нядаўна пасаджаныя маладыя дрэўцы, выехалі на раскідзістую плошчу, якую абступалі школа, двухпавярховы з аднаго, здавалася, шкла магазін, Палац культуры, аблепленая чырвонымі лозунгамі кантора.

Калі машына спынілася, Раманчук заклапочана глянуў на гадзіннік, загадаў вадзіцелю:

— Вось што, Барыс. Да абеду яшчэ ёсць часу, дык пакажы Ганне Андрэеўне нашу ферму, катэдж, а потым пад’едзеш да мяне ў кантору,— і, вылезшы з машыны, пайшоў паспешліва, заклапочана, ганарліва задраўшы свой кірпаты нос. На Ганну Андрэеўну і не глянуў, нібы яе не было ў машыне.

У яе прапала ўсялякае жаданне глядзець што-небудзь тут. Але рабіць было нечага, тым больш што вадзіцель адразу ж, як толькі старшыня ляпнуў дзверцамі, развярнуў машыну, абагнуў школу, скіраваў паўз машынны двор па гравійцы да доўгіх прысадзістых будынін, што былі зусім блізка,— за бульбоўнікам, пад лесам.

Ганна Андрэеўна нямала пабачыла ферм у сваім раёне і ў суседніх. Усе тыя фермы, не, не фермы — комплексы,— уражвалі сваімі памерамі — сапраўдныя палацы! — металічнымі станкамі, цяжкімі чыгуннымі рашоткамі на падлозе, трубамі, транспарцёрамі, механізмамі, карацей, усімі тымі набыткамі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якімі стараліся наглуха адгарадзіць рагуль ад зялёнага свету, зрабіць з жывой істоты запраграмаваны механізм па вытворчасці хімічнага рэчыва, якое яшчэ па традыцыі называюць малаком.

У гэтым жа калгасе фермы былі звычайныя, падкрэслена традыцыйныя. Доўгія, з нізкімі сценамі кароўнікі, у якіх былі вузкія акенцы ледзь не пад самым дахам. Каровы стаялі ў два рады галовамі да сцен. Паўз сцяну можна было праехаць невялічкаму трактару, развезці кармы. У кармушках ляжала сена. Было відаць, што сена тут не шкадуюць. Ля кожнай каровы — аўтаматычная паілка. Каровы стаялі на саломе, яшчэ не ўтаптанай. Яе, відаць, нядаўна раскідалі. У памяшканні не было таго атрутнага паху аміяку, як у комплексах, тут можна было ўлавіць і падобны на свежавыпечаны хлеб пах сіласу і пах духмянай травы. Каровы былі чорнапярэстай пароды, спраўныя, з крутымі і гладкімі бакамі — і клубоў не было відаць. Ніводнай кастлявай, бруднай. Аж блішчэлі. Нібы нядаўна памылі іх.

— Гэта добра, што кароўкі на саломцы,— Ганна Андрэеўна азірнулася на вадзіцеля, які не адставаў ад яе.— Не будуць хварэць. А як жа з гноем?

— Бульдозерам. Кароў выганяюць у двор, а гной за вароты, у гнаясховішча. У нашага Васільевіча ўсё прадумана.

Даільнае памяшканне, кармацэх асаблівага ўражання на Ганну Андрэеўну не зрабілі: такое яна бачыла не раз.

Але болей за ўсё яе ўразіў катэдж, уразіў і памерамі, і колькасцю пакояў, сваёй, ужо залішняй раскошай, як ёй падалося. Пярэдняя, хоць у футбол гуляй, кухня большая, чым хата, дзе яна цяпер жыла з дзецьмі, спецыяльныя пакоі мыць і сушыць бялізну, некалькі пакояў на другім паверсе, веранда, балкон,— і гэта ўсё на адну сям’ю...

— Гэта ўжо занадта,— не без зайздрасці сказала Ганна Андрэеўна.

Цяпер Ганна Андрэеўна, здаецца, зразумела, навошта Раманчук запрасіў яе да сябе ў калгас. Маўляў, паглядзі, як гаспадараць людзі, а потым вылазь з крытыкай. Правучыў, так сказаць. І ад гэтага ў душы яе расла крыўда на старшыню, што такі дробязны, помслівы, на сябе, што такая яшчэ наіўная, даверлівая. З гэтаю крыўдаю яна і зайшла ў кабінет Раманчука.

— Ну як? — спытаў старшыня, не адрываючы вачэй ад папер, якія, відаць, не паспеў дачытаць.

— Сюды трэба прыязджаць вучыцца, а не вучыць. Не разумею толькі, чаму ў вас з надоямі не вельмі...

— Яшчэ не раздаілі...

— Не сказала б. Праўда, я ўсіх не бачыла, мы толькі ў адным кароўніку былі.

— Там тое ж самае,— весела паглядзеў на яе старшыня.— А катэдж?

— І ферма, і катэдж,— усё, як казка. Каб хто расказаў, не паверыла б. Асабліва каровы. Адна ў адну. А ж кажу, казка.

Раманчук закрыў папку з паперамі, адваліўся ў крэсле і цяпер ужо глянуў на яе так пранізліва і строга, што даярка адчула сябе рахманай вучаніцай перад патрабавальным настаўнікам на экзамене па цяжкім прадмеце. Пачырванеўшы, апусціла вочы.

— Мы гэту казку можам зрабіць явай,— у голасе нейкая непрыкметная выхвальная самазадаволенасць.— Пераязджайце да нас. Аддадзім вам той катэдж, што спадабаўся. Загадчыцай фермы. А што? Чаго вам з такой адукацыяй сядзець у даярках? Як я зразумеў, росту ў вас там не прадбачыцца. Усё захапілі мясцовыя. А мясцовыя сядзяць доўга, да пенсіі... Дык як, Ганна Андрэеўна?

Ганна Андрэеўна сядзела моўчкі. Яна проста не верыла ў тое, што чула. Навошта ён так здзекаваецца над ёй, жорстка жартуе, думала яна. Але ўбачыўшы, як раптам Раманчук паспешліва схапіўся за сваю шкляную прабірачку, пачаў глытаць таблеткі, зразумела, што ён сказаў ёй зараз самае галоўнае, што збіраўся сказаць, бо не хваляваўся б так, не смактаў таблеткі. Знешне такі здаровы мужчына, а...— раптам пашкадавала яна яго.

— Хіба ў вас няма сваіх? — разгублена пацікавілася Ганна Андрэеўна.

«Завагалася, раз пытаецца»,— адзначыў пра сябе Раманчук і адказаў так даверліва, нібы гэта было яго самае патаемнае прызнанне:

— Няма. Ды і адкуль ім быць? На ногі мы сталі нядаўна. Калгас быў вельмі запушчаны. Людзі разбегліся. Калі я прыняў гаспадарку, было некалькі дзесяткаў працаздольных. Уяўляеце? Праўда, цяпер людзі просяцца да нас. У чарзе стаяць. Але мы абы-каго не бяром. Колькасць нам не трэба. Якасць. Цяпер мы зможам рухацца наперад, калі ў гаспадарцы будуць усе чэсныя, самаадданыя, для якіх праца — сэнс жыцця. Такія, як вы. Калі я пачуў вас на нарадзе, я адразу падумаў, вось такая загадчыца фермы мне і трэба. Маладая, разумная, прыгожая... За такой пойдзе моладзь. У мяне ўсе даяркі — учарашнія школьніцы. Ім трэба добры прыклад, добры пастаўнік. Вы бачылі ферму, кароў. Новая парода. Чорна-пярэстая беларуская. Ад іх можна мець больш пяці тысяч літраў малака ў год... Не так лёгка дасталіся нам гэтыя кароўкі, каб іх аддаць цяпер абы ў якія рукі. Вось і падумаў я, будзеце ў мяне працаваць, вучыць моладзь, перадаваць ёй свой вопыт. Праз год-два ў вас будуць самыя высокія надоі ў вобласці. Вось так, Ганна Андрэеўна...

— Так нечакана...— уздыхнула жанчына.

— Вы не спяшайцеся з адказам. Падумайце, узважце. Надумаецеся, дайце знаць. Прышлю машыны. Толькі не цягніце...

...Пераезд не прынёс Ганне Андрэеўне вялікіх клопатаў. Раманчук прыслаў ёй памагатых, два грузавікі і легкавушку. За дзень пагрузіліся, пераехалі, разгрузіліся і крыху ўпарадкаваліся ў новым доме. Ганна Андрэеўна не паспела і ўсвядоміць гэтых перамен у сваім жыцці. Тым больш што і на новым месцы яе акружалі прывычныя рэчы. Тыя ж жалезныя з паржавелымі ножкамі і абламанымі каткамі на іх ложкі, самаробныя табурэткі, што яшчэ засталіся ад бацькі, услоны, размаляваная бабіна скрыня, кухонны стол-пасуднік, заліты чарніламі пісьмовы стол, куплены ў тое лета, як дзеці пайшлі ў школу, каляровы тэлевізар, тыя ж саматканыя палавікі, якія, праўда, тут разаслалі ў калідоры, а не ў светлай палавіне хаты, як было раней, нават той жа самы атлусцелы кот ціхамірна драмаў на асветленым падаконніку. У цагляным хлеўчуку за агародам звычна рохкаў згаладалы падсвінак, зрэдку мыкала карова, чакаючы, пакуль яе падояць. Прывычныя рэчы, істоты, вялікія светлыя пакоі, у якіх, здавалася, і дыхалася смачней, нараджалі ў яе душы лёгкую радасць. Ганна Андрэеўна ўсё ніяк не магла сцішыцца, насілася з паверха на паверх, з пакоя ў пакой, прыкідвала, дзе што паставіць, што яшчэ купіць з мэблі, каб сцены не былі такія голыя. Адным словам, яна адчувала сябе як тая птушка, што раптам вырвалася з цеснай клеткі на волю.

Хоць Раманчук дазволіў ёй пабыць дома столькі, колькі трэба, каб усё упарадкаваць, ёй карцела хутчэй выйсці на працу, каб сваім стараннем аддзячыць калгасу за ўсё тое добрае, што ёй зрабілі.

У тую раніцу Ганна Андрэеўна, адправіўшы дзяцей у школу, доўга сядзела перад люстэркам, рабіла сабе прычоску. Ёй хацелася, каб прычоска была якраз такая, як і тады, калі яна ездзіла на нараду ў вобласць,— стаўбунатая, крыху натапыраная. Праўда, зараз такая не атрымлівалася,— тую ёй рабілі ў раённай цырульні,— але была амаль такая, хіба больш няўстойлівая, развальвалася. Змацаваўшы яе шматлікімі шпількамі, на патыліцы прыладзіла чырвоную заколку. Апранула сваё выхадное крэмавае з белым каўнерыкам паліто, і хоць на вуліцы апошнімі днямі пахаладала,— іней на траве трымаўся ўвесь дзень,— абапнула лёгкую, як павуцінка, блакітную хусцінку, навяла пад вачыма цені, каб яе шэрыя вочы здаваліся яшчэ большымі і глыбейшымі, прыдзірліва агледзела сябе ў люстэрка, замкнула дзверы, схавала ключ ва ўмоўленым месцы і, пастукваючы абцасікамі па настылай гулкай сцежцы, скіравала ў кантору калгаса.

— Прывітанне, прывітанне, Ганна Андрэеўна,— відавочна абрадаваўся ёй Раманчук. У сваім скураным пінжаку, але не пад гальштукам, а ў нейкім шэрым світэры, які хаваў яго шыю ледзь не з падбародкам разам, ён выйшаў з-за стала ёй насустрач, акінуў прагным позіркам яе стромкую постаць. Яна заўважыла гэты позірк і пачырванела. Старшыня, успомніўшы пра сваё службовае становішча, раптам спахапіўся, паспешліва запрасіў яе садзіцца, а сам вярнуўся на сваё месца, заклапочана, не падымаючы вачэй ад стала, спытаў: — Ну як? Уладкаваліся?

— Хачу выходзіць на працу,— падабраўшы падол пальто, яна прысела на крэсла, не ведаючы, куды схаваць моцныя, як у мужчыны, рукі.

— Цудоўна, цудоўна. Мы ўжо і акт аб перадачы фермы падрыхтавалі. Вось ён,— і ён накрыў сваёй караткапалай далонню жаўтаватыя лісткі, што ляжалі на рагу стала.— Засталося толькі падпісаць.

— Можа ж, Васільевіч, трэба паглядзець, прыкінуць, як і што там. А то тады ўсё не разгледзела,— нясмела сказала яна.

— Канечне, канечне... Паглядзіце, прыкіньце,— і ўжо больш афіцыйна, як і паложана гаспадару, спытаў: — Калі думаеце прыступаць? Зараз? Добра. Ідзіце зараз... Я вас буду чакаць.

— Можа б, хто пайшоў са мной? Камісія ці хоць прадстаўнік які?

— Запомніце, Ганна Андрэеўна, назаўсёды,— ён паглядзеў на яе, нібы хацеў пераканацца, ці ўважліва яна слухае яго.— У нашым калгасе ўсё будуецца на ўзаемным даверы... Так што ідзіце і глядзіце, калі, вядома, вам не сумна адной,— і ён прыязна ўсміхнуўся.

У гэты дзень Раманчук не выходзіў са свайго кабінета. Быў незвычайна ўзрушаны, нейкі нястрыманы, што за ім назіралася вельмі рэдка. Ні з таго ні з сяго накінуўся на эканаміста, заўсёды спакойную, нават крыху замаруджаную ў рухах жанчыну, якая зайшла да яго ўзгадніць нейкія разлікі. Хутка ў канторы ўсе ведалі, што сам не ў настроі. Болей да яго ніхто не заходзіў. Так ён і прасядзеў адзін у кабінеце да вечара. Што ён рабіў там, ніхто не ведаў. А ён перачытаў газеты, у якія не заглядваў болей тыдня, перабраў даўнія паперы ў стале, якіх набралася нямала, пазваніў усім, каму трэба было пазваніць. А Ганна Андрэеўна ўсё не прыходзіла. Вось і вечарэць пачало, і даяркі з фермы пайшлі дамоў, а яна як прапала. Можа, таксама дамоў пайшла? Падумала, што позна, што старшыні не будзе ў канторы, і пайшла. Але і ў яе катэджы вокны не свецяцца...

Ганна Андрэеўна зайшла, калі ён зусім счакаўся і збіраўся ісці дамоў. Яе блакітная хусцінка з’ехала на шыю. У валасах — сена. На белым каўнерыку нейкая пацяруха, як палова. Жанчына стомлена плюхнулася ў крэсла ля стала:

— Давайце вашы акты.

— Як ферма? — пацікавіўся старшыня, падсоўваючы ёй жаўтаватыя лісткі.

— Ведаеце, Васільевіч, я ўсё яшчэ не магу паверыць, што гэта не сон. Сустрэча з вамі, потым гэты катэдж, ферма... А кароўкі якія! З такімі кароўкамі малаком можна заліцца,— яна бліжэй падняла да вачэй акт, нібы дрэнна бачыла, што там напісана.— Тут не сходзіцца, Васільевіч...

— Багата?

— Ладнага. Няўжо памылілася? Здаецца ж, усё запісвала, лічыла. З-за гэтай дурной галавы толькі нагам двайная работа. Прыйдзецца заўтра пералічыць,— і яна паклала лісткі назад.

Раманчук маўчаў, глядзеў на Ганну Андрэеўну так, нібы вывучаў яе, прыкідваў, ці варта ёй гаварыць тое, што ён хоча сказаць. Па тым, як ён пастукваў сваімі пальцамі, падобнымі на коркі з вялікіх бутэлек, было відаць, што ён хваляваўся, хоць усяляк і стараўся схаваць сваё хваляванне. Вось ён дастаў сваю прабірачку, паглядзеў на яе, потым шпурнуў яе некуды ў парог, як даўно знадаелую рэч, падняўся, прайшоўся па кабінеце, узяў крэсла, паставіў яго бліжэй да жанчыны, усеўся і, прымусіўшы сябе ўсміхнуцца аднымі вачыма, сказаў:

— Пералічваць не трэба, Ганна Андрэеўна. Вы палічылі правільна. Не памыліліся...

— Навошта ж у акт пісаць няпраўду?

— Часам трэба,— уздыхнуў старшыня.— І гэта не залежыць ад мяне ці яшчэ ад каго іншага. Як вам растлумачыць? Нам даводзяцца планы. Заданні. Выкананне іх — закон. Бывае, што планы недакладныя, завышаныя, ці падсушыла тое ж жытца, напрыклад. Паведаміць праўду? Гледзячы які твой начальнік. Адзін зразумее, а іншы... Паляціш з пасады. А калі паведаміць тое, што ад цябе чакаюць? Застанешся. Вядома, могуць выявіць твой грэх, а можа, і не. Ці выявіць тады, калі ты выправіўся. Адным словам, наш брат заўсёды пад кругавым абстрэлам. І часам, каб выжыць, ох як трэба круціцца!.. Гэта наогул,— ён неяк паблажліва ўсміхнуўся, потым пакамечыў свой кірпаты нос, шырокі раздвоены падбародак, нібы яны ў яго адубелі, і, відаць, заўважыўшы, што Ганна Андрэеўна не проста ўважліва слухае, а слухае з нейкай самаадданасцю, нават вокам не мігне, каб не прапусціць якое слова, пачаў гаварыць спакайней, з той даверлівасцю, з якой гавораць звычайна вельмі блізкім людзям.— Не так даўно, можа, чулі, у нашым раёне рабіў Ігар Канстанцінавіч, а яго жонка — у нашым калгасе галоўным заатэхнікам. Калгас недалёка ад райцэнтра, так што ёй блізка было ездзіць. І вось аднойчы яна нешта наблытала ў рацыёнах,— яна якраз пісала кандыдацкую дысертацыю і ўсё ставіла на ферме нейкія доследы. У выніку ледзь не трэць дойнага статка загінула. Яе павінны былі судзіць. Кар’ера Ігара Канстанцінавіча пад пагрозай,— яго якраз тады рэкамендавалі на працу ў вобласць. Я разважыў так. Яе асудзяць, яго таксама па галоўцы не пагладзяць, а што нам з таго? І пайшоў на рызыку. Не паказаў падзяжу. Вядома, надоі катастрафічна пакаціліся ўніз. Мы тлумачылі гэта высокай ялавасцю. Ігар Канстанцінавіч трымаў наш калгас пад кантролем, не даваў нікому ўмешвацца ў нашы справы, правяраць. Цяпер мы аднаўляем статак за кошт ацёлаў. Большасць аднавілі. Гэтым годам адновім цалкам, нават крыху і павялічым. Вось чаму на нарадзе на пытанне Ігара Канстанцінавіча я так упэўнена адказаў, што праз год надоі значна павялічым. Вы, як чалавек вопытны, але недасведчаны ў нашых справах, назвалі справядліва мяне хвальком... Што ж мы выйгралі, што прайгралі? Вядома, мы другі год не выконваем план па малаку. Затое Ігар Канстанцінавіч памог нам набыць новую пароду чорна-пёстрых кароў. Я гаварыў вам пра яе. Праз год мы не толькі вернем недададзенае, але і рашуча пойдзем далей. Поспех будзе вытлумачаны вашым прыходам. Маўляў, перадавая даярка ўзначаліла адсталую ферму, перадала свой багаты вопыт маладым... Вам гонар, слава, і не абы-якая, а такая, якая вам і не снілася...

— Значыцца, вырашылі прыкрыцца маім аўтарытэтам?.. Я думала, вы... А вы... Вы лгалі мне...— ледзь не плакала жанчына.

— Ведаеце, Ганна Андрэеўна, жыццё складанае. У ім усякае бывае. Таму можна і думаць усяляк,— гаварыў старшыня не столькі павучальна, хоць і гэта было, колькі паблажліва.— Прыкрыцца, як вы гаворыце, у мяне і свайго аўтарытэту хопіць... Але запомніце назаўсёды. Я запрасіў вас як майстра свае справы, як чалавека, які навучыць майстэрству маладых даярак. Іншых прычын не было. І няма. Каб вы гэта ведалі...— памаўчаўшы, гарэзліва дадаў: — А потым я люблю, калі ў маім калгасе прыгожыя жанчыны.

— Ой, не знаю,— уздыхнула Ганна Андрэеўна.

— На чакаў, што вы будзеце вагацца. Мы для вас усё зрабілі. Думаеце, у нас няма чаргі на жыллё? Але не будзем пра гэта... Калі так ужо пратэстуе ваша сумленне, зробім так. Вы падпішыце гэты акт. Ён трэба для нашай бухгалтэрыі і наогул... А мы з вамі падпішам яшчэ адзін акт, праўдашні. Вы будзеце хаваць яго ў сябе. На ўсялякі выпадак. Паверце, Ганна Андрэеўна, я не хачу, каб вы адчувалі сябе вінаватай... Хачу, каб вы прыжыліся ў нас назаўсёды, каб мы з вамі з’ездзілі яшчэ не на адну нараду, на абласную і рэспубліканскую...

— Ой, не знаю,— паднялася жанчына.

— Падумайце, Ганна Андрэеўна. Але помніце, вы мне трэба толькі ў якасці загадчыка фермы,— сказаў ёй на развітанне. Потым падняўся, скрыжаваўшы рукі на пукатым жывоціку, стаяў ля акна, сачыў, як жанчына светлай плямай рухалася ў вечаровай шэрані, ішла не па бетоннай сцежцы, а па траве, бліжэй да штыкетніка, нібы хаваючыся ад каго. Ці, можа, так здавалася яму? Ён стаяў і ўсё чакаў, калі яна зойдзе ў катэдж і той засвеціцца ўсімі вокнамі...

Ганна Андрэеўна заглянула ў залу. Сыны ляжалі на дыване перад тэлевізарам. Яна нічога не сказала ім, ціхенька падалася на кухню. Святло не ўключала. Ёй не хацелася, каб яе бачылі дзеці, людзі, не хацелася бачыць самой сябе. «Вось папалася дык папалася»,— аж грукала ў вісках.

Катэдж стаяў з цёмнымі вокнамі...

 


1985-1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Гаўрылкін Л. Ружы для каварнай жанчыны: Аповесць, апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1990. – 380 с.
Крыніца: скан