epub
 
Падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

Рамонт

1
2
3


 

1

Іван, хударлявы высокі юнак у шэрых штанах і белай тэнісцы, спыніўся ў расчыненых насцеж варотах, акінуў позіркам двор, скіраваў да дошак, складзеных штабелем адразу за пляскатай будынінай канторы. Абмінуўшы жанчын, што стаялі на дарозе і ледзь не ў кожнага пыталіся, ці не той ён паркетчык, якога чакаюць, дастаў з кішэні газету, якую купіў у кіёску і збольшага паспеў прагледзець у тралейбусе, заслаў ёю дошку, ямчэй усеўся, заплюшчыў вочы і хутка адчуў сябе бязважкаю пушынкай, якую загайдала на ранішніх промнях сонца...

— Зноў не выспаўся? — бесцырымонна плюхнуўся побач на дошку Віктар. Ён хоць і быў адных гадоў з Іванам, але выглядаў больш мажным, шырэйшым у плячах. У яго былі мускулістыя рукі і круглая, нізка абстрыжаная галава на дужай кароткай шыі. Неяк ён хваліўся, што ў рамесленым вучылішчы быў лепшым штангістам.— Пара табе, браце, жаніцца. А то вечна недасыпаеш, на трэску высах...

— Для гэтага трэба, каб нехта захацеў выйсці замуж,— закінуўшы рукі за галаву, пацягнуўся Іван.

— Гэ, колькі іх ходзіць! Толькі мігні.

— Трэба ж ведаць, якой мігнуць.— І, глянуўшы на беленькі гадзіннік з сінім цыферблатам, спытаў: — І доўга нам яшчэ чакаць?

— Ты ж брыгадзір, павінен ведаць,— упікнуў таварыша Віктар, потым падхапіўся і загаварыў так узрушана, нібы выступаў на якім сходзе: — Слухай, калі гэта скончыцца? Кідаюць з аб’екта на аб’ект. Не пытаюцца, ці закончылі там, ці не. А колькі крыўды ў заказчыкаў!.. Навошта тады было ствараць брыгаду? Брыгадны метад, брыгадны метад! Толькі шуму нарабілі, а нічога не змянілася. Ну што, брыгадзір, маўчыш? Ці, можа, так трэба?

— А што я магу? — зыркнуў сінімі вачыма з-пад насупленых чорных броваў Іван.— Быў у начальніка... Пакуль сядзеў, дзесяткі званкоў. І ўсе ўплывовыя. Усім трэба... Няхай начальства і разбіраецца з заказчыкамі. Нам застаецца адно: рабіць чэсна...

— Хіба можна чэсна? — разводзіў рукамі Віктар.— Учора не закончылі калідор. Там работы з гулькін нос, і пайшлі б як чэсныя людзі. А так... Уяўляеш, што там думаюць пра нашу чэснасць?..

— Чаго размахаўся рукамі? — падышла Насця ў стракатым плацці — ружовым з жоўтымі кветкамі — з глыбокім выразам па грудзях і спіне. Яе дробны тварык расфарбаваны ў чырвоныя плямы. Рукой паправіла кароткія стрыжкі, што прыліплі да спацелага лба, уздыхнула.— Баялася, спазнюся. Болей не павяду сына ў садзік. Учэпіцца і плача,— і кіўнула Віктару: — Будзеш ты вадзіць. Да цябе не так ліпне...

— Ажа патворыш яго,— упікнуў Віктар жонку, усеўшыся зноў на дошкі.

Але тая не слухала яго, звярнулася да Івана:

— Куды сёння?

— Чакаем каманды,— адказаў Іван.

Насця прымасцілася ля мужа, выставіла танклявыя ногі на сонца.

— Пазагараем трохі.

Раптам ля расчыненых варот, ззяючы нікеліраванымі бамперамі і ручкамі, прыпынілася белая «Волга». З яе вылезла каратканогая, размажнелая кабета ў лёгкім жоўтым плашчыку.

Машына, пыхнуўшы бэзавым дымком, ад’ехала.

З канторы, ляпнуўшы расшатанымі дзвярыма, выскачыў начальнік першага ўчастка Круціцкі, акінуў хуткімі вачыма двор, павадзіўшы ў паветры рыжай кудлатай бародкай. Жанчыны, што стаялі ля ганка, кінуліся да яго, стараючыся схапіць за полы скуранога блішчастага пінжачка, загаварылі ўсе разам. Круціцкі, прыгнуўшыся, лоўка нырнуў пад растапыраныя рукі, але адразу ж сутыкнуўся з кабетай у жоўтым плашчыку. Паказаў рукой на Івана і, абмінаючы штабелі крывых абапалкаў і белай цэглы, ледзь не пабег у куток двара, дзе стаяў невялічкі грузавічок.

— Хто з вас Круціцкі? — спытала жанчына яшчэ на падыходзе.

— Вунь пабег,— паказаў Віктар на барадатага.

— Як несалідна, як несалідна,— прабурчэла тая і, віхляючыся, як качка, падалася ўслед за Круціцкім.

— Прыхлопне, як муху, гэтага Круціцкага,— хмыкнуў Віктар.

— Яго таўкачом у ступе не спаймаеш,— Іван пільна паглядзеў услед жанчыне. Падалося, нібы ён сустракаў яе. А вось дзе, не мог успомніць.

— Хлопцы! — раптам як з-пад зямлі вырас Круціцкі і загаварыў, нібы сыпануў гарохам: — Калі вы не хочаце, каб тая, у жоўтым, качка праглынула жыўцом вашага начальніка, хутчэй грузіцеся і едзьце. Ды глядзіце!.. Аб’ект такі, што нашы прэміі сінім дымком, калі што не так...— І ён, убачыўшы, што жанчыны ўсё яшчэ стаяць ля канторы, пабег зусім у процілеглы бок, схаваўся ў першых жа дзвярах аднаго са шматлікіх складоў, што з усіх бакоў акружалі двор.

— Цяпер яго са свечкай не знойдзеш,— усміхнуўся Іван, падняўшыся.

Кабета ў жоўтым плашчыку, упіраючыся круглымі, як сподачкі, каленямі ў ветравое шкло, сядзела ў машыне. Твар яе быў уладарна спакойны, як у пераможцаў.

Іван узяўся за нізкі борт, абапёрся нагой на кола і лёгка ўскінуў сваё цела ў кузаў. Вылінялыя рукзакі з рабочым адзеннем ужо былі там,— відаць, іх забралі яшчэ ўчора ці, можа, сёння зранку. Віктар падаў Івану бляшанкі з фарбай, клей у вядры, пэндзалі, падсадзіў жонку, узлез сам. Іван усеўся на драўляную вузкую лаўку адразу за кабінай, а Віктар з Насцяй прымасціліся на рукзаках.

Машына ціха, нібы вобмацкам, выпаўзла з калдобістага двара на вуліцу...

Іван абыякава паглядваў па знаёмыя дамы, на сціплыя даўнія асабнячкі пад пазелянелымі дахамі. Калі нырнулі пад мост, па якім якраз праносілася, пабліскваючы вокнамі, імклівая электрычка. Машына, пастаяўшы перад чырвоным святлафорам, адразу за якім на рагу вуліц перад гастраномам свяціўся шкляны куб газетнага кіёска, звярнула ў вузкую, зацененую раскідзістымі таполямі вуліцу. Ён неяк нечакана ўстрапянуўся, падняўся, упёрся ў кабіну рукамі, нібы хацеў стрымаць машыну, не пусціць яе за вугал пяціпавярховага дома.

Машына прытармазіла, збочыла за пяціпавярховы дом, пасунулася ў двор, дзе сярод старых яблынь, што засталіся ад прыватных падворкаў, выпінаўся ў сіняе неба дзевяціпавярховы белы прыгажун з лоджыямі, якія апаясвалі яго, як палубы марскі лайнер. Урэшце, разважыў Іван, у тым доме не адзін пад’езд, а тры. І зусім неабавязкова, каб тая кватэра, якую яны будуць рамантаваць, была ў трэцім пад’ездзе.

Машына спынілася ля трэцяга пад’езда.

— Прыехалі! — крыкнуў вадзіцель, адкідваючы задні борцік кузава.

Іван, здавалася, нічога не чуў. Можа, наогул усё гэта толькі сон? Ён сядзіць на дошках, спіць і ўсё гэта бачыць у сне? Вось зараз прачнецца, і не будзе гэтай жоўтай жанчыны, гэтага ганарлівага белага дома, гэтага да драбніц знаёмага пад’езда.

— Ты што, прыліп далонямі да кабіны? — крыкнуў яму Віктар, прымаючы ад Насці рукзакі.

Іван, спахапіўшыся, падаў Віктару фарбу, клей, інструменты, скокнуў на цвёрды асфальт.

— Пойдземце,— узяла клей жанчына.

— Што вы, што вы? — запярэчыў Віктар.— Мы самі...

— Нічога, данясу,— кіравала да дзвярэй пад’езда тая, стараючыся трымаць далей ад сябе ў брудных падцёках вядро.

«Урэшце, нечага трывожыцца,— думаў Іван, замыкаючы шэсце, несучы бляшанкі з фарбай.— Тут не адзін паверх...»

— На трэці,— сказала жанчына, калі зайшлі ў ліфт.

«Нічога, што на трэці,— не губляў апошніх надзей хлопец.— Там жа не толькі сёмая кватэра».

— Вось і прыехалі,— сказала жанчына, калі ліфт расчыніўся. Яна першай выйшла ў калідор і падалася да дзвярэй, на якіх у паўзмроку паблісквала металічная сямёрка. Паставіла вядро, аддыхалася, націснула кнопку званка. Счакаўшы, паклікала:

— Люсечка! Дзе ты прапала?

Шчоўкнуў замок, другі. Бразнуў ланцужок, у дзвярах паказалася заспаная з белымі капронавымі бігудзі ў валасах дзяўчына. Які час з незразумелай разгубленасцю глядзела на рамонтнікаў. Яе цяжкаваты, але па-маладому прываблівы круглы падбародак, здавалася, абвіс. На тугіх пачырванелых шчоках бялелі карункавыя сляды пакамечанай падушкі.

— Я разбудзіла цябе, дачушка? — пашкадавала маці.— Думала, ты даўно прачнулася. Цеперся я паехала па рамонтнікаў...— і запрасіла рабочых: — Заходзьце, заходзьце. Ой, я і забылася прыбрацца ў пярэдняй. Можа, Люсечка, вынесла б хоць дыванок на балкон, а то і вёдры гэтыя недзе паставіць.— І калі дзяўчына, грэбліва трымаючы пальчыкамі пыльны дыванок, выйшла, паскардзілася: — Гэта ж малая нядаўна на канікулах, дык ніяк не адаспіцца ад сваіх экзаменаў. Вучаць жа так, што ніякага здароўя не хапае на тую навуку... А вы не стойце, праходзьце, праходзьце,— і яна адчыніла двухстворкавыя дзверы ў залу.— Пасядзіце тут, я снеданне зараз...

— Не трэба нам ніякага снедання,— адмовіўся Іван.— Ды і часу няма. У нас даўно пачаўся рабочы дзень, а мы... мы і зараз не можам прыступіць да работы. Мэбля ля сцен...

— Мы ж не думалі, што хутка атрымаем вас,— вінавацілася гаспадыня.

— І наогул,— Іван акінуў прыдзірлівым позіркам пакой.— Што тут рамантаваць? Усё як новенькае.

— Новенькае ж,— узрадвалася кабета, нібы гэта яе пахвалілі.— Летась рамантаваліся. Я тады яшчэ казала свайму, каб абоі імпартныя купляў. Дык не знайшлося часу. Рамонтнікі і паклеілі тыя, што былі ў іх. Мы не пярэчылі. Нібы нічога былі. А гэтай вясной рамантаваліся суседзі. Яны купілі імпартныя. Я ўзяла дачку, мужа, павяла, паказала. Маўчыць мой Васіль Філімонавіч як вады ў рот набраўшы. А Люся — яна ў мяне летуценніца, любіць усё такое незвычайнае — дык толькі імпартныя і зараз жа, а то, кажа, у кватэру сорамна заходзіць. Сама ж і выбірала... Заадно і вокны перафарбуем, каб, значыцца, болей блакіту. І пярэднюю таксама...

— Зробім з блакітам,— сказаў Віктар, глянуўшы на Івана, які раптам нечага засумаваў.

— З гэтымі абоямі ў нас таксама нелады. Не ведаем, якія ў які пакой клеіць. Можа б, вы параілі? — спытала гаспадыня.

— Параім, параім,— сказаў Віктар, зноў глянуўшы на насупленага брыгадзіра.

— Люсечка, прынясі абоі! — крыкнула гаспадыня. Не дачакаўшыся дачкі, скіравала ў яе пакой. Адтуль пачулася прыглушаная буркатня: — Ну што ты сёння як не свая? Што з табой? Што маўчыш?..— І гаспадыня вярнулася, прыціскаючы да грудзей, як ахапак дроў, абоі.

— Якая прыгажосць! — не стрывала Насця, разгарнуўшы канцы трубак.— Сама ад такіх не адмовілася б...

— Галоўнае, як будуць глядзецца на сценах,— скептычна заўважыў Іван.— Можа, яшчэ горш за гэтыя, што зараз наклеены.

— Табе не падабаюцца? — уставілася на яго круглымі вачыма Насця.— Ты што?..

— Можна паглядзець пакоі? — падняўся Іван.

— Канечне, канечне,— гаспадыня паспешліва адчыняла перад ім дзверы.

У пакоі, а больш дакладней, у дзвярах пакоя, які займала Люся, затрымаўся болей, чым у астатніх.

Дзяўчына сядзела на непрыбраным ложку, абхапіўшы далонямі галаву, упёршыся локцямі ў тугія круглыя калені, дугой выгнуўшы пакатую спіну, упарта глядзела на адну толькі ёй вядомую кропку на дыване пад нагамі і нават вокам не павяла, калі маці сказала:

— Тут пакой нашай дачушкі.

— Усё ясна,— сказаў Іван так, як звычайна гаворыць урач, паставіўшы хвораму беспамылковы дыягназ.— Сумна. Нават вельмі сумна. Не верыцца, што можа быць так у пакоі, дзе жыве такая прыгажуня.— Вярнуўшыся ў зал, з той жа катэгарычнасцю працягваў: — Клеіць будзем так. Ружовыя — у зале. Тут збіраюцца, каб паглядзець тэлевізар, іншы раз паразважаць. Ружовы колер узбуджае эмоцыі, думкі, стварае неабходную атмасферу. Светлыя з ледзь прыкметнымі залацінкамі, канечне ж, у кабінет. Яны быццам рассоўваюць сцены, спрыяюць шырыні мышлення. Кабінет жа, відаць, для таго і існуе, каб у ім мысліць. А гэтыя, што крыху нагадваюць хмурнае неба, у спальню. Яны будуць нараджаць жаданне хутчэй схавацца пад цёплую коўдру, будуць садзейнічаць глыбокаму спакойнаму сну. А вясёлкавыя — у пакой вашай дачкі. Мары пра прыгожае, незвычайнае — гэта так узвышае юных.

— Як разумна! Як разумна! — захаплялася жанчына.— Люся! Люсечка, ідзі паслухай,— і яна адчыніла дзверы ў яе пакой.— Ідзі, кажу, паслухай. Просты рабочы, а як разважае... Ну што ты сядзіш?

— Звычайная балбатня,— адказала Люся.— Наслухалася.

— Ты што, Люся? Такі разумны...

— Ну і слухай свайго разумнага! — ляпнулі дзверы. Відаць, дачка зачыніла іх перад носам у маці.

— Што гэта з ёю? — разгублена прамовіла жанчына, вярнуўшыся ў залу. Ёй яўна было няёмка перад чужымі людзьмі.— Ніяк не супакоіцца пасля экзаменаў. Ці, можа, захварэла? Дык знайшла час хварэць...

— Хвароба не пытаецца,— пачаў гучна Іван.— Яна, як і каханне, нахлыне, калі не чакаеш. І нікуды не схаваешся ад яго, і на сметнік не выкінеш, і не пераклеіш як абоі. Хіба не так?

— Ой, не ведаю, што і казаць вам, даўно было,— усміхнулася гаспадыня і адразу ж загаварыла пра сваё: — Рабіце як лепей. Як сабе рабілі б. А мы ўжо пастараемся аддзячыць...

— Добра. Прабачце, як вас? — спытаў Іван.

— Ефрасіння Сямёнаўна.

— Зробім, Ефрасіння Сямёнаўна. Як для сябе, зробім. Нават лепш. Толькі без усялякіх гэтых «аддзячым»... Мы не дзеля гэтага тут.— І ціха нібы падумаў услых: — Хто ж нам мэблю ад сцен... таго?

— А можа, вы самі? Мы заплацілі б...

— Адсунем, адсунем,— паспяшаўся пагадзіцца Віктар, баючыся, што Іван, які паводзіў сябе сёння зусім незразумела: адмовіўся ад снедання — раптам адмовіцца ад грошай.— Канечне, зробім. Толькі дайце чым заслаць падлогу, каб не папсаваць паркет.

— Зараз, зараз. Мы спецыяльна купілі...— І Ефрасіння Сямёнаўна вынесла са спальні цяжкі блішчасты рулон поліэтыленавай плёнкі.

— Што ж, сябры,— загадаў Іван,— пераадзенемся і прыступаем.

Гаспадыня, таксама пераадзеўшыся ў старэнькі выцерты халат, памагала адсоўваць шафы, крэслы, паліцы, засцілаць падлогі плёнкай. Нягледзячы на сваю самавітасць, нават знешнюю няўклюднасць, рабіла ўсё нечакана ўвішна, старанна.

— Мы, цётачка, ахвотна ўзялі б вас у сваю брыгаду,— пажартавала Насця.

— Што тут дзіўнага? — загаварыла жанчына,— у свой час давялося папрацаваць. І ў полі, і на будоўлі. І на фабрыцы... Усяго пабачыла. Не было за кім вылежвацца.

Іван паспрабаваў сарваць са сцяны старыя абоі, але тыя трымаліся моцна.

— Ефрасіння Сямёнаўна, можа, не будзем чапаць іх? Наклеім новыя наверх? Менш бруду будзе...

— А так можна? — вагалася гаспадыня.

— Так яшчэ лепей,— пацвердзіла Насця.— Мы ж усё роўна спачатку газеты ці якую паперу клеім, а потым абоі.

— Параіцца з Люсечкай ці, можа, мужу пазваніць? — выйшла з залы гаспадыня.

— Ну і вырасцілі дочачку,— ўпаўголаса абуралася Насця.— Гэта ж трэба быць такой лайдачкай. Маці квокча ля яе, як тая квактуха ля куранят, а яна хоць паварушылася б.

— Хіба мала мы бачылі такіх? — спакойна сказаў Віктар.— Відаць, адна ў іх, вось і цацкаюцца з ёй.

Вярнулася яўна засмучаная гаспадыня.

— Дык як? — спытаў Іван.

— А рабіце як ведаеце,— Ефрасіння Сямёнаўна яшчэ трохі пастаяла, паглядзела, як Насця разгортвае трубкі, расцілае на падлозе абоі, кроіць іх нажніцамі на роўныя палосы, і выйшла.

Хутка з кухні пацягнула падсмажанай цыбулькай.

Віктар усё часцей паглядваў на гадзіннік. Насця, перахапіўшы яго позірк, шматзначна ўсміхнулася, маўляў, па ўсім відаць, іх чакае смачны абед.

Калі ж гаспадыня ў белым каляным фартуху з’явілася ў зале, які ўжо закончылі абклейваць, і запрасіла рабочых паабедаць, Іван сказаў, што ў іх, рамонтнікаў, не прынята абедаць там, дзе яны працуюць.

Абедаць пайшлі ў гастраном.

Прымасціўшыся на нізкім падаконніку, яны запівалі малаком з бутэлек мяккія яшчэ цёплыя батоны...

— Слухай, Іван, чаму ты сёння такі горды? — паглядзеў Віктар на брыгадзіра.— Хоць папярэдзіў бы, мы ўзялі б з сабой чаго, а то што гэта малако? Вада... І наогул... Прападзе добры абед.

— Таму і адмовіўся, што добры,— усміхнуўся Іван, выціраючы малочныя вусы пад носам.— Пасля добрага абеду на сон цягне, а не працаваць. А ў нас нямала яшчэ на сёння засталося. А потым я недзе чытаў, што вельмі карысна для здароўя мець хоць адзін разгрузачны дзень у тыдзень. Лічыце, што ў нас сёння такі дзень.

— Дзякуем за клопаты,— буркнуў Віктар.— Ты хоць ад вячэры не адмаўляйся. Я недзе чытаў, што на ноч якраз і не шкодна добра пад’есці.

— Не хвалюйся, Віць, можа, нас на вячэру яшчэ і не запросяць,— засмяялася Насця.

Але іх на вячэру запрасілі. Нават упрошвалі. Але цяпер ужо адмовілася Насця, каб гэты ганарлівы Іван не думаў, што яны з Віктарам прагнуць дармавой вячэры.

— Дзякуем, цётачка, але малога з садзіка трэба забраць...

 

2

Гэта была не разгубленасць, а хутчэй за ўсё — недаўменне.

Люся, якую ён убачыў сёння, была настолькі не падобна на тую, якую ён ведаў да гэтага, што часам здавалася, гэта была зусім не яна, а нейкая іншая дзяўчына. Тая ж была разумная, разважлівая, добрая, далікатная, вясёлая, ласкавая, уважлівая,— здавалася, сабрала ў сабе ўсё лепшае, што толькі можа быць у чалавека. А гэта...

Іван наліў у ванну гарачай, як можна цярпець, вады, ступіў у яе, абцерпеўся, апусціўся на калені, потым схаваўся па шыю. Вада іголкамі паколвала стомленыя рукі, ногі. З кожнай хвілінай ён страчваў вагу, станавіўся бязважкім, нібы раствараўся ў вадзе, зліваўся з ёй. Вось ён зараз адляжыцца, супакоіцца, разамлее і пойдзе спаць.

Пасля ванны яго заўсёды цягнула на сон.

Іван доўга ляжаў, адчуваючы, як цела яго паступова наліваецца цёплай млявасцю...

— Ваня! — паклікала маці.

— Я.

— Падумала, ці не заснуў. Вячэра на стале.

А можа, Люся зусім і не такая, якой ён убачыў яе сёння? Можа, такі настрой у яе быў часова? Можа, з бацькамі чаго пасварылася. Хоць бы з-за таго, што ўчора позна прыйшла дамоў. Яны ж з ёй ледзь не да дзвюх гадзін ночы прасядзелі ля іх пад’езда. Не выспалася... А можа, з-за чаго іншага ў яе такі настрой? Мала што бывае ў сям'і. Можа, ён, Іван, тут і ні пры чым?.. Але што ні думай, ні ўяўляй, яснасці не будзе, пакуль не пагаворыш з дзяўчынай, не высветліш усё. Хіба схадзіць на спатканне? Але пасля сённяшняга не хацелася ісці. І яна, здаецца, не прыйдзе. За ўвесь дзень слова не сказала, пазбягала. А можа, раззлавалася, што ён звычайны рабочы?.. Не можа быць: яна ж сучасная дзяўчына. Трэба схадзіць. А калі яна не прыйдзе?

А раптам прыйдзе?

Іван прыўзняўся, глянуў на свой гадзіннік, што ляжаў на пральнай машыне, падхапіўся, плюхнуўшы раскалыханай вадой на падлогу, зашмуляў шурпатым ручніком па спіне.

Калі ён, спехам перакусіўшы, абуваў у пярэдняй новыя, прыемна цеснаватыя чаравікі, маці, не адрываючыся ад рукапісу,— яна рыхтавалася да лекцыі ў завочнікаў,— пацікавілася:

— Калі вернешся?

— Не ведаю.

— Як так?

— Бывае, мама, што не ведаеш, калі вернешся, праз гадзіну ці праз пяць.

— Бацька зноў будзе злавацца.

— Калі пачне злавацца, скажы, няхай успомніць свае дваццаць гадоў.

— Баюся, не ў тваю карысць будзе ўспамін. Яго не хвалілі за позняе вяртанне,— яна паднялася, зачыніла за сынам дзверы.

Іван убачыў Люсю здаля, калі яшчэ спускаўся на эскалатары.

Яна стаяла на той палавіне платформы, ад якой, відаць, толькі што адышоў поезд, і там нікога не было — знарок трымалася так, каб яе адразу ўбачылі.

На фоне бледнага, як вымытага дажджамі мармуру, яна ў ярка-блакітным з металічным бляскам плацці выпраменьвала ззянне, падобнае на тое, якім свеціцца пад халодным асеннім блакітам бруістая рака.

Ён неяк сказаў ёй пра гэта, яна пасмяялася з яго такога далёкага ад дакладнасці параўнання, але з таго часу заўсёды на спатканні надзявала гэтае мехаватае плацце, пад якім угадвалася не па-дзявочы мажнаватая постаць.

Іван ужо не помніў, не думаў пра тое, якой ён убачыў яе сёння, забыўся на свае нядаўнія сумненні. Ён ляцеў да яе, як толькі здольны ляцець чалавек насустрач радасці. Убачыўшы ж яе пацямнелыя прыжмураныя вочы, сцятыя губы, нібы яна стрымлівалася, каб не расплакацца, ён прыцішыў хаду і, няёмка памаўчаўшы, загаварыў зусім пра пабочнае, далёкае:

— Ведаеш, пра што я зараз падумаў... Акрамя ўсіх вядомых зручнасцей метро памагае мінчанам лепей ведаць саміх сябе. Ну, на якім яшчэ прыпынку, аўтобусным ці тралейбусным, убачыш адразу столькі людзей, як тут? Хіба толькі ў чарзе за прыгодніцкім раманам,— і, заглядваючы ёй у вочы, прыязна ўсміхнуўся.

— Не думай толькі, што я чакала цябе,— адказала насуплена.— Мог і не прыходзіць.

Паветра ўскалыхнулася прахалодай, загулі сінія вагоны, глуха стукнулі дзверы, адчыніўшыся ўсе разам.

— Мог, канечне, але калі прыйшоў, то, можа, скажаш што цікавае? — спытаў з прыхаванай крыўдай.

— Скажу,— яна глянула на яго пранізліва.— Скажу! Ты лгун!

Відаць, яна болей нічога не мела паведаміць яму, таму зрабіла, праўда, замаруджаны крок да вагона, але дзверы кляцнулі перад яе носам.

— Нічога не разумею,— пачаў весялей трымацца Іван.

— Не разумееш? — яна адмахнулася галавой, адкідваючы далей на плечы раскідзістыя русявыя валасы.— Ніколі не думала, што ўмееш так прыкідвацца.

— Не разумею. Чэсна.

— Няўжо забыў, як мне тлуміў галаву? І пра сябе, і пра свайго бацьку, маці?

— Чаму тлуміў? Усё праўда.

— Бачыла сёння, як ты вучышся.

— На чацвёртым курсе політэхнічнага. На вячэрнім факультэце. Хіба я не гаварыў? Хоць мог і не сказаць. Прызнацца, ніколі не надаваў гэтаму значэння. Мяне, напрыклад, ніколі не цікавіла, хто твае бацькі. Галоўнае — ты...

— Не хлусі. Кожны з вас не паспее пазнаёміцца з дзяўчынай, а ўжо распытвае, хто бацькі, дзе працуюць. Праўда, ты не распытваў. Ты загадзя пра ўсё даведаўся.— Люся глянула на свой маленькі жоўценькі гадзіннік, маўляў, яна заняты чалавек і толькі дарэмна губляе тут дарагі час.

—Ніколі я не цікавіўся, хто твае бацькі. Гэта не ў маіх правілах. Я разумею, адкуль у цябе такі настрой. Цябе абурыла, што я раблю рамонтнікам. А ведаеш, што мая прафесія сёння самая прэстыжная?

— Ха-ха! — у яе голасе прагучэла непрыкрытая здзеклівасць.— Артыст! Пісьменнік! Дырэктар універмага! Дзе ім да цябе! Як да неба...

— Сапраўды далёка. Не верыш? Спытай у сваёй маці, спытай... Спытай, як нашага брата хапаюць за полы, спытай... Хай скажа, ці хапаюць так за полы артыстаў ці нават таго ж дырэктара універмага?

— Калі скажу маці, з кім звязалася, яна мяне з дому выганіць.

— І ўсё ж спытай.

— Уяўляю! — яна сашчапіла рукі на грудзях, адкінула галаву назад, засвяціўшы белым з ледзь прыкметнымі сіняватымі пражылкамі трохкутнікам пад падбародкам. Уяўляю, як яна будзе трымаць цябе за полы, калі даведаецца, што ты хочаш ачмурыць яе дачку.

— Уяўляю і ніколькі не здзіўляюся,— Іван загаварыў болей спакойна і ўпэўнена, адзначыўшы, што яна нават не зрабіла спробы сесці на чарговы поезд.— У большасці сваёй людзі не толькі не ўмеюць заўважыць у жыцці новыя тэндэнцыі, а нават цвяроза разабрацца, што ў ім галоўнае, а што другараднае, што разлічана на доўгі век, а што часовае. Гэта адбываецца па розных прычынах. Твае бацькі, у прыватнасці твая маці, сваё даўняе ўяўленне пра добрае жыццё пераносіць і ў сённяшні дзень. Некалі яна нямала і цяжка папрацавала, цяпер лічыць, што выдатна жыць, гэта значыць мець магчымасць болей паляжаць, а рабіць лягчэй і меней. Яна і цябе так выхоўвае. Мая маці, дарэчы, не лепшая. Праўда, у яе іншая хвароба. Паўвека пражыла, а паслухаеш, дык нібы толькі збіраецца жыць. І такіх багата. Спачатку мараць пра будучае жыццё, а потым, калі яно прамільгне, сядзяць і пішуць мемуары. А ты... У цябе свая хвароба. Напхала галаву мроямі і, калі сутыкаешся з нечым такім, што супярэчыць тваім уяўленням, лічыш сябе пакрыўджанай. Дарэчы, таму ты злуешся і зараз. Злуешся на мяне, што я, відаць, не адпавядаю твайму ідэалу, злуешся на сябе, што не разгледзела мяне. Вось так... Ой, нялёгка будзе табе апусціцца на грэшную зямлю. Нямала яшчэ прыйдзецца некаму з табой паваяваць, каб вярнуць цябе да натуральнага жыцця.

— Пракурор мне знайшоўся...

— Пракурор не пракурор, а тое-сёе зразумеў. Бачыш, у канцы платформы, збоку, што стаіць? Такая карункавая белая вышка. Ведаеш, для чаго яна? Каб рамантаваць станцыю. Не паспелі зрабіць, а ўжо думаюць пра рамонт. Чалавецтва наогул не можа існаваць без рамонту. Мы рамантуем кватэры, механікі — машыны, урачы — нашы арганізмы, меліяратары — зямлю... Усе нешта рамантуюць, нешта паляпшаюць. Вось чаму я стаў рамонтнікам. Між іншым, у гэтым памог мне бацька. Ён у мяне рэаліст. У спорце як? Умееш — прабяжыш, не умееш — не прабяжыш. Ні сувязі, ні блат не памогуць... Дык вось, калі я вучыўся ў школе, то маці хацела зрабіць з мяне генія. Ёй здавалася, што я вельмі здольны хлопчык. Зайчык. Займаўся музыкай, шахматамі, у матэматычным гуртку, адзін час нават быў на радыё юным дыктарам. Усяго не пералічыць. І пры ўсім гэтым вучыўся на пяцёркі. Пакуль дайшоў да дзесятага класа, ледзь ад ветру не валяўся. Ператаміўся. Ніякія санаторыі не памагалі. І вось бацька і настояў, каб я папрацаваў фізічна, а то, кажа, загінеш зусім. Ідзі, кажа, у будаўнікі. У будаўніцтве, як нідзе, вялікая доля ручной працы, і заўсёды на свежым паветры. Так я стаў рамонтнікам. Маці, вядома, была супраць. Але бацька настояў на сваім. А праз год мяне ўжо было не пазнаць. Нармальны чалавек стаў. Падужэў... І не дзіўна. Увесь дзень у руху... Уяўляеш? Не кожны чалавек у наш час мае такое шчасце. І мой арганізм удзячны мне. Ніякіх хвароб, ніякіх праблем з харчам. Перагарае ўсё... Упэўнены, што хутка ўладкавацца да нас на работу будзе складаней, чым паступіць на гандлёвы факультэт нархоза. Ды што табе даказваць? Ты паглядзі на мяне. Ні грама лішняй вагі. Здароўе — хоць зараз у космас. Вось чаму наша прафесія самая прэстыжная. На гэту тэму я нават прыдумаў афарызм: «Людзі, якія патрэбны свайму народу, ніколі не тлусцеюць...»

— Ты, ты...— Люся, убачыўшы ў яго словах намёк на сваю паўнаватасць, здавалася, не знаходзіла слоў.— Ты нахабнік, ты бязлітасны чалавек!

— Гэта ж зусім не пра цябе...

Але яна не пачула яго. Якраз кляцнулі дзверы чарговага поезда, і Люся юркнула ў іх. Іван спахапіўся, калі замільгалі перад вачыма вокны.

Куды ж яна паехала? Калі дамоў, то ёй трэба зусім у другі бок. Відаць, у роспачы ўсё пераблытала. Калі так, то хутка будзе ехаць назад. Ён стане ў пачатку станцыі і не прапусціць ніводнага акна ў вагонах. Яе, такую блакітную, цяжка будзе не заўважыць...

Іван прастаяў болей гадзіны, прапусціў не адзін поезд, а яе не ўгледзеў...

 

3

На другі дзень раніцай яны сутыкнуліся з гаспадаром кватэры прама ў дзвярах. Пад гальштукам, у цёмна-сінім гарнітуры, хоць дзень чакаўся і спякотны, Васіль Філімонавіч, уступіўшы ім дарогу, схіліўся ў кароткім паклоне, адкінуўшы назад руку з чорнай тоненькай папкай, папрасіў абавязкова дачакацца яго вечарам. Хоць дзень у яго нялёгкі — аж дзве адказныя нарады,— але ён пастараецца не затрымацца.

— А ты адмяні адну нараду! — загадала аднекуль з глыбіні кватэры Ефрасіння Сямёнаўна.

— Мне вельмі хочацца з вамі пагаварыць,— ён нібы не пачуў жонку.— Але цяпер трэба ехаць, машына чакае...

Яны сапраўды бачылі ля пад’езда белую «Волгу».

— Прызнацца, не чакалі вас так рана,— выйшла Ефрасіння Сямёнаўна, на хаду зашпільваючы полы халата.

— У нас, Ефрасіння Сямёнаўна, жалезны парадак,— пачаў Іван, паглядваючы праз прачыненыя дзверы ў бакавы пакой, спадзеючыся хоць мелькам убачыць Люсю.— Пачатак работы ў восем, абед у гадзіну, канчаем у пяць. Сёння пастараемся без абеду, так што, магчыма, скончым і раней.

— Ну і добра,— здавалася, гаспадыня абрадавалася, што яны сёння будуць так працаваць і, адчыніўшы шырэй дзверы ў бакавы пакой, сказала: — Люсечка, рабочыя прыйшлі.

— У мяне, мама, канікулы,— санлівым голасам адклікнулася тая.

— Маладым заўсёды хочацца паспаць,— уздыхнула гаспадыня.

— Асабліва калі прыйдзеш дамоў пад раніцу,— буркнуў Іван, але так, каб пачула Ефрасіння Сямёнаўна.

— Не, пакуль што слава богу... Праўда, пазаўчора трохі пазней прыйшла, затое ўчора завідна легла спаць,— і яна, каб не замінаць рабочым пераадзявацца, выйшла.

Пачутае пра Люсю ўзрадавала Івана. Ён узяў пэндзаль і фарбу, паспяшаўся ў пакой, што быў кабінетам.

Ля самага акна стаяў двухтумбовы пісьмовы стол. На ім у драўляным стаканчыку стракацелі востра заструганыя алоўкі, ляжаў плоскі мікракулькулятар з кругленькімі пазалочанымі літарамі: «Дарагому Васілю Філімонавічу...» Збоку ўзвышаўся даволі ладны стос газет, відаць, яшчэ не прачытаных. На зашклёных паліцах паўз сцяну выстраіліся кнігі. Было дастаткова беглага позірку, каб зразумець, што кнігі добрыя. У Івана дома таксама вялікая бібліятэка. Але там больш навуковай і спартыўнай літаратуры. А тут у асноўным мастацкая. Сабраліся класікі з усяго свету і выхваляюцца адзін перад адным сваімі пазалочанымі цісненнямі.

Адсунуўшы стол на сярэдзіну кабінета, Іван агледзеў акно, там-сям пашморгаў наждачкай, потым маленькім пэндзлем пачаў фарбаваць вузкія палоскі паўз шыбкі і вакол шпінгалетаў. Рабіў ён гэта марудна і доўга. Здавалася, цэлы дзень правалаводзіцца ля аднаго акна. Але вось ён узяў бляшанку, лінуў фарбу на падаконнік і хутка размазаў вялікім пэндзлем. Адышоўся, выцер рукавом спацелы лоб, доўга глядзеў на акно здзіўлена, са шчырым захапленнем, нібы гэта і не ён толькі што пафарбаваў акно сваімі рукамі.

А Віктар усё яшчэ корпаўся ля свайго акна ў зале.

— Закончыш тут, пойдзеш у спальню,— сказаў яму Іван,— а я пайшоў да студэнткі, потым памагу Насці ў пярэдняй.

Ён спадзяваўся, што яму ўдасца перагаварыць з Люсяй. Яна і сапраўды была ў сваім пакоі. Сядзела на ложку і фарбавала ногці. Убачыўшы Івана, згрэбла сваю касметыку і вылецела з пакоя так хутка, што Іван не паспеў і словам яе зачапіць. Ён і не разлічваў на спагаду, і ўсё ж яе выхадка збянтэжыла яго, і ён які час разгублена стаяў сярод пакоя, нібы забыў, чаго сюды зайшоў. Потым прыняў з падаконніка вазоны з кветкамі, паставіў іх на падлогу, расхінуў шторы. Заўсёды, калі працаваў, ён хутка набываў душэўную раўнавагу, супакойваўся. І цяпер, праз некалькі мінут, ён ужо мармытаў сабе пад нос нешта вясёленькае. Пафарбаваўшы акно і дзверы на балкон, Іван узяўся памагаць Насці.

Ефрасіння Сямёнаўна грымела на кухні посудам. Там нешта цвірчэла, страляла, цягнула падсмажаным мясам, воцатам і яшчэ нечым такім, ад чаго кружылася ў галаве і не было як стрымаць слінкі.

Васіль Філімонавіч вярнуўся дамоў якраз тады, калі яны пакавалі ў рукзакі сваё рабочае адзенне, хавалі ў мокрыя анучы пэндзалі.

— Хай усё гэта пастаіць у калідоры,— папрасіў гаспадара Іван.— Хутка нашы заедуць і возьмуць.

— Добра, добра,— ён агледзеў сцены ў пярэдняй, акно ў зале.

— Стараліся, як для сябе,— сціпла адказаў Іван.

— Я ў гэтым мала разумею,— рагатнуў гаспадар.— Але мая палавіна тут ледзь не прафесар. Дык яно як, Сямёнаўна?

— Маладцы! — адгукнулася гаспадыня з кухні.

— Калі мая палавіна хваліць, то, значыцца, ёсць за што. Мяне, напрыклад, яна ніколі яшчэ не пахваліла... Я абавязкова пазваню вашаму кіраўніцтву, хай ведаюць, якія майстры ў іх працуюць. А можа, і прэмію якую падкінуць? — І зноў крыкнуў жонцы: — У цябе, Сямёнаўна, усё гатова?.. Пойдземце, сябры, пасядзім крышку.

Насця і Віктар не супраць былі застацца і, паглядваючы на Івана, чакалі, што скажа той.

— Ну, што стаіцё? Давайце, давайце да стала! Спадзяюся, вас дома дзеці не чакаюць? — зноў рагатнуў гаспадар.

— Якраз чакаюць,— сказаў Іван.— Вось у Насці і Віктара сын у садзіку.

— Выдатна ж, што ў садзіку. Можна смела гадзінку пасядзець.

— А потым,— працягваў Іван,— такое не ў нашых правілах...

— Пра якія правілы вы гаворыце? — перабіў яго гаспадар. Было відаць, што ён і думкі не дапускаў, што яны могуць адмовіцца.— Вы ж стараліся, зрабілі ўсё выдатна... Так што павінны разумець наша шчырае жаданне аддзякаваць вам. Гэта ж так натуральна.

— Скажыце, калі ласка, а вас частуюць за тое, што вы стараецеся на рабоце? — спытаў Іван.

— Частуюць, частуюць, дарагія сябры. Яшчэ як частуюць. Вымовамі, хе-хе. Але пры чым тут вы? Вы рабочыя людзі, гаспадары жыцця. Ну пайшлі, пайшлі, а то нас зачакаліся,— і ён па-панібрацку абняў за плечы Івана.

— Не, дзякуем,— Іван скінуў яго руку, варухнуўшы кастлявым плячом.

— Вы што? — абурыўся гаспадар.— Ды мы не маем маральнага права адпусціць вас так...

— Не дзеля гэтага мы стараліся,— упарціўся Іван.

— Не трэба, хлопцы. Хопіць. Ведаю я вашага брата...

— Дрэнна ведаеце,— усміхнуўся Іван.

Брыгадзіра яўна весяліла ўпартая і ў той жа час такая бездапаможная назойлівасць гаспадара.

— Ну, добра, не ведаю,— раптоўна памякчэў Васіль Філімонавіч. Яго твар на вачах абмяк, пастарэў. Ён ужо не запрашаў, а ўпрошваў: — Вы ж, хлопцы, ставіце мяне ў няёмкае становішча. Прызнацца, я таксама не супроць, але без вас мая благаверная і панюхаць не дасць, так што выручайце.

— Спачуваем, але нічым памагчы не можам,— развёў рукамі Іван.

— Тата! — раптам выскачыла са сваёй бакоўкі Люся. Яна была ў ярка-блакітным з металічным бляскам плацці, у белых басаножках на абцасах-шпільках.— Няўжо не бачыш? Яны ж насміхаюцца з цябе,— і зыркнула на Івана з нянавісцю і пагардай, з любасцю і мальбой, са зняважлівасцю і захапленнем — усё злілося ў тым кароткім, як стрэл, паглядзе,— і выскачыла за дзверы.

У Івана аж у галаве павяло...

— Што з нашай малышкай? — спытаў Васіль Філімонавіч у жонкі, якая з ручніком у руках стаяла ў дзвярах на кухню і прыслухоўвалася да перагавораў у пярэдняй.— Я ніколі не бачыў яе такой раз’юшанай.

— Не ведаю,— павяла крутымі плячамі жанчына.

— Добра,— уздыхнуў гаспадар.— З ёй мы разбяромся потым. Але чым ты пакрыўдзіла хлопцаў, што не хочуць застацца? — бездапаможна азірнуўся на жонку гаспадар.— Можа, накарміла чым такім, што ім не спадабалася?

— Яны наогул нічога ў нас не елі.

— Ніхто нас не крыўдзіў,— Івану хацелася хутчэй пайсці, і ён ужо прычыніў дзверы.— Наадварот. Нам вельмі прыемна было ў вас працаваць. Жадаем, каб вам весела і без расчараванняў жылося ў адрамантаванай кватэры, каб не абмінала вас шчасце... Бывайце!

Яны моўчкі спусціліся па лесвіцы, моўчкі пайшлі праз двор, спыніліся недалёка ад скрыжавання вуліц.

— Ну ты і даёш,— накінуўся Віктар на Івана.— Ты хоць бачыў, што там на стале? Болей такога нідзе не ўбачыш. Хоць бы рабілі абы-як, а то ж як для сябе стараліся. Можна было і застацца. Чаго занатурыўся раптам?

— Дарэчы, не раптам,— усміхнуўся Іван.— Хіба не помніш — адмаўляліся і раней. Вы ж ведаеце, што іншы раз і я не супроць пасядзець, але тады, калі частуюць шчыра, ад душы. Калі ж лічаць, што мы стараліся з-за іхняга частавання, то не згодзен. І наогул, такіх трэба вучыць, каб не задзіралі нос.

— Можа, яно і так,— пагадзіўся Віктар.— Тады, можа, заглянем у кафэ? Кампенсуем страчанае? Грошы ёсць...

— Не разумею,— глянуў Іван на дзесяткі, якія дастаў з кішэні Віктар.

— Думаеш, мы з табой дарэмна мэблю цягалі? — Віктар схаваў грошы.

— Ну і даёш,— цяпер Іван накінуўся на Віктара.— Навошта браў?

— Усё, назад не панясеш. Разам шафы цягалі, так што грошы агульныя.

— Пайшлі, Іван,— кінулася на дапамогу мужу і Насця.— Там такое цудоўнае марожанае. І час ёсць. Я суседку папрасіла сына забраць.

— Не, дзякую. Самі ўжо. Я не магу. Ёсць прычына. Чэсна. Бачыце, ля кіёска?..

Насця які час здзіўлена глядзела ў бок кіёска, нібы не верыла вачам сваім, потым пачала хіліцца на мужа, які стаяў таксама аслупянелы:

— Трымайце, падаю.

— Навошта табе гэтая дармаедка? — нарэшце ачомаўся Віктар.— Яна ж сапсуе табе ўсё жыццё.

— Не сапсуе,— засмяяўся Іван.— Мы яе таго... адрамантуем.

— Доўга прыйдзецца рамантаваць,— шчыра абураўся Віктар.

— Вядома, доўга. Можа, нават усё жыццё,— і Іван бадзёра дадаў: — Але нічога, справа прывычная.

— Вось што,— на хвіліну задумаўся Віктар.— Давай так. Мы з Насцяй пойдзем, закажам, а вы падыдзеце.

— А што? — гэтая думка спадабалася Івану.— Калі памірымся, прыйдзем.

— Не памірыцеся, таксама прыходзьце. Памірым,— узяла пад руку мужа Насця.— Дык чакаем.

Іван праводзіў іх позіркам, потым скіраваў да шклянога куба, ля якога з газетай у руках, у ярка-блакітным плацці з металічным бляскам, як застылая маланка, стаяла Люся і рабіла выгляд, што яе нішто ў свеце не цікавіць, акрамя газеты...




Беларуская Палічка: http://knihi.com