epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

У адстаўцы

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31


 

1

Маўчанне зацягвалася...

Усе адчулі, што час разыходзіцца, але ніхто не асмельваўся падняцца першы, каб не выглядаць абыякавым і жорсткім, каб не падумалі, што яму абрыдла тут. І людзі паглядвалі на гаспадара, але ўжо не са спачуваннем, як было яшчэ зусім нядаўна, а хутчэй з нямым пытаннем у вачах — калі ж ты нас адпусціш?

Касцевіч, сівагаловы, у чорным касцюме, пад гальштукам, які крыху быў аслаблены, сядзеў, адкінуўшыся на спінку крэсла, скрыжаваўшы рукі на грудзях, не толькі не заўважаў гэтага напружанага маўчання, ён наогул нікога і нічога не заўважаў: пасля некалькіх кілішкаў гарэлкі, якую ён ужо даўно не піў, пасля залішняй — як гэта заўсёды бывае пад гарэлку — закусі, на яго навалілася такая стомленасць і санлівасць, што ён сіліўся з апошняга, каб не даць вачам заплюшчыцца, а галаве схіліцца на грудзі.

У суседнім пакоі, дзе загуляліся ўнукі, раптам пачуўся гучны і такі недарэчны зараз дзіцячы смех. Святлана, дачка Касцевіча, якая сядзела з самага краю стала, ля дзвярэй, у какетліва завязанай па бялявай галоўцы чорнай хусцінцы, падхапілася, шаргануўшы крэслам па падлозе, кінулася да малых.

Касцевіч неяк устрывожана агледзеўся, нібы ўпершыню ўбачыў, дзе знаходзіцца, глянуў на партрэт, што вісеў з боку ад яго на сцяне ў жалобнай рамцы.

Круглатварая жанчына са стомленымі добрымі вачыма ўсміхнулася яму ледзь улоўнай усмешкай. І гэтая ўсмешка, нікім, акрамя яго, не заўважаная, надала яму рашучасці, падказала, што рабіць.

Касцевіч падняўся, звычным рухам паправіў гальштук.

— Мы,— ён яшчэ не ўмеў аддзяляць сябе, жывога, ад той, якой ужо не было,— дзякуем вам, што прыйшлі, што вы, так сказаць, раздзялілі... — у яго голасе раптам з’явілася нечаканая глухата, ён нібы нырнуў некуды ўглыбіню, потым зусім знік. Касцевіч замуляў тонкімі губамі, стараючыся грымасай, падобнай на пакутлівую ўсмешку, схаваць сваю бездапаможнасць.

Але цяпер ніхто не прыглядаўся да яго. Усе, як па камандзе, падняліся, загрукалі крэсламі. Некаторыя хуценька кідалі кароткае «да сустрэчы» і паспешліва выходзілі, больш блізкія сябры падыходзілі да гаспадара, стараліся заглянуць з праніклівай жалобай у вочы, паціскалі руку, мармыталі нешта спачувальнае.

— Калі што, трубі трывогу,— нечакана гучна сказаў не па ўзросце рухавы Іван Шэлег. Ён не хмурыўся натужліва, як усе, не хаваў свайго прыўзнятага настрою, які, відавочна, яшчэ болей палепшыўся пасля застолля.

Дзякую, Іван, Касцевіч у настроі свайго былога школьнага сябра адчуў болей падтрымкі і спачування, чым у аднастайнай паныласці ўсіх астатніх.

Хурсан у цёмна-шэрым гарнітуры, па-юнацку танклявы, невысокі, з крыху цяжкаватым носам для яго хударлявага твару, стаяў, абапёршыся па спінку крэсла, чакаў, пакуль выйдуць усе, нібы хацеў гэтым падкрэсліць, што ён тут не такі, як астатнія, а самы блізкі гаспадару чалавек. Потым, схіліўшы галаву, сцяўшы тоўстыя, нібы крыху распухлыя, выпуклыя губы, са спахмурнелай засяроджанасцю на твары, нетаропка падышоў да Касцевіча, аберуч аблапіў яго руку, да няёмкасці працягла глядзеў у вочы.

— Трымайся, дарагі,— не без урачыстасці прашаптаў ён.— Жыццё ёсць жыццё. Ці даўно мы тут сядзелі, віталі тваё вяртанне ў родны горад, і вось... Але нічога не зробіш. Помні, пакуль у цябе я, твой друг...— ён раптам запнуўся, не ведаючы, што гаварыць далей. На яго твары мільганула ўсмешка, якая і павінна была замяніць словы і сказаць яшчэ болей за іх, але, відаць, ён адразу ж усвядоміў недарэчнасць гэтай усмешкі і, каб патушыць яе, склаў губы трубачкай, потым варухнуў імі, нібы яны знямелі ў яго.— Усё будзе нармальна, Мікола... Я днямі загляну, пагаворым больш грунтоўна, а пакуль трымайся,— і Хурсан, схіліўшы галаву, хутка выйшаў з пакоя.

Застаўшыся адзін, Касцевіч яшчэ які час стаяў за сталом, не ведаў, што рабіць далей, потым скіраваў туды, дзе чулася прыглушаная гамана і тупаценне дарослых, усхліпванне малых, але, нібы раптоўна заўважыў, што крэслы стаяць як папала, пачаў расстаўляць іх. Адно аднёс у спальню, паставіў ля ложка — яно там заўсёды стаяла, калі хварэла жонка, і было за столік, на якім хапала месца для лекаў, шклянкі з вадой,— астатнія расставіў у зале.

— Тата! — заглянуў старэйшы сын Ігар, падобны на бацьку высокай хударлявай постаццю, густымі чорнымі валасамі, якія звісалі на высокі лоб, хавалі вушы.— Малыя разаспаліся, дык...

— Вядома, вядома,— не даслухаў сына Касцевіч.— Заўтра прыводзьце, чакаю...

— Мы адвязём малых і вернемся,— зайшоў за старэйшым і сярэдні Вадзім, невысокі, з вялікімі шэрымі вачыма, увесь у матку.

— Не трэба, мы тут самі. Заўтра прыводзьце малых,— і ён выйшаў услед за сынам.

Касцевіч пацалаваў малых, развітаўся з нявесткамі і, калі вяртаўся назад, пачуў праз адчыненыя дзверы з бакавога пакоя, дзе жыла дачка з мужам і малой:

— Дзед! І мяне!

Марына ў доўгай, па самыя пяты, байкавай у дробныя кветачкі кашульцы стаяла ў ложку з высокімі плеценымі сценкамі, церла кулачком свае круглыя блакітныя вачаняты, якія вельмі ўжо зліпаліся, і ледзь не плакала.

— І што гэта за неўгамонная такая,— Святлана ўзяла малую, кінула на падушку, накрыла коўдрай.— Ляжы і не хныкай!

— Не трэба так,— падышоў да малой Касцевіч, пагладзіў яе па галоўцы.

— Дзед, казку,— папрасіла тая.

— Табе яшчэ казка трэба, спіш жа зусім,— прабурчэла Святлана і кінула мужу, які раскідваў канапку: — Пайшлі посуд мыць. Ты будзеш насіць, а я...

— Адпачывайце, я сам,— сказаў ім Касцевіч. Яны быццам і не пачулі яго, выйшлі. Касцевіч быў памкнуўся ўслед за імі, заварочалася малая. Ён пастаяў крыху ля яе ложка, пакуль тая не заснула мацней, потым ціха, каб не грукнуць, выйшаў, прычыніўшы дзверы.

Пакуль Касцевіч быў запяты пахаваннем,— хоць, трэба сказаць, асноўныя клопаты ўзялі па сябе яго сябры Хурсан і Шэлег, але, вядома, хапіла турбот і яму, пакуль быў з людзьмі, а потым з зяцем насілі посуд на кухню, расстаўлялі ўсё на сваё месца, падмяталі падлогу, ён неяк не вельмі задумваўся над тым, што адбылося. А вось цяпер, калі ўсё было зроблена, калі застаўся адзін, ён сеў у нізкае мяккае крэсла ля стала ў зале — ісці ў асірацелую спальню не было ніякага жадання, ды і сон не браў яго, і раптам адчуў, што жыццё скончылася, страціла сэнс. Нібы не жонка яго памерла, а ён сам, і зараз у крэсле сядзіць не ён, а яго матэрыяльная абалонка, без душы, без эмоцый, і калі яшчэ ў ёй нешта варушыцца і тахкае, дык толькі па інерцыі. І каб у яго целе была такая кнопка, націснуўшы якую, можна было спыніць усе гэтыя бязмэтныя і непатрэбныя рухі, ён без ваганняў зрабіў бы гэта. Жыццё зараз не трэба было яму. І наогул, што такое жыццё? Навошта яно? Які сэнс жыць? Каб пасля доўгіх гадоў напружанай працы, хваляванняў, нарэшце зразумець, што ў той мітусні, якая называецца жыццём, няма ніякага сэнсу, што, як бы ты ні жыў і чым бы ты ні жыў, да чаго б ні імкнуўся і па якой дарозе ні ішоў — усё роўна тая дарога прывядзе ў нікуды, што ў чалавека не было, няма і не будзе выратавання ад небыцця. Чалавек нараджаецца, расце, імкнецца да нечага, нешта шукае, працуе, кахае, змагаецца і, аказваецца, толькі для таго, каб потым стаць небыццём...

Выходзіць, сэнс ягонага існавання, хоць ён пра гэта меней за ўсё думаў, быў у ёй адной, і цяпер, калі не стала яе, не стала мэты, сэнсу.

Касцевіч глянуў на партрэт, глянуў пільна, дапытліва, нібы іменна зараз хацеў убачыць такое, чаго не разгледзеў за жыццё, ці пачуць тое, што не паспела яна сказаць яму пры жыцці. На твары жанчыны нібы прамільгнула вінаватая ўсмешка. Яна, жонка, заўсёды ва ўсіх выпадках старалася браць віну на сябе. Вось і зараз не ён, а яна вінаватая ў тым, што адбылося, што робіцца з ім, што думае ён. Маўляў, нельга ж так разважаць, нельга жывому шукаць сэнс свайго існавання, сэнс жыцця, бо тады чалавеку зусім не захочацца жыць. Трэба жыць і радавацца жыццю, думаць толькі пра жыццё. Пакуль чалавек жывы, пра жывое думае. Яна і сказала зараз гэта яму сваёй усмешкай. Хоць навошта яму гэта цяпер? Навошта жыццё? Каму ён трэба? Дзецям? Яны пайшлі на свае дарогі. Унукам? Хіба што ўнукам. Марынка любіць, каб ён расказваў ёй казкі. Дзецям трэба казкі. І не толькі дзецям. Усе любяць казкі.

Касцевіч настолькі быў абыякавы да сябе і да часу, які для яго цяпер зусім спыніўся, ва ўсялякім разе ў гэтую ноч, што ён не ведаў, ды і не хацеў ведаць, спаў ён хоць трохі ці да самай раніцы праседзеў у крэсле з акрытымі вачыма. Хоць навошта яму ведаць гэта? Якая розніца — мінута, ноч, суткі ці нават сама вечнасць.

Яшчэ, здавалася, толькі што быў вечар, былі цёмныя вокны, а ўжо ў пакой цэдзіцца праз карункавыя фіранкі дзённае святло, і люстра пад столлю ўжо ледзь блішчыць; у двары пад вокнамі вые ад натугі стартэр — у некага не заводзіцца машына, у пярэдняй чуецца тупатня, гудзе вада з крана; і вось рыпнулі дзверы, засвяціліся круглыя блакітныя вачаняты, якраз такія, якія былі некалі ў той, што цяпер засталася толькі на партрэце, і вось яны паплылі да яго, як дзве ранішнія зямныя зорачкі. Унучка спяшаецца да яго, як ад каго ўцякае. Яна заўсёды раніцай, калі яе бацькі яшчэ не прачнуліся ці чым занятыя на кухні, ціхенька вылазіла са свайго ложка і, як асцярожнае кацянё, нячутна спяшалася да дзеда, каб даслухаць тую казку, якую не даслухала звечара, заснуўшы.

Касцевіч пагладзіў яе па галоўцы, падхапіў, пасадзіў на калені, прытуліў да сябе гэты цёплы даверлівы камячок, нібы ў ім было яго выратаванне ад адзіноты і пустэчы. Нешта балючае варухнулася ў грудзях, потым зацеплілася на шчацэ казытлівай слязой, якая да гэтага ўсё ніяк не магла прабіцца, акамянеўшы недзе ў глыбінях астылай душы.

І вось зараз гэты цёплы і даверлівы камячок сваёй адданай ласкавасцю нібы адагрэў яго. Касцевіч плакаў, плакаў ціха, без усхліпаў, слёзы набягалі і капалі, як капае ранняй вясной бярозавік з параненага дрэва...

— Дзед, мне цесна,— заварушылася малая, вызвалілася з яго рук і паспяшалася да маці.

Дзед яшчэ доўга сядзеў у скрушлівай і засяроджанай задумлівасці, нібы яго ўжо нішто не турбавала, нібы яму ўжо нічога і не трэба было рабіць на гэтай зямлі...

Боўкнуў званок, адчыніліся дзверы, у пярэдняй пачуліся бязладныя дзіцячыя галасы, а потым унукі кінуліся навыперадкі да дзеда, спяшаючыся захапіць месца на каленях.

— Гэта мой дзед!

— Учора быў твой, сёння мой.

— Ён мой учора і сёння...

Малыя не сумняваліся ў тым, што дзед толькі тое і рабіў, што чакаў іх. Яму аж не спіцца, так хочацца хутчэй убачыць іх. І сёння во прачнуўся раненька, адзеўся, сядзіць і чакае.

Гавораць, што дзеці дакладна адчуваюць настрой дарослых і ніколі не памыляюцца ў сваіх прадчуваннях.

 

2

Сонца высока вісела ў засмужаным небе і залівала мяккім ціхамірным святлом глыбокі двор сярод высокіх дамоў, утырканы дубчыкамі клёнаў, таполяў, вузлаватых каштанаў. На іх верхавінках, як выразанае з паперы, вісела нерухомае ацяжэлае лісце. Некаторыя дрэўцы наогул стаялі з абламанымі верхавінамі.

Касцевіч сядзеў на зялёнай доўгай лаўцы ля пад’езда, паклаўшы чорны пінжак побач, праглядаў газеты, якіх цэлы ахапак выцягнуў з паштовай скрынкі — апошнімі днямі пра іх забылі і не забіралі. Прабег загалоўкі, потым стаў учытвацца ў артыкулы, але чытаў механічна, не ўспрымаў зместу,— прачытае артыкул да подпісу аўтара, а пра што ён, сказаць не можа. Як і не чытаў. І каб думалася пра нешта іншае, дык не. Галава без адзінай думкі, зусім выпетраная, парожняя, напханая нечым санлівым і цяжкім, што аж на вочы цісне. Ён адкідвае газету, лаўчэй прыхінаецца да спінкі лаўкі, зручней выцягвае ногі, заплюшчвае вочы. Адчувае, як нешта гудзе ў галаве, нібы дзе далёка ляціць самалёт, натужліва прабіваючыся праз вышыню. Можа, і сапраўды дзе згубіўся ў сінечы? Калі ляпаюць дзверы ў якім пад’ездзе ці хто міма шоргае нагамі па асфальце, Касцевіч зноў бярэ газету, засланяецца ёю, быццам так зачытаўся, што нічога навокал не чуе і не бачыць: не хацеў, каб людзі спачувалі яму, з хмурным выглядам гаварылі тое, што ўсе гавораць у такіх выпадках, што ў кожнага заўсёды на языку, але не заўсёды ў сэрцы. Ад тых спачуванняў ніякай палёгкі, толькі лішні раз трывожыцца балючае.

Касцевіч зрэдку паглядваў на малых, што бавіліся на дзіцячай пляцоўцы сярод двара, дзе былі зроблены пясочніца, жалезная горка, гушкалкі, лесвіцы, з металічных паралеляў і мерыдыянаў зямны шар. Апошні якраз і абжывалі Ігаравы сыны — Антон і Слава. Слава залез на самы «полюс» і цяпер спаўзаў адтуль уніз галавой. Кашуля і майка вылузнуліся са штонікаў, агаліўшы спіну з вострымі лапаткамі, закрыўшы бялявую галоўку. Антон жа на руках вісеў на «экватары», крыху не дастаючы нагамі зямлі. Відаць, хацеў на руках падцягнуцца да самага «полюса», але не хапіла дужасці. Вадзімаў сын карапуз Міколка коўзаўся з жалезнай горкі, бляха якой за ноч парудзела ад расы, і цяпер штонікі малога і лыткі запляміліся ржой. Марынка стаяла ў пясочніцы на каленях і пякла з пяску аладкі. Побач сядзела кукла, развёўшы крывыя ружовыя ручкі з чырвонымі пазногцямі.

Калі Касцевіч пачуў, як «Волга» зашамацела зусім блізка шынамі па асфальце, ён яшчэ ніжэй схіліўся над газетай. Відаць, едзе дамоў сусед па пад’езду, распаўнелы малады мужчына, які жыў на другім паверсе. Ён заўсёды насіў на лацкане пінжака, які ніколі не зашпільваў на пукатым жывоціку, нейкі жоўценькі медалёк,— можа, таму не здымаў той пінжак нават у самыя гарачыя летнія дні,— і заўсёды пры сустрэчы з Касцевічам чакаў, пакуль той павітаецца з ім першы. Адказваў на прывітанне ледзь прыкметным кіўком галавы, з паблажлівай усмешачкай пытаўся: «Ну як, камандзір, жыццё на волі?» — і праходзіў міма, не думаючы нават спыняцца, каб нешта пачуць у адказ.

— Што новенькага ў прэсе? — пачуўся побач па-маладому жвавы, бадзёры голас Хурсана. Ён вытыркнуў нос у дзверцы з апушчаным шклом, потым вылез з машыны, узмахнуў рукамі, быццам тыя закляклі, імкліва падышоў да Касцевіча, які падняўся насустрач, павітаўся за руку.— Дык ніякіх навін у прэсе?

— Прызнацца, не чытаў. Прагледзеў толькі загалоўкі,— Касцевіч зноў сеў на лаўку.

— Добра ў цябе тут, ціха,— прысеў побач і Хурсан, паглядзеў на малых, павадзіў у здзіўленні цяжкім носам, тоўстыя губы варухнуліся ва ўсмешцы.— Ну і даюць! Во, верхалазы! У сад не ходзяць?

— Навошта, калі дзед ёсць,— і нельга было зразумець, ці паскардзіўся ён, ці сказаў проста з іроніяй.— Гавораць, у садзе месцаў няма, вось і выручае дзед. Лічаць, мне з малымі весялей. Яно і праўда, сумаваць няма калі. Ды, прызнацца, я і прывык да іх...

— Яно ўсё так, але...— Хурсан памаўчаў, потым мякка паклаў далоню на калена сябру.— Табе, Мікола, трэба працаваць. Абавязкова. Думаеш, не бачу, што з табой. Ты як той патухлы ліхтар. Халодны і не свеціш. А табе астываць яшчэ рана. Ды і не зможаш. Кожнаму з нас трэба нечым жыць. Нейкім клопатам. Без гэтага нельга. На працы ты сябе будзеш адчуваць чалавекам. Ажывеш... Жыццё ж не спынілася, дарагі мой. Не ў цябе аднаго такое, бывае і ў іншых. Але жывуць, не апускаюць крылы. У цябе ж наперадзе яшчэ нямала часу...

— Нічога мне не трэба, Толя,— паспрабаваў усміхнуцца Касцевіч.— Тут жыць, прызнацца, не хочацца, не тое што... Раней, было, воблака на небе прыгожае ўбачыш і радуешся. А цяпер... Душа адмірае, ці што. Як ты сказаў, патухлы ліхтар. А потым... Ведаеш, на флоце я быў спецыяліст. Ведаў, што мне рабіць, умеў рабіць. У мяне была мэта. Сэнс. А тут? Каля трыццаці гадоў мяне не было тут. У мяне адчуванне, што я нічога не ведаю... Адстаў. Сыны пачнуць разважаць пра сваё, а я сяджу і слухаю як замежнік які. Чэсна. Закончыў дзве акадэміі, а вось зразумець, што тут робіцца, не магу. Людзі не тыя, адносіны не тыя... І ў адпачынак жа штогод прыязджаў... Але як турыст. Кіно, рыбалка, грыбы... Не вельмі думаў пра сур’ёзнае...

— Прывыкнеш, пазнаёмішся.

— Які з мяне работнік? Абы месца займаць?

— Асвоішся.

— Пакуль асвоюся, зусім стары стану. Не, буду ўжо ўнукаў глядзець. Здаецца, прафесію дзеда асвоіў.

— Разбярэшся,— цягнуў сваё Хурсан.— Апетыт прыходзіць у час яды. З’явіцца мэта, клопаты... Ды і час настае такі, што працаваць становіцца цікава. Так што не вагайся. Ды і вагаешся ты, здаецца мне, не таму, што не ўпэўнены у сабе, а ад залішняй патрабавальнасці да сябе. Ты заўсёды быў такі. Ты яшчэ ў школе быў такі. Дарэчы, патрабавальныя людзі мне якраз і трэба... Адным словам, Мікола, давай да мяне на завод. Толькі не думай, што шкадую цябе... Я і раней хацеў табе прапанаваць гэта, ды падумаў, хай крыху адпачне, прывыкне да грамадзянкі.

— Што мне рабіць там?

— Няўжо, думаеш, для чалавека з дзвюма акадэміямі нічога не знойдзем? — Хурсан замуляў тоўстымі губамі, задумаўся, нібы сапраўды толькі зараз прыкідваў, што б прапанаваць сябру, хоць ехаў да яго з гатовай прапановай.— Табе хоць калі даводзілася мець справу з будаўніцтвам?

— У маладосці з бацькам печы клалі, дамы з цэглы ставілі. А на службе... Якое будаўніцтва на марфлоце?.. Праўда, аднойчы быў членам дзяржаўнай камісіі па прыёмцы вельмі адказнага аб’екта на востраве ў акіяне...

— Выдатна! Гэта ж тое, што трэба,— ажывіўся Хурсан.— Давай да мяне інжынерам па тэхнагляду. А што? Чарцяжы чытаць умееш? Глядзі толькі, каб будаўнікі рабілі ўсё па праекце, не хібілі. І ўсё. Аб’ект, праўда, за горадам, але туды штодня ходзіць аўтобус. Будаўнікі ездзяць. Ды і ад завода часта ездзім. Галоўнае, не даць ім рабіць цяп-ляп. Са свайго боку гарантую падтрымку ва ўсім... Будуем там, як гаворыцца ў дакументах, аздараўленчы комплекс. Прафілакторый для рабочых. Праўда, не зусім звычайны. Такога яшчэ ў нашым горадзе не было. Вялікі комплекс. Дык і завод жа мой не маленькі. Лічы, рабочых больш дзесяці тысяч. Гарком партыі, дарэчы, трымае будаўніцтва пад пільным кантролем. Да сацыяльных праблем, ведаеш, зараз увага павышаная,— Хурсан кінуў хуткі позірк на Касцевіча, відаць, хацеў упэўніцца, ці ўспрыме ўсур’ёз той яго прапанову.— Праўда, зарплата не ахці якая. Як і прынята ў нас плаціць інжынерам. Але табе большая і не трэба... Май на ўвазе, на гэтую пасаду ў мяне ў чаргу стаяць. Дарэчы, у асноўным адстаўнікі. Праўда, я ўсім адмаўляю. Не хочацца адстаўніка,— і адразу ж паправіўся,— абы-якога. Хочацца, каб быў чалавек, якога добра ведаеш, якому давяраеш. Надзейны, прынцыповы. А табе, мне здаецца, прынцыповасці не пазычаць... Падумай. Садовы ўчастак дадзім. Няхай твае карапузікі там па траўцы бегаюць,— Хурсан глянуў на гадзіннік, паспешліва падняўся. Відаць было, што яго бянтэжыць і нават раздражняе абыякавасць Касцевіча да яго прапановы. Але болей за ўсё раздражняла тое, што ён, Хурсан, угаворвае Касцевіча, што даўно ўжо адвык рабіць. Але Хурсан нічым не выдаў свайго настрою, нават усміхнуўся, праўда, той казённаю ўсмешкаю, якой заўсёды завяршаў гутарку з любым наведвальнікам, каб у таго, як ён лічыў, засталося найлепшае ўражанне ад сустрэчы.— Карацей, калі ты, Мікола, прыступіш, так сказаць, да выканання?..

— Амаль трыццаць гадоў адарванасці ад жыцця...— усё яшчэ вагаўся Касцевіч.

— Не жыў жа ты ў поўнай ізаляцыі,— хмыкнуў Хурсан і спытаў з большай катэгарычнасцю: — Тры дні на роздум хопіць?

— Параюся з дзецьмі,— паабяцаў Касцевіч і, заўважыўшы, што Хурсан чакае ад яго нечага болей, пэўнага, дадаў: — Можа, нават сёння...

— Праз тры дні чакаю,— падаў руку на развітанне Хурсан.—Асабліва не вагайся. Я ж кажу, ажывеш. Як другу кажу,— і ён жвава нырнуў у машыну, кляцнуў дзверцамі, памахаў рукою.

Машына, насмуродзіўшы, нячутна кранулася з месца.

Прыезд Хурсана, яго прапанова асабліва не паўплывалі на настрой Касцевіча, не пазбавілі яго абыякавасці да ўсяго, унутранай пасіўнасці і прыгнечанасці. І ў той жа час у яго свядомасці, у яго настроі нібы нешта зрушылася з месца, абудзілася, і ён ужо не адчуваў сябе такім самотным, нікому не патрэбным. І навакольны свет ужо не быў такім апустошаным. Касцевіч узяў газеты, зноў прагледзеў іх, некаторыя артыкулы захацелася прачытаць. Ён іх і прачытае. Вось завядзе малых дамоў, накорміць, укладзе спаць, а потым пачытае. Касцевіч глянуў на сонца, якое вісела над галавой і высвечвала ўвесь глыбокі двор, нідзе не пакідаючы ценю, падняўся.

— Дзеці, пайшлі,— паклікаў малых.

Марынка абцерушыла падол кароценькай сукенкі ад пяску, сабрала цацкі ў цэлафанавы мяшок, схапіла куклу за руку, паспяшалася да дзеда.

Карапуз Міколка так імкліва каўзануўся з горкі, што аж носам тыцнуўся ў пясок, падхапіўся, выцягнуўшы руку, крыкнуў:

— Станавісь!

Калі Антон і Слава сталі побач, падаў каманду:

— Шагам марш! Запявай!

Хлапчукі скіравалі да пад’езда, зацягнуўшы прывычнае:

 

А для тебя, родная,

Есть почта полевая...

 

Падхапіўшы малую на рукі, услед за імі падаўся ў пад’езд і Касцевіч.

 

3

Касцевіч вагаўся. Ісці ці не ісці на працу? Было багата чаго «за», але не меней і «супраць». Канешне, там, на працы, ён будзе на людзях і з людзьмі, яго захопяць новыя турботы, клопаты, але затое меней будзе з унукамі, паступова тыя пачнуць адвыкаць ад яго. Ён, праўда, вызваліцца ад многіх хатніх клопатаў, набудзе больш волі, але затое прыбавіцца больш клопатаў у яго дзяцей, а ім так хочацца яшчэ пагуляць, збегаць у кіно. Канечне, праца прынясе яму пэўнае задавальненне, а можа, і радасць, але як паглядзяць на ўсё гэта дзеці? І што зараз важней — яго настрой ці настрой яго дзяцей? Яго ж жыццё, лічы, скончылася, а ў іх яно сама пачынаецца. Чаму б дзеля іх і не ахвяраваць сабой, не аддаць ім тыя сілы, тую энергію, што яшчэ кволяцца ў ім? Адным словам, ён вагаўся, а калі чалавек вагаецца — Касцевіч гэта добра ведаў,— значыцца, у яго яшчэ не выспела шчырае жаданне, неабходнасць, нарэшце, патрэбнасць зрабіць так, а не інакш. Ішоў дзень за днём, а ён так нічога і не сказаў дзецям, а потым ўсё часцей пачаў думаць, што гаворка Хурсана наогул была несур’ёзнай, так, дзеля ветлівасці, каб толькі падтрымаць маральна яго ў цяжкую мінуту. А можа, і не так. Можа, яму шчыра Хурсан прапанаваў пасаду, але пільнай патрэбы ў ім не мае. Даў бы згоду, узялі б, а калі не прыходзіць, то і не трэба. Хутчэй за ўсё яно так і было, бо пасля той гаворкі з ім болей тыдня мінула, а ад Хурсана ні слыху ні дыху. А ён жа яму даў усяго тры дні на роздум. Пасля гэтага павінен быў пазваніць ці заехаць, пацікавіцца, якое ён, Касцевіч, прыняў рашэнне. Але не звоніць і не прыязджае...

А тым часам жыццё Касцевіча набывала пэўны змест і, галоўнае, рытм. Раніцай памагаў дачцэ ўбірацца ў кватэры, гатаваць сняданак, абед, потым ішоў з малымі гуляць, калі было добрае надвор’е, а калі дажджыла, заставаўся з імі дома, чытаў казкі, глядзелі па тэлевізары мультфільмы, пасля абеду клаў спаць, сам драмаў, потым хадзіў у магазіны, але ўсё гэта рабіў неяк механічна, без смаку, нібы рухалі ім не яго асабістыя жаданні, эмоцыі, а нейкая чужая яму, хоць і схаваная ў яго арганізме спружына.

І вось неяк раніцай, калі Касцевіч выпусціў малых за дзверы, а сам крыху забарыўся ў пярэдняй, шукаючы ключ ад паштовай скрынкі, зазвінеў тэлефон. Зазвінеў настойліва, патрабавальна. Касцевіч падумаў, што, відаць, звоніць Хурсан, і без усялякае ахвоты падняў трубку.

— Касцевіч слухае,— па ваеннай звычцы выразна сказаў ён.

— Прывітанне, дзед,— голас у дырэктара бадзёры, энергічны, паспешліва напорысты. Касцевіч яшчэ ніколі не чуў, каб так уладна размаўляў Хурсан.— Я сёння раніцай вярнуўся з Масквы, пазваніў табе ў кабінет, думаў, што ты ўжо там сядзіш, а ты сядзіш, ды толькі дома. Як гэта разумець, Мікола? Ты чатыры дні павінен быў працаваць. Не ведаю, як ваенных караюць за чатыры прагулы, а ў нас ты заслугоўваеш самай строгай вымовы, пазбаўлення ўсіх прэмій і ў тым ліку трынаццатай зарплаты, пераносу адпачынку з лета на зіму. Але паколькі ты яшчэ не праведзены загадам, то ніякіх санкцый не магу прымяніць, тым больш што ў цябе ёсць магчымасць цалкам рэабілітавацца, тэрмінова выйсці на работу. Ну як, крануў тваё сумленне? — нечакана добразычліва засмяяўся Хурсан.

— Калі трэба? — спытаў Касцевіч, які не любіў лішняй балбатні ды і трывожыўся, што за гэты час, пакуль ён тут слухае пустое, унукі маглі забрысці чортведама куды.

— Заўтра зможаш? — у сваю чаргу спытаў Хурсан.

— Змагу,— адказаў Касцевіч, абы хутчэй спыніць гаворку.— У колькі?

— Усе грамадзяне нашага горада, ды і ўсёй краіны, пачынаюць свой працоўны дзень у дзевяць нуль-нуль, акрамя калгаснікаў, якія выходзяць на працу пасля дзевяці,— Хурсан яўна блазнаваў, у яго голасе таксама гучала ледзь улоўная вясёласць, адчувалася, што ён там, на другім канцы провада, у сваім кабінеце, усміхаецца, кранаючы выпуклымі губамі тэлефонную трубку.

— У дзевяць дык у дзевяць,— уздыхнуў Касцевіч.

— Не трэба, Толя,— раптам неяк цёпла, спачувальна, па-сяброўску папрасіў Хурсан, пачуўшы яго ўздых.— Павер, я жадаю табе лепшага. Ты разумны чалавек і, можа, лепш за мяне ведаеш, як важна зараз для цябе быць з людзьмі.

— Да заўтрага! — Касцевіч паклаў трубку.

— Хто гэта там званіў? — выйшла са свайго пакоя Святлана, якая затрымалася там перад люстэркам.

— Заўтра трэба выходзіць на работу,— сказаў Касцевіч так, нібы яго не прасілі выйсці на працу, а загадалі.

Святлана глянула на бацьку крыху здзіўленымі шэра-сінімі вачыма, якія з-за блакітных ценяў выдавалі большымі, чым былі, скрушліва ўсміхнулася.

— Ну, татуля, ты і даеш. Нават не верыцца, што ты ваенны чалавек. Ну, няхай былы ваенны,— хуценька паправілася дачка.

— Чаму? — не зразумеў ён яе.

— Ну як гэта ў ваенных робіцца? Да ўсяго рыхтуюцца загадзя. Нешта там абмяркоўваюць, плануюць, малююць на схемах, карацей, абдумваюць. А тут як снег на галаву. Заўтра на работу. А куды нам заўтра дзяваць дзяцей?

— Тады не пайду,— сказаў Касцевіч.

— Ты ўжо зусім, татуля,— упікнула яго Святлана.— Як малы. То пайду, то не пайду. Я ж чула, што ты паабяцаў там некаму заўтра выйсці. І раптам... Сам жа вучыў нас, каб не раслі балбатунамі, не кідалі слоў на вецер. Ці не так?

— Ды так.

— Вось што, татуля. Трэба ісці, калі паабяцаў. Там жа, відаць, на цябе спадзяюцца. Чакаюць. Можа, якраз гэта і нядрэнна для цябе. А то зусім ты ў нас скіс. Так што ідзі. А мы з хлопцамі падумаем, як быць з малымі. Не можа быць, каб не знайшлося выйсця. Ты ж часта нам гаварыў, што няма ў жыцці такога становішча, з якога нельга б знайсці выйсця. Вечарам збяромся, пасядзім. Ты вось толькі купі які торцік, сыру і наогул паглядзі, што яшчэ там будзе...

Касцевіч любіў дачку больш за сыноў і не толькі таму, што яна была адзіная ў яго, а найбольш з-за таго, што яна вельмі ўжо была падобная на маці. Як дзве кроплі вады. Усё ўвабрала ў сябе. Нават размаўляла з ім, як маці,— крышачку паблажліва, але з адчувальнай пяшчотай і ў саміх словах і ў інтанацыі голасу, любіла пакамандаваць.

Святлана накінула на шыю лёгкую чорную хусцінку, спынілася ў дзвярах.

— Во, ледзь не забылася. Глянеш, татуля, ці ёсць у нас чай. Здаецца, засталося ледзь-ледзь... Таксама купіш...

— Дзе-е-ед! — чулася праз адчыненыя дзверы на балкон: малечы сумна стала без яго, вось і гарланяць.

Увечары ўсе дзеці Касцевіча сабраліся разам. Збіраліся разам і раней. І даволі часта, ледзь не кожны вечар. Асабліва тады, калі жыла яшчэ маці. Яна заўсёды старанна рыхтавалася да такіх сустрэч, пякла піражкі, тарты, гатавала розныя салаты і была шчаслівая, калі ўсім падабалася яе частаванне. Праўда, у апошнія дні, калі яна амаль не падымалася з ложка, ніякага чаявання не рабілі, а калі рабілі, то ўжо без ранейшых пірагоў і дамашняга пячэння... Ва ўсялякім разе, заўсёды такія зборы былі звычайнай з’явай. Нічога святочнага, выключнага. На гэты ж раз усе былі занадта ўзрушаныя, багата і гучна гаварылі, бязмэтна снавалі па кватэры, панавала нейкая бязладная мітусня. Касцевіч сядзеў у нізкім крэсле ў зале, трымаючы на каленях Марынку, назіраў за ўсім гэтым і думаў, адкуль такая ўзрушанасць. Можа, яны ведаюць пра ўсё, можа, ім Святлана сказала пра яго рашэнне. А можа, нічога і не ведаюць, а ўзбуджанасць ад таго, што гэты збор сапраўды незвычайны, першы без яе.

На стале вырасла бутэлька шампанскага, відаць, Святлана купіла, бо віна дома не было.

— А вы ведаеце, хлопчыкі, навіну? — звярнулася Святлана да братоў, пасля таго як усе моўчкі, без тостаў, выпілі шампанскае, закусілі, а потым у маўклівай засяроджанасці дзынкалі ў шклянках з чаем.— Наш татуля заўтра выходзіць на работу.

Ігар змаршчыніў высокі лоб, глянуў на Вадзіма, той сустрэў яго позірк, разгублена заплюскаўшы шэрымі вачыма, быццам тыя запарушыліся. Іх жонкі, якія сядзелі побач, нахіліліся адна да адной, пра нешта зашапталіся.

— Я і не думаў, але...— Касцевіч адчуў сябе вінаватым перад дзецьмі, пачаў неяк блытана апраўдвацца, але ў гэты момант яго выручыла Марынка, якая тэрцнула рукой ружы на торце, запэцкалася. Касцевіч падхапіў яе, кінуўся ў ванную. Вымыўшы малую, вярнуўся, гаварыў далей спакойна, нават крыху з іроніяй пра свой учынак.— Ведаеце, прыехаў неяк раніцай Хурсан, а ён такі напорысты, упарты, не адбіцца, ну я і не вытрымаў наступу, здаўся. Прызнацца, не думаў, што так адразу. А ён пазваніў, трэба заўтра... Так што, прызнацца, я не ведаю...

— Ты што, татуля? — засмяяўся Ігар.— Ты яшчэ вагаешся? Гэта ж тое, што якраз трэба. Сярод людзей...

— Тут іншай думкі і не можа быць,— падтрымаў брата і Вадзім.— Мы самі хацелі табе сказаць, каб не сядзеў дома, а ішоў куды працаваць. Рана табе ў пенсіянеры. Так што ўсё нармальна. Вось толькі праблема з малымі. Але як-небудзь выкруцімся. У нас у запасе дзве цешчы, два цесці, свёкар і свякруха. Шэсць баявых, так сказаць, штыкоў. Вось хай і пабудуць з малымі. Па чарзе. Адзін дзень у тыдзень. Будзем прасіць іх, так сказаць, ад імя калектыву нашчадкаў... А там як-небудзь уладкуемся...

— Не трэба нікога прасіць,— сказала Святлана.— Малыя прывыклі хадзіць сюды, і нечага цяпер іх адвучваць. Вадзіце як і вадзілі. Я вазьму адпачынак і пабуду з імі. Пакуль не вырашыцца з дзіцячымі садзікамі...

— Мы ж збіраліся на поўдзень,— не стрываў яе муж Яўген, адкідваючы кіўком галавы навіслыя над тварам доўгія валасы, пагладжваючы звычным рухам вусы.

— З’ездзім у будучым годзе,— адмахнулася ад яго Святлана.

Ігар і Вадзім пераглянуліся са сваімі жонкамі, тыя зрабілі выгляд, што нічога нечаканага не адбылося, ніжэй схіліліся над шклянкамі з чаем.

Касцевіча ўзрушыла клапатлівасць дзяцей пра яго, іх падтрымка. Яму захацелася сказаць ім не проста словы ўдзячнасці — не вельмі ён ірваўся на тую работу, не пусцілі б, не пакрыўдзіўся,— а нешта такое, каб яны адчулі, зразумелі, што яны для яго ўсё, што ён жыў і рабіў усё дзеля іх, і далей таксама будзе ўсё рабіць, каб яны адчувалі бацьку, бо нічога іншага ў яго жыцці і не засталося. Але заўсёды так бывае ў людзей, што яны самыя патаемныя шчырыя думкі саромеюцца выказваць, спадзеючыся, што ўсё і так павінна быць зразумела. Без слоў. Касцевіч нічога не сказаў пра тое, пра што думаў, а сказаў раптам пра садовы ўчастак, які паабяцаў яму Хурсан, хоць тады, пры гаворцы з ім, прапусціў гэта міма вушэй, цяпер жа падумаў, што дзеці павінны ўзрадавацца ўчастку, больш таго, яму іменна цяпер падумалася, што з-за гэтага ўчастка ён і пагадзіўся ісці працаваць.

— Дарэчы, мне паабяцалі садовы ўчастак. Прызнацца, не адмаўляўся. Хай будзе, ён нам не зашкодзіць. Пабудуем домік, будзе дзе малым бавіцца ўлетку. Калектыўна як-небудзь асілім будоўлю веку? — усміхнуўся Касцевіч.

Нечакана для Касцевіча навіна ніколькі не ўзрадавала дзяцей. Яго гэта не толькі здзівіла, а нават і засмуціла. Няўжо яны, дзеці, не разумеюць, што людзям, якія жывуць у вялікім горадзе, проста неабходна мець за горадам ціхі зялёны куточак, дзе б можна было адпачыць у цішыні, глынуць свежага паветра. Асабліва гэта трэба малым. Малыя наогул могуць жыць там усё лета. Ён, Касцевіч, зусім не збіраецца працаваць увесь час, сам з ахвотаю пажыве на прыродзе. Яшчэ раней, калі ён служыў, а сям’я жыла ў невялічкім гарадку, які ластаўчыным гняздом прыляпіўся сярод голых і халодных скал на беразе мора, часта гаварылі ў сям’і пра свой домік, пра садзік. Няўжо дзеці забылі пра тыя мары-гаворкі? Ды і пазней, ужо тут, на гэтай кватэры, калі жонка цяжка і невылечна захварэла, часам казала, каб хоць трохі пажыць на прыродзе, то яна б, здаецца, здолела сваю хваробу, акрыяла. Дзеці ж таксама чулі пра гэта. Праўда, яны ведалі, што ёй ужо нішто не зможа памагчы... А можа, дзеці, завёўшы свае сем’і, пачынаюць адвыкаць адзін ад аднаго, думаюць толькі пра сваё? Іх не цягне жыць разам, як было яшчэ зусім нядаўна. Хоць нічога дзіўнага ў гэтым няма. Усё натуральна, лагічна — такое жыццё. Яшчэ калі іх маці была жывая, дык болей хіліліся да бацькоўскага дома, а цяпер... Але ж можна кожнаму жыць сваёй сям’ёй і ездзіць на дачу, калі захочацца. Зусім неабавязкова на той дачы жыць камунай. Хай кожны жыве, як яму зручней. Не захочуць дарослыя, іх дзеці з радасцю будуць жыць там са сваім дзедам. Малыя яшчэ цягнуцца адзін да аднаго. Ім разам весялей.

Касцевіч ужо хацеў быў сказаць пра ўсё гэта, але яго апярэдзіў Ігар.

— Не ведаю, як хто, а мы ўдзел у будаўніцтве прыняць не зможам,— сказаў ён.— Усе нашы запасы пайшлі на кааператыўную кватэру, ды яшчэ і напазычаліся. Так што грошай няма...

— У нас іх і не было,— засмяяўся Вадзім. Пасля брата яму гаварылася смялей.— На мэблю ў цешчы пазычылі...

— Ну на дамок і наогул на будаўнічыя матэрыялы ў мяне грошы знойдуцца,— павесялеў Касцевіч.— А будаваць будзем разам. Сваімі рукамі. Думаю, агораем, тым больш што я прайду нейкую будаўнічую практыку на рабоце. Дарэчы, я ж не сказаў, што іду інжынерам па тэхнагляду за будаўніцтвам аднаго аб’екта...

— Усягды гатовы, як казаў адзін артыст,— засмяяўся Ігар, і яго высокі лоб змаршчыніўся.— Яшчэ і жонак мабілізуем.

— І родзічаў,— і Вадзім падміргнуў сваёй жонцы.— Вы і не ўяўляеце, колькі родзічаў у маёй жонкі. Калі сабраць усіх разам, цэлы мікрараён засяліць можна. На садовым участку ўсе і не памесцяцца.

«Дзеці, аказваецца, зусім не супраць участка,— падумаў Касцевіч.— Аж узрадаваліся. Нават занадта. Забылі, што іх маці зусім нядаўна не стала. Але я сам вінаваты. Першы пажартаваў пра будоўлю веку, вось і яны за мной...»

— Тады так, дзеці,— больш строга сказаў ён, голасам напамінаючы пра тое, пра што яшчэ ранавата забывацца. Усе неяк паспешліва спахмурнелі тварамі, прыціхлі, паглядвалі на бацьку, чакаючы, што ён ім скажа яшчэ.— Вы заўтра кожны ў сябе на рабоце пацікаўцеся, якія перспектывы наконт садзікаў. Потым скажыце. Можа, Хурсан чым паможа. Думаю, малым у садзіках не будзе горш. Хай прывыкаюць да калектыву, да самастойнасці. Лягчэй будзе ў жыцці...

— Мы ўсе разумеем, татуля,— перабіла яго дачка, потым спытала: — Каму яшчэ чаю? Ніхто не хоча? Тады будзем мыць посуд. Хто мне будзе памагаць?

Малыя, здавалася, толькі і чакалі гэтага моманту. Яны навыперадкі хапалі талерачкі, шклянкі і трушком насілі іх на кухню, адразу ж вярталіся, каб схапіць яшчэ што-небудзь,— для іх гэта была не праца, а вясёлая гульня.

— Ой, ды цішэй вы,— упрошвала іх Святлана.— А то і мыць не будзе чаго...

 

4

Звычайна Хурсан хадзіў на работу рана. Яму падабаліся пустыя вуліцы, напоўненыя чыстым яшчэ не задымленым машынамі паветрам, раса на жалезных парэнчах, што там-сям агароджвалі тратуары ад дарогі, цішыня, якую парушалі яшчэ рэдкія і, здавалася, санлівыя аўтобусы і тралейбусы. Добра было крочыць у адзіноце, дыхаць прахалодай, якая знікне, як толькі сонца вылузнецца з ранішняй смугі, адчуваць, як усё ў табе разаграваецца ад хуткай хады, як кроў набірае разгон, думаць,— а думкі лёгка нараджаюцца, выплываюць аднекуль з глыбінь свядомасці, уражваючы сваёй нечаканасцю. І Хурсан заходзіў да сябе, пэўна ўяўляючы, як і што ён будзе рабіць на працягу дня.

Ён адчыніў акно, што выходзіла ў невялікі скверык перад заводакіраўніцтвам, распрануў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла, усеўся. На стале ляжала папка са зводкамі аб выкананні плана цэхамі, зменамі за мінулы тыдзень, з рознымі пісьмамі, заявамі, іх трэба ўсе прагледзець, прыняць рашэнні. Папку гэтую кладзе на стол сакратарка яшчэ звечара, як ідзе дамоў. Звычайна да дзевяці гадзін Хурсан паспявае прачытаць усе паперы, прааналізаваць, прыняць рашэнні. І калі ў дзевяць службоўцы засяляюць усе шматлікія кабінеты і кабінецікі, Хурсан некаму звоніць, некага выклікае на гутарку, напамінае, падказвае, загадвае, адным словам, робіць усё, каб недаробленае ўчора было зроблена сёння, каб не паўтарыліся ўчарашнія памылкі. Усе прывыклі да таго, што іменна ў дзевяць трэба чакаць званка або выкліку, і, калі праходзіла першая паўгадзіна спакойна, увесь дзень тады можна працаваць упэўненым, што сёння цябе начальства не патурбуе.

Раскручаны махавік адладжанай вытворчасці набываў разгон.

Недзе праз гадзіну Хурсан падымаўся з-за стала, выпіваў шклянку халоднай калючай газіроўкі, каб хутчэй астудзіць сябе, перадыхнуць...

У гэты момант — гэта заўсёды было роўна ў дзесяць гадзін — у кабінет заходзіла сакратарка Вера Іванаўна, віталася, клала на стол цяжкую кіпу газет. Яна паспела ўжо збольшага іх прагледзець і адзначыць чырвоным алоўкам артыкулы, якія варта дырэктару ўважліва прачытаць.

— Як толькі з’явіцца Касцевіч, адразу ж накіруйце яго да мяне,— папрасіў ён Веру Іванаўну.

— Я такога не ведаю,— ласкава глянула на яго праз вялікія акуляры, што віселі на срэбным цяжкім ланцужку, усміхнулася.

— Думаю, Вера Іванаўна, ён назавецца,— усміхнуўся Хурсан і трымаў усмешку на сваіх пульхных вуснах, пакуль і не знікла за дзвярыма сакратарка.

Хурсан паспешліва прагартаў газеты, тое-сёе прачытаў, глянуў на гадзіннік. Палова адзінаццатай, а Касцевіча ні слыху ні дыху. Гэта ўжо не падабалася дырэктару. Пасля прагляду газет ён ішоў у канструктарскае бюро, ці ехаў ў якое міністэрства, ці ў яшчэ якую інстанцыю, адным словам, як ён гаварыў, працаваў на перспектыву, а сёння мусіў губляць такі дарагі час, чакаць Касцевіча, які ўчора ж паабяцаў быць у дзевяць, і якога ўсё няма, і невядома, ці будзе наогул. Відаць, здарылася нешта нечаканае ў яго, ці, можа, перадумаў ісці працаваць. Параіўся са сваімі дамашнімі і перадумаў. Дык хоць бы пазваніў. Відаць, усё ж людзей, якія не працуюць, пакідае пачуццё адказнасці, яны забываюць пра дысцыпліну, страчваюць усялякую прыстойнасць, ім напляваць, што нехта іх чакае, хвалюецца. Хурсана, які не любіў няпэўнасці ні ў чым, паводзіны Касцевіча раздражнялі. Можа, ён дарэмна цягне яго? Ён жа не просіцца, больш таго, нават вагаецца і, галоўнае, не хавае гэтага. Канешне, лепей было б узяць добрага вопытнага інжынера-будаўніка, нават якога-небудзь пенсіянера. Іх нямала прасілася. Ці каму са сваіх інжынераў даручыць гэты самы тэхнагляд?.. Дык хацелася ж памагчы чалавеку хутчэй забыць сваё гора, памагчы вярнуцца да жыцця, пазбавіцца той разгубленасці, якая апанавала яго. А потым, акрамя ўсяго, яму хацелася мець у падначаленых іменна Касцевіча, праслаўленага Касцевіча, пра якога ў свой час нават пісалі газеты, каб паказаць, што ён, Хурсан, у жыцці дасягнуў большага, хоць у свой час зайздросціў Касцевічу, асабліва ў школе. Ды і потым, калі чуў пра яго, чытаў.

У школе Касцевіч вучыўся на выдатна, а Хурсан ледзь цягнуў на тройкі. Касцевіч паступіў пасля школы ў вышэйшае ваенна-марское вучылішча, а ён, Хурсан, нават марыць пра такое не мог. Худы, насаты, недарослы, ён на турніку не мог падцягнуцца больш аднаго разу. Ён нават не адважыўся падаць дакументы ў політэхнічны ці універсітэт. Употайкі ад сяброў і таварышаў, каб яны не кпілі з яго, паслаў заяву ў народна-гаспадарчы, на эканамічны факультэт. У той інстытут паступалі тады нават тыя, што ўжо нікуды не маглі паступіць. І потым, калі паступіў, яшчэ доўга не прызнаваўся сваім аднакласнікам, дзе вучыўся, гаварыў, што ў інстытуце, а ў якім, не ўдакладняў.

Калі на канікулы прыязджаў Касцевіч, высокі, дужы, прыгожы, у марской форме, дык Хурсан стараўся не сустракацца з ім, хоць яны і жылі на адной вуліцы ў старых драўляных аднапавярховых дамах. Побач з ім Хурсан адчуваў сябе нейкім непаўнацэнным, прыніжаным, яму здавалася, што той зняважліва паглядвае на яго, на недарослага студэнта з нейкага наргаса ў сінім спартыўным касцюме з шырокімі, як жаночая спадніца, калашынамі — Хурсан два першыя курсы хадзіў на лекцыі ў спартыўным касцюме. Шэры шавіётавы касцюм ён набыў сабе толькі на трэцім курсе, калі зарабіў крыху грошай на цаліне... Але Хурсан не згубіўся ў жыцці, а нават узняўся на такую вышыню — дырэктар буйнейшага ў горадзе завода! — пра якую і не снілі аднакласнікі-выдатнікі. Пасля інстытута ён рабіў у планавым аддзеле більярднай фабрыкі, потым яго перакінулі ў планавы аддзел аднаго з цэхаў машынабудаўнічага, дзе Хурсана неўзабаве абралі сакратаром цэхавай партыйнай арганізацыі, затым намеснікам сакратара парткома завода, які якраз пашыраўся і хутка стаў самым буйным заводам у горадзе. Неўзабаве Хурсан рабіў ужо інструктарам гаркома, загадчыкам прамысловага аддзела, адкуль яго перавялі зноў на яго ж завод, але цяпер ужо ў якасці дырэктара.

І вось ён, Хурсан, якому часта з Масквы звоніць сам міністр, а то і тыя таварышы, што кіруюць і міністрам, той Хурсан, якога без чаргі прымаюць кіраўнікі самых высокіх рангаў у горадзе, у якога не тое што на кватэры, а нават на дачы ўстаноўлены ўрадавы тэлефон, сядзіць і чакае нейкага адстаўніка Касцевіча, якіх у горадзе сотні, а можа, і тысячы, губляючы на гэтае, можа, нават дарэмнае чаканне такі дарагі час. Не, цярпенне яго не бясконцае. Яшчэ пачакае сёння і, калі той не прыйдзе, не стане болей званіць яму, упрошваць. Каб не было так нудна сядзець без справы, ён схадзіў у сталовую, паабедаў, вярнуўшыся, пачаў гартаць штотыднёвік, правяраючы, ці не забыўся каму пазваніць.

— Анатолій Віктаравіч,— у цішы кабінета нечакана прагучаў голас сакратаркі,— у прыёмнай Касцевіч.

— Няхай заходзіць,— нагнуўся дырэктар над жоўценькай скрыначкай селектара, а потым падняўся, хуценька накінуў на плечы пінжак і, на хаду цэлячыся рукамі ў рукавы, паспяшаўся насустрач сябру.

Касцевіч у чорным гарнітуры, які яшчэ болей падкрэсліваў бялявасць яго ссівелай галавы, высокі, маладжавы тварам, не паспеўшы зачыніць за сабой дзверы, адразу ж пачаў прасіць прабачэння:

— Ведаеш, праседзеў у аддзеле кадраў, пакуль пазапаўняў розныя паперкі, потым пакуль выпісалі пропуск, потым некага шукалі падпісаць той пропуск... У цябе, можа, якая ваенная база, а не завод? — з няпэўнай усмешкай глядзеў Касцевіч зверху на нізкарослага Хурсана.

Хурсан змераў яго хуткім позіркам і, каб не стаяць перад ім, задраўшы нос, запрасіў Касцевіча прысесці на мяккае нізкае крэсла ля прыстаўнога століка — ён спецыяльна заказаў сюды два такіх крэслы, каб ніхто з наведвальнікаў, седзячы на іх, не быў вышэйшы за яго, дырэктара, а сам усеўся за сваім шырокім сталом на крэсла з надточанымі крыху ножкамі, каб самому здавацца вышэйшым,— калі сядзеў, то ледзь даставаў нагамі падлогу.

— Пазваніў бы мне адразу з кадраў...

— Я думаў, што хутка будзе...

— А я сяджу, чакаю... Хацеў ужо табе званіць дамоў. Дарэчы, вось табе папера, пішы заяву на садовы ўчастак. Вядома, фармальнасць, але трэба.

Касцевіч дастаў з унутранай кішэні пінжака шарыкавую ручку, але пісаць не кінуўся, агледзеўся, нібы хацеў спачатку прывыкнуць да новага месца.

— А ў тваім кабінеце эсмінец памесціцца,— з бяскрыўднаю ўсмешкаю сказаў Касцевіч.— Мне даводзілася быць у розных начальнікаў, а такіх кабінетаў не бачыў. Ці такія паложаны толькі дырэктарам заводаў?

— Ты яшчэ не бачыў кабінетаў,— усміхнуўся Хурсан, падумаўшы, які ж ён наіўны, гэты праслаўлены марскі воўк.— У мяне яшчэ не кабінет, а кабінецік.

— Кабінецік жа...— Касцевіч яшчэ раз агледзеўся, потым нахіліўся над сталом, падсунуўшы да сябе бліжэй паперу.— На тваё імя пісаць?

— Можна і на маё. Дарэчы, укажы званне, узнагароды.

— А калі без гэтага?

— Трэба. Каб усё па закону было. Хоць Героям Савецкага Саюза ўчасткі выдзяляюць без чаргі, але ўсё роўна заява трэба. Так што пішы, не саромейся,— і ён, пакуль Касцевіч пісаў, пазваніў галоўнаму інжынеру, сказаў, што да канца дня не будзе, папрасіў пабыць у інструментальшчыкаў, высветліць, чаму цэх выбіўся з графіка. Затым выклікаў машыну.— Хачу табе, Мікола, паказаць ды і сам паглядзець наш аб’ект, што там і як. Даўнавата не быў. А пакуль машына падыдзе, заглянем у твой будучы кабінецік,— ён з асаблівым смакам сказаў гэтае слова «кабінецік».

Яны не сталі спускацца ліфтам, а збеглі на першы паверх па прыступках. Хурсан узяў ключ у вахцёркі, што сядзела ў шкляным кубе і вартавала нікеляваную круцёлку, падышоў да дзвярэй ля самага выхаду, адчыніў іх. За дзвярыма быў невялічкі пакойчык з вузкім і высокім акном, дзе стаяў заплямлены нечым тлустым столік, абшарпаная табурэтка і вешалка,— металічны стаяк, на якім вісеў нечы сіні бруднаваты халат. Відаць, пакойчык служыў раздзявалкай для прыбіральшчыцы ці пакойчыкам, дзе можна было адпачыць вахцёру.

— Сёння тут паставяць новы стол, шафу, само сабой разумеецца, тэлефон... Кабінецік не ахці які, але затое ля выхаду, на першым паверсе, а галоўнае, будзе дзе хаваць усялякія паперы... Сядзець тут усё роўна не прыйдзецца... Ну, як? Калі не падабаецца, другі падбяром,— відаць, Хурсану было няёмка за такі кабінет, і гэта адчуў Касцевіч, таму ён весела, без намёку на іронію, сказаў:

— Нават вялікі,— убачыўшы, што дырэктар не верыць яму, дадаў: — Я прывык на падлодках да цесных кают, так што... нармальны кабінет. Галоўнае, ля выхаду...

— Цудоўна! — усміхнуўся Хурсан, выцягнуў пульхныя губы трубачкай, відаць, намерыўся яшчэ нешта сказаць, ды раптам слова патрэбнае не трапіла на язык, вылецела з галавы.— Ну паехалі, пагаворым у дарозе...

Белая «Волга» чакала іх ля ганка. Хурсан адчыніў заднія дзверцы, прапусціў Касцевіча, счакаў, пакуль той умесціцца, а сам усеўся наперадзе, побач з вадзіцелем. Некаторы час ехалі моўчкі. Касцевіч, нахіліўшыся да акенца, пільна разглядаў горад, палюбавацца якім так і не знайшлося яшчэ часу. Хурсан жа, дастаўшы запісную кніжачку, нешта адзначыў у ёй, а потым павярнуўся да Касцевіча, які ўжо не так пільна глядзеў праз акно, бо машына выскачыла за горад на шырокую шашу.

— А ведаеш, Мікола,— памуляў мясістымі губамі Хурсан.— Прачнуўся раніцай і спачатку нічога не мог зразумець. На душы такое, як на свята. Радасць. Ляжу і думаю, адкуль яна, нібы нічога ж незвычайнага не чакаецца. Дзень як дзень, запоўнены па завязку. Потым успомніў, што ты выходзіш на работу... Некалі ж разам, як кажуць, сабак ганялі, потым вучыліся разам, потым пуцявіны нашы разышліся, здавалася б, назаўсёды. І раптам... Хто мог падумаць пра такое? Наша сяброўства яшчэ адтуль, з дзяцінства. З далёкага дзяцінства... З таго ж часу амаль нічога не засталося. Нават вуліцы той няма. І раптам ты... Не, такое толькі і можна ацаніць, пражыўшы багата. Вось сядзім з табой, маўчым, а абодвум хораша. Чаму? Таму што надзейна. Ёсць каму абараніць, ёсць каго абараняць. Ты не быў там дзе раней жылі?

— Не было калі...

— А я неяк заехаў. Наплыло нешта такое, што ўсё кінуў і паехаў. І яшчэ раз пераканаўся, што ўсё ж ёсць у чалавека нейкая інтуіцыя. Пад’язджаю, а нашы дамкі раўнуюць бульдозерамі. А ведаеш, што мяне больш за ўсё ўразіла? Як рушыліся нашы дамкі. Развальваліся ціха, без адзінага гуку. Нідзе нішто не трэснула, не грукнула, так усё струхлела. Толькі жоўты пыл слупом. Такая бездапаможная падатлівасць перад жалезам. Вочы затуманіліся, а ў душы нібы таксама ўсё струхлела. Ногі як не свае сталі. Ледзь дайшоў да машыны... Днямі зноў праязджаў там... Цяпер на тым месцы нейкі інстытут, скверык, разарыі, фантанчыкі і ніякіх слядоў мінулага не засталося. І раптам ты... Я зноў убачыў нашу вуліцу, старую вярбу ля вашага двара, з якой вясной збівалі галлё і рабілі свісткі. Нават паверыў, што яна не знікла, а і сёння такая ж, як і некалі. Адным словам, Мікола, у мяне сёння свята. Быццам вярнулася юнацтва і мяне на зямлі стала болей. Нібы ў сённяшняй атмасферы дабавілася паветра адтуль, з мінулага,— убачыўшы, што ў Касцевіча вочы пацямнелі, а вусны моцна сцяты, відаць, сваімі разважаннямі ён разварушыў і яго, Хурсан раптам нечакана для самога сябе сказаў: — Няўжо мы такія ўсе адзінокія?

Збочылі на пясчаную растоўчаную лясную дарогу. Сосны нечакана расступіліся, паказаліся сцены з чырвонай цэглы. Месцамі яны толькі адарваліся ад зямлі, месцамі ўзняліся вышэй. Праз аконныя праёмы сінела неба. Вакол бетонныя пліты, іржавыя абрэзкі пагнутай арматуры, абапалкі, раструшчаныя дошкі.

Там-сям будаўнічы друз прарос травой так, што і не відаць было яго. І над усім гэтым, раскіданым і забытым, як нейкае гіганцкае высахлае дрэва, маячыў крап, узняўшы доўгую стралу над верхавінамі соснаў.

На шэрым пятачку ля крана дыміўся празрыстаю параю некрануты раствор,— яго, відаць, зусім нядаўна прывезлі і высыпалі,— не паспеў астыць.

— Вось і наш даўгабуд, як цяпер прынята гаварыць,— Хурсан выйшаў з машыны, памахаў рукамі, павіхляў кароткай спіной.— Як пасядзіш доўга, усё цела млее. Гавораць, солі...— і зноў пра будоўлю.— Цяпер, вядома, цяжка ўявіць, як будзе выглядаць наш аздараўленчы комплекс, калі яго пабудуюць, але скажу табе, будзе прыгожы... Павінен быць. Такога ў нашым горадзе няма. Не гавару ўжо пра сам будынак, унікальны па архітэктуры. Тут прадугледжаны працэдурныя кабінеты, усялякія гразі, парылкі, басейн, кіназала, бібліятэка, більярдныя, адным словам, усё, што трэба. Можна будзе добра падлячыцца і яшчэ лепей адпачыць. Толькі будуецца марудна... Вось тут, Мікола, ты і павінен праявіць свой баявы характар. Сачыць за тэмпамі, тэхналогіяй, а галоўнае, каб будаўнікі не адхіляліся ад праекта. Спадзяюся на цябе, як на сябе. За будаўніцтвам сочаць з праектнага інстытута, так званы аўтарскі надзор. Але эфектыўнасці ад яго ніякай... Пойдзем, пазнаёмлю з прарабам.

Яны скіравалі да жоўта-чырвонага аўтобуса, які стаяў збоч дарогі і пыхкаў сінім кучаравенькім дымком.

Цягнула смуродам, які перабіваў салодкі пах смалістай хвоі.

На падножцы пярэдніх адчыненых дзвярэй сядзеў хударлявы вастраносы прараб Бугаркоў. Ён трымаў у руках цыгарэту і паглядваў на рабочых, якія пераадзяваліся ў сінім вагончыку, што праз дарогу ад аўтобуса прыхаваўся ў цяньку ад старога з нізкім густым голлем дуба. Відаць, дуб некалі раскошваў на волі, пакуль гонкія сосны не ўзняліся над ім.

Некаторыя будаўнікі толькі падыходзілі да вагончыка, а некалькі чалавек нечага затрымаліся на рыштаваннях...

Заўважыўшы Хурсана з незнаёмым чалавекам, Бугаркоў зацягнуўся глыбока, потым выплюнуў недакурак, затаптаў яго абцасам кірзача, лена падняўся насустрач.

— Дамоў? — парукаўся з ім Хурсан.

— Пара,— адказаў прараб так, нібы ён тут і ні пры чым, а час надышоў канчаць работу і з гэтым нічога нельга нарабіць.

— Пазнаёмцеся,— Хурсан паказаў на Касцевіча.— Наш новы інжынер па тэхнагляду.

Паціснуўшы руку Бугаркову, Касцевіч неяк нясмела пацікавіўся:

— А раствор не акамянее да заўтрага?

— Да заўтрага? Канешне, акамянее. Дынамітам не ўзарвеш,— усміхнуўся прараб.— Але не начаваць жа нам з-за яго. Хай прывозяць раней. А то прывязуць у канцы рабочага дня. Не магу ж я прымусіць рабочых рабіць яшчэ змену. Не паложана.

— Выходзіць, прападзе? — больш упэўнена спытаў Касцевіч.

— Ні ў якім выпадку,— засмяяўся Бугаркоў наіўнасці інжынера.— Бачыце, стаяць?

Крыху далей, за аўтобусам, у рэдкім нізкарослым ядлоўцы стаяла некалькі чалавек у стракатым адзенні,— у пінжаках з абарванымі кішэнямі, у куртках, якія не сыходзіліся на выпуклых жывоціках, у рознакаляровых спартыўных трыко, у саламяных з абламанымі брылямі капелюшах. Уражвалі і іх самаробныя тачкі. Бляшаныя ванначкі, тазікі, начоўкі на калёсіках ад дзіцячых калясак і веласіпедаў...

— Садаводы,— перахапіўшы недаўменны позірк Касцевіча, растлумачыў прараб.— Кожны дзень пасуцца. Не паспеем ад’ехаць, як яны гэты раствор і выліжуць.

— Чым прападаць дабру, няхай лепш забяруць,— сказаў адзін з рабочых, што кіраваў паўз іх да аўтобуса, і прыпыніўся крыху, каб павітацца.— І наогул, таварыш начальнік, нешта трэба рабіць. Так нельга. Няўжо няма каму навесці парадак? Не можаце раствор даставіць, калі трэба, навошта нас везяце? Мы ж не лайдакі, нам работу давай. А то... Не, не было парадку і не будзе. Нічога нікому не трэба,— ён безнадзейна махнуў рукой і схаваўся ў аўтобусе.

— Леанід Тарасавіч,— памуляўшы ў роздуме непадатлівымі губамі, пачаў Хурсан.— Вы ж прараб. Кіраўнік. Як вы можаце мірыцца з гэтым? А мы яшчэ гаворым пра перабудову. Тут элементарнага парадку няма...

Бугаркоў крыху здзіўлена, з іранічнаю ўсмешкаю ў вачах няпэўнага колеру, паглядзеў на Хурсана і пачаў спакойна, нават абыякава, як звычайна гавораць пра даўно абрыдлае:

— Думаеце, не гаварыў, не патрабаваў. Гаварыў і патрабаваў. Выступаў на сходах, нарадах, лятучках, пісаў дакладныя. І наогул, як кажуць, было ў бацькі тры сыны. Два разумных, адзін будаўнік,— і нечакана загаварыў з абурэннем: — У трэсце, каб ведалі, глядзяць на ваш аб’ект, як на другарадны. Для вашага аб’екта ўсё ў апошнюю чаргу. Таму што за горадам. Сюды не вельмі хочуць ехаць. Той жа раствор стараюцца бліжэй вазіць, каб болей рэйсаў, значыцца... Сюды вязуць, калі ўжо няма куды везці... Знайшлі аднаго дурня Бугаркова, адправілі як у ссылку, і з усімі прэтэнзіямі да яго аднаго. Так сказаць, штатны казёл адпушчэння.

Касцевіч моўчкі раздзеў пінжак, азірнуўся, шукаючы, куды б яго павесіць. Угледзеўшы за вагончыкам усохлую сасёнку, пайшоў, абламаў на ёй галінку, павесіў на сучок пінжак і, закасваючы рукавы кашулі, спытаў у прараба:

— Там кельма знойдзецца?

— Ты што? — спачатку не зразумеў яго Хурсан.

— Не прападаць жа раствору,— скіраваў Касцевіч да рыштаванняў.

— Мікола,— кінуўся за ім Хурсан.— Я ж казаў, твой абавязак... За ўсіх не зробіш. І пра аўтарытэт трэба думаць, каб значыцца, на вышыні...

— Зараз мы і падымемся на вышыню,— усміхнуўся Касцевіч і па абляпаных цэментам сходнях пачаў падымацца на рыштаванні.

Прараб Бугаркоў, прасачыўшы моўчкі за Касцевічам, мацюкнуўся, плюнуў і сказаў вадзіцелю, які хадзіў вакол аўтобуса і ляпаў манціроўкай па колах, каб глушыў матор, таксама падаўся на рыштаванні.

Рабочыя, скеміўшы, што сёння паехаць дамоў у час ім не прыйдзецца, павылазілі з аўтобуса, паразлягаліся на траве, не збіраючыся болей працаваць. Некаторыя пайшлі ў прарабскую пераапранацца.

— Раствор! — ужо зверху крычаў раздражнена Бугаркоў.

Адзін з тых, што разлягліся на траве, сеў, нешта прабурчаў сабе пад нос, а потым лена, сваёй марудлівасцю дэманструючы нязгоду, пайшоў да крана. А хутка над пірамідкай раствору на доўгім тросе закалыхалася металічная скрынка...

— Мікалай Мікалаевіч! — крыкнуў Хурсан, наблізіўшыся да рыштаванняў.— Можа, на аўтобусе прыедзеш, а то мне?..

Касцевіч толькі махнуў рукой.

«Ён наіўны ці недалёкі, што спадзяецца такім танным энтузіязмам нечага дасягнуць...— не то шкадаваў, не то асуджаў Хурсан свайго сябра.— Відаць, жыве ўяўленнямі яшчэ даўніх гадоў...»

А тым часам паднялі раствор, і Касцевіч не бачыў ужо, калі ад’ехаў Хурсан. Ён лоўка, як спрактыкаваны будаўнік, арудаваў кельмай, ляпіў адну да адной цагліны.

— Ну і даёш,— пахваліў яго адзін з рабочых.— Адразу відаць, з нашых...

— Мой бацька мулярам быў,— адказаў Касцевіч.— Улетку браў з сабой. У вёсках дамы ставілі, печы рабілі, так што трошкі таго...

Садаводы пакрысе пачалі разыходзіцца.

 

5

Майская зайшла ў свой кабінет, села за стол, звычным рухам выцерла стол скамечанай паперынай, хоць ён быў і чысты, уставілася ў акно. Рабіць нічога не хацелася, ды яна і не ведала, што ёй трэба рабіць. І каб у яе хто спытаў, чаго яна наогул сядзіць тут, яна хутчэй за ўсё толькі б недаўменна павяла плячамі.

Правал памяці, свядомасці...

Майская была жанчына таго няпэўнага ўзросту, калі можна было прыняць яе за трыццацігадовую, якая нямала пабачыла ў сваім жыцці, ці саракагадовую, але якая не растраціла сябе, захавала сваю маладосць. Ва ўсялякім разе жанчына была ў тым стане, калі ўсё тое, чым адарыла яе прырода, расцвіло буйна і ярка, як тая асенняя кветка, якой застаецца толькі адно — парадаваць свет апошнім бляскам свае прыгажосці.

Майская была ўжо напярэдадні свае блізкае восені.

Пад крутым узлётам чорных броваў-крыльцаў ластаўкі — карыя вочы, напоўненыя загадкавым маладым бляскам, які сведчыў пра нязгасную прагу жыцця. Нос маленькі, кірпаваты, ад чаго ў выразе твару заўсёды было нешта наіўна задзірыстае, дзіцячае. І наогул тварам яна была як дваццацігадовая дзяўчына. І толькі пад падбародкам, калі апускала галаву, звісала цяжкаватая складка, якая амаль не сустракаецца ў юных і якая заўсёды выдае ўзрост. Адзенне — светла-шэрае плацце,— не брала на сябе ўвагу, не зацямняла прыгажосць жанчыны, а толькі болей падкрэслівала яе.

І каб зараз хто заглянуў у кабінет і сказаў бы ёй зусім пусценькі беззмястоўны камплімент, які звычайна гаворыцца толькі дзеля ветлівасці: маўляў, у вас сёння цудоўны выгляд ці ў вас вельмі прыгожае плацце, яно вам да твару,— карацей, каб яна хоць на імгненне адчула, што нехта зацікавіўся ёю, жанчынай, яна б не была такой самотнай, такой абыякавай да ўсяго, яна б на вачах змянілася, яшчэ болей папрыгажэла. У шчокі б ударыла чырвань, вочы пацямнелі б і падаліся яшчэ глыбейшымі.

Апошнім часам такая абыякавасць да ўсяго, такая апустошанасць з’яўлялася ў яе заўсёды, калі яна задумвалася, для чаго яна жыве на свеце і ці доўга яшчэ яна будзе так жыць.

Дарэчы, раніцай у Майскай быў выдатны настрой. Але па дарозе ёй сустрэлася жанчына яшчэ зусім маладых гадоў. Яна вяла за рукі дачушак. Дзяўчынкі былі ў белых кофтачках і чырвоных гальштуках — відаць, ішлі ў школьны лагер,— наперабой расказвалі маці нешта вясёлае. Тая, радасная і шчаслівая, слухала іх.

А ёй, Майскай, ніхто не раскажа нешта вясёлае, дзіцяча-наіўнае, ад чаго душа маладзее, жыццё напаўняецца сэнсам.

І ўсё ж, нягледзячы на яе няўрымслівасць, часам вось так ні з таго ні з сяго нахлыне на яе нейкі незразумелы одум: для каго і для чаго жыве? І наогул для чаго яна на гэтай зямлі? Здаецца, ужо нечага чакаць ад жыцця. І тады апускаюцца рукі. Жыць не хочацца. Такое адчуванне, што ты апынулася ў тупіку, з якога выйсця няма і не будзе.

Пачулася, як скрыганула тармазамі «Волга»,— так тармозіць, можа, ва ўсім горадзе адзін толькі шафёр, што возіць Трыпуза, упраўляючага трэста,— рэзка, з віскам.

Трыпуз таксама любіць рана прыязджаць на работу. Праўда, раней за яе, Майскую, яму яшчэ ні разу не ўдалося прыехаць.

Гук тармазоў і вывеў жанчыну з зацятага одуму. Яна быццам прачнулася, разгублена агледзелася, утаропілася ў каляровы каляндар з нетутэйшым пейзажам — каляндар вісеў на сцяне насупраць,— апусціла вочы на стол перад сабой. Крыху збоку, на самым краі стала, стаяла яе маленькая чорная сумачка з жоўценькім замочкам — дзве вавёрачкі цесна прытуліліся адна да адной галоўкамі,— ляжаў разгарнулі тоўсты блакнот-штодзённік. На яго старонцы пад нумарамі было запісана ўсё, што трэба было зрабіць сёння. Тэрміновае падкрэслена чырвоным.

У пластмасавым стаканчыку тырчалі розных колераў, памераў і форм шарыкавыя ручкі, купленыя ў замежных паездках,— бадай, адзінае, на што хапала грошай.

Яна прабегла свае запісы ў блакноце, спынілася на апошнім: «Высветліць наконт цэглы». Учора ў канцы дня ёй пазваніў Трыпуз і з такой зычлівай, нават лагодненькай усмешкаю ў голасе спытаў, ці ведае яна, Майская, што на вуліцы цёпла і сонечна. «Ведаю, ведаю»,— адказала яна, яшчэ не здагадваючыся, куды хіліць упраўляючы трэста. А ці ведае яна, Майская, што ў такое надвор’е муляры не спяць, а яшчэ там-сям у дзве змены робяць. «Зразумела»,— адказала жанчына і зрабіла гэты апошні запіс у блакноце. Паспрабавала дазваніцца да цагельнага завода, але было позна, і там нікога яна ўжо не застала.

Майская схапіла тэлефонную трубку, нібы каго імкнулася апярэдзіць, і пачала хуценька торкаць тонкім пальцам у дзірачкі дыска,— набіраць нумар.

— Алё! Алё! — заалёкала ў трубку, калі яшчэ там не пераставалі гудзець марудлівыя сігналы.— Цагельны? Пятровіч? Прывітанне! Майская... Алё! Пятровіч, вы ведаеце, колькі нам недадалі цэглы? Алё! У вас там кірмаш, ці што?.. Я таксама народ, Пятровіч, хай там сціхнуць крыху,— счакаўшы, загаварыла, нібы дыктавала.— Вы нам недадалі чатырнаццаць вагонаў цэглы. Праз дзень на дзесятках аб’ектаў спыніцца работа,— паслухаўшы, усмешліва дадала: — Дык, можа, мне самой у сцяну легчы? Ха, вы адзін, а нас многа... Хочаце, каб нас было мала? Не дачакаецеся, Пятровіч, уся краіна будуецца. Ой, Пятровіч, дзякую, пры сустрэчы расцалую...

За размовай яна не пачула, як нехта ціха, але настойліва пастукаў у дзверы і, не дачакаўшыся дазволу, зайшоў. Яна паклала трубку, азірнулася і ледзь не жахнулася ад нечаканасці. Засланяючы сабой дзверы, быццам прывід, стаяў мужчына ў чорным касцюме, высокі, з прыгожай буйной галавой, крыху ўзнятай з прывычнай ганарлівасцю,— так звычайна трымаюць галовы строгія настаўнікі, ваенныя, якія любяць сваю прафесію, і жанчыны сталага ўзросту, каб не абвісала складка пад падбародкам. Зачасаныя ўверх жорсткія валасы пабіты частым інеем.

Мужчына стаяў нерухома. «Манументальна»,— мільганула ў яе галаве,— і выдаваў сваю нецярплівасць толькі тым, што ўсё расшпільваў і зашпільваў гузік у пінжаку.

— Дазвольце звярнуцца, Алена Адамаўна,— неяк занадта ўжо ветліва і ў той жа час падкрэслена афіцыйна сказаў Касцевіч.

— Дазваляю,— яна стрымана ўсміхнулася.

— У вашым падпарадкаванні растворны вузел?

— У маім,— у роздуме адказала Майская, усё яшчэ з цікаўнасцю разглядаючы незнаёмага.— А вы хто такі, прабачце?

— Мікалай Мікалаевіч Касцевіч, інжынер па тэхнагляду на будаўніцтве аздараўленчага комплексу машынабудаўнічага завода,— далажыў ён, выразна вымаўляючы кожнае слова.

— Першы раз чую,— зноў стрымана ўсміхнулася Майская. Яе сапраўды смяшыла тое, з якой важнасцю і павагай да сябе гаварыў гэты прыгожы незнаёмец.

— Вы не чулі пра аздараўленчы комплекс? — ад здзіўлення Касцевіч аж крыху падаўся наперад галавой.

— Чула, чула,— цяпер памяркоўна сказала яна.— Я вас слухаю.

Касцевіч перадыхнуў, паглядзеў на жанчыну так, нібы прыкідваў, ці варта ёй, фанабэрыстай і яўна легкадумнай, гаварыць тое, што ён хацеў сказаць. А можа, ён памыліўся, не ў той кабінет трапіў? І таму спытаў:

— Вы ж Майская?

— Майская, Майская. Паказаць пасведчанне?

— Не трэба,— спыніў яе Касцевіч і зноў загаварыў з той жа інтанацыяй у голасе, з якой дакладваў пра сябе.— Як мне ўдалося высветліць, заяўкі на раствор для комплексу падаюцца на дзевяць раніцы. Прывозяць жа пасля абеду. І так ледзь не кожны дзень. Я хачу, каб вы ведалі пра гэта і адначасова хачу пачуць, якія меры будуць прыняты, каб такое не паўтаралася болей.

Калі б ён ўсё гэта гаварыў хоць з намёкам на ўсмешку, яна яшчэ зразумела б яго, а то ж гаворыць занадта сур’ёзна,— няўжо ён такі наіўны ці першы дзень у будаўніцтве?

Майская нечакана рассмяялася.

— Ой, прабачце,— сказала яна, паляпаўшы па грудзях вузкай далонню з вострымі чырвонымі пазногцямі, нібы гэтым рухам асадзіла смех, і пачала гаварыць нечакана спакойна, паступова пераходзячы на здзекліва-іранічную ветлівасць.— А ці ведаеце вы, Мікалай Мікалаевіч, што такіх аб’ектаў, як ваш, у мяне не адзін дзесятак і я, як некалі казала мая бабуля, не музыка, усім адразу не магу сыграць. А што тычыцца ўчарашняга, то мы толькі перад абедам атрымалі вагон цэменту, а то не было яго ў нас ні грама. Можа б, вы падказалі, як дзейнічаць у такіх абставінах?

Касцевіч не ўлавіў іроніі ў словах жанчыны, таму адказаў з ранейшай сур’ёзнасцю:

— Я не ведаю вашых магчымасцей, але лічу, што аб’ект павінен забяспечвацца ўсім неабходным своечасова, каб не парушалася тэхналогія.

— Вы яшчэ марыце пра тэхналогію ў будаўніцтве? — зноў не стрывала, засмяялася.

— Лічу ваша пытанне недарэчным,— спахмурнеў ён.— Няўжо гэта нармальна, калі рабочыя большасць дня нічога не робяць?

— Я ж сказала, што не музыка,— яе пачынала ўжо раздражняць ветлівая ўпартасць наведвальніка.

— Тады я мушу звярнуцца ў інстанцыі,— яшчэ з большай ветлівасцю сказаў ён.

— Я, вядома, не магу забараніць вам гэта,— яна гаварыла ледзь стрымліваючы смех, здзіўляючыся свайму такому нечаканаму настрою,— няўжо яе так уразіла недалёкасць гэтага вялізнага сівагаловага дзіцяці.— Але не забывайце, у інстанцыі вялікія кабінеты і персанальныя машыны, а цэмент у мяне. Дарэчы, вам не лішне было б пабыць на растворным вузле нашага трэста, у вас было б больш дакладнае ўяўленне пра тэхналогію ў будаўніцтве...

— Я якраз і збіраюся гэта зрабіць,— ён злёгку нахіліў галаву развітваючыся.

— Толькі не забудзьце з сабой падручнікі захапіць, каб зверыць, ці ўсё там адпавядае тэхналогіі,— параіла яна наўздагон.

Касцевіч спыніўся ў дзвярах, глянуў праз плячо на жанчыну, вусны яго сутаргавата варухнуліся. З ранейшай стрыманасцю і далікатнасцю сказаў:

— З радасцю выкарыстаю вашу надзвычай своечасовую, а галоўнае, разумную параду. Прыемна ведаць, што вы яшчэ не забылі, што на свеце існуюць падручнікі. Дзякую! — і ён ціха, каб не грукнуць, зачыніў дзверы.

Майская адчула, што чырванее ад сораму. Каб гэты арыфмометр у штанах, як яна адразу ахрысціла ў думках Касцевіча, накрычаў, стукнуў кулаком па стале, грукнуў дзвярыма, адным словам, быў такі, як усе, яна б перастала нават і думаць пра яго раней, чым ён зачыніў бы за сабой дзверы. А то ж, нягледзячы на адкрыты здзек, развітаўся ветлівенька, выйшаў ціхенька. У яе нават з’явілася жаданне падхапіцца, кінуцца ўслед, дагнаць яго, папрасіць прабачэння, растлумачыць, што і як у іхнім трэсце робіцца, але гэтае жаданне было надзвычай кароткім. У наступнае імгненне яна ўжо думала, якім бы чынам даведацца, адкуль узяўся гэты выкапень. Успомніла, што гады два назад яна была ў адной турысцкай групе з сакратаркай з прыёмнай дырэктара машынабудаўнічага завода. Пасля такой паездкі яны часта перазвоньваліся, нават разам хадзілі ў кіно, потым паступова адвыклі адна ад адной. Яна знайшла ў тэлефонным даведніку нумар прыёмнай. Пазваніла:

— Верачка? Гэта я... Не забыла... Ой, якое жыццё? Адна работа. Удзень, як вавёрка, а ноччу ўсё думаеш, што зрабіла, што не зрабіла. Так і ляціць жыццё. Ну, а ты?.. Дарэчы, сёння да мяне заходзіў ваш новы інжынер. Такі чорны і высокі. Вельмі дзелавы. Так, так... Ого!.. А я дура, падумала, што які шыз... Ну ўсяго! — яна паклала трубку, які час сядзела і нечаму ўсміхалася. Яна і сама не ведала, чаму ёй было радасна ад таго, што даведалася, хто такі Касцевіч.

Яна ўжо забыла пра свой ранішні настрой, пра абыякавасць да ўсяго, ёй зноў хацелася бегаць, званіць, нечага дабівацца, адным словам, жыць, жыць напружана і клапатліва.

 

6

У гэты ж дзень Касцевіч пабыў яшчэ ў некаторых кіраўнікоў трэста — у галоўнага тэхнолага, у галоўнага інжынера, у аднаго з намеснікаў упраўляючага. Яго больш за ўсё ўразіла, што ўсе яны былі надзвычай занятыя нейкімі неадкладнымі справамі, якія, як яму падалося, не мелі ніякага дачынення непасрэдна да будаўніцтва. Усе нешта пісалі, званілі па тэлефоне, звяралі розныя лічбы. Касцевіча слухалі няўважліва, паспешліва, абяцалі паправіць справу, а калі і як, пра тое ні слова. Касцевіч, калі сядзеў у кабінеце галоўнага тэхнолага, зусім яшчэ маладога хлопца, які слухаў яго і ў той жа час нешта пісаў, не вытрымаў, спытаў:

— Няўжо вас не цікавіць будаўніцтва?

— Цікавіць, яшчэ як цікавіць, ды часу няма,— шчыра адказаў той.— Вось трэба тэрмінова рыхтаваць даведку, нас будуць слухаць на калегіі міністэрства.

І той жа малады тэхнолаг параіў яму зайсці да таварыша Майскай, маўляў, яна адказвае за забеспячэнне і наогул ведае нават тое, чаго ў трэсце ніхто не ведае.

Другі раз ён да Майскай не пайшоў, а даведаўшыся ў вахцёра, дзе знаходзіцца трэстаўскі растворны вузел, хацеў адразу ж паехаць туды, але ўжо было пазнавата, і ён вырашыў паехаць раніцай.

Сышоўшы з тралейбуса, Касцевіч недаўменна агледзеўся. Гаварылі, што адразу ля прыпынку з правага боку і будзе бетонна-растворны вузел. А тут нічога падобнага не было. У засені высокіх таполяў стаялі невысокія драўляныя дамкі. Іх вокны хаваліся за густымі прысадамі. Раптам ён убачыў, як з зялёнага завулка выехаў адзін самазвал, за ім — другі. З іх кузаваў, заляпаных высахлым растворам, падымалася пара.

Касцевіч і пайшоў туды, адкуль выехалі машыны. Яго абагнала некалькі самазвалаў са шчэбнем.

Дарога, усё болей і болей забруджаная мокрым цэментам, прывяла яго да шырокіх варот, збоку якіх за зараснікамі бузіны стаяла беленькая прахадная. Ён неяк не звярнуў увагі на тое, што акно ў ёй было выбіта і адтуль тырчэла зялёнае бадзюлле, а адразу заглянуў у дзверы, спадзеючыся ўбачыць там каго-небудзь. У памяшканні, парослыя травой, ляжалі старыя пакрышкі. Можа, ён не туды трапіў? Можа, гэта ніякі не бетонна-растворны вузел, а якое даўно разбуранае і забытае прадпрыемства? Дык не, паўз яго праехаў яшчэ адзін самазвал.

У вялікім двары, абнесеным высокім драўляным плотам, узвышалася шэрае збудаванне без вокнаў. Да яго ляпіліся высокія металічныя цыліндры, відаць, ёмкасці для цэменту.

Машыны загружаліся пад бункерам і адразу скіроўвалі да варот.

Касцевіч хацеў быў пайсці туды, распытаць, куды і хто вязе гэты раствор і наогул хто тут распараджаецца, але двор быў заліты такой гразюкай, што яму ніяк нельга было дайсці ў чаравіках да бункера, і ён пакрочыў па невысокім бардзюры да забудовы з адным акном пад канадскімі клёнамі, куды заходзілі і адкуль выходзілі з паперкамі ў руках вадзіцелі...

Яму стрэлася мажная жанчына ў высокіх, відаць, мужчынскіх гумовіках.

— Хто тут самы галоўны? — спытаў ён у яе.

— Добры дзень,— адказала тая, відаць, за гулам, якім поўнілася паветра, не разабрала яго слоў.

— Трыццаць сёмая, чаму не загружаецеся? — прагучэла на ўвесь двор па радыё.

Малады шафёр, які стаяў на падножцы свайго грузавіка і нешта крычаў жанчыне, якая стаяла на балкончыку ля загрузачнага бункера з белаю павязкаю, відаць, ад пылу, на твары, раптам махнуў рукой, сеў у кабіну. Жанчына з балкона знікла. У кузаў пасыпаўся раствор. Машына пахіснулася і быццам крактанула пад яго цяжарам.

— Прабачце, хто тут камандуе ўсім? — спытаў ён у вадзіцеля, які якраз паўз яго спяшаўся да свайго грузавіка.

— Там, — махнуў той рукою на акно забудовы пад клёнамі.

Касцевіч пастукаў у дзверы, яму ніхто не адказаў. Зайшоў у памяшканне. За невысокім бар’ерам сядзела некалькі маладых жанчын. Дзве ля сцяны за адным сталом нешта засяроджана падлічвалі на маленькіх электронных машынках, адна, ля акна, піла чай, а тая, што сядзела адразу за бар'ерам, выпісвала накладную шафёру, які, аблакаціўшыся, моўчкі чакаў. Касцевіч прыстроіўся ля яго.

— Ведаеце куды? — спытала яна ў шафёра, падаючы таму накладную.— Загружайцеся.

— Скажыце, калі ласка, на аздараўленчы комплекс адправілі раствор? — пацікавіўся Касцевіч.

— Не электронная машына, каб усё помніць,— адказала, перакладаючы фіялетавай капіроўкай лісткі блакнота, а потым, зыркнуўшы на незнаёмца, спытала мякчэй: — Заяўка была?

— Павінна,— няпэўна адказаў Касцевіч.

— Будзе, калі была.

— Я хацеў бы з гэтай машынай паехаць...

— Чакайце, будзе на комплекс, скажу,— і яна ўзяла пуцёўку ў чарговага вадзіцеля, пачала выпісваць накладную.

— А ці скора? У вас жа, як я паспеў зразумець, спіс...

— Калі трэба, тады і будзе,— няпэўна адказала жанчына.

Касцевіч пашукаў, дзе б яму прысесці, але на гэты бок бар’ера крэслаў не было, і ён, аблакаціўшыся, толькі пасунуўся крыху далей да сцяны.

Раптам праз акно ён убачыў Майскую. У чырвонай лёгкай куртачцы, з валасамі, падабранымі на патыліцы ў пышны хвост, перахоплены чырвонай лентай, у белых у абцяжку штанах і чорных бліскучых туфлях на высокіх абцасах, яна ішла па бардзюры, балансуючы рукамі. Потым спынілася, агледзела двор, скіравала ў памяшканне.

— Глядзіце, відаць, воўк у лесе здох. Сама Кельма да нас,— сказала тая, што піла ля акна чай, хуценька паставіла кубак на падаконнік, недаедзены бутэрброд сунула ў шуфлядку стала.

— Першы раз, як працую, бачу яе тут,— паспела паведаміць тая, што выпісвала накладныя.

Майская імкліва зайшла ў памяшканне, павіталася. Касцевіча, здаецца, не заўважыла, адразу ж спытала:

— Куды?

— На тэхнікум,— адказала жанчына, адарваўшыся ад свае пісаніны.

— Запішы на комплекс,— загадала ёй Майская.— А наступную на тэхнікум. Ну, што глядзіш? Не чула, што сказала? — і працягвала раздражнена: — І наогул, каб на комплекс адпраўляла раствор у першую чаргу, самую першую машыну. Ясна? — і нібы толькі цяпер убачыла Касцевіча.— Вы, Мікалай Мікалаевіч, на будоўлю?

— Так точна,— паспешліва адказаў ён.— Можа, з гэтым самазвалам?

— Я падвязу вас, Мікалай Мікалаевіч. Я якраз туды,— і ўжо ў двары, балансуючы ў сваіх туфельках па вузкім сухім бардзюры, часта азіраючыся на Касцевіча, нібы хацела пераканацца, што той не адстае ад яе, слухае, расказвала: — Гэта ж добра, што вы ў мяне пабылі. Я ўспомніла, што даўно не бачыла, як і што робіцца на вашым комплексе, нават не ўяўляю. Сядзіш у кабінеце, здаецца, усё нармальна, а на справе... Хачу высветліць, як там забяспечваецца аб’ект не толькі растворам, а наогул... Аб'ект аддалены, шафёры не любяць туды ездзіць, любяць бліжэй, а туды ў апошнюю чаргу... Я вось сказала, каб адправілі самазвал, і не ўпэўнена, што ён даедзе, заверне куды бліжэй, а туды паедзе, калі нідзе бліжэй не трэба будзе. І так не толькі з растворам, а з усім іншым. Выпісваюць нешта на комплекс, а тое нешта раптам трапляе зусім на другі аб’ект у горадзе. І канцоў не знойдзеш.

За варотамі бетонна-растворнага вузла, збочыўшы з дарогі, стаялі зялёненькія «Жыгулі».

Да іх і скіравала Майская.

— Прашу,— яна пакорпалася ключыкам у замочку, адчыніла дзверцы, села за руль, счакала, пакуль умесціцца Касцевіч, завяла матор, паслухала, як ён набірае абароты. Прапусціўшы некалькі самазвалаў з растворам, выруліла на дарогу.

Ехалі моўчкі. Майскую, здавалася, цікавіла толькі дарога, якая сапраўды была забіта машынамі, асабліва багата было грузавых. Сіні дым ад іх вісеў у паветры. Касцевіч таксама маўчаў, здзіўлены такой нечаканай увагай да яго з боку гэтай прыгожай аўтаамазонкі. Ён не верыў, што іменна будоўля яе зацікавіла,— урэшце, на будоўлю ў белых штоніках не ездзяць. А можа, хто з кіраўнікоў трэста, галоўны інжынер ці тэхнолаг, у якіх ён учора пабыў, загадалі ёй праверыць яго скаргу. Вось і паехала. Можа, і так. Гаварыў жа Хурсан, што ў гаркоме сочаць за іхняй будоўляй, у трэсце і ўстрывожыліся, калі ён, Касцевіч, пахадзіў па кабінетах. А можа, і Хурсан пазваніў каму.

Касцевіч глянуў на жанчыну і сустрэў яе, як яму падалося, дапытлівы позірк. Відаць, чакае ад яго якога пытання ці гаворкі. Сапраўды, не маўчаць жа ўсю дарогу.

— Скажыце, чаму гэта растворны вузел такі запушчаны? — спытаў, абы што сказаць.— Варот няма, прахадную захламілі...

— А навошта яна? — Майская зноў глянула на яго, але без ранейшай дапытлівасці ў вачах.— Вузел будавалі ў тыя часы, калі нікому ніхто не верыў. Як раней было? Вадзіцель загружаўся, потым выпісваў накладную ў дыспетчара, а пры выездзе тую накладную правяраў вахцёр, пасля чаго выпускаў машыну за вароты. А цяпер усё прасцей. Дыспетчар выпісвае накладную, вадзіцель загрузіўся і паехаў. Без накладной аператар не загрузіць. Вахцёр не трэба, вароты не трэба, прахадная таксама. Хацелі там зрабіць пакойчык для вадзіцеляў, але памяшканне маленькае... А потым, ведаеце, нікому парадак не трэба. Гэта вы што новы чалавек, дык заўважылі. А мы прывыклі, думаем, так і трэба. А наогул багата начальнікаў развялося, кожны паглядвае, каб нехта зрабіў, а не ён. Адным словам, тарпыхаемся, нервы адзін аднаму псуём, а толку ніякага. Рабочага ля станка ці якога муляра днямі фатаграфуюць, кожны рух запісваюць, кожную паўзу, каб, значыцца, вывесці яму навукова абгрунтаваную норму. А нас, чыноўнікаў, ніхто ніколі не фатаграфуе, ніхто не ведае, што і колькі паложана кожнаму рабіць. Часам адны абавязкі, а нагрузкі ніякай. І атрымоўваецца, адзін ледзь спраўляецца, а другі не ведае, як дзень адбыць, куды час падзець. Праўда, пры гэтым робіць выгляд, што яму дыхнуць няма калі. А праз некаторы час, глядзіш, ён і ў начальніках. Бо нічога ж не рабіў, памылак няма, заўваг таксама, па ўсіх параметрах самы станоўчы. Там у яго ўжо з’яўляецца сапраўдная работа — кіраваць работай намеснікаў, падначаленых. І ён столькі накідае ім усялякіх даручэнняў, што тыя ледзь спраўляюцца. Другая справа, што сярод тых даручэнняў большасць непатрэбных. Падначаленыя пачынаюць скардзіцца, што ў іх не хапае часу. Крыкі, мітусня. Бегаюць адзін за адным цэлы дзень, як сабака за ўласным хвастом. Руху багата, шуму яшчэ болей. Стамляюцца, хапаюць інфаркты. А прагрэсу ж няма. Так і разрастаецца бюракратыя пад націскам патрэб самой бюракратыі. Яна, бюракратыя, ужо існуе як аўтаномны арганізм. Усе свае сілы траціць на сябе, каб жыць, не загінуць. І самае крыўднае, што сярод гэтых няўрымслівых гультаёў пападаюцца чэсныя людзі, ім сорамна жыць дармаедамі, вось яны і шукаюць сабе работу. Знаходзяць, вядома. Суткамі пішуць нікому не патрэбныя даведкі, справаздачы. І гуляе папяровая завіруха па кабінетах. Шораху багата, а карысці кот наплакаў. І не знойдзеш ужо, дзе што пачынаецца, дзе што канчаецца. Мяцеліца. І хоць многія разумеюць, што робяць пустое, лішняе, непатрэбшчыну, але ўжо прывыклі, папрыліпалі да цёплых крэслаў, не хочуць ісці вазіць раствор, грузіць цэглу, карацей, ісці туды, дзе якраз не хапае рук. Напрыклад, у нашым трэсце не хапае восемсот рабочых. Уяўляеце? — яна гаварыла пра гэта знарок, думаючы ўразіць Касцевіча сваімі разважаннямі. Ёй здавалася, што Касцевічу павінны падабацца толькі разумныя жанчыны, якія ўмеюць мысліць.— Праўда, пра гэта мы звычайна мала думаем, пакуль не з’явіцца свежы чалавек, не ўскалыхне цябе. Зараз усе вельмі ж ахвотна гавораць пра перабудову. Але гавораць так, быццам яна тычыцца каго хочаце, толькі не яго. Вось чаму папяровая мяцеліца як гуляла, так і гуляе. А хіба не так? — яна ўпершыню за ўсю дарогу глянула на Касцевіча, затрымаўшы на ім свой учэпісты позірк. Яна і спытала толькі для таго, каб зараз вось так паглядзець у чаканні адказу.

Касцевіч, які прывык да дакладнасці ў думках, нічога не мог сказаць, бо вельмі ж дрэнна ўяўляў ўсё тое, пра што яна разважала. А тут яшчэ так пільна разглядае яго, як звычайна разглядаюць толькі блізкага чалавека, якога даўно не бачылі, каб хутчэй прывыкнуць да таго новага, што з’явілася ў ім за час ростані. Так звычайна разглядала яго жонка, разглядала доўга і прагна вачамі, поўнымі слёз, калі ён вяртаўся з далёкага плавання.

Успамін пра жонку вярнуў Касцевіча да рэальнасці, згінула нечаканая разгубленасць. Ён адказаў хоць і няпэўна, але без усялякага вагання.

— Не ведаю, не паспеў прыгледзецца, так што...

— Не магу знаць,— са смехам закончыла Майская ягоную думку, бо, магчыма, іменна такія словы і былі на языку ў Касцевіча, гулліва пацікавілася: — Ці, можа, у вас, ваенных, не так гавораць у падобных выпадках?

— Відаць, вы добра ведаеце не толькі бюракратаў, але і ваенных,— адказаў Касцевіч.

«А ён, аказваецца, не без гумару,— падумала Майская,— і, відаць, не такі прамалінейны, якім паказаўся адразу».

Яна яшчэ раз, цяпер ужо мелькам, хоць даволі і ўчэпіста, глянула на яго. Яе ўразіла тая засяроджанасць і паглыбленасць у сябе, што адбіліся на яго твары. Болей яна не сказала ні слова, аж пакуль і не прыехалі на будоўлю.

Яго настрой, бачыла, ніколькі не змяніўся. Унурыўшы галаву ў плечы, ён за ўсю дарогу нават ні разу не глянуў на яе, прасядзеў як акамянелы.

Калі машына спынілася, Касцевіч адразу ж выйшаў, не дачакаўшыся, пакуль яна заглушыць матор. Майская ж, наадварот, не спяшалася. Крыху пасядзела, прасачыла за Касцевічам, які неяк бездапаможна і разгублена азіраўся.

На будоўлі нічога не змянілася. Той жа сіні вагончык-прарабская, тыя ж груды друзу, той жа застылы кран, што выглядаў некага за лесам. На тым жа месцы стаяў і аўтобус, у цяньку ад якога спаў вадзіцель, падклаўшы рукі пад галаву. Больш нікога не было. Не было і самога прараба Бугаркова.

— Я думала, тут даўно ўсё пад дахам, а тут ледзь адарваліся ад зямлі,— расчаравана прамовіла Майская, падышоўшы да інжынера.— А дзе ж людзі?

Касцевіч нічога не адказаў, памацаў замок на дзвярах вагончыка — той вісеў незамкнёны,— потым хуткім крокам скіраваў да будоўлі, заглянуў праз акно ўсярэдзіну, падняўся па рыштаванні, гучна крыкнуў:

— Бугаркоў!

— Адчуваецца былы камандзір,— не без захаплення сказала Майская вадзіцелю, які, узняўшы ўзлахмачаную галаву, няцямна аглядаўся апухлымі вачыма.— А дзе ж людзі?

Вадзіцель, здавалася, не пачуў яе пытання, зноў кінуў цяжкую галаву на рукі.

— Цікава, ні грыбоў, ні ягад, здаецца, яшчэ няма,— разважала ўслых Майская, а потым больш строга і патрабавальна спытала: — Вадзіцель, дзе ж людзі?

Вадзіцель зноў узняў галаву, потым сеў, паляпаў па кішэнях пінжака.

— Што ім тут рабіць, калі нечага рабіць? — Ён смачна пазяхнуў, дастаў цыгарэту, павесіў яе на губу.— Рабочы чалавек псуецца без дзела, як і машына. Вазьміце дзве машыны. Адна стаіць, на другой ездзяць. І тая, што стаіць, уміг саржавее. Так і чалавек. Губіць яго гультайства,— і, прыкурыўшы ад запальнічкі, загадкава дадаў: — Вось недзе і ратуюцца.

Майская не зводзіла вачэй з вадзіцеля, спадзеючыся, што ён скажа нешта больш пэўнае, але той, здавалася, забыў не толькі пра яе пытанне, а і пра тое, што яна наогул стаіць побач, засяроджана пускаў сіні дымок, разглядаючы, як ён растае ў нерухомым паветры.

У гэты момант якраз пад’ехаў самазвал, спыніўся ля аўтобуса. Шафёр высунуўся з кабіны, агледзеўся. Убачыўшы шэрую пляму ля крана, пад’ехаў да яе, ссунуў раствор і, густа задыміўшы, развярнуўся, на хаду апускаючы ўзняты кузаў.

Майская затаіла дыханне, пакуль смярдзючае воблака не адплыло далей, потым глыбока ўздыхнула, аж закружылася ў галаве, і пайшла да Касцевіча, які якраз спусціўся з рыштаванняў, памацаў раствор пальцамі, панюхаў.

— Выходзіць, мы з вамі дарэмна турбаваліся? — падышла яна да яго.

— Людзі прывыклі, што позна прывозяць раствор, вось і...— у яго голасе адчувалася быццам вінаватасць за людзей.

— Ох і любіце вы на сябе браць адказнасць,— усміхнулася жанчына. Крануўшы яго за локаць, прапанавала: — Можа, Мікалаевіч, паедзем? У мяне спраў уйма. Не бегаць жа нам па лесе за рабочымі, пазвонім начальніку ўпраўлення, хай разбіраецца са сваімі кадрамі.

— Пакуль ён разбярэцца, раствор акамянее,— усміхнуўся Касцевіч і, заўважыўшы, як нецярпліва круціла ключыкам на пальцы Майская, відаць, сапраўды спяшалася, сказаў: — Не, трэба разабрацца зараз. А вы, Алена Адамаўна, едзьце, а то, можа, сапраўды вас там шукаюць. Я разбяруся, потым вам далажу. А пакуль нікуды не званіце...

— Няхай будзе так,— пагадзілася Майская і імкліва скіравала да свае машыны.

Як толькі зялёненькія «Жыгулі» схаваліся за соснамі, адразу ж, быццам з-пад зямлі, з’явіўся прараб Бугаркоў у балоневай сіняй куртачцы наросхрыст, павітаўся з Касцевічам за руку, як з роўным.

— Кельма паехала? — павёў вострым носам туды, дзе толькі што знікла машына Майскай.

— Чаму Кельма? Я сёння другі раз чую такое,— не столькі здзівіўся, колькі абурыўся Касцевіч, бо заляпаная цэментам кельма з драўлянаю ручкай ніяк не пасавалася да кідка прыгожай жанчыны, такой чыстай, нібы не па зямлі ходзіць, а спусцілася з воблака.

— Аднойчы на сходзе пахвалілася, што пачынала сваю кар’еру з кельмы, вось і празвалі,— скорагаворкай растлумачыў Бугаркоў і заклапочана спытаў: — Што тут яна рабіла?

— А дзе ж людзі? — нібы не пачуў яго пытання Касцевіч.

— Зараз будуць,— адказаў капрызліва, з незадаволенасцю ў голасе, падкрэсліваючы гэтым, што яму, Касцевічу, нечага ўмешвацца ў яго справы, крыкнуў шафёру аўтобуса: — Гена, прывязі іх! — Потым дастаў цыгарэту, пакамечыў яе ў пальцах, закурыў і, гледзячы на Касцевіча, які ўсё яшчэ чакаў адказу на сваё пытанне, сказаў так, як звычайна гавораць пра нешта дробязнае, другараднае: — Тут адзін дачнік, дарэчы, ветэран вайны, папрасіў хлопцаў заліць фундамент. Дазволіў. Няхай крыху заробяць, усё роўна лынды б’юць. А так хоць чалавека выручаць. Мы ж не ведалі, што раствор так хутка падвязуць,— і нечакана горача запэўніў: — Ды з-за нас, паверце, Мікалаевіч, затрымкі не будзе. Вы лепей паганяйце іх там, каб хутчэй везлі бэлькі перакрыць фае. З-за іх можам тармазнуць.

— Чаму ж не завезлі? Не заказвалі?

— Заказвалі,— ён апошні раз прагна зацягнуўся, утаптаў недакурак у зямлю, прасачыў, ці не дыміцца той.— Мне ўжо абрыдла гаварыць і пісаць. У адной толькі Кельмы з-за бэлек разоў дзесяць быў. На лятучках кожны раз гаворым. Не ведаю, што рабіць...

— Ад каго гэта залежыць?

— У першую чаргу ад Кельмы.

— Вы ж бачылі яе, чаму не падышлі? Пагаварылі б...

— Што гаварыць? Я ж кажу, у яе разоў дзесяць быў. Кожны раз далдоніць адно і тое ж: ведаем, зробім.

— Аўтобусы тут ходзяць у горад? — з паспешлівай рашучасцю спытаў Касцевіч.— Паеду, як вы гаворыце, да Кельмы, разбяруся.

— Ходзяць, але не вельмі часта. Але навошта ён вам? Зараз Генка прывязе людзей і вас падкіне...

 

7

Майская, уляцеўшы ў свой кабінет, адразу ж кінулася да тэлефона, каб пазваніць у будаўнічае ўпраўленне, расказаць, што бачыла на будоўлі комплексу, але ўспомніла просьбу Касцевіча, пакуль што не падымаць трывогу, кінула трубку, села на сваё месца, наліла з графіна, што стаяў на акне, шклянку вады, глынула — вада была цёплая і пахла ржой,— дастала з сумачкі люстэрка, пачала ўважліва разглядаць свой твар. Карыя вочы блішчаць, шчокі пачырванелі, як звычайна чырванеюць пасля доўгай зімы на першым веснавым сонцы,— ад усяго гэтага твар выглядаў маладжава, адухоўлена. Пазванілі з прыёмнай, сказалі, што яе выклікае Фёдар Васільевіч. Майская яшчэ раз глянула на сябе ў люстэрка, паправіла прычоску і, надаўшы твару засяроджаную заклапочанасць, застракатала абцасікамі па прыцемненым калідоры.

Фёдар Васільевіч Трыпуз дакорліва глянуў на жанчыну, якая паслухмяна стаяла, абапершыся рукою па прыстаўны столік, не жадаючы садзіцца без запрашэння. Яна моцна сцяла вусны, каб не ўсміхнуцца. Яе смяшыў раздражнены выгляд упраўляючага трэстам, больш таго, яна дакладна ведала прычыну яго такога настрою: той не любіў, калі супрацоўнікі ў стракатым адзенні прыходзяць на работу, «як у аперэту». Яна чакала, што ён зараз абавязкова скажа пра гэту сваю аперэту, тады яна ўсміхнецца, маўляў, у сваёй знешнасці яна імкнецца да сусветнага стандарту, да чаго зараз імкнуцца ўсе і ва ўсім. Хіба ён не бачыў, як адзяваюцца замежныя турысты з развітых краін. Якраз так, як яна зараз. Але Трыпуз нічога не сказаў пра яе знешнасць, хоць яе чырвоная куртка і белыя штаны яўна раздражнялі яго.

— Дзе вы прападаеце? — толькі і буркнуў, уткнуўшыся ў паперы.

— Была скарга з комплексу. Ездзіла правяраць, каб нейкім чынам адрэагаваць, адным словам, ліквідаваць, пакуль Хурсан не нарабіў шуму. Пабяжыць у гарком...

— Туды ён сцежку ведае,— Трыпуз нешта размашыста напісаў чырвоным алоўкам на паперы, зноў уставіўся на Майскую мутнаватымі глыбокімі вачыма з-пад касматых, нейкіх пакамечаных броваў.— І любіць бегаць. І пабяжыць, вядома. Ну і няхай. Аздараўленчы комплекс — аб’ект, вядома, адказны. Нас з вамі не пахваляць, можа, нават па вымове запішуць, калі не асвоім там сродкі. Але не болей. А вось за тэхнікум, калі да верасня не здадзім, галовы паздымаюць. А мне асабліва шкада вашай прыгожай галоўкі,— ён стрымана ўсміхнуўся аднымі вачыма, і тыя адразу пасвятлелі.— Хіба не ведаеце, што тэхнікум аб’явіў прыём навучэнцаў?.. І ў горадзе, не вам гэта гаварыць, не адзін такі аб’ект. Сёння раніцай раствор прывезлі на тэхнікум са спазненнем,— у яго голасе загучаў метал.— Мне далажылі, што вы раствор адправілі замест тэхнікума на комплекс.

— Глупства нейкае. Я ж загадала наступную адправіць на тэхнікум.

— Трэба было не толькі загадаць, а прасачыць, а то яны на тэхнікум адправілі самую апошнюю машыну, недзе пасля адзінаццаці.

— Нейкая правакацыя. Знарок, каб насаліць мне. Я разбяруся, Фёдар Васільевіч.

— Не трэба. Я разбіраўся... Я толькі хацеў сказаць вам, каб болей не ўмешваліся. Гэта пытанне тэхнолагаў. Яны ведаюць, дзе і калі што трэба. Ваша справа сачыць, каб вузел не сядзеў без цэменту, а астатняе хай вас не хвалюе.— І ўжо памякчэлым голасам, быццам Трыпуз толькі цяпер разгледзеў, што перад ім жанчына, спытаў: — У вас ёсць, можа, пытанні?

— І ўсё ж, Фёдар Васільевіч, на комплексе робіцца нешта незразумелае. Праз мае рукі праходзяць заяўкі. Я ведаю, што павінна быць на комплексе, а там... І блізка нічога не заўважыла.

— Значыцца, спатрэбілася на іншых аб'ектах,— ужо раздражнена адказаў Трыпуз.— Я ж вам сказаў, за комплекс нас не павесяць, ды і здача яго праз год, а вы гляньце, колькі аб’ектаў здаваць у гэтым годзе,— і ён паказаў лісток, на якім слупком зверху да самага нізу былі назвы будоўляў.— Бачыце? Комплекс — драбяза на гэтым фоне,— і яго твар раптам кранула ласкавая ўсмешка, якая заўсёды збівала з панталыку субяседніка сваёй нечаканасцю.— Алена Адамаўна, я не пазнаю вас. Вы што, супроць трэста?

— Вядома, не,— прымірэнча ўсміхнулася і яна, зразумеўшы, што сёння нічога не даб’ецца ў гэтым кабінеце.

— Вось і дзейнічайце адпаведна. Дарэчы, што з цэглай?

— Пяць вагонаў адправілі ўчора, дзесяць павінны сёння...

— За гэта я дарую вам усе вашы грахі,— і Трыпуз зноў ласкава ўсміхнуўся.

Майскую вельмі засмуціла гаворка з упраўляючым трэста.

Пабыўшы на комплексе, убачыўшы вялікую зацікаўленасць Касцевіча ў яго будаўніцтве, яна вырашыла перагаварыць з некаторымі кіраўнікамі трэста, і ў прыватнасці з самім упраўляючым, каб потым, калі прыедзе Касцевіч, паведаміць яму, чаго яна дабілася. Але Трыпуз апярэдзіў яе, больш таго, ён абрэзаў і тыя нязначныя магчымасці, якія былі ў яе распараджэнні, а самае сумнае, яна зразумела, што ў будаўніцтве аздараўленчага комплексу мела месца не проста неахайнасць, неарганізаванасць і безадказнасць, што, вядома, неяк можна было б хоць крыху паправіць, а будаўніцтва вялося так, абы адчапіліся, з ведама кіраўніцтва, свядома. Значыцца, яна нічым не зможа памагчы Касцевічу. Але ж трэба нешта зрабіць. А што?

Яна вярнулася ў свой кабінет, села за стол, паглядзелася ў люстэрка, паправіла прычоску, падмалявала губы — ва ўпраўляючага ад хвалявання пакусвала іх і злізала фарбу,— схаваўшы расчоску і памаду ў сумачку, задумалася. Вядома, яна зробіць для Касцевіча ўсё, што толькі залежыць ад яе. Яна пастараецца забяспечыць комплекс усімі матэрыяламі і не толькі выпіша, а яшчэ і прасочыць, каб усё папала туды, а не міма. А што зрабіць, каб там працавала болей людзей? У трэсце яе ніхто не падтрымае, больш таго, ведаючы пазіцыю ўпраўляючага, яшчэ і перашкодзяць. А калі націснуць на непасрэднага выканаўцу, начальніка будаўнічага ўпраўлення? А калі і той ведае пазіцыю трэста? Ну і няхай. Але з ёй, Майскай, ён не можа не лічыцца. А не захоча лічыцца, пасадзіць яго на такі галодны паёк, што сам прыбяжыць пакланіцца ў ножкі. Прагледзеўшы апошнія заяўкі ўпраўлення на будаўнічыя матэрыялы, набрала нумар начальніка.

— Слухай, Пятровіч, табе можна задаць некалькі пытанняў? Куды ідуць матэрыялы, што выдзяляюцца на аздараўленчы комплекс? Чаму там мала людзей? Чаму ніхто не сочыць за будаўніцтвам? І апошняе. Калі ты сам апошні раз быў там?

— А можна пытаннем на пытанне?

— Вядома.

— Чаму раней у трэсце нікога не цікавіў гэты аб’ект?

— Я ж цікаўлюся.

— У лесе, як кажуць, воўк здох.

— Ці паспееце здаць аб’ект у тэрмін?

— Як і заўсёды. Невялічкі аўральчык, і, калі ласка, чакаем вас, Алена Адамаўна, з камісіяй.

— Без аўральчыка не можам? — усміхнулася Майская.

— Прывыклі, Алена Адамаўна,— перайшоў начальнік упраўлення на жартлівасць.— Будоўля без аўральчыка, як мяса без гарчыцы.

— А ці не пара пераходзіць на дыету?

— Пара, пара. Урачы даўно раілі.

— А пагаладаць не раілі?

— Жонка раіла. Кажа, хоць з тыдзень пагаладаў бы, як усе разумныя людзі. Можа, кажа, адпачыла б ад кухні.

— У мяне, Пятровіч, таксама вялікае жаданне адпачыць ад кухні. Можа, пяройдзеш на адну вадзіцу? Пасядзіш без цэглы, без вагонкі, без бляхі?.. Ды і паркецік я табе падкідваю без усялякай чаргі. Улічваючы, што некалі разам пачыналі ў трэсце з кельмай у руках.

— Алена Адамаўна, адкуль такая няміласць?

— Аздараўленчы комплекс...

— Зразумеў, Алена Адамаўна, але...

— Ніякіх «але».

— Ведаеце, Алена Адамаўна, я даўно заўважыў, што ў трэсце развялося багата начальнікаў і кожны нешта хоча ад цябе, патрабуе. А я адзін. Пад чыю ж дудку танцаваць загадаеце, Адамаўна?

— Сучасны культурны чалавек павінен умець танцаваць усе папулярныя танцы. Вось так, Пятровіч. І май на ўвазе, калі не павернешся да комплексу тварам, пасажу цябе на галодны паёк. Пакуль не затанцуеш.

— Буду думаць, Алена Адамаўна.

— Думай, толькі не доўга. Бо часам я таксама станаўлюся тугадумкай.

— Паспрабуем паспаборнічаць, Алена Адамаўна, хто каго перадумае,— адкрыта насмешліва закончыў начальнік упраўлення і, не развітаўшыся, паклаў трубку.

Які момант Майская паслухала асіплыя гудкі, потым была памкнулася набраць яшчэ нумар начальніка ўпраўлення, каб усё ж дамовіцца з ім пра нешта канкрэтнае, але званіць не стала,— той зараз хутчэй за ўсё нічога канкрэтнага паабяцаць не зможа. Хай трохі падумае, а потым, праз некалькі дзён, яна яго патрывожыць. Шкада толькі, што сёння яна нічога суцяшальнага не зможа паабяцаць Касцевічу, а хацелася ж. Тады наогул можна было б болей пагаварыць з ім пра будоўлю, бо пра што іншае ў іх, можа, і не атрымаецца гаворкі,— Касцевіч хутчэй за ўсё не захоча з ёй гаварыць пра іншае... Цікава, што ж ён там высветліў? Дарэчы, пра гэта ён і раскажа, а яна паслухае, паабяцае прыняць меры. Так што гаворка павінна атрымацца. Для пачатку, можа, і хопіць. Тут спяшацца не варта, каб не нарабіць памылак, не насцярожыць яго, не адштурхнуць. Ва ўсялякім разе, ён не павінен нават здагадацца, што зацікавіў яе як мужчына. Ва ўсялякім разе да таго часу, пакуль сам не зацікавіцца ёю. Але гэта ўжо стратэгія. А тактыка на сёння ў тым, каб Касцевіч паверыў ёй як кіраўніку, які ўмее не толькі абяцаць, але і выконваць свае абяцанкі, каб ён, Касцевіч, часцей звяртаўся да яе са сваімі праблемамі. Чым часцей будуць сустракацца, тым лепей. Спачатку яна прывучыць яго да думкі, што яму, як інжынеру па тэхнагляду, без яе проста не абысціся. Вядома, у працы. А там, можа... Не, занадта далёка заглядваць не варта, можна забыцца, што трэба рабіць сёння. А што ж яна зможа сёння?.. Там будзе відаць. А пакуль што яна паедзе дамоў абедаць, а заадно і пераадзецца. Ваенныя, здаецца, любяць знешні бляск,— блішчастыя гузікі па мундзірах, медныя аркестры, парады, модных жанчын, адным словам, усялякую паказуху. Вось і сёння яна надзене такое плацце, што аж пацямнее ў вачах гэтага Касцевіча, аслепіць яго, як асляпляе чалавека электралямпачка,— ён і не глядзіць на яе, а яна ўсё яшчэ стаіць у ягоных вачах.

Дома яна доўга прымярала тыя свае гарнітуры і плацці, якія ўжо надзявала не адзін раз, разглядала сябе ў люстэрка. Яшчэ некалькі год назад у гэтых гарнітурах і плаццях можна было ўразіць, а цяпер багата хто ходзіць у такіх, і не толькі ў выхадныя дні. І вось яна дастала плацце, пра якое падумала яшчэ на рабоце і якое вісела захутанае ў цэлафан. Купіла яна яго, здаецца, у Маніле на нейкім кірмашы. Яна ўбачыла яго тады здаля. Спачатку падалося, што там стаіць вялікі букет нейкіх экзатычных кветак. Пацікавілася. Аказалася, плацце, ярка-чырвонае, з жоўтымі кругамі і палосамі, якія нагадвалі фантастычных змей. Але не сам малюнак уразіў яе, а колер — плацце нібы хто падсвечваў з сярэдзіны, так што паветра вакол яго свяцілася жоўта-чырвоным. Нават для яе, жанчыны экзальтаванай, кідкай на ўсё нязвыклае, экзатычнае, яно было надта ўжо кідкім. Але памераць захацелася. Надзела яго, схаваўшыся за нейкую фіранку, выйшла адтуль, глянула ў люстэрка і не пазнала сама сябе. Вочы, твар, валасы ды яна ўся не проста ззяла, а, здавалася, выпраменьвала святло. Спадарожніцы аж ахнулі, убачыўшы яе ў тым плацці. А нейкі кучаравы высокі негр у белым пінжачку і блакітных шортах асляпляльна бліснуў белымі зубамі, узняў уверх тонкі доўгі палец і ўсклікнуў: «О-о-о!» І гэтае аднадумнае «ах!» спадарожніц і захапленне стракатага негра зрабілі сваё. Яна паспешліва ўзяла тое плацце, аддаўшы за яго ўсе свае валютныя запасы і крыху пазычыўшы яшчэ ў Веры Іванаўны, сакратаркі з прыёмнай дырэктара машынабудаўнічага завода, якая падарожнічала з ёй у адной групе. А потым увечары, у нумары гасцініцы, яна надзела яго, доўга круцілася перад вялікім люстэркам, на ўсю сцяну, каб як прывыкнуць да абновы і да сябе ў ёй, ды так і не змагла. Плацце захутала ў цэлафан, схавала ў чамадан на самае дно, а потым увесь час, да канца падарожжа, і па дарозе дамоў, і яшчэ доўга дома яе не пакідала радасць ад ведання, што ў яе ёсць яно, плацце, у якім яна такая прыгожая, якой ніколі і ніхто яе яшчэ не бачыў і ў якім цяпер яна ўразіць каго-небудзь, абы толькі той хто-небудзь сустрэўся.

Плацце ўжо трэці год вісела ў шафе, захутанае ў цэлафан. Больш таго, апошнім часам яна тыднямі, а то і месяцамі не ўспамінала пра яго, а калі ўспамінала, то шкадавала, што наогул купіла, толькі грошы дарэмна выкінула, не выпіла лішнюю шклянку кока-колы ці якога соку.

Здаецца, настаў час надзець яго. Тым больш што на вуліцы цёпла, нават горача, усе ходзяць у яркім і лёгкім. Недзе яна чула ці чытала, што жанчыны сваёй знешнасцю настолькі ўплываюць на выгляд горада, што іх трэба абавязкова лічыць істотным дапаўненнем да архітэктурных ансамбляў праспектаў і вуліц, і што пра гэта павінны не забываць архітэктары, калі хочуць, каб іх гарады заўсёды былі жывымі, а не амярцвелым каменнем.

Майская выняла плацце з цэлафанавага мяшка. У кватэры, прыцемненай высокімі таполямі, што раслі пад вокнамі, яно не падалося ёй такім зыркім, як тады, калі купляла. Надзела. Першае адчуванне было, што яно занадта лёгкае, нібы і зусім не было яго на ёй. Ад гэтага і ў целе раптам з’явілася такая бязважкасць, якая бывае, можа, у дзяцінстве ці ў сне, калі, здаецца, варта табе ўзмахнуць рукамі і паляціш.

Глянула ў люстэрка — якой была, такой і засталася, толькі вочы крыху болей заблішчалі, дык гэта хутчэй за ўсё проста ад усхваляванасці.

На работу вырашыла ісці пехатою, каб за дарогу болей прывыкнуць да свае абновы і ў трэст з’явіцца ў звычайным будзённым настроі. Але, заўважыўшы, як уставіліся на яе жанчыны-пенсіянеркі, што днямі бавілі свой час на лаўцы ля пад’езда, аглядаючы і абгаворваючы ўсіх, хто заходзіць і выходзіць, зразумела, што на вуліцы занадта багата ўвагі ёй будуць аддаваць стрэчныя, і яна хуценька нырнула ў свае «Жыгулі», што стаялі заўсёды на пляцоўцы ля дома, бо ў яе так і не хапіла часу ды і грошай — усе ішлі на турысцкія паездкі — паклапаціцца пра гараж для свайго легкавіка.

У дзвярах канторы Майская сутыкнулася з галоўным бухгалтарам трэста, жанчынай у гадах, але якая актыўна яшчэ маладзілася, насіла ўсё тое, што лічылася модным у маладых. Пляткарылі, што яна таму старанна сачыла за сваёй знешнасцю, бо баялася, каб раптам не астыў да яе муж, які рабіў галоўным канструктарам у салідным вытворчым аб’яднанні і меў вялікую зарплату. Як бы там ні было, але галоўнага бухгалтара лічылі самай моднай жанчынай у трэсце. І, вядома ж, яе нельга было нічым здзівіць. Нават калі хто з супрацоўніц прыходзіў не ў стандартным, купленым у магазіне адзенні, а ў пашытым па заказе, і часам у даволі арыгінальным, яе ніколі гэта не бянтэжыла. «Старое, як учарашні дзень»,— хмыкала яна, і яе ніхто не аспрэчваў. Усе верылі ёй. Дык вось зараз гэтая прызнаная ў трэсце заканадаўца моды, убачыўшы Майскую, нібы акамянела пад раптоўным гіпнозам. У вачах яе не было ні захаплення, ні здзіўлення, яна стаяла як шкляная.

Такая рэакцыя была для Майскай лепшай ацэнкай яе знешнасці, і жанчына, шчасліва рассмяяўшыся, абмінуўшы галоўнага бухгалтара, лёгка ўзляцела па прыступках. Калі ж яе ўбачыў вахцёр, вусаты палкоўнік у адстаўцы, які вахцёрствам зарабляў грошы на бензін для свае «Волгі», бо жонка не давала яму ні рубля з яго пенсіі, то і ў яго вусы натапырыліся, а твар абвіс, як старая ануча. І хаця Майская болей нікога не стрэла з супрацоўнікаў, пакуль ішла да свайго кабінета, вестка, што яна з’явілася на работу ў нейкім звышмодным плацці, імгненна разнеслася па шматлікіх кабінетах. І раптам ва ўсіх жанчын з’явіліся да яе неадкладныя пытанні, якія тэрмінова трэба было высветліць. Знайшліся такія праблемы і ў некаторых мужчын. Дзверы ў яе кабінет не зачыняліся. Мінула не адна гадзіна пасля абеду, а колькасць цікаўных не зменшылася. «Я нават не ўяўляла, што ў трэсце такія раздутыя штаты»,— раздражнена пачынала думаць яна. І самае цікавае, што ніхто з супрацоўнікаў не забег, каб толькі паглядзець на яе, у кожнага знаходзілася нешта пільнае. Майская ўсё часцей і часцей паглядвала на чорненькі пластмасавы электронны гадзіннік, які зняла з рукі і паклала перад сабой, баялася, што раптам зараз загляне Касцевіч, і тады пры людзях з ім не ўдасца пагаварыць. Хаця б ён спазніўся, прыехаў у самым канцы дня, калі ўсім будзе не да яе: пачнуць разбягацца дамоў.

І сапраўды за гадзіну да канца рабочага дня да яе перасталі заходзіць. У калідоры яшчэ чулася мітуслівае тупаценне, але цяпер усе праносіліся міма яе дзвярэй.

А Касцевіча ўсё не было. Майская пачынала думаць, што яго і не будзе, што яна толькі дарэмна нарабіла непатрэбнай мітусні сваім плаццем.

Касцевіч з’явіўся недзе пасля шасці, калі яна хавала паперкі ў шуфлядкі стала, збіралася дамоў. Ён пастукаў у дзверы, прасунуў галаву, убачыўшы Майскую, відавочна разгубіўся, адступіўся назад, глянуў на шыльдачку на дзвярах; відаць, засумняваўся, ці ў той кабінет трапіў.

— Мікалай Мікалаевіч, што ж вы не заходзіце?..

— Сонца ў акно якраз, не пазнаў вас адразу,— вінавата сказаў ён, зайшоўшы.

— Сядайце, сядайце,— яна паказала на крэсла ля стала, счакала, пакуль ён сядзе, потым заклапочана спытала: — Што ў вас там?

— Прараб паабяцаў падкінуць мяне ў горад, але аказалася, бензіну ў аўтобусе толькі ў адзін канец. Ну пабыў там, пачакаў усіх. Затое, прызнацца, удалося багата чаго высветліць. Дарэчы, як толькі вы паехалі, адразу ж з’явіліся рабочыя. Зрабілі багата. Каб не скончыўся раствор, маглі б і болей зрабіць... Удалося са многімі пагаварыць. Рабочыя, аказваецца , усё ведаюць. Яны ведаюць, што наш аб’ект у трэсце на самым апошнім месцы,— Касцевіч толькі цяпер падняў вочы, глянуў на жанчыну, а то глядзеў на падлогу так, нібы там вывучаў нешта.— Яны мне гаварылі, што хутка наогул іх знімуць. Не магу зразумець, як так можна...

— Ой, Мікалай Мікалаевіч, вы хочаце адразу ўсё зразумець,— усміхнулася Майская, перастаўляючы на стале тэлефон, пластмасавы шарык, з якога тырчэлі ручкі. Неўпрыкметку пазіраючы бакавым зрокам па Касцевіча, яна бачыла, што яго разгубленасць яшчэ не прайшла, што ён усё яшчэ бянтэжыцца.— Будаўніцтва — гэта такі лабірынт, што нават я, хоць тут, лічыце, усё жыццё раблю, не заўсёды ўсё разумею. Хоць, здаецца, ведаю пра трэст усё з першага дня яго існавання. Дарэчы, вы зараз дамоў? Вось і пойдземце разам, я вам тое-сёе раскажу яшчэ,— і ўжо калі яны ішлі па калідоры, а потым спускаліся па прыступках высокага ганка, яна працягвала: — Ведаеце, я тут фактычна вырасла. Некалі сляпым кацянёнкам сюды прыйшла, фактычна з кельмы пачынала. Гадоў дзесяць была простай тынкоўшчыцай. Праўда, разрад у мяне быў самы высокі. Мой партрэт увесь час на гарадской Дошцы гонару вісеў. А калі завочна скончыла будаўнічы факультэт, мяне перавялі ва ўпраўленне, а затым і ў трэст. Тут вырасла да начальніка аддзела,— калі яны спыніліся на тратуары, пацікавілася: — Вам у які бок? Можа, вас падвезці?

— Мне блізка,— адмовіўся Касцевіч.

— Можна і прайсціся. Яшчэ карысней для здароўя. Я сама звычайна пяшочкам. Машыну бяру, калі ўжо спазняюся...

Ісці не спяшаліся, больш дакладна, яна не спяшалася, а ён ужо мусіў раўняцца на яе, хоць увесь час вырываўся наперад.

«Ці не саромеецца ён ісці са мной? — падумала яна.— Ці, можа, спяшаецца, дык злуецца, што я такая марудлівая»,— і ўслых дадала: — Трэба часцей хадзіць са мной, навучыцеся і ціха. Я люблю пасля работы няспешна прагуляцца, паглядзець на горад. Палова будынкаў тут узведзена маімі рукамі... А цяпер пра галоўнае. Я не хацела выдаваць тайны трэста ў яго сценах,— працягвала яна, знарок не заўважаючы яго нецярплівай паспешлівасці. У голасе яе з’явілася такая ласкавая спагадлівасць, з якой звяртаюцца звычайна вопытныя дарослыя да нявопытных дзяцей.— Але тут скажу. Можа, калі ацэніце маю ахвяру... Дык вось, дарагі Мікалай Мікалаевіч, думаю, што рабочыя вам сказалі праўду. Неўзабаве на вашым комплексе зусім спыняцца ўсялякія работы. Дарэчы, з-за бэлек. Іх няма і не будзе. Але гэта яшчэ не сакрэт. Сакрэт у тым, што наша кіраўніцтва не зацікаўлена, каб яны былі. Інакш іх даўно завезлі б. Я не адзін раз заказвала іх. І не адзін раз атрымоўвалі іх, і кожны раз завозілі на іншыя аб’екты. Больш тэрміновыя...

— Не хочуць будаваць? — з дапытлівай уважлівасцю ён паглядзеў на яе, але не як на жанчыну, якая зусім нядаўна яшчэ бянтэжыла яго сваёй знешнасцю, а як на супрацоўніцу трэста. І гэта яна адчула.

— Я б не сказала...— адказала яна нейкім патухлым голасам.— Хочуць, але не могуць. Ваш аздараўленчы ў трэста як той камень на шыі. Далёка за горадам, значыцца, дадатковыя расходы. Раз’яздныя не паложана. Камандзіровачных рабочым ніякіх. Рабочы сеў у горадзе ў аўтобус, і ўжо для яго рабочы дзень пачаўся. А ў той жа час у горадзе пад носам дзесяткі аб’ектаў. Многія пад зрывам. Не будзе бэлек у вас, з’явіцца аб’ектыўная прычына зняць рабочых, перакінуць іх у горад. Так і зробяць. Пры гэтым усе будуць абурацца, вышукваць вінаватых, вядома, нікога не знойдуць, пачнуць складаць планы, мерапрыемствы, адным словам, шуму будзе багата. Але ніколі не верце таму, што будуць гаварыць, глядзіце, што будуць рабіць... І адпаведна гэтаму, дзейнічайце...

— А што я змагу?

Майская, здаецца, толькі і чакала гэтага пытання. Вось зараз яна параіць яму нешта такое, пра што ён не зможа ні ад кога пачуць. Жанчына з усмешкаю пераможцы паглядзела на Касцевіча — у яе зноў падняўся настрой — і ціха, гэтым самым падкрэсліваючы асаблівую значнасць таго, што яна зараз скажа, прамовіла:

— Знайсці бэлькі. І як мага хутчэй. Сёння гэта адзінае, што перашкодзіць зняць рабочых.

— Вы не можаце, а я...

— Мы можам, але не хочам,— шчыравала яна да канца.— Я сёння гаварыла з упраўляючым трэста. Хацела памагчы вам. Мне адкрытым тэкстам сказалі, каб не сунула нос куды не трэба. Вось так. Так што істотна памагчы вам зараз я...— яна развяла рукамі, усміхнулася.— Але майце на ўвазе, я вам і так багата сказала. Выдала, так сказаць, ваенна-стратэгічную тайну. Наогул, я нямала магла б расказаць цікавага з нашай будаўнічай эквелібрыстыкі, каб у вас быў час,— яна счакала, што на гэта адкажа Касцевіч, але той прамаўчаў, і яна нясмела прапанавала: — Можна пахадзіць яшчэ ці праехаць куды...

— З радасцю, але...— яна адчула, што адказаў ён не шчыра, болей дзеля ветлівасці.— Дачка прасіла заглянуць у гастраном...

— Можа, памагчы? Я магу адрозніць свініну ад бараніны...

— Дзякую. Мне трэба малако,— Касцевіч яшчэ раз глянуў на гадзіннік і паспешліва развітаўся.

Майская не паверыла, што яму так неадкладна трэба ў гастраном. Прыдумаў зачэпку, каб расстацца. Няўжо сапраўды яго бянтэжыла яе знешнасць, што так часта азіраўся, нібы баяўся, каб хто са знаёмых не ўбачыў яго з ёй? Можа, яна сапраўды паспяшалася з гэтым плаццем? І ў кабінеце ён ніякавата адчуваў сябе. Можа, гэты Касцевіч зусім не такі ваенны, як яна ўяўляла іх. Ды і адкуль яна ведае тых ваенных, якія яны сёння, што ім падабаецца, а што не? Меркавала пра іх па знешнасці. А пад аднолькавымі мундзірамі хаваюцца ж самыя розныя характары. Як і ў жыцці — усе людзі розныя... А можа, сапраўды яму трэба пільна ў той гастраном.

Майская крыху яшчэ пастаяла, прасачыла — Касцевіч сапраўды зайшоў у гастраном. Яна вярнулася, села ў свае «Жыгулі», спынілася на супрацьлеглым баку вуліцы, не даехаўшы крыху да гастранома. Сядзела і не спускала вачэй з дзвярэй. Хутка выйшаў Касцевіч з напакаванай авоськай. Вось ён перайшоў вуліцу, спыніўся на тралейбусным прыпынку...

«Няўжо там, дзе ён жыве, няма гастранома? — падумала Майская.— Што яму раптам прыспічыла зайсці іменна ў гэты гастраном?»

Яна назіркам ехала ўслед за тралейбусам. Калі той спыняўся, спынялася і яна, здаля прыглядаючыся, хто з яго выходзіў. Праз некалькі прыпынкаў выйшаў і Касцевіч. Прайшоўся крыху па тратуары і завярнуў за дзевяціпавярховы цагляны дом. У тым доме сапраўды не было ніякіх магазінаў. Затое ў суседнім ззяў шырокімі вокнамі вялізны гастраном.

«Канечне, уцёк,— цяпер не сумнявалася Майская.— Можа, і зусім не з-за плацця? Можа, проста баіцца? Тады гэта зусім нядрэнна...»

Яна ехала і міжвольна ўсміхалася. Яшчэ ніколі ў яе жыцці не было такога змястоўнага і такога багатага на самыя нечаканыя эмоцыі дня.

 

8

Касцевіч зайшоў у фае заводскай канторы, глянуў на дзверы свайго кабінета і крыху здзівіўся: на дзвярах чарнела вузкая шыльдачка, на якой золатам свяцілася яго прозвішча: «М. М. Касцевіч». Убачыўшы шыльдачку, адчуў, што няёмка не заглянуць у свой кабінет, «да сябе», хоць спачатку меў намер пайсці адразу да дырэктара. Ён прывычна палахаў па кішэнях пінжака, шукаючы ключ, потым спахапіўся, што ў яго яшчэ і не магло быць таго ключа.

— Вы да каго?— спытала вахцёрка, заўважыўшы яго разгубленасць.

— Сюды,— кіўнуў на дзверы з новай шыльдачкай.

— Дык гэта вам прасілі перадаць,— і яна праз акенца падала яму маленькі жоўценькі ключык.— Калі яго згубіце ці забудзеце, у нас ёсць запасны.

— Дзякую,— Касцевіч адчыніў дзверы, зайшоў у пакойчык. Акно засланяла доўгая — ад самай столі да падлогі — і шырокая — на ўсю сцяну — беларужовая фіранка. У кутку ля акна стаяў новенькі паліраваны стол — у ім аж адбівалася ўсё, як у люстэрку. На стале з краю прымасціўся чырвоненькі тэлефон, а побач з ім — чарнільны прыбор з цэлым частаколам рознакаляровых ручак і скрыначкай для паперак. Тут жа ляжаў тоўсты блакнот-штотыднёвік. Паўз сцены стаяла некалькі таксама новых крэслаў, так што было дзе пасадзіць наведвальнікаў. Падлогу закрывала зялёная з чырвонымі палоскамі па краях мяккая дарожка. Паветра пахла лакам, пылам і яшчэ нечым застаялым, цяжкім.

Касцевіч, стаўшы на крэсла, адчыніў у акне фортачку, сеў за стол, які момант пасядзеў у бяздумнай супакоенасці, нібы прывыкаў да новых абставін, падняў тэлефонную трубку — у ёй пранізліва і свежа загудзела,— нават сігнал пакуль што быў новенькі, падумалася яму,— набраў нумар дырэктара завода.

— Прывітанне, Мікола,— узрадаваўся яму Хурсан.— Дзе ты?

— Абжываю кабінет.

— Давай да мяне, чакаю,— і ў трубцы зноў пранізліва загудзела.

У прыёмнай дырэктара сядзела некалькі чалавек. Калі Касцевіч адразу ж накіраваўся да дзвярэй кабінета дырэктара, Вера Іванаўна, усміхнуўшыся, сказала, што там людзі.

— Ён званіў мне, каб ішоў тэрмінова,— Касцевіч нібы хацеў апраўдацца перад прысутнымі.

— Анатоль Віктаравіч выклікае ўсіх толькі тэрмінова,— усміхнулася зноў Вера Іванаўна і, каб перавесці гаворку на іншае, какетліва бліснуўшы вачыма, паведаміла: — Між іншым, вамі цікавілася адна вельмі прыгожанькая асоба.

Яе словы Касцевіч прапусціў міма вушэй.

— А вы ўсё ж далажыце, што я тут, каб не лічыў, што я не прыйшоў,— папрасіў ён.

— Я, дарагі таварыш,— яна раптам змяніла сваю гуллівасць у голасе на строгі афіцыйны тон,— у гэтым кабінеце сяджу не першы год і даўно ведаю, што мне рабіць,— і зашчоўкала на машынцы.

— Я таксама не першы год на заводзе,— прабурчэў адзін з прысутных з вузкім канапатым тварам і калючым вожыкам на галаве,— і ніяк не магу зразумець, хто тут камандуе — дырэктар ці сакратарка. Запрашаюць тэрмінова, а потым палавіну змены праседзіш...

— Кожны камандзір на сваёй тэрыторыі,— бліснула вачыма на вузкатварага сакратарка.

Раптам імкліва расчыніліся дзверы, выйшаў Хурсан у светлым, як заўсёды, гарнітуры, сівагаловы, з няпэўнай, прызначанай усім усмешкай,— падалося, ад яго з’яўлення аж пасвятлела ў пакоі,— адразу ж звярнуўся да Касцевіча:

— Я як адчуваў, што ты даўно сядзіш тут, ды ніяк не прарвешся да мяне,— павітаўся за руку з усімі, сказаўшы, што літаральна праз мінуту прыме і іх, прапусціў Касцевіча першым у дзверы і, апынуўшыся ў кабінеце, сказаў: — Ведаеш, Мікола, тут нашы прафсаюзы дамовіліся з адной будаўнічай арганізацыяй, каб нашым садаводам прадалі некалькі зборных домікаў. Я папрасіў запісаць і цябе. Учора пазванілі, каб тэрмінова забіралі тыя домікі, бо імі завалілі ўвесь двор. Карацей, сёння трэба забраць. Зойдзеш у прафком, там скажуць, дзе і што. Машыну дадуць. Толькі пазвоніш у транспартны цэх, назавеш сваё прозвішча,— і, падняўшыся са свайго крэсла, памуляў тоўстымі губамі, нібы яны ў яго стаміліся ад няспыннай гаворкі.— Цяпер ты разумееш, што значыць мець дырэктара-друга,— самазадаволена ўсміхнуўся, пра будоўлю спытаў, як пра нешта другараднае, маўляў, клопаты пра яго, Касцевіча, для яго важней.— Ну, як там? Да мяне дайшло, што ты разварушыў будаўнікоў...

— Нічога я не разварушыў,— збянтэжыўся Касцевіч ад непатрэбнай пахвальбы.— Больш таго, ёсць звесткі, што будаўнікі наогул пакінуць аб’ект,— і ён расказаў дырэктару пра бэлькі.

— Чорт ведае што! — абурыўся Хурсан.— Столькі гаворым пра сацкультбыт, а на справе? Што такое перабудова? Рабіць чэсна тое, што трэба. Без усялякай дыпламатыі, без усялякіх фігляў-мігляў. І калі мы ўжо адвучымся ад пустой гаварыльні, навучымся рабіць чэсна тое, за што нас, чорт пабяры, дзяржава хлебам корміць? Простая ж арыфметыка... Няўжо гэта цяжка спасцігнуць?

— Я вось тут напісаў рапарт,— дачакаўшыся паўзы ў гаворцы дырэктара, падаў Касцевіч яму паперу.— Трэба памагчы будаўнікам раздабыць бэлькі, і тэрмінова.

— Гэта ж пазіцыя будаўнікоў,— узяў паперу Хурсан, мелькам глянуў на яе, паклаў перад сабой.— Чаму мы павінны рабіць за іх? Так і хочацца кожнаму, каб за яго нехта нешта зрабіў. Не, так перабудову мы і з месца не зрушым...

— Калі мы знойдзем бэлькі, будаўнікі нікуды не дзенуцца, мусяць будаваць,— сказаў Касцевіч.— А так...

— Сёння падай ім бэлькі, заўтра яшчэ чаго захочуць, а там, глядзіш, і зусім на шыю сядуць. Ведаю, нешта такое ў нас было ўжо, калі будавалі новы цэх. То адно памажыце ім раздабыць, то другое... Праўда, гэта было да перабудовы... Не, цяпер мы проста не маем маральнага права падмяняць адзін аднаго. А то... Ведаеш, мне часам здаецца, што ў нас столькі блытаніны, беспарадку ад таго, што падмяняем адзін аднаго, і так нападмяняемся, што потым ужо і не ведаем, хто за што адказвае. А ёсць такія, што карыстаюцца гэтай блытанінай, хаваюцца за чужыя спіны, абы нічога не рабіць.

— Я разумею, усё разумею, Анатоль... Але зараз такі крытычны момант. Прызнацца, я думаў, у цябе ёсць магчымасць,— падняўся Касцевіч, збіраючыся пакінуць кабінет.

— Ведаеш, Мікола, скажу табе як другу,— Хурсан падняўся, выйшаў з-за стала, відаць, хацеў сесці ля прыстаўнога століка, ды потым успомніў, што на заніжаным крэсле яго з-за стала не будзе відаць, вярнуўся на сваё месца.— Не хочацца шукаць тыя бэлькі, абсалютна... Але зараз яны нас, як гаворыцца, прыпёрлі да сценкі. Адным словам, паспрабую знайсці. Дам заданне сваім забеспячэнцам, хай зоймуцца. У канцы дня пазвоніш мне. А пакуль забудзь пра комплекс, ідзі бяры грузавік і перавозь домік,— і ён усміхнуўся аднымі вуснамі, расцягнуўшы іх прыкладна так, як робяць гэта жанчыны, калі фарбуюцца.

Касцевічу не вельмі падабалася паспешлівасць з домікам, як раней не падабалася паспешлівасць і з участкам. Хоць паспешлівасць з домікам неяк можна і апраўдаць. Трэба забіраць яго, і тэрмінова. І ўсё ж было неяк непрыемна ад усяго гэтага, асабліва ад упартай клапатлівасці Хурсана. Нават за яго, Касцевіча, прымае рашэнні, і яму застаецца толькі выконваць іх. А можа, Хурсан хоча, каб Касцевіч хутчэй пазбавіўся ўсялякіх турбот пра сваё, каб потым болей часу аддаваў будаўніцтву? Хто яго ведае, можа, і так. Ва ўсялякім разе, за клопатамі Хурсана нешта хаваецца, невядомае яму, Касцевічу. Касцевіч не мог паверыць у шчырасць Хурсана, не такі Хурсан, каб так клапаціцца пра іншага без усялякай выгоды. Касцевіч добра помніў яго яшчэ школьнікам — худзенькага, дробненькага, неахайна адзетага, заўсёды нястрыжанага, надзвычай зайздрослівага. Зайздросціў тым, хто лепш вучыўся, хто лепш за яго адзяваўся, хто быў за яго вышэй ростам. Любіў выстаўляцца, падлізвацца да настаўнікаў. З такіх звычайна вырастаюць эгаісты, якія стараюцца рабіць толькі тое, што ім карысна, а калі што робяць для іншых, дык толькі таму, што гэтага ад іх патрабуе служба ці калі маюць з гэтага і для сябе нейкую выгоду. Але якая выгода Хурсану ад яго, адстаўніка, фактычна выкінутага з жыцця чалавека? Ніякай. Памяць даўняга сяброўства. Дык яны, прызнацца, ніколі моцна не сябравалі. Жылі на адной вуліцы, вучыліся ў адным класе. І толькі. А потым, калі раз’ехаліся, сустракаліся рэдка, і то выпадкова. За ўсё жыццё ніводнага пісьма не напісалі адзін аднаму. Якое ж гэта сяброўства? А можа, тут даніна памяці дзяцінству, юнацтву?.. А можа, чалавек перамяніўся, перайначыўся,— такое жыццё прайшоў. Былы хударлявы замухрышка і раптам — дырэктар завода! На такія пасады абы-каго не прызначаюць. А можа, ніякага асаблівага клопату пра яго не праявіў Хурсан? Проста, відаць, лічыў, рана ці позна Касцевіч папросіць участак, вось і апярэдзіў падзеі. І адчуванне непрыемнасці ў Касцевіча хутчэй ад таго, што Хурсан сваёй паспешлівасцю пазбавіў яго магчымасці самому прыняць рашэнне, загадзя параіўшыся з дзецьмі. А цяпер выходзіць, нібы ён, Касцевіч, перастаў лічыцца з імі. Без іх ведама ўзяў участак, а цяпер без іх ведама купляе дамок, нават не ўяўляючы, добры ці дрэнны, ці спадабаецца ён ім ці не — дзецям жа жыць там, а не яму. У іх жа ўсё жыццё яшчэ наперадзе... І атрымоўвалася, што Хурсан без яго згоды ўрываўся ў яго асабістае жыццё, блытаючы ў ім устаялае, прывычнае.

Касцевіч, спусціўшыся на першы паверх, зайшоў у свой кабінецік і пазваніў старэйшаму сыну, ці не змог бы ён адпрасіцца на нейкі час з працы.

— Ты хоць бачыў той дамок? — спытаў Ігар.

— Што глядзець? Сказалі, што тыпавы, што за такімі ганяюцца. Машыну выдзелілі, так што... Заехаць? Няхай і так. Калі прыеду раней, пачакаю ля прахадной...

Пакуль Касцевіч знайшоў гараж — ён быў на другім краі завода,— пакуль ехалі на базу, аб’язджаючы вуліцы, закрытыя для грузавікоў, Ігар апярэдзіў іх. Высокі, у скураным блішчастым пінжаку, у джынсах, ён быў відаць яшчэ здаля на фоне высокай белай сцяны, якой была абнесена будаўнічая база.

— Выдатна, сын, што ты тут. Зараз выпішам,— сказаў яму Касцевіч, вітаючыся за руку, сёння яны яшчэ не бачыліся.

— Давай, баця, усё ж паглядзім спярша,— разважліва папрасіў сын.— Можа, і браць не варта. Не на адзін дзень купляем.

Але дамок у сабраным выглядзе ўбачыць не ўдалося. Увесь двор базы быў завалены шчытамі, рамамі, дзвярыма, дошкамі, шыферам. На базе нават не аказалася ні малюнка, ні чарцяжа дамка, сказалі толькі, што дамок надзвычай удалы, такіх яшчэ не было, выпісалі квіток, папрасілі зараз жа аплаціць, а потым можна і грузіць.

Касцевіч, не губляючы часу, паехаў у ашчадную касу, папрасіўшы сына пакуль што грузіць дамок. Калі ж ён праз гадзіну вярнуўся назад, то ўбачыў, што грузавік як стаяў ля варот, так і стаіць, а ў кабіне, адкінуўшыся на спінку сядзення, драмалі Ігар і шафёр.

— Вы што? — нічога не зразумеў Касцевіч.— Чаму не грузіце?

— Пагрузіш тут,— смачна пацягнуўся сын.— Спачатку не хацелі адпускаць без аплаты. Калі ж з загадчыкам склада дамовіўся, сказалі, што зламаўся кран. Калі адрамантуюць, ніхто не ведае. Але ясна, што не сёння. Праўда, тут нейкія алкашыкі браліся пагрузіць за дваццаць пяць рэ. Але без цябе я не мог пагадзіцца...

— Самі мы не таго?

— Не.

— А калі з шафёрам?

— Дзесятка трэба.

— Тады клікай тых, што браліся,— і Касцевіч скіраваў у кантору.

Не паспеў ён выпісаць накладную, як дамок быў у кузаве. Алкашыкі прыгналі аднекуль машыну з кранам, і тая перакідала шчыты, дзверы, рамы ў кузаў за лічаныя мінуты. Заставалася пагрузіць падмоснікі. Але іх так завалілі нейкімі дошкамі, што ад тых падмоснікаў толькі канцы тырчэлі.

— Калі пяцёрку накінеце, выхаплю іх у айн мамент,— падышоў да іх шафёр з машыны-крана.

Прыйшлося прыняць умовы і гэтага хапугі: не ехаць жа яшчэ раз. Даражэй абыдзецца.

Шафёр дастаў трос, абвязаў ім канцы падмоснікаў і павесіў яго на крук. Матнуў кранам уверх, дошкі рассыпаліся ў бакі, а падмоснікі закалыхаліся ў паветры.

— Хазяін, а як разгружаць будзеш? — пацікавіўся кранаўшчык, калі Касцевіч разлічваўся з ім.

— Папросім там каго памагчы.

— Ды там, акрамя старых і малых, няма нікога,— засмяяўся хлапчына.— Можа, ты Ілля Мурамец?..

— Ёсць жаданне памагчы?

— Заўсёды.

— За дзесятку?

— З вамі, хазяін, прыемна размаўляць, вельмі вы панятлівы чалавек,— засмяяўся шафёр.

Касцевіч глянуў на сына.

— І не вагайся, тата,— параіў Ігар.

— У цябе, хазяін, і сын разумны,— і шафёр палез у кабіну.

Участак свой знайшлі адразу ж. Якраз у старожцы ля варот быў вартаўнік, ён і паказаў ім, дзе разгружаць. Кранаўшчык раскінуў барты, падсунуў трос пад груз і, падняўшы шчыты разам з дошкамі, дзвярыма, вокнамі, падмоснікамі, усё гэта апусціў на зямлю на краі ўчастка. Атрымаўшы сваю дзесятку, паехаў.

Бацьку з сынам давялося затрымацца, каб усё хоць збольшага ўпарадкаваць. Шафёр грузавіка таксама памагаў, вядома, не толькі за дзякуй.

Занятыя работай, яны і не заўважылі, як да іх падышоў высокі мужчына ў белай кепачцы, насунутай на самыя вочы. Скрывіўшы тонкія вусны ў скептычнай усмешачцы, ён спытаў, колькі каштуюць гэтыя адыходы.

— Дом,— паправіў яго Ігар.

— Дом? — хіхікнуў незнаёмы.

— Хочаш сабе такі? — умяшаўся Касцевіч.

— Мне такія дровы дарма не трэба,— зноў скрывіў тонкія вусны незнаёмы.— Але калі яго абкласці цэглай, то пастаіць крыху. Ды добры фундамент з гідраізаляцыяй. Дарэчы, магу і фундамент і сцены,— ён дапытліва паглядзеў глыбокімі вочкамі з-пад навіслага брылька белай кепачкі.

— Вы спецыяліст? — пацікавіўся Касцевіч.

— За пенёнзы ўсё магу. А калі яшчэ падкінеце на якасць, дык і з гарантыяй...

— Самі як-небудзь,— буркнуў Ігар.

— Пакуль самі, гэтыя дровы сто разоў згніюць. Ведаю я вас, інтэлігенцыю...— і ён пайшоў, нешта пасвістваючы сабе пад нос, задраўшы галаву, каб лепей і далей бачыць з-за насунутай на лоб кепачкі.

Дамоў вярталіся ў канцы рабочага дня. Ехалі моўчкі. Вадзіцель асабліва не спяшаўся, відаць, не хацеў раней часу вяртацца ў гараж, каб не паслалі сёння яшчэ куды. Ігар, схіліўшы галаву, няцямнымі санлівымі вачыма глядзеў перад сабой. Здаецца, ператаміўся хлопец. Канечне, грузіць — гэта не ў канструктарскім бюро вадзіць алоўкам па паперы. Стомленасць адчувае і Касцевіч. Але акрамя яе яго прыгнятала непрыемнае адчуванне, нібы ён запэцкаўся ў нешта такое, ад чаго і адмыцца немагчыма.

Яго абурала, што людзі так неахайна ставяцца да свае работы. Столькі ўсялякіх кантор, столькі ўсялякіх начальнікаў у тых канторах, а кран сапсаваўся, ніхто і пальцам не паварушыў, каб яго адрамантаваць. А калі гэта нельга зрабіць хутка, падагналі б машыну з кранам. Дык не. А за дзесятку знайшлося ўсё. І рабочыя, і кран. Яны не з неба зваліліся. Недзе робяць, недзе зарплату атрымоўваюць. Няўжо не бачаць усяго гэтага тыя шматлікія начальнікі ў канторах? Каб не цягнулі ўсялякія прайдзісветы з людзей дзесяткі. Ці, можа, тут лічаць, калі хто будуе сабе садовы домік, дык ён мільянер?.. Няўжо з-за тых выкінутых дзесятак у яго такі настрой? Дык не, ён ніколі не быў скупым. Абурае, што людзі і кроку не могуць ступіць, калі не заплаціць. Хутка будуць патрабаваць грошы за тое, што нарадзіліся, дыхаюць паветрам... Успомнілася аварыя на падводнай лодцы. Усе хацелі яе ліквідаваць. А трэба было толькі два чалавекі. Давялося адбіраць. Многія пакрыўдзіліся, што ім не даверылі адказнае заданне. А тут? Чаму такая абыякавасць да дзяржаўнага? Яно ж не чужое? Усіхнае, а значыцца — нічыё. Ці людзі не адчуваюць сябе дзяржавай? Таму дзяржаўнае для іх чужое? Дык ніхто ж не адлучаў ад клопатаў пра дзяржаўнае. Адкуль жа тады столькі хапуг? Ды ўсе, з кім ён толькі не сутыкаўся — хапугі. Грузчыкі на складзе, кранаўшчык з аўтамабільнага крана, ды і гэты малады шафёр з пуставатым круглым тварам, што іх зараз вязе, таксама хапуга. За разгрузку ўзяў, за тое, што пачакаў і вязе назад, таксама ўзяў. А можа, справа зусім не ў людзях? Яны проста робяць тое, чаго не робяць дзесяткі, сотні, а можа, і тысячы тых, што пазашываліся ў канторах, закапаліся ў паперах і не бачаць жывых людзей, развучыліся бачыць. Тым больш што жыццё усё роўна на месцы не стаіць. Усё ж робіцца, усё рухаецца наперад. Значыцца, магчымасці ў дзяржавы ёсць, толькі тыя магчымасці хапугі прыстасавалі дзеля сваёй карысці. Цікава, што думае пра гэта іхні вадзіцель.

— Слухайце, малады чалавек, вось нам пагрузілі, адвезлі, разгрузілі... Хіба нельга без гэтага прыватніцтва? Хіба нельга, каб дзяржава...

— А каму ад гэтага карысць? — глянуў вадзіцель сінімі наіўнымі вачыма на Касцевіча.— А так... Кранаўшчык сёння пачастуе півам кладаўшчыка, пачастуе заўгара, што выпісваў яму пуцёўку. Я вып’ю піва, а калі павязе, то і чаго мацнейшага са сваім дыспетчарам. Усім ад гэтага толькі добра. Жывыя ж людзі, кожнаму хочацца лепей. А калі па-дзяржаўнаму, то... Ёй колькі ні давай, ніколі не скажа — хопіць. Ёй усё мала. Яшчэ нікому дзяржава не сказала, што ёй хопіць, вазьміце сабе на піва. Вось наш завод. Хай хто зробіць дзве нормы за змену. Чалавеку грошы спатрэбіліся, захацеў зарабіць. Яму ж адразу ў наступным месяцы расцэнкі зрэзалі. Дзяржава ўбачыла, што тут можна пажывіцца. Стой, думае рабочы, не ганіся за рублём, а то і дыхалкі не хопіць, сыдзеш раней часу з дыстанцыі, карапузаў сваіх не паспеўшы ў людзі вывесці. У наступным месяцы ён план выканае, нават і перавыканае, але толькі на ноль цэлых пяць дзесятых працэнта. Чым план гнаць, ён лепей халтуру якую зробіць і атрымае сваю дзесятку. Вось і ўся эканоміка.

— Ты што, баця, думаеш тут, як на марфлоце? — засмяяўся Ігар.— Там усе на ўсім дзяржаўным. А тут каб газіровачкі выпіць, трэба з уласнай кішэні тры капеечкі дастаць.

«Няўжо і ён так разважае, як гэты шафёр? — падумаў пра сына Касцевіч.— Цікава, як ён разважаў бы, каб свае дзесяткі выкідваў...»

— Як расцэньваеш сённяшнюю аперацыю? — пацікавіўся ў сына.

— Выдатна. Нават не думаў, што ўсё так хутка будзе... Цяпер каб цэмент завезці ды пясок, залілі б фундамент, а праз тыдзень, глядзіш, і домік паставілі б. Пад дах яго трэба хутчэй... А галоўнае, месца выдатнае. Кругом лясы... Спачатку я не вельмі быў ад гэтага ўсяго, але калі пабачыў...

Няўжо сын і блізка не адчувае ўсяго таго, што адчувае ён? Няўжо для сына такое норма жыцця? Чаму такога няма ў сына? Ён жа стараўся выхоўваць сваіх дзяцей... Стараўся... Дома быў рэдка, наездамі. Жонка выхоўвала, а не ён. Запабягала іх, песціла. Яны змалку прывыклі, каб за іх усё рабілася. І за кошт бацькі. Зноў пра грошы... Няўжо з-за іх? Ён жа ніколі не шкадаваў грошай. Але ж ніколі, як вось сёння, так бесцырымонна не залазілі да яго ў кішэню.

А можа, у яго такі настрой — сум, расчараванне, незадаволенасць — ад таго, што ўсё гэта адбылося без яе? Не дачакалася яна свайго дамка. А некалі ж марыла, каб мець маленькі дамок, агародзік. Марыла разводзіць кветкі. Любіла іх. Дзе б ні жылі, у цёплых мясцінах ці халодных, а кветкі ў іх доме былі заўсёды. У кватэры, на балконе... Цікава, ці любяць кветкі іх дачка, нявесткі? Ён жа нічога пра гэта не ведае. А можа, ён зусім не ведае сваіх дзяцей? Можа, яны зусім не такія, якімі ён іх уяўляе? Прывык думаць, што яны такія, як ён... А гэта ж новае пакаленне. Пра яго ў газетах пішуць. Пра праблему бацькоў і дзяцей. Праўда, ён ніколі не разумеў тых газет, тых артыкулаў, бо ў яго сям’і, лічыў, няма такой праблемы. Лічыў...

Каб дарэмна не ехаць на завод — было каля шасці гадзін вечара,— Касцевіч з першага ж тэлефона-аўтамата пазваніў дырэктару. Той чакаў яго.

— Ну, што такі кіслы? — сустрэў пытанне інжынера Хурсан.— Ці дамок не спадабаўся?

— Не разгледзеў...

— Не перавёз?

— Перавёз... разабраным. Як дровы,— яму раптам успомніўся той тып у белай кепачцы.— Там, на ўчастку, бачыў шчытавы, толькі не ведаю, наш такі ці не. Але галоўнае не ў гэтым. Мясціна прыгожая. Сыну спадабалася. Мне таксама. Адным словам, дзякуем за клопаты,— і адразу ж перавёў гаворку па іншае.— Як бэлькі?

— Я табе скажу, што такое можа быць толькі ў нас,— уздыхнуў Хурсан.— Цэлы дзень імі займаўся. Дазваніўся на завод, дзе іх робяць. Дзесяткі тон адправілі ў адрас нашага будаўнічага трэста. Званю ў трэст, там усе ў адзін голас: не чулі і не бачылі. Я так і не разабраўся, хто з кім гуляе ў хованкі. Нарэшце мае забеспячэнцы высветлілі, што такія бэлькі ёсць у метрабудаўнікоў. Сам званіў ім, прасіў сакратара гаркома Сяргея Пятровіча памагчы. Той званіў. Адказ адзін: ім самім не хапае, гэта вялікі дэфіцыт, кожная бэлька на строгім уліку. Адным словам, глуха. Карацей, афіцыйна мы нічога не даб’ёмся. Ці сапраўды ўсе чэсныя такія, ці так хутка перабудаваліся... Але...— Хурсан неяк вінавата ўсміхнуўся.— Наш былы аднакашнік у метрабудаўнікоў галоўны забеспячэнец. Іван Шэлег. Я хацеў пазваніць яму, а потым падумаў, што лепей табе самому пад’ехаць. Ты да яго бліжэй. Я на памінках у цябе з ім побач сядзеў... Сядзелі як чужыя. І не пагаварылі... Заўтра зранку і падскоч. Просьба, вядома, незаконная, я нават не веру, што нейкі вынік будзе, але гэта наш апошні шанц. Разумееш?

Сваёй прапановай Хурсан вярнуў Касцевіча зноў да таго роздуму, які ахапіў яго ў машыне па дарозе дамоў. Ён зноў мусіў рабіць тое, чаго не хацелася рабіць. Пратэставала сумленне.

— Што замаркоціўся? Можа, нездаровіцца? — пранікліва спытаў Хурсан.

— Усё нармальна,— паспрабаваў усміхнуцца Касцевіч, але ўсмешка атрымалася сумнай і яшчэ болей пераканала Хурсана, што нешта ўжо вельмі маркотнае турбуе інжынера.— Я вось толькі падумаў... Чаму так? Ёсць жа нейкія нормы, устаноўленыя дзяржавай. А выходзіць, яны не для нас. Жыццё ідзе па сваіх незразумелых мне законах. Аказваецца, ёсць нейкія іншыя правілы, пра якія мы не ведаем, і якія часам больш дзейсныя за дзяржаўныя. Можа, усе гэтыя законы ды зрабіць дзяржаўнымі? Навошта ж у кошкі-мышкі самім з сабой гуляць?

— Разагнаць установы, кіраўнікоў і няхай жыве анархія? — тоўстыя губы дырэктара варухнуліся ў невыразнай усмешцы.— Не, гэта не шлях. Проста трэба, каб у адказных таварышаў было больш адказнасці. Кіраваць таксама трэба вучыцца.

— Усё вучымся, вучымся і ніяк не навучымся...— уздыхнуў Касцевіч.— У нас на флоце часам цяжка было, на мяжы магчымасцей чалавека, але ўсё было ясна, кожны ведаў, што каму рабіць. Знаходзілі выхад з самых тупіковых пастак. А галоўнае, ніколі не губляліся. А тут разгубіўся. Адчуванне, што сутыкнуўся з нейкай таямніцай, невядомай мне. Нідзе нічога не праб’еш, а даў у лапу, усё ідзе як па маслу. Тады ўсе ўсё могуць. Вось і з бэлькамі... Улады нічога не могуць. Бяссільныя. А вось Іван Шэлег зможа. Ва ўсялякім разе, мы спадзяёмся, што зможа. Што ж кіруе намі?

— Вядома, тут няма той яснасці, як у арміі,— адкінуўся на спінку крэсла Хурсан. Касцевіч ужо заўважыў, што той заўсёды рабіў так, калі збіраўся паразважаць пра нешта абстрактнае, не абавязковае.— У арміі, вядома, не лягчэй. Прасцей. Там усё робіцца, хай і не па прымітыўнай спрошчанай схеме, але ўсё ж па схеме, добра распрацаванай і адпрацаванай. Тут мы таксама стараемся ўсё загнаць у схему, зручную для нас, а яно, жыццё, не месціцца, вылузваецца, не церпіць рэгламентацыі, бо яно было і будзе больш багатым і разнастайным, чым усе нашы законы і правілы. У ім нямала не спазнанага намі, і яно, гэтае неспазнанае, нараджаецца кожны дзень.

— Ці не імкнёмся мы такой філасофіяй апраўдаць сваю бездапаможнасць? — уставіў Касцевіч.

— Гэта новае пытанне...— адмахнуўся Хурсан.— Ты вось гаворыш, што нічога не разумееш,— і гэта не дзіўна. Я тут, на грамадзянцы, не адзін пуд солі з’еў, але таксама часта нічога не разумею. Што ж рабіць? Адказ можа быць толькі адзін. Прымаць жыццё такім, якое яно ёсць. Але не плыць, як тая трэска ў вірлівым раўчуку, а неяк уплываць на гэта цячэнне, арганізоўваць яго. Першы вывад. І другі,— Хурсан нечакана лёгка ўсміхнуўся.— Чым хутчэй ты забудзеш сваю армію, тым будзе лепш. Для цябе, для нашай справы. А то як спутаны. Хутчэй скінуць гэтыя путы — у гэтым сэнс перабудовы для цябе асабіста,— і зусім нечакана заключыў: — Адным словам, заўтра трэба абавязкова пабыць у Шэлега — а раптам? Тым больш што гэта, я гаварыў ужо, наш апошні шанц...

Успомнілася Майская, якой карцела паразважаць з ім пра жыццё, каб ён, Касцевіч, хутчэй зразумеў яго. Хурсан таксама загаварыў пра гэта...

Яму раптам так захацелася дамоў, як звычайна цягнула яго ў родныя сцены пасля працяглых паходаў. Дома не было ні падначаленых, ні начальнікаў. Ён радаваўся, што яму, камандзіру, не трэба нічога нікому загадваць, ад яго таксама нічога не патрабавалі. Дома ён адчуваў сябе проста чалавекам. Хадзіў у белай расхрыстанай кашулі, вылежваўся на канапе. Жонка расказвала, як жылі, што рабілі, як чакалі яго. Ён слухаў яе і пад паглядам спакойных ласкавых вачэй забываў на ўсё на свеце. І ніколі не паскардзілася. Жонка ахоўвала яго ад усялякіх турбот, сама клапацілася пра дзяцей, хадзіла на бацькоўскія сходы, купляла прадукты, каб ён, акрамя службы, ні пра што болей не клапаціўся. Іншыя жонкі, не паспее муж пераступіць парог, ужо бягуць: і гэтага няма і таго не хапае, не думаючы, што яму хочацца пабыць дома, паслухаць, як гаворыць, смяецца яго любая, ён жа даўно не чуў і не бачыў яе, карацей, яму хочацца хутчэй вярнуцца ў той свет, ад якога ледзь не адвык за доўгія месяцы падводных блуканняў вакол зямнога шара, а тут прымушаюць цябе ісці ў магазін, стаяць у чарзе...

Жонка Касцевіча ўсе клопаты брала на сябе. Можа, і дарэмна аберагала яго? Не быў бы цяпер такім наіўным.

Хурсану нехта пазваніў, ён доўга сядзеў, прыляпіўшы тэлефонную трубку да вуха, муляючы тоўстымі губамі, адказваючы мыканнем ды нуканнем. Касцевіч падумаў, што ў таго, відаць, сакрэтная гаворка, падняўся, развітаўся кіўком галавы і выйшаў з кабінета...

Яму хацелася хутчэй прыехаць, каб яшчэ не паспелі дзеці пазабіраць унукаў. З малымі, непасрэднымі і шчырымі, ён і сам станавіўся іншым. Святло дзіцячага жыцця напаўняла яго, і ён, як тыя малыя, глядзеў на свет і радаваўся яму, забываючы пра клопаты дарослых. З унукамі ён адчуваў сябе так, як адчувае сябе ля лясной крыніцы, зацененай кустоўем ад спякоты, стомлены дарогай і смагай падарожнік.

Сышоўшы з тралейбуса, ён не стаў заходзіць у гастраном, хоць і меў просьбу дачкі тое-сёе купіць, вырашыўшы схадзіць потым разам з малымі.

Дачка Святлана сядзела на лаўцы ля пад’езда, павесіўшы на нос акуляры, схіліла бялявую галоўку і нешта чытала малым, якія сядзелі побач, віслі на яе каленях.

Убачыўшы дзеда, малыя, як спуджаныя вераб’і, падхапіліся і кінуліся яму насустрач.

— Ты не купіў малака? — расчаравана спытала Святлана, не ўбачыўшы ў руках бацькі авоські з пакетамі.— Я і сама б схадзіла. Пасля абеду спалі ўсе доўга, а цяпер куды з імі, паразбягаюцца ў гастраноме, не паловіш...

— А вось мы зараз усёй камандай і зробім налёт... Што яшчэ трэба акрамя малака?

— І я з вамі,— Святлана, узяўшы ў бацькі авоську, скіравала ў гастраном першай. Малыя, абляпіўшы дзеда,— кожнаму хацелася быць бліжэй да яго,— наперабой расказвалі пра свае прыгоды, якіх у іх нямала набралася за дзень: то рыжага ката загналі ў падвал, то Слава згубіў свой яблык, то Марына кефір на прыпол выліла, то Антон сеў на цвік...

Касцевіч слухаў іх бязладнае шчабятанне, і для яго нічога цікавей не было на свеце за тое, пра што расказвалі малыя.

 

9

Касцевічу хацелася пабачыць свайго былога аднакласніка Івана Шэлега, з якім так і не ўдалося пагаварыць на памінках, а цікава было б даведацца, як той адчувае сябе на грамадзянцы пасля доўгай ваеннай службы. Ён і без задання Хурсана наведаў бы яго. Касцевіч нават аднойчы званіў яму, каб дамовіцца пра сустрэчу, ды таго не аказалася дома. Цяпер жа не стаў званіць на кватэру, не хацеў блытаць асабістае і службовае, падаўся да Шэлега на работу. Ён папросіць тыя бэлькі не як у свайго былога аднакласніка, а афіцыйна, як адзін службовец у другога. Не для сябе, дзеля справы. Хаця, прызнацца, яму не хацелася схіляць сябра рабіць тое, што не належыць. І Касцевіч ніколі б не пайшоў да яго з гэтым, каб не дысцыпліна, якую парушаць ён не прывык,— заданне дырэктара трэба выканаць. Яму нават хацелася, каб Шэлега не было па месцы, каб ён паехаў у якую доўгатэрміновую камандзіроўку, тады б Касцевіч далажыў пра гэта Хурсану, і пошукі бэлек на гэтым спыніліся б. І таму, апынуўшыся па прамысловай пляцоўцы метрабудаўцаў, ён не стаў распытваць, дзе можна знайсці Івана Шэлега, блукаў паміж стандартнымі вагончыкамі, якіх тут было безліч, чытаў на іх фанерныя шыльдачкі, не вельмі шкадуючы, што не трапляецца патрэбная.

Іван Шэлег сам убачыў яго праз акенца, адчыніўшы дзверы, паклікаў...

І ўсё ж Касцевіч узрадаваўся сябру, пераскокваючы праз абломкі бетонных пліт, з якіх тут некалі масцілі пляцоўку, паспяшаўся да вагончыка.

Вагончык быў з адным маленькім акенцам, прыцемнены ўсярэдзіне. Шэлег паказаў яму на табурэтку ў чарнільных плямах, а сам, таўсматы, рухавы, як маладзёнак, у джынсах у абцяжачку і вайсковай кашулі з закасанымі рукавамі, узрушана хадзіў па вагончыку і, рассякаючы паветра рукой з дужымі пальцамі, на адным з якіх жаўцеў заручальны пярсцёнак, гаварыў маладой белакурай з густа нафарбаванымі губамі жанчыне, што сядзела на такой жа табурэтцы, як і Касцевіч, закінуўшы нага на нагу, выставіўшы круглае тупое калена, нервова пакалыхваючы белай запэцканай у гліну красоўкай.

— Калі ты ўварвалася ў кабінет якога-небудзь начальніка, ты проста не маеш маральнага права выйсці адтуль без рэзалюцыі. Інакш ты не баявы, энергічны і знаходлівы забеспячэнец, а пакорлівы, паслухмяны чыноўнічак, якому напляваць на справу, абы толькі начальства не ўзлавалася на яго. Хватка, хватка і яшчэ раз хватка, і ніякай жаласці да начальства. Яно для цябе функцыя, і толькі. Адным словам, скачы ў трэст і без рэзалюцыі не вяртайся. Рэзалюцыя ці заява аб звальненні. Усё. Ясна? — і адразу ж звярнуўся да Касцевіча.— Якім ветрам, Мікола? На экскурсію ці па справе? Я чуў, што ты ў Хурсана...

— Табе не падабаецца Хурсан?

— Ведаеш, ніколі не задумваўся, падабаецца ён мне ці не. Ты ж помніш, у школе ён быў нейкі бязлікі. Ніякі, адным словам.

— У школе ўсе мы былі ніякімі. Потым станавіліся некім,— усміхнуўся Касцевіч.

— Не кажы. Ты ўжо і ў школе быў падобны на камацдзіра. Самастойны, заўсёды такі грунтоўны, а ён... Нешта шэранькае, невыразнае і злое. Можа, таму, што ў галечы рос. Дык і ты ж не з багацеяў. Ды і ўсе мы... А ён... У яго вачах заўсёды была нейкая застылая просьба. Глядзіце, маўляў, які я нікчэмны, пашкадуйце мяне. Чалавека ў сабе ён ніколі не паважаў. Гледзячы на яго, я часам думаў, што ён павінен быў нарадзіцца не чалавекам, а якой дварнягай... Бегаюць такія па базарах, вечна просяць есці ў людзей. Адданы быў бы бобік...

— Добры бобік! Дырэктар такога завода...

— Вырас, вырас, нічога не скажаш. Не яго заслуга, жыццё наша такое. Умовы... Растуць людзі, і добра, што растуць. А вось ці становяцца людзьмі?.. Я даўно яго не сустракаў, убачыў у цябе на памінках, і, ведаеш, чым ён мне не спадабаўся? Занадта чысценькі. Як стэрыльны бінт. Толькі што не ў цэлафанавым мяшэчку. Ведаеш, я не люблю чысценькіх. Часам яны недахоп унутранай чысціні кампенсуюць знешняй. На нашай з табой мове, ваеннай, гэта называецца маскіроўкай. Ой, загаварыў я цябе,— раптам спахапіўся ён.— Ведаеш, у мяне зранку заўсёды столькі няўвязак, столькі назлаваўся... А калі я занадта ўзрушаны, мяне тады цягне пагаварыць. Некаторыя бегаюць, грукаюць кулакамі, а мне трэба языком памалаціць. Прабач,— ён падсунуў да стала тую самую табурэтку, на якой нядаўна сядзела размаляваная жанчына, прысеў, наліў з жоўтага графіна вады, крыху глынуў, астатнюю выплеснуў некуды ў парог.— Дзе тут злавацца не будзеш, калі вада і тая цёплая. Нешта ж прывяло цябе да мяне? — стомлена глянуў на госця.

— Угадаў,— усмешка ледзь кранула вусны Касцевіча. Яна і выдала, што яму няёмка гаварыць пра тое, дзеля чаго ён прыйшоў.

— Няцяжка здагадацца. Да забеспячэнцаў ходзяць толькі па справе, нават школьныя сябры,— глянуў на гадзіннік.— Што там у цябе? Калі па справе, то ў мяне часу ў абрэз.

— Можа, чуў? Аздараўленчы комплекс будуем...

— Чуў, чуў... Нашы таксама хочуць нешта падобнае будаваць. Ездзілі мясціну шукаць. Бачылі і ваш комплекс. Вы там сапраўды размахнуліся.

— Робяць марудна. А хутка і зусім спыняцца. З-за бэлек. Іх і трэба штук дзесяць. У вас такія ў зямлю заганяюць. Вось...

— Та-ак,— паглядзеў сваімі круглымі крыху ўпарта нахабнымі вачыма.— Та-ак, Мікола. Вось і фініш нашай даўняй спрэчцы. Помніш? У дзевятым класе, калі класны пытаўся, хто куды хоча пайсці вучыцца, я сказаў, што хачу ў ваенную акадэмію тыла? Усе тады смяяліся. І ты смяяўся. Гаварыў, што калі ўжо быць ваенным, дык толькі баявым афіцэрам. А я ўжо тады стыхійна адчуваў, што наступае эпоха забеспячэнцаў. У нашых умовах прыблізнага планавання, недысцыплінаванасці гаспадарнікаў — гэта мастацтва ды яшчэ і якое! Увесь свет трымаецца на забеспячэнцах. Усе нашы непаладкі ў жыцці ад дрэнна наладжанага забеспячэння. Вось бэлькі... Шукаеце, пакутуеце... Думаеш, іх нідзе няма? Ёсць. Можа, нават недзе травой пазарасталі, а недзе і запасец, як, напрыклад, у мяне. Пра яго нават маё начальства не ведае. Чаму? Таму, што я прыроджаны забеспячэнец. У мяне ўсё разлічана не на адзін год. Табе дзесятак трэба?

— Мне няёмка, але...

— Ты што, першы дзень на свеце жывеш? Яму няёмка... Нехта з будаўнікоў вушамі прахлопаў, а няёмка яму. Дзівак.

— Не ў тым сэнсе. Я ведаю, што гэта нават для цябе небяспечна, таму што незаконна...

— Гэта я пры табе буду думаць пра небяспеку? Ты думаў пра небяспеку, калі кінуўся там, на дне акіяна, ратаваць людзей? Думаеш, газет не чытаем, не ведаем?..

— Давай, Іван, пра мяне не будзем. Звычайная служба. Як ва ўсіх нас,— і заклапочана спытаў: — Можа, якое афіцыйнае пісьмо трэба?

— Пісьмо?.. Запомні, Мікола, сапраўдныя забеспячэнцы абыходзяцца без папер. Калі што і губіць нас, дык гэта паперкі. Куды даставіць бэлькі?

— У нас ёсць машыны...

— Варта тваім машынам з’явіцца тут, як потым засыпяць інстанцыі ананімкамі. Ад розных камісій, праверак не адаб’юся. А так усё будзе шыта-крыта... Калі трэба?

— Чым хутчэй...

— Ясна. Заўтра ў 12.00 бэлькі будуць на месцы.

— Дзякую, Іван,— моцна паціснуў руку сябру Касцевіч, уражаны тым, што ўсё так хутка вырашылася.

— Служу Савецкаму Саюзу,— адказаў урачыста Шэлег, падняўся, рэзка крутануў плячамі.— Ныюць косці, солі. Хутка буду як селядзец...— засмяяўся.— А ведаеш, Мікола, некалі марыў, нават уяўляў, як вось перад строем мне ўручаць ордэн, а я гаркну: «Служу Савецкаму Саюзу». Але ордэна так і не заслужыў. Нават падзякі ніводнай не аб’явілі. Толькі калі ў запас адпраўлялі. А праслужыў ад «А» да «Я» і, здаецца, папрацаваў нядрэнна. Відаць, яшчэ чалавецтва не ўсвядоміла ролю забеспячэнцаў у развіцці цывілізацыі... Дзякую, Мікола, што заглянуў. Калі да нас ідуць ужо такія, як ты, то мы недарэмна існуём на зямлі. Эх, час вось толькі нейкі хуткі... Чаму б нам, былым аднакласнікам, не сабрацца, не ўзяць палаткі, не пажыць дзе ля рэчкі. Нагаварыліся б за ўсё жыццё і на ўсё жыццё. А то сустракаемся, калі што трэба каму. Сустрэцца без усялякага такога, а проста так... Давай сазвонімся... А цяпер, дарагі, прабач, мне трэба бегчы. Ведаеш, у забеспячэнцаў усё ёсць, акрамя часу. Каб яшчэ ў сутках было трыццаць гадзін ці сон адмянілі, а так...

У Касцевіча быў нейкі дваісты настрой. З аднаго боку, было пачуццё задаволенасці сабой, што ўдалося зрабіць справу,— зрабіў тое, што не змаглі зрабіць Майская, Хурсан і нават сакратар гаркома,— а з другога боку, адбылося такое, чым не пахвалішся, ды і непрыстойна хваліцца, а вось паведаміць у трэст варта, нават неабходна. Адразу ж падумаў пра Майскую. Яна скажа пра бэлькі каму трэба, і будаўніцтва не спыняць.

Вярнуўшыся на завод, ён пазваніў у трэст.

— Не веру,— радасна гаварыла Майская.— Гэтага не можа быць, Мікалай Мікалаевіч. Ва ўсялякім разе я павінна пераканацца, што яны там. Вы мне іх пакажаце? Выдатна. Будзьце ў сябе, я заеду.

Касцевіч разумеў, што зусім не бэлькам узрадавалася жанчына, і ўжо шкадаваў, што пазваніў ёй, а яшчэ болей шкадаваў, што пагадзіўся ехаць з ёй глядзець тыя бэлькі...

 

10

Бэлькі ляжалі на драўляных брусах, каб не кранула іх вільгаць ад зямлі, і аж гарэлі на сонцы сінім бляскам.

— Як па шчупаковым загаду,— смяялася Майская. На гэты раз яна не была адзета так кідка, як раней, а наадварот, падкрэслена проста: у паношаных джынсах з вылінялымі каленямі, растаптаных красоўках, у белай кофтачцы і ў лёгкай блакітнай куртачцы.— Ведаеце, я не паверыла, калі вы пазванілі. Думала, жартуеце. Чэсна. Ну і, вядома, захацелася праверыць. Цяпер пераканалася, што не манілі... Да вас варта больш пільна прыгледзецца, у вас ёсць чаму павучыцца,— і яна, глянуўшы на яго, замоўкла.

Касцевіч разгублена азіраўся, нібы не пазнаваў нічога навокал.

— Касцевіч! — гулліва паклікала яго жанчына, усмешліва заглянула яму ў вочы.— Што задумаліся? Вы чуеце хоць, пра што пытаюся?

— А дзе ж будаўнікі? — нібы сам у сябе спытаў інжынер.

Цяпер і Майская больш уважліва азірнулася навокал. Сапраўды, на будоўлі не было ніводнай жывой душы. На вагончыку вісеў замок, не было аўтобуса, не было і крана, што так гаспадарліва маячыў тут над усім.

— Усё ж знялі,— уздыхнула жанчына.— Апярэдзілі нас.

— Як знялі? — яшчэ не мог паверыць гэтаму Касцевіч.— Бэлькі ж тут. Ці вы не сказалі?

— Сказала,— яна не магла схаваць раздражненасці.— Самому ўпраўляючаму. Спазніліся мы...

— А ён? Што сказаў упраўляючы?

— Пахваліў мяне,— жанчына скептычна ўсміхнулася.— Праўда, што знялі рабочых, не сказаў. Ён у нас такі, робіць тое, што лічыць неабходным, а гаворыць тое, што трэба гаварыць у дадзенай сітуацыі.

— Два суб’екты ў адным,— заўважыў Касцевіч.

— Каб жа два,— хмыкнула жанчына.— А то ўсе дваццаць два. З начальствам ён адзін, з падначаленымі — другі, з рабочымі — трэці, з жанчынамі — чацвёрты. Карацей, кожны раз такі, якім трэба быць. Упэўнена, што ён і сам ужо даўно не ведае, які ж ён сапраўдны. Дарэчы, ён таму і непатапляльны, як гумавая лодка. Колькі ўжо змянілася дырэктараў будаўнічага камбіната, міністраў, а ён... як скала. Ніякія штормы яго не зрушваюць. Пачалася перабудова, ён першым перабудаваўся. Пра гэта яшчэ і газеты пісалі. Вось так...

— А надоўга тут заціхла?

— Цяжка сказаць. Уводных аб’ектаў назбіралася багата, а людзей не хапае. Знялі ўсюды, дзе можна было зняць. У нас часта такое бывае.

— Наш жа аб’ект таксама важны.

— Кожнаму здаецца, што яго аб’ект самы важны,— яна ўважліва паглядзела на Касцевіча.— Не хвалюйцеся, Мікалай Мікалаевіч. Праз пару дзён вернуцца, я паклапачуся пра гэта.

— Чортведама што! Мы так ніколі не справімся з планам, упусцім усе тэрміны. Я зараз жа павінен далажыць пра ўсё свайму дырэктару, можа, што прыдумае. Паехалі! — ён так імкліва скіраваў да машыны, што Майская зразумела: спыніць яго зараз, затрымаць немагчыма. А яна ж спадзявалася, што пасля будоўлі пакажа яму свае любімыя мясціны ў лесе, яны паходзяць, пагавораць...

Майская адразу не кінулася ўслед за ім, падумаўшы, што ён астыне, вернецца, стаяла на месцы, пакуль ён не ўсеўся ў машыну і не пачаў паглядваць на яе з нецярплівасцю. І тады яна таксама паспяшалася ў машыну, села, які час не заводзіла яе, нібы пра нешта думала, потым марудна павярнула ключ у замку, газанула, прыслухалася, як працуе матор, і, ўжо выехаўшы на шашу, спытала, не адрываючы вачэй ад дарогі:

— А што ваш дырэктар?

— Не ведаю. Можа, даложыць у гарком. Ён гаварыў мне, што ў гаркоме вельмі цікавяцца нашым комплексам. Нібы сам сакратар Драбыш...

— Эх, Касцевіч, Касцевіч,— уздыхнула Майская.— Як вы яшчэ далёка ад нашых спраў, як вы багата яшчэ не разумееце! Але нічога. Дойдзеце з часам да ўсяго, калі вытрымаеце, не збяжыце. А пакуль... ніякіх інстанцый. Чаму? Ды таму што ў трэсце больш дзесятка аб’ектаў, якімі таксама пільна цікавяцца інстанцыі. І нават больш высокія за гарком... Вядома, калі вы паскардзіцеся, вашу скаргу не пакінуць без увагі, адрэагуюць абавязкова. Магчыма, нават збяруць нараду, напішуць пратакол, а ў выніку ўсё роўна нічога не зменіцца. Будаўнікі нічога не змогуць зрабіць, калі нават і захочуць. А адносіны сапсуеце. А вам жа яшчэ доўга працаваць з намі разам. Дык навошта скандаліць? Тым больш што будаўнікі праз пару дзён вернуцца... Ну а калі не вернуцца, то я сама вам скажу, што рабіць далей. Урэшце, якіх два дні нічога не вырашаюць...

— На два дні ў мяне, вядома, цярпення хопіць,— ён сказаў гэта з такім уздыхам, што стала зразумела, яму было нялёгка пагадзіцца і на гэтыя два дні.

— Вы вельмі цярплівы чалавек,— Майская хуценька зірнула на яго.— І наогул, я кожны раз адкрываю ў вас нешта новае... Калі так пойдзе і далей, то вы ў маіх вачах вырасціце да незвычайнага чалавека.

Касцевіч насупіўся. Ён не любіў такой адкрытай пахвальбы, не падабалася яму і тое, што яна ўжо збіраецца сустракацца з ім часта, ва ўсялякім разе намякае яму пра гэта вельмі адкрыта. Гэта задзявала яго самалюбства. Настрой у яго пагоршыўся яшчэ болей, чым ад спраў на будаўніцтве. І зараз, як пасля гаворкі з дырэктарам, а потым і з Шэлегам, яму захацелася ўцячы ад усяго гэтага. Зусім непрымальнага, часам незразумелага, з чым яго душа ніяк не магла знайсці суладдзя.

— Можа, падкінулі б незвычайнага чалавека на яго садовы ўчастак? — папрасіў ён жанчыну.— Якраз па дарозе. А то ў горадзе, баюся, не вытрымаю, пазваню дырэктару.

— Хіба можна пасля такога ультыматуму вам адмовіць,— сказала яна з нечаканай далікатнай мяккасцю і ласкавасцю, крыху нахіліўшыся, кранула яго сваім вострым тугім плячом. Касцевіч нібы і не заўважыў яе гэтага руху, нават не варухнуўся, а пільна глядзеў перад сабой, каб не прамінуць дарогу, на якую трэба было збочыць.

— Вось тут за слупком, калі ласка, управа,— папрасіў ён.

Перасёкшы драбнаваты малады лясок, выскачылі на ўзгоркавую паляну, на якой без усялякага парадку, як здавалася здаля, самых нечаканых форм і памераў стаялі домікі,— нібы хто з мяшка сыпануў іх,— нагадваючы дэкарацыі для казачнага фільма.

Участак Касцевіча быў ля самай дарогі, з гэтага краю,— можа, ён і застаўся вольны таму, што ніхто не хацеў сяліцца ля дарогі.

Касцевіч яшчэ здаля ўбачыў сваіх сыноў, Ігара і Вадзіма. У белых панамах, у плаўках, яны манціравалі каркас будучага доміка на цагляных слупках,— фундамент пакуль не сталі рабіць, маўляў, яго можна і потым заліць, а цяпер, галоўнае, хутчэй домік падвесці пад дах, каб не гніў пад дажджамі.

Спыніліся крыху воддаль. Касцевіч, павесіўшы на руку чорны пінжак, які да гэтага трымаў на каленях, выйшаў з машыны, кіўнуўшы жанчыне на развітанне. Майская ж замест развітання сказала, што ў яе самлелі ногі, таксама выйшла з машыны і, яшчэ як след не агледзеўшыся, усклікнула:

— А цудоўная мясцінка! Тут, відаць, нядрэнна будзе адпачываць. Я багата дзе пабыла, а вось у лесе не жыла ніколі. Там, дзе я нарадзілася, было поле. Лес сінеў недзе на гарызонце. І малой я вельмі марыла пра той далёкі лес, зайздросціла тым, хто жыў ля яго,— гаварыла таропка, без супынку, нібы словамі сваімі хацела надалей прытрымаць Касцевіча, і той сапраўды мусіў быў стаяць і чакаць, пакуль яна не выкажацца. Як толькі жанчына зрабіла кароткі перадых, паспяшыў падзякаваць ёй:

— Дзякую вам, Алена Адамаўна, яшчэ раз, што падвезлі. Я застануся тут, памагу сваім рабятам.

— Гэта будзе лепей, чым трывожыць інстанцыі,— засмяяўшыся, падала яму на развітанне руку, моцна, больш моцна, чым дазвалялі гэта іх цяперашнія адносіны, паціснула ягоную.— Як толькі ўзнікне неабходнасць, я адразу ж пазваню. Бывайце!

Як толькі яна адпусціла яго руку, ён неяк механічна цярнуў яе аб штаніну і хуткім крокам скіраваў на свой участак. Ён не бачыў, як яна садзілася ў машыну, толькі пачуў, як кляцнулі дзверцы, загудзеў матор.

— А вы тут нямала паспелі,— пахваліў ён сыноў.

— Хто такая? — спытаў Ігар, паказаўшы на воблака пылу, што вісела над дарогай.

— З трэста. Ездзілі на аб’ект,— буркнуў Касцевіч, шукаючы вачамі, куды б павесіць пінжак.

 

11

Вытрымкі ў Касцевіча хапіла толькі на чатыры дні.

Два дні ён з сынамі працаваў на сваім участку, потым два дні праседзеў у сваім закутку, вывяраючы з праектам складзеныя яго папярэднікам спісы абсталявання, якое павінен паставіць на будоўлю заказчык,— завод.

Ён быў упэўнены, што Майская, як і абяцала, абавязкова пазвоніць яму,— яна не праміне напомніць пра сябе лішні раз,— пазвоніць адразу ж, як толькі ўзновіцца будаўніцтва ці калі канчаткова высветліць, што яно не будзе ўзнаўляцца.

Ён не здагадваўся, ды і не мог здагадацца, бо дрэнна ведаў псіхалогію жанчын, што Майская і не збіралася яму званіць. Заўважыўшы, што яе заляцанні яму не па душы, вырашыла пакуль што не турбаваць яго. Нават тады, развітваючыся ля машыны, абяцаючы пазваніць яму, ведала, што званіць не стане, больш таго, нават загадала — калі ён не вытрымае і пазвоніць першым, то гэта будзе азначаць, што яго цікавіць не толькі будоўля.

У канцы чацвёртага дня Касцевічу перадалі з прыёмнай дырэктара, што Хурсан шукае яго. Бясспрэчна, ён пацікавіцца будоўляй, а што яму сказаць?

Касцевіч адразу ж набраў нумар Майскай.

— Я слухаю,— голас у жанчыны без усялякіх эмоцый, нейкі сухі, афіцыйны. Калі ж яна даведалася, хто яе турбуе, ён памякчэў, пацяплеў. Касцевіч нават уявіў, як яна там заўсміхалася, засвяцілася радасцю.— Мікалай Мікалаевіч, між іншым, я сёння падумала, што вы абавязкова пазвоніце...

— А чаму ж вы?.. Ніякіх навін?

— Ніякіх,— з лёгкім сумам прызналася Майская.— Няма чым усцешыць вас, Мікалай Мікалаевіч, хоць я нямала і пабегала. Перагрызлася са сваім начальствам, была ва ўпраўленні, якое ў вас будуе, пабыла і на тым аб’екце, куды перакінулі ад вас людзей, і толькі пераканалася, што будаўнікі не збіраюцца вяртацца на ваш аб’ект не толькі ў бліжэйшыя дні, а і месяцы. Так што рабіце там з Хурсанам, што толькі можаце. Грукайце ва ўсе дзверы, пра якія толькі ведаеце,— яна перадыхнула і працягвала расчаравана: — Вядома, вынікаў не будзе, а для вас — карысць, маўляў, не сядзелі, не чакалі з мора пагоды, адным словам, дзейнічалі. А то потым абвінавацяць вас, што спалі ў шапку, не рабілі ніякіх захадаў ці не вельмі эфектыўна стараліся. Вось так, Мікалай Мікалаевіч,— яна замоўкла, чулася толькі яе частае дыханне. Касцевіч, крыху памаўчаўшы, каб хоць збольшага абдумаць пачутае, уздыхнуў раптам, як уздыхаюць стомленыя коні, потым падкрэслена абыякава, хоць і ветліва сказаў:

— Дзякую, Алена Адамаўна,— і павесіў трубку.

Майская нейкі час слухала здзеклівае піпіканне ў трубцы, потым кінула яе на тэлефон з такой нянавісцю, нібы яна, гэтая чорная скрыўленая дужкай трубка, была ў нечым вінаватая.

Касцевіч падняўся наверх і толькі пераступіў парог прыёмнай, як сакратарка Вера Іванаўна паказала яму вачыма на дзверы дырэктара, маўляў, чакае.

Хурсан якраз чытаў свой артыкул для вячэрняй газеты, які напісалі яму сакратар парткома завода разам з карэспандэнтам, і не пачуў, як ціха адчыніліся і зачыніліся дзверы. Калі ж адарваў вочы ад артыкула, Касцевіч ужо стаяў ля стала, перабіраючы гузікі на сваім нязменным чорным пінжаку.

— Прывітанне, прывітанне! — з дакорлівасцю сказаў Хурсан, прыўзняўся, працягнуў інжынеру руку праз стол.— Ну, што стаіш? Сядай, Мікола, сядай. Я, здаецца ж, не генерал. Ну, якімі тэмпамі рухаецца наш аб’екцік да завяршэння?

— Я хачу далажыць,— Касцевіч нібы і не чуў запрашэння дырэктара садзіцца,— будаўнікі пакінулі аб’ект.

— Пакінулі, гаворыце? — варухнуў у вялай усмешцы тоўстымі губамі дырэктар.— Даўно вы гэта выявілі?

— Сёння пайшоў чацвёрты дзень, як нічога не робіцца,— гаварыў Касцевіч, апусціўшы голаў і з такой інтанацыяй у голасе, нібы ён быў ва ўсім вінаваты.

— Не пайшоў чацвёрты дзень, а заканчваецца. Заўважаеце розніцу? — у голасе Хурсана загучала пакуль што незразумелая інжынеру здзеклівасць. Хурсан падхапіўся, каўзануў з крэсла, кінуўся па кабінеце, спыніўся ля Касцевіча, зыркнуў на яго знізу ўверх, і, відаць, спахапіўшыся, што яму, кіраўніку, нельга так адкрыта дэманстраваць свае эмоцыі ці, можа, успомніў пра сваю нізкаросласць, вярнуўся на сваё месца, і ўжо больш стрымана, чым можна было чакаць, спытаў: — Чаму маўчаў? Чаму не далажыў адразу? Ці не ведаў?

— Ведаў. Сказалі, што праз пару дзён вернуцца, а сёння высветлілася што яны наогул не думаюць вяртацца.

— Та-а-к,— цяжка ўздыхнуў Хурсан, потым памуляў губамі, нібы хацеў усміхнуцца, але ці губы анямелі, ці не да ўсмешкі было дырэктару.— Цікава... Чатыры дні маўчаць!.. І, відаць, каб не паклікаў цябе, яшчэ б маўчаў. Між іншым, мне сёння раніцай нашы грыбнікі далажылі, што на комплексе нічога не робіцца. Вельмі шкада, што гэта зрабіў не ты... А мы ж, здаецца, дамаўляліся, каб ты пра ўсё, што робіцца на будоўлі, паведамляў. Адразу ж. Своечасова!.. Не чакаў ад цябе такога. У выніку, амаль цэлы тыдзень у трубу. Цэлы тыдзень!

— Чатыры дні! — паправіў Касцевіч, які любіў ва ўсім дакладнасць.

— Чатыры дні... Ды садзіся ты, не магу размаўляць, калі ты каланчой перада мной,— са штучнай капрызлівасцю абурыўся Хурсан, потым добразычліва ўсміхнуўся, сказаў нечакана шчыра: — Ну вось, цяпер пагаворым на роўных, а то стаіш, як на судзе... Скажы дзякуй, што я твой друг... Запомні, Мікола, я больш за ўсё не люблю вось такой марудлівасці. І не таму, што паскарэнне. Характар у мяне такі. Усё жыццё на павышаных скарасцях. Прывык. Марудлівасць, непаваротлівасць, як правіла, заўсёды сведчаць пра безадказнасць, пра абыякавасць... Лічу, што гэта ў цябе выпадкова. Відаць, ты зрабіў гэта пад нейчым уплывам. Ты заўсёды, як і помню, быў рухавы, рашучы, нейкі імклівы. Не ішоў, а ляцеў. Птушкай! — ён націснуў кнопку селектара.— Вера Іванаўна, мне зараз жа машыну,— зноў каўзануў са свайго падвышанага крэсла, апрануў пінжак, які вісеў у шафе, і, прапускаючы перад сабой у дзверы Касцевіча, гаварыў: — Я зараз, Мікола, у трэст. Высветлю, што там і як. А ты падрыхтуй грунтоўную даведку пра будаўніцтва комплексу. Колькі запланавана, колькі асвоена сродкаў. Не выключана, што прыйдзецца ісці ў гарком партыі...

 

12

Касцевіч зняў з вешалкі ў пярэдняй пінжак, агледзеў яго, заўважыў, што на рукаве, ля локця, выцерлася і блішчыць пляма, падумаў, ці не надзець які іншы касцюм. У жыцці яму даводзілася бываць у вайсковых начальнікаў самых розных рангаў, а вось на грамадзянцы вышэй райвыканкома і райкома партыі ні ў кога не быў. У райкоме станавіўся на партыйны ўлік, а ў райвыканкоме яму выпісвалі ордэр на кватэру. І вось цяпер запрашаюць яго ў гарком на нараду, якую будзе весці сам сакратар. Каб не жалоба, можна было б надзець светлы касцюм. А з цёмных у яго нічога цывільнага не было, толькі марфлоцкі. А можа, і надзець марфлоцкі, ды яшчэ парадны? Не, парадны не падыходзіць. Урэшце там, у гаркоме, не ўрачыстае пасяджэнне, а рабочая нарада, і таму вельмі нават прыстойна пайсці на яе ў паўсядзённым рабочым адзенні. Вось толькі ён надзене чыстую кашулю і падбярэ больш свежы гальштук...

У гаркоме, у фае трэцяга паверха, ужо тоўпіліся запрошаныя на нараду. Хурсана яшчэ не было. Са знаёмых таксама нікога. Міжвольна пашукаў вачыма Майскую. Яна стаяла крыху воддаль ад усіх, ля акна ў калідоры з нейкім незнаёмым яму мужчынам. Яна была ў строгім сінім плацці, у чорных туфлях,— ён спачатку і не пазнаў яе. Пазнаў, калі прыгледзеўся. Касцевіч прытуліўся да парэнчаў, зрабіўшы выгляд, што яшчэ некага чакае. Яму не хацелася трапляцца на вочы Майскай. Але чаму? Ці не баіцца ён яе? Ці не залішне багата ён думае пра яе? Варта толькі ўспомніць будоўлю, адразу ж лезе ў галаву Майская. Відаць, таму, што ён з ёй больш, чым з кім, гаварыў пра будоўлю. Паспела прымільгацца. Пройдзе час, службовыя сустрэчы з Майскай, як і з іншымі, стануць звычайнымі, прывычнымі, і тады ён не будзе так думаць пра яе. Касцевіч яшчэ не ўсведамляў, не мог прызнацца сам сабе, што жанчына ўсё ж зачапіла нейкія струны яго душы, і тыя адгукнуліся, загучалі, падаючы патаемныя сігналы, але тыя сігналы пакуль што не прабіліся на паверхню, не сталі яго свядомасцю. Ды калі б і прабіліся хаця б якім аддаленым намёкам, ён не паверыў бы сам сабе, свядома не стаў бы верыць, бо такое проста немагчыма, нават недапушчальна, такое не можа быць, не павінна быць у чалавека, які зусім нядаўна пахаваў жонку,— яшчэ і месяца не прайшло...

Вось выглянула ў калідор пухленькая бландзіначка, неяк лена павяла сваімі светлымі вялікімі вачыма, потым мяккім марудлівым галаском запрасіла ўсіх у кабінет сакратара.

Касцевіч зайшоў апошнім, па які момант спыніўся ў дзвярах. Убачыўшы Майскую ледзь не ля самага стала сакратара, усеўся ля супрацьлеглай сцяны, бліжэй да дзвярэй.

Апошнім зайшоў Хурсан, зайшоў упэўнена, гучна, шумліва, нібы ён тут быў гаспадаром, імкліва прайшоў па дывановай дарожцы, на хаду ўсё мацней і мацней асвятляючы свой твар прыязнаю ўсмешкаю, за руку павітаўся з сакратаром гаркома, схіліўшы голаў. Усеўся на вольнае месца ля самага стала, побач з Майскай, нешта сказаў ёй. Потым азірнуўся, пашукаў вачыма Касцевіча...

— Усе сабраліся? — крыху адваліўся на спінку крэсла сакратар гаркома Драбыш. Ён быў яшчэ зусім малады чалавек, відаць, нядаўні камсамольскі работнік, і тая строгасць, якая скавала застылай нерухомасцю яго юны твар, угадвалася ў ідэальна адпрасаваным пінжаку, без адзінай маршчынкі, як вытачаным з дрэва, вузле гальштука, у белым трохкутнічку насоўкі, што тырчэла з нагруднай кішэнькі пінжака, здавалася нейкай штучнай, напускной, часовай.

— Усе тут? — такім жа штучна строгім, як і знешнасць, баском спытаў сакратар.— Калі ўсе, то пачнём нараду будаўнікоў і прадстаўнікоў заказчыка,— ён замаўчаў, усміхнуўся куточкамі вуснаў, і адразу ж нешта жывое, гарэзлівае прамільгнула ў яго вачах,— і пачнём, думаю, з прэтэнзій. Прашу, таварыш Хурсан.

Хурсан паспешліва падхапіўся і, не зводзячы вачэй з сакратара, загаварыў марудліва, быццам яму перашкаджалі гаварыць хутчэй яго цяжкія губы:

— Мяне здзіўляе, Сяргей Пятровіч, што зараз на ўсіх узроўнях партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва такое агромністае значэнне надаецца сацкультбыту, а наш аздараўленчы комплекс будуецца так дрэнна, што горш ужо і нельга. Як гаворыцца, праз пень-калоду. Узімку нічога не рабілі, бо ўсё там было засыпана снегам, а цяпер перашкаджае будаваць добрае надвор’е...

— А калі без лірыкі? — нецярпліва перабіў яго Драбыш.

— А калі без лірыкі, Сяргей Пятровіч, то,— Хурсан заглянуў у маленькую паперку, што камячыў у далоні,— то за першае паўгоддзе асвоена будаўнікамі толькі семнаццаць працэнтаў запланаваных сродкаў. Зараз работа спынена зусім. Так сказаць, канчаткова перабудаваліся.

— Перабудаваліся ж,— скрушліва паківаў галавой Драбыш, хмурна звёў бровы над пераносіцай, акінуў прысутных асуджальным позіркам.— У мяне пытанне да кіраўніцтва трэста. Як вы думаеце выконваць план на комплексе?

— Вядома ж, думаем,— пачаў з глыбокімі перадыхамі, нібы перад гэтым хутка бег ці падняўся па крутой лесвіцы ўпраўляючы трэста Трыпуз.— Але... У нас мала людзей, уводныя аб’екты, мы вымушаны...

— Я не пытаюся ў вас, Фёдар Васільевіч, пра вашы цяжкасці, пра вашы ўводныя аб’екты,— перабіў яго Драбыш, усміхнуўшыся куточкамі губ.— Нам трэба ведаць, як вы думаеце выконваць план на аздараўленчым комплексе. Усе помняць, колькі каштавала нам дабіцца дазволу на будаўніцтва гэтага аб’екта. І цяпер мы не можам спакойна глядзець... Вось і скажыце, Фёдар Васільевіч, калі і як?

— Навалімся,— шумна выдыхнуў Трыпуз.

— Калі?

— Хоць заўтра,— на гэты раз з прыкметнай палёгкай выдыхнуў Трыпуз, быццам іменна ў гэты момант адолеў галоўную ў сваім жыцці перашкоду.— Але там няма фронту работ. Таму і знялі людзей, што няма чаго рабіць.

— Як няма? — дакорліва паглядзеў Драбыш па дырэктара завода. Хурсан у сваю чаргу яшчэ больш дапытліва паглядзеў на Касцевіча. Касцевіч толькі недаўменна павёў плячыма.

— Няма бэлек,— растлумачыў Трыпуз.— Вось кладка і затармазілася. Дастанем бэлькі, тады...

— Некалькі дзён таму бэлькі завезлі,— падняўшыся, далажыў Касцевіч.

— Дарэчы, мы завезлі,— заўважыў Хурсан.— Хоць гэта пазіцыя і не наша, а будаўнікоў.

— Вы, Фёдар Васільевіч, аказваецца, не ведаеце, што робіцца ў вашым ведамстве,— упікнуў Трыпуза сакратар гаркома.— Як загадаеце гэта ўсё разумець?

— Як толькі ўправімся з уводнымі, Сяргей Пятровіч, так усім трэстам і навалімся...

— Паслухайце,— Драбышу яўна не спадабаўся напамін пра ўваходныя аб’екты. На яго твары з’явілася нешта капрызлівае, як у малога, і ён раздражнена сказаў: — Фёдар Васільевіч, давайце раз і назаўсёды дамовімся: ці вы будзеце працаваць на комплексе як след, ці наогул не будзеце працаваць у трэсце.

— Заўтра прыступім, Сяргей Пятровіч,— выпаліў Трыпуз і цяжка ўздыхнуў.

— Прымаецца,— задаволена зноў адкінуўся на спінку крэсла сакратар.— Калі будзе графік вядзення работ на комплексе?

— Узважым, падлічым,— ужо з усмешкаю адказаў Трыпуз, адчуўшы, што самае горшае ўжо ззаду.

— Хе, яны яшчэ збіраюцца ўзважваць, падлічваць,— хмыкнуў сакратар і кіўнуў галавой на Трыпуза, нібы гэтым жэстам хацеў звярнуць усіх увагу на тую недарэчнасць, якую ўяўляў зараз упраўляючы трэста.— Ці ведаеце вы, дарагі Фёдар Васільевіч, што вы не павінны былі без такога графіка прыходзіць сюды? Дзе ваша дзелавітасць, канкрэтнасць у рабоце? Дзе ваш дынамізм, які сёння павінен быць законам жыцця і дзейнасці кожнага з нас?

— У нас ёсць графік,— знайшоўся Трыпуз.— Але ў сувязі з непрадбачанай сітуацыяй, а іменна, неабходнасцю ўзмацніць і паскорыць, яго трэба перагледзець, удакладніць.

— Та-ак,— сцяў губы Драбыш, на нейкі момант задумаўся, потым рэзка нахіліўся над сталом, стрэльнуў з-пад ілба ўпартым позіркам на ўпраўляючага.— Вось што, паважаны Фёдар Васільевіч. Праз тры дні графік павінен ляжаць на стале ў мяне, на стале ў заказчыка, а ў трэсце вы ўсе павінны ведаць яго на памяць,— сакратар зноў усміхнуўся кончыкамі губ, звярнуўся да Хурсана: — А вас, Анатоль Віктаравіч, прашу дакладваць мне асабіста кожны тыдзень аб выкананні графіка. Усё ўсім ясна? Пытанняў няма? Што ж, таварышы, жадаю вам поспехаў!

Усе падняліся, стрымана засоўгалі крэсламі, стараючыся не сустракацца вачамі.

Касцевіч першы выйшаў з кабінета, спускацца па лесвіцы не спяшаўся. Яму хацелася з кім-небудзь абмяняцца думкамі пра нараду, пачуць ад іншых, што яны думаюць пра яе. Цікава, што скажа Майская. Яна не прамаўчыць, абавязкова выкажацца, першая зачэпіць яго, Касцевіча. Здаецца, яна і даганяе яго,— таропкі пошчак жаночых абцасікаў імкліва набліжаўся. Вось жанчына параўнялася з ім — яго, быццам хваляй, абдало водарам нейкіх незнаёмых духоў — абагнала, нават не глянула на яго, як і не ведала, паспяшалася ўніз. У вачах Касцевіча замільгамі яе загарэлыя ногі і чорныя бліскучыя туфлі.

— Вось як трэба размаўляць з будаўнікамі,— падхапіў яго пад руку Хурсан.— Цяпер ты зразумеў сваю памылку? Каб адразу далажыў, ужо з тыдзень на аб’екце ўсё гудзела б.

— Крута,— Касцевіч мелькам глянуў на дзверы, якія ляпнулі і схавалі Майскую.— У нас на флоце, здаралася, былі яшчэ больш складаныя сітуацыі, але, прызнацца, так не спяшаліся. Аналізавалі, узважвалі, потым прымалі рашэнне. А тут...

— Тут усё правільна,— Хурсан быў яшчэ пад уражаннем нарады.— Па-сучаснаму. Хопіць балбатні. Цяпер час рашучых і энергічных учынкаў. А потым я скажу табе, Мікола, Драбыш лепш за нас уяўляе магчымасці будаўнікоў, так што ведае, чаго патрабуе. Яму аналізаваць не трэба... Твая задача, Мікола, у гэтай сітуацыі — часцей бываць на аб’екце, каб у нас з табой кожны дзень была дакладная інфармацыя,— і ўжо ў машыне, калі яны ехалі на завод, спытаў: — А можа, заўтра падскочым на аб’ект?

— Заўтра ранавата,— усумніўся Касцевіч.— Не паспеюць і з тэхнікай заехаць. Можа, праз пару дзён? І вынік нейкі будзе...

— Няхай будзе і так,— пагадзіўся Хурсан.

 

13

Стаяў такі сонечны дзень, што навокал усё аж ззяла ад святла. Ззялі золатам сосны, сляпілі белым бярозы, зеляніна так свяцілася, што здавалася празрыстай. Нават у цяньку трава ззяла расой. Птушыны перазвон агучваў гэтыя зыркасць і бляск, ад чаго гэтае ззянне, ды і сам лес, нават тая ж раса на траве здаваліся адухоўленымі.

На фоне святла і бляску яшчэ болей сумнымі і пакінутымі выглядалі сцены комплексу, груды бітай цэглы ля яго, счарнелыя дошкі рыштаванняў, аблезлы сіні вагончык і нават сцежкі, пратаптаныя будаўнікамі, а цяпер прашытыя кволымі іголкамі маладой травы. А галубы, якія знайшлі сабе сховішча ў маўклівых сценах, яшчэ больш падкрэслівалі змярцвеласць будоўлі.

Падцягваючы рукамі калашыны светла-шэрых штаноў, каб тыя не абрасіліся, першым касалапіў Хурсаy. Побач, не звяртаючы ўвагі на расу, ішоў Касцевіч. Яго чаравікі блішчэлі ад вільгаці, як толькі што наваксаваныя.

— Усё аж гудзе,— усміхнуўся Касцевіч, успомніўшы нядаўнюю гутарку з дырэктарам пасля нарады ў сакратара гаркома.

— І гэта пасля такой нарады,— азіраўся наўкол Хурсан, нібы сам сабе не верыў, што знаходзіцца там, дзе трэба.— На такім узроўні!.. Рашуча адмаўляюся што-небудзь разумець. Абсалютна! У чым справа, не ведаеш?

— Учора званіў...

— Не сказалі, калі прыступяць?

— Як толькі вызваляцца людзі. Можа, заўтра, а можа, і пазней. Нічога пэўнага не сказалі.

— Адным словам, пасля дожджыку ў чацвер. Цікава, цікава... Дакаціліся да ручкі...— Хурсан утаропіўся позіркам на галубоў, што, здавалася, папрыліпалі да сцен, потым, схамянуўшыся, павярнуўся і, забыўшы на росную траву, рассякаючы паветра рэзкімі ўзмахамі кароткіх рук, на якіх з-пад светла-шэрых рукавоў паблісквалі белыя кольцы манжэтаў, пашыбаваў да машыны. Адчыніўшы дзверцы, нахіліўся, узяў тэлефонную трубку, якую яму падаў шафёр, набраў нумар.

— Трэст? — ён змаршчыніў нізкі з выпуклымі дугамі надброўяў лоб, памуляў тоўстымі губамі, нібы абмацваючы імі мікрафон.— Фёдар Васільевіч? Гаворыць Хурсан. Званю, дарагі Фёдар Васільевіч, між іншым, з нашага з вамі аб’екта. Во дзе цішыня, я табе скажу. Прыязджай, хоць адпачнеш ад гарадскога шуму, а заадно пераканаешся, чаго варты вашы цвёрдыя абяцанні.

— Сітуацыя,— пачулася, як цяжка выдыхнуў упраўляючы трэста.

— Што будзем рабіць? — больш памяркоўна, без ранейшай з’едлівасці ў голасе, спытаў Хурсан.— Фёдар Васільевіч?

— Што рабіць? — у трубцы зноў пачуўся працяглы цяжкі з нейкай глыбіннай хрыпатцой уздых, а потым адкрытая насмешлівасць.— Скардзіцца ў гарком...

У трубцы спачатку затрашчала, потым загудзела. Хурсан, нахіліўшыся, набраў нумар сакратара гаркома, і калі той адгукнуўся, міжвольна выпрастаўся, кольцы на дроце ад трубкі расцягнуліся.

— Шчыра вітаю вас, Сяргей Пятровіч! Паколькі вы прасілі дакладваць пра будаўніцтва сістэматычна, то зараз я званю вам непасрэдна з аб’екта. Ніводнай душы. Мёртвае царства.

— Выходзіць, няма пра што і дакладваць? — пачуўся спакойны, крыху ўсмешлівы, голас сакратара.

— Выходзіць, Сяргей Пятровіч. Але ж вы прасілі... Ведаеце, Сяргей Пятровіч, пасля такой нарады...

— Вось што, Анатоль Віктаравіч,— у голасе сакратара прабілася раздражненасць.— Будаўнікам дадзены жорсткія тэрміны. Надыдзе час, і мы спытаем. А пакуль пачакаем. Крыху цярпення...

— Тады ўжо і часу не застанецца,— звяла прамямліў Хурсан: не такой рэакцыі ён чакаў ад сакратара.— Трэба б націснуць на Трыпуза, Сяргей Пятровіч...

— Не трэба даваць мне даручэнні, Анатоль Віктаравіч,— у голасе Драбыша не толькі раздражненасць, але і нейкая незразумелая агрэсіўнасць.— Я сам ведаю свае абавязкі. А вось вы паспрабуйце націснуць і, наогул, разбярыцеся, што яны там мудраць? Ясна? — і закончыў лагодней: — Жадаю поспехаў, Анатоль Віктаравіч.

Хурсан яшчэ трохі патрымаў тэлефонную трубку ля вуха, нібы спадзяваўся яшчэ што пачуць, потым нагнуўся і ўжо не аддаў трубку вадзіцелю, хоць той быў і памкнуўся ўзяць яе, а сам паклаў яе па металічныя рычажкі, азірнуўся на Касцевіча, хацеў нешта сказаць яму, нават прыціснуў верхнімі зубамі ніжнюю губу, ён заўсёды так рабіў, калі не знаходзіў слоў і нібы такім чынам хацеў выціснуць іх з яе, потым рашуча махнуў рукой:

— Паехалі!

Амаль усю дарогу маўчаў, нават ні разу не глянуў на Касцевіча, а калі спыніліся ля будаўнічага трэста, гледзячы некуды ўбок, быццам сорамна было яму заглянуць у вочы інжынера, папрасіў:

— Вось што, Коля, будзем лічыць, што тваё рабочае месца тут, у трэсце, пакуль будаўнікі не вернуцца на аб’ект. Так што... сталы ім тут ламай, даказвай, патрабуй, адным словам, днюй і начуй, пакуль не даб’ешся свайго... Узнагароды свае начапі, пакажы свой баявы характар. Іншага выйсця няма. Ва ўсялякім разе, пакуль я не бачу... Ну, поспехаў табе,— і ён падаў руку на развітанне, а потым яшчэ, седзячы ў машыне, прасачыў, як марудна, без усялякай ахвоты, быццам пад прымусам, падымаўся па прыступках ганка Касцевіч.

«Баіцца заходзіць туды, ці што?» — мільганула думка ў Хурсана...

 

14

Вядома, Касцевіч не стаў надзяваць узнагароды і наогул параду Хурсана не ўспрыняў усур’ёз. Але за некалькі дзён паспеў пабыць у многіх кіраўнікоў трэста, ва ўпраўленні, якое непасрэдна будавала комплекс... Усюды з ім гаварылі ветліва, са спачуваннем, падкрэслена зацікаўлена, ва ўсялякім разе ніхто, з кім яму давялося сустрэцца, не быў падобны на валакітчыка і бюракрата, чыноўніка-кансерватара, вобраз якога склаўся ў Касцевіча пры чытанні газетных артыкулаў і фельетонаў. Амаль усе яны, кіраўнікі і падначаленыя, нават абяцалі пры першай жа магчымасці выправіць становішча, бо ў іх трэсце яшчэ не было такога, каб завальвалі план. Праўда, ніхто з іх не мог назваць канкрэтны тэрмін, калі з’явяцца на аб’екце будаўнікі. Адным словам, Касцевіч так і не дабіўся нічога пэўнага. Дакладваць дырэктару не было чаго. А як яму не хацелася ісці да Майскай, але ўсё ж мусіў быў заглянуць: можа, хоць растлумачыць, што адбываецца ў трэсце і чаго можна чакаць.

Ён некалькі разоў падыходзіў да яе дзвярэй, і кожны раз нешта перашкаджала яму пастукаць у іх. Ён праходзіў міма, даходзіў да канца калідора, колькі мінут, прыхіліўшыся да падаконніка, стаяў, спадзеючыся, што тая раптам сама выйдзе ў калідор, убачыць яго і падыдзе. Але яна не паказвалася. Можа, наогул яе не было ў кабінеце?

Касцевіч пастукаў у дзверы. Урэшце, ён зойдзе да яе з тым жа афіцыйным пытаннем, з якім заходзіў да ўсіх астатніх у трэсце.

— Калі ласка! — пачулася за дзвярыма.

Ён пераступіў парог.

Майская сядзела адна, засяроджана нешта пісала. Яна была ў беленькай просценькай кофтачцы, з невялічкім, нейкім старэчым вузлом на патыліцы. Спачатку яна быццам не заўважала Касцевіча, потым адарвалася ад папер, падняла на яго вочы — Касцевічу падалося, ці, можа, яно было так і на самай справе, што яна ўсміхнулася, але так хуценька, што ён і не паверыў у гэтую ўсмешку.

— Прабачце, але я пакуль занята.

— У мяне неадкладная справа...— сказаў ён чамусьці без той патрабавальнасці ў голасе, з якой гаварыў у іншых кіраўнікоў трэста.

— Ведаеце,— яна глянула па жоўценькі гадзіннік на танклявай з вострай костачкай руцэ,— Мікалай Мікалаевіч, у мяне адна тэрміновая паперына. Калі ў вас не гарыць, пачакайце мяне дзе-небудзь некалькі мінут, я закончу. Потым і пагаворым.— І дадала з мяккай усмешкаю: — Я пастараюся хуценька...

— Добра,— неяк бяздумна адказаў ён.

Каб не кідацца ў вочы шматлікім канцылярыстам, якія сама расшчоўкаліся замкамі, замыкаючы дзверы сваіх кабінетаў, і пнулі так да выхаду, нібы хто мог іх пераняць, спыніць, ён выйшаў на вуліцу, прайшоўся да тралейбуснага прыпынку, спыніўся, стаяў там і часта паглядваў на дзверы трэста. Вось, нарэшце, перасталі выходзіць з будынка людзі. Можа, і яна выскачыла разам з усімі, а ён не ўгледзеў? Раптам успомніў, што ў яе ж машына. Пашукаў вачыма зялёненькі «жыгулёнак», яго нідзе не было. А можа, машыны наогул сёння не было? Калі ішоў сюды, то, здаецца ж, яе не бачыў. Хаця зранку тут стаяла столькі ўсялякіх машын, што ён мог і не заўважыць. Тым больш што не прыглядаўся. Вярнуўся да будынка трэста, падышоў да тэлефонных будак-аўтаматаў, спыніўся, шукаючы ў кішэні двухкапеечную манетку, каб пазваніць дамоў, у гэты момант якраз і выйшла Майская, ледзь не подбегам кінулася да яго.

— Ой, прабачце, што прымусіла чакаць,— цяпер яна не была такой строгай, як у кабінеце, усміхалася.— Столькі папер, столькі папер, што і сутак не хапае на ўсе адказаць... Ну што ў вас там?

Яна стаяла, трымаючы перад сабой аберуч сваю чорную сумачку, нібы мерылася нешта дастаць з яе, ды забылася раптам, глядзела на яго сумнаватымі стомленымі вачамі не тое што абыякава, а неяк адчужана. Ён спачатку не ведаў, што і адказаць на яе пытанне, бо чакаў, што яна, як і раней, загаворыць не пра справу, а пра нешта іншае, прапануе прайсціся, а яна стаяла і, было відаць, нецярпліва чакала адказу на сваё пытанне.

— Разумееце, Алена Адамаўна,— пачаў марудліва Касцевіч, бо раптам яму падалося ўсё тое, што ён хацеў сказаць і пра што хацеў даведацца, занадта ўжо дробненькім і нават непатрэбным. Пра нешта зусім іншае варта было б з ёй гаварыць зараз, а не пра будоўлю. Але ён не меў нічога іншага сказаць ёй.— Я вас і не трывожыў бы, але пабыў у многіх вашых начальнікаў, адказных і неадказных, нічога не высветліў, нічога не зразумеў. Толькі болей заблытаўся,— гаварыў ён, здзіўляючыся, што ў яго раптам знайшлося столькі слоў.— Ці са мной гуляюць у хованкі, ці самі заблыталіся так, што нічога пэўнага сказаць не могуць. А хацелася б нейкай пэўнасці...

— Пэўнасці,— засмяялася жанчына аднымі вачамі.— На вашым жа аб’екце нічога не робіцца? Нічога. Якая яшчэ трэба пэўнасць? Усё ясней яснага. Сабралася багата аб’ектаў пад здачу, пастаўлена задача абавязкова іх здаць. Школы, дзіцячыя садзікі... Так што вам нечага спадзявацца. Нічога пакуль што не будзе. Я, можа, крыху ведаю свой родненькі трэст...

— А нарада? А цвёрды графік? — яшчэ болей нічога не разумеў Касцевіч.

— Гульня ў бурную дзейнасць. Вы паскардзіліся, на скаргу аператыўна адрэагавалі. Прэтэнзій да інстанцый не прад’явіце. Яны зрабілі, як гаворыцца, ўсё магчымае. Ва ўсіх сумленне чыстае. Нават у кіраўнікоў трэста. Яны гатовы б працаваць на вашым аб’екце па цвёрдым графіку, які самі ж і склалі, але ў іх ёсць больш адказныя даручэнні тых жа інстанцый. Усё ясна, як двойчы два.

— Ды ясна,— уздыхнуў Касцевіч і глянуў на Майскую так, нібы позіркам сваім шукаў паратунку, тая ж пад яго паглядам толькі схмурыла бровы, моцна сцяла губы, каб не ўсміхнуцца.— А чаму нельга так працаваць, як мой сябра Шэлег? Сказаў — зрабіў. Без усялякіх парад, графікаў...

— Так робяць толькі па блату, а тут... усё на законных падставах. А законы часам вельмі адарваныя ад жыцця. Кіраўнікі толькі думаюць, што кіруюць жыццём, а яны яго не бачаць і не ведаюць. Яно ідзе па сваіх законах. Няўжо вы яшчэ не зразумелі, што мы жывём яшчэ па законах Бібліі? Спачатку было слова, а потым справа. Вось мы заблыталіся ў словах, боўтаемся ў іх і ніяк не можам выкарабкацца з гэтай дрыгвы. На вялікі жаль, у Бібліі нідзе не сказана, колькі трэба часу, каб ад слоў перайсці да справы,— яна гаварыла з’едліва, узрушана, яму нават здавалася, што яна не столькі пра справу гаворыць, як пра самога яго, пра яго нерашучасць і нездагадлівасць.— Здаецца ж, усе хочуць працаваць нармальна, здаецца, ніхто і не перашкаджае працаваць нармальна, усе на ўсіх узроўнях толькі тое і робяць, што патрабуюць нармальнай працы, а на справе — адна штурмаўшчына. Адвыклі працаваць нармальна. Прывыклі змагацца, ніяк не можам адвыкнуць ад гераізму. Вось і ўсё, што я магу адказаць на ваша пытанне. А потым скажу па сакрэту,— яна нават прыцішыла голас.— Запомніце, нічога на вашай будоўлі не памяняецца, пакуль я не вазьмуся за яе ўсур’ёз. Вось так. А цяпер прабачце, Мікалай Мікалаевіч, мне трэба ісці,— і яна, не азіраючыся, пабегла праз вуліцу да тралейбуснага прыпынку і хутка згубілася ў натоўпе.

Касцевіч позіркам пашарыў па вокнах тралейбуса, але ў ніводным акне яе не ўбачыў. Яшчэ пастаяў крыху, раздумваючы, ехаць дамоў тралейбусам ці прайсціся... Вырашыў пайсці. Ціха крочыў па тратуары, успамінаючы ўсё, што пачуў на працягу дня. У думках, а галоўнае, у пачуццях не было ніякай пэўнасці. Ён не ведаў, што яму зараз трэба, чаго яму хацелася. Касцевіч заўсёды не любіў такога няпэўнага стану. Пайшоў шпарчэй, нібы спадзяваўся хуткаю хадою прывесці ўсё ў сабе ў звычайную адпаведнасць.

Не заўважыў, як апынуўся ў двары свайго дома.

Убачыўшы дзеда, насустрач кінуліся ўнукі.

Касцевіч падхапіў на рукі малую.

— Дзед, а дзед, пойдзем па марожанае? — тармусіла яго за нос дзяўчынка.

 

15

Касцевіч ужо некалькі дзён не хадзіў на працу. Бавіў час з унукамі. З імі забываў пра сябе, ведаў толькі тыя турботы, якімі жылі малыя. Хоць ён і не быў паўнапраўным удзельнікам новай дзеі жыццёвага спектакля, але яму прыемна было адчуваць сябе яго гледачом, а ў нейкай ступені нават і рэжысёрам. Ён ужо шкадаваў, што пайшоў на працу, столькі дзён патраціў на абы-што, не пабыў з малымі. З-за службы не заўважыў, як сталі дарослымі яго дзеці,— ён цяпер нават не адважыцца сцвярджаць, што ведае, якімі яны сталі. Мог з-за працы празяваць і ўнукаў... Дык ён жа, стары дзед, паверыў Хурсану, што праца паможа яму пазбавіцца абыякавасці да жыцця, народзіць прагу дзейнічаць, што пойдзе толькі на карысць яго ж унукам. А атрымалася наадварот. Ён яшчэ болей адчуў сябе адзінокім і нікому непатрэбным. Хоць і да гэтага ён асабліва не захапляўся сваім становішчам пенсіянера, разумеў, кім стаў, але вось так востра, як учора пасля гаворкі з Майскай, ён гэтага не адчуваў. Не, не за сваё ён узяўся. Не трэба яму ніякі аздараўленчы комплекс, ні Хурсан, ні нейкія там бэлькі... Калі што па-сапраўднаму прываблівае яго ў жыцці, дык гэта дзеці, унукі. Нават болей унукі, калі шчыра прызнацца. Дзеці пайшлі сваімі дарогамі, сталі самастойнымі. А вось унукі... Яны любяць яго, вераць кожнаму яго слову, заўсёды рады яму. А што яшчэ трэба прытомленаму жыццём чалавеку?

Ён сядзеў на лавачцы, паглядваў на малых, што ляпілі з пяску фантастычную вежу, і такім роздумам пра сябе не тое што апраўдваў свой учынак,— яму не было ў чым вінаваціць сябе, хіба толькі ў тым, што не апраўдаў спадзяванняў Хурсана, падвёў чалавека,— а супакойваў сябе, хацеў прыглушыць тую трывогу ў душы, тую незадаволенасць, якія хоць яшчэ і глуха, як аддаленае набліжэнне хваробы, а не сама хвароба, нагадвалі пра сябе, і ён адчуваў, хутка праб’юцца, ахопяць яго ўсяго. І тады не ведаць яму спакою. Ён не разумеў яшчэ, што яму мала жыць толькі жыццём унукаў, яму трэба яшчэ нешта іншае ў жыцці, але што, не ўсведамляў настолькі ясна, каб ведаць, чым спатоліць гэтую смагу, прыглушыць аддаленую трывогу.

Роздуму яго перашкодзілі сыны. Вадзім і Ігар прыйшлі разам. Звычайна з’яўляліся паасобку і не затрымліваліся, бралі малых, хуценька развітваліся і спяшаліся дамоў. А цяпер як згаварыліся.

Ігар падсеў на лаўку ля бацькі, Вадзім сеў насупраць.

— Ну, як тут, баця? — паблажліва спытаў старэйшы.

— Будуем,— кіўнуў Касцевіч на малых у пясочніцы.

— І праўду кажуць, што дзеці гуляюць у тое, што дарослыя робяць усур’ёз,— засмяяўся Ігар.— Не паспеў дзед стаць будаўніком і, калі ласка... Але нічога, баця. Пару дзён пабудуй яшчэ з малымі, і мы цябе вызвалім. Пытанне з садзікам вырашылася.

— Мы вось па дарозе гаварылі,— зірнуў Вадзім на бацьку шэрымі матчынымі вачамі.— А можа, не варта аддаваць іх? Прывыклі малыя з табой, ды і табе з імі весялей...

— Не, дзяцей аддадзім,— умяшаўся Ігар.— Хай паходзяць. А ты, баця, хоць на дачы паробіш. Мы ў выхадныя дні будзем падключацца. Там засталося з гулькін нос. Каб да жніўня ўсё зрабіць. У жніўні ў нас адпачынак, можа, пажывём там з малымі...

— Глядзіце, вам відней,— бадзёра сказаў Касцевіч, хоць на душы было пагана: яго крыху пакрыўдзіла, што сыны думалі толькі пра сваіх дзяцей, хоць так заўсёды было, будзе і павінна быць,— людзі заўсёды жылі заўтрашнім днём.— У мяне часу багата, так што я заўсёды.

— Света нам таксама гаварыла, што Марынку зможа ў любы дзень аддаць у садзік,— сказаў Вадзім.

— Нічога, баця, не сумуй,— падняўся Ігар.— Яшчэ надакучаць табе малыя. На дачы пабудзеш з імі, а потым і ў выхадныя будзем прыводзіць... Ну, мы пайшлі, баця...

Яны ўзялі за рукі дзяцей, на хаду абцярушваючы штонікі ад пяску, павялі. Відаць, некуды спяшаліся ці проста забылі, што малым трэба было даць развітацца з дзедам.

Марынка, застаўшыся адна, які момант задумліва глядзела на пясчаную вежу, якая была вышэй за яе, потым сабрала ў цэлафанавы мяшэчак бляшанкі, узяла за руку ляльку, якая ляжала ў траве ля пясочніцы, скіравала да дзеда.

— Дзед, казку,— уселася побач з ім.— Мая Аленка таксама хоча казку,— яна пасадзіла ляльку на калені тварам да дзеда. Лялька дапытліва глядзела кругленькімі сінімі вочкамі.

— Пайшлі ручкі памыем, а то ўбачыць мама, што яны ў цябе брудныя, не пусціць нас па марожанае.— Касцевічу ніяк не хацелася расказваць казку.— Увечары раскажу.

— Тады дзве,— не адступалася малая.— Тую, што ўвечары, і тую, што цяпер.

— Добра, добра,— узяў унучку разам з яе лялькай на рукі.

Але яму не давялося расказваць малой казкі. Накарміўшы дзяўчынку, аднёс яе ў ложак, і яна, крануўшыся падушкі, адразу ж заснула: нагулялася за дзень ды і пасля абеду амаль не спала. Ён пастаяў ля яе, потым выключыў святло ў пакоі, вярнуўся па кухню. Паставіў на пліту чайнік, дастаў з халадзільніка каструльку з тушанай бульбай і мясам, паставіў падагравацца, узяў дзябёлую высахлую каўбасу, прысеў да стала і стаў яе рэзаць. Хутка вернецца Света з мужам, адразу ж кінуцца вячэраць. Яны кожны дзень нечага затрымліваюцца, вяртаюцца такімі галоднымі, быццам і не абедалі. Можа, і не абедаюць, берагуць капейку. Ён здагадваўся, што яны ўпотайкі ад яго адкладваюць грошы на машыну. Неяк чуў, Святлана гаварыла мужу, маўляў, пакуль жывём у бацькі, дык крыху зэканомім.

Не паспеў ён парэзаць каўбасу, грукнулі дзверы, і Святлана, разуваючыся ў калідоры, крыкнула:

— Татуля, давай хутчэй чайнік на пліту, а то галодныя як ваўкі!

Касцевіч паклаў ім у талеркі бульбы, наліў па конаўцы кефіру — яны заўсёды перад ядой пілі кефір, дачка недзе вычытала, што кефір не дае старэць арганізму,— нарэзаў хлеба. Спачатку вячэралі моўчкі. Потым дачка распытвала пра дзяцей — як паводзілі сябе, ці не капрызілі, як елі. Яе ж муж, Яўген, еў маўкліва, засяроджана, думаў пра нешта сваё. Відавочна, яда была для яго другарадным, нават сумным, хоць і непазбежным заняткам, які, на вялікі жаль, толькі замінаў нечаму больш важнаму. Такая маўклівая засяроджанасць заўсёды раздражняла Касцевіча, яму здавалася, што Яўгену проста нецікава з ім, няма пра што пагаварыць, быццам ён у сям’і чужы.

— Ці вядома вам,— не вытрымаў Касцевіч,— што нават у арміі, дзе час разлічаны да мінуты, і то салдату даецца вольная гадзіна, так сказаць, асабісты час, каб чалавек на які момант мог забыць пра службу, падумаць пра іншае, карацей, адпачыць...

— У арміі ўсе выканаўцы, што загадаюць, тое і робяць,— глытаючы яшчэ не астылы чай, адказаў Яўген.— А ў нас усе творцы. Перабудаваліся,— хмыкнуў ён, дапіў чай і адразу знік у сваім пакоі.

— Гэта ж ніяк не можа супакоіцца. Прыдумаў нейкую рацыяналізацыю, дык усё падлічвае, малюе,— і Святлана засмяялася, відаць, яе радавала такая зацятасць мужа.— Хочацца яму разбагацець. Кажа, калі ўдасца, то прэмія будзе.

Хурсан пазваніў у дзверы, калі Касцевіч нетаропка дапіваў свой чай, прыслухваючыся да сумнаватай музыкі, што перадавалі па радыё.

Да дзвярэй кінулася Святлана.

— Я ведаў, калі прыходзіць,— сказаў Хурсан, угледзеўшы Касцевіча за сталом.

— Сядайце, вас таксама пачастуем чаем,— паставіла на стол чысты кубачак Святлана.— Можа, што яшчэ і да чаю? — глянула на бацьку.

— Нічога болей не трэба,— адмовіўся рашуча Хурсан, распрануў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла, крыху расслабіў гальштук, сеў, падсунуў да сябе кубачак.— Вось чайку з асалодай... Быў тэхнічны савет, нагаварыліся, аж у горле перасохла.

— Калі што спатрэбіцца, скажыце,— і Святлана выйшла.

— А можа, трошкі таго? — прапанаваў Касцевіч.

— Не, не,— павадзіў у бакі носам Хурсан.— Цяпер самы модны напітак чай,— ён кінуў у кубак некалькі рафінадзін, паглядзеў, як у тых абсыпаюцца вострыя куточкі, пабоўтаў лыжачкай, зрабіў прагны глыток, потым адкінуўся на спінку крэсла якраз так, як гэта ён рабіў у сваім кабінеце, аблізаў востранькім язычком свае тоўстыя губы.

— А ведаеш, не спадзяваўся застаць цябе дома. Думаў, куды паехаў, што і папярэдзіць не паспеў. Званіў табе некалькі разоў, ціха... Пазваніў у трэст, сказалі, што і там цябе ніхто не бачыў. А сёння раніцай стаў праглядаць пошту, бачу, пісьмо. Разарваў канверт — твая заява аб звальненні. Здзівіўся, але не толькі. Пакрыўдзіўся таксама. Друг, называецца. Не змог зайсці растлумачыць? А то на пошце стрэльнуў заявай, і будзьце здаровы. Нібы і сустракацца не хочаш? — Хурсан усміхнуўся, зноў прыгубіў кубак, паспытаў чай, памуляў губамі.— А чай не вельмі, ты што, не любіш моцны?

— Прызнацца, на ноч звычайна не п’ю.

— А я перад сном якраз моцны п’ю. Не вып’ю, не магу заснуць. Усе сцвярджаюць, што так нельга, а мне толькі моцны памагае. Неяк расказаў свайму ўрачу пра гэта. Ён засмяяўся і кажа, што такое можа быць, так сказаць, клін клінам... Узбуджэнне плюс узбуджэнне ёсць тармажэнне... Дык у чым справа, Мікола?

— Прызнацца, Толя, не за сваё ўзяўся... Хадзіў я, хадзіў у той трэст і нічога не выхадзіў. Глядзяць там на мяне, як на якога наіўнага хлапчука. Ведаюць жа, што не спецыяліст. Ці не тое ім гавару, ці проста не ўмею з імі. Слухаюць, усміхаюцца, праўда, абяцаюць. Але нічога не робяць. Можа, я сапраўды які дзівак? Прызнацца, я адразу ў сабе сумняваўся, а цяпер канчаткова зразумеў, што будаўніцтву ад мяне ніякай карысці. Дарэчы, я заходзіў да цябе. Не застаў. Ну я прама ў тваёй прыёмнай і напісаў заяву... Зараз вось дома з малымі. А то дачка была. А яна на сваім заводзе болей трэба, чым я на будоўлі,— і Касцевіч усміхнуўся.— Так што, як бачыш, мной кіравалі дзяржаўныя інтарэсы.

Хурсан уважліва паглядзеў на сябрука, выцягнуўшы губы трубачкай. Ледзь улоўная ўсмешка прамільгнула па яго твары.

— Пры чым тут ты, Мікола? Не разумею... Больш таго, ні ты, ні я, ні кіраўнікі трэста, ні той жа прараб Бугаркоў не вінаваты. Уяўляеш? Спытаеш, а хто? А чорт яго ведае хто... Чэсна. Паглядзіш, усе мітусяцца, нібы стараюцца, і сапраўды нешта ж робяць, ва ўсялякім разе, без дзела не сядзяць, але робяць, відаць, зусім не тое, што трэба нам, ды і ім...

— Ад гэтага мне не лепей,— і ўсё ж іменна зараз ён раптам адчуў, што тая трывога, якая падымалася ў ім з глыбінь душы на паверхню, адступіла, нібы Хурсан сваімі разважаннямі адагнаў яе.— А наогул, прызнацца, я ўсё часцей і часцей пачынаю думаць над тым, што не так багата засталося мне хадзіць па гэтай зямлі. Дык ці не лепей пабыць з унукамі?..

Хурсан узяў кубак з чаем, патрымаў яго ў руцэ, разглядаючы сінія кветачкі на ім, зноў паставіў яго на стол, адсунуўшы далей ад сябе.

— А ведаеш, Мікола, табе, ваеннаму чалавеку, проста не да твару самаедства. Прабач, але ты паводзіш сябе, як той страус, які схаваў галаву ў пяску і думае, што яго ніхто не бачыць. А ісціна ў тым, што ад жыцця нідзе не схаваешся. Нават дома, абгарадзіўшыся ўнукамі. Самога сябе абхітрыць яшчэ нікому не ўдавалася. Так што нашы вузельчыкі нам і развязваць. Ніхто за нас гэтага не зробіць.

— Нямала мне давялося іх паразвязваць,— уздыхнуў Касцевіч.— Можа, трэба і іншым тое-сёе пакінуць...

— Чакай, так і кінуцца іншыя на твае вузельчыкі,— хмыкнуў Хурсан.— Акрамя ўсяго, гэтыя вузельчыкі трэба яшчэ ўмець бачыць. А большасць іх не бачыць, а дакладней, не хочуць бачыць, хоць ёсць такія, што і не могуць. Тлушчам вочы заплылі. Жывуць для сябе, толькі сваімі клопатамі. Дарэчы, адсюль і ўсе нашы недахопы. Вось каб ты іх, вузельчыкі, не бачыў, я, можа, цябе зразумеў бы. Маўляў, чалавек сляпы, не ведае, як сябе прымяніць у жыцці. А ты ж сутыкнуўся з жыццём, убачыў... І ў кусты. Хіба не так? Як гэта называецца ў ваенных? Не крыўдуй толькі, я па-сяброўску... Я зусім не хачу сказаць, што ты спасаваў, не. Я лічу, што ты проста стаміўся. Падкрэсліваю, стаміўся. Вось калі я ехаў да цябе, думаў пра тваё жыццё і зразумеў гэта. Служба, нялёгкая служба. Пенсія. Здавалася б, сама крыху адпачыць, жонка захварэла... А потым... Не паспеў ад гора адысці, работа. І дзе? У будаўніцтве, дзе ніколі яшчэ не было парадку... Наогул, у нашай гаспадарцы працаваць нялёгка. Я прывык і то... Уяўляю, як табе. У такой сітуацыі проста нельга не стаміцца нармальнаму чалавеку. А стомленаму чалавеку нічога не трэба, яму ўсё здаецца пастылым, нават само жыццё. Хіба не так?.. Я разумею цябе, Коля, вельмі разумею... Ты прывык да дакладнасці, парадку, і раптам... Дарэчы, іменна таму, што ты чалавек дысцыплінаваны, я і спадзяваўся на цябе. І зараз спадзяюся. Не, Мікола, не адпушчу цябе. Бо, акрамя ўсяго, мне самому з табой лягчэй, неяк надзейней. Гэта нічога, што ў цябе з самага пачатку не пайшло гладка. Інакш і не магло быць. З часам усё наладзіцца, а галоўнае, уцягнешся ў работу, з’явіцца смак да жыцця — для цябе гэта трэба, як свежае паветра. Кожны з нас нешта карыснае павінен рабіць у жыцці, а то і чалавекам быць можна развучыцца. Хіба не так? Павер мне як другу... Ды і нейкі вопыт ёсць. Адным словам, давай дамовімся так. Паколькі на комплексе зараз работы ніякай, адпачні. Пабудзь дома, дабудуй сваю дачу, пажыві там з унукамі. Упэўнены, хутка пацягне цябе на працу. Вось тады і вернемся да твае заявы. Упэўнены, папросіш яе назад. А спатрэбішся раней, дам знаць... Дамовіліся?

 

16

І ўсё ж чалавек створаны для фізічнай працы.

Пра гэта ўсё часцей думаў Касцевіч цяпер, калі кожны дзень для яго пачынаўся з адчування блізкай радасці. Яму радасна было спяшацца снедаць, потым спяшацца на электрычку, а потым у электрычцы ўсё часцей паглядваць у акно, каб не прапусціць свой прыпынак. А потым радасна было крочыць праз лес, адчуваць, як паступова напаўняе цябе незвычайнай маладой бадзёрасцю лясная прахалода, радасна было чуць пах смалістых дошак, а потым радасна было, спружыніўшы рукі, пацягнуць па дошцы рубанкам, раз-другі, палюбавацца раўнюткай паверхняй з карычневымі і жоўценькімі гузікамі-сучочкамі, а потым, прытаміўшыся, сядзець у млявай стоме і піць духмяны з палявой мяты чай...

А галоўнае, тут не думалася пра ўсялякія вузельчыкі-праблемы, а калі і думалася, дык як пра нешта далёкае, як пра тыя аблачынкі, што ўпоўдзень збіраліся на вылінялым небасхіле, не засланяючы сабой сонца.

Першыя некалькі дзён Касцевіч працаваў разам з сынамі, якія ўзялі за свой кошт па тыдню, каб разам зрабіць усё тое, што не пад сілу аднаму чалавеку. Накрылі дах шыферам, замасцілі падлогу і столь. Заставалася паставіць рамы, зашкліць іх, абвіць усярэдзіне сцены вагонкай. Але гэта можна было рабіць і аднаму.

І вось ужо болей тыдня Касцевіч працаваў адзін...

Усё-такі доўга не можа чалавек быць адзін. Наплывалі, тоўпіліся розныя думкі, іх хацелася выказаць. Паступова усё болей і болей яго ахоплівала пачуццё адзіноты. Было, што ў далёкіх плаваннях таксама узнікала такое пачуццё, але там ён быў заўсёды сярод таварышаў, хоць не заўсёды і дзяліўся з імі сваімі думкамі, але адно веданне, што ёсць з кім падзяліцца, размывала пачуццё пакінутасці. А потым жа была і надзея, што праз месяц-другі ён вернецца дамоў, а там ужо будзе каму расказаць, будзе каму слухаць, і не толькі слухаць, але і разумець. А цяпер?.. Цяпер у вольныя хвіліны ён любіў паразважаць з дачкой, і яму было калі, хоць і не так часта, падзяліцца думкамі з ёй, а вось з сынамі амаль не ўдавалася гэта рабіць,— тыя болей жылі сваімі памкненнямі, якімі амаль не дзяліліся з бацькам. Добра яму было з унукамі. Але ўсяго гэтага цяпер было мала. Усё гэта не пазбаўляла яго пачуцця адзіноты, і гэтае адчуванне ахоплівала яго ўсё часцей. Праўда, у першыя дні нават прыемна было яму тут, у доміку, аднаму, настолькі прыемна, што нават не падабалася, калі хто з садаводаў заглядваў да яго, пра што-небудзь распытваў. І Касцевіч амаль не размаўляў з цікаўным, толькі слухаў, нешматслоўна адказваў на пытанні, чакаў, пакуль адстануць ад яго, бо пры пабочных яму нават горш працавалася. І калі неяк заглянуў да яго ўсё ў той жа нязменнай белай кепачцы незнаёмы суб’ект, з глыбокімі пустымі вочкамі, як у мядзведзя, з тонкімі губамі, скрыўленымі заўсёды ў скептычнай усмешачцы, то ён, Касцевіч, ледзь малатком не запусціў у яго нахабны тупы твар. І той незнаёмец, відаць, адчуўшы настрой гаспадара, прамармытаў сабе пад нос нешта накшталт таго, што ўсе занадта інтэлігентныя, адразу ж знік. І вось калі той суб’ект заглянуў зараз, праз некалькі дзён пасля першага візіту, то на гэты раз Касцевіч аж узрадаваўся яму, прыязна ўсміхнуўся, пацікавіўся, што новага на свеце. Той, праўда, на пытанне нічога не адказаў, відаць, сапраўды не чуў ні пра якія навіны, ці пытанне, можа, не дайшло да яго, паварушыў сваімі, хоць і тонкімі, але нейкімі калянымі, як астылымі губамі, агледзеў, навісшы на падаконніку, сцены, падлогу, усміхнуўся нейкай ненатуральнай, як штучнай, усмешкай. Ён і гаварыў, як усміхаўся, натужліва і марудліва вымаўляючы кожнае слова, нібы яны, словы, прыліпалі да нечага ў яго цесным роце.

— Значыцца, з ваенных?

— Так точна,— бадзёра адказаў Касцевіч, пастукваючы малатком.

— А зараз у будаўніцтве?

— Так точна.

— Гэта добра-а-а,— размяў кончыкам языка свае губы незнаёмец.— Я ўвесь час даказваў чурбанам,— я так называю сваё начальства,— што нам, садаводам, трэба абавязкова ў таварыстве некалькі будаўнікоў, а яшчэ лепей некалькі будаўнічых начальнікаў. Пры цяперашнім бюракратызме, усім нам трэба практычная дапамога. Будаўніцтва ёсць будаўніцтва. Завод будуем ці домік. Дык садовыя домікі яшчэ і цяжэй будаваць. Там дзяржава дзе і правярае, а тут ніхто нічога не дае, а правярае толькі міліцыя, так і нюхае, ці няма ў каго крадзенага. А ў нашага ж брата ўсяляк бывае. Мы людзі чэсныя і парадачныя. Не можам дапусціць, каб дабро прападала. Бачым, што дзяржаўнае прападае, мы за яго — і сюды. Хай карысць будзе. Бярэм жа тое, што будаўнікі выкінулі. Але тыя выкідаюць, а паперкі ніякай, што выкінулі... Між іншым, садовыя кааператывы стварылі, каб садаводы падбіралі ўсялякае смецце за будаўнікамі. Ды багата развялося садаводаў. Усё падабралі. Ужо нідзе і бітай цагліны не знойдзеш. Вось мне не хапае дзесятак цаглін і нідзе не знайду. Можа, у вас там таго?

— Не, не таго,— усміхнуўся Касцевіч.

— Няма?

— Есць. Але дзяржаўная.

— Разумею. Хадзіў у школу, нават піянерам быў... А пару лістоў ізапліты? Якіх бракованых? Якраз не хапіла ў спальні. Каб яшчэ ў якім месцы, то пацярпеў бы, а то... Жонка ультыматум мне, што і нагі яе не будзе ў дзіравай спальні.

— Ёсць, але таксама дзяржаўнае. Не паложана.

— Разумею. Вядома, не паложана, раз дзяржаўнае. Ды і ў газетах пра гэта пішуць... А можа б, цэменту пару мяшэчкаў? Магу сам пад’ехаць і ў багажнічак. Ніякі абэхаэснік носа не падточыць.

— Нам возяць раствор.

— Зразумела. Навуковая арганізацыя працы. Ды і раствор у багажнік не схаваеш. Акамянее, тады хоць машыну выкідвай... Вядома, раствор нельга. У мяне свядомасць, так сказаць... Гэта ж не нейкія там ручкі для дзвярэй. Іх у кішэню — і будзь здароў. Ды мне і трэба які дзесятак. Ведаеце, пяцёра дзвярэй. А кожная ручка сама меней пяць рэ. У нас умеюць браць грошы і за жалязячкі. А дзе тых грошай набярэшся? Не манетны двор...

— І ручкі не паложана,— з лёгкаю ўсмешкаю адказаў Касцевіч, стараючыся патрапіць у інтанацыю незнаёмаму.

Незнаёмец пільна, што аж вочкі завастрыліся, паглядзеў з-пад навіслага брылька на Касцевіча і пачаў гаварыць яшчэ цішэй і больш марудліва:

— А скажыце вы мне... Бачу, вы вельмі правільны таварышок. Усё так правільна гаворыце, як газеты чытаеце. Я таксама чытаў газеты. Раней пісалі, ды і цяпер пішуць, што ў нас усё для чалавека, што гэта галоўны наш закон, што ён толькі ёсць у нас і нідзе за мяжой яго няма. Усё ў імя чалавека. Правільна гавару?.. А вось у жыцці, значыцца, практычна, куды ні кінешся, усюды адна пласцінка. Не паложана, дзяржаўнае. Як гэта разумець? Ці, можа, такім простым людзям, як я, не паложана разумець?

— Так точна,— рассмяяўся Касцевіч.

Незнаёмы памаўчаў, узняў вышэй галаву. Пакамечаны брылёк яшчэ ніжэй апусціўся яму на вочы, ледзь зусім не закрыў іх.

— Непатрэбны вы чалавек, як я пагляджу,— сказаў буркатліва візіцёр.— У арміі ўсё жыццё пракантаваўся за кошт народа, і зараз нічога не хочаце зрабіць народу,— і ўжо адыходзячы ад акна, нібы сам у сябе пытаўся, але так, каб і Касцевічу было чутно: — І навошта яшчэ такім даюць участкі? Гэта ж не людзі, а караеды. За кошт народа...

І Касцевічу зноў хацелася быць аднаму. Раптам з патаемных глыбінь душы вынырнула нейкая незразумелая раздражненасць. І чаму гэта ў яго арганізме раптам усё так растармазілася? На службе лічыўся вытрыманым афіцэрам, не губляўся ні ў якіх абставінах. Лічыўся... Лічыўся таму, што ніколі ніхто не бачыў яго раздражненасці, разгубленасці. Усё гэта было ў яго, як і ва ўсіх. Але ён умеў не паддавацца эмоцыям, лічыў непрыстойным дэманстраваць іх. Першай адзнакай нявыхаванасці чалавека ён лічыў няўменне кіраваць сваім настроем. А тут... То яму хочацца быць аднаму, то хочацца да людзей. І ніякага жадання трымаць сябе ў руках. Канчаткова страціў кантроль над сабой. Ды і патрэбы ў гэтым ніякай. Вось і апанавалі ім эмоцыі, якім раней не даваў волі, і, дарэчы, заўсёды ганарыўся, што ўмеў валодаць сабой. А можа, такое з ім зараз, што няма патрэбы стрымліваць сябе. Перад кім? Дзеля чаго? А можа, усё гэта ад таго, што сутыкнуўся з людзьмі, якія не мелі ніякай душэўнай дысцыпліны, не ўмелі быць стрыманымі, адкрыта і нахабна хітрылі, як гэты, напрыклад, суб’ект. Яму самому было прыкра з-за свайго настрою, з-за таго, што як якая знерваваная паненка, калупаецца ў сваёй душы. Ён ніколі не любіў гэтага ў сабе. Каб як хутчэй пазбавіцца такой непрыемнай раздражненасці і, галоўнае, такога непатрэбнага роздуму, ён так біў малатком па цвіках, што аж ямкі ўтварыліся ў вагонцы пад малатком. З-за частага постуку малатка ён не пачуў, як амаль пад самыя вокны пад’ехала «Волга», як скрыганула яна тармазамі. І калі ў пакоі зноў крыху пацямнела, ён падумаў, што зноў вярнуўся той тып і засланіў сабой акно.

— А з цябе, бачу, нядрэнны цясляр атрымаўся,— пачуўся голас Хурсана.

Касцевіч не ўзрадаваўся дырэктару, азірнуўся на яго, падумаў, ад чаго гэта раптам у яго такія тоўстыя губы, нібы разбухлі ад сырасці, хоць у таго былі такія ж губы, як і заўсёды.— Ты так лоўка малатком лупіш, нібы ўсё жыццё толькі гэтым і займаўся. Прыроджаны будаўнік, скажу табе...

— Прывітанне, прывітанне,— Касцевіч яшчэ пару раз ударыў па цвіку, потым адкінуў малаток, абцерушыў з кашулі і штаноў пілавінне, падаўся насустрач дырэктару, які ўжо заходзіў праз дзверы.

— А хутка ты тут атабарыўся,— агледзеўся Хурсан.— Як у казцы...

— Сыны памаглі. А сам я толькі драбязу якую. Прыбіваць вагонку ўмельства асаблівага не трэба.

— Нядрэнны домік будзе, нядрэнны,— у словах дырэктара было болей ветлівасці, чым шчырага захаплення.— Не шкадуеш, што ўзяў участак?

— Не паспеў ацаніць...

— Так-так,— у роздуме пастаяў Хурсан. Відаць, ён не чакаў ад Касцевіча такой абыякавасці да ўчастка, спадзяваўся, што той выкажа захапленне, успомніць з удзячнасцю пра яго, дырэктара, а інжынер адказаў так, нібы яшчэ і не задаволены, нібы ён, дырэктар, тут і ні пры чым.— Вядома, яшчэ рана, для гэтага трэба час. Вось пабудуешся, пажывеш, тады адчуеш, што гэта такое.— А потым без усялякага пераходу пацікавіўся іншым: — А на комплексе як?

— Не ведаю. Не быў. З ранку да вечара тут. З твайго дазволу...

— Я нічога наконт гэтага. Я толькі падумаў, што ў цябе, можа, ёсць якая інфармацыя.

— А твае грыбнікі нічога не паведамілі табе? — усміхнуўся, заклапочана дадаў: — Думаю, што там ніякіх зрухаў.— І зноў усміхнуўся.— Я нават забыўся на яго існаванне.

— Можа, успомнім? З’ездзім? Глянем?

— Як усё парасло там травой? — але жарт у Касцевіча не ўдаўся, у голасе было болей дакорлівасці, чым усмешлівасці. Атрымалася, быццам ён абвінавачваў дырэктара.

— Не хочаш ехаць? — сухавата спытаў Хурсан.

— Чаму? Якраз наадварот,— даволі бадзёра адказаў інжынер, каб як схаваць свой настрой.— Як тут не паедзеш, калі сам гаспадар запрашае...

— Ну, для цябе не так і многа значыць гэты гаспадар,— трохі пацяплеўшым голасам адказаў Хурсан, а потым, калі ўжо выйшлі на вуліцу, прызнаўся: — Ведаеш, у маіх планах не прадугледжвалася гэта паездка. Але сёння раніцай, толькі кончылася нарада, званок. Падняў трубку, незнаёмы жаночы голас пытаецца, ці ведаем мы, што на комплексе працуюць людзі. Хто звоніць, пытаюся, а трубку паклалі. Я так і не ведаю, хто званіў. Пазваніў у трэст, сказалі, што пакуль туды людзей не пасылалі. Пазваніў у будаўнічае ўпраўленне, там пацвердзілі, што сапраўды некалькі дзён працуюць. Думаю, паеду, гляну, а па дарозе вырашыў заглянуць да цябе дамоў. Добра, што заглянуў...

Касцевіч адчуў, як у яго грудзях нешта соладка і трывожна варухнулася. Ад чаго гэта? Зноў жаданне пакапацца ў эмоцыях? Ну і што, што пазваніла?.. Нічога дзіўнага. Яна ж пры апошняй сустрэчы дала зразумець, што яе ніколькі не цікавіць ён і іхні комплекс, праўда, дадала, што там нічога не будзе рабіцца пакуль яна не возьмецца. Але то, відаць, быў проста жарт. Але чаму раптам цяпер званіла яна? Што званіла Майская, ён не сумняваўся. Чаму раптам там спахапіліся і пачалі працаваць? Можа, сапраўды яна пастаралася? Ну і няхай. Калі разабрацца, дык яна і павінна старацца. Трэст жа будуе. Вось і няхай стараецца. Для трэста. А яму асабіста яе старанні не трэба, як і сама Майская не трэба. Навошта ж тады так старанна пераконваеш сябе ў гэтым? Глупства... Мог хто і з упраўлення пазваніць. Можа, хто з гаркома праверыў, як выконваецца рашэнне, вось і спахапіліся. А Майская тут ні пры чым. Зноў пра Майскую?

Ля аздараўленчага комплексу, як і раней, стаяў аўтобус. Як і раней, ля яго спаў вадзіцель. Дзверы ў вагончык былі расчынены насцеж. Прараб Бугаркоў сядзеў там і нешта пісаў. На рыштаваннях корпалася некалькі чалавек. Па жалезных бэльках там-сям папаўзла карычневая ржа. Адзін з рабочых мяшаў рыдлёўкай раствор, а двое з насілкамі стаялі побач, чакалі.

— Тут работа кіпіць, аж дым ідзе, а мы не ведаем,— павітаўся Хурсан з прарабам.

— Які дым? — павёў вострым носам прараб, нібы і сапраўды прынюхваўся.— Каму такі дым трэба? Я лічу, рабіць дык рабіць, а не дык не. А то прыслалі некалькі чалавек, абы адчапіцца. Тэхнікі ніякай. Самі робім раствор, уручную падымаем. Ці гэта работа для муляраў пятага разрада? Здзек! Бензіну болей палім, чым той работы тут. На пяць чалавек такі аўтобус. Рабочаму за змену пару дзесятак запішы, а работы на рубель. Вось і круціся. Рукі апускаюцца, калі глядзіш на ўсё гэта. Адным словам, безгаспадарчасць. Цярпення ніякага не хапае.

— А чаму ж болей людзей не далі? — пацікавіўся Касцевіч.

— Дзе іх возьмуць? — Бугаркоў склаў паперы ў папку, згарнуў яе, шчоўкнуў кнопачкай, выйшаў з вагончыка.

— Трэба б у трэст пазваніць,— сказаў Хурсан.

— Пазваніце, пазваніце.— насмешліва параіў Бугаркоў.— Калі хочаце, каб і гэтых знялі. У трэсце і не падазраюць, што тут людзі. Хіба толькі адна Кельма ведае. Гэта ж яна націснула на нашага начальніка, каб будаваў. Ён спачатку быў адмовіўся, яна яго пасадзіла на галодны паёк, пакінула без цэглы, адразу забегаў. Дарэчы, яна тут учора ў белых штоніках шуравала. Правярала, ці робіцца што.

— Значыцца, яна мне і званіла,— Хурсан неяк падкрэслена ўважліва глянуў на Касцевіча, але той не заўважыў яго позірку, не пачуў і голасу. Яго нечакана зацікавіла, што ж там на рыштаваннях робіцца, скіраваў туды. Дырэктар недаўменна павёў плячамі, сказаў прарабу: — Ну хоць і мала вас, але нешта ж робіцца. Гэта лепей, чым нічога.

— Яно вядома,— пагадзіўся прараб.— Калі б яшчэ рабочых далі болей ды раствор падвозілі, то яно і зусім бы няблага было. Кваліфікаваныя рабочыя месяць раствор і носяць яго. Смех адзін. Крана няма... Праўда, Кельма абяцала, што раствор будуць падвозіць, але пакуль не возяць...

— Та-ак,— задумаўся Хурсан, а потым паказаў на рабочых, што сядзелі на рыштаваннях і курылі.— Ну, а такімі тэмпамі калі закончаць кладку?

— Да вясны,— усміхнуўся Бугаркоў.— Але ў верасні абяцалі падкінуць людзей, так што да халадоў сцены будуць стаяць.

 

17

Касцевіч разумеў, што Майская недзе спадзяецца, што ён, убачыўшы людзей на будоўлі, зойдзе да яе падзякаваць за дапамогу, а не зойдзе, дык абавязкова пазвоніць. Ва ўсялякім разе ветлівы чалавек павінен быў так зрабіць. Але ён не зайшоў і не пазваніў, тады яна і нагадала пра сябе сваім званком Хурсану...

Касцевіч успомніў, як Майская спачатку пацягнулася да яго, а потым нечакана адступілася, нават перастала заўважаць, нібы наогул не ведала яго. Расчаравалася? А можа, ніякіх памкненняў з яе боку і не было? Проста кінуўся ў вочы новы чалавек, захацелася пагаварыць з ім, бліжэй пазнаёміцца. А пазнаёміўшыся, страціла ўсялякую цікавасць... Калі сапраўды так, то ў тым, што ўзнавілася будаўніцтва, Майская ні пры чым. Трэсту ж трэба выконваць графік будаўніцтва, вось і робяць. Ды і з гаркома маглі націснуць. А тое, што ў трэсце не ведаюць, як кажа Хурсан, дык той чалавек, якому ён званіў, магчыма, і не ведае. Але ж і Бугаркоў гаворыць, што ў трэсце не ведаюць. Можа, сапраўды, дзякуючы старанням Майскай, вярнулі людзей на комплекс? А навошта ёй гэта? Навошта ёй ісці супроць свайго начальства? Можа, яна такім чынам хоча намякнуць яму, Касцевічу, пра свае адносіны да яго? Чым тады вытлумачыць такую відавочную і раптоўную адчужанасць да яго? Бабскім какетствам? Тады гэта ўсё яшчэ недарэчней. Ён зусім не збіраецца заводзіць з ёй шуры-муры. Яна яго проста не цікавіць. Майская павінна была разумець гэта з самага пачатку. А можа, і зразумела? Толькі не з самага пачатку, а потым? Таму і з’явілася ў яе такая падкрэсленая абыякавасць да яго? А калі так, навошта тады турбавацца пра іх комплекс? Хутчэй за ўсё Майская тут ні пры чым. Хутчэй за ўсё прараб нічога не ведае, толькі выдумляе. Хочацца яму быць дасведчаным чалавекам. Не выключана, што сам упраўляючы трэста ўмяшаўся...

Ва ўсялякім разе і потым Касцевіч так ні разу і не пазваніў Майскай і не зайшоў да яе.

Ён не пазваніў ёй і ў верасні, калі на будоўлі не прыбавілася ніводнага чалавека, а пайшоў да Хурсана і сказаў, што далей чакаць нельга, трэба тэрмінова нешта рабіць, бо такімі тэмпамі, як зараз, не зробяць да канца года і трэцяй часткі таго, што трэба зрабіць.

— Ты думаеш, я спаў у шапку? — Хурсан нервова пагартаў нейкі блакноцік, быццам шукаў там патрэбны запіс.— Званіў у трэст, ездзіў туды. У іх адна песня: колькі можам, столькі робім. Пазней пачнём рабіць болей. А калі гэтае пазней настане, так і не ўдалося высветліць. Быў у гаркоме. Учора размаўляў з Сяргеем Пятровічам. Паабяцаў разабрацца... у бліжэйшы час. Усе ўсё абяцаюць, і ніхто нічога не робіць. Ва ўсялякім разе ў мяне такое ўражанне. А час ідзе... Што загадаеш рабіць яшчэ? Што?

— Чакаць, пакуль настане той бліжэйшы час,— усміхнуўся Касцевіч.

— Больш недарэчнага становішча не прыдумаеш. Хочацца некуды кінуцца, а куды, не ведаеш. Тупік. Відаць, сапраўды нічога не застаецца, толькі чакаць... Гавораць, чакаць таксама трэба ўмець. Толькі каб яно чакалася,— уздыхнуў Хурсан.

Яшчэ ніколі Касцевіч не бачыў свайго сябрука такім бездапаможным.

А ў хуткім часе ў трэсце была прызначана нарада.

У прасторным кабінеце ўпраўляючага, у якім збоку, бліжэй да вокнаў, стаяў доўгі стол з безліччу крэслаў, сабраліся кіраўнікі трэста, будаўнічых упраўленняў. Ад заказчыка былі Хурсан і Касцевіч.

Побач з упраўляючым трэста Трыпузам сядзеў сакратар гаркома Драбыш. Яны ціха пра нешта гаварылі між сабой. Праўда, больш гаварыў Драбыш, а Трыпуз усміхаўся, у згодзе ківаў схіленай галавой.

Вось Трыпуз агледзеў усіх, падняўся, пастаяў, пакуль усе супакоіліся і прыціхлі, і з радаснай усмешкаю на твары, якую ён усяляк імкнуўся патушыць — сціскаў вусны, рабіў доўгія паўзы, цяжка ўздыхаў,— але гэта яму не ўдавалася, пачаў гаварыць пра недахопы ў будаўніцтве аздараўленчага комплексу. І гэтая супярэчлівасць паміж яго настроем і зместам гаворкі наводзіла на думку, што ён не вельмі адказна ставіцца да сваіх жа слоў.

— Павінен вам сказаць,— ён, нарэшце, патушыў усмешку, уздыхнуў з палёгкай,— становішча на аздараўленчым комплексе катастрафічнае. А сродкі трэба асвоіць. Да апошняй капейкі. Мы з вамі і сабраліся, каб абмеркаваць, як гэта будзем рабіць. Будаўніцтвам комплексу заклапочаны і ў гаркоме партыі. Сакратар гаркома прыйшоў на нашу нараду, каб паслухаць, што мы думаем рабіць. Сяргей Пятровіч, можа, у вас ёсць што сказаць нам? Калі ласка,— упраўляючы трэста сеў і адсунуўся сваім крэслам крыху далей ад стала, каб сакратару было вальней стаяць.

— Мне хочацца, таварышы, ва ўсіх вас крыху падняць настрой,— усміхнуўся толькі куточкамі вуснаў сакратар.— А то Фёдар Васільевіч задужа змрочна пачаў. Я хачу, таварышы, ад імя гаркома партыі павіншаваць вас з вялікай працоўнай перамогай — паспяховым завяршэннем праграмы дзевяці месяцаў, а галоўнае, з той выдатнай адзнакай, якой былі ацэнены пры прыёмцы пабудаваныя вамі аб’екты і ўсе тыя аб’екты, здача якіх па тых ці іншых прычынах у свой час не адбылася. Такое назіраецца ўпершыню ў гісторыі трэста. У гісторыі нашага горада таксама. Пра што гэта гаворыць? Гэта гаворыць, таварышы, у першую чаргу пра тое, што вы ўсе, да аднаго, успрынялі перабудову як сваю крэўную справу, сэрцам, перагледзелі свае адносіны да працы. Чаму ж я пачаў з радаснага? Ды пасля такога поспеху я проста не магу дапусціць, каб вы не справіліся з планам на аздараўленчым комплексе. Фактычна, план усяго года яшчэ наперадзе. Але наперадзе застаўся толькі адзін квартал. Калі вы ўсё добра ўзважаце, улічыце, сплануеце, мабілізуеце ўсе фактары, і асабліва, так сказаць, чалавечы фактар, самы рашаючы фактар, то свайго даб’ецеся. Я ў гэтым перакананы. А пачаць трэба, і неадкладна, з выпрацоўкі цвёрдага графіка завяршэння работ гэтага года... Хто хоча мяне дапоўніць, калі ласка,— і сеў на сваё месца.

— Дазвольце пытанне,— падняўся Касцевіч, пастаяў крыху, пакуль Драбыш нешта гаварыў упраўляючаму трэста.— Скажыце, калі ласка, дзе гарантыя, што новы цвёрды графік не акажацца такой жа ліпай, як і папярэдні, таксама цвёрды, які быў распрацаваны яшчэ ўлетку. Цяпер жа кожнаму ясна, нават не спецыялісту, што за тры месяцы проста фізічна немагчыма выканаць план...

— Я зразумеў вас,— кіўнуў галавой Драбыш.— Прабачце, не помню вашага імя па бацьку...

— Мікалай Мікалаевіч,— падказаў Хурсан.— Наш інжынер...

— Быў графік, Мікалай Мікалевіч, быў. Ведаю. Дарэчы, выдатны графік. Але жыццё, Мікалай Мікалаевіч, часам прымушае нас рабіць не тое, што планавалі. Так сказаць, дыялектыка. Ну, хто чакаў, што раптам запатрабуюць у нас здаць усе планавыя аб’екты і тыя, што па розных прычынах не былі здадзены раней. А галоўнае, высветлілася, што калі ўзяцца, можна іх здаць. Вось і пастараліся. А што было рабіць? Заваліць здачу якога-небудзь уводнага аб’екта ці план будаўніцтва вашага комплексу, здача якога яшчэ аж у другой палове будучага года?

— Не дапускаць, каб збіралася багата аб’ектаў пад здачу,— адказаў Касцевіч.

— Правільна. Далей мы так і будзем рабіць. Завалы расчысцілі, рукі развязалі. А што тычыцца гарантый выканання графіка, то імі могуць быць якраз поспехі па здачы аб’ектаў. Я ўпэўнены, што так і будзе,— заключыў сакратар.

— Але час,— не верыў Касцевіч у аптымізм сакратара.

— Мікола,— крануў яго за локаць Хурсан.

— Не збівайце,— заўважыў гэты рух Драбыш.— Няхай гаворыць.

— Я ўсё сказаў,— і Касцевіч сеў.

— Шкада,— упікнуў яго Драбыш.— А мне якраз хацелася пачуць ад вас акрамя крытыкі нейкія канструктыўныя прапановы. Але і за тое, што практыкавалі нас, дзякуй. Ваш настрой якраз і гаворыць пра шчырую зацікаўленасць...

— Хто яшчэ ёсць зацікаўлены? — весела спытаў Трыпуз.

— Дазвольце,— падняўся прараб Бугаркоў, які сядзеў у самым канцы стала. Ён, відаць, прыехаў на нараду адразу з будоўлі, бо быў у сваёй заўсёднай сіняй куртцы.— Касцевіч правільна гаворыць. Часу ў нас сапраўды з гулькін нос. Калі зараз будзем працаваць згодна з тэхналогіяй, згодна з праектам, то з планам не справімся, хоць увесь трэст разам з яго кіраўнікамі кінем на аб’ект. Фізічна немагчыма, як было правільна сказана тут. Таму трэба вельмі і вельмі думаць, як узяць грошы... Мы, дарэчы, думалі... І вось якая ў нас прапанова. Акрамя ўсіх магчымых работ на аб’екце трэба тэрмінова прыступіць да абліцоўкі сцен. І не пліткай, як прадугледжана праектам, а мармурам. Мармур на складзе ёсць. Ён у некалькі разоў даражэйшы за керамічную плітку. Нават калі мы паспеем абліцаваць палавіну будынка, то і гэта будзе недзе блізка ля плана.

— У лесе мармурам? — не вытрымаў Касцевіч.

— Мы будуем комплекс для рабочага класа, так сказаць, гегемона,— і Бугаркоў выразна паглядзеў на Касцевіча.— Лічу, што наш гераічны рабочы клас заслужыў таго, каб адпачываць у мармуровых палацах.

— Ды калі ўжо будаваць мармуровыя палацы, то, вядома, у першую чаргу для рабочых,— падтрымаў прараба ўпраўляючы трэста.

— А праект? — Драбыш спытаў так, што стала ясна: яго не цікавіць, чым там будзе абліцоўвацца будынак, абы гэта не пярэчыла праекту.

— Аўтары праекта не супраць. Мы гаварылі з імі,— адказаў Бугаркоў.

— А грошы? — далей цікавіўся сакратар гаркома.

— Знойдзем і грошы,— падаў голас адзін з аўтараў праекта.— У калідорах, напрыклад, а іх там багата, паркет заменім на дошкі, павесім больш танныя свяцільнікі. Абы каманда, грошы знойдзем.

— А тэхналогія? — не верыў сваім вушам Касцевіч.

— Калі б мы рабілі ўсё па тэхналогіі, мы і сёння хадзілі б у кароткіх штоніках,— адказаў прараб.— Вы што, учора нарадзіліся? Не ведаеце, што тэхналогія ў нас яшчэ дапатопная?

— Валюнтарызм нейкі,— прабурчэў сабе пад нос Касцевіч.

— Мікола, людзі жывуць не па статуту,— нахіліўся да яго Хурсан.— Ламаюць устарэлае, смела рашаюць праблемы...

— Што вы там шэпчацеся? — спытаў у іх Драбыш.— Гаварыце ўслых, тут сакрэтаў не павінна быць.

— А што? І скажу,— падняўся Касцевіч, хоць Хурсан і стараўся ўтрымаць яго за рукаў.— Можа, я сапраўды нічога не разумею ў сучаснай тэхналогіі будаўніцтва, але перакананы, што зараз абліцоўваць сцены нельга не толькі мармурам, але і пліткай. Мой бацька мулярам некалі быў, помню, атынкоўку хаты, не высокага будынка, а звычайнай аднапавярховай хаты рабілі, калі ўсё астатняе было зроблена, калі быў дах, сталярка, столь, падлога. Адным словам, у апошнюю чаргу. Ён вучыў мяне, што заўсёды трэба пачакаць, пакуль будынак асядзе. Дык то былі аднапавярховыя хаты. А гэты... Ён жа абавязкова дасць асадку. І плітка абсыпецца. А галоўнае, хутка пойдуць дажджы... Наогул, Сяргей Пятровіч,— ён толькі цяпер коратка глянуў на сакратара, а то гаварыў, не адрываючы вачэй ад стала, нібы на ім быў напісаны тэкст таго, што ён гаварыў,— я не разумею, чаму мы ўсё імкнёмся абавязкова зрабіць як горш. Ну і што, калі крыху сродкаў не асвоім? Хай цяп-ляп, абы план? Так? Каму такі план трэба? У першую чаргу ўсё трэба рабіць добра. Але рабіць, а не спаць у шапку. Не стаяць месяцамі. Тады і план будзе і якасць. А калі ўжо так атрымалася, што не зрабілі, не варта рабіць абы-як. Хай не даробім, але тое, што зробім, не трэба будзе потым перарабляць.

— Я не зразумеў вас,— сказаў Драбыш, кінуўшы дакорлівы позірк на Хурсана.— Ніхто нікога не прымушае рабіць дрэнна. Канечне ж, усё трэба рабіць якасна. Толькі якасна! Але і план трэба выконваць. А як жа? План — закон для ўсіх нас. А законы...

— Таварышы! — падхапіўся Трыпуз, перадыхнуў, а потым сказаў, быццам прачытаў цытату са статута: — Давожу да вашага ведама, таварышы, што палавіна будынкаў у горадзе была абліцавана якраз увосень. А то і ўзімку. Так атрымоўвалася, што здача заўсёды пападала на канец года, а абліцоўка ішла апошняй звычайна, вось і рабілі ўвосень. І што? Стаяць. Праўда, месцамі плітка сыплецца. Дык яна сыплецца і там, дзе яе клалі ўлетку. Гэта іншая тэма. Галоўнае ў данай гаворцы, што аўтары праекта не супраць мармуру. Мармур ёсць. Не бачу прычын адмаўляцца ад яго. Урэшце, лепей абліцуем мармурам комплекс для рабочых, чым якую-небудзь кантору... Значыцца, дамовіліся?.. Пярэчанняў няма? Ці, можа, ёсць у каго? Няма? Добра... Вось у мяне невялікая просьба да Хурсана і да аўтараў праекта. Лічу, што не трэба шукаць дадатковыя сродкі ў межах цяперашняга праекта. Замяняць паркет і гэтак далей. Навошта псаваць такі будынак? Што, на заводзе не знойдзецца крыху сродкаў? Калі ўжо замахнуліся на палац, то давайце і рабіць палац. А што, не так? — і ён дапытліва глянуў на Драбыша.

— Толькі так,— пацвердзіў сакратар гаркома.

— Правільна,— заківаў і Хурсан.

 

18

Як толькі нарада закончылася, Касцевіч першым кінуўся да дзвярэй, хуценька збег па крутых прыступках трэстаўскага ганка, на хаду лахаючы па кішэнях,— шукаў двухкапеечную манету. Зайшоў у тэлефонную будку, пазваніў. У трубцы доўга піпікала. Ён набраў нумар яшчэ. Зноў тое ж піпіканне. Відаць, дома нікога не было. Павесіў трубку, выйшаў з будкі і твар у твар сутыкнуўся з Майскай. Яна была ў белай кофтачцы, у вузкай кароткай шэрай спадніцы,— такія былі моднымі яшчэ ў часы маладосці Касцевіча,— танклявая, худзенькая, нагадваючы сваёй постаццю недарослае дзяўчо.

— Вы званіць? — разгублена спытаў Касцевіч, уступаючы ёй дарогу.

— Не,— весела заматала галавой Майская, нібы адганяючы мух танклявым хвосцікам на патыліцы.— Я вас чакаю. Чэсна, Мікалай Мікалаевіч.

— А я званю дамоў, званю, ніхто не адказвае. Так і не даведаўся, купілі яны малако ці не,— не то скардзіўся, не то апраўдваўся Касцевіч.

— Якое значэнне гэта мае цяпер? — весела смяялася Майская.— Усё роўна яго цяпер нідзе не купіш. Позна.

— Няўжо так доўга засядалі? — паглядзеў ён на гадзіннік.

— Ды не, проста ў такі час ужо ніякага малака у магазінах няма... Так што можна не спяшацца. Пасля такой засядалаўкі нядрэнна падыхаць паветрам. Можа, пройдземся трохі? — і не чакаючы згоды, пайшла, яўна спадзеючыся, што ён ад яе не адстане.

Касцевіч пастаяў крыху, раздумваючы, ісці за ёй следам ці скіраваць на тралейбусны прыпынак. Жанчына адышлася ўжо далекавата, а пайсці, не развітаўшыся, было няёмка. «Даганю, прайдуся да наступнага тралейбуснага прыпынку, там развітаюся»,— падумаў ён і паспяшаўся за ёй.

— Не люблю я гэтых, як вы кажаце, засядалавак,— пачаў ён, дагнаўшы яе.— Ніколі не любіў. І на флоце калі быў. Лепей самае адказнае заданне, чым якая засядалаўка...

— А я люблю такія нарады,— неяк па-дзіцячаму легкадумна рассмяялася Майская.— Асабліва калі цябе не чапаюць. Сядзіш сабе ціхенька, прыплюшчыўшы вочы, і толькі чуеш гэтае бу-бу-бу-бу... І так хораша пад гэтае бу-бу дрэмлецца, змагацца з сабой не хочацца. Адным словам, можна і паспаць трошкі, асабліва калі навучышся спаць з адкрытымі вачамі. І самае цікавае, што хоць і спіш, а ўсё чуеш, больш таго, усё помніш, асабліва тое, што цябе тычыцца,— яна гаварыла з ім так, як гавораць са сваім сябрам ці чалавекам, з якім сустракаешся кожны дзень,— адкрыта, шчыра, не хаваючыся. І гэтая даверлівасць яе перадалася і яму.— А калі шчыра, то гэтая нарада больш за ўсё спадабалася вашымі рэплікамі. Яшчэ ніхто і ніколі так не гаварыў з сакратаром гаркома. Ва ўсялякім разе я такога не помню. А ён часта бывае ў нас. А ва ўсім астатнім звычайная нарада. Прынялі, як заўсёды, нейкае рашэнне і разышліся, задаволеныя і перакананыя, што зрабілі вялікую справу. Калі задумацца, дык яно і так. У начальнікаў такая работа, яны іншай работы не ведаюць,— яна хмыкнула, потым крыху нахілілася наперад, заглянула яму ў вочы.— Між іншым, я даўно заўважыла, калі пачынаюць збіраць нарады па нейкім пытанні, значыцца, з гэтым пытаннем справа дрэнь. Завал. Поўны. А збіраюцца, каб ачысціць сваё сумленне. Маўляў, думалі, клапаціліся. Хоць у даным выпадку нарада не зусім такая. Вашай будоўлі яна зусім не трэба была. Абышлася б і без нарады. Зараз і так усіх рабочых кінуць туды. Фронт работ на другіх аб’ектах звузіўся, вызваліліся людзі. Адна толькі карысць, што Драбыш будзе думаць, што яна паўплывала, і асабліва паўплываў ён сваёй прысутнасцю. Можа, спецыяльна для яго яе і сабралі... Хто ведае.

— З мармурам нейкае глупства,— уставіў сваё Касцевіч, бо не вельмі ўсур’ёз успрымаў яе разважанні пра нарады, а галоўнае, мармур яго сапраўды хваляваў.

— Вядома, марнатраўства. Але дзеля плана ў нас пойдуць на ўсё. Дзеля плана яны і золатам абліцавалі б ваш комплекс, абы толькі было яно пад рукамі. Я некалі гаварыла вам, што ў Бібліі напісана, што спачатку было слова... Дык вось, няправільна там напісана. Спачатку быў план. Перакладчыкі нешта, відаць, наблыталі... Сапраўды, хіба можна было пабудаваць такі дасканалы свет без плана?

— Свет развіваўся па сваіх натуральных законах, развіваўся без усялякага валюнтарызму, адсюль такая і дасканаласць,— на поўным сур’ёзе запярэчыў Касцевіч.

— Не, вы страшэнна сур’ёзны чалавек,— і яна зноў залівіста засмяялася, потым, глянуўшы на яго, убачыла, што той не разумее, чаму яна смяецца, і ад гэтага яшчэ больш разабраў яе смех.— Не, вы гумарыст...

— А што такое гумар? — з ранейшай засяроджанасцю спытаў ён.

— Вы нічога не чулі пра гумар?

— У вышэйшым марскім вучылішчы, затым і ў акадэміі, у якой давялося вучыцца, па праграме гумар не прадугледжваўся,— яшчэ з большай сур’ёзнасцю адказаў Касцевіч і раптам з юнацкай задзірыстасцю нечакана рассмяяўся.

— Дарэчы, які вы любіце чай? — ні з таго ні з сяго клапатліва спытала яна.

— Якія адносіны гэта мае да гумару?

— Самыя непасрэдныя, калі вы, напрыклад, грузінскі чай да гэтага часу лічыце чаем.

— П’ю. Як усе.

— Хе! Што вы ведаеце пра ўсіх? Я, напрыклад, грузінскі чай не п’ю. І так робяць многія з тых, пра каго вы не ведаеце. Хочаце ведаць які? З радасцю пачастую,— вось мой дом,— яна спынілася, вачыма паказала на дзевяціпавярховы стаўбунок, што стаяў у глыбіні зялёнага двара... — Пойдземце,— яна гулліва ўзяла яго пад руку.— А то мне сорамна адной піць сапраўдны чай, калі ведаеш, што ў гэты час твой знаёмы п’е грузінскі. Вы даўно не пілі сапраўднага чаю?

— Як пайшоў у запас.

— У запасе, вядома, сапраўднага чаю не паспытаеш. Дык як, Мікалай Мікалаевіч? — і ўпікнула са шкадаваннем: — Ці ў вас і дзесяці мінут не знойдзецца для сябе?

Запрашэнне Майскай узрадавала Касцевіча; яму зараз не вельмі хацелася ісці дамоў, відаць, таму, што не хацелася расставацца з гэтай шчырай і такой уважлівай жанчынай, з якой яму сёння было так лёгка як ніколі. Але выдаваць сваю радасць не стаў, напружана змаршчыніў лоб, паглядзеў на гадзіннік.

— Для сапраўднага чаю, можа, дзесяць мінут і малавата, але паколькі ў вас яго не так багата, можа, толькі на дзесяць мінут для такога вадахлёба, як я, і хопіць, то можна і заглянуць,— і адчуўшы, што гумар у яго атрымаўся нейкі цяжкі, няўклюдны, яшчэ болей насупіўся.

— А мы спынім усе гадзіннікі на свеце,— весела сказала яна і першай юркнула ў дзверы пад’езда, націснула кнопку ліфта, і пакуль той апускаўся, дастала з паштовай скрынкі газеты.— Гавораць, што перад сапраўдным чаем сапраўдныя мужчыны абавязкова чытаюць газеты. Каб, значыцца, большая смага была.

Касцевіч крыху затрымаўся ў вузкай, як вагоннае купэ, пярэдняй, пакуль разуваўся. Майская спынілася ў дзвярах у залу і глядзела на яго з ледзь улоўнай усмешкай на твары. Потым падала яму вастраносыя, расшытыя бліскучымі, як залатымі, ніткамі жаночыя тапачкі, а яго чаравікі, нібы знарок, піхнула нагой далей пад скрынку для абутку.

— На вялікі жаль, у мяне няма іншых,— зазначыла, пазіраючы, як Касцевіч прымяраў нязвычны для яго абутак.

— Падыдуць...

— Ну праходзьце, праходзьце!.

Касцевіч зайшоў у залу, соўгаючы нагамі па падлозе, каб не зваліліся малыя для яго тапачкі, потым усеўся ля невялічкага століка ў нізкае і глыбокае крэсла, агледзеўся.

Двухпакаёвая кватэра была такая ж, як і ўсе двухпакаёвыя кватэры ў краіне, але яна ўражвала сваёй аптэчнай чысцінёй, а галоўнае, такім гарманічным парадкам, такой прадуманасцю ў расстаноўцы мэблі, што не здавалася цеснай, хоць і рэчаў усялякіх тут было нямала. Здавалася, што кожная рэч іменна і павінна была стаяць, дзе яе паставілі, і іншага месца нідзе для яе не было.

Невялічкая сценка была застаўлена рознымі статуэткамі, вазачкамі, розных памераў і форм скрыначкамі і бутэлечкамі. На сценах віселі яўна не айчыннага паходжання эстампы, чаканка.

Майская, паставіўшы на пліту чайнік, накрыла маленькі столік, расставіла па ім посуд і, спяшаючыся, нібы хто мог ёй перашкодзіць, сказала:

— Вы не думайце, што я нейкі сухар. У мяне ёсць хобі, і не адно. Наогул, я хачу сказаць, што большасць гарадскіх не ўмеюць, а можа, і не хочуць карыстацца тымі выгодамі, што мае горад. А многія нават і не здагадваюцца, што нясе чалавеку сучасная цывілізацыя. Сядзяць у сваіх норах, чэшуць азадкі. А я падумала так. Раз мне пашэнціла перасяліцца з вёскі ў горад, дык я тут не толькі для таго, каб хадзіць па малако ў гастраном... Хаджу ў тэатры, усе спектаклі перагледзела, купляю абанементы ў басейн, а цяпер яшчэ і аэробікай захапілася. Ні мінуты вольнай. І яшчэ... захапляюся чаем. Так, чаем. У мяне яго вялікая калекцыя. Лепшыя гатункі свету. Нават легендарны зялёны кітайскі Люй ча. Я вось пачастую ім вас... І, вядома, посуд. Але прыгожы посуд для ўсялякай жанчыны — усё. Я, праўда, не люблю традыцыйныя талерачкі. Я люблю незвычайны посуд. Вось гэтую талерачку я выменяла на Цэйлоне. Валюты не хапіла, дык я рэч на рэч. А самае галоўнае маё хобі — падарожжы. Я кожны адпачынак абавязкова куды-небудзь еду. І адусюль прывожу сувеніры. Як памяць. Вось гэтая статуэтка — Францыя, гэтая — Індыя, а гэтая — Японія. Праўда, незвычайная? — яна ўзяла невялічкую статуэтку — залацістую жанчыну з нейкімі мудрагелістымі ўзорамі на адзенні, з нечым доўгім, нібы пагнутым мячом у адной руцэ, і з нейкім доўгім лістом у другой.— А гэта ведаеце хто? У Японіі купіла. Гуань-інь называецца. Жанчынка. Выратоўвае людзей ад рознага ліха, памагае раджаць дзяцей і аберагае іх ад хвароб, наогул, як гаворыцца на сучаснай мове, курыруе жанчын у доме. Яна нічога не баіцца, носіць спадніцу з тыгравай шкуры. Дарэчы, вочы ў яе ёсць і на руках. Яна адразу бачыць сваімі вачамі ўсіх няшчасных вакол сябе. Праўда, мяне нешта ўпарта не заўважае. Відаць, лічыць мяне шчаслівай... А гэта чучала з Мадагаскара...

— Цікава, цікава,— падняўся Касцевіч, падышоў бліжэй да сценкі, стаў больш пільна прыглядацца да статуэтак.— Я некалькі разоў зямны шарык абагнуў, але нічога падобнага не бачыў. Праўда, берагоў таксама не бачыў...

— Калі я застаюся дома адна, а я заўсёды адна, калі няма пасяджэння, басейна, аэробікі ці грып які нападзе, сяджу, п’ю чай і разглядаю ўсё гэта. Зноў падарожнічаю ў думках.— Яна зыркнула на госця, відаць, хацела пераканацца, ці слухае ён яе.— А яшчэ я люблю ўбіраць кватэру. Асабліва калі сумна... А сумна мне вельмі часта...

— У вас чысціня, як на ўзорна-паказальнай падводнай лодцы,— заўважыў Касцевіч, зноў праваліўся ў нізкае глыбокае крэсла.

Але яна, здаецца, і не пачула, што ён сказаў, бо толькі ён пачаў гаварыць, адразу ж паспяшалася на кухню і хутка вярнулася з маленькім графінчыкам-колбачкай з тонкім высокім рыльцам і з маленькімі, як жалудочкі, кубачкамі на цацачным падносіку.

— Пакуль чайнік загудзіць,— яна паставіла графінчык і кубачкі на столік,— дык мы патрошкі... Гэты напітак на ўсходзе звычайна п’юць перад чаем...

Майская першая чокнулася з Касцевічам, панюхала той заморскі напітак, зрабіла глыток, глянула на госця, у незразумелай задумлівасці змаршчыніла лоб, відаць, хацела нешта сказаць, ды замаўчала і ўдумліва чакала, што скажа Касцевіч.

— Падобна на настойку элеўтэракоку. У зацяглых паходах нам нешта падобнае давалі...

— Магчыма,— загадкава ўсміхнулася Майская.

— Вось скажыце, Алена Адамаўна,— глынуўшы горкі, прапахлы падгніўшым сенам напітак, пачаў Касцевіч.— Вось скажыце, Алена Адамаўна, ці ёсць у будаўніцтве, у яго арганізацыі хоць нешта ўстойлівае, абавязковае для ўсіх? Я за гэты час прачытаў нямала кніг па будаўніцтву, лічыў, што ледзь не пра ўсё даведаўся, але потым зразумеў, што дарэмна чытаў, таму што ў жыцці ўсё не так, як у тых кніжках. Узяць хоць бы план. Усё плануецца на квартал, на год, на пяцігодку. Усё прадумана, падлічана, разлічана. Здавалася б, выконвай план і ўвесь клопат. Дык не... Толькі распачнуць які аб’ект, вядома, па плану, адразу ж прастой, ужо, вядома, не па плану. Потым, каб усё ж здаць аб’ект у тэрмін, пачынаюцца аўралы, штурмаўшчына. Поўная неразбярыха, нейкае бязладдзе, нібы некім знарок створанае, каб потым было што адолець і выдаць гэта за гераічную перамогу калектыву. Цікавую заметку нядаўна прачытаў у шматтыражцы. Я нават захаваў тую заметку. Вы толькі паслухайце,— ён дастаў з унутранай кішэнькі пінжака невялічкую паперынку, распраміў яе, пачаў чытаць: «Так, выпадкі зрыву дастаўкі матэрыялаў былі. Не завозілі ў час сценавыя панелі, а то і зусім не хапала іх. У маі, калі ўжо рабілі дах, два тыдні прастаялі, бо не было руберойду. Калі ж завезлі руберойд, выявілася, што няма паліва разаграваць кацёл з бітумам. Зноў прастаялі каля тыдня. Дарэчы, фонды на паліва былі, а не было бензавоза яго прывезці. Калі ж з’явіўся бензавоз, на складзе скончылася паліва». А канчаецца гэтая заметка даволі ўрачыста. «Але будаўнікі з гонарам выйшлі з усіх цяжкасцей і складаных сітуацый. Здалі аб’ект на тры месяцы раней тэрміну». Вось гэты парадокс я ніяк не магу зразумець. Месяцамі прастойвалі, а аб’ект здалі раней тэрміну,— Касцевіч зноў склаў паперынку, сунуў яе ў кішэньку пінжака, падняў вочы на Майскую і аж перасмыкнуўся тварам ад нечаканай разгубленасці.

Вочы ў жанчыны набраклі слязьмі і пацямнелі, вусны трымцелі так, як трымцяць, калі чалавек напружваецца, каб не расплакацца.

— Што з вамі, Алена Адамаўна?

Майская больш не магла ўжо трымацца, гучна ўсхліпнула, упала галавой на рукі, хаваючы твар у далонях.

— Што з вамі? Алена Адамаўна? — Касцевіч падхапіўся, прынёс ёй шклянку вады. Жанчына адвяла шклянку рукой. Касцевіч, які момант стаяў разгублены, потым, паставіўшы шклянку, асцярожна правёў далонню па яе вострым дзіцячым плячы, па мяккіх валасах.

Яна схапіла яго за руку, прыпала да яе вільготнай шчакой, потым мелькам глянула на яго знізу ўверх — вочы яе былі ў брудных падцёках ад тушы, якой былі падведзены павекі.

— Алена Адамаўна? Алена Адамаўна? — ён няцямна паўтараў адно і тое ж, не ведаючы, што яшчэ ёй сказаць.— Алена Адамаўна, што з вамі?

— Ой, які ж вы дубіна,— яна паспрабавала ўсміхнуцца, але замест усмешкі на твары, як адбітак патаемнага болю, прабегла сутаргаватая хваля. Яна яшчэ раз усхліпнула, шмарганула носам, потым гучней, каб адолець тое, што перашкаджала ёй гаварыць, працягвала: — Сапраўдны салдафон... Але вы не адзін, усе вы... Няўжо я такая брыдкая, што ніхто з вас не бачыць ува мне жанчыну? Нібы я толькі начальнік аддзела, а больш ніхто. Можа, я сапраўды не падобна на жанчыну, даўно перарадзілася ў нейкую агідную канцылярскую пачвару?.. Гадзінамі сядзіш у цырульні, ледзь не са скуры вылузваешся на той аэробіцы, па ўсім свеце ганяешся за моднымі шмоткамі, а ніхто нічога не заўважае, ніколі нічога не скажа. Толькі і чуеш ад усіх — цэгла, цэмент, бэлькі, сталярка... А я ж баба, перш за ўсё баба. Самая звычайная. Разумееце?.. Я люблю вас,— яна, відаць, злякалася таго, што сказала, бо раптам знямела і глядзела на яго такімі астылымі вачыма, як звычайна глядзіць жывёліна на свайго гаспадара, чакаючы ад яго ўдару,— пакорлівая жаласць і боль у вачах.

— Я, Алена Адамаўна, разумею, я нават, Алена Адамаўна, здагадваўся,— ён ледзь варушыў вуснамі.— Але, Алена Адамаўна, абставіны. Яшчэ ж і паўгода не мінула, як мае не стала... Вы ж павінны разумець. Ды і дзеці... Наогул. Разумееце, Алена Адамаўна? Вы ж самая...— ён спыніўся ў сваім роздуме, бо не траплялася патрэбнага слова, таго адзінага слова, якое зараз варта было б сказаць і якое б суцешыла жанчыну.— Вы, Алена Адамаўна, павінны зразумець...

Яна ўсміхнулася аднымі вачыма, потым зноў утулілася тварам у яго шырокія далоні, затым нястрымна і прагна з нейкім нясцерпным адчаем пачала цалаваць яго рукі.

Касцевіч стаяў і не варушыўся. І хоць яму карцела вызваліць свае рукі, ён і не спрабаваў гэта зрабіць, ведаў, што гэтым вельмі пакрыўдзіць яе...

 

19

Нізкае пустое неба, падсвечанае знізу, вісела над горадам. Цьмяна, ахутаныя туманам, блішчэлі ліхтары на слупах. Святло ад іх не даставала зямлі.

Аўтобусы і трамваі не хадзілі.

Касцевіч, вынырнуўшы з пад’езда, хуткім крокам, нібы баяўся, што яго заўважаць, выйшаў на вуліцу, спыніўся, агледзеўся, ці мільгане дзе зялёненькім таксі, і, нічога не ўгледзеўшы, ужо таропка, неяк стомлена, пайшоў па тратуары, трымаючыся бліжэй да маладых ліп, якія хавалі яго сваім густым ценем. Недзе на паўдарозе трапілася таксі. Вадзіцель трымаючыся рукой за руль, адкінуўшы галаву на спінку сядзення, спаў.

— Не магу ніяк прывыкнуць да начной змены,— паскардзіўся ён Касцевічу, калі той усеўся побач.— Удзень не магу заснуць, а ноччу сон ніяк не магу адолець...

Касцевіч не падтрымаў гаворку, назваў толькі свой адрас.

— А выдатны дворык,— адлічваючы рэшту, заўважыў таксіст.— Цёмны, ціхі. Тут мы і даспім,— і ён, зачыніўшы дзверцы, адразу ж выключыў фары, заглушыў матор.

Касцевіч, стараючыся вельмі не тупаць па гулкай лесвіцы, падняўся на свой паверх — ліфт ужо не працаваў,— у калідоры яшчэ ля дзвярэй у кватэру разуўся, каб цішэй зайсці, асцярожна павярнуў ключ у замку, павольна, каб не рыпнулі, адчыніў дзверы.

У зале гарэла святло, падаючы праз прыадчыненыя дзверы вузкай палоскай на падлогу ў пярэдняй.

Касцевіч паставіў ў парозе чаравікі, тут жа павесіў пінжак, хоць звычайна вешаў у сваёй спальні на спінку крэсла, на дыбачках зайшоў у залу. У зале нікога не было. На стале стаялі талеркі, кубкі, зялёная бутэлька шампанскага, бутэлькі мінеральнай вады. На тумбачцы ля сцяны, на якой вісеў партрэт яго жонкі, гарэў чырвоны букецік руж... Касцевіч вярнуўся ў пярэднюю, заглянуў у пакой дачкі. На неразабраным ложку, у кашулі, у насках, спаў яе муж. Дачкі не было. Ці не пабегла яна шукаць яго? Ці, можа, малая захварэла, дык забралі ў бальніцу іх? Ён кінуўся ў сваю спальню, хоць ведаў, што туды, калі яго не было дома, ніхто не заходзіў. На ложку, таксама ў адзенні, раскінуўшыся ў розныя бакі, спалі ўнукі. Святлана ляжала на самым краі, відаць, баялася, каб хто з малых не скаціўся на падлогу.

Касцевіч вярнуўся ў залу, сеў у крэсла, далей адсунуўшы яго ад стала,— тое глуха шарганула па падлозе. Відаць, ад гэтага гуку і прачнулася дачка. Няцямна паглядзела праз адчыненыя дзверы на бацьку, села, пазяхнула, міжвольна паправіла ўскудлачаныя валасы, якія лезлі ў вочы, вялым голасам сказала:

— Гэта ж чакалі цябе... Дзень нараджэння ў мамы. Думалі, сабяромся, пасядзім. А то зусім перасталі збірацца разам. Так і адвыкнуць можна. Былі ўсе. Малыя не захацелі без дзеда садзіцца за стол. Кажуць, будзем чакаць. І чакалі. Дамоў адмовіліся ісці. Палеглі на твой ложак, каб цябе не празяваць... Усё дурэлі тут, потым казкі расказвала ім. Нарэшце пазасыналі. І я ля іх задрамала. Не заўважыла калі... А хлопцы яшчэ раней пайшлі дамоў.

Касцевіч, схіліўшы галаву, маўчаў.

Дачцэ, відаць, падалося, што ён заснуў.

— Тата?

— Я.

— Ну навошта яна табе? — спытала ўсё тым жа санлівым голасам.— Хоць бы рабіў па спецыяльнасці. Хіба гэта работа для цябе? Мы выраслі, амаль не бачылі цябе. Цяпер унукі растуць, бацькоў не бачаць, дзеда таксама. Ды і мы...

— Прызнацца, я хацеў звольніцца, але Хурсан адгаварыў. Кажа, закончым будаўніцтва, тады... Я яшчэ пагляджу, падумаю... Канечне, трэба было не ісці. Гэта я пазней зразумеў. Калі мамы не стала, быў такі час, што раптам адчуў, нібы нікому не трэба. Часовы настрой, я цяпер разумею... А цяпер...

— Дзе ты будзеш спаць? Можа, паслаць на канапе, каб малых не турбаваць?

— Нічога, прымашчуся ля дзяцей.

Святлана ўзяла сонную дачку на рукі і пайшла з ёй у свой пакой.

Касцевіч яшчэ які час сядзеў як акамянелы, потым падняўся, адкаркаваў бутэльку з мінералкай, наліў поўную шклянку, выпіў, потым выключыў святло, пратупаў у спальню, прылёг на краі ложка.

 

20

Касцевіч доўга ляжаў, не падымаўся, чакаў, пакуль усе разыдуцца. Ён чуў, як дзынкала посудам на кухні дачка, як потым пабудзіла малых,— будзіла шэптам, каб не патрывожыць яго. Накрыла яго коўдрай, зачыніла дзверы. Потым ён яшчэ чуў, як малыя снедалі, не хацелі нешта там есці і Святлана пакрыквала на іх. А можа, хацелі, каб дзед снедаў разам з імі?

— Дзед стаміўся, спіць яшчэ,— упаўголаса ўшчувала дзяцей Святлана.

Дзынкнуў званок у дзвярах. Пачуўся бас старэйшага сына Ігара, затым ён загаварыў цішэй, прыглушана, толькі яго неразборлівае бубненне і чулася.

Вось прыадчыніліся дзверы ў спальню. Святлана прашаптала:

— Тата, спіш?

Ён не адказаў. Яна пастаяла ў дзвярах, уздыхнула і выйшла.

Пачулася, як праз залу затупацела малая.

— Куды ты? Вярніся! — пагналася за ёй маці.— Я ж сказала, дзед спіць. Пайшлі! Не дзіцё, а юла нейкая...

Святлана адшлёпала Марынку, тая капрызліва захныкала.

Ён не помніў у сваім жыцці такога, каб сорамна было глядзець у вочы сваім дзецям. Няўжо дачка пра ўсё здагадалася? Учора загаварыла пра яго работу так, як ніколі не гаварыла. А можа, нічога не ведае і не здагадалася, проста выказала тое, што даўно хацела сказаць? Якраз і выпадак надарыўся. Яго чакалі, каб пабыць разам, а ён затрымаўся. І трэба ж было ў такі дзень затрымацца! І як гэта выпала з яго памяці?.. Ён падняўся, не падымаючы вачэй на партрэт жонкі, прайшоў праз залу, доўга мыўся пад душам, цёр мачалкай усяго сябе з такой апантанасцю, нібы хацеў садраць скуру. Потым сядзеў на кухні, піў чай, без цукру, без бутэрбродаў, якіх цэлая талерка стаяла перад ім... Думаў пра сябе, пра сваю работу. Праўду яму сказала ўчора дачка. Жорсткую, бязлітасную. Сапраўды, празяваў ён дзяцей, празявае і ўнукаў. Дык раней хоць з-за службы, а цяпер жа з-за непатрэбнай яму работы. Малыя цягнуцца да яго, бо растуць, як сіраты,— бацькоў сваіх з раніцы да вечара не бачаць. І ён сумуе па іх, думае... Што перашкаджае яму хоць у канцы свае дарогі пажыць так, як яму хочацца? Нішто. Ён сам. Ён сам сабе перашкаджае. Яго ніхто не прымушае ісці на працу. Прапанавалі — ён пагадзіўся. Ну і што, што пагадзіўся? Практычна нічым жа сябе не звязаў, ні слова не даваў, ні падпіскі. А потым яшчэ гэтая... Не, трэба з усім канчаць. І з працай і наогул... І неадкладна. Можа, нават сёння. А што? Кідаць дык кідаць. Рашуча, без ваганняў. Ён так і зробіць. Нікуды не пойдзе. Вось толькі пазвоніць Хурсану і пра ўсё скажа. Хоць лепей яму не званіць. Пачне дакараць, упрошваць. Лепей пазваніць у прыёмную Веры Іванаўны. Дапіўшы чай, глянуў на гадзіннік, падышоў да тэлефона, які быў у пярэдняй, набраў нумар. Ніхто не адказаў. Відаць, панесла пошту дырэктару. Нічога, пазвоніць пазней. Гэта не праблема. Галоўнае, ён надумаўся кінуць усё, не лезці туды, куды яму, пенсіянеру, не варта лезці. Яму і пенсію таму далі, каб сядзеў дома, бавіў час з унукамі, адным словам, адпачываў. Узяў ключык ад паштовай скрынкі — ён заўсёды ляжаў на палічцы ля тэлефона,— спусціўся па газеты. Вярнуўшыся, набраў нумар зноў. На гэты раз тэлефон быў заняты. Касцевіч прысеў на канапе ў зале, стаў праглядаць газеты.

Заверашчаў тэлефон. Гучна, патрабавальна. Ці не Майская? Цяпер, калі хочаш, яна будзе званіць яму без усялякай цырымоннасці. Хацеў не падыходзіць да тэлефона, але званкі не сціхалі. Не вытрываў, падняў трубку, каб адразу ж пакласці яе, але пачуў у ёй мужчынскі голас.

— Мікола? Ты што, дома? — адчувалася, настрой у дырэктара прыўзняты.— А я званіў, званіў табе ў кабінет... Давай спускайся ўніз, я зараз еду...

Вечна гэты Хурсан спяшаецца, слова не даў сказаць. Давай уніз, і ўсё! Ну і няхай заязджае. Ён спусціцца, скажа пра сваё рашэнне і вернецца назад... дачытваць газеты.

Як толькі Хурсан выйшаў з пад’езда, якраз падкаціла «Волга». Адчыніліся дзверцы, Касцевічу нічога не заставалася, як сесці ў машыну.

— Пазванілі з трэста,— пачаў Хурсан, парукаўшыся,— што кіраўнікі служб едуць на комплекс, каб, значыцца, на месцы ўсё ўдакладніць. Запрасілі і нас з табой,— і раптам, нібы схамянуўшыся, спытаў: — А што з табой? Ці не захварэў?

— Не думаў ісці на работу.

— Сапраўды хворы. У цябе нейкі твар...— але слова ў яго не знайшлося, каб сказаць, які ж у сябра твар.

— Ды не, не захварэў. Вырашыў не працаваць, падумаў сёння, падумаў і... прыняў такое рашэнне. Канчаткова. Здаецца, я не ў свае сані...

— Вясёленькія мыслі,— Хурсан пакратаў пальцамі свой цяжкі нос, памуляў губамі, дакорліва сказаў: — Мы ж гаварылі з табой на гэту тэму. Мне здавалася, дамовіліся. Ніколі не думаў, што... у цябе можа быць сем пятніц на тыдні.

— Ды, прызнацца, я тут ні пры чым,— усміхнуўся Касцевіч.— Сумленне. Вось у чым сакрэт. Сумленне бунтуе. Не можа яно прымірыцца... Ну на самай справе, што я зрабіў карыснага для будоўлі за гэты час? Практычна нічога. Хоць і стараўся. Вынікаў ніякіх. Бегаў, бегаў, а ўсё дарэмна. А калі якія зрухі і насталі, дык тут маіх заслуг няма. Я нават учора на нарадзе не здолеў даказаць, што абліцоўваць зараз будынак — гэта горш чым варварства. Не кажу ўжо пра мармур... І, ведаеце, што больш за ўсё абурае... Усе ведаюць, што нельга абліцоўваць, а робяць выгляд, што першы раз пра такое чуюць. Адным словам, Толя, сумленне маё не можа, не хоча мірыцца з усім гэтым... А патураць глупству я не магу...

— Чаму глупству? — спытаў Хурсан неяк абыякава, відаць, у гэты час думаў зусім пра іншае.

— Ва ўсіх інструкцыях напісана...

— Інструкцыі... Інструкцыі...— ледзь не прапеў дырэктар, прыслухоўваючыся, як гучаць гэтыя словы, потым паглядзеў на Касцевіча, быццам толькі што яго ўбачыў, варухнуў бровамі, сказаў спакойна, як гавораць звычайна пра даўно вядомыя ісціны, не хаваючы пры гэтым нейкага суму, які раптам апанаваў чалавека: — А ведаеш, Мікола, будаўнікі сотні раз жыццём праверылі тыя інструкцыі.

— Ім абы план...

— Не кажы... Не думаю, каб яны былі такімі безадказнымі. Дзе, дзе, а ў будаўніцтве цяжка схаваць грашкі. Абавязкова вылезуць. І рана ці позна, а адказваць прыйдзецца. Яны гэта добра разумеюць...

— Магчыма. Але калі вылезуць тыя грашкі? Пытанне. І каму потым прыйдзецца адказваць і перарабляць?.. Тады ўжо іншыя таварышы кіраваць будуць... Будаўнікі таксама пра гэта добра ведаюць. Жывуць адным днём... Таму ў іх ніякай адказнасці. Абы з рук збыць... Вось і ўся адказнасць.

Хурсан задумліва памаўчаў.

— Што я табе скажу,— потым пачаў разважаць нібы для сябе, гледзячы перад сабой на дарогу.— Жыццё такое, што ў ім усялякае ёсць. Было і будзе. Паўтараю, усялякае... А калі робіцца нешта вялікае, і гэта вялікае робіць вялікая колькасць самых розных людзей, розных па ведах, па адказнасці, па сваёй свядомасці, заўсёды знойдзецца адзін ці некалькі чалавек, што не пагодзяцца ў нечым з усімі. Але мудрасць паводзін кожнага з нас, каб гэтаму аднаму ці гэтым некалькім умець падначаліцца большасці.

— А ты дарэмна падаўся ў гаспадарнікі,— засмяяўся Касцевіч.— Я і не падазраваў, што ты такі камісар... Ведаеш, Толя, за сваё жыццё я наслухаўся столькі палітгутарак, што яшчэ адна, хоць і твая, ужо нічога не зменіць. А потым прычына не ў маёй свядомасці, не ў маім разуменні, а ў сумленні, якое, аказваецца, не паддаецца ніякай логіцы, хоча жыць па сваіх законах, часам вядомых толькі яму. Ці ты лічыш сумненне перажыткам мінулага? А, камісар?

— Не, ты не перастаеш мяне здзіўляць,— азірнуўся Хурсан. Сустрэўшы насуплены позірк сябра, усміхнуўся: — З такімі разважаннямі наогул можна да папоўшчыны дайсці.

— Цікава. Раней усялякае паскудства папы прыкрывалі рэлігіяй, разважаннямі пра боскае, на нашай мове, папоўшчынай. А цяпер сумленне, калі яно раптам дзе прабіваецца, мы таксама называем усё той жа папоўшчынай.

— Я не пра гэта... Я пра цябе. Такое прайшло жыццё, столькі адбылося, усіх нас і пакруціла і павадзіла, а ты якім быў некалі ў школе, такім і застаўся. Помню, як мы ўсім класам запісаліся ў камсамол, а ты адмовіўся. Маўляў, яшчэ не падрыхтаваўся, сумленне не дазваляе. Дык у школе ж — ідэальныя ўмовы, а тут жыццё... А жыццё часам, дарагі мой, дыктуе сваё, у яго свая непазбежнасць. Ты хочаш жыць сумленна, а я, думаеш, не хачу? Я таксама хачу. У мяне таксама сумленне. Але часам бывае так, што не ведаеш, ці рабіць так, як патрабуе сумленне, іншымі словамі, як мне хочацца, ці як патрабуюць абставіны? Вельмі ж часта даводзіцца, як пісаў той паэт, станавіцца на горла ўласнай песні. Вельмі часта. Адчуваю, што з гэтай абліцоўкай робіцца нешта не так. А што загадаеш мне рабіць? Тармазнуць? Тысячы людзей, мае рабочыя чакаюць аздараўленчы комплекс. У начальства дачы. Дзяржаўныя. Маё сумленне бунтуе, калі я ведаю пра гэта, ведаю, што рабочым трэба адпачываць не меней, чым начальству, папраўляць здароўе... Завод вялікі, тысячы людзей. З імі сустракаешся амаль кожны дзень, кожны дзень сотні пытанняў. І ў тым ліку пра комплекс. Я ўсім абяцаю, што праз год будзе. Я не прывык падводзіць людзей, не маю права. Я не магу так, як герой аднаго апавядання Льва Талстога. Помніш, што касалапы прашаптаў таму, што застаўся на зямлі, не паспеў залезці на дрэва ад звера? «Дрэнны той друг, што пакідае таварыша ў бядзе». Вядома, яшчэ да бяды далёка, слава богу, але клопатаў у мяне нямала. Ты прабач, што я так, але прывык гаварыць заўсёды шчыра... Не хацеў бы я расчаравацца ў табе, Мікола. Ведаеш, нічога горшага няма на свеце, як расчараванне ў любай ці ў даўнім сябры. Не ведаю, як ты, а я вельмі даражу нашай дружбай. Калі ты прыйшоў да нас, я паверыў, што цяпер на будоўлі будзе парадак. Лічу цябе надзейным чалавекам. Вось так... Давай Мікола, пабудуем палац для рабочага класа. Можа, гэта будзе самае лепшае, што ўдасца зрабіць нам у жыцці. Хай і ад нас нешта застанецца людзям,— ён памуляў тоўстымі губамі, быццам яны стаміліся ад гаворкі, ці хацеў усміхнуцца, ды перадумаў...

Касцевіч моўчкі кіўнуў галавой.

У гэты момант ён сам сябе ненавідзеў, што згадзіўся з Хурсанам, бо ўсім сваім нутром быў супроць свае ж згоды. І нават слова не сказаў, каб запярэчыць. Не асмеліўся настаяць на сваім, а галоўнае, не адважыўся, а можа, проста не хапіла шчырасці,— сказаць праўду. І каму? Самаму блізкаму чалавеку, перад якім не варта было б і таіцца. А тая праўда была ў дзецях, унуках, у той жа Майскай, а галоўнае, у той, што кожны дзень разглядае яго з партрэта на сцяне. Не, пра гэта не трэба гаварыць нікому, у гэтым нават сабе не так лёгка прызнацца... Гэта яго тайна. А ўсё, што ляжыць за межамі гэтай тайны, гучыць непераканальна. Вось чаму ён амаль нічога і не сказаў Хурсану. А ў тое, што сказаў, Хурсан проста не паверыў. А рашучасці адмовіцца без усялякіх тлумачэнняў у яго не хапіла. Ці нешта перашкодзіла? Толькі што? Ці не той самы давер, з якім ставіцца да яго Хурсан?

Касцевіч сядзеў панылы, задумлівы.

Хурсан жа, ці адчуўшы яго настрой, ці падумаўшы, што ўсё самае важнае сказана,— хай зараз гэты ваяка пасядзіць і падумае над сваім цяперашнім жыццём, а то прывык жыць па камандзе, ніяк не прытрэцца да цывільнага жыцця,— ямчэй усеўся, усміхнуўся, задаволены сабой, і ўсю дарогу больш не азіраўся на сябра, не заводзіў з ім гаворкі.

Ля прарабскага вагончыка стаяла купка людзей. Усе былі ў касцюмах, пад гальштукамі, некаторыя ў берэтах, былі і ў капелюшах. Сярод іх стаяла і Майская. У белай шапачцы, у шэра-блакітнай куртцы з каляровымі нашыўкамі па баках, з мноствам бліскучых замочкаў, і чырвоных штанах, і ў высокіх, па калені, белых чабоціках — яна яшчэ здаля кінулася ў вочы.

Касцевіч зноў пашкадаваў, што пагадзіўся ехаць сюды. Каб ведаў, што яна акажацца тут, ніколі б не паехаў.

Вылезшы з машыны, Хурсан, схіліўшы крыху галаву, хуткім крокам скіраваў да трэстаўскага начальства, з кожным павітаўся за руку, ва ўпраўляючага трэста папрасіў прабачэння, што прымусіў чакаць.

Касцевіч жа здаля павітаўся кіўком галавы, не спяшаўся набліжацца да сваіх. Але на яго прывітанне, ды і на яго самога, здаецца, ніхто і ўвагі не звярнуў. Нават Майская. Здавалася, яна наогул не ведала яго. Як расказвала нешта свайму суседу, так і расказвала, толькі загаварыла раптам гучней, чым да гэтага.

Апошнімі днямі сюды прывезлі яшчэ некалькі вагончыкаў. Адзін з іх на колах, быў доўгі, з шырокімі чыстымі вокнамі, на якіх віднеліся белыя чысценькія фіранкі.

У гэты вагончык і запрасіў усіх Трыпуз.

Там быў доўгі стол, засланы газетамі, табурэткі, услоны.

Трыпуз заняў месца ў пачатку стала, аддыхаўся, а калі ўсе размясціліся, глухаватым голасам пачаў:

— Я, таварышы, прасіў усіх кіраўнікоў трэста, упраўленцаў, у каторых тут ёсць работа да канца гэтага года, пабыць загадзя на аб’екце, вызначыць канкрэтна, хто што зможа зрабіць, што для гэтага трэба кожнаму, каб зараз, сабраўшыся, усё ўзгадніць,— ён зноў перадыхнуў, быццам вельмі стаміўся.— Усе гатовы да гаворкі? Усе?! Што ж, тады, калі ласка.

Паднімаліся кіраўнікі, інжынеры, прарабы.

Пустых выступленняў не было.

Касцевіч як ні стараўся прыслухацца да таго, што гаварылі, але засяродзіцца так і не змог. Ды і не ўсё з тых выступленняў ён разумеў. Міжвольна думалася пра Майскую, яна і брала яго ўсю ўвагу. Калі спачатку, як толькі прыехаў, ён не хацеў сустракацца з ёй, не хацеў, каб яна падыходзіла да яго, то цяпер ён з той жа сілай пачуцця жадаў, каб яна хоць раз зірнула на яго. Але Майская ўпарта не заўважала Касцевіча, хоць і сядзела амаль насупраць. Схіліўшыся над блакноцікам, старанна запісвала, пра што гаварылася, а калі не было чаго запісваць, то глядзела на Трыпуза ці перашэптвалася са сваім суседам прарабам Бугарковым. Яе няўвага да яго, Касцевіча, станавілася абразлівай. Што ж здарылася, пакутаваў ён. Ці не пакрыўдзіў яе чым? Ці, можа, не хоча выдаваць сваіх адносін? Апошняе можна б было зразумець. Але чаму яна ні разу, нават употайкі, не глянула цяпер і не звяртае на яго ўвагі. Дабілася свайго, і болей ён ёй не трэба. Няўжо яна такая пустая? Чаму ж ён адразу не разгледзеў яе? Ці ён такі сляпы? Але яна шчыра плакала... Так прыкідвацца немагчыма. А чаму? Хіба ён так добра ведае жанчын? Ён жа фактычна ведаў толькі адну. А можа, і яе, адной, як след не ведаў? Думаў, што ведаў. Іхняе ўсё жыццё — адны кароткія сустрэчы,— вяртаўся з паходаў, не паспяваў прывыкнуць да хатняй утульнасці, зноў паход,— калі не лічыць адпачынкаў. Але ў адпачынку хіба пазнаеш чалавека? А калі нарэшце дачакаліся спакойнага жыцця, яе не стала. Яны ж ніколі сур’ёзна не паспрачаліся. Ён нават не можа ўявіць, якая яна, калі злуецца. Не можа быць, каб яна ніколі не злавалася...

Касцевіч, калі пачуў сваё імя, аж скалануўся ад нечаканасці.

— Просьба да Касцевіча,— з перадыхамі гаварыў Трыпуз, відаць, нарада прытаміла яго.— Людзей на аб’екце збярэцца багата, усе будуць спяшацца, так што нашаму тэхнагляду асабліва трэба быць пільным, каб будаўнікі чаго не забылі. Гэта першае.

І другое. Просьба яшчэ раз усё ўважліва прагледзець, ці ўсё заказана, што трэба нам паставіць, каб раптам з-за якой драбязы не давялося спыняць раскручаны махавік. Усё зразумела, Мікалай Мікалаевіч? — і Трыпуз, не дачакаўшыся адказу, адразу ж звярнуўся да Майскай: — Алена Адамаўна, збою не будзе ў забеспячэнні? Усё ёсць? Праверылі?

— Усё,— коратка адказала жанчына, не адрываючы вачэй ад свайго блакноціка.

— Пытанні ёсць? Няма? — уздыхнуў з палёгкаю Трыпуз, сказаў з усмешкаю.— Пытайцеся, пакуль я тут, каб потым не гаварылі, што не чулі і не бачылі. Ну няма дык няма. Каб з заўтрашняга дня тут усё гудзела. Ясна?

Касцевіч, які сядзеў бліжэй ад астатніх да дзвярэй, выйшаў з вагончыка першы, адышоўся крыху ўбок, глядзеў, як па крутых прыступках спускаліся астатнія. Маладзейшыя адразу саскоквалі на зямлю, больш сталыя марудліва перабіралі прыступкі нагамі, трымаючыся рукой за расчыненыя дзверы. Ён спадзяваўся, што Майская ўсё ж падыдзе да яго — знойдзецца ж у яе, пра што спытацца,— а калі спыніцца блізка ля яго, ён і сам зачэпіць яе. Вось яна паказалася ў дзвярах, спынілася, глянула пад ногі і пачала спускацца, быццам мацаючы кожную прыступку нагамі. Сышоўшы, некага пачакала. Гэтым некім аказаўся аўтар праекта, малады чубаты хлопец у скураным пінжаку. Вось яна ўзяла яго пад руку, і яны разам скіраваліся да рафіка, які стаяў на дарозе, пыхкаючы сінім дымком...

Трыпуз з Хурсанам выйшлі апошнімі, спыніліся, працягваючы гаворку.

Касцевіч падышоў да іх.

— Я вельмі задаволены нарадай,— гаварыў Хурсан, і яго тоўстыя губы масліліся ў няпэўнай усмешцы.— Усё ясна, дакладна, канкрэтна. У мяне з’явілася ўпэўненасць, што план будзе выкананы. Вы, Фёдар Васільевіч, сёння падаравалі мне добры настрой,— Хурсан аберуч паціснуў руку ўпраўляючаму, развітаўся, потым звярнуўся да Касцевіча.— Ну як, Мікола? Здаецца, зрушылі. Людзі сапраўды ўзяліся за справу па-новаму. Так што, Мікола, нам з табой цяпер не будзе калі сумаваць. Запомні, з гэтага дня тваё рабочае месца тут,— і ўжо ля машыны, акінуўшы хуткім позіркам прыціхлыя сосны, хмурнае неба, уздыхнуў.— Не падвяла б толькі пагода,— а потым глянуў зноў на Касцевіча, глянуў неяк асабліва ўважліва, але нічога не сказаў, сеў у машыну.

Касцевіч усю дарогу маўчаў. Сумны, засяроджаны.

 

21

Майская свядома не заўважала Касцевіча, ні разу не глянула на яго, а потым, пасля нарады, не падышла, адным словам, ігнаравала яго, як толькі можна было.

Пасля спаткання з ім яна ніяк не магла пазбавіцца хоць і нейкай прыглушанай, але неадчэпнай прыкрасці: то ж трэба так прынізіцца, ледзь на калені не стала. А калі падумаць, дык фактычна і ўкленчыла. Расхныкалася, бачыце, захацелася, каб яе пашкадавалі. Зусім страціла галаву баба. Цяпер, канечне, ён недзе смяецца ў душы. Але няхай не думае, што ён яе скарыў, заваяваў яе сэрца назаўсёды, што яна ўжо сапраўды такая адзінокая, пакінутая, што і пражыць не зможа без яго. Жыла і пражыве! Яна дакажа яму! Ён яшчэ пабегае за ёй. Ён, а не яна! Хай толькі з’явіцца тут, на нарадзе, ён убачыць яе зусім іншай, чым тады, калі яна распусціла перад ім нюні. Яна пакажа яму характар. Абы толькі прыехаў. І тады яна пазбавіцца гэтай ліпкай прыкрасці, што прыгнечвае яе. Тады яна зноў будзе вольнай, незалежнай. Абы толькі прыехаў. Але чаго яго няма? Можа, і не будзе? Дык і Хурсана ж няма. Значыцца, яшчэ прыедзе. Нехта ж павінен быць ад завода.

Калі ж нарэшце яна ўбачыла заводскую «Волгу», а затым і яго, Касцевіча, а потым прыкмеціла, што Касцевіч, як толькі выйшаў з машыны, адразу нейкім устрывожаным позіркам акінуў усіх, відавочна, шукаючы яе, яна адразу ж супакоілася, стала такой, якой і была заўсёды. Але такое цягнулася нядоўга. Ён зноў захапіў яе думкі. Жанчыну так і падмывала не толькі глянуць на яго, а падысці, загаварыць, крануцца рукой яго калі не рукі, дык хоць пінжака, зняўшы з яго якую нябачную пылінку, і ёй нямала каштавала намаганняў застацца знешне спакойнай і абыякавай, быццам засяроджанай на тым, пра што гаварылі. У яе хапіла вытрымкі, каб ні разу не глянуць на яго, калі сядзела насупраць за адным сталом, і потым, пасля нарады, не падысці да яго. Падхапіўшы пад руку аўтара праекта, загаварыла з ім, скіравала да машыны. І толькі ўсеўшыся, глянула на Касцевіча праз акно, і то мелькам, павярнула галаву, папраўляючы прычоску. Заўважыла, як ён адзін сіратліва стаяў ля вагончыка. «Што, атрымаў?» — звярнулася ў думках да яго і рассмяялася.

Яна ўсю дарогу была надзвычай узрушанай. Яе яшчэ ніхто і ніколі не бачыў такой легкадумна вясёлай. Нават шафёр, ссівелы і вечна ўсмешлівы Грынька, які сам любіў пажартаваць, пасмяяцца, уставіць вострае слоўца, і той некалькі разоў запытальна глянуў на яе праз люстэрка, што вісела перад ім, крыху збоку, і праз якое ён бачыў усё, што рабілася ў салоне.

Майская спадзявалася, нават была ўпэўнена, што Касцевіч сам пачне шукаць з ёй сустрэчы — калі такое здарыцца, то гэта будзе азначаць, што яна канчаткова скарыла яго. Нават калі не знарок, то знойдзе якую нагоду, каб зайсці да яе.

Але яна памылілася ў сваіх мроях.

Мінуў тыдзень, другі, а Касцевіч не паказваўся.

Майская затурбавалася, сама пачала шукаць прычыну, каб сустрэцца з ім. Аднойчы паехала на растворны вузел, затрымала раствор на комплекс. Але Касцевіч не прыехаў і не пазваніў, хоць шуму ў той дзень было багата. Спачатку пазваніў прараб Бугаркоў, потым прыехаў у трэст, бегаў па кабінетаx, усё высвятляў. Кончылася тым, што сам Трыпуз выклікаў да сябе Майскую і даручыў тэрмінова ва ўсім разабрацца і далажыць яму асабіста. І наогул узяць пад асобы кантроль, як забяспечваецца комплекс усім неабходным. Цяпер яна, вядома, паедзе на будоўлю, паедзе неадкладна, і не зусім для таго, каб сустрэцца з Касцевічам, а каб выканаць даручэнне кіраўніка.

Майская ўзяла сваю машыну, заехала дамоў, пераадзелася. Надзела берэт, сінюю куртку, джынсы, якія зухавата звісалі шырокімі калашынамі над халявамі высокіх белых чабоцікаў.

Дарога была мокрая, з наліплай гнілаватай лістотай, але жанчына не звяртала ўвагі на склізоту, гнала машыну на вялікай хуткасці. Стрэчныя шафёры толькі дакорліва ківалі ёй галовамі, круцілі ля скроні пальцамі, але яна не заўважала ні тых шафёраў, ні іх красамоўных жэстаў. Яна так спяшалася, што прагледзела паварот на комплекс, праскочыла далей, затым так тармазнула, што аж занясло машыну...

Спыніўшыся ля комплексу, яна які час праз запацелае шкло ўзіралася ў рабочых, што рассцілалі на парапеце руберойд, а каб вецер не знёс яго, прыціскалі цаглінамі.

Сярод тых рабочых яна і ўгледзела Касцевіча. Ён, схіліўшы галаву так, што відаць былі толькі нос і падбародак з-пад капюшона брызентавай курткі, стаяў з цаглінай у руках, чакаў, пакуль рабочыя раскруцяць рулон далей.

Майская некалькі разоў прасігналіла.

Здавалася, сярод ляснога пахмурнага пошуму ніхто не пачуў таго пранізлівага піпікання.

Яна яшчэ пасядзела крыху ў машыне — цяпер не было чаго спяшацца,— затым лена вылезла з цёплай легкавушкі на асеннюю слоту, ляпнула гучна дзверцамі, выдаўшы гэтым сваю затоеную раздражненасць і нецярпенне. На насках чабоцікаў, каб абцасамі не грузнуць у раскіслую зямлю, зрабіла некалькі крокаў да будынка. Яна бачыла, як Касцевіч, глянуўшы ўніз, паклаў цагліну на руберойд, нешта сказаў рабочаму, які бліжэй быў ля яго, і знік. А неўзабаве выйшаў з цёмнага дзвярнога праёма, на хаду знімаючы белыя рукавіцы і хаваючы іх у кішэню курткі.

— Прывітанне, Лена,— ён наблізіўся да яе, кіўнуў галавой, стаяў у чаканні, пакуль яна падасць яму руку. За яго падкрэсленай стрыманасцю яна ўгадвала стоеную ўсхваляванасць. Гэта неяк суцешыла яе, яна ўсміхнулася ўсім тварам, як гэта ўмеюць рабіць шчаслівыя жанчыны.

— А я ўжо пачала думаць, што ты куды з’ехаў. А ты тут... з рабочымі. Хіба гэта твая работа? Твая справа глядзець, як і што тут...

— Я так і раблю. Вось прыехаў, паглядзеў, паказаў, як трэба хаваць парапеты ад дажджу. Калі гэтага не зрабіць, то вада зойдзе пад абліцоўку.

— І кожны дзень тут?

— Хурсан сказаў, што маё рабочае месца на комплексе.

Заўважыўшы іх праз акенца вагончыка, выйшаў прараб Бугаркоў.

— Якія ў вас праблемы? — адразу ж спытала ў яго жанчына.

— Няма жалеза пакрыць парапеты.

— Жалеза ў дарозе. Ідзе з Украіны. Атрымалі тэлеграму.

— Можа, хочацца паглядзець аб’ект? — спытаў у яе Касцевіч.

— Вы ідзіце глядзіце, а то мне працэнтоўку трэба закончыць,— Бугаркоў зноў знік у сваім вагончыку, у якім, відаць, было цёпла і ўтульна, бо з бляшанай трубы, што тырчэла праз акенца, кучаравіўся густы дымок.

— А тут холадна, акалела, пакуль пастаяла,— сцепанулася Майская.— У горад не едзеш?

— Не планаваў... Паглядзім корпус?

— Не хочацца хадзіць па скразняках. Хадзем у машыну, пагаворым. Там хоць зацішна,— і яна, не чакаючы згоды, скіравала да свайго «жыгулёнка». Сеўшы, завяла матор, уключыла печку.

— Тут нібы і сапраўды цяплей,— сказаў Касцевіч, усеўшыся побач.

— Вядома.— Яна з гарэзлівай усмешкай глянула на яго, кранула машыну з месца, развярнулася. Касцевіч падумаў, што яна хоча з’ехаць з дарогі, каб не займаць яе, не перашкаджаць іншым машынам, ды і ад’ехаць крыху далей, каб не быць навідавоку, але Майская і не думала спыняцца, не прытармазіўшы нават, як таго патрабаваў дарожны знак, прымацаваны да нахіленай іржавай трубы.

— Куды мы? — нічога не зразумеў Касцевіч.

— Пакуль не ведаю, але...

— Што «але»?..

— Лічыце, што я вас умыкнула,— яна залівіста засмяялася.— А што? Вядома, заўсёды мужчыны ўмыкалі жанчын. Але гэта было раней, калі не было роўнасці паміж намі. А цяпер роўнасць. Новая эпоха. Цяпер адзінокаму мужчыне нельга заставацца без аховы, нельга губляць пільнасць, як гэта зрабіў ты. Згубіў пільнасць і папаўся. І зараз павязу цябе куды захачу. Ці, можа, будзеш пярэчыць? Дык адвязу назад. Я не хачу, каб без добрай волі.

— А куды мы? — зноў паўтарыў ён сваё пытанне.

— Сам рашай. Я адмаўляюся ад усіх правоў і ўсю ўладу аддаю табе. Кіруй! Я гатова падначальвацца. Бездакорна. Тым больш што камандаваць для мужчын — прывычная справа, хоць часта вас і не слухае ніхто.

— У мяне на падводнай лодцы не было жанчын, і ні ў адным вайсковым статуце не сказана, як камандаваць жанчынамі. А потым, як паказвае міжнародная практыка, не прынята камандаваць тымі, хто захапіў цябе ў палон.

— Ты аддаеш мне ўладу над сабой?

— А што мне застаецца рабіць?

— Так... У цяжкае становішча я трапіла,— прытворна ўздыхнула яна.— Умыкнуць мужыка я яшчэ магу, а вось прымаць за яго рашэнні не навучылася. Адно толькі магу сказаць, на хуткае вызваленне не разлічвай... Калі сам не можаш прыняць рашэнне, хоць адкажы на маё пытанне. Можа, паедзем у кіно? Я ведаю адзін такі глухі кінатэатр, дзе заўсёды можна купіць білеты. Паедзем? Закаханым жа паложана хадзіць у кіно. А я ніколі яшчэ не была ў кіно з кавалерам. Ты і не ўяўляеш, якая гэта трагедыя для жанчыны. Ці, можа, кіно пазней? Можа, паедзем чай піць?

— Ты ж сама сказала, што акалела...

— Ясна, значыцца, і на гэты раз мне не пашэнціла. Што ж, пачакаем, пакуль з’явяцца лепшыя фільмы,— ледзь хавала радасць жанчына.

Калі ўехалі ў горад, Касцевіч папрасіў яе спыніцца ля першай жа тэлефоннай будкі. Ён выйшаў з машыны, пастаяў, пакуль намацаў у кішэні двухкапеечную манету, зайшоў у будку, набраў нумар.

— Святлана? Гэта я... Відаць, я сёння затрымаюся, так што не змагу ўзяць малышку з садзіка...

— Добра,— неяк таропка буркнула дачка, і ў трубцы запішчала. Па голасе адчуў, што ёй не падабаецца яго затрымка, нават не стала слухаць далей. Відаць, мела нейкія планы на вечар...

Касцевіч вярнуўся ў машыну прыкметна панылы, быццам разгублены.

Майская не стала ў яго ні пра што распытваць, уключыла прыёмнік. Скрыпка вяла тужлівую мелодыю.

Абое рабілі выгляд, што слухаюць музыку.

 

22

Чым болей чалавек жыве, тым усё хутчэй і хутчэй ляціць для яго час. І не толькі таму такое адчуванне, што яшчэ багата спраў застаецца нязробленых, а часу наперадзе ўсё меней і меней, а, відаць, таму, што жыццё паступова набывае прывычную рытмічную аднастайнасць. Амаль не сустракаюцца, як гэта было на пачатку дарогі, у юнацтве, розныя нечаканасці, і няма за што зачапіцца сэрцу, затрымацца, забыўшы на час і на сябе. Перадыху хапае толькі на тое, каб пашкадаваць, сумна ўздыхнуўшы: «І ляціць жа час...» І калі раптам закружыць цябе які віхор, і нават з’явіцца адчуванне, што час спыніўся, то гэта не болей як рэдкі і шчаслівы сон, які ўспрымаецца летуценным імгненнем...

Восень і зіма для Касцевіча і былі такім імгненнем.

Вядома, хапала ў яго сутычак на будоўлі — і з прарабам Бугарковым, і з аўтарам праекта. Былі прастоі, былі шумныя планёркі і нарады, але гэта даўно ўжо стала для яго прывычным, паўсядзённым, нават другарадным. На першым месцы была Майская, з якой ён забываў на свой узрост, не паглядваў на гадзіннік. Яна ледзь не кожны дзень прыязджала на будоўлю, «умыкала» яго, часта «ўмыкала» нават з якой нарады... І пакуль што такія адносіны задавальнялі іх, асабліва яго.

Здавалася яшчэ, так будзе заўсёды.

А вось аднойчы, на пачатку лета, па дарозе з будоўлі ў горад, яна падруліла свае «Жыгулі» да прамтаварнага магазіна.

— Пойдзем, пакажу табе адну цікавую рэч,— завяла яго ў магазін.— Прымерай-ка вось гэты шэры касцюм. Я даўно прыгледзела яго. Хачу падараваць табе, а то ты ходзіш у сваім чорным...

— Дзякую,— адмовіўся ён.— У мяне светлых некалькі ёсць, так што не трэба. Тым больш што ўсё роўна не змагу насіць. Пакуль.

— Ой, даруй, я забыла...— і яна адразу ж загаварыла пра іншае.

Касцевіч іменна тады, у магазіне, упершыню падумаў, што іх адносіны не змогуць увесь час заставацца такімі, якімі былі, што вось-вось павінны наступіць нейкія зрухі — пачаць жыць з Майскай адной сям’ёй ці разысціся назаўсёды.

Вось чаму ён усё часцей і часцей думаў, як яму быць далей. Як сказаць пра гэта дзецям? Ці здагадваюцца яны пра яго сувязь?

Яшчэ раней, калі ён толькі пачынаў працаваць, у дачкі часам прарываліся падазрэнні. А можа, то і не яны былі, а толькі боязь за бацьку, які раптам не вытрывае адзіноты. Але, здаецца, і дачка даўно паверыла, што ён жыве толькі сваёй працай, што яна, праца, забірае ў яго ўвесь час. Дачка і сыны чакалі, што будоўля тая хутка завяршыцца і бацька зноў будзе вольны, будзе жыць з унукамі на дачы, вызваліўшы іх ад турбот. Пра гэтае жаданне яшчэ ўзімку неяк прагаварылася Святлана, калі малая захварэла на грып і дачка была на бюлетэні:

— Ой, хоць бы хутчэй дзед будаваў свой комплекс...

Касцевіч таксама аднойчы, калі дзеці сабраліся разам у яго, сказаў пра гэта. Маўляў, пасля комплексу болей на працу не пойдзе, будзе з унукамі на дачы вырошчваць клубніцы.

А дзе яму жыць, калі яны сыдуцца з Майскай? Ісці да яе ці яна прыйдзе да яго? Ці пагодзіцца з гэтым Святлана? А калі не пагодзіцца, то як быць тады? Хай ідзе з мужам у кватэру Майскай? А што? Ёй там не будзе горш. Цяпер усе маладыя сем’і імкнуцца жыць асобна ад бацькоў. А ці будуць прыходзіць да яго дзеці, калі ў доме з’явіцца чужая для іх жанчына? Ці не абарвецца тады наогул сувязь з дзецьмі? Не, зусім не абарвецца, вядома, але такой, як цяпер, не будзе.

Адным словам, багата ўсялякіх пытанняў турбавала Касцевіча ў гэтыя дні, і ён не знаходзіў адказу на іх. Каб як заглушыць сумненні, што турбавалі яго, ён днямі прападаў на будоўлі, у душы разлічваючы, што з часам усё само сабой вырашыцца, і, магчыма, ён дарэмна загадзя турбуецца, магчыма, яшчэ ўсё застанецца так, як зараз, што было б і зусім нядрэнна.

А тым часам будаўніцтва аздараўленчага комплексу ішло да завяршэння. Асноўнае было зроблена. Заставалася паставіць сталярку, пафарбаваць яе, нанова абліцаваць мармурам тыя мясціны, дзе ад вільгаці і марозу абліцоўка пабралася пухірамі ці зусім абсыпалася, упарадкаваць тэрыторыю. Здавалася, і не багата засталося, але і часу было ў абрэз. І хоць Майская памагала будоўлі, як толькі магла, але ўсё роўна таго-сяго не хапала ці завозіліся матэрыялы не тыя, што трэба былі, а тыя, што былі ў будаўнікоў на складзе. Касцевіч з падменай не пагаджаўся, асабліва калі мянялася лепшае на горшае. І хоць гэта замаруджвала тэмпы, прыводзіла да зрыву графіка, але ён ад свайго не адступаў ні пад якім націскам.

Вось і зараз, калі прывезлі поўны грузавік сталяркі, Касцевіч абышоў машыну, агледзеў рамы, дзверы, сказаў прарабу Бугаркову, які якраз прывёў рабочых разгружаць машыну.

— Не трэба разгружаць, хлопцы. Не тая сталярка. )

— Гэта дрэнная сталярка? — папляваўшы на цыгарэту, закрычаў абураны Бугаркоў. У яго не хапала нерваў, каб спакойна размаўляць з Касцевічам, які, на яго думку, залішне ўжо прыдзіраецца.— Мы такую ставім ва ўсіх дамах горада.

— Не ведаю, што вы там ставіце,— гаварыў спакойна, нават з прыязнаю ўсмешкай Касцевіч, які ўжо прызвычаіўся размаўляць з будаўнікамі, зразумеўшы, што іх ніякім узрушэннем не проймеш,— а тут вы паставіце толькі тую, што прадугледжана праектам.

Прараб Бугаркоў замахаў рукамі:

— Не, вы мяне на той свет загоніце сваімі прыдзіркамі. Дзе я вазьму дубовую?

— Не ведаю. Мяне гэта не цікавіць. Трэба было раней заглянуць у праект і заказаць якую трэба.

— Думаеш, не заглядваў? Думаеш, не заказваў? — хадзіў кругамі вакол Касцевіча прараб Бугаркоў.— Заказвалі. Спытай у сваёй Кельмы. Але ніхто і слухаць не хоча пра дубовую...

— Мяне не цікавіць, хто вас там слухае, а хто не слухае,— спакойна даводзіў сваё Касцевіч, перакідваючы пінжак з аднае рукі на другую.— Паложана дубовая, і патурбуйцеся, калі ласка, каб яна была. Няўжо вы сур’ёзна хочаце ставіць гэтую фанеру ў мармуровы палац?

Спрачаючыся, яны і не заўважылі, як прыехаў Хурсан.

— Што за шум, а дракі нет? — вылез ён з машыны, падышоў да іх. Ён быў, як заўсёды, у светлым з блакітным адлівам касцюме.

— Таварыш Хурсан,— падляцеў да яго прараб Бугаркоў.— Убярыце з будоўлі свайго тэхнагляда, калі хочаце, каб мы ў тэрмін здалі вам комплекс. Азвярэў зусім. Ніякіх кампрамісаў. Ён што, не ведае, што цяпер без кампрамісаў ніякага грамадства існаваць не можа? Кансерватар, нібы не чуў пра перабудову. Падавай яму ўсё дэфіцытнае! Ён што, першы дзень у будаўніцтве? Давай яму дубовую! Хай за гэта дзякуй скажа. Я яе ледзь выхапіў. Давялося кінуць кладаўшчыку на бутэльку. Свае кроўныя аддаў!

— Ты давай дарэмна не мітынгуй, а адпраўляй гэту фанеру назад,— з ранейшай вытрымкай сказаў інжынер,— калі хочаш, каб я падпісаў працэнтоўкі. А будзеш займацца сваімі шахер-махерамі, напішу міністру. Мне ўжо таксама ўсё гэта абрыдла.

— Ты лепей напішы міністру, каб дубу адпусціў. А то з дзярма хочуць кулю адліць,— і, не атрымаўшы ў Хурсана падтрымкі, буркнуў: — Сам будзеш стаяць замест дзвярэй.— Затым крыкнуў шафёру: — Гані назад!..

— Вязуць сюды такое, што нідзе не трэба,— паскардзіўся Касцевіч дырэктару.— Замест нармальных радыятараў прывезлі пагнутыя, абляпаныя фарбай, і яшчэ даказваюць, што такія атрымалі на заводзе. Пытаюся, навошта бралі сапсаваныя? Маўчаць. Абліцоўку не рамантуюць, маўляў, няма мармуровай пліткі. Увосень не было куды дзяваць яе, а цяпер няма ўжо...

— Цікава, цікава,— Хурсан узяў інжынера пад руку, адвёў далей ад вагончыкаў, глыбей у лес.— Нават па тваім настроі, Мікола, адчуваецца, што мы з табой увайшлі ў шчыльныя слаі атмасферы. Пазнаю цябе, пазнаю ранейшага. Правільна. Ім што? Цяп-ляп, і паехалі, а нам з табой тут жыць... Але... Сачы, каб і тэмпаў не збаўлялі. Сарваць здачу аб’екта ніяк нельга. Выдзелены сродкі на эксплуатацыю, людзі падаюць заявы, аддзел кадраў афармляе. Сотні дзве абслугі трэба. Не так лёгка набраць столькі пры цяперашнім дэфіцыце на рабочыя рукі. Уяўляеш, калі аб’ект не здадзім у тэрмін? Катастрофа!.. Карацей, Мікола, мяне вельмі цікавіць будаўнічая гатоўнасць аб’екта. Мне здаецца, мы крыху адстаём...

— Прызнацца, ёсць,— не хаваўся Касцевіч.— Каб своечасова ўсё завозілі, а то... Бачылі сталярку? Зноў некалькі дзён у трубу. І такое ў іх часта...

— І ўсё ж, справяцца будаўнікі? Ці не?..

— Калі будуць рабіць цяп-ляп, то не...

— Можа, схадзіць у гарком?

— У мяне такое ўражанне, што пасля ўмяшання гаркома будаўнікі толькі выгляд робяць, што працуюць лепш, а на справе толькі болей мітусні... Так што... Яны ж самі разумеюць, што аб’ект трэба здаць. Лепей пагавары з Трыпузам. Няхай трохі падгоніць сваіх...

— У трэсце я буду сёння ж,— паабяцаў Хурсан.

— І пагаварыце пра сталярку.

Хурсан абяцаў пагаварыць і пра сталярку.

 

23

Майская хвалявалася.

Яны болей тыдня не сустракаліся, а Касцевіч не званіў і не паказваўся. Як знарок. Раней яго яшчэ можна было зразумець. Жалоба ёсць жалоба. Святое. А цяпер? Не, гэта пачынае ўжо надакучаць. Трэба канчаць! Туды ці сюды. А то людзі смяюцца... Урэшце, у яе не ўсё яшчэ страчана. Калі не ён, дык, можа, сустрэнецца яшчэ хто іншы. Нават маладзейшы. Але трэба пэўнасць. І хутчэй... Калі ён, Касцевіч, у бліжэйшыя дні не дасць знаць пра сябе, яна паедзе на будоўлю, «умыкне» яго і рашуча пагаворыць з ім. Яна даўно не ездзіла на будоўлю, бо ён неяк намякнуў, што цяпер там багата людзей і не зусім прыгожа афішыраваць свае адносіны. Можа, ён і меў рацыю? Ёй таксама не трэба, каб пра іх усе ведалі. Хоць бы да таго часу, пакуль усё высветліцца. Вось каб высветліць усё, яна і паедзе на будоўлю. Паедзе апошні раз. А там хай будзе, што будзе!..

У дзверы ціха пастукалі.

Так звычайна стукаў толькі Касцевіч. Няўжо ён?

— Заходзьце! — ёй хацелася кінуцца насустрач, адчыніць дзверы, але яна стрымалася. Каб схаваць узрушанасць, таропка пачала збіраць на стале паперкі і хаваць іх у шуфлядку.

Зайшоў Касцевіч, як заўсёды, у чорным касцюме, які месцамі ружавеў уедлівым цагельным пылам.

Майская прыкметна збянтэжылася яго знешнім неахайным выглядам. «Няўжо ён, акрамя ўсяго, не паважае мяне ды і сябе?» — думала яна, гледзячы на яго.

— Я да цябе, Алена Адамаўна, так сказаць, у рабочым парадку па неадкладным пытанні.

— Прашу,— усміхнулася яна аднымі вачамі, паказала на крэсла ля стала.— Слухаю.

— Што ж атрымліваецца, Алена Адамаўна? — узрушана пачаў ён.— Каго мы хочам абдурыць? У праекце адно, а на справе другое. Афіцыйна заяўляю, не дапушчу ніякага падмену. І самае крыўднае, будаўнікі спасылаюцца на цябе, маўляў, ты такое ім адпускаеш. Не магу паверыць у гэта.

— Што яшчэ здарылася?

— Замест дубовай сталяркі завезлі фанеру. Адправіў назад. Наш дырэктар быў у вашага кіраўніцтва. Абяцалі паправіць. Мінула тры дні, і ніякіх зрухаў. А часу амаль не засталося. Так вы аб’ект не здадзіцё. Афіцыйна заяўляю, я не падпішу акт, калі будзе хоць адна недаробка.

— Мяне выклікаў па сталярцы Трыпуз. Там нешта на базе нахімічылі. Але абяцалі яшчэ ўчора завезці.— Яна набрала нумар тэлефона, з’едліва спытала ў некага: — Дуб яшчэ не завезлі? Сёння не будзе сталяркі на аб’екце, заўтра раніцай у вас будзе народны кантроль, сама папрашу, каб праверылі... Так. Добра.— І, паклаўшы трубку, сказала: — Грузяць. Сёння будзе.

— Дзякую!

— У цябе ўсё?

— Пакуль,— і Касцевіч раптам паглядзеў на яе з нейкай пакутлівай пяшчотай.

— Мікола, не будзеш крыўдаваць, калі спытаю ў цябе пра нешта?

— Вядома, не.

— Чаму не скінеш свой чорны касцюм? Больш года, здаецца, мінула. І наогул...

— Што наогул?

— Ты пазбягаеш мяне,— і яна паглядзела на яго дакорліва.

— Паспрабую адказаць на пастаўленае пытанне,— змаршчыніў лоб Касцевіч.— Прызнацца, да касцюма я прывык. А потым для работы ў мяне іншага і няма. А што тычыцца таго, што пазбягаю цябе, то ты павінна ведаць, што такое, калі аб’ект перад здачай. Іншы раз на абед забываюся. Каб яшчэ вашы будавалі чэсна, а то так і глядзі, каб не схалтурылі. А потым за дзень так натомішся, што толькі б хутчэй дамоў папасці. Чэсна...

— Ой, Колечка, даруй. Думаеш, я не стамляюся? Улетку нас, забеспячэнцаў, на кавалкі разрываюць. Усім усё трэба. Часам так крыўдна становіцца, што аж хочацца каму ў прыпол паплакаць. А тут цябе няма. А я, як і ўсе бабы, такая ж дурная. Лезе ў галаву абы-што... Стамілася, Коля, я. Самае прыкрае, што ніякай яснасці.

— Прызнацца, мне таксама абрыдла гэтая каніцель. Разрываешся на кавалкі. Дзеці, ты... Добра зрабіла, што сказала. А то ў мяне ўсё не хапала рашучасці. У бліжэйшы ж час я пазнаёмлю цябе са сваімі. Збяромся, пасядзім. У мяне добрыя дзеці.

— Не сумняваюся,— уздыхнула Майская, падумала, потым папрасіла: — Толькі каб не было ні сяброў, ні суседзяў. Адны дзеці...

— І ўнукі,— дадаў Касцевіч.

— Ой, я ўсё забываю, што ты даўно дзед,— сумелася жанчына.— Прабач. То сплю, то як істэрычка якая. Адчуваю, што сёння нам без добрага чаю не абысціся. У цябе нічога болей тэрміновага?

— Акрамя сталяркі.

— Тады паедзем да мяне, усё роўна да канца рабочага дня гадзіна якая.— Яна падняла тэлефонную трубку, пачала торкаць у дыск вострым чырвоным пазногцем.— Я, дзевачкі, паехала ў міністэрства. Сёння, магчыма, не вярнуся,— паклаўшы трубку, усміхнулася.— Знікнем хутчэй, пакуль мяне не перахапілі, а то ў нас столькі ўсялякіх пасяджэнняў,— скардзілася яна, зачыняючы кабінет на ключ.

 

24

У белым у сінія кветачкі кароценькім плацці, з вялікім блакітным бантам на русявай галоўцы Марына сядзела ў крэсле і гарэзліва ківала пульхнай, загарэлай, у засохлых драпінах на каленцы ножкай, не давала абуваць сандалікі.

— Няхай дзед абуе,— капрызіла яна.

— Бачыш, наш дзядуля заняты,— ушчувала яе Святлана.— Ну вось, адну вавёрачку спаймалі, а дзе другая вавёрачка? — яна гулліва лавіла другую ножку.

— Я з дзедам пайду ў садзік,— упарцілася малая, калі маці яе абула.— Дзед, ты пойдзеш са мной у садзік?

У майцы і сінім трыко Касцевіч стаяў перад люстэркам у пярэдняй і вадзіў па шчоках электрабрытвай, прыдзірліва абмацваючы паголеныя мясціны.

— Пойдзем, Марыначка, пойдзем,— неяк мімаходзь, абыякава адказваў Касцевіч, разглядаючы сябе ў люстэрка.

— Ты лепей папрасі дзядулю, каб ён забраў цябе ўвечары,— падказала ёй маці.— Дзядуля, ты зможаш забраць нашу Марыначку з садзіка? — падрабляла свой голас Святлана пад голас малой.

— Не паспею,— не адрываўся ад люстэрка Касцевіч.

— Чуеш, Марыначка? Не зможа наш дзядуля забраць цябе. У нашага дзядулі такая работа, што яму і дня не хапае,— дакарала бацьку дачка.

— Ведаеш, Света,— бяскрыўдна адказваў ён,— сёння на комплексе прыёмная камісія. Колькі яна зойме часу, не ўяўляю. Так што не магу абяцаць.

— Чуеш, Марыначка, у дзядулі камісія, вельмі адказная работа. Не зможа дзядуля. Так што ты, Марынка, не плач там, калі крыху затрымаюся.— І ўжо не падладжваючыся пад голас малой, таропка расказвала бацьку: — У нас таксама затрымкі пайшлі. Канец месяца, штурмаўшчына, як і раней. Толькі яшчэ большая. Начальства прама над душой стаіць, давай і давай план. А малая, як спознішся, румзае. Учора мне такую сцэну ўстроіла. Я цябе не люблю, ты мяне забыла, я не пайду з табой, застануся ў садзіку, няхай мяне тут пацукі з’ядуць! Давялося адшлёпаць крыху. Немагчымая становіцца. Ці, можа, стамляецца ў тым садзіку? Іх жа там столькі, што аднаго крыку ды гаму...

— Дарэчы, ледзь не забыўся,— Касцевіч схаваў брытву ў футляр.— Перагавары з хлопцамі, калі зможаце сабрацца разам. Хачу пазнаёміць вас з адным харошым чалавекам.

— Я так і знала,— разгублена сказала Святлана. Яна стаяла ў пярэдняй з такім выглядам, нібы кінулася зрабіць нешта неадкладнае і раптам усё вылецела ў яе з галавы.

— Што знала? — не зразумеў яе спачатку Касцевіч.

— Што гэтым кончыцца твая работа.

— Ведаеш, дачушка, жыццё, яно...

— Я разумею, тата, што ўсё ад жыцця,— здавалася, Святлана ўзяла сябе ў рукі.— Мы ў гэтым жыцці як цацкі. Яно што хоча, тое і робіць з намі.— І закончыла спакойна, нават крыху павесялеўшы: — Добра, тата, я скажу хлопцам. А калі?

— Самі рашайце. Калі зможаце. Думаю, лепей у выхадны.

— Добра,— яна ўзяла за руку малую, якая стаяла ля дзвярэй і не зводзіла сваіх сініх вачэй з дзеда.— Пайшлі!

— Не хачу з табой,— хмыкала тая.

— Пайшлі! Каму сказала? У мяне няма часу,— жанчына тузанула малую.— Знайшла калі капрызіць...

— Я адвёў бы,— пашкадаваў унучку дзед.

— Няхай прывыкае хадзіць з мамай.— Яна сілком выцягнула малую за дзверы, чулася, як у калідоры адшлёпала.

— Я не люблю цябе,— прарэзліва крычала малая.

Касцевіч, прытаіўшы дыханне, прыслухоўваўся да голасу ўнучкі, аж пакуль і не стаў ён чуцен, а потым кінуўся ў спальню і праз акно яшчэ назіраў, як Святлана вяла праз двор малую, прыспешваючы яе, а тая ішла і часта азіралася на вокны кватэры...

 

25

Спачатку члены камісіі хадзілі разам. Агледзелі галоўны корпус, інтэрнат для супрацоўнікаў, кацельную. Потым разышліся. Кожны заняўся сваім.

Недзе палавіна дня і пайшла на агледзіны.

Засядалі ў адным з пакояў інтэрната, часова прыстасаванага пад прарабскую. Тут стаялі прынесеныя з вагончыка доўгія сталы і ўслоны.

Калі ўсе расселіся, старшыня камісіі Хурсан, яшчэ раз акінуўшы прыжмураным паглядам прысутных, загаварыў нетаропка, глухаватым баском, якім звычайна гаварыў на нарадах і якому звычайна не прынята пярэчыць:

— Нам, таварышы, неабходна аформіць сёння прыёмку аздараўленчага комплексу. Вы ўсе ўсё бачылі. Вядома, выявілі нейкія недаробкі. Не без гэтага. Але мне ўяўляецца, што яны настолькі дробязныя, што не толькі прыёмцы не перашкодзяць,— пры гэтым на яго твары мільганула нешта падобнае на ўсмешку,— а нават нармальнай эксплуатацыі комплексу. Дарэчы, у плане інфармацыі хачу перадаць вам думку сакратара гаркома Сяргея Пятровіча Драбыша, які лічыць, што аб’ект можна і нават трэба прыняць. Думаю, што дадзім магчымасць выказацца кожнаму члену камісіі. Пачнём па чарзе, як хто сядзіць?.. Што ж, слухаем санслужбу.

— У мяне адна заўвага,— падняўся светлавалосы юнак у квяцістай тэнісцы.— Не прамылі зліўную каналізацыю. У час ліўня яе засыпала пяском.

— Заўтра ж прамыем,— буркнуў прараб Бугаркоў, схіліўшыся над блакнотам, запісаў пра заўвагу.

— Ясна. А вы запісалі? — спытаў Хурсан у свае сакратаркі Веры Іванаўны, якую спецыяльна прывёз, каб пісаць пратакол.— Запісвайце ўсё, да драбніц... Так, паехалі далей. Здаецца, ахова прыроды? — звярнуўся ён да сівагаловага мужчыны з азызлым хваравітым тварам.

— Не завершаны ачысныя збудаванні,— заўважыў прадстаўнік аховы прыроды.

— За тры дні закончым,— паабяцаў Бугаркоў, зрабіўшы запіс у блакноце.

— Ахова працы? — глянуў Хурсан на танклявую дзяўчынку.

— Не ўсе свяцільнікі ў калідорах працуюць,— сарамліва заўважыла яна.— Не гараць вулічныя ліхтары. Зазямленне зроблена абы-як.

— Ды гэта сёння ж выправім,— зноў паабяцаў Бугаркоў.

— Та-а-ак,— задаволены Хурсан кінуў мелькам позірк на Касцевіча.— Пакуль што ўсё ідзе нармальна. Пажарнікі?

— Не ўкамплектаваны пажарны інвентар,— адказаў шыракаплечы, з кароткай дужай шыяй баксёра капітан у зялёнай гімнасцёрцы.

— Інвентар завезены, сёння будзе там, дзе трэба,— абяцаў Бугаркоў.

— Здаецца, цяпер чарга метэаслужбы? — звярнуўся дырэктар да барадатага юнака.

— У нас заўваг няма,— адказала барада.

— Архітэктура,— паглядзеў Хурсан на хударлявага хлопца з прыкметнымі залысінамі.

— Таксама заўваг няма,— адказаў прадстаўнік архітэктуры.

— Та-ак... А ў аўтараў праекта? — звярнуўся Хурсан да інжынера ў белай куртачцы.

— Усё зроблена па праекце,— далажыў інжынер.— Прэтэнзій у гэтым плане няма. Праўда, маюць месца асобныя недаробкі. Пра некаторыя тут гаварылі, а пра некаторыя не. Але гэта пытанне не наша, а заказчыка. Мы гатовы падпісаць акт.

— А што нам скажа заказчык? — з лёгкаю ўсмешкаю звярнуўся Хурсан да Касцевіча, відаць, упэўнены, што той наогул не стане нічога гаварыць.— У нас ёсць што дадаць да сказанага?

— Вядома, ёсць,— Касцевіч падняўся, глянуў на прараба Бугаркова, які ўжо сядзеў з такім асветленым тварам, нібы акт аб здачы аб’екта быў падпісаны.— Мяне здзіўляе, з якой легкадумнасцю прараб Бугаркоў абяцае ліквідаваць недаробкі. Калі ж ён гаворыць праўду, калі тых недаробак сапраўды на якія дзень-два, дык у чым жа справа?

— Ведаеце, Мікалай Мікалаевіч, у будаўнікоў, як і ў студэнтаў перад экзаменам, заўсёды не хапае аднаго дня,— засмяяўся Бугаркоў.

— Справа не ў адным дні, вось у чым галоўны сакрэт,— запярэчыў прарабу Касцевіч.— Будаўнікі свядома нас водзяць за нос. Кожнаму ясна, што тут недаробак не на дзень-два, а на некалькі тыдняў, калі не на месяц. Там, дзе абсыпаўся мармур, не абліцавалі. Запасныя ёмкасці для вады працякаюць. Дарэчы, пра іх я даўно гаварыў вам. Яшчэ мінулай восенню. Два катлы з шасці не выпрабаваны пад нагрузкай. Вядома, калі акт трэба аформіць сёння, як тут гаварылася, я падпішу яго, але пры адной умове, што ў ім будуць адзначаны ўсе недаробкі, пра якія гаварылася, і будуць указаны тэрміны іх ліквідацыі.

— Вы што, не ведаеце, калі ў акце будзе адзначана хоць адна недаробка, банк не прызнае яго і аб’ект не будзе лічыцца здадзеным? — радасць на твары прараба Бугаркова змянілася на адчай, як у чалавека, калі ён безнадзейна спазняецца: прараб лепей за ўсіх прысутных ведаў характар Касцевіча.

— А калі хочаце мець чысценькі акт, то ліквідуйце недаробкі,— са спакойнаю ўсмешкаю адказаў Касцевіч.— Тым больш што для вас гэта драбяза, як вы тут гаварылі. Некалькі дзён мы можам і пачакаць з актам. Некалькі дзён у нас яшчэ ёсць.

— А калі нам зноў аднаго дня не хопіць? — паспрабаваў пажартаваць Бугаркоў, але схаваць сваю раздражненасць яму не ўдалося, і пытанне прагучала болей дакорліва, чым жартліва.

— Вы самі сабе вызначылі такі тэрмін, мы ўсе чулі тут пра гэта,— Касцевіч глянуў на Хурсана, нібы папрасіў дазволу сесці.— У мяне ўсё.

— Для чаго тады нас сабралі? — раптам узарваўся Бугаркоў.— Толькі дзень страцілі.

— Якога вам якраз і не хапіла,— хіхікнуў нехта.

— Вы самі захацелі сёння здаць аб’ект,— адказаў яму Касцевіч.— Я гаварыў вам, не трэба спяшацца.

— Дазвольце,— падняўся прадстаўнік з аддзела аховы працы абласных прафсаюзаў.— Я хачу сказаць, што Касцевіч мае рацыю, калі не пагаджаецца. Я таксама не падпішу акт, пакуль не будзе зроблена як след асвятленне і зазямленне.

— Та-а-ак,— памуляў тоўстымі губамі Хурсан, павадзіў яшчэ болей ацяжэлым носам, потым скіраваў яго на прараба Бугаркова.— Скажыце, калі ласка, нам усім, зыходзячы з рэальных, падкрэсліваю, рэальных магчымасцей, калі зможаце ліквідаваць недаробкі? Колькі дзён вам трэба? Рэальна?

— Дзён пяць-сем,— няпэўна адказаў Бугаркоў.

— Ужо сем,— хмыкнуў Касцевіч.— А там, глядзіш, і дзесяць не хопіць.

— Ды зразумейце вы, Мікалай Мікалаевіч,— раптам узарваўся прараб Бугаркоў.— Мы ў першую чаргу самі не зацікаўлены цягнуць...

— Правільна, не зацікаўлены цягнуць, але здаць аб’ект з недаробкамі нават вельмі зацікаўлены,— спакойна адказаў яму Касцевіч.— А калі мы падпішам акт, будзеце цягнуць. Тады мы будзем ганяцца за вамі, і не адзін дзень, а месяц. Я нядаўна ў будаўніцтве, а тое-сёе паспеў зразумець,— сказаў і пачырванеў, бо ўспомніў Майскую, якая напярэдадні настойліва раіла яму ні ў якім разе не падпісваць акт, калі будзе хоць адна недаробка. «Запомні, будаўнікі па сваёй прыродзе жулікі,— даводзіла яна яму.— Праўда, у гэтым няма іхняй віны. Іх такімі зрабіла жыццё...»

— За каго вы нас прымаеце? Думаеце, у нас ужо і сумлення няма? Мы болей за вас хочам, каб было ўсё як найлепш. Вы ж салідны чалавек. Няўжо не бачыце, што засталася нейкая драбяза? — аж задыхаўся ад узрушанасці прараб Бугаркоў.— Вам жа толькі што ваш дырэктар сказаў, што комплекс можна эксплуатаваць. Дырэктар! Старшыня камісіі! Які больш за вас нясе адказнасць. Каго вы баіцеся? Што вам яшчэ трэба?

— Я нікога і ніколі не баяўся і не баюся. Запомніце гэта,— не без унутранага хвалявання, але стрымана загаварыў Касцевіч.— Я не разумею, чаму вы так хвалюецеся. Самі ж гаварылі, што засталіся дробязі, і самі наганяеце на сябе страх перад гэтымі дробязямі. Не бачу логікі, таварыш Бугаркоў. Але справа нават не ў гэтым. Мы ўсюды крычым аб выхаванні ў чалавека добрасумленных адносін да працы. А што такое якасць? Гэта і ёсць выхаванне. Па-першае, цяп-ляп не праходзіць. А па-другое, паглядзяць рабочыя на выдатна зроблены комплекс і скажуць самі сабе: вось як трэба працаваць... І яшчэ. Мы ўсе стараемся навесці парадак у будаўніцтве, а самі ж усяляк стараемся зрабіць наадварот. Да якога ж часу мы будзем маніць адзін аднаму, самі сабе? Колькі разоў я нагадваў вам пра зліўную каналізацыю? Чаго чакалі? Сёння я падпішу акт, а ноччу лівень? Тут жа ўсё затопіць вадой. Размые. Хто будзе адказваць? Вы ці я, катораму даручана сачыць за якасцю?

— Сусветны патоп будзе,— агрызнуўся Бугаркоў.

Усталявалася цяжкая цішыня.

— А наогул правільна,— у роздуме сказаў Хурсан, потым падняўся, даючы гэтым знаць усім, што ён зараз скажа пра сваё канчатковае рашэнне.— Лічу, што прынцыповую пазіцыю інжынера па тэхнагляду мы ўсе павінны не толькі вітаць, але і ўсяляк падтрымліваць. Мы добра зрабілі, што сёння сабраліся. Хоць высветлілі некаторыя балючыя праблемы. Усе мы, асабліва будаўнікі, павінны зразумець адно: праз тыдзень комплекс павінен дзейнічаць. Праз тыдзень персанал прыступае, як гаворыцца, да выканання сваіх абавязкаў. Мы не зможам плаціць ім зарплату, калі не будзе падпісаны акт. А гэта каля двухсот чалавек. Такі калектыўчык не замаскіруеш... А потым на першы заезд наш прафсаюз ужо распачаў распаўсюджваць пуцёўкі. Атрымаўшы іх, рабочыя афармляюць адпачынкі. Так што, таварышы, у вас няма ў запасе не тое што дня, а ніводнай лішняй гадзіны. Думаю, дадзім будаўнікам роўна чатыры дні, а затым збярэмся і падпішам акт, вядома, без недаробак. А вас, Мікалай Мікалаевіч, прашу зрабіць усё, што ад вас залежыць, каб будаўнікі не падвялі нас. Хоць суткамі жывіце тут. Абставіны франтавыя. Апошні штурм, так сказаць. І самы рашаючы. Запомнілі, таварышы? Праз чатыры дні ў дзесяць нуль-нуль зноў збіраемся тут. Іншых прапаноў няма?

— Не, так працаваць немагчыма,— абурыўся прараб Бугаркоў, хоць і бачыў, што яго ўжо ніхто не слухае, бо ўсе пападнімаліся са сваіх месцаў, пачалі разыходзіцца.— Такі аб’ект не прыняць! Ды яго яшчэ месяц назад можна было здаваць. У горшым стане здавалі, і нават на «выдатна». У нас яшчэ такога ніколі не было. Недаробкі... Ды каб ваш комплекс не за горадам, а так... То цвікоў няма, то людзей. Зліўную каналізацыю прамыць... А хто прамые?.. Людзі ж недзе на другім аб’екце. Іх пакуль выцягнеш адтуль, не адзін дзень патраціш...

— Ты ж абяцаў за тры дні,— толькі Касцевіч ды Хурсан і слухалі прараба.

— Тут сапраўды той работы на тры дні,— і нечакана шчыра прараб дадаў: — Калі, вядома, як след рабіць...

— Выходзіць, мой інжынер правільна гаворыць? — умяшаўся Хурсан.

— Правільна. Як па інструкцыі,— здзекліва хмыкнуў Бугаркоў.— А ў жыцці... Заўсёды прымалі такія, а потым недаробкі таго... І ў вас зрабілі б... Не першы раз, прывычнае дзела...

— Вось і дрэнна, што прывыклі не да таго, да чаго варта прывыкаць,— і Касцевіч скіраваў да дзвярэй.

— Анатоль Віктаравіч,— папрасіў Бугаркоў дырэктара.— Пагаварыце вы з Трыпузам, хай націсне на сумежнікаў. Маёй улады тут не хапае... Каб з ачыстнымі, абліцоўкай не цягнулі...

— Добра, я зараз жа заеду ў трэст,— паабяцаў Хурсан і ўжо на вуліцы, развітваючыся з прарабам і інжынерам, сказаў: — Прашу вас зрабіць усё... Менш высвятляйце, больш рабіце...

Але ехаць у трэст Хурсану не давялося. Ён толькі сеў у машыну, як з-за павароткі насустрач выехала машына ўпраўляючага трэста.

— Ну, прынялі? — замест прывітання спытаў Трыпуз, яшчэ толькі адчыніўшы дзверцы машыны.

Хурсан коратка расказаў, што адбылося.

— Баюся, што не так хутка мы прывыкнем да новых патрабаванняў,— уздыхнуў цяжка Трыпуз і паабяцаў: — Усё, што змагу, зраблю. Але я не бог, усё не гарантую... Інерцыя, псіхалогія... Яны, дарагі мой, дырэктывам не паддаюцца.— І, адышоўшыся крыху далей ад машыны, відаць, каб іх гаворкі не чуў шафёр, цішэй працягваў: — Але і вашаму Касцевічу варта было б хоць трохі быць падатлівым. Усё, што трэба, мы зробім, абавязкова зробім. Слоў няма, але... Напрыклад, з мармуровай пліткай прыйдзецца пачакаць. Яе няма. Вагон мармуру нам адправілі, але пакуль напіляць, адшліфуюць. У чатыры дні ніколі не ўкладзёмся. Відаць, варта было б на Касцевіча паўплываць...

— Баюся, не змагу.

— А ты пагавары з Майскай,— загадкава ўсміхнуўся Трыпуз і ўздыхнуў.

— Пры чым тут яна?

— А раптам паўплывае? — зноў уздыхнуў Трыпуз, нібы гаварыць пра Майскую яму было надзвычай цяжка.— Яна ж мне жыцця не давала з-за вашага аб’екта. Усё ў першую чаргу на комплекс. Думаю, такая зацікаўленасць не без падстаў. Каб не Майская, яшчэ далёка было б да здачы. Адным словам, яна паднацісне на Касцевіча, калі, вядома, захоча. Толькі ты з ёй далікатненька, каб не здагадалася, што мы з табой ведаем яе сакрэт. Яна ў нас з мухамі... Звер! — зноў уздыхнуў з нейкім прытоеным шкадаваннем Трыпуз.

— Дзякую за падказку, Іван Фёдаравіч! — у голасе ды і ў знешнасці Хурсана раптам зніклі і сляды засмучанасці...

 

26

Усе жанчыны на свеце перакананы, што галоўнае ў іх знешнасці не прываблівы твар, не вочы, прыгожыя і загадкавыя, нават не постаць, а — прычоска. Прычоска, якая табе падыходзіць,— гэта ўсё.

Майская не была выключэннем.

Яна яшчэ ў той дзень, як перагаварыла з Касцевічам, вырашыла, што надзене, калі паедзе знаёміцца з яго дзецьмі, а вось якую зрабіць прычоску, ніяк не магла прыдумаць. Ці не было ў яе дастатковага вопыту ў гэтым, ці занадта патрабавальная была да сябе? Можа, нават болей, чым трэба было.

Яна сядзела за сталом у сваім рабочым кабінеце і малявала ўзоры прычосак — прамыя, кудлатыя, стаўбунатыя, з начосамі і без начосаў,— прыкладвала іх да свайго фотаздымка і ўсё ніяк не магла знайсці такую, якая б ёй спадабалася.

Раптам нехта пастукаў у дзверы. Ціха, але настойліва. Касцевіч стукаў з большай далікатнасцю. Значыцца, не ён... Яна не паспела схаваць свае эскізы ў шуфлядку стала, як дзверы адчыніліся...

— Дазвольце? — Хурсан усміхнуўся не толькі сваімі цяжкімі тоўстымі губамі, а і вачамі, носам, які аж змаршчыніўся і прыўзняўся, нібы да чаго прынюхваўся, тварам, і нават усёй сваёй постаццю ў светлым касцюме, схіленай так, што здавалася, не трымайся ён за ручку дзвярэй, яму цяжка б было захаваць раўнавагу. Украдліва, бясшумна, як кот на мяккіх лапах, падышоў да стала, паклаў перад жанчынай букецік кволенькіх лясных званочкаў.— Вам прывітанне з лесу.— І толькі цяпер, заўважыўшы на жаночым твары незразумелыя яму здзіўленне, разгубленасць, папрасіў прабачэння: — Даруйце, можа, не ў час уварваўся?..

— Што вы? Што вы? — першапачатковая разгубленая ўсмешка Майскай змянілася ўстойлівай, стандартнай службовай усмешкай, вельмі падобнай на ўсмешку Хурсана.— Прашу садзіцца. Мне прыемна бачыць вас у сябе...

— Дзякую! — Хурсан сеў на хісткае крэсла, што стаяла ля стала, спыніў свой прыліпчывы позірк на жанчыне.— Ёсць гаворка, Алена Адамаўна. Далікатная, так сказаць...

— Слухаю,— яна аблакацілася на стол, зморшчыла ў глыбокай засяроджанасці лоб, прыжмурыўшы карыя вочы.

— Я ведаю, Алена Адамаўна, мне пра гэта гаварыў сам Трыпуз, як вы багата зрабілі для нашай будоўлі.

— Нічога асаблівага я не зрабіла,— насцярожылася Майская.— Я рабіла толькі тое, што павінна была рабіць згодна са сваімі службовымі абавязкамі.

— Я разумею, разумею,— засмуціўся Хурсан, але толькі на нейкае імгненне, так што нават праніклівая Майская не заўважыла гэтага засмучэння, а потым працягваў, нібы ў роздуме: — Я якраз пра гэта і гавару, Алена Адамаўна. І ўсё ж я мушу сказаць,— яго вусны варухнуліся ва ўсмешцы,— бачыў, што вы рабілі не толькі ўсё, што паложана, а часам і крышачку болей. Магчыма, тут і не ваша заслуга, а майго настырнага інжынера, які часта прасіў дапамогі ў трэсце, у тым ліку і ў вас, як у найбольш чулага работніка, найчасцей сустракаў разуменне. Я для чаго ўсё гэта гавару, Алена Адамаўна?.. Калі ў вас знойдзецца для мяне хоць мінутка, я тое-сёе раскажу. Пастараюся хутка. Я заўсёды цаніў у Касцевіча прынцыповасць, цвёрдасць характару, дакладнасць, карацей, той максімалізм у адносінах у першую чаргу да сваіх паводзін і да справы, які цяпер далёка не ў кожнага сустрэнеш. Я ведаю яго яшчэ са школы. Ён і ў юнацтве быў такі. Правільны, недзе наіўны, светлы, верыў у ідэалы. Ён і застаўся такі, ён і цяпер адтуль, з юнацтва. Мы жылі з ім у дзяцінстве на адной вуліцы. Як ні дзіўна, а ён з тае пары не змяніўся. Ва ўсялякім разе, мне так здаецца. Дарэчы, іменна гэта я заўсёды ў ім і цаніў. І вось цяпер раптам сутыкнуўся з такой сітуацыяй, калі яго максімалізм перашкаджае. Аказваецца, у жыцці трэба быць часам і больш гібкім. Уяўляеце, усе члены прыёмнай камісіі гатовы былі падпісаць акт, а ён адзін не. Больш таго, выступіў так, што потым і іншыя завагаліся, выказаліся таксама супроць. І ўгаварыць яго немагчыма. Ды я і не стаў яго ўпрошваць. Не маю маральнага права патрабаваць, каб ён адмовіўся ад таго ў сабе, што больш за ўсё якраз і цаніў і цаню ў ім... Я тут таксама крыху вінаваты. Раней не падумаў пра магчымасць такой сітуацыі. Яго проста не трэба было ўключаць у камісію. Але цяпер гэтага ўжо не паправіш. А ў той жа час нельга дапусціць, каб акт не падпісалі. Яго абавязкова трэба падпісаць. Аб’ект павінен быць здадзены. У тэрмін. Гэта трэба трэсту, гэта трэба яшчэ болей, не буду хавацца, заводу. Вось я і падумаў, Алена Адамаўна, паколькі вы заўсёды памагалі, калі да вас звяртаўся Касцевіч з самымі рознымі просьбамі, то... Не, не падумайце толькі, што я хачу, каб вы ўгаворвалі яго. Я якраз пра іншае. Ці не змаглі б вы, Алена Адамаўна, з аднаго боку, ад імя трэста запэўніць яго,— ён вам паверыць,— што недаробкі сапраўды ліквідуюцца ў самыя сціслыя тэрміны, а з другога, тут, у трэсце, паднаціснуць на таго-сяго, узяць, так сказаць, пад непасрэдны кантроль. Зразумейце мяне, Алена Адамаўна, правільна. Я доўга вагаўся, пакуль адважыўся звярнуцца да вас. І калі звярнуўся, значыцца, проста не знайшоў іншага выйсця.

— Я магу толькі павіншаваць вас, што ў вас працуе такі прынцыповы інжынер,— усміхнулася Майская, і яе казённая ўсмешка раптам змянілася вінаватай, жывой.— Я толькі не ведаю, як магу паўплываць на яго, калі ён такі. Вы сябра і то...

— Я ж вам растлумачыў, чаму не магу... Але я абяцаю ў шапку не спаць, пастараюся са свайго боку што-небудзь прыдумаць. Але і вы... Упэўнены, без вашай дапамогі не абысціся...— Ён памаўчаў, не пачуўшы ад жанчыны нічога суцяшальнага і не ведаючы, што яшчэ сказаць, падняўся, зрабіў некалькі крокаў, ля дзвярэй спыніўся, спадзеючыся, што Майская ўсё ж яшчэ што-небудзь скажа яму.

— Магу прызнацца вам па сакрэту.— Ёй быццам стала шкада Хурсана.— Я вельмі хачу, каб мой родны трэст выканаў план і ў гэтым квартале.

— Дзякую! — і Хурсан развітаўся.

 

27

Касцевіч нават не ўяўляў, як сустрэнуць Майскую яго дзеці. Мяркуючы па тым, як аднеслася да яго просьбы дачка,— яна так і не змагла тады схаваць раздражненасці, незадаволенасці,— не вельмі ўзрадуюцца. Але потым ні дачка, ні сыны, з якімі ён не адзін раз бачыўся, нічым не выдалі свайго настрою. Быццам бы нічога і не ведалі. Калі сыны прыходзілі са сваімі дзецьмі, а яны прыходзілі ледзь не кожны вечар, разам пілі чай, размаўлялі, яны былі такімі, як і заўсёды. І Святлана паводзіла сябе якраз так, як і яе браты. Але ён, Касцевіч, быў перакананы, што дзеці ведаюць усё. А вось чаму робяць выгляд, што нічога не ведаюць, чаму маўчаць, гэта было незразумела. Маглі ж пацікавіцца ў яго, хто яна, адкуль? А можа, ім усё роўна, хто яна. Дык не можа быць. Ім жа далёка не ўсё роўна, захаваюцца ў іх такія ж адносіны, якія былі цяпер, ці не. Каб ведаць, парушыць іх новы чалавек ці не, трэба ведаць таго чалавека. А ў іх ніякай цікавасці. Значыцца, не ведаюць нічога, ці ведаюць, ды ім усё роўна, бо ўпэўнены, што ніхто не зрушыць таго, што ёсць. Ці не даражаць сям’ёй? Хоць пра якую сям’ю гаворка? Сыны жывуць даўно сваімі сем’ямі. Можна толькі гаварыць пра пачуцці роднасці, дружбы, адчування неабходнасці часта бачыцца, імкнуцца быць разам. Не, ад гэтага яны не думаюць адмаўляцца, гэтым яны даражаць. А можа, яны проста перакананы, што чужая жанчына, хто б яна ні была, не ўнясе ніякага разладу ў іхнія адносіны. Вераць свайму бацьку, вераць сабе?.. А раптам не вераць? Чаму нічым не выдаюць свае ўстрывожанасці? Не, за ўсім гэтым нешта хаваецца. А што?

Зусім жа нядаўна, меней месяца назад, калі была гадавіна па жонцы, калі за жалобным сталом сабраліся дзеці, унукі, а таксама прыйшлі Хурсан і Шэлег, калі пагаварылі пра нябожчыцу столькі, колькі і гавораць у такіх выпадках, яшчэ потым доўга сядзелі за сталом, разгаварыўшыся наогул пра жыццё-быццё. Здаецца, Шэлег тады сказаў, што для тых, хто нарадзіўся ў вайну, для дзяцей вайны, вайна яшчэ не скончылася. Яна доўга трымала сваіх ахвяр у холадзе і голадзе, і калі не забрала іх у свой час, дык толькі таму, што ў яе і без таго было багата ўсялякіх невясёлых спраў, а вось цяпер, праз дзесяткі гадоў, яна пачала падбіраць сваіх дзяцей. Яго перабіў Хурсан: маўляў, хопіць пра сумнае, ёсць жыццё, якое працягваецца, ёсць Касцевіч, іх даўні сябра, у яго ёсць дзеці, ёсць вясёлыя непаседы ўнукі, карацей, ёсць прыгожая дружная сям’я, якая, дарэчы, акрамя ўсяго, мацуецца і светлай памяццю па нябожчыцы. І зараз мы, сябры, павінны зрабіць усё, каб яшчэ лепей жылося гэтаму дружнаму сямейнаму калектыву. І тады ж Хурсан сказаў, што нядрэнна было б ім набыць аўтамабіль, што ў іх на заводзе такія-сякія ліміты ёсць, адным словам, яны змогуць прадаць Касцевічу без усялякае чаргі, тым больш ён мае на гэта права, які-небудзь легкавічок. А чым дрэнна? Пасадзіў сваіх карапузікаў на машыну і паехаў на дачу. І назад у любы момант. Ні ад кога не залежыш.

— Можа, купім? — спытаў Касцевіч у дзяцей.— Прызнацца, я неяк сам пра гэта думаў. Можа, асілім калектыўна?

Касцевічу сапраўды хацелася набыць машыну. І не толькі з-за дачы. А яшчэ і з-за таго, каб не адчуваць сябе прыніжаным перад Майскай з яе зялёнымі «Жыгулямі». І ён бы купіў, каб хапала грошай.

— Не трэба нам яна,— разважліва запярэчыў старэйшы сын Ігар.— Колькі нас усіх? З малымі больш дзесятка. За два рэйсы не завязеш. А потым некага першым завезлі, некага апошнім. Незадаволенасць, крыўда, зайздрасць. І з-за чаго? З-за нейкай бляшанкі на колах. А так усе разам. У аўтобус ці на электрычку. А захочацца на машыне, можна і таксі ўзяць. А потым, чыя гэта будзе машына? Купляць жа, як я зразумеў, разам будзем. Не, уласная маёмасць, як паказвае гісторыя, яшчэ ніколі не мацавала дружбу паміж людзьмі...

Яго тады болей уразіла цвярозая і нейкая занадта ўжо спакойная разважлівасць сына, чым яго клопат пра захаванне дружбы і цеплыні ў іхняй сям’і. Ды той клопат у атмасферы агульнага жалобнага настрою ўспрыняўся натуральна, не выклікаў ніякіх супярэчлівых думак у Касцевіча. Гэта ён цяпер, калі задумаўся, як жа сустрэнуць яго дзеці чужога чалавека, успомніў пра разважанні сына. Дарэчы, запярэчыў бацьку тады не толькі старэйшы, а і малодшы, Вадзім. Праўда, у таго быў іншы клопат: «Што ж, патрацім усе свае зберажэнні на машыну, а то яшчэ і ў даўгі пазалазім, а потым не зможам нікуды паехаць, сядзі, як ланцугом прыкуты, на тым садовым пятачку. Мы ж маладыя, хочацца свету пабачыць».

І атрымлівалася, што дзеці нібы былі за захаванне тых адносін, якія ўсталяваліся паміж імі, і ў той жа час кожны з іх думаў толькі пра сваё. А Святлана з мужам наогул хочуць набыць самі машыну, пра іх памкненне Касцевіч даўно здагадваўся. Атрымоўвалася нейкая супярэчлівасць. І ўсё ж нягледзячы на гэта, адчувалася, што ў дзяцей была свая агульная пазіцыя, свае погляды, якія часам не супадалі з бацькавымі. Відаць, ёсць, ва ўсялякім разе, павінна быць, у іх агульная думка і наконт Майскай. А паводзяць сябе так, быццам нічога не ведаюць. Ні «за», ні «супроць». Што за гэтым хаваецца? Іхняя згода — усё ж яны не могуць не лічыцца з бацькавым жаданнем — ці поўная нязгода? Толькі ў такіх выпадках можна быць такімі абыякавымі. А можа, наогул у іх поўная абыякавасць да таго, што ён робіць? А чаму б і не? У кожнага свае мэты, інтарэсы. Пакуль жыла маці, пакуль жыве ён, бацька, праяўляецца нешта агульнае, а потым... А можа, яны ўспрынялі навіну, як звычайную заканамерную з’яву? Можа, і так... Але ў любым выпадку павінны былі праявіцца іх адносіны да яго намеру. А можа, яшчэ праявяцца?

Урэшце, Касцевіч не вытрымаў і пацікавіўся ў дачкі, ці гаварыла яна што братам?

— Канечне,— яна адказала так спакойна, нібы для ўсіх іх і ў першую чаргу для яе, Святланы, гэта было самай будзённай з’явай, быццам ішла гаворка схадзіць у гастраном ці не.

Адказ дачкі ніколькі не супакоіў Касцевіча, а яшчэ болей узрушыў: ён не верыў у абыякавасць сваіх дзяцей. А потым, гэтая абыякавасць, хай сабе, магчыма, і толькі знешняя, недзе крыўдзіла яго і нават абражала. Ён з вялікай трывогай і хваляваннем чакаў прызначанага для знаёмства дня. І не без падстаў.

У нядзелю раніцай, спехам згатаваўшы сняданак, Святлана сабралася ісці з малой.

— Ужо не вернешся? — пацікавіўся Касцевіч.

Ён якраз умыўся і выціраў твар, які крыху шчымеў пасля таропкага галення.

— Відаць, не,— паспешліва адказала тая.— Паедзем, трэба ж там усё падрыхтаваць.

— Усе разам?

— Не ведаю... Можа, хлопцы ўжо і паехалі. Яны хадзілі на базар, куплялі ўсё. Я зараз да Ігара, а там відаць будзе.— І, тузануўшы за руку малую, якая ўпарцілася, не хацела ісці з маці, хацела застацца з дзедам.— Пайшлі, дзед нас зараз дагоніць.— І ляпнула дзвярыма.

А Касцевіч, паснедаўшы, адпрасаваў свой светлы касцюм, які ўжо некалькі гадоў вісеў у шафе без ужытку, падабраў кашулю,— яе таксама давялося адпрасаваць,— гальштук, усё гэта павесіў на спінку крэсла, прынёс знізу газеты, усеўся ля журнальнага століка і пачаў іх глядзець, зрэдку цікуючы на гадзіннік, які, здавалася, занадта ўжо хутка цікаў чырвонай секунднай стрэлкай. І хоць у газетах сёння для яго нічога цікавага не было, ён усё ж праседзеў за імі некаторы час, потым адзеўся і, ужо выходзячы з залы, быццам на развітанне, глянуў на сцяну, дзе вісеў партрэт нябожчыцы. Партрэта не было, толькі пацямнелая пляма на абоях сведчыла, што ён яшчэ нядаўна вісеў тут. Дзе ж ён? І калі знік? Відаць, Святлана зняла яго. Навошта? Няўжо яна падумала, што ён хоча выкінуць з памяці іх маці? Ён памкнуўся быў пашукаць партрэт і павесіць яго на месца, але часу ўжо амаль не заставалася. Замкнуўшы кватэру, паспяшаўся на тралейбусны прыпынак, куды павінна была пад’ехаць Майская,— так яны дамовіліся.

Касцевіч нецярпліва хадзіў па тратуары, паглядваючы ў канец вуліцы, адкуль павінна была з’явіцца зялёная легкавушка. Раптам зусім побач скрыганула тармазамі жоўтая «Волга». З таксі выйшла Майская, спынілася, трымаючыся рукой за адчыненыя дзверцы. Яна была ў лёгкім белым плацці, у белых басаножках. Валасы, гладка зачасаныя назад, сабраныя на патыліцы ў тугі вузельчык, перашчыкнутыя белым матузком, адкрывалі круты мужчынскі лоб. І ва ўсім яе вобліку было нешта юнае, нешта ад учарашняй школьніцы. Так яна і выглядала з той адлегласці, на якой яшчэ не відаць танюсенькай сетачкі вакол вачэй, ледзь прыкметных маршчынак пад вушамі, а галоўнае, апушчаных, як крыху абвялых куточкаў губ, хоць апошнюю адзнаку свайго ўзросту яна хавала густой бэзавай фарбай і пастаяннай усмешкай. Наогул, яна трымала сябе насцярожана, прыкметна разгублена, нібы ўпершыню ў сваім жыцці прыйшла на спатканне.

Касцевіч які момант таксама разгублена глядзеў на яе, быццам не пазнаваў.

— Ой, а я гляджу і думаю, ты ці не ты,— яна зрабіла крок да яго.— Ты і не ўяўляеш, як ідзе табе ўсё светлае. Зусім іншы чалавек.

— А я прыглядаюся да зялёнай машыны, а таксі і не заўважыў,— падаўся ёй насустрач.

— А я не захацела сваю браць, каб дзеці твае не падумалі, што іх бацька жэніцца на машыне,— і засмяялася так шчыра, што Касцевіч не паспеў і пакрыўдзіцца на яе. І ўжо ў машыне, калі яны ўмасціліся на заднім сядзенні побач, спытала: — Гэта табе захацелася знаёміць на дачы?

— Дзеці.

— А дзе яны?

— Яшчэ раней паехалі,— неяк вяла адказаў Касцевіч. Яна адчула, што ў яго зараз няма асаблівай ахвоты гаварыць пра дзяцей, і болей за ўсю дарогу пра іх не пыталася.

— Во ледзь не забылася,— нібы спахапілася Майская.— У мяне ёсць невялічкая службовая размова. Амаль афіцыйная. Можа, пагаворым зараз, а то потым не захочаш гаварыць са мной афіцыйна,— яна прытулілася да яго пляча шчакой, заглянула ў твар.

— Калі невялічкая, то можна,— ціха сказаў ён.

— Мне хочацца паабяцаць ад імя трэста, што ўсе недаробкі на комплексе будуць ліквідаваны праз некалькі дзён пасля падпісання акта... Ведаеш, я ўсё ж патрыёт свайго трэста, застануся ім, калі стану і тваёй жонкай. Люблю яго і, між іншым, веру ў яго, а галоўнае, не хочацца губляць прагрэсіўку ў гэтым квартале, што можа адмоўна адбіцца на нашым сямейным бюджэце... Ну, што спахмурнеў?

— Разумееш, справа нават не ў недаробках,— раздумліва пачаў ён.— Не сумняваюся, што і ў трэсце людзі сур’ёзныя, сваё слова стрымаюць, ва ўсялякім разе зробяць, каб яго стрымаць. І, урэшце, якая розніца, дзень раней, дзень пазней? Драбяза для гісторыі... Мы ж узяліся навесці парадак. І правільна, што ўзяліся. І самі ж парушаем яго. Я чэсна служыў, цяпер стараюся чэсна працаваць, а мяне прымушаюць, не, не ты, не Хурсан, не нехта яшчэ, а як гаворыцца, абставіны, ісці супраць сябе... Падпісаць акт для мяне азначае — растаптаць у сабе нешта такое, без чаго ўжо я не я. Быццам мяне хочуць падмяніць. Каб я стаў іншым. Абавязкова ўсім хочацца ад мяне нечага такога, чаго я не магу. Я не магу перамяніцца... Разумееш? Як табе растлумачыць? Калі я падпішу акт, я перастану паважаць сябе, я страчу сябе.

— Нічога, са мной ты не страціш сябе, а яшчэ знойдзеш,— засмяялася Майская.— Будзем, Мікола, лічыць, што я толькі перадала думку трэста.— І каб Касцевіч хутчэй забыў гэтую яўна для яго непрыемную гаворку, яна цішэй загаварыла пра іншае.— Ведаеш, пра што я раніцай падумала? Ці не паехаць нам у якое падарожжа? Вакол зямнога шарыка, напрыклад, на цеплаходзе? Праўда, ты гэты шарык некалькі разоў агібаў за службу, але пад вадой. Нічога не бачыў. А так хоць пабачыш. А галоўнае, пабудзем адны. Так хочацца, каб побач нікога знаёмага. А то гэтыя знаёмыя, работа не даюць нам не тое што зблізіцца, зразумець, а адчуць адзін аднаго. Мы, як тыя більярдныя шары, адзін аб адзін трэмся, стукаемся, а ўсё роўна паасобку. А хочацца, каб як дзве кроплі вады. Яны ж, кроплі, як наблізяцца адна да адной, так і зліваюцца ў адну, непадзельную. Было дзве, а стала адна. І назаўсёды. Вось так каб і ў нас...

На высокай лясной паляне, быццам цацачныя, без усялякага парадку, калі глядзець на іх здаля, стаялі садовыя домікі. Зблізку ж былі відаць вузкія вуліцы, зацененыя маладымі дрэўцамі, кустамі, якім, відавочна, было цесна на невялічкіх участках, і цяпер яны пнуліся на волю. Машыну хвастала духмяным голлем апарэчак, дзябёлымі блакітнымі калючкамі абляпіхі, так цэлілі стукнуць чырванабокім яблыкам маладыя яблынькі, якім болей за ўсіх удалося адарвацца ад зямлі, узняцца кучаравымі загушчанымі кронамі над густой зелянінай...

Дамок Касцевіча быў яшчэ зусім аголены, адкрыты ўсім вятрам. У адчыненых вокнах калыхаліся белыя лёгкія фіранкі. Зелянелі роўныя, як пад лінеечку зробленыя градкі, на якіх іголілася цыбуля, кучаравіліся кусцікі памідораў, шамацеў аслабленай плёнкай нізкі парнічок, поўны агурочнай націны. Там-сям прывязаныя белымі матузкамі да высокіх калкоў тырчалі дубчыкі яблынь і груш.

Не даехаўшы крыху да доміка, машына спынілася: якраз на дарозе ў кучы ляжалі нейкія абрэзкі дошак, цэгла, мяшкі з-пад цэменту — сляды нядаўна завершанага будаўніцтва.

— Нават па градках відаць, што гаспадар былы ваенны,— Майская абмінула будаўнічы друз, здавалася, не заўважыўшы яго.

Над дзвярыма на веранду вісеў кавалак шпалераў, на якім вялікімі крывабокімі літарамі — пісаў нехта з малых — было накрэмзана: «У адстаўку ідуць ваенныя, а наш дзед — ніколі!»

— Во даюць! — усміхнуўся Касцевіч, азірнуўшыся.— Фантазёры...

— А дзе ж яны, твае фантазёры? — пацікавілася Майская.

— Можа, у хаце...

Касцевіч адчыніў дзверы, прапусціў першай жанчыну, сам крыху затрымаўся, выціраючы ногі аб невялічкі касматы дыванчык у парозе.

Майская, расхінуўшы з каляровай саломкі в’етнамскую фіранку на дзвярах і не паспеўшы яшчэ заглянуць у зальчык, паспешліва павіталася:

— Добры дзень вам!

Не пачуўшы нічога ў адказ, заглянула ў пакой, а потым у нейкай разгубленасці азірнулася на Касцевіча.

— Нікога няма?..

Зайшоўшы ў зальчык, Касцевіч таксама спыніўся, нічога не разумеючы.

На стале, засланым белым абрусам, зелянелі ў місачках салаты, чырванелі памідоры, ляжала каўбаса, сыр, стаялі бутэлькі каньяку, шампанскага, мінеральнай вады і дзве чыстыя талерачкі з відэльцамі і нажамі для іх, два кубкі — толькі на дваіх.

На сцяне, паміж вокнаў, вісеў партрэт нябожчыцы, той самы, што раней вісеў у кватэры. Падалося, жанчына з партрэта са здзіўленнем і з непадробнай цікавасцю разглядала стол і іх, раптам прыціхлых, разгубленых.

Перад партрэтам знізу мацаваўся букецік руж. Кветкі былі зусім свежыя, з празрыстымі, як слёзкі, расінкамі на пялёстках.

— Можа, пайшлі нас сустракаць ды размінуліся? — яшчэ нічога не разумела Майская.

Касцевіч, адчуўшы пад грудзінай тупы непрыемны боль і нечаканую млявасць у нагах, прысеў на ўслон, аблакаціўся адною рукою на стол, глянуў на Майскую, на твары якой, здавалася, знямела ветлівая ўсмешка, якую яна падрыхтавала для яго дзяцей.

— Не будзе іх,— сказаў ціхім вінаватым голасам.— Не прыйдуць.

— Не хочуць знаёміцца? — здзівілася Майская.

Касцевіч не адказаў.

— Хацелі абразіць мяне?.. Яны ж мяне ў вочы не бачылі,— дакорліва гаварыла жанчына, і яе словы, як цвікі, калолі ў скроні Касцевічу.— Не, не мяне яны абразілі. Цябе. Але за што? Чым ты іх так пакрыўдзіў? Толькі і думаў пра іх, толькі тое і рабіў, што клапаціўся пра іх... Канечне, свая нянька — вельмі зручна,— і ў голасе яе раптам прарэзалася здзеклівасць.— Ці табе, можа, гэтая роля падабаецца? Але запомні, як толькі малыя падрастуць, ім нянька не трэба будзе. Дарэчы, я думала, у цябе лепшыя дзеці.

Касцевіч прысеў на крэсла, неяк механічна дастаў насоўку, выцер вочы, якія раптам зашчымелі, нібы трапіў у іх пясок, паспрабаваў усміхнуцца жанчыне.

— Не, не тое, што ты гаворыш, у іх, не тое. Яны проста не ведаюць жыцця,— першапачатковая збянтэжанасць прайшла, і ён гаварыў далей больш разважліва: — У іх зусім іншае ўяўленне пра жыццё, чым у нас. Яны думаюць, што галоўнае тое, чым яны жывуць, да чаго яны імкнуцца. Мы таксама такія былі. Мы жылі для сваіх дзяцей, яны для сваіх. А ўсё астатняе — другараднае. Яны ўсё зразумеюць, калі атрымаюць ад сваіх дзяцей тое, што мы атрымалі ад іх. А пакуль яны сляпыя. Так што даруем ім, Алена, не будзем судзіць іх строга. Яны яшчэ сваё атрымаюць...

— Цікава,— хмыкнула Майская,— ніколі не чытаў Біблію, а загаварыў...

— Як бацька,— цяпер і ён усміхнуўся.— А потым яны помняць маму. Яны жылі з ёй болей, чым са мной. Я дома бываў рэдка. Як госць. А яна ўсё з імі, з імі. Аддала ім усё. І сваё здароўе, і сваю будучыню. Яе ж пасля універсітэта пакідалі ў аспірантуру. А яна адмовілася, кінула ўтульную гарадскую кватэру, бацькоў, якія працавалі ў міністэрстве, паехала са мной. Спачатку жылі ў невялічкім пакойчыку, у якім ледзь мясціўся ложак. Пасёлак наш стаяў сярод скал, здавалася, на краі зямлі. Працаваць не было дзе, ды і дзеці. А іх неўзабаве было трое... У апошні час марыла пра свой садзік, пра свой кветнік... Калі адыходзіла, папрасіла, каб да апошняга не цураўся дзяцей. Дзеці гэта ведаюць,— ён гаварыў і не адрываў вачэй ад чорнага сучка ў падлозе, які крыху вытыркнуўся і мог выскачыць, калі хто зачэпіць яго нагой, і тады ў падлозе будзе дзірка...

— Ну што ж, шкада, што мне не ўдалося пазнаёміцца з такімі цудоўнымі дзецьмі,— уздыхнула Майская, а затым заклапочана спытала: — У вас тут электрычка ходзіць ці які аўтобус?

— Ды ты што? — спачатку не зразумеў яе Касцевіч.— Вось пасядзім...

— Не,— яна мелькам глянула на партрэт на сцяне.— Застанешся ці праводзіш мяне?

 

28

Першым ішоў па доўгім калідоры аздараўленчага комплексу Драбыш. Ён быў у белай тэнісцы з кароткімі рукавамі, пад гальштукам — гальштук бэзавы з чырвонай палосачкай,— у каляных джынсах. Яго новыя, відаць, падкаваныя чаравікі гулка пастуквалі па паркеце. За ім услед у светлым, як заўсёды, касцюме, стараючыся не толькі не адстаць, а нават крышачку быць наперадзе, каб бачыць выраз твару ў сакратара, хутка перабіраў кароткімі нагамі Хурсан...

Крыху адстаючы ад іх, крочыў Касцевіч. Ён нават не прыслухоўваўся, пра што гаварылі там наперадзе, паглядваў на сцены, падлогу, столь так, нібы адшукваў у іх нікім яшчэ не заўважаныя заганы.

Але Драбыш, здавалася, не заўважаў як прывязанага Хурсана, а кожны раз, як узнікала ў яго якое пытанне, прыпыняўся, чакаў Касцевіча. І тады Хурсан, стомлена апусціўшы цяжкі нос і крыху растапырыўшы непадатлівыя губы, стаяў напагатове, каб адразу ўмяшацца ў гаворку, калі раптам Касцевіч запнецца.

— Не будзе холадна ў апартаментах? — цікавіўся Драбыш, заглядваючы праз дзверы ў змрачнаваты пакой, бо вокны яго былі прыцемненыя соснамі.

— Сантэхнікі сцвярджаюць,— адказваў Касцевіч,— што цяпла хопіць. Праўда, я ім не веру. Калі выпрабоўвалі сістэму, тэмпературу вады ў трубах не змаглі падняць вышэй сямідзесяці градусаў. Для зімы малавата. А калі ўлічыць, што пакой з паўночнага боку...

— Не павінна, не павінна,— спяшаўся Хурсан.

Калі яны, абышоўшы ледзь не ўсе калідоры і заглянуўшы ледзь не ў кожны пакой, выйшлі з сырога, прапахлага цэментам, мокрымі абоямі і фарбамі памяшкання, Драбыш спыніўся на ганку, весела агледзеў сваіх спадарожнікаў.

— Што я вам скажу? Комплекс выдатны. Гадоў колькі яшчэ назад пра такі і не марылі. Збудаванне заўтрашняга дня. І хацелася б да чаго прычапіцца, ды няма да чаго. Праўда, з драбязы тое-сёе недароблена, але... драбяза таму і называецца драбязой, што яна фактычна не перашкаджае нам. Адным словам, сябры мае, шчыра шкадую, што адгуляў свой адпачынак, а то абавязкова прыехаў бы сюды,— ён паглядзеў на Касцевіча, у вачах Драбыша раптам з’явілася тая пранізлівая вастрыня, якая звычайна і выдзяляе кіруючых таварышаў сярод звычайных людзей.— Але больш за ўсё мяне ўразілі асабіста вы. Я тое-сёе ведаю пра вас, пра вашу службу на флоце, пра ваш гераізм, але сёння ў мяне ўражанне такое, што нібы вы ўсё жыццё толькі тым і займаліся, што будавалі... Гэта першая будоўля ў вас?

— Так точна.

— А наогул цікава,— усміхнуўся сакратар яго гэтаму «так точна»,— як адчувае сябе чалавек пасля працяглай ваеннай службы на грамадзянцы. Што болей кідаецца ў вочы?..

— Шчыра? — варухнуў тонкімі вуснамі Касцевіч, усміхнуўся.

— Толькі шчыра,— засяродзіўся тварам Драбыш.

— Кідаецца ў вочы незразумелае жаданне многіх як мага меней рабіць. Нібы нехта іншы за нас усё зробіць. Багата неарганізаванасці, блытаніны, безадказнай мітусні. Канкрэтную работу падмяняюць балбатнёй. І даволі паспяхова. Як у Бібліі... Спачатку было слова. Розніца толькі ў тым, што там за словам была справа — усявышні ствараў сусвет, а тут — новыя словы...

— Як па Бібліі гаворыце? — сцяў вусны Драбыш.— Дарэчы, у Бібліі, калі не памыляюся, далей гаворыцца: «Без яго, слова, нічога не пачалося быць, што пачалося быць». Некалі лекцыі па атэізму чытаў, так што тое-сёе запомніў. Між іншым, у арміі таксама ўсё пачынаецца са слова. Праўда, там яго называюць камандай, загадам...

— Там, дарэчы, каманду, як правіла, выконваюць. А тут чым болей гавораць пра якую справу, тым меней самой справы. Як гэта балбатня называецца афіцыйна? Паказухай, дэмагогіяй?

— Паболей бы такой паказухі! — усклікнуў Драбыш і з непадробнай узнёсласцю паказаў рукамі на комплекс, нібы хацеў абняць яго, потым засмяяўся і, не зважаючы на Хурсана, падхапіў пад руку Касцевіча, спусціўся з ім па прыступках, скіраваў да свае машыны.— Аказваецца, жыццё, Мікалай Мікалаевіч, вельмі складаная штука. Ніколі не ведаеш, адкуль чакаць падвоху. Як вось і зараз. Будаўнікі ў горадзе папрацавалі выдатна. Як ніколі. А вось гэты прыгажун,— ён праз плячо азірнуўся на будынак,— і падсыпаў нам пясочку ў буксы. Іменна, пясочку. Нейкай драбязы. А ў выніку старанні тысяч людзей практычна кату пад хвост. Гарыць з планам трэст, гарыць будкамбінат, гарыць горад... А што я далажу першаму, які даручыў мне асабіста курыраваць ваш комплекс...

— Далажыце праўду. Як ёсць.

— Першы не паверыць, што з-за дробязей.

— Трэба было раней пабываць тут, падагнаць будаўнікоў. Не было б сёння гэтых дробязей.

Драбыш спыніўся і падкрэслена ўважліва паглядзеў на субяседніка, відаць, сумняваўся, гаворыць той шчыра ці здзекуецца з яго. Касцевіч не адвёў вачэй, заставаўся засяроджана ўважлівым.

— Ах, Мікалай Мікалаевіч, вы так правільна разважаеце, што пярэчыць вам проста немагчыма. Але... Не мы спяшаемся, час такі, што трэба спяшацца. А ў спешцы заўсёды нешта і прагледзіш.— І, сцішыўшы голас, як пра якую таямніцу, сказаў: — А наогул, Мікалай Мікалаевіч, варта было б крыху быць патрыётам свайго горада.

— Я, здаецца, свой патрыятызм даказаў,— не прыняў яго даверлівай інтанацыі Касцевіч.

— Ведаем, ведаем, Мікалай Мікалаевіч, і ганарымся. Але я не пра гэта, я пра іншае...

Яны спыніліся ля машыны. Хурсан, каб не перашкаджаць іхняй гаворцы, крыху адстаў, загаварыў з прарабам Бугарковым, які з папкай стаяў ля вагончыка, гатовы кінуцца адразу ж да кіраўнікоў, калі толькі ўзнікне патрэба што-небудзь растлумачыць.

Драбыш адчыніў дзверцы, але ў машыну садзіцца не спяшаўся.

— Ведаеце,— даверліва гаварыў ён інжынеру,— часам пры ўсёй нашай партыйнай прынцыповасці, даводзіцца ісці на кампраміс. Асабліва ў дробязях. Сёння без кампрамісаў...

— І ўсё ж, Сяргей Пятровіч, я як камуніст...

— Я, між іншым, таксама камуніст,— усміхнуўся сакратар.— І да таго ж яшчэ сакратар гаркома.

— А прызнацца, пра што зараз падумаў, Сяргей Пятровіч? — усмешліва прыжмурыў вочы Касцевіч.— Сакратаром гаркома вы сталі, а вось камуністам, відаць, яшчэ трэба стаць.

— Што ж, Мікалай Мікалаевіч,— здавалася, сакратар ніколькі не пакрыўдзіўся на яго, а нават добразычліва рассмяяўся.— З партыі вы мяне ўжо выкінулі, пагаворым болей, яшчэ і з пасады здымеце.— Ён падаў руку, сеў у машыну, але дзверцы не зачыняў. Хурсан, які ўвесь час бакавым зрокам сачыў за сакратаром, подбегам кінуўся да яго.

— Удалося паўплываць? — пацікавіўся адразу ж.

— Паўплываць?.. Ты, сябра, не змог, а я, чужы чалавек,— развёў рукамі Драбыш.

Хурсан не разумеў, чаму ў сакратара, якому не ўдалося дабіцца свайго, такі добры настрой. Але ён з вопыту ведаў, што ніколі не трэба давяраць настрою начальства, бо настрой у іх часам бывае той абалонкай, за якой хаваецца сутнасць. І ў кожнага начальніка такая абалонка, якой ён найлепей умее карыстацца. У Драбыша, відаць,— бесклапотная весялосць. Ва ўсялякім разе, Хурсан не верыў у тое, што ў яго сапраўды добры настрой.

— Ведаеце, Сяргей Пятровіч, гэта мая памылка,— вінаваціўся Хурсан,— што ўзяў Касцевіча да сябе на працу, добра ведаючы яго характар. І другая памылка, што не звольніў яго тады, калі ён прасіўся.

— Трэба ўважліва адносіцца, Анатоль Віктаравіч, да просьбаў працоўных,— ужо без ранейшай весялосці ў голасе сказаў Драбыш і прама перад носам у дырэктара ляпнуў дзверцамі.

— Я вас зразумеў,— прашаптаў дырэктар услед машыне, якую ён праводзіў позіркам, пакуль тая не схавалася на звілістай дарозе. Затым падышоў да Касцевіча, які стаяў воддаль і разглядаў на сцяне вялізную чырвоную пляму, нібы падлічваў, колькі спатрэбіцца мармуровай пліткі, каб яе залатаць.

— Дарэмна ты з ім так,— упікнуў дырэктар.

— Я не прывык хаваць сваіх думак,— без шкадавання адказаў Касцевіч.— Хоць часам і цярпеў з-за гэтага.

— Адкрытасць — гэта добра,— Хурсан нібы і ўхваляў яго.— Але... Сяргей Пятровіч вельмі добры і далікатны чалавек. Багата памагаў нам. Каб не ён, невядома, дзе б мы яшчэ былі. Карацей, на тваім месцы, я не адмахваўся б так рашуча ад яго просьбы...

— Гэта ты папрасіў яго ўламаць мяне?

Хурсан, здавалася, міма вушэй прапусціў яго пытанне, паварушыў тоўстымі губамі, паспрабаваў усміхнуцца, ды не хапіла ў яго настрою на ўсмешку, і таму сказаў амаль дакорліва:

— Эх, Мікола, ніяк ты не адвыкнеш ад ваенных статутаў.

— Дакладней, ад прынцыповасці?

— Прабач, але я скажу шчыра. Як другу. Калі табе было цяжка, я ўсё зрабіў, каб памагчы. Не меў права браць цябе, не спецыяліста, а ўзяў. Паверыў, што справішся. А ты не хочаш паверыць будаўнікам. Ну, дапусцім, яны нечага і недаробяць. Нічога страшнага. У мяне грошы на рамонт заўсёды ёсць. І не маленькія. Праз год з гэтага дома цацку зробім. Ну а калі не можаш пераадолець сябе...

— Слухай, Анатоль,— раздражнена абарваў яго Касцевіч.— Калі ты намякаеш, каб звольніўся, то дарэмна стараешся. Давяду ўжо тут да канца, а потым... Прызнацца, мне хочацца на сабе праверыць, ці можна на грамадзянцы пражыць чэсна...

— Табе жартачкі, а што загадаеш рабіць мне, калі каля двухсот чалавек заўтра сюды павінны прыйсці на работу?

— Не трэба раздуваць штаты,— засмяяўся Касцевіч.

— Ведаеш,— пачаў, не хаваючы крыўды, Хурсан,— мяне больш за ўсё злуе, што ты яшчэ жартуеш. Ці, можа, табе ўсё роўна, будзе здадзены аб’ект ці не? Прабач, Мікола, але ў такіх умовах я мушу сам падпісаць акт. За сябе і за цябе.

— А я напішу ў народны кантроль,— у той жа жартаўлівай манеры адказаў Касцевіч.

— А вось цяпер, хоць ты і спрабуеш жартаваць, але бачу, не жартуеш... Ну што ж, Мікола, хоць ты і мой друг, але справа для мяне ўсё ж даражэй. Прабач, мяне так выхавалі. Папярэджваю, што да гэтай гаворкі нам з табой яшчэ прыйдзецца вярнуцца, але ўжо ў маім кабінеце. Іншага выйсця няма, так што прабач...

— За мяне не хвалюйся,— ужо без ранейшай жартаўлівасці ў голасе адказаў Касцевіч.— Я трапляў і не ў такі пераплёт і вось, як бачыш, выжыў.

— Я не хвалююся, Мікола,— у голасе нейкая мяккасць, шкадаванне.— Я толькі, Мікола, прашу, пакуль у цябе ёсць час, падумай на прыродзе, што да чаго ў гэтым жыцці. Павер, ёсць пра што падумаць.— І, не развітаўшыся, Хурсан скіраваў да свае машыны.

 

29

Касцевіч зайшоў у кабінет дырэктара завода, спыніўся ў дзвярах, агледзеўся. Амаль усе месцы былі заняты. На крэслах паўз сцены і за доўгім сталом збоку сядзелі незнаёмыя людзі. Ён пазнаў толькі старшыню прафкома, які схіліўся над паперкамі, разгарнуўшы сваю папку. Ды ўсіх ён і не паспеў разгледзець. Хурсан паказаў яму на вольнае месца ля прыстаўнога стала, на якім звычайна сядзяць тыя, пра каго ідзе гаворка. Але Касцевіч, угледзеўшы незанятае крэсла недалёка ад дзвярэй, падаўся да яго, зрабіўшы выгляд, што запрашэння дырэктара не заўважыў. Па тым, як усе сядзелі апусціўшы голаў, не глянуўшы нават на яго, ён зразумеў, што гаворка будзе ісці толькі пра яго і, па ўсім відаць, непрыемная. А людзям заўсёды няёмка ў такіх выпадках, вось і стараюцца не глядзець яму ў вочы. Ды і тое, што не сам Хурсан запрасіў яго на гэтае пасяджэнне, а сакратарка з прыёмнай, гаварыла таксама пра многае.

Касцевіч утаропіўся на дырэктара, стараючыся сустрэць яго позірк, каб па ім здагадацца, што яго тут чакае, але Хурсан як звесіў над сталом цяжкі нос, так і не спрабаваў яго нават паварушыць.

— Ну што ж, таварышы,— пачаў Хурсан, не падымаючы галавы.— Здаецца, усе ў зборы? — раптам ён адкінуўся на спінку крэсла, крутануўся на ім у адзін бок, у другі і, гледзячы ў акно, сказаў: — Тады пачнём абмеркаванне некаторых нашых праблем, звязаных з уводам у эксплуатацыю аздараўленчага комплексу, а больш дакладна, аб зрыве яго эксплуатацыі. Банк не адкрывае фінансаванне. Мы не можам плаціць людзям зарплату. Вядома, асноўная віна кладзецца на будаўнікоў. Але значная доля яе — і на нас.— Голас яго паступова набіраў сілу і ўжо хутка гучаў уладна, патрабавальна. Кожнае слова цяжкое, як камень, біла па галаве.— Мы — генеральны заказчык. А гэта значыць, мы павінны быць не толькі пабочнымі назіральнікамі, а актыўна ўплываць на будаўніцтва. Гэта і ўваходзіла ў абавязкі нашага інжынера па тэхнагляду таварыша Касцевіча. Але... Я тут мушу дазволіць зрабіць сабе невялічкае адступленне. Быў момант, калі Касцевічу было нялёгка ў жыцці, і я, як даўні яго друг, усё зрабіў, каб ён хутчэй захапіўся работай, меней думаў пра сваё асабістае, карацей, памог крыху. Таму лічу, што я маю права сёння сказаць яму ўсю праўду, як гаворыцца, у вочы. Галоўная ж праўда ў тым, што Касцевіч аказаўся не на вышыні, так сказаць, не апраўдаў надзей,— Хурсан замуляў непадатлівымі губамі, гледзячы некуды ўдалячынь над галовамі прысутных...

— А ці мала я пахадзіў у трэст ды і да вас, таварыш дырэктар? — выкарыстаў паўзу Касцевіч.

Усе раптам зацікаўлена павярнулі галовы ў яго бок, быццам цяпер толькі і заўважылі інжынера.

— Правільна,— не пярэчыў Хурсан.— Касцевіч дакладваў. І не адзін раз. Але дакладваў, як правіла, пасіўна, недастаткова настойліва, як мы гаворым, недастаткова эфектыўна. Хоць дзеля аб’ектыўнасці трэба сказаць, што інжынер усё ж нямала зрабіў і карыснага. Але гаворка сёння не пра зробленае, а пра нязробленае. Пра нязробленае па віне таварыша Касцевіча. Мне нялёгка пра ўсё гэта гаварыць, але ісціна ёсць ісціна...

— Ісціна ў фактах,— кінуў рэпліку Касцевіч, акінуўшы позіркам прысутных. Яму хацелася сустрэць хоць адзін позірк чалавека, які б не тое што спачуваў яму, а спрабаваў зразумець, але ўсе, здавалася, глядзелі толькі ў рот дырэктару.

— Будуць і факты, Мікалай Мікалаевіч,— з адкрытым шкадаваннем сказаў Хурсан. Памаўчаў, гледзячы ў стол. Яму сапраўды не хацелася гаварыць ці толькі рабіў такі выгляд.— Калі табе так хочацца. Значыцца, пра факты. Першы факт. Комплекс не здадзены ў тэрмін. Другі факт. Касцевіч не быў дастаткова патрабавальны да будаўнікоў, часам праз пальцы глядзеў на парушэнне імі тэхналогіі. Дастаткова ўспомніць гісторыю з мармурам. Вы добра ведалі, што абліцоўваць увосень нельга. Хай мы з гэтым пагадзіліся. Мы не спецыялісты. Я і сакратар гаркома. Больш таго, нас гэта нават прывабіла. А ў Касцевіча не хапіла настойлівасці адстаяць сваё. Прымірыўся з грубейшым парушэннем тэхналогіі. Факт? Факт. Трэці факт. Неяк будаўнікі больш тыдня нічога не рабілі на комплексе. Касцевіч ведаў пра гэта, але цэлы тыдзень маўчаў. Бо ў гэты час займаўся ўсім, чым яму хацелася, толькі не будаўніцтвам. І наогул, ён займаўся комплексам далёка не ў першую чаргу. Заўсёды спяшаўся дамоў. Факт? Факт. А што днямі не вылазіў з трэста, дык зусім не таму, што яго хвалявалі праблемы будаўніцтва.

— А што? Давай да канца,— зноў не змоўчаў Касцевіч.

— Таварыш Касцевіч, сам ведаеш,— дырэктар цяпер не глядзеў на прысутных. Ён пільна разглядаў нешта за акном. Нібы яго зацікавіла варона, што калыхалася на вяршынцы бярозкі ў скверыку.— А ўзяць яго прыдзіркі да будаўнікоў. Паўтараю, прыдзіркі. Не патрабаванні, а прыдзіркі, якія часам болей перашкаджалі, чым памагалі. Як я цяпер разумею, тыя прыдзіркі трэба былі яму для таго, каб толькі стварыць бачнасць бурнай дзейнасці, бо Касцевіч увесь час адчуваў сябе ў нас чалавекам часовым, пра што сведчаць яго просьбы аб звальненні. А калі часовы, дык навошта высільвацца, старацца? Яшчэ прыклады? Будуць і яшчэ. Замест таго каб загадзя пацікавіцца, якая, напрыклад, заказана сталярка, вы чакалі, пакуль яе прывязуць. І толькі тады, калі прывезлі не тую, узнялі лямант. Не факт? Факт. Хачу шчыра прызнацца, я таксама вінаваты. Занадта паспадзяваўся на яго. Як на сябе. Ведаў яго са школы, ведаў, якім ён быў тады, думаў, што ён і цяпер такі. Праўда, ён застаўся патрабавальным, настойлівым, чэсным. Але гэтая патрабавальнасць, чэснасць, настойлівасць яму трэба для сябе, а не на карысць грамадства. Дзеля нейкіх там эксперыменцікаў: ці можна, скажам, у нас пражыць чэсна, а не дзеля нашай агульнай справы. Нам такая чэснасць, патрабавальнасць і прынцыповасць не трэба. Час патрабуе ад нас іншых якасцей. Трэба жыць зусім у іншым рытме. А ён і не імкнуўся спасцігнуць рытм сучаснасці, не стараўся перабудавацца, больш таго, быў перакананы, што перабудова яго наогул не тычыцца. Дарэчы, сам Касцевіч недзе разумеў, што не за сваё ўзяўся, гаварыў, што будаўніцтва — не яго справа. Я ў свой час не аднёсся з дастатковай увагай да яго ваганняў і мушу сёння, хоць і з вялікім спазненнем, ставіць пытанне аб яго звальненні. Лепей позна, чым ніколі. Прашу ў вас, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, дазволу на гэта. Ці, можа, ёсць іншыя прапановы?

— Я «за»,— паспяшалася падаць голас першай маладая дзяўчына з доўгімі белымі валасамі і камсамольскім значком на джынсавай куртачцы.

— Я таксама,— падтрымала яе мажная жанчына, якая часта паглядвала на гадзіннік, што вісеў над дзвярыма.— І наогул, гэтых адстаўнікоў нечага браць на работу. А то з-за іх нідзе не паспееш. Ні на рабоце, ні ў магазінах.

— Можа, варта было б разабрацца,— падаў голас сівагаловы рабочы з кірпатым чырвоным носам, на якім віселі маленькія, як цацачныя, акуляры, з дэпутацкім значком на абвіслым лацкане рудога пінжака.— Сам жа дырэктар казаў, што і яго тут віна. І чалавек некалькі разоў прасіўся звольніцца. Адным словам, тут нешта нячыста. Трэба стварыць камісію, разабрацца.

— Не трэба разбірацца, час губляць,— падняўся Касцевіч, памкнуўся да дзвярэй, нават адчыніў іх, потым азірнуўся на дырэктара, які ўсё яшчэ разглядаў варону за акном.— Пасля таго, што пачуў тут, я і хвіліны не змагу заставацца на заводзе. Чуеш, таварыш дырэктар? Дарэчы, я ніколі не думаў, што ты такі нягоднік,— і выйшаў.

— Далі ім волю,— абурылася мажная жанчына.— Яшчэ і капрызы свае выстаўляюць. Нічога сабе прыклад для моладзі. Звольніць, каб і духу яго не было.

— Вось я і нягоднікам стаў.— Хурсан сеў на сваё месца, памуляў раптам пасінелымі губамі, уздыхнуў цяжка.— Прыгрэў друга, называецца. Але нічога, навука наперад... Дык як, таварышы, будзем галасаваць?

— Ды што галасаваць? Усё ж ясна,— зноў падала голас мажная жанчына і глянула на гадзіннік.

— Ой, мы такія ўсе правільныя, аж праціўна,— павадзіў у бакі маленькімі акулярамі сівагаловы рабочы, але падтрымкі не сустрэў...

— Дзякую, таварышы, за давер,— буркнуў на развітанне дырэктар.

Усе, грукаючы крэсламі, пачалі выходзіць з кабінета.

Хурсан крутануўся на крэсле, узяў графінчык з вадой, што стаяў збоку на невялічкім століку, наліў поўную шклянку і выпіў з такой прагнасцю, нібы ў яго сярэдзіне палыхаў пажар. Потым набраў нумар тэлефона.

— Алё! Прыёмная? Сяргей Пятровіч у сябе? Можна пад’ехаць на хвіліначку? Дзякую!..

 

30

Хурсан пацікавіўся ў сакратаркі, ці ў сябе гаспадар. Сакратарка, не адрываючыся ад кнігі, кіўнула галавой на дзверы, маўляў, можна заходзіць.

Драбыш, адкінуўшыся ў нізкім крэсле так, што ўжо не сядзеў, а ледзь не ляжаў, гаварыў па тэлефоне, прыціснуўшы падбародкам тэлефонную трубку да грудзей, і хуценька перагортваў запісную кніжачку, шукаючы нешта пільнае ў ёй. Убачыўшы дырэктара, вачыма паказаў на крэсла ля прыстаўнога стала.

— Пяцьдзесят два,— назваў старонку кнігі з патрэбнай цытатай ці памер адзення, паклаў трубку, аблакаціўся на стол.— Ну, што новенькага, Анатоль Віктаравіч?

— Магу далажыць,— тонкай усмешкай крануліся непадатлівыя губы Хурсана.— Інжынер па тэхнагляду звольнены. Сёння, калі застану каго ў трэсце, ці заўтра раніцай будзе падпісаны акт аб прыёмцы комплексу... Вось так... Шкада, вядома. Вучыліся з ім разам, хацелася, каб працаваў. Сябрамі былі ж. І ўсё рухнула з-за яго нейкай дзіцячай упартасці. А што было рабіць? Жыццё пражыў, а нічагусенькі не зразумеў. Не навучыўся. Ніколькі не змяніўся, нібы жыццё прайшло міма. Не магу зразумець і апраўдаць такую ўпартасць.

— Гэта не ўпартасць, Анатоль Віктаравіч, — усміхнуўся куточкамі вуснаў сакратар.— Гэта пазіцыя сапраўднага камуніста. Пазіцыя, якой нам з вамі не хапае. Мы з вамі гаварылі адно, а рабілі другое. Правільныя словы для нас страцілі сэнс. А для яго яны засталіся на ўсё жыццё справай. Ён застаўся цэльным чалавекам. Ён заўсёды служыў Радзіме аддана, бескампрамісна, не шкадуючы сябе. Ён і цяпер такі.

— Ды такі ж,— уздыхнуў Хурсан.— Вы, Сяргей Пятровіч, вельмі дакладна сказалі. Я ж кажу: ведаю яго з дзяцінства. Даражыў гэтым сяброўствам. І ўсё ж галоўным для мяне заўсёды была справа. І ў дадзеным выпадку. Комплекс будзе здадзены ў тэрмін. Праўда, страціў друга...

— А вось друга губляць не варта было,— не паспачуваў, а хутчэй упікнуў Драбыш.— У кожнага з нас іх не вельмі багата, асабліва такіх, як Касцевіч... Я нядаўна гаварыў з міністрам. План перавыконваецца — улетку, дарэчы, у іх заўсёды так, і здачу вашага аздараўленчага комплексу вырашана перанесці на наступны квартал. Абгрунтаванне: адсутнасць дэфіцытных тавараў, напрыклад, мармуру. Другі раз выручае вас гэты мармур. Каштоўны будматэрыял...— зноў усміхнуўся сакратар і, раптам прагнаўшы з твару ўсмешку, заклапочана дадаў: — Міністр прасіў, каб толькі потым здавалі без усялякіх заўваг.

— Выходзіць, Касцевіч перамог, а мы з вамі...

— Чаму Касцевіч? — весела спытаў Драбыш.— Перамаглі мы, практыкі. Усё зроблена так, як трэба. А ваш Касцевіч — ідэаліст. Такія, праўда, нам таксама трэба для... выхавання моладзі. А на практыцы яны толькі путаюцца пад нагамі.

— Нічога не разумею, Сяргей Пятровіч.

— А вы падумайце, зразумееце,— сакратар параіў так, што не зразумець было, гаворыць ён сур’ёзна ці блазнуе.— Цяпер час такі, калі ўсім нам прыходзіцца багата думаць. Раней меней думалі, вось і прыходзіцца даганяць упушчанае.

Хурсан выйшаў з кабінета, спусціўся па лесвіцы, выйшаў на вуліцу, сказаў шафёру, каб той ехаў на завод, а сам пайшоў пехатой,— хацелася пабыць аднаму, падумаць.

І хоць Драбыш апошнімі сваімі словамі хацеў яго ўсцешыць і цяпер недзе лічыць, што сапраўды ўзняў настрой, але Хурсан адчуваў сябе так, нібы агрэлі яму аплявуху. Ён зноў быў такі, як і ў далёкія студэнцкія гады, калі хадзіў у спартыўным касцюме, адчуваў сябе непаўнацэнным, не такім, якім быў Касцевіч і якім усё жыццё яму хацелася стаць. Здавалася, ужо і стаў, і вось зноў нечакана вярнулася даўняе, назаўсёды забытае...

А зроблена ж нямала. З нейкай майстэрні зрабіў завод. І які! Махіна! Дзесяткі тысяч рабочых. Жыццё аддаў заводу. Сябе не шкадаваў. Дняваў і начаваў у цэхах. Рос разам з заводам. Стараўся не адстаць ад часу. Усе лічылі яго наватарам. Дэпутатства, узнагароды, прэзідыумы — усё, што паложана ў такіх выпадках. І раптам зноў адчуванне, што ты ў старэнькім спартыўным касцюме. Не той чалавек, які патрэбен сёння грамадству. І як ні хітрыў сакратар гаркома, ён добра зразумеў яго. Як жа так? Куды ж нас цяпер, не тых, сапсаваных? У адстаўку? А Касцевіч, які ўсё жыццё прасядзеў на дне акіяна, пра нас ведаў толькі з газет,— той чалавек, які трэба сёння? Канечне, добра быць ідэалістам, калі сядзець на такім моцным фундаменце, як слава, як салідная пенсія. А мы заўсёды глядзелі і глядзім у рот начальству, бо ад яго залежала і залежыць наша кар’ера. У пас ніколі не было пад нагамі трывалага грунту. Адарваліся ад людзей, думалі пра іх толькі як пра сілу, патрэбную для выканання плана.

З кім бы пагаварыць, параіцца?

Больш трыццаці год прапрацаваў у гэтым горадзе, а вось чалавека, з якім можна было б пашчыраваць, няма. Відаць, у начальнікаў наогул не бывае сяброў. Хіба паехаць да Касцевіча? Вось з ім бы можна было пагаварыць пра ўсё. Не, не пойдзе. Касцевіч сам да яго прыбяжыць. Нікуды не дзенецца. Вось тады яны і пагавораць. А можа, і так усё праясніцца? Галоўнае, не паддавацца часоваму настрою...

 

31

Касцевіч не стаў чакаць ліфта, збег па лесвіцы ўніз, заглянуў у свой кабінецік, прыкінуў, ці не забыўся чаго, потым, замкнуўшы дзверы, ключ і сваё пасведчанне аддаў дзяжурнай вахцёрцы, каб яна перадала іх дырэктару, выйшаў з памяшкання, каб болей ніколі ў жыцці сюды не вяртацца.

Дома дастаў з паштовай скрыпкі пачак газет — іх ніхто не забіраў ужо некалькі дзён,— узбег на свой паверх. Сэрца калацілася так, нібы хацела выскачыць з грудзей. Ну і няхай калоціцца, няхай выскоквае, няхай хоць разарвецца! У кватэры ён прайшоў у залу, кінуў газеты на канапу, заглянуў на кухню, напіўся прама з-пад крана халоднай вады, зноў вярнуўся ў залу, перадыхнуў так, нібы толькі зараз дасягнуў таго фінішу, да якога, высільваючыся з апошняга, імкнуўся. Агледзеўся. У кватэры ўсё было, як і заўсёды. Але на стале, на крэслах, на шафах, серванце, нават на партрэце жонкі, які зноў вісеў на сваім месцы, ляжаў шызы пыл, быццам тут даўно не жылі, хоць дачка з мужам і малой толькі якіх тры дні назад паехалі на мора. Ды і ён кожную ж ноч начаваў дома. Прылёг на канапу. У вісках грымела, быццам блізка дзе везлі па бруку парожнюю жалезную бочку. Узяў газеты. Разгарнуў адну, другую. Чытаць не стаў. Што ж рабіць далей? Успомнілася, як ад’язджаючы, зяць, гэты вусаты каржакаваты маўчун, ад якога можна было тыднямі слова не пачуць, раптам на вакзале, калі Святлана з малой ужо падняліся ў тамбур, паціскаючы яму руку, сказаў: «Маё дзела, вядома, старана, але ты, баця, лепей жаніся, а то закіснеш без бабы...» Разумны, але наіўны яшчэ хлапец. Не служыў на флоце, не ведае нашага брата... Але што рабіць далей? Не ляжаць жа вось так на канапе? Каму б пазваніць? Але каму? Шэлегу? Такі ж прыстасаванец, як і Хурсан. Толькі больш адкрыты... Наогул, ён, Касцевіч, цяпер усё навокал бачыў быццам ясней, неяк бязлітасней.

Ён падняўся, павесіў на шыю кухонны фартух, узяў у ваннай анучу, патрымаў яе пад пругкім, аж пырскі разляталіся, струменем вады, начапіў на «ляніўку», пачаў шураваць падлогу. А думкі тым часам не пакідалі яго, у памяці ўзнікала ўсё, што адбылося з ім апошнім часам, усе падзеі, сустрэчы, спрэчкі, нават чуліся галасы. І тое, што ён чуў зараз, ацэньвалася ў яго свядомасці зусім не так, як тады, калі яны чуліся ўпершыню...

«Мне патрэбен надзейны чалавек. Прынцыповы, патрабавальны»,— сцвярджаў таўстагубы Хурсан і сам сабе лгаў, хоць тады, калі гаварыў, не ведаў пра гэта і, можа, зараз не ведае.

«Не верце, што гавораць, глядзіце, што робяць»,— чуцен іранічны голас Майскай. Разумная баба. Усё бачыць наскрозь. Можа, таму ён заўсёды і адчуваў сябе з ёй няўпэўнена, бо яна разумела яго лепей, чым ён сам сябе.

«Навошта табе яна, твая работа?» — гучыць голас дачкі. Разумніца ўсё ж. Заўважыла, а можа, толькі адчула, што бацька пачынае блытацца ў жыцці, як тая рыбіна ў сетцы браканьера.

«Непатрэбны ты чалавек, як пагляджу»,— сцвярджае дачны філосаф, у якім ад чалавека мала што засталося. Толькі свой эгаістычны інтарэс. Самае жудаснае, што ён лічыць сваю філасофію правільнай. Добра, што хоць чэсна гаворыць тое, што думае. Толькі ў гэтым жыцці не трэба такая філасофія, такая чэснасць, чэснасць хамелеона.

«Ён што, не разумее, што цяпер без кампрамісу наогул існаваць немагчыма»,— здзекуецца прараб Бугаркоў. Яму, гэтаму Бугаркову, абы з рук, абы начальству дагадзіць. Астатняе яго не цікавіць. З такім, як Бугаркоў, нічога добрага не зробіш. Апаганіць усё.

«З-за гэтых адстаўнікоў нідзе не паспееш»,— урываецца голас мажнай жанчыны, відаць, актывісткі, ударніка камуністычнай працы.

«Трэба быць хоць крыху патрыётам свайго горада»,— гэта ўжо Драбыш, які разам з пасадай атрымаў права вучыць усіх, але не вялікай і адзінай праўдзе і адкрытасці, а таму, што трэба яго ўласнай кар’еры. Прыкрыўся партыйным білетам і дырыжыруе такімі ж прыстасаванцамі, як і сам.

Бязлітасна шуруе анучай Касцевіч, нібы не падлогу мые, а сваю душу... Ды і ён, Касцевіч, не лепшы за іншых. Не паспелі ў дзяцей вочы высахнуць ад слёз, а ён ужо згубіў галаву. Дарэчы, што гэта яна замаўчала? Тады, як вярнуліся з дачы, яна не дазволіла яму яе праводзіць нават да аўтобуснага прыпынку, хуценька развіталася, маўляў, сазвонімся. І вось ні гуку. Неяк ён пазваніў, сказалі, у ад’ездзе. Можа, зусім з’ехала куды? Ну і няхай. Абыдзецца, тым больш што дзеці не хочуць яе.

Касцевіч узяў анучу, памыў яе, выкруціў ледзь не да сухасці, зноў пачаў церці падлогу, здаецца, па трэцяму разу...

Дзінкнуў званок у дзвярах. Спачатку Касцевіч не паверыў вушам сваім, падумаў, што яму падалося. Званок паўтарыўся. Ён хоць і ведаў, што дабіваецца нехта чужы, бо дачкі не было ў горадзе, а сыны недзе на рабоце яшчэ, і ўсё ж як быў у фартуху, з швабраю, так і пайшоў у пярэднюю, адчыніў дзверы.

У дзвярах стаяла Майская. У белай кофтачцы, у нейкай шэрай спаднічцы.

— Я як ведала, што табе трэба памагчы падлогі мыць,— весела сказала яна і пераступіла парог.

1986—1987

 


1986-1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Гаўрылкін Л. Ружы для каварнай жанчыны: Аповесць, апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1990. – 380 с.
Крыніца: скан