epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

Васілёк мой палявы

 

Відаць, поле вельмі стамілася, бо калі яго пакінулі адпачываць на ўсё лета, у яго нават не хапіла сілы і на добрую траву. Голае і патрэсканае, у рэдкіх купках сівога палыну і сурэпкі, што даўно адцвіло і пабралася бугрыстымі стручкамі, яно ляжала, як выгаралае ці атручанае кіслотнымі дажджамі. І нават познія палявыя васількі, што зрэдку сінелі там-сям, не прыхарошвалі, а яшчэ болей падкрэслівалі яго заўчасную знясіленасць.

Васіль наўспрамкі кіраваўся да трактара, які, учапіўшыся плугамі ў раллю, пыхкаў у вечаровай смузе сінім дымком, што добра бачыўся на фоне вечаровай зары,— яго напарнік Мікола не меў звычкі глушыць матор, каб, маўляў, зменнаму не трэба было валтузіцца з запускам матора.

За трактарам да самага лесу, пабітага блізкай восенню ржавымі плямамі, ляжала ўзаранае поле, нейкае шэрае, нібы пасыпанае попелам. З гэтага краю поля, як брудныя анучкі, сядзелі вароны. Заўважыўшы чалавека, яны неяк усе разам скрануліся і, нібы сухое асенняе лісце, узнятае віхурным ветрам, пакружылі ў паветры і зноў апалі на ўзаранае,— але ўжо бліжэй да лесу.

Васіль агледзеў трактар, паглядзеў, ці хопіць на ноч гаручкі, абышоў плуг з блішчастымі адваламі, павыцягваў са стоек учэпістае белае карэнне, прыкінуў, ці патрэбную глыбіню бярэ плуг, крыху падкруціў апорнае кола. Потым распрануў каляную брызентавую куртку, кінуў яе на сядзенне, падняўся ў кабіну, дастаў з-за спінкі анучку, выцер наперадзе шкло да такой празрыстасці, што яго быццам і не стала, ляпнуў дзверцамі, адкрыў рамкі збоку і ззаду, каб болей даходзілі пахі разварушанай зямлі. Раней ён не заўважаў гэтых пахаў, быццам і не было іх. Адкрыў жа гэтае багацце пасля першага свайго шматмесячнага плавання ў глыбінях акіянаў. Помніцца, сышоў тады на зямлю, стаяў на хісткіх нагах, а галава аж кружылася ад нахлынуўшых пахаў. Нават пахла звычайнае каменне на беразе. Акрамя ўсяго, ён не любіў замкнутай прасторы, нават баяўся яе. І прычынай было не доўгае жыццё на падводнай лодцы, а той пажар... Васіль якраз адпачываў пасля вахты. Прачнуўся ад незразумелых гукаў,— недзе зусім блізка гудзела, трашчала, грукала, чуліся ўстрывожаныя галасы, таропкія каманды. Васіль падхапіўся, кінуўся да дзвярэй — у твар ударыла агнём, нечым даўка атрутным заткнула дыханне. І адразу ж усё знікла. Цела стала нечакана лёгкім, і яго, як той дзьмухавец, закружыла і панесла ў паветра высока-высока, а насустрач дыхала пахам маладога снегу і зорнага неба, а тых зорак было як насыпана, і ўсе яны мітусіліся, як мітусяцца ў ціхае надвор’е камары над галавой,— успыхвалі, тухлі, рассыпаліся пырскамі.

Васіль крануў рычагі. Трактар уздрыгануўся, як з перапуду, натужліва загудзеў, марудліва папоўз, падмінаючы коламі рэдкую расліннасць. Адвалы, як пад лінейку, пераварочвалі стужкі крохкай зямлі, ссыпаючы яе ў барозны.

На захадзе ўжо дагарала, а лес нібы набрак пацямнелай вільгаццю, і быў ужо не лес, а нейкі горны хрыбет з вострымі яшчэ не выветранымі зубцамі. Узышоў месяц. Узараная зямля зальснілася ў яго мяккім святле, а неўзаранае поле ляжала шэрым і засмужаным, і добра бачылася мяжа паміж узараным і некранутым. Васіль не ўключаў фар. Яны ўсё роўна асвятлялі б невялікі лапік зямлі перад трактарам, і было б уражанне, што працуеш акружаны цёмнымі сценамі. А Васіль любіў, каб бачылася далёка, тады ён адчуваў сябе гаспадаром над бясконцымі абсягамі, і ў месячную ноч, у такую, як вось зараз, ён мог не ўключаць святло да самай раніцы.

Васіль звычайна сам прасіўся ў начную змену, а жонцы гаварыў, што яго пасылаюць, бо не пашлеш жа ў начную, напрыклад, таго ж алкаголіка Кольку: ён і ўдзень спіць за рулём. А галоўнае, тут, у полі, Васіль не адчуваў сябе вінаватым, як дома, калі часам, асабліва ноччу, чуў дакорлівыя ўздыхі жонкі. Ён добра ведаў, чаму яна ўздыхае. Неяк яшчэ вясной, калі ў калгасе дзялілі чарговыя тры катэджы, яна сказала, што калі б у іх былі дзеці, то і ім маглі б даць катэдж. Праўда, потым на нейкі час супакоілася. Цяпер жа, калі распачалі яшчэ некалькі катэджаў, зноў пачала ўздыхаць...

Ціхамірна дудзеў матор, наганяючы сон. Праз адчыненыя рамкі цягнула начной прахалодай, ледзь улоўнай гаркаватасцю скамечанага палыну, кіславатым водарам мінулагодняга сенажу, што дагніваў у ямах ля фермы.

Калі ён аб’ехаў поле разоў дзесяць, а можа, і дваццаць,— не лічыў,— і ноч яшчэ болей пасвятлела — поўня вісела ледзь не над галавой,— ён заўважыў на тым краі поля, што быў бліжэй да вёскі, высокі куст. І адкуль ён раптам узяўся, надумаў, ніколі ж там ніякага куста не было. І той куст нібы калыхала ветрам. Прыгледзеўся — нехта рухаўся. Няўжо Тоня? Было ўжо з ёй такое. Мінулым летам. Прыбегла, глушы, кажа, сваю тарахцёлку, пайшлі дамоў... Няўжо і зараз? Сэрца забілася часцей, ці ад радасці, ці ад трывогі?..

Не, на яе непадобна. Яна ходзіць імкліва, як страла ляціць, асабліва калі спяшаецца, а гэта ж нехта рухаецца так, быццам не ідзе, а матыля ловіць. Але адкуль тыя матылі ўначы?

А можа, Колька шыбуе? Але ён павінен змяніць яго на досвітку, а не сярод ночы. А можа, жонка не пусціла яго, п’янага, у хату? Вось і кіруе сюды. Не першы раз. Прыйдзе, залезе ў кабіну, умосціцца побач, прываліцца да яго пляча, нібы да падушкі, і дрыхне да раніцы.

Васіль спыніў трактар, прыглушыў матор. Сядзеў, прыглядаўся. Па расхрыстаным пінжаку, які матляўся як на калу, па шырокіх штанах, што былі, відавочна, цяжэйшыя, чым у іншых мужчын, бо ніколі не трымаліся там, дзе ім паложана, пазнаў Кольку. Не жадаючы, каб той залез да яго ў кабіну і смуродзіў сівухай, выйшаў яму насустрач.

— Ты што, дарогу дамоў забыў?

— Я не забыў,— хмыкнуў Колька, і ў паўзмроку яго зубы, заўсёды жоўтыя, падаліся белымі.— А вось табе варта ўспомніць тую дарогу, і чым хутчэй...

— А чаму? — нешта трывожнае варухнулася ў грудзях Васіля, але ён не выдаў свае ўстрывожанасці, усміхнуўся абыякава.— Хіба што жонку вартаваць?

— А ты не смейся. Я сур’ёзна. Ты тут з-за будучага ўраджаю ўсю ноч вочы лупаціш, а там...

— Ты не хапіў лішняга? — спытаў Васіль, хоць добра бачыў, што Колька не такі ўжо п’яны, каб языком чаўпець абы-што.

— Хапіў, толькі не лішняга. Запомні, Колька ніколі лішняга не хапае, а толькі столькі, колькі для душы паложана... Дык вось слухай. Учора, значыцца, не дачакаўся цябе, кінуў трактар і пайшоў. Казалі, што ў магазін павінны былі прывезці сухача. Сабраліся ўсе, у каго душа, значыцца. Стаім, чакаем. А машыны няма. Думаю, гляну ў магазін, спытаю, ці будзе тая машына, можа, дарэмна стаім. А ў магазіне Іван і твая Тоня. Нахіліліся праз прылавак, галава да галавы, і пра нешта шэпчуцца. Яны разам і на мяне глянулі. Як па камандзе. Іван адразу выпраміўся, пацягнуўся, відаць, доўга так стаяў, што аж самлеў, а твая адразу да мяне. Ля-ля-ля-ля... Колечка, здароў, што трэба? Хлеба, солі ці хека ў тамаце? Зубы загаварвае. Ведае ж, што па соль, хлеб і хек мая баба ходзіць. Курыць, кажу, і запалак... А тут якраз і машына загула... Ну ўзялі мы па пляшцы моцнага,— і яго якраз прывезлі,— і пляшку сухача запіваць тое моцнае. Уселіся на мурагу ля магазіна. Бачым, Іван выйшаў з пустымі рукамі. Відаць, жонка грошай яму не дала. Запрашаем, значыцца, у нашу кампанію. А ён, дзякуй, хлопцы, не магу, хіба сухача якога смагу прагнаць. Ды ты што? Чаму раптам? Няўжо жонка так закабаліла? Ды не, смяецца, сёння адной трэба сына зрабіць, дык загадала, каб прыходзіў цвярозы. Жартуе чалавек, падумалі. Бо сорамна на дурніцу, значыцца, у кампаніі. Пагаворыць, пагаворыць, а потым і вып’е. Але піць не стаў, хоць і налівалі. Значыцца, не жартуе. Я, канечна, не адразу так падумаў, а потым, калі дамоў прыйшоў. Мяне жонка, як заўсёды, у хату не пусціла. Палез на гарышча. Не спіцца ад злосці, ляжу, слухаю, як там, у хаце, малыя ніяк не ўлягуцца, думаю, да каго ж Іван сабраўся? Успомніў, як праз прылавак шаптаўся з тваёй, і мне стукнула. У каго гэта з нашых замужніх няма дзяцей? У Тоні тваёй. Чыя жонка бегала ў раён да ўрача правярацца? Твая. Пра гэта ўся вёска ведае. Ведае таксама, што ты вінаваты, а не яна. Відаць, бабам пахвалілася. Няхай і так. Можа быць... Кажуць, у былых падводнікаў часам бывае, што няма... Але ж не становіцца з-за гэтага сучкай... Ды калі і разабрацца, дык пры чым тут ты? Ты чэсна служыў там, куды цябе паслалі. Выконваў, так сказаць, доўг. І цяпер ого як працуеш! Ніхто ў нас не ўкалвае так, як ты. Першы механізатар. Толькі пра цябе з нашага калгаса пісалі ў раёнцы. А я ўсе раёнкі чытаю. І на інжынера вучышся. Таксама здароўе трэба. А гэты ж Іван у арміі, кажуць, нейкім падмятайлам у штабе праседзеў і цяпер асабліва на пуп не бярэ. Адпусціць гаручку і дрыхне потым цэлы дзень. Малады, а ўжо карак як у кормніка. Вядома, такога хопіць на ўсіх баб. На тваім месцы, я яго так сустрэў бы, каб ён усё жыццё на дзве нагі кульгаў. Так што бяры які ключ цяжэйшы і дамоў... Ну што глядзіш? Ці не верыш? Дык я ж, можа, і прасачыў. Як у біноклі твая халупа. Так што спяшайся, яшчэ цёпленькага схопіш, хе-хе... А я тут на трактары параблю, каб думалі, што ты працуеш...

— Ты што? — хмыкнуў Васіль.— Каб я цябе такога пусціў за руль? Яшчэ заедзеш куды...

— Куды заедзеш? — харахорыўся Колька.— Роўнае поле.

— Роўнае для цвярозага.

— Дык садзіся на трактар і прама ў двор. А то і ў хату. Зраўняй тую парахню з зямлёй, калі змяя там завялася...

— Вось што, Колька, ідзі спаць. Яшчэ адпачнеш, пакуль на змену. А то раніцай брыгадзір не пусціць цябе на трактар. Скандал будзе. І яшчэ. Каб нікому ні слова, што тут плявузгаў. Чуеш? — і Васіль павярнуўся і скіраваў да трактара.

— Можа, сам дамовіўся з ім, тады іншая справа, гы-гы,— кінуў услед яму Колька.

— Давай адвальвай, а то прыйдзецца табе кульгаць на дзве нагі,— Васіль азірнуўся праз плячо. Колька прабурчэў сабе нешта пад нос і зноў пайшоў лавіць матыля.

Васіль падняўся ў кабіну, варухнуў рычагамі, трактар чукнуўся на колах і папоўз...

Дажыўся, што плёткі па вёсцы папаўзлі... А раптам не плёткі? А раптам Колька сказаў праўду? Не, не пра тое, што Тоня дамовілася з Іванам,— на такое Тоня ніколі не пойдзе,— а пра тое, што яна хадзіла да ўрача. Чаму ж яна не прызналася? Яна ж заўсёды гаварыла яму, Васілю, пра ўсё, сакрэтаў у іх ніколі не было. Хутчэй за ўсё яна нікуды не хадзіла. Але чаму тады распаўзліся чуткі? Адкуль пра такое даведаўся Колька? Не прыдумаў жа... У іх з Тоняй сапраўды няма дзяцей. Хто з іх вінаваты? Хутчэй за ўсё ён. Яшчэ раней, калі ляжаў у шпіталі, ён быццам жартам неяк спытаў у ўрача, ці можна яму пасля такой аварыі жаніцца? Не толькі можна, а нават абавязкова трэба, засмяяўся ўрач. А можа, ні яна, ні ён тут ні пры чым? Не ва ўсіх жа адразу дзеці. Бывае, што няма і няма, а потым як пасыпяцца... Спадзяваўся і Васіль, што ў іх таксама ўсё яшчэ наладзіцца. Пройдзе нейкі час і наладзіцца. А калі ёй не церпіцца атрымаць катэдж, то можна ўзяць і на выхаванне. І не аднаго, а некалькі. Цяпер іх, пакінутых, багата. Ледзь не кожны дзень газеты пішуць. Трэба неяк намякнуць пра гэта Тоні. Калі пагадзіцца, дык і праблем ніякіх... А раптам усё тое, пра што гаварыў Колька, проста прыдумалі там, на мурагу, за бутэлькай, каб, значыцца, пажартаваць. Потым падаслалі Кольку і недзе сочаць, як ён, Васіль, кінецца лавіць жончынага палюбоўніка. Во будзе смеху! Канечне, прыдумалі. Хіба можа Тоня, яго Тоня дазволіць сабе такое? Трэба зусім не ведаць яе ці быць апошнім дурнем, каб паверыць у гэта. Ды ён, Васіль, ніколі нічога падазронага не заўважаў. Каб яна гаварыла з тым Іванам не так, як з іншымі, ці хоць бы паглядзела на яго неяк інакш. Ды і Іван, здаецца, чалавек прыстойны. Жыве з жонкай добра, любіць сваіх сыноў, толькі пра іх і расказвае пры сустрэчы...

Але як ні стараўся Васіль супакоіць сябе, супакаенне так і не прыходзіла. Быў момант, што ён так засяродзіўся над сваім, што і не ўгледзеў, як збочыў трактар, утварыўшы агрэх. Давялося вярнуцца, заараць яго. Ад такой уласнай неахайнасці зусім сапсаваўся ў яго настрой. Не, відаць, сёння работы не будзе. Трэба ісці дамоў і шчыра пагаварыць з жонкай. Пра цяперашняе жыццё і пра перспектыву. Каб не лезла ў галаву ўсялякае глупства, каб не распаўзаліся плёткі...

Васіль спыніў трактар, крыху прыглушыў матор, яшчэ трохі пасядзеў у кабіне, прыслухоўваючыся да сябе, да сваіх думак, потым неяк марудліва вылез, пастаяў, ціха зачыніў дзверцы і нібы супроць свае волі скіраваў наўспрамкі ў вёску.

Густыя цені ад хат перакрывалі ўсю вуліцу, і толькі праз прагалы паміж хат і дрэў прабіваліся плямы святла настолькі бляклыя, што там, дзе яны былі, усё роўна нічога нельга было разгледзець.

І ўсё ж у адным месцы на асветленай сцежцы нібы нешта мільганула. Праляцела якая птушка вялікая ці ішоў чалавек. Васіль прытаіўся за нейчым гародчыкам. У цяньку густога бэзу ён зліваўся з плотам. Спачатку патыхнула тытунёвым перагарам, затым пачуліся вялыя крокі. Чалавек не вельмі стараўся падымаць ногі, шэргаў падэшвамі па зямлі. Відаць, быў вельмі стомлены ці п’яны. Вось ён, той чалавек, апусціўшы голаў, засунуўшы рукі ў кішэні пінжака так, што локці востра вытыркаліся за спіну, прасунуўся міма. Так заўсёды трымаў свае рукі Іван. Дзе ж ён так позна? У каго? Да канца вуліцы стаяла некалькі хат, і яго, Васілёва, перадапошняя. Ва ўсіх хатах былі адны старыя. У самай апошняй — бабка Краўчыха. У калгас яна ўжо даўно не хадзіла, расціла на сваім агародзе буракі ды бульбу. Трымала карову. З таго, што прадавала малако калгасным спецыялістам, і жыла. І мела самагонку. Ніхто не ведаў, гнала сама ці хто ёй прывозіў, толькі заўсёды яна была ў яе. Праўда, гаварыла, што трымае толькі дзеля лякарства, але знаёмаму іншы раз магла пляшачку і ўступіць. Можа, Іван і бегаў да яе? Прыпякло чалавеку недзе. Можа, захварэў хто, дык кампрэс які спатрэбіўся, ці ў госці хто завітаў? Сярод начы?..

Васіль яшчэ крыху пастаяў у нейкім незразумелым здранцвенні, пакуль не пачуў, як ляпнула фортка — то Іван зайшоў у свой двор. Васіль аж скалануўся ад такога нечаканага ў начной цішы гуку, потым нетаропка скіраваў да свайго двара, усё яшчэ вагаючыся, ісці дамоў, ці вярнуцца на трактар і працаваць, пакуль і не прыйдзе яго зменны. Нічога ж не адбылося. Адзін дурань наплёў абы-чаго, а другі — паверыў. Можа, хто з малых Іванавых захварэў,— ядуць жа ўсялякую зеляніну, не мыюць,— вось і бегаў да Краўчыхі папрасіць якога зверабою. У старой ніколі не зводзіўся зверабой. Яна ім лячыла сваю карову. А можа, то і зусім не Іван быў. Ці мала людзей, падобных на Івана? Тым больш што ўначы асабліва не разгледзіш. Можа, хто з начнога цягніка сышоў, пераезд жа якраз у тым баку. Ды і шаша там. Мог чалавек і аўтобусам ці якой спадарожнай машынай прыехаць.

Васіль не асмеліўся зайсці ў хату. Пачне яшчэ распытваць жонка, што здарылася, ці не зламаўся трактар, ці не захварэў. Яна заўсёды пнецца ведаць пра яго ўсё. А што ёй скажаш? Ці сумее ён схлусіць? Яшчэ ж ніколі не хлусіў. А скажы праўду, на ўсё жыццё абразіш жанчыну. А то яшчэ і на парог пакажа...

Ён пастаяў ля двара, паглядзеў на хацінку, што затулілася ў малінніку пад высокімі старымі таполямі, якую збудавалі яшчэ адразу пасля вайны. Хацінка паспела струхлець знізу і прыкметна асела. Калі Васіль і Тоня пажаніліся, яны не захацелі жыць у бацькоў, купілі за якіх пару соцень гэтую хацінку,— яна стаяла ўжо болей года з забітымі вокнамі,— у спадзяванні, што калі будуць жыць у ёй, такой нягеглай, то хутчэй дадуць які катэдж у калгасе...

Васіль сеў на лавачку, прыхінуўся спіной да хісткага частакола — ніяк не знойдзецца часу ўмацаваць слупкі, што даўно падгнілі. Вось ён пасядзіць, счакае, пакуль возьмецца на світанак, тады і зойдзе ў хату. Быццам толькі што з начной вярнуўся. Раздзенецца, апаласне рукі, твар і нырне пад коўдру да жоначкі, санлівай і цёплай... А потым яшчэ доўга і моцна будзе спаць, а Тоня падоіць карову, выганіць яе на пашу, а потым будзе тупаць па хаце ў мяккіх пантоплях, асцярожна перастаўляць посуд, каб раптам не дзынкнуць скаварадой ці талеркай і не разбудзіць яго, падрыхтуе сняданак, паставіць на стол, прыкрые яго белым ручніком, каб не астываў, і пабяжыць у свой магазін...

Тоня падабалася яму яшчэ змалку. Але ён не толькі нічым не выдаваў сябе, а нават саромеўся сваіх пачуццяў. Быў ён хлопец, як казалі ў вёсцы, вельмі ўжо рахманы, ціхі, са спакойнымі сінімі, як васількі, вачамі. З-за тых вачэй і твар у яго быў як у дзяўчынкі. Ды і пазней, калі падрос, мала было ў яго абліччы хлапечага. І характар у яго не хлапечы. На вуліцы ён часцей вадзіўся з дзяўчынкамі, а не з хлопцамі-гарэзамі. І ў школе болей хіліўся да іх. Мяняўся кніжкамі, памагаў ім рашаць задачкі. Але ў школе ўжо не характар вызначаў яго паводзіны. Яго цягнула да дзяўчынак у першую чаргу таму, што там заўсёды ён мог бачыць Тоню. Яна прываблівала яго сваёй стромкасцю, дужым целам, рашучым характарам, якраз тым, чаго не было ў яго. Дзяўчынка нагадвала малады дубок, што расце не ў лясным гушчары, а на волі — у полі. Тварык у яе быў круглы, з вострым носікам, губы тонкія, усмешлівыя. Цёмныя вочкі нагадвалі каштанчыкі, што толькі вылузнуліся з калючай шкарлупкі — чыстага колеру, бліскучыя. Пад яе ўпартым паглядам ён заўсёды апускаў галаву і міжвольна спыняў позірк на яе моцных каленях, якія заўсёды былі ў зялёных пісягах ад травы.

У старэйшых класах хадзілі ў школу ў суседнюю вёску. Як казалі, у цэнтр. Там быў сельсавет і праўленне калгаса. Тоня заўсёды неўпрыкмет адцясняла ад яго ўсіх, старалася ісці з ім побач — у яе кожны раз знаходзіліся якія-небудзь пытанні да яго: ці не зразумела новага правіла, ці ў тэарэме не разабралася. А хутка ніхто ўжо з імі не хадзіў, пакідалі адных — ці абганялі, ці не даганялі.

І ніколі, ні тады, школьнікамі, і потым, пасля школы, і цяпер, калі яны не першы год жывуць пад адным дахам, не гаварылі адно аднаму пра свае пачуцці. Усё было зразумела і без слоў.

Неяк позняй восенню, калі яны, дзесяцікласнікі, вярталіся дамоў з нейкага школьнага вечара, яна, калі яны спыніліся ля яго двара, нечакана абняла яго і пацалавала. Пацалавала стрымана, нясмела і прашаптала пяшчотна: «Васілёк ты мой палявы». Пажадала спакойнай ночы і пабегла дамоў адна, маўляў, праводзіць не трэба, часу на размовы няма, трэба ж яшчэ і ўрокі вучыць. А ў наступны раз, калі ён па звычцы спыніўся ля свайго двара, яна сказала, што хлопец павінен праводзіць дзяўчыну заўсёды да яе двара. У той раз развітвацца не спяшаліся — была якраз субота, урокаў вучыць не трэба было...

Дамовіліся, што пажэняцца, як толькі ён вернецца з арміі,— ёй тады не было яшчэ і васемнаццаці.

Калі яны ў вучэбным атрадзе прымалі прысягу, то сярод бацькоў і блізкіх, што прыехалі павіншаваць сваіх сыноў са святам, Васіль нечакана заўважыў Тоню. Стаяла ў белым плашчыку, у сіняй хусцінцы на кароткай шыі.

— Адкуль ты ўзялася? — першае, пра што спытаўся ён у яе, калі іх адпусцілі камандзіры.— І трэба было табе ехаць у такую далеч?

— А што? Гэта ж не на конях. Пазычыла грошы, у маці не стала прасіць, а то не пусціла б. На самалёт і праз некалькі гадзін тут.

Тоня, хоць і мела нядрэнныя здольнасці, вучыцца не вельмі старалася. Асабліва не высільвалася. Пяцёркі рэдка траплялі ў яе дзённік. Але тое, што яна ведала, то ўжо ведала грунтоўна, не забывала. Пасля таго як яна не прайшла ў сельгасакадэміі па конкурсу, уладкавалася ў мясцовы магазін прадаўшчыцай. Спачатку часова, маўляў, пакуль падшукаюць спецыяліста. Але спецыяліста так і не знайшлі,— відаць, ніхто не захацеў ехаць у аддаленую вёску,— і дзяўчына засталася ў магазіне пастаянна. «Стаж зараблю, а там і ты з арміі прыйдзеш,— пісала яна яму.— Можа, разам куды і паступім».

Пасля таго загадкавага пажара на лодцы Васіль доўга ляжаў у шпіталі. Зараз ён ужо і не помніць, ці спаў тады, ці яшчэ быў без прытомнасці, толькі адразу, як пачуў над сабой пяшчотнае: «Васілёк мой палявы»,— ачомаўся, адкрыў вочы.

— Калі і яна цябе не паставіць на ногі, тады...— засмяялася медыцынская сястра, што прывяла Тоню, і выйшла з палаты.

У той дзень Васіль паспрабаваў хадзіць. Потым яны днямі гулялі ў зялёным двары шпіталя. Праз які тыдзень, калі Тоня ад’язджала, Васілю здавалася, што ён ніколі не меў ніякай кантузіі і апынуўся ў шпіталі па нейкім непаразуменні.

І хоць пасля заканчэння ваеннай службы яму прапанавалі паступаць у ваенна-марское вучылішча, ён адмовіўся, паехаў дамоў, у сваю вёску.

«Будзем жыць дома,— пісала яму Тоня.— Цяпер толькі і жыць у вёсцы. Паглядзеў бы, якія катэджы распачалі будаваць. Па шэсць пакояў. Кажуць, у горадзе такіх акадэмікам не даюць. Паступім вучыцца завочна. Ты на інжынера, а я ў гандлёвы тэхнікум. У райспажыўсаюзе абяцалі даць накіраванне. Атрымаем катэдж, купім машыну... Так што выкінь з галавы сваё вучылішча і едзь дамоў. Я ўжо не магу болей адна: праходу не даюць мясцовыя кавалеры».

Як ён даведаўся пазней, да яе сапраўды прыставалі са сваімі заляцаннямі розныя. Хацеў пасватацца шафёр, што вазіў старшыню калгаса. Доўга аббіваў парогі магазіна ўчастковы, усё правяраў у іхняй вёсцы пашпартны рэжым. І нават малады настаўнік, які толькі што прыехаў у мясцовую школу пасля інстытута, убачыўшы яе выпадкова ў калгаснай канторы, куды яна забегла выбіць машыну, каб завезці ў магазін камбікармы, ішоў за ёй услед да самай вёскі і ўсё расказваў пра жанчын, апісаных у раманах рускіх пісьменнікаў, стараўся скарыць яе сэрца сваёй эрудыцыяй.

Літаральна на другі дзень пасля яго вяртання з арміі яны і запісаліся.

Вяселле было хоць і шматлюднае, але такое ж, як і ва ўсіх. І калі чым яно ўрэзалася яму ў памяць, дык толькі тым, што іменна на вяселлі, калі ўсе крычалі «горка», яна прашаптала яму на вуха: «Запомні, Васілёк, хоць ты для мяне і ўсё, але галаву скручу, калі што-небудзь заўважу такое». Відаць, яна перахапіла перад гэтым позірк, які кінуў ён ненарокам на незнаёмую дзяўчыну, што сядзела насупраць.

Дык хіба ж можна пасля ўсяго гэтага нават уявіць, каб яна дазволіла сабе зрабіць тое, пра што плявузгаў Колька? Канечне, хлопцы напіліся і надумаліся пазабаўляцца. І чаму ён толькі сцярпеў такое паскудства? Трэба было даць таму Кольку так, каб і сам болей не жартаваў, і другім заказаў.

Прыкметна бралася на раніцу. Дамы і дрэвы павылузваліся з ночы — зніклі прывіды. Лямпачка, што вісела на слупе пры ўездзе ў вёску, цяпер сіратліва блішчэла, як апошні вугольчык у пагаслым касцярку. У глыбіні неба раставалі зоркі, нібы змывала іх подыхам блізкай раніцы. Неба на ўсходзе шырэла, набухала святлом. На дрэвах заварушылася ацяжэлае за лета лістота, нібы тыя разміналі самлелае за ноч голле...

Пацягнула водарам пераспелай жытніцы і высахлай цыбулі.

Раптам ляпнула акно, расчыніўшыся. Васіль аж уздрыгануўся ад нечаканасці. Пачуўся ўсмешлівы і крыху ўстрывожаны голас Тоні:

— Ты ўсё яшчэ сядзіш, Іван?.. Не ідзеш дамоў?

Васіль аж знямеў.

— Ты што, заснуў? — смяялася жанчына.— Дык зараз разбуджу... халоднай вадой.

Васіль падняўся, неяк няцямна, як не сваімі вачамі, з маўклівай дакорлівасцю глянуў на жонку. Яна з голымі круглымі плячамі ледзь месцілася ў маленькім акне. Рассыпаныя валасы захілялі шчокі,— толькі нос тырчэў ды блішчэлі вочы.

— Ой, гэта ты, Васіль,— падалося, яна шчыра ўзрадавалася.— А я і не пазнала адразу. На цябе і не падумала. Чую, трактар гудзе... Гэта ж Іван яшчэ звечара пляшку шукаў, усё дабіваўся, думаў, што я дома трымаю гарэлку. Доўга не даваў спаць, усё бубнеў пад акном. Потым заціх. Глянула ў акно, аж сядзіць на лавачцы. Падумала, заснуў п’яны. Ну няхай спіць, калі яму так хочацца. А цяпер глянула, каб прагнаць, бо калі сядзіць яшчэ, то ці мала што людзі скажуць. Аж гэта ты. Ідзі ў хату, а то мне хутка карову даіць.

— Не вытыркайся голая, а то прастудзішся,— сказаў глухім перасохлым голасам і, памаўчаўшы, дадаў: — Я зараз.

Якое імгненне ён яшчэ пастаяў. «Ты для мяне ўсё,— успомнілася вяселле.— Што ж, зараз табе будзе сапраўды ўсё. І катэдж, і машына». Ён рашуча скіраваў у двор, на хаду схапіў капронавы шнур, што заўсёды вісеў на ржавым цвіку ля дзвярэй у сенцы,— Васіль хадзіў з гэтым шнуром на траву карове,— таропка стаў разблытваць яго.

У садзе, адразу за варотцамі, сярод падсохлага бульбоўніку, шырока раскінуўшы тоўстае з парэпанай карой голле, дажывала свой век старая яблыня. На ёй амаль не было ўжо лісця, а яшчэ меней яблык, дробных і кіслых. Яна хутчэй нагадвала шкілет дрэва, а не жывое дрэва. У адным месцы самай тоўстай галюкі кара была адшліфавана да бляску,— на ёй дзеці былых гаспадароў, калі прыязджалі гасцяваць з горада, вешалі сваім малым арэлі. Васіль закінуў шнур на гэтую галюку. Ён рабіў усё з мітуслівай паспешлівасцю, нібы баяўся, што яму перашкодзяць пакінуць гэты свет, свет хлусні і здрады, дзе гавораць адно, а робяць другое...

Болю ён не адчуў. Толькі нешта даўкае, як і тады на падводнай лодцы, заткнула дыханне і адразу ж ва ўсім целе з’явілася незвычайная лёгкасць, і яно, цела, як той дзьмухавец, закружылася ў паветры, узнялося высока-высока, дзе мітусіліся і пырскаліся халоднымі іскрамі зоркі. Ды аднекуль з цёмнай глыбіні, нібы стараючыся дагнаць яго ў бясконцасці сусвету, даляцела вар'яцка адчайнае:

— Васілё-ё-ёк!.. Васілёк мой...

І аціхла. Назаўсёды.

Згаслі і зоркі. Таксама назаўсёды.

...Ціхамірна гудзеў у полі асірацелы трактар.

 


1985-1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Гаўрылкін Л. Ружы для каварнай жанчыны: Аповесць, апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1990. – 380 с.
Крыніца: скан