epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

Жукі

 

Андрэй са старым Цімохам, суседам, вярталіся з поля. Ішлі, заграбаючы кірзачамі пыл на дарозе, і маўчалі. Натаміліся за дзень так, што і гаварыць не хацелася. У калгасе абяцалі з кожнае дзесяці засціртаваных кучак саломы, што пакідае за сабой камбайн, адну даць за работу. Кожны хацеў зарабіць болей саломы, і таму ўсе стараліся. Да вечара ўся салома стаяла ў доўгіх, як гумны, сціртах. І толькі з таго краю поля, які быў бліжэй да вёскі, яна ляжала ў кучках — пакінулі для калгаснікаў.

— Хаця б заўтра дажджу не было,— глянуў з-пад раскудлачаных навіслых броваў Цімох на неба, не падымаючы галаву,— можа б, салому прывезлі.

Андрэй прамаўчаў. Яму было ўсё роўна, будзе заўтра дождж ці не; хацелася аднаго — хутчэй прыйсці дамоў, напіцца сырадою і заваліцца на сенавал спаць.

Як толькі яны ўвайшлі на вясковую вуліцу, іх абдала пылам легкавушка — «Жыгулі» зялёнага колеру.

— Як выхадны, дык едуць і едуць,— прабурчэў Цімох.— Усё ракаў з Бесядзі цягаюць. Нажэрліся там мяса, дык жукоў захацелася.

Але Андрэй не чуў старога, бо ён спыніўся і як аслупянелы глядзеў услед легкавушцы, нібы і сапраўды можна было разгледзець што-небудзь у машыне праз густы пыл. Хлопец сіліўся яшчэ раз уявіць яе, убачаную праз задняе шкло, якраз за спіной вадзіцеля, каб усё-такі ўсвядоміць, ці яму падалося, ці то і сапраўды была Юля. Здаецца ж, яе светлыя валасы, тая ж строгая прычоска, як і тады, і тая ж белазубая ўсмешка. Так, ён добра запамятаў гэтую ўсмешку, бо дзяўчына ўсім тварам падалася да акна, відаць, каб лепей разгледзець яго, Андрэя, ці каб ён паспеў убачыць і пазнаць яе.

— Дык давай заўтра перавязём і маю і тваю.— Цімох таксама спыніўся.— Я каня вазьму... Удвух лаўчэй будзе.

— Добра, добра,— ачомаўся Андрэй і паспяшыў за старым.

Як толькі Андрэй увайшоў у хату, маці адразу ж кінулася да прыпечка даставаць абед, відаць, даўно чакала сына.

— Чаго ж ты на абед не прыйшоў? — грымела яна заслонкай.— Хай прападае тая салома, калі з-за яе так трэба душыцца.

— Вазы два зарабіў.

— Ну, мый рукі ды еж,— маці яўна абрадавалася такому выніку яго працы.

— Абдамся ў рэчцы, тады,— і, схапіўшы з жэрдкі свае плаўкі, ручнік, Андрэй выскачыў з хаты. І хаця рака цякла адразу ж за агародамі, але ён пайшоў праз усю вёску на выган. Машыну ўбачыў яшчэ здаля, яна стаяла па высокім беразе, за раўчаком, які перасякаў выган, можа, у якім кіламетры ад вёскі. Ля машыны чырванела напятая палатка...

Андрэй не асмеліўся ісці адразу да машыны, раздзеўся на беразе рэчкі, на гэты бок раўчака, з разгону даў нырца, вынырнуўшы, лёг на спіну і паплыў па цячэнні, крыху дапамагаючы сабе рукамі. Бесядзь то вірыла у спіну халадком са сваіх глыбінь, то на шырокіх плёсах абдавала цеплынёй...

Гады два таму Андрэй працаваў важатым у піянерскім лагеры, у яго атрадзе,— а ён быў камсамольскім,— была дзевяцікласніца Юля. Высокая, стромкая, яшчэ па-дзіцячаму цыбатая. Андрэй неяк адразу выдзеліў яе сярод іншых. Нельга сказаць, каб ён пакахаў яе, але яму прыемна было сустрэцца з ёй позіркам, пагаварыць. Калі ішлі ў паход ці на раку, ён стараўся ісці з ёю побач. І хаця ў іх была толькі яшчэ ўзаемная прыязнасць, не болей, у атрадзе лічылі, што адносіны іх даўно набылі пэўны змест. Але пра гэта ніхто нават не намякнуў яму. Пра гэта можна было здагадвацца па ўсмешках сябровак Юлі. калі раптам Андрэй заходзіў да іх у палату. Мінуў месяц, але ў іх адносінах нічога не змянілася, яны нават ні разу не сустрэліся без пабочных. Можа, таму, што яго пачуцці не набылі яшчэ ў яго свядомасці яснай акрэсленасці, а можа, перашкаджала субардынацыя: хай сабе ён быў студэнтам толькі другога курса, але ў атрадзе ён жа быў важатым, а яна школьніцай.

...Андрэй даплыў да ружовай палаткі. Ля палаткі было двое мужчын. Адзін нізкарослы таўсцячок, другі нечым падобны на баксёра, высокі, з шырокай спіной, крыху прыгорблены.

Яны па доўгіх альховых жардзінках закідвалі ў рэчку ракалоўкі — драцяныя кружкі з напятай на іх сеткай і з прывязанай пасярэдзіне аблупленай лягушкай-прынадай.

Больш нікога на беразе не заўважыў. Можа, і не было ніякай дзяўчыны ў машыне, а ён нейчы твар прыняў за Юлін, не разгледзеў. Андрэй смела, без ранейшай устрывожанасці падышоў да берага, схапіўшыся за абвіслае лазовае голле, вылез з вады. І адразу ж убачыў яе. Спачатку хацеў кінуцца назад у раку, ды яна ўжо заўважыла яго, усміхнулася яму такой знаёмай усмешкай, памкнулася нават падняцца насустрач,— сядзела ля машыны прама на зямлі і нешта рабіла,— ды яе спыніў патрабавальны мужчынскі голас:

— Юля, нітку!

Яна нагнулася, адрэзала ад белага клубка нітку і падала яе высокаму мужчыне з павіслым над ілбом, кранутым сівізною, але яшчэ па-маладому густым чубам. Той узяў нітку, прывязаў да ракалоўкі лягушку і адклаў убок, потым дастаў з мокрай брэзентавай сумкі новую зялёную лягушку...

— Юля, нітку,— крычаў зноў.

— Добры дзень! — падышоў да іх Андрэй.

Мужчыны моўчкі кіўнулі галовамі. Высокі ўважліва паглядзеў на хлопца. Твар у яго быў сухі, выветраны, з прыкметна рыхлаватымі мяшкамі пад вачыма.

— Тата, гэта Андрэй. Ён некалі ў нашым піянерлагеры быў важатым,— сказала Юля.

— Я пазнаў цябе ў машыне,— сказаў ёй Андрэй.

— Я таксама. Думаю, адкуль ён тут узяўся.

— Я тут жыву. Скончыла школу?

— На другім курсе універсітэта.

— У Мінску?

— У Мінску. А ты?

— На пяты перайшоў.

За гэты час мужчыны закінулі ў раку ўсе ракалоўкі і вярталіся да палаткі.

— Бач, Ігнатавіч, у цябе ўжо і зяцёк,— засмяяўся таўсцячок, і яго выгаралыя бровы папаўзлі ўверх.— З такой нагоды варта і выпіць. Гы-гы-гы...

— Слухай, зяць, а ракі тут ёсць? — спытаў Юлін бацька.

— Багата,— адказаў Андрэй.

— Нешта не верыцца. Падымалі тыя, што кінулі раней, пуста,— голас у яго быў роўны, без інтанацый, твар таксама нейкі застылы, як драўляны, без адзінага лішняга руху ні брывамі, ні губамі.

— Вельмі багата ў нас ракаў,— паўтарыў Андрэй.

— Былі,— рагатнуў таўсцячок.— Я гаварыў ехаць на рыбалку, хоць юшка была б, а так кілька ў тамаце.

Андрэй нічога не гаворачы кінуўся да ракі, з разгону пераскочыў кучаравы лазовы куст і плюхнуўся ў ваду. Хутка яго галава паказалася над вадой, і ён шпурнуў пад ногі скептыку вялізнага растапыранага чорнага рака. Рак распластаўся на траве і вяла варушыў адной кляшнёй, другую, відаць, страціў, калі яго цягнулі з нары, ці мо зачапіўся за які карэньчык. А Андрэй, хапіўшы паветра, зноў знік пад вадой. Цяпер ён пабыў там крыху болей, чым першы раз, выкінуў на бераг адразу двух ракаў і вылез сам.

Мужчыны маўчалі ашаломленыя.

Юля ж сядзела на траве і, абхапіўшы рукамі высокія калені, раскачвалася, адкінуўшы галаву назад, залівіста смяялася.

— Адрас? — па-дзелавому спытаў Юлін бацька.

— Норы пад абрывам,— у тон яму адказаў Андрэй.

— Як хто, а я па вышэй указаным адрасе,— ён падышоў да берага, акінуў прыжмуранымі вачыма раку і, зрабіўшы прыгожы скачок у паветра, увайшоў у ваду, як шыла, не ўзняўшы нават пырскаў.

— Ёсць,— раптам паказаўся ён з вады.— Толькі кусаецца падла.

У паветры апісаў крутую траекторыю натапыраны рак і шлёпнуўся прама пад ногі таўсцячка. Таўсцячок выцягнуў з багажніка машыны крапіўны мяшок, у якіх звычайна возяць бульбу, і пачаў у яго збіраць ракаў.

— Начаваць будзеце? — спытаў у Юлі Андрэй.

— Відаць.

— У нас у клубе танцы. Як ты?

— Не ведаю,— не падымала вачэй Юля.

— Я падыду, як звечарэе?

Юля ў згодзе кіўнула галавой.

Павячэраўшы, Андрэй доўга стаяў ля люстэрка, ніяк не мог завязаць на гальштуку прыгожы вялікі вузел. Кончылася тым, што ён шпурнуў гальштук некуды на ложак, зняў сарочку, надзеў тэніску з расхрыстаным каўнерыкам.

— Ці не на гулянку куды? — спытала маці, якая толькі што падаіла карову і ўвайшла ў хату з даёнкай.

— У клуб.

— Хто туды пойдзе сёння? Натаміліся на саломе... Таксама не хадзіў бы, адпачыў...

— Адпачну. Я доўга не буду,— і Андрэй выйшаў. У клубе, вядома, яшчэ нікога не было, калі наогул хто-небудзь збіраўся туды. У паветры вісела пыльная шэрань, на слупах яшчэ не запалілі лямпачкі. Чакаць, каб даведацца, будзе сёння што ў клубе ці не, не было ніякага жадання, ды і, урэшце, якое гэта мела значэнне. Можна абысціся і без танцаў. Андрэй скіраваў на выган, дзе ад ракі распаўзаўся туман. У тумане за раўчаком трымцеў касцёрык. Калі Андрэй падышоў бліжэй, то ўбачыў, што ля вогнішча сядзелі ракаловы і Юля. Цяпер яна была ў цёмнай спадніцы і белай кофтачцы. Гэтай акалічнасці абрадаваўся Андрэй: сабралася на танцы. Перад імі была разаслана цырата, на якой паблісквалі адбіткамі ад вогнішча талеркі, бутэлькі, шклянкі, тут ляжала і кучка ўжо звараных ракаў.

— Прыемнага апетыту! — выйшаў з цемры Андрэй.

— А-а, прэзідэнт ракаловаў,— засмяяўся таўсцячок. На яго мажным з шырокімі акругласцямі целе ледзь не лопалася спартыўнае трыко.— Вы не ведалі, што мы вас завочна абралі прэзідэнтам ракаловаў.

— Дзве сотні,— коратка далажыў Юлін бацька. Ён быў у шортах і тэнісцы, якая рабіла яго плечы яшчэ шырэйшымі.

— Ракалоўкамі сваімі за тыдзень столькі не нацягалі б,— захапляўся таўсцячок.

— Надвор’е мяняецца,— не хацеў так катэгарычна ганіць ракалоўкі Юлін бацька.— За паваротам рыбакі сядзелі, ніводнай рыбкі. А мы дзве сотні. Рукамі. Мы яшчэ ноччу паспрабуем.

— З тваім радыкулітам? — сказала Юля.

— Вада цёплая. Толькі выграваць радыкуліт,— ён прыўзняўся, узяў бутэльку.— Табе, прэзідэнт, за ідэю...

— Дзякую. Не хачу. Не п’ю. Тым больш што мы з Юляй на танцы, калі, вядома, вы не супраць,— адмаўляўся Андрэй.

— Весялей скакаць будзеш,— наліў Юлін бацька ледзь не поўную шклянку.

— Ды я ніколі столькі,— але шклянку ўзяў.— Ды і аднаму.

— Чуеш, Ігнатавіч, ён адзін не можа. Чалавек вырас у калектыве,— хіхікнуў таўсцячок.

— Канечне, хлопца падтрымаем,— пачаў Юлін бацька напаўняць і свае шклянкі.

— Тат! — кранула за плячо яго Юля.

— Адстань!

— А можа, не будзем? Мне зусім не хочацца,— памкнуўся падтрымаць дзяўчыну Андрэй.— Потым я ніколі...

— Паехалі! — скамандаваў Юлін бацька. І хаця ён сказаў даволі рашуча, але ні сам, ні таўсцячок не паднялі свае шклянкі, а глядзелі на хлопца, чакалі. Андрэю нават падалося, што яны не столькі асцерагаліся, што ён не вып’е ўсё, колькі чакалі, што з ім, як з нявопытным пітаком, нешта адбудзецца. Андрэй выпіў, паставіў шклянку, дастаў з кішэні хустачку, выцер рот, так жа нетаропка зноў схаваў яе і толькі потым узяў агурок. Праўда, сказаць што-небудзь не мог, усё нутро аж гарэла, займала дыханне.

— Наш,— сказаў Юлін бацька.

— Пойдзе далёка...— хіхікнуў таўсцячок.— Дастойная змена расце.

— Але і нам пакуль што ў абоз рана,— і Юлін бацька падняў шклянку. Піў ён доўга, рука прыкметна трымцела, востры кадык бегаў па шыі, нібы хацеў прарэзацца праз скуру. Потым ён доўга моршчыў свой сухі твар і так прагна нюхаў хлебную скарынку, што толькі заставалася здзіўляцца, як не ўсмактаў яе носам.

— Тата, закусвай,— папрасіла Юля.

— Адстань,— зыркнуў на дачку.— Не даеш мне жыцця сёння. Сабраліся на танцы, ідзіце танцуйце. А мы ракаў яшчэ пацягаем. Пацягаем, Іванавіч?

Андрэй хуценька даеў каўбасу і падняўся:

— Я гатоў.

— Вось што, таварыш прэзідэнт,— звярнуўся Юлін бацька да Андрэя.— Каб не доўга. Колькі зараз? Дзесяць. Каб у дванаццаць нуль былі тут.

— Талеркі хоць убярыце,— паднялася і Юля.

— Коней няма, не патопчуць,— хіхікнуў таўсцячок. Ён, відаць, лічыў, што гаворыць вельмі дасціпна і кожны раз, нешта сказаўшы, смяяўся першы.

— Ведаеш, баюся пакідаць іх,— сказала Юля, калі яны дайшлі амаль да вёскі.— Чуў пра ракаў? Яшчэ сапраўды палезуць у рэчку?.. Можа, пачакаем, пакуль улягуцца?

— Можна і пачакаць,— пагадзіўся Андрэй. Ён адчуваў, што пачынае п’янець, а яму не вельмі хацелася з’явіцца ў клубе з Юляй п’яным.— Можам пабыць і тут, паслухаць, так сказаць, начныя гукі... І будзем сачыць за нашымі ракаловамі.

— Пасядзім ля кастра,— сказала дзяўчына.— Я люблю сядзець ноччу ля кастра.

Вярнуліся да кастра.

— Вось, зяцёк, ты толькі паслухай. Вось гэты тып,— узяў Юлін бацька за плячо таўсцячка і пахітаў яго, як хітаюць мяшок з зернем, калі хочуць пераканацца, ці моцна ён стаіць,— гэты тып сцвярджае, што ноччу ракі не сядзяць у норах. А мы толькі што праверылі ракалоўкі. Ні аднаго. Дзе ж ракі, калі іх няма ў ракалоўках? Дзе? Зразумела, што ў норах. Болей ім няма дзе быць. Лагічна?

— Лагічна,— пагадзіўся Андрэй.

— Гэта сказаў сам прэзідэнт ракаловаў,— падняў указальны палец Юлін бацька.— А калі ракі ў норах, дык мы і пойдзем іх адтуль цягаць. А пакуль што давайце патрошкі за паспяховае вяртанне з танцаў нашых маладых.

— Тата, ты так да раніцы мяне і замуж аддасі,— засмяялася Юля, узяла адкаркаваную бутэльку і хацела з ёй пайсці, схаваць яе дзе, але дзяўчыну перахапіў за руку бацька.— Пастаў. Пастаў, пастаў... Я такіх жартаў не люблю.

— Агрэсія не пройдзе,— смяяўся таўсцячок, падстаўляючы сваю шклянку.

Налілі і Андрэю.

Андрэй пашукаў вачыма Юлю, якая, пакрыўджаная, адышлася да машыны.

— Не азірайся, пакуль халасцяк,— весяліўся таўсцячок.— Бяры, бяры. На свежым паветры, ды пры такім закусе, ды за чужы счот, дык яно можна да бесканечнасці, некалі гаварыў бацюшка.

— Давай! — загадаў Юлін бацька.— Не маленькі, за дзеўкамі бегаеш...

Андрэй і цяпер не знайшоў у сабе сілы адмовіцца. Выпіўшы, закусваў, не саромеючыся, кідаў у рот усё, што трапляла пад рукі, і адчуваў, што ніяк не можа заглушыць той пажар, што разрастаўся ў ім, біў у галаву.

— Ну, вы як хочаце, а я пайшоў,— падняўся Юлін бацька.

— Куды, Ігнатавіч?

— Ракаў лавіць. А ты, Іванавіч, бяры мяшок і ўслед...

— Што ты, Ігнатавіч. Садзіся. Ракі пачакаюць нас да раніцы.

— А я не хачу ранішніх ракаў, я хачу начных ракаў. Я іх буду цягаць цэлую ноч. Па ўсёй рацэ. Да самых Свяцілавіч! — пракрычаў ён некаму ў цемру.

— Тата! — кінулася да бацькі Юля, але схапіць не паспела, ён лоўка абмінуў яе і з разгону даў нырца, вынырнуў недзе ўбаку, гучна фыркаючы.

— Тата! — ледзь не плакала Юля.

— Ну што ты? Ігнатавіч! Ну што ты? — бегаў па беразе разгублены таўсцячок.

— Ты не штокай, ідзі цягні мяшок,— крычаў заўзяты ракалоў.

І сапраўды, недзе недалёка ў траву чмякнуўся рак.

— Тата! — клікала бацьку Юля.

— Не бойся, калі што дык я...— Андрэй ужо паспеў раздзецца і стаяў на беразе з доўгай алешынай у руках.

— Ды загадайце, каб ён вылазіў, загадайце, я вас прашу,— атакавала Юля таўсцячка.

— Вылазь, Ігнатавіч. Чуеш? Я загадваю.

— Не жартуй, Іванавіч! — смяяўся Юлін бацька і ныраў у чорнае прадонне і, здавался, так доўга быў там, што аж вада паспявала супакоіцца над ім, і ў ёй ужо не калыхаўся месяц, які падняўся за ракой над лесам. Але вось ён вынырнуў з вады, і зноў недзе ў траву чмякнуўся рак.

— Вылазь, Ігнатавіч! — пісклявым голасам крычаў таўсцячок.

— Сустракайце ў Свяцілавічах! Ад’ю! — і ён паплыў пасярэдзіне ракі.

— Тата! — з адчаем закрычала Юля.

Андрэй бегаў па беразе, не ведаючы, што рабіць. Таўсцячок хутка сцягнуў з сябе трыко, забег наперад плыўцу, спусціўся ціха ў ваду і паплыў бясшумна наперарэз. Хутка з рэчкі пачулася валтузня.

— Гэта нічога, даражэнькі, што ты быў гімнаст. Я ж, можа, са штангамі спраўляўся ў свой час. Толькі не брыкайся, толькі не брыкайся. Ігнатавіч, ды ты мне апошнія валасы на галаве павыдзіраеш,— таўсцячок вынес Юлінага бацьку на бераг, і, як толькі адпусціў яго, той зноў хацеў кінуцца ў ваду, ды таварыш паспеў схапіць яго за нагу. Юлін бацька расцягнуўся на беразе і, відаць, ударыўся моцна, бо аж застагнаў, але падняўся, адштурхнуў ад сябе таўсцячка, які кінуўся яго падтрымаць, пастаяў на месцы, а потым некаму пагразіў кулаком, спытаў:

— Не хочаш? Не трэба? Не трэба дык не трэба,— ён шпарка, каб ніхто не паспеў перашкодзіць, падышоў да мяшка з ракамі, што вісеў на калу недалёка ад машыны, схапіў мяшок знізу і пачаў яго раскручваць вакол сябе. Ракі з шоргатам разляталіся навокал, чмякаліся на дол, адзін рак шлёпнуўся ў вогнішча, падняўшы цэлае воблака іскраў. Вытрусіўшы ўсіх ракаў, ён шпурнуў некуды ў цемру мокры мяшок, падышоў да кастра, расправіў сена і ўлёгся на ім.

— Цяпер яго не разбудзіш і з гарматы,— падышоў таўсцячок.

— Можа, пазбіраем ракаў? — прапанаваў Андрэй.

— Ды пайшлі яны! — і таўсцячок палез у палатку спаць.

Андрэй толькі цяпер спахапіўся, што стаіць у адных плаўках. Ён кінуў непатрэбную ўжо алешыну, адзеўся. Падышоў да Юлі. Яна сядзела ля машыны на нейкім чурбаку ці перавернутым вядры, абхапіўшы калені рукамі. Яму падалося, што дзяўчына плача.

— Юля!

Яна не адказала. Яму вельмі шкада стала яе.

— Юля! Ну што ты? Яны многае пабачылі, багата пажылі, у іх сваё жыццё. Што зробіш? У нас будзе ўсё інакш.

— Адстань! — яна крыкнула нечакана з раздражненасцю.

— Юля, ды я... Я праўда крыху таксама, але ж такая сітуацыя. Наогул жа я ніколі... Даруй, больш не буду, якая б сітуацыя...

— Усе вы хлусіце. Гаворыце адно, а робіце другое. Мой бацька таксама дома маці кляўся... І ты такі, усе вы такія, я нікому з вас не веру.— Яна паднялася, памкнулася нырнуць у машыну, ды ён перахапіў яе за руку.

— Юля!

— Пусці.

— Паслухай.

— Ну што?

— Пойдзем паходзім.

— Нікуды не пайду!

— Пайшлі! — ён сціснуў ёй руку, крыху тузануў.

— Пусці! — Яна рванулася, ірванулася моцна, ледзь не ўпала. А Андрэй, замест таго каб падтрымаць яе, недарэчна рассмяяўся.

— Дурань! — і яна схавалася ў машыне.

Ён крыху яшчэ пастаяў ля машыны, а потым наўспрамкі, не трымаючыся дарогі, скіраваў у вёску. Яго вадзіла з аднаго боку ў другі, часта чапляўся нагамі за нейкія купіны — і адкуль яны раптам узяліся на лузе? — спатыкаўся ў нейкія калдобіны, а раз дык тырчма паляцеў некуды ўніз, шлёпнуўся ў нешта мяккае,— у калені і жывот стала холадна ад вады.

Дома доўга сядзеў у двары на прызбе. У роце сохла, хацелася піць. Успомніў, што ў маці на падаконніку на кухні заўсёды стаялі гладышы з сыраквашай. Адчыніў фортку, намацаў цяжкаваты гладыш, доўга і прагна піў цёплую і пракіслую сыраквашу, напіўшыся, бразнуў гладыш аб зямлю, зайшоў у пуню і палез на сенавал, не шукаючы пасцелі, не раздзяваючыся, упаў у духмянае мяккае сена...

Прачнуўся позна. Злез уніз, прыадчыніў вароты, у вузкай палосцы святла агледзеў сябе. Зняў брудны касцюм, схаваў у сене, надзеў чыстае і паспяшыў на выган.

Ля ракі ўжо не было ні машыны, ні палаткі. На роснай траве зелянелі два сляды ад калёс легкавушкі. Вакол вогнішча валяліся бутэлькі, бляшанкі, шкарлупінне ад яек, скарынкі хлеба.

Там-сям у траве варушыліся ледзь жывыя мурзатыя ракі...

 


1985-1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Гаўрылкін Л. Ружы для каварнай жанчыны: Аповесць, апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1990. – 380 с.
Крыніца: скан