epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Лыч

Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект

Салідны пачатак
Рэформа - уступка русіфікацыі
Сплаціць даўгі


Сёння мы маем даволі багата публікацый па тэме, якую дзесяцігоддзямі не адважваліся ўздымаць на старонках навуковай літаратуры, у перыядычным друку. Тэма гэта - рэформа беларускага правапісу 1933 года. У друку часцей за ўсё выступалі па ёй навукоўцы-філолагі. Так што лінгвістычны аспект больш-менш поўна асветлены. Але ў данай праблемы, на маю думку, ёсць і яшчэ адзін не менш важны аспект - сацыяльна-палітычны, ідэалагічны, без разгляду якога цяжка зразумець, чаму пры рэфармаванні правапісу часам так рэзка разыходзіліся пазіцыі навукоўцаў-філолагаў, майстроў мастацкага слова толькі з-за якой-небудзь адной літары.

Зазначаныя аспекты рэформы правапісу беларускай мовы не існавалі ізалявана адзін ад аднаго, таму, як бы я ні імкнуўся падыходзіць да яе толькі з сацыяльна-палітычнага, ідэалагічнага боку, усё ж даводзілася там-сям закранаць і чыста філалагічныя пытанні.

 

Салідны пачатак

 

Набыццё беларускай мовай неўзабаве пасля Кастрычніцкага перавароту статуса дзяржаўнай, афіцыйнае прызнанне, што ёй, як мове пераважнай большасці насельніцтва рэспублікі, належыць самы шырокі спектр сацыяльных функцый, паставілі на парадак дня велізарнай важнасці задачу ўнармавання беларускай мовы. За час, як на ёй сталі пісаць мастацкія творы і навуковыя працы, весці службовае справаводства, заняткі ва ўсіх тыпах выхаваўчых і навучальных устаноў, добра высветлілася, што яна, каб найлепш спраўляцца з выкананнем такога шырокага дыяпазону функцый, патрабуе даволі значнага марфалагічнага, фанетычнага і лексічнага ўпарадкавання. І тут няма нічога дзіўнага, калі ўлічыць працяглы час існавання ў беларусаў толькі вуснай мовы. У выніку ў перад- і паслярэвалюцыйнай беларускай літаратурнай мове існаваў значны разнабой у напісанні слоў, што перашкаджала ёй быць надзейным сродкам зносін паміж людзьмі, наспяхова спраўляцца з ускладзенымі на яе ў сувязі з ажыццяўляемай палітыкай беларусізацыі сацыяльнымі функцыямі. Рэформа беларускага правапісу станавілася гістарычнай неабходнасцю, да чаго рыхтаваліся з усёй сур'ёзнасцю, прыслухоўваліся да кожнай слушнай прапановы.

Першым буйным мерапрыемствам на гэтым шляху было правядзенне 14-21 лістапада 1926 года ў Менску па ініцыятыве Інбелкульта акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Менскі мовазнаўчы форум выклікаў да сябе вялікую зацікаўленасць не толькі навукоўцаў рэспублікі. У яго працы бралі ўдзел рэктар Летувіскага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Біржышка, пясняр з Латвіі Ян Райніс, прафесары М.Фасмер (Берлінскі ўніверсітэт), Ю.Галомбек (Варшаўскі ўніверсітэт), П.Растаргуеў (Маскоўскі ўніверсітэт), Гарчынскі (Ленінградскі ўніверсітэт), дацэнты Німчынаў (Харкаўскі ўніверсітэт), Е.Блесе (Латвійскі ўніверсітэт). А вось аўтара першай граматыкі беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча суседняя нам Польшча на канферэнцыю не адпусціла. Пазіцыю польскага ўрада не падтрымалі многія навукоўцы гэтай краіны, а таксама газета «Кур'ер Віленскі». У перадавым артыкуле «Мядзьвежая палітыка» ад 24 лістапада 1926 года яна пісала, што ў «палітычных адносінах польскі ўрад зрабіў сабе шкоду ў поглядах на нас (г.зн. палякаў. - Л.Л.) Эўропы, а таксама ў поглядах на нас беларускага жыхарства тут (г.зн. у Польшчы. - Л.Л.) і за кардонам».

Прафесійны інтарэс амаль усіх замежных гасцей меў тое ці іншае дачыненне да беларускай мовы. Праўда, ніхто з іх не валодаў апошняю ў такой ступені, каб ужываць яе ў час выступлення на канферэнцыі. Большасць, калі лічыла немэтазгодным карыстацца сваёй нацыянальнай мовай, звярталася да слухачоў па-расейску. На расейскай мове выступаў нават П.Растаргуеў, які, як вядома, у 1918 годзе чытаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве курс лекцый па беларускай мове.

Хочацца падкрэсліць і такую асаблівасць канферэнцыі, як удзел у яе працы вядомых прадстаўнікоў беларускай культуры, што па розных прычынах апынуліся ў іншых краінах. Гэта - рэдактар часопіса «Крывіч» (Коўна) В.Ластоўскі, рэдактар газеты «Голас Беларуса», старшыня Беларускага навуковага таварыства ў Латвіі К.Езавітаў, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Летуве Галавінскі, рэдактар часопіса «Прамень» (Прага) У.Жылка.

На адрас канферэнцыі паступілі 23 прывітанні, у тым ліку з Вільні ад Таварыства Беларускай Школы (старшыня Р.Астроўскі), Таварыства палітычных эмігрантаў Заходняй Беларусі (Масква), Беларускага (Крывіцкага) Культурнага Таварыства (Прага чэшская), Савета Нацыянальных меншасцяў (Масква). Усё гэта падкрэслівае прынцыпова важнае навуковае і практычнае значэнне канферэнцыі. Як бачым, патрэба ў навядзенні парадку ў маладой беларускай літаратурнай мове добра разумелася не толькі яе законнымі носьбітамі, але і шырокімі коламі сусветнан грамадскасці.

У канферэнцыі бралі ўдзел 69 чалавек. Але не ўсе, хто прыехаў на яе, лічылі абавязковым рэформу беларускага правапісу і азбукі. Сярод іх быў і добры знаўца беларускай мовы С.Некрашэвіч. «Наша літаратурная мова, - гаварыў ён, - консолідаваўшы народныя гутаркі, вырасла ўжо ў сталы організм, які не патрабуе над сабой грунтоўных... опэрацый». Такі погляд у пэўнай ступені мог сфармавацца на базе яго сяброўскіх адносін з аўтарам «Беларускай граматыкі для школ» Браніславам Тарашкевічам, якую якраз і збіраліся рэфармаваць удзельнікі канферэнцыі і перш за ўсё Я.Лёсік, які меркаваў выступіць на ёй з асноўным дакладам. С.Некрашэвіч выказаўся за поўнае адхіленне праекта братоў Лёсікаў.

Удзельнікі філалагічнага форуму паказалі добрае веданне сутнасці праблемы моўнага развіцця ў рэспубліцы ў святле нядаўна абвешчанай беларусізацыі. Цяжкасці яе вырашэння справядліва бачылі ў неспрыяльных умовах мінулага. Аднак такое становішча з беларускай мовай не пужала яе шчырых рупліўцаў. Яны былі ўпэўнены, што шляхам стараннай працы па ўнармаванні правапісу можна будзе паступова давесці яе да таго ўзроўню, якому адпавядаюць старыя эўрапейскія літаратурныя мовы, забяспечваючы гэтым самым росквіт нацыянальнай культуры. Верыў у гэта і латышскі паэт Ян Райніс: «Мне здаецца, - гаварыў ён, - што беларускі народ, які меў ужо высокую культуру ў той час, калі ў нас не было яшчэ ніякай культуры, гэты народ хутка дасягне культуры агульнаэўрапейскай і зойме віднае і пачэснае месца ў сям'і іншых народаў. Ваша будучыня самая слаўная». Нямецкі прафесар М.Фасмер бачыў у «канферэнцыі з'явішча, якое вядзе да незвычайнага вырашэньня нацыянальнага пытаньня».

Абгрунтавана паказаў значэнне роднай мовы ў адраджэнні беларускага народа дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Гаўрыла Гарэцкі. Падкрэсліваючы вострую неабходнасць стварэння навуковай тэрміналогіі, ён сказаў наступнае: «Факт дзяржаўнага будаўніцтва Савецкай Беларусі павінен быць падмацаваны... утварэннем навуковай беларускай мовы, самастойнай беларускай навукі. Толькі тады будзе цалкам запоўнена гістарычная гама будаўніцтва беларускай фразы».

Непасрэдна сам філалагічны аспект парадку для канферэнцыі пачаў разглядацца толькі з падрабязнага аргументаванага выступлення С.Некрашэвіча. Ён не быў прыхільнікам карэннай ломкі моўнай спадчыны, заяўляючы, што ў складзенай Б.Тарашкевічам «Беларускай граматыцы для школ» правільна вызначаны асноўныя законы беларускай літаратурнай мовы». Затое ў сінтаксісе ім бачылася «шмат неўласьцівых для беларускай мовы канструкцый пабудовы сказу». Прамоўца выказаў занепакоенасць наплывам у беларускую лексіку слоў (асабліва абстрактнага значэння) з іншых моў і стаяў за ўтварэнне такіх на базе ўласнага слоўнікавага матэрыялу з паступовай заменай усяго таго чужога, што набралася ў беларускай мове. «Тэндэнцыя да замены чужаземнай стыхіі сваёю, - гаварыў С.Некрашэвіч, - не ёсць толькі з'явішча беларускай культуры». І з гэтым нельга не пагадзіцца, ведаючы, якая мэтанакіраваная праца праводзілася многімі народамі па ачышчэнні сваіх літаратурных моў ад залішніх запазычанняў. Без такой працы не абысціся і сённяшняму корпусу філолагаў нашай краіны, калі мы жадаем узняць прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай у вачах яе носьбітаў.

Закранаюць праблематыку сучаснай беларускай мовы і такія словы С.Некрашэвіча: «Патрэбна, каб наша літаратурная мова па магчымасьці была блізка да ўсіх нашых дыялектаў, каб яна зьяўлялася агульнай для іх... Нашым агульным імкненьнем павінна быць адзінства беларускай мовы, бо гэты фактар пераважна і азначае адзінства народу». Не сакрэт, што выкарыстаннем у аптымальных суадносінах мясцовых дыялектаў мы не толькі ўзбагацім нашу дзяржаўную беларускую мову, але і зробім яе больш блізкай і зразумелай носьбітам гэтых дыялектаў.

Яшчэ глыбей пранік у сутнасць разглядаемай на канферэнцыі праблемы Я.Лёсік, які азнаёміў прысутных з канкрэтным праектам па рэформе беларускай азбукі. Гэта ўжо было не першае выступленне Я.Лёсіка па данай праблеме. Першы даклад па ёй з'явіўся ў 1923 годзе, з якім меў магчымасць пазнаёміцца і масавы чытач у газеце «Савецкая Беларусь». У адрозненне ад С.Некрашэвіча аўтар праекта па рэформе беларускай азбукі лічыў, што апошняя «не адпавядае ўва ўсіх пунктах гукавому пісьму... ня мае ўласнага твару», таму ён прапанаваў набліжаць беларускую азбуку да гукавога пісьма, «каб не абярнуць яго ў такое мёртвае і труднае для навучаньня, якім з'яўляецца пісьмо францускае або ангельскае».

Апанентаў у Я.Лёсіка аказалася больш, чым прыхільнікаў. Беларускую азбуку вырашылі не кранаць. Каб хоць трохі апраўдаць сваё паражэнне перад удзельнікамі канферэнцыі, аўтар праекта па рэформе беларускай азбукі спаслаўся на крылаты выраз аднаго з французскіх мовазнаўцаў: «Лягчэй каралю адсячы галаву, як зрабіць якую-небудзь зьмену ў пісьме». Цікава адзначыць, што Б.Тарашкевіч, А.Луцкевіч, І.Дварчанін, Я.Станкевіч, якім польскі ўрад не дазволіў выехаць з Вільні на канферэнцыю, пагадзіліся з Я.Лёсікам толькі па двух пунктах: увесці літару «j» і спецыяльны значок для замены афрыкатаў «дз» і «дж». Пра гэта ўдзельнікам канферэнцыі паведаміў С.Некрашэвіч.

З няменшай крытыкай ішло і абмеркаванне прапанаванага Я.Лёсікам праекта рэформы беларускага правапісу, што сведчыла аб сур'ёзным падыходзе да праблемы, папярэджвала аб усялякіх памылках пры прыняцці канкрэтных рашэнняў. Сутнасць свайго погляду Я.Лёсік выказаў так: «... каб пісьмо было простае і лёгкае, дзеля гэтага яно не павінна разыходзіцца з жывым вымаўленнем слоў». Таму ён не пагаджаўся з Б.Тарашкевічам, што той фанетычны прынцып увёў толькі пры напісанні галосных гукаў. З найбольш істотных паправак Я.Лёсіка, якія выклікалі шмат спрэчак, былі: увядзенне поўнага аканьня і на чужаземныя словы, адмена напісання «ь» паміж падвойнымі зычнымі (жыцьцё - жыццё), пасля «з» і «с» (зьвер - звер, сьнег - снег). Пасля грунтоўнага абмеркавання напісанне «а» ў ненаціскных складах іншаземных слоў зацвердзілі, што нельга не прызнаць за правільнае рашэнне. Для прыняцця яго, бясспрэчна, важную ролю адыграла цвёрдая пазіцыя сакратара Правапіснай камісіі Мялешкі, што «кожны народ вымаўляе чужаземныя словы згодна сваёй уласнай нацыянальнай акцэнтацыі», і С.Некрашэвіча, які оканне ў замежных словах разглядаў як супярэчнасць адзінству народнай і кніжнай мовы. «Калі запазычанае слова, - гаварыў ён, - дапасуецца да вымаўлення народу, то яно робіцца словам яго мовы». І далей, «оканне ў чужаземных словах парушае наш асноўны фанэтычны прынцып правапісу галосных...»

Затое адразу высветлілася, што ў Я.Лесіка будзе вельмі мала аднадумцаў у дачыненні да мяккага знака. Першым вельмі цвёрдую апазіцыю ў гэтым заняў С.Некрашэвіч, спасылаючыся, што і ў старабеларускай мове выкарыстоўвалі «ь» у словах сьнег, зьвер і інш. «Можна многа павыкідаць значкоў, - гаварыў ён, - і дайсьці ўрэшце да кітайскай азбукі, але ж гэта не заслуга азбукі. Азбука і правапіс тады добрыя, калі яны па магчымасьці азначаюць кожныя гукі, ва ўсякім выпадку характэрныя з іх. А што нашыя мяккія зычныя, асабліва сьвісьцячыя, гукі характэрныя, аб гэтым і гаварыць не прыходзіцца».

С.Некрашэвіча цалкам падтрымаў П.Растаргуеў, заявіўшы, што «напісаньне звер, дзвёх, мядзведзь, свет, цвет, суддзя, жыццё, ралля, чытанне без «ь» будзе мець вынікам усваеньне няправільнага вымаўленьня падобных слоў. Спасылка на іншыя мовы беспадстаўная; напрыклад, у расійскай мове мае месца мяккае вымаўленьне некаторых зычных, але пры адсутнасьці азначэньня мяккасьці пры напісаньні яна губляецца ў жывым вымаўленьні пісьменных людзей, і ў значнай большасьці даводзіцца чуць цьвёрдае вымаўленьне... Паказаньне ў граматыках на вымаўленьне гэтых зычных не выратуе становішча». На думку І.Бялькевіча, ад неўжывання «ь» паміж падвойнымі мяккімі зычнымі траціцца асаблівасць беларускай мовы.

Увагу ўдзельнікаў канферэнцыі прыцягнула правіла напісання «у» і «і» пасля галоснага папярэдняга слова. Вельмі катэгарычным тут быў П.Растаргуеў, сцвярджаючы, што калі ў такіх выпадках зазначаныя літары не пісаць як нескладовыя, «значыць сьцерці ў пісьмовай перадачы беларускай мовы адну з найбольш характэрных яе асаблівасьцяй». З ім пагаджаўся П.Бузук, спасылаючыся тут на ўкраінскі вопыт, дзе нават «і» нескладовае пішуць у пачатку слова, калі папярэдняе канчаецца на галосны. Удзельнікі канферэнцыі не пагадзіліся з такой прапановай у дачыненні да «і».

Пры такой саліднай гаворцы на канферэнцыі аб маючай неўзабаве адбыцца рэформе правапісу беларускай мовы не магло не ўзнікнуць і пытанне аб ужыванні лацінскага алфавіта. Сярод праціўнікаў яго былі і такія выдатныя знаўцы беларускай мовы, як В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, П.Растаргуеў. Так сталася, што першымі бралі слова для выступлення праціўнікі лацінкі. Найбольш рашуча адхіляў яе В.Ластоўскі: «Паложаная ў аснову крывічанскай (беларускай) пісьменнасьці кірылаўская азбука... пры рэформе, а не рэвалюцыі не вымагае замены на якую-колечы іншую (скажам, лацінскую) азбуку. Пераход бязмала тысячалетняй крывічанскай пісьменнасьці на другую азбуку - гэта «царскае сячэньне», на якое можа наражаць толькі хворы аб'ект, калі ён знаходзіцца паміж жыцьцём і сьмерцю. Здаровы організм нашай пісьменнасьці няможа наражаць на непатрэбную яму «опэрацыю», бо гэта аслабіла-б малады і поўны энэргічнага ўзросту організм, прывяло-б яго да нямінучага цяжкага заняпаду і да неаблічальных у выніках комплікацый».

Але дух талерантнасці, які панаваў на працягу ўсяго часу працы канферэнцыі, даў магчымасць смела выступіць і ў абарону лацінкі. Пераканаўча адстойваў яе П.Бузук: «... надыходзіць час падумаць аб лацініцы; бязумоўна, да гэтага справа дойдзе; мы эўропеізуемся, мы прынялі новы стыль, мы прынялі дзесятковую сыстэму мер, нам застаецца зрабіць апошні крок - перайсці да лацінікі».

Асаблівым клопатам удзельнікаў канферэнцыі з'яўлялася ачышчэнне беларускай мовы ад залішніх уплываў з боку расейскай. І гэта зразумела: атрымаўшы статус дзяржаўнай, беларуская мова не магла болей заставацца на ўзроўні сапсаванай расейскай мовы. На пазіцыях сапраўднага пурытаніна ў гэтым пытанні трывала стаяў гісторык і публіцыст, у мінулым рэдактар «Нашай Нівы» В.Ластоўскі. Фанетычныя адступленні ад народнай мовы, на яго думку, выкліканы перш за ўсё запазычаннем расейскай абацэды (алфавіта). Датычыла гэта і дыфтонгаў уо(юю=іоу), ые(іе), якія складаюць адну з асаблівасцей беларускай мовы. Замена дыфтонгаў «аднэй літарай расійскай абацэды, - гаварыў В.Ластоўскі, - з'явішча штучнае і надта шкоднае для захаваньня натуральнай чыстаты мовы». Дзякуючы такой замене людзі гавораць па-крыўску, але з маскоўскім акцэнтам. Яго зусім не задавальняла, што ў беларускім правапісе фанетычная перадача захоўваецца толькі ў канчатках слоў (зрабіў, валоў), а іх карані пішуцца па-расейску (звон замест звуон). «У выніку гэтага наша старая і самабытная мова... выглядае правінцыяльным дыялектам расійскай мовы, а гэтае апошняе з'яўляецца перашкодай адраджэньню нашай пісьменнасьці». На яго думку, «ня толькі ў слове, як зьмесьце народнай мысьлі, але і ў форме гэтага слова, у кожным паасобным гуку яго ці злучэньні гукаў адбіваецца гісторыя народу». Таму трэба «дасягнуць таго, каб нашы словы, формы і гукі на пісьме былі адбіццём гісторыі нашай пісьменнасьці, гісторыі крыўскага, а не расійскага ці польскага народаў, сярод моваў якіх наша пісьменная мова выглядае цяпер як толькі правінцыяльная адмена...»

Спецыяльна не бралі слова на канферэнцыі Янка Купала і Якуб Колас. Але вядома па выніках пайменнага галасавання і іншых крыніцах, што яны былі супраць таго, што канферэнцыя прыняла прапазіцыю С.Некрашэвіча пісаць «я» толькі ў першым складзе перад націскам і пакінула без змяненняў напісанне «не» і «без», калі яны стаяць асобна (г.зн. не падлягалі яканню). Я.Колас стаяў за пашырэнне якання і ў другім складзе пасля націску, за напісанне «німа», «ніхай», быў супроць ужывання «а» замест ненаціскнога «о» ў чужаземных словах.

Усе дні, пакуль працягвалася работа канферэнцыі, яна была ў цэнтры ўвагі самых розных пластоў беларускага народа, што дало падставу старшыні Інбелкульта Ў.Ігнатоўскаму ў сваім заключным слове заявіць: «Мы не забылі беларускай мовы, чаго баяўся Багушэвіч... Мы павінны вызначыць вялікую зацікаўленасьць працамі канферэнцыі з боку шырокіх рабоча-сялянскіх мас Беларусі. Нашы пасяджэньні заўсёды мелі шмат гасьцей, асабліва вечарамі. Некаторыя з іх прасілі нават слова. Газэты нашы, у якіх апісвалася дэтальна праца канферэнцыі, чыталіся нарасхват і пасьля прачытаньня хаваліся ў прыватных бібліятэках».

 

Рэформа - уступка русіфікацыі

 

З рознымі пачуццямі і настроем пакідалі людзі канферэнцыю. Адных яна радавала сваімі вынікамі, другіх - засмучала. Але як першыя, так і другія добра ўсведамлялі, што наперадзе іх яшчэ чакае вялікая праца, каб ачысціць беларускую мову ад усяго таго, што было не ўласціва яе нутраной прыродзе, каб зрабіць яе ва ўсім адпаведнай так нядаўна набытаму статусу дзяржаўнай. І вопытныя беларускія мовазнаўцы актыўна ўзяліся за гэтую высакародную справу. Аднак адчувалася, што з кожным годам усё цяжэй і цяжэй праводзіць карысныя ідэі ў жыццё. З распачатай у канцы 20-х гадоў барацьбой з т.зв. беларускім нацыянал-дэмакратызмам да ходу працы па падрыхтоўцы новага правапісу раптам выказалі вялікую зацікаўленасць асобы, прафесійны статус якіх не меў нічога агульнага з праблемай мовазнаўства. Пэўны ўплыў імкнуліся рабіць яны і на склад навукоўцаў, што павінны былі далей займацца данай справай. І трэба думаць, што не абыходзілася тут і без выкарыстання матэрыялаў праведзенай у лістападзе 1926 года Канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Паводле зместу выступленняў на ёй партыйныя органы маглі скласці даволі поўныя ўяўленні аб палітычных перакананнях кожнага, хто браў слова, і ўжо вырашыць, даць ці не даць яму магчымасць удзельнічаць у распрацоўцы беларускага правапісу. Асаблівую падазронасць выклікалі тыя, хто быў вельмі заклапочаны праблемай ачышчэння беларускай мовы ад русізмаў і ўвогуле ад уплыву на яе з боку расейскай. А такіх поглядаў прытрымлівалася большасць удзельнікаў данага форуму, і свае пазіцыі яны выказвалі не завуалявана, а адкрыта, не думаючы, што хтосьці гэтаму будзе даваць палітычную афарбоўку. Для доказу прывядзем хаця б такія словы з выступлення А.Лёсіка: «Уласьцівасьць беларускай мовы стане больш выразнай, калі мы будзем пісаць «прышлі у хату», чым «прышлі ў хату», бо апошняе напісаньне набліжае беларускае выражэньне да расійскага «в хату» («ў» бліжэй да «в», чым «у»)». Пераканаўча паказваў, як адмоўна паўплывалі на адметнасць беларускай мовы некрытычныя запазычанні з расейскага правапісу, В.Ластоўскі. Таму не дзіва, што менавіта гэтых навукоўцаў першымі адхілілі ад далейшай працы над беларускім правапісам. Ужо ў снежні 1930 года Я.Лёсіка пазбавілі звання акадэміка АН БССР, а ў красавіку наступнага года выслалі за межы рэспублікі. Тады ж падобны лёс напаткаў і старшыню Правапіснай камісіі, віцэ-прэзідэнта АН БССР С.Некрашэвіча.

Можна было б прывесці і яшчэ шэраг фактаў, якія сведчаць пра неспрыяльныя ўмовы для завяршэння працы па складанні беларускага правапісу. Абмяжуемся хаця б такім. Ці ж маглі навукоўцы-мовазнаўцы АН БССР шчыра клапаціцца пра захаванне і прымнажэнне народнай лексікі, калі ў выдадзенай у Менску ў 1931 годзе кнізе «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі» С.Вальфсон пісаў, што ў калектыве гэтай навуковай установы нічым іншым не займаюцца, як запаўненнем слоўнікаў пакрытымі плесенню вякоў, нікому не зразумелымі архаізмамі. Паводле яго фальсіфікацый, «нацдэмы лічылі сваёй важнейшаю задачаю вытравіць з беларускай мовы ўсякія элементы расейскай мовы». Зразумела, цяпер ужо кожны, хто быў прыцягнуты да складання беларускага правапісу, імкнуўся - каб толькі не быць залічаным у «нацдэмы» - абавязкова ўнесці штосьці з расейскай мовы ў беларускую, нягледзячы, як гэта стасуецца да яе.

Такі ход падзей задавальняў партыйныя і савецкія органы рэспублікі. Яны нават не палічылі патрэбным дапусціць да працы над рэформай правапісу і аднаго з вядомых навукоўцаў у галіне беларускай філалогіі - Браніслава Тарашкевіча, «Беларуская граматыка для школ» якога ў 1929 годзе перажыла пятае выданне. Сам аўтар яе з 7 жніўня 1933 года пасля абмену на Ф.Аляхновіча жыў у СССР, праўда, не ў Менску, а ў Маскве пад пільным тайным наглядам спецслужбаў НКУС і працаваў там у Міжнародным аграрным інстытуце, а не, напрыклад, на філалагічным факультэце сталічных ВНУ ці ў АН СССР. Б.Тарашкевіч прыехаў у СССР прыкладна за 20 дзён да прыняцця пастановы СНК БССР аб зменах у правапісе, так што пры жаданні пэўных навуковых і ведамасных структур гэты навуковец паспеў бы сказаць сваё аўтарытэтнае слова ў беларускай філалогіі, і не выключана, удалося б хоць крыху зменшыць хібнасць ажыццёўленай рэформы, пазбегнуць узнікнення дзвюхварыятнасці беларускай мовы ў межах Савецкай і Заходняй Беларусі.

Воляй лёсу дзень 26 жніўня 1933 года вельмі многае змяніў у жыцці беларускай мовы і разам з гэтым істотна паўплываў на агульны стан духоўнай культуры нашага народа. У той дзень Савет Народных Камісараў БССР без папярэдняга абмеркавання шырокімі коламі грамадскасці прыняў пастанову «Аб зьменах і спрашчэнні беларускага правапісу», пра мэтазгоднасць якой вось ужо шэсць дзесяткаў гадоў вядуцца спрэчкі. І як высвятляецца, найбольшую інтэнсіўнасць і востры характар набываюць яны тады, калі ў грамадстве актывізуюцца працэсы дэмакратызацыі, робіцца крытычная ацэнка пройдзенага шляху ў галіне нашага духоўнага развіцця.

З філалагічнага боку праведзеная ў 1933 годзе рэформа беларускага правапісу, як адзначалася вышэй, даволі падрабязна асветлена, таму яшчэ раз спыняцца на гэтым аспекце няма патрэбы. Калі што і ўпушчана ў публікацыях апошняга часу, дык гэта глыбокі параўнальны аналіз таго, дзе, у чым і як удалося ўрэзаць адметнасць беларускай мовы за кошт свядомай падгонкі яе пад расейскую. А без такога аналізу нельга даць правільнага адказу, чым стаўся для беларускай мовы і не забыты па сёння гэты жнівеньскі дзень 1933 года. Пакідаючы данае пытанне для спецыялістаў-філолагаў, скажу толькі ў самых агульных словах, што з увядзеннем новага правапісу беларуская мова воляй пэўных людзей была істотна набліжана да расейскай, шмат у чым страціўшы сваю самабытнасць, а галоўнае - магчымасць супраціўляцца асіміляцыі з боку апошняй. Свядомае, мэтанакіраванае набліжэнне да расейскай мовы відаць хаця б з новага напісання наступных слоў: цвет замест цьвет, адпаведна снег - сьнег, з'есці - зьесці, гарадскі - гарадзкі, волжскі - волскі, кольцы - колцы, методыка - мэтодыка, клас - кляс, фізіка - фізыка, універсітэт - універсытэт, комунізма - комунізму, метр - метар, фунт - хунт. У дачыненні да небеларусаў лічылася правільным ужываць толькі Іосіф, Нікалай, а беларусы маглі пры жаданні пісаць свае імёны Базыль і Васіль, Восіп і Язэп, Янка і Іван. Менавіта з гэтага часу і пачалося перакручванне ў розных асабовых дакументах напісання самабытных, арыгінальных беларускіх імёнаў, у выніку чаго і тут нанесена вялікая шкода нацыянальнай культуры.

Набліжэннем правапісу беларускай мовы да расейскай трэба лічыць дазвол на пашырэнне ў першай дзеепрыметнікавых форм, напісанне не пад націскам «о» ва ўсіх інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных словах, напісанне «не» і «без» праз «е» незалежна ад націску наступнага за ім слова.

Асіміляцыйная накіраванасць рэформы 1933 года з'яўляецца яе галоўнай сутнасцю, дамінантай. Усё пазітыўнае ў рэформе - вельмі нязначнае ў параўнанні з нанесенай ёю шкодай беларускай мове. Яна ў значнай ступені згубіла сваю мілагучнасць, стала мала абароненай ад расейскамоўнага ўплыву.

Ідэалагічныя службы кампартыі, якім удалося на самым вырашальным этапе рэформы ўзяць пад свой кантроль працу навукоўцаў-мовазнаўцаў, не сумняваліся, што з прыняццем вышэйназванай пастановы СНК БССР не спыніцца гаворка пра гэтую зусім не простую для лёсу беларускага народа падзею. У рэспубліканскіх эшалонах улады разумелася, што патрэбны будуць дадатковыя крокі, каб супакоіць, стрымаць людзей ад вядзення далейшых спрэчак, выказвання магчымай незадаволенасці. Было вырашана аўтарытэтам саміх пісьменнікаў паспрабаваць як-небудзь утаймаваць страсці непрыхільнікаў новага правапісу. І трэба сказаць, што многае тут удалося. Хаця і пішацца, што па ініцыятыве самога Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук і Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР праводзіўся па вечарах 11, 13 і 15 снежня 1933 года агульны сход пісьменнікаў Менска, але ж няма сумнення, што ініцыятыва правядзення такога сходу зыходзіла ад партыйных інстанцый.

Як ужо стала завядзёнкай пад той час, сход менскіх пісьменнікаў не мог не прыняць прывітання «любімаму правадыру працоўных усяго свету» І.В.Сталіну. Правадыра з Маскоўскага крамля яны запэўнілі, што будуць «бязлітасна змагацца з усялякімі класава-варожымі элементамі», цалкам пагадзіліся з логікай надта ж ужо папулярных сталінскіх тэзаў, што «праз росквіт нацыянальных культур і моў у перыяд дыктатуры пралетарыята» ўдасца стварыць вялікую «адну агульную сацыялістычную культуру і адну агульную мову ў перыяд перамогі сацыялізма ва ўсім свеце». І як было не пагадзіцца, калі рэфарматары беларускага правапісу ўжо зрабілі значны крок у бок такой мовы праз свядомое набліжэнне беларускай мовы да расейскай.

Акрамя прывітання І.В.Сталіну, падобныя пасланні былі накіраваны ўдзельнікамі сходу на імя першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалы і старшыні СНК БССР М.Галадзеда, партыйнага і дзяржаўнага кіраўнікоў Украіны С.Касіёра і П.Постышава. У першым з іх адзначалася, што «пастанова СНК аб рэформе беларускага правапіса стварае яшчэ большыя магчымасці для магутнага культурнага ўздыма і росквіта»; зрывае маску з беларускіх нацдэмаў і нацыянал-фашыстаў, якія «ў сваіх контррэволюцыйных інтэрвенцкіх мэтах увесь час праводзілі шкодніцкую работу на мовазнаўчым і культурным фронце... імкнуліся пабудаваць штучны бар'ер паміж мовай і культурамі брацкіх совецкіх рэспублік РСФСР і БССР»; выказвалася задаволенасць, што кампартыя рэспублікі «нанесла сакрушальны ўдар па беларускай контррэволюцыі».

У лісце на адрас кіраўніцтва суседняй Украіны было напісана: «Беларускі буржуазны нацыянал-дэмакратызм зрадні ўкраінскаму». Адсюль няцяжка зразумець, што і яго павінен напаткаць такі ж лёс, як беларускага. А пра яго так пісалася: «Совецкая грамадскасць Беларусі пры актыўным удзеле сапраўдных совецкіх пісьменнікаў, якія безагаворачна сталі на платформу совецкай улады, пад мужным кіраўніцтвам КП(б)Б разбіла агентуру нацыянал-фашызма ў літаратуры, у мастацтве, у мовазнаўстве. Але вораг недабіты...

Совецкія пісьменнікі БССР добра разумеюць, што барацьба з буржуазным нацдэмакратызмам працягваецца, што абавязак кожнага сапраўды адданага справе пабудовы бяскласавага грамадства пісьменніка сваю зброю, сваю ненавісць абрушыць на рэшткі гібнучага класа, каб дабіць яго.

У тым, што пісьменнікі Беларусі будуць бязлітаснымі ў гэтай барацьбе з рэшткамі гібнучага класа, мы запэўняем працоўных Совецкай Украіны, запэўняем КП(б)У, запэўняем яе ЦК».

Цяжка сказаць, ці падліло гэтае прывітанне алею ў полымя барацьбы з нацыянальна самасвядомай часткай украінскага народа. Але мы ведаем, што і там барацьба была такой жа крывавай і бязлітаснай, як у Беларусі.

Прывітанні кіраўнікам Бсларусі і Ўкраіны былі без подпісаў беларускіх пісьменнікаў. Як гэта часта тады практыкавалася, гэтыя прывітанні былі прыняты сходам увогуле. Зразумела, далёка не ўсе з прысутных на ім былі згодныя са зместам прывітанняў, але не пярэчылі толькі з-за страху апынуцца пад падазрэннем у адпаведных органаў.

На сходзе выступілі ажно 18 пісьменнікаў. Першым узяў слова Андрэй Александровіч, у назве даклада якога - «Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы» - быў зададзены тон сходу. Ваяўнічы характар мелі загалоўкі выступленняў І.Гурскага «Ніякай літасці ворагу», М.Зарэцкага «Мова - зброя класавай барацьбы», К.Крапівы «Змаганне дзвюх сістэм», М.Кульбака «На фронце яўрэйскай мовы - яшчэ арудуюць класавыя ворагі», А.Куляшова «Ускрыць маскіроўкі ворага».

Кожны з выступоўцаў лічыў сваім «абавязкам» перад партыяй і ўрадам як мага мацней стукнуць па «нацдэмах». Але найболый дасталася ім ад Андрэя Александровіча. «Шкодніцтва нацдэмаў, - гаварыў ён, - з асаблівай сілай праводзілася на мовазнаўчым фронце. На гэты фронт беларуская контррэволюцыя кінула, бадай, ці не самыя лепшыя свае сілы, і мовазнаўчыя ўстановы былі па сутнасці галоўнымі цытадэлямі контррэволюцыйнай работы...

Нацдэмы ўводзілі ў сучасную беларускую мову архаізмы з літоўскай метрыкі, з слоўніка Бярынды, з розных сярэдневяковых дакументаў, змагаліся за адрыў мовы ад жыцця, ад гаворак пралетарыята і працоўнага сялянства, рашуча выганялі з мовы элементы інтэрнацыяналізма, змагаліся супроць советызмаў - слоў, народжаных пролетарскай рэволюцыяй, супроць слоў аднародных з рускай мовай».

Вось такімі страшэннымі ворагамі маляваў асноўны дакладчык сходу многіх з тых, хто па-сапраўднаму клапаціўся пра чысціню і самабытнасць мовы. Абвінавачванне ж «нацдэмаў», што яны былі супроць наплыву і ўжывання ў беларускай мове «слоў аднародных з рускай мовай» ужо да рэформы правапісу беларускай мовы і асабліва пазней было выкарыстана ў якасці падставы не толькі не перашкаджаць, а, наадварот, ва ўсім садзейнічаць гэтаму зусім неапраўданаму працэсу ў культурна-моўным развіцці беларускай нацыі. Прыхільнікаў такога працэсу, як пакажа далейшае жыццё, найбольш было сярод работнікаў выдавецтваў, рэдакцый газет і часопісаў, якія цалкам апынуліся пад уладай партыйных органаў, а таксама ў асяроддзі некаторых пісьменнікаў, журналістаў і навукоўцаў-мовазнаўцаў, што імкнуліся сваімі творамі садзейнічаць збліжэнню беларускай мовы з расейскай.

Паводле ацэнкі Андрэя Александровіча, вядомы беларускі мовазнаўца Язэп Лёсік - махровы нацдэм, а не менш слынны ў рэспубліцы навуковец В.Ластоўскі - белагвардзейскі нацдэм. Галоўная ж віна С.Некрашэніча і М.Байкова заключалася ў тым, што яны ў выпушчаным слоўніку «засмечваюць мову архаізмамі, штучнымі словамі, ігнаруюць рэволюцыйныя новатворы, арыентуючыся на мову шляхецка-кулацкіх колаў, на мову фашысцкай Польшчы». Не трэба тлумачыць, якая пагроза навісала над гэтымі навукоўцамі пасля такога суровага публічнага абвінавачвання.

Жорстка «крытыкаваліся» за ўвядзенне ў літаратуру нібыта архаічных слоў, правінцыялізмаў, штучных наватвораў У.Дубоўка, Я.Пушча, А.Бабарэка, М.Лужанін, Л.Калюга, Ю.Таўбін, якога А.Александровіч назваў паўпрэдам у «літаратуры буржуазнай кулацка-нацыяналістычнай інтэлігенцыі», У.Хадыка, Ю.Віцьбіч, ад мовы якога «нясе пахам сярэдневяковых палацаў».

Добра ўсведамляючы, што ў нацыянальнай палітыцы Цэнтра і падначаленых яму рэспубліканскіх дзяржаўных і партыйных органаў узяты цвёрды курс на штучнае збліжэнне яе культуры і мовы адпаведна з расейскай, А.Александровіч не мог не падыграць гэтай палітыцы ў сваім дакладзе, менш за ўсё клапоцячыся аб праўдзівасці сваіх слоў: «Са звярынай ненавісцю, - гаварыў ён, - нацдэмы адносіліся да слоў аднародных з рускай мовай і да слоў рускага паходжання, якія ўліліся ў беларускую мову ў выніку пераможнага хода пролетарскай рэволюцыі, якія ўвайшлі ў культуру, у быт і сталі інтэрнацыянальнымі словамі, сталі словамі ўсіх народаў Совецкага Союза. Некрашэвіч распінаўся ў змаганні супроць «рускіх або складзеных па ўзору рускіх славечак», Ластоўскі заклікаў не ўжываць тых беларускіх слоў, якія маюць аднолькавае значэнне і аднолькава вымаўляюцца і ў рускай мове».

Вышэйшай ступенню контррэвалюцыйнай дзейнасці «нацдэмаў» дакладчык назваў іх прапанову перавесці беларускую мову на лацінскі алфавіт. Затое захаванне па тыпу расейскага правапісу «о» ў інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных словах ахарактарызавана як сведчанне, што беларуская «мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця на шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма». Прысутных на сходзе Андрэй Александровіч запэўніў, што «набліжэннем правапіса беларускай мовы да іншых моў народаў Савецкага Саюза» абумоўлены яе далейшы рост; што «сучасны правапіс беларускай мовы з'яўляецца вострай зброяй у руках нашай партыі супроць ворагаў пролетарыята і калгаснага сялянства»; што ён «з'яўляецца смяротным ударам па нацыяналістах».

Сваё выступленне Андрэй Александровіч закончыў так: «У сваёй рабоце - з чым большай пролетарскай ярасцю будзем выкрываць і граміць беларускі нацыяналізм, які на даным этапе з'яўляецца для нас галоўнай небяспекай... тым з яшчэ большымі посьпехамі пад мудрым кіраўніцтвам партыі Леніна-Сталіна пойдзем наперад да новых перамог па шляху соцыялістычнага роста і росквіта».

Пачуўшы такое, наўрад ці можна было спакойна, разважліва гаварыць па сутнасці самой рэформы правапісу ці яе першых выніках. Галоўным для кожнага прамоўцы з'яўлялася, як да таго і заклікалі, выкрыццё беларускага нацдэмакратызму.

Так, у маладастасаванай да разгляданай праблемы прамове Ілья Гурскі не абмінуў і нябожчыка Ў.Ігнатоўскага, які характарызуецца «дэфензіўшчыкам... здраднікам, лютым ворагам дыктатуры пролетарыята». Гурскі не задаволены, што «мы вельмі часта займаемся гуманізмам у адносінах да тых, якія ўсімі мерамі імкнуцца працягваць варожыя нам творы», лічыць, што «дэкрэт СНК БССР аб спрашчэнні беларускага правапіса дае новыя небывалыя дагэтуль магчымасці ў справе развіцця беларускай мовы... хоць гэта толькі пачатак вялікай работы ў галіне беларускай мовы». З прамовы Ільі Гурскага не зразумела, да чаго павінен быў зводзіцца гэты «пачатак вялікай работы», калі да далейшай русіфікацыі беларускай мовы, дык ён і сапраўды не памыліўся.

Мала чым адрозніваліся пазіцыі па дадзеным пытанні ўсіх астатніх удзельнікаў сходу.

З гэтых завострана палітычных, заідэалагізаваных выступленняў пісьменнікаў Менска на сваім сходзе можна ўявіць, у якім складаным становішчы вялася праца над рэформай беларускага правапісу. Здавалася б, калі СНК БССР прыняў пастанову, можна было б спакойна пагаварыць аб выніках шматгадовых пошукаў мовазнаўцаў. Аднак замест сур'ёзнай размовы кожны выступоўца вымушаны быў як мага больш стрэлаў выпусціць па «нацдэмах», паспавядацца ў сваёй вернасці Камуністычнай партыі і Савецкаму ўраду. Зразумела, найбольш небяспечнымі былі выступленні тых, хто не абмяжоўваўся толькі агульнай заявай аб «нацдэмах», а імкнуўся іх персаналізаваць. Няцяжка ўявіць, як маглі адбіцца на лёсе Ўладзіміра Дубоўкі прыпісаныя яму Кандратам Крапівой наступныя словы: «Нам няма чаго губляць, апрача расійскай мовы», якія яму нібыта даводзілася не раз чуць ад Дубоўкі яшчэ ў 1925 годзе ў Менску.

Пры ўсёй сваёй запалітызаванасці сходу некаторыя бачылі, што «рафінаванне» беларускай мовы, чаму даваў такія шырокія магчымасці дэкрэт СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года, можа вельмі трагічна закончыцца для яе, і таму рабіліся спробы хоць эзопаўскай мовай папярэдзіць надыход такой непажаданай з'явы. Падобнае папярэджапнс можна адшукаць і ў наступных словах з прамовы Міхася Зарыцкага: «... мы павінны мець на ўвазе магчымасць небяспекі свядомага вульгарызатарства, калі пад выглядам барацьбы з архаізмамі, мёртвымі правінцыялізмамі і г.д.» памкнуцца «змагацца супроць усякага пашырэння лексікона...» Ён раіў «чула прыслухоўвацца да жывой мовы беларускіх рабочых і сялян ... браць і ўводзіць у літаратурную мову ўсё тое, што сапраўды ўвалле ў яе здаровы свежы струмень...» Шкада толькі, што да гэтай парады як след не прыслухаліся і ў беларускую мову ўлівалі зусім не тое, чаго хацеў Міхась Зарыцкі.

Яшчэ далей у папярэджанні магчымага збяднення лексікі беларускай мовы, а не дык і поўнага адрачэння ад яе, пайшоў Кандрат Крапіва, заявіўшы, што «мы павінны змагацца з усялякімі праявамі вульгарызацыі, з тымі «тэарэтыкамі», якія паспрабуюць даводзіць, што настаў ужо момант адмовіцца ад далейшага развіцця беларускай мовы, што пара перайсці да мовы інтэрнацыянальнай. Мы ім павінны цвёрда напомніць аб тым, што да інтэрнацыянальнай культуры і па зместу і па форме мы прыдзем толькі праз поўнае і ўсебаковае развіццё культур нацыянальных па форме і сацыялістычных па змесце».

У падтрымку беларускай мовы Кандрат Крапіва мог бы выступіць з большай рашучасцю. І не толькі Кандрат Крапіва. Мова была роднай і дарагой, і найперш сваёй адметнасцю і самабытнасцю, многім майстрам прыгожага пісьменства. Калі ж яны і падтрымлівалі пастанову СНК аб спрашчэнні правапісу, дык толькі таму, што былі сілы, якія патрабавалі ад іх менавіта такіх адносін. Хаця да масавых рэпрэсій яшчэ заставаліся чатыры-пяць гадоў, у Беларусі ўжо пракаціліся магутныя хвалі барацьбы з надуманымі нацыянал-дэмакратамі, у выніку якой давялося панесці шмат страт, не выключаючы і самога жыцця, у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі. Да гэтага часу амаль згас дух беларусізацыі, а яе найбольш гарачыя прыхільнікі па волі савецкіх карных органаў адхіляліся ад любімай працы, вымушаны былі жыць дзесьці далёка ад роднай Бацькаўшчыны. Людзей агарнуў вялікі страх за свой лёс, яны ўсё менш і менш давяралі адзін аднаму. Жыццё калектываў творчай і навуковай інтэлігенцыі ў значнай ступені падпала пад уплыў партыйных арганізацый, таму не дзіўна, што ўдзельнікі агульнага сходу пісьменнікаў Менска такімі адзінымі былі ў ацэнцы рэформы беларускага правапісу, у якой было больш партыйнай палітыкі, чым лінгвістычнай патрэбнасці. Кожны выступоўца пры выказванні думкі вымушаны быў куды больш кіравацца лініяй партыі ў нацыянальнай палітыцы, у тым ліку і моўнай, чым неабходнасцю ўнясення якіх-небудзь змен у беларускі правапіс.

У тым жа годзе Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук выдаў кнігу «Пісьменнік і мова: Збор артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы», у якой шмат чаго агульнага з вышэйразгледжанай публікацыяй. Усё тая ж набітая аскоміну гаворка пра барацьбу «за ачыстку мовы ад класава-шкодных плыняў, ад нацдэмізмаў, архаізмаў, ад штучна ўтвораных па нацыяналістычнаму тыпу слоў». Звяртае на сябе ўвагу апошні абзац з прадмовы дырэктара Інстытута мовазнаўства Андрэя Александровіча да кнігі: «Калі кнігай «Пісьменнік і мова» нам удалося нанесці яшчэ адзін скрышальны ўдар па недабітых рэштках нацдэмаўшчыны ... пастаўленую перад сабою задачу ... мы выканалі».

Бясспрэчна, такая мэта была дасягнута і не ў малой ступені дзякуючы артыкулу самога А.Александровіча пад назвай «Вырваць з корнем пустазелле», якім пачыналася кніга. Называючы нацдэмаў у мовазнаўстве такімі выразамі, як «бяздарныя невукі», «хітрыя, звераватыя палітыкі і палітыканы», ён яшчэ больш распальваў гэтую шкодную ў асяроддзі беларускіх літаратараў барацьбу. Такому ж распальванню служыў і заклік арганізатара мовазнаўчай акадэмічнай навукі: «... трэба максімальна глыбока ўскрыць подлую атрутную работу нацыяналістаў, ускрыць іх метады і формы работы на моўным фронце, паказаць змест тых формул, якія мы прывыклі даваць па адрасу іх работы (паланізатарства, насаджэнне архаізмаў і неалагізмаў)». На думку аўтара разглядаемага артыкула, барацьбу супроць засмечвання мовы неабходна пераплятаць «з барацьбой супроць нацыяналізма, супроць беларускага контррэволюцыйнага нацыянал-дэмакратызма, таму што гэтаму засмечванню нацыянал-дэмакраты прыдалі дадатковую класавую функцыю - змагацца супроць партыі і пролетарыята на фронце будаўніцтва нацыянальнай культуры».

Ініцыятары выдання кнігі «Пісьменнік і мова» былі дужа зацікаўлены ў прыцягненні да яе напісання самых аўтарытэтных пісьменнікаў, каб з іх дапамогай наносіць руйнуючыя ўдары па беларускіх «нацдэмах». Але наносіць такія ўдары не заўсёды згаджаліся вядомыя пісьменнікі. Разглядаючы мову М.Лынькова па раману «На чырвоных лядах», Якуб Колас, праўда, да таго, як прыступіць да канкрэтнага выкладу матэрыялу па тэме артыкула, «палічыў патрэбным» трохі паразважаць вакол беларускага нацыяналізму, заяўляючы, што «на чарзе дня і востра стаіць у нас пытанне аб ачышчэнні літаратурнай мовы ад нацдэмізмаў». Але аддаўшы такую невялічкую даніну змаганню з нацыяналізмам у моўным пытанні, далей народны пясняр павёў гутарку ў плане абароны роднага слова, з якога чынілі здзек праціўнікі беларускага Адраджэння. «Трэба надзвычай пільна і востра сачыць, каб пад відам змагання за чыстату беларускай мовы не прылажыў свае рукі і класавы вораг (даруем аўтару ўжыванне такога моднага ў той час азначэння. - Л.Л.). Пад сцягам змагання з нацдэмізмамі ён можа павесці работу ў плане дыскрэдытацыі, вынішчэння і абяскроўлення самой мовы... Усё гэта змушае нас, совецкіх пісьменнікаў, вельмі ўважліва і дбайна ставіцца ў дачыненні да мастацкага слова». Якуб Колас не быў праціўнікам разумнага ўжывання правінцыялізмаў. Толькі калі да іх пісьменнік звяртаецца «без пэўнай мастацкай апраўданасці, то яму справядліва можна зрабіць закід як чалавеку, які не ідзе ў ногу з сваім часам...»

Затое ў падобных выпадках не задавальняўся толькі закідамі аўтар артыкула «Даволі «шындзёліць» і «скогліць» С.Куніцкі. Выкрыццё правінцыялізмаў у беларускай мастацкай літаратуры ён зрабіў праз аналіз творчасці канкрэтных пісьменнікаў і паэтаў, чым толькі пасадзейнічаў будучаму абвінавачванню іх адпаведнымі спецслужбамі. Ужыванне правінцыялізмаў, дыялектызмаў і архаізмаў С.Куніцкі тлумачыў шкодным уплывам на літаратараў ідэалогіі нацыянал-дэмакратызму і таму патрабаваў жорсткай барацьбы з гэтай з'явай. «Для совецкага пісьменніка, для совецкага паэта, - пісаў ён, - павінна быць ясна адно, што мова нацдэмаў, як і мова мяшчан, нам варожа, што гэтай абмежаванай, архаічнай, саладкаватай мовай яркіх карцін, жывых людзей, пераканаўчых вобразаў стварыць нельга». За такую мову найбольш за ўсё дасталася ад аўтара Ўл.Хадыку, А.Казлоўскаму, В.Маракову і Ал.Зарыцкаму.

Паводле мерак таго часу, пісьменнік не мог стаяць у баку ад распачатай па ініцыятыве партыі барацьбы з «нацдэмамі». Галоўнай зброяй у руках пісьменнікаў лічылася мастацкае і публіцыстычнае слова. І партыйныя ідэолагі выкарыстоўвалі іх у змаганні з «класавым ворагам». Вось як ацэньваўся «ўклад» у гэтае змаганне паэта Міхася Чарота: «У сваім надзвычайна моцным вершы «Суровы прыгавор падпісваю першым» Чарот раскрывае самую сутнасць нацыянал-дэмакратызма, яго рэстаўратарскую, інтэрвенцыянісцкую аснову. Пясняр у словах, поўных вялікай злосці і ненавісці да класавага ворага, ганьбуе нацдэмаў як служак капітала, лакеяў імперыялістычнай буржуазіі, гандляваўшых крывёй працоўных, распрадаўшых Беларусь капіталістычным драпежнікам і оптам і ў раздроб».

Шмат бруду на «нацыяналістаў» выліў Эд.Галубок у артыкуле пра стыль беларускай савецкай драматургіі. Апошняя, паводле яго цвёрдага меркавання, прыйшла да свайго мастацкага росту, толькі «вядучы пад кіраўніцтвам партыі напружаную барацьбу з нацыянал-дэмакратамі, якія імкнуліся захапіць пазіцыі ў галіне тэатра і ў прыватнасці драматургіі». А калі гэта так, дык і аўтару самому нічога не заставалася рабіць, як далей працягваць барацьбу з «нацдэмамі», выкрываць іх варожыя дзеянні і задумы. Заключаліся яны нібыта ў адшукванні выкрышталізаванай мовы «мастацтва як мастацтва, даступнага толькі адзінкам, надзеленым высокай мерай пачуцця», у ідэалізацыі мовы кулацтва, дробнабуржуазнай інтэлігенцыі, захвальванні мовы Дуніна-Марцінкевіча, імкненні да «своеадменнай і высокаякаснай беларускай мовы», якая адрознівалася б «па сваіх культурных адзнаках ад мовы расійскай».

Закончваў кнігу артыкул П.Юргілевіча «Моўныя тэорыі і практыка контррэволюцыйных лідэраў «Узвышша». Адштурхнуўшыся ад палажэння вядомага навукоўца-філолага Мікалая Мара, што мова ёсць «нязменны сродак класавай барацьбы», П.Юргілевіч і распачаў яе з «нацдэмамі» ўжо з першых радкоў артыкула. На думку аўтара, самыя галоўныя сілы «нацдэмаў» былі сканцэнтраваны на мовазнаўчым участку і сярод іх, вядома, у першую чаргу Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, В.Ластоўскі, М.Гарэцкі і П.Бузук. Гэта яны зрабілі «мовазнаўчыя інстытуцыі... цытадэлямі сваёй падрыўной контррэволюцыйнай работы», далі ўстаноўку на «стварэнне штучнага бар'ера паміж беларускай мовай і мовай рускага пролетарыята і набліжэнне беларускай мовы да мовы фашыскай Польшчы». Варожасць, антысавецкую накіраванасць дзеянняў «нацдэмаў» П.Юргілевіч бачыць літаральна ва ўсім: замене кірыліцы на лацінку, каб толькі не быць падобнай да расейскай азбукі, ва ўвядзенні ў беларускі алфавіт некаторых новых літар і асабліва ў тым, як складаліся імі слоўнікі, распрацоўвалася тэрміналогія, у выніку чаго нібыта не знайшлося ўжытку для сотняў, тысячаў агульных для беларускай і расейскай моваў слоў. Ужо сам факт ужывання П.Юргілевічам выразаў «агалцелы нацдэм» (В.Ластоўскі), «ахвосце недабітага нацдэмакратызму» (М.Лужанін, Л.Калюга, Ю.Таўбін), «словаблудны ідэолаг» (А.Бабарэка), «арганізатар белых банд» (А.Гарун) сведчыў, што сур'ёзнага аналізу мовазнаўчых праблем ён не стане ці не жадае рабіць.

Аб'ектам самай злоснай крытыкі стаў «зброеносец нацдэмізму» Ўладзімір Дубоўка, які, як вядома, шмат зрабіў для ўзвышэння прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве, вывучэння шляхоў яе развіцця. Ён лічыў, што нацыянальная мова з'яўляецца нечым спрадвечным і арганічна звязаным з самім народам, што ў ХІІ-ХVІ стагоддзях беларуская мова дасягнула найвялікшага росквіту. Адмаўляецца сцвярджэнне Дубоўкі, што «ў склад беларускага лексікона ўваходзяць у пераважнай большасці словы агульнаславянскія і самабытна беларускія». Няцяжка зразумець чаму: адсутнічае залежнасць развіцця беларускай мовы ад расейскай, няма падстаў разглядаць першую як дыялект другой. У такім жа святле разглядаюцца тут «нацдэмаўскі трубадур» Язэп Пушча, мова якога гэтаксама «перасыпана нацдэмізмамі», «махровы нацдэм» Язэп Лёсік і абаронца «нацдэмаўскай лініі ўзвышанцаў» Адам Бабарэка.

Сапраўдным перлам разгляданай кнігі з'яўляюцца яе два апошнія абзацы: «Дзякуючы неаслабнай большэвіцкай пільнасці, дыктатуры пролетарыята, контррэволюцыйная работа беларускіх нацдэмаў выкрыта. Маскі з нацдэмаў сарваны і паказан сапраўдны твар класавага ворага.

Асаблівай увагі і пільнасці патрабуе моўны ўчастак культурнага будаўніцтва, які быў, як вядома, адным з галоўных аб'ектаў шкодніцкай дзейнасці беларускіх нацдэмаў. У беларускай літаратурнай мове яшчэ многа засталося ўсякага нацдэмаўскага хлама. Першачарговая задача дня ў развіцці беларускай літаратурнай мовы - гэта рашучая ачыстка яе ад гэтага нацдэмаўскага хлама, без чаго не можа быць узнята на вышэйшую ступень якасць літаратурнай беларускай мовы. Адно з найважнейшых месц у гэтых адносінах належыць беларускім совецкім пісьменнікам».

Каб удары па «нацдэмах», што некалі працавалі над беларускім правапісам, былі больш адчувальнымі і знайшлі падтрымку ў народзе, некаторыя пісьменнікі пайшлі на выкарыстанне ў гэтых мэтах не толькі свайго публіцыстычнага, але і мастацкага слова. Звярнуўся да яго і паэт Андрэй Александровіч, які вельмі радаваўся, што спецслужбам удалося так надзейна выкрыць «ворагаў» беларускага народа. Гэтай «знамянальнай падзеі» ён прысвяціў некалькі вершаў, у прыватнасці «Аукцыён», «Паэма пра ворагаў». З першага прывяду такія словы: «Але ў пару якраз рукой рабочай з вас сарвалі маскі і ... калі ласка», з другога -

 

Злоўлены -

У масках сучасных прыблуд,

шкоднікі справы і слова.

Маскі далоў:

рэвалюцыйны суд

бязлітасны

і канчатковы!

 

Усё, што рабілася напярэдадні і пасля прыняцця пастановы СНК БССР аб рэформе беларускага правапісу, не магло не хваляваць і прадстаўнікоў небеларускай творчай, навуковай інтэлігенцыі. Цікава выказаўся на нарадзе летувіскіх савецкіх пісьменнікаў Беларусі (праходзіла ў 1933 г.) В.Сербента: «Добры ці дрэнны новы беларускі правапіс, пакажа будучыня. Няма чаго спяшацца з такім складаным пытаннем». А вось сакратар Аргкамітэта ССП БССР Я.Бранштэйн назваў выступленне В.Сербенты рэакцыйным і нацыяналістычным.

 

Сплаціць даўгі

 

Як няцяжка было заўважыць, вышэй у мяне гаворка вялася пра погляды на рэформу беларускага правапісу 1933 года асобаў і перш за ўсё пісьменнікаў, якія ўжо на той час паспелі знайсці сабе месца (хтосьці і даволі прэстыжнае) у грамадскім жыцці, інтэгравацца ў дзяржаўна-партыйныя структуры, стаць іх даволі актыўнымі абаронцамі. Зусім іншых поглядаў на рэформу прытрымліваліся літаратары, што знаходзіліся ў самым нізе ўзведзенай у Беларусі дзяржаўна-партыйным апаратам сацыяльнай піраміды, не мелі аніякіх званняў і ўзнагарод. Вось, да прыкладу, думка пісьменніка і пасляваеннага эмігранта Янкі Золака, якога на пачатку 30-х гадоў мо ведалі толькі на роднай Магілеўшчыне: «Наша пакаленне выхавана ў час беларусізацыі. Мы паспелі ўвабраць нацыянальны дух. І калі пачалася змена правапісу, успрынялі гэта адмоўна, але нічога не маглі зрабіць. Пазнейшыя пакаленні ўжо адыходзілі ад нацыянальнай самасвядомасці... Мы з трывогай назіралі, як трымаюцца нашы пісьменнікі». А трымацца ім было ой як нялёгка...

А вось што рэформа правапісу была з'явай штучнай, навязанай народу зверху партыйна-дзяржаўнай наменклатурай, сведчыць адсутнасць усялякай падтрымкі яе з боку саміх носьбітаў беларускай мовы, а таксама больш нізкіх паводле сацыяльнага статусу, але затое самых масавых майстроў пяра, педагагічнай інтэлігенцыі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна і Беларусь апынулася пад фашысцкай акупацыяй, з часу ўвядзення новага правапісу мінуў ужо і не такі малы тэрмін. Каб рэформа была ў многіх адносінах з'явай станоўчай, за гэты час яна магла б пусціць даволі глыбокія карані ў душы і сэрцы беларусаў. Не, такіх каранёў яна не пусціла. Пераважна на ініцыятыве вышэйпералічаных катэгорый інтэлігенцыі, а не па загадзе акупацыйных уладаў на старонкі перыядычнага друку, у навучальна-выхаваўчы працэс школ, службовае справаводства і іншыя сферы жыцця пачала вяртацца беларуская мова дарэформеннага ўзору, і пярэчанняў з такой нагоды нідзе не назіралася.

Добра ўсё гэта памятае і аўтар данай брашуры, які ў першы год акупацыі вучыўся ў шостым класе. Наведванне школы было абавязковай справай для ўсіх, хто не меў няпоўнай сярэдняй адукацыі. А маю старэйшую сястру, якая да вайны закончыла сем класаў, абавязалі нават яшчэ раз пахадзіць у сёмы клас, бо ёй не споўнілася па той час 16 гадоў. Дзеці адразу заўважылі, што заняткі з імі вядуць на трохі не падобнай да даваеннай беларускай мове. Адмоўнай рэакцыі на гэта не было. Сказалі настаўнікі, што пры напісанні слоў трэба больш кіравацца тым, як яны вымаўляюцца, і з'явіліся ў нашых сшытках: «сьнег», «насеньне», «вадкасьць»... Трошкі цяжэй было прызвычаіцца пісаць «кляс», «плян», бо вельмі ж трывала ўсталяваліся да вайны вымаўленне і напісанне іх праз «а».

А вось мой бацька (1901 г. нарадж., да рэвалюцыі закончыў чатырохкласную прыходскую школу), пачуўшы і пабачыўшы, як мы, дзеці, размаўляем паміж сабой і пішам у сшытках, як цяпер памятаю, сказаў: «У вашай школе нейкая нацдэмаўская беларуская мова». На маё пытанне: «Чаму нацдэмаўская?» - быў дадзены мо і правільны адказ, толькі ў памяці маёй ён не захаваўся. Дзесьці праз дзесяткі гадоў я зразумеў сутнасць гэтага тэрміна і падумаў, якую ж трэба было правесці добраарганізаваную і масавую барацьбу з «нацдэмаўшчынай», прадумана распрапагандаваць гэтае слова, каб яно дайшло да свядомасці простага селяніна, захавалася ў яго памяці да пачатку вайны з фашысцкай Германіяй.

Міналі гады... Не адна генерацыя вучняў паспела закончыць сямігадовыя і дзесяцігадовыя школы, карыстаючыся правапісам 1933 года, але таго, хто ведаў беларускую мову да яе рэфармавання, не-не дый агортвала настальгія. Зразумела, такіх людзей найбольш было сярод настаўнікаў-мовазнаўцаў. Некаторыя спрабавалі давесці адпаведным структурам пра найбольш істотныя хібы ў правапісе 1933 года, якія выяўляліся ў ходзе практыкі выкладання беларускай мовы ў школе. Але ніхто ў вярхах не збіраўся слухаць такіх рупліўцаў роднага слова. Вось пазіцыя па даным пытанні аднаго з высокіх кіраўнікоў Міністэрства асветы рэспублікі С.Умрэйкі, выкладзеная ім у 1949 годзе ў юбілейным артыкуле «30 год совецкай школы ў БССР»: «Прынятая ўрадам БССР у 1933 годзе пастанова аб рэформе беларускага правапісу нанесла вялікі ўдар па беларускаму наныяналізму і яго стаўцы на знішчэнне ўсяго таго, што збліжала беларускі народ з вялікім рускім народам». Як бачым, і ў даным выпадку, накшталт таго што пісалася і гаварылася пра рэформу правапісу ў 30-я гады, галоўнае ў яе ацэнцы займаў ідэалагічны аспект, ставіць пад сумненне, крытыкаваць які ніхто не асмельваўся. І ўсё ж, як бы ні абаранялі праведзеную ў 1933 годзе рэформу правапісу беларускай мовы, недахопы яе станавіліся відавочнымі, і асабліва для тых, хто прафесійна быў звязаны з выкарыстаннем роднага слова. Хацелі таго афіцыйныя структуры ці не, але пад напорам самога жыцця ім давялося ў канцы 50-х гадоў пайсці на пэўныя ўдакладненні беларускага правапісу, што можа быць тэмай спецыяльнага артыкула. Адзначу толькі, што ў выдадзеных у 1959 годзе «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ненаціскныя «о» і «э» ў іншаземных словах належала, за рэдкім выключэннем, перадаваць праз «а», за што так настойліва выступалі многія ўдзельнікі лістападаўскай (1926 г.) акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу.

Чарговая хваля за перагляд рэформы 1933 года прыпадае на другую палову 80-х гадоў, калі пачалі на-новаму пераасэнсоўвацца многія неардынарныя падзеі і факты з нашага эканамічнага, палітычнага і сацыяльна-культурнага жыцця. Характэрна, што з крытыкай рэформы 1933 года першымі выступілі не вядучыя навукоўцы-мовазнаўцы, масцітыя літаратары, а іх маладыя калегі - У.Арлоў, А.Асташонак, Л.Баршчэўскі, А.Бяляцкі, П.Васючэнка, Л.Дранько-Майсюк, А.Сідарэвіч і інш., невялічкі допіс якіх у газету «Літаратура і мастацтва» (18 верасня 1988 г.) даў моцны штуршок для несціханай і па сёння гаворкі па даным пытанні.

Ва ўсім тым, што мне ўдалося прачытаць пра гэта ў перыядычным друку, значна пераважаюць публікацыі крытычнага характару ў дачыненні да рэформы беларускага правапісу 1933 года. І з іх аргументацыяй проста нельга не пагадзіцца. Перакананы, што, нягледзячы на ўсялякага роду эканамічныя цяжкасці ў сувязі з пераходам да рынкавай эканомікі, мы не можам пакідаць сваю мову ў тым стане, у які яна трапіла ў выніку дапушчаных свядома і падсвядома хібаў у кіраванні нацыянальна-культурным развіццём беларускага народа. Адхілены ад роднага слова, ён ледзь не пагалоўна стаў ахвярай расейскамоўнай асіміляцыі. Яўныя спробы рэфарматараў беларускай мовы 1933 года наблізіць апошнюю да расейскай у марфалагічных і фанстычных адносінах не маглі ў будучым не паспрыяць расейскамоўнай асіміляцыі карэннай нацыі БССР. Вядома ж, што гэтыя працэсы адбываюцца найбольш «паспяхова», калі справа датычыць народаў з блізкароднаснымі мовамі. Прыгадаем адносна хуткае выцясненне беларускай мовы з афіцыйнага жыцця ў часы Рэчы Паспалітай, як толькі ўвялі польскую мову ва ўжытак, а затым і зусім у ранг дзяржаўнай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта блізкароднасць моваў была ўзята пад увагу і царскай адміністрацыяй, якая з другой паловы ХІХ стагоддзя ўзмоцніла моўную асіміляцыю беларусаў. Так што ў гэтай далёка не гуманнай справе ініцыятары рэформ беларускай мовы ў 1933 годзе не былі наватарамі, бо яны ішлі добра вядомым і да іх шляхам асіміляцыі.

Не выключана, што многім сённяшнім беларусам, якія размаўляюць і пішуць толькі на сучаснай роднай мове, дарэформенная мова можа здацца ў чымсьці нязвыклай, больш складанай для авалодання. Але ўсё гэта не так. Тая мова па мілагучнасці перасягае сучасную. Нездарма добры знаўца і руплівец роднага слова Кузьма Чорны так сказаў пра мову, што дасталася нам ад даравалюцыйнага часу: «Вялікая беларуская моўная стыхія ня толькі не загінула за час шматвяковага нацыянальнага падняволеньня Беларусі, ня толькі ня была праглынута моцнымі культурамі суседніх народаў, а захавала сваю чыстату, скрышталявалася ў надзвычайнае багацьце орыгінальных формаў, служачы нават багатым матар'ялам для суседніх моўных культур. Беларуская мова - мова беларускіх казак і песень, фразэолёгія народнае гутаркі - гэта найглыбейшая самабытнасьць і хараство».

Калі цяпер сёй-той пра сучасную беларускую мову гаворыць як пра дыялект ці кальку з расейскай, дык, відаць, мае пэўную рацыю, бо ад таго часу, як была праведзена рэформа правапісу, з лёгкай рукі работнікаў выдавецтваў, рэдакцый газет і часопісаў ды і саміх навукоўцаў-філолагаў у беларускую мову трапіла процьма паасобных слоў і выразаў з расейскай, што першая стала ў многім вельмі падобнай да другой, не здабыўшы, аднак, ад гэтага аніякага хараства. Парушылі мы слушны наказ Кузьмы Чорнага: «Літаратурная мова павінна быць моваю чыстаю, беларускаю». Не сумняваюся, што большасць з тых, хто прыклаў руку да правапісу 1933 года, не знайшоў бы ў сучаснай беларускай мове многага з таго, на што тады разлічвалася яе рэфарматарамі. Мы пайшлі значна далей, чым імі задумвалася, у шмат разоў павялічыўшы памылку 1933 года.

Незалежна ад таго, як будзе адбывацца ў нас рэформа беларускай мовы, трэба ўжо сёння весці санацыю яе лексікі ад русізмаў і вельмі асцярожна, удумліва ставіцца да аднаўлення ці новага запазычвання паланізмаў, бо сям-там мы ўжо перагінаем кій. Можа ўсё ж трэба прыслухацца да таго, што пісаў у 1924 годзе В.Ластоўскі ў прадмове да свайго «Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка»: «... кождае чужое слова, занесенае ў мову, асымілюе, зьлівае мову з суседзкай, забівае яе асобны характар, а таму трэба, асабліва пішучы, высьцерагацца ўжываць сходныя з суседзкімі словы, хоць-бы яны і былі ў мове, а браць такія, якіх няма ў чужынцаў...»

Акрамя лексікі, у пасляваенныя гады моцна падпала над русіфікацыю марфалогія і фанетыка беларускай мовы. Асабліва бязлітасна зрусіфікавалі мы родны склон адзіночнага і множнага ліку. Цяпер у нас у параўнанні з тым, што было да 1933 года, вельмі мала слоў, у якіх у канчатку роднага склону адзіночнага ліку пішуць «-у» ці «-ю». Ідучы ўслед за расейскім правапісам, не хочам у родным склоне множнага ліку пры збегу зычных на канцы слова пісаць «-аў», «-яў»: норм замест нормаў, форм - формаў і г.д. Думаецца, лішнім будзе тлумачыць, як ўсё гэта негатыўна адбіваецца на мяккасці і мілагучнасці беларускай мовы. У шмат якіх словах накшталт расейскага напісання канчатак роднага слова множнага ліку «-яў» замянілі на «ей» (народнасцей замест народнасцяў). Дужа пакрыўдзілі і само слова «мова» ад таго, што ў родным склоне множнага ліку пішам «моў», а не «моваў». У першым выпадку пры заканчэнні яго вымаўлення проста не ведаеш, што рабіць з губамі, а ў другім жа яны так мякка і рытмічна змыкаюцца.

Паколькі з наданнем беларускай мове статуса дзяржаўнай будзе непазбежна расці лік яе носьбітаў, дапамагчы апошнім здзейсніць гэтую гістарычную місію магло б пашырэнне фанетычнага прынцыпу ў правапісе, пазіцыі якога цяпер значна слабейшыя, чым у дарэформенны перыяд. На раней разгледжанай намі мовазнаўчай канферэнцыі В.Ластоўскі гаварыў: «А як цяжка вучыцца мове тады, калі напісанае не адпавядае таму, як трэба чытаць». Ці ж не сутыкаемся мы сёння з такой цяжкасцю, калі гаворым «сьмех», «насеньне», а пішам «смех», «насенне»?

Трэба ўсё рабіць так, каб максімальна наблізіцца да выказанай у 20-я гады гэтым жа навукоўцам думкі: «Тая пісьменнасць, знадворныя формы якой (гукі, словы, склад і правапіс) найбольш адпавядаюць нутраному боку народнай мовы (зьместу і фонэтычным асобнасцям), лічыцца самай ідэальнай». Што сучаснай беларускай мове да гэтага вельмі далёка, мала хто сумняваецца. І далёка толькі таму, што «знадворныя формы» яе доўгі час падцягвалі спачатку да польскай, а затым жа расейскай мовы.

Хочацца паразважаць яшчэ і адносна праблемы лацінскай азбукі. Для беларусаў гэта не навіна. З ёю яны даўно знаёмыя, але адносіны да такой азбукі не заўсёды былі паважлівымі. А што датычыць увядзення яе ў 1929/30 навучальным годзе ў беларускія і польска-беларускія школы Заходняй Беларусі, дык увогуле такі акт многімі прагрэсіўнымі дзеячамі і педагогамі быў расцэнены як грубае апалячванне беларускіх дзяцей. Вось што пісаў з гэтай нагоды вядомы педагог Заходняй Беларусі Сяргей Паўловіч: «Замена гэтая касуе ўсе здабыткі нашага пісьменства, якое грунтуецца выключна на кірыліцы і пазбаўляе нашу азбуку свайго нацыянальнага твару... Кірыліца зраслася з усім укладам нашага жыцця, з усімі нашымі навуковымі і літаратурнымі дасягненнямі, яна - спадарожнік нашага культурнага адраджэння. Адным словам, кірыліца - нацыянальная беларуская азбука».

Дапушчанае Сяргеем Паўловічам перабольшванне ролі кірыліцы можна зразумець як рэакцыю на хітра задуманую ўладамі Польшчы спробу ўзмацнення паланізацыі беларускага насельніцтва т.зв. «усходніх крэсаў». Цяпер гэты фактар нас не палохае і таму да лацінкі можна ставіцца больш аб'ектыўна. Цалкам адмаўляць яе няма аніякіх падстаў, бо яна вельмі паспяхова спраўляецца са сваімі функцыямі ў шэрагу славянскіх моў. І калі б не нашае жабрацкае эканамічнае становішча, востры папяровы дэфіцыт, можна было б паспрабаваць далучаць дзяцей да беларускіх тэкстаў на лацінскай азбуцы ў год, калі яны пачынаюць вывучаць заможную мову. Пакуль эканоміку не паставім на цвёрды грунт, думаецца, не варта спяшацца з лацінкай, бо сёння галоўнае не ў гэтым, а ў тым, як перайсці ад фармальнага да рэальнага статуса дзяржаўнасці беларускай мовы.

Улічваючы важнасць задуманага на сёння перагляду і ўдасканальвання беларускага правапісу, нам варта было б да прыняцця канкрэтнага рашэння склікаць канферэнцыю педагогаў-мовазнаўцаў, якія выкладаюць беларускую мову ў агульнаадукацыйных школах, тэхнікумах і інстытутах, бо ніхто, як яны, не ведае станоўчых і адмоўных бакоў сучаснага правапісу. Нагадаю, што да правядзення раней разгледжанай мною акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі адбылася ў Менску ў верасні 1926 года Ўсебеларуская літаратурна-лінгвістычная канферэнцыя настаўнікаў, з думкамі якой часта даводзілася лічыцца навукоўцам у час гарачых спрэчак. Датычыла гэта і напісання «ь», бо, як заяўлялі настаўнікі, дзеці вельмі добра засвойваюць правіла ўжывання яго пасля «з», «с», «н» і «дз», якія стаяць перад мяккімі зычнымі, а таксама напісання «ь» паміж падвойнымі зычнымі. Цяпер жа, калі «ь» у падобных выпадках не пішацца, карысна было б пачуць ад настаўнікаў, як гэта адбіваецца на вымаўленні і пісьме.

Шчыра заклапочаныя лёсам роднага слова людзі ўскладалі вялікую надзею на запланаваную на лістапад 1992 года Рэспубліканскую навуковую канферэнцыю «Праблемы беларускага правапісу», галоўным арганізатарам якой быў Інстытут мовазнаўства АН Рэспублікі Беларусь. Прысутныя на філалагічным форуме навукоўцы, выкладчыкі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў мелі магчымасць праслухаць дзесяткі цікавых дакладаў і выступленняў, у час якіх выказваліся самыя розныя меркаванні па ўсіх прынцыпова важных праблемах беларускага правапісу. І гэта натуральна, бо сярод навукоўцаў-філолагаў існуюць розныя погляды на Рэформу беларускага правапісу 1933 года.

Больш за ўсё непакоіць, што ёсць навукоўцы, якія лічаць Рэформу 1933 года справядлівай, а таму і недатыкальнай. Магчыма, дзесьці яна і аблегчыла напісанню тых ці іншых слоў, але гэта зусім нязначная заслуга ў параўнанні з тым, што яна забрала ў нашай мовы з нутрана ўласцівага ёй. Акрамя таго, рэформа адначасова ўносіла ў беларускую мову нехарактэрныя для яе рысы з тым, каб толькі наблізіць яе да тагачаснай агульнадзяржаўнай для ўсіх савецкіх народаў расейскай мовы. Набліжэнне беларускай мовы да расейскай і па форме, і на лексіцы, як паказаў шасцідзесяцігадовы вопыт, атрымалася штучным і таму не мае права на жыццё. Сучаснае нацыянальна-культурнае Адраджэнне не ў стане паспяхова рэалізавацца без вяртання нашай мове ўсяго таго сапраўды беларускага, чаго пазбавілі яе ў сумна вядомым 1933 годзе, кіруючыся не якімі-небудзь важкімі лінгвістычнымі, а найперш ідэалагічнымі, сацыяльна-класавымі матывамі. Якія б мы ні рабілі захады на ўмацаванні нацыянальных пачаткаў у нашым жыцці, яно заўжды будзе нетрывалым, неканкурэнтаздольным у кантактах з расейскай нацыяй, пакуль нашай мове максімальна не вернуць гвалтам адабраных адметнасцяў. Гістарычны вопыт многіх народаў пераканаўча паказаў, што ступень супраціўлення культурна-моўнай асіміляцыі таго ці іншага этнасу знаходзіцца ў прамой залежнасці ад ступені самабытнасці яго роднай мовы. Прыкладам можа служыць і менш пашкоджаная ад усялякага роду рэфармавання мова суседняга нам украінскага народа, якая не так баіцца ўзаемадачыненняў з расейскай мовай. Наша ж мова, дзякуючы Рэформе 1933 года, мэтанакіраванай шматгадовай дзейнасці саміх калектываў навукова-філалагічных устаноў, рэдакцый газет і часопісаў, выдавецтваў ледзь не ўсутыч набліжана да расейскай, таму нават пры самых малейшых кантактах з апошняй яшчэ больш падпадае над яе ўплыў, губляе сваю самабытнасць, русіфікуецца. Усяго гэтага не было ці было б у зусім нязначных, непагражальных памерах, калі б мы так бязлітасна не разбурылі нацыянальную аснову роднай мовы.

Сучаснае пакаленне беларускай інтэлігенцыі, асабліва навукоўцы-філолагі, пісьменнікі, павінна прыкласці ўсе намаганні для таго, каб наша мова перастала быць калькай з расейскай і каб па гэтай прычыне беларусаў не называлі расейцамі ды толькі з нейкім мясцовым дыялектам. Даведзенае да крайнасці падабенства беларускай мовы да расейскай заўсёды будзе даваць падставы розным групоўкам велікарасейскага дзяржаўнага шавінізму разглядаць наш край як нібыта спрадвечна расейскі і весці прапаганду сярод людзей за яго ўключэнне ў склад Расейскай федэрацыі накшталт колішняга Паўночна-Заходняга краю, робячы ўпор на блізкасць моваў.

Трэба заставацца самім сабой, чым толькі і заслужым павагу ад іншых. А гэтага не дасягнеш без напружанай, свядомай дзейнасці людзей і найперш інтэлігенцыі па ўзбагачэнні нашага духоўнага патэнцыялу, без істотнага ўдасканалення нацыянальнага правапісу, ачышчэння лексікі беларускай мовы ад процьмы штучных, зусім непатрэбных і лішніх для яе русізмаў. Цалкам прывесці наш правапіс у адпаведнасць з сучасным нацыянальна-культурным Адраджэннем справа надзвычай складаная і запатрабуе для сваёй рэалізацыі не аднаго года, хаця ў нашых варунках не хацелася б губляць нават і аднаго месяца. Таму ці не ў інтарэсах адраджэнскіх працэсаў было б адважыцца на паэтапнае вяртанне ўсяго таго пазітыўнага, што было ў беларускай мове да 1933 года? Скажам, у 1994 годзе вырашыць праблему мяккага знака, у 1995 годзе - напісання «і» пасля слоў, якія канчаюцца на галосны, у 1996 годзе - напісання «не» і «без» перад словамі, у якіх націск падае на першы склад, і г.д. На працягу аднаго-двух гадоў можна было б не лічыць за памылку на пісьме, калі чалавек па якой-небудзь прычыне не ўлічыў гэтыя новаўвядзенні.

Лічу мэтазгодным у бліжэйшы час стварыць творчую групу людзей з 3-5 чалавек, незалежных ад афіцыйных навуковых структур, па распрацоўцы беларускага правапісу, альтэрнатыўнага сучаснаму. Як толькі іх распрацоўкі па тых ці іншых правілах набудуць пэўную ступень завершанасці, з імі неабходна выходзіць у друк з мэтай шырокага абмеркавання і пры станоўчай адзнацы паэтапна ўключаць іх у беларускі правапіс.

Зусім не адпавядаюць рэчаіснасці чуткі аб нібыта велізарных выдатках, звязаных з унясеннем любога роду змяненняў у існуючы беларускі правапіс. Усё гэта крайне перабольшваецца тымі, хто не жадае нічога мяняць і глядзіць на сённяшні правапіс як на сродак прадаўжэння расейскамоўнай асіміляцыі новых пакаленняў беларускай нацыі. Адносна фінансавай падаплёкі заўважу, што цяпер мы ніколькі не бядней, чым у першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі, калі ўсё ж знайшлі ў сябе сродкі вярнуцца да правапісу, які ў нас ужываўся да хірургічнага ўмяшання ў яго ў 1933 годзе зусім не медыкаў, а прафесійных палітыкаў. Не сумняваюся, тое, што было зроблена ў экстрэмальных умовах ваеннага, акупацыйнага часу, падуладна нам і цяпер, нягледзячы таксама на ўсе нашыя эканамічныя цяжкасці.

Нельга сур'ёзна ў разлік браць і фактар нібыта псіхалагічнай непадрыхтаванасці народа да перамен у беларускім правапісе. Пазбегнуць такога дазволіць яго паэтапнае ўвядзенне. Да таго ж сёння не такі ўжо і высокі адсотак людзей валодае і карыстаецца пісьмовай беларускай мовай, таму добра і лагічна было б да яе паўсюднага пашырэння ў краіне ўнесці неабходныя карэктывы ў правапіс. Каб гарантаваць сябе ад усялякага непаразумення ці, як нас любяць пужаць, лінгвістычных бунтаў, пажадана, каб усім пераменам у правапісе папярэднічала глыбока прадуманая растлумачальная работа. Людзі павінны добра ўсведамляць, што пакідаць беларускі правапіс такім, якім ён склаўся на сённяшні дзень, няма аніякіх падстаў, бо гэта не адпавядала б задачам сучаснай беларусізацыі ўсяго нашага жыцця.

Істотная дэнацыяналізацыя беларускай мовы, выкліканая рэформай 1933 года, сур'ёзнымі парушэннямі ў галіне міжнацыянальных адносін за ўвесь перыяд пасля кастрычніка 1917 года, запатрабуе ад нас правядзення яшчэ не адной канферэнцыі па праблеме беларускага правапісу. Дзеля большай эфектыўнасці чарговага форуму філолагаў лічу вельмі важным, каб кожны, хто пажадае выступіць на ім па самых актуальных пытаннях, папярэдне змясціў свой матэрыял у перыядычным друку. Гэта патрэбна не толькі дзеля таго, каб атрымаць крытычныя заўвагі ад шырокага кола чытачоў, але і давесці да ведама ўсіх удзельнікаў канферэнцыі сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні, што дазволіць зрабіць больш плённымі спрэчкі навукоўцаў у час пасяджэнняў.

Сёння ніхто нам не адкажа на пытанні: калі адбудзецца чарговая навуковая канферэнцыя па беларускім правапісе? калі ўвядуць у дзеянне новы беларускі правапіс ці ўнясуць першую праўку ў сучасны правапіс? Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, жыццё ідзе сваім звыклым ходам, наша мова працягвае заставацца дэнацыяналізаванай, моцна зрусіфікаванай. Часам гэтыя адмоўныя з'явы нават пашыраюцца. Каб апусціць на іх шляху шлагбаўм, карысна было б рэгулярна практыкаваць разгляд самымі буйнымі спецыялістамі моўнага рэжыму сродкаў масавай інфармацыі з абавязковай публікацыяй такіх матэрыялаў ва ўсіх беларускамоўных цэнтральных, абласных, раённых (гарадскіх), шматтыражных газетах. На вялікі жаль, на сёння ў нас няма аніводнага перыядычнага выдання, якое сваімі адступленнямі ад моўнага рэжыму не працягвала б палітыку русіфікацыі, а апошнім часам і паланізацыю сваіх чытачоў. Яшчэ ў большай ступені гэта характэрна для нашага радыё і тэлебачання. Увесь час, чытаючы беларускамоўныя газеты і часопісы, слухаючы журналістаў радыё і тэлебачання, з вялікім напружаннем увагі абараняешся ад уплыву чужой мовы. У гэтым нялёгкім змаганні даводзіцца абапірацца на веды, што некалькі дзесяткаў гадоў таму атрымаў па роднай мове ў V-VІІ класах агульнаадукацыйнай школы. Асабліва псуе настрой, калі ў элітнай беларускай газеце і ў артыкуле шаноўнага аўтара чытаеш: «у карысць» замест «на карысць», адпаведна «здзекавацца над» - «здзекавацца з», «раскрыў кнігу» - «разгарнуў кнігу», «у 5 км ад» - «за 5 км ад», «з закрытымі вачамі» - «з заплюшчанымі вачамі», «вы правы» - «ваша праўда», «па крайняй меры» - «прынамсі», «хатнія жывёлы» - «свойскія жывёлы». Апошнім часам многімі газетамі прынята пісаць «закрытыя вокны», «закрытыя вароты» замест «зачыненыя». Калі і надалей мы ў вельмі прыгожай, меладычнай дзіцячай калыханцы будзем чуць зусім небеларускі радок «закрывайце дзеткі вочкі», дык, чаго добрага, выраз «заплюшчыце вочкі» пачне ўспрымацца як грубае парушэнне нормы беларускай мовы. Як мага хутчэй трэба вызваляцца ад небеларускіх слоў і выразаў: ваенрук, фізрук, вузаўская падрыхтоўка... Словам, адсутнасць сапраўды нацыянальнага беларускага правапісу нікога не вызваляе ад самага паважлівага стаўлення да роднай мовы. Ад яе стану залежаць і нацыянальнае Адраджэнне, і далейшае існаванне беларусаў як самабытнага этнасу.

 


1991-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Леанід Лыч. Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект. Менск, Навука і тэхніка, 1993. ISBN 5-343-01453-4
Крыніца: скан