epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Панасенка

Уратуйце нашы душы!

Яшчэ ніколі ў жыцці ён не быў такі счаслівы.

Усё сышлося, зладзілася як мага лепей. У канторы — парадак. Нарэшце з'явіліся грошы, а адкуль і як — што каму да гэтага. Дом — поўная чаша, жонка задаволеная жыццём, што з жанчынамі бывае астранамічна рэдка, дзеці — здаровыя. Што яшчэ, скажыце, трэба нармальнаму, сярэдняму чалавеку? Так, ён ведае, што не вызначаецца асаблівым розумам і не дасягнуў вяршынь, ён ведае дзесяткі спакусаў, якія недаступныя яму і будуць недаступнымі яго дзецям — і тым не менш шчаслівы. Бо ведае ўсяму цану і мяжу. Ён даволі малады, Бог даў яму здароўе, дастатак і яшчэ — вось гэтае чароўнае юнае стварэнне, што сонна дыхае цяпер яму ў плячо. Зрэшты, якая лухта. Ніхто нічога яму не даваў. Ён усё зрабіў сам, сам дасягнуў, здабыў, заваяваў. І калі ўжо дзякаваць за гэта, дык не Богу, не ўдачы, не выпадку, а сабе! Толькі сабе.

Ён усміхнуўся ў цемры, ледзь прыўзняўся на локці, вуснамі знайшоў плячо каханай, выгін яе шыі. Неверагодна! Толькі аднойчы ў жыцці бачыў ён такія шыі, калі выпадкова зайшоў у карцінную галерэю і доўга ўстрывожана разглядаў партрэты даўнейшых майстроў, намагаючыся зразумець, што ў іх не так. Людзі як людзі, памерлі ўсе даўно, а нешта хвалюе, асабліва вобразы жанчын. І калі ён месяцы тры таму спаткаў у запыленых і пракураных калідорах канторы сваю фею, дык прайшоў бы, зразумела, міма, каб не засвяціла яму з туману клопатаў і штодзённасці гэтая тонкая белая шыя. Ён загаварыў з дзяўчынаю, даведаўся, хто яна і з якога аддзела. Пасля, пры сустрэчах у калідорах офіса, стаў спыняць яе, крыху гулліва жартаваць, без ніякай задняй думкі.

Аднекуль пачулася музыка, і ён паглядзеў у бок закрытага шторкай ілюмінатара. Там халодны красавіцкі акіян, плывучыя льды і ніколі раней не бачаныя ім айсбергі. Там, наперадзе, — Амерыка. Раскошная, яркая краіна, нечым падобная на іх велізарны непатапляльны лайнер. Там, наперадзе, яшчэ тыдзень, а то і два, свята, а тут... Тут — галоўнае. Яго дзяўчынка, яго знаходка, дыямент, адшуканы на сметніку жыцця.

Ён прыгадаў сваё нечаканае і крыху незвычайнае прызнанне ёй у каханні.

Ён ужо даўно купіў за некалькі тысяч манет каюту другога класа на сама вялікі ў свеце параход, які рыхтаваўся ў сваё першае плаванне з Саўтгемптана да берагоў Амерыкі. Ён закінуў справы, прадчуваючы Сама Вялікае Свята свайго жыцця. Ён упіваўся гэтым прадчуваннем, выразна ў той жа час уяўляючы, што пасля падарожжа яго чакае звычайнае руціннае жыццё, са сваімі праблемамі і падкопамі, але гэта будзе потым, потым, а цяпер — Аддуха, Свята!

У гэтым эйфарычным стане, ужо склаўшы рэчы і аддаўшы апошнія распараджэнні, ён абыходзіў кантору, развітваўся, выслухоўваў жарты і пажаданні, некаму абяцаў сувеніры і тут, як заўсёды ў калідоры, сустрэў белашыюю дзяўчынку.

Ён узяў яе за рукі, гучна і весела загаварыў і раптам змоўк — у яго нават у роце перасохла, а язык здранцвеў, быццам ад наркозу.

Ён упершыню ўбачыў тое, чаго не заўважаў колькі месяцаў. Як прыгожа струменіцца па яе голай шыі танюткі срэбны ланцужок, як знікае маленькі крыжык у мяккім змроку лагчынкі...

— Што ж нам рабіць? — немаведама ў каго спытаўся Ён. — Разумееш, малеча. Вось я гляджу на твой крыжык і зусім не думаю пра Бога, не магу пра яго думаць. У думках я выцалоўваю твае дзівосныя грудзі, прытуляюся да іх вачамі, паколваю і казычу іх вейкамі. Бог пра гэта, дарэчы, ведае і даўно дараваў мне.

Дзяўчына маўчала. Яна апусціла вочы, і Ён раптам зразумеў, што яго словы Ёй падабаюцца, што Яна ўспрымае іх як дзеянне і што калі Ён цяпер жа не скажа Ёй усяго, дык потым будзе іначай — горш ці наогул блага.

— Паслухайце, — сказаў Ён, пераходзячы на «вы» і горнучы Яе да сябе. Ён зусім забыўся, дзе знаходзіцца, забыўся, што іх могуць убачыць. — Я паслязаўтра адплываю ў Амерыку. Я вас вельмі прашу, проста малю: складзіце мне кампанію. Я буду чакаць вас у порце. Я ўжо чакаю.

— Добра, — слаба ўздыхнула Яна, і Ён, ашалелы ад нечаканага шчасця, пабег пераафармляць квіток.

І вось яго радасць побач! І хоць яны трое содняў запар п'юць шампанскае, дарагія віны і каньякі, хоць целы іх не паспяваюць астываць ад любоўнага агню, дыханне Яе па-ранейшаму чыстае і цнатлівае, быццам дыханне дзіцяці, а скура пахне кветнікам — так думаў Ён, засынаючы і ўздыхаючы ад спакою і пяшчоты, разлітых у кожнай клетачцы цела.

А карабель іх плыў, грукаючы ў трумах машынамі, свецячыся агнямі ўсіх адзінаццаці жылых палубаў. Па-ранейшаму грымела і млява ўздыхала музыка ў яго кавярнях і рэстарацыях, кружыліся ў яе гуках закаханыя пары, мужчыны курылі і гулялі ў брыдж, пілі, абмяркоўвалі сусветныя праблемы і жаночую прыгажосць — частка зямнога свету рухалася ад аднаго мацерыка да другога.

Потым была раніца. Яны заказалі сняданне ў каюту, Яна піла шампанскае і многа смяялася. А яшчэ Яна дурэла ў тую раніцу і, калі елі дэсерт, пачала вуснамі забіраць у яго ягады з марожанага (Ён нават не запомніў — якія), і чым гэта скончылася, нават сама нездагадлівы ці па-пурытанску настроены чытач ужо, вядома, зразумеў.

Яны цешыліся раскошай гэтага плывучага палаца, пабывалі ва ўсіх яго барах і рэстарацыях, дзе бавілі час каля дзвюх тысяч чалавек, і Ён паказваў Ёй мільянераў і беднякоў-эмігрантаў, але ні з кім асабліва не заводзіў знаёмстваў, бо перш за ўсё яны былі занятыя сабою.

Выявілася, што яго маленькая фея выдатна танцуе. Ён з радасцю даведаўся, што яна любіць салодкае і баіцца цемры. Здаецца, на другі ж дзень Ён пералічыў радзімкі на яе целе, кожную пацалаваў і сказаў, што каб быў астролагам, дык будучыню прадказваў бы не па зорках, а па яе радзімках. А ў адзін з вечароў яго каханая ў размове працытавала нечыя вершы. Яны спадабаліся Яму. Ён спытаўся, чые гэта радкі, і Яна пачала чытаць Яму санеты Шэкспіра, і гэта было так хораша, што Ён слухаў, затаіўшы дыханне, хоць ніколі раней вершамі не цікавіўся. А яшчэ... Зрэшты, гэта пусты занятак — апісваць чужое шчасце. Якое б яно ні было, вялікае ці малое, яго ўсё роўна трэба перажыць самому.

У той дзень яны вячэралі ў «Кавярні Парызьен» і вярнуліся ў каюту рана.

Ён падхапіў Яе на рукі на парозе каюты, закружыў, потым апусціў на ложак, пачаў нецярпліва расшпільваць туфелькі...

— Я засынаю, пусці мяне, любы, — сказала Яна праз нейкі час і адразу ж заснула, зняможаная ад хмелю кахання, ад імі прыдуманага і здзейсненага свята, якое доўжылася ўжо чатыры ці пяць дзён.

На ёй не было нічога, акрамя крыжыка, і Ён выцалаваў Яе ўсю, духмяную і цёплую, асцярожна датыкаючыся да ўсіх выгінаў яе цела і ў душы дзівячыся з гэтых сваіх пацалункаў: ніводнай жанчыны за ўсё сваё жыццё Ён так не цалаваў. Пад канец Ён пацалаваў крыжык на яе грудзях і патушыў начнік.

Ён лёг на спіну і ўявіў зоркі, якія бачыў на палубе, — калючыя, маленькія, змерзлыя, — нездарма ж пад вечар так пахаладала.

Вусны яго ўсё яшчэ памяталі крыжык. Ці то па кантрасце — метал і цела, ці то з-за таго, што тут, на караблі, упершыню ажыццявілася яго крыху дзіўнае прызнанне ў каханні, якое Ён за гэтыя дні паўтарыў — не ў думках, а наяве! — дзесяткі разоў, і кожны раз яго пранізвала вострае пачуццё шчасця, што ні ў якое параўнанне не ішло з тым, падказаным фантазіяй.

Яно было такое вялікае, усеабдымнае, што ўвабрала ў сябе цяпер і свята іх целаў, і бязмежнасць волі і пяшчоты, і гэты крыжык, і далёкія халодныя зоркі, пераблытала ўсё, размыла ў перадсоннай асалодзе, і з гэтага марыва выплыла раптам думка пра Бога. Ціхая, спакойная, зусім не адпаведная тым бурлівым пачуццям, якімі Ён жыў апошнія дні, нават не думка, а малітва, самаробная і наіўная, як уздых, як апошняе прызнанне.

«Калі ты ёсць... Там, сярод зорак... Калі ты ўсемагутны... Зрабі так... Зрабі так, каб гэта доўжылася вечна! Ну, не вечна, я разумею... Усё жыццё. Усё наша жыццё. Я не хачу вяртацца дадому, у кантору. Я не хачу страціць яе. Не хачу хітраваць, маніць, выкройваць некалькі гадзін для сустрэч у гатэлі. Я не хачу былога жыцця, Госпадзі! Ні канторы сваёй, ні горада. Дай нам усё новае, Госпадзі. Падоўжы гэтае свята. Калі ты ўсемагутны, разбі, калі ласка, гэты карабель аб каралавыя рыфы і дай нам кавалачак раю! Не, не, не твайго, я яго і дарма не хачу. Хай гэта будзе незаселеная выспа, я ўсё зраблю сваімі рукамі, Божа, я здолею, я люблю працаваць. Я складу сваё жыццё на выспе па цаглінцы, як гэта робяць майстры-муляры. Мы народзім шмат дзяцей. Я паклапачуся, каб мая каханая дзень і ночь насіла маё чарговае дзіця, Госпадзі. Тут тваёй дапамогі не спатрэбіцца. Ты толькі разбі, калі ласка, гэты карабель!..»

І толькі Ён паспеў дадумаць апошнія словы малітвы, як адбыўся цуд.

На імгненне Ён некуды ці то нырнуў, ці то праваліўся і апрытомнеў ужо па пояс у вадзе з каханай на руках. Вось яна — выспа! Гарачае сонейка, пальмы, яркая зеляніна. Дзякуй табе, Госпадзі! Я ніколі не верыў у цябе, дакладней, не задумваўся над тваім існаваннем, а ты, значыцца, ёсць, такі шчодры, велікадушны. Як б'ецца сэрца! Застаецца толькі пабудзіць маю новую жонку, паказаць ёй рай, які ты нам падараваў, і падзякаваць табе, усемагутны...

Стукалі ў дзверы каюты.

Ён шчоўкнуў замком, яшчэ пагойдваючыся ў пяшчотных хвалях сну і шкадуючы, што гэта быў толькі сон.

У калідоры стаяў марскі афіцэр.

— Мы тонем, — сказаў ён. — Тэрмінова адзеньце выратавальныя камізэлькі на сябе і на даму і падымайцеся на палубу, да шлюпак. Прашу як мага хутчэй.

— Вы паслалі сігнал бяды? — ачмурэла спытаўся Ён, усё яшчэ не развітваючыся са сном-мрояй і не прымаючы рэальнасці таго, што адбывалася.

— Вядома, — адказаў афіцэр. — Радыст перадае яго няспынна. Абавязкова адзеньцеся ў цёплае. Прабачце, я мушу ісці будзіць астатніх пасажыраў.

Ён пайшоў, не зачыніўшы дзвярэй.

Наш герой дакульгаў да ложка, стаў тармасіць каханую.

— Супакойся. Дай мне паспаць, — слаба адбівалася Яна, думаючы, напэўна, што Ён зноў дамагаецца кахання.

— Ды прачніся ты! — закрычаў Ён. — Мы тонем!

Ён змарнаваў добрае паўгадзіны, каб пабудзіць яе і прымусіць адзецца, адзецца самому і нацягнуць жоўтыя выратавальныя камізэлькі.

— Ты ўсё прыдумаў, скажы?! — жаласна паўтарала Яна, не знаходзячы патрэбных рэчаў. — Любы, скажы, што ты пажартаваў. Ты жартуеш, га? Наш карабель не можа патануць — пра гэта пісалі ўсе газеты. Навошта гэтыя недарэчныя жарты? Я стамілася. Я хачу спаць. Паслухай: усё спакойна. Ніхто нікуды не бяжыць, не чуваць гудка.

У яе словах быў сэнс, і на нейкі момант Ён сам паверыў, што гэта недарэчны жарт дурнога ці п'янага афіцэра. Але нешта інтуітыўна падказвала яму не слухаць шалапутнае дзяўчо, а спяшацца, спяшацца з усяе моцы.

Не звяртаючы ўвагі на пратэсты і просьбы каханай, Ён сілай выцягнуў яе ў калідор, убачыў там іншых пасажыраў — разгубленых, здзіўленых — і зразумеў: усё гэта — праўда.

На шлюпачнай палубе тоўпіліся сотні людзей, навокал стаяў трывожны гоман.

Яго каханая нарэшце паверыла і ціха заплакала. Гэтыя слёзы адразу ж вярнулі Яму здольнасць думаць і дзейнічаць. Цвярозым позіркам дзелавога чалавека Ён імгненна вызначыў: калі сюды рынуцца ашалелыя пасажыры трэцяга класа, тых шасці шлюпак, якія пакуль яшчэ не спусцілі на ваду, вядома ж, на ўсіх не хопіць.

Ён рушыў да бліжэйшай, на хаду супакойваючы сваю дзяўчынку, угаворваючы яе не плакаць.

— Кінь. Нічога страшнага не будзе. Ну, паплаваем крыху ў шлюпцы. Дробязь! Да нас ужо спяшаюцца на дапамогу.

Іх спыніў афіцэр:

— Толькі жанчыны і дзеці. Пакуль — толькі жанчыны і дзеці.

Яна заплакала яшчэ мацней, павісла ў яго на шыі.

— Я нікуды без цябе не пайду!

— Супакойся, любая, — угаворваў Ён яе і ціхенька падштурхоўваў да праходу, зробленага маракамі. — Ідзі! Хутчэй! Я буду побач з табою — вось убачыш.

І Яна паслухалася, божая авечка, як паслухалася тады, у калідоры офіса.

А Ён, зарыентаваўшыся, тут жа разгарнуў бурную дзейнасць, дапамагаючы афіцэрам і матросам падтрымліваць парадак пры пасадцы на шлюпкі. Краем вока ён увесь час сачыў за адзінаццатаю, дзе была яго каханая, трымаўся побач. І калі адзінаццатая рушыла ў цемру, за борт, Ён са спрытам звера слізгануў праз матроскі кардон, апякаючы далоні, спусціўся па канаце на карму шлюпкі і тут жа трапіў у абдымкі сваёй любай. У агульнай мітусні, у калейдаскопе асветленых ілюмінатараў, паблізу якіх апускалася на ваду шлюпка, яго ўчынак застаўся незаўважаны.

Спатрэбіліся весляры — і Ён прабіўся скрозь натоўп да вясла. За ім следам у цемры ценем прайшла яго спадарожніца.

Яны адплывалі ад карабля — ён, велізарны, ззяў агнямі, а нос яго ўжо крыху асеў, і цяжка было паверыць, што гэты плывучы горад можа хутка пайсці пад ваду. Сярод галашэнняў, уздыхаў, шэптаў, істэрычных крыкаў Ён злавіў слова «айсберг» і здзівіўся: як жа яны не адчулі ўдару ледзяной гары?

І тут Ён успомніў сваю начную малітву — і жахнуўся.

— Божа, — прамармытаў Ён, сутаргава працуючы вяслом, — ты ўсё пераблытаў. Дзе востраў, дзе каралавыя рыфы?! За бортам — ледзяная вада. Там смерць — за бортам. Што ты нарабіў, Госпадзі?! Хіба гэтага я ў цябе прасіў?

Шлюпку раптам рэзка гайданула. Каханая, адпусціўшы на імгненне яго локаць, ускрыкнула і ўпала ў ваду. Ён кінуў вясло, скочыў услед за ёю і таксама ўскрыкнуў — апякла ледзяная вада.

Божа! Дзе Яна? Вось! Вось Яна! Вочы заплюшчаныя, але дыхае. Відаць, спужалася ці перахапіла дух ад холаду.

— Гэй, дапамажыце! — закрычаў Ён, убачыўшы, што абрысы шлюпкі адыходзяць у ноч. — Падбярыце нас!

У адчаі Ён схапіў каханую за плечы, пачаў трэсці з усяе моцы.

— Працуй рукамі і нагамі, чуеш! Мы скачанеем у гэтай вадзе! Варушыся!

З карабля данеслася музыка, і Ён падумаў, што звар'яцеў. Не, на шлюпачнай палубе сапраўды відаць былі маленькія постаці аркестрантаў. Гэта яны звар'яцелі: граюць «Бліжэй да цябе, Госпадзі!» Дзіва што!

— Дапамажыце! — зноў закрычаў Ён і папярхнуўся выпадкопай хваляй. Узляцела асвятляльная ракета. У яе прывідным святле Ён убачыў побач дзесяткі людзей, якія боўталіся ў ледзяной вадзе. Шлюпкі былі крыху наводдаль.

Падтрымліваючы галаву каханай, каб не захлынулася, Ён падняў вочы да неба і зашаптаў — горача, умольна, шчыра:

— Уратуй нас, Госпадзі! Ахвярую табе нашыя душы і думкі. Аддам усе грошы, усё жыццё сваё на ўсхваленне тваё. Злітуйся над намі! Уратуй хаця б яе.

Хваля зноў плюхнула ў твар. Ён ледзьве не захлынуўся. Адкашляўшыся, са слязьмі адчаю на вачах ён гнеўна крыкнуў небу:

— Не чуеш?! Дзе ж ты, каб цябе чорт узяў?!

— Паглядзі на сябе, чалавек. Клічаш мяне перад смерцю і блюзнерыш.

Голас быў ціхі і бясконца стомлены.

Бог — сухенькі стары, ад якога зыходзіла слабое ззянне — стаў над імі, абапёршыся на сукаваты кій. Апрануты ён быў у каляны залатаны плашч, вакол яго лысаватай галавы, быццам німб, свяціліся рэдкія і, відаць, вельмі лёгкія сівыя валасы. Акіянскія хвалі дакраналіся да крысаў плашча, бо Гасподзь стаяў амаль па калені ў вадзе.

— Ты ўвесь час клічаш мяне, сын мой, — звярнуўся Бог да нашага збянтэжанага героя. — Дарэмна. Я не дапамагу табе ў тваёй бядзе.

— Чаму, Божа? Ты ж усемагутны. Хіба табе цяжка?

Бог сумна ўсміхнуўся.

— Запомні: не я вас, а вы мяне, людзі, калісьці стварылі, вера чалавечая. І пакуль вас, павернутых да мяне душою, было вялікае мноства, я на самой справе быў усемагутны. Цяпер усё змянілася. Ніхто ні ў што не верыць. Ні ў мяне, ні ў маіх няшчасных сыноў, якія падзялілі святло і цемру, ні ў сябе. Вось і знікла мая сіла. Паглядзі: мяне ўжо вада не трымае, усе ногі прамачыў, а я ж па ёй акі па сушы павінен хадзіць. І Хрыстос да вас больш не прыйдзе — вы зноў здрадзілі яму і другі раз забілі.

— Цябе?! Не трымае?! — уражаны, Ён нават на імгненне забыўся пра тое, што пагражае яму і яго каханай: сама большае праз гадзіну выратавальныя камізэлькі будуць трымаць на вадзе два скачанелыя трупы. — Што ж рабіць?

— Каму, сын мой? Вам ці мне?

— Вам. Нам. Усім нам.

— Выратоўвайце сябе самі, дзеці мае, — сказаў стары і паглядзеў на неба. Самотная зорка пасылала адтуль праменьчык. — Уратуеце свае душы — і я прыйду, я вярнуся. А цяпер бывай, мне ўжо пара вяртацца.

«Няўжо гэта не перадсмяротнае трызненне? — падумаў Ён, ахоплены халодным адчаем і тугою. — Я ж не верыў! Звяртаўся, паўтараў звыклыя словы, абяцаў усё на свеце — і не верыў. Так, на ўсялякі выпадак, бо спужаўся, страціў надзею. А ён, бач ты, ёсць, але адначасова — яго ўжо як бы і няма... Што ж мы нарабілі, людзі?! І хто, калі не ён, выратуе нас?! А хто яго выратуе?!»

Бог з натугай выцягнуў з вады спачатку адну нагу, паставіў яе па нябачную прыступку нябачнай лесвіцы, пасля другую, і стаў падымацца: марудна, трымаючыся за зорны праменьчык, увесь час губляючы і з цяжкасцю знаходзячы апору. Відаць, і нябесная лесвіца ўжо ледзь-ледзь трымалася.

Чалавек адчуваў пякучы боль і жах.

Забыўшыся на хуткую сваю пагібель, на каханую, на шлюпкі, якія трэба вышукваць у марской прасторы, ён у думках з апошняе сілы дапамагаў Госпаду Богу свайму: падстаўляў плячо, падтрымліваў, а там, дзе прыступкі нябеснай лесвіцы падгнілі і абламаліся, не грэбаваў падставіць замест іх далоні свае.

І чым болей ён стараўся, тым мацней — зусім невядома чаму — налягаў на сваё вясло правы вясляр сёмай шлюпкі, і нос яе ішоў улева, туды, дзе ў цемрадзі гінулі ў ледзяной вадзе яшчэ не бачныя са шлюпкі людзі.



Пераклад: Галіна Шаранговіч
Крыніца: http://www.geocities.com/DiPeLa/