epub
 
падключыць
слоўнікі

Леаніла Чарняўская

Дзяціныя гульнi

ШАВЯЛА
КАМЯНЬКІ.
РЭПКА
ШАВЕЦ.
ВУГАЛЬКІ.
КРАСКI.
ПРАР0К.
ВЯРОВАЧКА.
ГАРЛАЧЫКІ.
КОТКА і МЫШКА.
БАРАДА.
СЬЛЯПЕЦ.
СЬЛЯПЫ МУЗЫКА.
ПОЧТА.
АВЕЧАЧКА.
ГАРБУЗ ГНІЛЫ.
УДАВЕЦ.
КАРШУН I ВУТАЧКІ.
У ДЗЯЦЕЙ.
ХАРТЫ I ЗАЙЦЫ.
ПАЛАЧКА-СТУКАЛАЧКА.
ГРАXI.
ВЕРАБЕЙ.
ЯШЧУР.
ГУЛЬНЯ У МАК.
ПАДУШАЧКА.
ШАСТАК.


 

 

ШАВЯЛА

У гэтую гульню гуляюць найбольш хлапцы. Яны цесна садзяцца ўкола. Адзін з гульцоў ідзець у сярэдзіну кола шукаць шавялу, скручаную з хусткі. Шавялу ўсе стараюцца нязначна перадаваць адзін аднаму, і каб шуканьнік не дагледзіў, у чыіх руках шавяла, шавояць рукамі. Калі шуканьнік адвернецца ў другі бок ад таго, хто хавае шавялу, той, як найхутчэй, б’ець яго шавялой па плячох і перадае яе далей. У чыіх руках шуканьнік знойдзець шавялу, той ідзе на яго мейсца ў сярэдзіну кола.

 

КАМЯНЬКІ.

У камянькі можна гуляць удвох і балей. Для гэтае гульні бяруць пяць гладкіх камянькоў, і гўляючыя па чародзе кідаюць іх гэтакім парадкам:

Адзін камянёк бярэцца ў руку, а чатыры кладуцца на зямлі. Потым той камяпёк, што ў руцэ, гуляючы падкідавае ў гару, хутка падбірае з зямлі адзін камянёк, каб злавіць разам і той, каторы кінуў угару. Гэтак падбіраець усе чатыры камянькі.

Падкідаваюць угару адзін камянёк, а з зямлі хапаюць па два камянькі.

Адзін камянёк падкідаваюць угару, а з зямлі падбіраюць сьпярша тры камянькі, потым адзін.

З зямлі падбіраюць чатыры камянькі, падкідаваючы пяты ўгару.

Падкідаваюць угару ўсе пяць камянькоў і ловяць іх паверх рукі.

Падкідаваюць таксама ўсе камянькі, але ловяць іх на далонь рукі.

Калі гуляючы памыліцца і ня зловіць, як трэба, камянькоў, за ім пачынае гуляць другі, а першы чакае свайго чароду.

 

РЭПКА

Сабраўшыяся выбіраюць матку і пана. Матка садзіцца, а перад ёю адзін за адным садзяцца ўрад усе гульцы і гуляньніцы, крэпка ашчапіўшы рукамі пад пахі задні пярэдняга. Тады прыходзіць пан і кажа:

— Матка, матка, сьвіньні ў рэпе!

— Ідзі выгань!

— А ці можна рэпку вырваць?

— Вырві, але толькі з караньком!

Пан бярэць за рукі пярэдняга і наравіцца яго вырваць з рук сядзячага за ім. Вырваўшы, ён ізноў ідзе да маткі, ізноў кажа, што сьвіньні ў рэпе і г. д., пакуль ня вырвець усіх з рук маткі.

 

ШАВЕЦ.

У гэтай гульні некалькі асоб станавяцца ўрад адзін за адным. Самы задні стаіць з ручніком у руках і пытаецца: „А дзе шаўцы?" — „На тым канцы!" — кажуць яму. Той бяжыць у другі канец (наперад), а самы першы адтуль уцякае. Калі гэты справіцца ўдарыць яго ручніком, пакуль той уцякае на другі канец раду, дык той, каго ўдарылі, станавіцца з ручніком, а каторы біў — сьпераду ўрад. Калі той, што лавіў, не злавіў нікога, ён ізноў станавіцца з самага заду і начынае гульню.

 

ВУГАЛЬКІ.

Сабраўшыся дзеці, выбіраюць сабе матку і чарта. Усе садзяцца ўрад, а матка абходзіць усіх і кажаць кожнаму: „на табе“, а вугалёк дае абы каму. Чорт адгадавае каму матка дала вугалёк. Калі чорт адгадае ў каго вугалёк, то бярэць таго сабе, калі не, то той застаецца матчыным. Далей матка йзноў раздае вугалёк, а чорт адгадавае. Калі сядзець застанецца толькі адзін, матка пытаецца чарта: „Адгадай, ці ў маткі, ці ў дзіцяткі!“ Пасьля бяруць паяс ці палку і з аднаго боку за палку бяруцца матка з дзяцьмі, а з другога чорт з сваймі дзяцьмі і перацягаваюцца. Чый бок перацягнець, таго верх.

 

КРАСКI.

Для гэтае гульні выбіраюцца анел, чорт і матка. Анел і чорт адыходзяцца, ці выходзяць за дзьверы, а матка садзіць дзяцей урад і завець кожнага якой небудзь краскай: аднаго — васільком, другога — бэзам, трэцяга — смолкай і г. д. Пасьля завець анела, той падыходзіць і стукаець:

— Стук! Стук!

— Хто там?

Анел!

— Чаго ты?

— Па краску!

— Па якую?

— Па рожу!

Калі паміж гуляючых ёсьць гэтакая краска, дык яна ўстае і йдзе да анела, а калі не, то анел адыходзіць адзін. Тады падыходзіць чорт.

— Стук! Стук!

— Хто там?

Чорт!

— Чаго?

— Па краску!

— Па якую?

— Па пахнючы гарошак!

Гэтак гуляюць далей, пакуль не распазнаюць усіх красак. I тут так сама бяруць палку і чорт з сваймі дзяцьмі, матка з сваймі, перацягаваюцца чый будзе верх.

 

ПРАР0К.

Гульцы выбіраюць з паміж сябе прарока і садзяць яго пасярод хаты на ў слоне; тады прароку накрываюць хусткай галаву і ўсе, пабраўшыся за рукі, ходзяць наўкола яго. Па чародзе кожны з гуляючых кладзе руку на галаву прарока, а яшчэ абы хто выбраны з чарады, калі пакладзе на галаву прарока руку хлапец, кажа „Адам“, а калі пакладзе дзяўчына, то кажа „Ева“. Тады прарок вяшчуе, што спаткае ў жыцьці: аднаму кажа, што будзе багатым, другому, што будзе ўсё жыцьцё плакаць і г. д.

У гэтай гульні, калі прарок умее добра жартаваць, бывае шмат сьмеху, вясёласьці.

 

ВЯРОВАЧКА.

Для гэтае гульні бярэцца даўгі кавалак вяровачкі (ці аборынкі), зьвязаваецца канцамі і ўсе, што гуляюць, бяруцца за яго рукамі. Адзін уваходзіць усярэдзіну кола і пільнуець выцяць па руках абы каго з тых, што дзяржацца за вяровачку. Той павінен не давацца, каб яго выцялі па руцэ. Калі ён угледзіць, што да яго зварочаваецца той, што стаіць у коле, ён пускаець вяровачку з рук. Калі стаячаму ў сярэдзіне ўдаецца каго-небудзь выцяць па руцэ, той ідзе на яго мейсца ў сярэдзіну кола.

 

ГАРЛАЧЫКІ.

Дзеці выбіраюць з паміж сябе ката і матку. Пасьля ўсе, апрача ката і маткі, садзяцца па зямлю, а матка кажа кату: „Глядзі ж, каток: я пайду ў поле да работы, а ты пільнуй маіх гарлачыкаў, каб іх ніхто не абярнуў“. Матка адыходзіць у бок, а кот абходзіць дзяцей і кажа на аднаго: „Гэта сьмятанка!"

На другога: „Гэта сыраватка!“

На трэцяга: „Гэта тваражок!"

На чацьвертага: „Гэта сырок!" і гэтак далей і пачынае пераварочаваць. На гэтую пару прыходзіць матка, бачыць павыварачаваныя гарлачыкі і ловіць ката, а злавіўшы, лае: „А не чапай сьмятаны, ня бі гарлачыкаў".

Кот стараецца вырвацца і ўцячы.

Далей гульня йдзе, як спачатку.

 

КОТКА і МЫШКА.

Гэтая гульня найбалей падабаецца дзяцём. Дзеці выбіраюць ката і мышку, а самі становяцца ўкола. Кот павінен лавіць мышку. Мышка ўсюды можаць бегчы і дзеці павінны падымаць рукі каб яе пусьціць. Калі-ж бяжыць кот, дзеці апускаюць рукі і стараюцца ня пусьціць яго ў сярэдзіну кола, ці з кола. Як толькі кот зловіць мышку, другая пара пачынае бегаць і гульня ідзець далей, пакуль усе дзеці па чародзе не пераловяцца.

 

БАРАДА.

Гэтая гульня простая, спадручная на дварэ і тым весялейшая, калі гуляець шмат дзяцей:

Выходзіць хто-небудзь з дзяцей, каго завуць барадой, і ён павінен пералавіць усіх дзяцей. Выбіраюць мейсца, каторае завуць домам і хто з дзяцей станець на гэным мейсцы барада ня можа яго лавіць. Гульня пачынаецца. Дзеці разьбягаюцца з крыкам: „Ай, барада!“, а барада кідаецца іх лавіць. Каго яна зловіць, той памагаець ёй лавіць яшчэ нязлоўленых.

Калі гуляць ня можна на дварэ, то гуляюць у гэтуто гульню яшчэ й гэтак: выбіраюць свабоднае мейсца ў хаце і барадзе завязаваюць хусткай рукі назад і яна стараецца сханіць зьвязанымі рукамі бегаючых каля яе.

Гэтак яшчэ гуляюць у бараду: той, каго першага ударыць барада, сам робіцца барадой, пакуль каго- небудзь ня зловіць. У гэтай гульні дзяцём трэба ўвесь час зварочаваць увагу, як перамяняюцца тыя, каторыя ловяць, каб ведаць хто барада. Гэтакім спосабам гульня весялейшая, бо дзеці бегаюць без перастанку.

 

СЬЛЯПЕЦ.

Аднаму з дзяцей завязаваюць вочы, а іншыя бегаюць каля яго, і ён стараецца злавіць каго-небудзь. Калі сьляпец ідзе на сьцяну, ці на стол, то каб ён ня ўдарыўся, яму крычаць: „гарыць, гарыць!“ Калі сьляпец зловіць каго-небудзь, той становіцца на мейсца першага, і яму завязаваюць вочы, і гэтак гульня ідзе далей.

 

СЬЛЯПЫ МУЗЫКА.

Усе дзеці станавяцца ўкола, а аднаму завязаваюць вочы і даюць у рукі палачку. Пасля ўсе пачынаюць, узяўшыся за рукі, круціцца навокал сьляпога музыкі, а ён датыкаецца да каго-небудзь палачкай і той падае голас: пісьне ці загудзіць, стараючыся каб музыка не ўгадаў, хто ён. Калі музыка ўгадае, хто падаў голас, то той ідзе ў сярэдзіну кола, заместа таго, хто быў музыкаю.

 

ПОЧТА.

Кожны з гуляючых выбірае сабе пазоў гораду ці вёскі і ўсе станавяцца ўкола не дзяржучыся за рукі. Аднаму з гуляючых завязаваюць вочы, ён выходзіць на сярэдзіну кола і называе два гарады, каторыя павінны зьмяніцца мясцамі, ступаючы ціха, каб той, хто ловіць, ня чуў, дзе яны перабягаюць і не злавіў іх. Калі ён зловіць аднаго з перабягаючых, то станавіцца на яго мейсца, а той, з завязанымі вачмі станавіцца на сярэдзіну кола і гульня йдзе далей.

 

АВЕЧАЧКА.

У гэтую гульню можаць гуляць шмат дзяцей. Выбіраюцца дзьве галоўных асобы: пастух і воўк. Пастух станавіцца пасярод хаты з качаргой у руках, каля яго навокал садзяцца на зямлі авечкі: хлапцы і дзяўчаты, а воўк хаваецца за дзьвярмі. Пастух кажа:

Пасу, пасу авечачкі

Ад раньня да вечара,

Воўк за гарой, за другой;

Я ваўка не баюся;

Качарэжкай абаранюся,

Пайду й буду спаць.

Тут пастух адходзіць на бок і лёгшы быццам сьпіць; воўк цікаецца, хапае адну з авечак і ўцякае разам з ёй за дзьверы.

Пастух усхапіўшыся, крычыць: „Ага — ту! воўк авечку панёс!" але воўк ужо з авечкай за дзьвярмі. Пасьля гэтага пастух ізноў выходзіць на сярэдзіну хаты і кажа тыя самыя словы: „Пасу, пасу авечачкі!" і г. д. і йдзе спаць; воўк ізноў хапае авечку і так, аж пакуль не забярэ астатняе. Тады пастух ідзе шукаць авечкі і, стукаючы качаргой то на адзін бок, то на другі, кажа: „Воўчы сьлед, авечы сьлед, воўчы сьлед, авечы сьлед“. Падходзіць да ваўка і пытаецца: „Ці ня бачыў, панок, маіх авечак? — „Не, ня бачыў“, адказавае той.

(Авечкі пачынаюць паціху шумацець). — А што-ж гэта ў цябе шумаціць? — „Пчолы гудзяць“, — кажа воўк. Пастух варочаецца назад і йдзе ізноў шукаць авечкі і задае ваўку тыя самыя пытаньні. Авечкі цяпер стукаюць. Пастух пытаецца: „Што ў цябе стукае? — Воўк кажа: „Мае парабкі дровы сякуць“. I гэтак далей авечкі ўдаюць галасы капей, курэй, гусей, аж наастатак пачынаюць бляяць. Пастух убягае ў тую каморку і, прыказаваючы: "Ашкіра дамоў!" уганяе іх у хату, дзе на самым пачатку гулялі. Пасьля гэтага пастух кліча ваўка ў лазьню. Воўк пытаецца: "А якія дровы" — "Бярозавыя." — Не хачу, надта чадзяць!“ Пастух кліча другі раз; воўк ізноў пытаецца: „Якія дровы?“ — „Асінавыя." Воўк адмаўляецца, што надта дымяць. Ажно за трэцім ужо разам, калі пастух кажа, што дровы хваёвыя, воўк згаджаецца; але падыйшоўшы крыху пытаецца яшчэ: „А сабак няма?“ — "Адна ёсьць сучка ліхая, і тая пад печай здыхае, а сабака кісялём удавіўся". Воўк ужо выходзіць на сярэдзіну хаты і, прысеўшы на мыскі1, быццам мыецца; але пастух, як крыкне: „Цюцькі, кусе́це!“ — дык усе тыя, што былі авечкамі, кідаюцца на яго; воўк уцякае, яны даганяюць. Пасьля ўжо падходзіць да ваўка пастух і пытаецца: „А што, воўча, надта яны цябе пакусалі?“ „Ой, пакусалі“, — кажа той. — „Хадзі-ж цяпер будзем мы іх кусаць“, і кідаюцца ўдвох на авечак. Тыя не даюцца.

 

1 Куркішкі, карачкі.

ГАРБУЗ ГНІЛЫ.

У гэтай гульні ўсе дзеці дзеляцца на пары: хлапец і дзяўчына. Гульцы выходзяць за дзьверы і чакаюць там, пакуль гуляньніцы, што засталіся ў хаце, выберуць кожная сабе да пары аднаго з выйшаўшых хлапцоў. Каторая небудзь гуляньніца абходзіць усіх і пытаецца, хто каго сабе выбраў да пары, і сама кажа, каго яна сабе выбрала; пасьля клікае тых, што за дзьвярмі, каб ішлі па чародзе адгадаваць сваю пару.

Першы хлапец прыходзіць, падходзіць да тае, каторая, як яму здаецца, яго выбрала. Калі ён адгадаў, то астаецца тут, а калі не, то яму крычаць усе: „Гарбуз гнілы!“ і ён ідзе ізноў за дзьверы, а адгадаваць ідзе чародны. Так гуляюць далей, пакуль кожны не адгадае свае пары. Пасьля йдуць за дзьверы дзяўчыны і ўся гульня пачынаецца нанова.

 

УДАВЕЦ.

Сабраўшыся дзеці, дзеляцца на пары і станавяцца адна пара за аднэй урад. Адзін лішні застаецца ўдаўцом, ідзець наўперад усіх і лічыць да трох. Калі ён крыкнець: "тры!" задняя пара бяжыць наўперад: правае дзіця з правага боку ўсіх гульцоў, а левае з левага. Удавец кідаецца іх пераняць і разлучыць, каб злавіць каго-колечы з гэтых двух сабе да пары; а тыя ўцякаюць ад яго і стараюцца бегчы адзін да аднаго, каб злучыцца. Калі яны злучацца, дык станавяцца ў першай пары ззаду ўдаўца, каторы, крыкнуўшы ізноў: „раз, два, тры!" пачынае лавіць новую заднюю пару. Калі ўдаўцу ўдаецца злавіць сабе пару, то тады йдзе лавіць той, хто застаўся бяз пары — удаўцом.

 

КАРШУН I ВУТАЧКІ.

Гульцы выбіраюць каршуна і матку; пасьля станавяцца ўрад ззаду маткі, крэпка дзяржучыся адзін за аднаго. Каршун садзіцца на зямлю і капае трэскай ямку, а матка, йдучы з сваім хвастом навокал каршуна, пытаецца:

— Каршун, каршун, што ты робіш?

— Ямку капаю!

— На што табе ямка?

— Каменьчыкі шукаю!

— На што табе каменьчыкі?

— Іголачкі йстрыць!

— На што табе йголачкі?

— Мяшочкі шыць!

— На што табе мяшочкі?

— Каменьчыкі зьбіраць!

— На што табе каменьчыкі?

— Тваім дзеткам зубкі выбіваць!

Пасьля гэтых слоў каршун кідаецца лавіць апошняга ў хвасьце. Матка, расставіўшы рукі, забягае наўперад каршуну, увесь хвост падаецца за ёй. Ухапіць другую вутачку, а ня заднюю каршун ня мае права. Гульня йдзе, пакуль каршун не адарве ад маткі ўсіх вутачак.

 

У ДЗЯЦЕЙ.

Гульцы і гуляньніцы дзеляцца надзьве палавіны парамі: адна — гэта дзеці, другая — маткі, а адзін з гуляючых павінен ня мець пары. Усе садзяцца ўкола парамі, дзеці сьпераду, маткі ззаду, а той, ці тая, што ня мае пары падходзіць да каторае-небудзь маткі і просіць.

— Кума, кума, прадай дзіця!

— Не, яно не прадажнае, ідзі далей!

I той ці тая ходзіць датуль, пакуль якая-небудзь матка не адкажа:

— А якая-ж твая плата?

— На, — бобу, лапата!

Тут кожная матка кідаецца бегчы ў розныя бакі навокал тых, што сядзяць на зямлі. Каторая скарэй дабяжыць да пакінутага дзіцяці, тая станавіцца маткаю, а тая, што астанецца, выходзіць у сярэдзіну кола, — і гульня йдзе далей.

 

ХАРТЫ I ЗАЙЦЫ.

Дзеці выбіраюць адну матку, а каб зробіць каго хартом, бяруць столькі саломінак ці палачак, колькі гуляець дзяцей. Адна палачка даўжэйшая. Палачкі хаваюць у жменю і даюць усім цягнуць, хто выцягне даўжэйшую цалачку, той застаецца хартом. Матка хаваець галаву харта сабе ў калені, а зайцы разьбягаюцца і хаваюцца абы-дзе недалёчка. Калі ўсе пахаваюцца, матка крычыць:"Хорт у поле! Зайцы дамоў!" Хорт бяжыць лавіць зайцоў, а яны ўцякаюць і стараюцца дабегчы да маткі. Каго хорт першага зловіць, той убіваець галаву ў калені матцы, а другія хаваюцца.

 

ПАЛАЧКА-СТУКАЛАЧКА.

Дзеці выбіраюць мейсца, каторае завуць домам і кладуць там палачку; усе дзеці хаваюцца, а адзін з дзяцей стаіць, адвярнуўшыся да сьцяны, каб ня бачыць, куды будуць хавацца. Як дзеці пахаваюцца, ён бярэ палачку ў рукі і крычыць: "Палачка-стукалачка дамоў прыйшла, нікога дома не знайшла, каго першага знайдзе, той па палачку пайдзе". Сам кладзе палачку і йдзе шукаць тых, што схаваліся, зварочаваючы ўвагу, каб ніхто з гуляючых не дабег перш за яго да палачкі і ня ўкраў яе. Калі хто з гуляючых пасьпеець перш дабегчы да палачкі, то крычыць: "палачка ўкрадзеная!" Тады той, хто шукаў, ізноў ідзе ў дом, а другія хаваюцца. Калі ж ён знайшоў усіх, то йдзе па палачку той, каго ён першага ўбачыў.

 

ГРАXI.

Для гэтае гульні выбіраюць гладкае мейсца і робяць у зямлі толькі копак (ямак), колькі дзяцей гуляець. Копкі робяцца ўрад; кожны выбірае сваю копку і станавіцца каля яе. З канцоў раду станавяцца дзьве маткі, которыя зблізіўшы ногі, качаюць кулю (мяч), цікуючы так, каб куля папала ў чыю-небудзь копку. Калі яна пападзе ў копку, то пакуль той, чыя копка, нагнецца падняць кулю, усе разьбягаюцца, як найбаржджэй, бо, як той паднімець кулю, усе павінны застанавіцца на мейсцы. Той, хто трымае кулю, кідае яе ў каго-небудзь з стаячых бліжэй, а калі не пападзе ўдарыць, то кладзець у сваю ямку грэх — маленькі камянёк, а калі ўдасца папасьці куляй, то грэх кладзе той, у каго папала куля. Калі ў аднаго з гуляючых набярэцца тры грахі, то яго прысуджаюць да растрэлу і вядуць паставіць да сьцяны. Тады кожны можа ўдарыць стаячага ля сьцяны куляю тры разы, калі ў яго ямцы няма ніводнага грэху. Тыя-ж, у чыёй ямцы ёсьць грахі, б’юць стаячага ля сьцяны два ці раз, значыцца толькі разоў, колькі ў іх не хапае грахоў да трох. Той, што стаіць ля сьцяны, ня можа зыходзіць з свайго мейсца, а можа толькі адхінацца ў бок.

Пасьля гульню пачынаюць ізноў, як і раней.

 

ВЕРАБЕЙ.

Дзяўчаткі станавяцца ў кола, а пасярод кола пускаюць хлапца — вераб’я і, узяўшыся за рукі, ходзяць і пяюць:

Як пашоў верабей па шуметнічку,

Сабіраў, дабіраў ўсю сямеечку,

Мала нас, мала нас на печы, на хлебе!

Тут верабей называе, каго ён сабе выбірае. Дзяўчаты пяюць далей:

Яшчэ мне, яшчэ мне Алёначка трэба.

Ізноў пяюць спачатку, пакуль верабей не зьбярэ да сябе большую часьць дзяўчат. Тады тыя, што засталіся ня выбранымі, круцяцца ў другі бок і пяюць:

Як пашоў верабей па шуметнічку,

Раськідаў, разьбіваў ўсю сямеечку.

Многа нас, многа нас на печы, на хлебе.

 

Тут таксама верабей называе тую з дзяўчат, каторую хоча аддаць, а яны пяюць:

Ужо мне, ужо мне Ганнулькі ня трэба.

 

Так ізноў пяюць далей, пакуль верабей не аддасьць усіх, каго ён да сябе выбраў. Тады, каб пачаць гульню, выбіраюць новага вераб’я.

 

ЯШЧУР.

У гэтай гульні дзяўчаты станавяцца ўкола, узяўшыся за рукі, а адзін хлапец садзіцца пасярод кола. Усе ходзяць навокал яго і пяюць:

Сядзі, сядзі, яшчур, ладу, ладу!

Сярод карагоду, ладу, ладу!

Яшчур гарох точыць, ладу, ладу!

Жаніціся хочаць, ладу, ладу!

Бяры сабе паню, ладу, ладу!

Каторую хочаш, ладу, ладу!

Хоць сабе Алёну, ладу, ладу!

Яна цябе любіць, ладу, ладу!

Вянок падаруець, ладу, ладу!

Тады яшчур выбіраець каторую-небудь з дзяўчат, і тая павінна, зьняўшы з галавы хустку, даць яму быццам вянок. Пасьля йзноў усе пачынаюць хадзіць навокал і пяюць тое самае, пакуль яшчур не пазьбіраець хусткі ад усіх дзяўчат. Тады ён з хусткамі садзіцца дзе-небудзь асобна, а дзяўчаты па чароду падходзяць да яго і просяць:

— Панок, панок, аддай вянок!

Яшчур загадавае тэй, каторая просіць, якую-небудзь работу, напрыклад: паскакаць, прапяяць што-небудзь, і тады толькі, як яна зробіць тое, што ён загадаў, аддае ёй хустку. I так кожнай дзяўчыне, пакуль не разьбяруць усіх хустак.

 

ГУЛЬНЯ У МАК.

Усе, што хочуць гуляць у мак, мераюцца на кійку, а чыёй руцэ ня хопіць узяцца за кіёк, той станавіцца ў кола. Тады бяруцца за рукі, ходзяць наўкола і пяюць:

А пасею я мак

Ды на даліне́,

А вы-ж, мае макавачкі,

Залатыя галовачкі,

Станьце ўрад,—

Як быў мак!

А пасьля затрымліваюцца і пытаюцца ў таго, што ў коле:

— Ты араў на мак?

— Араў.

Папытаўшыся, ізноў ходзяць укола і пяюць тое самае, што раней пяялі.

Скончыўшы, зварочаваюцца з пытаньнем:

— Ты скародзіў на мак?

— Скародзіў.

(Прыпеўка) — А пасею я мак...

— Ці абышоў мак?

— Абышоў.

(Прыпеўка)

— А ці цьвіў мак?

— Цьвіў.

(Прыпеўка)

— А ці пасьпеў мак?

— Пасьпеў.

Як толькі скажуць „пасьпеў“, дык усе з кола кідаюцца да хлапца, каб схапіць яго за чуб і крычаць:

— Трасеце мак! Трасеце мак!

Хлапец, што быў у коле, уцякае.

 

ПАДУШАЧКА.

У гэтай гульні станавяцца хлапцы і дзяўчаты ўкола, пабраўшыся за рукі, аднаго ці адну ставяць пасярод кола і ходзячы пяюць:

— Падушачкі, падушачкі ды ўсе пухавыя;

— Малодачкі, малодачкі ды ўсе маладыя;

— Каго люблю, каго люблю, таго пацалую,

— Пуховую падушачку таму падарую.

Прапяяўшы гэта, той, што стаіць у сярэдзіне, кланяецца каму-небудзь з кола і той станавіцца ў сярэдзіне, а першы-(ая) йдзе ў кола.

 

ШАСТАК.

Дзяўчаты станавяцца ў кола, трымаючыся за рукі; адна з дзяўчат выходзіць у сярэдзіну, кола, пахаджавае і пяець:

Шэсьць дзён малаціла,

Шостак зарабіла;

Сама сабе дзівавала,

Што так мала зарабляла.

Прапяяўшы гэта, яна, а за ёй і ўсе дзяўчаты пяюць гэтую песьню ўзноў спачатку; як найхутчэй, дзяўчына, што хадзіла па сярэдзіне, пачынае перакручавацца цераз руку з тымі, што стаяць у коле. Калі яна перакруціцца з усімі, то на яе мейсца йдзе другая і йзноў пяе:

"Шэсьць дзён малаціла" і г. д.

<picture>

<picture>

Ноты запісала М. Кімонт


1919?

Тэкст падаецца паводле выдання: ДЗЯЦІНЫЯ ГУЛЬНI. САБРАЛА І АПРАЦАВАЛА Л. ЧАРНЯУСКАЯ. ВЫДАНЬНЕ БЕЛАРУСКАГА ВЫДАВЕЦКАГА Т-ВА „КРЫНIЦА“. ДРУКАРНЯ „ZNICZ" ВІЛЬНЯ, 1919 Г. - 16 с.