epub
 
падключыць
слоўнікі

Леапольд Родзевіч

Асаднік

Асенняя ноч. Гвалтоўны вецер распарушвае, шатруе апаўшае лісце, скомліць, скавыча паміж будынін польскага асадніка. Да пуні асадніка падыходзяць, цікуючыся з розных бакоў, дзве цені. Ступаюць асцярожна, наслухваючы. Мо заблудзіліся, баяцца спатыкнуцца, уваліцца ў роў ці яму, або зладзеі. Каля самай пуні нечакана сустрэліся. Сталі як укопаныя. Момант маўчанкі. Урэшце адзін нясмела запытаў.

- Хто тут?

- А каго трэба? Вось іду дахаты... Пайшоў нацяцькі, цераз поле.

- Ага. А я думаў... Я мусіць заблудзіўся... Гэта як бы сядзіба асадніка.

- Ды ўжо ж сядзіба асадніка. Па голасе дык быццам гавару з Піліпам - бежанцам?

- Ён жа. Не згадаю толькі перад кім стаю?

- Па дарозе, значыць, нам - я Тодар з Барадавіч.

Ішлі, абменьваліся бязмэтнымі думкамі аб цемры, аб дарозе. Калі праходзілі каля лазовага куста, перад імі мільгануў цень.

- Хто б гэта мог быць? - спыталіся адзін другога... - Мо хто за намі сочыць ад іх, ад акупантаў. Трэба дазнацца - стой, хто тут ідзе?

- Свой, не палохайся! - пачуўся з цемнаты голас.

- Якую трасцу тут гэты «свой» робіць?

- З работы іду. Каля асадніка бліжэй дахаты.

Сышліся. Пазналіся. Трэці быў Аўгустын, сусед Піліпа, малады дзяцюк. Ішлі і гутарылі аб нявычарпанай тэме - аб усялякай злыбедзе, якая раскапусцілася па Заходняй Беларусі.

- Ён жа, падлюга, асаднік гэты, загроб маю зямельку. Тут жа мае слёзы і пот густа пасеяны, кроўю паліты. Ці я вінават, што праклятая вайна, што царская нагайка і штык адарвалі мяне ад родных загонаў і кінулі, аж вунь куды, у Туркестан. Рваўся я дадому днём і ноччу, чула маё сэрца, што тут бяда ўзрастае, гора куецца...

- Дай жа рады, браце, скулу нам пасадзілі. Ён не толькі на зямлю нашу асаджаны, але і на карак наш пасаджаны. Стараста зрабіў яго войтам, а ён шпіёніць, грабіць вёскі, буяніць. Прыстаў гэта да маёй дачкі, хацеў згвалціць так, як Паўлюкову Насту. Судзіліся, ну і ведама - ён выйграў, яго хлусні паверылі. Цяпер рознымі прытычкамі дапякае. Падаткамі большымі абкладае, штрафуе, рознымі гміннымі павіннасцямі мучыць. А надоечы пагражаў, што ў турме згноіць, у бальшавізме абвінавачвае, - ужо паліцыя раз пабывала. Проста дыхнуць не дае, загубіць, паганец...

- Во, чуеце пад нагамі, гэта ж аблог, жывы дзірван. Во да чаго давёў маю зямельку, затое цела маё ў раны паараў. Не смей, кажа, заікацца аб сваёй бядзе, не бунтуй сялян. Дык хіба ж тут стрываеш?..

- Ён не толькі грабежнік і скула, але і атрута наша, - запальчыва пачаў Аўгустын, - ён пазакрываў беларускія школы, праследуе нашы газеты і кнігі, з роднай мовы здзекуецца, а нас інакш і не абзывае, як хамы і быдла. Ён насаджвае нам панскую культуру, каб парабіць з нас пакорных, звыраднелых нявольнікаў. Як грыбы, растуць касцёлы ды рэстараны. Эх, не забуду я яму ніколі! Было гэта ў мястэчку. Сустрэла мяне на вуліцы іхняя п'яная кампанія акупантаў. Асаднік гэты самы і прыстаў да мяне з рэвальверам у руках: «Стой, - кажа, - камсамолец, вобыск хачу зрабіць». Рабі, думаю сабе, хай табе па баках робіць. Знайшоў перапісаны «Ад веку мы спалі». Загадаў мне прачытаць пад рогат п'яных мордаў. Вырваў пасля і падцёрся. Во, кажа, на што здаліся беларускія гімны... Але што гэта газай засмярдзела?

- Гэта я спаткнуўся, дык мусіць трохі разлілася. Нясу ад Мэндаля...

Маўчанка, прайшлі некалькі шагоў.

- Стойце! - спыніў Аўгустын. - Нечага нам прыкідацца і адзін другога ашукваць. Адна дакука, адно жаданне нас сюды пазганяла. Кожны з нас ведае, чаго да пуні падкрадаліся і нашто Піліп з газай носіцца. Дык, коратка кажучы, даручыце мне гэтую справу: чыста зраблю. Падпалю пуню, і агонь з ветрам усю сядзібу, як языком, зліжа.

- Ну што ж, праўда вылезла наверх. Але спячы гада маю вялікую ахвоту.

- Як сабе хочаце, толькі ж я таксама не ўступлю.

Перакінуліся яшчэ некалькімі словамі і ўсе ўтрох рупна рушылі ў бок асады. Абярнуліся і толькі наважыліся ісці - ажно яркае зарыва пажару выбухнула перад імі і злосна рвала асеннюю цемру. Сядзіба асадніка стаяла ў агні. Вецер валтузіў мора агню і хмары іскраў. Ад чырвонага трапыхаючага бляску ноч стала яшчэ чарней. Са страшным гудам праносіўся міма вецер. Такой ноччу помста ходзіць па Заходняй Беларусі.

 

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая