epub
 
падключыць
слоўнікі

Леапольд Родзевіч

Беларуская казка 2

Я быў яшчэ падшпаркам, а ўжо тады мне гэту казку баяў такі, як я цяпер, бел-бялюсенькі, як пераспеўшая ніва, дзядок.

О, гэта казка векапомная!

За даламі, за гарамі, аж за морам-акіянам была сабе старонка-край.

А сказ свой старонка тая пачынае вось з якога часу. Калі ўзгнеўлены Бог прыказаў Архангелу сагнаць з неба анёлаў-здраднікаў, хаўруснікаў злога, калі паслухмяны Архангел просьбай-пагрозай пачаў ачышчаць абшары пакояў Бога і калі адзін са злыдняў зачапіў сваім савіным габдзюром нягрэшнае цела Архангела, то тады капнула нявінная кроў жыхара неба, капнула, папала на зямлю і лягла на зямлі крывавай плямай.

І вось гэта пляма ёсць тая беспатольная старонка, і з гэтага часу яна пачынае сваё жыццё-стогн.

Паплылі тады па старонцы рэкі слёз, пасеўнае поле, ураджайны грунт сталі багата фарбавацца крывёй бязвіннай, людской, братэрскай крывёй; сялібы, вёскі, гарады дымам узняліся і засланілі сонейка.

А ненаедная, прагавітая крыўда векавечна гнала ворагаў-жывадзёраў, а вораг...

- Ох!.. Але чаго я замаўчаў?! Гэта толькі казка, толькі казка.

І вось моладзь адважная, юнакі-асілкі, старцы-думаннікі ўсталі як адзін, цясней спаяліся ў згуртаваную, адналітую, адважную моц, узнялі свае белыя, чыстыя, як сумленне малалетак, вопраткі з чырвонымі ад нявіннай крыві пасамі-шляхамі, узнялі ўвыш на павеў ветру, на паказ сонцу, на пагібель ліхадзеям.

І так пад сцягам пайшлі...

Схамянуліся, захацелі, змаглі!

Вораг кінуўся на ўцёк-бег. Дык барзджэй на коней гарачых, быстрых, як птахі, і хутчэй у пагоню, паслаць пагоню!

Ускочылі на сёдлы і памчалі стралой. Пагоня дагоніць, даканае і адаб'е ім ахвоту памыкацца, пакарае па заслугах і вернецца са славай і здабычай...

О, супакойся, не радуйся, сэрца, не грымі прароча, голас, бо гэта казка, толькі казка...

І вось асталіся жыхары без сваіх абаронцаў-збаўцаў.

А бяда не ў лесе жыццё мае, а між людзьмі гадуецца, сябруе.

А ліхадзеі на зямлі рэдка сеюцца, але густа-ўраджайна ўзрастаюць, і дзіўна, як іх зямелька носіць, бо нават гадзіна ядавітая, укусіўшы, гіне ад іх крыві.

Дык зноў знядужэлую старонку агарнулі, запаланілі, пазганялі ў цёмныя астрогі ўдоў, сірот, калек, замучаных, схварэлых і паставілі вартаваць бяду-бядачку, боль балючую, гора горкае.

І моляць, чакаюць людцы пагоні.

Страшнай помсты жадае іх сэрца, свету - іх душа, лекаў - іх раны, хлеба - іх цела.

А пагоні як няма дык няма.

Дні, вякі панырнулі ў вечнасці...

Ажно ўрэшце там, дзе сходзіцца зямля з небам...

Пагонь! Пагонь!

Здрыгануўся, уціхамірыўся, прытаіўся вораг.

А дрэвы, вітаючы радасна, зашумацелі, заківаліся; рэкі весела заіскрыліся, а неба яшчэ раз узбагацела ўсмешкай сонца-Бога.

А вораг-крыўдзіцель натапырыўся аружжам, прызапасіў моц магучую, зашыпеў, як гад падкалодны.

І вось пагонь тут, тут...

Гура, пагонь! Бі! Ратуй! Вызваляй! Гура!

Але дзіва: пагонь ідзе вольным крокам і мае выгляд, быццам сейбіт вясной у полі, быццам святы, згледзеўшы божы цуд, быццам мудрэц, адкрыўшы праўду светлую, вялікую.

І замест грознага покліча кажа да ворагаў гэтакія словы-гімн:

 

О, людцы! Мы да вас ідзём

З мірам і дабром.

Было-сплыло жыццё-быццё.

Крыўды болей быць не будзе.

Мы ўсе людзі!

Мы ўсе брацця!

Дык раскрыем жа абняцці

І палюбім усіх, усё

Так, як любіць Бог.

Свет, свет ідзе,

Волю вядзе

Па нашых слядох!

 

Але вораг-крывапійца не сказаў «аман!» А размахнуўся цяжкім смертаносным аружжам ды зноў пачаў ліць кроў, бязвінную, людскую, братэрскую кроў...

Ах, выбачайце! Я забыўся, што гэта казка... Вось як у казцы: «...І палюбім усіх, як любіць Бог!»

І вораг-звер стаў сябрам, чалавекам: раскрыў братэрскія абняцці, заплакаў слязьмі анёла.

І была вялікая радасць на зямлі і на небе...

І я там быў, кроў, пот свой ліў...

- Выбачайце...

Дзед заплакаў, не дакончыўшы.


1920?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Віктар Яцухна