epub
 
падключыць
слоўнікі

Леапольд Родзевіч

Як у казцы

- Ой, браточкі, расказаць вам, дык не дасцё веры, бо ўсё роўна, як у казцы. Ну і давялося мне перажыць сёння на кірмашы! - захапляўся Мікіта між сваіх аднасяльчан, вярнуўшыся вечарам з мястэчка.

- Бачым, што перажыў нямала, калі галаву прывёз усю ў дзірках, усю абматаную.

- Гэта дрэнь, аб гэтым пасля. Важна, што вось уласнымі вушамі чуў Чарвякова, старасту Савецкай Беларусі - на кірмашы да ўсіх прамаўляў.

- Пакінь плявузгаць. Ты, мабыць, хлебануў там лішняга.

- Куды там, даўно ўжываў гэтага зелля, няма за што. Пагана нам, браточкі, жывецца, хай на яго бязгонне, такое жыццё, а вось табе сённяшні дзень здаецца змахнуў усё гора, крыллі выраслі. І кажу вам: не дзе яно дзенецца, даб'ёмся свайго, ужо мы ім пакажам кузькіну маць, мы іх загонім, дзе Макар цялят ганяе.

- Ды ты, брат, без толку кудлычыш, кажы, каб усім было ясна.

- Во ліхаманка, чуў, кажу, Чарвякова, ды што тут няяснага.

- Да душы, звар'яцеў чалавек.

- Ну дык слухайце, пачну па парадку. Заладзіў я ўсе свае справы, дамоў ехаць яшчэ рана, а дзецца няма куды, дай, думаю, зайду ў царкву, - даўно ўжо там бываў. Стаў сабе тамака ў куточку, паглядаю ўбакі, і ўспомнілася мне, як я тут калісь шлюб браў са сваёй бабай, а там далей і паплылі розныя грэшныя думкі. Ажно гляджу я, што гэта народ без часу выходзіць з царквы, валам верне. Пажар, думаю сабе. Рушыў і я, ды прыслухоўваюся да гутаркі, чую, кажуць, Чарвякоў гаворыць да народу на рынку. Тут я, браткі, локцямі раз-раз, шамятнуўся туды-сюды і шась на рынак. А там ужо народу так набіта, што камар носа не ўточыць. І рабочыя з гуты прывалілі і ўсе местачковыя. Народ адзін другога цісне і ўсё ціснецца наперад. Паўзлазілі на вазы, дзяцей пабралі на плечы, там хтось пішчыць, што яго задавяць, аднак, не ўцякае, а наперад праціскваецца. Ведама, кожнаму цікава на беларускага старасту паглядзець. А яго нідзе не відаць, але голас добра чуваць. Па-беларуску так табе і жарыць. Ну, я гэтак і пытаю: скажыце, браточкі, а дзе ж ён, як жа гэта яго прапусцілі? Дык мне і тлумачаць: бачыш, вунь на тэлеграфным слупе труба - гэта радыё, вось ён праз паветра і гаворыць у гэтую трубу. А дзе ж ён сам? - пацікавіўся я зноў. У Менску, кажуць, быццам на з'ездзе Саветаў гаворыць. Во яно як, думаю, але каб што ўцяміць, дык ніяк не магу, бо як гэта, з Менска ды аж да нас. А тым часам слухаю і лаўлю кожнае слова, не дыхаю - усё каб больш пачуць. А тут народ «ура» крычыць, пляскаюць у далоні, я таксама ім памагаю, хоць гэта і перашкаджае слухаць. Раптам, браткі мае, паліцыя. Піск, гам, скогат, і мяшчанства рассыпалася ва ўсе бакі ды з вугла наглядаюць. А наш брат цясней у круг каля той трубы. Так і рашылі стаяць сцяною, не здавацца і слухаць савецкага голасу. А тут конная паліцыя разагналася ды проста на нас - ударылася, а мы не дрогнулі, ані з месца. Другі раз - тое самае. Праўда, той ці іншы лапае акрываўленую галаву, падняў стаптаную нагу... Дасталося і мне. Тым часам паліцыя ад'ехалася на шагоў сто і наводзіць вінтоўкі, а іхні камандзір крычыць, каб разыходзіліся, бо будуць страляць. А тут і труба ўжо замоўкла. Бачу, зарухаліся нашыя людзі - відаць па ўсім, што разыдуцца. А паліцыя, як толькі згледзела, што ў нас замяшанне, зноў наскочыла і давай хрысціць бізунамі направа і налева ды арыштоўваць. Бачу я, што непераліўкі - трэба ратаваць Чарвякова, дабяруцца, думаю, і да яго. І я, браткі мае, як белка, сам дзівіўся сваёй лёгкасці, узабраўся на той слуп, хрась, трубу адарваў і наўцёкі. Думаў, прывязу ў вёску і будзем слухаць. Але адабралі, сволачы - добра, што ад арышту яшчэ выкруціўся - уцёк.

- Ну, скажы ж нам, а хто гэта пусціў Чарвякова гаварыць?

- Гэта, брат, нашыя людзі ў гміннай радзе так падстроілі. Гмінная рада, бачыш, устроіла гэтую трубу, а нашыя людзі падкруцілі там нейкую пружынку, каб гаварыў Менск, а ён з намі гаварыць ахвоч.

 

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая