epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

«Гавораць вусны: «Ён навекі згінуў!»...»

Гавораць вусны: «Ён навекі згінуў!»

А сэрца кажа: «Не, ён не пакінуў!»

Ты чуеш, як гучыць струна са звонам?

Трымціць-звініць, пячэ слязой салёнай,

Тут, унутры, і б'ецца ў лад са мною:

«Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!»

 

І так заўжды, ці ў песнях прагну сцішыць мукі,

Ці хто мне па-сяброўску цісне рукі,

Ці шчырая гаворка з кім вядзецца,

Ці пацалунак на губах азвецца,

Гучыць мне свет лагоднаю струною:

«Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!»

 

Ці ў морак мараў я сыйду таемны,

Дзе светлацені постацяў нядрэмных

Снуюць і на мяне наводзяць чары,

І над душой маёю валадараць,

А голас твой гучыць, пяе з журбою:

«Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!»

 

Ці змора пакрысе ўпадзе на веі,

На вочы стомленыя сон навее,

Але і ў снах цяжкіх, у снах варожых

Мне чуецца твой голас любы, гожы,

Імкне тужліва з дзіўнаю журбою:

«Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!»

 

І кожны раз, калі звінець ён стане,

Я ў сэрцы чую кветак тых гучанне,

Што за жыццё так і не змог сарваць ты,

Што не хацеў іх у труну схаваць ты,

Гучаць яны няўціхна ў лад са мною:

«Цябе няма, але я ўсё з табою!»

 

Кімполунг, 07.06.1901



Пераклад: Мікола Аляхновіч