epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

Надпіс на руіне

«Я, цар цароў, я, сонца сын магутны,

Сабе грабніцу гэту збудаваў,

Каб славілі мяне заўжды народы,

Каб помнілі на ўсе вякі патомкі

Імя...» А далей круг і збіты надпіс.

І ўжо ніхто з нашчадкаў наймудрэйшых

Імя цара цароў не прачытае.

Хто збіў той надпіс - ці які ўладар,

Ці, можа, час сваёй рукой цяжкою, -

Нам невядома. Дзіўнай вяззю

Шмат розных слоў напісана наўкола

Пра славу безыменнага цара,

Малюнкі адлюстроўваюць учынкі

Яго. Вунь ён высока на прастоле,

Пакораныя да яго народы

Нясуць дары і нізка хіляць чолы.

А ён сядзіць, нібы каменны ідал,

Пад апахаламі з барвовых пер'яў.

Ягоны твар падобны да Тутмоса,

І да Рамзеса, і да ўсіх тыранаў.

А вунь далей, за валасы схапіўшы

Адразу цэлы гурт паўстанцаў нейкіх,

Узняў над імі люты меч крывавы,

І твар яго падобны да Тарака,

Да Мэнефта, як і да ўсіх тыранаў.

З тым самым тварам ён ільвоў палюе,

Левіяфанаў* ловіць, птушак б'е

І едзе полем праз людскія трупы,

І банкетуе па сваіх гарэмах,

І гоніць на вайну сваіх падданых,

І з ім людзей зганяе на работу -

На тую на страшэнную работу,

Што мае ўславіць царскае імя.

 

Ідзе той люд, як хвалі ў акіяне,

Ідзе на бой натоўпам незлічоным

І трыумфальны шлях свайму ўладыку

Гарачаю крывёй шырока сцеле

І сцелецца пад ногі коням царскім.

А хто жывым застаўся з таго люду,

Той гіне на егіпецкай рабоце.

І хоча цар зрабіць з яго магілы

Славуты помнік свой - хай гіне раб!

І раб зямлю капае, чэша камень,

Прыносіць глей з ракі і лепіць цэглу,

Муры узводзіць, статуі стварае,

Запрогшыся, ён штосьці возіць, ставіць,

І велічнае штосьці ён будуе,

Непараўнальнае па прыгажосці,

З малюнкамі, мярэжкамі, разьбою,

І кожная мярэжка і малюнак,

Калона, статуя і нават цэгла

Нябачанымі вуснамі гавораць:

«Мяне стварыў егіпецкі народ!

І тым навекі сваё імя ўславіў».

 

Даўно няма таго цара-тырана,

Застаўся толькі круг ды збіты надпіс.

Спявак, не мар! Вучоны, не шукай,

Хто быў той цар, імя насіў якое!

З яго магілы ўжо стварыла доля

Народу помнік, - хай загіне цар!

 

Зялёны Гай, 28.08.1904

 

* Левіяфан - легендарная марская пачвара.



Пераклад: Канстанцін Цітоў