epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

«Слова, чаму ты не сталь баявая...»

Слова, чаму ты не сталь баявая,

Што сярод бітвы іскрыцца і ззяе?

Слова, чаму ты не ярасны меч,

Што голаў здымае варожую з плеч?

 

Ты, мая шчырая, мужная мова,

Я цябе выхапіць з ножнаў гатова,

Толькі ж ты кроў з майго сэрца пральеш,

Ворага ж сэрца клінком не праб'еш.

 

Вывастру зброю сваю баявую,

Колькі умельства і сілы знайду я,

Потым яе начаплю на сцяне,

Іншым на ўцеху, на горачка мне.

 

Слова, мая ты адзіная зброя,

Мы не загінем абодва з табою!

Можа, ў руках невядомых братоў

Узнімешся мечам на катаў-паноў.

 

Бразне клінок аб жалеза кайданаў,

Водгулле грымне ў цвярдынях тыранаў,

Стрэнецца з бразгатам мечаў другіх,

З гукам размоў не турэмных - жывых.

 

Мсціўцы падхопяць тады маю зброю,

Кінуцца з ёю адважна да бою...

Зброя мая, паслужы змагарам

Лепш, чымсьці служыш ты хворым рукам!

 

25.11.1896



Пераклад: Канстанцін Цітоў