epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

Сон летняе ночы

Сон летняе ночы калісьці мне сніўся,

Кароткаю летняя ночка была.

І сон быў кароткі, - ён хутка змяніўся

І знік, калі ў небе зара расцвіла.

 

Не знаю, не помню, калі я заснула,

Шапталіся дрэвы за сінім акном...

Чароўная мара мяне агарнула,

Нязнанае шчасце накрыла крылом.

 

Была я шчаслівай, бязмерна шчаслівай, -

О радасць хвіліны, душы маладосць!..

Няма такой мовы на свеце праўдзівай,

Каб выказаць шчасце, калі яно ёсць!

 

Кароткі быў сон мой. Як ранняя зорка,

Пагасла ружовая мара мая,

Спускалася ноч у нізіну з узгорка,

Пры першым світанні прачнулася я.

 

Ясноты нябёс над зямлёй палыхалі,

Пра шчасце шумеў за акном маім сад.

І вусны мае яшчэ доўга шапталі:

«Сон летняе ночы, вярніся назад!»

 

Няма ў мяне шчасця, збавення ня бачу,

Бо мары аб іншым у сэрцы нашу;

Парой, зажурыўшыся, горка заплачу,

Але я нічога сабе не прашу.

 

Хай будуць шчаслівымі іншыя людзі,

Жыццё мне патрэбна, жыццё, а не сны,

Бо, хто абудзіўся, шчаслівым не будзе, -

Справадзіўшы лета, не вернеш вясны.



Пераклад: Юрка Гаўрук
Крыніца: http://zmila.at.tut.by/