epub
 
падключыць
слоўнікі

Лідзія Арабей

Тося

— Што ты сказаў? — не паверыла сваім вушам Тося, яна не данесла да стала кубак з чаем, уставілася ў сынаву патыліцу, які, здаецца, спакойна мазаў маслам свой кавалак хлеба.

— Мы з Інаю падалі заяву ў загс, мы з ёю пажэнімся,— паўтарыў Сяргей.

Тося не хацела верыць.

— А іначай жартаваць ты не ўмееш? — паставіла яна кубак перад сынам.

— А я сур’ёзна,— Сяргей азірнуўся на матку, і Тося зразумела, што сын не жартуе.

— Божачка,— сашчапіла яна рукі.— Які з цябе муж! Табе ж усяго дваццаць... А Іна... Калі ты і праўда зрабіў такое глупства, то зараз жа забяры заяву з загса назад!

Сяргей адсёрбнуў з кубка чаю.

— Забяры... Скажаш... На пасмешышча?.. Я думаў, што рабіў...

Тося яшчэ не магла паверыць, што гэта размова ідзе сур’ёзна, што сын і праўда збіраецца жаніцца, яе хлапчук, якога яна зусім нядаўна купала ў ванначцы, вадзіла за ручку ў школу.

— Ён думаў, вы чуеце, ён думаў! — клікала сабе некага ў сведкі, у саюзнікі Тося.— Табе яшчэ вучыцца трэба, а не жаніцца! Ён падумаў!..

— Вучыцца, не вучыцца... Цяпер простыя рабочыя больш зарабляюць... Важна, каб галава была на плячах,— адказаў Сяргей.

Ён піў чай, кусаючы хлеб з маслам, яго доўгія рукі, абцягненыя рукавамі светлай кашулі, упіраліся локцямі ў стол, валасы, яшчэ вільготныя пасля ўмывання, былі акуратна зачэсаны ўгору, твар свежы і ружовы, яшчэ мала чапаны брытваю.

— Вы толькі паслухайце, толькі паслухайце, які ён разумны! А што б ты рабіў, такі разумны, каб матка не прыстроіла цябе на кінастудыю? У магазін пайшоў бы, грузчыкам? Рабочым, якія шмат зарабляюць?

— А што, і гэта работа,— паціснуў плячыма Сяргей.

Тося задыхнулася, да грудзей падступіла столькі крыўды, столькі гневу, што яна не ведала — з чаго пачаць, што сказаць, каб абрынуць на сына гэтыя гнеў і крыўду. Сказаць яму, што яна, матка, не пра сябе думае, што хоча, каб яму, сыну, было лепей, што яна жыла толькі для яго і так хацелася ёй, каб сын скончыў інстытут, а ён цяпер во як — нават парады ў яе не папытаўся, падаў заяву ў загс, і ўсё, а найбольш, найбольш... Божачка, каб жа гэта Іна нешта значыла, была прыгожая, з добрай сям’і, а то... І што ён у ёй знайшоў, чым яна яго прысушыла, такі-та хлопец — і высокі, і прыгожы, і, здаецца, не дурны... І Тося кінула сыну тое, што магло найбольш дапячы:

— Дык ты, сынок, калі жаніцца надумаў, то хіба лепшай не знайшоў? Яе ж у двары ўсе макака дражняць!

Думала раззлаваць Сяргея, але ён і вухам не павёў.

— Дражнілі, калі малая была... Мяне таксама дражнілі — Лыга, дык што?

— Цябе дражнілі Лыга, бо ты малы слова Рыга не мог вымавіць, казаў Лыга, а яе дражнілі, бо брыдкая, яна і цяпер брыдкая, і цяпер макака!

Сказала і адчула пад сэрцам халадок — зараз Сяргей узарвецца, нагрубіць.

Але Сяргей змоўчаў, пайшоў з кухні ў калідор, пачаў апранацца.

— Дык прымі да ведама... Заяву я назад забіраць не буду,— выйшаў, мацней, чым звычайна, стукнуўшы дзвярыма.

Гэты стук як прайшоў праз Тосіна сэрца, села на зэдлік у кухні, здалося, зрушыліся сцены, зрушыўся свет, адбылося непапраўнае. Такое адчуванне бяды і непапраўнасці было хіба тады, калі так недарэчна, так трагічна загінуў муж — ехаў з сябрамі на рыбалку і на іх машыну наскочыў п’яны шафёр самазвала.

Тады і Тосі не хацелася жыць, хацелася абрынуцца ў тую чорную пашчу магілы, што забірала мужа. Утрымаў на гэтым свеце хіба сын. Ведала — трэба гадаваць.

І выгадавала. Сын заўсёды быў добра дагледжаны — у чыстай кашульцы, у харошым гарнітурчыку, у начышчаных чаравіках. Някепска скончыў дзесяцігодку, але ў інстытут, на вялікі Тосін жаль, не трапіў, не хапіла балаў, і яна ўладзіла яго асістэнтам аператара на кінастудыю, дзе сама ўжо дваццаць год працуе краўчыхаю ў пашывачным цэху. Работа асістэнта аператара не вельмі важная — атрымай плёнку, здай плёнку, пастаў апарат сюды, занясі туды, уключы лямпу, патушы лямпу, але ўсё-такі кінастудыя, і асістэнт аператара, не сорамна сказаць, дзе і кім працуе, ды гэта ж работа і не назаўсёды, праз які год зноў падасца ў інстытут, можа, і ў кінематаграфічны.

І раптам — адным махам, адным ударам разбіць усе матчыны спадзяванні — жаніцца. Не, міленькі, нічога ў цябе не выйдзе, я з вамі яшчэ паваюю, выб’ю, сынок, дурасць з твае галавы...

Тося паднялася з зэдліка — у грудзях усё яшчэ дрыжала — ад таго стуку дзвярыма, ад усёй гэтай дурной раніцы, але трэба было ўзяць сябе ў рукі, нельга раскісаць!

З гэтага дня, як толькі Сяргей прыходзіў дадому, маці пачынала з ім гаворку пра яго жаніцьбу як пра нешта смешнае і недарэчнае.

— Дык дзе ж вы будзеце жыць, сынок? — яхідна пыталася матка.

— Можна ж і ў нас жыць, адзін пакой табе, другі нам... Большы табе...

— Глядзі, сынок, як ты скора матчыну кватэру падзяліў, а можа, я не хачу жыць з нявесткаю, можа, я сама яшчэ замуж выйду, раней не хацела айчыма табе прыводзіць, а калі ты ўжо і сам жэнішся...

— Ну, не хочаш, каб у нас жылі, ноймем пакойчык,— адказваў Сяргей.

— А ці ведаеш ты, сынок, колькі каштуе наняць пакойчык, жывеш за матчынай спіною, цаны грашам не ведаеш.

— Нічога, я ж працую, і Іна працуе,— адказваў Сяргей.

— Колькі вы там зарабляеце! На мяне не спадзявайся, я табе кааператыўнай кватэры не пабудую, Інкін бацька ёй таксама нічога не дасць, усё, што мае, у горла лье...

Во якую радню падсоўваў ёй сынок, а радня гэта, Інкін бацька, ужо з ёю як са сваячкаю, пазаўчора падышоў у двары — няголены, з расхрыстанаю грудзінай, у руцэ вядро пустое, і падміргвае:

— Можа, зойдзем, кума, да мяне, па чарцы зробім?

— Я не п’ю,— адрэзала яму тады Тося.

Так што ад такога бацькі дзеці помачы не дачакаюцца.

— А мы, мамуська, у нашых продкаў нічога прасіць не будзем, без іх абыдземся,— адказваў Сяргей мацеры.

Іншым разам матка падступала з другога боку:

— Сынок, можа, у цябе з гэтаю Інаю... Ну, разумееш... А ты хлопец чэсны, хочаш грэх прыкрыць, калі так, то прызнайся...

Сяргей смяяўся.

— Мамачка, ты не ведаеш Іны, нічога ў нас з ёю не было!

— Дык ці вочы твае асляпіла, сынок, не мог знайсці лепшую?!

І калі матка яшчэ раз назвала Іну макакай, сын выйшаў з хаты, так бразнуўшы дзвярыма, што аж пабелка пасыпалася.

Цэлы дзень праплакала тады Тося, што ні рабіла, а слёзы плылі і плылі з вачэй. «Вось і гадуй дзяцей, аддавай ім усё, а яны табе...»

Не магла суняць плачу...

Ажаніўся Сяргей з Інаю. Не было вяселля з белаю сукенкаю, з белым вэлюмам у маладой, з таксі, абвітым стужкамі і кветкамі, распісаліся, нанялі пакойчык недалёка ад той вуліцы, дзе раней жылі. Там у чалавека памерла жонка, а меў ён кватэру на тры пакоі, у адзін і пусціў маладажонаў. Зацятая матка нават павіншаваць не прыйшла. «Калі ты, сынок, такі, калі матку ў грош не ставіш, калі нейкае саплівае дзяўчо табе даражэй за яе, дык і жыві з ёю, паглядзім, ці надоўга цябе хопіць»,— гаварыла сама сабе Тося.

Яна засталася адна ў сваёй двухпакаёвай кватэры і раптам убачыла, якія доўгія бываюць восенню вечары, як доўга цягнуцца два выхадныя дні. Бывала, па магазінах бегаеш, абед гатуеш, у кватэры прыбіраеш, бялізну мыеш, то туды, то сюды, работа і работа, а цяпер яе як і няма — на адну ці многа трэба, на адну і абед гатаваць не хочацца, бутэльку малака вып’еш альбо так што пажуеш з кулака, і прыбіраць у хаце няма чаго — сама, адна, не насмяціш, і мыць на адну — колькі той бялізны.

«Вось і добра, вось і адпачну пад старасць»,— цешыла сама сябе Тося, але спакой і радасць не прыходзілі, часцей і часцей падступала туга.

Да сына не хадзіла, не хацела бачыць нявестку, памятала, як сама нагаворвала на яе, як жа пасля гэтага пойдзеш да нявесткі ў хату, яшчэ выгане такую свякруху.

А Сяргей часам забягаў да мацеры.

— Ну як, мамулька?

Пакруціцца, забярэ што-небудзь сваё — лыжы, кніжку, спяшаецца, з маткаю і пасядзець ужо няма часу.

Ад людзей дачулася, што Іна паступіла ў інстытут, у політэхнічны, будзе вучыцца на інжынера.

— Які з яе інжынер! Знайшлі інжынера,— казала яна суседкам,— яе ж з-за стала не будзе відаць, ды каб інжынерам быць, трэба мець галаву!

Сама Тося мела за спіною ўсяго чатыры класы, жыццё пасля вайны было цяжкае, мусіла рана пайсці працаваць і таму надта паважала людзей, якія паканчалі інстытуты. А пры слове «інжынер» перад ёю наогул паўставаў прыгожы і надта разумны мужчына. А тут раптам нявестка, Іна.

Час ішоў, сын дадому не вяртаўся, наадварот, па ўсім, што даходзіла да Тосі, можна было меркаваць, што жывуць маладыя дружна.

Мінула два гады. Тося так і не прывыкла жыць адна, усё больш і больш тужыла, а маладыя, можна сказаць, аселі ў тым пакоі. Нейкі сусед, маючы злосць на гаспадара, у якога жылі Сяргей з Інаю, напісаў на таго ў выканком заяву, што вось, маўляў, лішнія метры ў чалавека, здае плошчу кватарантам.

З выканкома прыйшлі на абследаванне, убачылі, што сігнал правільны, і выдалі Сяргею законны ордэр на пакой у кватэры гаспадара.

Ад людзей дачулася Тося, што скора яна будзе бабка, пацвердзіў гэта і Сяргей, неяк заскочыўшы да маткі ўвечары.

Тую ноч Тося зноў не спала, але больш не мучылася і не плакала, быццам нешта размякла, растала ў яе душы. Дзіця... Сынава дзіця, яна, Тося, будзе бабка... Каб на цябе ліха, як скора жыццё праляцела, вось табе і бабка, а яшчэ замуж збіралася, старая качарга... І яшчэ падумалася, таксама як бы з помстаю, ужо да нявесткі: «Вось табе і інстытут, вось табе і інжынерства, дзіця выгадаваць — не ў кіно схадзіць...»

А вясною, калі сонца біла ў вокны, свяціла праз гардзіны і на падлогу ад іх клаўся густы ўзорысты цень, калі на падаконніку ў гаршчочку зацвілі пралескі, Сяргей пазваніў мацеры і сказаў, што ў іх нарадзілася дачка — Мая, Маечка, тры кілаграмы і дзвесце грам.

Паклала Тося трубку, а ў самой у грудзях усё захаланела, аж ногі аслабелі, у галаве пачало блытацца, адступала, рабілася маленькаю крыўда на сына, адступала, меншала злосць на нявестку, вырастала ў вялікае, у самае найбольшае — унучка, Маечка, тры кілаграмы і дзвесце грам.

Пайшла Тося па магазінах — трэба ж нешта ўнучцы купіць, цяпер нікуды не дзенешся, пойдзеш да сына, да нялюбай нявесткі, як жа не пойдзеш, калі там маленькае, сынава кроў, яе, Тосіна, кроў, Андрэева кроў... Не дажыў, бедны, да ўнучкі... Хоць і не бачыла яшчэ Маечкі — ужо любіла.

Накупляла Тося — і пялёначак, і кашулек, канверт шаўковы купіла, прыйшла дадому з пакункамі і села на крэсла не распранаючыся.

Ціха было ў хаце, толькі вада ў трубах пералівалася — збіраліся адключаць ацяпленне, недзе ў суседзяў прапіпікала радыё, глуха гудзеў за вокнамі горад. На сцяне вісеў партрэт — павялічаная фатаграфія Тосі — вочы шырока расплюшчаны, валасы густыя, хвалямі, галава крышку павернута набок — зусім маладая тут Тося і вельмі сімпатычная, яна і цяпер нішто — высокая, смуглая, і твар яшчэ гладкі, без маршчын. Прыгожая Тося, а шчасця вось няма, муж загінуў, а сына сама ад сябе адпіхнула. Як жа пайсці цяпер да нявесткі, як пайсці да ўнучкі, нявестка ж можа і на парог не пусціць. «Калі я макака, скажа, дык вам і рабіць тут няма чаго...» Я б на яе месцы так і сказала...

Устала Тося з крэсла, распранулася, павесіла паліто ў шафу, пакункі кінула ў шуфляду — няхай ляжаць... І без мяне абыдуцца, без мяне, мусіць, усяго накуплялі.

Але дзён праз дзесяць не вытрывала. Як жа яна — і ўнучкі не паглядзіць, людзі пачнуць гаварыць — во зацялася матка, ды што там людзі, не пра людзей думала цяпер Тося, цягнула, як магнітам, туды, да сына, туды, да Маечкі, калі што, скажа нявестцы: «Я да сына прыйшла... Да ўнучкі прыйшла... Маю права... А калі табе не падабаецца, дык...»

Дзверы адчыніў сын — у спартыўных штанах, рукавы ў сіняй кашулі закасаныя, у адной руцэ нож, у другой напалову абабраная бульбіна.

— Ма-ама! — амаль закрычаў ад радасці, абняў матку, не выпускаючы з рук нажа і бульбіны.

Першае, што ўбачыла ў пакоі Тося — нявестку, адной рукой яна паціху вазіла калясачку, у другой трымала кнігу,— вазіла калясачку і чытала. Адарвала ад кнігі вочы, убачыла свякруху, і на твар ёй пачала наплываць чырвань. Нейкі міг Тося і нявестка стаялі адна перад адной як нямыя, потым Іна паклала кнігу на стол.

— Мама...— сказала ціха.

І Тосю як нажом паласнулі па сэрцы, на вочы набеглі слёзы. Ступіла крок да нявесткі, да калясачкі, потым спынілася, выняла з кішэні паліто хустачку, пасмаркалася, паклала хустачку назад у кішэню, пакункі — на стол, побач з Інінаю кніжкаю.

— Пакажыце ж хоць... унучку,— сказала здушаным голасам.

Потым яны ўтраіх стаялі над калясачкаю, у якой спала дзіця з малюсенькім носікам, з малюсенькімі губкамі, з тонкаю нітачкаю валаскоў, што вылазіла з-пад беленькага каптурчыка.

— Яна падобна на цябе, усе так кажуць,— гаварыў Сяргей мацеры.

Тося і праўда быццам бачыла ў малюсенькім тварыку знаёмыя рысы, здаецца, унучка і праўда падобная на яе.

— Ах, яна яшчэ дваццаць разоў мяняцца будзе, яшчэ на ўсіх будзе падобная,— сказала яна, хаваючы ў грудзях радасць.

Калі адыходзіла ад каляскі, кінула вокам на кнігу, якую паклала на стол нявестка, у кнізе былі лічбы і чарцяжы. «Глядзі ты»,— падумала Тося, ёй было дзіўна, што Іна разумее ўсе гэтыя лічбы, чарцяжы, і трохі крыўдна, што не Сярожа чытае такую кніжку, а нявестка.

Матку запрасілі за стол і частавалі смажанаю бульбаю з катлетамі, чаем. Іна падсоўвала да Тосі цукеркі ў карабку, торт.

— Да нас цяпер усё прыходзяць віншаваць, дык нясуць — цукеркі, тарты,— гаварыла яна.

Тося піла чай і неўпрыкмет разглядала нявестку — худзенькая і малая, як дзяўчынка, як дзіця, носік востранькі, валаскі рэдкія, Сяргей побач з ёю, быдта наліты сокам і малаком, зусім не падыходзяць яны адно да аднаго, ну, ды як сабе хочуць, не па-харошаму міл, а па-міламу харошы, як кажуць людзі, маладзец Іна, што не заганарылася, не пачала папракаць свякруху, і глядзі ты — толькі з радзілкі і за кнігу...

З гэтага дня Тося пачала заходзіць да сына — то цацку якую прынясе ўнучцы, то так прыйдзе, пасядзіць, пазабаўляецца з малою і кожны раз, калі б ні адчыніла дзверы — Іна ці з кніжкаю, ці чарцяжы чэрціць, ці задачкі рашае, як толькі і паспявае малую дагледзець, але і дзіця заўсёды чысценькае, не плача.

— Сесія скора,— тлумачыць Іна свякрусе,— не хачу хваста на лета пакідаць.

— Вучыся, вучыся,— адказвае Тося, а сама ўсё прыглядаецца — як гэта такая вось Іна ды інжынер, ці можа быць?

А нявестка здавала сесію за сесіяй і вось ужо апошні год у інстытуце, са свякроўкаю заўсёды ласкавая, называе мамаю, з Сяргеем таксама дружна жывуць, не так, як у іншых сем’ях — сварацца, спрачаюцца.

І з дня на дзень пачала вырастаць у Тосі быццам павага да нявесткі. Бач, як яна ўмее.

Маечка падрастала, трэці годзік пайшоў, гаварыла ўжо, хоць і па-свойму, пацешна, Тося брала яе часам да сябе дахаты, асабліва на суботу і нядзелю, была ж майстрыца, швачка, дык шыла Маечцы сукенкі, палітончыкі, колькі на дзіця матэрыялу трэба, як на ляльку, і Маечка сапраўды хадзіла як лялька, у шарсцяных і шаўковых сукеначках, з вялікім бантам у светлых валасках, бегала за Тосяю па кватэры і клікала:

— Бабця, бабця!

І так падабалася Тосі гэтае — бабця, што хапала малую на рукі, цалавала.

Мінуў яшчэ год, і вось настаў урачысты дзень — Іна прынесла дадому дыплом — скураную кніжачку, ад якой пахла клеем. Чырванеючы і харашэючы ад радасці, падала дыплом Тосі. Тая ўзяла ў рукі — асцярожна, каб не запляміць, не пакамечыць. Там прыгожымі чорнымі літарамі, тушам, было напісана Ініна прозвішча, імя, імя па бацьку і было напісана, што ёй надаецца спецыяльнасць інжынера. І яшчэ Іна паказала значок, сіненькі ромбік, яна цяпер можа насіць гэты ромбік, прышпілены да касцюма, і ўсе будуць бачыць, што яна інстытут скончыла.

Патрымала Тося ў руках і значок — цяжкаваты, халодны, з вінцікам з тыльнага боку.

— Насі, дачушка...— Павярнулася да сына: — А ты, сынок... Што ж ты?..

Сяргей, поўны радасці за жонку, махнуў рукою:

— А, я і так... Нашто мазгі сушыць, я бачыў, як Іна — днямі і начамі...

— Дык затое ж во — інжынер! — гаварыла Тося.

— Я яму таксама кажу,— падтрымала свякруху Іна,— увесь час кажу — вучыся, Сярожа, паступай у інстытут, я памагаць буду...

— Ат,— махнуў рукою Сяргей.— Я ўсё роўна болей зарабляць не буду.

— А я не для грошай вучылася,— загарачылася Іна.— Мне вучыцца было цікава. І ты паступай, убачыш, як гэта цікава...

— Добра, добра, там будзе відаць!

Не любіў Сяргей, калі з ім пачыналі гаварыць пра вучобу.

 

Дзень выдаўся і праўда майскі — сонца залівала горад, зелянела трава, кусты ўбраліся зялёным дробным лістам, пупышкі на дрэвах набрынялі, вось-вось палопаюцца. У Тосі ў хаце ўсё было прыбрана, халадзільнік напакаваны ядою, на шафцы, пад белым ручніком — пірагі і бісквіты. Сёння свята з вуліцы пакіруецца да яе, дзеці пасля дэманстрацыі прыйдуць да маткі, і не адны, са сваімі сябрамі, далі грошы на прадукты, папрасілі наладзіць ім стол. Тося з ахвотаю згадзілася — даўно не было ў яе кватэры музыкі, не ўгіналася падлога ад танцаў, пакуль ёсць сіла, пакуль можа напячы ды насмажыць — няхай пацешацца дзеці, і яна пры іх падвесяліцца, пры маладых і сама памаладзее.

Тэлевізар грымеў на ўсю кватэру баявымі маршамі, вясёлымі песнямі, Тося тупала з кухні ў залу, носячы на стол яду, а сама часам кідала позіркі на экран — можа, сваіх там убачыць, Іну ў калоне з заводам ці Сяргея з Маечкай на плячы, вунь колькі дзяцей на дэманстрацыі — з шарыкамі, з кветкамі ў руках.

Яны прыйшлі вясёлыя, з чырвонымі бантамі, прышпіленымі да грудзей, у Маечкі ў руцэ блакітны шарык на нітачцы.

— Бабця, а там такая машына была, з лялькамі, з мядзведзікамі, і там хлопчык быў, дык ён выступаў,— з парога пачала расказваць Маечка.

— Праўда? — цешылася бабка.— А яшчэ што там было?

І Маечка расказвала бабцы, што яна бачыла на дэманстрацыі — як ляцелі ўгору шарыкі, як выпускалі дзеці галубоў, як тыя лёталі над плошчаю, як махалі ўсе дзеці сцяжкамі і крычалі «ўра».

З Сярожам і з Інаю прыйшлі іх таварышы — хлопцы, дзяўчаты. Тося хуценька палічыла гасцей — чатыры хлопцы і чацвёра дзяўчат, усім хопіць месца, яна баялася, каб не прыйшло вельмі многа гасцей, каб усім хапіла і месца і закускі.

Пасля дэманстрацыі ўсе былі галодныя і, не вельмі забавіўшыся, селі за стол.

Тося, можна сказаць, была шчаслівая, усе хвалілі яду, што яна нагатавала, ды і хваліць не было патрэбы, гаспадыня бачыла, як падчышчалі талеркі; побач з ёю сядзела ўнучка і таксама ўсмак умінала і салатку, і халадзец, насупраць яна бачыла сына — здаровага, вясёлага, у новым гарнітуры, нават Іна здавалася ёй сёння прыгожаю, не, смех смехам, а за апошні час Іна моцна пахарашэла, нават быццам падрасла, а можа, так здавалася ад таго, што папаўнела, ужо і нос не такі востранькі, і валасы не рэдкія, зрабіла завіўку, і вунь якая харошая галоўка, толькі сёння ўбачыла Тося, што ў Іны прыгожыя сінія вочы — гэта сіняя сукенка адцяніла, паказала іх.

Потым стол адсунулі ўбок, Сяргей уключыў магнітафон, пачалі танцаваць.

Тося збірала талеркі, рэшткі яды, выносіла ў кухню. Іна ўзялася ёй памагаць.

— Ідзі, дачушка, танцуй, я сама,— сказала ёй Тося.

— А, паспею,— адказала Іна, забіраючы са стала талерку з недаедзеным халадцом.

Калі Тося, пакінуўшы талеркі ў кухні, вярнулася ў залу, каб забраць са стала астатняе, Сяргей танцаваў з высокай светлай дзяўчынай. На дзяўчыне былі модныя зялёныя штаны, шаўковая жоўтая блузка, у вушах целяпаліся вялікія залатыя завушніцы. Тося ўбачыла руку дзяўчыны, якая ляжала на Сяргеевым плячы — з доўгімі пальцамі і доўгімі пазногцямі, пакрытымі карычневым лакам.

«Няхай танцуе»,— падумала Тося пра сына.

Праз нейкі час яна зноў зайшла ў залу — прыбраць са стала нажы і відэльцы. Сяргей зноў танцаваў, ужо новы танец, але з тою самаю дзяўчынаю.

— Ідзі, Іначка, туды, я сама ўпраўлюся,— сказала яна нявестцы, вярнуўшыся ў кухню.

— Ат, паспею,— зноў адказала Іна.

Цяпер Тосі было ўжо цікава — што там робіць Сяргей, і праз каторы час яна зноў зайшла ў залу.

Госці танцавалі, і Сяргей танцаваў, з тою самаю дзяўчынаю, толькі адзін хлопец з гасцей — невысокі, у акулярах, сядзеў збоку і гартаў кніжку, быццам на свята, у гасцях, яму не было іншага занятку, як чытаць кніжку.

Тося згортвала анучкаю са стала крошкі, а сама цікавала за Сяргеем.

«Ага, канечне... Вы мяне, старую, не абдурыце, глядзі, як абдымаюцца... Шчака да шчакі танцуюць... А твар які ў Сяргея... Ну зусім дурнаваты... Сп’янеў ён, ці што... І што яго сп’яніла, гарэлка ці гэта...»

— Ану, ідзі туды, няма чаго тут пэцкацца,— вырвала Тося ў Іны талерку, сама садрала з яе ручнік, якім нявестка падвязалася замест фартуха, піхнула ў плячо, выпраўляючы з кухні.

— Ой, якая вы,— засмяялася Іна,— дайце ж хоць рукі памыць.

І, памыўшы рукі, паправіўшы валасы, яна пайшла туды, дзе танцавалі.

Тося мыла, выцірала посуд, а самой нецярпелася паглядзець — што робіцца там, у залі. Ох і Сяргей, ох і зух, гэта ж трэба!.. А яна хто такая, замужняя ці дзяўчына? Прыгожая, нічога не скажаш, але сораму няма, ведае ж, што тут жонка, а вешаецца на шыю...

Яна выцерла рукі, вярнулася ў залу.

Маечка круцілася паміж тымі, што танцавалі, вадзіла ручкамі над галавою, падспеўвала. Іну, мусіць, запрасіў той, у акулярах, што чытаў кніжку, і яны абыякава тупалі пад музыку, па іх тварах было відаць, што танец ім зусім не прыносіць асалоды. А Сяргей зноў танцаваў з тою, у штанах, і зноў туліліся яны адно да аднаго шчокамі, цяпер тонкая рука з доўгімі пальцамі і карычневымі пазногцямі абдымала Сяргея за шыю, завушніца целяпалася каля самага Сяргеевага вуха, а Сяргей, здавалася, аж прысядаў, аж млеў, твар яго застыў з усмешкаю.

Калі танец скончыўся і кавалеры паўсаджвалі сваіх паненак, Тося падышла да сына.

— Хадзі, Сярожа, я табе нешта скажу,— паклікала яна яго ў кухню.

Сяргей паслухмяна пайшоў за маткаю, на хаду папраўляючы каўнер кашулі і гальштук.

— Табе што-небудзь памагчы? — спытаў ён, але не паспеў дагаварыць, як твар яго апякла аплявуха.

Сяргей ажно знямеў, аслупянеў, вылупіў вочы, глядзеў на матку, а тая замахнулася яшчэ і яшчэ раз пляснула яго па шчацэ.

— Чаго ты... За што? — ледзь выгаварыў Сяргей.

— Чаго?.. За што?..— шаптала Тося.— Я табе пакажу — за што... Ціскацца з тою дылдаю?.. Я табе за Іну галаву адарву!..

Здаецца, толькі цяпер пачынаў разумець Сяргей, чаго так узлавалася матка, і зарагатаў.

— Што ты, мама, ды я... Гэта ж так, жарты...

— Жарты? — шаптала Тося.— Я табе дам жарты... Ідзі туды і каб не смеў!..

І зусім невядома, чаму раптам скрывілася, пачала шукаць у кішэнях фартуха насоўку, знайшла, прыклала да вачэй.

— Ну што ты, мама,— смяяўся Сяргей,— кінь... Ой, якая ты смешная... Дай я цябе пацалую,— і Сяргей абняў матку, цмокнуў недзе каля вуха.

З залі прыбегла ў кухню Маечка, стала ў дзвярах — наструненая, узбуджаная, у кароткай чырвонай сукеначцы, з чырвоным бантам у валасах.

— Тата, бабця, хадзем танцаваць,— аж падскоквала ад нецярпення.

Тося пагладзіла сына па плячы, праз слёзы ўсміхнулася ўнучцы.

— Зараз прыйдзем, Маечка... Зараз прыйдзем танцаваць...— Глядзі мне,— яшчэ раз прыгразіла яна сыну.



Тэкст падаецца паводле выдання: Арабей Л. Пошукі кахання: Аповесці, апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 261-273
Крыніца: скан