epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ліно Альдані

Месяц дваццаці рук

— Дэвід Портленд, да дошкі! — сказаў настаўнік Крупэн, падняўшы вочы ад класнага журнала.

Дэвід чамусьці адсунуў кнігі і сшыткі і нарэшце вылез з-за парты.

— Ты вывучыў урок па астраноміі?

— Вядома, спадар настаўнік.

— Выдатна. Скажы, колькі прыродных спадарожнікаў у планеты Сатурн?

— Дзесяць, спадар настаўнік.

— Добра. Назаві іх і скажы ў храналагічным парадку, калі яны былі адкрыты.

— Тытан, — няўпэўнена пачаў Дэвід, — Япет, Рэя, Дыёна, Тэфія, Энцэлад, Мімас, Гіперыён... — Тут ён запнуўся і, пачырванеўшы ад напружання, утаропіўся ў наскі чаравікаў.

— Добра, далей, — падбадзёрыў яго настаўнік. — Не хапае яшчэ двух: Феба і?..

— Феба і Тэміс.

— Правільна. Ну, а цяпер другое пытанне. Як яшчэ называюць Тытан?

— Тытан? Яго называюць «Месяцам дваццаці рук».

— Растлумач чаму?

— Не ведаю, спадар настаўнік.

— А трэба было б ведаць, Дэвід, — з дакорам сказаў настаўнік. — Я задаў на сёння прачытаць урывак з дадатку да падручніка. Калі б ты яго прачытаў, дык змог бы адказаць на маё пытанне.

— Так, спадар настаўнік, але я... не захацеў яго чытаць.

— Чаму ж?

Дэвід Портленд завагаўся, але потым глянуў на настаўніка і выпаліў:

— Бо я не люблю астраноміі.

У класе зрабілася вельмі ціха. Здзіўленыя позіркі вучняў быццам былі прыкаваныя да твару Дэвіда. Настаўнік Крупэн паблажліва ўсміхнуўся.

— Праўда, не люблю, — больш смела паўтарыў Дэвід. — Цярпець яе не магу. І потым... навошта яна мне, гэтая астраномія? Касманаўтам быць я не збіраюся. Я хачу быць хірургам, як і мой бацька. І не на нейкай планеце, а тут, на Зямлі.

Настаўнік зноў усміхнуўся:

— Ці не ранавата ты выбраў сабе прафесію? Раптам перадумаеш?

Дэвід крыху разгубіўся. Пад уважлівым позіркам настаўніка ён прыкрыў далонню вочы.

— Дай мне тваю кнігу, Дэвід.

Настаўнік узяў падручнік, зазірнуў у змест, хутка пагартаў старонкі.

— Вось, трымай, — сказаў ён, працягваючы Дэвіду разгорнутую кнігу. — Прачытай вось тут. Гэта апавяданне невядомага аўтара дваццаць першага стагоддзя. Чытай больш уважліва. Я выклічу цябе яшчэ раз.

Дэвід нізка апусціў галаву і пад хіхіканне сяброў паплёўся на месца. Ён цяжка ўздыхнуў, скрывіў з'едлівую морду адразу ўсяму класу і паглыбіўся ў чытанне.

 

Ці знаёма вам, хоць у агульных рысах, будова аднаклетачнага арганізма? Дык вось, касмічны карабель «Ібіс» быў падобны на такі арганізм. Ён не быў змантаваны ці сабраны па частках, яго абшыўку не зварвалі і не змацоўвалі балтамі. Адным словам, ён зусім не нагадваў механізма, у якім асобныя часткі можна зняць і замяніць. Не, корпус «Ібіса» быў цэльны, і, ствараючы яго, вучоныя строга прытрымліваліся прынцыпаў навейшай тэорыі малекулярных сіл. Знешне «Ібіс» нічым не адрозніваўся ад сучасных касмічных караблёў, хіба толькі быў крыху меншы і не такі ходкі. Не спрачаюся, у яго канструкцыі былі нейкія дэфекты, але шэсцьдзесят гадоў назад, калі «Ібіс» накіраваўся ў свой першы палёт і праект Крузіўса і Благовіча стаў рэальнасцю, усе славілі новы цуд тэхнікі.

У «Ібіса» было электрамагнітнае кіраванне. Крузіўс і Благовіч бліскуча даказалі на практыцы, што касмічным караблям для міжпланетных падарожжаў больш не трэба рэактыўнае паліва. Асобы паскаральнік «антыграў» — генератар антыгравітацыйнага поля — дазваляў караблю лёгка пераадольваць любыя прасторы па гравітацыйных лініях, якія пранізвалі космас. Гэта было сапраўды геніяльнае адкрыццё, сапраўдны пераварот у тэхніцы.

Дзве тысячы дваццаць пяты год азнаменаваў сабою канец атамнай і пачатак электрамагнітнай эры. Але, на жаль, гэты год стаў адным з сама трагічных у гісторыі чалавецтва. Ледзь толькі «Ібіс» бліскуча закончыў трэці пробны пералёт Зямля — Марс — Зямля, як на нашай планеце нечакана для ўсіх успыхнула страшная эпідэмія жоўтай чумы.

Цяпер, відаць, толькі сама старыя людзі помняць пра тыя кашмарныя дні. Аднак, я ў гэтым не ўпэўнены, вядома ж, што падзеі, якія адрозніваюцца асаблівай жорсткасцю, міжвольна выклікаюць абарончую рэакцыю ў чалавечым мозгу, і амаль заўсёды ўступае ў дзеянне закон падсвядомага аптымізму, які прымушае нас забыць усё непрыемнае. Так ці інакш, але няма ніводнай кнігі па гісторыі і медыцыне, у якой не ўпамінаўся б той злашчасны год. Падлічана, што за паўгода эпідэмія забрала паўтара мільярда людзей — амаль палову насельніцтва Зямлі. І калі другой палове пашчасціла ўцалець, то гэтым зямляне абавязаны ксемедрыну, які здабывалі на Тытане, і касмалёту «Ібіс», які з нечуванай хуткасцю даляцеў да шостага спадарожніка Сатурна.

Палёт не быў небяспечны. Дагэтуль чалавек ужо не раз ступаў на паверхню спадарожнікаў Сатурна. Больш таго, ён пранік на планету Ўран, змог абляцець і дасканала вывучыць усю Сонечную сістэму — і ўсё гэта на цяпер ужо ўстарэлых атамных караблях.

Адным словам, «Ібісу» не пагражала сур'ёзная небяспека. Не было падстаў баяцца і якіх-небудзь нечаканасцей.

На самай справе, трыццацідзённы палёт праходзіў вельмі добра. Але пры пасадцы на Тытан здарылася невялікая аварыя — быў пашкоджаны антыграў.

Толькі праз двое сутак камандзіру карабля Арнэ Лагерсану і інжынеру-пілоту ўдалося выявіць, што, хоць індыкатар стаіць на адзнацы «нармальна», каштоўная энергія антыгравітацыйнага ўстройства катастрафічна памяншаецца.

— Мы часам падобныя на паганятага вярблюдаў у пустыні, які вельмі спакойна ідзе на чале каравана і не заўважае, што ў яго дзіравы бачок з вадой, — сказаў Арнэ Лагерсан.

У навігацыйны салон, дзе сабраўся камандны састаў карабля, увайшоў борт-інжынер Аляксей.

— Я ўмацаваў злучальныя кабелі і агледзеў увесь комплекс антыграва, цяпер усё ў парадку, — далажыў ён і паглядзеў на свае перапэцканыя ў масле рукі. — Падумаць толькі! Двое сутак мы спакойна спалі і елі і нават не здагадваліся, што ў кандэнсатарах уцечка. Я гатовы сам сябе адлупцаваць.

— Перастань, — сказаў другі пілот Фултан. — Я ўсё думаю, як гэта магло здарыцца?

Арнэ Лагерсан адышоў і прымасціўся ў кутку. Ён нерухома глядзеў проста перад сабою, раз-пораз ціха пахрустваючы пальцамі. Да яго падсеў Фултан.

— Магчымасць уцечкі энергіі ў антыграве прыкладна адна тысячная, — сказаў ён. — Улічы таксама, што сапсаваўся ахоўны клапан. Мала таго, адмовіў і аварыйны клапан. Гэта ўжо занадта.

Лагерсан у адказ толькі паціснуў плячамі.

— Нічога не разумею, — працягваў Фултан. — Тысяча, памножаная на мільён, дае мільярд. Чуеш, Арнэ? Імавернасць была адна мільярдная. Пашанцавала, няма чаго сказаць!

— Твае разлікі недакладныя, — сказаў Лагерсан. — Пасадка была не вельмі ўдалая, і многія клапаны выйшлі з строю. Што ж у гэтым дзіўнага? Так ужо здарылася, і цяпер нам даводзіцца туга. А што паказвае індыкатар антыграва?

— Мала суцяшальнага. Пакуль шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў ніжэй крайняй нормы. Але калі ўлічыць, людзі і механізмы важаць тысячу шэсцьсот кілаграмаў, то няцяжка падлічыць. На караблі дзевяцьсот пяцьдзесят кілаграмаў лішняга грузу.

Лагерсан да болю закусіў вусну і з жалем пакруціў галавой:

— Дрэнь нашыя справы, Фултан.

— Ды ўжо горш няма куды. — Фултан агледзеўся па баках, быццам толькі адным поглядам хацеў акінуць усё навокал.

— Нялёгка будзе скінуць гэтыя лішнія дзевяцьсот кілаграмаў.

Лагерсан склікаў усіх афіцэраў.

Не чакаючы спецыяльнага запрашэння, да іх далучыліся Аляксей, Ірына і доктар Паўльсэн.

— Прашу вас усё, што здарылася, трымаць у тайне, — сказаў камандзір карабля. — Няма чаго наперад трывожыць экіпаж.

Ён падняўся на камандны мосцік і павольна пайшоў у сваю рубку, адчуваючы сябе смяротна стомленым і блізкім да непрытомнасці. «Старэю, — падумаў ён. — Хутка сорак. Мнагавата, мнагавата для такой работы».

Ён запаліў цыгарэту і зірнуў у плексігласавы ілюмінатар.

Адсюль Тытан здаваўся безжыццёвай раўнінай, скаванай ледзяным панцырам. З расколін у сіняватых ледзяных глыбах тонкімі чырвонымі струменьчыкамі выцякаў ксемедрын, рассцілаючыся над самай паверхняй планеты. Лагерсан не раз бываў на Тытане. Упершыню ён прыехаў сюды ў дзве тысячы адзінаццатым годзе, калі рабіў здымкі мясцовасці, а потым другі раз, роўна праз дзесяць гадоў, калі рабіў новыя, перыядычныя. І вось цяпер ён трапіў сюды трэці і баяўся, ці не апошні раз.

Прыкладна за трыста метраў ад карабля з-за ледзянога ўзгорка паказаліся касманаўты. У грувасткіх касмічных скафандрах яны рухаліся павольна, адзін за адным, несучы на плячы балоны з ксемедрынам, які сабралі з расколін за доўгія гадзіны цяжкай працы. Лагерсан пазнаваў сваіх людзей па хадзе. Не ўсіх вядома: на караблі было некалькі навічкоў, але кожнага, з кім яму даводзілася лётаць раней, ён, не вагаючыся, пазнаў бы і за тысячу метраў.

Ён у знямозе прылёг на ложак.

Дзевяцьсот кілаграмаў! Іх трэба выкінуць любой цаной. Але Лагерсан не мог засяродзіцца на гэтай думцы. Ён думаў пра ірацыянальнасць свету і самой гісторыі — сапраўды, недарэчна, калі свет аганізуе ад нейкай нікчэмнай, невядомай дагэтуль бактэрыі, а выратавальныя лекі можна здабыць толькі за мільёны кіламетраў ад Зямлі! А, зрэшты, магчыма, у гэтым ёсць свая логіка і нават шчаслівая заканамернасць. Ксемедрын! Калі шмат гадоў назад на Тытане праводзіліся першыя здымкі мясцовасці, хто б мог падумаць, што рэдкія чырвоныя струменьчыкі газу прынясуць ратунак чалавецтву? А лекар з Гамбурга! Гэта ж ён здагадаўся, што ў барацьбе з бактэрыяй можна выкарыстаць толькі ксемедрын. Ён выпадкова знайшоў гэта, вывучаючы ўсялякія каталізатары для атрымання супрацьэпідэмічнай сывараткі. Але ці была гэта вападковасць, ці заканамернасць?

Лагерсан паспрабаваў уявіць, што здарылася б, калі б эпідэмія ўспыхнула на год раней, калі праект Крузіўса і Благовіча існаваў толькі на паперы. Звычайнаму касмічнаму караблю на атамным паліве спатрэбілася б каля года, каб даляцець да Тытана. За гэты час чалавецтва паспела б вымерці. «Няхай будуць блаславёны «Ібіс» і цудадзейны ксемедрын», — падумаў ён.

Ён нявесела ўсміхнуўся: сама ж убогі філосаф з поўным правам можа абвінаваціць яго ў голым практыцызме.

Цыгарэта патухла, і Лагерсан паглыбіўся ў трывожны сон. Ён імкліва нёсся кудысьці на лёгкім воблачку. Раптам ногі ў яго наліліся свінцом, ён зваліўся ўніз, і яго паглынула бездань.

Яго разбудзіла слабае стракатанне званка. Ён выверыў свой хранометр з двума цыферблатамі — для зямнога і «дарожнага» часу. «Час абедаць». Памыўшыся, ён спусціўся ўніз.

Абед праходзіў у поўным маўчанні. Доктар Паўльсэн не хаваў сваёй заклапочанасці, Фултан стараўся трымацца як мага спакайней, Ірына і Аляксей час ад часу абменьваліся загадкавымі позіркамі. Знізу, дзе абедалі астатнія сябры экіпажа, чуўся прыглушаны гул галасоў.

— Колькі сёння сабралі ксемедрыну? — спытаў Лагерсан.

— Дванаццаць кілаграмаў, — адказаў Фултан. — Яшчэ два выхады, і мы збяром неабходныя шэсцьдзесят кілаграмаў.

— Трэба абысціся адным выхадам.

— Чаму? Усё роўна паляцець мы зможам не раней чым праз двое сутак.

— Ведаю, — буркнуў Лагерсан. — Але я хачу, каб усе сябры экіпажа былі ў наяўнасці, калі спатрэбіцца памяншаць вагу карабля. Складзіце спіс, без чаго, па-вашаму, можна абысціся на караблі, — звярнуўся ён да Ірыны. — Укажыце вагу кожнага прадмета. Вы, Аляксей, падрыхтуйце спіс прадметаў не сама першай патрэбы. А вы, доктар... Падлічыце мінімальны харчовы рацыён і крайні запас кіслароду. Баюся, што нам прыйдзецца тужэй зацягнуць рамяні і напружыць лёгкія.

Ён устаў і накіраваўся да выхаду.

— Ага, ледзь не забыў, — сказаў ён. — Заўтра, калі закончыце збор ксемедрыну, забяры зброю ва ўсіх сябраў экіпажа.

 

— Выверні кішэні, Джон.

Джон сярдзіта чмыхнуў.

— Табе кажуць, выверні кішэні! — Камандзір павысіў голас.

На стол упалі цыгарэты, запальнічка, пілка для пазногцяў, ражок-амулет.

— А дзе бумажнік? — зароў Лагерсан.

— Вось, трымайце, — буркнуў Джон, выцягнуўшы бумажнік з задняй кішэні штаноў. — Камандзір, — хрыплым, умольным голасам сказаў ён. — Тут толькі фатаграфіі жонкі. Яны і ста грамаў не важаць.

— Маўчаць! — загадаў Лагерсан. — Кладзі ўсё. І гадзіннік таксама.

Джон згроб усё сваё дабро ў кучку і панура паплёўся на месца. На стале ўжо высілася груда разнастайных рэчаў, глянуўшы на якія сэрца ў старызніка забілася б ад радасці: тут былі вечныя асадкі, шпількі для гальштука, нататнікі, ланцужкі, каляровыя алоўкі.

— Наступны.

Да стала падышоў чалавек гадоў сарака з ускудлачанымі рыжымі валасамі. Гэта быў навічок.

— Кліфт Івенс, камандзір, — далажыў ён.

— Выверні кішэні, Кліфт.

— Ужо зроблена, камандзір, — сказаў Кліфт і паказаў вывернутыя кішэні ў штанах.

— Выдатна.

Кліфт хацеў ужо ісці, але Лагерсан вярнуў яго.

— Здымі пярсцёнак, Кліфт.

— Я ўжо спрабаваў, камандзір. Нічога не атрымліваецца.

— Намыль палец. А калі і тады не дапаможа, прыйдзецца табе расстацца з пальцам.

Экіпаж у поўным складзе сабраўся ў навігацыйным салоне. Усе стаялі тварам да сцяны карабля.

— Выкіньце ўсё гэта, і хутчэй, — загадаў Лагерсан, як толькі закончыўся агляд.

Чацвёра людзей паднялі брызент з сабранымі рэчамі і накіраваліся ў шлюзавую камеру. Пяць хвілін праляцелі ў напружаным, панурым маўчанні. Нарэшце загарэлася зялёнае вочка, потым чырвонае і зноў залёнае.

— Што паказвае індыкатар?

— Дзвесце пяць кілаграмаў лішку, камандзір.

Арнэ Лагерсан разгублена правёў рукой па твары. Выкінуты ўсе сталы, канапы, кухонныя інфрапліты, засцерагальныя рамяні, посуд. Яны засталіся без усяго, што стварае пэўны камфорт, вызваліліся ад таго, што не з'яўляецца прадметам крайняй неабходнасці. Ад чаго ж яшчэ можна адмовіцца?

— Фултан! — сказаў камандзір. — Колькі засталося аварыйных клапанаў скафандраў?

— Пяць.

— Тры выкінуць. Доктар Паўльсэн, хадземце са мною. Нам трэба абмеркаваць пытанне аб рацыёне.

Як толькі доктар і камандзір карабля падняліся наверх, касманаўты ўсхваляваныя і занепакоеныя тым, што здарылася, разбрыліся па зале. Адны селі проста на падлогу і, сціснуўшы галаву рукамі, застылі нерухома з заплюшчанымі вачыма; другія, стараючыся не думаць аб трагічнай перспектыве, спрабавалі жартаваць і смяяцца.

Боба Арджытая, дзевяностакілаграмовага бамбізу і здаравяка, акружала невялікая група людзей.

— І што гэта такое — сіла цяжару? — штучна-наіўным тонам спытаў Боб.

— Адразу відаць, што ты асёл. Зараз я табе растлумачу, дурань. — Яго сябра Джо, які стаяў побач, закасаў рукавы. — Уяві сабе, што ты сядзіш у сябе ў небаскробе, на сорак першым паверсе. Дык вось, я бяру цябе за шкірку і выпіхваю ў акно. А потым знянацку адпускаю. Ну што, зразумеў? Што тады здарыцца, га?

— Гэта ты дарма, Джо, — сказаў нехта. — Нічагуткі не здарыцца. Боб з духу пярэчання возьме ды на злосць табе не ўпадзе.

Нехта засмяяўся, нехта злосна паціснуў плячамі, а тыя, каму абрыдла слухаць няўдалыя жарты, адышлі.

— Смех смехам, сябры, — сказаў Боб, — але я і праўда не разумею гэтага. Няма чаго строіць з сябе разумных — вы ведаеце роўна столькі, колькі і я. Індыкатар паказвае, што ў нас дзвесце пяць лішніх кілаграмаў. Дык няўжо, каб іх чорт узяў, з-за нейкіх там нікчэмных двухсот кілаграмаў мы павінны тарчаць на гэтым Тытане? Паспрабуй тут разбярыся.

— Ну, ці ж не асёл ты? — усклікнуў Джо. — Так і быць, паспрабую растлумачыць табе больш наглядна. Уяві, што ў цябе ёсць шалі з чашамі. На адной чашы сядзіш ты, а на другой ляжыць груз, дзевяноста кілаграмаў. Што здарыцца, калі ты таксама важыш дзевяноста кілаграмаў?

— Разумнейшага нічога не прыдумаў?! — усклікнуў Боб. — Зразумелая рэч, шалі застануцца ў раўнавазе.

— Вось іменна, — згадзіўся Джо. — Чашы шаляў не апусцяцца і не падымуцца, але калі ты вымеш з кішэні асадку і выкінеш яе, то чаша з грузам апусціцца, а цябе злёгку падыме. Зразумеў?

— Дурань! — усклікнуў Боб. — Як дзейнічаюць шалі, я з пялёнак ведаю.

— Але антыграў працуе па гэтым жа прынцыпе, — сказаў Джо. — Розніцы ніякай.

— Ціха вы, Фултан ідзе.

Фултан падышоў да групы касманаўтаў.

— Вось што, хлопцы, — дружалюбна сказаў ён. — Прыйдзецца нам выкінуць усё лішняе адзенне.

Боб Арджытай зарагатаў.

— Цудоўна! — з штучным энтузіязмам усклікнуў ён. — Камандзір, відаць, вырашыў адправіць нас дадому ў адных трусіках...

— Хопіць выскаляцца, — абарваў яго Фултан. — Здымайце чаравікі, кашулі, бялізну.

— Загад пашыраецца на ўсіх без выключэння? — спытаў Боб.

Фултан кіўнуў.

— І да дзяўчыны наверсе ён таксама адносіцца?

— Зразумела.

— Выдатна, выдатна! — Боб Арджытай стаў радасна паціраць рукі. — Спадзяюся, інжынер Аляксей Платаў не раззлуецца, калі яго нявеста разок-другі спусціцца сюды, да нас.

— Крэтын! — раззлаваўся Фултан.

Усе засмяяліся.

— Гэта я так, пажартаваў, — апраўдваўся Боб, — каб хлопцаў падбадзёрыць.

Фултан разгублена паглядзеў на яго, потым сціснуў яго за локаць і лёгенька ляпнуў па плячы, павярнуўся і, чаканячы крок, пайшоў да дзвярэй.

 

Да адлёту заставалася васемнаццаць гадзін. Лагерсан, Фултан, доктар Паўльсэн, Аляксей і Ірына сабраліся наверсе, у галоўным салоне.

— Дык вось, — сказаў камандзір. — Улічыце, што ксемедрын чапаць нельга. Мне загадалі здабыць шэсцьдзесят кілаграмаў, і я прывязу роўна шэсцьдзесят кілаграмаў, ні грама меней.

Усе згодна кіўнулі.

— Нічога не зробіш, — уздыхнуў лекар. — Цяпер на індыкатары антыграва лішнія шесцьдзесят чатыры кілаграмы. У нас васемнаццаць гадзін, каб знайсці лішняе і...

— Нам яго не знайсці, — сказаў Аляксей. — На караблі няма больш нічога лішняга.

Лагерсан уважліва паглядзеў на сяброў, а тыя глядзелі на яго так, нібы вырашэнне праблемы залежала толькі ад яго аднаго.

Знізу чуўся глухі гоман касманаўтаў, ніхто больш не смяяўся. Нездаволенасць расла з кожнай секундай.

— Чаго вы ад мяне чакаеце? — са злосцю спытаў Лагерсан. — Вядома, прасцей за ўсё сабраць усіх і сказаць: «Сябры, адзін з нас лішні. Давайце кінем жэрабя, і той, каму не пашанцуе, павінен памерці. У адзіноце, як кінуты сабака».

Чацвёра афіцэраў не адрывалі ад яго позірку, і ў іх у вачах чыталася разгубленасць і нямы дакор.

— А некаторыя з вас лічаць, што я павінен добраахвотна пакінуць «Ібіс», так? Вядома ж, я камандую караблём, а камандзір абавязаны паказваць прыклад!

— Ніхто гэтага не кажа, — адазваўся Фултан.

— Смешна — звычайна ў выпадку небяспекі капітан пакідае карабель апошні. А я, па-вашаму, павінен пакінуць яго першы. — І Лагерсан ненатуральна засмяяўся.

— Паслухай, Арнэ, у час пасадкі індыкатар антыграва быў блакаваны. Можа, ён проста сапсаваны? — сказаў Фултан.

— Што ты гэтым хочаш сказаць?

— Ён паказвае шэсцьдзесят чатыры кілаграмы лішняй вагі, але, магчыма, гэта памылка. Чаму б нам не паспрабаваць узляцець?

Лагерсан на секунду задумаўся.

— Я згодзен, — сказаў ён. — Паспрабуй.

Праз дваццаць хвілін Аляксей націснуў кнопку, корпус касмічнага карабля ўздрыгнуў і завібраваў. Лагерсан не адрываў позірку ад альтыметра. Пятнаццаць секунд праляцелі ў напружаным чаканні.

— Нуль! — злосна крыкнуў Лагерсан. — Мы не ўзняліся ні на сантыметр!

Усе зноў сабраліся ў цэнтры салона. Камандзір звярнуўся да Паўльсэна:

— Ну, а што вы прапануеце, доктар?

— Э, нам застаецца толькі сесці на сама жорсткую дыету. Праз тры-чатыры дні мы парадкам пахудзеем і зможам узляцець.

— Немагчыма.

— Не бачу іншага выйсця, камандзір. Альбо паляцім без ксемедрыну, альбо пачакаем, пакуль народ не пахудзее.

— Доктар, вы забываеце, што курс і час палёту былі разлічаны загадзя. Калі мы адкладзём палёт на некалькі дзён, то наткнёмся ў дарозе на воблака В-36, а гэта — пэўная гібель. Значыць, ляцець трэба ці праз васемнаццаць гадзін, ці праз дваццаць дзён, калі нам ужо не будзе пагражаць сустрэча са смертаносным воблакам.

— А хіба нельга адхіліцца ад курса?

— Не, тады трэба ўзняцца па нармалі да арбіты планеты, а гэта звязана са значнай стратай хуткасці. Мы спознімся на дваццаць дзён, не кажучы ўжо пра дадатковую рызыку. А вы ўяўляеце сабе, што значыць спазніцца на дваццаць дзён?

— Ведаю! — крыкнуў лекар. — На Зямлі кожную гадзіну памірае ў сярэднім трыццаць тысяч чалавек. Вы гэта ўжо не раз паўтаралі. Але што я магу зрабіць? Хіба мая віна, што ўспыхнула эпідэмія?

— Змоўкніце!

— І не падумаю! Вы самі цікавіліся маёй думкай.

Лагерсан павярнуўся да яго спінай. Апусціўшы галаву, ён хадзіў уздоўж сценкі карабля, раз-пораз у злосці стукаючы рукою па абшыўцы.

— Добра, паспрабуем скараціць дзённы рацыён удвая, — сказаў ён.

— Нічога не атрымаецца, Арнэ, — спакойна заўважыў Фултан. — Ты ўжо двойчы зніжаў норму, апрача таго, у нас засталося ўсяго некалькі кілаграмаў канцэнтрату.

— Значыць, трэба выліць шэсцьдзесят чатыры літры вады!

— Арнэ, — у голасе Фултана пачуліся змрочныя ноткі. — Паглядзі, колькі ў нас засталося вады. Нам і так прыходзіцца берагчы кожную кроплю. Яшчэ раз урэзаць запас вады і кіслароду — значыць асудзіць палёт на няўдачу.

— Розуму не дабяру, што рабіць, — прамармытаў Лагерсан. Ён у адчаі паглядзеў вакол. — Няўжо з карабля больш нічога нельга зняць?

— У камандзірскай рубцы знялі ўсе пульты, частку рубільнікаў замянілі пробкамі. Усе прыборы, што не былі ўмантаваны ў корпус, выкінулі.

— Пракляты карабель! — крыкнуў Лагерсан. — Суцэльнаскроеная пачвара. Нічога нельга дэмантаваць, падтачыць, выразаць. Будзь ты пракляты!

Ён, нібы звер у клетцы, забегаў па салоне, потым раптам замёр і бяссільна прыхіліўся да сцяны.

Яго позірк упаў на Ірыну, на яе густыя доўгія валасы. Ён уявіў сабе, як вострыя нажніцы зразаюць тонкія пасмы адну за другой... Не, гэта не выйсце з становішча. Нават калі пагаліць усіх, больш за дзвесце — трыста грамаў не набярэцца. Але туманная думка пра нажніцы выклікала ў Лагерсана страшную, але спакуслівую карціну... У галаве гучалі жорсткія словы: «Намыль палец. Калі і тады не дапаможа, прыйдзецца расстацца з пальцам».

— Доктар, — звярнуўся ён да Паўльсэна.

— Слухаю, камандзір.

— Доктар... — Лагерсан змоўк у нерашучасці і дрыжачай рукой пацёр падбародак. — Доктар, колькі важыць чалавечая рука?

Паўльсэн уздрыгнуў.

— Па-рознаму, — ціха сказаў ён. — У сярэднім тры-чатыры кілаграмы.

Лагерсан не змог стрымаць задаволенай усмешкі.

— Баюся, што нам спатрэбіцца ваша дапамога, доктар.

Паўльсэн кінуў на астатніх умольны позірк, нібы просячы ратунку.

— Вы зможаце зрабіць дваццаць ампутацый?

Доктар гнеўна паціснуў плячамі.

— Я пытаюся, вы зможаце гэта зрабіць?

— Вядома, магу, але ў такіх абставінах я ніколі гэтага не зраблю!

— А я гавару — зробіце! — закрычаў Лагерсан.

Ён выхапіў прамянёвы пісталет і навёў яго на Паўльсэна. Той міжвольна адступіў назад.

— Вы не маеце права мяне прымушаць. Паўтараю, я ніколі не зраблю гэтага!

— Паслухайце, Паўльсэн, — умольна сказаў Лагерсан, — я знайшоў апошнія шэсцьдзесят чатыры кілаграмы. Ваша задача — зняць іх з карабля. Калі вы адмовіцеся, я павінен буду ўжыць сілу.

— Божа, хто вы — пачвара ці авантурыст, які шукае таннай славы? — усклікнуў Паўльсэн. — Вы што думаеце, вам пасля вяртання помнік паставяць? Ды за такія выбрыкі вас будуць судзіць...

— Ну хопіць! — перабіў яго Лагерсан.

Фултан, Аляксей і Ірына накіраваліся былі да яго.

— Ні з месца! — крыкнуў Лагерсан.

— Вы чуеце? — сказаў Паўльсэн. — Ён з глузду з'ехаў, ён хоча адрэзаць руку кожнаму з вас!

Ірына пабялела і міжвольна прыціснулася да Аляксея. Лагерсан зноў падняў прамянёвы пісталет.

— Паслухайце, людзі, — сказаў ён стомленым голасам. — Паслухайце мяне, сябры... не ведаю ўжо, як вас называць... Можа, я і сапраўды крыху не ў сабе. А можа, доктар мае рацыю, і я сапраўды шукаю славы альбо вялікіх непрыемнасцей. Але ўсё гэта пустыя размовы, і мы толькі дарма трацім час. Зразумейце, «Ібісу» небяспека не пагражае. Вашаму жыццю таксама. Калі б гаворка ішла толькі аб спазненні на дваццаць дзён, праблема вырашалася б вельмі проста: крыху гімнастыкі, крыху менш калорый, і мы вельмі б спакойна ўзляцелі б з гэтага праклятага Тытана. Але ж вы ведаеце, што цяпер любое прамаруджванне падобна да смерці — на карту пастаўлена жыццё мільёнаў людзей. Я ведаю, ад вас патрабуецца нечуваная самаахвярнасць. Вы можаце настойваць, каб я ахвяраваў сабой. Але гэта несправядліва. Чаму менавіта я, а не хто іншы? — Ён памаўчаў. — Даю вам паўгадзіны на роздум; я дастаткова паламаў галаву, цяпер ваша чарга. Калі вы не хочаце ахвяраваць рукой, знайдзіце спосаб зняць лішнія шэсцьдзесят чатыры кілаграмы. Але калі хутка іншага выйсця не будзе, прыйдзецца рабіць ампутацыю.

Ён абцёр з твару халодны пот і знясілены апусціўся на падлогу. Павекі зрабіліся цяжкімі і зліпаліся, перад вачыма расплываўся туман. «У мяне гарачка», — падумаў ён.

Фултан прыхіліўся да стойкі індыкатара і застыў, як статуя. Паўльсэн нервова хадзіў з кутка ў куток, мармычучы нешта сабе пад нос. Ірына і Аляксей стаялі моўчкі, цесна прыціснуўшыся адно да аднаго.

— Я ведаю, пра што вы цяпер думаеце, — сказаў Лагерсан. — Спадзеяцеся, што хто-небудзь з сябраў экіпажа не вытрымае, у шаленстве кінецца на мяне, і я яго прыстрэлю. Тады ўсе цяжкасці вырашацца самі сабой, ці не праўда? Але ж хто захоча цягаць для нас каштаны з агню? Не, дарагія сябры, на гэты раз кожнаму з нас прыйдзецца рабіць гэта самому.

Лагерсан усё гаварыў, гаварыў... Яго ліхаманкавая, бязладная гаворка то збівалася на праклёны, то перамяжоўвалася горкімі нараканнямі.

— Фултан! — слаба паклікаў ён. — Ты здольны добраахвотна памерці адзін-аднюткі на гэтым чортавым Тытане?

Другі пілот нахмурыўся і нічога не адказаў.

— Дык што, Фултан? — не сунімаўся Лагерсан.

— Не ведаю, Арнэ. Можа, і не.

— Тады ж чаму вы глядзіце на мяне з такім дакорам? Мы ж не пчолы і не мурашкі. І нават не насякомыя. Мы, што яшчэ горш, вартыя жалю, баязлівыя людзі.

У яго перад вачыма паўставалі жахлівыя відовішчы: перапоўненыя бальніцы, хворыя ляжаць у калідорах і нават у дварах. А па вуліцах у бяссільнай злосці, праклінаючы сваю бездапаможнасць, бегаюць лекары. Па дарогах імчацца саставы з трупамі. З печаў крэматорыяў чадзіць дым... Усё чалавецтва паступова ператвараецца ў воблака попелу.

Лагерсан паглядзеў на хранометр.

— Дык вось, — сказаў ён, — ваш час скончыўся.

І ўсіх адразу прыгняла панурая цішыня, кожны ў думках упаў на самае дно роспачы і адчуў жах.

— Добра, — разарваў цішыню доктар Паўльсэн. — Мы доўга абражалі адзін аднаго. Час прымацца за справу.

Патрэбны бінты, сказаў ён, шмат бінтоў і медыкаментаў, якія ўжо паспелі выкінуць за борт. І яшчэ яму патрэбен памочнік. Выклікалі Джо, які некалі вучыўся на медыцынскім факультэце.

Джо з'явіўся разам з Бобам Арджытаем.

— Джо, вы ўмееце рабіць укол у вену?

— Даводзілася, доктар.

— Надзень скафандр, Боб, — загадаў Лагерсан. — Каля карабля ў кучы іншых рэчаў валяюцца дзве-тры скрынкі з бінтамі. Знайдзі іх. Спытайся ў доктара, што яшчэ яму трэба.

Боб у страшэннай разгубленасці ўтаропіўся на камандзіра. Яму зрабілася страшна, страшна, што, як толькі ён пакіне карабель, дзверы зачыняцца і яго пакінуць аднаго ў ледзяной пустыні.

Лагерсан, відаць, зразумеў яго стан. Ён ужо хацеў паўтарыць свой загад, але яго перабіў Фултан.

— Я пайду, — сказаў ён.

Твар у Лагерсана прасвятлеў.

— Значыць, ты са мною згодзен, Фултан?

— Як заўсёды, Арнэ.

Камандзір уздыхнуў з палёгкай. Ён адчуў, як думкі ў яго праясніліся, кроў хутчэй пацякла па венах і ў яго зноў з'явілася звыклая бадзёрасць. Працягваючы хадзіць па салоне, ён энергічна аддаваў распараджэнні і сачыў за іх выкананнем.

Калі Фултан вярнуўся з бінтамі, Лагерсан загадаў усім сабрацца ў навігацыйным салоне. Размова была вельмі кароткая. Людзі слухалі ў абсалютным маўчанні, страціўшы дар слова ад здзіўлення. І раптам Кліфт Івенс заплакаў. Дарослы мужчына плакаў, хлюпаючы носам, як хлапчук, якога пакаралі без дай прычыны.

— Але чаму, — крыкнуў ён, — чаму нельга выкінуць ксемедрын? Выкінем яго к чорту ці пачакаем дзён з дваццаць!

— У цябе ёсць жонка, Кліфт?

Кліфт кіўнуў галавой.

— А дзеці?

— Двое, камандзір.

— Тады паспрабуй зразумець мяне, Кліфт. Мы пакінулі Зямлю больш за месяц назад. А раптам за гэты час твая жонка і дзеткі таксама захварэлі?

Кліфт выцер рукавом нос і ўзняў галаву. Але сёй-той глядзеў на камандзіра панура і злосна, грозна сціснуўшы кулакі, нібы чакаючы толькі сігналу, каб кінуцца на яго. Гэта не ўнікла ўвагі Лагерсана. Ён ускінуў прамянёвы пісталет і навёў яго на сцяну. Паступова твары людзей праясніліся, гнеўныя агеньчыкі ў вачах патухлі.

— Першы буду я, — сказаў Лагерсан, — апошні — Фултан. Гэта не таму, што я не давяраю вам. Хоць, урэшце... Словам, я хачу пазбегнуць магчымых беспарадкаў. Напэўна, адразу пасля аперацыі... мне будзе даволі кепска. На гэты час камандаванне прыме Фултан. Перш чым падыдзе яго чарга, я ўжо буду на нагах. Астатнія васемнаццаць чалавек кінуць жэрабя, каму за кім ісці на аперацыю. І апошняе. Магчыма, караблю ўдасца ўзляцець да таго, як будзе закончана апошняя, дваццатая аперацыя. Дык вось, я хачу, каб вы ясна зразумелі — на гэта разлічваць няма чаго. І калі нам суджана страціць руку, то праз гэта пройдуць усе, за выключэннем, зразумела, доктара. І толькі калі дваццаць рук будуць выкінуты за борт, я націсну кнопку. Пасля гэтага я выкіну і пісталет. Вось і ўсё.

Аляксей і Ірына стаялі паводдаль, моцна трымаючыся за рукі. Лагерсан падышоў да іх.

— Паверце, мне вельмі шкада, Ірына. Вы і Аляксей... — Ён замоўк.

Аляксей нічога не адказаў. Ірына таксама маўчала. Яны глядзелі на камандзіра сумна, але спакойна.

Лагерсан пайшоў далей, узіраючыся ў твары касманаўтаў.

— Доктар, — сказаў ён дрыготкім голасам. — Я гатовы. Можаце пачынаць.

 

— Дэвід, — паклікаў настаўнік. — Ты скончыў?

Дэвід устаў, узяў кнігу і пайшоў да дошкі, залажыўшы пальцам разгорнутую старонку. Вочы ў яго блішчалі, а шчокі зрабіліся пунсовыя.

— Цяпер ты зразумеў, чаму Тытан называюць яшчэ і «Месяцам дваццаці рук»?

— Ага, спадар настаўнік.

— Дык вось, Дэвід... Пасля рэйса «Ібіса» прайшло чатыры стагоддзі. З таго часу кожны касманаўт лічыць для сябе за найвышэйшы гонар, калі пасля многіх гадоў спадзвіжніцкай працы і самаахвяравання яго ўзнагароджваюць ордэнам «Пурпуровай рукі». Табе гэта зразумела?

— Вядома, спадар настаўнік... А што... што сталася з доктарам Паўльсэнам?

— А, з доктарам «Ібіса», — уздыхнуў настаўнік. — Ён таксама быў удастоены мноства ўзнагарод і высокіх ушанаванняў. Ну, а потым... Паводле адных крыніц, неўзабаве пасля гэтага ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе, другія сцвярджаюць, быццам ён скончыў самагубствам.

— Самагубствам?! Але чаму?

— Не ведаю, дружа. Можа, таму, што толькі яму ніхто не мог тады ампутаваць руку...

Дэвід панурыўся. Настаўнік пачаў расказваць пра бязмежнасць і прыгажосць космасу, пра незнаёмыя светы, дзе не ведаюць зямных нягод, светы, якія бясконца далёкія і неабсяжныя...

Дэвід сеў на месца, а настаўнік працягваў урок. Яго злёгку гугнявы голас разносіўся па класе. Вучні сядзелі моўчкі і як зачараваныя лавілі кожнае настаўнікава слова.

І толькі Дэвід быў у сваіх думках. Заўтра ён як след вывучыць заданне. І больш не будзе балбатаць і не слухаць настаўніка на ўроках астраноміі. Але сёння ён не можа слухаць. Ён думае пра тое, што бацька, відаць, моцна засмуціцца. Але ён не хоча больш быць хірургам: зямны шар для яго цяпер вельмі малы. Ён уздымае вочы, і погляд яго прыцягваюць зорныя карты, якія вісяць на сцяне. Паступова абрысы навакольных прадметаў знікаюць, і Дэвід застаецца адзін, зачараваны мігаценнем далёкіх свяцілаў.



Пераклад: Ірэна Дабрыян

Беларуская Палічка: http://knihi.com