epub
 
падключыць
слоўнікі

Любоў Ламека

Неспатольная прага крыла

 

Калі б хтосьці спытаў, чым абумоўлена мая даўняя і шчырая прыхільнасць да творчасці Янкі Сіпакова, відаць, я не адказала б пэўна — такое шматмернае і невычарпальнае гэтае пачуццё. А мо яно і не пачуццё зусім, а нешта большае — нейкая часцінка душы, твайго «я», надзейная, балючая і самая дарагая...

Якое вялікае шчасце — мець у суразмоўцах паэта, здольнага вярнуць цябе да тваёй сутнасці, дадзенай Богам, абнадзеіць, што ў цябе ўсё яшчэ ёсць крылы і, значыць, ты можаш здзейсніць свой палёт, няспраўджаны пакуль што лёсам. Можаш!.. Інакш не гарнулася б так душа да кожнай краскі ля ўтравелай сцежкі, мелодыі абуджанага сонцам зерня, вечаровай мудрасці дрэў.

Сапраўдны паэт, а менавіта такі Янка Сіпакоў, не носьбіт нейкіх тэм, ідэй, вобразаў, не шчыры паслухмяны выканаўца сацыяльнага заказу, найперш ён — выратавальнік чалавечай душы і яе мудры творца.

...Ты стаміўся, мой дарагі чытач, здзіўляцца і захапляцца светам? — як бы пытаецца ён. Паспяшайся тады са мною да чыстай крыніцы і падумай, чаму так хвалююць цябе гэтыя тры прыгаршчы вады і адусюль ты вяртаешся пакланіцца ёй? А мо цябе ўратуе лыжны след, які праз завею і холад зімы пралёг незваротнай чысцінёй юнацкай вернасці? Ці маленькі падарожнік сонца сланечнік, нязменна верны адзінай — сонечнай арбіце?

Як бы там ні было, не слухай тых, якія сцвярджаюць, што самая вялікая раскоша і насалода — нічога не адчуваць. Яны моцна памыляюцца! Не вызваляй сваё сэрца ад буры — куды страшней і небяспечней для яго напятая вакол ціша...

А мо ты засаромеўся сваёй чуллівасці, плачаш ад чалавечай дабраты і спагады, хаваючы твар? Не трэба, мой любы! Баліць там, дзе цепліцца душа. І яна не дасць шчырай слязе сагнуць плечы перад крыўдаю і подласцю.

А мо ты, мой маўклівы субяседнік, зняверыўся ў будучыні свайго народа, задыхаешся ў атмасферы нацыянальнага нігілізму, манкурцтва, здрады бацькоўскім караням? Не адчайвайся так моцна. Чуеш, як з далечы сівых вякоў ідуць табе на падмогу нашы дзяды, збіраюцца на сваё веча? Яны не могуць быць непачутымі — у праўды стагоддзяў асаблівы голас...

У нашым непаўторна-непрадказальным жыцці, дзе бессэнсоўнасць стала незатухаючым перажываннем, свінцовым псіхалагічным фонам, у атмасферы духоўнага ўбоства, адчаю і разгубленасці кнігі Янкі Сіпакова — як глыток чыстага паветра, які выратавальна вяртае да простых і вечных ісцін.

Калі любоў да Радзімы не дэкларуецца высокай патэтыкай, а прамаўляецца «ціхім, сціплым і нават крыху сарамлівым голасам — такім, якім прызнаюцца ў сваіх самых цнатлівых і непапраўных пачуццях»; калі клопат пра лёс народа не выражаецца катэгарычна-прымітыўным «народ нас не поймет», а вырываецца глыбокім уздыхам-мальбою: «Божа!.. Вярні майму народу гістарычную памяць, абудзі ў ім самапавагу. Памажы зразумець яму, што ён не цёмны, забіты і прыніжаны, а такі ж вольны і паважаны на зямлі, як і ўсе іншыя народы ў свеце!»; калі выратаванне бачыцца не ў нейкім «ізме» з чалавечым тварам (быццам ёсць яшчэ і з жывёльным!), а ў самім Чалавеку.

Думка... Вось яна, самая каштоўная якасць кніг Янкі Сіпакова! Думка, падсвечаная пранізліва-шчымлівай журбою — такім рэдкім і такім надзейным пачуццём. Бо ў ім няма разбуральнай злосці, нянавісці, цынізму і пагарды, а ёсць толькі вялікасны боль і ачышчальны смутак, якія здольныя прасвятліць чалавека, вярнуць яго да спакойнага, а значыць, мудрага стану, у якім толькі і можна разважаць пра высокае, тварыць яго.

Такая думка не пагодзіцца з тым, што беларусы — прыцярпелая «нацыя рабоў», якая сама сабе плюе ў твар, не падзеліць пацяшання і глумлення з усяго беларускага, а спадзявальна паспрабуе яшчэ раз закрануць глыбінную, каранёвую струнку беларускай душы, каб ажывіць яе.

Яна прыгадае беларусу лёс яго спакутаванай, абрабаванай на скрыжаваннях гісторыі, але «спагадлівай ад веку зямлі». Яна ўзвысіць яго духоўным подзвігам Францішка Скарыны і Кастуся Каліноўскага, Кірылы Тураўскага і Ефрасінні Полацкай, Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы. І яна, гэтая думка, патрабавальна распачне яшчэ адну мужную праўдзівую размову аб тым, што сталася з намі — ласкавым, шчырым, спагадлівым, працавітым народам.

Хто адабраў у нас памяць, чаму мы выракліся сваёй роднай мовы, сталі абыякавымі да сваёй гісторыі, з лёгкасцю едзем у свет шукаць шчасця, не разумеючы, што знайсці яго без роднай зямлі немагчыма. Чаму дазволілі ператварыць у палігон для эксперыментаў прыгажэйшую ў свеце зямлю, разбурылі яе старажытныя храмы, атруцілі рэкі, вынішчылі лясы, асушылі балоты, забрудзілі паветра, бяздумна выконваем «любыя, нават дурныя пастановы» — калі ласка! Зрабілі амаральнай самую нашу сумленнасць.

Чаму, урэшце, мы — не гаспадары ў сваім доме, і гэткае людскае пачуццё, як сціпласць, ператварылі ў гіпертрафіраваную ўгодлівасць. Інакш ці пайшоў бы ў свет такі, балюча-справядлівы, жарт, які напрыканцы свайго жыцця нагадаў пісьменніку (як бы прасіў запомніць) цяжкахворы Сцяпан Александровіч: «Дазвольце беднаму беларусу ў сваёй хаце, на галай лаве, дзе-небудзь у куточку хоць адну ночачку пераначаваць...»

Але разам з тым адкуль у нас, беларусаў, столькі нецярпімасці, самаедства? Пад’юшчыць, падкусіць, падставіць падножку, а не дык увогуле спляжыць. І асабліва таго, хто хоча дапамагчы нам стаць нацыяй, народам. Чаму не беражэм адзін аднаго, не ідзём насустрач? І, як тыя беларусы ў абразлівым, але і справядлівым анекдоце, які нагадвае пісьменнік, гатовы ўцягнуць назад у кацёл смельчака-суродзіча, які паспрабаваў быў вылезці з пекла?..

У кожнай думкі Янкі Сіпакова — сваё адметнае жыццё, знешняя абалонка, пластыка, сваё дыханне і ўзмах крыла. Калі ў паэтычным радку яна, як імгненне ў лёце, выхапленае вечнасцю, то ў мініяцюры, прытчы набывае зусім іншае выражэнне і характар. Сцішанасць, засяроджанасць, мудры спакой дазваляюць сказаць тое, што немагчыма было б выразіць у паэтычным вобразе. Іншы жанр — іншыя сродкі. Празаік Сіпакоў шчасліва дапаўняе паэта Сіпакова, а тонкі праніклівы лірык дапамагае глыбей выявіцца аналітыку, псіхолагу, знаўцу чалавечай душы.

Творы Янкі Сіпакова, у якіх ён вядзе неапасродкаваную літаратурным сюжэтам размову з чытачом, — гэта больш, чымсьці лірычная філасофская проза, за якой — асоба мастака, надзеленага чуйным грамадзянскім талентам, афарыстычным мысленнем, тонкай назіральнасцю. Гэта праз вякі выспелены менавіта беларускай зямлёй голас яе журбы. І калі ён світальна гучыць у душы — нараджаецца надзея. Што ўсвядомяць яшчэ беларусы сябе народам на гэтай зямлі, ачысцяць крыніцы, бо «той, хто хоча піць чыстую ваду,— мусіць гэта зрабіць», падымуцца да разумення паэзіі Міколы Гусоўскага, мудрага слова Францішка Скарыны, лірычных маленняў Кірылы Тураўскага, бунтарнага духу Кастуся Каліноўскага. І ўсцешыцца нарэшце беларуская зямля, пачуўшы з вуснаў сваіх анямелых дзяцей роднае слова...

Эсэ Янкі Сіпакова, ягоныя мініяцюры-нататкі, прытчы — гэта паэтычны россып думак пра лёс народа, яго гісторыю, мову, пра чалавека і яго месца ў свеце, экалогію душы і экалогію прыроды, пра пісьменніцкую працу і таямніцы слова, духоўныя і маральныя традыцыі. Гэта асабістыя роздумы, уражанні, меркаванні, адкрыцці якіхсьці з’яў, падзей, асоб... Але было б недастатковым убачыць у іх толькі абвостраную грамадзянскую пазіцыю мастака. Ён і ў прозе — найперш паэт, і яго ўзнёслае паэтычнае эмацыянальнае слова, якое вырастае да метафары, афарызма, алегорыі, глыбокага сімвала, мае шырокую амплітуду выражэння. Тут і абурэнне, і захопленасць, і нязгода, і скруха, і павучанне, і маленне, і ўсмешка. Бывае, мастака літаральна захлынаюць пачуцці любові, замілаванасці, захаплення, скажам, родным словам, і тады ён жывапісуе кожную літару, выяўляючы яе характар і настрой. Пісьменнік адчувае сапраўдную асалоду, унікаючы ў словаўтваральную стыхію, спасцігаючы таямніцы слова. Прыгледзьцеся, як бы запрашае ён чытачоў, якое яно шматграннае, шматфарбнае, шматмернае!

Асобная размова — высокае майстэрства Янкі Сіпакова, культура яго слова, радка, багацце жанраў, формаў, прыёмаў, вытанчанасць мастацкага густу, філасофская глыбіня ў спасціжэнні жыцця...— шлях пісьменніка пазначаны мноствам адкрыццяў! Мы гаворым пра верш, баладу Янкі Сіпакова, яго апавяданне, эсэ, прытчу, мініяцюру, крытычны артыкул, нарыс, пераклад. Усё гэта, безумоўна, з’явы ў нашай літаратуры. І аб іх яшчэ столькі будзе сказана даследчыкамі яго творчасці, упэўнена ў гэтым! Бо ці можна, скажам, прайсці міма прытчы Янкі Сіпакова, у якой такі высокі ўзровень думання, бачання, перажывання, такая магутная інтэлектуальная эмоцыя, такі праніклівы — праз вякі — позірк на чалавека. Позірк збоку і як бы з самай глыбіні. «Ён быў якраз з тых, на каго часцей за ўсё звяртаюць увагу Багі і каго звычайна не заўважаюць людзі... Ён жыў небам, хоць і хадзіў па зямлі...»

Можна шмат было б гаварыць пра арыгінальнасць і змястоўнасць прытчаў Янкі Сіпакова «Адзін з нас», «Яма», «Клетка», «Двое для дваіх...» — яны даюць такі прастор думцы, фантазіі, пачуццю! Але мне... хочацца ізноў вярнуцца да вершаў, напісаных у далёкія шасцідзесятыя летуценным юнаком, душа якога прагнула палёту і яшчэ толькі спрабавала сваё крыло.

Звонкі радок праліўся тады сонечным дажджом, адгукнуўся салаўінай песняй і шэптам бярозкі, напоўніўся водарам мяты. Здавалася, амаль усе праявы жыцця шукалі свайго выйсця ў слове. Прасіліся ў радок зыркі промень і ўпаўшая зорка, бялявы туман і колкі ржэўнік, кропелька расы і крамяная антонаўка... Усё пачыналася як быцццам традыцыйна, як у многіх іншых: молада, весне, упэўнена,— калі б... не адзін вобраз-сімвал, які і сёння пераварочвае ўсю душу — вобраз ліста, неадасланага маці (разам з бацькам яе закатавалі фашысты за сувязь з партызанамі)...

Я адчуваю яго прысутнасць амаль у кожным творы Янкі Сіпакова. Ён усё яшчэ пішацца, гэты ліст,— праз доўгія гады, дзесяцігоддзі як адказ на ласкавы пяшчотны дотык мацярынскай рукі, запаліўшай калісьці паэтычны агеньчык у сынавым сэрцы. Яго хопіць на ўсё астатняе жыццё. І на мноства іншых жыццяў, здольных адгукацца на святло чалавечай душы. Я думаю, што сіпакоўская мудрая, трывожна-шчымлівая журба, якая забрала ў палон і маё сэрца, з таго неадасланага маці, ліста таксама.

Гляджу разам з паэтам на Міс Вёску, у яе штодзённай апратцы — гумовых ботах і звычайнай плюшаўцы, з ім іранізую-чакаю, калі накінуць ёй мадэльеры Высокай Моды кухвайку ад Ларана ці плюшаўку ад Кардэна, абуюць гумовыя боты ад Шанэль. І раптам лаўлю сябе на думцы: гэта ж паэт, мусіць, ізноў успамінае сваю маці — самую Міс Дабрыню з найпрыгажэйшай у свеце каронай з самых каштоўных камянёў — зіхоткіх кропелек расы, нячайна ўпаўшых з жытнёвых каласоў пад яе сярпом...

Я нізка кланяюся Вам, незнаёмая і такая знаёмая Матуля Паэта, бо ведаю, пэўна ведаю, што ў той дзівосны вянок санетаў, які напісаў Ваш сын у гонар Жанчыны, першую кветку ўплялі Вы. І як бы ні стараліся непаэты-паэты зганьбіць, прынізіць і абліць брудам жанчыну, зернетка чысціні, пасеянае Вамі, станецца ёй паратункам: «а ты — святая, як сама любоў».

О, паэзія! Выток самых прыгожых і высокіх пачуццяў! Чаму ж чалавек усё часцей адмаўляецца ад цябе, абыходзіць, уцякае нават? Невыносна, злачынна лянівы стаў ён душою! А мо проста баіцца, што не вытрымае выпрабаванне любоўю, чысцінёй, годнасцю — так ачарсцвела і выпетрала душа?..

І толькі паэт з Божае ласкі можа вярнуць ёй адчуванне неабходнасці палёту, здольнасць радавацца як найвялікшаму святу — магчымасці ПРОСТА ЖЫЦЬ НА ЗЯМЛІ.

Толькі ён можа абудзіць прагу неспатольнай любові да кожнай травінкі і краскі, кузюркі і рачулкі, дрэва і птушкі, жаданне спасцігнуць іх мудрую тайну агульнажыцця.

І толькі дзякуючы яму адкрываецца ў цябе другое дыханне і нараджаецца той асаблівы стан душы, калі ты можаш расчуліцца да слёз ад аднаго толькі ласкавага дотыку мятлушкі-шматкалёрніцы...

Я вельмі спачуваю тым, хто не сустрэўся яшчэ з творамі Янкі Сіпакова, іх гаючаю, выратавальнаю чысцінёй, і зайздрошчу сабе — столькі яшчэ наперадзе хвілін чыстай і высокай радасці. І столькі адкрыццяў!

Бывае так, што возьмеш у рукі збор твораў якога-небудзь пісьменніка, зноўку перагорнеш старонкі яго кніг і з прыкрасцю адзначыш, як бяздумна растрэсены па пульхных тамах Божы дар, загублена некалі так ярка ўспыхнуўшая іскра таленту. Не зразумеў чалавек, што на яго долю прыйшлася мо самая цяжкая праца — духоўная. А яна, як вядома, не церпіць ленасці і несумленных да сябе адносін.

Не ўратавалі некаторых ні званні, ні пасады, ні тытулы. Наадварот, церневым стаўся ім лаўровы вянок эфемернай славы.

Ад ганебнага ўдзелу быць непаэтам, шэрай пасрэднасцю ў літаратуры Янку Сіпакова ўратавала ягоная самасць, асабовасць, сумленная праца, глыбокае адчуванне адказнасці за Слова.

І яшчэ — неспатольная прага дарогі. Той, якая не мае канца і пачатку і яднае ў сабе мудрасць усіх шляхоў і сцежак у Сусвеце — дарогі да людскіх душ і сэрцаў. У гэтым ён роўня яшчэ аднаму вялікаму паэту, які «жыў у заўсёдным здзіўленні перад зямлёй, скаламі, майскімі кветкамі, зоркамі, дажджом, снегам» — Уолту Уітмену.

Чытаю паэмы ў прозе Я. Сіпакова «Варзоб», «Ахвярны двор», «Хата», «Одзіум», «Экстаз» і іншыя, народжаныя ў далёкіх вандроўках па зямлі армян, украінцаў, таджыкаў, рускіх, па нашай, беларускай, зраненай Чарнобылем зямлі, і ўспамінаю Уолта Уітмена, яго паэмы «Песня пра вялікую дарогу», «Калі цвіў гэтай вясною бэз у маім двары», «Песня радасцяў», «З калыскі, якая заўсёды гайдаецца»...

Здавалася б, такія розныя жыццёвыя з’явы, сітуацыі, лёсы, час, а тэмпература сэрца — адна, і захопленасць — тая ж, і такая ж засяроджанасць роздуму аб таямніцах Прасторы і Часу, і дыханне — ва ўнісон, і такая ж чароўная ўсмешка, і песня — вольная і нязмушаная, і прарочая радасць надзеі, і тая ж годнасць духу!

У такіх творах не трэба шукаць сюжэтаў. Іх проста няма ў традыцыйным іх разуменні. Усё яднае асоба мастака, ягоныя думка, пачуццё, настрой, інтэлектуальная эмоцыя.

Чаму, скажы, паклікаў цябе паэт у Варзобскую ўпадзіну, дзе цвітуць снежныя кветкі гульбарфы і «вечным холадам дыхае ў твар першароднасць снегу і неспазнанасць жыцця»? Чаму запрасіў на старажытную зямлю векапомных камянёў і мудрых кніг Арменію, на пранізаны наскрозь ветрам экзатычны востраў Саарэмаа — гонар і любоў эстонцаў? Чаму прывёў на вялікую Чарнечую гару Украіны, дзе знайшоў свой апошні прытулак Вялікі Пакутнік Тарас Шаўчэнка, які «больш за ўсё цаніў і паважаў у чалавеку годнасць, спавядаўся маральнай чысціні, разумеў смутак і журбу, ведаў боль»?

Я думаю, паэт проста даў табе яшчэ адну шчаслівую мажлівасць — сярод прыгожых краявідаў, у акіяне людскога болю, радасці і надзеі спасцігнуць сябе, зразумець, хто ты такі, чаго варты, адчуць і ўбачыць, што носіш у сваім сэрцы. Праз людскія лёсы дапамог табе глянуць на лёс уласны, засвоіць няпростыя ўрокі жыцця.

Мо найбольш такіх мудрых урокаў спасцігаеш праз лірычную, аналітычна-філасофскую прозу Янкі Сіпакова. І не таму, што мастак раскрывае ў ёй нейкія незвычайныя характары, лёсы, жыццёвыя сітуацыі. Лірычны герой большасці апавяданняў і аповесцей — просты, звычайны вясковы працаўнік. Але — ІНТЭЛІГЕНТ ад зямлі! АРЫСТАКРАТ ДУХУ, як пісаў калісьці аб ім Максім Гарэцкі. І талент ён мае надзвычай рэдкі сёння — уменне працаваць на зямлі, пяшчотна любіць і берагчы яе красу, адчуваць кожнаю клетачкаю і жылкаю яе дыханне.

Разумеючы, якую незваротную страту панясем, калі пакінуць нас сумленныя і сціплыя працаўнікі — усе гэтыя Сцяпаны, Ганначкі, Наташкі, Іваны, Раіскі,— пісьменнік беражліва занатоўвае кожную драбніцу іх жыцця, рух душы, кожнае імгненне, настрой, пачуццё — столькі ў іх сапраўднай духоўнасці, маральнасці, паэзіі!

І журыцца, абураецца, шчыра перажывае, што, зведаўшы столькі гора, пакут, болю, перанёсшы такія велізарныя выпрабаванні, ахвяраваўшы дзеля чыйгосьці дабрабыту ўсім — красою, маладосцю, здароўем,— застаўся гэты працаўнік сам-насам са сваёй нішчымнаю старасцю-бядою. І з нашай жорсткаю, злачыннаю абыякавасцю.

...Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю адзінокага калекі-пастуха з апавядання «Клопат». Ні светлага дзяцінства, ні акрыленага марай юнацтва, ні сям’і і хаты ў сталым узросце. Так і прахадзіў усё жыццё за чужымі каровамі, па чужых хатах, церпячы папрокі і насмешкі, кпіны і абразы: «Хілюта-пастух, Хілюта-сухарукі, Хілюта не чалавек».

І ўсё ж вярнуўся ў вёску-мачаху пасля Чарнобыля, дзе давялося ў самай зоне пасвіць кароў. Вярнуўся цяжка хворы. Зрабіла сваю нядобрую справу хворая трава, хворая раса, хворая зямля...

Але растапталі Вабішчы апошні давер Хілюты. Не знайшлося ніводнай добрай душы, каб прытуліць хворага старога чалавека, раздзяліць яго гора-бяду. Запозненая жаласлівасць Паўлюка, якая прыйшла праз злосць, раздражненне і абурэнне,— не апраўданне вёсцы.

Горкі сімвал — адзінокі азяблы нямоглы чалавек на лаўцы пад вокнамі раскошнай і цёплай людской хаты... Ці не прыгавор гэта нашай жорсткасці, бяздушнасці, маральнаму садызму?..

Не сустрэўшы ні разу ў сваім жыцці ТАКОГА гаротніка-Хілюту, я памятаю яго. Той памяццю, якая выспельваецца болем, спагадай, дабрынёй. І сорамам...

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. - Мн.: Маст. літ., 1995. - 431 с., [1 л. партр.].