epub
 
падключыць
слоўнікі

Людміла Рублеўская

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…

РАЗДЕЛ ПЕРШЫ. СПАДЧЫНА ВЯЛІКАГА ГЕТМАНА
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. МАЛЮНАК ПАНДОРЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. СТРАШНАЯ ТАЯМНІЦА ЛЁДНІКА
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ. ЯК ПРАНЦІШ ПАЗНАЁМІЎСЯ З ДОКТАРАМ ДЗІ І СУСТРЭЎСЯ З ПАЛАНЭЯЙ
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ. ЯК ЛЁДНІК І ВЫРВІЧ АПЫНУЛІСЯ МІЖ КАВАДЛАМ, МОЛАТАМ І… ЯШЧЭ АДНЫМ МОЛАТАМ
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ. СТРАШНАЯ ПРЫСЯГА ЛЁДНІКА
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ. ВЫРВІЧ І ЛЁДНІК НА ПРАКЛЯТЫМ МЛЫНЕ
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ. ЯК ПРАНЦІШ З ПАНАМ ПАЛОНІЕМ ПАЗНАЁМІЎСЯ
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ. ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ І ЦМОК
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ. ЛЁДНІК І АБДЫМКІ СВЯТОГА ТАМАША
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ. ЯК ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ З НЯПТУНАМ ЗНАЁМІЛІСЯ
РАЗДЗЕЛ ДВАНАДЦАТЫ. ЛІЦВІНСКІЯ ГОСЦІ І АНГЕЛЬСКІЯ ЗЛОДЗЕІ
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ. ЛОНДАНСКІЯ КРУГІ
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ. СКРЫНКА ПАНДОРЫ
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ. БЕЗ ЗАЛАТОГА РУНА
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ. ШЧАСЦЕ БАЎТРАМЕЯ ЛЁДНІКА
РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ. ЭПІЛОГ


Падаць з другога паверху на брукаванку шкодна.

Асабліва калі ты не котка, а студыёзус славутай Віленскай акадэміі, без кропачкі дыпламаваны філосаф. Няхай гэты без аднае кропачкі і коскі філосаф і звык лазіць у вокны і пераадольваць муры, якія перашкаджаюць шляхецкаму парыванню да славы альбо куртуазнай прыгоды.

Але тое, што адважны і мудры студыёзус Пранціш Вырвіч не ўтрымаўся на вузкім выступе пад вакном чароўнай паненкі Агнешкі, дачкі гутніка з вуліцы Шкельнай слаўнага места Вільні, не апраўдвае нават дождж, які зрабіў камяні слізкімі, як прамова пана суддзі Юдыцкага. Гэтак аднойчы жонка Уладзіслава Вазы, каралева Марыся, дзеля цікаўнасці якой прырабілі ў соймавай зале адмысловы балкон, гахнулася разам з тым балконам ды сваймі «дамамі фраўцымера» проста на галовы высокага сойму, ды адна пані яшчэ пры гэтым, зачапіўшыся, з сукенкі вылузалася. Вось ганьбы было… Не менш, чым для Вырвіча цяпер.

Бо яшчэ трошачкі пратрымайся Пранціш ля аканіцаў, фарбаваных у венецыянскі лазурак, панна Агнешка дакладна б упусціла яго ў свой завешаны ружовымі фіранкамі пакойчык, той вырай, куды студыёзус імкнуўся тры тыдні. Панна ўжо нават пяшчотную ручку не адразу з Пранцысевай рукі вырвала… І тут — гэх! Боты паслізнуліся, пальцы расціснуліся, і — канец Бабілонскай вежы і спакусным надзеям… Бо шабля Вырвіча здрадліва загрымела па брукаванцы, якую людцы паспалітыя называлі кацінымі ілбамі, сам кавалер не стрымаў прыкрага ўскрыку ад болю, дый паненка даволі гучна вохнула ад постраху і ляснула аканіцамі, фарбаванымі ў венецыянскі лазурак… І пачаліся пакаранні ягіпецкія. У суседнія вокны павысоўваліся бацька паненкі і ейныя дзве незамужнія цётухны, якія і без таго нешлюбаваных ды гожых мужчын лічылі нечым падобным да выцяжкі з д’яблавага кораню, ад якой глузды едуць, як капыты на лёдзе. І хаця Пранціш амаль зараз жа плітануў, трохі пакульгваючы, па начной вулцы, паспеў наслухацца пра сябе такога, што трохгаловы Цэрбер, ахоўнік падземнага царства, ад сораму адгрыз бы сабе лішнія галовы, а астатняя галава задушылася б уласным слінявым языком. Ды каб толькі словы дагналі Вырвіча… Але рыхтык на ягоную чубатую галаву выплюхнулася змесціва начной вазы, над якім пастаралася адна з Агнешкавых цётачак.

Не тое, каб такое рэчыва было ўнове для віленскай брукаванкі — месцічы, да абурэння прафесара Віленскай акадэміі доктара Лёдніка, не саромеліся карыстацца вулкамі ды дварамі ў якасці прыбіральняў, не падазраючы пра страшнае слова «гігіена», а на публічныя лекцыі пана прафесара пра магчымую пошасць з прычыны неахайнасці месцічаў вельмі слушна адказвалі, што нядаўні пажар, які прарэдзіў дамы, як зубы ў сківіцы старэчы, неадменна пазабіваў усю заразу…

Але Пранціш не лічыў сябе часткай звыклай да ўсяго брукаванкі, і смярдзючая жыжа, патрапіўшы на ягоны камзол, неяк заўважна ахаладзіла пачуцці да чароўнай дачкі гутніка, што скарыла сэрца студыёзуса крыху санлівым, як у цяляці, паглядам рахманых цёмных вачэй ды натуральнай — не прыклеенай — радзімкай на правай шчочцы.

Але нават успаміны пра натуральную радзімку не маглі перабіць прыкрасці ад атрыманага натуральнага ж «пачастунку». Да таго ж сапраўдная Чароўная Панна прысутнічала ў сэрцы студыёзуса, схаваная глыбока і надзейна, як у полацкіх сутарэннях, і была гэта зусім не Агнешка Пузыня.

Пранцысь прыбавіў хады — бо нехта са сваякоў паненкі пад’юдзіў гнацца за паганым спакушальнікам цнатлівых дзявіцаў гарадскую варту, і тупат за спінай гучэў пахавальнымі акордамі. Заставалася спадзявацца, што імя спакушальніка не адкрыюць — але спадзеў быў малы, бо гутнік Ёган Пузыня ўжо некалькі разоў адганяў нахабнага, блакітнавокага ды чубатага пана Вырвіча ад сваёй роднай кветачкі, і як зваць студыёуса, ведаў дакладна.

Пранцысь у суправаджэнні выратавальнага дажджу, які змываў яго ганьбу і смурод, ляцеў-кружляў па вузкіх вулках, намагаючыся забыцца на боль у назе, і раздумваў, ці варта бегчы да канвенту, студэнцкага інтэрнату, бо пагоня якраз туды і скіруецца. Сабакі ў дварах лена пабрэхвалі, нібыта разумеючы, што ўцякач на дабро іхніх гаспадароў не паквапіцца, цьмяная лампадка на Вострай Браме паглядала дакорліва, не абяцаючы ратунку без раскайвання і епітыміі, і не заставалася іншага шляху, як пераскочыць цераз знаёмую каменную агароджу з вышчарбінкамі, куды так зручна ставіць ногі, трохі перачакаць, каб крокі пагоні сціхлі, пагладзіць рудога калматага сабаку па мянушцы Піфагор і пашкрэбсціся ў зачыненую зялёную аканіцу, стараючыся прасіцца як мага больш жаласна:

— Пані Саламея! Пан Лёднік! Гэта я, Пранціш! Можна ў вас пераначаваць? Я ключ ад свайго пакою згубіў, не магу патрапіць у канвент… І нагу падвярнуў…

І пачуць, як пад буркатлівыя праклёны гаспадара і супакойлівыя рэплікі гаспадыні бразгаюць замкі, прыадчыняюцца дзверы, і нырнуць у выратавальнае цяпло сяброўскае хаты, дзе заўсёды дзеля няшчаснага студыёзуса Вырвіча ёсць вольны тапчанчык, і схавацца з галавой пад пуховую коўдру, забыўшыся на радзімку панны Агнешкі, начную вазу ейнай цёткі і на тое, што заўтра зранку — заняткі па рыторыцы, да якіх Пранціш падрыхтаваўся не лепей, чым індык да заплыву ў Вяллі. А каб сон быў саладзейшы, уявіць адну высакародную паненку, з гарэзнымі вачыма і ўсмешлівымі вуснамі, з фанабэрыстым імем Паланэя, якая зараз, магчыма, таньчыць на балі ў Варшаве — бо балі там могуць гудзець і да раніцы, і не хапае сярод палкіх кавалераў пана Пранціша Вырвіча гербу Гіпацэнтаўр. Але надыдзе, надыдзе час, калі загарыцца зорка пана яскрава, як камяні на гетманскай булаве, і Фартуна і ўласная адвага падораць яму тытул і славу, вартыя ўвагі князёўны са славутага роду Багінскіх.

Вільня працінала неба цёмнымі шпілямі храмаў, і празрыстая халодная кроў усё крапала і крапала на чарапічныя ды гонтавыя дахі, на брукаванку і траву, на Вялікае княства Літоўскае, якое зноў чакалі вялікія перамены, а гэта значыць, узрушэнні, рушэнні і расчараванні.

 

РАЗДЕЛ ПЕРШЫ. СПАДЧЫНА ВЯЛІКАГА ГЕТМАНА

 

Калі праўдзівы студыёзус ідзе на лекцыю, сама меней ён думае пра лекцыю і вучобу, пра святарны свой абавязак перад бацькамі, што выправілі дзіцятка, можа, за апошнія сямейныя грошы ў абдоймы багіні мудрасці Мінервы… Не, пра абдоймы ён думае — але ж не пра халодна-мармуровыя.

Студэнты цягнуліся да акадэміі праз халодную восеньскую раніцу і апошні сон, як цені па тваністым беразе Леты, намагаючыся зрабіць твары поснымі, як незасквараная капуста, бо найперш усіх чакала імша. Вырвіч, схізматык, мог асабліва не шчыраваць, але прысутнічаць таксама быў абавязаны — айцы езуіты строга за гэтым наглядалі. Каб яшчэ можна было навучыцца спаць з адплюшчанымі вачыма…

А пасля лекцый, калі Вырвіч ужо амаль адчуваў у роце смак гарачых клёцак, здарылася яшчэ больш непрыемнае. Вінцук Недалужны, аднакурснік Пранцыся, які выконваў на курсе абавязкі цэнзара, чарнявы гарадзенец з вялікай лабастай галавой і плячыма, на якіх можна было, здавалася, абіваць снапы, тузануў Вырвіча за рукаў:

— Трымайся, сябрук. Цябе прафесар Лёднік выклікае, каб ён аблез няроўна. Злы, як Цэрбер, у якога адразу з трох пашчаў адабралі па костцы.

У шэрых вачох Недалужнага плёскаўся пракаветны жах, бо цягам апошніх гадоў не было страшнейшага стварэння для студэнта Віленскай акадэміі, чым доктар Баўтрамеюс Лёднік, які ўзначальваў кафедру, так бы мовіць, «усіх падазроных навук», і чытаў лекцыі па практычнай фізіцы, хіміі, біялогіі, а таксама вёў факультатыўныя заняткі для тых, хто хоча заняцца медыцынай. І не тое, каб доктар крычаў альбо, крый Божа, за чуб уласнаручна кагось цягаў — наадварот, пан Лёднік чалавекам быў выключнай выхаванасці, здавалася, змусіць яго змяніцца ў твары альбо загарлаць не зможа нават з’яўленне пражскага Галема на віленскіх вулках. Але суворы пагляд цёмных вачэй ды атрутны тон нізкага голасу дзейнічалі на правінаваўцаў, як позірк васіліска, гэта значыць змушалі слупянець ад жаху. А доктар вынаходзіў гэткія з’едлівыя словы, што некаторыя нядбайцы лепей абралі б атрымаць скураной дысцыплінай па спіне, чым выслухоўваць вымовы пана Лёдніка. Ніякіх кампрамісаў доктар не прызнаваў, на высакароднасць і багацце бацькоў не зважаў, падарункі не прымаў… Пабойвалася яго нават прафесура, і чуткі пра доктара хадзілі неверагодныя, асабліва сярод першакурснікаў, якіх адзін выгляд доктара палохаў: высокі, хоць і не асілкавага складу, твар худы, нос драпежны, вусны ганарыста падціснутыя, а цёмныя вочы пранізлівыя… Перажагнацца хочацца. Адны сцвярджалі, што пан Лёднік чарнакніжнік і некрамант, не слабейшы ад славутага пана Твардоўскага, другія лічылі яго пераваратнем і ваўкалакам, трэція пляткарылі пра незвычайнае фехтавальнае майстэрства доктара: здабыў ён сабе шляхецтва на полі бойкі, дзе выратаваў жыццё вялікаму гетману, але народу за жыццё ўклаў не менш, чым уся каралеўская янычарская харугва, пра ваяўнічае мінулае сведчылі шнары на ілбе, на шыі. І, вядома ж, за адметнае валоданне шабляй заплаціў дэманічны доктар страшную цану самому Люцыпару, магчыма, наладаваў яму мех беднымі студэнтамі, што не здалі ў час практыкум…

Праўда, навучэнцы старэйшых курсаў на гэтыя жахалкі збольшага пасміхаліся: можа, і быў прафесар чорным магам, але й медыкам выбітным. Лекцыі ягоныя чыталіся на мяжы блюзнерства, ён крытыкаваў вучэнне Галена і разважаў наконт таго, што хваробы выкліканыя не лішкам у арганізме адной з чатырох вадкасцяў, а нябачнымі шкоднымі рэчывамі, што трапляюць у яго звонку, проста з паветрам ці разам з вадою. Таму адмаўляў неаспрэчную карысць крывепушчання ды прамывання страўніка, якія, вядома, дапамагаюць ад любых хваробаў. Доктар нават публічную лекцыю прачытаў пра шкоду модных «фантэнэляў» — штучна створаных на назе нарываў, якім не даюць зажываць, каб праз іх увесь час выходзіў з арганізму гной. Лёднік сцвярджаў, што менавіта такі «карысны нарыў» нядаўна звёў у магілу расейскую імператрыцу Лізавету. Хаця кожны ведае, што французскі байкапісец Фантэнэль, у гонар якога і назвалі з’яву, менавіта такім чынам ацаліўся ад хваробы, і чым больш крыві ў хворага выпусціць — тым лепей!

Шмат хто з калегаў зваў Лёдніка за вочы шарлатанам, і даўно б яго, схізматыка ды блюзнера, выперлі са святых акадэмічных муроў, блаславёных Ордэнам Ісуса, аднак жа аптэка акадэмічная, з тых часоў, як трапіла пад прыгляд Лёдніка і пачала папаўняцца ягонымі мікстурамі ды бальзамамі, пачала прыносіць нежартоўны даход, і лекавацца да прафесара прасіліся самыя ўплывовыя асобы, нават з Польшчы, Ліфляндыі ды Чэхіі прыязджалі. Праўда, прымаў ён далёка не ўсіх, і ніякімі грашыма доктара спакусіць было немагчыма — нібыта яму цмок па начах золата насіў альбо ў кішэні доктарскай заваляўся склют, неразменны талер. Бо хіба можа такі не дужа заможны чалавек пагарджаць грашыма, што самі ў рукі даюцца?

Але за складаныя выпадкі, калі ўсе астатнія лекары толькі рукамі разводзілі, Лёднік браўся без разбору — ці жабрак, ці магнат курчыцца на ложку… І за магчымасць учыніць эксперыментальную аперацыю падкаленнай анеўрызмы яшчэ і сам мог грошай прыплаціць. І напляваць яму было, што калегі па лекарскім цэху нос адварочвалі ад «нізкай» хірургічнай справы, бо хірургі прыроўніваліся да цэху цырульнікаў і мусілі ўважаць дактараў за вышэйшых. Але асабліва бараніла прафесара ад пераследаў, што ім апекаваўся сам вялікі гетман, ваявода віленскі Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Вось і нядаўна Лёдніка некалькі разоў клікалі да ваяводы, які прыехаў у Вільню ды зусім злёг. А вялікі гетман — не той, каму можа нейкі вядзьмак ды шалбер вочы зацярушыць.

Тыя, хто ведаў Лёдніка яшчэ лепей, казалі, што ён строгі, але справядлівы, не церпіць адно ляноты ды глупства. І ходзіць задарма лекаваць хворых у шпіталь пры праваслаўным брацтве амаль зруйнаванага пажарам Свята-Духава манастыра. А ягоная жонка — такая незямная прыгажуня, што ён неадменна яе скраў з якога-небудзь палацу… А студыёзус Пранціш Вырвіч, які прыехаў у Вільню разам з доктарам, ці ягоны пазашлюбны сын, ці падапечны, хаця не дай Божа такога апекуна, што цвічыць і дома, і на вучобе.

Недалужны пачухаў цёмныя пасмы і спачувальна зірнуў на панылы твар Пранціша:

— А можа, абыдзецца? Ты ж прафесару, здаецца, сваяк…

— Не, не сваяк… — няўважна адказаў Вырвіч. — Ды з’явіся да нашага Баўтрамеюса хоць бы і Платон ці Авіцэна — ён ім за няправільныя дэфініцыі вымову ўчыніць.

Калідоры імкліва пусцелі, студэнты высыпаліся з будынку, як сухія гарошыны з раскрытага струка. Вінцук з цікаўнасцю ўглядаўся ў вырвічаўскае аблічча, нібыта хацеў расчытаць на ім скандынаўскія руны. Папраўдзе, спрабаваў прыкмеціць хоць якое падабенства з драпежным фанабэрыстым абліччам Баўтрамеюса Лёдніка. Але Пранціш Вырвіч выраз твару меў круцельскі, вусны ўсмешлівыя, валасы русявыя неслухмяныя, вочы блакітныя, сумленныя, як у добрага злодзея, а пад носам — зусім не дзюбатым, а цалкам прыдатным дзеля куртуазнага шляхціца — прабіваліся светлыя вусікі.

— Слухай, ну хоць мне прызнайся — слова гонару, далей не перадам — хто такі табе пан Лёднік? — не вытрымаў Недалужны. — Ты ж у ягоным доме — свой, начуеш, кормішся… Прафесар за табой, як за сынам, сочыць. Апякун, мабыць?

Вырвіч усміхнуўся трохі сумна:

— Дарма языкамі мянціце — не сын я яму. Мой бацька — пан Даніла Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр — у мінулым годзе на Піліпаўку памёр, ты ж памятаеш, як я на пахаванне адпрошваўся. Я — апошні з роду, сваякоў не маю. А Лёднік… — Вырвіч зазірнуў у бліскучыя ад цікаўнасці вочы праверанага сябрука па пракудах, зноў пасміхнуўся нейкім сваім успамінам. — Помні, слова даваў — не распаўсюджваць… Лёдніка мне аднойчы… прадалі.

Калі б зараз у калідоры з’явілася жывёла кракадзіл, якая паводле бестыярыяў увасабляе крывадушша, бо забівае чалавека і зараз жа плача над ім, Вінцук не так бы ўразіўся.

— Як гэта… прадалі?

— За шэлег. Гэта ўсё, што я тады ў кішэні меў, — Пранціш трохі блазнаваў, але было зразумела, што не жартуе. — Спынілася каля мяне карэта на дарозе з Менску да Ракава… Разумееш, Лёднік здабыў філасофскі камень. Гэты можа… Упёрты… Але, здабываючы, нарабіў даўгоў і ўрэшце заклаў сябе самога. А гаспадар ягоны ўзлаваўся, што Лёднік адрокся пасля гэтага ад алхіміі і астралогіі, а здабытага з медзі золата аказалася не больш за шчопаць, і прадаў яго першаму стрэчнаму… Так мне і пашанцавала яго займець.

— Дык прафесар… быў тваім слугою? — бровы Недалужнага, падобныя да двух чорных бухматых вусеняў, палезлі на лоб. Вырвіч фыркнуў.

— Ты можаш уявіць пана Лёдніка чыімсьці слугою?

Недалужны ў жаху затрос галавою. Лягчэй уявіць, як бадзёра скача мазурку падскарбій літоўскі Трызна, які ў крэсла не змяшчаўся, так што кароль загадаў дзеля яго лаўку адмысловую падчас сойму ставіць.

— Ну, вось… Лёднік і тады быў такім самым… Узяўся мяне адукоўваць.

— Вохці мне… — Вінцук, відаць, уявіў, як гэта — калі падобны настаўнік каля цябе ўвесьчасна. — Каб ён аблез няроўна. І ты што, не вытрымаў і на волю яго адпусціў?

Пранціш адвёў вочы ўбок і ледзь заўважна пачырванеў.

— Ды не… Так атрымалася, што ён сам сабе здабыў волю і шляхецтва. Па справядлівасці і паводле Статута. На полі бойкі.

Аднакурснік Пранцыся памаўчаў, прывыкаючы да навінаў.

— І як жа вы цяпер?

Пранцысь шырока ўсміхнуўся.

— Ведаеш, мы з доктарам столькі разоў адзін аднаму жыцці выратоўвалі, што лік згубіўся. І, дружа, так сталася, што зараз самыя блізкія мне людзі на свеце — гэта пан Бутрым і пані Саламея Лёднікі. Вось так…

І зноў скрушна ўздыхнуў.

— Вось толькі ад пакаранняў гэта мяне не ратуе. Халера….

— Халера… — пагадзіўся Недалужны, і сябрукі рушылі ў бок прафесарскага кабінету, сумныя, як драўляныя статуі святых у базыльянскім храме.

Кабінет загадчыка кафедры практычных навук нагадваў чамусьці сутарэнні, хаця й знаходзіўся на другім паверсе: але ці ад цяжкой мэблі з чорнага дрэва, ці ад пылу фаліянтаў, якія сваім цяжарам аж прагіналі паліцы, ці ад злавеснага бляску хімічных прыладаў і сасудаў з заспіртаваным немаведама чым, пра што лепей не ведаць добраму хрысціяніну — тут мроіўся прыцемак і прабіралі дрыжыкі па скуры, як ад марозу. А самы страх наганяў васковы анатамічны муляж, замоўлены асабіста Лёднікам у Фларэнцыі. Муляж уяўляў з сябе напалову рассечаны бюст немаладога мужчыны, прычым усё начынне галавы і грудзіны было паказана вельмі праўдападобна. І цягліцы, і вены, і яблык вока, і косткі…

Праўда, сам гаспадар кабінету, які ўзвышаўся над сталом памерам з невялікі пляц падобна чорнай скале, аб якую разбіваюцца спадзевы бедных студыёзусаў, наганяў страху паболей заспіртаваных пачварынак ды расфарбаванага воску. Нават Вырвіч, якога прафесар упарта не заўважаў, працягваючы нешта крэмзаць пяром, нервова перамінаўся з нагі на нагу і спрабаваў пракаўтнуць даўкі камяк боязі. Нарэшце прафесар Лёднік зрабіў ласку падняць вочы на Пранціша і адкінуў пяро…

Усё, раз не паклаў акуратненька ў адмысловую срэбную падстаўку ў выглядзе грыфона з разяўленай пашчай, а кінуў, аж атрамант пырснуў на стол, значыць, злосны, як той грыфон, і цяпер ратуй маю душу, святы Франтасій… Дакладней, тую частку студэнцкага цела, праз якую адбываецца працэс перавыхавання з дапамогай бярозавых розаг ды скураных дысцыплінаў.

Пранціш глыбока ўздыхнуў і пастараўся надаць абліччу выраз шчырага раскайвання, аж блакітныя вочы ад старання заслязіліся.

Лёднік загаварыў, як мог бы загаварыць ягіпецкі сфінкс з апошнім наведнікам карчомкі, які не толькі сфінкса, але й арханёла Гаўрыіла пад раніцу можа пабачыць.

— Значыць, ключ ад канвента забыўся, — голас прафесара гучэў падманліва ціха, як далёкія грымоты. — Ножку падвярнуў небарака, блукаючы… А ці не была тая ножка пана Вырвіча падвернутая пад вакном адной прыстойнай паненкі на вуліцы Шкельнай, га?

Голас прафесара набіраў моцы. Пранціш толькі галаву ў плечы ўвабраў, як чарапаха, на якую цэліць з нябёсаў арол, і маўчаў, як кароль Жыгімонт Ваза на элекцыйным сойме, праўда, што заставалася небараку Жыгімонту рабіць, калі ні польскай, ні беларускай мовы не ведаў… А Лёднік ужо сычэў, не як арол, а як раззлаваная змяюка.

— У мяне толькі што быў шаноўны цэхмайстар, пан Ёган Пузыня. І распавёў пра начныя прыгоды аднаго самаўпэўненага невука.

Пранціш адчуў амаль неадольнае жаданне плітануць адсюль… усё роўна куды, хоць бы й на лекцыю. Аж ногі здрыгануліся, зрабілі крок у бок дзвярэй, і Вырвіч у чарговы раз пашкадаваў, што ў Лёднікаў няма ўласных дзяцей, і таму ўвесь іхні выхаваўчы імпэт даводзіцца прымаць на сваю бедную русявую галаву… Але прафесар імкліва — сапраўды як чорная змяюка — апынуўся проста перад студыёзусам, адрэзаўшы ўсялякія шляхі да рэтырацыі. І пачалася… лекцыя. Пранціш толькі згодна ківаў: так, бэйбус, так, распуснік, так, абібочына…

— Чаго ты палез да тае дзеўкі, калі ведаў, што ад бацькі мала не пападзе? Жаніцца сабраўся, можа? Сватоў будзем засылаць?

Вырвіча ажно перасмыкнула, калі ён уявіў, што будзе да канца свайго жыцця бачыць, прачынаючыся, побач, на падушцы, круглы твар з радзімкай ля вуснаў і сустракаць санлівы, як у цяляці, позірк… Вой, не! Як казаў каралеўскаму кату шляхцюк, якога хацела паводле старажытнага звычаю вызваліць, накрыўшы сваёй хусткай-рантай, адна паненка не першай маладосці, і тым прызнаць яго за мужа, «Хутчэй, хутчэй, пане Якубе, да шыбеніцы!».

Прафесар, паназіраўшы за пакутамі падапечнага, нечакана пасміхнуўся.

— Дон Гуан знайшоўся з Падняводдзя… Ланцэлот у картовых нагавіцах. Ты хоць ведаеш, колькі мне давялося тут распінацца, абы ўлагодзіць пана Пузыню, каб не падаваў на цябе ў гродскі суд? Ды перада мной Дэмасфен блазнюком пачуўся б! А мо, і варта было здаць цябе на расправу, каб нарэшце навучыўся адказваць за свае ўчынкі? А колькі тых пракудаў за час навучання было? — Лёднік урачыста пачаў загінаць пальцы. — У мінулым траўні з уланамі, напіўшыся, пабіліся, і хто табе ключыцу з кавалачкаў складваў і штраф плаціў? Доктар Лёднік, вядома. У чэрвені з такім жа дурнем Вяллю ў бочках пераплываць уздумалі, ледзь не патапіліся. На першым курсе твая банда крэсла пана суддзі на астранамічную вежу зацягнула…

Прафесар скрушна ўздыхнуў, вярнуўся за стол і стамлёна падрахункаваў.

— Вырвіч, калі б шкода ад цябе абмяжоўвалася выбухамі падчас дурных эксперыментаў, я б дараваў, апраўдаўшы зразумелай юначай дапытлівасцю… А тут — адна шкадлівасць ды юр… А самае гідкае — што схлусіў.

— Пан Лёднік, Бутрымус, ну як жа мне было прызнацца ў такім афронце! — скрушна стукнуў сябе ў грудзі кулаком Пранціш. — Нават пацалаваць красульку не паспеў. Зваліўся, нагу падвярнуў, ды яшчэ гадасцю аблілі… Урэшце, ты сам казаў, у мяне характар складаны… Перавага вогненнай стыхіі…

— Вось і адказвай за свой вогненны тэмперамент! — грозна прамовіў прафесар. — Даўно ў карцэры быў?

Вырвіч ліхаманкава пралічваў у галаве варыянты, як найлепей разжаліць свайго былога слугу, але на калідоры пачуліся нечыя ўпэўненыя крокі — шпоры бразгалі па каменнай падлозе, як быццам сюды ішоў жалезны стод. Дзверы кабінету расчыніліся, як ад ветру, і да прафесара ўваліўся наскрозь п’яны шляхціц у шыкоўным, але памятым уборы радзівілаўскіх колераў, блакіт з золатам — такія насілі «выбранцы», бліжні круг гетмана. Малады, але ўжо хранічна чырвоны твар нечаканага госця моршчыўся ад гора, як пусты кашэль, на віслых вусах блішчэлі слёзы. Госць выхапіў з-за слуцкага літога паясу запэцканыя ласёвыя рукавіцы і кінуў аб падлогу, нібыта спадзяваўся гэткім чынам кагосьці забіць і тым атрымаць палёгку ўласным пакутам душэўным.

— Ці я маю гонар размаўляць з панам Баўтрамеюсам Лёднікам? — прагугніў у нос шляхціц, пагойдваючыся зламанай чарацінай, а ў кабінет увайшлі яшчэ двое, такія ж узрушаныя і напітыя — адзін з саламяным чубам, што паныла звісаў з-пад сабалінай шапкі, другі — старэйшы, пузаты, як балея, з запухлымі, быццам падбітымі, вачыма. Ад шляхціцаў пахла гарэліцай за літоўскую вярсту.

Лёднік ганарыста выпрастаўся:

— Чым абавязаны прыемнаму візіту васпанаў?

Пранціш на ўсялякі выпадак звыкла заняў стратэгічную пазіцыю побач з прафесарам — ці не давядзецца ўспомніць былыя баявітыя дзянькі? Але шляхціц у блакітным жупане толькі адвесіў паклон, ледзь не паваліўшыся, і ўрачыста прамовіў, дадаючы ў голас слёзаў:

— Нешчаслівы выпадак прывёў нас сюды, вельмішаноўны пан Лёднік! Чорнымі вястунамі з’явіліся мы ў Віленскую акадэмію ў гэты пракляты дзень! Памёр дабрадзей наш, бацька наш, вялікі гетман, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька! Закацілася ягонае свяціла, і асірацела княства!

Двое другіх шляхціцаў застагналі, захісталіся, хапаючыся за галовы і паўтараючы жаласныя словы.

Лёднік нізка схіліў галаву.

— Падзяляю вашае гора, ягамосці, бо гэтая навіна і мне кроіць сэрца. Ягоная светласць, князь Міхал Казімір — дабрадзей мой, ён надаў мне шляхецтва і падарыў маёнтак, а самае галоўнае, мудрасцю сваёю прадухіліў страшнае бедства, што чакала край, калі хацелі магутныя паны ўсчыніць бойку за валоданне святыняй, якая належыць толькі Госпаду. І мне прыкра, што не мелі лекі мае дастатковай моцы, каб яшчэ падоўжыць жыццё вялікага гетмана. Але лекар — толькі інструмент, усё ў волі Божай, панове… Вечная памяць…

Лёднік перажагнаўся, госці таксама пачалі зацята жагнацца… Нават Пранціш Вырвіч адчуў, як наварочваюцца на вочы слёзы: успомніліся падзеі трохгадовай даўнасці, калі давялося ў Полацку біцца з войскам расейцаў, і як Лёднік захінаў сабою Міхала Радзівіла, як сам ад ранаў ледзь не памёр, як княжна Паланэя Багінская разам з прыгажуняй Саламеяй, жонкай Лёдніка, схавалі ў Полацкіх сутарэннях дзіду святога Маўрыкія, прывезеную калісьці ў Полацк рыцарам Гроба Гасподняга Аляксандрам Солтанам, і тыя сутарэнні ўзарвалі.

І дзе цяпер тая Паланэйка, яснавокая, неўтаймоўная, гарэзная Дама… Ці памятае яшчэ свайго вернага рыцара Пранціша Вырвіча?

Раптам на тле агульных усхліпванняў ды ўздыханняў недарэчна звонка адбіў час круглатвары гадзіннік, аздоблены пазалочанай вінаграднай лазою, і кашчунна весела зашчоўкаў жалезны салавейка, замітусіўся на галінцы пад цыферблатам. Лёднік нават кінуў на механічнага спевуна сярдзіты позірк, нібыта спадзяваўся, што той, як першакурснік, адразу страціць голас. Але салавейка адшчоўкаў свае рулады і толькі тады замёр. Шляхціц у блакітным жупане адкашляўся, азірнуўся на сваіх таварышаў і ўрачыста прамовіў:

— Мусім жа, брацці, выканаць апошнюю волю нашага пана, які на смяротным ложы не забыўся, што ты, пане-браце Баўтрамей Лёднік, на полі бойкі выратаваў ягонае жыццё. На добрую памяць пакінуў ён табе… пакінуў… ну… такое…

У гэтым месцы шляхціц запыніўся і нават азірнуўся на таварышаў, пакутліва шукаючы словаў, каб тую спадчыну апісаць. Пузаты шляхціц дапамог:

— Дужа рэдкую і дарагую рэч пакінуў! Прыладу! Вучоную! Выпісаную з далёкіх краёў заморскіх!

Трэці шляхціц, з саламяным чубам, танклявым голасам, быццам надарваным доўгім плачам, патлумачыў:

— Ягоная мосць князь Радзівіл выкупіў гэтую прыладу для сваёй кунсткамеры за трыста дукатаў. Але ніхто пакупкі яснавяльможнага князя не бачыў, як прывезлі, так і стаяла запячатаная. Таму што тут знаўца патрэбны… Ой, добры знаўца…

— І святар са святой вадой ды сакрамэнтамі… — прабурчэў пузаты, і Пранціш здагадаўся, што вакол таемнай рэчы ходзяць не самыя добрыя чуткі.

Між тым на калідоры пачуўся грукат і злосныя задыханыя галасы… Нясуць! Пранціш ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца насустрач, але шляхціцу, вядома, не пасуе такая паспешліваць… Шасцёра слуг зацягнулі ў кабінет вялізную скрыню, у якой мог схавацца калі не конь, дык жарэбчык дакладна. Скрыня была з дыхтоўных дошак, пакрытых чырвоным лакам да люстранога бляску, на кутах абабітая жалезнымі палосамі і нават са спецыяльнымі бронзавымі ручкамі для трымання. На пярэднім шчыце было выпаленае слова «Pandora».

Зараз жа наперад выпхнулі дробненькага, падобнага да палявой мышы, чалавечка ў сінім жупане — пана вознага, які зачытаў пранізлівым голасам тэстамент вялікага гетмана. Пранціш адзначыў пра сябе, што Міхал Казімір загадаў перадаць скрынку пад назвай «Пандора» з усім змесцівам пану Баўтрамею Лёдніку, прафесару Акадэміі Віленскай, неадкладна пасля сваёй смерці, не чакаючы абвяшчэння асноўнага запавету, і ўскладаецца адказнасць за выкананне волі нябожчыка на пана харунжага Мікіту Знасаковіча (пры гэтых словах малады шляхціц у блакітным жупане скрушліва ўдарыў сябе кулаком у грудзі).

Пранціш думаў, што госці абавязкова дачакаюцца, калі скрыня будзе адчыненая, але тыя адразу ж заспяшаліся сыходзіць, кідаючы асцярожлівыя пагляды на прынесенае дабро. Толькі пузаты шляхцюк, няўхвальна агледзеўшы слоікі, у якіх плавалі заспіртаваныя пачварынкі, ды страшны васковы бюст, на развітанне прагаварыў нешта кшталту «У самыя тае рукі перадалі дэманскія прылады…».

На падлозе засталіся ляжаць запэцканыя ласёвыя рукавіцы.

З апусцелага кабінету паволі выпаўзаў густы пах старадарожскай гарэліцы, а пасярод пакоя, быццам каўчэг на Арараце, высілася бліскучая чырвоная скрынка. Нават партрэты Галена і Гіпакрата глядзелі на яе зацікаўленымі вачыма, нібыта спрабуючы паціху высунуцца за цяжкія пазалочаныя рамкі.

— Давай адчынім! — Пранціш аж падскокваў ад нецярпення і прадчування чагосьці незвычайнага, і, магчыма, небяспечнага. Прафесар, чые цёмныя вочы таксама падазрона разгараліся, няўпэўненым голасам загаварыў, што яму зараз абавязкова трэба ісці браць удзел у жалобных цырымоніях па сваім дабрадзеі, і часу няма, і асцярожней трэба быць з невядомымі падарункамі, і… а, гары яно ўсё гарам!

У чатыры рукі, выкарыстоўваючы кінжал, хірургічныя абцугі, малаток для трэпанацыі чэрапа ды іншыя прыдатныя і не дужа інструменты доктар і студыёзус справіліся са скрынкай за чвэрць гадзіны. Дошкі ўпалі, як пасечаныя крыжакі, па пакоі разляцеліся аблокі бавоўны, якой для бяспекі была абкладзеная невядомая рэч у шчыльнай белай тканіне. Пад пакрыкванні Лёдніка «Асцярожна! Не рукі, а цапы!» тканіну сцягнулі… І Вырвічу ледзь не сталася млосна. Там сядзела мярцвячка. Авальны тварык з ружова-белай скурай, яркія маленькія вусны, высокі белы парык, перавіты ніткамі перлінаў… А вочы! Так, самае жахлівае — вочы, мёртвыя, бліскучыя, вялізныя, ледзь не па дукаце, прамяніста-шэрыя, з белым з сінізною бялком, з даўжэзнымі вейкамі… Твар, які можна цалкам уявіць спалучаным з тулавам пачвары, напрыклад, як у Феі Мелюзіны, напалову змяі, ці ў птушкі Алканост, што прарокуе няшчасці, ці ў Сірэны з рыбіным хвастом, якая заманьвае неабачлівых мараходаў дзівоснымі спевамі, быццам пузатага віленскага каморніка — пахам літоўскага піва… Хаця хіба могуць параўнацца спевы, нават самыя ўзвышаныя і руладныя, з пахам свежага бурштынавага піва, зваранага ў слаўным месце Вільні?

На шчасце, Пранціш змог устрымацца ад ганебных для шляхціца праяваў свайго спалоху, таму што калі Лёднік цалкам зняў покрыва, і вачам адкрылася прыгожая паненка ў прыдворным строі, толькі зусім неадукаваны чалавек мог працягваць трызненні наконт забальзамаваных трупаў… Паненка была васковая. Вырвічу, аднак, давялося пераадольваць пэўную жудасць, каб дакрануцца да нарумяненай шчакі падаруначка ад гетмана: воск, вядома… Белы воск. Але шэрыя шкляныя вочы нібыта незадаволена бліснулі.

Вырвіч абыйшоў вакол лялькі. Яна сядзела за маленечкім столікам з чырвонага дрэва, у тонкіх васковых пальчыках заціснуты аловак, якім паненка, здаецца, збіралася нешта пісаць на трохі пажаўцелым аркушы паперы. З-пад вадаспаду найтонкіх — як павуцінкі і сняжынкі — карункаў ніжняй спадніцы паказвалася дзюбка зялёнага чаравічка, расшытага каменьчыкамі. За гарсетам чырванела шаўковая ружа. Неверагодна тонкі стан быў зацягнуты ў блакітную парчу ў ружовыя кветачкі. Студыёзус асцярожна ўзяў руку лялькі, што ляжала на стале: тая не паддалася бязвольна, яе можна было толькі трошкі прыўзняць, і была яна цяжкая — падобна, унутры жалезныя косткі. Вырвіч нахіліўся ніжэй: пальчыкі складзеныя з асобных дэталек, у шчылінах пабліскваў метал, але на суглобах нават зморшчынкі пазначаныя — ясна, што мадэллю для адліўкі з воску паслужыла рука жывой кабеты. Пранцысю на імгненне падалося, што пазногцікі, нафарбаваныя ружовым лакам, зараз шкрабануць па ягонай скуры, загоняцца ў цела да крыві… Ён акуратна паклаў руку лялькі назад на стол, з пачуццём, быццам толькі што патрымаў сонную гадзюку.

Вырвіч разумеў не больш, чым трактат сэра Ньютана пра дынаміку нябёсных целаў, навошта вялікі гетман замаўляў немаведама дзе, і, відаць, не за малыя грошы, гэтую злавесна-гожую ляльку, і з якой радасці завяшчаў яе доктару Баўтрамею Лёдніку? А Лёднік між тым, закусіўшы губу, як дзіцёнак, які рыхтуецца схапіць асабліва прыгожага матыля, хадзіў вакол сваёй спадчыны, абмацваў яе, што выглядала нават трохі фрывольна, і цёмныя ягоныя вочы на худым твары ажно гарэлі, а нос нагадваў дзюбу драпежнай і дужа галоднай птушкі, так што Вырвічу ўспомнілася, што Лёдніка ў ягоным родным Полацку калісьці празвалі Фаўстам за неадольную прагу ведаў, не заўсёды бяспечных.

Праблема з гутнікам Пузынем, ягонай пекнай дачушкай і распуснымі паводзінамі студыёзуса Вырвіча была забытая, прафесар учапіўся за таямніцу, як пародзісты сабака-медыялан за бок дзіка.

Полацкі Фаўст стаў за спінай лялькі, задумаўся, і раптам рэзкім рухам расшпіліў яе сукенку. І застыў са страшэнна задаволенай мінай, нібыта сузіраў мігдалы нябёсныя. Вырвіч зараз жа намаляваўся побач, і ажно вочы на лоб студыёзуса палезлі: у аголенай спіне лялькі адкрываўся складаны механізм, са мноствам колцаў і шасцяронак, спружынак і шрубчыкаў… Нібыта начынне гадзінніка разраслося падобна кусту лазы. Вырвіч працягнуў быў руку, пакратаць бліскучыя колцы, але зараз жа атрымаў ад прафесара па пальцах. Лёднік стаў на калені і ледзь не носам улез у ляльчына жалезнае нутро.

— Падобныя механізмы, наколькі я ведаю, могуць зрабіць два чалавекі ў свеце: швейцарац Жан Жак Дроў і Вакансон з Грэноблю… — задумліва прагаварыў прафесар. — Кожная такая штуковіна робіцца не адзін год, і не з адной тысячы дэталяў. І пра яе вядома на ўвесь свет. А пра гэтую я ніколі нічога не чуў.

Вырвіч фыркнуў — вядома, Бутрым упэўнены, што ведае ўсё на свеце, і калі ён чагосьці не чуў, дык яно альбо засакрэчанае, альбо нявартае. Гады прафесарства на доктараву самаўпэўненасць падзейнічалі, як цёплая вада на вазон, і расквітнела яна ва ўсе бакі, быццам куст размарыну.

— Гэта ўсяго толькі лялька. З чаго б то пра яе трубіць ва ўсе сурмы?

— Лялька? — загадкава і крыўдна паблажліва прагаварыў Лёднік. — Ты думаеш, над простай забаўкай такія майстры, як Вакансон, працавалі б гадамі? Не здзіўлюся, калі з цягам часу такія аўтаматы на некаторых працах пазамяняюць людзей… Спадзяюся, хаця б не ў шлюбным ложку.

— Аўтаматы? — неўразумела перапытаў Пранціш. — Што за халера?

— Ты, вядома, не чытаў трактат Жульена дэ ла Метры «Чалавек-машына»? — з заўсёднай невыноснай фанабэрыяй зноў пачаў лекцыю прафесар, не чакаючы адказу. — Дэ ла Метры — паслядоўнік Дэкарта, ён спавядае «ятрамеханізм», згодна якому чалавек — усяго толькі жывёла ці спалучэнне спружынаў. У трактаце сцвярджаецца, што людзі, як бы моцна ні хацелася ім узвысіцца, узлунаць, па сутнасці сваёй не больш чым жывёлы ці прамаходныя механізмы. Ну а з гэтага вынікае, што такі механізм можна паспрабаваць… зрабіць.

Пранціш у жаху зірнуў на васковую дамачку і перахрысціўся. Лёднік паблажліва кіўнуў галавою:

— Так, гэтая паненка павінна ўмець шмат… Прынамсі, на гэтым аркушы дакладна нешта адлюструе. Увасабляў ідэі Жульена дэ да Метры ўжо згаданы мною майстар Вакансон. Напачатку ён зрабіў механічнага флейтыста, які грае на флейце менуэты і рыгадоны — ён насамрэч дзьме ў інструмент, пальцы націскаюць клапаны… Паглядзець на цуда збіраліся цэлыя натоўпы! Потым майстар зрабіў жалезную качку, якая магла не толькі кракаць, хадзіць, лапатаць крыламі, але й есці, пераварваць ежу і спраўляць натуральную патрэбу. Гэта я ўжо сам аднойчы назіраў. І ўрэшце ў акадэмію Ліёну Вакансон падаў праект штучнага чалавека — аўтамата, чые рухі, крывезварот, страваванне, скарачэнне цягліцаў маглі б імітаваць чалавечыя, і з дапамогай гэтага аўтамату можна было б ставіць унікальныя эксперыменты, нават трупаў нам, медыкам, не трэба было б выкопваць, каб вывучаць анатомію…

Пранціш хмыкнуў, таму што праблема з матэрыялам для анатамічнага тэатру была настолькі вострай, што патыхала няхай не вогнішчам, але вязніцаю — дакладна. Айцы-езуіты і так сачылі за кожным крокам прафесара-схізматыка, а калі той заводзіў гаворку наконт практычных заняткаў для сваіх студэнтаў, усміхаліся так ветла, што можна было хутчэй атруціцца іхнай добразычлівасцю, чым атрымаць згоду на чарговы эксперымент. Тым больш медычнага факультэту, як было абяцана, так і не заснавалі, кафедра Лёднікава была хутчэй факультатыўнай… Так што былы алхімік увесь час рызыкаваў сур’ёзна. Але ўявіць, што трэба ўскрываць страўнік аўтамату? Што нехта мог паспрабаваць сам зрабіць жывую істоту, замахнуцца на ролю Госпада?

— І зрабіў Вакансон тую пачварыну? — запытаўся Вырвіч.

— Наўрад, — змрочна адказаў Лёднік. — Акадэмікі і ў Ліёне баяцца абвінавачванняў у блюзнерстве. Раўняць чалавека і механізм — значыць адмаўляць існаванне вечнай душы, барані нас, Божа, ад такіх даследчыкаў… Мураш не можа зрабіць мураша.

Вырвіч насупіўся.

— А ці не абвінавацяць нас у вядзьмарстве за гэтае стварэнне?

Лёднік хмыкнуў.

— Лялька — гэта не страшна… Я бачыў куды страшнейшае. — Прафесар павагаўся і неахвотна працягнуў.—Быў у мяне ў Празе адзін… настаўнік. Ён дужа хацеў вывучыць сапраўдную душу. Падпільнаваць, калі яна адлучаецца ад цела, узважыць, калі ўдасца — перахапіць… Магчыма, усяліць у іншае цела… Вось гэткія эксперыменты — жахлівыя. Гэта — ужо за мяжой дазволенага чалавеку…

Студыёзус адчуў, як па скуры пабеглі ільдзяныя мурашкі. Лёднік ніколі пра сваё алхімічнае юнацтва не распавядаў, а пра вандроўкі па Лейпцыгах-Прагах-Ліёнах-Парыжах-Лонданах ды дзе там яшчэ ён паспеў пабываць — таксама агучваў не ўсё. І Вырвічу раптам падалося, што ён зусім не ведае мужчыну з драпежным профілем, які стаіць побач з ім, у чорным камзоле і акуратным парыку.

— Вы што, людзей дзеля эксперыментаў забівалі?

Лёднік глуха адказаў, гледзячы некуды ў прастору:

— Я — не… Але мой настаўнік, баюся, ні перад чым не спыняўся.

Памаўчаў, апусціўшы галаву, і цені па кутах пакоя рабіліся цямнейшымі.

— Кожны дзень нагадваю сабе, якое шчасце, што Гасподзь у час мяне спыніў, не даў дайсці да бездані. Няхай і папусціў, каб я сам сябе зрабіў рабом, страціў усё, што цаніў. А ты думаў — я невядома чаго каяўся, ад алхіміі адмаўляўся? — Лёднік горка пасміхнуўся. — Так, я толькі назіраў… Рабіў выгляд, што не здагадваюся пра бязбожныя стадыі эксперыментаў… Але ж дзесьці, на краі свядомасці — ведаў! Цікаўнасць пераважвала ўсё… Нават боязь загінуць духоўна. Да канца жыцця цяпер адмольваць…

Страсянуў галавою, нібы скідваючы цяжкія ўспаміны.

— Так што аўтамат — гэта нічога, гэта цікава, і можа мець практычнае прымяненне. Бо Вакансон і новыя ткацкія станкі прыдумвае…

Пранціш таксама адагнаў жахлівыя карцінкі, што малявала ўяўленне пра чарнакніжнае мінулае ягонага былога слугі, ускалмаціў русявы чуб.

— І ты думаеш, і гэтая нашая лялька можа есці і… ну… спраўляць патрэбу?

— Гэта наўрад! У Пандоры органаў стрававання не прадугледжана! — пасміхнуўся Лёднік.

— Чаму Пандоры?

Прафесар паказаў на драўляны шчыт ад скрынкі, прыхінуты да сцяны, з выпаленым надпісам.

— Спадзяюся, не трэба нагадваць, што паводле антычных міфаў красуню Пандору стварыла багіня Гера, якая хацела адпомсціць людзям, і прыгажуня з-за свае цікаўнасці адчыніла сасуд з закаркаванымі хваробамі і нястачамі.

Вырвіч толькі адмахнуся:

— Ды ну іх, міфы… Давай лепей аўтамат гэты ўлучым, паглядзім, што ён робіць!

— Каб яго можна было ўлучыць, я б гэта зрабіў, — незадаволена патлумачыў Лёднік.

— Зламаны? — расчараванню Вырвіча не было межаў.

— Пэўне ж…

— Вось бы Якуба Пфальцмана сюды, ён бы разабраўся! — мройна прагаварыў Пранціш, разглядаючы шэравокую Пандору. — Пфальцман — майстар сапраўдны…

Як студыёзус і разлічваў, згадванне былога аднакурсніка Лёдніка па Нюрнбергскім універсітэце, адмысловага вынаходніка, які прыдумаў рухавік новага віду і зрабіў жалезную чарапаху — баявую машыну паводле чарцяжоў вялікага Леанарда, падзейнічала на прафесара, як на крумкача — свежая кроў. Лёднік падціснуў фанабэрыстыя вусны, акуратна зняў камзол, павесіў на высокую спінку крэсла, што нагадвала абрысы гатычнага храма, сцягнуў парык, і чорныя валасы, перацягнутыя на патыліцы шаўковай стужкай, упалі на спіну, рашуча закатаў рукавы бялюткай кашулі… Калі б лялька, дзеля даследвання якой рабіліся гэтыя падрыхтоўчыя працэдуры, магла мысліць, дык у вакно б скочыла, нягледзячы на вышыню: полацкі Фаўст прыняў выклік і не адступіцца, нават калі трэба будзе разабраць падарунак да апошняга шрубчыка. Вырвіч таксама радасна падкасаў рукавы… Можа быць, важданне з механізмамі — і не зусім шляхецкая справа, але Пранціш дакладна засвоіў, што ў навуцы свае баталіі і двубоі, якія вымагаюць смеласці не меншай, чым вайсковая справа.

Мядзяны салавейка зноў зашаргацеў, зашчоўкаў на цыферблаце гадзінніка, але на яго звярнулі ўвагу не болей, чым на заляцелую муху. З васковай Пандоры бесцырымонна і нягжэчна сцягнулі блакітную ў ружовыя кветачкі сукенку, і абражаная прыгажуня дарэмна пагрозна паглядала шклянымі шэра-прамяністымі вачыма некуды ў прастору, з якой прыходзяць прывідныя мсціўцы за гонар васковых дам.

Прафесарскі слуга Хвелька, кірпаносы дабрэнны таўстун, некалькі разоў стукаўся ў дзверы, пачціва прасіў паведаміць, калі пан прафесар з’явіцца дадому, бо пані Саламея Лёднік хвалюецца… Але быў адпраўлены назад вельмі непачціва — аж вусны ў небаракі ад крыўды задрыжэлі… Хвэлька дастаўся прафесару паўмёртвым ад жаўтухі — гаспадар, вядомы піток, прыехаў у Вільню на соймік, ну і загуляў, слуга таксама набраўся, як гразі, пячонка не вытрымала… Лёднік выпадкова заўважыў яго ў куце піравальнай залы, скручаным у крук. Хвелькінаму пану было не да клопатаў з хворым, і ён прапанаваў доктару, калі таму так ужо цікавы лёс нягеглага пажаўцелага халопа, выкупіць яго за дзесяць талераў. Лёднік холадна сказаў, што яго самога ў свой час прадалі за шэлег, але Хвэльку за названую цану выкупіў, выхадзіў, і стаў для выратаванага боствам зямным, пагрозным, усемагутным і літасцівым. З адзінай заганай — забараняе беднаму слузе нават у піва вусны мачаць…

Багаты пацыент некалькі разоў пасылаў лёкая… Плішчыліся ў кабінет праштрафленыя студыёзусы… Прыходзілі ад прафесара Францішка Папроцкага, які ўжо колькі гадоў выпускаў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі», для якіх Лёднік пісаў артыкулы па медыцыне. Але ўсе атрымлівалі з-за зачыненых дзвярэй даволі рэзкія прапановы з’явіцца ў другі дзень, і, напалоханыя падазроным лязгатам у кабінеце, лічылі за лепшае сысці.

Тым больш было чым заняць сябе: слаўнае места Вільня пачынала шматдзённае гараванне па памерлым вялікім гетмане Міхале Казіміры Рыбаньку, цела якога павінны былі перавозіць у Нясвіж. Хаўтуры ды іншыя жалобныя цырымоніі па асобе такога рангу займалі люд паспаліты не менш, чым вайсковыя дзеянні… Ды і пабоішчы маглі надарыцца. У Вільню мусіў прыехаць сын і спадчыннік Міхала Казіміра, Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. Належала вырашыць лёс вызваленай пасля смерці Міхала Казіміра пасады ваяводы віленскага… І Караль цвёрда разлічваў яе ўспадчынніць. А гэтага далёка не ўсе жадалі, бо многія ўважалі князя за вар’ята, і распавядалі, як нават бацька-нябожчык нярэдка загадваў падымаць масты перад сваім замкам, каб не пусціць п’янога ў мякіну сыночка з ягонай «албанскай бандай», прапануючы працверазець дзецюкам за ночку на марозе. Аднойчы загадаў з гарматы ў паветра пульнуць, каб адагнаць шаленцаў. Які з такога разбэшчанага ўладар? На суседзяў наезды робіць, у канторах вокны выбівае… А на пасаду віленскага ваяводы ўжо прэтэндуе самавіты пан Міхал Багінскі, прадстаўнік Фаміліі — магутнага аб’яднання магнатаў на чале з Чартарыйскімі. І калі збярэцца сойм… Ужо зараз пад вокнамі гудуць-шумяць хвалі пыхі людской, а бура ўся наперадзе… І хто ведае, дзе паўстане непарушная скала, аб якую тое мора разаб’ецца, альбо дзе будуецца выратавальны каўчэг — ці не тут, у кабінеце прафесара Віленскай акадэміі, з фарбаваных чырвоным лакам дошчак, на адной з якіх напісана імя «Пандора»?

Раптам рука лялькі варухнулася — гэта было нават страшна. І пачала вадзіць алоўкам, туды-сюды. Усе астатнія часткі лялькі заставаліся змярцвелымі. На аркушы паперы ўтварыліся роўныя паўкруглыя пісягі.

— Здорава! — узрадваўся Пранціш. Але Лёднік выглядаў незадаволеным.

— Гэтага вельмі мала. Нібыта нехта спецыяльна паставіў на механізм абмежавальнік «для дурняў». Каб улучылі і супакоіліся. А я не люблю, калі мяне лічаць за дурня. Трэба задзейнічаць гэтую паненку напоўніцу.

І Лёднік з новымі сіламі ўзяўся за рамонт, як мароз нанач.

— Бутрым! Цябе што, на алхімічнае золата перагналі? Ты чаму Хвэльку прагнаў?

У пакой імкліва зайшла жанчына з гнуткай і гордай паставай, яе валасы былі забраныя пад сціплы каптур, але вялізныя сінія вочы паглядалі так, што праўдзівы мужчына зараз жа марыў забіць пад позіркам гэтых вачэй цмока альбо здзейсніць хоць які невялічкі подзьвіг, абы паглядзела ласкавей, абы ўсміхнуліся гэтыя дасканала акрэсленыя вусны…

— Прабач, Саламея, але ў мяне цікавая навуковая загадка… — прамармытаў Лёднік, які стаяў на каленях перад васковай паннай, сунуўшы ў яе спіну руку, і нават не зірнуў на жывую прыгажуню. Але пані Лёднік не пакрыўдзілася. Яна як зачараваная глядзела на Пандору.

— Ого, якая ў цябе навіна! Працуе?

— Не… — прабурчэў Лёднік. — Малюе пісягі, але я ўпэўнены, гэта толькі адчэпнае. Напачатку былі адлучаныя некалькі дэталяў, і падобна, што гэта нехта зрабіў назнарок. А якойсьці важнай дэталі проста не хапае. Мне трэба зразумець, як яна павінна выглядаць.

Госця зараз жа прысела каля мужа, углядаючыся ў механізм.

— Я не дужа разбіраюся ў машынерыі… Але, можа, вось гэтае колца павінна было з’ядноўвацца вунь з тым?

— А я думаю, не, — няўважна адказаў Бутрым, і панеслася… Дыскутаваць сямейная пара Лёднікаў умела дасканала, з выкарыстаннем дзесяці моваў і капы навуковых слоўцаў, ад якіх у нармальнага шкаляра зводзіць сківіцы, як ад чаромхі. Хутка далікатныя белыя ручкі пані былі гэтаксама вымазаныя адмысловым алеем і абдрапаныя вострымі зубчыкамі колцаў, як і ў Пранціша і прафесара, і ўсе прысутныя, акрамя шэравокай Пандоры, паспелі тры разы пасварыцца наконт прызначэння тае ці іншае дэталі… І Вырвіч у чарговы раз падумаў, як жа пашанцавала Лёдніку з жонкай…

Лёднік накрэсліў гіпатэтычны абрыс дэталі, якой не хапала, пасля яны з Пранцішам спрабавалі нешта падобнае зрабіць з дроту і мосенжу… Прымацаваць на патрэбнае месца…

Толькі звон, які абвесціў, што час гасіць агні, змусіў перарваць працу. Зараз жа зашчоўкаў металічны салавейка, васковая рука Пандоры здрыганулася, і заціснуты ў ёй аловак правёў па аркушы яшчэ некалькі пісягоў, потым лінія трохі збочыла… Але далей справа не пайшла.

— Ну, амаль дарабілі! — задаволена прамовіў Лёднік, размазваючы па шчацэ тлустую чорную пляму. — Трэба толькі замяніць спружынку… Заўтра і зробім, і паненка нам нешта напіша…

— Бутрым, — нечакана сур’ёзна загаварыла Саламея, паглядаючы ў мёртвыя вочы Пандоры. — Мне чамусьці неспакойна… Не падабаецца мне гэтая лялька. З чаго б такі дзіўны падарунак ад гетмана? Ці не хаваецца тут нейкая інтрыга, і мы ізноў ублытаемся па самыя вушы ў крывавыя прыгоды?

— Перастань, Залфейка, — паблажліва прамовіў стамлёны Лёднік. — Гэта ўсяго толькі цікавы дарагі аўтамат для забавы багацеяў. Упэўнены — каб не хвароба, князь проста запрасіў бы мяне дапамагчы запусціць гэтую штуку, падзівіліся б усе, дый годзе. У пана Караля Радзівіла вунь залаты паўлін маецца, які ходзіць ды хвост распускае. Якія тут могуць быць таямніцы, акрым механічных?

— Магчыма, і так… — ціха прамовіла Саламея. — Але ты сам распавядаў мне гісторыю пражскага Галема. І я адчуваю, што найлепей было б табе ўзяць якую сякеру, пасячы гэтую ляльку на друз ды патапіць у Вяллі…

— Нервы ў цябе расхадзіліся, Залфейка! Запару табе нанач ільвінай травы… — Лёднік прыхінуў да сябе жонку, пацалаваў яе ў лоб.

— Усё, рушылі… А ты, кот марцовы, — сурова зірнуў на Пранціша, — пойдзеш з намі. І адгэтуль пераселішся ў наш дом. Цяпер штодзень, як сцямнее — каб быў у пакоі! Ясна?

— Ясна… — прабуркатаў Вырвіч. Пані Саламея нахмурылася.

— А што здарылася? Чаму ты так сурова з хлопчыкам? Пан Вырвіч нешта ўтварыў?

— Пасля раскажу… — незадаволена адказаў прафесар, зашпільваючы камзол.

А пад вакном раўлі п’яныя галасы, нібыта грэшныя нашчадкі Адама прасіліся да дабравернага Ноя ў каўчэг, які ўздымаецца на хвалях сусветнага патопу ўсё вышэй і вышэй:

— Памёр ягоная мосць князь Радзівіл! Аплачам вялікага гетмана! Гуляйма, пане-браце, у памяць шчодрага князя нашага!

У апусцелым кабінеце глядзела ў цемру шэрымі мёртвымі вачыма васковая лялька ў белым парыку, упрыгожаным перлінамі, і ніхто не бачыў, акрамя металічнага салавейкі, што яе рука з заціснутым у пальцах алоўкам здрыганулася…

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. МАЛЮНАК ПАНДОРЫ

 

Калі старажытныя грэкі хацелі ўшанаваць памяць памерлага, ставілі над ягонай магілай не звычайны помнік, а так званы курас. Аголеную гліняную фігуру гэткага ідэальнага, абагуленага нябожчыка. З належнымі прапорцыямі, са слепавокім усмешлівым тварам, доўгімі кудзерамі, шырокімі плячыма… І правільна, смерць усіх раўняе, навошта нашчадкам памятаць, што былі нябожчыкі на момант адыходу з гэтага свету лысыя, кульгавыя, гарбатыя, з адвіслымі жыватамі, а сузіраючы гадамі надмагільны курас, нават той, хто калісьці ўкладваў у непрыгожа разяўлены бяззубы рот з ссінелымі вуснамі мядзяны абол — плату Харону, пачынаў верыць, што нябожчык быў менавіта вось такі — упэўнены ў сабе, усмешлівы прыгажун ды асілак…

Дзеля вялікага гетмана і віленскага ваяводы не трэба было ляпіць глінянага ёлупа, каб усе і кожны ўявілі яго сармацкім рыцарам без адзінае заганы. Бо ўслаўленні вартасцяў памерлага набывалі ўсё большую моц, шляхта адзін перад адным спаборнічала ў вынаходніцтве велягурыстых азначэнняў, чаму, ясная справа, спрыяла рака медавухі, якая шчодра лілася за хаўтурнымі сталамі. Сын нябожчыка, ягоная мосць Караль Радзівіл, нават мыкаць ужо не мог, так зацята гора сваё тапіў… Казалі, што нават падпісаў, не чытаючы, падсунутую яму ўвішным сябруком Богушам дарчую на маёнтак Дубінкі, ну і немавем што яшчэ з дабрасардэчным князем, у жаль абрынутым, хціўцы ўсялякія вытваралі…

Праўда, каб і паставілі ў гэтыя дні па антычным звычаі пасярод Вільні па князі Міхале Казіміры Радзівіле гліняны стод, адразу ж на друз яго растаўклі б неасцярожныя ў горы сваім прыхільнікі…

Так што нікога не здзівіла жывапісная група, якая сярод буйназорай вераснёўскай ночы мерала ўсе куты па Вастрабрамскай вуліцы: двое шляхцюкоў, у расхінутых кунтушах і жупанах, са збітымі набакір шапкамі, і куртаты, але таўсманны слуга, які спрабаваў надаць сваім панам больш-менш просты накірунак руху. Праўда, шляхціцы не раўлі і не спявалі. Старэйшы ды вышэйшы толькі лаяўся скрозь зубы, але неяк дзіўна, на нетутэйшых мовах, адразу некалькіх, ды час ад часу скрушна паўтараў па-беларуску:

— Тры лекцыі! Тры лекцыі назаўтра!

Той, што маладзейшы, якога вадзіла ў лукаткі не менш, суцяшаў спадарожніка неслухмяным языком, нібыта ў роце пагаспадарылі пчолы:

— Плюнь ты, Бутрым, на тыя лекцыі! Ты цяпер шляхціц, а не трубка клісцірная!

Старэйшы рэзка спыніўся, ледзь не паваліўшы ўсю кампанію, і грозна зарычэў нізкім голасам:

— Я — сын гарбара! Не збіраюся забываць пра сваё паходжанне! Мой герб — мае веды! Я — доктар! Я вучу і лячу, і ў тым прызначэнне маё! Апостал Пётр рыбаком быў, і гэтага не саромеўся! А Госпад наш — сын цеслі!

Недзе побач завыў сабака, ягонае жаласнае выццё ахвотна падхапілі хвастатыя адзінапляменнікі ва ўсіх дварах ажно да базыльянскіх муроў.

— Ціха ты, шаленец кручаны! Хочаш, каб за блюзнерства ды абразу рыцарства ў вязьніцу заканапацілі? — злосна тузануў спадарожніка малады шляхціц, чый русявы чуб прыліп да потнага ілба. — Магу зноў цябе ў слугі ўзяць, калі панам быць не хочаш! І ўвогуле… зараз пашлю Хвэльку за пані Саламеяй!

Хвэлька, амаль цвярозы і змэнчаны, другое вынікала з першага, страпянуўся, ягоны круглы кірпаносы твар прасвятлеў надзеяй, як поўня, з якой спаўзла сумная хмарка…

— І праўда, пан Пранціш, давайце я збегаю, паклічу пані, тут ужо недалёка, а вы ягоную мосць пана доктара папільнуеце! Во як яго разабрала — ніколі такім не бачыў… З непрывычкі, відаць. Бо ён жа звычайна і не п’е зусім, адны свае адвары… А гэта шкодна! — голас Хвэлькі зрабіўся павучальным, хаця ягоныя маленькія празрыста-шэрыя вочы ўвесьчасна скошваліся палахліва ў бок гаспадара, які бездапаможна звесіў галаву, так што шапка ледзь не звальвалася. Гэткі непрывычны выгляд доктара надаў слузе адвагі.

— Нельга мужчыне зусім без віна ды гарэліцы… Гарэліца рабакоў забівае, і сала без гарэлкі ў жываце перасядае… — працягваў бубнець Хвэлька. — Вось ранейшы мой гаспадар, пан Адам Малахоўскі, уладуй, Божа, ягоную душаньку ў нябёснае карчомцы, адным духам мог кварту медавухі выпіць — і нічога! Нават яснавяльможага пана нашага караля, Аўгуста Саса, аднойчы перапіў, з двух кубкаў, імя якім было Іван ды Іваніха… — Хвэлька настальгічна ўздыхнуў. — Ах, пане Пранціш, а як жа пышна хавалі гасцей на могілках ля панскае сядзібы! І кожны дзень служылі ў касцёле імшу за памерлых ад панскага пачастунку! Ды за такое пахаванне можна паўжыцця аддаць. А ў вас што… Гі-гі-ена адна, цьху! Пасля добрага шляхецкага застолля госці не павінны на сваіх нагах дамоў ісці! Ганьба гэта! А самае нядобрае — не даваць сумленаму слузе свайму выпіць у гасцях ані глыточка добрага вінца…

— Язык ампутую! — раптам раўнуў Лёднік, падняўшы галаву, і слуга спалохана віскнуў:

— Дык, можа, я за пані Саламеяй?..

Імя Саламеі падзейнічала на доктара, як гарнец расолу. Ён зноў вылаяўся па-замежнаму, на гэты раз на старагрэцкай, злосна зірнуў цёмнымі пакутнымі вачыма на Хвэльку і моўчкі пабрыў далей… Пранціш, узбадзёраны тым, што нарэшце выявіўся ў нечым больш спрактыкаваным, чым Лёднік — праўда, доктара на гетманаўскіх хаўтурах спойвала куды болей шаноўных гасцей, чым пана Вырвіча — памкнуўся падтрымаць прафесара. Але гэткі высакародны намер, на жаль, не меў вынікаў, бо Пранціша пахіснула так, што ён на хвілю пераблытаў, дзе брукаванка, дзе плот, дзе зорнае неба, і толькі нечакана цвёрдая рука былога слугі ўтрымала яго ад абдымкаў з мокрымі камянямі. Лёднік, нават у такім стане, працягваў бараніць колішняга гаспадара. У выніку абодва ўкленчылі на віленскіх каціных ілбах перад шкяным богам, прызнаючы ягоную перамогу.

— Тры лекцыі! У мяне заўтра тры лекцыі! І кан… кан… суль…тацыя п-пячонкі!

— Да кульгавай свінні твае лекцыі, Бутрым! І пячонка таксама…

Дзесьці далёка пачуліся стрэлы і п’яныя выкрыкі.

— Вечная памяць слаўнаму гетману!

Мудрая пані Саламея не сказала ні слова. Перадаверыўшы Пранціша клопатам не дужа задаволенага такім гонарам Хвэлькі, павалакла мужа ў спачывальню. Адвараў дзеля такога выпадку было ўжо наварана два збаны.

Раніца была цяжкой. Прыблізна як гарматнае ядро. Прынамсі, калі б над вухам Пранціша стрэліла гармата, гуду ў вушах не магло быць болей.

— На, пі…

Нечая рука паднесла да вуснаў студыёзуса жалезны кубак з гарачым вохкім адварам. Пранціш нават вочы як след не разляпіў… Адвар патрапіў у горла, сухое, як пустыня, дзе сорак гадоў блукаў Майсей са сваім народам, і ажывіў гэтую бясплодную пустку… Вочы нарэшце расплюшчыліся… Ну так, перад студыёзусам узвышаўся прафесар Лёднік, суровы, як скала, з якой толькі Майсей і мог выбіць жазлом ваду… Нягледзячы на вогненных конікаў, што скакалі ў вачох, Пранціш хіхікнуў: сітуацыя да болю нагадвала раніцу трохгадовай даўніны, калі Вырвіч зухавата напіўся такайскага віна ў прыдарожнай карчме пад гучным назовам «Рым», і толькі што набыты слуга — гэта самы доктар — падаваў яму падобны адвар з такім самым кіслым выразам твару…

— Лекцыі адмянілі…—прабурчэў Лёднік, якому, па логіцы, павінна было быць зараз, як снапу на таку пасля добрай апрацоўкі цапамі, і аніяк не да лекцый. — Жалоба па ўсім горадзе.

Пранціш з уздыхам палёгкі паваліўся назад на падушку і зараз жа застагнаў ад галаўнога болю. Памяць вярталася ўрыўкамі, адкручваючыся назад, як ланцуг на калодзежным вораце. Вось яны вяртаюцца дадому, абабіваючы куты ды абціраючы брукаванку, вось у палацы Радзівілаў уздымаецца кубак за кубкам у памяць памерлага вялікага гетмана, нехта гарлае: «Падліце яшчэ шаноўнаму пану Лёдніку!». Вось на чырвоным твары спадчынніка, Караля Станіслава, ашклянела блішчаць вочы, і малады князь у сваім улюбёным белым жупане, успадчыненным ад продкаў і заплямленым намаганнямі тых продкаў ды самога Караля ва ўсе колеры, у чарговы раз валіцца пад стол, яго падхопліваюць шматлікія рукі прыліпалаў, адзін з іх крадма сцягвае з пальца сюзерэна сыкгнет… Вось Пранціш з Лёднікам пад’язджаюць да палацу… Выходзяць з універсітэту… Вось замыкаецца пакой, у якім застаецца лялька з шэрымі вачыма…

— Пандора! — Пранціш забыўся на галаўны боль і ўскінуўся на ложку. — Бутрым, пайшлі ляльку дапраўляць!

Лёднік пацёр лоб, які, відаць, усё ж трашчэў неміласэрна.

— Ad res portandas asini vicitantur ad aulam. (Аслоў клічуць на двор для перавозкі цяжару) Паснедаем, ачомаемся, прыму пісара з хворай пячонкай, тады можна будзе і аўтаматам заняцца.

Пранціш устаў на нядужыя пасля ўчорашняга ногі, нецярпліва ўздыхнуў. Зануда ўсё-ткі гэты доктар.

— Снедаць паны будуць, ці абмяжуюцца расолам? — з лёгкай насмешкай прагучэў голас гаспадыні, якая нячутна зайшла ў пакой, і Пранціш усміхнуўся: калі глядзіш на пані Саламею, якая ветла ўсміхаецца, аўтаматам бяздушным трэба быць, каб не адказаць тым жа. У пані ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ… І гаспадар дому, калі не было старонніх, гэтую ямінку зараз жа імкнуўся пацалаваць. Сёння, падобна, яму было не да таго. Дзіва яшчэ, што фанабэрыцца, як звычайна. Лекцыяў непрачытаных шкадуе. Ды страшна ўявіць, як бы ён сёння на тых лекцыях студэнтаў цвічыў!

Пані Саламея апранутая была ў сціплую брунатную сукенку, бліскучыя чорныя валасы схаваныя пад белы каптур, танклявая рука сціскала ружанец. Пранціш ведаў, што больш за ўсё на свеце пані марыць падарыць мужу дзіця, але Бог не дае… І пані бясконца моліцца аб такой літасці. Вось і сёння, відаць, паспела ўжо злётаць у Свята-Духаву царкву.

Дзесьці на ратушы гадзіннік прабіў полудзень. Нічога сабе заспаўся студыёзус! У прафесарскім доме зараз жа азваўся напольны гадзіннік з чорнага дрэва, які стаяў у сталоўні — прыстойны строгі гадзіннік без усялякіх упрыгажэнняў ды забавак, без штучных салавейкаў, нетутэйшых краявідаў у эмаляваным вакенцы, танцуючых фігурак. Гэты гадзіннік, як і гаспадар, быў строгі і ўпарты: дванаццаць гадзінаў полудня — і ўсё, маеце навуковы факт.

Але, як і гаспадар, ён хаваў у сабе шмат таямніцаў — бо час таямніца найвялікшая, ідэя, субстанцыя, пустэча, інтэнцыя, уяўная велічыня, лік руху і рух вечнасці, тое Нешта, якое нельга ўсвядоміць, але страшэнна хочацца закілзаць. Прынамсі, Пранцішу вельмі хацелася трошкі абагнаць яго ды зазірнуць у тую светлую будучыню, дзе ён, з гетманскай булавою ў адной руцэ, другой рукой абдымае чароўную паненку Паланэю Багінскую ў сляпуча-белай сукенцы, расшытай сапраўднымі дыяментамі! І глядзіць Паланея на яго так, як… як пані Саламея на дзюбаносага пахмурага Лёдніка, калі той не бачыць.

Пранцысь не перастаў уяўляць свае будучыя подзвігі, нават калі за стол усеўся, ад салодкіх карцінаў ледзь лыжку ў крупнік не ўпусціў, чаму і злавіў строгі позірк Лёдніка з другога канца стала. Эх, дзе тыя часы, калі слаўны шляхціц Вырвіч мог свайго бяспраўнага слугу Лёдніка, што аддаў сябе ў пажыццёвае рабства за даўгі, адным поглядам змусіць маўчаць, меў права яго на калені паставіць і нават галаву бязродную за абразу адсячы… Не тое каб Пранціш жадаў для свайго настаўніка рабскае долі, але захаваць трохі ўлады над гэтым Фаўстам не пашкодзіла б.

Вырвіч тужліва ўтаропіўся на карціну ў цяжкой пазалачонай рамцы, якая ўпрыгожвала сталоўню: на ёй шаноўны філосаф Арыстоцель, худы старэча з доўгімі сівымі кудзерамі і барадой, паважна прыклаўшы руку да ілба, займаўся мудраваннем на фоне мармуровых калонаў, абвітых вінаградам і ўюнкамі. Карціну Лёдніку падарыў адзін з пацыентаў, малявальшчык, выпісаны з Італіі дзеля роспісаў у касцёле. Доктар спрытна ўправіў худзенькаму, калматаму, як чорны баранчык, італійцу на месца локцевы сустаў, пашкоджаны падчас падзення з рыштаванняў, заадно падлячыў ягоныя хворыя лёгкія. І вось вам — Арыстоцель… Калі прыгледзецца, дык старажытны грэк меў пэўнае падабенства з прафесарам. Прынамсі, у старасці апошні мог бы выглядаць неяк так… Пранціш ледзь стрымаў смех, уявіўшы Лёдніка з даўжэзнай сівой барадой, у сандалях і белым прасцірадле…

— Рубцы з анісам, як ты любіш, — прамовіла гаспадыня да прафесара, асцярожна ставячы на стол цяжкую місу. Пах быў такі спакусны, што Пранціш, які, сядаючы за стол, быў упэўнены, што пару лыжак крупніка — гэта ўсё, што можа гэтым ранкам прыняць ягоны няшчасны страўнік, мімаволі аблізнуўся.

Але не лёс быў студыёзузу атрымаць насалоду ад смакоцця, падрыхтаванага Саламеяй Лёднік. На вуліцы адчайна забрахаў руды Піфагор, у браму настойліва пастукалі, пачуўся тонкі спалоханы голас Хвелькі…

Госць у дом — Бог у дом, як сцвярджаюць захавальнікі сармацкіх звычаяў… Але ўсе захавальнікі часам памыляюцца. На гэты раз гасцей было двое, але дужа небяспечныя. Абодва апранутыя ў мундзір банды альбанцаў — асаблівага войска, якое Пане Каханку яшчэ юнаком стварыў у сваім маёнтку ля Нясвіжа, урачыста называным Альба. У банду адбіраліся самыя адчайныя, дужыя, і да канца адданыя свайму пану. Канцлерам у іх быў у свой час нядобрай памяці Міхал Валадковіч, расстраляны два гады таму ў Менскай ратушы за асаблівыя буянствы — па ягонае смерці князь гараваў нечувана, казалі, ён нават прывід Валадковіча штоноч бачыць.

На абодвух плячыстых вусатых гасцях былі жупаны з блакітнага атласу, саетавыя кунтушы саламянага колеру, срэбныя паясы, жоўтыя саф’янавыя боты, чырвоныя шаравары ды блакітныя шапкі з аколышам з крымскай мярлушкі. Гузікі блішчэлі дыяментавымі літарамі — ініцыяламі Караля Радзівіла.

— Перапрашаем ягамосця пана гаспадара за раптоўнасць нашага візіту, але няхай ягоная мосць пан Лёднік літасціва даруе забітым горам рыцарам, што страцілі свайго яснавяльможнага правадыра…

Альбанчык з чорнымі акуратнымі вусікамі і пранізлівымі вузкімі зялёнымі вачыма, які прадставіўся як пан Дамінік Богуш, найбліжэйшы сябра шаноўнага пана Караля Радзівіла, гаварыў велягурыстыя жаласныя словы па ўсіх правілах этыкету. Пранціш са здзіўленнем адзначыў, што абодва шляхцюкі былі амаль цвярозымі, іх твары не спухлі ад рыданняў ды перапою. А пільны позірк чарнавусага дык і зусім не падабаўся. Пранціш паціху-паціху пасунуўся да сцяны, дзе ў спецыяльных падстаўках драмалі шаблі, шпагі ды палашы. Лёднік не збіраўся закідваць высакароднае майстэрства фехтавання, і ў доме, хоць і невялікім, акрым кабінета ды лабараторыі, быў вылучаны адмысловы пакой дзеля муштры, і калекцыя зброі папаўнялася рэгулярна.

Між тым пан Богуш адгаварыў, як у скрыпку граў, належную і нават з каптуром порцыю выбачэнняў-зычэнняў і перайшоў да справы. Паводле ягоных словаў, ягамосць Пане Каханку дзеля найлепшага захавання памяці бацькі гатовы за любую суму выкупіць тую васковую ляльку, якую Міхал Казімір Радзівіл на смяротным ложы завяшчаў доктару Лёдніку.

Гучэлі рулады наконт вечнай сыноўняй памяці, але Пранціш, які сам прыродную здольнасць меў зацярушваць вочы і прыгожа сцяліць языком, нават патыліцай адчуваў нейкае шалберства.

— А ці нельга было б нам, вельмішаноўныя паны, асабіста сустрэцца з ягонай мосцю князем, каб выказаць сваё спачуванне і дамовіцца наконт найлепшага выканання тэстаменту вялікага гетмана? — ветліва спытаўся Вырвіч. Злыя жарынкі, што на імгненне загарэліся ў вачах пана Богуша, сказалі шмат аб чым. Пан запэўніў, што напружваць ягоную мосць князя нейкімі клопатамі непачціва.

— Ну вось і пачакаем, пане-браце, пакуль законнае гора яснавяльможнага князя не ўвойдзе ў берагі. Бо наўрад ён зараз той лялькай займацца стане.

Госць ледзь зубы не сцёр ад злосці. Потым папытаўся з уяўнай абыякавасцю, ці працуе закладзены ў ляльцы механізм. І, пачуўшы, што ён сапсаваны, ажно з твару змяніўся. А ягоны таварыш, сіваваты і даўганосы, не пасаромеўся і пагразіцца… Вочы Лёдніка запалалі чорным агнём.

— Вялікі гетман аказаў мне гонар сваім апошнім падарункам. Я буду свята берагчы яго і не аддам ні за якія грошы, нат калі апошнюю кашулю давядзецца закласці. Такая была воля ягонай мосці Міхала Казіміра Радзівіла, а ягонае воля для мяне важлівей за жаданне ўсіх іншых вельміпаважаных паноў!

Пан Богуш не жадаў, падобна, даводзіць справу да двубою. Ён супакоіў таварыша, у якога ўжо вочы пачалі крывёю налівацца, і пачціва развітаўся… Але ясней яснага даў зразумець: не адступіцца. Пандору давядзецца аддаць.

Калі на вуліцы сціхнуў брэх раззлаванага Піфагора, Саламея засмучана ўздыхнула.

— Казала я вам, нядобрая гэта лялька.

Лёднік маўчаў, і ў гэтым маўчанні была навальніца, потым ганарыста ўскінуў галаву, імкліва падыйшоў да сцяны са зброяй і рашуча ўзяў сваю шаблю, турэцкай работы, з простым дзяржальнам, упрыгожаным толькі строгай срэбнай чаканкай, таксама калісьці падораную вялікім гетманам.

— Вырвіч, рушылі ў акадэмію! Я не дазволю ўсялякім фанфаронам адбіраць у мяне з пад носу цікавы навуковы прэцэдэнт!

— Фаўст, ачомайся! — схапіла мужа за рукаў Саламея. — Аддай ім ляльку і забудзься! Зноў хочаш уваліцца ў непрыемнасці ажно па шыю?

Але вочы прафесара гарэлі ўпартым халодным агонём, добра знаёмым Вырвічу. Калі Лёднік так у нешта ўпіраўся, яго можна было забіць, але не адгаварыць. Прафесар, як чорны віхор, прайшоў у вітальню, моўчкі ўдзеў капялюш, захінуўся ў плашч і нат не азірнуўся на жонку, якая ў адчаі глядзела, прыкусіўшы губу, яму ўслед.

Пранціш ледзь паспяваў за доктарам, які рассякаў паветра, як пірацкі карабель. Мінакі давалі яму дарогу, баязліва касавурачыся, і нехта, мабыць, і жагнаўся ўслед. Першыя сухія лісты падалі на брукаванку, нібыта аб чымсьці папярэджвалі — вядома, аб сумным: смерць, тло, непазбежны пераход з надзейнай галінкі да халоднай глебы, прыкрашаны некалькімі імгненнямі вольнага палёту…

Пандора, прыўкрасная і нерухомая, усё гэтак жа глядзела перад сабой у прастору шэрымі прамяністымі вачыма, толькі Пранцысю падалася ў іх злая насмешка. Нават злавесная… Таму што пажаўцелы аркуш паперы, які ляжаў на маленькім століку перад лялькай, больш не быў пусты. На ім красаваўся малюнак — аловак, заціснуты ў руцэ аўтамата, застыў у ягонай апошняй кропцы. Пасля некаторага здранцвення абодва даследчыкі кінуліся вывучаць пасланне механістычнага духу. Звычайны пейзаж: складзенае з буйных каменняў збудаванне, падобнае на склеп, на паўкруглай арцы над уваходам надпіс на лаціне «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Унізе малюнка быў напісаны шэраг драбнюткіх лічбаў, падзеленых на групы рысачкамі, і слупкі літар, з якіх ніяк не жадалі складацца знаёмыя словы.

Малюнак, калі прыгледзецца, быў недасканалы — ён увесь складаўся з асобных простых рысачак, ад чаго здаваўся каструбаватым. Але ніхто б не здагадаўся, што маляваў не жывы мастак, а бяздушны аўтамат. Лёднік так і сяк круціў аркуш, глядзеў на святло, ледзь не на смак спрабаваў.

— А што гэта за мясціна? — не вытрымаў Вырвіч. Прафесар паціснуў плячыма.

— Не ведаю. Праўда, надпіс над уваходам адметны, пра яго могуць быць звесткі. «Перамога агню над жалезам»… Victoria ferrum luce… Штосьці сімвалічнае, эзатэрычнае… Можа, там таемная лабараторыя? — у голасе прафесара пачулася мройнасць — так яму, падобна, захацелася ў тую лабараторыю, за новымі ведамі. — Таямніцу знаходжання яе, упэўнены, раскрываюць гэтыя літары і лічбы… Эх, ёсць адзін спосаб… Каб гэта мне раней у рукі патрапілася, я б учыніў пэўны рытуал… — твар Лёдніка стаўся такім прагна-драпежным, што Пранціш пералякаўся — бо зразумеў, што доктар успомніў пра свае заняткі чорнай магіяй, і вось-вось адновіць практыку…. Але той схамянуўся, страсянуў галавой, скідаючы ачмурэнне, вінавата перахрысціўся, прамармытаў кароткую малітву.

— Трэба ўключыць наш аўтамат, — хай яшчэ раз памалюе.

Лёднік прынёс са свайго стала аркуш, паклаў пад руку Пандоры. Пранціш, не чакаючы запрашэння, з радасным прадчуваннем націснуў на маленькі падважнік у спіне лялькі. Пачуўся лёгкі шум, нібыта слізгалі па хрумсткім снезе санкі, потым нешта ўнутры васковай фігуры грукнула, Пандора рэзка прыўзняла твар, і яе вочы сустрэліся з вачыма студыёзуса. Вырвіч ледзь утрымаўся, каб не адскочыць ад д’ябальскай фігуры. Лялька паглядзела направа, налева, прычым паварочвалася не толькі галава, але і вочы таксама, а грудзі ўсхвалявана ўздымаліся. Потым варухнулася рука з алоўкам… Рыска за рыскай на аркушы пачаў узнікаць знаёмы малюнак. Пандора ўважліва ўглядалася ў яго, пакручваючы галавой, а па скуры Вырвіча мітусіліся звар’яцелыя ледзяныя мурашкі. Нешта ў тым, што адбывалася, было брыдкае, бязбожнае… Злая пародыя на жыццё.

Лёднік трымаў побач два аркушы: выявы нічым не адрозніваліся, хіба другая была больш выразная, нібыта ў абуджанай ад сну лялькі прыбавілася сілаў, і яна цяпер больш моцна націскала на аловак.

— За гэтым малюнкам абавязкова павінна нешта важнае хавацца! — сцвердзіў Вырвіч. — Нездарма ягоная мосць Пане Каханку хоча займець гэты аўтамат!

— Думаю, гэта князю іншыя ўвялі ў вушы, той жа ягоны канфідэнт Богуш, — няўважна прагаварыў Лёднік, углядаючыся ў малюнкі, нібыта яны былі двумя прорвамі, у якія ўвалілася нешта каштоўнае. — Ягонай мосці Каралю Радзівілу, на нашае шчасце, зараз не да нейкіх лялек, таму за мяне ўсур’ёз і не ўзяліся…

Лёднік скруціў аркушы ў трубку. Ягоны твар пацямнеў, зморшчына між бровамі паглыбілася.

— І тыя, каму патрэбная Пандора, не адступяцца.

Вырвіч таксама спахмурнеў.

— Спадзяюся, ты не збіраешся аддаваць сваю спадчыну?

Прафесар памаўчаў.

— Аддаваць не збіраюся. А вось забраць — могуць. Я з альбанчыкамі адзін не спраўлюся. Нават з тваёй дапамогай. Так што пакуль нікому не кажы пра тое, што механізм адрамантаваны. Можа, пакуль Богуш з кампаніяй будуць упэўненыя, што аўтамат зламаны, нічога ўтвараць не стануць? А я распараджуся, каб ляльку заўтра ж перанеслі ў маю патаемную лабараторыю.

Што азначала — у сутарэнні. Выпрасіў там Лёднік у рэктара куток дзеля рызыкоўных доследаў, у дадатак да афіцыйнай лабараторыі. Ключ ад тых апартаментаў меўся толькі ў прафесара, а бывалі туды дапушчанымі некалькі давераных вучняў, што цвёрда вырашылі стаць медыкамі, ды, вядома, Вырвіч. Праз падземны ход, які цягнуўся ажно да каралеўскіх стайняў, зручна было прыносіць трупы для доследаў. Пранціш падазраваў, што лабараторыю перыядычна абшукваюць езуіты — нельга ж дапусціць да непапраўнага блюзнерства, але Лёднік алхіміяй больш не займаўся, золата не варыў, духаў не выклікаў. А ўскрываць трупы ў еўрапейскіх універсітэтах даўно не было забароненым — наадварот, гэта рабілі ў анатамічных тэатрах, перад сотнямі вачэй, апошнім часам сталася модным прыводзіць туды тытулаваных дам, якія павісквалі на галерэі і прыгожа трацілі прытомнасць у абдоймах сваіх спадарожнікаў. Смерць пераставала быць таемствам, робячыся балаганным відовішчам. У любой кніжнай лаўцы прадаваліся падрабязныя анатамічныя атласы, у любой аптэцы Італіі, Францыі, Швейцарыі выраблялі расфарбаваныя васковыя муляжы ўскрытага цела. Але тут, у Вільні, нават загадчык кафедры мог дазволіць сабе падобныя практыкаванні толькі ў сутарэннях.

Цяпер туды адправіцца і васковая лялька.

Лёднік, які ніяк не мог змусіць сябе адарвацца ад «прэцэдэнту», корпаўся ў вантробах аўтамату так аддана, нібыта яго маглі кожнае імгненне вырваць з ягоных алхімічных рук. Вырвічу аж надакучыла. Нарэшце прафесар, задаволены, бы кот, які нарэшце дабраўся да гаспадарскай каўбасы і цішком прыгаварыў яе, стамлёна выцер спацелы лоб і абвесціў, што прынцып дзеяння ён у агульных рысах усвядоміў.

— І вось яшчэ якая дзіўнота: той механізм, які адказвае за з’яўленне малюнка — ён невялікі, з мноства драбнюткіх дэталек, — выглядае старэйшым за астатнія часткі аўтамату, падобна, яго ўбудавалі ў ляльку, зробленую значна пазней за яго. На якую халеру вялікі гетман гэты аўтамат набываў? І чаму менавіта мне адпісаў?

Лёднік пацёр мнагамудры свой лоб, стамлёны ад думання, насунуў глыбей капялюш і ледзь на развітанне не пажадаў ляльцы дабранач.

Перад тым, як выйсці з пакою, Пранціш затрымаўся, падыйшоў да Пандоры, хуценька расшпіліў на яе спіне сукенку, сунуў руку ў механізм і, пакуль не бачыў Лёднік, спрытна выкруціў тую дэтальку, якую яны з прафесарам вынайшлі, разам з нейкім шпіндзялёчкам. Так, на ўсялякі выпадак. Лялька — уласнасць прафесара, значыць, не павінна слугаваць іншым!

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. СТРАШНАЯ ТАЯМНІЦА ЛЁДНІКА

 

Чалавек, які гаворыць проста і зразумела, можа, вядома, падацца разумным і нат мудрым, як старажытны грэк Сакрат. Хаця спадар, які пакорліва прымае на палыселую галаву памыі, выплюхнутыя жоначкай з глінянай місы, — а менавіта такое здаралася з панам Сакратам, — наўрад можа назвацца мудрым. Іначай альбо міса ў яго доме была б залатая, і справу з памыямі мела прыслуга, а не гаспадыня, альбо кабета дзесяць разоў падумала б аб наступствах, якія мудры чалавек можа зарганізаваць, нат не пералічваючы крыўдзіцелю зубы.

Не, наймудры чалавек — гэта той, у каго з дзесяці словаў зразумее прасцец дай Бог каб два. І абавязкова ўся прамова перасыпана лацінай, як сала — кменам. А калі прамоўца яшчэ і выгляд мае фанабэрысты ды пагрозны, на галаве — акуратны белы парык, на плячах — аксамітную мантыю, а на грудзях паблісквае залаты доктарскі ланцуг — усё, мудрасць тут пераліваецца цераз край, і аніяк не можа змясціцца ў нетрывалыя сасуды студэнцкае свядомасці, занятай няскончанай на перапынку гульнёй у косткі. От яшчэ б раз кінуць, дакладна б Венера выпала!

— Вырвіч! Пра што я толькі што распавядаў?

Русявы студыёзус глядзеў сумленна-сумленна, аж хацелася яму адразу дыплом выдаць і каленам пад азадак накірунак з акадэміі надаць, бо дастане, падшыванец, усіх прафесароў да пячонкі, пакуль давучыцца.

Эх, сыйшоў аднойчы харобры шляхціц Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр са слаўнага шляху сармацкага рыцарства — заміж таго, каб галовы ворагам шастапёрам прабіваць, штудзіруе Платона ды Блажэннага Аўгустына, і вось вынік — трэба пасля лекцый, калі ўсе сумленныя студыёзусы расцякаюцца ўбакі ад Акадэміі, як воды Чэрмнага мора падчас бегства габрэяў з Ягіпту, валачыся ў сутарэнні да шкоднага пана Лёдніка. А між тым астрагалы — косткі для гульні — проста пякуць скрозь кішэню, так хочацца іх пусціць у справу… А цяпер, калі не ўратуе святы Франтасій, зноў давядзецца ўскрываць дыяфрагму чарговага трупа, здабытага ў турэмнай ці бальнічнай трупярні, ды пералічваць услых лацінскія назовы цягліцаў ды костак — Лёднік узяў сабе аднойчы ў галаву, што з цягам часу зможа зрабіць Вырвіча сваім пераемнікам і ў медычнай справе.

Не, як шкада, што ў Лёднікаў пакуль няма нашчадка! Баўтрамей, напэўна, замест бразготкі ў калыску пакладзе з аднаго боку мікраскоп, з другога — стэтаскоп, каб вывучаў спадчыннік прыродазнаўчыя навукі ад нараджэння.

Праўда, была адна прываба ў пакаранні — дзесьці там, сярод колбаў ды хірургічных прыстасаванняў, сядзела таямнічая Пандора, і можна, упрасіўшы прафесара альбо прычакаўшы момант, прымусіць яе ажыць…

Дзверы ў лабараторыю аказаліся расчыненымі, пасярод пакоя са скляпеністай столлю стаяў Бутрым, як верставы слуп. Васковая паненка знікла. Затое рэзрух — як пасля пераможнага паходу гунаў праз Рым. Шафы парасчыняныя, усё з паліцаў скінутае на падлогу. Колбы і прабіркі хрумсцяць пад нагамі, бы сухія косткі. Сталы і крэслы перавернутыя, паперы рассыпаныя па падлозе, быццам са столі ішоў папяровы дождж…

Той, хто гэта ўчыніў, нічога не шукаў — просто даваў знак: ведайце, вучоныя пацукі, сваё месца.

Пранціш раз’юшана вылаяўся.

— Пан Богуш, няйначай! Я выклічу яго на двубой!

— Супакойся, хлопец. Усё роўна нічога не дакажаш, — змрочна прагаварыў Лёднік. — Сам падумай — без дазволу рэктара хто б сюды прайшоў, такі вэрхал учыніў ды здаровую скрынку вынес? Я не гаварыў табе… — Лёднік трохі прамарудзіў. — Учора прафесар Папроцкі ўгаворваў мяне паказаць яму цікавую машыну, якую я вывучаю ў сваім кабінеце. Маўляў, ён у механіцы добра разбіраецца, аўтаматамі цікавіцца, пару студэнтаў кемных ёсць, могуць дапамагчы. А я адмовіўся, баюся, рэзкавата. І, магчыма, дарэмна.

Лёднік вінавата адвёў вочы.

— Ну, пашкадаваў я таямніцай дзяліцца. А каб паказаў — можа, не было б і гэтага нападу. Добра, мы паспелі ўсё ж вывучыць цікавы прэцэдэнт. І атрымалі малюнак…

Пранціш зласліва пасміхнуўся:

— Затое злодзеі яго не атрымаюць!

І паказаў Лёдніку дэталь са шпіндзялёчкам, забраную з Пандоры. Прафесар толькі галавой пакруціў і прамармытаў нешта наконт таго, што ваўка хоць з залатой лыжкі кармі, да кашы не прывучыш. Але дэталь забраў.

Вырвіч яшчэ раз азірнуўся наўкол.

— Слухай, чаму б не звярнуцца да тых паноў, што тэстамент прывозілі? Ягоная мосць Міхал Казімір дакладна ж хацеў, каб менавіта ты лялькай заняўся.

Прафесар падштурхнуў нагою павалены жалезны падсвечнік, і той загрымеў па камянях, як павалены Галіяф.

— Да каго ты зараз звернешся, калі ўсе п’яныя, як бэлі? Пане Каханку пастанавіў, што два гады будзе па бацьку хаўтуры спраўляць, вар’ят няшчасны. Цела яшчэ тут, а каля Нясвіжу ўжо цэлы горад з намётаў ладзяць шляхетныя аматары папіць-паесці надарэмшчыну. Не, абаронцаў у нас тут не знойдзецца. І Саламеі не кажы… Хвалявацца пачне. А я яе і так сёння скрыўдзіў… Яна прасіла калі не аддаць ляльку князю Радзівілу — дык хоць дапусціць да яе калегаў. А я на яе налаяўся…

Бутрым уздыхнуў, абвёў вачыма разгромленую, як маскалі на Уле, лабараторыю:

— Ну што, Вырвіч, прывядзі сюды яшчэ двух праштрафленых недавукаў, Недалужнага ды Гаравога. Хопіць вам у косткі гуляцца. Лепей папрыбірайце тут уласнымі ручкамі, яснавяльможныя паны. Лёкаяў у сваю лабараторыю ўсё роўна не дапушчу.

Небарака Недалужны толькі і сказаў на адрас прафесара:

— Каб ён аблез няроўна!

…Цікава, якія існуюць адзінкі для вымярэння злосці? Сабачы брэх, лаянка гандляркі, плявок мытара? Якімі б яны ні былі, Пранцысь па вяртанні з Акадэміі быў злосны на дзесяць лаянак, сорак пляўкоў і мех сабачага брэху. Нават улюбёная гарбузовая каша з разынкамі ды арэхамі ў горла падчас вячэры не лезла. Пандору скралі, прафесар змусіў да ганебнай мужыцкай працы, і ніякіх подзвігаў не прадбачыцца. Лёднік вунь і сам злосны сядзіць, доўгім носам над паперай водзячы, нібыта спадзяецца вынюхаць, што за месца намаляванае аўтаматам, пакрывае аркуш слупкамі лічбаў, а побач грувасцяцца стосы фаліянтаў, з якімі час ад часу нешта звярае. Другі малюнак Пандоры ляжыць на каленях пані Саламеі, але яна яго не вывучае, а, сціснуўшы тонкія пальцы, паглядае сумнымі трывожнымі вачыма то на абразы, то на мужа. Баіцца, што яе Фаўст зноў сарвецца ў містыку, забыўшыся на ўсё. І так зацяты — не падыдзі, уджаліць.

У пакоі панавала нязвычная трывожная ціша, якую парушаў толькі шоргат старонак. Нават Хвелька зашыўся ў сваім катуху і не насмельваўся паказацца гаспадарам, хаця звычайна ад ягонай балбатні выратоўваў толькі загад Лёдніка памаўчаць. Адзін Піфагор, дапушчаны ў пакой з прычыны дажджлівага надвор’я і дзівацтва гаспадароў, што нечувана песцілі свайго вартавога, віляў сабе рудым пухнатым хвастом, тыкаўся халодным носам у далоні, заглядаў у вочы ўмольна-запытальна: чаго прыціхлі, мудрыя людцы? Вас жа ніхто на ланцуг не навязвае? Вы ж можаце яшчэ кавалачак сала дзеля беднага сабачкі ахвяраваць? Падымаў настрой і палаючы камін — Лёднік настояў, каб у доме акрамя звычайнай печкі, аблямаванай мсціслаўскай зеленкаватай кафляй з анёльчыкамі, быў камін, жывы агонь, сузіранне якога спрыяе гармоніі стыхій у чалавеку.

Штопраўда, у каміне вельмі зручна паліць нязграбныя вершыкі, якімі Пранціш пачаў употай займацца, начытаўшыся Яна Вісліцкага ды куртуазных французскіх паэтаў. Кінуў скамечаную паперыну цішком у пашчу чырвонага цмока — і ўсё… Ніхто не абсмяе.

За вокнамі пачуўся грукат экіпажу, запрэжанага некалькімі коньмі. Піфагор рудым ценем шыбануў у сенцы і запоўніў іх звонкім брэхам. Экіпаж спыніўся перад домам Лёднікаў, фурман прыкрыкнуў на коняў, потым у браму застукалі.

— Ці дома пан доктар?

Зараз жа залапатаў нешта Хвэлька, які перастрэў гасцей, потым сунуўся ў пакой, папытацца гаспадароў, ці можна ўпусціць пасланца ад пацыента — багатага пацыента, як можна было меркаваць па пачцівых нотках у голасе Хвелькі.

Што ж, нечаканыя наведнікі — нават у такі позні час — у доме лекара не навіна. Колькі разоў Лёднік сярод ночы збіраў валізку і адпраўляўся ратаваць чыюсьці грэшную душу, не забыўшы памаліцца перад адыходам святому Панцеляймону-ацаляльніку, свайму старажытнаму калегу, якога ганьбілі за тое, што лячыў бясплатна і цану іншым дактарам збіваў. Піфагор сумленна адпрацоўваў свой сабачы доўг, зацята брэшучы на дзверы… А ў іх увайшоў каржакаваты дужы мужык гадоў за сорак, камечучы ў руках шапку з мярлушкі — па вопратцы слуга з багатага дому. Звычайны такі мужык, упарты, хітраваты, не надта гнуткага розуму, са светлымі невыразнымі вачыма, якія зараз глядзелі на Баўтрамея Лёдніка з насцярожанасцю і — неверагодна — нейкай насмешкай, так і мералі пана прафесара ва ўвесь немалы рост.

— Пан… Лёднік, я ад яе мосці пані Галены Агалінскай з найвялікшай просьбай.

Паклон госця быў дастаткова нізкі, але з імгненнем няветлівага прамаруджвання, што іншы, можа, і не заўважыў бы, але Пранціш, сын збяднелага дашчэнту шляхціца-шарачка, звык бараніць свой шляхецкі гонар і ў родным Падняводдзі, і ў Менскім езуіцкім калегіюме, і навучыўся прыкмячаць найменшыя праявы непавагі.

А Лёднік паводзіў сябе таксама дзіўна. Той, хто добра яго ведае, здагадаўся б, што доктар узрушаны. Ён стаяў перад госцем з ганарыста закінутай галавой, але на худых шчоках гарэлі плямы, а глыбокі нізкі голас ледзь заўважна дрыжэў.

— Чым магу дапамагчы яе мосці пані Галене?

Госць яшчэ раз акінуў ацэньваючым позіркам постаць прафесара, нібыта правяраў, як захаваўся за зіму летні вазок.

— Яе мосць разам з мужам і шваграм прыехала на хаўтуры па яснавяльможным вялікім гетмане князе Радзівіле, — патлумачыў мужык. — Пан Агалінскі з братам цяпер у палацы за хаўтурным сталом. А паніч Алесь Агалінскі, малодшы сынок, зусім расхварэўся. А ён і так кволы, ад нараджэння. Немавем чаго пойдзе ўвесь у болькі ды млее. Вось пані і паслала мяне па цябе… па вас, пан доктар.

І зноў ледзь прыхаваная насмешка, і паклон для адчэпнага… Доктар задумліва прагаварыў:

— Значыць, у тваіх гаспадароў нарадзіўся яшчэ адзін сын… Спадзяюся, роды не пашкодзілі здароўю пані. Што ж, для мяне гонар дапамагчы пані Галене.

— Пані дужа прасіла цябе… вас не марудзіць. Карэта чакае ля дому, доктар.

Госць скончыў абшарваць вачыма прафесарскі дом і кінуў позірк на пані Саламею, вядома, позірк адразу стаўся дужа зацікаўленым… Пранціш не сцярпеў, выскачыў наперад і штурхануў нахабу ў грудзі.

— Ах ты, хамуйла! Ты як са шляхціцам размаўляеш? Пасяку шабляй на салому!

Твар мужыка адразу змяніўся і набыў вінавата-ліслівы выраз, слуга бордзенька ўпаў на калені, шчыра пацалаваў руку Вырвіча, потым ягоны чаравік, пачаў прасіцца…

На плячо Пранціша лягла цяжкая рука Лёдніка, той прагаварыў глуха, як быццам яму балела.

— Не дакарай гэтага чалавека, пан Вырвіч. Не так лёгка кланяцца таму, каго цэлы год лупіў бізуном. Праўда, Базыль?

Невыразныя светлыя вочы мужыка зіркнулі спадылба на прафесара.

— Што ягоная мосць Цыпрыян Агалінскі, мой пан, мне загадваў, тое я і рабіў.

Вось яно як! Пранціш сустрэўся позіркам з Саламеяй. У той задрыжэлі вусны. Што ж, мінулае даганяе нават тых, хто ўзрывае за сабой паветраныя замкі. Да таго, як патрапіць у рукі Пранціша, знаны алхімік Лёднік стаў уласнасцю пана Агалінскага, свайго крэдытора, з якім не змог расплаціцца. Пра тое, што было з Лёднікам у маёнтку Агалінскіх, той ніколі не расказваў, і ўвогуле тэмы не любіў. Але ясна, што папеклаваўся там сённяшні прафесар парадкам. Сам пан Цыпрыян Агалінскі, які прадаў Лёдніка па дарозе на Валожын першаму стрэчнаму, выкінуўшы з карэты проста ў брудную лужыну і параіўшы выхоўваць яго калацінай, сімпатый у Пранціша, тадышняга шкаляра, не выклікаў. Таўсманы, злосны, чырванаморды… Стан ціхага адчаю, у якім тады знаходзіўся Лёднік, і шнары на ягоным целе таксама сведчылі шмат пра што. Вось і тлумачэнне… Калі ў Пранцішы, нягледзячы на маладыя гады, Базыль без ваганняў прызнаў вышэйшага за сябе, вяльможнага пана, то доктару і цяпер не супраць быў бы па-свойску пералічыць рэбры.

Вогнікі скакалі ў каміне, нібыта гледачы ў балагане радаваліся незвычайнаму спектаклю, у якім нехта з герояў павінен памерці гвалтоўнай і ганебнай смерцю.

— Ідзі, Базыль, да карэты, і чакай мяне. Я зараз збяруся, — прагаварыў Лёднік сваім звычайным фанабэрыстым тонам і імкліва пайшоў у кабінет. Пранціш дагнаў яго, затрымаў за рукаў:

— Бутрым, што з табой? Няўжо паслухмяна пойдзеш слугаваць тым, хто цябе ў раба ператварыў?

Піфагор прыхінуўся рудым бокам да Пранцішавай нагі, патрабуючы, каб пагладзілі — знайшоў час, дурная жывёлінка.

— Там пакутуе маленькі хлопчык… — ціха прагаварыла Саламея. — Усё іншае — лухта…

Лёднік з удзячнасцю пацалаваў жонку ў шчаку.

— Дзякую, дарагая… І яшчэ… Я вам не расказваў, — голас прафесара стаў зусім ціхі. — Пані Галена мне жыццё выратавала. Каб не яна — наўрад я дацягнуў бы да спаткання з панам Вырвічам.

І зайшоў у кабінет, застукаў там інструментамі і бутэлечкамі, збіраючы свой прафесійны сакваяж. Потым пачуліся словы малітвы. Саламея наблізілася да Пранціша:

— Пан Вырвіч, калі ласка… Я баюся адпускаць яго аднаго… Не маглі б вы?..

Пранцішу не трэба былі нічога тлумачыць і прасіць. Ён моўчкі ўздзеў шапку і ўзяў шаблю з выгравіраваным на дзяржальне гербам «Гіпацэнтаўр». Цяпер Вырвіч — не якісьці шкаляр, ён і сябе абароніць, і свайго настаўніка! Хоча той ці не…

Рэдкія ліхтары ператваралі мокрую брукаванку ў засланы месяцовым дываном казачны шлях, камяніцы застылі, нібыта зачараваныя волаты, з гары Гэдыміна спаўзаў прывідны туман. Пранціш сядзеў у карэце насупраць доктара, апранутага ў нямецкі строй, глядзеў на ягоны профіль — бо прафесар моўчкі ўтаропіўся ў вакно — і здагадваўся, што за вар’яцкая карусель з невясёлых успамінаў зараз творыцца ў прафесарскай галаве. Хоць ты зноў ідзі за Крыжовую гару на магілу Кашпара Бекеша, які загадаў напісаць на помніку, што ні ў ва што не верыць. Пры сузіранні гэтай магілы Лёдніка заўсёды прабівала на натхнёную лекцыю пра вечную надзею і выратавальны шлях душы праз пакуты.

Маўчанне, што назапасілася ў карэце за ўвесь час падарожжа, было такім густым, што прымусіла б знямець цэлы сойм. Колы пагруквалі і парыпвалі, нібыта скардзіліся на холад, восень і дождж…

Дом, дзе спыніліся Агалінскія, не быў надта шыкоўным — шляхта, што панаехала з Княства ды Каралеўства, пазаймала ўсе прыстойныя будынкі, так што каму ўжо які дастаўся. Святло ліхтара адбівалася на мокрай чарапіцы даху. Можна было разгледзець толькі ганак з двумя драўлянымі калонамі і вокны з сапраўднага шкла, за якімі свяціліся цьмяныя агеньчыкі свечак. Адзін з агеньчыкаў плыў у бок дзвярэй — гасцей чакалі…

— Сюды, пан доктар! — прыслуга ў белым каптуры і белым фартушку, якой ні была б устрывожанай, кінула прагна-цікаўны пагляд на Лёдніка. Вырвіч зразумеў, што таксама бачыла яго ў іншым становішчы.

У вітальні доктар сурова запатрабаваў вады — вымыць рукі перад тым, як ісці да пацыента, потым акуратна выцер чыстым ільняным рушніком кожны палец асобна, вільготны рушнік няўважна кінуў на рукі прыслузе… За ягонымі дзеяннямі назіралі, як за чорнамагічным рытуалам, пасля якога ва ўсіх рогі вырастуць. Ну і рэпутацыя тут у алхіміка была! Пасля візітаў асоб з такой рэпутацыяй ліхаманкава шукаюць у хаце падкінуты «расскепены жолуд» альбо завязаную вузлом анучку. Прафесар пагардліва падціснуў вусны, закінуў галаву і рушыў наперад, шабля паблісквала пры ягоным левым баку. Вырвіч таксама прыняў самы свой фанабэрысты выгляд і дэманстратыўна паклаў руку на дзяржальна шаблі, увесь такі слічны ды палітычны, гатовы ўвобмірг пакараць за найменшую непачцівасць.

Пакояў аказалася нечакана шмат, лямпа ў руках прыслугі плыла па цёмным калідоры, як нечая светлая душа, якая са шкадобы вырашыла праводзіць неафіта праз падземнае царства. Адчувалася, што дом здымны — праз расчыненыя дзверы пакояў бачылася, што мэблі малавата, партрэтаў дык зусім няма, акрамя тоўстай фізіяноміі Аўгуста Саса ў залачанай рамцы. Але, падобна, цяперашнія гаспадары прывезлі з сабою тое-сёе для ўтульнасці — там стаялі шырмы кітайскага шоўку, тут пабліскваў на століку срэбны сервіз… Нарэшце расчыніліся апошнія дзверы, і перад гасцямі апынулася гаспадыня.

Вядома, да пані Саламеі ёй было далёка. Ніхто б не змог прыняць гэтую кабету за Сільфіду незямной гожасці — а Саламеі аднойчы давялося выконваць гэткую ролю. Але ж Саламея Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, была адзінай і непаўторнай… Кабета, якая сустрэла начных гасцей, таксама па любых зямных мерках была гожай. Стройная пастава, ганарыстая пасадка галавы, вялікія светлыя вочы, нос тонкі, з гарбінкай, рот, можа, трохі велікаваты, з нервовай складкай, русявыя неслухмяныя валасы зачасаныя ў высокую прычоску, і асобныя лёгкія пасмачкі выбіваюцца, быццам лёгкі дымок. Светлыя вочы глядзелі на Лёдніка з незвычайным напружаннем, нібыта на далёкі ветразь доўгачаканага карабля: якога ён колеру, жалобы альбо надзеі?

— Прывітанне, Бутрым!

Лёднік зняў капялюш, адвесіў цырымонны паклон і пацалаваў руку кабеты.

— Мае шчырыя прывітанні яе мосьці пані Агалінскай… Давольце прадставіць — ягоная мосць пан Прантасій Вырвіч з Падняводдзя, мой высакародны сябар.

Пранціш адвесіў паклон не горшы, чым Лёднік і таксама прыклаўся да ручкі гаспадыні. Але тая глядзела толькі на доктара. Яны нібыта вялі бязмоўную размову пра нешта сумнае, горкая ўсмешка пакрывіла вусны доктара, а вочы пані блішчэлі ад непралітых слёзаў.

— Як я рада, што ў цябе ўсё добра, Бутрым, — ціха прагаварыла жанчына. — Ты заслужыў гэта.

— Усё ў волі Госпада, ён дае, ён і забірае паводле грахоў нашых, — нягучна адказаў доктар. — А як вы, пані?

— Паводле грахоў маіх, — сумна ўсміхнулася Агалінская. — На шчасце, муж у радзівілаўскім палацы, днюе і начуе… Ён бы не дазволіў цябе запрасіць. Старэйшы сын Андрусь, ты яго памятаеш, у Варшаўскім шляхецкім корпусе. І я адмыслова паехала ў Вільню… Дзеля Алесіка… Калі ты яму не дапаможаш, то хто?

Пані правяла Лёдніка за шырму, якой быў адгароджаны кут пакоя, паставіла на столік лямпу. У ложку спаў дзіцёнак гадоў трох. Худзенькі, чарнавалосы… Святло ад лямпы пабудзіла яго, і на гасцей зірнулі цёмныя вочы, бліскучыя ад ліхаманкі…

Агаломшаны Лёднік моўчкі глядзеў на дзіцёнка, потым перавёў позірк на пані, тая, пацвярджаючы ягоную здагадку, прыкрыла павекі, лёгка ўсміхнулася… Доктар палка пацалаваў яе руку і зноў утаропіўся на хлопчыка, як на нечуваны цуд, мімаволі ўсміхаючыся. Пранціш, раззявіўшы рот, таксама глядзеў на цемнавокага малечу, які наглядаў за прыхаднямі не па-дзіцячы сурова, такім дужа знаёмым пільным позіркам… Нарэшце студыёзус не вытрымаў і выгукнуў:

— Ну, доктар, ну, пройда!

Пані пачырванела, а Лёднік як не чуў. Прысеў на край ложка, пагладзіў руку пацыента:

— Вітаю юнага пана!

— Ты хто? — голас дзіцёнка быў трохі асіплым, але ўжо цяпер уладным, а ў вачах не заўважалася страху.

— Я — доктар, ваша пані маці папрасіла мяне палячыць вас. Што ў пана Алеся баліць?

Пані са светлай усмешкай назірала, як Лёднік важдаецца з малодшым Агалінскім. Аглядае, выслухоўвае, задае пытанні… Хлопчык стараўся трымацца мужна, як яго вучылі, як належыць шляхціцу, — але ад горкіх лекаў небараку ледзь не заванітавала…

— Калі пан вып’е гэтую мікстуру, ён абавязкова паправіцца, а тады я запрашу васпана ў госці ў акадэмію. Там ёсць вялізная труба, праз якую бачныя зоркі — блізка-блізка, і можна паглядзець, што робіцца на месяцы! Пан хоча паглядзець на зоркі? — сур’ёзна пытаўся Лёднік.

— Хацу! А іх мозна з неба зняць?

Пранціша ў гэтай сітуацыі больш непакоіла, што скажа пані Саламея, калі даведаецца пра гэткае матэрыяльнае ўвасабленне змрочнага мінулага свайго мужа. І, што яшчэ больш важна, ці не прыб’е доктара пан Агалінскі, які, падобна, мае на гэта законнае права. Няўжо нат не здагадваецца, у каго ўрадзіўся ягоны цемнавалосы сын? Ці не былі ў пана падставы пазбавіцца ад алхіміка ў сваім доме яшчэ больш важкія, чым злосць на непакорства ды боязь атруты?

Лёднік гушкаў хлопчыка на руках, нешта шаптаў на вушка — і быў такі шчаслівы, якім Пранціш ні разу яго не бачыў.

Але скрадзенае шчасце доўгім не бывае. Калі хворы задрамаў, доктар уклаў яго ў ложак асцярожна, як крышталёвага, накрыў коўдрачкай…

— У яго алергія… Гэта… прыроджанае. Некаторых рэчываў ягоны арганізм не пераносіць. Лекі пакіну, і яшчэ зраблю… Адвары — піць, мазі — змазваць высыпанні, калі з’явяцца. Але галоўнае — дам спіс, ад чаго яму можа стаць кепска. Пазбягаць пэўнае ежы, пахаў… Ён гэта перарасце. Гадоў у адзінаццаць, думаю.

Пранціш успомніў, што ў Лёдніка ў маленстве таксама была такая хвароба — бацька-гарбар не мог яго прыладзіць да спадчыннага рамяства, бо сын ад паху сырых скураў пакрываўся болькамі ды млеў.

— Я магу яшчэ яго пабачыць? — прашаптаў Лёднік. Пані нахіліла галаву, светлыя пасмачкі, што выбіліся з фрызуры, ускалыхнуліся.

— Не ведаю… Хіба што мужу будзе не да нас — ты чуў, у Вільню нават Багінскія прыехалі, хочуць месца ваяводы для пана Міхала. Той пакінуў расейскую імператрыцу дзеля такога выпадку. Пакуль невядома, чый бок зойме муж — Багінскія зараз шляхту перакупаюць. Але ясна, што чакаецца валтузня.

— Прышлеце па мяне, як толькі атрымаецца… Ці да мяне хлопчыка прывязіце. За ім трэба назіраць. І для вас я таксама лекаў перадам. Мне падаецца, што вы зусім запусцілі сваю хваробу. Памятаеце мае рэкамендацыі?

Лёднік нешта тлумачыў наконт зёлак, дыеты і шпацыраў, а Вырвічу ажно дух заняло ад звесткі, што Багінскія тут! А раптам і панна Паланэя прыехала? Там, у Варшаве, яна яшчэ больш увязалася ў палітыку, якіх толькі інтрыг юнай прыгажуні не прыпісвалі. Пранцішу, зразумела, кроілі сэрца асобныя чуткі… Але вось ён, шанец — калі паненка тут, ці не спатрэбіцца ёй, як калісьці, адважны і спрытны рыцар, здольны выканаць любое, самае складанае, даручэнне?

На развітанне пані Агалінская папыталася:

— Твая жонка прыгожая, Бутрым?

— Прыгожая, — адказаў былы слуга.

— Ты яе кахаеш?

— Вельмі.

Пані памаўчала.

— Дай Бог вам шчасця.

— І вам таксама, мая пані… І вам таксама…

Базыль праводзіў гасцей да карэты, падсвечваючы ліхтаром. Калі пад колы зноў лягла брукаванка Старога Места, Пранціш з’едліва папытаўся-сцвердзіў:

— Пані Саламеі нічога не казаць?

Прафесар ускінуў галаву:

— Чаму ж не казаць? Я сам ёй скажу. Думаю, яна зразумее…

— А нехта збіраўся мяне ў карцэр садзіць за бязвінныя заляцанні да звычайнай дзеўкі… — не прамінуў папікнуць студыёзус, які ўсё яшчэ кіпеў ад абурэння. Вядома, пералюбствам грашылі многія, пры варшаўскім двары дык увогуле непрыстойным лічылася не мець афіцыйных палюбоўнікаў. Падчас баляў на плошчы перад палацам стаялі карэты, у якіх можна было адасобіцца са сваімі амаратамі ад цікаўнікаў. У вёсках пад Нясвіжам шмат у якіх сем’ях гадаваліся нашчадкі князёў Радзівілаў, дзеля іх часам выплочвалася невялікая пенсія. Але доктар, які спавядаў самаабмежаванне і дысцыпліну і пагарджаў разбэшчанымі багацеямі, не меў у вачах студыёзуса права на распусту! Да таго ж, адна справа — куртуазныя інтрыгі між арыстакратамі, ці калі высакародны пан звяртае ўвагу на прывабную сяляначку і карыстаецца правам першае ночы… І другое — калі слуга, халоп — у ложку сваёй замужняй гаспадыні! Разбаўляе сваёй мужыцкай крывёю кроў рыцарскага роду! Няхай Лёдніку надалі шляхецкае званне, па нараджэнні ж ён — ніхто, звычайны мяшчук… Не так кепска доктару ў Агалінскіх жылося, аднак… Займеў свайго шчасця… Агіда адбілася на твары Пранціша. Лёднік панурыўся.

— Не спрабую адмаўляць — я грэшнік. Акаянны грэшнік. Але яна… Пані Галена… Не, гэта быў не капрыз і не юр, Вырвіч. Не прыхамаць арыстакраткі і не помста слугі — табе ж такое прыйшло ў галаву, так?

— А што ж гэта было?

Колы пагруквалі па мокрых камянях, як быццам перамолвалі хвіліны, няўмольна і рупна.

Лёднік закінуў уверх худы твар, заплюшчыў вочы. У цьмяным святле ліхтара ён здаваўся часткай гатычных барэльефаў старажытнага храма.

— Што гэта было… Не думаў, што буду каму-небудзь пра гэта расказваць… Неяк у нас з вамі, пан Вырвіч, карэты заміж спавядальні…

Пранціш хмыкнуў, успомніўшы, як калісьці яны ехалі ў турэмнай карэце — Лёдніка заграблі ў карчме з-за таго, што ён нібыта займаўся там вядзьмарствам, і раскаяны алхімік распавядаў па дарозе, як давёў сябе да халопскага стану, распрадаўшы маёмасць, каб рабіць доследы па здабыцці філасофскага каменю. Што ж, няхай спавядаецца ізноў — не ўсё ж студэнтаў бедных мучыць.

— Я кепска памятаю, як мне абвесцілі вырак суда і прывезлі ў маёнтак Агалінскіх… — ціха гаварыў алхімік, гледзячы ў падлогу. — Калі па мяне прыйшлі ў мой закладзены дом, выламаўшы дзверы, я якраз заканчваў выпарваць адну цікавую субстанцыю… А потым — потым туман. Адно я вырашыў, што Божае пакаранне трэба трываць годна. Няхай церпіць цела — варта паспрабаваць выратаваць душу. Ніякай алхіміі, астралогіі, доследаў над бесцялеснымі субстанцыямі! Нават дэкумбітуры хворага больш вылічваць не стану… Так, пераламала мяне тады ўнутры добра.

Напачатку пан Агалінскі быў са мной нават ветлівы — дагэтуль мы ж не раз сядзелі за адным сталом, ён любіў паслухаць мае «вучоныя размовы»… А займець уласнага дыпламаванага доктара — гэта ж лепей, чым пародзістага ганчака! Мне адвялі пакойчык, я абсталяваў невялікую лабараторыю, пацягнуліся пацыенты — слугі, дваровыя людзі… У паніча Андруся Агалінскага — руды такі хлопчык, вясёлы, непаседлівы — акрым драпінаў ды сінякоў, надарылася пнеўманія, надумаўся быў стронгу рукамі лавіць у суседняй рачулцы, імклівай і халоднай, як лёд. Вылечыў… Давялося падбіраць зёлкі і пані Галене, яна пакутуе на сардэчную хваробу. І не было таго, што ты падумаў, блазнюк. Я даваў клятву Гіпакрата. Я ніколі не дазволю сабе падысці да ложка хворай з пажадлівымі намерамі. І пані Агалінская проста была паважлівай са мной… Шчыра кажучы, я яшчэ й раздражняўся страшэнна ад яе спачування — нізавошта не хацеў, каб мяне шкадавалі. Няхай лепей баяцца, ненавідзяць, пагарджаюць… Толькі не шкадоба.

А потым пан Агалінскі загадаў мне скласці гараскоп — збіраўся на сеймік, хацеў даведацца, якіх мітрэнгаў чакаць. А я адмовіўся. Хаця раней распісваў яму па табліцах Эфемерыдаў хоць бы і шлях у прыбіральню. І тады пан сказаў, што час мне з’ясаваць, хто я такі ёсць.

І выпісаў мне першую цыдулку да Базыля…

Не, Базыль — не просты кат, мужыкоў караў іншы чалавек. А на гэтага быў ускладзены абавязак сачыць за паводзінамі ў панскім доме — лёкаяў, пакаёвак, фурманаў, кухараў… Калі хто праштрафліваўся — пан пісаў на паперцы лічбу і адпраўляў віноўнага з ёю на стайню, дзе быў асаблівы закуток — там можна было зручненька раскласці чалавека і ўсыпаць яму столькі бізуноў, колькі напісана на паперцы.

Калі чарга дайшла да мяне, уся прыслуга была шчаслівая — яны ж дагэтуль не маглі зразумець, як да мяне ставіцца: нібыта пан, нібыта строгі… А сам такі ж, як яны.

І пайшло кола ўпоперак каляіны… Кожную раніцу я падаваў пану Агалінскаму ягоныя лекі для лепшага стрававання — ён пераядаў тлустага. Пан патрабаваў гараскоп, я адмаўляў, атрымліваў цыдулку, ішоў на стайню, і Базыль меў клопат выдаць мне тое, што прапісаў пан. Стараўся напачатку аж надта: а вось табе, выскачка ў пудраным парыку…

Хутка гэта ператварылася ў нейкі турнір: людзі гадалі, што здарыцца найперш, пану надакучыць мяне перавыхоўваць, ці я зламаюся? Агалінскі раз’юшваўся ўсё болей і болей — ясная рэч, не звык сустракаць супраціву ад ніжэйшых. Некалькі разоў, пад п’яную руку, зрываўся і лупіў мяне ўласнаручна чым патрапіцца. На шчасце, часам ён з’язджаў, і я мог трохі залячыць спіну. Выручала і доктарскае майстэрства — я таму-сяму сур’ёзна дапамог, і мне пачалі спачуваць. Аднойчы пабудзіў Базыль — у ягонай дачкі быў прыступ крупа, дзяўчынка задыхалася, мне ледзь удалося яе выратаваць. Пасля гэтага рука Базыля стала лягчэйшай, ён пачаў кожны раз угаворваць мяне перастаць злаваць пана — ілбом мур не праб’еш, доктар, ну што табе варта намаляваць тыя прадказанні? Небарака шчыра не разумеў, навошта я ўтвараю сабе такія пакуты.

Часам мяне садзілі ў халодную — нешта падобнае на наш універсітэцкі карцэр. Здараліся проста камічныя выпадкі — да пана прыязджаюць важныя госці, не хапае партнёра для гульні ў віст, мяне выцягваюць з халоднай, апранаюць кашулю з карункамі, камзол, парык, і я цэлы вечар вяду дасціпную свецкую гаворку і гуляю ў карты… Пакуль усе не напіваюцца. Тады я зноў скідаю ўсё панскае і вяртаюся ў халодную. Карацей, не жыццё, а лонданскі Бедлам, прытулак для вар’ятаў. Ну а ў пані Галены самой жыццё не салодкае. Гэты боўдзіла, ейны муж, з ёй таксама рукі распускаў. Праўда, і пані не рахманая авечка, але куды ёй падзецца? Я, як мог, абараняў яе — тлумачыў Агалінскаму, што жонка хворая на сэрца, што ёй патрэбны спакой. Яна была мне ўдзячная, і за гэта, і што вылечыў сына, і што ёй ёсць з кім перамовіцца пра французскія раманы, да якіх пані вялікая ахвотніца…

Заступалася і яна за мяне, вядома. Намаўляла прыкласці нейкія намаганні, каб выкупіцца — але я не хацеў ні да каго звяртацца. Хоць, можа, які аднакурснік па Празе ці Лейпцыгу адгукнуўся б. Пані нават, не папярэдзіўшы, спрабавала таемна прадаць дзеля майго выкупу свае дыяментавыя завушніцы, але волі ў яе не нашмат больш, чым у слугі. Ліхвяр даклаў пану Агалінскаму пра свавольства жонкі — пабаяўся звадзіцца з пагрозным суседам. Была гнюсная сцэна, пані Галена, вядома, не прызналася, дзеля чаго ёй патрэбныя грошы, нешта выдумала… І ў маёнтку стала яшчэ горш. Бо Агалінскаму ўвялі ў вушы, што я — знаўца атрутаў і чорнай магіі, і магу яму адпомсціць. Чым больш ён мяне мучыў, тым больш мяне баяўся. І вось аднойчы, на пачатку красавіка, пан асабліва ўзлаваўся і загадаў кінуць неслухмянага раба ў халодную нанач. А якраз былі замаразкі, у маёй вязніцы снег не раставаў. І да раніцы я б не дажыў — у адных нагавіцах, збіты на горкі яблык… Пані Галена прыйшла да мяне, выкраўшы ключ. Аддала сваё футра… Вось тады і здарылася між намі… Грэх? Так, грэх. Можа быць, таму Гасподзь і не дае мне спадчынніка ад законнай жонкі. Можа быць… Але тае начы я ніколі не забудуся. Я раптам паверыў, што варта жыць і не здавацца. Вось і ўся гісторыя…

Пранціш перавёў дыханне… Што тут скажаш — лёсы чалавечыя не прастуюць, як гасцінцы. І адзінае выйсце тут — маўчанне. Лёднік ніколі не зможа забраць сабе свайго сына, пані Галена ніколі не выцісне з сэрца Лёдніка чароўную Саламею, а маленькага паніча чакае самая сумная прышласць, калі распаўсюдзяцца чуткі, што ён байструк. Ну а што чакае ў такім выпадку пані Галену… Усе праблемы са з’яўленнем і знікненнем васковай Пандоры бляклі перад простымі і жорсткімі чалавечымі стасункамі.

Але прафесар глядзеў на цьмяныя водбліскі на брукаванцы, і мімаволі ўсміхаўся — і Вырвіч ведаў, што ён успамінае маленькага чарнавалосага хлопчыка, які зараз салодка спіць у ложку за кітайскай шырмай.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ. ЯК ПРАНЦІШ ПАЗНАЁМІЎСЯ З ДОКТАРАМ ДЗІ І СУСТРЭЎСЯ З ПАЛАНЭЯЙ

 

Людзі вельмі любяць прыдумляць казкі пра вялікае і застрашлівае: цмокаў, волатаў, рыбаў Рэмораў ды ільдзяных Грымтурсаў, праваленыя пад зямлю ці на дно возера храмы альбо цэлыя гарады… А дробнасцяў, мізэрных сутнасцяў заўважаць не хочуць — хаця яны, можа, болей значныя ды небяспечныя для чалавечага існавання, чым волаты ды цмокі, якіх сумленны рыцар з дапамогай арханёла Міхаіла ды Прасвятой Багародзіцы з аднаго ўдару можа заваліць. Ёсць, праўда, малюпасенькія альраўны, якія жывуць у карэннях мандрагоры, але ж і тыя прымаюць абліччы вялізных застрашлівых пачвараў, іначай хто ж іх спалохаецца. А ў кожнай кропельцы вады схаваны цэлы сусвет — нездарма доктар Антоні ван Левенгук, які вынайшаў мікраскоп, ледзь не самлеў ад узрушэння, калі тую кроплю пабачыў у павелічэнні. Цэлы заапарк дзіўных істотаў — анімалькуляў — мітусіўся перад вачыма! А для чалавека мудрага і самае вялікае, і самае малое збудавана па адным узоры.

Доктар Лёднік прыпаў да акуляра нямецкага мікраскопа, але вывучаў ён не інфузорыі, а жалезны шпіндзялёчак, падобны да бліскучай кузуркі — той, што спрытны студыёзус Пранціш Вырвіч выкруціў з нутра лялькі-аўтамата. Студыёзус быў тут жа — разваліўся на канапе і рабіў выгляд, што рыхтуецца да заняткаў па рыторыцы. Але таўсценны том з прыкладамі красамоўства ўсіх часоў ды народаў валяўся карэньчыкам уверх, разгорнуты на выпадковым месцы. Якая рыторыка, пасля таго, як Лёднік цэлую гадзіну зацята ганяў свайго персанальнага вучня на занятках фехтаваннем, ледзь не па сценках скачучы… Пранціш здагадваўся, што гэткі шалёны рытм атрымаўся, бо доктару трэба было скінуць нервовае напружанне — ён заўсёды казаў, што найлепшы для гэтага сродак — фізічныя практыкаванні. Але ж доктар жалезны — вунь Пранціш, малады, ляжыць, а гэты вымыўся, пераапрануўся — ды за працу. Сядзіць вунь, спакойны такі, дэтальку пінцэтам паварочвае… А які ўжо спакой, калі вось-вось з Акадэміі выпруць — высокапастаўлены апякун памёр, у атачэнні ягонага спадчынніка поўна ворагаў ды зайздроснікаў, у рэктараце некаторыя даўно жыўцом бы блюзнера-доктара зжэрлі. Тут не да паблажлівасці — краіна на мяжы вайны. На расейскі трон села імператрыца Кацярына, былая прынцэса Сафія Ангальт — Цэрбская. Асоба амбітная, якая захоча і ліцвінскія землі кантраляваць. Падстава ёсць: тут жывуць адзінаверцы, якіх пераследуюць за праваслаўную веру. У правах абмяжоўваюць, храмы зачыняюць, гвалтам прымушаюць пераходзіць у вунію… Як не заступіцца? А каб заступіцца — ясна, трэба войскі ўводзіць. Таму на праваслаўных у Кароне глядзяць, як на патэнцыйных здрайцаў. Вось, братчыкаў са Свята-Духава манастыра зноў камянямі закідалі, і хто? Старшакурснікі роднай Віленскай акадэміі… Пранціш увязаўся быў з адным ваяром супраць схізматыкаў у бойку, за што зноў атрымаў спагнанне ад начальства… І Вырвіч зусім не быў пэўны, што ўдасца завершыць адукацыю ў гэтых мурах. А калі разгарацца ваенныя дзеянні, на якім баку давядзецца ваяваць — зноў невядома… Бо вось-вось і карона польская пачне разыгрывацца, як стопка талераў у косткі. Аўгуст Сас на ладан дыхае, сядзіць бязвылазна ў сваіх пакоях ды папяровых чалавечкаў выразае. З папяровымі, ясная рэч, лягчэй справіцца. Князь Міхал Багінскі цягаецца са сваім сябрам-супернікам Станіславам Панятоўскім за ўвагу расейскай імператрыцы — і за магчымасць у будучым стаць каралём. Радзівілы на сябе пышны кілім улады цягнуць… А што будзе з пасадай ваяводы віленскага — страшна ўявіць, бо Міхал Багінскі ў мінулым годзе ажаніўся з уплывовай пані, удавой канцлера надворнага Чартарыйскага Аляксандрай Чартарыйскай з Вішнявецкіх, скарыўшы сэрца пані ігрой на кларнеце ды флейце. А пані Аляксандра — асоба ў палітыцы спрактыкаваная. Аб’яднаўшыся са шматлікімі сёстрамі пана Міхала, стварыла цэлую палітычную ложу… Але ж і за Радзівіламі сіла! Праўда, з жонкай Пане Каханку не пашанцавала — асоба легкадумная, за мужам ні на поле бойкі, ні ў высылку не паедзе, затое ўлюбёная сястра Тэафілія здатная і на двубой, не горш Паланэі Багінскай. І каму справа ў гэтых мітрэнгах да нейкай лялькі?

— Не, толькі не гэта! — роспачны выкрык Лёдніка змусіў шкаляра ўздрыгнуць, хрэстаматыя па рыторыцы паляцела на падлогу, а пані Саламея ледзь не выпусціла паднос з кубкамі кавы, якія несла для стамлёных жняцоў разумовай нівы.

— Навошта я толькі паддаўся цікаўнасці… Зноў — на тыя ж граблі!.. Не хачу мець нічога агульнага з падобным! — раз’юшаны прафесар мераў нервовымі крокамі кабінет. — Я столькі прыклаў намаганняў, каб адкараскацца ад усялякай магічнай амарокі, такую цану заплаціў — і вось!

— Ды што такое, Бутрым? Што ты там знайшоў? — пані Саламея паставіла паднос з кубкамі на стол і зазірнула ў мікраскоп. Паціснула плячыма… Яе зараз жа адсунуў ад акуляра Вырвіч. На дэтальцы бачыліся мікраскапічныя літары «VOO».

Саламея і Пранціш неўразумела перазірнуліся і паглядзелі на знерваванага прафесара.

— І што гэта значыць? — папытаўся Вырвіч. — Ты трох літараў спалохаўся?

Лёднік злосна спыніўся.

— Што значыць? Што нячыстая сіла зноў спрабуе спіхнуць мяне ў тую дрыгву, адкуль я ледзве вылез! Гэта подпіс доктара Дзі!

Здзіўленае маўчанне слухачоў прафесара так расчаравала, што ён ледзь затрымаў крыўдныя словы.

Саламея падыйшла, паклала рукі на плечы знерваванаму мужу.

— Не злуйся, а растлумач! Ты з узростам робішся ўсё больш нецярплівы — табе здаецца, тое, што ты ведаеш, уцямна ўсім. Дарагі, нават арэхаў двух аднолькавых няма, а не тое што розумаў. Errare humanum est (Чалавеку ўласціва памыляцца).

Лёднік адвёў вочы, глыбока ўздыхнуў, па сваёй жа методыцы супакаення, якой вучыў Пранціша.

— Гэта той самы доктар Дзі, астролаг і алхімік, пасля прачытання трактату якога па электыўнай астралогіі «Іерагліфічная манада» я зусім з глузду з’ехаў, дакладней, даў нырца ў эзатэрычныя навукі… Дзі жыў у Англіі ў часы каралевы Лізаветы. Яшчэ студэнтам Кэмбрыджу ён зрабіў механічнага скарабея і выпусціў на сцэну студэнцкага тэатра. Народ, уцякаючы, у дзвярах падушыўся, Дзі з універсітэту выперлі. Ён вынайшаў шмат чаго іншага… Навігацыйныя прыборы, тэлескоп, бінокль, разлічыў, дзе мусіць быць Грынвіцкі мерыдыян… Шмат эксперыментаваў з крышталямі і люстэркамі… І гэта было б усё добра — каб не эксперыменты з духамі. Звязаўся з прайдзісветам і фальшываманетчыкам Эдвардам Келі, які прапанаваў доктару заняцца зносінамі з іншым светам, а ён, Келі, станецца пасрэднікам між Дзі і «анёламі». Ну і заняліся… Калі верыць самому Дзі, духі зляталіся да яго, як мухі на мёд. Асабліва прапісаўся пры ім нейкі Урыель. Які не толькі паказваў доктару ў адмысловым люстэрку карцінкі будучыні, але і вучыў мове, на якой размаўляюць анёлы. Можаце сабе ўявіць, я чытаў гэтыя трактаты на «янохскай мове», спрабаваў яе засвоіць… Прабач, Госпадзе…

Лёднік перахрысціўся і нарэшце сеў.

— А чаму ты вырашыў, што Пандору зрабіў доктар Дзі? — не зразумеў Пранціш.

— Таму што ён падпісваўся так — Voo. Ніхто не ведае, чаму. Я так думаю, доктару належыць толькі «сэрцавіна» аўтамата. Я заўважыў мікраскапічныя сляды попелу на дэтальцы — можна ўявіць, што калісьці падобную ляльку — не ведаю, у выглядзе каго яна была зробленая, можа, самога доктара Дзі альбо таго Урыеля — кінулі, як д’ябальскае стварэнне, у агонь. А потым нехта забраў, што ацалела ад агню, перахаваў… І ўжо ў наш час аўтамат аднавілі. І ён зноў малюе тое, што заклаў стваральнік. А калі ведаць ягоную асобу, то робіцца зразумелым, што таямніца можа быць дужа каштоўнай. Вядома, у скляпенні, намаляваным Пандорай, доктар Дзі мог займацца любошчамі з прыгожай дзеўкай, таму гэты пейзаж і захацеў увекавечыць. Там можа быць магіла ягонага сябра, ці месца для зносінаў з духамі… А можа хавацца адно з вынаходніцтваў Дзі.

— Тое люстэрка, што паказвала будучыню? — аж захлынуўся ад захаплення Пранціш.

— Тое люстэрка захоўваецца ў графаў Пітэрбора і ўяўляе з сябе добра адпаліраваны кавалак чорнага вугалю ў круглай аправе, з ручкай са слановай косткі, — скептычна патлумачыў Лёднік. — Ляжыць пад шклом, як рэдкасць, расказваюць пра яго цікаўным гасцям усялякія дзівосы, а духаў, ясная рэч, ніхто не бачыць. Каму ахвота вярэдзіць нячыстую сілу з-за дурной цікаўнасці. Мелася ў доктара яшчэ люстраная камера — для тых жа сустрэч з духамі, і я дакладна ведаю пару балаганаў у Еўропе, дзе падобныя камеры выкарыстоўваюць на кожным прадстаўленні. Быў пярсцёнак з берылам, які выклікаў відзежы… Дарэчы, яго, і яшчэ тое-сёе доктару нібыта прывезлі аж з Амерыкі, як свяшчэнныя прадметы ацтэкаў. А вось што асабіста мяне зацікавіла…

Лёднік палез у шафу з кнігамі, пакорпаўся, перакладаючы з месца на месца таміны, нарэшце выпараў маленькі томік ін-кварта з залатым абрэзам «Духоўныя дзённікі доктара Дзі», пагартаў і зачытаў:

— «Няцяжка зрабіць люстэрка, якое моцай сонца, нават схаванага аблокамі, ператварае ў попел усе разнавіднасці каменя і металу. І я магу лёгка здабыць агню перамогу над жалезам». Разумееце, тут нічога не гаворыцца ні пра духаў, ні наконт прадбачанняў, ні пра відзежы… Канкрэтная фізічная з’ява. Пераўтварэнне адной энергіі ў другую. Архімед тым самым займаўся, калі з дапамогай люстэркаў паліў рымскія караблі, што плылі скараць ягоныя родныя Сіракузы. І падыходзіць пад сэнс надпісу над уваходам! — голас доктара стаўся вінавата-няўпэўненым. — Калі б раптам выявілася, што Пандора дае ключ менавіта да гэтага вынаходніцтва, яго варта было б пашукаць.

— Фаўст, ты зноў захапляешся немагчымым! — напружана зазначыла Саламея. — Ніводзін агонь не можа ператварыць у попел камяні і метал!

— Калісьці сцвярджалі, што павозка сама па сабе ніколі не паедзе. А мы самі бачылі машыну Пфальцмана з вадзяным рухавіком, — упарта прагаварыў Лёднік. — Гадоў трыста таму ніхто не мог уявіць, што гадзіннік можа быць такім маленькім, што яго стануць насіць на шыі, што ткаць і прасці будуць станкі, што за акіянам адкрыюцца новыя землі, населеныя народам з даўняй культурай… Якісьці барон ці маркіз сядзеў у сваім замку і быў упэўнены, што ніякі кароль яго за каменнымі мурамі не дастане — але з’яўляюцца гарматы, і барон вымушаны рабіць свае землі часткай вялікай дзяржавы… У індыйскім эпасе ёсць апісанне «дроціка Індры» — смяротнай зброі ў выглядзе промня свету. Прамень выходзіў ад круглага адбівальніка, магчыма, люстэрка, і цэліўся па гуку. Можа быць, гэта і ёсць зброя доктара Дзі?

Пранціш уявіў, каб яму дастаўся такі вогненны меч — на што ні направіў ягоны прамень, спаліць, спапяліць. Ото славы здабыў бы з такой сілай!

А з другога боку — якая ж гэта слава, калі перамога здабываецца не смеласцю, не стратэгіяй, не ўмелым валоданнем зброяй — а проста таму, што табе ў рукі трапіла смяротная штуковіна, якой больш ні ў кога няма. Ты можаш быць слабым, баязлівым, сквапным, падлючым… Галоўнае, амбітным. Наставіў прамень, і перад табой гекатомба… Чым жа тут ганарыцца? Пранцішаў бацька нават агнястрэльнай зброяй пагарджаў, кажучы, што ад яе заняпад у Рэчы Паспалітай высакароднага мастацтва фехтавання…

Сумненні студыёзуса агучыла Саламея:

— Дапусцім, Бутрым, ты здабудзеш сакрэт люстэрка, ад якога спапяляецца жалеза. І каму ты яго аддасі, і што з гэтага будзе? Вайна, якой яшчэ не здаралася? Не з тысячамі, а з мільёнамі ахвяраў? Твая цікаўнасць вартая такога, Фаўст?

Лёднік сядзеў, абшчаперыўшы галаву. Загаварыў глуха:

— Вы проста не разумееце, як гэта вабіць… Усе гэтыя таемныя навукі… Бо не спазналі, на сваё шчасце, іх атруту, якую я піў поўнымі кубкамі. Як гэта… хвалюе, круціць галаву — новыя веды, новыя адкрыцці, недаступныя «звычайнаму» чалавеку… І як цяжка ўстрымацца, бачучы перад сабой чарговага малапісьменнага багатага хамуйлу, ад таго, каб збіць з яго фанабэрыю якойсьці просценькай дэманстрацыяй магіі… Вось уладар, пыхлівы, задаволены жыццём, які ўважае цябе за рабака. А табе зоркі паведамляюць пра ягоную вартую жалю будучыню, і ад цябе залежыць, ці не скіраваць пыхліўца да бездані… Гэтая сатанінская амарока дужа моцная — наконт усемагутнасці. Разумееш, што гэта амарока, толькі калі пачынаеш гінуць. Не, не хачу!

Лёднік рашуча ўстаў, падыйшоў да вакна, расчыніў шыбы і з усяе сілы шпурнуў у цемру хітры шпіндзялёк з трыма злавеснымі літарамі, а ўслед за ім, папярэдне пераламаўшы, адноўленую дэталь. Да канавы, бруднай і глыбокай, якраз, мусіць, дакінуў. У пакой уварвалася свежае восеньскае паветра разам з пахам дыму і тугі. Прафесар узяў абодва лісты з малюнкам Пандоры і кінуў іх у палаючы камін. Вырвіч ускочыў з месца з абураным ускрыкам, але было позна. Агонь круціў у жоўтых пальцах чорныя бясформныя камякі, якія рассыпаліся на вачах, успыхваючы сінімі пялёсткамі.

— Усё, — Лёднік з палёгкай уздыхнуў. — Выкінем жа з галавы клятую ляльку. Ну, палюбаваліся, пацікавіліся, механізм вывучылі. І дзякуй на гэтым.

Саламея падыйшла, пацалавала мужа ў шчаку.

— Амін.

Пранцішу было што сказаць насуперак, але ён змрочна прамаўчаў.

Наступныя дні былі такімі звычайнымі, што Вырвічу падавалася, быццам ён знаходзіцца ў цэнтры віхуры — вакол нешта круціцца, пралятаюць схопленыя стыхіяй прадметы, а тут, на маленькай пляцоўцы, зацішак… Але вельмі няпэўны і часовы. Пранцішу нават паслабілі хатні арышт — і пара візітаў у карчомку і адна сімпатычная бойка з падмайстрамі шаноўнага цэху залатароў настрой паднялі, як мае быць.

У чацвер пасля заняткаў Недалужны падляцеў да Пранціша з вырачанымі вачыма:

— Твой прафесар, ён што, чорныя месы служыць? Дзіцёнка нейкага на астранамічную вежу павалок!

Пранціш, вядома, паімчаў паназіраць і спрытна прыладаваўся разам з сябруком да шчыліны ў дзвярах на пятым паверсе абсерваторыі: паважны прафесар пасадзіў сабе на плечы малога паніча ў акуратным камзольчыку і носіць па памяшканні, малы рагоча і мацае цікавыя бліскучыя прадметы, якіх досыць у зорным кабінеце. Але што ў гэтым дзіўнага: да славутага лекара прывезлі на кансультацыю хворага нашчадка багатае сям’і, і той забаўляе капрызлівага пацыента.

А Вырвіч бачыў, што Лёднік аж млее ад замілавання і заходзіцца ад тугі, што гэты дзіцёнак з цёмнымі дапытлівымі вачанятамі назаўсёды застанецца для яго чужым.

А потым была яшчэ пані Саламея… Бо прафесар палічыў патрэбным пазнаёміць яе з малодшым Агалінскім. І Пранціш не сумняваўся, што пані гатовая аддаць усё на свеце, каб гэты хлопчык быў ейным сынам.

Юны паніч Алесь не хацеў сыходзіць ад цікавага дзюбаносага доктара і ўчыніў цэлы канцэрт, калі яго перадавалі на рукі няньцы і ўсаджвалі ў карэту. Толькі абяцанне Лёдніка, што наступны раз пакажа, як утвараецца вясёлка проста ў лабараторыі, супакоілі малечу. Гэтак жа, як і падораная кніжка з прыгожымі малюнкамі пра ўсе краіны свету — на малюнках хадзілі плямістыя жырафы з даўжэзнымі шыямі, уздымалі сякеркі патагонцы з пер’ямі ў доўгіх валасах, красаваліся вялізныя сланы з насамі, падобнымі да змей, каля японскага імператара стаялі слугі з агромністымі веерамі… Пан Алесь уткнуўся ў кніжку (усепаглынальная любоў да кніг была ў паніча, вядома, прадказальнай), і дазволіў адвезці сябе да маці.

Пані Саламея рэшту дня прасядзела, замкнуўшыся ў пакоі. З-за дзвярэй чуліся толькі ціхія словы малітваў.

«Бездань бездань прызывае ўва гласе хлябій тваіх, уся высоты Твая і хвалі Твая на мне прэідоша»…

А потым быў ліст. Звычайны ліст, у канверціку, запячатаным сургучом с адбіткам знака, які для знаўцаў шляхецкіх гербоў — а такім мусіў быць кожны праўдзівы шляхціц — чытаўся адразу: брама з крыжам наверсе, якая вядзе да вайсковага намёту. Частка герба Агінец, якім карыстаюцца князі Багінскія.

Пасланец, малады жвавы хлопец у кавалерскім адзенні, сунуў Вырвічу канверцік проста ля выхаду з універсітэту і знік у натоўпе, не адказваючы на пытанні.

Дарэмна Лёднік вінаваціў Пранціша ў нецярплівасці! Студыёзус не стаў раздзіраць канверт проста на вуліцы. А дабег да свайго ўлюбёнага месца на Замкавай гары, да руінаў замку, у якім сто год таму трымаў аблогу невялікі расейскі атрад, і гарматы ператварылі муры ў друз.

Ласкавае сонейка, з ужо заўважнай восеньскай трывогай аб сваім хуткім ахалоджванні, прыстроілася за плячыма расчуленага студыёзуса, які сядзеў на збуцвелай бэльцы, пад вартай сівога дзядоўніку, і прыціскаў да твару маленькі канверцік, ад якога сыходзіў неверагодна хвалюючы пах вербены, мускусу і лепшага, поўнага бляску і прыгод, жыцця. На маленькім аркушыку, які знаходзіўся ў канверце, вядома, не магло змясціцца ўсяго, што нафантазіраваў сабе студыёзус, але галоўнае мелася: Паланэя Багінская, прыдворная дама, прыгажуня, магнатка, прызначала спатканне загоннаму шляхцюку Вырвічу! Праўда, у знаёмай манеры: загадкава, нічога толкам не тлумачачы, і загадна. Сёння, на захадзе сонца, у доме за дамініканскім касцёлам, патаемна.

І, вядома, Вырвіч моцна падазраваў, што расплоціцца за гэты гонар, як і мінулы раз, вельмі дорага, рызыкуючы ўласнай скурай дзеля магнацкіх інтрыгаў…

Але чым прыгода небяспечней, тым болей гонару для рыцара!

У дзядоўніку зашаргацеў вецер, белае пухнатае насенне цёплымі сняжынкамі закружляла, паляцела сеяць новае жыццё, павялічваць Вялікую Дзяржаву Дзядоўніка… Мала што хтось лічыць гэтую расліну пустазеллем — а яна проста злуе ўсіх тым, што мае і пяшчотныя яркія кветкі, і вострыя дзіды, каб бараніць сваю прыгажосць, і моцнае сцябло — не сарвеш голымі рукамі. Жыхар тутэйшай зямлі, якога не так проста вытаптаць, вынішчыць, альбо перарабіць на фіялку.

Вядома, увечары Вырвіч пачапіў да пояса персіянскі кінжал з дыяментам, атрыманы калісьці ад Паланэі як прабачэнне за тое, што пасылала юнака на верную смерць у полацкія сутарэнні. Чырвоныя боты блішчаць, шапка ліха заломленая набок, русявыя кудзеры прычасаныя гжэчна, шкада толькі, вусы яшчэ малыя, так сабе, не вусы, а вусікі, і не тапырацца ваяўніча, а толькі сведчацца, што ёсць.

Калі б фашчаўскі ёлуп, помнік святому Сімпліцыяну каля вёскі Фашчаўка, мог рухацца, ён не мог бы рабіць гэта больш паважна ды ўрачыста, чым пан Пранціш Вырвіч, які ішоў за лёкаем па цёмным, паўпустым доме — ясная рэч, здымным — у пакой да панны Паланэі Багінскай.

Але пану спатрэбілася ўся ягоная мужнасць, каб захаваць прынамсі спакойна-ветлы выраз твару… Бо панна дакладна вырашыла адразу давесці беднаму шляхцюку, хто ёсць хто ў гэтым не лепшым са светаў, і для дзёрзкага, які насмеліўся прэтэндаваць на сардэчную прыхільнасць самой Багінскай, venit summa dies et ineluctabile fatum — прыйшоў апошні дзень і няўмольны фатум… Пакой, дзе яго прымалі, быў, як і ў Агалінскіх, спехам прыкрашаны прывезеным — кітайскія шырмы, кілім, столік з сервізам, толькі ўсё даражэйшае. Затое гаспадыня пакоя была прыбраная дасканала, як на каранацыю, аж вочы сляпіла. Куафюра паненкі ўяўляла з сябе сярэдніх памераў воблака, у якім была зладжаная з дапамогай штучных кветак і маленькіх фігурак галантная сцэнка «Селадон спакушае Галатэю». Прычым справы ў мізэрнага Селадона відавочна не ладзіліся, таму што Галатэя ўцякла ад яго на тры вяршкі ўверх па напудраных пасмачках. Сукня з крыналінам была падобная не да воблака, а да вострава, зарослага ружовымі кветкамі. Карункаў для аздобы сукенкі было выкарыстана столькі, што хопіць пахаваць не аднаго фараона, укруціўшы ягоную мумію. А за каштоўнасці, што паблісквалі на руках, шыі, у вушах паненкі, можна было развязаць невялічкую вайну. Трупаў гэтак на сотню.

За ўсяе гэтай раскошай у самую апошнюю чаргу заўважалася аблічча ейнай уладальніцы. Тварык Паланэі з крыху прыўзнятым носікам і шырока расстаўленымі блакітнымі вачыма быў набелены і нарумянены так, што здаваўся абліччам яшчэ адной васковай лялькі. Мушка ля правага куточка роту, вусны намаляваныя сардэчкам так хітра, што здаюцца зусім маленькімі. Блакітныя вочы паглядаюць… ды не зразумела, з якім выразам паглядаюць. Ясна, што пры двары найперш трэба навучыцца хаваць пачуцці. Кудысьці знік мілы круцельскі выраз, гарэзныя жарынкі ў вачох… І няўжо гэтая лялька калісьці дапамагала Пранцішу залезці ў вакно менскага базыльянскага кляштара, цягала з Саламеяй бочачкі з порахам у сутарэнні пад Полацкам і дарыла Пранцішу Вырвічу на развітанне дастаткова палкія пацалункі? Не можа быць!

Пранціш схіліўся ў нізкім паклоне, прагаварыў належныя цырымонныя словы вітання, адчуваючы, як унутры нешта перагарае, як няякасны кнот. Мары Вырвіча пра спатканне са сваёй дамай на больш роўных правах асядалі, як неахайна ўзбітыя вяршкі. Ён жа прасядзеў у аўдыторыях, гарбеў над падручнікамі, нічога за гэтыя тры гады не дамогся… Ён варты толькі пагарды! Пракляты Лёднік! Гэта былы слуга звёў юнака са слаўнага шляху, Вырвіч жа мог зараз быць у вайсковым мундзіры харужага ці паручніка… Ды святы Франтасій ведае, кім мог быць! А ён — усяго толькі недавучаны студыёзус…

Паланэя Багінская нахіліла галаву добра, калі на вяршок, на знак прывітання. Хаця з такім упрыгожваннем на галаве асабліва не паківаеш. Пах eau de lavande, моднай лавандавай вады, у якой паненка, відаць, ледзь не купалася, зрабіўся яшчэ больш моцны, аж галава круцілася.

— Добры вечар, пан Вырвіч. Рада бачыць вас у добрым здароўі. Спадзяюся, вы зможаце адказаць на некаторыя пытанні, якія ў мяне маюцца.

Гаворка ў панны Багінскай была ветлівай і халоднай, як зімовае люстэрка, і чамусьці любое слова гучэла як загад, якога няможна аслухацца. Але Вырвіч раптам адчуў не пакору, а адчайную весялосць, якая ў цяжкія моманты заўсёды прыходзіла яму на дапамогу і была прычынай увесьчасных пракудаў. Лёднік бурчэў, што гэта наступствы перавагі ў арганізме вогненнай ды вадзяной стыхій адначасова: пар з вушэй у блазнюка часам ідзе.

Вядома, паненка, што сядзела перад Пранцішам на адмысловай лаўцы, абцягнутай саф’янам, была ўпакаванай, як залатая цыбуліна, але ж пад усімі гэтымі абалонкамі з пудры, карункаў ды аксаміту ў яе знаходзілася тое ж самае, што і ў Агнешкі Пузыні з вуліцы Шкельнай. Вырвіч спрытна падскочыў, пацалаваў паненцы ручку — у яе блакітных вачох аж з’явіўся цень разгубленасці ад такой смеласці, стаў блізка, куртуазна схіліўшыся:

— Ваша мосць не павінна сумнявацца, што маё сэрца даўно ёй належыць, і на любое пытанне з гэтых чароўных вуснаў я пастараюся зараз жа знайсці адказ…

Справа была не ў словах, а ў тым, што Пранціш гаварыў, як вуркатаў, з тым дамешкам загадкавасці ды пяшчоты, які прымушаў віленскіх мяшчаначак чырванець і аддаваць русяваму студыёзусу свае сэрцы. Паланэя адвяла вочы — Вырвіч разумеў, што ёй не падабаецца гэткае вольнае абыходжанне, але нічога, пацерпіць — сама запрасіла, сама напусціла на сябе важнасці.

— Я хачу папытацца пана пра адну рэч… Пра падарунак ягонае мосці князя Міхала Казіміра Рыбанькі доктару.

Пранціша як халоднай вадой абліло, і нібы званочак дзесьці ў галаве зазвінеў, папярэджваючы аб небяспецы.

— Пра які менавіта падарунак хоча запытаць ясная панна? — не мяняючы куртуазнага тону запытаўся студыёзус. — Ягоная мосць вялікі гетман быў літасцівы да нас і шчодра адорваў падарункамі.

Паланэя зноў адвяла вочы ўбок.

— Так, адна забаўка… Механічная лялька, якая ўмее маляваць. Разумееце, мой брат у сваім Слонімскім палацы збірае калекцыю такіх лялек — у яго ёсць мурын, які б’е ў барабан, леў, які рычыць, ходзіць, круціць вачыма… Штучных птушак цэлы тузін. І вельмі хацеў бы далучыць і тую ляльку-малявальшчыцу. Зразумела, пану Лёдніку будзе выплачаная шчодрая ўзнагарода…

Пранціш зноў паднёс да вуснаў ручку панны, карыстаючыся тым, што не магла ж яна яго адштурхнуць, пакуль не дамаглася звестак.

— А чаму найяснейшы пан Багінскі не даведаецца пра гэта ў самога пана Баўтрамея Лёдніка?

Блакітныя вочы ад слушнага пытання на хвілю сталі разгубленымі, потым у іх збліснуў гнеў, але паненка змагла зноў удаць ветлівы спакой:

— Пан брат зараз заняты, ён даручыў гэтую дробную справу вырашыць мне. А мне, можа быць, прыемней паразмаўляць з панам Вырвічам, чым з доктарам, ягоным былым слугою. Лёднік па-ранейшаму такі змрочны? Дзе ён трымае ляльку? Не развінціў яшчэ на шрубчыкі?

І тады Пранціш, гэтак жа навісаючы над паненкай і цалуючы то адну яе ручку, то другую, з задавальненнем паведаміў, што лялька была — ды сплыла. Скралі ляльку невядомыя злодзеі.

Багінская ад узрушэння аж ускочыла, вырваўшы сваю ручку з рук Пранцыся даволі груба.

— Як гэта скралі? Хто?

Вырвіч са здзіўленнем заважыў, што паненка заўважна падрасла… Амаль аднаго з ім росту стала. А на куафюру яе дык увогуле задраўшы голаў трэба глядзець. І зараз жа асадзіў сябе: цьху, дурань, якое там падрасла — гэта ж чаравікі на абцасах у шэсць вяршкоў, якія з Парыжу панапрывозілі ў Рэч Паспалітую да абурэння шанавальнікаў сармацкіх звычаяў.

Пачуўшы пра імглу няведання, у якой патанула лялька, Паланэя нервова захадзіла па пакоі, пацвердзіўшы падазрэнні Вырвіча пра абцасы: яны чутно пацоквалі, а паходка паненкі стала хісткай і няўклюднай.

— А малюнак хоць адзін яна паспела намаляваць?

Паланэя рэзка спынілася перад Вырвічам, і ейныя вочы ўжо не былі халоднымі, а проста палалі нецярпеннем і трывогай. Будучы філосаф запэўніў паненку, што лялька так і не ўключылася. Не паспелі яе пачыніць.

Расчараванне, якое не змагла схаваць Багінская, прымусіла трывожны званочак у галаве студыёзуса зазвінець яшчэ мацней. Але не паспеў Вырвіч пахваліць сябе за мудрасць, як твар магнаткі раптам перамяніўся. Ну як бы ў цёмны пакой унеслі яркую лямпу. На вуснах залунала ласкавая ўсмешка, вочы заўсміхаліся, аблашчылі студыёзуса:

— Ах, пан Вырвіч, што мы ўсё пра нейкія механізмы гаворым… Мы ж не бачыліся тры гады. Вы так узмужнелі за гэты час — сапраўдны рыцар… І, напэўна, шмат ведаў атрымалі… Давайце… не, пяройдзем, як калісьці, на ты — давай паўспамінаем нашае юнацтва… Ах, якія былі падзеі! Памятаеш карчму пад Ракавам? А кляштар?

Паненка пазваніла ў срэбны званочак, абвязаны ружовай стужкай у колер ейнай сукенкі, і загадала слугам, што прыбеглі на знак, неадкладна накрыць на стол і прынесці найлепшага віна. Паланэя Багінская жадае павячэраць са сваім даўнім добрым сябрам, панам Пранцішам Вырвічам!

— Ты якое віно болей любіш, такай альбо мадэру? — цяпер голас Паланэі гучэў таксама інтрыгоўна, Пранцішу нават неяк няёмка стала — так моцна пачулася фальш, але студыёзус зараз жа выкінуў перасцярогу з галавы. Вядома, не пашкодзіла б паглядзець у чароўнае люстэрка доктара Дзі, якое прадказавала будучыню… Але чаму б не ўключыцца ў гульню — яшчэ невядома, хто каго перайграе, у студэнта таксама жаба на языку не спячэцца. Нарэшце ягоная Чароўная Дама сышла з п’едэсталу, наблізілася да яго, Пранціша Вырвіча, ушчыльную, сама рукі працягвае… Недарэкам апошнім трэба быць, каб такі шанец не скарыстаць! І Вырвіч бадзёра ўзняў крышталёвы келіх, напоўнены да краёў чырвоным напоем.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ. ЯК ЛЁДНІК І ВЫРВІЧ АПЫНУЛІСЯ МІЖ КАВАДЛАМ, МОЛАТАМ І… ЯШЧЭ АДНЫМ МОЛАТАМ

 

Шкодныя маленечкія альраўны, пакінуўшы роднае карэнне мандрагоры, скакалі па галаве Пранціша Вырвіча, і ад іх пранізлівых галасоў проста ў вушах закладала. Між альраўнаў, звыродлівых, брунатных, маршчыністых, падобных да драбнюткіх карэньчыкаў, толькі што выкапаных з зямлі, мітусіліся бела-ружова-блакітныя парцалянавыя Селадон і Галатэя, што збеглі з парыка панны Паланэі Багінскай. Але заміж таго, каб разыгрываць любоўныя сцэны, гэтыя пастаральныя персанажы падскоквалі і крыўляліся гэтак жа, як альраўны, і неадменна былі той жа самай паскуднай пароды. Бо мандрагора вядома, дзе вырастае — пад шыбеніцай, з семені, якое выліваецца на зямлю з паміраючага цела шыбеніка.

Шкадлівыя стварэнні завішчэлі яшчэ гучней, проста ў вуха Пранціша… І той расплюшчыў вочы, у якіх ляталі залатыя пчолкі…

— Чаго пан крыцаю ляжыць у чужым доме? Ці ў пана свайго няма, ці хапіў з дзежкі, аж не бачыў сцежкі? Варту паклікаць, або пан сваімі ножкамі сыдзе?

Перад Вырвічам стаяла, упёршы рукі ў бакі, мажная кабета ў шэрым салопе, па выглядзе — ахмістрыня, бо ў руцэ трымала гронку ключоў. У доме чулася грукатанне, у пакоях нешта цягалі, гучэлі грубыя галасы… А вось нічога з таго, што прыкрашала пакой учора, не было. Ні абцягнутай залацістым саф’янам лавы, на якой сядзела панна Паланэя ў сваім неверагоднага аб’ёму раброне, ні разнога століка, на якім для студыёзуса Вырвіча выставілі крышталёвы графін з такайскім віном і шмат чаго смачнага, нават свежы вінаград, дастаўлены з цёплых краёў альбо вырашчаны ў магнацкіх аранжарэях. Вядома, не было ні самой панны Паланэі, ні ейных слугаў… Затое альраўны з галавы нікуды не падзеліся.

Не тое, каб Пранцішу ўпершыню было прадзіраць вочы пасля цалавання са шкляной свінкай, але адчуванні на гэты раз былі нейкія асабліва паскудныя: горла дзярэ, нібыта дзёгцем закусваў. Эх, дзе той Лёднік са сваім цудадзейным адварам…

Пры ўспаміне пра Лёдніка Пранціш адчайна застагнаў, чым выклікаў цэлы град насмешных заўваг ад гнюснай бабы, якая, ясная рэч, адрачэцца ад усялякіх ведаў пра панну Багінскую, і хто сюды ўвечары засяліўся, куды падзеўся, лісіца хвастом замяла, воўк языком залізаў…

Падманулі, як шчанюка скуркай ад мінулагодняга сала! Кеп, дурань, блазен — тры штукі разам, і імя ўсім Прантасій Вырвіч. Бо Вырвіч, стогнучы, успомніў, што вываліў падступнай прыгажуні між палкімі пацалункамі ўсё, пра што забараніў расказваць Лёднік. Пра Пандору, пра ейны малюнак, пра надпіс «Тут знойдзеш перамогу агню над жалезам», нават пра здагадкі Баўтрамея наконт доктара Дзі і ягоны вогненны меч…

Адзінае, што змякчае крыўду — абышліся са студыёзусам даволі ветла, пад галаву клапатліва паклалі шапку, а вунь і пакінулі кубак з вадою…

Але студыёзус, як ні смажыла, піць тае вады не стаў — хопіць, начаставалі… Timeo danaos et dona ferentes.

Пахістваючыся, ён павалокся з клятага дому, куды зараз заязджалі іншыя часовыя гаспадары, або вярталіся ўладальнікі… У галаве пульсаваў боль, нібыта альраўны ўзяліся ўбіваць у Пранцішаў мозг жалезны колік. З заімглёнай свядомасці ўсплывалі ўсё новыя і новыя падрабязнасці нядаўняй размовы з хітручай Паланэяй. Усё-ткі і яна пра тое-сёе кавалеру прагаварылася. Напрыклад, звесткі пра сувязь лялькі з доктарам Дзі яе не здзівілі.

Бож-жа, ён жа панне свае вершы чытаў! Тыя, што шчасліва спаліў у каміне, але на няшчасце запомніў… Галасіў, як Арфей перад галоднымі ваўкамі! Вось пасмяялася яе мосць Багінская над закаханым хлопчыкам-вершаплётчыкам…

Вырвіча перахапіў на вуліцы знерваваны Хвелька, ягоныя тлустыя шчокі аж трэсліся ад хвалявання — прафесар учыніў навальніцу з нагоды знікнення падапечнага, які нат заняткі прагуляў.

А пасля было яшчэ горш. Давялося расказваць Лёдніку пра тое, што адбылося. Вырвіч разумеў, што тут не да хітрыкаў — бо наступствы ягонай начной прыгоды ўдараць найперш па Бутрыму. Язык ледзь варочаўся, словы блыталіся, як водарасці ў віры.

Раптам Лёднік абхапіў Пранцішаву галаву, рассунуў пальцамі павекі, уважліва зазірнуў у блакітна-мутнае вока.

— Дурнап’ян! І парашок аднаго рэдкага грыбочка… Знаўца працаваў — бо трохі памыліся з канцэнтрацыяй, ахвяра памрэ… Высакародны спосаб развязваць язык, папулярны ў Венецыі. У роце гарчыць? Горла дзярэ?

Пранціш змрочна кіўнуў галавою. З аднаго боку, стала лягчэй: значыць, ганебная балбатлівасць выкліканая атрутай. Але ж і горка стала: не пашкадавала, не пасаромелася Чароўная Дама тае атруты падсыпаць! Ведала ж, што можа да Абрама на піва кавалера выправіць… Не кахае ніколечкі, ні на зернейка! Эх…

Лёднік пайшоў варыць супрацьяддзе, загадаўшы нічога не распавядаць пані Саламеі. Нават лаяцца не стаў. Зробленае не адменіш, цяпер заставалася чакаць, калі прыйдзе бяда, і з якога боку.

Бяда надарацца не спяшалася. Вільня смуткавала па сваім ваяводзе. Пане Каханку, у прыпадку гора (а хто й казаў, каб здабыць сабе галасоў шляхты), хадзіў у касцёл, дзе распранаўся да поясу і прыдворных сваіх змушаў, і выкупляў у імя памяці бацькі свае і ягоныя грахі шчырым бічаваннем. Прычым усе павінны былі сцябаць адно аднаго. Пане Каханку, вядома, сцябаў усіх найбольш, яго ж асабліва не насмельваліся. А ён яшчэ і за нябожчыка Міхала Валадковіча ўдары раздаваў — каб душаньцы сябрука лягчэй на тым свеце было, а то чуткі пайшлі, быццам прывід Валадковіча пазірае часцяком з вокнаў Менскай ратушы, дзе й знайшоў суд і смерць, і да патрона свайго па начах з’яўляецца гэтак жа рэгулярна, як лёкай за лікёрам. Падчас такіх святых працэдур удзельнікі, вядома, падмацаваўшы дух чырвоным вінцом, вішчэлі, ускрыквалі, падбадзёрвалі адно аднаго, хто й лаяўся… Шум, тлум… Curavimus Babiloniam! (тлум Бабілонскі). У храм лепей не совацца… Добрыя хрысціяне крадма сплёўвалі ад пагарды. Зрабіць з таемства пакаяння такі балаган!

Аб’явіўся пан Міхал Багінскі, які адарваўся ад парчовага падолу расейскай імператрыцы дзеля барацьбы за віленскае ваяводства… Спыніўся ён не ў доме, дзе ягоная малодшая сястра прымала наіўнага кавалера. Непадалёк ад ратушы палац някепскі заняў, балі не сціхалі, шляхце штодзень скормлівалі, напэўна, добрага вала, і віна спойвалі ладную бочку… Нават прывезлі з Полацку бочачку неверагодна каштоўнага баторына — мёду, які айцы езуіты паставілі настойвацца ў год, калі быў закладзены ў Полацку каралём Стафанам Баторыем езуіцкі калегіюм. Бочка мёду вісела ў сутарэннях кляштара, падвешаная на жалезных ланцугах, мёд, вядома, даліваўся — бо за столькі гадоў яго б выжлуктавалі дарэшты. Але займець хоць збанок баторына дзеля важнай цырымоніі — гонар быў нечуваны… Вось тым каштоўным напоем і скаралі сэрцы шляхты ў доме Багінскіх. Сам пан не вельмі на пітво налягаў, казалі, зачыняўся ў пакоях у роспачы ад няшчаснага кахання да імператрыцы і гадзінамі граў на флейце ды арфе з удасканаленай ім самім педаллю… Затое жонка ягоная, былая Чартарыйская, у адчай не ўпадала, не стамлялася інтрыгаваць, у партыю Фаміліі людзей зводзіць. Пра сясцёр Багінскіх у горадзе не гаварылі.

Восень патроху ператваралася з залатой у брунатную, шэрую, вільготную, прапахлую дымам і цвіллю. Дрэвы аддавалі зямлі свае апошнія лісты-манеты, нібыта спадзяваліся выкупіць яшчэ адзін цёплы дзень. Пранціш старанна наведваў лекцыі, нават не хаваўся ад дадатковых заняткаў у патаемнай лабараторыі. Вось-вось — і атрымае дыплом магістра філасофіі і вольных навук! Засвоіў трывіюм — граматыку, рыторыку і логіку, і квадрывіюм — музыку, арыфметыку, геаметрыю і астраномію, што складалі сем мастацтваў. Можна пасля брацца і за вывучэнне ніжэйшых нібыта, але больш цікавых на погляд Пранціша прыродазнаўчых навук, якія ў айцоў-езуітаў пакуль не дужа шанаваліся. Хімія, фізіка, анатомія… Усім гэтым ён і цяпер займаўся пад кіраўніцтвам Лёдніка, і той запэўніваў, што другі дыплом Вырвіч пры жаданні атрымае хутка, і ў якой-небудзь цікавай краіне… Як сам Лёднік. І прыводзіў у прыклад магістра Марціна Пачобут-Адляніцкага, што выявіў незвычайныя здольнасці да астраноміі і едзе ў Пражскі універсітэт.

Вось толькі ніякія дыпломы не наблізяць простага шляхціца да сястры магната… Вострае лязо немагчымага кахання, аднойчы неасцярожна дапушчанае да саменькага сэрца студыёзуса, ад такіх думак пачынала паварочвацца, дадаючы боль да болю, і Пранціш злаваўся сам на сябе за такую слабасць. Шляхціц сам павінен быць, як лязо — бясхібнае, трывалае, годнае!

І ў камін ляцеў чарговы сентыментальны вершык…

Не, лепей заміж яшчэ аднаго ўніверсітэту паваяваць!

Вырвіч пачынаў ужо верыць, што гісторыя з лялькай закончана…

Але аднойчы, вярнуўшыся пасля доўгіх і прыемных блуканняў пад вокнамі красунькі, на гэты раз з вуліцы, дзе жылі збройнікі, Вырвіч пабачыў, што дзверы ў дом Лёднікаў наросхрыст, перад брамай валяецца нечая шапка, быццам раздушаная котка, а Піфагор брэша-скавыча, як паранены. Вырвіч выхапіў шаблю і бегма кінуўся ў пакоі… У зале ўсё было перавернута, кнігі валяліся на падлозе, апошні нумар Лейпцыгскага навуковага часопіса з артыкулам прафесара Віленскай акадэміі Баўтрамея Лёдніка разадраны напалам і прыпячатаны бруднымі абцасамі. Падабенства з полем бойкі ўзмацнялі кінутыя на падлогу дзве шаблі, на шчасце, не акрываўленыя. Лёднік, збялелы і змрочны, туліў да сябе Саламею, якая адчайна ўсхліпвала, правая рука доктара сціскала шаблю. З-за шафы чулася спалоханае бубненне Хвелькі:

— Хіба гэта па-людску — сярод бела дня… Уламлівацца ў дом да сумленных прафесароў… Святыя ўгоднічкі, што ж гэта робіцца…

Лёднік перахапіў запытальны позірк Пранціша.

— Не прадставіліся госці. Незнаёмыя, і не самага высокага палёту, так, прыхлябальнікі панскія. Але не Багінскіх — таму што патрабавалі, каб ці малюнак ляльчын аддаў, ці ляльку пачыніў. А калі прысягнуў ім, што малюнкаў няма, а аўтамат пачыніць немагчыма, бо страчаная важная дэталь, хацелі мяне з сабою звалачы. Залфейцы пагражалі, ірады.

— Ну і? — не вытрымаў Вырвіч. Лёднік скупа ўсміхнуўся.

— Давялося ўспомніць тое-сёе з былых навыкаў. Не забіваў, толькі пагнаў.

Пранціш хмыкнуў, уявіўшы, як раз’юшаны Лёднік учыніў нападнікам маленькі Грунвальд.

— Можа, заявіць у гродскі суд? Ты ж суддзю лечыш, мо паспрыяе? — з надзеяй папытала Саламея. Лёднік пагладзіў яе па галаве і ўздыхнуў:

— Яны ж не самі па сабе прыходзілі, за імі — магнацкая сіла… Забылася, як Валадковіча спрабавалі асудзіць? З усяго княства давялося саюзнікаў збіраць, ды не нашага рангу… Стралою камень не праб’еш.

Пранціш падняў згубленыя злыднямі шаблі, разгледзеў:

— Гербаў няма. Звычайныя аўгустоўкі.

— Вой, што ягоная мосць пан Баўтрамей тут утварыў! — заныў Хвелька. — Ганяў яснавяльможных паноў, як прусакоў… Вой, прыйдуць нам цяпер помсціцца, пасякуць на кавалачкі… Ото ж пан мой былы, ягоная мосць Малахоўскі, калі ягоны вельмішаноўны сусед…

— Сціхні! — абсек слугу Лёднік. — Кожнаму час Богам вызначаны, не схаваешся, як мыш пад місай. Прыбірай лепей у хаце.

Пранціш злосна кінуў на падлогу варожыя шаблі.

— Вось што, Бутрым, давай я скажу сваім хлапцам — паселяцца тут са мной, будзем вартаваць, каб чаго не выйшла! У нас банда — уга! Вінцук Недалужны адзін чатырох раскідае…

— А можа, з’ехаць у Полацак? Ці ў Караблі? — падала голас Саламея. — У Полацку бацькаў дом жа яшчэ не прадалі… І ў Караблях тых, гетманам падораных, дамок маецца, дзе аканом жыве. Урэшце, табе ж прапаноўвалі месца ў Пражскім універсітэце…

— Каб я хаваўся за спінамі студэнтаў? Альбо ўцёк з Вільні, з акадэміі, кінуў кафедру, якую ледзь удаецца адстойваць? — Лёднік пагардліва пакрывіў вусны. — Не дачакаюцца. А вось вы, ваша мосць пан Вырвіч, заўтра ж перасяляйцеся назад у канвент. А цябе, Залфейка, я, бадай, і праўда адпраўлю ў Полацак… Наведаеш і Караблі — як там твае рэспубліканскія рэформы дзейнічаюць у нашых падданых у колькасці аж дванаццаці дымоў.

Што скажуць няўхвальнае і рэзкае на такія прапановы Саламея і Пранціш, можно было прадбачыць…

Наступны дзень Пранціш змарнаваў на тое, каб умацаваць прафесарскі дом на манер сапраўднага замка. Да таго ж, калі падняцца па драўляных сходах на гарышча, у каменнай сцяне меліся невялічкія амбразуры, якія звычайна заторкваліся драўлянымі цурбачкамі. З амбразураў адкрываўся выдатны далягляд на ўвесь двор. Студыёзус падрыхтаваў на гарышчы стрэльбы, порах і кулі, і пісталеты зарадзіў, і жалезны прэнт прывалок, вароты замыкаць дадаткова… Піфагор вельмі сур’ёзна выслухаў настаўленні студыёзуса наконт больш суровага абыходжання са злодзеямі і весела лізнуў маладога гаспадара ў нос.

— Трымалі б цябе, як іншыя паспалітыя людцы, на ланцугу, у голадзе, ды кіем выхоўвалі — болей карысці было б… — прабурчэў Пранціш.

Вечары рабіліся ўсё даўжэйшыя і цямнейшыя, свечак сплывала ўсё больш, да абурэння Хвелькі, і Лёднік усё даўжэй заседжваўся ў сваёй хатняй лабараторыі — але не для таго, каб разгадаць загадку васковай лялькі, а каб нарыхтаваць лекаў — і дзеля акадэмічнай аптэкі, і дзеля сваіх пацыентаў, і для Хвелькавай пячонкі… А яшчэ — ад сардэчнай хваробы ды ад алергіі… Пранціш ведаў, для каго доктар рыхтуе адмысловыя шкляніцы з мікстурамі: для пані Агалінскай і ейнага малодшага сына. Прафесар, як толькі мог часта, сустракаўся з малым, нават навучыў грамаце, дакладней, прымусіў накрэмзаць на паперцы ледзь чытэльнае «Аляксандр». І тую паперку таемна насіў пры сабе, у чым нізавошта не прызнаўся б, бо высмейваў жа сентыментальнасць у іншых…

І зноў няшчасце здарылася, калі трохі адпусціла трывога. Нейкі батлейшчык тузануў за вяровачкі, і лялькі падскочылі і замітусіліся ў адчайных скоках… Лёдніка і Пранціша перастрэлі па-нахабнаму, проста перад прафесарскім домам. На гэты раз шасцёра, у іх былі абыякавыя фізіяноміі наймітаў, якім не ўпершыню забіваць людзей незнаёмых, да якіх асабіста ў іх нічога ніякага. Але справа ёсць справа, і яны яе робяць добра.

Самотны ліхтар утвараў дасканалую сцэну для крывавай дзеі… Праўда, кроў чамусьці не пралілася, хаця шабля Лёдніка ізноў мільгала звар’яцелым ветраком, а нападнікі не былі баязліўцамі. Некалькі драпінаў — для шляхціца гэта як павуцінне наліпла.

Раптам усё скончылася: найміты гэтак жа абыякава адступілі, разышліся… Лёднік застыў з двума шаблямі — сваёй і чужой, падманліва спакойны, як чорная змяюка, імклівага кідка якой не ўсочыш, Пранціш — спіной да спіны прафесара — трымаў абодвума рукамі палаш і аж тросся ад жадання ўсіх пакрышыць…

Жывапіснасць сцэны была ацэненая: дэманстратыўна пляскаючы ў ладкі, да ахвяраў нападу падыходзіў прыемнай знешнасці малады пан у нямецкім строі. Дыяментавыя гузікі на модным шэрым камзоле і пярсцёнкі на пальцах ззялі нават у цьмяным святле ліхтара, а белыя шаўковыя панчохі былі белымі, што сведчыла, што пан не пёрся пешкі па мокрых віленскіх вулках, а прыехаў сюды ў карэце.

А наконт прыемнай знешнасці — дык ёсць такія твары, якія цяжка апісаць, яны нібыта прызначаныя, каб выклікаць давер. Такіх людзей першымі ўспамінаюць, калі прыкідваюць, каго запрасіць на асамблею альбо каму даручыць нешта далікатнае. Пільныя шэрыя вочы пад цяжкімі павекамі маглі імгненна рабіцца наіўна-захопленымі, высока прыўзнятыя бровы выказвалі то хітрасць, то фанабэрыю, то радаснае здзіўленне. Твар худы, лоб высокі, ужо з накмечанымі зморшчынамі, вузкія вусны з прыхаванай у куточках увесьчаснай усмешкай… Пан цырымонна пакланіўся:

— Шчыра прашу прабачэння за гэты маленькі спектакль, але ён быў неабходны па прычынах, аб якіх мы з вамі пагаворым, спадзяюся, у больш прыемнай і бяспечнай абстаноўцы. Дазвольце прадставіцца: генерал-фельдмаршал арміі яе вялікасці расейскай імператрыцы Кацярыны Другой князь Мікалай Васільевіч Рапнін.

Доктар і студыёзус апусцілі шаблі. Пляменнік усемагутнага расейскага канцлера Паніна Мікалай Рапнін быў асобай у Рэчы Паспалітай надзвычай вядомай і ўплывовай. Нягледзячы на параўнаўча малады ўзрост — каля трыццаці гадоў — спрактыкаваны дыпламат, палітык і вайскаводца, асабісты сябра Міхала Багінскага, Станіслава Панятоўскага і шмат яшчэ каго… І падступны хітры вораг — таксама шмат для каго.

Піфагору расейскі госць не спадабаўся.

Пад злосны брэх знерваванага сабакі ягоная мосць генерал-фельдмаршал Рапнін пацягваў з парцалянавай філіжанкі духмяную каву — самі Лёднікі модны напой не пілі, бо занудны доктар сцвярджаў, нібыта кава шкодная для сэрца, але для аматараў трымалі. Што гэта за шляхецкі дом, дзе няма ні кавы, ні тытуню? Табакерка, дарэчы, таксама прысутнічала: залатая, круглай формы, усыпаная смарагдамі, з вензелем новай расійскай імператрыцы: госць дэманстратыўна выклаў яе з кішэні. Такімі каштоўнымі забаўкамі Кацярына адорвала асабліва прыбліжаных… Рапнін акінуў вострым шэрым паглядам Саламею Лёднік, якая прынесла цукерніцу з марцыпанамі:

— Чуткі не манілі… Ах, як шкада, што вам не пятнаццаць гадоў, мая пані!

Саламея недаўменна ўскінула бровы, і госць патлумачыў:

— Тады я абавязкова зладзіў бы вашае выкраданне, навучыў свецкаму абыходжанню, і прадаў бы вас за шалёныя грошы якому-небудзь каралю, вы сталі б фаварыткай і дапамагалі мне ў маіх невялічкіх інтрыгах.

Пан Мікалай умудраўся гаварыць з такой вясёлай, дабрэннай лёгкасцю, што немагчыма абурацца ці крыўдаваць — хаця сказанае не было жартам. Саламея ўсміхнулася куточкам роту:

— Значыць, мне трэба падзякаваць Богу, што я дастаткова старая.

Па твары Лёдніка, такім годна-каменным, прабег незаўважна для старонніх небяспечны цень. Рапнін, хаця й аніяк не прыгажун са сваім выцягнутым худым тварам, быў удалым паляўнічым на амурным фронце, шмат балбаталі пра ягоны раман з пані Ізабэлай Чартарыйскай, у дзявоцтве Флемінг, так што прафесар з задавальненнем абыйшоўся б без ягоных кампліментаў на адрас жонкі.

— Можа быць, мы ўсё-ткі пяройдзем да справы, Ваша светласць?

Рапнін нязмушана адсёрбнуў кавы, адставіўшы мезенец з доўгім паліраваным пазногцем, і мройна ўтаропіўся на намаляванага Арыстоцеля, нібыта у пазалочанай рамцы красаваўся не змрочны стары філосаф, а паўаголеная Дыяна.

— Ах, гэтыя справы… І сур’ёзны падыход да іх… Самыя вялікія глупствы свету рабіліся з самымі сур’ёзнымі выразамі твараў, сябры мае. Іронія — вось што ратуе чалавецтва ад узаемнага вынішчэння, бо немагчыма забіць таго, хто цябе рассмяшыў. А вы такі сур’ёзны, пан прафесар… Я доўга збіраў пра вас звесткі.

— Навошта, ваша мосць? — ветліва папытаўся Лёднік, якому не ў навіну было падтрымліваць свецкую гаворку, што нагадвала шлях карабля між смяротна небяспечных рыфаў.

— Вы мне патрэбны, — весела патлумачыў Рапнін. — Вы праваслаўны, прычым не баіцеся вызнаваць сваю веру. Не звязаны, па сутнасці, васальнай клятвай ні з якім магнатам. Валодаеце дастатковымі ведамі і праніклівасцю, каб выконваць далікатныя даручэнні. Мне заставалася праверыць, ці можаце вы абараніць сябе — прабачце, але ў аповедах пра вашае фехтавальнае майстэрства можна было западозрыць вялікую долю казачнасці. Што ж, тое, што я ўбачыў, уражвае — вы на пару са сваім вучнем уяўляеце з сябе дастаткова пагрозную сілу… Пры тым, што яна не кідаецца ў вочы, што пры… далікатных даручэннях вялікая вартасць.

— З чаго вы ўзялі, што мы будзем на вас працаваць? — не вытрымаў Пранціш, якому адзін з наймітаў генерала парэзаў рукаў навюткай світкі.

— А куды вы падзенецеся? — абаяльна ўсміхнуўся пасол. — Самі падумайце — часы цярпімасці тут заканчваюцца, вас, пан Лёднік, не пакінуць у сценах акадэміі, якая кантралюецца езуітамі… Свята-Духаў кляштар, куды вы ходзіце, і шпіталь пры ім хутка зачыняць… Як і іншыя праваслаўныя храмы. А схізматыкаў пачнуць трактаваць, як здрайцаў, ворагаў…У краіне ёсць людзі, якія не хочуць падобнага дапускаць, і, думаю, сумленне прымусіць вас да іх далучыцца. У вас ёсць і асабістыя магутныя ворагі, да таго ж вы зноў аказаліся пасвечанымі ў дужа небяспечную таямніцу… Ну і акрамя іншага — я ведаю вашу маленькую слабасць, пан Лёднік… — Рапнін паставіў кубак на стол і пабарабаніў пальцамі па сталешніцы з чорнага дрэва, адбіваючы такт мазуркі. — Вы не можаце ўтрымацца перад магчымасцю займець новыя ўнікальныя веды. Тым болей, калі гэта будзе аплочана, і абгрунтавана высакароднай мэтай…

— І што вы хочаце мне даручыць, ваша міласць? — Лёднік па-ранейшаму быў дасканала спакойны, але ад ягонай усмешкі цягнула холадам, як ад ледзяной гары.

— Ну, скажам, праехацца ў ваколіцы Лондана — вы ж там бывалі, ці не так, маеце карысныя знаёмствы? І пашукаць там адну рэч. Вы ведаеце, пра што я кажу. Вы бачылі малюнак, выкананы адным прыгожым аўтаматам. На ім адлюстраваны складзены з каменных глыжоў будынак, з надпісам над уваходам «Victoria ferrum luce». І вы здагадаліся пра спадчыну таямнічага доктара Дзі.

Лёднік кінуў знішчальны позірк на балбатлівага не ў пару студыёзуса, той пачырванеў. Значыць, пан Міхал Багінскі быў не менш балбатлівы за студыёзуса і ўсе, што выведала для яго сястра, пераказаў расейскаму сябруку.

— Вы дзейнічаеце ў інтарэсах ягонае мосці князя Багінскага альбо ў інтарэсах яе вялікасці імператрыцы, ваша светласць? — з заўважнай з’едлівасцю удакладніў прафесар.

— Якая вам розніца, шаноўны доктар? — адказаў князь не менш з’едліва. — Вы, прабачце за параўнанне, трэска, якая трапіла ў моцную плынь, хоць, можа, і лічыце сябе магутным караблём.

Лёднік не звярнуў увагу на крыўдныя словы.

— У любым выпадку, павінен папярэдзіць, што многія дзівосы, звязаныя з імем доктара Дзі, не болей чым міф.

— Шалберства, мой дружа! Чыстай вады шалберства! — весела пагадзіўся Рапнін. — Усе гэтыя люстэркі, у якіх паказваецца будучыня, чароўныя крышталі, мова анёлаў — толькі сродак садраць грошы з даверлівых дурняў і зрабіць кар’еру пры двары. «Чароўная зброя», калі не знаходзіцца ў руках фокусніка, будзе зусім бескарыснай, падобна люстэрку, што захоўваецца ў графа Пітэрбора. Так, я трымаў у руках тое люстэрка — запэўніваю, што гэта просты кавалак вугля.

— Тады навошта вам здабываць артэфакты, ваша светласць, калі яны ўсяго толькі інструментарый фокусніка? — слушна папытаўся Пранціш, які з усяе сілы намагаўся пераймаць сухавата-насмешны свецкі тон суразмоўцаў.

Рапнін фыркнуў, як кот, які выпацкаў нос у смятане.

— Маюць сілу не рэчы, а вера ў гэтую сілу. Давайце я раскажу вам адну казку, мае сябры… — князь адкінуўся на спінку крэсла, хітра прыжмурыў вочы. Дзесьці на двары нарэшце сціх Піфагор, нібыта і ён захацеў паслухаць.

— Адзін вялікі вяльможа, улада якога была не меншай, а можа, і болей за каралеўскую, наведаў кракаўскі кляштар… — мяккім голасам пачаў князь. — Прынялі там вяльможу лепей, чым караля. Паказалі і ўсе рэліквіі кляштарнай скарбніцы. Сярод іх нават таемны экспанат, да якога не дапускалі нікога, бо лічылася, што з ім звязаная нейкая д’ябальшчына. Гэта былі рыцарскія латы — цяжкія, сталёвыя… І разрэзаныя дакладна напалам, як кавалак масла нажом — пачынаючы ад шышака шалому. Зрэз раўнюткі, і аплаўлены, як ад высокай тэмпературы. Вяльможа дужа зацікавіўся, дзе б здабыць такі меч, які здольны лёгка разразаць загартаваную сталь. І высветлілася, што гэта зроблена зусім і не мячом — у нашым звычайным разуменні… А дзвесце год таму прыехаў у Кракаў ангелец, вучоны доктар, вальнадумец і алхімік, які нейкі час хаваўся ў Польшчы ад непрыемнасцяў. Той ангелец быў выбітным вучоным, і нават даваў каралю Жыгімонту ўрокі матэматыкі… А яшчэ любіў уражваць публіку рознымі фокусамі, якія паказваў з дапамогай люстэрак. Прывідаў выклікаў, змушаў прадметы знікнуць… А аднойчы заявіў, што анёлы падказалі яму, як зрабіць вогненны меч. Доктар зладзіў з некалькіх люстэрак рознай формы і драўляных шчытоў адмысловую вялізную скрыню, змясціў туды рыцарскі рыштунак. Скіраваў сонечны прамень у спецыяльную адтуліну, і… раз! — са скрынкі дасталі разрэзаныя напалам латы. Публіка вохкае, доктар ганарыста абвяшчае, што калі яму дадуць магчымасць і грошы, ён зладзіць такую зброю, што варожае войска зрэжа, як касою… Але заміж захопленых воклічаў і кучы золата сустрэўся з абвінавачваннямі ў вядзьмарстве. Сабраў свае манаткі, люстэркі і з’ехаў назад у Ангельшчыну. На развітанне, аднак, паабяцаў, што надыдзе час, калі ягонае вынаходніцтва ацэняць, а дзеля гэтага ён схавае яго ў надзейным месцы і абавязкова перадасць ворагам польскага караля.

— Чаму вы думаеце, ваша светласць, што той доктар насамрэч не вынайшаў цудадзейнай зброі? — пацікавіўся Лёднік. — Калі быў эмпірычны доказ — рассечаная сталь…

— Вы лепей за мяне ведаеце, пан прафесар, як можна загадзя распалавініць латы, і як з дапамогай сістэмы люстраў падмяніць імі цэлыя, — прамовіў князь. — Бо акрамя гэтых латаў — чаму ні на чым не выпрабаваны вогненны меч? Чаму не ўпалі ўсе ніцма перад яго ўладальнікам? Але наш сучаснік, вяльможа, з якога пачалася казка, гэтымі пытаннямі не пераймаўся, а проста захацеў атрымаць чароўную зброю. Золата давядзе і да пакінутага Эдэму. Вось толькі ўваход туды не купіш. Вяльможу даклалі, што ёсць запавет стваральніка анёльскага мяча. Але доктар нічога не ўчыняў проста і па-людску. Ён зрабіў ляльку, якая ўмела маляваць. І перад смерцю наладзіў яе так, каб малявала месца, дзе спачывае ягонае вынаходніцтва. Ляльку замест дакумента завяшчаў шведскаму каралю. Але кароль ад д’ябальскага падарунка адмовіўся, і тады ляльку спалілі. Застаўся толькі механізм, які, як цудоўны экспанат, паказвалі ў шатландскім замку. Наш вяльможа не пашкадаваў грошай, механізм выкупіў і замовіў, каб яго аднавілі ў Швейцарыі. Вось толькі пабачыць плён свае працы не паспеў — памёр…

— Дык вялікі гетман жа паспеў атрымаць аўтамат! — удакладніў Пранціш.

Рапнін пастукаў пальцамі па сваёй табакерцы.

— А хто сказаў вам, вашамосць, што герой майго аповеду — вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька? Насамрэч я гаварыў пра ягонага брата, Гераніма Радзівіла.

Лёднік і Пранціш спахмурнелі, а Саламея захінула твар тонкімі рукамі: у слуцкім замку Гераніма Жорсткага ім усім давялося перажыць нямала… Зняволеная ў вежы Саламея мусіла ўдаваць з сябе па загадзе князя Сільфіду. Лёднік і Пранціш, якія адправіліся выручаць яе, самі сталіся вязнямі сутарэнняў…

— Значыць, ягоная мосць Міхал Казімір Рыбанька выкупіў замоўлены братам аўтамат… — прамармытаў доктар. — Але, як я назіраў, ён вельмі не любіў усялякіх вядзьмарскіх штуковін… Відаць, і не хацеў, каб хтосьці скарыстаўся з падазронай зброі. Асабліва сын… А можа, проста значэння гэтай штуковіне не надаваў — вось і адпісаў мне.

Пранціш злосна фыркнуў, зазначыўшы ў думках, што ў атачэнні ягонае мосці пана Караля Радзівіла той-сёй, адкак, дужа жадае таямніцу скарыстаць.

— Дык вы не патлумачылі, вашамосць, навошта нам ехаць за нейкім шалберскім прыстасаваннем, ад якога ніякага толку?

Рапнін разглядаў свае пярсцёнкі, як быццам першы раз іх бачыў.

— Паўтараю: маюць сілу не рэчы, а вера ў іхнюю сілу. Пакуль шаноўны князь Міхал Багінскі будзе чакаць, калі яму даставяць з-за мора-акіяна, з вострава Буяна цудадзейную зброю, з якой ён пераможа ўсіх і стане каралём і мужам імператрыцы, ён будзе граць сабе на кларнеце, маляваць нацюрморты з персікамі і ўдасканальваць тэатральныя машыны. І гэта найлепей для нашай сітуацыі. Дарогу вам аплоцяць, сябры мае.

— Дарогу куды, яснавяльможны князь? — не вытрымаў прафесар. — Мы не ўстанавілі месца знаходжання пячоры!

Госць паблажліва ўсміхнуўся.

— Знойдзеце вы што, ці не знойдзеце, ведаеце дакладна, куды ехаць, альбо не — на аплаце гэта не адаб’ецца. Галоўнае, той чалавек, якога пан Багінскі з вамі пашле, не павінен сумнявацца ў важкасці даручэння і дакладнасці вашых звестак і будзе рэгулярна паведамляць пра напружаныя пошукі свайму сюзерэну.

Вось яно што, нехта ад Багінскіх… Адразу ўспомніўся белавалосы гігант Герман Ватман, целаахоўнік князя Міхала Багінскага, які некалькі разоў выратоўваў жыцці былога алхіміка і ягонага маладога гаспадара, і некалькі разоў спрабаваў іх забіць — у залежнасці ад атрыманых загадаў.

Лёднік рашуча адсунуў пусты кубак, на парцалянавых баках якога імчалі сінія фрэгаты з ганарліва напятымі ветразямі.

— Баюся, гэтая місія для мяне занадта цяжкая. Вельмі не хочацца расчароўваць яснавяльможнага пана, але я занадта стары і занадта мала ведаю пра мэту нашага падарожжа… А ягонай мосці пану Вырвічу трэба вучыцца. Таму…

— А вы падумайце, падумайце, пан прафесар! — Рапнін ні на імгненне не страціў дабразычлівага выразу твару. — Не ў такой далёкай будучыні акадэмія зробіцца цалкам свецкім універсітэтам, з усімі належнымі кафедрамі, з асобным медычным факультэтам… Спатрэбяцца новыя спецыялісты, новы рэктар… Чаму б вам не заняць гэтую пасаду? У вас аўтарытэт, прагрэсіўны склад розуму, веды… А наконт хованкі — вы ж геній, вы здагадаецеся, вылічыце.

Калі колы карэты, у якой ад’ехаў нечаканы госць, грукаталі па брукаванцы ўжо недзе за Вострай брамай, Саламея парушыла прыгнечанае маўчанне, што панавала ў пакоі:

— Значыць, расейцы паставілі на пана Станіслава Панятоўскага. А мы зноў — як пешкі… Нікуды я не адпушчу цябе, Фаўст, нават калі закарціць прыгодаў.

Вырвіч усхапіўся:

— А чаму б не скарыстацца магчымасцю паглядзець свет?

— Забыўся, як пан Багінскі пасылаў нас у полацкія сутарэнні? З таемным загадам свайму найміту перабіць нас па сканчэнні справы? — сурова спытаў Лёднік. — Знайшоў каму верыць… Мікалай Рапнін — царадворца, дзеля сваіх мэтаў ён не грэбуе ніякімі сродкамі. Колькі нашых магнатаў перасварыў між сабою з гэткай жа даверлівай усмешкай…

Прафесар стамлёна пацёр рукой лоб.

— Гісторыя — вар’ят, які наразае кругі па перыметры сваёй камеры, не заўважаючы, што ступае ва ўласныя сляды. Аўгуст Моцны таксама нацкоўваў магнатаў на магнатаў… Ліцвінскія войскі касаваў, штандарты іх ламаў… Вайна ўсчалася між Каронай і Княствам, біскуп Ян Хрызастом Жалускі пісаў, што «зчэзлі ў Літве права, стравядлівасць, сорам; усё падлягае мячу, кіруе мацнейшы, парадак заступіла дзікая сваволя. Баяцца трэба, каб за гэткі прыгнёт шляхты, хаця й не хутка, не наступіла б кара Божая…» І цяпер, адчуваю, нешта падобнае саспела. Меў я нядаўна размову з адным сваім пацыентам… Той шчыра мяне папярэджваў у бліжэйшы час не далучацца ні да якіх палітычных партый. Нібыта на гэтую восень Чартарыйскія з Фаміліяй рыхтуюць дзяржаўны пераварот. Але ў Пецярбургу на іх планы глядзяць скоса, хочуць сваймі сіламі караля нам пасадзіць. Вось і пайшлі інтрыгі… Заўтра адчытаю лекцыі, правяду адну складаную аперацыю, а ў нядзелю з раніцы рушым у Полацак. А там будзе відаць.

Пакуль што відаць быў толькі партрэт Арыстоцеля, тры пустыя кубкі з сінімі караблямі на стале і пераляканы твар Хвелькі, які вызіраў з прыадчыненых дзвярэй.

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ. СТРАШНАЯ ПРЫСЯГА ЛЁДНІКА

 

Напэўна, кожнаму здаралася пабачыць у сне нешта такое, што ён ніколі не сустракаў у рэальным жыцці, толькі чуў… А тут — на табе, як бы не сніш, а ўспамінаеш…

Пранцішу снілася пальма.

Такая, як на малюнку з кнігі па геаграфіі. З доўгім голым калматым камлём, з пукам лістоў наверсе, падобных да папараці…

Вакол быў роўненькі пясочак. Хоць зараз магілку капай.

Згодна сонніка, у які Пранціш зазірнуў, як толькі прачнуўся — соннік быў патрапаны, з вырванымі старонкамі, і застаўся ў гэтым доме яшчэ ад былых гаспадароў, нават не прэтэндуючы на месца на дыхтоўных паліцах побач з мнагамудрымі самавітымі тамамі новых жыхароў — пальма ў снабачанні азначала здзяйсненне самых патаемных жаданняў. Але здзейсніцца яны маглі, толькі калі ты аддасіся на волю лёсу, як аддаецца хвалям пасажыр патанулага карабля, якому пашэнціла ўчапіцца за дошку.

За вакном, аднак, гайдаў жоўтай галавою не пальма, а тутэйшы малады клён, абурана адбіваючыся растапыранымі даланямі ад мокрых пацалункаў прыставучага восеньскага дажджу.

Клён бачыўся цьмяна, бо шыбы запацелі. Так і хацелася накрэсліць на іх пальцам магічныя формулы, якія запячатваюць спакой і шчасце ў доме, не даючы ім выпарыцца вонкі. У адрозненне ад большасці месцічаў, якія закаркоўвалі шыбы вокнаў намёртва, каб не траціць цяпло і эканоміць дровы, доктар Лёднік загадваў у сваім доме ўсе вокны перыядычна расчыняць дзеля карыснага для здароўя прытоку свежага паветра. Але ж на тое доктар і ёсць дзіваком і чараўніком.

Перш чым пабачыць пальму, Пранціш палову начы варочаўся і думаў пра Паланэю Багінскую… Ці здагадваецца яна, што сябрук ейнага брата, патэнцыйнага караля, насамрэч дзейнічае яму на шкоду? Пранціш мог бы яе папярэдзіць — але не заслужыла падступная прыгажуня! Цікава, дзе яна цяпер… І з кім…

Пасля сняданку — хуткага і агідна карыснага — грэцкая каша, адварная ялавічына, кіслае малако, — пані Саламея пачала пакаваць рэчы, падганяючы заспанага Хвельку. Таму, колькі б ні перапала паспаць, было мала, хоць бы й з ложка не вылазіў… Ну хіба што падсілкавацца… Хвелька апраўдваў сваё маруднае існаванне хворай пячонкай, а Лёднік тлумачыў прыроджанай лянотай, якая ўтвараецца ад перавагі ў арганізме флегмы. Але разганяць флегму Хвелька быў згодны толькі гарэліцай, а гэтага бязлітасны доктар не дапускаў, маўляў, нап’ешся тут — пахмяляцца будзеш у праайца Абрама, бо пячонку пасадзіў канкрэтна на службе ў шчодрага на выпіўку былога гаспадара.

Падчас лекцыі па логіцы Пранціш на апошняй лаўцы аўдыторыі выйграў у Недалужнага ў косткі тры шэлегі, за якія тэарэтычна можна было б набыць тры прафесары Лёднікі. Але і аднаго здавалася замнога, каб ён аблез няроўна, як кажа Недалужны… Часам Вырвіч успамінаў свайго бацьку, пітака і буяша на ўвесь павет, і думаў, што наўрад ухваліў бы бацька сынавы заняткі… Бацька сядзеў бы зараз не на лекцыі, а сярод шляхцічаў за памінальным сталом і спрачаўся б, хто больш варты быць ваяводай віленскім, пан Міхал Багінскі альбо пан Караль Радзівіл, а пасля спрэчкі на словах хапіўся б за шаблю… Да прыкрасці месцічаў, сутычкі між шляхтаю, якая з’ехалася ў Вільню, рабіліся ўсё часцейшымі і крывавейшымі, адпаведна колькасці выпітага віна. Вось і сёння студэнты пераказвалі адзін аднаму, якая страшэнная ўчора адбылася бойка проста на плошчы перад ратушай — дзесяць ваякаў загінула, а параненых дык утрая больш. Сярод апошніх некалькі мяшчукоў, што патрапіліся праходзіць побач. Эх, вось дзе сапраўднае жыццё — не ў гэтых аўдыторыях!

А потым Пранціш уяўляў, як ён, п’яны і шчаслівы шалам бойкі, канае на віленскай брукаванцы… І дзеля чаго, атрымалася, ён аддаў жыццё, каго бараніў, каму прыклад гераічны паказаў?

…Спакаваныя куфры стаялі пасярод пакоя. Лёднік узважваў у руках цяжкі томік, узяты з «лішняга» стоса, прыкідваючы, можа, усё-ткі хоць яго яшчэ ўціснуць у валізу.

Раптам у браму з усяе дурной сілы груканулі. Гэта ўжо нагадвала старагрэцкую камедыю, у якой п’яныя госці ніяк не могуць разысціся па дамах, кружляюць і ўсё адно вяртаюцца да стамлёнага і аб’едзенага гаспадара.

— Не шляхецкі дом, а нейкая карчма прыдарожная! — радражнёна верашчаў Хвелька. — Вось у ягонай мосці пана Малахоўскага…

Але ў браму загрукаталі так, нібы нехта напаіў медавухай цэлы статак зуброў, і цяпер яны ашалела разганяюцца і лупяць рогамі ў дрэва. Хвелька ціха віскнуў і пабег хавацца…

— Стой! А ну да таго вакна, фузею бяры! — скамандваў палахліўцу Пранціш, які даўно рыхтаваўся сур’ёзна сустрэць чарговых нападнікаў, і палез на гарышча, да амбразуры. Лёднік таксама схапіў пісталеты… На двары Піфагор, падобна, учапіўся камусьці ў лытку — бо пачуўся нечы крык болю і верашчанне беднага сабакі, якому перапала за вернасць. Гэта быў кепскі знак, бо азначала, што нязваныя госці перабраліся цераз плот. І праўда, грукнула на гэты раз проста ў дзверы дома. Галасы прыхадняў зліваліся ў пагрозны гуд. У вокнах бачыліся цьмяныя сілуэты, якія па адным перавальваліся цераз каменную агароджу — няўжо адкрылі тое месца, якім карыстаўся для падобных мэтаў сам Вырвіч?

— Стойце, вашамосці! — звонка выгукнуў Пранціш у амбразуру. — Спыніце наезд, альбо, бачыць святы Франтасій, кулямі пачастую!

У доказ сваіх слоў Пранціш стрэліў. Што-што, а страляць ён налаўчыўся лепей за Лёдніка, фехтавальшчыка няшчаснага. Куля павінна была патрапіць у верхнюю частку брамы — бо яе паслалі не забіваць, а папалохаць. Галасы на вуліцы загулі грамчэй. Пранціш яшчэ раз стрэліў, і госці шарахнуліся назад. Нічога, не сотня, нават не тузін… Пашкамутаем пёркі сіваваронкам. Але адна фігура адлучылася ад натоўпу і ўзбегла на ганак.

— Адчыняй, доктар! Маю звесткі пра пані Агалінскую і яе сына! Ты ведаеш, хто я! Я ўвайду адзін, слова гонару! Мне трэба толькі пагаварыць. Адчыняй!

Голас быў тае ступені раз’юшанасці, калі гучыць на мяжы адчайнага крыку. Збялелы Лёднік застыў на месцы, потым крыкнуў Пранцішу:

— Адвядзі ў дальні пакой Саламею… Зачыні і вартуй. Хутчэй! Залфейка, павер, так трэба! Прашу цябе, сядзі ціха, не падслухоўвай і не спрабуй умяшацца!

Пані Лёднік хацела запярэчыць, але нешта ў голасе мужа было такое, што спрачацца не выпадала — такім голасам доктар размаўляў падчас складаных аперацый. Аднак Вырвіч, як толькі праверыў, што пані Саламея ў бяспецы, бегма вярнуўся назад. Лёднік паспеў ужо адчыніць дзверы.

У пакой уваліўся шыракаплечы шляхціц гадоў трыццаці з прыгожым ганарыстым абліччам: сінія вочы выпраменьваюць пагарду, светлыя вусы з рудаватым адценнем ваяўніча тапырацца… Але самае застрашлівае — на пане была апратка альбанчыка, а за кожным з банды стаяла іх пагрознае брацтва на чале з усемагутным Пане Каханку. У альбанчыкаў быў нават свой унутраны суд — іншага яны не прызнавалі. І за здраду маглі асудзіць кагосьці са сваіх на смерць — і той павінен быў пакорліва прыняць гэта і біцца на двубоі па чарзе з кожным, пакуль не здзейсніцца вырак.

Альбанчык глядзеў на прафесара Віленскай акадэміі, як на шкодную кузурку, якую можна толькі грэбліва раздушыць. Правая рука сціскала шаблю так, што костачкі на руцэ збялелі. Трэба было быць Лёднікам, каб пры гэтым захоўваць вонкавы спакой.

— Чым абавязаны візіту ў свой сціплы дом яснавяльможнага пана Гервасія Агалінскага?

Пранціш уздрыгнуў: вось яно што, гэта малодшы брат лёднікаўскага крэдытора! Хто б мог падумаць, што ў чырванамордага таўстуна такі ладны брат! Хаця, калі прыгледзецца, можна заўважыць фамільнае падабенства: рудаватыя валасы, шыракаватыя нервовыя ноздры, светлыя вочы, у якіх лёгка загараецца агеньчык шаленства, упартае раздвоенае падбароддзе.

— Скажы, Бутрым, як бы ты абыйшоўся з чалавекам, які подла зганьбіў і знішчыў самае дарагое, што ты меў? — голас госця быў застрашліва ціхі. О-ёй, схавалі млын за кустом… Вырвіч асцярожненька агаліў шаблю.

— Не ведаю, пра што вы гаворыце, ваша мосць, — прамовіў Лёднік. — Вы казалі, што ў вас ёсць звесткі пра пані Агалінскую…

Пан ненавісна працадзіў скрозь зубы:

— Вядома, ёсць… Няма яснай пані Галены ўжо на гэтым свеце. Два дні як няма.

Лёднік перарывіста ўздыхнуў, нібыта яму пераціснула горла, памаўчаў, перахрысціўся.

— Як здарылася гэта страшнае няшчасце?

Агалінскі ашчэрыў зубы ў падабенстве ўсмешкі.

— І ты яшчэ пытаешся, мярзотнік? Гэта ж ты забіў яе! Пазнаеш?

І сыпануў на падлогу з кішэні некалькі рознакаляровых шкеліц — у такія Лёднік звычайна разліваў свае мікстуры. Пана аж трэсла ад пагарды і нянавісці. Прафесар вытрываў ягоны пагляд.

— Я ніколі б не прычыніў пані шкоды… Я перадаваў ёй лекі ад сардэчнай хваробы. Магу прысягнуць, што яны бяспечныя, магу сам выпіць усё, што засталося…

— Не сумняюся, што гэта былі добрыя лекі! — Агалінскі, мякка ступаючы ў жоўтых саф’янавых ботах, прайшоў вакол Лёдніка, грэбліва падбіваючы нагамі шкляніцы. Вырвіч уважліва сачыў за кожным яго рухам, каб не прапусціць скіраваны да прафесара шабельны ўдар.

— Вядома, ты стараўся дагадзіць сваёй пані. Такой прыгожай, такой добрай. Такой даверлівай… Ты забіў яе, калі спакусіў!

Выкрыкнуўшы апошнія словы з усёй моцай гневу, Агалінскі штурхануў прафесара ў грудзі так, што той, не зрабіўшы спробы абараніцца, адляцеў да стала, на якім ад сутыкнення ўсё пападала. Лёднік прыгнечана маўчаў, апусціўшы вочы. Вырвіч таксама разгубіўся — тут справа гонару, умешвацца ганебна. Між тым Агалінскі зноў наблізіўся да Лёдніка, не дастаючы шаблю.

— Што ты зрабіў з ёю, вядзьмак пракляты? Чым апаіў? — раптам пан усхліпнуў, голас ягоны задрыжэў ад сапраўднага гора. — Я ж на яе маліўся! Калі мой пан брат ажаніўся, я быў не старэйшы за гэтага хлапца, — Агалінскі кіўнуў у бок Пранціша. — Я глядзеў на сваячніцу, як на Мадону, прабач мяне, Божа! Якое змаганне я вёў з сабою, каб адагнаць непатрэбныя мроі, каб нават у думках не абразіць святое таемства шлюбу ўласнага брата. І мне няма за што сябе папракнуць! І тут з’яўляешся ты, халоп, звыродлівы чарнакніжнік, і схіляеш яе, сваю пані, да смяротнага грэху! І цяпер наш шляхецкі род выхоўвае твайго вырадка! Які носіць наша імя!

Агалінскі яшчэ раз штурхануў Лёдніка. Той глуха прагаварыў:

— Я быў бы шчаслівы сам выхоўваць яго і даць яму сваё імя.

— Мярзотнік! — вусны Агалінскага крывіліся ад пагарды, а вочы зрабіліся ажно белымі ад гневу. — Ты смееш ставіць сябе побач з Галенай Агалінскай з Агарэнічаў! Мала табе было ўсяго гэтага — дык трэба з’явіцца цяпер, уваліцца ў зганьбаваны табою дом, важдацца з дзіцем, слаць свае паскудныя бутэлечкі! Няўжо ты думаў, што майму брату не распавядуць пра гэта? Не ведаю, чаму ён, небарака, дасюль ні пра што не здагадаўся — даверлівай натуры, ды яшчэ ўвесь гэты час пакутваў на вочы, амаль нічога не бачыў, ці не па тваёй міласці, іначай даўно б і сам упэўніўся, што ў ягонае гняздо падкінулі чужое птушаня. Калі мой пан брат даведаўся пра ганьбу — ён пайшоў да жонкі… І ніхто не асудзіць яго за гнеў. Таму што звяршыўся Божы суд — яе сэрца не вытрымала справядлівых папрокаў.

Пранціш уявіў, якімі маглі быць тыя «папрокі» ад гняўлівага таўстуна Агалінскага, п’янага як рамізнік… Успомніў светлыя пасмачкі, што выбіваліся з прычоскі пані Галены, нібыта лёгкі дымок… Яе плаўныя рухі, ганарлівую шыю, горкі рот…

— Думаеш, гэта ўсё, што ты нарабіў? — пан Гервасій цадзіў словы скрозь зубы. — Мой высакародны пан брат, пабачыўшы смерць злачыннай сваёй жонкі, у роспачы пайшоў паведаміць мне, што адбылося, і патрапіў у вялікую бойку ля ратушы, дзе праявіў вартае роду Агалінскіх геройства, але быў падступна забіты. Канец слаўнай шляхецкай сям’і з-за бязроднага юрлівага слугі!

Агалінскі страшна зарагатаў, і Пранціш на ўсялякі выпадак прысунуўся бліжэй са сваёй шабляй.

— Я гатовы расплаціцца з панам, як ён пажадае… — глуха прамовіў прафесар, апусціўшы галаву. — Толькі няхай з-за таго жахлівага, што адбылося, не пакутуе дзіця. Хлопчык ні ў чым не вінаваты. Ці варта распавядаць грамадзе пра ягонае паходжанне і пляміць памяць пані Агалінскай і вашага брата?

— У гэтым з табой пагаджуся, паскуднік, — прагаварыў госць. — Ганьба майго брата павінна застацца таямніцай. Але я, як апякун сваіх пляменнікаў, паклапачуся, каб твой вырадак адгэтуль жыў у месцы, якое больш адпавядае ягонаму паходжанню.

Вусны Лёдніка задрыжэлі, але голас быў роўны.

— Можаце зрабіць са мной усё, што заўгодна, толькі не спаганяйце гнеў на дзіцяці.

— Значыць, ты пагаджаешся, каб я цябе забіў абраным мною спосабам? — вясёла-ненавісна перапытаў пан Гервасій.

— Так, ваша мосць, — холадна адказаў прафесар. — Як і калі вам зручна.

Тут Вырвіч не вытрымаў.

— Ваша мосць пан Агалінскі, вы маеце права на сатысфакцыю, і ніхто вам у гэтым не запярэчыць, але пан Лёднік — шляхціц, і вы павінны выклікаць яго на двубой. Свае абразы шляхцічы вырашаюць з дапамогай шаблі!

Агалінскі зірнуў на Пранціша, як сабака на высеўкі.

— А ты хто?

— Прантасій Вырвіч з Падняводдзя, гербу Гіпацэнтаўр! Нашчадак Палямона! — з выклікам адказаў Пранціш. Госць ветліва пакланіўся.

— У больш прыемных абставінах сказаў бы, што рады пазнаёміцца з панам. Але цяпер прыемнасцяў быць не можа. Паскуднік Баўтрамей павінен адказаць за сваё страшнае злачынства. Біцца з ім? — альбанчык фыркнуў. — Каб я скрыжаваў дзядоўскую шаблю з шабляй у руках халопа, слугі майго брата? Нізавошта! Але акрамя ягонае пакутлівай смерці, іншай расплаты я не прыму. А я яшчэ шкадаваў яго ў свой час! Перад братам заступаўся — вучоны чалавек, нельга яго мучыць… Ну чаму мой брат не згнаіў цябе на ланцугу ў скляпенні! — госць са свістам уцягнуў паветра скрозь зубы, спрабуючы супакоіцца. Пранціш не мог зразумець, чаму пан Гервасій сябе так стрымлівае — бо відаць жа, што ў гарачай вадзе купаны, ды гнеў скрозь вушы выліваецца. Але ў пана відавочна меўся нейкі план.

— Адзінае, што ты, Баўтрамей, яшчэ можаш зрабіць у сваім паганым жыцці — вырашыць лёс малодшага сына пані Галены. На што ты гатовы дзеля таго, каб гэты лёс быў прыймальны?

— На ўсё! — цвёрда адказаў Лёднік.

— Ну што ж, тады ў мяне ёсць для цябе заданне… — пан Гервасій няспешна прайшоўся па пакоі, патыкаў наском бота ў куфар з кнігамі. — З’язджаць сабраліся? Тады менш патраціце час на зборы. Заўтра мы адпраўляемся за вогненным мячом. І не рабі выгляд, паскуднік, што чагосьці не разумееш і не ведаеш. Прывядзеш мяне да ангельскай пячоры, знойдзем там што ці не знойдзем — і па вяртанні я назаўжды забудуся, што пан Аляксандр Агалінскі — не мой пляменнік, і паклапачуся, каб ніякія плёткі не псавалі яму жыццё. Ён атрымае ўсё, што належыць атрымаць нашчадку нашага слаўнага рода. Даю слова. Я паеду з вамі. І дарогай не спрабуй ад мяне пазбавіцца — калі сына любіш. А ты павінен прысягнуць, што памрэш ад маёй рукі, калі я палічу патрэбным.

— Шляхціцу не пасуе рамяство ката! Ваша мосць павінен выклікаць пана Лёдніка на двубой! — у адчаі крычаў Пранціш, разумеючы, што яго не пачуюць.

— Даю слова, клянуся перад Богам усемагутным і святымі ўгоднікамі аддаць сябе ў рукі вашае мосці па першым патрабаванні! — цвёрда прамовіў доктар і перахрысціўся.

Пранціш стамлёна ўсеўся на канапу, адчуваючы сваю бездапаможнасць. Вядома, Лёднік паводзіўся, як адзіна магчыма для чалавека гонару, але было ва ўсім гэтым нешта вельмі няправільнае… Штучнае… Падзеі нагадвалі п’есу сучасніка доктара Дзі Шэкспіра, жарсцяў і смерцяў было аж занадта. А пан Агалінскі наблізіў свой твар да Лёдніка, схапіўшы таго за каўнер, і з жудкай усмешкай важка і павольна прагаварыў:

— Ты думаеш, я дам табе памерці лёгкай смерцю? Ты — подлы халоп. І павінен адысці, як халоп. Я ўласнаручна засцябаю цябе бізуном.

Лёднік не змяніўся ў твары ні рысачкай.

— Як будзе заўгодна вашае мосці.

На развітанне пан Агалінскі так нападдаў нагою стос кніг, якія не змясціліся ў куфар, што тыя разляцеліся па пакоі, як быццам хацелі схавацца.

Пранціш баяўся зірнуць на прафесара, які зняможана ўсеўся ў крэсла, і на ягоных прыгорбленых плячах нібыта ляжаў цяжар нябёсаў. Урэшце, і на Пранцішы была правіна — гэта ж ён выкруціў дэталь з Пандоры, і тым пазбавіў іншых магчымасці атрымаць малюнак. А тады прагаварыўся Багінскай, што яны з Лёднікам сталіся захавальнікамі таямніцы.

— Нічога не кажы Саламеі…—хрыпла прамовіў звыклую фразу Лёднік, павольна ўстаў і, як сляпы, рушыў у кабінет. Вырвіч не наважыўся яго затрымліваць.

Калі доктар замкнуўся ў сваім навуковым сховішчы і ў сваім горы, у доме запанавала ціша, і яна падалася Пранцішу такой цяжкой, такой гнятлівай, што ён не вытрымаў і выбег з прафесарскага дому, нібыта з праклятай пячоры, у якой толькі што знайшлося гняздоўе цмока. Трэба было ўсё спакойна абдумаць… І няхай ваконная ніша паўзруйнаванай сцяны старога замка — не лепшае сховішча ад дажджу і холаду, але тут былі воля і самота… Пранціш прыхінуўся спінай да мокрай цэглы і абхапіў галаву рукамі. Так, значыць, усім трэба, каб прафесар Лёднік паехаў за нейкім вынаходніцтвам старажытнага доктара. І расейскаму паслу Рапніну, і пану Каралю Радзівілу, і князю Багінскаму. Пытанне: адкуль пан Караль ведае, што доктар амаль раскрыў таямніцу Пандоры? Ягоныя пасланцы Пандору выкралі, упэўніліся, што яна не працуе… Значыць, нехта распавёў, што лялька перад гэтым усё ж намалявала запавет ангельскага доктара. Ну не пан жа Багінскі прагаварыўся Радзівілам, і не ягоная сястра… А хутчэй за ўсё князь Мікалай Рапнін правярнуў чарговую дыпламатычную аперацыю — нейтралізаваць палітычныя фігуры, пасварыўшы іх між сабою і падсунуўшы заміж рэальнай і блізкай фантастычную недасяжную мэту. Вырвіч проста як наяве пачуў голас генерал-фельдмаршала: «Раю вам пачакаць, мой пане, уявіце толькі, як хутка і пераможна вы дасягнеце мэты, калі ў вашых руках апынецца ўсемагутная зброя! Пра вас складуць легенды! Усе каралі схіляцца перад вамі… Навошта ж цяпер траціць сілы?».

Яшчэ б кіеўскага ваяводу Патоцкага сюды прыплёў ды кароннага гетмана Браніцкага, якія таксама на трон цэляцца… І не забыўся зацікавіць зброяй доктара Дзі тых, хто ставіць на сына Аўгуста Саса… Няхай бы ўсе ўвогуле ў Рэчы Паспалітай пабіліся ды перабіліся за той д’ябальскі меч!

А пакуль Радзівілы і Багінскія вычэкваюць, можна ўмацоўваць свайго кандыдата на трон… А калі рэліквія не дастанецца нікому, зноў жа можна ўцягнуць прэтэндэнтаў у бойку, намякнуўшы, што супернік перахітрыў, перашкодзіў…

Пры любым раскладзе доктар Лёднік (ну а заадно і ягоныя спадарожнікі) зробяцца непатрэбнымі сведкамі.

Але ж доктар і так павінен загінуць.

Праўда, Пранціш неяк адсунуў думку пра ягоную страшную прысягу падалей — пан Гервасій доктара чапаць не стане, пакуль той не здабудзе артэфакт. А да гэтае сумніўнай верагоднасці падзеі столькі здарыцца!

Пранцішу раптам стала горача ад непрыемнай здагадкі: калі князь Рапнін збіраў звесткі пра Лёдніка, вядома ж, раскапаў і пра ягоныя візіты да пані Агалінскай і малога Аляксандра. Сярод прыслугі дакладна непрыстойныя чуткі хадзілі пра пані і ведзьмака-лекара. А давесці гэтыя чуткі да пана Агалінскага — раз ужо ўсе бліжнія дасюль пабаяліся — дапамаглі звонку, каб доктара прыціснуць. Ні грашыма, ні страхам смерці яго не нагнуць, а пачуццё віны і адказнасць за лёс сына — найлепшы ланцуг.

А далей Пранцішу стала яшчэ больш непамысна. Бо прыйшла ў галаву яшчэ адна вельмі простая думка: а што было б, калі б раз’юшаны пан Агалінскі не загінуў у выпадковай бойцы? А што, калі не да брата ён ішоў, не да ўладаў паведаміць пра смерць жонкі, а пёрся разбірацца з доктарам, які наставіў яму рогі вышынёй з астранамічную вежу? А доктар патрэбен дзеля інтрыгі жывым і здаровым… А ўчыніць заварушку сярод п’янай шляхты, ды ўцягнуць туды ашалелага ад злосці ды віна падслепаватага пана — саламіну цяжэй пераламіць. У выніку лёс доктара і ягонага сына ў руках пана Гервасія. Які, праўда, не дужа падобны сам да вопытнага інтрыгана — але ж ім ёсць каму пакіраваць. Ён альбанчык, а гэта значыць, да канца адданы Пане Каханку, які ва ўсім цяпер слухаецца хітравусага пана Богуша, дарэмна спрабуючы замяніць ім расстралянага Валадковіча. А князь Рапнін з усімі ў добрых адносінах, усім можа таемна «дапамагаць». І валіце вы, даражэнькія ліцвіны, шукаць у краёх далёкіх цудадзейную зброю, якая паспрыяе вам перабіць адно аднаго ды наладзіць парадак ва ўласнай краіне, а мы пакуль і так яго навядзем. На свой густ.

Вецер сыпануў у твар Вырвіча мокрыя халодныя кроплі, стрэсеныя з кустоўя, на якім мігцелі толькі асобныя вузкія лісцікі, як жоўтыя рыбкі. Пагана быць маленькай рыбкай, над якой кружляюць галодныя шчупакі.

Але заўсёды ёсць шанец, што тыя драпежнікі між сабой перагрызуцца раней, чым з’ядуць рыбку.

Пранціш падставіў ветру твар, заплюшчыўшы вочы: пахла далёкімі вандроўкамі. А гэта найлепшы сродак змагчы тугу і забыцца на ўсе праблемы!

У доме з зялёнымі аканіцамі Пранціша сустрэла ўстрывожаная Саламея, яе вялікія сінія вочы былі пачырванелымі ад слёз.

— Бутрым замкнуўся ў кабінеце, не адзываецца. А нядаўна ліст прынеслі…

Вырвіч схапіў канверт і падыйшоў да свечкі, каб лепей разгледзець. На пячатцы красаваўся герб Агалінскіх, знаёмы Пранцішу яшчэ па падзеях трохгадовай даўнасці: менавіта такі герб, толькі захляпаны гразёю, красаваўся на дзверцы карэты, якая прыпынілася каля збеглага шкаляра Вырвіча на дарозе з Менску да Валожына. І пан з карэты прапанаваў шкаляру купіць у яго за шэлег каштоўную рэч, а гэтай рэччу аказаўся змрочны алхімік, якога цяпер належала неяк ратаваць з дасканала ўчыненай пасткі.

Цікава, ці дадумаўся мазгавіты прафесар да тых высноваў, да якіх прыйшоў студыёзус, ці так паглыбіўся ў гора і пачуццё віны, што не здольны да лагічных выкладак? Пранціш прыклаўся вокам да адтуліны ў дзвярах прафесарскага кабінету. Доктар сядзеў за сталом, утаропіўшыся ў кавалачак паперы… Вырвіч здагадаўся, што гэта запаветны аркушык з накрэсленым на ім дзіцячай рукою імем «Аляксандр».

Пранціш для прыліку пастукаўся ў дзверы прафесарскага кабінету і гучна распавёў пра ліст, падкрэсліўшы, што прачытаць трэба неадкладна. У адказ — маўчанне.

— Ну дык я сам прачытаю, добра?

Маўчанне. Будзем лічыць, што гэта згода.

Змест ліста быў просты і лаканічны. Доктару Баўтрамею Лёдніку ў наступны панядзелак належала выправіцца ў шлях. Пан Гервасій Агалінскі заездзе за ім уранку. Пані Саламея Лёднік мусіла застацца ў Вільні і нікуды не адлучацца. Пранціш разумеў, што ім патрэбна была закладніца — каб доктар абавязкова вярнуўся. Да агульнага здзіўлення, Хвелька запрасіўся ехаць з гаспадаром — патлумачыўшы, што хоча нарэшце здзейсніць параду разагнаць лішнюю флегму. Падобна, і пані Саламея ленаватага слугу падгаварыла — усё ж спакайней, калі яшчэ адзін верны чалавек побач з падарожнікам апынецца. Вырашана было, што Саламеі дапаможа па гаспадарцы прыслуга, бедная жанчына з іхняга прыходу, якая дагэтуль толькі з’яўлялася на час, але пакуль можа і пасяліцца з гаспадыняй. А каб дом не заставаўся без мужчынскай абароны, возьме з сабой мужа, хоць кульгавы і падслепаваты, але ж стары жаўнер.

Карацей, заставался зноў прысніць пальму — бо нічога іншага не прыдумаеш, акрым як аддавацца на волю лёсу.

 

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ. ВЫРВІЧ І ЛЁДНІК НА ПРАКЛЯТЫМ МЛЫНЕ

 

Дзе дарогі, там яміны… Індусы, дарэчы, патлумачылі б, што Яма — імя бога падземнага царства, уладальніка чатырохгаловых сабак, якія блукаюць нябачнымі сярод людзей, выглядаючы іхнія грахі. У адной руцэ Ямы — дубінка, якой ясна як трэба карыстацца ў адносінах з грэшнікамі, а ў другой — пятля, з дапамогай каторай бог індускім сваім спосабам вымае душу з цела.

Тутэйшыя ямы таксама маглі вынуць душу з цела — лёгка. Аднойчы ў юнацтве пан Міхал Багінскі, толькі вярнуўшыся на радзіму з Францыі, кульнуўся разам з карэтай у такую калюжыну на ліцвінскай дарозе, што ледзь выцягнулі, і пасля гэтага ўзяўся парадкаваць гасцінцы ў сваіх уладаннях, так што злашчасная яміна нават вельмі паспрыяла паспалітаму люду. А вось бачыць яміну на дарозе ў сне — гэта значыць, наяве будзеш мець кепскае таварыства.

Хаця куды ўжо можа быць горшае таварыства, чым пан Гервасій Агалінскі, які, седзячы ў дарожнай карэце-дармезе без гербаў гэтак пагардліва і ненавісна пазіраў на Баўтрамея Лёдніка, што калі б погляды мелі моц звычайнай зброі, доктара праткнула б наскрозь, як чорнага жука шпількай. Карэта то адным колам, то другім правальвалася ў яміны, брудныя фантаны выплюхваліся з-пад капытоў коней, і пасажыраў, нягледзячы на навамодныя металёвыя рэсоры, матляла туды-сюды, як муку, якую прасейвалі праз рэшата. Але Лёднік сядзеў, уткнуўшыся ў пульхную кніжку ін-кварта на нямецкай мове, відаць, нейкую навуковую нудоту, і выказваў эмоцый не болей, чым восеньская лужына. Ну, праехалася праз яе кола — а яна засталася, і зноў люструе шэрае восеньскае неба. На Вырвіча пан Агалінскі зусім не паглядаў — можа, проста таму, што, мяркуючы па апухлым твары пана і пачырванелых вачох, сёння ў ягонай галаве таксама скакалі альраўны, і круціцца па баках было балюча. Вядома, выпраўляючыся ў далёкае і небяспечнае падарожжа, шляхціц павінен як след развітацца з сябрынай. І на раніцу пасля развітання лепей яго не чапаць.

Выправіліся ў дарогу зусім у кепскі час. Не сухім летам і не зімой, калі рэчкі ператвараюцца ў зручныя дарогі, а ўвосень, калі наперадзе самая слата. Вядома, у карэце ўтульна — тым болей, карэта — дармез, у якой могуць раскладацца сядзенні дзеля спання. Але калі да Полацку яшчэ так-сяк даедуць па гасцінцы, то далей праз балаты, пушчы і калюжыны на такой калымажыне не прадзярэшся.

Кіраваліся ў Полацак не выпадкова, хоць гэта значыла некалькі лішніх дзён дарогі. Лічбачкі на малюнку Пандоры былі каардынатамі таемнай пячоры, запісанымі на «янохскай мове», якой доктара Дзі навучыў нетутэйшы Урыель. Вось толькі слоўніка анёльскай мовы пад рукой не было… Той асобнік, што меўся ў Лёдніка, доктар пад гарачую руку спаліў у тым самым каміне, дзе згаралі Пранцішавы вершыкі — каб не засталося спакусы ўвязвацца ў містычныя пошукі. А бліжэйшы цэлы асобнік дужа рэдкага выдання можна было знайсці хіба ў дзядзькі Лейбы, аптэкара з Полацку, які сябраваў з бацькам панны Рэніч, вядомым кніжнікам, і ад яго дастаў на захаванне шмат рэдкасцяў. Таму і рушыла карэта да святой Сафіі на беразе Дзвіны…

Дарога, як ёй заўсёды ўласціва, вымятала з галавы лішнія перажыванні, як сухое лісце са сцежкі. Невядомасць і небяспека… Дзвесце год таму на каралеўскай пошце ад Вільні да Кракава можно было, пры ўсім спрыянні, як сведчыў француз дэ Віжэнэр, даехаць за пяць дзён, а звычайныя падарожныя трацілі найменш два тыдні… Папскі нунцый Луіджы Ліпамана з Варшавы да Вільні дабіраўся дванаццаць дзён ды пісаў у Рым жаласна: «Бог ведае, якія невыгоды зазналі і я, і мае спадарожнікі, едучы ў самыя суворыя маразы, праз лёд, вецер, узняцце водаў; мы кепска харчаваліся, з цяжкасцю спаталялі смагу, спалі ўвесь час на зямлі, маючы пад сабою толькі шматок сена, дый той знайсці было нялёгка».

Ад таго часу коні не сталі бегаць хутчэй, а дарогі не палепшалі. А калі давядзецца адбівацца ад рабаўнікоў, аб’язджаць паваленыя дрэвы ды ваенныя дзеянні… Пруская вайна ніяк не скончыцца, хоць уся Еўропа ад яе стамілася. Можна было наторкнуцца на якісь вайсковы атрад, які шукаў дэзерціраў, навабранцаў альбо проста марадзёрстваў. А ў неразбярысе, якая панавала, усе ўспрымаліся найперш ворагамі. Магчыма, калі Вырвіч вернецца на радзіму, у яго будуць цалкам прыстойныя шляхецкія вусы.

Рэдкія сустрэчныя хапаліся за шапкі і схіляліся ў пакорлівых паклонах, пакуль карэта з панамі не міне. Цікава, Лёднік неяк распавядаў з горыччу, што ў той Ангельшчыне сустрэчныя прасталюдцы могуць нават пагардліва свіснуць услед карэце, а ў Швейцарыі ветліва памахаць рукой… Пранцысь, шарачковы шляхцюк, які вырас сярод мужыкоў, не мог такой дзёрзкасці з іх боку нават уявіць. Далёка мясцоваму люду, выхаванаму кіямі ды бізунамі, да пастараляў Жан-Жака Русо ды іншых фізіякратаў. Няхай пані Саламея з мужам і ўзяліся падораных ім сялянаў адукоўваць, пераводзіць на аброчную сістэму, ды на месца аканома прытулілі дабрэннага беглага француза, захопленага прагрэсіўнымі ідэямі… А тыя пейзане таўсманнага француза жабай празвалі, панскі поплаў увесь патравілі, а новазбудаваная школка дык і ўвогуле згарэла, як сама па сабе. Вырвіч пагардліва фыркаў: паны самазваныя, хіба мяшчук зразумее, як рады даць вясковай гаспадарцы? Але калі Лёднік прапаноўваў — едзь, знаёнца, ды навядзі парадак, гэтак жа пагардліва адмоўчваўся. Хопіць, накорпаўся ў зямлі ў дзяцінстве.

Пранцысь, якому абрыдзела маўчанне, паціху разглядаў пана Гервасія: з якім чалавекам давядзецца падзяляць у бліжэйшыя месяцы хлеб, соль і смяротную небяспеку? Пакуль зразумела было адно: пан у кіпні купаны, смелы ваяка, аб чым сведчаць шнары на шчацэ і ўпартым ілбе, добры піток, пра што паведамляюць пачырванелыя нос і вочы. Ну а раз, па яго прызнанні, заступаўся перад братам за доктара-халопа, дык не зусім ачарсцвелая ягоная душа. З кішэні пана тырчэў нейкі дзіўны штыр з нанесенай шкалой і некалькімі дроцікамі, які час ад часу пан даставаў і, прыжмурыўшы адно вока, цэліўся ім у неба, потым нешта падкручваў, нешта вылічваў, старанна варушачы вуснамі, і рабіўся ў гэтыя моманты падобным да цікаўнага хлапчука. Злавіўшы позірк студыёзуса, важна патлумачыў:

— Астралябія! Купіў у галандскага капітана! Сама паказвае шлях па зорах! Нават да Амерыкі па ёй можна шлях пракласці.

Астралябію Пранціш бачыў у абсерваторыі Віленскай акадэміі — аднак там такія прылады былі ў выглядзе дыска альбо сферы. Доктар адарваў вочы ад кнігі і павучальна патлумачыў з лёгкай насмешкай:

— Прылада васпана даўно састарэла. Гэта лінейная астралябія араба ат-Тусі, маракі даўно карыстаюцца больш сучаснымі, а ў апошнія гады ўвогуле з’явіліся секстаны. Але карыстанню кожнай з такіх прыладаў трэба доўга вучыцца, вашамосць.

Пад канец доктар збіўся на брыдкі ментарскі тон, ад якога ў свой час Пранціш ажно шалеў. Цяпер настала чарга пана Агалінскага, які нават не пачырванеў, а стаўся юлёвым, як бурак. Вырвіч хуценька ўсунуў рэпліку:

— Вашамосць казалі пра Амерыку? Вы былі ў Новай Індыі, альбо збіраецеся?

І вось тут усё выйшла, як масла на патэльню. Таму што пана Агалінскага прарвала: выявілася, што ён з дзяцінства марыў пра экзатычныя вандроўкі, а потым нагледзеўся ў Нясвіжскім палацы, куды патрапіў у якасці пажа яшчэ хлопчыкам, усялякіх заморскіх дзівосаў — залатыя застрашлівыя маскі са сляпымі вачыма, галаўныя ўборы з пёраў, маленечкія птушкі, памерам з матыля… І мара даплысці да зямлі, дзе жывуць чырванаскурыя дзікуны, якія у непралазных нетрах збудавалі гарады з золата і горнага крышталю, дзе расце на дрэвах кава і чакаляда, сталася неадвязнай. Напэўна, таму пан Гервасій і рынуўся ахвотна ў гэтае падарожжа, няхай трохі і не ў Амерыку. Бо на караблях ён плаваў толькі па каналах, пракапаных ля Нясвіжу дзеля рэканструкцыі водных баталій. Пан Гервасій старанна збіраў усе звесткі пра далёкую краіну, скупліваў прадметы, адтуль вывезеныя, і шалберы добра пажывіліся за кошт бравага альбанчыка, прадаўшы яму за шалёныя грошы і посах індыянскага цара, выразаны з тутэйшай ліпы і расквечаны, як пісанка, і іржавую сякеру, якой нібыта жрацы майя забівалі няшчасных цнатлівак, перш чым кінуць іх у бяздонную студню да крыважэрнага боства з невымоўным імем Кецалькаатль… Праўда, пан Гервасій быў ахвочы да казак не толькі з Новай Індыі. Ён запісваў у асаблівы нататнічак з зялёнай скураной вокладкай розныя дзівосныя выпадкі і чуткі. «Сёння бачыў жабу з чырвонымі шчокамі, якая магла надзімаць іх, так што рабіліся падобнымі на два чырвоныя пухіры. Жаба тая, як мне распавялі, вылупілася з яйка, знесенага чорным пеўнем, і неадменна быў бы гэта цмок, калі б хтось тое яйка панасіў пад пахай».

Пранціш чакаў, што доктар пачне высмейваць забабоннага невука, але ў вачах Баўтрамея нават мільганула павага: прафесар шанаваў людзей, якія цікавяцца нечым па-за звычайным колам быццёвай мітульгі і здольныя на дзівацтвы. А студыёзус вырашыў, што адгэтуль будзе зваць пана Гервасія пра сябе Амерыканцам. Да таго ж, успомнілася, як з такім жа нататнічкам хадзіў сябрук Пранціша па Менскім езуіцкім калегіюме па мянушцы Вараня і таксама запісваў усялякія цуды.

Патроху цямнела, і Амерыканец абвясціў, што начаваць яны будуць на вадзяным млыне, дзе маюцца гасцявыя пакоі і дзе неаднойчы знаходзіў прытулак, калі трэба было пазбягаць лішніх вушэй і вачэй. Гэта куды лепей, чым карчма, тым болей млын знаходзіўся на зямлі, якая належала нябожчыку пану Агалінскаму, а паколькі пан Гервасій стаўся апекуном непаўналетніх пляменнікаў, то ён зараз там і гаспадар… Маёнтак памерлага брата Глінішчы таксама недалёка, але трэба крук рабіць, праз лес перціся… Дый не хочацца лішні раз пра сямейную бяду ўспамінаць. А ў суседняй вёсцы Карытнікі, што таксама належала Агалінскім, пан Гервасій увогуле гадоў дваццаць не быў.

Не сказаць, каб студыёзусу моцна падабалася месца начлегу. Ясная справа, млынар з нячыстай сілай водзіцца, бо калі з вадзянікам у яго не атрымаецца сяброўства, хоць руйнуй той млын. У родным Падняводдзі Пранціш сам бегаў разам з малымі сябрукамі глядзець, як падчас замаразкаў урачыста апускаюць пад вадзяное кола кавалак сала, каб вадзянік не злізваў з таго кола змазку. А часам юны Вырвіч наважваўся крадма лавіць ля млына рыбу, абміраючы ад ганебнага для шляхціца жаху — бо там можна падчапіць на кручок вадзяніка альбо русалку. Яшчэ расказвала Пранцішу нянька Агата, што млынары спецыяльна трымаюць у доме жывёлаў чорнае масці: калі што, у ахвяру прынесці. А магчыма, і не толькі певень альбо кот рабіліся падарункамі для вадзяніка, але й прыпознены падарожнік: заманіць яго млынар ды спіхне ў раку… А што ж, млын усё роўна патрэбны людству — няхай стаіць на дзявятым зярне: дзявятая частка памолу застаецца нячыстай сіле. Адзінае, калі млынар здабудзе траву пад назвай Адамава галава, якая дасць яму ўладу над нячысцікам… Альбо нехта помслівы кіне пад вадзяное кола авечую костку, напоўненую іртуццю, альбо свіны лыч — і канец млыну.

Калі карэта спынілася, у цішы і прыцемку глухі рокат кола падаўся гукам ад вёслаў галеры, на якой плывуць бязлітасныя жоўтаскурыя воі. Вырвіч саскочыў на мокрую ссівелую траву, з задавальненнем пацягваючыся. Вакенца млына свяцілася жоўтым трывожным святлом, але ніхто не спяшаўся да прыезжых з-за варотаў з ладных бярвенняў. Кугікалі рэдкія птушкі, якія яшчэ не адляцелі ў вырай, шалясцеў вецер у парадзелых шатах таполяў, што падбягалі да млына, быццам займалі чаргу на памол. Хвелька злез з козлаў, дзе сядзеў побач з падобным да вусатага жука змрочным фурманам Агалінскага Карпам, і ціха пастагнываў, спадзеючыся, што гаспадар ацэніць ягоныя пакуты і ўзнагародзіць за іх хоць збанком піва.

Фурман рашуча пастукаў у браму. На двары ажно зайшоўся тонкім брэхам сабака — Пранцысь адразу ўспомніў беднага Піфагора, якому дасталося ад людзей Агалінскага, добра, жывы ды не кульгавы застаўся.

— Адчыняй, млынар! Ягамосць пан Гервасій Агалінскі прыехаў!

Тая хуткасць, з якой госці апынуліся на двары, а потым у млынарскім доме, сведчыла, што пан Агалінскі шануецца тут не менш за вадзяніка, і ў ахвяру можа ўзяць, што заўгодна. Млынар, да здзіўлення Пранціша, зусім не быў волатам з каменнымі плячыма, прадназначанымі, каб цягаць мяхі. Ён быў невысокі, каржакаваты, перакрыўлены на адзін бок, з палахлівым тварам, і адно вока трохі прыплюшчана. Праўда, рукі задоўгія, з вялізнымі спрацаванымі далоньмі — здавалася, у такіх далонях камень лёгка ператворыцца ў пясок. Млынар рухаўся неяк няўклюдна, а вось рукі ягоныя нібыта жылі асобным жыццём, спрытна дапамагаючы распрагаць коней.

Дзіўна, але хаця кола млына круцілася, ніводнай падводы з мяхамі на двары. Увогуле ўсё вакол як вымерла, хаця ў выбітых каляінах стаяла вада, што значыла, сюды яшчэ нядаўна ездзілі.

У доме, прыбудаваным да млына, пахла не мукой і не хлебам, а зёлкамі. Зусім як ва ўніверсітэцкай аптэцы.

— А тое зелле ад галавы яшчэ ёсць? — буркатліва папытаўся млынара Амерыканец, які сядзеў за сталом, ледзь не да сталешніцы прыпаўшы. Рудаваты чуб пана прыліп да ілба, закрываючы адно вока. Пранціш помсліва падумаў, што наўрад Лёднік зварыць для Агалінскага свой цудадзейны адвар для такіх вось шляхецкіх хворасцяў. Але млынар пакорліва павярнуўся ў бок варыўні і выгукнуў стамлёным голасам, які трохі дрыжэў:

— Саклета, прынясі яснавяльможным панам адвару ад галаўнога болю!

У варыўні нешта зашаргатала, аж стала страшнавата — што за істота там хаваецца, русалка альбо шышыга? З прыцемку выйшла сапраўды дзіўнаватая істота — худзенькае дзяўчо з галавой, заматанай белай хусткай так, што адны вочы відаць, і тыя апушчаныя. Дзяўчо паставіла перад панам Гервасіем збанок з вохкім напоем, і Лёднік адразу варухнуўся, прынюхаўся: сам жа зельнік. Пан Гервасій, расплюхваючы напой, бо рукі заўважна трэсліся, прагна выпіў… Аддыхаўся з палёгкай…

— Майстрыца ты, Саклета! Як цябе яшчэ за вядзьмарства не ўтапілі? — Амерыканец не заўважыў, як здрыгануліся пры гэтых словах бацька і дачка. А вось Лёднік нахмурыўся і важка прамовіў прафесарскім тонам:

— Гэта ўсяго толькі адвар на аснове кары белай вярбы. Я сам такі рыхтую. Я не памыліўся, панна Саклета?

Дзяўчына спалохана падняла вочы — быццам бліснуў чорны агонь — пачырванела і прамовіла ціхенька:

— Так, літасцівы пане. А яшчэ… Ці дазволіць вашамосць, хачу запарыць зёлкі для слугі, што з хворай пячонкай… Нічога небяспечнага… Асінавая кара, пырнік і сабачая мята… А то ён так стогне… Слуга ваш…

— А крапіву? — сурова папытаўся доктар.

— Так, літасцівы пане! І крапіву дадам… І…equisetum arvense…

Апошнія словы на лаціне млынароўна прагаварыла зусім ціха, зноў панурыўшы галаву.

Доктар зацікаўлена хмыкнуў.

— Ну а хвошч палявы навошта? Ён жа ад нырак!

— А ў спадара Хведара ныркі таксама не ў парадку… — прашаптала Саклета.

— Ну яшчэ б, столькі гарэліцы выжлуктаваць за сваё нядоўгае жыццё, — прабурчэў Лёднік, уважліва вывучаючы аблічча млынароўны. І раптам узняўся ва ўвесь свой немалы рост, выпрастаны, нібы рыхтаваўся ісці на лекцыю.

— Ну што, паказвайце мне сваю лабараторыю, калега!

Дзяўчына паглядзела на віленскага прафесара так багавейліва, быццам той спусціўся з аблокаў.

— У мяне ж так… Толькі зёлкі…

— Вядзьмачка яна слынная! — выгукнуў Амерыканец. — Яна мне абяцала плакун-травы дастаць, якая дапамагае па моры плаваць!

— Нямашака такой травы, вашамосць! — з ціхім адчаем прагаварыла дзяўчына. — Гэта казкі!

— Вось адсцябаю добранька, адразу казка зробіцца явай! — рыкнуў Агалінскі, але нястрашна, відаць, лавіў насалоду ад таго, што перастала балець галава. Дзяўчына ўпала на калені, сціснуўшы тонкія рукі.

— Ваша мосць… Літасцівы пане… Я ж толькі з малітвай… Ніякага чараўніцтва… Са святой Параскевай і Панцеляймонам-пакутнікам… — шаптала вядзьмарка, кідаючы на Лёдніка ўмольныя позіркі, быццам запрашала не верыць злым словам. Пранціш, аднак, цалкам мог бы паверыць, што справа нячыстая… Млынароўна ніяк не была падобнай да звычайнай мужычкі. Вялікія вочы, тонкія рысы твару, вузкія запясці… Зусім не прыгажуня, так, верабейчык, але нешта ў ёй такое ёсць… Да таго ж, падобна, пісьменная, і чытала вучоныя кніжкі. Але калі дзяўчына павярнула галаву да Лёдніка, Пранцысь здрыгануўся: з-пад белай хусткі, якой дзяўчына ўпарта прыкрывала твар, паказваўся агідны ярка-чырвоны нараст — нібы п’яўка, што прысмакталася да шчакі, ад падбароддзя ажно да куточка вока. «Вядзьмарка», — холадам працяла Пранціша, і ўсе прагрэсіўныя перакананні, выхаваныя асабіста Лёднікам і навукай акадэмічнай, кудысьці падзеліся, і захацелася проста па-дзіцячы скрыжаваць пальцы ад сурокаў.

Лёднік між тым адным загадным рухам падняў дзяўчыну з падлогі і пайшоў з ёю на варыўню. «Яшчэ адна лялька-аўтамат з загадкай», — раздражнёна падумаў студыёзус, які ведаў прыхільнасць Лёдніка да «народных талентаў». Доктар упарта займаўся асветніцтвам усялякіх падазроных знахароў — казаў, трэба хаця б трохі паменшыць шкоду ад забабонаў і невуцтва. Чытаў бясплатныя лекцыі шаптухам-павітухам, раздаваў лекі, якія, магчыма, выплюхваліся на зямлю за першым жа кутом.

Пан Агалінскі пацягнуўся, як сыты кот:

— Гэй, Яўхім, рыхтуй ложкі! І якую-небудзь гісторыю — перад сном паслухаць. Ды пастрашней… У цябе ж досвед зносінаў з нячыстай сілай багаты, праўда?

І абыякава дадаў, гледзячы, як палахліва кланяецца скасабочаны млынар.

— Ды што вы з Саклетай такія пужлівыя сталі?

— Неспакойна ў нас тут, пане, — нерашуча прамармытаў млынар, хаваючы вочы. — Людзі ў лесе з’явіліся… Вясковых з толку збіваюць… Чуткі ўсялякія пра нас з дачкой пайшлі.

— Што ты чорную карову пад колам млына ўтапіў? — насмешна прамовіў Амерыканец. — Альбо з вадзянікам такога піва наварыў, што пенаю паплавы заліло?

Млынар, аднак, нават не паспрабаваў усміхнуцца, моўчкі паставіў перад гасцямі гліняную талерку з мочанымі яблыкамі і сыйшоў рыхтаваць ложкі. З варыўні даносіліся галасы: нізкі, патрабавальны — Лёдніка, і таненькі Саклеты, у якім усё выразней адчуваліся ноткі захопленасці, нібыта ў лясным промні зляталіся таньчыць кволыя залатыя мятлушкі. У размове пачалі сустракацца лацінскія тэрміны — прафесар вучыў, як каторая трава завецца на мове навукі, папраўляў вымаўленне млынаркі, якая невядома дзе нахапалася медыцынскіх ведаў.

— Вось паскуднік, нават такой пачваркі не праміне, — скрозь зубы ненавісна прасычэў пан Агалінскі. — Аднойчы я з расамахай сустрэўся, чорнай такой, калматай, у валасах — дохлыя рыбінкі, дык гэты чарнакніжнік і на яе б, напэўна, паквапіўся!

Пранціш адчуў, як зашумела ў вушах ад гневу. Агалінскі і дагэтуль раздражняў яго, а тут… Пан Гервасій заўважыў гнеўны позірк суразмоўцы і таксама зацяўся, як сабака, якому ў нос патрапіла сасновая шышка:

— Пан не верыць, што я сустракаў расамаху?

І пацягнуўся да таго кута, дзе яны склалі зброю. На хвілю Пранцішу страшэнна закарцела адказаць нешта дзёрзкае — словы так і пяклі язык. Але пракляты доктар недарэмна столькі гадоў змагаўся з вогненным тэмпераментам свайго вучня, таму што замест цалкам шляхецкага ўчынку — ускінуцца ды выклікаць на двубой, Пранціш падумаў, што станецца з пані Саламеяй, з маленькім Алесем, з млынаром і млынароўнай, на вачах якіх забілі іхняга пана… Пра тое, што пан можа сам яго забіць, студыёзус нават на трэсачку не задумваўся.

— Слова шляхціца — закон, ваша мосць, — урэшце дамовіўшыся з сабою, пачціва адказаў студыёзус. — Няхай жа пан распавядзе пра сваю дзівосную сустрэчу з пачварай расамахай.

Амерыканец падазрона зіркнуў на русявага блакітнавокага студыёзуса і пацягнуўся па свой нататнік… На варыўні Лёднік чытаў млынароўне з чырвоным нарастам на твары занудлівую лекцыю пра гігіену і тлумачыў, якія сродкі ні ў якім разе ўжываць нельга, хаця б лекавалі імі бабулі-прабабулі… У бакавой прыбудове шаргацеў млынар, рыхтуючы пакой дзеля высокіх гасцей, храплі дзесьці ў каморы на ўсе застаўкі фурман і Хвелька — а чаго чакаць, пакуль паны нагамоняцца, так што не лёс быў Хвельку адведаць адвару Саклеты, занятай лекцыяй віленскага прафесара. І толькі млын маўчаў. Ягонае кола было спыненае воляй часовага гаспадара, і паміж жорнаў пакутліва чакала смерці апошняе недамолатае зерне.

І калі б Пранціш выпадкова не зірнуў за вакно, знуджаны байкамі Амерыканца, бяду заўважылі б толькі, калі стукнецца ў вароты. З боку далёкага лесу набліжаліся-мітусіліся агні.

Млынар сутаргава ўздыхнуў, як жаўнер, якому папала пад сэрца страла, і ён усвядоміў, што памірае.

— Гамон… — прашаптаў Яўхім непаслухмянымі вуснамі і зажагнаўся, зашаптаў малітву. Ягоная дачка проста глядзела на агеньчыкі вялізнымі безнадзейнымі вачыма, і Пранцішу падавалася ў прыцемку, што нараст на яе шчацэ варушыцца, як жывая п’яўка. Агні набліжаліся, пачуліся аддаленыя выкрыкі… На двары нарэшце забрахаў сабака.

— Гэта што за гіцалі? — сурова запытаў Агалінскі, углядаючыся ў цемру. — Разбойнікі?

— Частка лясных, частка з вёскі…— прамармытаў млынар. — Гразіліся колькі дзён, калі пошасць у вёсцы не скончыцца — Саклету заб’юць. А нам куды падзецца — не схаваешся, адсочаць… А дачушка толькі зёлкамі лячыла…

— Што за пошасць? — строга ўдакладніў Лёднік.

— Сверб, ваша мосць.

Нападнікаў, мяркуючы па паходнях, сабралася дзесяткі са два… А калі Пранціш, тое-сёе скеміўшы, кінуўся да другога вакна, выявілася, што і з таго боку набліжаецца тузін…

Цяпер было зразумелым і адсутнасць наведнікаў на млыне, і тое, што разбегліся ўсе млынаровы памагатыя…

— Ды я зараз гэтых бунтаўнікоў, як хмызы, пакладу! — бушаваў Амерыканец. — Нас шасцёра, калі слуг палічыць, пораху хапае — зараз я ім учыню бунт! Яўхім, кліч майго фурмана! Зброю даставай, якая ёсць! Перастраляю гадаў!

Агалінскі з шабляй у адной руцэ, з пісталетам у другой кінуўся на двор, за ім у восеньскую зорную ноч — зоры ажно гронкамі звісалі, — вылецелі Пранціш і Лёднік. Прафесар утрымаў Агалінскага, які ўжо быў гатовы страляць ва ўсё, што рухаецца:

— Ваша мосць, гэта не проста халопы, якія разбягуцца ад стрэлу. Гэта людзі, спалоханыя да таго, што перасталі баяцца смерці. Яны ўзброеныя віламі і косамі, супраць якіх нашыя шаблі — як трэскі… Дазвольце я напачатку з імі перагавару. Мне даводзілася падчас пошасцяў сустракацца з натоўпамі паляўнічых на ведзьмаў.

Пан Гервасій грэбліва страсянуў з сябе руку доктара, як быццам гэта быў гідкі павук.

— Без тваёй парады абыдуся, баязлівец!

— А гэта не парада, вашамосць. Гэта адзінае разумнае выйсце, — рэзка заявіў Лёднік і, не чакаючы выбуху гневу ад суразмоўцы, выйшаў за браму і гукнуў назад:

— Зачыняйце і не высоўвайцеся! Не страляць, пакуль не дам знаку!

Бубнеў спалоханыя малітвы Хвелька, яму дапамагаў млынар… Пранціш прыпаў да шчыліны між дошкамі, цэлячыся са стрэльбы ў прыхадняў: доктар стаяў, скрыжаваўшы на грудзях рукі, падманліва спакойны. Людзі з паходнямі, узброеныя хто чым, спыніліся перад ім. Наперадзе быў худы высокі мужык з запалымі светлымі вачыма, якія гарэлі фанатычным агнём.

— Аддайце нам вядзьмарку!

— Вы ведаеце, што нападаеце на самога пана Гервасія Агалінскага, які спыніўся ў гэтым доме? — спакойна спытаўся Лёднік, і Агалінскі пацвердзіў сваю прысутнасць градам выкшталцоных праклёнаў, сярод якіх самым прыстойным было «дзеці карослівай сучкі».

— Супраць яснавяльможнага пана нічога не рабіцьму, — высокі мужык, нібы ў пацвярджэнне слоў стукнуў у зямлю сваймі віламі, што смешным чынам прыпадабнялася мажардомскаму стуканню жазлом у паркет на знак пачатку балю. — Але мы не хочам, каб вашыя мосці тую вядзьмарку звезлі, і нашы людзі ад ейных сурокаў змарнелі. Пан Агалінскі наш гаспадар і суддзя — вось няхай тут жа і асудзіць пачвару! А мы прысуд выканаем!

Натоўп за ягонай спінай загуў… Некалькі чалавек, як і правадыр, відавочна адрозніваліся ад звычайных змарнелых халопаў — замест сярмягаў вывернутыя поўсцю наверх кажухі, за паясамі — шаблі. Лясныя людзі… З гэтымі дамовіцца цяжка.

— Чаму вы вырашылі, што Саклета вінаватая ў пошасці?

— А хто яшчэ? — выгукнуў адзін з мужыкоў, узброены звычайнай сякеркай. — Яна чараўніцтвам з дзяцінства жыве! Сам бачыў, як чорнага ката пад кола млына кідала! А як дала зёлак маёй жонцы, дык тая праз тыдзень плямамі чырвонымі пайшла. А тады і я, і ўся вёска!

Мужык тыцнуў пальцам сабе ў твар, дзе сапраўды красавалася раздрапаная да крыві пляма.

— Вядзьмачка яна! Хоча, каб усе былі такімі страхотнымі, як сама. Бачыў пан, што да аблічча яе чырвоны змей прысмактаўся? Усе ведаюць — Яўхім ейную матку цяжарнай узяў, ад Вадзяніка яна!

— Жорнаў на шыю — і ўтапіць! — зараўлі прыхадні.

— Чакайце, спадарства! — доктар падняў руку, і крыкі сціхлі. — Я — доктар. Дайце мне час, і я вылечу ўсіх.

— А яна зноў на нас хворасць нашле! — выкрыкнуў нехта.

— Калі я прыбяру з яе твару «чырвонага змея», вы паверыце, што Саклета — не вядзьмачка? Яна ж, мусіць, у царкву ходзіць, прычасце бярэ…

— Ты, можа, сам вядзьмак! — выгукнуў нехта з натоўпу, і вілы наставіліся на Лёдніка, як на загнанага ваўка.

— Доктар, не мянці языком! Я тут пан, мне і вырашаць! — выкрыкнуў Агалінскі з-за плоту. — Бунту не пацярплю, але і чараўнікоў пакрываць не збіраюся!

Людзі ўхвальна загулі. Лёднік уладна загадаў прыхадням:

— Мы зараз параімся! Чакайце тут выраку! — і зайшоў у браму. Да доктара зараз жа падляцеў Агалінскі.

— Ты што тут узяўся камандаваць, клісцірнік пракляты? Хто ты такі? Вядзьмак вядзьмачку ратаваць узяўся? Ды я цябе…

Агалінскі выхапіў з-за пояса бізун і замахнуўся. Лёднік пераняў панскую руку і так сціснуў, што пан вохнуў.

— Я, вашамосць, прысягу сваю вам памятаю і гатовы сплаціць. Але пан памыляецца, калі думае, што я дазволю хоць адзін бізун ад тае смяротнае дозы загадзя выпрабаваць на свае скуры. І я не дазволю аддаць на смерць гэтае няшчаснае дзяўчо…

Лёднік кіўнуў у бок Саклеты, якая нават не плакала, не спрабавала схавацца, а пакорліва стаяла каля бацькі, апусціўшы галаву, падобная ў белай хустцы на зламаную кветку.

Пранціш зараз жа падляцеў да Лёдніка, гатовы астудзіць пал Агалінскага шабляй.

— Я ўсё ўладжу сам, ваша мосць, — цвёрда сказаў Амерыканцу доктар. — Я бачыў праявы пошасці і пазнаў хваробу. Нічога звышнатуральнага. Прашу толькі яснавяльможнага пана не ўмешвацца — урэшце, гэта мужыцкая справа, не вартая вашых высакародных клопатаў.

Агалінскі, якога Лёднік адпусціў, адскочыў назад і выхапіў шаблю. Ноздры яго раздзімаліся, і ён бы кінуўся на доктара, каб быў трохі больш п’яны, але, відаць, яшчэ памятаў, што сам звязаны прысягай наконт здабыцця спадчыны доктара Дзі, таму толькі пагардліва сплюнуў.

— Гэта я табе таксама прыпомню, паскуднік!

Фурман і Хвелька паглядалі на млынароўну з нянавісцю і страхам, і, падобна, гатовыя былі зараз жа перакуліць яе цераз плот.

Доктар строга папытаўся Саклету:

— Кідала ката пад млын?

Дзяўчына з безнадзейнай абыякавасцю кіўнула галавой:

— Звычай такі, вашамосць. Млын жа без гэтага круціцца не будзе, вадзянік ставы паламае…

Лёднік толькі з прыкрасцю рукой махнуў.

— Вось ён, партрэт беларускага духу… Даведнік па травах з лацінскімі назовамі — і кот у ахвяру вадзяніку. А на аперацыю па выдаленні свайго ўпрыгожання на шчацэ ты згодная, ці свята верыш у ягоную неабходнасць дзеля паспяховай знахарскай практыкі?

Саклета ўпала перад доктарам на калені і пачала палка цалаваць таму руку:

— Паночак мой, любенькі мой, ды калі б толькі вы змаглі сурок гэты прыбраць! Ды я за вас Богу маліцца стану і ўдзень, і ўночы!

— Млын прадам, усё прадам, толькі прыбярыце чырвонага змея з дачкі, сіроткі беднай! — зароў і Яўхім і схапіў доктара за другую руку. — Матка ейная рана памерла, адзіная мая ўцеха — дзіцятка…

Лёднік раздражнёна вырваўся.

— Папярэджваю, гэта балюча. А мне яшчэ лішаі ў гэтых дурняў лячыць. Будзеце рабіць, што скажу, без дапамогі не спраўлюся.

І пайшоў за вароты.

Калі натоўп расчыніўся ў прыцемку, як соль у поліўцы, Лёднік абвесціў, да абурэння Агалінскага, што давядзецца затрымацца на млыне на тыдзень. Бо ён дэкляраваў нападнікам вылечыць ад пошасці жыхароў вёскі, а млынароўну Саклету паказаць з чыстым тварам. Тыдзень — найменшы тэрмін, за які шнар пасля аперацыі на твары хоць трошкі зацягнецца, прыгатуецца дастатковая колькасць мазі ад скуранога захворвання, якое, па сцверджанні Лёдніка, узнікла не ад сурокаў, а «мыцца часцей трэба», і ад тае мазі лішаі пачнуць сыходзіць.

А каб абвергнуць падазрэнні ў вядзьмарстве ўласным, доктар абвесціў, што разам з сям’ёй млынароў пойдзе ў царкву — яна тут засталася праваслаўнай — да споведзі і прычасця.

Пранцішу давялося быць асістэнтам, калі доктар рабіў аперацыю Саклеце. Студыёзус увесь час маліўся святому Кіпрыяну, які дапамагае супрацьстаяць магіі і чараўніцтву, але за час аперацыі ўпэўненасці ў вядзьмарскай прыродзе млынароўны ўсё-ткі паменшылася. Амерыканец таксама быў пажадаў паглядзець, але хутка страціў цікавасць да крывавай дзеі. А дзяўчына нават не плакала — дзеля пазбаўлення ад свайго праклёну гатовая была перацярпець любы боль. Праўда, і Лёднік узяў з сабой не толькі абавязковы набор інструментаў, але і запас лекаў, сярод якіх даволі моцныя абязбольваючыя.

— Яшчэ пара такіх аперацый — і мне можна будзе блох падкоўваць, — бурчэў стамлёны, але таемна задаволены сабой Лёднік, які страціў гадзіну, каб зрабіць след ад свайго скальпеля як мага больш незаўважным.

А тады пачалася катаржная праца па нарыхтоўцы мазі. Смурод клубіўся неверагодны, як у пекле. Хвелька і фурман Карп, панурыя і злыя, пераціралі, таўклі і наразалі, млынар цягаў, Пранціш варыў, Лёднік кіраваў… Толькі Саклеце было забаронена ўставаць — каб усё зажыло як хутчэй і найлепей.

А Амерыканец альбо валяўся на сенніку з кнігай пра заморскія падарожжы, альбо хадзіў страляць птушак у бліжэйшы гаік. Адзіная карысць — пан высветліў, што за млынам сочаць, так што збегчы не ўдасца, і паслаць па дапамогу ў Глінішчы таксама. Яшчэ адно, на гэты раз уласнае, назіранне Пранцішу не спадабалася: Карп і раней пазіраў на доктара, як сыч. А цяпер і Хвелька перамяніўся. У ягоных паглядах на гаспадара мігцелі расчараванне і крыўда, як у дзіцёнка, якому замест сапраўднага жывога коніка падарылі выразанага з дрэва балванчыка. Доктару не было калі звяртаць увагі на такія нюансы, але Пранціш схапіў Хвельку за вуха ў цёмным куце пасля асабліва непаважлівага звароту да прафесара.

— Ты што гэта, сучы сын, сабе дазваляеш? Я цябе, хамуйла, навучу, як са шляхціцам паводзіцца!

— Дык то са шляхціцам… — раптам з крыўдай прагаварыў Хвелька. — А мне Карп распавёў, што пан Лёднік — зусім і не пан, а чарнакніжнік, і ў вас, вашамосць, слугою быў, а брат пана Гервасія дык увогуле яго за халопа трымаў.

Пранціш для важкасці адвесіў Хвельку пару кухталёў.

— Запомні, хамуйла: нават кароль можа ў палон патрапіць і на ланцугу сядзець. Калі пана Лёдніка сам вялікі гетман паважаў, за стол з сабою садзіў, дык не табе ставіць пад сумнеў ягоную годнасць. Ясна? Доктар жыццё табе выратаваў, з таго свету выцягнуў, а ты важыш, ці дастаткова твой пан для цябе радавіты!

Хвелька, вядома, запэўніў, што ўсё з’ясаваў, і перапрашаўся, і каяўся… Але водгулле атрымалася ад такога дробнага здарэння непрыемнае… Пранціш памятаў сябе, шкаляра, якому дастаўся ў рабства раскаяны алхімік. І як ён ставіў алхіміка на месца… І, выходзіць, Лёдніка, сына гарбара, да канца жыцця так і будуць ставіць на месца — нават слугі… Для Пранціша, які аднойчы прызнаў доктара роўным сабе, гэта атрымлівалася асабістай абразай… Але ж і сам пан Вырвіч, уладальнік герба Гіпацэнтаўр, у глыбіні душы лічыў Лёдніка няхай і выбітным чалавекам, але — інакшым ад патомнай шляхты, бо ў ягоных жылах усё роўна цякла простая, брудная кроў… І бацька Пранціша, пан Даніла Вырвіч з Падняводдзя, загонны шляхцюк, які сам вывозіў на поле гной, уторкнуўшы ў воз шляхецкую шаблю, быў па сармацкіх законах бясконца вышэй за бязроднага прафесара з двума дыпломамі, у парыку і модным камзоле.

А потым давялося ісці ў вёсачку з красамоўнай назвай Карытнікі, счакаўшы свята, каб людзі былі дома. Перад выправай прафесар з валізай у руках спыніўся ля тапчана, на якім, задраўшы ногі ў жоўтых саф’янавых ботах на падваконне, ляжаў пан Гервасій:

— Ваша мосць не хоча паглядзець, як жывуць ягоныя падданыя?

Доза жоўці ў голасе прафесара была дастаткова заўважнай. Амерыканец сеў і варожа ўтаропіўся ў прафесара.

— Што я, мужыкоў не бачыў?

Лёднік скрывіў вусны.

— Вы, вашамосць, так жадаеце даведацца, як жывуць бедныя індыянцы… Ці не варта мець, з чым параўноўваць? Запэўніваю — экзотыкі і дзікунства ў глухіх беларускіх вёсачках ніяк не менш, чым у пасяленнях ацтэкаў і майя.

Амерыканец падумаў, і зрабіў літасць зацікавіцца. Усё роўна ад нуды пачаў мух расстрэльваць гарохам з трубачкі, а астралябію, хітрамудрую і бескарысную з-за тае хітрамудрасці закінуў так, што забыўся, куды.

Пашкадаваў пан Гервасій аб сваёй цікаўнасці ўжо калі пад’язджалі конна да Карытнікаў па такой гразкай дарозе, што не заслугоўвала наймення дарогі — так, недаробленая сцежка па гліністай гразі. Конь пана Агалінскага ледзь не паваліўся ў адным асабліва слізкім і гразкім месцы, камякі гліны ляцелі на вершнікаў, асядалі на вопратцы ардэнамі восеньскіх вандраванняў.

А калі даехалі, ды спешыліся, ды пайшлі па хатах… Хатамі гэтыя буданчыкі, напаўзарытыя ў зямлю, маглі называцца не больш, чым сцежка да Карытнікаў дарогай. Людзі выпаўзалі вонкі, учарнелыя ад недаядання і куродыму. Расчасаныя лішаі на тварах крывавілі. Пан Агалінскі хацеў быў загадаць, каб усіх сагналі ў адно месца, ды спраўдзіць раздачу мазі і лекцыю прафесара наконт гігіены за адным разам, але Лёднік толькі рукой махнуў: усё роўна давядзецца прайсці па дамах, каб агледзець хворых, што пахаваліся, як прусакі.

А ў хатах дыхаць не было чым, быдла ўтрымлівалася разам з людзямі. Асабліва ўражвала, што замест сталоў у падлозе быў пракапаны глыбокі роўчык квадратнай формы. На яго край садзіліся, спусціўшы ногі, а цэнтр выкарыстоўвалі як стол.

З Амерыканца было досыць аднаго наведвання. Ён з грэблівай фізіяноміяй азіраў, седзячы на кані, уладанні свайго нядаўна памерлага брата. Хвелька, якога ўзялі з сабою везці лекі, паглядаў навокал яшчэ больш грэбліва і фанабэрыста, і відавочна ўважаў гэтых брудных людзей у лахманах бясконца ніжэйшымі за сябе, самавітага лёкая ў дыхтоўнай ваўнянай свіце. Пранціш, які гадаваўся не ў палацы, і той не мог змусіць сябе да візітаў і заставаўся на панадворку. А доктар заходзіў і заходзіў у хаціны, раздаваў слоікі з маззю, вучыў, як ёю карыстацца, а яшчэ крыкам крычаў на месцічаў, як на самых нядбайных студэнтаў — каб хадзілі ў лазню, каб мылі посуд, каб не спраўлялі патрэбу ў хаце… А яшчэ — Пранціш гэта бачыў — пакідаў у кожным доме па некалькі манет.

А потым Лёднік падыйшоў да пана Агалінскага і працягнуў яму на далані кавалак нечага чорнага, падобнага да торфу.

— Як вашамосць думае, што гэта такое?

Твар Лёдніка быў суровы, як зімовы вецер. Амерыканец узяў кавалак, пакруціў, грэбліва кінуў.

— Гразь сваю яны гэтым адціраюць, ці што?

— Гэта іх хлеб, ясны пане, — глыбокім нізкім голасам сказаў Лёднік. — Тоўчаная кара, мякіна, сушаная лебяда… А зерне, якое мелецца на млыне Яўхіма, якое яны вырасцілі, сёлета ўсё адвезенае ў панскія клеці — быў недарод, а падушнае не зменшылі.

Пан Агалінскі з прыкрасцю тузануў сябе за руды вус.

— Яны проста лянівыя. Быдла…

— Хіба тыя людзі, што прыйшлі да млына пазаўчора ўночы, падобныя да быдла? — ціха папытаўся Лёднік. — Калі нічога тут не зменіцца — падобных ім стане яшчэ больш, і згарыць не адзін панскі маёнтак.

— Ды што тут за гаспода такая? — не вытрымаў Пранціш. — У нас у Падняводдзі такой галечы ніколі не бачылі! Каб у хаце ніводнай жалезнай лыжкі і ніводнага жалезнага цвіка… Нават у голад — у грамады меўся агульны запас зерня. Калі яно заканчвалася — мукі сялянам пазычаў, а то і дарыў, і мой пан-бацька, і наш сусед, ягоная мосць пан Крывіцкі. Кары ў нас ніколі не елі!

Вырвіч са здзіўленнем заўважыў, што пан Агалінскі пачырванеў.

— Тут відавочна аканом шалбер і злодзей. Я разбяруся… Калі вернемся.

Пранціш Вырвіч выразна хмыкнуў, і пан Агалінскі паправіўся.

— Прыедзем у Полацак — дам усе распараджэнні… Напішу…

Са сляпых вакенцаў, якія таксама не заслугоўвалі наймення вокнаў, глядзелі нябачныя ненавісныя вочы.

Яны выправіліся не зусім праз тыдзень, прайшло дзесяць дзён ад таго вечара, калі дыхтоўны дармез без гербаў падкаціў да вадзянога млына. Саклета больш не хавала свой твар, хаця шнар праз усю шчаку быў яшчэ вельмі заўважны, але ж ён не палохаў, як колішні агідны нараст, і, як запэўніваў Лёднік, з часам зробіцца зусім непрыкметным. Пошасць таксама адступала, дзякуючы прафесарскім лекам. І людзі з лесу паведамілі, што млынара і ягоную дачку чапаць не стануць. Але ясна, выйсці замуж беднай дзеўцы ў гэтых краях будзе цяжка.

На развітанне Саклета, што на Лёдніка літаральна малілася, усунула доктару, які ўжо сядзеў у карэце, нейкі куфэрачак з чырвонага дрэва:

— Вашамосць, прыміце, не адмаўляйце, Хрыстом Богам малю… Каб хоць гэта напамяць… Даражэй нічога не маю. Гэта мне ад маці маёй, Альдоны, засталося… Яна ж была не адсюль, слугавала ў маёнтку ў Глінішчах, адукаваная, чытаць мяне навучыла, ад яе і кніжкі мае. Я ўсё роўна гэтаму рады не дам, а пану, можа, дзесь прыдасца…

Калі Лёднік адчыніў куфэрак, млын застаўся ўжо далёка за лесам. У куфэрку ляжала дасканала адшліфаваная лінза ў срэбнай аправе з тонкай гравіроўкай, на важкім срэбным ланцугу. Лёднік са здзіўленнем паглядзеў праз шкло на свет.

— Нешта падобнае да акуляраў… Галандскай працы.

— Дай сюды! — пан Гервасій раптам пацягнуўся за лінзай, пакруціў яе, памацаў.

— Гэта належала майму пану бацьку! Вось тут наш герб выгравіраваны… Я нават памятаю, як гэтая штука вісела ў бацькі на шыі! Ён на вочы быў слабы — гэта ў нас спадчыннае, і з дапамогай шкла чытаў. Адкуль яно ў млынароўны? Матка, відаць, злодзейка была!

Пранціш забраў у пана Гервасія дзіўны прадмет, уважліва ўгледзеўся, перавярнуў… На зваротным баку срэбны аклад быў абцягнуты тонкай светлай скурай, а на ёй красаваўся надпіс сінім атрамантам, які студыёзус з задавальненнем зачытаў услых.

— «Слічнай маёй Альдонцы — каб разгледзела сваё шчасце. З любоўю — пан Ладзіслаў». Ваш бацька зрабіў цікавы падарунак прыслузе. Мабыць, і ёй падабалася дзіўнае шкельца. А вось і дата…

Пранціш паднёс лінзу да самых вачэй.

— «Глінішчы, чэрвень 1743 году». Наколькі я разумею, дзесьці праз некалькі месяцаў нарадзілася наша агульная знаёмая Саклета.

Пан Агалінскі недаверліва зірнуў на надпіс, злосна сыкнуў нешта скрозь зубы і адвярнуўся да вакна. Толькі калі Лёднік схаваў шкельца ў куфэрак, Амерыканец суха вымавіў:

— Я быў бы вельмі ўдзячны пану Лёдніку, калі б ён прадаў мне гэта падарунак. За любыя грошы. Пяцьдзесят дукатаў, скажам. Альдону тую шылахвостку я ўспомніў, а калі пойдуць чуткі…

— Вось цікава, а нашто пану Лёдніку грошы, калі вашамосць усё роўна яго заб’е? — не прамінуў паздзеквацца Пранціш. Доктар сярдзітым позіркам спыніў Вырвіча, які дужа ўзрадваўся магчымасці прышпіліць фанабэрыстага Агалінскага ганебнай таямніцай.

— Няхай вашамосць паабяцае, што дэкляраваныя грошы панна Саклета, незаконнанароджаная сястра пана, атрымае ў пасаг, і я зараз жа перадам вам куфэрак. Разам з нашым абяцаннем маўчаць.

Пан Агалінскі скрывіўся, як паўтара няшчасця, але прамовіў, апусціўшы вочы.

— Слова гонару. Пяцьдзесят дукатаў пашлю дзеўцы.

За вокнамі карэты зноў пачаў накрапваць паскудны восеньскі дождж, і індускі бог Яма адклікаў сваіх чатырохгаловых сабакаў, што беглі за дармезам без гербаў, у больш прыветнае, але не менш грэшнае, месца.

 

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ. ЯК ПРАНЦІШ З ПАНАМ ПАЛОНІЕМ ПАЗНАЁМІЎСЯ

 

Пераступіць цераз ганак — гэта вам не лыжку заціркі глынуць. Нездарма ў новы дом першым пускаюць котку альбо пеўня — каб прынялі на сябе тое, што пад ганкам хаваецца, гнеў нябачнага вартавога… Адкупіцца ж ад таго вартавога хто як спрабаваў. Закопвалі пад ганкам манеты, кропельку іртуці, змяіную скурку, кавалак жалеза, ваўчыную галаву альбо чорную курыцу, ці яшчэ страшней — хавалі памерлых няхрышчанымі немаўлятаў.

На парозе нельга есці, бо плёткі прыцягнеш, нельга праз ганак выплюхваць на двор брудную ваду — курыная слепата надарыцца. Калі штось будзеш на ганку сячы — напусціш у дом ведзьмаў і жабаў. Затое ад спалоху няма больш вернага сродка, чым калі шаптуха спырсне цябе праз расчыненыя дзверы нагаворанай вадой, ці «заб’е» перад імі спалох нажом альбо сякерай.

На гэтым ганку ляжаў раздушаны начны матыль, яго абсыпаныя шэрым бліскучым пылком крылцы бездапаможна прыліплі да мокрага каменю, і не верылася, што ў іх некалі жыло вольнае паветра.

Доктар Лёднік забабонаў не прызнаваў, таму цераз ганак дому Рэнічаў, мёртвага матыля і жывыя перасцярогі пераступіў, не вагаючыся… А вось Пранціш Вырвіч на ягоным месцы добра падумаў бы, чаму гэта на стук ніхто не адгукнуўся, а дзверы адчыненыя. Як казалі лаціняне, нават паміж кавалкам і ротам шмат што можа здарыцца. Частку дома, які калісь належаў бацьку пані Саламеі, кніжніку Івану Рэнічу, Лёднікі здавалі ў арэнду — там, дзе пераплётная майстэрня. І па ўсяму выходзіла, што арандатар ці хтось з ягонай чэлядзі павінны быць на месцы… Але майстэрня на замку. Пранціш дастаў шаблю і заўважыў, што доктар таксама паклаў руку на дзяржальна — значыць, усё-ткі не страціў да канца пільнасці, і жэстам загадаў Хвельку заставацца на двары.

— Гэй, ёсць хто ў хаце?

Цішыня… Але Вырвіч быў упэўнены, што яны ў будынку не адны.

Так і здарылася. У гасцёўні чакала чалавек дзесяць — узброеныя да зубоў ваякі, якім не ўпершыню пільнаваць у засоцы. Пасярэдзіне пакоя, у фатэлі, нерухома сядзела пані Саламея Лёднік, збялелая, напятая, у вялікіх сініх вачах адчай. А за яе спінай, прываліўшыся да падваконня, у вольнай позе застыў белавалосы волат са страшным, пакрытым шнарамі, ружовым тварам, з бяздоннымі вачыма, якія здаваліся то празрыста-светлымі, то барвовымі… На вуснах волата лунала іранічная ўсмешка, нібыта ён прысутнічаў пры лёгкай застольнай размове.

— Нарэшце мы вас дачакаліся, вашыя мосці! Забавіліся ж дарогай…

— Пан Герман Ватман…

Калі Лёднік паспеў агаліць шаблю — ніхто ўцяміць не паспеў. Але што тая шабля, калі на цябе скіраваныя пісталеты, а за спінай тваёй каханай стаіць спрактыкаваны забойца.

— І нашто было чапаць маю жонку? — холадна прагаварыў доктар.

— Ну, я ж ведаю, што ў прысутнасці красунек размова лягчэй ідзе, — лена-дабразычліва прамовіў Ватман, пацягнуўся, наблізіўся ўшчыльную да Саламеі. — Вядома, зараз усе аддаюць перавагу маладзюсенькім, трапятлівым, як стракозкі. Але ж мы з табой, доктар, мужчыны сталыя, жыццём бітыя, мы цэнім кабетаў з досведам…

Ватман абвёў пальцам, не датыкаючыся, абрыс твару Саламеі. Лёднік рыпнуў зубамі.

— Што табе ад мяне трэба?

— Ну што ты так спяшаешся, доктар, гэта ж не кроў пускаць. Няўжо не рады бачыць старога сябра?

Вырвіч зрабіў крок наперад.

— Выклікаю вас на двубой, пан Ватман! Пры сведках, зараз жа!

Найміт не зварухнуўся.

— А твой былы гаспадар не змяніўся, чарнакніжнік. Мог бы ўжо і павыхоўваць стрыгунка. А дзе ваш спадарожнік, такі руды, шалёны? Пагрэбаваў кампаніяй ягамосцяў? Ведаеце, — голас Ватмана зрабіўся даверліва-інтымным, — пан Міхал Багінскі вельмі незадаволены. Ён, можна сказаць, абражаны. Ён жа вас з усім гонарам прасіў з’ездзіць у невялічкую перэгрынацыю. А вы насы закапылілі. А варта было Радзівілам свайго блазна прыслаць — тут жа сарваліся з месца. Нядобра…

Доктар сустрэўся вачыма з Саламеяй, ягоная шабля трохі ўздрыгнула ў руцэ, як паверхня вады ад таполевай пушынкі.

— Якія ўмовы князя?

— Умовы? Гэта ўжо не ўмовы, — голас Ватмана заледзянеў. — Гэта загад. Калі будзеш ад’язджаць, паведаміш, і прыхопіце з сабой спадарожніка. Усе распараджэнні якога і будзеце выконваць. Яму і перадасцё, што здабудзеце. Вернецеся — атрымаеш назад сваю красуньку.

— А як жа пан Агалінскі? — выпхнуўся Вырвіч. — Ён не пацерпіць, каб з намі ехаў прадстаўнік Багінскіх!

— Разумна гаворыш, студэнт, — іранічна пагадзіўся Ватман. — Гэтую праблему мы вырашым! — і выразна чыркнуў пальцам па сваёй шыі. Лёднік спахмурнеў.

— Я не магу дапусціць, каб з панам Агалінскім нешта здарылася. Я звязаны з ім прысягай.

Пранціш вылупіўся на Лёдніка, ледзь стрымаўшыся ад рэплікі. Доктар што, жыць не хоча? Такая магчымасць пазбавіцца ад злыдня Агалінскага! Амерыканец, праўда, досыць забаўны, і не баязлівец, але ж доктара не пашкадуе! Праўда, Пранціш сам у свой час у Менску папярэдзіў аб закалоце найгоршага ворага — каб не дапусціць ганебнай расправы няхай і з паскуднікам, але сапраўдным шляхціцам. Яшчэ Вырвіч успомніў, што ад вяртання пана Агалінскага жывым і здаровым залежыць лёс малога Алесіка, а доктар рызыкаваць сынам не стане нізавошта.

Лёднік падціснуў вусны і свідраваў позіркам найміта. Ватман незадаволена скрывіўся.

— Калі табе такі дарагі Агалінскі, можаш цалаваць яго і надалей у дупу. Тады самі прыдумайце, як прадставіць рудому дурню нашага чалавека. Але вось калі з тым, нашым чалавекам, нешта здарыцца — усё, доктар, развітвайся з красунечкай. А я яшчэ і добра праверу, чаму ты навучыў яе за тры гады ў ложку. І не крыўдуй, думаю, мае лекцыі больш змястоўнымі акажуцца, чым твае.

Прысутныя ваякі зарагаталі, дадаючы смачных заўваг пра падрабязнасці эратычных лекцый ад Ватмана. Саламея адчайна прыкусіла вусны. Лёднік, не зводзячы з яе вачэй, прагаварыў-прасычэў:

— Цэлы будзе ваш чалавек. Але калі, пакуль я не вярнуся…

— Ведаю-ведаю… Ніколі мне не даруеш, валасіна з жонкі ўпадзе, пальцам крану — па бруку мяне размажаш, і яшчэ тры талеркі клёцак зверху. Не трасі паветра, і так усё зразумела. Выйсця ў цябе, Баўтрамеюс, нямашака. Радуйся, што я з табой не еду.

— Няўжо пасаромеліся двойчы пасылаць да ахвяры аднаго забойцу? — прабурчэў доктар. — А хто з намі едзе?

Ватман пасміхнуўся.

— Спадарожнік ваш спрытнюга, так што лаўчыць не ўздумайце. Ён вам сам усё пра сябе распавядзе.

Ватман падаў знак, і няпрошаныя госці павялі Саламею да выхаду, не далі нават развітацца з мужам. Усё-ткі Ватман ведаў, на што здатны гэты тыпус, і сачыў, каб занадта блізка ні ён, ні ягоны вучань не набліжаліся.

Калі Ватман выходзіў апошнім, Лёднік стамлёна прамовіў:

— Але ж ты павінен разумець, Герман — гэтыя пошукі што саламяны куль на кані. Толькі бачнасць.

— А мне гэта як зайцу клавесін. І не спрабуй нават рыпацца, жоначку шукаць. Вачэй за вамі дагледзець хапае.

Калі за прыхаднямі зачыніліся дзверы, Лёднік даў волю гневу. Але пасечанае крэсла акрым як затупіць шаблю карысці не прынясе. Доктар, панураны, стаяў пасярод зблочанага дому — госці тут жылі, падобна, не адзін дзень, і маўчаў, бяссіла апусціўшы шаблю. Вырвіч абыйшоў яго, як слуп, адставіў падалей пацярпелае крэсла.

— Што цяпер рабіць?

Лёднік загаварыў глуха, як з таго свету.

— А што тут будзеш рабіць? Альбо я страчу жонку, альбо зламаю жыццё сыну… А яшчэ духаўнік мой перад ад’ездам параіў д’ябальскую тую зброю нават калі знайду, знішчыць. Так што, можа, найлепей было б мне неадкладна з панам Агалінскім расплаціцца. Дарэчы, я перад ад’ездам тэстамент склаў — палова маёмасці маёй табе, палова — Саламеі…

Пранціш узлаваўся.

— Пакуль шляхціц жывы і пры шаблі — яму кароль — брат, а смерць — паслугачка. Ты збіраўся да аптэкара ісці. Дык, можа, не будзем час марнаваць? Раней паедзем, хутчэй вернемся. З намі ж не Ватман выпраўляецца — а мы нават з ім калісьці зладзілі. Урэшце, пасланец Багінскіх з панам Агалінскім цалкам могуць адзін аднаго ў дарозе перабіць…

— Толькі гэтага не хапала… — прасычэў Лёднік.

На вуліцы было шэра і тужліва, і дождж, драбнюткі, як інфузорыі, наліпаў на твар, асядаў на валасах срэбным пылком, так што можна было ўявіць сябе раздушаным матылём пад чужым жорсткім абцасам. Хвельку, перапалоханага і здарожанага, пакінулі прыбіраць дом.

Аптэка знаходзілася побач, нават калі ісці нага за нагу, аддаючыся сусветнай нудзе. Звычайны двухпавярховы дамок, з чатырохсхілым чарапічным дахам, з шыльдай, на якой зялёным з пазалотай былі намаляваныя кубак і змяя… Ціхі такі дамок у атачэнні старых ліпаў… Але калі Вырвіч узяўся за клямку, за дзвярыма пачуўся рэзкі пранізлівы крык, проста нечалавечы, у якім чуліся абурэнне і злосць. Рука Пранціша сама выхапіла зброю… Лёднік таксама напяўся, прыўзняў шаблю да ўзроўню плеч, перазірнуўся са студэнтам і асцярожна штурхануў дзверы. Тыя са здрадлівым рыпеннем адчыніліся… Магчыма, самым разумным было б не лезці ў новую пастку, але калі пачуўся голас дзядзькі Лейбы — дзядзька заклікаў на дапамогу ўсіх праайцоў на чале з Абрамам — Лёднік рынуўся ў пакоі, за ім Пранціш. Раптам нешта звяглівае і імклівае кінулася ў ногі гасцям, ледзь не паваліўшы.

— Трымайце! Вох, пакаранні ягіпецкія!

Незразумелая істота верашчала, шаргацела і шастала па паўцёмнай вітальні, дзядзька Лейба ўзмахваў шырокімі рукавамі і лаяўся.

— Дзверы зачыняйце! Вось паганае стварэнне!

Пранціш, нарэшце, злаўчыўся і кінуўся на звера… Дакладней, птушку: бо лапаталі крылы, пад рукой зміналіся пер’і, а дзюба пацэліла дакладна Пранцішу ў падбароддзе.

— Ай, халера!

Вырвіч ледзь не выпусціў дзюбатую страшыдлу, але аптэкар спрытна падхапіў яе, адной рукой прыціснуўшы тулава, другой схапіўшы за доўгую шыю.

— Дзядзька Лейба, нашто табе паўлін? — папытаўся агаломшаны Лёднік, абтрасаючы пух з дарожнага камзолу.

Задыханы аптэкар запхнуў угневаную птушку ў клетку памерам з ладную шафу. Паўлін распрастаў пёры і пранізліва патлумачыў, чаму ўбачыць яго ў сне азначае хуткую жыццёвую буру.

— Пайшлі адсюль, а то пагаварыць не дасць, каб яго пярун… — пракрычаў аптэкар. І ўжо ў сваім пакойчыку, завешаным паліцамі з кнігамі, распавёў:

— Пан пісар падарунак зрабіў. Я ягоную мосць ад лястыру вылечыў, а ён мне — гэтага птаха… Прыдумаў, што крык паўліна дадае лекам ад лёгачных хваробаў асаблівую моц.

— А адкуль у пісара паўлін? — пацікавіўся Пранціш. Дзядзька Лейба ўздыхнуў.

— Ад самога яснавяльможнага ваяводы полацкага, пана Аляксандра Сапегі. Паўлін гэты асабліва злосны, брэцёр гэткі сярод паўлінняга народу, ну і, мусіць, нехта з птаства яму адпомсціўся ці з прыслугі, так што птах дастаўся пану пісару паўдохлым… Карацей, на табе, нябожа, што мне нягожа. А я перадарыць каму радасць гэтую не магу. Пан пісар — кліент пастаянны, вось і даводзіцца цярпець…

Паўлін абражана крумкнуў, зусім як варона, і адвярнуў ад крыўдзіцеляў галаву на тонкай шыі. Лейба нарэшце засяродзіўся на гасцях і іх праблемах, акінуў вострым позіркам светлых вачэй былога свайго падмайстра Бутрыма і ягонага цяперашняга студэнта, фізіяноміі ў абодвух былі даволі панылыя і знерваваныя.

— Значыць, з Саламеяй і ейнымі гасцямі пабачыліся… — задумліва прамовіў аптэкар. — Я быў сунуўся ў дом, але мяне не пусцілі й на ганак. Паглядзеў я ў вочы пана, які мяне праганяў, і зразумеў, што зноў ты, Бутрым, улез па самыя вушы ў нейкую нядобрую авантуру, і Саламейку за сабой пацягнуў.

— Улез, дзядзька Лейба, — са скрухай прызнаўся Лёднік. — Не змог пераадолець сваю цікаўнасць… Пачаў даследваць хітрую прыладу, замест таго, каб адразу з рук збыць альбо ў каморы замкнуць. Вось і… Зноў мая Саламея — у закладніцах. І яшчэ адзін маленькі хлопчык можа паплаціцца… І патрэбна мне ад цябе, дзядзька Лейба, кніжка…

Пачуўшы, які менавіта трактат хоча пагартаць Бутрым, аптэкар ажно ўсхадзіўся: шалберствам займацца! Але здабыты з нетраў гаспадарскага дому слоўнік янохскай мовы з малюнкамі лёг на пашарпаны дубовы стол. А яшчэ былы алхімік запатрабаваў геаграфічныя карты, самыя дасканалыя.

Лічбы і літары з малюнка Пандоры Лёднік аднавіў лёгка, хто б сумняваўся ў дасканалай памяці гэтага зануды. Ні разочку беднаму студэнту не запамятаваў найменшай правіны. А потым пачалася доўгая нецікавая праца, у якой госцю трохі дапамагаў аптэкар, але ў асноўным сам Лёднік гарбаціўся, шаргочучы паперамі, як вецер сухім лісцем.

Праца заняла вечар, паўночы, і яшчэ ўвесь наступны дзень. Янохскую мову для доктара Дзі перакладаў ягоны сакратар Эдвард Келі, названая яна была па імені біблейскага прарока, бацькі Мафусаіла. Той Янох быў узяты анёламі ў падарожжа ў рай, пра што і напісаў пасля кнігу. Многія лічылі, што Келі свайго апякуна проста дурыў, выдумваючы неіснуючыя словы. Але калі слоўнік мовы ёсць — значыць, на ёй можна нешта зашыфраваць і, адпаведна, расшыфраваць. У трактаце мелася дзевятнаццаць «енахійскіх ключоў», паэтычных тэкстаў, прадыктаваных нібыта самім духам Урыелем, прыводзіўся алфавіт нябёснай мовы, а, самае галоўнае, абазначэнне лічбаў.

Пранціш не вельмі разумеў, што крэсліць на ашмётках паперы ягоны прафесар, таму бавіў час за даследваннем аптэкарскага дому, дзе быў тры гады таму. На паліцах дадалося слоікаў з рознымі заспіртаванымі пачваркамі, але такога дабра досыць было і ў Лёднікаўскіх апартаментах. Пад столлю па-ранейшаму вісела на ланцугах чучала кракадзіла — абавязковы атрыбут аптэкі. А вось на сцяне з’явілася вялікая старажытная гравюра, пажаўцелая, абтрапаная на краях, расфарбаваная выцвілымі фарбамі. Гравюра ўяўляла сабой карту, на якой акрамя абрысаў рэк і гор былі пазначаныя маленечкія камяніцы і прыгожыя храмы з купаламі, купкі пальмаў, вярблюды, дзівосныя дрэвы з такімі вялізнымі пладамі, што павінны былі б у рэальнасці пераламіць ствол дрэва сваім цяжарам. Пасярэдзіне красаваўся горад, абнесены зубчастай сцяной… У куце надпіс велягурыстымі гатычнымі літарамі: «Ерусалім».

Ад пана Агалінскага звестак не было. Той не зажадаў скарыстацца ні гасціннасцю ненавіснага доктара — той запрашаў усю кампанію ў дом сваёй жонкі, бо ягоны ўласны даўно быў прададзены за даўгі. Не спыніўся Амерыканец і ў гасціным доме — месцічы нездарма не жадалі іх будаваць, нягледзячы на прымусы магістрату. Пані Гігіена там не начавала, таму і падарожныя не надта ахвотна згаджаліся карміць казённых клапоў, дый гараджанам куды выгадней было пасяліць прыезджага ў сваёй хаце і мець жывыя грошы. Вось пан Гервасій і зняў вялікі дом побач з карчомкай. І ясная справа, што на нейкі час вогненны меч доктара Дзі і помста паганаму доктару адступілі перад моцай мясцовай гарэліцы-аквавіты, якой тут рабілася сорак гатункаў: анісавая, кменная, палыновая, блакітная на святаянніку — а як жа не пакаштаваць кожнай хоць па чарачцы?

А Пранціш пасля прагулянак па Ніжне-Пакроўскай ды Віцебскай, жартачак з маладзіцамі з Запалоцця з задавальненнем назіраў, як дзядзька Лейба пад надакучлівыя крыкі сапегаўскага паўліна рыхтуе на продаж лекі: ён рабіў усё не так хутка, як Бутрым, затое і не так сур’ёзна, а нібыта гуляў у дужа цікавую гульню, сам дзівячыся з таго, што атрымліваецца, і расказваючы мноства дзівосных гісторый. Пра глінянага балвана Галема, якога ўмелі ажыўляць вялікія мудрацы з дапамогай напісанага на ягоным ілбе слова «Эмет», што азначае «Праўда». Пра тое, што ў хвосце паўліна змешваецца 365 колераў, таму што менавіта праз столькі нябёсных сфераў праходзяць эманацыі эфіру. Што калі хочаш зрабіць кнот, які змусіць бачыць зялёных істотаў, што лётаюць падобна вераб’ям ды іншым птахам, трэба ўзяць зялёнае сукно, якім абіваюць труны, пакласці туды птушыныя мазгі і пер’і з хваста, загарнуць, змясціць у новую зялёную лямпу, якая напоўненая аліўкавым алеем, і запаліць. Ніколі да канца не было зразумела, ці Лейба гаворыць усур’ёз, ці жартуе, але Пранціш шчыра весяліўся, слухаючы фантастычныя байкі. Не дзіва, што малы Бутрым у свой час, дапамагаючы аптэкару, так захапіўся навукай алхімічнай ды лекарскай.

Нарэшце, калі галава студыёзуса ўжо расколвалася ад благанняў паскуднай птушкі, Баўтрамей абвесціў, што малюнак Пандоры цяпер мае трывалыя каардынаты. Дзякуй таму ж доктару Дзі, які спрычыніўся да заснавання Грынвічскага мерыдыяну.

— Месца на ўскрайку Лондану… — стамлёна апавядаў Лёднік. — Але калі звярацца з картамі — самая найноўшая пяцідзесяцігадовай даўніны — цяпер там самыя гарадскія трушчобы. Я па студэнцкай дзёрзкасці сваёй там шнырыў, але, паверце, каб быў я без кампаніі тубыльцаў, адзін з іх, дарэчы, сапраўдны лорд, які збіўся з тропу ў прытонах Іст-Энду, мог я і назаўсёды там застацца, і вылавілі б мяне ў Тэмзе без кашалька і носа.

— Дык што вы павінны адтуль прывезці? — асцярожна папытаўся аптэкар. — Зноў нейкую святую рэліквію?

— Горш, дзядзька Лейба, — змрочна патлумачыў Лёднік. — Зброю мы павінны прывезці.

Аптэкар пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў, ажно полымя свечак здрыганулася.

— Што толькі людзі не выдумляюць, каб адзін аднаго панішчыць… Як быццам галоўная мэта іх жыцця — чужая смерць. А для перамогі самага вялікага волата альбо войска дастаткова аслінае сківіцы альбо звычайнай пастуховай трубы, галоўнае — каб на тваім баку быў Гасподзь. Не хачу нават ведаць дакладна, Бутрыме, што ты павінен здабыць… Мне дастаткова было сузіраць гэтую кнігу… — аптэкар пагардліва тыцнуў пальцам у трактат янохскай мовы. — А хто, так бы мовіць, ваш заказчык?

— Каб жа адзін хто! — з прыкрасцю прагаварыў Вырвіч. — А то абклалі з ўсіх бакоў… І кожны па-свойму пагражае. І як ні круці, усіх мы не задаволім.

Між тым віраванні палітычныя дайшлі і да Полацку… Пранціш, пакуль Лёднік сядзеў у аптэцы, наслухаўся падчас прагулянак ад крамнікаў, рамізнікаў, старызнікаў ды гандлярак і пра страшныя бітвы ў Вільні між панамі, і пра знак на небе ў выглядзе скрыжаваных чырвоных дзідаў, што, як усім вядома, прарокуе братнія звады, і пра здань пана Міхала Валадковіча, якая з зайздроснай адданасцю вартуе менскую ратушу, і пра вядзьмачку з млына, дачку вадзяніка, што ледзь цэлую вёску не вымарыла чырвоным свербам, і пра Чорнага Лекара, які вярнуўся на днях у Полацак, каб наварыць золата, і пра пана Гервасія Агалінскага, які ўчыніў бойку з бычком на панадворку карчмы, і добра, што ў бычка рогі былі падпілаваныя, дык пан абыйшоўся сінякамі на самым далікатным месцы, калі ад таго бычка даваў лататы…

Шпегаўская навука, па ўсім ясна, была для пана Гервасія куды больш складанай, чым для студыёзуса Вырвіча анатомія. Ціхага патаемнага ад’езду не атрымалася. Калі прафесар і студыёзус даехалі конна да дому ў Запалоцці, дзе іх павінен быў чакаць пан Агалінскі, на панадворку тоўпіліся цікаўнікі, што назіралі за падрыхтоўкай вясёлага шчодрага пана да ад’езду. Ехаць у экіпажы ў самае разводдзе значыла страціць процьму часу, таму выпраўляліся вярхом. Затое пан Агалінскі разжыўся каралеўскім патэнтам, і яны маглі мяняць коней на паштовых станцыях у першую чаргу, як фельд’егеры.

Найбольш прысутныя разглядалі не коней, а пана Гервасія Агалінскага. Паглядзець было на што: пан, відаць, за гэтыя дні ўчыніў двубой не толькі з бычком. Адно вока заплыло сіня-чырвоным, другое паглядала на свет дужа цьмяна, твар спухлы, зарослы рудой шчэццю…

Пан Агалінскі схапіў збан, які яму паднесла крамяная прыслуга, нагбом выпіў, абліваючыся… Збан зухавата разбіў аб полацкую брукаванку…

— Паехалі!

У дыхтоўных скураных мяхах, якія нагрувасцілі на запаснога каня, дакладна знайшлося месца астралябіі.

Да Лёдніка падыйшоў з вінаватай фізіяноміяй Хвелька, пачаў мармытаць, што каб здароўе дазволіла, ён бы ніколі пана не пакінуў… Хвелька мусіў прыглядаць за домам Рэнічаў.

— Па адвар будзеш хадзіць да аптэкара Лейбы, — сурова распарадзіўся Лёднік.

Затое не давялося траціць шмат часу, каб угаварыць пана Гервасія прыняць у кампанію яшчэ аднаго дужа патрэбнага спадарожніка, які мусіў далучыцца да іх за гарадской брамай. Па-праўдзе, пану Агалінскаму было ўсё роўна, хто з імі адправіцца, Давід, Галіяф альбо Бава-каралевіч. Амерыканец быў заняты тым, каб не зваліцца з каня і не надта паказваць, што атрыманыя ад бычка сінякі перашкаджаюць у гэтай высакароднай справе. Размова з панам прыпадабнялася лыжцы ў загустым кісялі, што цалкам Пранціша задавальняла. Праўда, Агалінскі ўсё-ткі прамармытаў, што ў Карытнікі прызначыў новага аканома, даў распараджэнне адмяніць падушнае і паслаў мужыкам тры падводы з зернем.

Неба зацягнулі хмары, як быццам паненка заторгнула фіранкі, разгледзеўшы, што кавалер пад ейнымі вокнамі недастаткова фацэтны. А каб зусім стала непамысна, лінуў халодны дождж. Прынамсі, гэта змусіла цікаўнікаў пахавацца па дамах і ўжо там дамываць костачкі Чорнаму Лекару, які гасцяваў у габрэя Лейбы, і пану Агалінскаму, якога нават шкадавалі, што звязаўся з падазронай кампаніяй. Сын гарбара — вядзьмак вядомы, з вядзьмачкай ажаніўся, і вунь у якую сілу ўвайшоў… Пан над панамі, лепей на вочы не патрапляцца, а то сурочыць. Дзякуй Богу, з’язджае…

Гарадская брама схавалася за шэрымі ніткамі дажджу. Студыёзус нецярпліва прыўзнімаўся ў сядле, вызіраючы скрозь залеву таямнічага вершніка. Магчыма, гэта будзе нехта падобны да Ватмана — спрактыкаваны дужы вой, які заб’е, не зморшчыцца… А можа, хітручы шпег, падобны да князя Рапніна.

А новы спадарожнік далучыўся зусім нечакана, выехаўшы з-за прыдарожнае капліцы, як чалец прывіднага дзікага палявання. Коратка махнуў усім рукой і паскакаў паперадзе, як быццам так і трэба. Зменны конь незнаёмца быў нагружаны ладнымі куфрамі, што сведчыла — гаспадар не збіраецца цярпець у дарозе нязручнасцяў ды нястачаў. Лёднік кінуў на прыхадня кароткі позірк і зноў паглыбіўся ў свае роздумы. Пан Агалінскі нават галавы не павярнуў. Пранціш прышпорыў каня, каб параўняцца з госцем ды пагаварыць, але дарэмна — размовы не атрымалася. Пасланец, шчуплы, як падлетак, быў захутаны ў някідкі, але дыхтоўны дарожны плашч, на вочы насунуты капялюш, ніжнюю частку твару таксама не разгледзець пад накручаным шалікам, што не дзіўна, бо абдымацца з мокрым ветрам аматараў мала. На Вырвічаўскія словы пан толькі ветліва пакланіўся і настойліва махнуў рукой наперад. Пранцішу ўсё гэта не вельмі спадабалася, але ж будзе ў іх і прыпынак, дзе незнаёмцу давядзецца раскрыцца. Пакуль што Вырвіч ацаніў шаблю прыхадня, сапраўдную турэцкую серпанціну з буйным дыяментам на дзяржальне, зграбныя боты з сіняга саф’яну, якія можа дазволіць сабе не кожны шляхцюк, французскія пальчаткі са шчыгрэневай скуры. Усё — разлічанае на дарогу, зручнае, някідкае на першы погляд, але калі прыгледзецца, магнацкага рыштунку. Гаспадар малады, спрытны, не дужа моцны, але багаты і страшэнна самаўпэўнены… Але наўрад ён так валодае шабляй, як Пранціш Вырвіч сваім Гіпацэнтаўрам! Трэба будзе пад’юдзіць пана пафехтаваць дзеля размінкі. І ўжо тады паздзеквацца ад душы.

Прыдарожная карчма пад назвай «Венецыя» калі й нагадвала знакаміты італійскі горад, дык вялізнымі рудымі лужынамі, якіх аніяк было не абмінуць, заязджаючы на двор. Аднапавярховы драўляны будынак не абяцаў раскошы… Затое меліся вольныя месцы і коні. А новы спадарожнік хрыплым шэптам запатрабаваў асобны пакой, сыпануўшы аднавокаму «венецыянскаму» карчмару столькі грошай, што хапіла б зняць увесь будынак, таму жаданы пакой і атрымаў. Бутрыму і Пранцішу давялося падзяляць памяшканне з Агалінскім, які адразу ж заваліўся ў ложак і захроп… Гнілы сеннік пах балотам. Начлег ніяк не абяцаў быць прыемным, хоць Лёднік узяў з сабой некалькі фунтаў персідскага парашку ўласнага прыгатавання ад дробных крывасмокаў.

Настаў час без лішніх вушэй перамовіцца са спадарожнікам.

Спадарожнік стаяў ля вакна свайго пакоя, спіной да дзвярэй. Шчуплая постаць яго была зацягнутая ў камзол з дарагой зялёнай воўны, на галаве акуратны парычок, напудраная каса перацягнутая чорнай атласнай стужкай. Пасля таго, як рытуальныя велягурыстыя фразы прамовіліся, і прафесар пачаў злосна крывіць вусны, сузіраючы спіну фанабэрыстага юнака, які ўсё маўчаў і не рухаўся, той нарэшце павярнуўся да гасцей… Бязвінныя блакітныя вочы зірнулі так празрыста, так шчыра, носік прыўздымаўся так задзірыста, ружовыя вусны ўсміхаліся так сціпла…

На нейкі час у пакоі запанавала маўчанне, як у балагане, калі гледачы зразумелі, што індыйскі факір сапраўды растаў проста на сцэне разам з іхнімі кашалькамі, табакеркамі і гадзіннікамі.

— І што, вашамосць, абазначае гэты куншцюк у духу італьянскай народнай камедыі? — нарэшце сурова папытаўся Лёднік. Паланэя Багінская міла ўсміхнулася.

— Вы ж атрымалі ліст, пан прафесар? Вось і спраўджвайце загад. Высакародны юнак Палоній Бжастоўскі, хатнім настаўнікам якога вы калісьці працавалі, едзе з вамі ў Ангельшчыну.

Паланэя паказала на сябе, пацвярджаючы, што яна і ёсць гэты высакародны юнак. Вырвіч ураз успомніў такайскае віно з дурнап’янам і злосна выкрыкнуў:

— Вашамосць жартуе? Мы ацанілі жарты вашае княскае мосці, але дазволім сабе нагадаць яснай паненцы, што дарога нас чакае не дзеля прагулянкі, мы едзем не ў карэце, а верхам, начаваць давядзецца часам на голай зямлі, у грубай мужчынскай кампаніі, дыванкі пад ногі ніхто нам не пасцеле.

Але Багінская толькі ўсміхнулася.

— Вашамосць Вырвіч лічыць мяне падобнай да спешчаных мяшчаначак са Збройнай вуліцы, якія захінаюцца фартухом ад студэнцкіх палкіх паглядаў? Запэўніваю, што я дастаткова моцная істота. — Пагляд паненкі зрабіўся жорсткім. — Ніколі не разумела, чаму мужчыны лічаць кабетаў кволенькімі ды спешчанымі. А паспрабавалі б вы, пан Вырвіч, ад сямі гадоў хадзіць са скабамі, перацягнутымі сталёвымі абручамі, не ўздыхнуць толкам, у абутку, які сціскае нагу, у пальчатках, якія зашчыльна абцягваюць пальцы, на абцасах, ад якіх ногі, здаецца, адваляцца. А ведаеце, як гэта — насіць на галаве пару месяцаў цяжэнны каркас з дроту, абматаны чужымі валасамі, стужкамі ды кветкамі, калі спаць можна, толькі падклаўшы пад галаву драўляную падставачку, а пачухацца, прабачце за некуртуазную падрабязнасць, атрымліваецца толькі прэнтам? А спадніцы, у якіх у дзверы не ўвайсці? Колькі б вы такога катавання вытрымалі? — Паланея тэатральна ўскінула рукі, быццам крылы, і шчасліва засмяялася. — Ды я зараз узляцець гатовая! А наконт маіх баявых здольнасцяў таксама не сумнявайцеся — з цяжкім палашом не ўпраўлюся, але кінжальчык, пісталет… Урэшце, мне расказвалі, што ў вашым улюбёным Полацку жыла княжна, якая ў дванаццаць гадоў насуперак волі бацькоў пайшла ў манастыр, потым таксама насуперак усім пастрыгла ў манахіні двух сваіх сясцёр, будавала каменныя храмы, перапісвала кнігі… І нават з’ездзіла ў Ерусалім — праз усе моры і пусткі!

— Параўнанне недарэчы, ваша мосць! — холадна прамовіў Лёднік. — Княжна Еўфрасіння не за прыгодамі ехала, а пакланіцца Гробу Гасподню.

— Ды што я вас нібыта ўгаворваю… — паненка раптам узлавалася. — Гэта вы павінны выконваць, што я скажу. Калі, вядома, пан прафесар жадае калі-небудзь сустрэцца са сваёй жонкай.

Лёднік проста слізгануў наперад, як чорная змяя, навіс над паненкай, якая сутаргава зглытнула, намагаючыся не паказаць страху.

— Бачу, вашамосць начыталася Дыдро ды Вальтэра, прагрэсіўных ідэяў наконт жаноцкага раўнапраўя, далоў гарсэты… Вашамосць уяўляе сябе амазонкай і Клеапатрай у адной асобе… Але, значыць, гэта дзякуючы вам Саламея апынулася ва ўладзе чырванавокага гуна Ватмана?

Атрутай у голасе Лёдніка можна было адправіць на той свет не адну Клеапатру, аспід ад зайздрасці завязаўся б марскім вузлом. Але Багінская толькі прыжмурыла блакітныя вочы і адказала не менш атрутным голасам:

— Хто ж вінаваты, пан прафесар, што вы такі разумны. Не чапалі б васковай лялькі, не чынілі б яе, не разгадвалі б ейныя загадкі — і вас бы ніхто не чапаў, і, натуральна, вашу жонку. А цяпер пазнавата на жабу дыхаць, каб ад хваробы пазбавіцца. Так што я — пан Палоній Бжастоўскі, сын вашых былых гаспадароў і дабрадзеяў, які так засядзеўся за кнігамі, што занядбаў шляхецкія вартасці, чаму і выпраўлены ў небяспечныя авантуры пад вашую адказнасць і прыгляд.

Пад канец фразы голас Паланэі зноў зрабіўся какетліва-наіўным. Лёднік збляднеў, а потым украдліва прагаварыў:

— А ваш яснавяльможны брат, ягоная мосць пан Міхал Багінскі, ведае, што вы едзеце з намі?

— Вы сумняваецеся ў слове княжны Паланэі Багінскай? — холадна прагаварыла панна. Бутрым скрывіў вусны.

— Як сын гарбара, магу дазволіць сабе нешляхетныя паводзіны. Не толькі сумняюся, вашая княская мосць, у высакародных словах вашай міласці, але і ўпэўнены, што быў адпраўлены да нас зусім іншы чалавек. І ці не лепей мне паведаміць ягонай мосці пану Міхалу, дзе знаходзіцца ягоная малодшая сястрыца?

Гэта быў моцны ўдар. Але Багінская не спалохалася. Прыклала да вуснаў палец, удаючы засяроджаны роздум.

— Цікавы сілагізм атрымліваецца… Як жа нам вырашыць гэтую задачу? Вы паведаміце майму вельмішаноўнаму братцу, дзе я, а я ў адказ паведамлю, што вы парушылі дамову з ім і перадалі ўсе звесткі пра вогненны меч Радзівілам, а мяне гвалтам змусілі з сабою ехаць, каб мець закладніцу, якую можна абмяняць на пані Саламею. І як вы думаеце, васпане, каму паверыць мой брат князь — сыну гарбара і недавучанаму студэнту альбо роднай сястры? А так я напішу яму з дарогі, усё патлумачу…

І зноў міла ўсміхаецца! Вырвіч не вытрымаў:

— Ды нашто табе гэта трэба? Што за бздуры ў галаву зайшлі?

Багінская сціпла апусціла вочы.

— У мяне праз пару тыдняў заручыны… А жаніх так спяшаецца, што адразу пасля заручынаў, не агледжуся, вяселле зладзяць… Пан брат чамусьці прыняў да душы ўсе гэтыя плёткі пра мае нібыта непрыстойныя паводзіны, і што толькі цвёрдая мужніна рука мяне закілзае. А мне нешта пад тую цвёрдую мужаву руку не надта карціць! — Паланэя больш не прыкідвалася, насмешка ў ейным голасе мяшалася са шчырай горыччу. — Жаніх мой меркаваны трох жонак ужо закілзаў… І праменька да брамы ў рай давёў. Так што лепей небяспечная перэгрынацыя!

Бутрым свідраваў позіркам «пана Бжастоўскага».

— Ніякай паблажлівасці не будзе! Падносіць нюхацельную соль, падсаджваць на каня, улучаць лепшы кавалачак — не ў нашых варунках.

— Якая яшчэ паблажлівасць? — ганарыста ўскінула галаву Паланэя. — Паны мусяць забыцца, хто я. Так што, пан Вырвіч, — заявіла Багінская, — пастарайцеся не скіроўваць у мой бок сваю выбітную галантнасць.

Пранціш адчуў, як запалалі ягоныя шчокі.

— Я ўжо зведаў, што галантнасці паненка не цэніць!

— Ціха! — адрывіста гукнуў Лёднік. — Я сам прасачу, каб ягоная мосць пан Вырвіч не дазваляў сабе нават паглядаў, якія могуць выдаць сапраўдную існасць пана Палонія Бжастоўскага. І каб пан Палоній Бжастоўскі не пачаў капрызіць, як свецкая дама.

Пранціш нават не развітаўся з падступнай прыгажуняй.

Перад тым, як прафесар выйшаў з пакоя, панна ціха прамовіла:

— Пан Лёднік, Саламея ў бяспечным, утульным месцы, з ёй абыходзяцца найлепшым чынам. Паверце, Ватман нічога з ёй там не зробіць, ён яе нават бачыць не зможа.

Лёднік застыў на месцы, потым коратка кінуў цераз плячо:

— Дзякую, ваша мосць…

Карчма «Венецыя» плыла па водах беларускага дажджу, і цьмяныя ветразі ейных шыбаў раздзімаліся ад храпу падарожных і мрояў недавучаных студыёзусаў. А дзесьці ў полацкай аптэцы драмаў знерваваны паўлін, і кожнае ягонае пёрка захоўвала вока антычнага бога Аргуса.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ. ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ І ЦМОК

 

Нармальны беларускі цмок харчуецца яешняй.

Калі, вядома, яго выгадаваў разумны гаспадар з падобнага да чорнай ракавінкі яйка, знесенага чорным пеўнем, і калі той цмок жыве ў клеці і носіць гаспадару золата. Чаму ж не пачаставаць карысную жывёлінку?

Галоўнае, каб гаспадыня выпадкова яешню не пасаліла — а то цмок так пакрыўдзіцца, што пажар учыніць.

Пажар — не пажар, але за тое, што па віне студыёзуса падарожнікі засталіся без солі, атрымае ён вогненных слоўцаў на свой адрас… Ну трэба было, трэба шчыльней накрыўку на сальнічцы прыкруціць, але ж спяшаўся… А такімі дажджамі прасыпаная ў куфрах соль адразу ж знікае ў вільготнай скуры ды драўніне. Вядома, страта адновіцца ў бліжэйшай карчме… Але яны ўжо два дні не могуць дабрацца да карчмы, бо дарогі паразмывала, а прыдарожная станцыя, на якую дужа разлічвалі, падобна, зусім нядаўна згарэла — і дождж не ўратаваў. Што значыць, на бяду і вада гарыць. Пан Агалінскі толькі выскаляецца ды жартуе над спешчанымі цывільнымі, якія ў вайсковых паходах не бывалі. Асабліва пацвельвае юнага прыгажунчыка Палонія Бжастоўскага. Але ж і апякуецца ім — бо пан Бжастоўскі адразу скарыў сэрца ваякі шчырым захапленнем мужнасцю і вайсковым досведам Амерыканца, ну і тым, што не стамляўся слухаць амерыканскія ды тутэйшыя байкі. Пра царыцу Кінгі, чый палац праваліўся ў зямлю, і цяпер начамі царыца сядзіць на гары на камені, перасыпае золата ў куфры і чакае, калі якісь смелы падарожны прынясе ёй букецік кветак… Пра дарожнага духа Клікуна, які лётае на крылатым змеі з пугай у адной руцэ і залатым рогам у другой, і каб было лета, можна было б яго пабачыць у пыльных віхурах на дарозе. Пра чуму, якая ператвараецца ў саву і ляціць за чалавекам, аклікаючы яго па імені, і галоўнае тады — не азірацца… Зразумела, пан Агалінскі з усімі персанажамі сваіх аповедаў быў знаёмы асабіста, у што пан Бжастоўскі, вядома ж, верыў. Пранціш ажно заходзіўся часам ад злосці — як хітручая Багінская ўмела кіруе настроем і думкамі прасцяка пана Гервасія, падтакваючы ды пахвальваючы, прычым усім заўважна, што яна тонка здзекуецца, а пан Гервасій ажно раздзімаецца ад гонару і працягвае павучаць высакароднага міленькага хлапчыску.

Затое ніякіх капрызаў ад Паланэі з-за нягодаў дарожных, да здзіўлення Вырвіча, не было. Панна нават не чхнула пасля начлегу ў руінах спаленай станцыі, калі ад дажджу ды ветру ратавала толькі нацягнутая на жэрдкі набрынялая коўдра. Толькі заўважыла, што ў варшаўскім палацы скразнякі ўзімку не меншыя, а бедным дамам даводзіцца суткамі фланіраваць у дэкальтэ, так што ў мароз так сінее скура, бялілы не ратуюць.

Пры згадках пра прыдворнае жыццё ў Агалінскага і Багінскай выяўлялася шмат агульных тэмаў… Абодва ведалі палацавыя плёткі, маглі доўга абмяркоўваць, ці пані Чартарыйская сапраўды каханка князя Рапніна, хто скраў знакаміты срэбны кубак на два гарнцы ваяводы Валіцкага, які гаспадар прапаноўваў асушыць нагбом за 50 дукатаў, а хто не зладзіць — таму пяцьдзесят батагоў, і ці сумленна падкаморы Казімір Панятоўскі забіў на двубоі ўлюбёнца Варшавы пана Тарло… Лёдніка гэткія матэрыі не краналі, а Пранціш проста нічога пра іх не ведаў.

Затое ў поглядах на будучыню Рэчы Паспалітае ніякай еднасці не адчувалася.

Для Паланэі Багінскай было ўсё адно, стане ейны брат каралём з дапамогай расійскай імператрыцы, прускага імператара, шведскага караля альбо ўвогуле турэцкага султана. Балі для ўладных асоб будуць ладзіцца заўсёды. І гэтак жа ўсё адно, дзе на іх таньчыць — у Варшаве, Вене, Парыжы ці Вільні, абы весела і можна было дазволіць сабе трохі прыемнай амурнай рызыкі. Пан Гервасій Агалінскі шанаваў сармацкія ідэалы, а ўвасабленнем іх лічыў свайго гаспадара Караля Радзівіла. Што той выракуе — тое пан Агалінскі і стане выконваць, з дапамогай здабытага вогненнага мяча. Шляхта павінна быць сама сабе законам! Галоўнае, пан Караль не дапусціць, как усялякая шваль, мяшчукі, сыны гарбароў, раўняліся з праўдзівай шляхтай і мяшалі сваю беспародную кроў з высакароднай. Лёднік, вядома, з гэтым не пагадзіўся б… І ўвогуле прафесар, падобна, марыў пра нешта кшталту рэспублікі ў беларускіх межах са свабодай веравызнання і панаваннем навукі ды філасофіі. Шчасце яшчэ, да палітычных спрэчак кшталту сеймавых справа не дайшла. Паланэя ўмела сыходзіла ад сур’ёзных размоў, Лёднік адмоўчваўся, але Пранціш усур’ёз пабойваўся, што калі хто са спадарожнікаў завядзецца, да Ангельшчыны ўсе з кампаніі не даедуць. І нават да Гданьску, дзе чакаў карабель.

Таму Вырвіч асабліва не пярэчыў, калі Лёднік дарогай чытаў яму лекцыі. Усё лепей, чым калі перабрэшуцца між сабою.

Між тым дарога вынырнула з лесу, рэзка павярнула і прывяла на скрыжаванне з трыма таполямі, якія страцілі амаль усю лістоту, толькі на вершалінах жаўцелі лісты. Лёднік зверыўся па картах, праігнараваўшы дэманстратыўна вынутую Агалінскім з кішэні астралябію, і паведаміў, што трэба ехаць прама. Але тут на дарозе злева паказаўся воз. Варта было распытацца тубыльцаў пра мясцовыя корчмы, каб зноў не апынуцца на развалінах — польскай мовай валодалі ўсе. Коней трэба мяняць тэрмінова, той, што пад Лёднікам, вось-вось пачне кульгаць.

Сямейная пара на возе, гружаным ладнымі лазовымі кошыкамі, мужык і жонка ў вышываных кажушках, святочна прыбраныя, не надта былі схільныя да размоваў на скрыжаваннях з падазронымі незнаёмцамі. Кабета, абвязаная ваўнянай белай хусткай у чырвоныя ружы аж да самых броваў, толькі моўчкі незадаволена пазірала на прыхадняў. Мужчына ў смушковай шапцы ўсё-ткі няспешна дастаў з роту люльку і паведаміў, што бліжэйшая карчма ў тым напрамку, куды едзе шаноўнае панства, гадзінах у трох язды, але ці прымуць там падарожных, невядома, бо корчмы ўсе перапоўненыя тымі, хто едзе ў Дракошчын на восеньскі фэст.

Нібыта ў пацверджанне злева паказалася два вершнікі, а потым брычка… Пасля таго, як некалькі дзён акрамя дажджу ні з кім не сустракаліся, гэта быў нечаканы наплыў людства.

— А што за фэст? — адразу зацікавіўся пан Агалінскі. Мужык зноў узяў люльку ў рот, пыхнуў дымам у пшанічныя вусы.

— Пра фэсты ў Дракошчыне сорамна не ведаць, літасцівы пане! У месцы тым жыве сапраўдны цмок! Вось ужо васемнаццаць гадоў, як жыве. У пячоры каля ратушы. Уй, злюшчы! Дзяўчатаў прыгожых жарэ, ахвяры патрабуе… Рыкае так, што брук трасецца! Файны дракон! Можна проста з’ездзіць, паслухаць, паглядзець… А найлепей на фэст, вось як мы — там і спаборніцтвы лучнікаў, і карусель рыцарская, і прадстаўленне будзе, як святы Міхаіл забівае цмока… Зноў жа, прадаць нешта, купіць… Мы вось усёй сям’ёй цалюткі год кошыкі пляцем, каб там збыць. Што на кірмашы ў Дракошчыне куплёнае — цмокаву моц набывае!

Лёднік і Пранціш, акадэмічнай навукай ускормленыя, аднолькава скептычна хмыкнулі.

— Аднойчы ў кракаўскі палац адзінарога прывозілі, — іранічна прагаварыла Паланэя. — Дамы нашыя ўсе пабеглі глядзець, рог свяшчэннай жывёлы пакратаць, каб пасля хваліцца, што пацвердзілі тым свае цноты. А адзін дасціпны пан залез у вальер і абвесціў, што рог няшчаснай жывёлінцы да носу прымацавалі з дапамогай клея.

— Ты сам цмока бачыў? — сурова спытаўся Лёднік у мінака. Але той, узлаваўшыся, што паны сумняюцца, толькі пыхнуў люлькай і тузануў лейцы.

Сіня-шэрыя хмары рассунуліся, нібыта іх расштурхаў нехта цікаўны, каб паглядзець, што робіцца на зямлі. Цяжкое восеньскае сонца падсвяціла сцэну людскіх камедый, трагедый і фарсаў, якую паліваюць крывёй і мыюць слязьмі.

— Як сабе хочаце, вашыя мосці, але я надалей нікуды не рушу, пакуль не пагляджу сапраўднага цмока! — заявіў пан Гервасій, аж ноздры раздзімаліся ад азарту. — Няхай хоць увесь свет ляснецца — а пабачу!

І было зразумела, што пана не пераканаеш. Нават Лёднік толькі сціснуў зубы і прасычэў нешта няўхвальнае. А Пранціш зірнуў на насмешны тварык Паланэі, яна ж — пан Палоній Бжастоўскі, і са страшэннай моцай зажадалася, замроілася: а вось перамагчы б таго паганага цмока, кінуць ягоную адсечаную галаву пад ногі гордай паненцы Багінскай — і каб у ейных халодна-іранічных вачох запалаў агеньчык захаплення, з якога няцяжка раздзьмуць вогнішча праўдзівага кахання…

Ну і пабыць на гарадскім фэсце, паспаць на ложку пасля начлегаў у чыстым полі — прынада добрая!

Лёднік зверыўся па картах і запэўніў, што ніякага Дракошчына на іх не пазначана, а ёсць у пару вёрстах адсюль маленькае мястэчка со сціплым назовам Зембліца. Няйначай, цяпер пераназванае ў гонар цуда-юда. Зразумела, усю дарогу пан Гервасій бубнеў расповеды пра цмокаў, вадзяных, паветраных ды падземных, а таксама пра амерыканскага змея Цукана, які ўвесь аброс пер’ямі, а на галаве яго грыва, як у каня.

Дракошчын, былы Зембліца, быў падобны да цацачнага гарадка, якія малююць на талерках. Вострыя шпілі храмаў, каваныя балкончыкі дамоў, таўсценныя муры з пад’ёмным мастом… А чысценька як! Пранціш такіх мястэчак у жыцці не бачыў. Мяцельшчыкі ды ліхтаршчыкі тут пэўна ж не галадалі і ўтваралі магутныя цэхі. Горад быў упрыгожаны, як вялізная зала для баляў. Рознакаляровыя сцяжкі, гірлянды штучных кветак… І паўсюль — выявы цмока. На сцяжках, на аркушах, на кашулях і капелюшах (адзін такі, зялёны, з імітаванай лускою, Амерыканец адразу ж сабе выкупіў)… Брошкі і завушніцы ў выглядзе цмокаў (на гэтае дабро тужліва паглядала Паланэя, якая мусіла паводзіцца па-мужчынску, а значыць, не скупляць жаночых бразготак), папяровыя цмокі, якіх можна запускаць у паветра на вяровачках, свечкі, адлітыя ў выглядзе цмокаў, цмокі парцалянавыя, цмокі цукровыя, цмокі з цеста… Калі Вырвіч прыгледзеўся, заўважыў, што на ўсіх выявах крылаты звер быў прабіты мечам.

— Таму што грэх іначай! — паважна заявіў гандляр паветранымі пачварамі, на спіне кожнай таксама быў прымаляваны меч з дзяржальнам у выглядзе геральдычнай лілеі. — Біскуп тлумачыць: мы не цмока шануем, а непазбежную перамогу над ім! — і перайшоў на ўрачысты гучны расповед, адрасаваны ўсім патэнцыйным пакупнікам. — Памятаце ўсе, наш няшчасны горад пакутуе пад уладай лютай пачвары, пасланай нам за нашыя грахі, і мы мусім цярпліва чакаць збавення, калі абранец па літасці Божай заб’е стварэнне цемры! А каб гэта хутчэй адбылося, і на памяць пра слаўны Дракошчын купіце, шаноўныя, паветранага змія! Усяго дзесяць грошай!

Брукаванка блішчэла, як вымытая мылам. На кожным куце лютністы ды катрыншчыкі распявалі гераічныя песні пра бітвы з удзелам цмока, у якіх фігураваў непераможны рыцар з месяцам на ілбе, а таксама страшныя балады пра цмокавы злачынствы. Гэтыя ж жахалкі можна было пачытаць на вялікіх каляровых плакатах, развешаных па сценах: пачвара патрабуе ў ахвяру самую прыгожую дзяўчыну мястэчка, падграбае пад сябе кучы золата і ўпрыгожванняў, перакусвае зубамі мост, глынае карэту разам з людзямі, якія бездапаможна высоўваюцца ў вокны і благаюць аб дапамозе… У адным месцы, каля пякарні, пад шыльдай у выглядзе вялізнага крэндзеля, пачуліся знаёмыя словы: беларускі лірнік, як мае быць, сляпы, у кажусе, з доўгімі сівымі валасамі ды барадой, выводзіў тонкім моцным голасам:

 

— Даўным-даўно тое было:

Кругом зямлі мора лягло.

А ў моры тым тай жыў люты Цмок,

Штодня збіраў з людзей аброк.

 

Пан Агалінскі сыпануў лірніку-земляку ў шапку, што ляжала на бруку, грошай… І спявак неяк занадта спрытна для сляпога падцягнуў да сябе шапку нагой, не перарываючы спевы.

Вырвіч заўважыў, што побач з выявамі цмока ўвесь час сустракаецца выява прыгожага юнака з залатымі валасамі, які ганарыста ўздымае меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі, а на лобе ваяра намаляваны чамусьці перакулены маладзік, рогамі ўгору, як човен. Пранціш вырашыў, што гэта мясцовая трактоўка святога Міхаіла альбо іншага драконаборцы, святога Юрыя.

Між тым стракаты натоўп па запружаных вулках рушыў у цэнтр горада, туды, дзе ўзвышаўся шпіль самага высокага храма.

— Зараз голас падасць! Кармёжка ў яго! — крычалі людзі, штурхаючыся, лезучы ледзь не пад капыты коней. Вырвіч і ягоныя спадарожнікі ўсё-ткі выехалі на пляц з велізарным гатычным касцёлам з чырвонай цэглы і белакаменнай ратушай.

— Ці-ха! — загарлаў нехта, і натоўп замоўк, як поле перад навальніцай. Пранціш стаіўся, чакаючы нейкага шалберства, але ў глыбіні душы так хацелася сапраўднага цуда! І раптам…

Не, гэта было не шалберства. Аднекуль з-пад зямлі пачуўся рык жывой істоты, голас пракаветнай жуды, нечалавечай самоты і прагі… Завішчэла кабета, заплакаў дзіцёнак, зафыркалі коні… Вочы людзей загарэліся самай прыемнай сумессю страху і цікаўнасці.

— Я павінен паглядзець на гэтае страшыдла! — аж стагнаў Амерыканец. Роспыты абнадзеілі: хаця паглядзець на цмока каштуе немалых грошай, але гэта магчыма. Толькі трэба заняць чаргу ў магістраце… І праз пару дзён… Праўда, цмока паказваюць толькі праз спецыяльныя вакенцы ў дзвярах сутарэння, але гісторый пра яго вартаўнікі распавядуць!

Затое ніякія грошы не дапамагалі зняць прыстойныя пакоі хоць у якім гасцявым доме. Толькі неверагодная сума ў дваццаць талераў і напорыстасць пана Агалінскага забяспечылі вандроўнікам адзін пакойчык на ўсіх пад самым дахам гатэлю «Пад залатой курыцай». Вядома, дзеля гэтага з пакою ў нейкі катух адсялілі менш грашавітых гасцей.

Гатэль быў ажно ў чатыры паверхі, прычым заўважалася, што два верхнія дабудаваныя зусім нядаўна, спехам, ясна, з-за наплыву цікаўнікаў. Увогуле, па ўсім горадзе ішло будаўніцтва, то там, то тут бачыліся рыштаванні, дамы ззялі навюткімі фарбамі.

Ці трэба ўдакладняць, што выявы цмока, мяча з дзяржальнам у выглядзе лілеі і юнака з месяцам у лобе прыкрашалі ўсе пакоі гатэля «Пад залатой курыцай», і нават начныя вазы…

Са страўні на першым паверсе папаўзлі спакусныя пахі. Пан Агалінскі расштурхаў стракатую публіку, працярэбліваючыся да стала, які вызваліў таксама вельмі проста, выкінуўшы з-за яго двух дробных мяшчукоў, па вопратцы — ці пісцоў, ці судовых канцылярыстаў.

— Верашчакі і піва!

Верашчака — гэта была самая модная страва, прыдуманая кухарам Аўгуста Саса па прозвішчы Верашчака. Тут яе ўмелі гатаваць, падобна, някепска, мяркуючы па замовах наведнікаў.

Музыкі — лютніст, скрыпач ды ўладальнік басэтлі — выводзілі мелодыю балады, адгадайце, пра каго? — пра цмока і святога Міхаіла… Дым і гуд стаялі у карчомцы не менш, чым у прыдарожнай беларускай, хіба што пілі не гарэліцу, а медавуху, і на месцічах красаваліся не шапкі-магеркі, а капелюшы з пёркамі, і гаварылі не па-беларуску, а на польскай, нямецкай, зрэдзь — галандскай і французскай.

Не паспела таўсманная шынкарка ў белым каптуры памерам з невялікі стог прынесці замоўленыя збаны з півам ды верашчаку ў гліняных місах, наведнікі зараўлі, паўздымаліся з месцаў, выглядаючы кагосьці. Пранціш закруціў галавой і таксама прыўзняўся…

І пабачыў хлапца з паўмесяцам у лобе.

Дакладна такога, як на малюнках. Гожы, бы каралевіч, залатыя валасы да плеч акуратна падвітыя, пунсовы камзол з золатам, дылея з гарнастаевай аздобай… За юнаком рушыла світа, таксама прыгожа прыбраныя шляхціцы, а ўжо як дзяўчаты пазіралі на гэтага ганарыстага прыгажунчыка! А той стаў пасярэдзіне карчмы, падняў уладна руку — белыя карункі манжэта ажно сляпілі, і прамовіў у раптоўнай паважлівай цішыні:

— Вельмішаноўнае панства, землякі мае ды госці нашага слаўнага горада! Заўтра апоўдні запрашаю ўсіх у ратушу, на чарговае выпрабаванне лілейнага мяча! Мы вызначым, ці настаў час мае смяротнай бойкі з паганай пачварай, якая захапіла наш няшчасны горад. Прыходзьце, каб малітвамі шчырымі святому арханёлу Міхаілу, драконаборцу, падтрымаць мяне ў памкненні вызваліць родны горад!

Прысутныя зараўлі, загулі… Нехта крыкнуў: «Віват пану Дамініку Ранглінскаму, абранцу!». Вокліч падхапілі… Пранціш перастрэў позірк Паланэі, якім яна праводзіла фанабэрыстага прыгажуна, і сэрца ў яго здрыганулася…

Ды што за халера такая ў гэтым мястэчку робіцца?

Пан у барвовым палінялым жупане і з носам таго ж колеру, па вымаўленні — з Валыні, ахвотна растлумачыў усё недасведчаным прыезджым. Цмока проста так забіць няможна, бо ён жа пасланы гораду ў пакаранне за грахі! Але Гасподзь калі і папускае пакуты, дае і сродак выбаўлення. Таму было прароцтва, што народзіцца хлопчык з месяцам у лобе, які ў прызначаны час цмока заб’е, і неадменна мячом з дзяржальнам у выглядзе лілеі, які захоўваецца ў ратушы ў спецыяльнай зашклёнай шафе. А здарыцца гэтая смяротная бойка толькі тады, калі ў дзень святога Міхаіла меч у руках абранца заззяе анёльскім агнём!

І тут вогненны анёльскі меч…

Лёднік фыркнуў, дэманструючы свае скептычныя адносіны да рамантычнай гісторыі. Пан Агалінскі ажно падскокваў ад радасці, што, магчыма, пабачыць жывога цмока… А Пранціш змрочна думаў — вось жа, камусьці шанцуе па жыцці, прызналі таго Дамініка абраным, носяцца з ім, як з залатым яйкам, дзеўкі гатовыя са спадніцаў выскачыць ад захаплення… А наперадзе таго чакае сапраўдны подзьвіг, пра які будуць спяваць лірнікі і пісаць паэты!

Спаць Вырвічу і Лёдніку давялося на падлозе, кінуўшы на яе сяннік, бо ў пакоі змяшчалася толькі два ложкі. Пан Агалінскі, простая душа, пачаў быў бурчэць, што спешчаных юнакоў, кшталту пана Палонія Бжастоўскага, якраз і трэба ўкладаць на падлогу, дый на ложку цалкам можа двое легчы, і Пранціш доўга пацяшаўся, уяўляючы, што было б, каб Паланэю ўклалі ў ложак да пана Гервасія, і той «эмпірычным спосабам» даведаўся, што з імі падарожнічае дзеўка ў мужчынскім касцюме. Не тое, каб гэта было нечуванай справай… У неспакойную эпоху спрытныя дамы, адпраўляючыся ў падарожжы, часцяком пераапраналіся ў мужчынскае — так куды бяспечней. Але сам Вырвіч быў упэўнены, што ён бы так не падмануўся… Даўно б выкрыў авантурную даму! Нават па тым, што, каб патрэбу справіць, ілжэ-хлопец адбягаецца ад спадарожнікаў, як ад медзвядзёў, ды сарамліва хаваецца за кусты…

Але што з рудога Амерыканца ўзяць… Вунь ужо храпе сабе.

Апошняе, што гэтым днём пабачыў Пранціш — як Лёднік, адчытаўшы малітвы, пры апошнім святле свечкі разглядае аркушык з няроўна накрэсленымі дзіцячай рукой літарамі…

Нараніцу Пранціш выскачыў з дому, каб не прапусціць чаго-небудзь цікавенькага. Урэшце, ён упершыню быў у такім далёкім замежжы, дзе нават у побытавых дробязях адрозненні ад звыклага — хаця б у манеры кабетаў павязваць хустку. А ўжо такі вялізны касцёл не абгледзець грэх! Яго пабудавалі яшчэ крыжакі, якія збіраліся тут гаспадарыць, пакуль не атрымалі выспятка пад Грунвальдам ад ліцвінаў, палякаў ды жмудзінаў. У Вырвіча ажно дух заняло, калі ён зблізу падняў галаву, каб убачыць круглыя вітражы вокнаў… Нібы проста на цябе плыве велічны чырвоны карабель па хвалях неба!

Пранціш з задавальненнем паблытаўся сярод месцічаў, прыкмеціў некалькі гожых дзяўчатак… Перамігнуўся…

А падымаючыся па лесвіцы ў гатэльны пакой, пачуў гнеўныя галасы Лёдніка і Агалінскага. Мудры студыёзус вырашыў напачатку паслухаць і разабрацца, што за каша там варыцца — неахвота пад гарачую руку панам трапляцца… Ой-ёй, схапіліся пра палітыку!

— З-за шляхецкае сваволі дзяржава гіне! — грымеў нізкі голас Лёдніка. — Няхай ваша мосць успомніць, калі апошні раз сойм прайшоў не сарваны? Пры Аўгусце — ніводнага! Адна назва — дэпутаты! Самы дурны апоек скарыстае «Ліберум вета», і разумны закон, які мог паспрыяць дабрабыту усяе дзяржавы, не прыняты! На выбарах хто больш напоіць ды хабару суне — той і перамог!

— Каб не шляхецкія вольнасці, дзяржавы і не было б! — крычаў пан Гервасій Агалінскі.—Хто яе абараніў ад маскоўцаў, шведаў, татараў? Мяшчукі? Мужыкі? Купцы? Шляхціц з маленства рыхтуецца аддаць жыццё, баронячы сваю зямлю ад ворагаў! Хто ты такі, каб пра дзяржаву разважаць? Хоць увесь патэнтамі набілітацыі абвешайся — ты нікчымны мяшчук!

— Я, можа, і мяшчук, але ў маёй вёсцы сяляне не галадаюць!

— Ну так, мужыка, вядома, хвалюе, што другі мужык на абед мае! — насмешнічаў пан Гервасій. — А ты ведаеш, што сяляне ў тваёй вёсцы сеюць, якая там глеба, ці хапае ўгнаення? Ці не варта прыкупіць які поплаў? Прыехаў, паглядзеў, капейку кінуў — і на лекцыі. Які з цябе гаспадар маёнтка?

— А вось цікава, калі б пан Лёднік мужыкоў у акадэмію пачаў прымаць… — гэта прамовіла лёгенька-бязвінна Паланэя… Вось жа паскудніца, спецыяльна пад’южвае.

— Вось, гэта і ёсць бязладдзе ў дзяржаве! — падхапіў Амерыканец. — Я б такіх самазваных шляхціцаў, як ты, клісцірнік, далей стайні не пускаў! Ты ж схізматык, спіш і марыш, як нашую зямлю маскалям аддаць! Думаеш, яны цябе адораць, дык станеш роўны з намі! Не быць таму — князь і ў Расіі князь, а халоп — і ў Рыме халоп! — Агалінскі крычаў, як варона на дождж.

— А невук і п’яніца — і на троне невук і п’яніца! — зусім разыйшоўся ў вальнадумстве сваім Лёднік. — Высакародныя! Што ж вы пад Алькенікамі не былі такімі высакароднымі, калі Багінскія ды Вішнявецкія Сапегаў разбілі, а потым, напіўшыся, у касцёл уварваліся ды палонных сваіх жа паноў-братоў засяклі? Я ў летапісе сам чытаў: «супроць Богу і сумленню забавязанае пад прысягай абяцанае зламаўшы і слова не стрымаўшы, будучы ад перапітку зграяй зухвалай і ў заядласці і гневе болей на звяроў дзікіх, чым на людзей падобнай, ніякае зверхнасці князёвай не рэспектуючы». Палоннага гетмана Міхася Сапегу ўдарам у спіну забілі. Гэта не я сваю зямлю прадаю, а тыя, хто права на трон гатовы з чыіх заўгодна рук прыняць!

— Ды я табе зараз язык твой халопскі адсяку!

У пакоі забразгала сталь, Пранціш ледзь устрымаўся ад таго, каб умяшацца. Але ўстрымаўся правільна: нешта бразнула аб падлогу, і Лёднік халодна прамовіў:

— Не раю васпану паўтараць свой экзэрсіс. У сумленным двубоі ў вас няма супроць мяне шанцаў.

Хто б сумняваўся, што доктар выб’е шаблю з рук задзірыстага пана Гервасія ў першую ж хвілю… Ну што, абыйшлося?

— Гэта я сапраўды памыліўся, — голас пана Агалінскага ажно віраваў ад нянавісці.—Скрыжаваў з табою, мярзотнік, сваю шляхецкую зброю! Забыўся, хто ты такі і на што здатны! Распуснік і здрайца! Усё, хопіць! Нос дзярэ, камандуе, павучае! — пан зноў сарваўся на крык. — Зараз жа расплочвайся, як прысягаў! Засцябаю, як сабаку!

— Як будзе заўгодна васпану! — Лёднік таксама заходзіўся ад гневу. — Бізун — тая зброя, якой вы дасканала валодаеце! Нічога іншага і краіне ад вас не дачакацца! Ды мне прыемней зараз здохнуць, чым надалей з вашае мосцю адным паветрам дыхаць!

Падобна, кнот дагарэў да апошняй нітачкі. Пранціш уварваўся ў пакой. Лёднік кінуў шаблю і зрываў з сябе камзол, ажно дробныя гузікі на падлогу ляцелі, Агалінскі, чырвоны і распалены, як заходняе сонейка, сціскаў у руцэ цяжкі бізун, Паланэя сядзела на падваконні, як намалёваная, і шчыра забаўлялася.

— Панства, зараз у ратушы цмока будуць забіваць! — звонка выкрыкнуў Пранціш, але абодва дыскусанты не надта на яго звярнулі ўвагу, паядаючы ненавіснымі позіркамі адно аднаго.

— Вашыя мосці з глузду зусім з’ехалі! — Пранціш стаў паміж ворагамі. — Мала таго, што з-за вашай няўчаснае гарачнасці не спраўдзіцца наша місія, але й мы ўсе загінем! На час фэсту ў горадзе пад пагрозай смяротнага пакарання забаронены ўсялякі гвалт. Вас, пан Гервасій, павесяць! А нас пасадзяць у вязьніцу! І карысці будзе, як ад гусі авёс купляць.

Пра забарону гвалту Пранціш хлусіў, але, цалкам магчыма, нейкі падобны звычай у Дракошчыне існаваў.

— А вы, пан Палоній, схадзілі б лепей паглядзелі, як прыгажунчык Дамінік з мячом красуецца, — з’едліва кінуў Вырвіч Багінскай. Тая лёгка саскочыла з падваконня.

— Ой, і праўда! Як жа прапусціць такое відовішча! Для майго шляхецкага выхавання гераічныя прыклады неабходныя! А пан Гервасій не баіцца блізка да цмока падыходзіць?

Князёўна, як заўсёды, спрытна расцвеліла патрэбныя пачуцці. Лёднік і Агалінскі, усё яшчэ цяжка дыхаючы, гатовыя загрызці адно аднаго, трохі ачомаліся. Пан Гервасій падняў сваю шаблю і звярнуўся да доктара:

— Толькі таму і дазваляю табе яшчэ пажыць, што знаю, ненадоўга.

І выскачыў з пакоя, ляснуўшы дзвярыма, ажно павукі па шчылінах разбегліся.

Лёднік моўчкі апрануў камзол, на якім не хапала пары гузікаў, падняў шаблю, стараючыся не глядзець на Пранціша.

— Калі васпан не даражыцца ўласным жыццём, — холадна прамовіў Пранціш, — дык падумаў бы пра лёс двух чалавек, якія наўпрост ад ягонага жыцця залежаць.

Прафесар усунуў шаблю ў похвы так злосна, быццам уторкваў у цела найгоршага ворага, і таксама ляснуў дзвярыма.

З такімі жыхарамі «Залатая курыца» доўга не прастаіць, па дошчачках-каменьчыках рассыплецца…

А Паланея з мілай усмешкай наблізілася да Вырвіча, уся такая ж цацачная, як Дракошчын, у акуратным парычку, блакітным камзольчыку са срэбнымі гузічкамі, белых панчошках…

— Пан Вырвіч, а што за прысягу даў пану Агалінскаму доктар?

Вырвіч толькі моўчкі працяў падступную паненку паглядам:

— А вы надалей, пан Бжастоўскі, добра падумайце, перш чым распальваць звадкі між сталымі мужчынамі, бо наступны раз іх, магчыма, не ўдасца спыніць, а калі Лёднік памрэ, вы застанецеся сам-насам з панам Агалінскім.

Панна трохі збляднела, але Пранціш не стаў чакаць яе адказу і выбег услед за сваім прафесарам.

Сонца шчодра залаціла нават шэрыя камяні брукаванкі… Людзі валілі да ратушы. У адным месцы, дзе вуліцу перакрывала вялізная калюжына, у якой плюхаўся пазаўчорашні дождж, увішныя мясцовыя хлапцы зладзілі добры бізнэс, пераносячы на ўласных карках праз брудныя хвалі ўрачыстых паняў у неабдымных спадніцах ды паноў у белых панчохах. Пан Палоній Бжастоўскі, вядома, скарыстаўся з тае прапановы.

А за ўваход у ратушу і гонар прысутнічаць пры выпрабаванні анёльскага мяча, аказалася, трэба выкласці ажно пяць цэхінаў! Лёднік прасычэў, што прадпрымальны Дракошчын выдаіць нават магнацкія кішэні, але пан Агалінскі нават не задумаўся. А чаго — радзівілаўскім золатам кашалёк набіты шчыльна, як калядная каўбаса.

Ратушу прыкрашалі два вышываныя золатам штандары. На адным, правільна, прабіты мячом цмок, на другім — арханёл Міхаіл на кані. Першы паверх ратушы ўяўляў з сябе вялізную залу з калонамі, у якой было так зручна сабрацца важным гасцям. Дамы са сваймі фіжмамі праплывалі, як заваленыя кветкамі ладдзі, ахутаныя амаль відочнымі аблокамі парфумы, некаторыя з паноў дэманстратыўна падымалі да вачэй апошняе сведчанне прагрэсу, толькі што з Парыжу — круглыя шкельцы на ручках, гэтакая ўдасканаленая лінза бацькі Гервасія Агалінскага, якую той падарыў сімпатычнай пакаёўцы. І пан Дамінік са шнарам у лобе быў тут жа — ззяў, як начышчаны чырвонец. Панна Багінская так і прыліпла да яго позіркам. Ясна, каб была не ў мужчынскім адзенні, выпрабавала б на прыгажунчыку свае чары.

Затрубілі фанфары. Пан Дамінік урачыста падыйшоў да пастамента ў канцы залы, на якім пад шклом ляжаў меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі. Двое кавалераў адкрылі шкляныя створкі…

Вядома, меч у руцэ абранага не заззяў, не расцвіў і не пусціў сноп іскраў.

Пра што з належным сумам было абвешчана.

Бойка з цмокам адкладалася на год. Затое зараз чакалася чарговае кармленне цмока. Выбар ахвяры для яго (самай прыгожай дзяўчыны). Тэатральнае прадстаўленне. Турніры лучнікаў і бардаў, танцы, кірмаш…

А як жа горкі лёс аддадзенай на з’ядзенне дзяўчыны? Усведамленне, што пачвара непераможаная? Нікчымныя баязліўцы!

Раптам пачулася гучнае рыканне. Дамы, як належыць, завішчэлі… Некалькі слугаў у чырвоных вопратках урачыста правялі праз залу белую цялушку, упрыгожаную чырвонымі стужкамі.

— Ён заглыне яе цалкам! — абвесціў важны пан, таксама ў чырвоным каптане.

Мясцовы цмок відавочна не харчаваўся яешняй.

Пранціш ажно шалеў. Пан Дамінік усё гэтак жа самаўпэўнена прахаджваўся ў суправаджэнне світы і адказваў на дурныя пытанні, кшталту як ён не баіцца адпраўляцца на бітву з пачварай.

Зноў загула труба, у залу запоўз вялізны, але лялечны, цмок, якога ігралі акцёры, накрытыя зялёным сукном, і гледачы памкнулі ў той канец залы… Пачыналася прадстаўленне. Пан Гервасій і Паланэйка рушылі за ўсімі. Баўтрамей Лёднік знайшоў кампанію — худога, як штыкеціна, пана ў чорнай мантыі з залатым ланцугом на шыі, сведчаннем доктарскага звання, і абодва мужы вучоныя, аб нечым паважна перагаворваючыся, зашыліся за спіны натоўпу.

Абражаны, расчараваны Пранціш застаўся адзін ля сцяны, дзе на пастаменце ляжаў нікому не патрэбны меч. Вырвіч асцярожна адчыніў шкляную дзверку… Пагладзіў сталь… Азірнуўся… Нават варта адправілася паназіраць за блазнамі. А там, у сутарэннях, пыхкаў агнём яшчэ жывы цмок, які захапіў няшчасны горад!

Рука сама ўзялася за дзяржальна ў выглядзе лілеі… Абраны! Якога ражна той Дамінік — абраны, калі ён і меч правільна трымаць не ўмее? Рыцар не разважае, рыцар ідзе ў бойку!

Дзверы, у якіх знікла белая цялушка, расчыніліся, слугі, што вярнуліся ад цмока, бегма кінуліся далучыцца да гледачоў…

Пранціш дастаў з вітрыны меч… А потым шляхціц Вырвіч, як сэр Ланцэлот, як Трышчан, як гетман Кастусь Астрожскі, цвёрдым і хуткім крокам адправіўся на смяротны бой, здзяйсняць рыцарскі подзвіг.

Уваход у сутарэнні, які знаходзіўся за ратушай, у абнесеным высокім мурам круглым дворыку, выглядаў вельмі празаічна: драўляныя дзверы, умацаваныя жалезнымі палосамі, нібыта ў вялікі пограб. І нават не замкнутыя! Вось неасцярожна… Што, калі пачвара вырвецца, усіх паесць?

Пранціш спусціўся па шырокіх прыступках у пячору. У нос ударыў страшэнны смурод. Але нейкі… зусім не легендарны. А як бы ўвайшоў у вялізны кароўнік. Вочы паступова прывыклі да паўцемры… Якая там пячора! Пакой з каменнымі сценамі, з вокнамі, забранымі кратамі… А на сценах — жахлівае: вяночкі з белымі вэлюмамі. Вядома, тых дзяўчатаў, што сталіся ахвярамі. І некалькі іхніх партрэтаў тут вісела — прыгажуні сумна паглядалі на Пранцыся, нібыта малілі: адпомсці за нас, адважны рыцар! Абарані іншых бязвінных дзяўчатаў ад страшнай смерці! Рука Пранціша з усяе моцы сціснула дзяржальна лілейнага мяча…

Наперадзе чакалі яшчэ адны велізарныя дзверы з вакенцамі, закрытымі прыгожа размаляванымі ваканіцамі… Пранціш здагадаўся, што менавіта праз гэтыя вакенцы і паказваюць за грошы пачвару. А што яна там, дакладна! Студыёзус чуў ейнае дыханне, глухі рык, скрогат… Ганебны пот хвалявання заліваў вочы…

Але загінулыя дзяўчаты!.. А яшчэ ўцерці нос абранніку-Дамініку…

І Пранціш ірвануў на сябе цяжкія дзверы.

Так, ён быў там! Самы сапраўдны жывы цмок… Святло скупа прасявалася на яго скрозь маленькія вокны ў столі. Які ён быў велізарны! І нейкі… Нібыта пакрыты плесняй. Бляклыя вочы, як сляпыя — а дзе ж у іх агонь? Дый з пашчы агню не паказвалася… Затое пашча здаровая! Палова Пранціша ў яе дакладна б змясцілася. Галава цмока была падобная адначасова і на змяіную, і на вялізную конскую. А што найбольш дзіўна, не было і крылляў! Можа, яны проста складзеныя, як у кажана? Лускі таксама, наколькі Вырвіч разгледзеў, не мелася — зморшчаная блякла-брунатная скура. Паміж велізарных лап з бруднымі пазногцямі велічынёй з кавун ляжалі парэшткі белай цялушкі.

Пачвара дыхала хрыпла, як сапсаваныя мяхі. І раптам зараўла — але зблізу ў гэтым рэве чулася не пагроза, а хутчэй нешта жаласнае.

Падманвае! Цяпер належала, напэўна, выклікаць цмока на двубой… Дзеля будучых баладаў… Але словы блыталіся, і замест гераічнай прамовы атрымалася нешта няўцямнае і грубае, як бы задзірлівыя словы ў бойцы бурсакоў.

Раптам пачвара ўдарыла лапай проста перад Пранцішам, кіпцюры агідна праскрыгаталі па камені…

Калісьці, падчас навучання ў езуіцкім калегіюме, Вырвіч са сваім сябруком, гарбатым, але дужа разумным шкаляром па мянушцы Вараня разважалі, як можна забіць цмока. Бо, вядома, Пранціш ужо тады марыў пра падобныя паядынкі, вартыя рыцара. Хлопцы доўга абмяркоўвалі, куды варта нанесці ўдар — луску драконаву не праб’еш, адзінае — адразу пацэліць у вока!

Пранціш забегаў туды-сюды перад пачварай, каб збіць яе з толку. Цмок малаціў лапамі, не дастаючы да ворага, роў, матляў галавой… Але Вырвіч прайшоў яшчэ і фехтавальную школу бязлітаснага Лёдніка! І злаўчыўся, кінуўся на бестыю, і — раз! — меч ажно па дзяржальна ўвайшоў у блякла-жоўтае вока! Калі ў пачвары меліся мазгі, іх павінна было прабіць наскрозь.

Як зараўло ўвасабленне цемры! Цмок кідаўся ўбакі, на шчасце, зноў не наперад, не да дзвярэй, да якіх адскочыў Пранціш… Шкроб кіпцюрамі камень… І ўрэшце ўпаў, застагнаў, амаль як разумная істота, і ў сутарэннях стала ціха-ціха… Аж увушшу зазвінела, і далёкая музыка свята падалася нетутэйшым рэхам. Подзвіг здзейснены, горад вызвалены, прыгажуні ў бяспецы…

Цяпер, паводле рыцарскіх раманаў, належала ў доказ свайго подзвігу адсячы пераможанаму цмоку галаву… Трэба ж нешта кідаць пад ногі Чароўнай Даме!

Пранціш асцярожна падыйшоў да пачвары (смярдзела ад яе, аж у вачах шчыпала), патыкаў ботам лапу… Потым узяўся за дзяржальна мяча, ледзь выцягнуў лязо з мёртвага вока… Ды нават калі ўдасца за пару гадзінаў адсячы гэткую галаву, хіба чалавек можа яе падняць? І наўрад хоць якая панна ўзрадуецца такому падаруначку… А калі Пранціш усё-ткі паспрабаваў абмацаць шыю монстра, яго чакала жахлівае адкрыццё: жалезны ашыйнік! Цмок сядзеў на ланцугу! Здаравучым, у руку таўсцінёй… Дзіва што, ён не мог дастаць да спрытнага студыёзуса!

Сталася неяк яшчэ больш непамысна. Але, можа, хоць які кіпцюр на лапе адсячы?

Вочы ўсё больш прывыкалі да паўзмроку, і цмок выглядаў усё больш агідна… І жаласна. Шнары, плямы… І гэты скураны мяшок столькі гадоў трымаў у жаху ўвесь горад? Вось баязліўцы тут жывуць! А галоўны баягуз, вядома, шнаралобы пан Дамінік.

Пранцысь, адчуваючы, што гэта — самы важны момант у ягоным жыцці, рушыў назад, праганяючы з галавы ўсе сумнівы ва ўласнай гераічнасці.

З дзвярэй ратушы вызіралі спалоханыя людцы — відаць, пачулі перадсмяротны крык пачвары.

Вырвіч паважна ступіў у залу, падняў акрываўлены меч.

— Ваш горад вызвалены! Я, беларускі рыцар Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр з Падняводдзя, забіў страшнага цмока!

Музыка абарвалася, публіка змоўкла.

Неяк не так Вырвіч уяўляў сустрэчу пераможцы.

Людзі пачалі перашэптвацца. Войт, чыя фізіяномія заўважна перакасілася, аддаў адрывістыя распараджэнні, і некалькі чалавек пабегла ў сутарэнні…

Каля студыёзуса матэрыялізаваўся Лёднік, стаў плячо да пляча, рука на дзяржальне шаблі.

— Вырвіч, — ласкава прагаварыў доктар, не зводзячы насцярожаных вачэй з натоўпу, — я называў вас калі-небудзь ёлупам?

— І даволі часта, прафесар, — прагаварыў Пранціш, якому пачало рабіцца непамысна ад не вельмі прыязных поглядаў прысутных.

— Тады для вас гэта не будзе навіной. Вы — ёлуп, пан Вырвіч, — неяк вельмі сумна прагаварыў прафесар.

— Забілі! Цмока забілі! — закрычаў нехта за спінай. Людзі загулі, як разварушаны вулей, кіраўніцтва горада заспрачалася… Вырвіч прыслухаўся:

— Чаму ахову не пакінулі? — сурова пытаўся войт.

— Хто ж ведаў, што нейкі прыдурак наважыцца… — апраўдваўся нехта, далейшая размова патанула ў агульным тлуме.

Арханёл Міхаіл паглядаў са штандара на сцяне амаль насмешна.

— Меч пакладзі, не хапала яшчэ, каб у крадзяжы рэліквіі абвінавацілі, — усё гэтак жа ласкава і ціха прагаварыў прафесар, і Пранціш, спяшаючыся, — усе адхіналіся, як ад карослівага, — вярнуў свяшчэнную зброю на месца.

— А зараз павольна, з усмешкамі рушым як мага бліжэй да выхаду…

Лёднік моцна ўхапіў студыёзуса за плячук і павалок праз натоўп. Людзі насцярожана расступаліся, мільгануў узлаваны гожы твар абранца Дамініка…

— Цмок быў забіты без бласлаўлення святога Міхаіла! — раптам загарлаў нехта. — Трымайце блюзнера!

— А вось цяпер рушылі хуценька, і вельмі…

Прафесар штурхануў Пранціша наперад і выхапіў шаблю. Усчаўся гвалт… Лёднік і Пранціш набліжаліся да дзвярэй з усёй даступнай хуткасцю, на шчасце, натоўп перашкаджаў не толькі ім — а куды больш замінаў варце. Пан Гервасій прабіўся да спадарожнікаў:

— Ну ты ўчыніў, пан Вырвіч! Ягоная мосць пан Караль Радзівіл абавязкова прыняў бы цябе ў ордэн альбанцаў!

Амерыканец зарагатаў, як лясун, і таксама агаліў шаблю.

Вось і дзверы на пляц… А там — нагі не паставіць з-за цікаўнікаў.

— Дарогу пераможцу паганага цмока! — раптам пракрычаў звонкі голас. — Пачынаецца вялікае святкаванне! Музыка!

Панна Паланэя Багінская, спрактыкаваная ў палацавых інтрыгах, збівала народ з тропу. Пасля яе выкрыку нават музыка раптам пачала граць, а нехта крыкнуў «Віват!».

— Ты не проста сапсаваў людзям свята, ты, пане, дабрабыт усяго горада скасаваў, — ласкава-пагрозна гаварыў на вуха Пранцішу Лёднік. — Усміхайся, рукой памахай, дурань няшчасны… Можа, удасца прайсці без бойкі… Пан Бжастоўскі, трымайцеся за маёй спінай!

— Хапай іх! — крычаў нехта, але з-за шуму і агульнай неразбярыхі ніхто толкам не разумеў, каго хапаць і за што.

— Я ж вызваліў горад… Тут жа дзяўчат у ахвяру цмоку прыносілі…— мармытаў Пранціш.

— Сім-ва-ліч-на! Сімвалічна прыносілі ў ахвяру! — раздражнёна тлумачыў на хаду доктар. — Прыгажуні спаборнічалі, каторая лепшая, пераможца ўрачыста заносіла ў сутарэнне вянок і вэлюм… А потым шчасліва выходзіла замуж з вылучаным ад магістрату пасагам. Месцічы гэтага рэліктавага яшчара ў балотах вылавілі. Доктар, з якім я пазнаёміўся, лячыў яго — істота старая, наскрозь хворая… Нават выпусці — нікога не дагоніць. Затое які эканамічны поспех! Нам бы, беларусам, так навучыцца свае малыя гарады паднімаць. Зембліца гэты за васемнаццаць гадоў у тры разы разбудаваўся. А працы колькі паэтам, мастакам, артыстам, музыкам, архітэктарам! І ўсё ляснулася з-за аднаго студыёзуса, якому закарцела подзвіга!

— А як жа гэты… абраны… з месяцам у лобе? — разгублена прагаварыў Пранціш, мінаючы аб’ёмістую пані ў спадніцы з фальбонамі, нібыта калючы ружовы куст.

— І як ты займаўся навукай медычнай, калі не можаш пазнаць звычайнага шнару ад падкаванага капыта!

— А ну, з дарогі, гіцалі! — пан Гервасій, як заўсёды, не прасіўся, а дзейнічаў сілай, грубай і надзейнай. Панна Паланэя сціпла хавалася за спінай Лёдніка, самага высокага з кампаніі.

Нарэшце яны выбраліся з густога натоўпу. Але ж і пагоня набліжалася, мяркуючы па крыках.

— Нас і на кавалачкі могуць разарваць… — задумліва прагаварыў Лёднік, і было зразумела, што не жартуе. — Хутчэй! — і прыспешыў крок да бегу. — Пан Бжастоўскі, не адставайце! Галоўнае, з горада выбрацца…

— А як жа рэчы ў гатэлі? — задыхаючыся, пракрычала на бягу Багінская.

— Лічыце, іх цмок заглынуў!

Паступова людзі ўцягваліся ў новую гульню — «лаві злачынцу».

— Тут яны, вунь, уцякаюць! Хапай!

Нехта штурхануў гандляра паветранымі цмокамі, і яны стракатай зграйкай узляцелі ў паветра.

Калі Пранціш у чарговы раз азірнуўся, то не пабачыў пана Гервасія.

«Спалохаўся, руды ваяка!» — зласліва падумаў студыёзус.

А між тым, падобна, іх даганялі…

Пранцысь тужліва разважаў — вось, зусім нядаўна здзейсніў, як лічыў, вялікі подзьвіг і разлічваў на віваты і шанаванне, і вянкі, і захопленыя пагляды… А цяпер пасякуць іх на чужой брукаванцы ды на целы плюнуць…

Раптам усіх аглушыў свіст, шалёным намётам прыімчалі коні, запрэжаныя ў прыгожую карэту з незнаёмым гербам, прыпыніліся, ледзь не іскры з-пад капытоў.

— Сядайце!

Пан Агалінскі стоячы кіраваў коньмі, ягоныя рудыя валасы развяваліся, як сцяг — капялюш пан дзесьці згубіў. Паланэя першай учапілася за адчыненую дзверцу карэты, спрытна залезла ўнутр. Пранціш і Лёднік паўскоквалі ўжо на хаду.

— З дарогі, лабідуды! Цмока вам перамаглі, а вы яшчэ незадаволеныя! — гарлаў Агалінскі, няшчадна паганяючы коней. — Я пастрашней цмока буду! Пан мой Караль гарадок ваш за гадзіну панішчыць!

Паланэя выпусціла некалькі куляў у вершнікаў, што спрабавалі дагнаць карэту, і іхні імпэт паменшыўся. Нарэшце прамінулі гарадскія вароты — з нагоды свята мост быў апушчаны… Вось колы карэты затрэсліся на каляінах небрукаванага гасцінцу… Потым па даху застукалі яловыя лапы… Уцекачы заехалі ў лес, збочыўшы з наезжанага шляху. Пагоня адстала.

Нарэшце пан Агалінскі спыніў натомленых коней і таксама залез у карэту, шумна выдыхнуў.

— Я нават астралябію пакінуў! Пракляты гарадок…

— Цяпер Дракошчын давядзецца зноў пераймяноўваць у Зембліцу, — задумліва прагаварыў Лёднік, які паспеў ужо выказаць студыёзусу ўсё, што думаў наконт ягоных разумовых здольнасцяў і авантурнасці, збольшага задаволіўся шчырым раскайваннем і сам трохі супакоіўся.

— А што абранцу іхняму цяпер рабіць? — фыркнуў Агалінскі. — Адразу дзяўчаты адскочаць, як блохі з дохлага сабакі.

Паланея засмяялася, і Пранціш не ўтрымаўся ад усмешкі. Хаця на душы было так пагана, так пагана… Аж нудзіла — як на першым курсе, калі яны з Недалужным патрапіліся рэктару за гульнёй у карты, ды яшчэ расклаліся на зручным каменным надмагіллі каля ўніверсітэцкага храму, і раз’юшаны рэктар па старым звычаі загадаў тую калоду карт пашаткаваць, прыправіць бігасам ды скарміць гульцам да апошняй лыжкі.

— Гэх, такую рэдкую жывёліну не пашкадаваў! — дакорліва прагаварыў Лёднік. — Яны калісьці насялялі зямлю, яшчэ да таго, як з’явіліся звыклыя нам звяры. Яшчар гэны, цмокам называны, апошні, можа, са свайго племені застаўся, а ты яго… Як свінню шылам…

Пранціш адвярнуўся, шчокі запалалі… Сапраўды. Забіў старую, хворую, пасаджаную на ланцуг жывёліну…

— Ого, свінню такую забіць! — запярэчыў пан Агалінскі. — Ягоная мосць пан Вырвіч не ведаў жа, наколькі тая пачвара бяспечная… Ён ішоў у смяротны бой, гатовы загінуць! Гэта рыцарская годнасць!

— Адзін французскі кароль, паміраючы, так гэтую годнасць азначыў, ваша мосць: пасля нас — хоць патоп! — раздражнёна прабурчэў Лёднік і з’едліва дадаў: — Але ж я, просты мяшчук, не маю права разважаць пра гэткія высокія матэрыі.

Памаўчаў, неахвотна прамовіў:

— Дарэчы, дзякую вам, пан Агалінскі — вы нас усіх выратавалі.

— Не мог жа я пазбавіцца магчымасці ўласнаручна цябе забіць! — выскаліўся пан Гервасій і ўздыхнуў.

— Гэх, а я так жывога цмока і не пабачыў!

А панна Багінская страшэнна спахмурнела, разглядаючы свае абламаныя пазногцікі, і Пранціш разумеў, чаму: успомніла пра куфры, пакінутыя ў гатэлі Дракошчына. А там жа і нажнічкі-прыціранні, і сукенкі-чаравічкі на выпадак, калі ўдасца вярнуць сабе жаночае аблічча… Так, гэтага паненка яму ніколі не даруе. Сталася яшчэ паганей на душы. Хоць ты вяртайся ў той Дракошчын, каб на кавалачкі заслужана разарвалі.

А Багінская раптам усміхнулася і прамовіла да Пранціша мілым галаском:

— А чаму пан Вырвіч не прынёс галавы цмока якой-небудзь чароўнай даме? Наступны раз не забудзьцеся менавіта так учыніць. Чароўная дама будзе вам удзячная!

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ. ЛЁДНІК І АБДЫМКІ СВЯТОГА ТАМАША

 

Трасея трасе, Агнея распальвае, Лядзея выстуджвае, Каркуша корчыць, Гняцея на рэбры ды чэрава кладзецца, Грынуша на грудзі… Нявея — усіх пракляцее, і чалавек жыці ад яе не маець…

На пацямнелым ад вятроў і дажджоў прыдарожным крыжы матлялася тое, што калісьці было клапатліва вытканым рушніком, а зараз здавалася выцвілай да шэрасці туману анучай. А самае пагрознае — выбелены конскі чэрап, які нехта старанна прыбіў да верхняй перакладзіны крыжа, намаляваўшы на лобнай костцы пунсовы крыж. Праз чорныя прагалы вачніцаў глядзела «сястрыца-бясіца» Нявея са страшных аповедаў.

— Дапамажы, святы Віліброрд… Святы Себасціян… Святы Антоній… Святы Хрыстафор… — пан Гервасій Агалінскі перажагнаўся і замармытаў пацеры. Ад таго, што ён згадваў святых, якія лічыліся абаронцамі ад чумы, Пранцішу стала зусім непамысна. Адна справа — калі перад табой ворагі з шаблямi ды стрэльбамі, няхай бы і цэлы натоўп, і іншая — калі вораг нябачны і неадольны…

— Пошасць, — сурова агучыў Лёднік тое, што круцілася ва ўсіх у галаве.

— Трэба было не збочваць з тракту… — паныла прамовіў Пранціш, хаця ясна, што збочыць давялося менавіта з-за ягоных прыгод у Дракошчыне, каб збіць магчымы пераслед.

Раптам Паланэя зусім па-дзявочы завішчэла, паказваючы некуды пальцам — ажно коні спужаліся. Вырвіч угледзеўся — наводдаль, у сівой траве, ляжаў чалавек… Побач яшчэ… Падобна было на тое, што зняможаныя людзі паўзлі да дарогі ў пошуках ратунку. Лёднік падняў руку:

— Стойце на месцы… — і няспешна паехаў у бок целаў.

— Вам, пан Палоній, трэба было дзяўчынай нарадзіцца, — пільна гледзячы ў спіну доктару, прагаварыў пан Гервасій сваю ўлюбёную за апошнія дні фразу. Багінская адказала ў звыклай манеры, але без ценю весялосці, таксама не адводзячы пагляду ад чорнай постаці на кані, што набліжалася да страшнай знаходкі:

— Гэта было б вашым найвялікшым няшчасцем, пан Гервасій. Бо вы б закахаліся ў мяне, і вашае сэрца было б разбітае маёй жорсткасцю.

Лёднік спыніў каня, праз нейкі час рэзка развярнуў яго і падскакаў да спадарожнікаў. Ягоны худы твар быў неяк занадта спакойны.

— Чума.

Паланэя зноў ускрыкнула, пан Гервасій зашаптаў пацеры…

— І… што рабіць? — як ні прыкра было прызнаваць гэта, але ў іхняй высакароднай кампаніі ў цяжкіх абставінах падобныя пытанні ўсе мімаволі найперш задавалі адзінаму невысакароднаму чальцу. Лёднік іранічна хмыкнуў.

— Ну што я магу вам прапанаваць, пан Вырвіч. Толькі тое, што стагоддзямі раілі мае калегі ў падобных сітуацыях: «Сito longe fugas et tarde redeas» — сыходзь хутка, далёка, і доўга не вяртайся.

І раптам прышпорыў свайго каня:

— Гайда!

Яны несліся па дарозе, далей ад крыжа з чэрапам, і здавалася, што за імі ляціць страшны цень з раскінутымі крыламі…

На наступным раздарожжы давялося прыпыніцца. Лёднік агледзеў пераляканыя твары.

— Пакуль баяцца няма чаго. Мяркуючы па паставах нябожчыкаў, пошасць у тым баку, адкуль яны рухаліся. А значыць, мы ад яе аддаляемся. Урэшце, з вамі доктар, і, паверце, я пабачыў не адну эпідэмію. Шкада, валіза з інструментамі ды лекамі страчаная…

Вырашана было, аднак, спыніцца на начлег, ад’ехаўшы як мага далей ад страшнага месца. На шчасце, сёння не дажджыла, і дарога нават трохі падсохла. Міналі вярста за вярстой… Лясы змяняліся палямі, цямнелі прыгорбленыя хаткі, нібыта зграі пачварных істотаў прыгнуліся да зямлі, рыхтуючыся да нападу… Пан Гервасій адзін балбатаў, распавядаючы байкі пра пошасць. Асабліва амерыканскія: як іспанскія кандацьеры знайшлі ў зарасцях залаты горад, але варта было ўзяць аднаму з іх у рукі злітак, ягоная скура пачала пакрывацца пазалотай, і небарака памёр на месцы, бо сэрца таксама зрабілася залатым. А другі атрад, на гэты раз ангельцаў, разбіў лагер на палянцы з прыгожымі ружовымі кветачкамі, а нараніцу выявілася, што гэтыя кветачкі, падобныя да ўюнка, прараслі проста скрозь целы спячых, і пакуль атрад выбраўся да людзей, усе памерлі пакутлівай смерцю, і былі спрэс пакрытыя кветкамі.

Расповеды весялосці не дадавалі.

Лёднік зноў зверыўся з картамі, наконт бліжэйшай станцыі, да якой можна даехаць засветла. Але калі Багінская даведалася, што ёсць магчымасць патрапіць у мястэчка пад назвай Тамашоў, запрасілася туды. Ясна, чаму: цяпер выглядаў маскарадны пан Бжастоўскі зусім не так прыгожанька, як на фэсце ў Дракошчыне, бо пераапрануцца не было ў што, у корчмах галантных рэчаў не прадавалі, панчохі даўно сталі чорнымі ад гразі, парык трэба было высушыць і напудрыць, а ўласныя валасы паненкі, цёмныя, коратка стрыжаныя, віселі жаласнымі водарасцямі… Паненка марыла пра боты, чыстую кашулю… Ну а яшчэ гарачую ваду, люстэрка, парфуму, ложак… Урэшце, і Пранціш не супраць быў наведаць Тамашоў. Наўрад там таксама трымалі цмока.

Здаля горад выглядаў больш змрочна, чыў Дракошчын. Шэрыя муры, ніякіх табе стракатых штандараў на іх… Ну і народу да гарадскіх варотаў кіравалася куды меней. Вось заехаў самотны воз, гружаны бочкамі, зайшоў мужык з мехам на плячах… І ўсё. Ніводнай жывой душы, як кінуць вокам. Нават распытацца няма каго, што ў горадзе робіцца, хаця Лёднік гэтага жадаў.

Калі яны пад’язджалі да брамы, Вырвічу раптам дужа захацелася павярнуць каня… Нейкі дурны страх апанаваў, што студыёзус спісаў на наступствы перажытага ў Дракошчыне. Лёднік называў такое «фобія» — чалавек чагосьці адзін раз спалохаецца, а пасля шугаецца падобнага ўсё жыццё…

Не, страх не пераможа шляхціца герба Гіпацэнтаўр!

Пранціш пакратаў шаблю, задраў галаву і пастараўся надаць твару асабліва фанабэрысты выраз.

Але ж калі падарожныя апынуліся па той бок брамы, уласныя адчуванні не падаліся студыёзусу такімі ўжо бязглуздымі. З абодвух бакоў на гасцей наставілі стрэльбы вартавыя з абвязанымі анучамі ажно да вачэй тварамі. Мяркуючы па вохкім паху, анучы былі вымачаныя ў лекавым адвары.

— Прашу панства спешыцца і прайсці вунь у той намёт. Вас агледзіць доктар, ці няма слядоў хваробы.

Белы палатняны намёт стаяў проста перад брамай, так, каб яго нельга было прамінуць. Пан Агалінскі пачаў быў абурацца наконт шляхецкіх правоў і слова гонару, якое пераважвае любыя агляды. Але Лёднік саскочыў з каня першы.

— Мы ахвотна пакажамся доктару. А нехта ў горадзе ўжо захварэў?

— Хай бароніць святы Рох, пакуль не. Таму няхай панства выбачае — калі хоць цень падазрэння, што вы прынеслі заразу, пагонім прэч кулямі ды вагнём.

Калючыя вочы вартаўніка хавалі той спалох, пракаветны, цёмны, які можа зрабіць з чалавека звера, горшага ад цмока. Панна Багінская трывожна кусала вусны — а што, калі змусяць распранацца? Пранціш зласліва пасміхнуўся: не ўсё ж табе, паненка, іншых ставіць у няёмкае становішча! А Лёднік паклаў руку паненцы на плячо і ціхенька прагаварыў:

— Трымайцеся за мной, пан Бжастоўскі. Што-небудзь прыдумаем.

Ну як жа, прафесар не мог не пашкадаваць дурное дзяўчо! Якое прафесара, калі што, не пашкадуе ані на каліўца.

Палотнішча намёту адхінулася, і Вырвіч ледзь стрымаў ускрык: там стаяла пачварнае стварэнне. У галаўным уборы, падобным да птушынай галавы з вялізнай загнутай дзюбай, у чорным прасмоленым балахоне і пальчатках. Ад таго, што студыёзус ведаў, што гэта лекар у звычайнай вопратцы, якую носяць служкі Гіпакрату падчас эпідэмій, спакайней не рабілася. Здавалася, перад імі ўвасобленая чума.

Першым зайшоў пан Гервасій, і адразу пачаў лаяцца… Падумаеш, раскамандваліся тут усялякія!

Мясцовы доктар меў добрую вытрымку, бо на лаянку Агалінскага не адказваў, чулася толькі ўладнае «Павярніцеся, ваша мосць!», «Расшпіліце, зрабіце ласку, кашулю».

Пранціш, як без кропачкі выпускнік Віленскай акадэміі і асістэнт медыка, паводзіўся куды больш разумна: прадэманстраваў адсутнасць чумных бубонаў, непашкоджанасць слізістых абалонак, пакорліва прыняў апырскванне смярдзючай вадкасцю, якое здзяйснялі па той бок намёту яшчэ дзве фігуры ў балаханах…

Дзесьці на гарадской ратушы гадзіннік адлічыў пятую вечара, час восеньскага змяркання. Зараз жа выстраліла гармата — ці мясцовы звычай, ці сродак адганяць чуму.

І тут у намёт зайшоў Лёднік.

— Баўтрамеюс! Якім лёсам?

Тамашоўскі доктар сцягнуў з сябе застрашлівую дзюбу, выявіўшы зусім не страшнае, з мяккімі рысамі аблічча, якое зараз асвятлялася радаснай усмешкай.

— Ёханес Вайда!

Абодва дактары абняліся, паляпваючы адзін аднаго па спіне, як могуць толькі сябры юнацтва.

— Як добра, што ты з’явіўся! Сапраўды — Бог пасылае памочнікаў у цяжкую часіну… А тут — аднакурснік па Празе! Сачыў, сачыў за тваімі публікацыямі. Падобна, твае пагляды моцна змяніліся. А тут столькі справаў — не паспяваю… Ведаеш, напэўна, што пошасць блізка падбіраецца?

У светлых вачах пана Ёханеса сапраўды хавалася стома.

— Прабач, сябар мой, але я тут толькі выпадкам — і праездам. Нам да серады трэба быць у Гданьску, чакае карабель, — вінавата прамовіў Баўтрамей.

Ёханес сумна ўздыхнуў:

— Тады ты вельмі няўдала завітаў у Тамашоў, мой сябар. Каб яшчэ гадзіну таму… Але — сам чуў! — прабіла пяць, стрэліла гармата… А значыць, у горадзе па волі біскупа аб’яўлена абложнае становішча. Цяпер ніхто сюды не заедзе, не выедзе — пакуль не пройдзе пошасць. Нават з каралеўскімі патэнтамі. Вы — апошнія нашы госці. Я б мог абвесціць вас хворымі, каб вытурылі з горада — але біскуп загадаў абыходзіцца з носьбітамі заразы, як з ерэтыкамі. Баюся, вас могуць проста расстраляць са сценаў, а целы спаліць.

Вось табе маеш! Пранціш застыў, паспеўшы апрануць камзол толькі на адно плячо, Лёднік, падобна, быў таксама агаломшаны.

— Гэта немагчыма… Я мушу ехаць! Можа, перагаварыць з біскупам? Выпусціўшы мяне і спадарожнікаў за браму, горад жа не панясе шкоды!

Ёханес пакруціў галавой з чорна-сівымі валасамі.

— Сябар мой, ты ведаеш, хто ў нас стаў біскупам, пробашчам храма святога Тамаша, а заадно прыёрам кляштара? Айцец Габрыелюс Правітус!

Падобна, гэта была вельмі дрэнная навіна, таму што Лёднік збялеў і схапіўся рукой за горла, як бы ад задухі.

— Так, так, твой былы пражскі настаўнік! — з нейкім асаблівым выразам вымавіў Ёханес.

— Мне сапраўды не варта з ім сустракацца… — здушана прагаварыў Лёднік.

— Так, біскуп наш чалавек няпросты, усё ў горадзе яму падпарадкоўваецца — і бурмістр, і рада, і купцы, і рамеснікі. Людзі на яго моляцца — цудатворца, святы дабрадзей… А калі ты збег тады з Прагі, пан Правітус, расказвалі, моцна на цябе гневаўся. Маўляў, улюбёны вучань прадаў яго, збэсціў спадзяванні.

Ёханес выпрабавальна глядзеў на аднакурсніка, той прыгнечана маўчаў.

— Як далёка ты зайшоў за сваім колішнім настаўнікам, Бутрыме? — ціха спытаўся пан Вайда.

— Далекавата, Ёхане. Далей, чым варта было, — гэтак жа сцішана прагаварыў Баўтрамей.

— А мы ж тады, як ён лекцыі ў нас стаў чытаць, усе яго баяліся. Каб, не дай Гасподзь, не бліснуць розумам, каб не зацягнуў у свой гурток. Хадзілі чуткі пра ягоныя магічныя заняткі, на якіх людзі знікаюць, а нехта вар’яцее, альбо пачынае гаварыць не сваім голасам. Я дык назнарок іспыты заваліў, — задумліва прамовіў пан Вайда.

— А я вось бліснуў… Са скуры лупіўся, абы заўважылі, дапусцілі да таемных ведаў…— з горкай насмешкай прамовіў Лёднік.

— Ну, усім Бог суддзя, — страсянуў з сябе сум пан Вайда. — Пана Правітуса ў свой час з Прагі таксама ледзь не на дзідах вынеслі, у нашым гарадку для яго — проста высылка. Так ці іначай — бліжэйшы час ты правядзеш у маім доме, Бутрыме! Месца хапае — хопіць і тваім спадарожнікам… Заразы ж ніхто не падчапіў? Цябе аглядаць не стану — шаўцу ботаў не шыюць…

— І хлопчыка, што там, каля намёту, чакае, не варта аглядаць, — паспешліва прамовіў Лёднік. Ёханес вызірнуў вонкі, абмерыў паглядам шчуплую мітуслівую постаць пана Бжастоўскага, пасміхнуўся:

— Ты спрактыкаванага медыка задумаў падмануць, Бутрыме? Добра, калі даеш слова, што твой… хлопчык не заражаны, няхай паненка больш не нервуецца. Распранацца не змушу. А то вунь чаравічкамі дзірку ў бруку пракруціць. Але абліванне расчыннем прыняць давядзецца і табе, і ёй.

— Ядловец, ладан, спірт, часнык? — прынюхаўся Баўтрамей. — А чаму не абкурванне?

— Вадкасць лічу больш эфектыўнай за дым.

— Маеш рацыю, але для мяне твой выбар фатальны… — са змрочнай іроніяй прагаварыў Лёднік.

— Чаму? — здзівіўся пан Вайда.

— Таму, што калі б ты зёлкі паліў, а не запарваў, я б яшчэ да брамы пачуў пах, і ўжо ні ў якім разе не пусціў бы сваіх сюды.

Дактары пачалі нецікавую лекарскую дыскусію. А Пранціш вырашыў, што прыгоды ў Дракошчыне і на праклятым млыне — гэта яшчэ першыя сняжынкі ў параўнанні з завірухай, якую абяцае гасцяванне ў Тамашове.

Ён не надта памыліўся.

Дом доктара Вайды аказаўся сапраўды змястоўным. Як выявілася, доктар пасля сканчэння ўніверсітэту выгадна ажаніўся, з дачкой тамашоўскага войта. Таму займеў камяніцу на два паверхі. Пані доктарава была павольная, беласкурая і вялікая, ледзь не ўдвая большая за мужа. Яна хадзіла ў дарагой сукенцы з брабанцкімі карункамі, яе кірпаносы, крыху выцягнуты твар у атачэнні бялюткіх фальбонаў каптура быў такі спакойны, што пані здавалася надзейнай выспай пасярод бурлівага акіяну. Ля калень пані мітусілася двое дзетак — хлопчык і дзяўчынка, трэці, зусім малы, спаў на руках у нянькі, чырванашчокай матроны, якая таксама выпраменьвала спакой і ўпэўненасць. Стол ламіўся ад кілбасаў ды бліноў.

— Вось так і жывем, — задаволена абвёў рукой ідылічную карціну пан Вайда.

— А як твае даследванні крывяных складнікаў? — папытаўся Лёднік. — У цябе былі цікавыя ідэі…

Вайда махнуў рукой.

— Усё, што мне трэба ведаць, мне распавялі ва ўніверсітэце. Гэта ты ў акадэміі можаш лунаць сабе ў эмпірэях, шукаць філасофскі камень, патрашыць трупы. А тут трэба людзей лячыць, ды так, каб адобрыў святы касцёл, і не западозрылі ў блюзнерстве. Не высоўвацца. Не вылучацца. І калі святар сцвярджае, што грэшнае цела сваё сумленны хрысціянін дае мыць двойчы ў жыцці — пры нараджэнні і калі памрэ, мая справа сціпла маўчаць.

— Чакай, — здзівіўся Лёднік. — Айцец Габрыелюс сам жа эксперыменты любіў… І сцвярджаў, што ад старажытных рымлянаў абавязкова трэба пераняць звычай штодзень мыцца…

Пан Вайда толькі хмыкнуў.

— Сам ведаеш — грамчэй за ўсіх крычыць «Трымайце злодзея!» злодзей, і прыёр кляштара святога Тамаша проста палюе на іншадумцаў, блюзнераў, ведзьмакоў, чарнакніжнікаў…

— Хіба ён спыніў свае доследы? — насцярожана папытаўся Лёднік, чапляючы двузубым відэльцам каўбаску.

— Такія не спыняюцца, — хмыкнуў пан Ёханес. — Але пра ягоныя сапраўдныя заняткі здагадваемся я, ты, ну яшчэ некалькі чалавек, якія цалкам залежаць ад біскупа і біскупскіх памагатых. Тут — ягонае ўладанне. І ягоныя парадкі. І магутныя апекуны па ўсім свеце. Дзесяць год трымае людзей у страху. Паўсюль ягоныя вушы і вочы… Хто пачне благое казаць пра айца Габрыелюса — можа раптам знікнуць альбо памерці ад раптоўнай хваробы. А здараецца, біскуп адным поглядам паміраючага з ложка падыме. Сам кароль у яго гараскопы замаўляе. Так што пошасць яму — толькі ўмацаванне ўлады. А я — маленькі чалавек. Магу кроў пусціць, клізму паставіць. Што я — супраць чумы?

— Чакай, а памятаеш, мы спрабавалі прыдумаць ад яе лекі? — усклікнуў Лёднік. — Нават сам пан Правітус падказваў — узяць попел кароткага рабра і лімфатычнага падмышачнага вузла памерлага ад чумы…

— Яшчэ раз кажу — у Тамашове ўсё паводле дзядоўскага звычаю, — цвёрда прамовіў Ёханес. — Як сто, дзвесце, трыста год таму. Нам тут што вайна ў Амерыцы, што іnterregnum у Кароне… Вось пошасць — блізка. Зараз пачнецца чарговая істэрыя на тэму «Выкупляйце грахі, бо хутка канец свету». Пойдуць па вуліцах флагелянты, абсцябаюцца ў славу Гасподню, аж пырскі крыві паляцяць на сцены. Нехта ў імя святога Тамаша ахвяруе касцёлу ўсю маёмасць і стане жабраваць, на вуліцы Залатароў ці Рыбнікаў зловяць пару вядзьмарак і павядуць тапіць у сажалцы… Потым разгромяць лаўкі габрэяў… Апошніх і абвінавацяць у пошасці і пачнуць збіваць. Пасля габрэяў возьмуцца за жабракоў — маўляў, яны паатручвалі ваду ў студнях. Потым настане чарга пацукоў і мышэй — а можа, якой казы, у якую ўсяліўся д’ябал. Спадзяюся, да лекараў чарга не дойдзе. Гарадок маленькі, нас тут усяго чацвёра, калі лічыць цырульніка-зубадзёра. А потым пошасць скончыцца, вядома, дзякуючы малітвам айца Габрыелюса.

— А мы павінны тут сядзець і гэта ўсё назіраць? — абурыўся Пранціш, у якога сямейнае шчасце тамашоўскага доктара чамусьці выклікала пачуццё, як выпіты без асаблівага жадання, па прымусе нянькі кубак паранага малака з пенкай.

Пан Агалінскі шумна паставіў на стол пусты збан, у якім толькі што пенілася някепскае цёмнае піва.

— Няўжо імя ягонай мосці, яснавяльможнага пана Радзівіла тут нічога не значыць? Я выконваю ягонае даручэнне!

Багінская скрывілася, а пан Вайда ветліва схіліўся.

— Калі б ягоная мосць князь Радзівіл зрабіў ласку сюды завітаць, яго б, вядома, сустрэлі па-каралеўску. Але тут не ўладанні пана, да таго ж пошасць не разбірае тытулаў. Смерці баяцца больш, чым князёў чалавечых. Баюся, што вас, пан Агалінскі, біскуп нават не прыме. Ды ён пальцам варухне — вас адправяць у сутарэнні, як блюзнераў. Так што, Бутрыме, хоць ведаю, што ты — веры праваслаўнай, заўтра ўсе рушым на імшу ў касцёл. Я вунь, лютаранін, хаджу, як міленькі, і пра сваё веравызнанне маўчу, як труна. Пераседзеце ціхенька на апошніх лаўках… А мне апраўдацца прасцей будзе: прытуліў добрых хрысціянаў.

Лёднік зусім спахмурнеў, паглядаючы на малога сынка Вайды, які заўзята пускаў драўлянага коніка скакаць па парэнчах фатэля. Ясна — успомніў малога Алесіка.

— Няўжо няма ніякага спосабу выбрацца з горада?

— У нас ёсць грошы, пан Вайда, — звонкім галаском умяшалася Багінская, ужо ў набытых у мясцовых крамнікаў навюткіх камзольчыку і парычку, вымытая і выспаная. — Нават у час аблогі можа знайсці згаворлівых вартавых… Падземныя хады… Патаемныя дзверы… Магчыма, пярсцёнак са смарагдам трохі наблізіць наш ад’езд?

І пакруціла ў пальцах каштоўнасць, за якую можна было набыць некалькі коней з карэтай у дадатак. Святло заіграла на гранях русалчынага каменю. Нават пані Вайда зацікаўлена заўзіралася…

— Запэўніваю вашу мосць, ніхто ў горадзе не пойдзе супраць волі айца Габрыелюса. Бо ўпэўненыя, што ён валодае нетутэйшай моцай. Што ён і дэманстраваў не раз. А страх перад пошасцю ўвогуле вынішчыць з сэрцаў міласэрнасць, — цвёрда прамовіў пан Ёханес і звярнуўся на нямецкай мове да жонкі. — Сэрцайка маё, Грэтхен, укладзі дзяцей спаць!

Пані доктарава няспешна паднялася, скоса зірнула апошні раз на смарагд у пальцах пана Палонія і сышла разам з дзеткамі і нянькай.

— Адзінае, што можа вам дапамагчы… Ведаеце, у маленькіх мястэчках, у глухіх вёсках ёсць шмат такога, што месцічы ўважаюць за свяшчэнны звычай і захоўваюць вякамі, у той час як чалавеку прышламу гэта падаецца дзікунствам, — голас доктара Вайды гучэў неяк няўпэўнена.

— Пра які звычай ты хочаш нам распавесці, Ёханес? Кажы, не бойся. Мяне цяжка чымсьці здзівіць, — заахвоціў Лёднік. — Калі гэта дапаможа нам адсюль выбрацца, я гатовы на самы дзікі абрад. Што там трэба — ажаніцца з саляным слупом, правесці ноч на магіле праклятага князя, збіць стралою чэрап з вежы?

— Абняцца са святым Тамашом, — крыва ўсміхаючыся, прамовіў Ёханес. — Табе гэта не спадабаецца, Бутрыме.

З таго, што распавёў тамашоўскі доктар, нічога добрага сапраўды не вымалёўвалася. Абдымкі святога Тамаша дапамагалі ў набыцці стыгматаў. Звычайна раны такія ўтвараліся ў асабліва веруючых у перайманне ранаў Госпада. У Тамашове іх атрымлівалі з дапамогай асаблівага прыстасавання. Звычай пайшоў ад заснавання кляштара святога Тамаша і адпаведнага манаскага ордэна. Прыёр у ім быў фанатычны. Кожны мніх, які ўступаў у ордэн, мусіў прайсці жорсткі іспыт. Пасля гэта стала пакараннем. Потым — асаблівым духоўным подзвігам, здзейсніўшы які, можна папрасіць пробашча храма аб літасці — і той павінен задаволіць просьбіта. Нельга прасіць грошай, нічога, што ўзбагаціць, або нанясе камусьці шкоду. Але такім чынам некалькі разоў вярталі сабе волю асуджаныя да вязніцы, альбо тыя, каму пагражала даўгавая яма, часам даказвалі сваю невінаватасць западозраныя ў вядзьмарстве і блюзнерстве. Прычым скарыстацца з традыцыі маглі людзі рознай веры.

— На маёй памяці на абдымкі святога Тамаша наважваліся тройчы, — распавядаў пан Вайда. — Адзін адразу не вытрымаў, яго з ганьбай пагналі з храма, яшчэ і бізуноў далі. Двое дастаяліся… Але відовішча непамыснае. Думаю, выпадкаў было б куды болей — колькі людзей даведзена да такога адчаю, што яшчэ адна рана на целе ім і не заўважная. Але да рэлікварыя святога Тамаша дапускаюць не заўсёды і не ўсіх. Трэба, каб просьбіт здольны быў прачытаць пакаянны канон. Прычым дваццаць разоў запар. Галоўная небяспека выпрабавання — можна, пакуль усё дачытаеш, сцячы крывёй. У гэтую нядзелю рэлікварый адчыняць. Значыць, заўтра адзін з вас зможа да яго ўзысці. Ну і папрасіць пасля, каб вас выпусцілі з гораду. Будзе лічыцца, што на вас дабрадатнасць, святая абарона… Што вы ачысціліся ад усіх грахоў і хвароба да вас не прыстае. І мне добра, што ў маім доме не блюзнеры жылі.

— Ды мне выпрабаванне цялеснай моцы прайсці — як саламіну пераламіць! — адразу заявіў пан Гервасій. — Я — ваяр! Не злічыць, колькі разоў паранены!

— Вырвічы з Падняводдзя нічога не баяцца! — ганарыста заявіў Пранціш. — Ды мяне на кавалачкі рэзаць будуць — не паморшчуся!

— Вы, вашамосць пан Вырвіч, замалады для выпрабаванняў, якія павінны браць на сябе сталыя мужчыны, у якіх даўно выраслі вусы! — пан Гервасій паважна падкруціў руды вус. Пранціш адчуў, што кроў кінулася ў твар. Так, вусікі ў Вырвіча яшчэ не звісаюць над губой, але ён нікому не дазволіць над гэтым пасміхацца! Рука сама сабой пацягнулася намацаць шаблю. Пан Гервасій таксама ажывіўся ў прадчуванні бойкі…

— Папрашу панства не ламіцца ў дзверы, калі дом яшчэ не збудаваны, — холадна прамовіў Лёднік і ўзняўся, строгі, выпрастаны, спакойны, як смяротна небяспечная зброя. — Пайшлі, Ёханес, пакажаш мне, што за абдымкі святога Тамаша. Трэба прыкінуць, як выйсці з гэтай дураты з найменшымі стратамі.

— Ціха… — збляднеў пан Вайда. — Не трэба гаварыць такія словы пра святыя рэчы!

— Толькі не кажы, Бутрым, што зноў возьмешся сам! — абурыўся Пранціш. Лёднік толькі прыўзняў бровы.

— Па-першае, я самы старэйшы, Па-другое, самы грэшны. Па-трэцяе, самы бязродны. І згадзіцеся, пан Агалінскі, — з крывой усмешкай звярнуўся прафесар да пана Гервасія, які рыхтаваўся нешта сказаць насуперак, — мяне найменш шкада, ці не так?

Вырвіч пачаў паводле ўсіх правілаў логікі абвяргаць свайго настаўніка. А панна Багінская сціпла маўчала, справядліва лічачы, што не мусіць увязвацца ў гэткія брутальныя і нягжэчныя мужчынскія справы.

Нядзеля пачалася з дажджу і стральбы з гарматаў. Пайшлі чуткі, што ў горадзе ўжо нехта захварэў, і людзі перашэптваліся, парушаючы святую цішыню храма.

— Рукі пакалечыш, і як далей будзеш працаваць? — у соты раз прагаварыў Пранціш. Лёднік паглядзеў на свае далоні…

— Рук шкада, — спакойна пагадзіўся ён. — Але пастараюся ўсё правільна разлічыць, каб асабліва не пашкодзіць. Не першы раз. Памятаеш слуцкія сутарэнні? Там куды горш было. Зажыве. Мазь узяў?

— Узяў… — напружана адказаў Пранціш, якому было дужа непамысна. Не дзіва: паства Тамашова выглядала зусім не так, як у Дракошчыне, Вільні ці Менску. Усе ў шэрым, чорным ці брунатным. Ні парыкоў, ні фіжмаў. Няма высакароднага шляхецкага звычаю агаляць шаблю падчас чытання Свяшчэннага Пісання. У кабетаў сукенкі зашпіляюцца пад горла, строгія каптуры — ні аднае пасмачкі валасоў не згледзіш. Вунь і пані Вайда апранулася менавіта так, стаіць, рахмана апусціўшы вочы, як бы і не апранала ніколі модную сукенку з дэкальтэ. Не дай Гасподзь, нехта даведаецца, што тут прысутнічае дзеўка ў мужчынскім касцюме…

Парфумай мясцовыя жыхары таксама не карысталіся, відаць, уважаючы гэта за грэх, асабліва ў час строгага посту падчас пошасці. Нямытыя целы смярдзелі так, што млосна рабілася. Пранціш звык яшчэ ў Падняводдзі прынамсі раз на месяц наведваць лазню. Пры калегіюме таксама была лазня. Ну а Лёднік увогуле лічыў, што па прыкладзе старажытных грэкаў ды лацінян мудры чалавек мусіць мыцца штодзень, хаця гэта, на думку святошаў, было страшэным блюзнерствам. Так можна змыць з сябе ўсю святую ваду, што патрапіла на скуру пад час хрышчэння! Дастаткова кашулю мяняць ды ўжываць парфуму. Нічога, што адну з дачок французскага караля заелі вошы, другі кароль памёр ад свербу, а трэці страціў прытомнасць, калі пад ягонымі вокнамі праехалася карэта і ўзварушыла міязмы ад назапашаных адкідаў.

У Тамашове лазні, напэўна, таксама цяпер лічыліся грахом. Гэтак жа, як і здаровыя белыя зубы. Затое вочы парафіянаў фанатычна гарэлі. Гэта былі пагляды людзей, якія бачылі цуд выратавання і жах смерці.

Асабліва гэтая неахайнасць адчувалася на фоне цудоўнага храму, чые велічныя скляпенні сыходзіліся так высока, што здаваліся цёмным небам. У востраверхіх вокнах ззялі вітражы тонкай працы, а над алтаром, у круглым вялізным вакне-ружы ляцеў у атачэнні промняў, зор, анёлаў белы голуб — дух святы… Пацямнелыя ад часу драўляныя скульптуры з выцягнутымі, як у блёкаце, прапорцыямі на алтары, на сценах здаваліся пагрознымі тагасветнымі ценямі…

Раптам усе, як бы хтось узмахнуў над галовамі лязом велізарнай касы, упалі на калені. Сабор быў такі вялікі, што Пранціш не мог толкам разгледзець таямнічага прыёра — а гэта менавіта яго віталі. Затое голас быў чуцён выдатна — дзякуючы адмысловай акустыцы. Голас зачароўваў, уладарыў, яму хацелася падпарадкавацца…

Напачатку імшы працэсія служкаў падыйшла да каменнага ўзвышэння з распяццем, абкружанага важкім пазалочаным ланцугом. Ланцуг урачыста апусцілі, потым знялі цяжкі, вышываны золатам покрыў з мармуровага стаўбурка пад распяццем — у стаўбурок быў умураваны срэбны кружок, рэлікварый з парэшткамі святога апостала Тамаша.

— Давай, Бутрым! — напружана прашаптаў пан Вайда. Лёднік імкліва рассунуў вернікаў, узняўся па прыступках на ўзвышэнне, апусціўся на калені, паклаў далоні па абодва бакі стабурка з рэлікварыем, у зробленыя ў падлозе паглыбленні па форме рук, і з сілай абапёрся… Каменныя пліткі падаліся ўніз, і далоні імгненна працялі вострыя штыры, падобныя да наканечнікаў дзідаў. Пан Вайда тлумачыў, што калі паслабіць націск, дзіды адразу ж схаваюцца, таму і можна сачыць, наколькі шчыра раскайваецца той, хто моліцца.

— Pater noster… — загучэў нізкі голас Лёдніка, якому належала адчытаць дваццаць пакаянных канонаў. Людзі ўзбуджана зашапталіся, абступілі ўзвышэнне. Нехта пабег наперад, відаць, паведаміць пробашчу, што сёння адзін з братоў наважыўся на духоўны подзьвіг. Пранціш стаяў побач і тужліва назіраў, як каменныя паглыбленні напаўняюцца крывёй. Доктар цвёрда абапіраўся на прабітыя рукі, вастрыі не хаваліся ў камені, голас ягоны гучэў роўна, як бы на лекцыі. Цікаўнікі спрабавалі зазірнуць чужынцу ў твар, завешаны чорнымі пасмамі валасоў, відаць, каб пабачыць адбітак пакуты. Шэптам прыдумлялі на хаду, якія страшныя грахі выкупляе прыхадзень, хто ён такі. Нехта ўмудрыўся памачыць свой палец у кроў, што нацякла з прабітай рукі ахвярніка — відаць, паводле мясцовай традыцыі, яна лічылася лекавай, гэтак жа, як кроў шалёных флагелянтаў, што цэлымі карагодамі хадзілі ды сцябалі сябе на плошчах у імя Госпада. Вось нейкая кабета ўжо і хустачку ў тае крыві намачыла.

Пан Гервасій Агалінскі відочна не бачыў нічога асаблівага ў тым, што адбываецца — не на палю ж хлопа пасадзілі, не за рабро на крук павесілі. Панна Багінская таксама не пераймалася, сядзела на лаўцы ды шаптала сабе пацеры пад нос з самым пабожным выглядам, хіба што час ад часу трохі грэбліва касавурылася на ўкленчыўшага Лёдніка. Ці мала па ейным загадзе пускалі бізунамі крыві нядбайным служкам.

І Пранціш выразна разумеў, што і ягонае жыццё, і Лёдніка для тых, хто з маленства еў на золаце і выціраў ногі аб спіны бліжніх, значаць не болей, чым звычайныя прадметы побыту. Пакуль патрэбныя — добра, паломяцца — новыя набудзем. Доктар можа колькі заўгодна ратаваць, захінаць, падтрымліваць, расплочвацца ўласнай крывёй — у гэтым ягонай заслугі будзе не больш, чым у лыжкі, якая дапамагае чакалядаваму крэму патрапіць у панскі раток. Цяпер Вырвічу больш не здаваўся бязглуздым стары закон, які дазваляў пану грэць ногі ў разрэзаным чэраве слугі, калі азябнуць падчас палявання.

— Усе мы, як святы Тамаш, сумняемся, не ўпускаем веру ў сваё сэрца, пакуль не пакратаем раны Хрыстовы. Таму трэба змагацца з уласным нявер’ем уласнымі ранамі! — загаварыў святар, напэўна, у звязку з тым, што адбывалася каля рэлікварыя святога Тамаша.

Хор быў вышэй ухвалаў, здавалася, гэта анёлы выпяваюць светлыя словы ў славу Гасподню. Але служба зацягвалася. Ясна, людзі не разыдуцца, пакуль не скончыцца відовішча. Струменьчык крыві па-вар’яцку павольна пацёк па ўзвышэнні, першая кропля сцякла цераз край, пад ногі прыхаджанам. Голас Лёдніка гучэў усё больш глуха, ён некалькі разоў матнуў галавой, відаць, каб стрэсці кроплі поту.

— Слухай, пан Вырвіч, а ён не памрэ? — устрывожыўся нарэшце пан Гервасій. Ну як жа, занепакоіўся, дайшло, што без доктара сам нічога не здабудзе за морам. Пранціш нервова паціснуў плячыма. Раптам высакародная панна Багінская, гожанькі такі, наіўны хлапчыска, падскочыла да ўзвышэння, выхапіла насоўку і хуценька абцерла віленскаму прафесару твар. Нейкая кабета тут жа вытлумачыла дзеянні хлапчыскі практычна: пот хрысціяніна, што адбывае пакуту святога Тамаша, лекавы шчэ болей, чым кроў, і ад чумы дакладна засцеражэ, і палезла была са сваёй хусткай да прафесара — але спалохалася ягонага пагрознага погляду, зажагналася і задаволілася тым, што вымачыла анучу ў крыві, якой было даволі.

Пранціш пільна назіраў — каб не прамарудзіць і не дапусціць да таго, што Лёднік паваліцца. І з прыкрасцю разумеў, што вочы людзей навакол гараць такім самым азартам, як у публікі ў Дракошчыне, якая прагла паглядзець на цмока.

Нешта было ў гэтым асабліва агіднае… Святыя старцы не дарэмна сцвярджалі, што малітоўныя подзвігі трэба здзяйсняць кялейна, і не выхваляцца імі. А тут… Балаган нейкі! Як тыя пакаянні з бічаваннем, што ўчыняў Радзівіл Пане Каханку ў віленскіх храмах.

Гадзіна, другая… Імша даўно скончылася. Людзі, у якіх знайшліся пільныя справы, разыходзіліся па дамах. Пошасць пошасцю, а есці, піць ды задавольваць іншыя патрэбы грэшнага цела неабходна. Але цікаўнікаў хапала. Тым болей многія сыходзілі і вярталіся, каб дагледзець прадстаўленне. Зваліцца, не зваліцца, вытрымае або не, што папросіць, калі дастаіцца?

Нехта ўслых лічыў колькасць адчытаных грэшнікам пацераў.

Тры гадзіны… Чатыры…

Апошнія пацеры Лёднік прачытаў, нізка апусціўшы галаву, зусім глуха.

Ухвальны гуд разнёсся па саборы. Прафесар варухнуўся, штыры, што прабівалі ягоныя далоні, адразу схаваліся. Пранціш памкнуўся падтрымаць Лёдніка, але той не даўся, акуратна строс з рук кроў і пайшоў, хоць і павольна, да алтара, дзе яго ўжо чакаў папярэджаны пробашч. Цяпер Пранціш змог разгледзець гэтую таямнічую персону: сівыя каротка стрыжаныя валасы, уладны, усё яшчэ прыгожы твар, рэзкія зморшчыны ад куточкаў простага носу да вузкіх вуснаў, упартае падбароддзе… А вочы — цёмныя, іранічныя, пранізлівыя… У Лёдніка яны ўзіраліся неяк асабліва.

Бутрым укленчыў перад пробашчам:

— Ваша правялебнасць, у імя малітваў святога Тамаша, прашу, каб вы дазволілі мне і маім тром сябрам выехаць з гораду і працягнуць далей свой шлях.

Прыёр усміхнуўся, узмахам рукі адаслаў падалей цікаўных і схіліўся над просьбітам.

— Гасподзь заўсёды чуе малітвы тых, хто шчыра раскайваецца. Вось ён і прывёў цябе да мяне, Баўтрамеюс. Ты ж разумееш, дарагі мой, што насамрэч апынуўся тут не дзеля гэтай сваёй просьбы, а таму, што хацеў вярнуцца да мяне. Хіба не так?

Голас прыёра гучаў так мякка і пераканаўча, што немагчыма было пярэчыць. Але Лёднік глуха паўтарыў:

— Прашу дазволіць нам выехаць з гораду, ваша правялебнасць.

— Пакажы мне свае рукі, Баўтрамеюс, — папрасіў прыёр. Лёднік неахвотна працягнуў скрываўленыя далоні. Айцец Габрыелюс узяў іх у свае рукі, схіліўся над імі, нібыта моўчкі памаліўся — Пранціш усёй істотай адчуў нейкую нетутэйшую сілу, ад якой у роце застаўся прысмак медзі і падняліся валаскі на скуры, як бы хто правёў па ёй пёркам. Прыёр выпрастаўся, стомлены, нібы доўга і цяжка працаваў, на вуснах лунала пераможная ўсмешка. Лёднік пакруціў далоньмі перад вачыма: раны зацягнуліся, нібыта прайшло некалькі гадоў, засталіся толькі ружовыя зморшчаныя рубцы. Сціснуў пальцы, расціснуў… Вырвіча ледзь не званітавала ад містычнага жаху. Дзесьці за спінай віскнула Паланэя… Яе віскат патануў у захопленых крыках. Цяпер было зразумела, чаму ўвесь горад слухаецца пробашча. Няўжо ён сапраўды святы?..

— Што скажаш, Баўтрамеюс? — з ласкавай усмешкай папытаўся пробашч. Лёднік паглядзеў на сваю далонь і спакойна адказаў:

— Уражвае.

— Ты таксама так можаш, — айцец Габрыелюс гаварыў даверліва і адначасова ўладна. — Ты дарэмна спалохаўся сваёй сілы, сышоў на самым пачатку, так бы мовіць, з вітальні, якая падалася табе засмечанай. Хаця варта было прайсці далей, ты патрапіў бы ў раскошныя пакоі. Ты нават не ўяўляеш, дарагі мой, ад чаго адмовіўся.

Лёднік, бледны, як прывід, слухаў, упарта сціснуўшы вусны і не падымаў вачэй. Прыёр паклаў руку яму на плячо:

— Ну, добра, пойдзем, Баўтрамеюс. Ты страціў шмат крыві, я дам табе лекі.

Бутрым, усё гэтак жа апусціўшы вочы, пакорліва ўстаў і рушыў за прыёрам. Нават не азірнуўся на сваіх спадарожнікаў.

Людзі разыходзіліся, узрушаныя, узнёслыя. Агаломшаны Пранціш прыгнечана сціскаў у кішэні непатрэбны слоік з ацаляльнай маззю, падрыхтаванай прафесарам.

Калі яны праходзілі каля ўзвышэння з распяццем, зноў абнесенага ланцугом, Пранціш заўважыў, што апошнія кроплі крыві ўжо сцёртыя з каменю аматарамі рэліквій.

Ад цікаўнікаў, якія чапляліся з роспытамі, удалося схавацца толькі ў доме пана Вайды. Пан Гервасій нарэшце даў волю ўзрушэнню і пачаў выпытваць тамашоўскага доктара, што той думае пра цуд ацалення, сведкамі якому яны сталі ў саборы. Але пан Вайда толькі адмахваўся і спасылаўся на волю Божую. Але Пранціш бачыў, што ў святасць айца Габрыелюса пан Вайда асабліва не верыць.

Што ж гэта тады, чараўніцтва? І чаму прыёр казаў Лёдніку, што той таксама так можа?

Затое пан Вайда запэўніў гасцей, што шлях з горада для іх адкрыты. Панна Паланэя зараз жа пачала збірацца, парадкаваць накупленае, чаго не хапала — прасіць у пані Вайды.

А Вырвіч заўважыў, што насоўку, якой выцірала твар Лёдніку, панна грэбліва выкінула праз вакно.

Лёднік вярнуўся позна. Нармальныя людзі, гэта значыць, фраў Вайда, дзеці, прыслуга — ужо спалі. Вырвіч кінуўся з роспытамі…

Але доктар нават галавы не павярнуў, моўчкі зайшоў у адведзены яму пакой, упаў спінай на ложак, паклаўшы вылечаныя рукі пад галаву, і засяроджана ўтаропіўся ў столь.

Столь была, як столь — дубовыя бэлькі, прывэнджаныя свечкамі, павуцінне па кутах, куды не дапяў дабрацца руплівы венік пакаёўкі. Але ясна, што Лёднік бачыў зусім не гэты нецікавы матэрыяльны прадмет. Ягоны цёмны пагляд быў такі адсутны, што рабілася страшна.

— Бутрым, заўтра выпраўляемся!

— Я застаюся.

Доктар прамовіў гэта вельмі будзённа.

— Слухай, мы і так час страцілі. І пакуль ёсць магчымасць…

— Я нікуды не еду, — доктар зрабіў ласку перавесці позірк на Пранціша. І Вырвіч спалохаўся. Такога Лёдніка ён яшчэ не бачыў… Дакладней, той час ад часу праяўляўся — калі ладзіліся небяспечныя доследы альбо дыспуты… Полацкі Фаўст.

— Адпраўляйцеся без мяне. Вас выпусцяць. Вось дазвол ад пробашча.

Баўтрамей дастаў з кішэні паперыну, кінуў Пранцішу. У святле свечак худы твар былога алхіміка падаваўся злавесным.

— Бутрым, што ён з табой зрабіў? — амаль закрычаў Пранціш. — Чым пагразіўся? Раскажы, што-небудзь прыдумаем!

Лёднік зноў утаропіўся ў столь.

— Ён даў мне магчымасць выбару. Я магу з’ехаць з вамі, калі захачу. Толькі я зразумеў, што ўвесь гэты час хацеў іншага… Каб толькі вы ведалі, што паказаў мне сёння айцец Габрыелюс! Якія адкрыцці, якія магчымасці для незацуглянага розуму! Гэта проста неверагодна! Зброя доктара Дзі…—прафесар пагардліва фыркнуў. — Састарэлае! Дзі быў майстрам, але не самых высокіх ступеняў. Пра самых абазнаных — ніхто не чуе і не ведае. Падобную зброю ў таемных лабараторыях яны даўно, напэўна, умеюць рабіць, і куды болей дасканалую…

У голасе Лёдніка гучэла захапленне і сапраўдная жарсць. Пранціш спалохаўся.

— Бутрым, ты ж столькі разоў казаў, што ёсць веды небяспечныя, што сам ледзь не загубіў душу… Успомні, як ты каяўся! Зноў хочаш абрынуцца ў цемру?

— Можа быць, варта рызыкнуць і прайсці праз цемру, каб здабыць святло? — адсутна прагаварыў Лёднік.

— Ты ж праваслаўны!

— Айцец Габрыелюс ніколі не патрабаваў ад мяне змяніць веравызнанне. Галоўнае — шчырая вера ў Госпада.

— Нічога сабе! — абурыўся Пранціш. — Не ведаю, якімі фокусамі задурыў табе галаву прыёр, але чаму ж ён, такі прагрэсіўны ды цярпімы, палюе тут на ведзьмакоў ды развёў у горадзе такую гразюку?

— Усё ў свой час зменіцца…

Пранціш, Паланэя і пан Агалінскі стаялі перад ложкам, на якім валяўся мройны доктар, у страшэннай разгубленасці.

— Пан Лёднік, няхай вашамосць успомніць пра сваю прыгажуню жонку. Няўжо пан не хоча больш пабачыць яе? — мілым галаском прагаварыла Паланэя. Доктар трохі памаўчаў, потым адказаў гэтак жа абыякава:

— Магчыма, ёй будзе лепей без такога мужа, як я.

Вырвіч не верыў сваім вушам.

— Як ты можаш прадаць Саламею? Яна ж цябе кахае!

— А што наконт лёсу аднаго маленькага хлопчыка? Наконт слова гонару? — пагрозна спытаў пан Агалінскі. Доктар павольна сеў на ложку, скіраваў на пана Гервасія халодны позірк:

— Такім, як я, не трэба мець ніякіх прыхільнасцяў і абавязкаў. Гэта замінае.

І ўстаў, ільдзяны, абыякавы, нетутэйшы.

— Дарэчы, калі я вярнуся ў брацтва, куды мяне аднойчы прынялі і дзе я прайшоў так мала па дарозе ведаў, я сам змагу вырашаць чужыя лёсы. Увогуле, хутка надыдзе час, калі светам будуць кіраваць не звыродлівыя атожылкі манархічных дынастый, а навукоўцы і філосафы.

— Ах ты халоп паганы! — пан Агалінскі схапіўся за шаблю, але раптам усвядоміў, што не можа выцягнуць яе з похваў. Ён тузаў сваю верную зброю і абліваўся потам пад пільным цяжкім позіркам Лёдніка.

— Я мусіў прынізіцца перад вашым братам толькі таму, пан Агалінскі, што быў недавукам і адмовіўся карыстацца сваімі пэўнымі здольнасцямі. Гэта было не маё бяссілле, а мой выбар, — роўным голасам прагаварыў доктар.

— Бутрым, хопіць! — у жаху закрычаў Пранціш. — Спыніся! Падумай пра Саламею! Пра Алесіка! Пра мяне, урэшце!

— Я і думаю, — глуха прамовіў Лёднік, зрабіўшы крок да дзвярэй. — Вам усім лепей быць ад мяне падалей.

— Я нікуды цябе не пушчу! Зараз жа — на коней і прэч з клятага горада! — Пранціш паспрабаваў схапіць Лёдніка за рукаў, але пад позіркам настаўніка не мог зрабіць і кроку. Паветра нібыта згусла, сцінула горла. Здаецца, гэта адчуў не толькі адзін студыёзус, таму што панна Паланэя зноў завішчэла.

Цяпер Вырвіч ясна бачыў страшнае падабенства позіркаў Лёдніка і прыёра манастыра святога Тамаша.

— Бывайце.

Лёднік рэзка развярнуўся і выйшаў. Адразу аднавілася вольнасць рухаў. Але настрой быў самы адчайны.

Яны сядзелі за сталом, пілі гарбату з малаком па мясцовым звычаі, і здавалася, нават гадзіннік на сцяне не цікае, а ўскрыквае.

— Я так і ведаў, што ён — чараўнік! І як мы цяпер без доктара знойдзем пячору, панства? — паныла пытаўся пан Гервасій.

— Што ж, я буду за яго! — уздыхнуў Пранціш. — Усе разлікі ён пакінуў, збольшага я ў ягоныя даследванні пасвечаны.

— Калі вы дапаможаце ў росшуках, вы атрымаеце вялікую ўзнагароду, пан Вырвіч! — адразу падтрымала гераічны парыў студыёзуса панна Багінская. — Вас чакае бліскучая будучыня!

— На вастрыі шаблі Германа Ватмана, ваша мосць? — з’едліва спытаў Пранціш. Панна Багінская пачырванела і пачала ў нечым запэўніваць, але Пранціш не слухаў.

— Пан Караль Радзівіл зробіць вас мечнікам! — са свайго боку дадаў пан Гервасій. — І вы, пан Бжастоўскі, калі дапаможаце, таксама трапіце ў лік альбанчыкаў! З вас вырасце сапраўдны мужчына!

Паланэя, нягледзячы на трагічнасць становішча, не папусціла панасмешнічаць.

— Такі ж мужчына, як вы, пан Гервасій?

— Анягож! Я сам займуся вашым выхаваннем, вашамосць!

Цяпер ужо і Пранціш ледзь не зарагатаў.

— Не ведаю, якія вашыя далейшыя планы, літасцівыя панове, і ведаць не хачу, але найлепей вы зробіце сабе і мне, калі на золку адсюль з’едзеце, — нервова прамовіў пан Вайда, які сядзеў, счапіўшы рукі і не кранаючы свой кубак. — Не тое, каб я вас выганяў, але… Я люблю ціхае жыццё. Звык, ведаеце, да свайго маленькага шчасця. Я сказаў вам, што мы баяліся ў часы навучання пана Габрыелюса Правітуса. Але аднойчы мы пачалі гэтак жа пабойвацца свайго аднакурсніка Баўтрамея Лёдніка. І я вельмі паважаў яго за тое, што ён змог парваць з панам Правітусам і тымі, хто за ім стаіць. Бо лічылася, што ад іх сысці немагчыма. Але так і ёсць, відаць…

У дарогу выправіліся, як раіў тамашоўскі доктар, на золку, яшчэ ў цемры і цішы. Але варта было выехаць за вароты дома — іх перапынілі. Усё адбылося хутка, спрактыкавана… І Пранціш зразумеў, што з гораду яны не выедуць ніколі — проста знікнуць, і Лёднік, магчыма, ніколі не даведаецца пра іхні лёс. Дый ці стане даведвацца?

На развітанне Пранціш схітрыўся ўсунуць пану Вайду, які выйшаў іх праводзіць і стаяў пераляканы, як верабей пад лапай коткі, аркушык паперы, пакінуты Лёднікам. Аркушык з накрэсленым імем «Аляксандр».

— Перадайце Бутрыму… Раскажыце пра нас…

Пан Вайда не дужа ахвотна ўзяў пасланне. І Пранціш не быў упэўнены, што тамашоўскі доктар наважыцца рызыкнуць сваім спакоем дзеля чужынцаў.

Але гэта была адзіная надзея.

Таму што ў сутарэннях, у якія іх прывялі, для надзеі месца не прадугледжвалася. Цёмна — як у труне. Смурод, холад, вільгаць… Напэўна, тут знік не адзін блюзнер ды праціўнік волі ўсемагутнага прыёра…

Дарэмна пан Агалінскі крычаў пра шляхецкія свае правы і патрабаваў трыбунальскага суда. У горадзе, які зачыніўся ад пошасці, законы не дзейнічалі. Вырвіч памятаў скупыя расповеды Лёдніка пра норавы падчас эпідэмій. Прыдуць да якога заможнага чалавека для агляду. Лекар непрыкметна натрэ яму руку ляпісам — і вось табе чорныя плямы, праява чумы… Небараку — у каранцін… А ягонае дабро рабуюць. І пашанцуе, калі ён сапраўды не захварэе альбо не атруцяць. А ў Лондане, па расповедах таго ж Лёдніка, падчас чумы лорд-мэр выдаваў загад аб «замыканні дамоў»: калі хто ў доме захварэе, на дзвярах малявалі пунсовы крыж і навешвалі замок. Ніхто не мог адсюль выйсці. Спецыяльна прыстаўляліся вартаўнікі — дзённы і начны, якія за гэтым сачылі. У доме маглі гарлаць, плакаць, маліць… Пакуль усе не сціхалі. А што чакае паненку Багінскую, калі выкрыюць яе маскарад? Вядома, пан Міхал Багінскі за сястру заступіцца, можа і войска сюды прыслаць — але скуль яму ведаць, куды падзелася ягоная няўрымслівая сястрыца? Усё спішуць на пошасць. Трупы чумныя ніхто не аглядае.

Адзінае добрае было ў цемры — яна вызваляла ад усіх умоўнасцяў. Пранціш прысеў бліжэй да панны і насмеліўся прыабняць яе. Не тыя абставіны, каб цырымоніцца. Паланэя перарывіста ўздыхнула і прыхінулася да беднага шляхціца з Падняводдзя.

Падобна, турэмшчыкі вырашылі патрымаць вязняў у няведанні і страху. Мінула двое сутак. Збан смярдзючай вады і кавалак цвілога хлеба — усё, на што расшчодрыліся слаўныя тамашоўцы для сваіх гасцей. Нават расповеды Амерыканца пра ўсялякія заакіянскія цуды не ратавалі ад жуды. Але праз двое сутак на адных вадзе ды хлебе сталася не да баек. Пан Гервасій дарэмна гарлаў у замкнёныя дзверы пагрозы і абразы.

Пранціш стараўся адагнаць думку, што іх тут проста забудуць. Целы з’ядуць пацукі… А Лёднік будзе заняты зусім іншым. Што ж, магчыма, ён атрымае свайго шчасця… Хаця хутчэй за ўсё зноў надыдзе момант горкага раскайвання, і доктар пачне чытаць канон святому Кіпрыяну. А пакуль гэты канон чытаў за яго Пранціш. Няўжо Гасподзь папусціць, каб Бутрым пасля ўсіх перанесеных для выратавання душы пакутаў зноў патрапіў у сеціва чарнакніжніцтва?

На трэція суткі — святы Франтасій ведае, дзень быў, ноч? — у калідоры пачуліся крокі. Праз маленькае закратаванае вакенца ў дзвярах паказаўся промень святла, сляпучы пасля суцэльнай цемры. Вязні ўскочылі, як маглі хутка. Вось забразгаў ключ у замку… Паланэя моцна ўхапіла Пранціша за руку, аж пазногцікі ўпіліся.

Дзверы расчыніліся. З паходняй стаяў змрочны Лёднік і раздражнёна пазіраў на былых таварышаў па падарожжы.

— Вас на хвілю пакінуць нельга! То цмока няшчаснага заб’юць, то пацукоў у біскупскіх сутарэннях ганяюць…

І кінуў на падлогу тры шаблі, Пранціш з радасцю пазнаў свой Гіпацэнтаўр.

— Бярыце — і бягом. Другі раз абдымацца са святым Тамашом я не буду.

Пранціш ад радасці ледзь не засмяяўся. Бутрым Лёднік, ягоны былы слуга, з’едлівы прафесар і самы мужны чалавек на свеце, настаўнік, куплены за шэлег, вярнуўся! Менавіта тым, якім ён так Пранцішу патрэбны!

Вартавыя моцна спалі, паклаўшы галовы на стол, дзе, падобна, толькі што гулялі ў косткі. Неадменна — справа Бутрыма.

Панна Паланэя не пасаромелася ўхапіць са стала кавалак булкі і на хаду ўчапілася ў яго зубамі.

На вуліцы была ноч. І коні. І воля. Якая зусім спраўдзілася, калі іх усё-ткі выпусцілі з горада — папера, падпісаная біскупам, таксама аказалася ў Бутрыма, якога ўсе ў горадзе, да таго ж, ведалі, як новага ўлюбёнца святога Тамаша і айца Габрыелюса, а такому грэх пярэчыць.

Яны гналі коней, забыўшыся на голад і стому. Спыніліся, толькі як зусім развіднела.

Калі ўсе спешыліся, Лёднік абвёў вачыма насцярожаныя твары спадарожнікаў.

— Што? Усё ў сіле! Еду туды, дзе зязюлі не куваюць, знаходжу пячору, у якой немаведама што, але дужа патрэбнае вялікім панам, падстаўляю спіну пад бізун пана Агалінскага… Жыццё нядоўгае, але насычанае. Што ў параўнанні з гэтым сто гадоў у раскошы, уладзе і цікавых доследах, якія мне абяцаў адзін дужа прагрэсіўны паляўнічы на ведзьмаў?

Знаёмая з’едлівая іронія.

— Бутрым! — Пранціш не вытрымаў, кінуўся да свайго прафесара, абняў, ажно ўсхліпнуў ад радасці.

— Дзякую вам, пан Лёднік! — з некаторай няёмкасцю прамовіла Паланэя. — Дарэчы, павінна сказаць, — у голасе панны Багінскай загучалі какетлівыя ноткі. — Пры двары вы б мелі вялікі поспех! У нас страшэнна любяць такіх вось містычных асобаў з незвычайнымі здольнасцямі… Калі яшчэ распусціць чуткі, што вы паходзіце ад ягіпецкіх жрацоў…

Лёднік толькі скрывіўся, як журавін жменю глынуўшы. А пан Гервасій Агалінскі гнеўна заявіў, што заўсёды ведаў, Лёднік — чарадзей і вораг манархіі.

Але, магчыма, ён ўсё-ткі дазволіць пану доктару выйсці супраць сябе на шляхецкі двубой.

 

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ. ЯК ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ З НЯПТУНАМ ЗНАЁМІЛІСЯ

 

Мора пахне не рыбай, не ёдам, не гнілымі водарасцямі і новымі манетамі, як сцвярджаюць купцы, якія прыязджаюць у вольнае партовае места.

Мора пахне невядомасцю. Ад якой салодка і трывожна шчыміць у грудзях, і апаноўвае туга па далёкіх краінах і жах перад халоднай зялёна-шэрай безданню, у якой жывуць сваім неверагодным жыццём гіганцкія пачвары, халодныя і склізкія.

Гэта ўлетку, калі аблокі падобныя да бяскрыўдных беленькіх авечачак, марская глыбіня сіняя, блакітная, празрыстая… А ў лістападзе, калі хмары нагадваюць прывідных цмокаў, і не кожны карабель наважыцца падставіць ветразі мокраму салёнаму ветру, смерць выглядае зялёна-шэрай, а часам яна і колеру атраманту…

Цяпер хвалі былі сталёвага, сярдзітага, адцення.

Гданьскія караблі з аголенымі мачтамі ціснуліся да прычалу, іх ветразі, здавалася, скурчыліся ад холаду, як пялёсткі, велізарны грузавы кран па мянушцы Журавель на ўзбярэжнай прастойваў без працы, нават чаіцы перасталі гарлаць… Мора білася аб камень, як угневанае сэрца.

Пан Гервасій і панна Паланэя з гэтай нагоды не дужа нерваваліся, бо лепей было ім зараз не выпраўляцца ў шлях — абодва перхалі, як рагачоўскія бабы ў царкве, калі жадаюць вылечыць ад кашлю авечак, насы нешляхетна пачырванелі, вочы слязіліся… Тое, што Лёднік прымушаў кожную гадзіну піць карысны лекавы адвар, не бяда — кепска, што доктар пры гэтым гаворыць і што напісана на ягоным твары.

А напісана няўхвальнае: паны — дзеці горкія. Разбэшчаныя і неразумныя. Ладна, каб застудзіліся, на зямлі начуючы, у непагадзь блукаючы… А то — дарваліся палацавыя пестуны да італьянскіх лёдаў! І адзін перад адным налягалі срэбнымі лыжачкамі… Модная страва! Што за баль без лёдаў… З фісташкамі, цытрынай, цынамонам… У выніку — у горле болькі, у носе — вада…

Дом на Длугім Таргу, дзе паны пасяліліся, быў варты магнатаў. Лёкаі ў напудраных парыках, парцаляна, італьянскія карціны — ясна, у мясцовых банкіраў і для Багінскіх, і для Радзівілаў меліся рахункі. Пранціш зноў адчуваў сябе не на сваім шастку. Лёднік бурчэў, што нічога-не-рабленне для мыслячага чалавека горш за іржу ў механізме. Сам пабег па мясцовых навукоўцах — і ад дыспутаў, у якіх вучоныя мужы з дапамогай вытанчаных дэфініцый раскатвалі адзін аднаго таненька, як цеста на наліснік, ажно расцвітаў, як гішпанская ружа. Выкупіў для чагосьці на апошнія грошы атлас знакамітага гданьскага астранома Яна Гевелія з сузор’ямі — прыгожы, вядома… Але куды такую таміну валачы за мора? Вырвіч аддаваў перавагу іншаму вынаходніцтву пана Гевелія — цудоўнаму моцнаму піву, якое называлася ў гонар вучонага пана. Так і мусіць дасведчаны чалавек жыць — зарабляць на жыццё, варачы піва, а ў вольны час назіраць зоры! Сам Вырвіч па дажджліва-ветранай дарозе ў карчомку толькі са зласлівай радасцю паглядаў на каменныя выявы, якія ўпрыгожвалі фрыз суседняга дома, называнага Ільвіным Замкам: фігурыстыя дамы Граматыка, Арыфметыка, Рыторыка і Геаметрыя болей не схопяць за вуха і не пацягнуць на асліную лаўку. Хай сабе мокнуць пад восеньскай залевай.

Пан Гервасій на дзіва не лекаваўся гарэліцай. Напачатку, вядома, заваліўся ў рэстарацыю «Пад ласосем», пакаштаваў знакамітай «залатой вады» — гарэлкі з дадаткам сусальнага золата, трохі посуду пабіў… Але як застудзіўся, валяўся сабе на канапе, нешта запісваў у зялёны нататнічак ды паўтараў пану Палонію Бжастоўскаму наконт таго, што той павінен выхоўваць у сабе мужнасць, і надта падобны да дзеўкі.

Каб быў гэта хто іншы, а не Амерыканец, Вырвіч западозрыў бы, што пан раскрыў сапраўдную сутнасць хлапчыскі Бжастоўскага. Панна Багінская нават стамілася аджартоўвацца, а часам проста счаплялася з панам Агалінскім, як Лёднік на дыспуце з менш прагрэсіўнымі калегамі, і іхнія сваркі Пранціша дужа радавалі. Бо на яго самога панна Багінская асабліва ўвагі не звяртала, хоць Пранціш і так, і гэтак намагаўся завязаць размову, намякнуць, што не можа забыцца на абдоймы ў тамашоўскай вязніцы ды пацалункі ў доме за Дамініканскім касцёлам, няхай і з прысмакам атруты. Але князёўна ўсім выглядам паказвала, што для яе гэта не значыла нічога. Гэтак каралевы ад нудоты дапускаюць да інтымных жартаў блазнаў ды лёкаяў. Панна знайшла іншую цацку: чаплялася да доктара, як дзядоўнік за крысо, з просьбай паказаць яшчэ што-небудзь… Гэткае… А прадметы пан доктар можа рухаць? А рабіцца нябачным? Майстэрствам адводзіць вочы авалодваюць жа нават вясковыя ведзьмакі! А як выглядае філасофскі камень? Ці праўда, што пан Лёднік яго знайшоў? А як наконт сувязі з сільфідай?

Калі ж гаворка заходзіла пра прадказанні і гараскопы — ну не будзе гэта вялікім грахом, дарагі пан Баўтрамей, скласці мале-енечкі такі гараскопчык для адной добрай высакароднай асобы — Лёднік сціскаў зубы і рэтыраваўся, як Генрых Валуа з польскага трону. Моўчкі і раптоўна.

Пан Гервасій пра цёмную сутнасць спадарожніка не ўспамінаў, толькі па прыездзе ў Гданьск Вырвіч падслухаў гарачую размову: Амерыканец умольваў доктара прызнацца, ці не счараваў той усё-ткі пані Галену Агалінскую, схіляючы да любошчаў, а Лёднік ледзь не рычэў, адмаўляючы.

А раздражнення свайго не мог спагнаць нават фехтаваннем… Бо на другі дзень па прыездзе ў Гданьск раптам выпусціў на падлогу кубак і пачаў лаяцца на пяці мовах… Сэнс усіх праклёнаў быў прыблізна «ацаляльнік хрэнаў». Вырвіч пабачыў, што з далоняў доктара крапае кроў — адкрыліся цудам зажыўленыя раны. Так што цяпер доктар хадзіў з забінтаванымі рукамі, а на параду Паланэйкі палячыцца тым самым спосабам, што прадэманстраваў айцец Габрыелюс, сярдзіта адказваў, што гэтая ментальная медыцына — усё роўна што завешваць дыванком пралом у сцяне. Эфект імгненны, а карысці трохі… Нічога, загаіцца натуральным чынам.

За два тыдні, на якія іх прывязала да сушы непагадзь, рукі прафесарскія з дапамогай адмысловых мазяў сапраўды больш-менш загаіліся, пісаць ды рыхтаваць лекі доктар мог па-ранейшаму, а вось брацца за шаблю пакуль сабе не дазваляў. Добра, што знаёмства з мясцовымі калегамі адцягвала ўвагу ад выхавання няшчаснага студыёзуса Вырвіча. Да таго ж, прынеслі ліст ад Саламеі — панна Багінская расстаралася. Ліст кароценькі, жывая-здаровая, у бяспецы… Не лезь, Фаўст, у дрыгву, бессмяротную душу беражы…

Нарэшце флюгер у выглядзе залатога пеўня перастаў круціцца, як шалёны. Са шхуны «Святая Брыгіта» прыслалі вестку, што праз пару дзён можна будзе адплываць. Даўно спакаваныя куфры адправілі на карабель.

І тут да пана Палонія Бжастоўскага прыйшоў госць.

Вельмі ветлівы і палітычны, у парыку і камзоле са срэбнай парчы… Але ад шляхетнага госця чамусьці нават недасведчаная прыслуга рассыпалася ўбакі, як шкадлівыя дзеці ад сярдзітага гувернёра. Калі б беларускія волаты паўсталі з курганоў, магчыма, хтось з іх выглядаў бы менавіта так. Пан мог увайсці не ў кожныя дзверы, такі здаровы. Бровы і вейкі светлыя, як пушынкі дзьмухаўца, а вочы на спаласаваным шнарамі твары падманлівыя, то таксама светлыя, то бяздонна-цёмныя, з барвовым адценнем. Пан нават усміхаўся — і ад гэтай усмешкі хацелася намацаць шаблю, а яшчэ лепей — зараджаны пісталет.

— Рады бачыць вашую княскую мосць! — раскланяўся пан перад пераляканым панічам з Бжастоўскіх. — Таму што знікненне вашае нарабіла шмат гора і спалоху, і для несуцешнага жаніха, і асабліва для вашага яснавяльможнага пана брата. Доўгія дні пошукаў вашае княскае мосці былі горкімі, як палыновая гарэліца, і шчасліва завершыліся дзякуючы паведамленню ад гданьскага банкіра, чыймі паслугамі вы зрабілі ласку скарыстацца. Ваш пан брат неадкладна хоча вас бачыць у Слоніме, дзе адбудуцца заручыны вашай мосці з яснавяльможным панам падкаморыем Пацам. І ці не будзе ласкавая ваша мосць, найяснейшая панна, паведаміць, дзе падзеўся ягоная мосць пан Марцін Баршчэўскі, знаўца моў і слынны картограф, які мусіў быць у гэтай кампаніі заміж вашай яснавяльможнай асобы і ад чыйго імя да вашага брата адсылаліся лісты?

На апошнім сказе ў ветлівым голасе пана Германа Ватмана дадалося металу. Пранціш зірнуў на Амерыканца, які стаяў у баку і нічым не выдаў здзіўлення наконт таго, што ягоны спадарожнік выявіўся высакароднай паннай. Але калі Ватман выкрыў перад Агалінскім асобу Паланэйкі, значыць, цвёрда намерваецца яе звезці. Панна Багінская стала, як на каранацыі:

— Пан Марцін Баршчэўскі дужа хацеў паглядзець Гішпанію, і дзякуючы шчасліваму выпадку ягоная мара здзейснілася. А я падмяніла пана ў ягонай місіі. І пакуль не здзейсню падарожжа, вяртацца не збіраюся, вашамосць. А на заручыны я сваёй згоды не давала. У Статуце забаронена паненку насуперак волі замуж выдаваць. Так і перадайце майму пану брату.

Найміт удавана скрушна ўздыхнуў.

— Як вы засмуцілі мяне, ваша мосць. Бо маю даручэнне прывезці вас незалежна ад жадання панны, таму што воля вашага брата і жаніха маюць моц большую.

— Ягоная мосць Пац мне пакуль не жаніх! — адчайна выкрыкнула хрыплым ад застуды голасам Багінская. — Лепей у моры згінуць, чым з ім пашлюбавацца!

Пакой, дзе адбывалася размова, быў завешаны пастаральнымі пейзажыкамі: пастухі і пастушкі ў прыгожанькіх строях пасвілі авечачак, гайдаліся на арэлях, збіралі кветачкі… Так, што хацелася запусціць у іхні марцыпанавы свет натуральнага худога і злога ваўка… Ці хаця б з’едлівага прафесара Віленскай акадэміі. Лёднік змрочна маўчаў, матрыманіяльныя планы Багінскіх яго не хвалявалі, але відаць было, прыкідвае: звязуць дзеўку, яно прасцей далей будзе, але каго замест яе пашлюць? Ватман тут жа гэта паясніў:

— А я замест панны з’езджу ў Ангельшчыну, дапамагу сваім дарагім сябрам панам Вырвічу ды Лёдніку ў дарожных цяжкасцях.

Прафесар пазмрачнеў, але пярэчыць не стаў: вядома, спрактыкаваны забойца за спадарожніка — справа нярвовая, але лепей мець яго пры сабе, чым ён будзе круціцца дзесьці каля Саламеі.

— Панна Багінская сама павінна вырашаць, ехаць ёй ці заставацца! — усклікнуў Пранціш. — Ваша мосць не можа яе прымушаць.

— А я тут пры чым? — удавана здзіўлена прамовіў Ватман. — Панна незамужняя, таму яе апекун — ейны брат. Збірайцеся, ваша мосць! Карэта чакае.

Паланэя збялела, як ліпіначка. Бездапаможна азірнулася ў пошуках ратунку.

— Калі вашамосць сцвярджае, што жаніх мае права вырашаць лёс сваёй нявесты, дык не бачу ніякіх перашкодаў для паразумення! — раптам ступіў наперад Амерыканец, так расправіўшы шырокія плечы, абцягнутыя аксамітным залацістым шлафрокам з пясцовай апушкай, што ўтульная хатняя вопратка падалася воінскай кальчугай. — Яснавяльможная панна зрабіла мне гонар назвацца маёй нявестай!

— Што? — Пранціш веры вушам не даваў. Панна Паланэя, падобна, таксама такога не чакала і цяпер не ведала, што рабіць.

— Вашамосць не шмат на сябе бярэ, называючыся жаніхом панны Паланэі Багінскай, сястры ягонай мосці князя Міхала Багінскага? — халодна і трохі насцярожана спытаў Ватман. Амерыканец задраў нос:

— Я — пан Гервасій Агалінскі, на сёння — старэйшы ў нашым родзе, мечнік Дрысвяцкі, паручнік войска ягонай мосці князя Радзівіла. Панна Багінская пад маёй абаронай, і калі вы, пан Ватман, будзеце настойваць на ад’ездзе панны, мы сёння ж з ёй абвянчаемся.

Герман Ватман ажно крактануў раздражнёна:

— Ну, панна, ну кручаная! Сама хоць разумееш, што нарабіла? Ды твой брат і з цябе, і з мяне скуру спусціць, калі даведаецца пра такога самавольнага жанішка!

Пагроза было не жартоўная. Бітвы за нявестаў з пасагам былі частымі і крывавымі. І слова згоды тут значыла шмат. Вунь пан Салагуб аднойчы гасцяваў у багатага суседа, ды не хацеў ад’язджаць, пакуль прыгожая дачка гаспадара не прап’е яму страмяннога кубка. Каб выправіць п’янога шумлівага госця, бацька папрасіў дачку не ўпірацца, ды яшчэ нешта такое неадмоўнае кінуў на настойлівыя просьбы пана наконт шлюбу… Госць з’ехаў, праспаўся, а абяцання гаспадара не забыў. І пад пагрозай суда, двубоя ці наезда бацька мусіў выдаць дачку за не самага выгаднага жаніха. Так што словы пана Агалінскага маглі мець сумныя наступствы. За кожным радавітым шляхціцам стаяла цэлая партыя — сваякоў, прыхільнікаў, а над тымі ў сваю чаргу — адзін з магнатаў, якога яны падтрымлівалі. Пане Каханку цалкам мог умяшацца і пачаць дапамагаць аднаму з альбанчыкаў пашлюбавацца з абранніцай. Ватман ажно пот з ілба абцёр…

— Пан Герман, а навошта майму брату-дабрадзею ведаць пра пана Агалінскага? Тым болей, я і перадумаць наконт шлюбу з ім магу… — хуценька ацаніла сітуацыю Паланэя. — Дапусцім, вы не знайшлі мяне, спазніліся… А з-за мора я вярнулася б, як была, цнатлівай і дабрадзейнай паненкай і адразу паехала б да свайго брата. А калі вы, пан Ватман, будзеце змушаць мяне зараз жа вяртацца, касцёл у канцы вуліцы…

Найміт абвёў вачыма кампанію, відаць, прымерваючыся, ці не перабіць усіх лішніх ды не звалачы шкадлівую паненку, але тут былі слугі, тут быў вольны горад Гданьск, тут быў пасланец князя Радзівіла, і найміт крыва ўсміхнуўся:

— Я заўсёды выконваю тое, што мне даручылі.

— Вось і выканаеце даручанае… Толькі трохі пазней, — міла прагаварыла Паланэя. — Баюся, лепшага выйсця ў вас, пан Герман, няма.

— І ты гатовы ўзяць такую за жонку? — з жахам папытаўся ў Агалінскага Ватман. Пан Гервасій падкруціў руды вус.

— А я люблю коней і жанчын з характарам.

На развітанне Ватман ледзь дзверы не вынес. Ажно пастухі і пастушкі на карцінах здрыгануліся.

— І даўно ваша мосць ведае, што я — не мужчына? — з некаторай няёмкасцю папыталася Багінская.

— Ну, у тамашоўскіх сутарэннях я канчаткова вырашыў, што пан Вырвіч з мужчынам абдымацца не стаў бы.

Панна Багінская пачырванела і чхнула. Зараз жа, нібыта ў адказ, чхнуў і пан Гервасій. І абодва весела рассмяяліся. А Пранціш… Пранціш развярнуўся і пайшоў… У дождж, вецер і адчай.

Слёзы засцілалі вочы… У чарговы раз шарачка ткнулі носам, хто ён ёсць. Няхай словы пра жаніхоўства былі шалберствам, спосабам выратаваць даму з няёмкага становішча… Але пан Агалінскі зрабіў лёгка, жартуючы тое, што Пранцішу не пад сілу. Бо памкненні Вырвіча да жаніхоўства нават прыкасцёльны юрад не прыняў бы ўсур’ёз. А пан Агалінскі, хоць і не магнат, меў дастаткова высокае становішча, каб ягоныя прэтэнзіі на руку князёўны Багінскай не выглядалі зусім неверагодна. Здаралася, такім шанцавала парадніцца з магнатамі. А Пранціш — так, паабдымацца ў цемры…

Ля фантану Няптуна, у якім шэрыя струмені змешваліся з дажджавой вадой, Пранціш раптам выхапіў шаблю, яшчэ не ведаючы, што зараз зробіць: сябе засячэ, ці кагось іншага… Лязо люстравала шэры халодны свет, у якім не мелася спагады і надзеі…

— Пан сабраўся біцца з мармуровым Няптунам? — задыханы голас Лёдніка прагучэў за правым плячом, нібыта азваўся анёл-ахоўнік. Пранціш, памарудзіўшы, усё-ткі схаваў Гіпацэтаўра.

— Як ты думаеш, яны ажэняцца?

Вырвіч сам не пазнаваў свайго голасу. Усе гэтыя гады студыёзуса падштурхоўвала далёкая мара дабіцца княжны Багінскай, стаць з ёю ўпоравень… І вось — гэтую мару мімаходзь адабраў руды, але багаты і радавіты невук…

— Ты што, таксама будзеш змушаць мяне гараскоп складаць? — Лёднік паклаў руку Пранцысю на плячо. — Павер, хлопча, не зоры вырашаюць лёс чалавечы. Самы дасканалы гараскоп — усяго толькі варыянт падзей… А малітва мае моц нават зрушыць шляхі планетаў. Таму на тваё пытанне ў мяне адзін адказ — не ведаю.

Пранціш закрыў твар рукамі. У фантане цурчэла вада, і па звычаі, выпраўляючыся ў царства Няптуна, трэба было кінуць да ног мармуровага марского бога манетку… Але Лёднік заўсёды так сувора ставіўся да забабонаў, што Пранціш не наважыўся праявіць ганебную слабасць. Так і не кінуў.

Хмары плылі па небе Кароны з боку Літвы, як фрэгаты невядомай краіны.

А іхняя шхуна была самай звычайнай. Гандлёвым караблём пад назвай «Святая Брыгіта», чый трум быў забіты нецікавымі рэчамі кшталту ільняных сувояў і канопляў. Шлях чакаўся доўгі і небяспечны… Са спынамі ў розных портах. Пранціш нават на некаторы час забыўся на сваё прыніжэнне.

А вось у каюце настрой зноў падупаў. Усё-ткі Пранціш уяўляў нешта больш выгоднае… Адведзены ім на пару з Лёднікам катух быў больш падобны да каморы, спаць належала ў падвешаных на вяроўках гамаках з грубага радна, ды яшчэ смярдзіць усё гнілой рыбай! За тыя грошы, што Радзівілы адвалілі за месца на «Святой Брыгіце», на сушы можна было б зняць пакоі з суцэльнага золата. Праўда, калі Пранціш паглядзеў апартаменты Агалінскага і Паланэі, якія мелі кожны асобную каюту, ягонае раздражненне трошкі прыціхла. Бо пакоі важных паноў былі не лепшыя за іхні. А ўжо калі паказалі, як жывуць матросы… А што хацець, купецкі карабель — не палац, тут кожны вяршок павінен выкарыстоўвацца з карысцю. Чым болей тавару рассоўваць, пасажыраў пасяліць.

Лёднік нічым не выказаў незадаволенасці, выпіў нейкі зялёны напой з маленькай бутэлечкі — такіх у яго была з сабою цэлая валіза, прыладкаваўся ля круглага вакенца, каб чытаць, і ўсё — нават лекцый няма. А Пранціш быў страшэнна расчараваны. Колькі разоў ён уяўляў сабе сваё марское падарожжа — стаяць на палубе, дыхаць ветрам, назіраць, як велічна коцяцца хвалі… А тут асабліва па палубе не пройдзешся — вецер з ног збівае, мора шэрае, неба шэрае… Ад гайданкі нудзіць.

Але чалавек да ўсяго прывыкае. Хутка Пранціш аблазіў увесь карабель, куды яго толькі пускалі. Асабліва цікавіўся навігацыйнымі прыборамі — некаторыя з іх, між іншым, прыдумаў таямнічы доктар Дзі. І Амерыканец знайшоў сабе занятак — выявіў, што штурман ды двое матросаў пабывалі ў Амерыцы, адзін нават біўся з індыянамі… Начальства, вядома, скоса пазірала на тое, што чальцоў каманды адцягваюць ад службы, але пасажыры важныя, грошы заплацілі… А мараходы і радыя за байкамі час бавіць. Са штурманам, сівым падцягнутым немцам, у пана Агалінскага ўвогуле ледзь не сяброўства завязалася на тэме экзатычных прыгодаў.

Пранціш усё дзівіўся, якая цяжкая гэта праца — марская… Нават цяжэй, чым сялянская. Гэта яны, пасажыры, маглі гайдацца сабе ў ложках, а матросы цалюткі дзень нечым займаліся, часам зусім бязглуздым, кшталту надрайвання да бляску розных дэталяў. Ды яшчэ за найменшую правіну іх сцябалі няшчадна. Дзіва што на караблях звыклай справай былі бунты.

Панна Багінская носу з каюты амаль не паказвала, нават на вячэры афіцэраў і радавітых пасажыраў у кают-кампанію, дзе па традыцыі было больш раскошна. Лёднік папярэдзіў, што раз вырашыла надалей падарожнічаць у якасці пана Бжастоўскага, лепей, каб у каманды карабля не ўзнікала ніякіх падазрэнняў. Вядома, век Асветніцтва… Але забабоны наконт таго, што жанчына ў моры прыносіць няшчасце, жывучыя.

Шхуна рабіла дзесяць вузлоў у гадзіну, мора было восеньскае, суровае, і Пранціш заўважыў, што з Лёднікам нешта не тое. Прафесар і так не адрозніваўся румянкам, а тут зрабіўся не тое што белы, а проста зеленкаваты. У кают-кампанію не хадзіў. І, здаецца, увогуле нічога не еў, толькі спусташаў свае бутэлечкі — ажно вочы ўваліліся, так што ў цемры прафесара можна было цалкам прыняць за нейкую пазасветную істоту кшталту вупыра.

Бяда здарылася, калі Пранцысь неяк неасцярожна прабіраўся каля Лёдніка, які зноў палез у сваю валізу з лекамі, зачапіўся, паваліўся проста на валізу… Карацей, бутэлечкі пабіліся. Лёднік рэдка быў такі ўгневаны, добра што саслаб і не здолеў ухапіць шкадлівага студыёзуса за русявы чуб, і той удала ўцёк з каюты і прыбіўся да пана Гервасія, які спажываў разам са штурманам чарговую порцыю грогу — цёплага напою са шчодрым дадаткам рому. А калі Вырвіч вярнуўся, то Лёднік стаяў, укленчыўшы, у куце каюты, ухапіўшыся за рундук, і яго ванітавала… Паколькі страўнік прафесара даўно быў пусты, відовішча цяжкое.

— Бутрым, што з табой? Чым дапамагчы?

— Пайшоў прэч… — голас доктара быў такі слабы, што Пранціш перапалохаўся.

— Можа, карабельнага доктара паклікаць?

Хрыплыя гукі, якімі прафесар адрэагаваў на словы студыёзуса, павінны былі азначаць смех.

— Яшчэ шаптуху мне прывядзі… А дапамог ты, пабіўшы ўсю мікстуру.

— Ды што з табой? Атруціўся?

Вырвіч уклаў Лёдніка ў ложак. Але прафесар зараз жа звесіў галаву ўніз ад новага прыступу ванітаў.

— Ды што за пошасць?

— Не ўздумай… каму… расказваць!

Нарэшце ўдалося выпытаць, што ў прафесара проста марская хвароба. У цяжкой форме. Лёдніку даводзілася ўжо ў сваім жыцці плаваць, і кожны раз здаралася такая мітрэнга. А паколькі прафесар страшэнна саромеўся праявы любой слабасці, пра гэтую таксама маўчаў. Нарыхтаваў у дарогу лекаў, якія, па-праўдзе, не дужа дапамагалі. А цяпер — увогуле кепска.

— Перажыву! — шыпеў скрозь зубы Лёднік, якога, падобна, больш непакоіла, каб хто не даведаўся пра ягоную «загану», чым уласныя пакуты.

Але Пранціш быў устрывожаны. Калі гэты стан надоўга — а плысці ж яшчэ і плысці — скончыцца кепска. Прафесар нічога не есць, не п’е, напэўна, і не спіць. І калі ён, адзін з лепшых лекараў Еўропы, не можа сам сабе дапамагчы…

Паколькі раіцца з пазелянелым Лёднікам было бескарысна, Пранціш кінуўся да супольных. Лёднік дарэмна пераймаўся, што над ім стануць пасміхацца — першыя дні падарожжа кепскавата было ўсім, пасля звыклі, нават панна Багінская. А страціць прафесара пасярод мора гэткім дурным чынам не хацелася нікому. Панна Багінская зноў завяла гаворку пра магнетызм, якім валодае доктар — няхай ашчадзіць магіі на ўласны ратунак! Агалінскі пабег раіцца са знаёмцамі з каманды… І праз гадзіну заваліўся ў каюту да доктара, трымаючы пад пахай вялізную бутэльку з мутным змесцівам.

У Лёдніка нават сіл не было госця пагнаць.

— Пі, чараўнік! Горш не стане! Маракі падказалі — ром з перцам ды яшчэ нейкай трасцай….

Лёднік паспрабаваў адбівацца, але, відаць, яму было ўжо ўсё адно, што сяло, што выселкі.

Прагрэсіўная медыцына захінула посны свой твар трактатам пра будову вестыбулярнага апарату і ганарыста выйшла з пакою…

Праз пару гадзінаў Лёднік і пан Гервасій сядзелі за каржакаватым столікам, трывала прымацаваным да падлогі каюты, і распявалі песню пра Лявутаньку:

 

— Рыцар каня паіў,

Лявутэнька ваду брала

І з рыцэрам размаўляла:

— Ай, рыцэру, рыцэру,

Прашу цябе на вячэру…

 

Далей у песні расказвалася, як рыцар павінен быў пераплысці ўночы рэчку быстраньку на святло трох свечак, запаленых Лявутанькай, але «Каралёва ключніца, усяму свету разбойніца, каля рэчкі хадзіла, хустачкай махнула, усе свечачкі пагасіла і рыцэра ўтапіла». А калі Лявутанька даведалася, што каханы загінуў, памерла з гора… І выраслі на магілах закаханых явар і бярозанька, злучыліся вершалінамі…

Мутнай вадкасці ў бутэльцы засталося на самым дне. На кавалку шынкі, які чырванеў на жалезнай талерцы, бачыліся сляды доктарскіх зубоў (пра дыету пасля хваробы прафесар, падобна, і не ўспомніў).

— З чаго вынікае, — ментарскім голасам прагаварыў Лёднік, спатыкаючыся на асобных літарах, — што ў дадзенай народнай баладзе прасочваюцца матывы антычнага міфу пра Леандра і Гера…

— Адкуль, вашамосць, мужыкам ведаць антычныя міфы! — спатыклівым языком запярэчыў пан Гервасій. — У мужыка, васпане, мазгі іначай зладжаныя. Там высокія матэрыі не змяшчаюцца…

— Антычныя міфы складзеныя антычнымі мужыкамі, васпан! — важна падняўшы ўгару палец, прамовіў Лёднік. — Паэзія нараджаецца пад стрэхамі, у полі… А ў палацы адны саладзенькія селадоны ды галатэі.

Пан Гервасій злосна прыжмурыў памутнелыя светлыя вочы.

— Я ведаю, якая паэзія табе даспадобы, Баўтрамей.

Ударыў па стале кулаком… Яшчэ раз… яшчэ… І пад пагрозны рытм ціха заспяваў:

 

— Далёка слыхаці такую навіну:

Забілі Пятруся, забілі ў Жыліну.

А за што забілі, за якую навіну?

Што сваю мае, чужую кахае.

Чтэры служачкі да Пятруся слала,

А за пятым разам сама паехала.

— Пакінь, Пятрусю, у поле араці,

Няма пана дома, будзем начаваці…

 

Галас пана Агалінскага рабіўся ўсё гучнейшы, надрыўны, больш падобны да плачу.

 

— Выглянула пані з новага пакою,

Убачыла пана на вараным коню.

— Уцякай, Пятрусю, уцякай, сардэнька,

Бо ўжэ пан прыехаў — будзе нам цяжэнька.

Узялі Пятруся ды пад белы рукі,

Павялі Пятруся на вечны мукі.

— Пакажы, Пятрусю, пакажы жупаны,

Што падаравала вяльможная пані.

Пакажы, Пятрусю, пакажы пярсцені,

Што падаравала вяльможна ў пасцелі.

Білі Пятруся чатыры гадзіны,

Упаўнялі сабе, што Пятрусь няжывы…

 

Пан Агалінскі перастаў стукаць па сталешніцы, галава яго з прыліплым да лоба потным рудым чубам звесілася, апошнія словы песні прагучэлі амаль шэптам:

 

— Вяльможна ідзе, яго матка хліпе…

— Не плач матка, не плач, бо я сама плачу,

Я за тваім сынам панства, жыцце трачу…

Ды яшчэ Пятруся ў дол не апусцілі —

Па вяльможнай пані званы зазванілі…

 

Лёднік уткнуўся галавой у складзеныя на стале рукі, нібыта хацеў схавацца. Насупраць у гэткай жа паставе застыў пан Гервасій. У пакоі запанавала маўчанне, як на могілках, напоўненае болем і непапраўнасцю.

— У яе былі такія лёгкія, неслухмяныя валасы… — шаптаў пан Агалінскі, нібыта сам сабе. — Здавалася, у іх жыве ветрык. А калі яна ўсміхалася, верхняя губа так смешна прыўзнімалася… Так безабаронна… Калі б я быў старэйшым братам, яна была б маёй… І ўсміхалася б нашмат, нашмат часцей. Я б асушваў кожную ейную слязінку вуснамі… Ты памятаеш усмешку пані Галены, доктар?

— Я памятаю, як усміхаецца мая Саламея… — шаптаў Лёднік, якога, што прадказальна, разабрала яшчэ мацней, чым суразмоўцу. — Калі яна ўсміхаецца, на яе левай шчацэ ўтвараецца ямінка. А валасы ў яе цёмныя, цяжкія і бліскучыя… Калі прапускаеш іх скрозь пальцы, здаецца, што слізгае шоўк…

— Я ўсё роўна цябе заб’ю… — прамармытаў пан Гервасій. І абодва канчаткова праваліліся ў п’яное забыццё.

А Пранціш узрадваўся ў душы сваёй, што ніхто са спадарожнікаў не ўспомніў паненку Паланэю Багінскую.

Бо калі яна ўсміхаецца, не па-свецку, а па сапраўднаму, шчыра, яе носік так міла прыўзнімаецца, а ў вачах такія гарэзныя жарынкі… І левы куточак ружовых вуснаў трохі вышэй за правы, і трэба быць сляпым, каб не закахацца за адну гэтую ўсмешку…

І гайдала ўсіх іх, закаханых шчасліва і нешчасліва, ахвяраў і катаў, драўляная «Святая Брыгіта», як кузурак гайдае сухі лісток, што зляцеў на плынь ракі… І біўся ў мокрых ветразях змрочны вецер, і не было ў гэтым часе бяспечнай прыстані.

Вайна, якая скаланала Еўропу ўжо сёмы год, здыхала, як дужы драпежнік, у якога ўсадзілі стрэлы і дзіды, а ён усё яшчэ паўзе, б’е кіпцюрамі, драпае ўсё, да чаго можа дацягнуцца. Пасля таго, як брат прускага караля Генрых Прускі выйграў бойку пры Фрайбергу, з’явіўшы свету «цуд Брадэнбургскага дома», зноў у сэрцах пасялілася трывога… Па дарогах блукалі банды марадзёраў, войскі наймітаў, гатовыя на любыя злачынствы ці подзьвігі, жыццё чалавечае каштавала меней, чым шэлег… Дарога па моры, няхай доўгая, у неспагадную пару, была больш бяспечнай, чым па залітай крывёю сушы.

Калі праходзілі Зунд, спыніліся ў дацкім порце. З’явілася магчымасць выйсці на цвёрдую глебу. Наважылася і панна Паланэя. Яна сціпла трымалася кампаніі доктара і Пранціша, да якіх прыбіўся і карабельны доктар, пузаты, вясёлы і прафесійна цынічны. Лёднік наважыўся на знаёмства з калегам толькі пасля таго, як зменшыў сімптомы марской хваробы з дапамогай радыкальнага сродку ад пана Гервасія і тым пазбавіўся пагрозы стаць пацыентам. Не сказаць, каб зусім было доктару добра — але ж хадзіць, есці ды чытаць лекцыі мог.

Пан Гервасій пайшоў з сябрамі з каманды па мясцовых шынках… Лёднік запатрабаваў наведаць кунсткамеру. У кунсткамеры аказалася мадэль паравой машыны. І два дактары плюс адзін доктар недавучаны дзве гадзіны абмяркоўвалі мудрагелісты механізм і ягоныя перспектывы. Пан Палоній Бжастоўскі толькі закапыліў нос і заявіў, што пры двары ягонага старэйшага брата ёсць вынаходнік, які пабудаваў куды больш дасканалую машыну. Праўда, пра зладжанне гэтай машыны паніч нічога патлумачыць не мог. Таму нудзіўся і рваўся да ювелірных крамаў. І ўсё было б міла, калі б Пранціш не заўважыў злыя позіркі, якімі па вяртанні праводзілі матросы са «Святой Брыгіты» юнага пана Бжастоўскага, ды яшчэ перашэптваліся пры гэтым.

Сваімі назіраннямі студыёзус, аднак, дзяліцца ні з кім не стаў — мала што… А потым давялося яшчэ дапамагаць валачы на карабель у дупу п’янога пана Гервасія, які ўмудрыўся ў шынку ўчыніць бойку з партугальскімі мараходамі і атрымаў чарговы жывапісны ліхтар пад вока і нажавы парэз вуха — яшчэ крыху, і нёс бы яго пан у кішэні.

Вуха пану Гервасію зашывалі ў чатыры рукі — абодва дактары, ды яшчэ са злавеснымі жартачкамі. Пранціш падазраваў, што яны ўчынілі нейкую прафесійную гульню, аб заклад пабіліся, магчыма. Але вуха пана вярнулася на месца, тым больш адмысловае абязбольваючае не спатрэбілася — у крыві пана Гервасія шчодра бруіў ром.

А ноччу Пранціша пабудзіў Лёднік. Карабель гайдаўся так, што ліхтары нагадвалі навязаных на ніткі светлякоў, якія ірвуцца на волю. Такой гайданкі яшчэ не здаралася. З-за шуму хваляў даводзілася крычаць.

— Пайшлі да Багінскай!

Пранціш вылузнуўся са свайго ложка, ледзь не паваліўшыся.

— А што такое?

— Матросы бунтуюцца! Кажуць — баба на караблі, патопіць усіх!

Панна Багінская забілася ў куточак каюты, прыкрываючыся пісталетам, як веерам. Пан Агалінскі, з абвязанай белай хусткай галавою, ля пашкоджанага вуха на тканіне цямнелі плямы засохлай крыві, быў надзіва вясёлы — яго, здаецца, забаўляла сітуацыя.

— Капітан спрабуе перагаварыць з гэтым быдлам! — пракрычаў праз шум хваляў пан Гервасій. — Калі што — перастраляем дурняў, у мора паскідаем! Жанчын баяцца!

— А ці не вашая мосць падчас задушэўных размоваў з матросамі нешта лішняга пра жанчын нагаварыў? — строга папытаўся Лёднік. Пан Гервасій апусціў вочы.

— Ну, можа, за пляшкай штось і распавёў пра сваю дарагую нявесту…

— Я пакуль васпану слова выйсці за яго не давала! — абурана крыкнула панна Багінская. — Якое права меў вашамосць абмяркоўваць мяне з п’янымі мужыкамі?

— Золатка маё, мужыкі з мужыкамі заўсёды абмяркоўваюць вартасці чароўных дам! — без ценю няёмкасці адказаў пан Агалінскі. — Галоўнае, што за гонар сваіх дам мы можам аддаць жыццё. Не хвалюйцеся, ваша мосць, вы пад маёй абаронай, і дзеля вашае бяспекі…

— Дзеля маёй бяспекі пан мусіў проста памаўчаць! — нервова крыкнула Багінская. Карабель штурханула асабліва моцна, так што давялося хапацца за тое, што пад рукой, каб не паваліцца. — Доктар! А вы можаце якую-небудзь ілюзію стварыць? — панна Багінская ўпарта прымала доктара за чараўніка з казак. — Сон на іх наслаць?

— Наслаць на каманду сон падчас шторму — усё роўна што карабель патапіць, — злосна адказаў Лёднік. — Спадзяюся, пан Гервасій, запісваючы байкі пра індыянаў і іхнія залатыя гарады, не распавёў за адным разам і пра мае вядзьмарскія заслугі?

Пан Гервасій зноў апусціў вочы.

— Далібог, панства, не памятаю…

Ну вось, цяпер у маракоў «Святой Брыгіты» былі сур’ёзныя прычыны патрабаваць, каб небяспечных пасажыраў адправілі за борт дзеля ўлагоджвання раз’ятранага Няптуна.

У дзверы каюты пастукалі, пачуўся голас капітана. Чырвоны твар галоўнага на караблі ажно ішоў плямамі.

— Вось вы дзе ўсе! Мне, вядома, заплацілі добра, але пасярод мора грошы каштуюць няшмат. Ты, пан, каторы доктар, чараваць умееш?

— Я прафесар Віленскай акадэміі! — Лёднік абурана ўскінуў галаву, не прыкрытую парыком, ажно цёмныя пасмы валасоў матнуліся па твары.

— А мне да дупы, чаго ты там прафесар, — рычэў капітан. — Мне трэба супакоіць гэтых гіцаляў, якіх вы, вашыя мосці, сваймі непатрэбнымі гутаркамі збаламуцілі. Капелан пры смерці, штурману руку зламалі, мяне слухаць не хочуць. Таму ідзі, доктар, на палубу і на вачах каманды ўлагоджвай Няптуна, русалак, наядаў ці якую іншую халеру — альбо давядзецца адправіць на корм рыбам дзеўку і цябе з ёю разам.

— Мне дзіўна чуць, што адукаваны чалавек патурае забабонам, ваша мосць! — заявіў Лёднік.

— Скуру лупіць з матросаў за патуранне забабонам будзем, калі гэты шторм перажывем! — адрэзаў капітан. — Давай, што-небудзь там разыграй перад маракамі, якія ўпэўнены, што ты — вялікі чараўнік.

— Магу толькі памаліцца, вашамосць, — халодна адказаў доктар.

— Дык ідзі і маліся! — капітан схапіў Лёдніка за рукаў і выштурхнуў з каюты. Вырвіч, трымаючыся за спецыяльна нацягнутыя паўсюль вяроўкі, рушыў следам. Пан Агалінскі застаўся абараняць сваю «нявесту».

Ніколі Вырвіч не забудзецца тае начы. Халодная салёная вада збівала з ног, мора спявала на розныя галасы харал, пад які можна выпраўляцца на той свет, не разабраць, дзе пачынаецца мора і заканчваецца неба, аднолькава чорныя. Тая звыклая вада, што пырскала ў твар, здавалася, не мае нічога агульнага з жывой, дыхаючай субстанцыяй за бортам. Адзіны ліхтар гайдаўся, як апошні ліст на дрэве. Лёднік стаяў на носе карабля, прывязаны вяроўкамі, каб не змыла, і чытаў уголас, адплёўваючыся ад салёнай вады і задыхаючыся ад парываў ветру, праваслаўны канон святому Кіпрыяну, свайму заўсёднаму заступніку, хоць акрамя рэву мора нічога не было чуваць. Хтось з матросаў лічыў, што гэта чараўнік шаманіць, хтось, магчыма, прымаў доктара за святога, тым больш той-сёй заўважыў на ягоных руках стыгматы, іншыя разумелі, што ён такі ж чалавек, як яны, які у небяспецы заклікае да вышэйшых сілаў… Галоўнае — з’явілася хоць нешта, у што можна паверыць паміж бліскучымі чорнымі горамі, якія вырасталі з ніадкуль і з абыякавасцю чалавека, што ступае на мурашоў, шпурлялі карабель.

Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б шторм не суняўся. Магчыма, апынуліся б пасажыры «Святой Брыгіты» за бортам… Але Гасподзь прыслухаўся да малітваў, і шхуну перастала кідаць, як трэсачку. Назаўтра мора было звычайным — не прыветным, але ўсё-ткі больш падобным да ўзаранага поля, чым да горных хрыбтоў. Спаміж хмараў нават там-сям праглядалі сінія лапікі.

Лёднік сядзеў за сталом каюты, зноў уткнуўшыся ілбом у счэпленыя рукі, ці маліўся, ці проста думаў пра штосьці цяжкое. У пакой заваліўся пан Гервасій з абвязанай галавой. Ад пана заўважна несла ромам, і пагойдваўся ён не толькі воляю мора.

— Паненка наша пералякалася. Зноў цябе, доктар, кліча — ці галава ў яе баліць, ці жывот, ці нервы трапечуцца. І чаго да цябе бабы ліпнуць, як мухі на мёд? Гэй, а што з табой, Бутрым? Пагана? У мяне аквавіта ёсць, прынесці?

Прафесар стамлёна прагаварыў, не зварухнуўшыся:

— Мне надакучыла гуляць у чужыя гульні. Чуеце, вашамосць, крыкі? Гэта лупяць матросаў, для якіх я выяўляў прарока Майсея перад Чэрмным морам.

— Ну і правільна лупяць, — здзіўлена адказаў Амерыканец. — Заслужылі! Калі быдла гэтае не драць, яны наступны раз і гаспадароў патопяць, і сябе са страху. Жаўнер павінен гневу свайго камандзіра баяцца болей, чым ворагаў!

— Чалавек, які баіцца — вартае жалю стварэнне, вашамосць. Баяцца трэба толькі Госпада, а не другога чалавека.

— І ты мяне не баішся? — насмешна папытаўся пан Гервасій. — Я ж — смерць твая.

Лёднік падняў галаву і цвёрда вымавіў:

— Жыццё маё і смерць у волі Госпада, вашамосць, а не ў вашай.

Пан Гервасій, аднак, не пачаў задзірацца. Прыслухаўся да крыкаў болю, што даляталі з палубы.

— Эк гарлаюць… Глядзі, доктар, будзеш з маёй нявестай вольна абыходзіцца — таксама так загарлаеш.

Лёднік холадна зірнуў на пана.

— Папярэджванне залішняе. Я жанаты чалавек, хрысціянін, даваў клятву Гіпакрата і да таго ж дзяўчаткамі такога тыпу не цікаўлюся. А найперш наведаю больш сур’ёзных пацыентаў, дапамагу калегу. Пакалечаных сёння на судне хапае.

Пранціш фыркнуў:

— Толькі як ты па караблі хадзіць будзеш? — і патлумачыў пану Гервасію: — Ад яго цяпер адны разбягаюцца і пальцы скрыжоўваюць, як ад нячыстай сілы, а другія спрабуюць рукі цалаваць. Думаюць — святы. Каб яшчэ між сабою прыхільнікі тае і другой версіі не пабіліся.

— Бедлам! — прашыпеў доктар, рэзка ўзняўся і пачаў пакаваць сваю доктарскую валізу.

Крыкі змоўклі. Пан Агалінскі пазяхнуў, асцярожна пакратаў прышытае вуха.

— Ну а мы, пан Вырвіч, давай у карты перакінемся, пакуль карабель не шпурляе.

Плысці заставалася яшчэ тыдзень — калі Няптун не раззлуецца. Помслівы марскі бог, напэўна, не забыўся, што пан Пранціш Вырвіч так і не кінуў манеткі ў фантан у Гданьску.

 

РАЗДЗЕЛ ДВАНАДЦАТЫ. ЛІЦВІНСКІЯ ГОСЦІ І АНГЕЛЬСКІЯ ЗЛОДЗЕІ

 

— Усяго пені! Гісторыя слаўнага разбойніка Джэка Шэпарда, які шэсць разоў збягаў з Ньюгейцкай турмы! З партрэтам і вытанчанымі малюнкамі! Усяго адзін пені!

Мурзаты хлопец у капелюху з абвіслымі брыламі, насунутым па самыя вушы, бег за экіпажам, размахваючы стосам паперы. Трохі адстаў — і вось ужо і знік у густым вільготным тумане. Пранціш у чарговы раз высунуўся з вакна карэты: туман, макрыня, цёмныя сцены, пах дыму і згорклага сала… І гэта Лондан?

А ён ужо нафантазіраваў сабе нешта велічнае!

Калі яны пабачылі з карабля белыя крэйдавыя скалы, на якіх стаіць знакаміты Дуўрскі замак, падалося, зараз патрапяць у краіну цудаў… Цуды пачаліся, калі ў гатэлі выявіўся ватэрклазет — прыбіральня, у якой усе чалавечыя адкіды адразу змываюцца вадой. Прыслугу не здзівіла, што Лёднік адразу, з парогу, запатрабаваў гарачую ванну — нібыта звычайная справа. Калі ласка, панства! І ванна ў іх была чыгунная, на ільвіных бронзавых лапах, а не балея. А нейкія не самыя заможныя людзі, усе ў капелюшах, сядзелі ў кавярні на першым паверсе гатэлю і чыталі газеты… І каву пілі з парцалянавых кубкаў з сінімі малюнкамі! Лёднік патлумачыў, што тут навучыліся рабіць парцалянавы посуд на фабрыках, дзе малюнак наносіць машына. Таму ён і не дарагі, нават бядняк можа купіць.

Затое жабракі і дзеці галаты на вуліцах былі такія ж брудныя, як і на кантыненце.

Лёднік, які адзіны з кампаніі больш-менш валодаў ангельскай мовай, яшчэ і папярэдзіў: ні з кім знаёмстваў не заводзіць, нічога без рады з ім, Лёднікам, не купляць, рэчы без прыгляду не пакідаць. А то ўсучаць якую цудадзейную «Залатую эсэнцыю» альбо «Дух жэмчуга», а яму пасля лячыць дурняў ад атручвання. І галоўнае, не ўздумайце набываць у разносчыкаў за паўтары пені белы мутны напой пад назвай салуп! Там усё роўна ні кроплі алкаголю: салодкая трава сасафрас, малако ды цукар, а вось зарабіць разлад страўніка можна.

Але ў Дуўры ўсё здавалася добрым хаця б таму, што скончылася цяжкое падарожжа праз мора. І хаця зямля яшчэ суткі пад нагамі пагойдвалася, гэта ўсё ж была зямля… Няхай і чужая-далёкая.

Лондан сустрэў туманам, смуродам і шумам. Нават не разгледзіш нічога толкам, кожны завулак вядзе як бы ў пазасвецце.

Лёднік высунуўся з вакна экіпажу і перагаварыў з фурманам у дзіўным зялёным плашчы з каптуром.

— Зараз пад’едзем да самага прыстойнага гатэлю ў Кларкенуэле. Фурман яго горача рэкамендуе. Я пайду дагаворвацца з гаспадаром, а вы пільнуйце рэчы і адзін аднаго. Раён не самы спакойны… Але наша мэта менавіта тут.

— Бяры самыя лепшыя апартаменты! — важна заявіў пан Агалінскі.

— Як зажадаеце, ваша мосць, — з’едліва азваўся прафесар. — Грошы ўсё роўна вашыя, плаціць будзеце самі. У мяне і бітага талера не засталося.

Экіпаж спыніўся перад трохпавярховым акуратным будынкам, умураваным між суседніх, падобных да яго, як родныя браты, толькі што на гэтым, распанелым, браце красаваліся прыгожыя каваныя гаўбцы і бляшаная шыльда з назвай «Дуб і Крумкач». Прычым намаляваны крумкач з жалудом у крывой дзюбе больш нагадваў каршука. Дарэчы, гэта была яшчэ адна асаблівасць Лондану, якая ўразіла студыёзуса — акрамя варон, тут было поўна каршукоў, якія садзіліся на ліхтары і дахі, корпаліся ў смецці — зусім як звыклыя гарадскія вароны.

Вырвіч, вядома, не паслухаўся загаду былога слугі, выскачыў з экіпажа ўслед за Лёднікам і пачаў з цікаўнасцю аглядацца. Побач тут жа апынуліся панна Багінская і яе самазваны «жаніх». Пранціш ніяк не мог уцяміць, што насамрэч мае пан Гервасій да сваёй «нявесты»… Студыёзус вунь колькі галантнасцяў на паненку траціў… Шматзначны позірк, паціснуць ручку, фрывольны намёк у размове… А пан Агалінскі, хоць прыгожых кабет нідзе не прапускае, за бок ушчыпне, у камору з гожанькай прыслугай не супраць зайсці, да Багінскай па-ранейшаму — як да пана Бжастоўскага. Трохі паблажлівая вясёлая размова… Падколваюць адно аднаго ці плёткі абмяркоўваюць. Можа, усё не так безнадзейна, і авантурная паненка з блакітнымі вачыма, троху кірпатым носікам і халодным сэрцам і пану абыякавая?

Між тым фурман нешта загергатаў, патрабавальна і злосна. Па зразумелым паўсюдна знаку — ангелец нібыта нешта расцёр між пальцамі — з’ясавалі: патрабуе заплаціць. Пан Агалінскі шырокім жэстам дастаў з пояса два дукаты і кінуў фурману. Той схапіў так прагна, што дурань зразумеў бы, наколькі пераплочана. Адразу ж наляцелі нейкія служкі і ўвобмірг згрузілі панскія куфры на брук, таксама запатрабаваўшы платы. Фурман крануў пальцамі брыль капелюша на знак ветлівага развітання і сцебануў коней. Падарожнікі засталіся каля гары рэчаў.

Раптам непадалёк пачуўся гнеўны жаночы крык. Пад вулічным ліхтаром дзве сімпатычныя кабеты зацята, са смакам сварыліся. Тут жа набегла разявакаў, якія пачалі іх пад’юджваць… І… што такое? У руках кожнай апынулася па нажы. Зусім не кішэнным… Сварка ператварылася ў смяротны двубой!

Пранціш схапіўся за шаблю — першы рух шляхціца пры найменшай небяспецы — і забыўся на ўсё на свеце ад захапляльнага відовішча. Кабеты пасярод кола назіральнікаў — Вырвіч, вядома, заняў самае зручнае месца — рухаліся як у танцы, як два спрактыкаваных воі. Скакалі адна на адну, спрытна ўхіляліся… Спадніцы яны падабралі, так што відовішча аголеных вышэй кален моцных ног змусіла пана Агалінскага забыцца на ўсё. Таму што і пан Агалінскі аціраўся тут, у першых шэрагах… І панна Паланэя, цікаўная, як малады верабейчык… Праўда, за натоўпам, які неміласэрна штурхаўся, ціснуўся, гарлаў, паляўнічыя за вогненным мячом адзін аднаго бачылі кепска.

Кабета, больш худая і ніжэйшая, з чорнымі валасамі, спрытна падставіла падножку суперніцы, і абедзве пакаціліся па зямлі. Натоўп рассунуўся, усе зацята крычалі «Гоў! Гоў!».

Чакай, а Лёднік жа казаў не адыходзіць ад рэчаў! Адзін куфэрак, між іншым, дукатамі радзівілаўскімі набіты… Пранціш азірнуўся, прыўзнімаючыся на дыбкі, каб за галовамі гледачоў пабачыць родныя куфры…

І не пабачыў.

Можа, іх ужо занеслі ў памяшканне?

Пранціш з самым кепскім прадчуваннем пачаў прадзірацца праз людзей… Ледзь прадраўся, і тое — агаліўшы шаблю, каб напалохаць нахабаў.

На тым месцы, дзе нядаўна грувасціліся прывезеныя на «Святой Брыгіце» рэчы, шарэў мокры брук. Лёднік нарэшце выйшаў на ганак, увесь такі паважны — у чорным трохкутовым капелюшы, белым парыку, чорным аксамітным камзоле з дробнымі гузічкамі.

Доктар утаропіўся ў разгублены твар Пранціша, потым павярнуў галаву направа, дзе адбывалася бойка. Аблічча яго пачало рабіцца такім, як бы на лекцыі падлавіў вучняў за патаемнай гульнёй у карты. Але не паспеў прафесар задаць пытанне, у агульным шуме пачуўся пранізлівы віскат:

— Пан Гервасій! Памажыце!

Паланэя! Пранціш і Лёднік кінуліся ў натоўп. Вырвіч паспеў толькі заўважыць, што двое абадранцаў спрабуюць нешта ў пана Бжастоўскага адняць, а пан Агалінскі раскідвае іх, як мядзведзь сабакаў.

І раптам усе некуды разбегліся, нават дзве дуэлянткі. На пустой вуліцы засталіся стаяць толькі чацвёра ліцвінаў, ды на ганку гатэлю «Дуб і Крумкач» выскалялася прыслуга і паважны пан з рудой бародкай, у камізэльцы — мусіць, гаспадар гатэлю.

У тумане насмешна крумкалі лонданскія вароны.

— Дзе рэчы? — дужа спакойна папытаўся Лёднік. Пранціш вінавата развёў рукамі.

— Пояс! Пояс з грашыма! — раптам загарлаў пан Агалінскі і пачаў абмацваць кішэні.— Святыя ўгоднікі! Табакерка, падораная панам Каралем! Пярсцёнкі! Фамільны сыкгнет! Гадзіннік!

Пасля хуткага агляду высветлілася, што мясцовыя ўвішныя злодзеі аблупежылі ўсіх, як авечак. Толькі шаблі і засталіся пры панах — і тое таму, што панства за шаблю хапаецца, як п’янтос за келіх. Праўда, похвы, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі, у пана Агалінскага і пана Бжастоўскага зрэзалі. Нават у Лёдніка паспелі кішэні абчысціць.

— А я пра добры нумар дамовіўся, — меланхалічна прагаварыў доктар. — На шэсць пакояў. З ваннай.

Вырвіч разгублена абвёў вачыма вуліцу.

— Можа, у суд заявіць?

Панна Паланэя выразна хмыкнула.

Гаспадар гатэлю нешта крыкнуў і махнуў рукой, каб падыйшлі. Лёднік перагаварыў з ім, паківаў, павярнуўся да сваіх.

— Гэты містэр кажа, што раз такое няшчасце здарылася з намі на ганку ягонага гатэлю, ён зробіць скідку і падбярэ нам прыстойныя апартаменты. Гатовы прыняць плату тым, што ў нас засталося. Каштоўнасці якія, адзенне… Думаю, варта пагадзіцца. Куды мы зараз сунемся…

Вырвіч паглядзеў на задаволены сыты твар уладальніка «Дуба і Крумкача», як ільсняцца ў таго маленькія светлыя вочы:

— Ды ён з тымі злодзеямі ў хаўрусе! А цяпер апошняе забраць хоча!

— А хто вінаваты? — злосна запытаўся Лёднік. — Я казаў — з карэты не выходзіць? Нашто фурмана адпусцілі? Якога ражна пабеглі лупіць вочы на прадстаўленне, якое спецыяльна злодзеі зладзілі?

— Каб пан прафесар не раскамандваўся, нічога б і не здарылася! — раз’юшана напусціўся на Лёдніка пан Агалінскі. — Лезе паўсюль наперад, за ўсіх вырашае. Я сам пайшоў бы і дамовіўся з карчмаром! Мову грошай усе разумеюць!

Гаспадар гатэлю з цікавасцю назіраў за пакутамі абабраных гасцей, лена скрыжаваўшы рукі на грудзях. Падобна, ён мог прастаяць так, пакуль цемра не скончыць бясплатны спектакль.

— Панства, забіваць адзін аднаго будзеце дома. А цяпер што рабіць? — трохі істэрычна папыталася Багінская.

І сапраўды, што? Карабель па іх прыйдзе добра, калі да калядаў. Нават звестку пра бяду каму паслаць — грошы трэба.

— Выварочвайце кішэні, — змрочна загадаў Лёднік. — Можа, у каго якія каштоўнасці яшчэ засталіся… Шаблі прадаваць пакуль не хочацца.

— Ды я хутчэй з голаду здохну, чым Гіпацэнтаўр прадзедаўскі прадам! — угневана крыкнуў Пранціш.

— Прапанаваць двараніну прадаць зброю! Вось па гэтым і відно, што спадар доктар — не сапраўдны шляхціц, — пагардліва кінуў пан Агалінскі. — Ёсць паняцці, якія высакародны чалавек набывае, як толькі вучыцца хадзіць!

На шчасце, прафесар не паспеў выказаць нешта з’едлівае, наконт таго, каб ведаў, што высакародныя ягоныя спадарожнікі настолькі бездапаможныя са сваймі паняццямі, што нельга без прыгляду й на хвілю пакінуць, дык навязаў бы іх на матузкі ды вадзіў за сабою, як пародных шчанючкоў…

— У мяне пярсцёнак застаўся! — хуценька заявіла панна Багінская. — З пальца ўжо сцягвалі, дзякуй пану Гервасію — не паспелі. Смарагд у ім дастаткова каштоўны…

Лёднік узяў пярсцёнак панны, паднёс да вачэй, пакруціў.

— Праца з каштоўнымі камянямі — частка алхіміі… Калісьці я такі смарагд мог нават павялічыць у памерах, ачысціць, змусіць змяніць колер… — уздыхнуў.—Толькі на гэта патрэбны час плюс добра абсталяваная лабараторыя. Думаю, фунтаў сто за гэты пярсцёнак мы ў ангельскага шалбера выручым.

Гаспадар гатэлю шырока ўсміхнуўся, зразумеўшы, што госці маюць што прапанаваць, і ўласнаручна адчыніў дзверы сваёй падазронай установы.

Апартаменты, вылучаныя абакрадзеным гасцям, былі ўсяго на два пакоі — Лёднік угаварыў пана Агалінскага не раскашавацца. Бо сапраўднай цаны гаспадар гатэлю за пярсцёнак Багінскіх, вядома, не даў — Амерыканец ледзь выгандляваў, лічачы на пальцах і равучы праклёны, пяцьдзесят фунтаў.

Адзін пакой галантна саступілі панне Багінскай.

А мэта была так блізка!

Паланэя і пан Гервасій ледзь стрымліваліся, каб не пагнаць прафесара кіямі да таемнай пячоры з надпісам «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Абодва рабіліся ўсё больш нервовымі, і Вырвіч з таемнай радасцю адгадваў пад іхнімі вясёлымі перапалкамі ўзаемную падазронасць. Дзіва што — за час іхняга падарожжа пра што не расказалася, дадумалася. Варожыя партыі, канкурэнты… А вогненны меч доктара Дзі дастанецца толькі камусь аднаму!

Яны ішлі за высокай імклівай постаццю доктара па вуліцы пад назвай Тэрнміл-стрыт, між шэрагамі цемнатварых дамоў, і хоць не было чаго губляць, насцярожана праводзілі вачыма вулічных гандляроў ды мінакоў. І яшчэ здалёк пачулі гучныя крыкі. На пляцы сабраліся людзі — і паны, і беднякі, адзін джэнтльмэн ускочыў на скрыню і вяшчаў, дапамагаючы сабе жэстамі. Натоўп крычаў нешта ўхвальнае.

— Пан Лёднік, што тут адбываецца? — тузанула прафесара за крысо плашча цікаўная Паланэя. Лёднік запаволіў хаду, падыйшоў да месціча, які меланхалічна пасмоктваў люльку на ўскрайку пляцу, распытаўся, вярнуўся да кампаніі.

— Гэта, панства, Кларкенуэл, а гэта ягоны звыклы атрыбут — палітычны мітынг, — усмешка доктара была надта крывой. — Містэр на скрынцы крытыкуе маладога караля Георга, які прызначае міністрамі самых дурных і пакорлівых, падкупляе парламент і праганяе прэч вігаў на карысць торы. Слухачы, як вы можаце здагадацца, як і прамоўца, належаць да партыі вігаў. Кароль Георг, хоць і малады, не нашмат кемней за нашага састарэлага Аўгуста. Але дарваўся да ўлады, і не церпіць людзей, якія разумнейшыя за яго альбо самастойна мысляць. Чакайце, ён яшчэ аграбе за гэта — і краіна паплоціцца. Асабліва за Амерыку…

— А што з Амерыкай? — адразу зацікавіўся пан Гервасій.

— Ды кароль хоча падаткі ў Новай Англіі падвысіць. За кошт каланістаў аплаціць усе свае капрызы — войны, рэформы… А ў Амерыку, па маіх назіраннях, з’язджаюць людзі няхай не самыя радавітыя, але смелыя, прадпрымальныя, і тыя, каму няма чаго губляць. І абжылося там іх нямала. Таму наўрад іх удасца так лёгка абабраць.

— Я б таксама падтрымаў гэтых… вігаў! — помсліва ўсклікнуў пан Гервасій, які адразу пранікся нядобрымі пачуццямі да Георга ІІІ, што крыўдзіў ягоную ўлюбёную Амерыку.

Людзі загарлалі, прычым сярод мітынгоўшчыкаў былі і кабеты, якія завіхаліся грамчэй за мужчын.

— Як на віленскім сойме! — настальгічна прамовіў пан Агалінскі. Раптам джэнтльмэн збоку закрычаў нешта, як відаць, насуперак, і ў прамоўцу на скрыні паляцеў агрызак яблыка.

— Усё, зараз пачнецца і бойка, як на сойме, — буркатнуў Лёднік і ледзь не бегма рушыў прэч. Пранціш не супраць быў бы пацікаваць за лонданскім соймам далей, але адстаць ад кампаніі зусім не хацелася.

Сёння туман зменшыўся, але пахаладала. Лёднік расказваў, што зіма тут не такая суровая, як на Беларусі, і калі рака замярзае — гэта лічыцца здарэннем надзвычайным, бывае некалькі разоў на стагоддзе. Але ў спалучэнні з непрыемнай вільгаццю прахалода прабірала добра… Каля дому, перад дзвярыма якога стаяў слуп, абматаны чамусьці чырвонай выцвілай тканінай, кабета, захутаная паўзверх капелюша ў ваўняную хустку, прадавала блакітныя пацеркі. Мяркуючы па ўсім, гэта былі талісманы ад нейкай хваробы. Лёднік пацвердзіў: лазурыт тут носяць ад бранхіту і пнеўманіі.

— Слухай, Бутрым, а ты б мог зарабіць грошы, каб прапанаваў свае доктарскія паслугі! — сказаў Пранціш.

— Лепей астралогія! І гаданні! — з другога боку падляцела да прафесара Паланэйка. — На гэта попыт заўсёды! Зрабіць рэкламу — «Знакаміты лекар і алхімік з далёкай Альбарутэніі, прафесар акадэміі і асабісты лекар вялікіх князёў, вызначае хваробы, прадказвае будучыню і дае практычныя парады, як засцерагчыся ад чумы». Народу паваліць!

Лёднік толькі хмыкнуў.

— Вы звярнулі ўвагу, панове, на слупы, абматаныя чырвоным? Гэта значыць, што ў доме прымае цырульнік, якому магістрат даў ліцэнзію на крывепушчанне… А значыць, ён, лічыце, лекар. А бачыце, на дзвярах вось такі барэльеф?

Вырвіч зірнуў туды, куды паказваў Лёднік: да дзвярэй была прымацаваная бронзавая галава дзядзькі ў старамодным капелюшы і каўнеры-жорнаве.

— Гэта галава філосафа, астролага і алхіміка Фрэнсіса Бэкана. І азначае, што ў доме жыве ягоны паслядоўнік, які ахвотна за грошы вам і паварожыць, і гараскоп складзе, і цудадзейны электуарый зварыць. Замест Бэкана можа быць выява чараўніка Мерліна… А вунь і вандроўны мой субрат цягнецца: бачыце, у аксамітным плашчы?

Сапраўды, па вуліцы паважна ішоў высокі дзядзька з тонкай бародкай, як казлінай, у доўгай цёмнай апратцы і востраверхім капелюшы. Да дзядзькі падбегла немаладая кабета, падобна, прыслуга, сунула манету і пачала аб нечым шаптацца.

— І як вы думаеце, з такой канкурэнцыяй шмат можна зарабіць? — насмешна прамовіў Лёднік. — Ды мяне адразу ў пастарунак здадуць тыя, у каго я заробак пераб’ю. Памятаеце, пан Вырвіч, такі прэцэдэнт у карчме пад Ракавам?

Пранціш змрочна кіўнуў галавою. Успаміны невясёлыя. Тады Лёдніка забраў суддзя Юдыцкі, каб прадаць пану Гераніму Радзівілу, што ўзяўся гнаіць ды катаваць у сутарэннях слуцкага замка ведзьмакоў. Пранціш не захацеў кідаць у бядзе свайго нованабытага слугу, пасля чаго і ўзнікла між імі сяброўства.

Між тым перад кампаніяй вырасла высокая цагляная сцяна, за якой бачыліся змрочныя шпілі гатычнага храма і паўаголеныя таполі.

— Калі мы ўсё правільна палічылі, і лялька-малявальшчыца не схібіла, гэта тут, — ціха прамовіў Лёднік.

Панна Багінская і пан Агалінскі багавейліва ўтаропіліся на цяжкія дубовыя вароты, над якімі, у каменным фрызе, святлеў барэльеф у выглядзе трохкутніка, з якога пазірала ўсевідучае вока.

— Тут быў кляштар рыцараў-гаспітальераў…—патлумачыў Лёднік. — Цяпер ён закінуты, сцяна пабудаваная пазней. У раёне Кларкенуэл заўсёды сяліліся падазроныя тыпы… Кшталту доктара Дзі.

І рашуча пастукаў у браму.

Стукаць давялося доўга. Толькі калі пан Гервасій замалаціў у дубовыя створкі нагой у падкаваным боце, нехта незадаволена азваўся па той бок сцяны, і вароты прыдчыніліся. Месціч, што адчыніў нязваным гасцям, мог быць родным братам гаспадара гатэлю «Дуб і Крумкач». Такі ж санлівы выцягнуты твар, рудаватыя бакенбарды, паблажлівы позірк маленькіх светлых вочак. Тое, што на прыхадняў была настаўленая руля пісталету, сведчыла, што тубылец не проста побач праходзіў, а вартуе ўласнасць.

Пасля таго, як у рукі спадара перайшло некалькі шылінгаў, вароты адчыніліся шырэй, і ліцвіны патрапілі яшчэ бліжэй да сваёй мэты.

Старажытны храм знаходзіўся ў вартым жалю стане. Відаць было, што ён перажыў і пажар, і людскую нянавісць — радыкальныя кларкенуэльцы не любілі багатых мніхаў і важных рыцараў. Лёднік настойліва распытваў вартаўніка, суючы яму манету за манетай, твар ягоны ўсё змрачнеў.

— Значыць, так… Добрая навіна — тут сапраўды ёсць сутарэнне з лацінскім надпісам, і знаходзіцца яно ў доме, які называецца — не паверыце — «Агонь і жалеза».

Паланэйка і пан Гервасій ажно напяліся, як ганчакі, якія адчулі пах крыві параненага звера.

— А дрэнная навіна? — папытаўся Пранціш.

— А дрэнная — што мы туды не патрапім. Той участак, дзе сутарэнне, пасля смерці доктара Дзі быў прададзены магістратам, там пабудаванае вунь тая халупа… — Лёднік паказаў на цагляную пабудову, падобную да казармы, якую аддзяляў ад кляштара яшчэ адзін мур. — Калісь у ёй зладзілі бровар, а ў пячоры, якую мы шукаем, захоўвалі віно. Пасля будынак прыстасавалі пад жытло для наёмных рабочых, якія будавалі новы мост. Цяпер ён прадаецца разам з усімі таямніцамі.

— Вось і цудоўна! — усклікнуў пан Гервасій. — Набудзем камяніцу — і ўсё!

— За якія шышы? — з’едліва папытаўся доктар. — Цана ёй — не менш пяцісот фунтаў. І трэба паспяшацца, бо выкупяць іншыя — тады ўвогуле невядома, што станецца. Новы гаспадар можа і знесці ўсё.

— А чаго чакаць? — выкрыкнуў Пранціш. — Давай вартаўніка аглушым — і палезлі ў той будынак! Замок я любы адчыню!

— Яно б і някепскі план, — адказаў Лёднік, — каб не адна акалічнасць. Будынак не пусты.

Нібы ў пацверджанне ягоных слоў у вакне змрочнага дома паказаўся чалавек у чорным, можна было разгледзець толькі ягоны бледны твар.

— Квакеры. Секта такая рэлігійная… Асабліва строгая… — патлумачыў прафесар. — Яны збіраюцца адплываць ці на Гаваі, ці на Карыбы, прапаведваць веру Хрыстову. А пакуль сядзяць і зацята моляцца. І ні за якія грошы нікога шнырыць па доме не пусцяць. Людзі суровыя, і да вайсковай справы добра прыдатныя, зброя ў іх маецца. Дом не іхні, належыць адной лэдзі, якая імі апякуецца і дэкляравала, што выручаныя за будынак грошы ахвяруе братам у Хрысце на іхні місіянерскі шлях. Так што як толькі будынак прадасца — яго і вызваляць.

Паланэйка, Амерыканец дый і Пранціш пазіралі на цагляную збудову, як закаханы на зачыненыя ваканіцы красуні.

Заставалася ў чарговы раз памянуць нядобрым словам лонданскіх злодзеяў.

Каб не тыя злодзеі — ліцвіны лацвей пачуваліся б спаміж мармуровых калонаў, што прыкрашалі вітальню шыкоўнага палацу ўладальніцы цаглянага бровара каля кляштара тампліераў. Неяк не верылася, што асоба, якая жыве ў такім палацы, мае інтарэс да малацікавага будынку ў Кларкенуэле. Імя ўладальніцы — лэдзі Кларэнс — нічога не гаварыла.

Сама лэдзі да гасцей не выйшла, аднак жа — што дзіўнага. Госці прыехалі без асаблівага шыку, гандлююцца за нейкія малыя грошы… Панна Багінская стаяла, ганарыста задраўшы нос — неадменна ўяўляла, як бы магла пад’ехаць сюды на шасцярні пародных коней у карэце з гербам, з лёкаямі і казачкамі на запятках, з герольдам, які абвяшчае прыезд… І выйшла б, ступаючы на пакладзеную пад прыступку карэты аксамітную падушачку, у неабдымным раброне з фіжмамі, усыпаная дыяментамі, у прычосцы вышынёй з купал сабора святога Паўла… Вось тады б ганарліўка з гэтага палацу адчула сваё месца! У Багінскіх не такія палацы ёсць!

А Пранціш круціў галавой, разглядаючы карціны-статуі-парцаляну-срэбра, і не мог пазбавіцца адчування, што за імі ўважліва назіраюць нечыя вочы, вывучаюць, як кузурак…

— Лэдзі пытаецца, навошта шаноўным панам з Альбарутэніі будынак у Кларкенуэле?

Паважны дварэцкі з абвіслымі шчокамі добра размаўляў на французскай мове, якой у кампаніі больш-менш валодалі ўсе, таму пан Гервасій з задавальненнем адсунуў убок доктара і ўзяў на сябе перамовы, няхай і завочныя, з высакароднай асобай.

— Няхай яе мосць лэдзі Кларэнс не сумняваецца, што ейная былая маёмасць будзе выкарыстоўвацца ў самых прыстойных мэтах… Мы… мы зладзім там склад найлепшых вінаў!

Пранціш ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць. Амерыканец мог бы прыдумаць і больш прыгожую версію. Што ў галаве, тое і на языку…

Дварэцкі вярнуўся з яшчэ больш надзьмутай фізіяноміяй і паведаміў, што лэдзі Кларэнс на такіх умовах прадаваць не хоча. Тут жа выскачыла наперад Паланэйка ў абліччы пана Бжастоўскага.

— Няхай яснавяльможная пані прабачыць, але, можа, яна згодзіцца прадаць той будынак мне? Я выкарыстаю яго ў самых хрысціянскіх мэтах: учыню прытулак для бедных і шпіталь… Вось і доктар з намі, славуты на ўсю Еўропу прафесар сэр Лёднік, які дапаможа зладзіць найлепшае медыцынскае абслугоўванне абдзеленых лёсам няшчасных… Бо ён менавіта гэтым і займаецца ў славу гасподню!

Словы пана Бжастоўскага цяклі, як вадкі мёд. Ай да малайчынка Паланэя — правільна разлічыла, раз лэдзі такая святоша, што ўтрымлівае сектантаў-місіянераў, вядома, ідэя з віном яе абурыла… А дапамога бедным — самае то!

Але дварэцкі вярнуўся ад нябачнай лэдзі з тым жа адмоўным адказам… Пазалочаныя гіпсавыя амурчыкі па баках пакоя пасміхаліся над няўдалымі пакупнікамі самым непрыстойным чынам, і цэліліся ў іх з маленькіх лукаў, нібыта палкага кахання тым і не хапала да кучы.

— Перадайце лэдзі, — грымнуў Лёднік, якому апрыкраў гэты марлезонскі балет, — што асабіста мяне цікавіць таемная гісторыя спамянутага будынка, і я маю да яго навуковую цікавасць. І прывык усе свае эксперыменты даводзіць да лагічнага завяршэння. Таму няхай лэдзі назаве любую цану.

Кампаньёны паглядзелі на Лёдніка, як на вар’ята — панна Паланэя дык, падобна, гатовая была з ім абысціся, як з лёкаем, які вывернуў на яе сукню кубак з кавай. Амаль выкрыць іх таемныя намеры!

На гэты раз дварэцкі затрымаўся даўжэй, прынесены ім адказ усіх здзівіў: лэдзі згадзілася прадаць былы бровар доктару Лёдніку з увагі на ягоны навуковы інтарэс. Умовы — тысяча фунтаў, прынесці асабіста пазаўтра раніцай.

Лёднік цырымонна пакланіўся, абарваў Пранціша, які хацеў быў трохі пагандлявацца, па ўсіх свецкіх правілах падзякваў нябачнай лэдзі Кларэнс і вывеў кампанію з палацу.

На беразе Тэмзы з відам на новенькі Вестмінстэрскі мост, цуд інжынернай думкі, адбылася невялічкая стратэгічная рада.

— Каб не здарэнне ля гатэлю — я б тысячу фунтаў з аднаго куфра зачарпнуў! — раздражнёна сказаў пан Гервасій. Паланэйка ўздыхнула, разгладжваючы заплямлены і змяты рукаў нядаўна шыкоўнага камзолу:

— Зараз у Лондане ёсць колькі вядомых асобаў з Польшы і Літвы, але ж ісці, прадстаўляцца, выкрывацца, тлумачыць, што мы тут робім… А я ў такім выглядзе…

— Выключана! — адрэзаў пан Агалінскі. — Лепей бы мяне паслухаліся… Ды я адзін прыступам той дом вазьму! Квакераў шабляй нашаткую, і сутарэнні нашыя…

— У тых сутарэннях можа нічога не быць, васпане, — напружана папярэдзіў Лёднік. Пан Гервасій уважліва паглядзеў на прафесара:

— Я сваё слова стрымаю, не пераймайся. Твая справа — прывесці мяне ў пячору.

— Нас, пан Агалінскі, нас! — міла выскалілася Паланэйка. Вытанчаная такая, міленькая… Але Вырвіч адчуваў, што ў барацьбе за мэту яна будзе, бадай што, больш небяспечнай за Амерыканца. Той з прыхаванай насмешкай пакланіўся:

— Вядома, дарагая мая нявеста, у нас жа ўсё павінна быць агульным!

Дзесьці зазванілі званы — і адразу ім азваліся іншыя… Лонданскія храмы напаўнялі горад велічнымі гукамі з усіх бакоў, здавалася, нават туман разамгліўся.

— Пойдзем да майго былога аднакурсніка Роджэра, — рашуча заявіў Лёднік. — Ён зрабіў добрую кар’еру, сярод кліентаў — спрэс герцагі… Зноў жа — у Каралеўскім навуковым таварыстве не апошні чалец. Тысяча фунтаў — грошы немалыя, але для яго магчымыя. Калісьці я дапамог яму на пачатку ягонай кар’еры, падкінуў пару ідэек… Тады Роджэр дэкляраваў, што век не забудзе маёй ласкі. Вось і паглядзім…

Яны ехалі ў нанятым фаэтоне, навес не ратаваў ад вільготных мізэрных кропляў, што наліпалі на твар, як павута.

Мурзаты хлопчык, які валок кошык з вуглем, заўважыў рудога вусатага замежніка, які агідна важна пазіраў па баках, седзячы ў экіпажы. Хлопчык з выклікам свіснуў і паказаў вусатаму джэнтльмену кулак, а калі той пагрозна выскаліўся і выкрыкнуў незразумелае «Засяку!», яшчэ і шпурнуў наўздагон кавалкам вугля.

— Калі я тут быў у маладосці, — спакойна адказаў Лёднік на лаянку пана Гервасія, абуранага нахабствам мясцовага простага люду, — на вуліцы ўвогуле нельга было паказацца ў прыдворным строі. Адразу закідвалі гразёй. Нават караля і каралеўскую сям’ю сустракалі абразамі. На статуі каралевы Ганны ля сабора святога Паўла вулічныя хлапчукі практыкаваліся ў шпурлянні камянёў. Не думаю, што з таго часу арыстакратаў тут палюбілі. Дарэчы, самая папулярная п’еса, якую разыгрываюць у хатніх тэатрах самі арыстакраты — гэта «Опера жабракоў». Граф’я ды бароны з задавальненнем пераапранаюцца ў лахманы, ужываюць грубыя словы і асвойваюць дрэнныя манеры. Парадокс, панове!

Вырвіч з аднаго боку быў зласліва ўсцешаны — а вось вам, магнацікі, не паўсюль перад вамі рассцілаюцца, з другога боку — ён жа сам шляхціц, няўжо тут нейкі насільшчык ці вугальшчык будзе з ім спрачацца, каму першаму ў дзверы прайсці?

Вучонага пана, да якога яны прыехалі, дакладна вулічныя хлапчукі маглі закідаць гразёй — за адны пярсцёнкі з дыяментамі. Дзіва што пан прымусіў іх чакаць у гасцёўні, прыбіраўся, відаць, у лепшае. Няўжо так хоча добра выглядаць перад калегам і сябрам маладосці?

Аднак на выцягнутым твары пана — маршчыністы лоб, доўгі крываваты нос, светлыя запалыя вочы — застыла толькі грэблівая насцярога. Значыць, прыбіраўся, каб важнасці сабе надаць, а госця прынізіць.

Шчырых абдоймаў з паляпваннем па спіне з былым аднакурснікам не здарылася. Затое містэр Роджэр гаварыў на добрай нямецкай — відаць, у Пражскім універсітэце звык з Лёднікам размаўляць менавіта на ёй.

— Добры дзень, гер Баўтрамеюс. З якой нагоды — лекцыі, кансультацыі, ці, можа, на сталую працу?

І па ўсім відаць, што пану менш за ўсё хацелася б, каб прыяцель тут затрымаўся.

Лёднік запэўніў, што тут праездам, суправаджае радавітага выхаванца, і завёў далікатную гаворку пра бядотнае становішча, у якое кампанія патрапіла, далей лагічна вынікала пазыка грошай… Але містэр Роджэр перапыніў госця, у ягоным тонкім голасе, як вада з-пад веснавога снегу, прабівалася шчырая нянавісць:

— І як ты, гер Баўтрамеюс, пасля сваёй публікацыі ў лейпцыгскім часопісе насмеліўся прыехаць у краіну, лепшых вучоных мужоў якой пасмеў абразіць, скалануць самыя асновы акадэмічнай навукі?

Ой-ёй! Замест дабразычлівай гутаркі патрапілі на дыспут. Вочы пана загарэліся, ён пачаў сыпаць навуковымі тэрмінамі… А ягонае абурэнне, як Пранціш зразумеў, паходзіла ад таго, што Лёднік апублікаваў пра нейкае сваё адкрыццё раней, чым да таго ж дадумаўся містэр Роджэр, а ён усё жыццё збіраўся да гэтага дадумацца, а Лёднік, шарлатан такі, мроі аднакурсніка парушыў… Ды яшчэ пакрытыкаваў такія-сякія навуковыя высновы лонданскага калегі.

— Мы адправілі ў рэдакцыю ліст пратэсту супраць вашых інсінуацый! Усе падпісаліся — нават расхвалены вамі Джон Хук!

Тут Лёднік не вытрымаў і даў волю сарказму, і даходліва патлумачыў пану, што той са сваёй закаснелай і зашоранай свядомасцю ніколі б не дайшоў да таго адкрыцця, і ўвогуле кансерватары, прадстаўніком якіх ёсць містэр Роджэр, толькі перашкаджаюць сапраўдным вучоным, якіх зараз у Англіі шмат, і да якіх містэру Роджэру — як да зоркі Венеры…

Раз’ятранага прафесара Віленскай акадэміі спадарожнікі ледзь не сілком выцягнулі з шыкоўнага дому аднакурсніка-кансерватара, чый бледны невыразны твар пад канец спрэчкі набыў вельмі выразны бурачны колер.

— А іншых сяброў, Бутрым, у цябе тут няма? — папытаўся раздражнёны Пранціш, размазваючы па твары лонданскі туман.

— З навуковых колаў — як бачыце, лепей ні да каго не совацца… — адказаў Лёднік, вывучаючы свае далоні са шнарамі. — А іншыя ўплывовыя знаёмцы ў мяне такога ж кшталту, як вядомы вам айцец Габрыелюс. Ім я і на вочы патрапляць не хачу.

Пан Палоній Бжастоўскі раптам зусім па-хлапечы зарагатаў.

— Доктар, у вас нейкі асаблівы талент — выклікаць да сябе палкія, але адмоўныя, пачуцці… Нават пан Гервасій вас забіць збіраецца. Напэўна, і ў пана Вырвіча не раз рукі часаліся прыкончыць свайго вучонага слугу?

Пранціш толькі злосна зіркнуў на паненку, бо яна была права: тры гады таму пана Вырвіча не раз аж калаціла ад нянавісці да дзёрзкага халопа — няхай не забіць, але збіць яго, зламаць дужа хацелася. Тады й падумаць не мог, што халоп будзе ў якасці прафесара адпраўляць былога гаспадара ў карцэр.

Пан Гервасій злосна падбіў нагой кавалак вугля, які валяўся на бруку і які, магчыма, нейкі галадранец шпурляў у залачоную карэту.

— Можа, наезд ўчыніць? Падпільнаваць багатага махляра-купчыну, ці ліхвяра… Адабраць грошы ў злодзея — урону шляхецкай годнасці няма!

— Займацца рабаўніцтвам не будзем! — цвёрда заявіў Лёднік. — На маёй душы і так грахоў хапае.

— А давай я ў гулецкі дом пайду! Дзе стаўкі павышэй… — энергічна прапанаваў Пранціш. — Я ж і ў косткі, і ў карты…

— Абдзяруць, як ліпку, — адрэзаў прафесар, — Пры ўсіх вашых талентах і шанцаванні, вашамосць, гэта на апошняй лаўцы аўдыторыі вы аднакурснікаў абыгрываеце, а супраць мясцовых шулераў не пацягнеце… А яшчэ можна і лязо ў бок атрымаць.

— Дзе ж, вашамосці, у такім разе, мы да пазаўтрашняй раніцы здабудзем тысячу фунтаў? — са слязьмі ў голасе папыталася Паланэя. — Ведаеце, панства, я вельмі хачу зноў пахадзіць у сукенцы! А для гэтага трэба ўдала завершыць падарожжа.

Побач прайшла гандлярка рыбай, распаўсюджваючы вакол характэрны пах. Сукенка са шчыльнай тканіны і сцёганая спадніца рабілі постаць бясформнай і як высечанай з каменю, на галаве, паўзверх каптура, кабета несла кошык з таварам, у зубах дымілася кароткая люлька. Падобна, гэтая баба з Білінсгейтскага рынку магла б пабарукацца нават з панам Гервасіем.

Гандлярка ацэньваючым позіркам слізганула па засмучоных панах, нешта праспявала грубым голасам — мяркуючы па тым, як тузануўся Лёднік, дужа непрыстойнае, і пайшла сабе далей, няўмольная і незразумелая, як сам гэты горад.

Такая ў ручку пана цалаваць не стане.

Лёднік уздыхнуў, паглядзеў у шэрае неба, якое пачынала цямнець.

— Заўтра штось прыдумаем. Клічце, пан Вырвіч, рамізніка, паехалі ў гатэль.

А тады пачаўся яшчэ адзін цуд — таму што з надыходам на горад цемры паўсюль, каля кожнага дзясятага дому, пачалі запальваць ліхтары. Цэлая армія ліхтаршчыкаў, у высокіх капелюшах, з доўгімі палкамі на плячы, спрытна сноўгала ад ліхтара да ліхтара… У асветленыя кругі выходзілі жанчыны ў модных капялюшыках, грэючы рукі ў футраных муфтачках, прыхіляліся да ліхтароў у галантных позах, прахаджваліся, вызіраючы кліентаў. А галоўнае — вітрыны! Зашклёныя, вялікія! Усе крамы ззялі, як вокны палацу падчас балю. Светла было, як днём. Вось бы так учыніць у Менску і Вільні!

 

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ. ЛОНДАНСКІЯ КРУГІ

 

Злавіў ліцвін у лесе русалку, якая ўблыталася валасамі ў ягоную барану, дамоў, радасны, прывалок — а красуня гнілой рыбай смярдзіць, у валасах сараканожкі бегаюць, вішчыць, ажно галава баліць, ні да працы, ні да любошчаў… Памучыўся хлапец, памэнчыўся, дый завалок здабычу назад, у лес.

Чым бліжэй была таямніца доктара Дзі, тым трывожней рабілася Пранцішу, і ўсё часцей думалася — якога ражна ім той вогненны меч здаўся? Ці не давядзецца моцна расчаравацца? Нават жалезная чарапаха, узброеная гарматамі, якую калісьці зрабіў знаёмец Лёдніка Якуб Пфальцман для князя Гераніма Радзівіла, толькі случчанаў папалохала ды сцены пашчапала.

Калі яны вярнуліся ў гатэль, доктар, трохі адпачыўшы, узяўся за гімнастычныя практыкаванні, якія быў закінуў на караблі, калі зваліўся з марской хваробай. Потым рассунуў мэблю ў іх пакоі да сценаў, пазычыў у пана Бжастоўскага шаблю і ўчыніў пры святле свечак і каміну такі трэнінг па фехтаванні, што ў Пранціша і пана Агалінскага, якія мусілі ўдвох нападаць на доктара, кашулі сталі хоць выціскай. А Лёднік, арудуючы то адной шабляй, то двума адразу, усё быў сабой незадаволены. Хаця пан Агалінскі, у якога шабля чамусьці ўсё вылятала і вылятала з рукі, быў незадаволены яшчэ больш, калі не сказаць — раз’юшаны, і біўся наўсур’ёз. Потым Пранціш бачыў, як доктар пра нешта шэпчацца з гатэльшчыкам, суе яму грошы і цыдулку, а гатэльшчык з той цыдулкай некуды адсылае юнага служку.

А з кім доктар рыхтуецца схапіцца — так і не патлумачыў.

Нараніцу ўрок паўтарыўся, хоць і карацейшы. Доктар пабурчэў, што старэе, што кісці рук недастаткова гнуткія, і скача ўжо недастаткова хутка — ага, недастаткова, дваіх маладзейшых загнаў, як п’яны драгун коней, — і загадаў збірацца. Прычым склаў у доктарскую скураную валізу, якую тут набыў замест скрадзенай, бутэлечкі з лекамі, тканіну для перавязкі, маток шаўковых нітак з застрашліва вялікай крывой хірургічнай іголкай… Значыць, бойка будзе сур’ёзнай. Нездарма паспрабаваў пакінуць у гатэлі паненку Багінскую. Але Паланэйка на ўгаворы і застрашванні толькі злосна прагаварыла: «Камандваць будзеш дома жонкай, доктар».

Лёднік намёк пра зняволенне Саламеі зразумеў, сціснуў зубы і адвярнуўся.

Пан Гервасій радасна заўважыў, што даўно трэба было здабыць жаданае сумленнай шабляй, а не разводзіць марцыпаны… Але паехалі яны не ў бок абацтва тампліераў, а бліжэй да ракі. Лёднік адпусціў фурмана ў самым падазроным месцы, дзе чарнелі пачварныя збудаванні партавых складоў і швэндалася мноства самага злавеснага люду. Каля вузкага праходу між двума складамі, які пакідаў адчуванне пасткі і дзе знікалі мінакі — і чыста злодзейскага выгляду, і джэнтльмэны з карункавымі манжэтамі, стаяў, прываліўшыся да сцяны, грамідла ў скураной камізэльцы, скрыжаваўшы на грудзях рукі, якімі, напэўна, можна было выціскаць з камянёў ваду. Доктар з грамідлам пашаптаўся, сунуў манету… Той кіўнуў: праходзьце, маўляў.

І яны прайшлі.

Напачатку ўразіў шум. Людзі ў вялікім пустым памяшканні штурхаліся, крычалі… Пры сцяне мелася спецыяльная ложа, як у тэатры, там збіралася радавітая публіка. Прысутнічалі нават дамы ў вялізных капелюшах з упрыгожваннямі ў выглядзе маленькіх караблёў ды птушак, твары некаторых прыкрывалі маскі і вэлюмы. Дамы адчайна махалі веерамі, дэманструючы хваляванне тонкіх сваіх натур. Праз шэрагі вокнаў з запыленымі шыбамі праходзіла дастаткова святла, каб разгледзець да драбніцаў усё, што адбываецца на вольнай пляцоўцы пасярэдзіне залы, вакол якой кругам тоўпіліся гледачы. Зараз на ёй біліся два пеўні.

— Ты куды нас прывёў? — крыкнуў Лёдніку на вуха, перакрываючы тлум, пан Гервасій. — Мы што, на пеўняў зараз будзем ставіць?

— Гэта месца з самымі высокімі стаўкамі ў Лондане, — адказаў доктар. — Цяпер — толькі пачатак. Пасля будзе бойка на кулаках, а на завяршэнне — з халоднай зброяй.

Між тым чорны певень канчаткова задзёўб белага, і людское кола як па камандзе хуценька расступілася ўбакі, вызваляючы шырэйшы пляц. У руках забразгалі манеты, замільгалі папяровыя грошы, і пад ухвальныя выкрыкі на пляцоўку, закрапаную пеўневай крывёю, выйшлі два паўаголеныя байцы з кулакамі, абматанымі рамянямі.

Людзі зараўлі.

— Што яны ўсе выкрыкваюць? — папыталася панна Багінская. — Калі жанчыны біліся ля гатэлю, крычалі тое самае.

— Улюбёная фраза лонданцаў: «У круг!». Гэта значыць, будзе бойка, — спакойна адказаў доктар.

— Бутрым, ты што, збіраешся тут біцца на шаблях? У гэтай разбойніцкай ламарні? — з жахам здагадаўся Пранціш. — Ты ж прафесар! Вучоны!

— Ну вось, калі што, сам сябе і вылечу. Дарэчы, трымай лекі… Маеш шанец на медычную практыку.

Пранціш з самымі кепскімі прадчуваннямі прыняў цяжкую валізку.

Панна Багінская стаяла, грэбліва скрывіўшы тварык, і яе ніяк не цікавіла, якім чынам у сто першы раз зламае рабому боўдзілу нос другі боўдзіла, валасаты, як малпа.

— Вось скажыце, доктар, чаму вы заўсёды выбіраеце самы няўдзячны і стратны для ўласнага здароўя шлях? — з агідай папыталася панна. — Хіба цяжэй было прапанаваць якой герцагіні павялічыць яе дыяменты, вылечыць ад прышчоў альбо скласці парфуму, каб любы мужчына ад паху траціў галаву? Далібог, я б сама за такое не пашкадавала тысячу талераў!

— Заставалася за адзін дзень знайсці даверлівую герцагіню з лабараторыяй, павялічыць дыямент, скласці парфуму, вылечыць прышчы, а напачатку яшчэ ператварыцца ў шалбера, — прабурчэў доктар.

Людзі зараўлі, валасаты бамбіза, які перамог рабога, трос рукой з заціснутым у іх стосам папяровых грошай.

— І колькі ён атрымаў? — пацікавіўся Амерыканец.

— Фунтаў дваццаць, — мяркуючы па выразе твару, і Лёдніку не надта былі цікавыя кулачныя разборкі.

— Да тысячы далёка, — насмешна прамовіў пан Гервасій.

— Плацяць пераможцу кожнай бітвы, таму чым болей выйграеш боек — тым болей атрымаеш. І з кожнай бойкай прыз расце. Апошні з кулачных байцоў, які пераможа ўсіх, атрымае не менш за трыста фунтаў. А самыя вялікія грошы выплочваюцца падчас збройных паядынкаў.

— Але ж няма ніякай пэўнасці, што набярэцца менавіта тысяча! — абурыўся Пранціш.

— Значыць, трэба біцца, пакуль не набярэцца, — скрозь зубы прамовіў Лёднік і ўтаропіўся на пляц.

— У круг! У круг! — загарлалі гледачы. Высокі нязграбны дзядзька з лысым шышкаватым чэрапам стукаў сябе ў грудзі кулаком і нешта выкрыкваў, відаць, не знаходзячы суперніка. Раптам у кола выйшаў малады плячысты джэнтльмэн, які на хаду здымаў дарагі камзол.

— Гэта хто? — уразіўся пан Агалінскі.

— Мяркуючы па выкрыках, лорд Кавендзіш, — здзівіўся і Пранціш. — Няўжо сапраўдны лорд?

— А чаму і не? Арыстакраты таксама тут бяруць удзел, — няўважна азваўся Лёднік. — Чаго не зробіш ад нуды! А паназіраць нават герцагіні ездзяць.

— А ён вельмі прывабны! — вызіраючы з-за чужых плеч, ацаніла Паланэйка бялявага, добра складзенага лорда. Той апраўдаў яе захапленне, калі ўклаў лысага на дзясятым удары. Пераможанага хуценька адвалаклі за ногі з пляцоўкі.

— Сто пяцьдзесят фунтаў таму, хто адолее лорда Кавендзіша! — пракрычаў кіраўнік жорсткіх забаў. І тут здарылася нечаканае: пан Гервасій, які са з’яўленнем лорда пачаў праяўляць да бойкі непадробны інтарэс, з крыкам ірвануў наперад.

— Я, шляхціц, ліцвін Гервасій Агалінскі прымаю выклік ягонай мосці пана Кавендзіша!

Лёднік, Пранціш і Багінская праштурхаліся ўслед за Амерыканцам. А той ужо на прагных вачах натоўпу скідваў камзол, кашулю, парык і выскаляўся ў прадчуванні бойкі. Баўтрамей схапіў пана за плячо.

— Што вы творыце, вашамосць! Вы хоць ведаеце правілы гэтай гульні?

— Го, мяне ў нашым палку яшчэ ніхто не мог здужаць! Морду наб’ю ангельцу на раз! — пан Гервасій нахабна глядзеў у вочы высокаму бяляваму лорду, які механічна падскокваў на месцы, чакаючы суперніка.

— Пачакайце ж! — з прыкрасцю сказаў доктар, нешта пракрычаў, яму кінулі дзве скураныя палоскі, перамазаныя крывёй, і свежай, і засохлай. — Запамінайце… — Лёднік з дапамогай Пранціша пачаў абкручваць кулакі пана Гервасія пасамі, тлумачыць спехам правілы і даваць парады.

— Гоу! — гэтае слова Пранціш вывучыў добра.

Сотні вачэй зноў гарэлі грэшнай прагай чужых пакутаў і смерці. Да гэтага дадавалася магчымасць дармовых грошай, азарт, п’янкі, як мёд баторын. Нават панна Багінская кусала вусны ад нецярпення.

Лорда, аднак, на раз заваліць не ўдалося. Пан Гервасій выглядаў не горш за яго: плечы шырокія, адважны, хуткі, але лорд рухаўся больш дакладна. Агалінскі шалеў, ятрыўся, лупіў у вясёлым азарце, а ангелец пралічваў свае рухі з халоднай жорсткасцю, біў моўчкі, удары прымаў без лаянкі.

— Дурань, куды кідаецца! — каментаваў скрозь зубы дзеянні Амерыканца Лёднік. — Прапусціў у галаву — каб мазгі меў, дык без іх застаўся б.

Пранціш таксама нерваваўся: яму і самому хацелася б вось так, па-мужчынску… Каб захапляліся, каб панна Паланэя кусала ад хвалявання вусны… Эх, быць бы такім жа плячыстым, як пан Гервасій! Ці хоць высокім, як Лёднік. Затое ў спрытнасці студыёзусу роўных няма. Вось у гэты момант бойкі ён на месцы Амерыканца прысеў бы ды збоку…

Лёднік тузануў вучня за рукаў.

— Не ўздумай і ты нешта ўчыніць! Бачу, загарэўся… Толькі рыпніся — уласнаручна па галаве дам.

— Оў! — зараўлі вакол. Альбанчык патрапіў такі кулаком з усяе моцы ў сківіцу лорду. Лорд бразнуўся на падлогу, як ссечанае дрэва.

Сто пяцьдзесят фунтаў, перададзеныя ад пераможцы Пранцішу, студыёзус, навучаны горкім досведам, схаваў за пазухай, пад кашулю. Пан Гервасій з тварам, перамазаным чырвонай юхай, хадзіў па коле, шырока ўсміхаючыся разбітымі вуснамі, біў сябе ў грудзі, парослыя рудой поўсцю, і крычаў:

— Агалінскія не здаюцца! У славу пана Караля Радзівіла любога паб’ю! Жыве Беларусь!

Нехта сунуў замежнаму байцу бутэльку, як відаць, не з гарбатай, пан Агалінскі прагна прысмактаўся і зусім павесялеў.

— Давайце! Ну, гоў-гоў па вашаму. Хто наступны?

Лепей бы ён гэтага не зведаў. За прыз наступнага боя выйшаў змагацца сапраўдны Галіяф. Не меншы за Ватмана. Ягоная фізіяномія здавалася сабранай з кавалачкаў, лобныя косткі выступалі наперад, як у малпы, ніжняя сківіца была падобнай да кавадла. Маленькія вочы Галіяфа глядзелі невыразна, без злосці, без цікавасці.

— Ну, давай, малпа лонданская! — пан Гервасій з налёту ўрэзаў Галіяфу ў сківіцу-кавадла.

А той як не заўважыў. Нават галавой не паматаў. Панна Агалінская завішчэла, калі волат раптам выкінуў наперад сваю даўжэзную руку і, здаецца, лёгенька стукнуў пана Гервасія ў плячо, а той і пакаціўся…

Цяпер Пранцішу ўжо не хацелася самому быць у коле. Змаганне выглядала безнадзейным. Агалінскі кідаўся, лупіў — Галіяф ягоных удараў не заўважаў. Затое пан Гервасій раз за разам валіўся з ног, відаць, успамінаючы свой двубой з полацкім бычком у двары карчмы.

— Заб’ю! — хрыпеў Амерыканец, калі яго за ногі адцягвалі з пляцоўкі.

— Нічога, паўтары сотні фунтаў — добры ўнёсак, — суцяшаў Лёднік. — А гэты доўбня — падобна, тутэйшы чэмпіён, заўсёды перамагае.

— Вашамосць вельмі мужна трымаліся, — запэўніла Амерыканца Багінская.

— А замуж за мяне пойдзеш? — весела прахрыпеў Агалінскі, гледзячы на «нявесту» адзіным не запухлым вокам. — Я за жонку сваю яшчэ не так буду біцца!

У Пранціша ажно сэрца спынілася. Але Паланэйка толькі какетліва засмяялася.

— Ах, пан Агалінскі, хіба да такіх размоваў цяпер…

Пакуль Лёднік абмацваў Амерыканца, ставячы дыягназ, пакуль прыкладаў мазі, Галіяф сапраўды ўклаў яшчэ аднаго суперніка, чырванатварага, падобнага да бочкі, і атрымаў яшчэ дзвесце фунтаў і званне галоўнага сённяшняга пераможцы. Прычым чырванатвараму пашанцавала куды меней, чым пану Агалінскаму: Лёднік, кінуўшы вокам на бязвольнае цела, запэўніў, што ў небаракі зламаная шыя. Наўрад выжыве.

Пасля невялікага перапынку затрубіла труба, зусім як пры пабудцы ў казармах. Людзі зноў ажывіліся, заварушыліся, зазвінелі манетамі.

— Ну, усё, мая чарга, — вельмі будзённа сказаў Лёднік і рушыў наперад.

Цяпер біліся майстры халоднай зброі.

Супернікі тут таксама распраналіся да пояса — каб не было спакусы паддзець пад кашулю які панцыр, што часам рабілі. А без кашулі прафесара Лёдніка можна было прыняць за разбойніка-катаржаніна — з ягоным наборам разнастайных шнараў і жылістым, падцягнутым целам. Прафесар звязаў цёмныя валасы ў хвост і застыў у расслабленай паставе, апусціўшы шаблю.

— Містэр Айсман! — аб’явіў кіраўнік.

Вырвіч, нягледзячы на нярвовасць, ледзь не засмяяўся ад такога псеўданіму: ён ужо ведаў, што айс — гэта па-ангельску «лёд». Вядома, прафесару Віленскай акадэміі без патрэбы, каб у Еўропе даведаліся пра ягоныя подзьвігі ў якасці вулічнага байца.

Першым супраць «містэра Айсмана» выйшаў таксама немалады ваяр са слядамі шматлікіх ран, узброены палашом. Ён біўся разважна, спрактыкавана… Але супраць Лёдніка доўга пратрымацца не мог. Некалькі хвіляў — і палаш на падлозе. Мала хто здолеў нават прасачыць імклівыя рухі «містэра Айсмана». Пераможаны паважліва пакланіўся, як стары ваяр старому ваяру, і нават пажадаў удачы. Першыя пяцьдзесят фунтаў адправіліся да студыёзуса за пазуху.

Публіка шалела ад узрушэння. Супраць Баўтрамея выходзілі старыя і маладыя, прафесійныя забойцы і арыстакраты. Біліся на шпагах, рапірах і мячах. Лёднік працаваў акуратна і хутка. Зброя суперніка на падлозе — грошы забраць — перадаць на захаванне Вырвічу.

Вочы ў людзей гарэлі, як у вурдалакаў. Ім хацелася яшчэ большага, яшчэ ярчэйшага, яшчэ страшнейшага… Паступова з агульных выкрыкаў склалася адно слова, якое крычалі і дамы ў капелюшах, седзячы ў ложы, і разносчыкі газет, рамізнікі і докеры ўнізе: «Bloode! Bloode!». Што азначала «Крыві!». Вырвіч зразумеў, што гледачы незадаволеныя тым, што Лёднік нікога сур’ёзна не параніў і не забіў, і сам цэлы. А тут жа і лекары пільнавалі, каб зашываць на месцы раны — гэта было яшчэ адно асобнае відовішча.

Да Лёдніка наблізіўся кіраўнік, перагаварыў. Прафесар незадаволена кіўнуў галавой. Кіраўнік нешта пракрычаў, пасля чаго натоўп радасна загуў.

— Што ён сказаў? — устрывожана папытаўся Пранціш у стамлёнага палачаніна.

— Што цяпер бойка будзе працягвацца, пакуль адзін з супернікаў не зможа ўстаць. Адно слова, дзікуны.

Лёднік абцёр з ілба пот і ўздыхнуў.

— Зноў грэх на душу браць, людзей калечыць…

Укладваў людзей Лёднік, аднак, акуратна, з дасканалым веданнем анатоміі, каб не пакалечыць зусім. Але кроў лілася, і публіка была задаволеная. Сам прафесар дадаў да калекцыі шнараў пару драпін.

Стос грошай за пазухай Пранціша ўсё рос, і студыёзус нервова прыціскаў яго да сябе левай рукой.

— Ну што, тысяча ёсць? — прахрыпеў Лёднік пасля чарговай схваткі, падчас якой спрытны, як яшчарка, супернік ледзь са злосці насуперак усякім правілам не ўсадзіў доктару ў бок схаваны ў поясе нож.

— Усяго двух соцень не хапае.

— Тады трэба заканчваць.

Доктар пайшоў да распарадчыка на перамовы… І тут здарылася бяда. Адзін з пераможаных супернікаў, якога Лёднік, шкадуючы, толькі аглушыў плазам шаблі, чарнявы, з прыплюснутай злоснай фізіяноміяй, падскочыў да свайго пераможцы са спіны з аголеным палашом.

— Бутрым!

Лёднік ледзь паспеў азірнуцца і сустрэць лязо лязом… А на яго населі яшчэ некалькі, відаць з той жа банды. Замільгалі нажы… Пранціш дапамог доктару са сваёй шабляй, імгненна стаўшы спіна да спіны, не дарэмна натрэніраваны… Пан Агалінскі выкруціў руку з нажом аднаму з падлюкаў і прыклаў кулаком у лоб. Умяшаўся яшчэ той-сёй з публікі. Абурана закрычалі і ў ложы, асабліва патрабаваў навесці парадак лорд Кавендзіш, які, падобна, трохі ачуняў ад удару ў сківіцу. Парушальнікаў правіл з ганьбай вытурылі… Усё скончылася за пару хвіляў. Але прафесар стаяў, заціскаючы рукой глыбокі парэз на левым перадплеччы. Крыкнуў злосна распарадчыку, здаецца, што з кола не выходзіць, біцца працягне, той радасна заківаў.

Прафесар без цырымоній усеўся на падлогу, усё гэтак жа заціскаючы рукой рану, з-пад пальцаў лілася кроў, і загадаў Пранцішу:

— Зашывай!

Да параненага тут жа падбеглі мясцовыя лекары са сваім інструментарыем, але ліцвінскі калега выразна паслаў іх на чысцюткай латыні зашываць дзюбы таўэрскім крумкачам.

Паланэйка дапамагла Вырвічу дастаць з валізкі падрыхтаваныя Лёднікам інструменты.

— Голку і нітку ў спірце патрымай! — камандаваў Лёднік.

— Ведаю, не дылетант! — адрывіста адказаў Пранціш, цалкам засяроджваючыся на «медычнай практыцы». Публіка шчыра радавалася, намагаючыся прысунуцца як мага бліжэй, паназіраць за аперацыяй. Зусім як у касцёле ў Тамашова. Лэдзі і джэнтльмены ў ложы падносілі да вачэй акуляры на доўгіх ручках, выцягвалі шыі, каб лепш разгледзець працэс. Пан Гервасій некалькі разоў адсоўваў падалей цікаўнікаў, якія былі гатовыя носам у чужую рану дзюбнуцца, як сцярвятнікі. Адзінае, што мог прафесар — захоўваць гранічна пагардлівы выраз аблічча.

Вырвіч з дапамогай Паланэі, якая нат не паморшчылася ні разу, справіўся даволі хутка, аж заганарыўся, шчыльна перавязаў рану. Лёднік узняўся, пакруціў рукой, правяраючы:

— Нармальна!

Кіраўнік зараз жа абвесціў аб працягу відовішча, дакладней, ягонай апошняй і самай цікавай часткі. Містэр Айсман, які прадэманстраваў выдатнае валоданне зброяй, выклікае на бойку адразу дваіх. Прыз — пяцьсот фунтаў.

Лёднік стаяў у падманліва абыякавай паставе, апусціўшы галаву, у абодвух руках па шаблі. Гледачы перашэптваліся, перазіраліся. Падобна, містэр Айсман нагнаў на ўсіх страху. Нарэшце ў круг выйшлі двое: чарнявы ірландзец з абсечаным вухам і матрос каралеўскага флоту, з перабітым носам і залысінамі, на спіне якога красаваліся шнары ад удараў не менш, чым у Лёдніка. Да варажбіткі не хадзі — байцы спрактыкаваныя. Гледачы зараз жа пачалі рабіць стаўкі.

Ірландзец пастараўся заняць пазіцыю насупраць параненай рукі суперніка. Пранціш моцна сумняваўся, што гэта яму дапаможа. Аднак небяспека заставалася — прафесар стамлёны, паранены, вакол поўна тых, хто можа і нажом у спіну пырнуць, і падножку падставіць.

Але калі распарадчык выгукнуў «Гоў!», Вырвічу зноў прыйшло на думку параўнанне з чорнай змяюкай. Лёднік вырашыў учыніць для ангельцаў на развітанне відовішча і не спяшаўся завяршаць бойку, быццам хацеў давесці ненавіснікам, што атрыманая рана яго не зламала. Ягоныя рухі нагадвалі імклівы складаны танец, які заварожваў, як танец гадзюкаў, шаблі мільгалі, як маланкі. Першым з бойкі вылецеў ірландзец — Лёднік метадычна параніў яму абедзьве рукі. Амаль зараз жа бразнула на каменныя пліты шабля марака, а яе ўладальнік укленчыў, аслеплены крывёй, што цякла з неглыбокай раны на ілбе, і страшэнна лаяўся.

Доктар урачыста пакланіўся, атрымаў грошы, адмовіўся: распачаць палкае сяброўства з прыхільнікамі — скарыстацца з інтымных паслугаў захопленых дзявіцаў — адсёрбнуць з бутэлькі — прагуляць частку выйграных грошай у выдатным прытончыку, і кінуў кампаньёнам, апранаючыся на хаду:

— Цяпер самая складаная задача — рэтыравацца адсюль цэлымі і пры грашах. Панна Паланэя, трымайцеся між нас…

Трывога Лёдніка была зразумелай: вакол іх сабралася падазроная банда, кідаючы дужа зацікаўленыя позіркі. Пранціш узяўся за шаблю…

Раптам натоўп расступіўся, бандзюкі змрочна панурыліся. Да пана Гервасія падыходзіў у суправаджэнні да зубоў узброеных слуг лорд Кавендзіш з заўважна распухлай сківіцай, ад чаго вымаўляў словы не зусім выразна.

— Магчыма, шаноўныя чужаземцы гавораць па-французску?

— О, так! — узрадваўся пан Гервасій магчымасці нарэшце спакойна перагаварыць з роўным. — Рады бачыць, што вашамосць знаходзіцца ў добрым здароў’і. Дазвольце прадставіцца: шляхціц Гервасій Агалінскі.

Лорд расцягнуў вусны ва ўсмешцы, наколькі дазваляла пабітая сківіца, абвёў вачыма кампанію ліцвінаў, трохі затрымаўшы позірк на пане Бжастоўскім.

— Прапаную шаноўнаму панству скарыстацца маёй кампаніяй і маёй карэтай, каб пакінуць гэтае блаславёнае месца. Бо мне падаецца, што джэнтльмэны не зусім ведаюць мясцовыя звычаі і з гэтай прычыны могуць патрапіць у невыгоднае становішча.

Прапанова была прынятая з удзячнасцю і аказалася вельмі своечасовай, калі меркаваць па расчараваных фізіяноміях бандзюкоў.

У шыкоўнай прасторнай карэце месца хапіла ўсім. Лорд адкінуўся на абшытую залацістым атласам сценку.

— Дзе ваша краіна, сэр Агалінскі, уяўляю цьмяна, хаця сустракаў у Лондане князя Юзэфа Панятоўскага. Ён вельмі любіў рызыкоўныя прыгоды… Як і вы, джэнтльмэны.

Лорд гаварыў разняволена і трохі млява, як чалавек, які звык да ўлады. Пан Гервасій запэўніў суразмоўцу, што яны патрапілі ў гэты прытон толькі таму, што, прыехаўшы, былі абакрадзеныя. Лорд паціснуў плячыма.

— Вы маглі б прадаць сваю дзяўчынку. Я з задавальненнем яе куплю. Ліцвінак у мяне яшчэ не было.

Паланэя збялела.

— Гэта мая нявеста! — гнеўна сказаў пан Гервасій. Лорд млява падняў рукі.

— У такім разе прашу прабачыць мяне, вашамосць. Але ваш маскарад не можа падмануць спрактыкаванае вока. Я чуў, сярод таго зброду той-сёй змаўляўся вашу нявесту скрасці. Ведаеце, жанчыны — дарагі тавар. Асабліва адукаваныя, з манерамі.

На лорда з ягоным абыякава-вясёлым цынізмам немагчыма было злавацца. Ён быў з той пароды людзей, што, каб прабавіць час да ланчу, могуць здзейсніць подзвіг, выстраліць сабе ў рот альбо забіць выпадковага мінака з аднолькавай верагоднасцю і аднолькавым выразам твару. У пане Агалінскім лорд Кавендзіш прызнаў такога ж арыстакрата, што і падкрэсліваў, звяртачыся выключна да яго. На Лёдніка ж пазіраў са стрыманай паблажлівай цікавасцю:

— А вы, містэр Айсман, напэўна, былі жаўнерам?

Лёднік фанабэрыста варухнуў брывом.

— Я доктар, вашамосць.

Лорд зрабіў ласку недаверліва ўсміхнуцца.

— На вас сляды куль і ляза, гэта можа здарыцца паўсюль. Але столькі кіяў ды бізуноў, што прайшліся па вашай спіне, магчыма зарабіць толькі ў арміі, на флоце альбо на катарзе.

Пан Агалінскі перхануў і апусціў вочы. Ён выдатна ведаў, адкуль у Лёдніка шнары ад удараў — пастараўся старэйшы Агалінскі. Прафесар набыў яшчэ больш фанабэрысты выгляд.

— Скажам так, ваша мосць, я нейкі час знаходзіўся ў палоне.

Лорд Кавендзіш матнуў галавой, паказваючы адначасова і лёгкае спачуванне, і сваю абыякавасць да перыпетый Лёднікава жыцця. І зноў утаропіўся ў пана Агалінскага.

— Прапаную васпану яшчэ адно экзатычнае ўражанне: я ведаю адну прыемную кавярню з выбранай публікай, дзе можна пакурыць вельмі цікавы тытунь, прывезены з вастравоў… Да раніцы вы будзе падарожнічаць у самых смелых сваіх мроях…Складзеце кампанію, васпан?

На твары лорда прабягалі цені прыдарожных дрэваў, нібыта цёмныя анёлы. Пан Агалінскі, якога Лёднік на ўсялякі выпадак непрыкметна штурхануў локцем, уздыхнуў і адмовіўся.

— Тады, вашамосць, прадайце мне свайго целаахоўніка-доктара. Гэта надзвычай цікавае спалучэнне — дасканалы забойца і лекар у адной асобе…

Млявы голас лорда Кавендзіша гучэў так, што незразумела было, ці ён жартуе, ці гаворыць наўсур’ёз. Зразумела было адно: не дай Гасподзь яго раззлаваць.

Пасля ветлівых тлумачэнняў Лёдніка, што ён больш не прадаецца, лорд утаропіў светлыя невыразныя вочы ў фехтавальшчыка:

— Справа толькі ў цане. Вы ж сёння прадавалі сваё жыццё. І я прадаваў — за келіх рызыкі. Ты ствараеш кола — альбо ідзеш у кола. Я люблю паспрабаваць і тое, і тое. Год таму мы прыдумалі адну цікавую забаву… Чулі пра магаўкаў?

— Не, ваша мосць.

Твар лорда стаўся, як у цівуна над гультаяватымі жнейкамі.

— Мы так называемся ў гонар індзейцаў. Чырванаскурыя таксама не абцяжарваюць сябе развагамі пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Уявіце сабе: ідзе па вуліцы, апаганьваючы яе сваёй прысутнасцю, які-небудзь смярдзючы абшарпанец… Альбо пузаты мяшчук, які марыць хутчэй апынуцца ў ложку побач са сваёй таўсманнай жонкай…І раптам апынаецца ў коле ўзброеных шпагамі джэнтльменаў у чорных плашчах і масках. Ён пачынае пацець ад страху і намацвае кашалёк… І тут адчувае укол у паясніцу. Паварочваецца… І зноў яго колюць ззаду. Ён зноў паварочваецца… І яго зноў колюць у спіну. Задача ў тым, каб надаць рухам ахвяры дынамічнасць, каб ён круціўся як найхутчэй, і гэта нагадвала танец. Чым непаваротлівей і звыродлівей ахвяра, тым больш смешна атрымліваецца. Асабліва цікава з кабетамі… Яны вішчаць, падскокваюць, выгінаюцца…

— Вы і кабетаў перапыняеце? — абурыўся Пранціш.

— А што?

Вырвіча ажно трэсла ад гневу.

— Такія заняткі нявартыя шляхціца, ваша мосць!

— Альбо ты ўтвараеш кола, альбо стаіш пасярэдзіне яго, — абыякава прамовіў лорд. — Хочаце ў круг — вашая воля. Асабліва было б забаўна паназіраць за панам доктарам. Гэта быў бы адмысловы танец!

— Ды Баўтрамей парэзаў бы вашых «магаўкаў», як жаб на лабараторным стале!

Лорд не паспеў адказаць, улезла хуценька Паланэя:

— Сэр Кавендзіш, а ці ведае ваша мосць вельмішаноўную лэдзі Кларэнс? Магчыма, пан зробіць ласку нешта распавесці чужаземцам пра гэтую высакародную асобу?

Багінская зрабіла ўсё правільна: прадухіліла магчымы гнеў лорда, адцягнуўшы ягоную ўвагу бязвінным пытаннем, і пытанне было важнае…

Вось толькі ці не было яно бязвінным, ці лорд канчаткова розумам паехаў, толькі вочы яго ашклянелі, ангелец некалькі разоў ляснуў кулаком у сценку карэты, і фурман спыніў коней.

— Перапрашаю вашамосцяў, але далей везці вас не магу. Вельмі прыемна было пазнаёміцца, — пры апошніх словах шалёны лорд пакратаў апухлую сківіцу. — Арэвуар.

І, далібог, Вырвічу падалося, што ў абыякавых вачах лорда Кавендзіша паказалася сапраўдная нянавісць.

І нельга сказаць, каб усіх надта засмуціла неабходнасць пакінуць карэту — у таварыстве лорда пачувалася, як тым замежнікам, якіх у Нясвіжы, у гасцях у пана Караля Радзівіла, абслугоўвалі заміж лёкаяў смаргонскія мядзьведзі.

Пабіты пан Гервасій Агалінскі, парэзаны пан Баўтрамей Лёднік, напалоханая перспектывай выкрадання панна Паланэя Багінская і прыгнечаны тым, што не ўдалося здзейсніць подзвіг на вачах Чароўнай Дамы студыёзус Пранціш Вырвіч вярталіся ў гатэль «Дуб і Крумкач», да цяпла каміну. Пранціш пяшчотна прыціскаў рукою схаваны пад кашуляй стос заробленых ліцвінскай крывёй грошай.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ. СКРЫНКА ПАНДОРЫ

 

Як казаў старэйшы Даніла Вырвіч, вяртаючыся з карчомкі з пустымі кішэнямі, хутка прыйшлі, хутка пайшлі, што мядзяныя, што залатыя…

Папяровыя таксама доўга не пратрымаліся. Важны дварэцкі занёс тысячу фунтаў на срэбным блюдзе таемнай лэдзі Кларэнс, якая так і не з’явілася пакупнікам на вочы, тут жа выбег жвавы малады чалавек у сінім суконным камзоле, як высветлілася, натарыюс, дамова на куплю цаглянага памяшкання ў Кларкенуэле на імя містэра Баўтрамея Лёдніка была складзеная, падпісаная, засведчаная…

І вось яны стаяць перад змрочным будынкам, хутаючыся ў плашчы ад сцюдзёнага ветру, і дрэнныя прадчуванні мітусяцца вакол і джаляць, як дзікія восы.

— Віншую, доктар, цяпер у цябе ёсць уласны палац у Ангельшчыне! — зарагатаў пан Гервасій.

Квакеры пакінулі пустыя сцены, спартанскую мэблю і ўстойлівы пах ладану. Інтэр’еры былі новаму ўладальніку мала цікавыя, гасцей, як вупыроў і пацукоў, вабілі сутарэнні.

Вырвіч у дрыготкім святле свечак спускаўся па каменных вільготных прыступках і ўспамінаў, што гэтак жа давялося пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, і колькі там страшнага і ўражлівага перажыта… Застаецца спадзявацца, што ў лонданскіх сутарэннях усё будзе прасцей… І, вядома, што там увогуле нешта будзе.

І вось арка, і надпіс на ёй «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Дзверы не зачыненыя… Але за дзвярыма — нічога цікавага. Доўгае памяшканне без вокнаў, падлога ідзе ўніз… Адзінае, што сведчыла пра таемную гісторыю — на крайняй сцяне высечаныя лічбы, рассыпаныя бязладна, як сляпы сеяў. Прафесар адразу пачаў абмацваць камяні кладкі.

— Што цяпер, сцяну ламаць? — нервова спытаў пан Гервасій. — Тут без пораху не справішся. Вунь якія глыбы…

Але Лёднік толькі рукой махнуў, маўляў, не перашкаджай. Вывучаў каменні, ледзь не носам па іх водзячы, вышукваючы аднаму яму вядомыя знакі.

— Спадзяюся, я ўсё правільна расшыфраваў… — мармытаў доктар. — Так… Дванаццаць… Тройка і чацьверыца. Тры алхімічныя прынцыпы «tria prima»: сера — душа, што значыць пачуцці і жаданні, соль — зямное цела, іртуць — дух, які ахоплівае ўяўленне, судзіць пра маральнасці і разумовыя здольнасці. Чатыры элементы — вада, зямля, агонь і паветра… Тры станы рэчыва — цвёрды, вадкі, газападобны… Лічбы пладоў, зразумелыя толькі пасвечаным — трынаццаць… Дваццаць пяць… Супадае!

І націснуў адразу на два камяні ўнізе… Яны варухнуліся, заглыбіліся. Потым яшчэ на адзін… Нешта заскрыгатала, і каменныя глыбы раптам пасунуліся па спецыяльна ўкладзеных у падлогу сталёвых палосах. З цёмнага прагалу пацягнула холадам і смерцю.

— Сведчу, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў узяты на сябе абавязак прывесці азначаных асобаў да пячоры, намаляванай лялькай па імені Пандора, — раптам урачыста прагаварыў Пранціш Вырвіч, настроены абараняць інтарэсы настаўніка, бо той толькі ў бойках ды дыспутах такі пагрозны і спрактыкаваны, а па жыцці — як баранчык, якога ўсе імкнуцца завалачы на разніцу. Пан Гервасій Агалінскі, не адводзячы прагнага пагляду ад прагалу, гэтак жа ўрачыста прамовіў:

— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў частку нашай дамовы, і я стрымаю слова пра лёс свайго пляменніка.

— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў дадзенае майму брату абяцанне, і паспрыяю, каб яму вярнулі жонку, — прагаварыла і панна Паланэя Багінская.

— Вось чым вы доктара прыбралі да рук, — насмешна прамовіў пан Агалінскі. — Скрасці жанчыну! Вельмі годна! Пан Богуш казаў, што Багінскія ні перад чым не спыняцца.

— Можна падумаць, ягамосці Радзівілы моцна пераймаюцца маральнай асновай сваіх учынкаў! — рэзка адказала Паланэя. — Вы ўвогуле доктара лёсам маленькага хлопчыка трымаеце! Няма чаго казаць, высокая маральнасць!

— Доктар сам добрая цаца! — ноздры Амерыканца пачалі гнеўна раздзімацца. — Ды ён перад маім родам увесь у даўгу!

— І ў шнарах, — раззлаваўся Пранціш Вырвіч. — Можа, калі паны не супраць, яны ўсё-ткі разбяруцца цяпер са сваймі скарбамі самі?

— Яны разбяруцца! — Паланэя прымружыла блакітныя вочы. — Толькі рукамі наймітаў! Як на сойме ў Слоніме, калі паслугач пана Радзівіла Валовіч нападаў на майго брата! Пасмеў прыніжаць яго! У той час, як ягоны гаспадар заліваў вочы віном! А потым мой брат змушаны быў бараніць Воўчын, радавую сядзібу Панятоўскіх, ад радзівілаўскіх банд! Гэткі агідны і банальны наезд!

— А не агідна гэта, што ваш брат, жанаты, між іншым, мужчына, паехаў у Пецярбург, прапаноўвацца ў каханкі новай імператрыцы? — раз’юшыўся пан Агалінскі. — Жыў там, як самадайка, прабачце, на агледзінах! Ножкай па паркеце шваркаў перад немкай-царыцай, якая свайго мужа на той свет справадзіла! Радзівілы, прынамсі, ні пад каго не кладуцца!

— А ці не ваш Пане Каханку слаў ліст расейскай імператрыцы, як толькі тая аўдавела, пратэкцыі прасіў, у вернасці кляўся? — насмешна кінула Паланэйка. — Афронт атрымаў — вось і шалее! Вось і ўся ягоная незалежнасць!

— Няпраўда! — пачырванеў пан Гервасій. — Гэтага не можа быць! Не пісаў ягоная мосць Радзівіл такога ліста…

— Яшчэ як пісаў! — з’едліва прагаварыла Багінская. — І самымі куртуазнымі словамі! Карону выпрошваў! Магу сведкаў даць…

— Ды пан Караль — і без кароны кароль! — адчайна крыкнуў Агалінскі.

— Калі ён кароль, дык дзе хоць якая разумная справа, якую ён зрабіў для краіны? — Багінская гатовая была вочы вынуць «жаніху». — Медзвядзямі заміж лёкаяў гасцей палохаць? Мой пан брат мануфактуры ладзіць, дарогі пачыніў, тэатр ягоны найлепшы ў Еўропе!

— У Радзівілаў таксама мануфактуры і тэатры маюцца! — пан Гервасій ажно руку на дзяржальна шаблі паклаў, нібыта на сойме падчас гарачай дыскусіі.— Галоўнае — ён незалежнасць княства бароніць! Бо ў Статуце сказана — чалавеку пачціваму нічога не можа быць даражэй за вольнасць, бо яна — скарб, які ніводнаю сумаю пераплачаны быці не можа.

— Ён абароніць вольнасць! — узвысіла голас Паланэйка. — Патопіць краіну ў п’янстве ды звадах! У дзяржаве павінна быць моцная рука — і ўладар павінен быць чалавекам разважлівым і адукаваным, як мой пан брат!

— Панове, можа быць, працягнем пошук? — прапанаваў Пранціш Вырвіч, сумна думаючы, што насамрэч усе яны сюды патрапілі з-за інтрыгаў расейскага шпіёна, і трон ужо прадназначаны не Багінскім і не Радзівілам, а Цялку-Панятоўскаму.

У вузкі праход, які адкрыўся пад аркай, Амерыканец і Паланэйка ўмудрыліся са злосці праціснуцца разам. Амерыканец у адной руцэ трымаў ліхтар, у другой — шаблю. Паланэя — Пранціш мог прысягнуць — пад плашчом сціскала сімпатычны востранькі кінжальчык, Вырвіч неаднойчы заўважаў, як яна яго перахоўвае.

Лёднік прываліўся спіной да сцяны збоку ад уваходу і стамлёна прымружыў вочы. Падобна, цікавасць да спадчыны доктара Дзі ў яго за доўгі шлях канчаткова выветрылася.

Расчараваныя крыкі змусілі студыёзуса і прафесара рушыць за спадарожнікамі. Нічога не знайшоўшы ў маленькім памяшканні, больш падобным да калідора, тыя вывучалі яшчэ адну сцяну, за якой гіпатэтычна мог хавацца праход. Гэта была пліта, адрозная ад іншых сценаў. Мяккі вапняк, прыкрашаны барэльефам, што нагадваў дрэва, заміж лістоў на ім раслі лічбы і літары. Лёднік цяжка ўздыхнуў. Ягоная місія не скончылася.

— Та-ак, перад намі arbor raritatis, дрэва рэдкасці, — прафесар вадзіў доўгімі пальцамі па абрысах барэльефа. — Гэтак доктар Дзі выяўляў чалавечае жыццё. На кожным ярусе дрэва чалавек праводзіць сем год, а пасля робіць выбар, куды рухацца далей… Бачыце, разгалінаванні ў форме літары іпсілон? Сем — сума мужчынскай лічбы тры і жаночай чатыры. Таму задачу на кожным этапе чалавек павінен выканаць дваістую. Завершанасць — гэта восем ступеняў… Ва ўзросце чатыры на сем, гэта значыць, у дваццаць восем гадоў, галоўны выбар — або мы робімся эгацэнтрыкамі і тыранамі, выбіраючы матэрыяльны свет, ці пнеўматыкамі — праз элементы паветра і вады падымаемся да духа агня, становімся філосафамі… І апошняя ступень перад пасвячэннем — пяцьдзесят шэсць гадоў… Літара І… Просты шлях уверх.

Паралельна сваім разважанням прафесар націскаў на адпаведныя часткі барэльефу. Пліта прадказальна адсунулася.

— І не нудзіць быць такім вучоным? — прабурчэў пан Гервасій і палез за паннай Багінскай, якая ўжо заскочыла ў новае памяшканне.

— Труна, ці што? — напружана папытаўся пан Агалінскі, сузіраючы доўгую скрынку з пакрытага чорным лакам дрэва, якая займала амаль увесь маленькі пакой.

Лёднік уважліва агледзеў скляпеністыя сцены, каменную падлогу, прастукаў, памацаў.

— Нічога тут больш няма. Доктар быў пазёр, каб што яшчэ схаваў — пакінуў бы філасофскія загадкі. Давайце гэта вынесем на святло.

Скрынка была падазрона лёгкай. Пранціш, якога ўсё-ткі прабраў азарт, пераконваў сябе, што, магчыма, Дзі прыдумаў невялікі вогненны меч, які павінен змяшчацца ў руцэ.

А наверсе іх чакалі.

Сапраўды, не магло ўсё аказацца так проста. Дзесяткі са два, узброеныя ўсім, чым могуць быць узброеныя найміты на службе ў дужа важнай персоны.

А вось і тая персона…

Скрынка ляснулася аб падлогу, Лёднік, Пранціш і Агалінскі выхапілі шаблі, панна Багінская мудра схавалася з кінжальчыкам за спіну «містэра Айсмана», чэмпіёна вулічнага бою.

Да іх падыходзіла Пандора.

Такая самая, як сядзела ў лабараторыі Віленскай акадэміі. Толькі вочы меншыя, нармальнай, чалавечай, велічыні, і старэйшай яна стала. Гэтай Пандоры, у моднай сукні са светла-шэрага шоўку і лазуркавага аксаміту, усыпанай перлінамі і расшытай срэбрам, з белым футрам, няўважна накінутым зверху, у сінім капелюшы, упрыгожаным тым жа белым футрам, можна было даць гадоў дваццаць пяць. Але звыкла ўладны твар, уладны да жорсткага, быў як бы не падлеглы ўзросту — не твар, а маска, не чалавек, а «сымболь у парчы з лілеямі».

— Адчыняйце! — скамандвала Пандора па-нямецку, і яе слугі заваждаліся з масянжовымі пасамі, якія перацягвалі скрынку.

— Трэба меркаваць, маем гонар бачыць лэдзі Кларэнс? — ветліва па-нямецку прамовіў Лёднік, схіліўшыся ў свецкім паклоне.

— Можаце называць мяне і так, — няўважна адказала Пандора, пільна назіраючы за працэсам адкрывання чорнай скрынкі.

— Зусім як у антычным міфе, — прашаптаў Пранціш прафесару. Той пасміхнуўся куточкам роту. Чароўная Пандора зноў збіралася адчыняць чорную скрынку, у якой былі схаваныя ўсе беды чалавецтва.

Нарэшце накрыўка адляцела, і зацікаўленыя асобы прагна ўтаропіліся ўнутр… Нічога падобнага на меч там не аказалася, але лэдзі Кларэнс выхапіла срэбны футарал, у якім звычайна захоўвалі старажытныя пергаменты. Слуга пачціва дапамог яго раскруціць, дастаў пажаўцелыя скруткі. І лэдзі паглыбілася ў вывучэнне папер. Каралеўскія пячаткі, якія віселі на прымацаваных да пергамента шнурах, сведчылі, што гэта не проста вершы ці прыватныя лісты, а кляйноды. Дакументы асаблівай важнасці.

Пан Гервасій адштурхнуў плячом слугу, які стаяў ля скрынкі, і памацаў незразумелую канструкцыю, якая засталася ўнутры: падобна да футарала для чагосьці доўгага, з устаўленымі пад рознымі вугламі люстэркамі… Паланэйка хуценька ўзяла іншую дзівосную рэч — крышталёвы чэрап. Неверагодна дакладна зроблены, ажно можна ўявіць, што гэта сапраўды парэшткі такога вось празрыстага хрусткага чалавека… Ці не чалавека? Бо чэрап быў неяк занадта выцягнуты ўверх. Лёднік жа схапіўся за сшытак у цвёрдай скураной вокладцы, які ляжаў у той жа скрынцы, пагартаў, учытаўся…

— Ну, стары махляр! — раптам вырвалася ў прафесара. — А я — стары дурань… — тут жа прызнаўся са скрухай. — Дроцікі Індры, светлавая энергія, «ёсць шмат чаго на свеце, друг Гарацыё…» Фокусы адны!

— А вы чакалі знайсці тут нешта навукова вартае? — насмешна спыталася лэдзі, задаволена скручваючы прачытаныя пергаменты. Яе нямецкі быў зусім без акцэнту. — І ў такую далеч за гэтым прыехалі? Тое, што доктар Дзі — махляр, вы, слынны прафесар Баўтрамеюс Лёднік, павінны былі ведаць.

Прафесар пачціва пакланіўся.

— Ваша светласць ведае мяне?

Пандора, як найвялікшую каштоўнасць, паклала клейноды ў пазалочаную скрынку, якую ёй з паклонам падаў лёкай, з дапамогай прыслужніцы ўселася на прынесеную абцягнутую аксамітам лавачку, пагладзіла сабачку, агідна малога, пухнатага і пляскатапысага, якога ёй паднёс другі лёкай, і толькі тады зрабіла ласку адказаць.

— За вамі назіралі, доктар. Калі вы захацелі набыць будынак «Агню і жалеза», я адразу западозрыла, што мы з вамі ўжо сустракаліся. Толькі я была ў васковым выглядзе. Спадзяюся, вы не здымалі з мяне сукенкі? Па разгубленай фізіяноміі гэтага маладога чалавека бачу, што здымалі… Ну і як я вам спадабалася, васпан?

Лэдзі зарагатала, гледзячы на збянтэжанага студыёзуса — відаць па ўсім, яна займала гэткае высокае становішча, што магла дазволіць сабе вольныя жарты і не абцяжарвацца пільнаваннем этыкету ў размовах з тымі, хто нашмат ніжэй.

Панна Багінская вырашыла, што па сваім статусе яна з іх кампаніі больш за ўсіх адпавядае лэдзі, і высунулася наперад, трымаючы пад пахай крышталёвы чэрап, які, падобна, цвёрда намервалася прыўлашчыць.

— Дазвольце прадставіцца, вашамосць — я княжна Паланэя Багінская, сястра генерал-маёра войскаў Вялікага княства Літоўскага князя Міхала Казіміра Багінскага… Прызнацца, я не зусім разумею, што адбываецца.

— Захапляюся смеласцю князёўны, якая адправілася ў такую авантуру, ды яшчэ пераапранутай у мужчынскі касцюм, — прамовіла з лёгкім паклонам лэдзі Кларэнс. — Паверце, вашамосць, я не насмешнічаю — я і сама здольная на такія прыгоды, — лэдзі зноў засмяялася, хаця яе шэрыя вочы заставаліся халоднымі, як горны крышталь. Пандора падала знак, і для панны Багінскай таксама прынеслі прыгожанькую лавачку, на якую панна зараз жа і ўселася ўрачыста, дэманструючы звыкласць да прыдворных паводзінаў.

— Як вы здагадаліся, я ў адрозненне ад вас знайшла, што хацела, — лэдзі паказала на куфэрак з клейнодамі. — Без гэтых папер нашаму роду было цяжка весці барацьбу за спадчынныя землі і права займаць высокае становішча… Магчыма, самае высокае ў дзяржаве.

Вочы Пандоры злавесна бліснулі.

— Пракляты доктар Дзі! Вы ведаеце, як каралева Бес, Лізавета, яго адорвала, давярала яму… А ён пад канец яе жыцця зусім разбэсціўся. Заняўся чорнай магіяй. Звязаўся з Келі, у якога вушы былі абрэзаныя за падробку манетаў. Ды за адну афёру з няшчасным польскім графам Лестэрскім, якога яны ўшчэнт абабралі, Дзі варта было пасадзіць у Таўэр! Кароль Джэймс дык увогуле махляра пагнаў. Але Дзі, быў час, знаходзіўся вельмі блізка ад трону. Яму давяралі на захаванне важныя дакументы. Прынамсі, тыя, што тычыліся паходжання майго прадзеда. Так, прадзед быў каралеўскага роду.

— Вы кажаце пра сына лорда Дадлі і каралевы? — удакладніла панна Багінская. Лэдзі скрывілася.

— Давайце не называць імёнаў! Усё трымалася ў такой таямніцы, што яна дагэтуль можа забіваць. Мой прапрадзед меў уплыў на каралеву і ўсяляк угаворваў яе прагнаць махляра Дзі і перастаць верыць ягоным прадказанням. Урэшце доктар патрапіў у апалу. Яго выгналі з Кембрыджу… І пасля смерці каралевы доктар Дзі вырашыў адпомсціць. І дакументы, якімі мае продкі маглі пацвердзіць высокае паходжанне, зніклі.

Дасканалыя рысы Пандоры выказалі лёгкую пагарду.

— Учынак гэтага паганага доктара пазбавіў наш род надзеі на трон. З тэстаменту доктара Дзі стала зразумела, што клейноды, засведчаныя каралевай Лізаветай, дзесьці перахаваныя. Гаварылі, што доктар даверыў ключ да сваіх скарбаў васковай ляльцы. Але прадзед жыў у Нямеччыне, змушаны хавацца ад ворагаў, якія баяліся, што ён уступіць у змаганне за ўладу. Калі ён змог вярнуцца ў Англію, каб адшукаць васковую ляльку — якая, дарэчы, была зробленая ў выглядзе самога доктара — той ужо не існавала. Пры каралі Джэймсе мніхі яе спалілі, як д’ябальскую рэч, і па-свойму мелі рацыю. А далей — выпадак… — Пандора коратка ўздыхнула, расправіла складачку на спадніцы, як быццам не было нічога важней за тое, каб гэтая складачка была раўнюткай, кранула капялюш — прыслуга адразу ж паднесла пані круглае люстэрка ў залатой аправе, якому Пандора ласкава ўсміхнулася, і працягнула гаварыць, любуючыся сабой. — Я, ведаеце, мала жыла ў Англіі. У нас замкі ў Нямеччыне, Швейцарыі… Калі ў Швейцарыі пайшла мода на васковых лялек, бацька захацеў замовіць такую ў вядомага майстра, Вакансона. У выглядзе мяне — усе з маленства захапляліся маёй прыгажосцю. — Лэдзі сказала гэта без усялякага какецтва, проста як факт, ласкава ўсміхнулася люстэрку і нарэшце адвяла ад яго вочы. — Гэта было забаўна… З мяне здымалі маскі, абмяралі. Майстар і распавёў, што да яго звярнуліся ад ліцвінскага князя… як яго… Эрдзівіла… Папрасілі пабудаваць аўтамат на аснове старажытнага механізма. Як толькі прагучэла імя доктара Дзі, мой бацька адразу зразумеў, што гэта шанец! Прапанаваў Вакансону выкарыстаць для лялькі з механізмам доктара Дзі маё аблічча… Майстар працаваў тры гады, пакуль я, васковая, пачала маляваць свой малюнак.

— Тады ваш бацька заплаціў, каб майстар прыбраў з механізму важную дэтальку, і малюнак больш ні для каго не з’яўляўся. Каб аўтамат пры наладжванні мог крэсліць толькі нешта няпэўнае, — працягнуў Лёднік.

— А навошта было дзяліцца таямніцай? — пасміхнулася Пандора. — Бацька гатовы быў і сам аўтамат выкупіць — толькі Вакансон страшэнна ўпарты і дзёрзкі. Ах, слова гонару, рэпутацыя майстра, павінен выканаць заказ кліента — нават пад страхам смерці. Бацька задаволіўся тым, што малюнак быў у нас, а аўтамат сапсаваны. Дзе знаходзіцца скарб, здагадацца было няцяжка: дом, празваны «Агонь і жалеза», пабудаваны над сутарэннямі, дзе калісьці дзейнічала таемная лабараторыя доктара Дзі і адбываліся зборышчы адэптаў-чарнакніжнікаў. Бацька адразу выкупіў гэты будынак. Паверце, абшукалі яго грунтоўна. Але ніякіх сховішчаў адкрыць не ўдалося. Бацька падумваў разабраць усё па каменьчыку… Але пачаліся чарговыя палітычныя мітрэнгі, мы з’ехалі. Бацька памёр… І я вярнулася сюды толькі нядаўна. У таемнае сховішча ў гэтым доме, прызнацца, я больш не верыла. Каб яно было, даўно адшукалі б. Хто ж ведаў, што ў далёкай краіне знойдзецца доктар, які пачыніць аўтамат, расшыфруе малюнак… І з’явіцца сам, каб залезці па скарб.

Лэдзі Кларэнс кінула паблажлівы позірк на Лёдніка і зноў звярнулася да Багінскай.

— Я аддала дом квакерам, бо ён карыстаўся такой дрэннай славай, што маглі падпаліць. А так — святыя людзі, моляцца ўдзень і ўначы. Але і яны пачалі вярзці лухту пра нейкіх прывідаў, доктара Дзі, Урыеля. І я вырашыла халупу гэтую прадаць.

— А чаму вы шукалі тут клейноды? Ягоная мосць пан Геранім Радзівіл марыў пра вогненны меч… Ды і наш доктар прыйшоў да той жа высновы, — папыталася панна Багінская. Пандора іранічна хмыкнула.

— Для нас тут не было загадкі. Агонь — сімвал нашага радавога герба. Жалеза — прысутнічае ў гербе нашых палітычных праціўнікаў у выглядзе мяча. Перамога агню над жалезам — гэта пацверджанне нашай каралеўскай крыві!

— Чакайце, — вылез Пранціш, — але вогненны меч існаваў! Разрэзаныя латы!

— А пра гэта давайце доктара спытаем…

Лёднік змрочна пакланіўся слухачам і загаварыў павучальна, як на лекцыі.

— Мяркуючы па тым, што мне ўдалося зараз прачытаць у сшытку доктара Дзі, тут прысутнічаюць ажно два вогненныя мячы. Альбо прылады, якія пераламляюць і ўзмацняюць светлавы промень. Канструкцыя, якая так спадабалася пану Агалінскаму — макет прыбора, у якім сонечны промень праходзіць праз сістэму люстэрак і можа падпаліць, ну, скажам, ветразь карабля. У добрае сонечнае надвор’е. Архімед у свой час такое ладзіў. Праўда, рабіць гэтую прыладу трэба футаў сем вышынёй, але жалеза рэзаць усё адно не зможа. Затое ў сшытку намаляваная схема, як, выкарыстоўваючы люстраныя шчыты і скрытыя камеры, падмяняць у гэтым прыборы на вачах уражанай публікі цэлыя прадметы загадзя рассечанымі. Псіхалагічнае ўздзеянне можа быць вялікім.

— А чэрап? — ускрыкнула расчараваная панна Багінская.

— А чэрап, вашамосць, правобраз гэтай машыны. Думаю, доктору Дзі прывезлі яго з Амерыкі, — пан Гервасій адразу кінуў на чэрап зацікаўлены позірк. — Доктар Дзі вывучыў яго ўласцівасці і захацеў скарыстаць прынцып. Пакладзіце яго на роўную паверхню…

Паланэйка паставіла ўпадабаны рарытэт на скрынку для фокусаў. Лёднік зазірнуў у сшытак, зверыўся з намаляванай там схемай і акуратна паднёс запалены ліхтар да крышталёвага «твару»: зараз жа вочы чэрапа зырка запалалі адлюстраваным агнём, як бы з іх вырваліся два промні. Гэта было так страшна, што Паланэйка войкнула, і нават лэдзі Кларэнс уздрыгнула, а тады ляніва папляскала ў ладкі.

— Брава, прафесар, доктар Дзі мае вартага спадчынніка. Можаце забіраць усе гэтыя рэчы. Вы ж купілі іх разам з домам, — пасміхнулася. — Мне, дарэчы, вельмі цікава было назіраць, як вы здабываеце грошы. Гэта ваш, доктар, сябар з каралеўскага навуковага таварыства, да якога мае людзі наведаліся пасля вашага візіту, распавёў пра шарлатана і блюзнера прафесара Лёдніка вельмі шмат цікавага. А назаўтра я сама паназірала за вашым выступленнем у маім улюбёным байцоўскім клубе. Мне паведамілі, што вы паслалі заяўку на ўдзел. Я была ў ложы, у белым капелюшы, пад маскай. Я атрымала задавальненне, — лэдзі Кавендзіш прылашчыла сабачку, якога ёй зноў паднеслі па ейным знаку, і агледзела Лёдніка неяк вельмі нядобра, ацэньваюча, як быццам збіралася набываць новы прадмет мэблі і прыкідвае, у які пакой яго лепей паставіць. — Дарэчы, я папрасіла свайго сябра, лорда Кавендзіша, праводзіць вас дамоў. Іначай, баюся, мы б сёння не размаўлялі.

Паланэйка ветліва пакланілася.

— Дзякуем, вашамосць. Але ягоная мосць лорд Кавендзіш неяк дзіўна сябе паводзіў: як толькі я спыталася пра вашую персону, высадзіў нас з карэты.

Пандора адкінула галаву і засмяялася, як з гары едучы.

— О, а я думаю, чаму ён сёння не адказаў на цыдулку! — няўважна скінула з калень сабачку, які пакрыўджана віскнуў. — Лорд мілы, але трохі надакучлівы. Чамусьці прыдумаў сабе, што ён у мяне закаханы. Мой муж з-за гэтага над ім увесь час жартуе. Мне давялося запэўніць сэра Джона Кавендзіша, што я з чатырма чужаземцамі асабіста не знаёмая… Што справа чыста палітычная… А тут высвятляецца, што вы мною цікавіцеся. Што ж, давядзецца пакараць ягоную светласць за такую смешную рэўнасць.

Пранціш глядзеў, як варушацца дасканала акрэсленыя вусны Пандоры, як яна манерна расцягвае словы, і яму здавалася, што гэта гаворыць аўтамат. Цяпер была бачна падобнасць — не знешняя, а ўнутраная — лэдзі Кларэнс і лорда Кавендзіша. Гэткая абыякавасць да жыцця і смерці — і чужых, і ўласных, упэўненасць, што кожны капрыз павінен задавальняцца… Жорсткасць дзіцяці, якое надзімае праз саломінку жабу і абрывае крылцы мухам, і проста не ў змозе асэнсаваць чужы боль.

— Ну, час ісці. Ах, гэтая палітычная барацьба аднімае так шмат сілаў! — лэдзі з дапамогай прыслугі ўстала, зноў паправіла капялюш. — Я хачу прыдумаць асаблівы гальштук для вігаў. Элегантны і трошкі з выклікам.

Панна Багінская адвесіла развітальны паклон з некаторай няёмкасцю — каб была ў сукенцы, прысела б у рэверансе. Пан Гервасій таксама пачуваўся пакрыўджаным, бо лэдзі таксама вызначыла кожнаму сваё месца. На гэты раз княжна Багінская — дзесьці блізка па статусе, пан Агалінскі — ніжэй на прыступку, і размоў не варты, Пранціш Вырвіш — яшчэ ніжэй… Паж, які трымае шлейф. А Лёднік — так, блазан, забаўка.

А з забаўкамі можна не цырымоніцца. Лэдзі наставіла на прафесара палец, абцягнуты танюткай скурай пальчаткі.

— Паедзеце са мной.

Прафесар нават разгубіўся ад нечаканасці.

— Навошта, вашамосць?

— Лячыць мяне будзеце, — лэдзі насмешна глядзела на доктара, і было ў яе паглядзе штось драпежнае. — Як вы фехтуеце, я бачыла. Цяпер пакажаце свой медыцынскі талент.

Лёднік ледзь стрымліваў злосць.

— Я не ўзяў інструментаў і лекаў.

— У маім палацы знойдуцца, — здавалася, Пандора падцягвае да сябе на павадку няшчаснага шчанючка, які ўпіраецца ўсімі чатырма лапамі, вішчыць, але ўсё роўна апынецца ў дасяжнасці гаспадарскага бізуна. — Нічога кепскага з вамі не здарыцца.

— У такім разе, ваша светласць, я вазьму з сабой асістэнта, — Лёднік паказаў на Пранціша, але лэдзі холадна сказала:

— Не. Вы справіцеся адзін. Спадзяюся.

У апошнім слове прагучэла пагроза. Вусны Лёдніка падціснуліся, вочы загарэліся, ён гатовы быў узарвацца, але Паланэйка кальнула яго сваім кінжальчыкам у бок і, прыўзняўшыся на дыбачкі, прашаптала на вуха, захоўваючы мілы выраз тварыку.

— Калі вы, доктар, зараз працягнеце ламацца, як дзяўчынка-цнатліўка, далібог, сама вас зарэжу, не чакаючы, пакуль слугі лэдзі гэта зробяць. Ну, усміхайцеся і наперад!

У вачах Пандоры, якая пачынала ўсведамляць нечуванае — непакорства яе волі, з’явілася нешта такое… «Заб’юць усіх», — мільганула ў галаве Пранціша.

Прафесар усміхацца і не падумаў, ад гневу ён змог толькі павярнуць галаву ў бок Багінскай і прашыпець лаянку на лаціне, наконт «чым вышэй, тым разбэшчаней», але за лэдзі сышоў.

— С-сука… — толькі і сказаў пан Агалінскі, калі яны засталіся адны ў пустым, як сумленне прафесійнага злодзея, доме. — Садрала з нас тысячу фунтаў для смеху! Адчынілі для яе скарбніцу, знайшлі клейноды, якія два стагоддзі сям’я шукала… А яна пасмяялася ды яшчэ і доктара звезла!

Вырвіч не знаходзіў месца ад трывогі. Мела рацыю пані Саламея. Лялька сапраўды нядобрая і небяспечная! Варта было ёй ажыць — і яна схапіла таго, хто насмеліўся яе ажывіць. Проста страшная казка!

— Можа, прабрацца за ім у палац? Што гэтая шалёная з Бутрымам вытварыць?

Пан Гервасій здзекліва зарагатаў, а панна Багінская фыркнула над наіўнасцю студыёзуса:

— Думаю, твой былы слуга атрымае цікавую кампенсацыю за тысячу фунтаў. Лэдзі ж сказала, што збіраецца адпомсціць лорду Кавендзішу за дарэмную рэўнасць.

Пранціш пачырванеў ад бруднага намёку. Усё-ткі прыдворнае жыццё заўважна разбэшчвае людзей! Неверагодна прыгожая і радавітая асоба каралеўскай крыві, замужняя, — што ён сын полацкага гарбара? Ды яшчэ немалады, худы, дзюбаносы і такі з’едлівы, што аб язык парэзацца можна.

А пан Гервасій яшчэ і дадаў:

— Не здзіўлюся, калі лэдзі пасля кожнага наведвання байцоўскага клуба залучае да сябе чэмпіёнаў. Нават самых страхотных. А Лёднік твой перад радавітасцю дам ніколі не спыняўся.

У ягоным голасе чуліся ноткі зайздрасці і злосці.

У гатэлі яны проста сядзелі і маўчалі, як паляўнічыя, што дэкляравалі ўпаляваць зубра, а ледзь падстрэлілі па курапатцы. Пан Гервасій паклаў ногі на скрынку з люстэркамі, панна Паланэя выкарыстала крышталёвы чэрап як падстаўку для парыка. Абодва, падобна, прыдумвалі, як найлепей распавесці тым, хто іх паслаў, пра каштоўнасць здабытых не вельмі ўражлівых рэліквій. Вядома, спадзеў быў на Лёдніка.

А той усё не вяртаўся. Пранціш усю сцяну шабляй скалоў, адпрацоўваючы хітры ўдар, які падгледзеў у прафесара падчас ягонага апошняга паядынку.

З’явіўся доктар толькі раніцай. Прыйшоў стамлёны, злосны, як шэршань, сцяўшы зубы, скінуў камзол, парык, боты і ўпаў ніцма на ложак. Вырвіч заўважыў, што на рукаве ягонай кашулі, над павязкай, якая сцягвала рану, праступіла кроў.

— Што там адбылося, Бутрым? — не вытрымаў студыёзус. — Ты ў парадку?

— Ты чытаў біблейскую гісторыю пра святога Ёзафа, якога дарэмна спакушала жонка вяльможы Патыфара? — глуха, у падушку прагаварыў Лёднік, у якога, падобна, не было сіл павярнуць галавы.

— Т-так, нешта памятаю… — прамармытаў Пранціш у кепскіх прадчуваннях.

— Дык вось, высветлілася, я не святы Ёзаф, — сказаў Лёднік.

Пан Гервасій і панна Паланэя рагаталі доўга, але сцішана.

Злаваць прафесара яшчэ больш не хацелася нікому.

Але гэта адбылося ўвечары. Калі заспанага Лёдніка расштурхалі, каб уручыць перададзены з расфуфыраным лёкаем падарунак: тысячу фунтаў, толькі не ў банкнотах, а ў пераліку на паўнавесныя нямецкія цэхіны, і цудоўную турэцкую шаблю-кілідж, у похвах, усыпаных каштоўнымі камянямі.

Доктар адшпурнуў мяшок з цэхінамі, быццам той таксама квапіўся на ягоную дабрадзейнасць, шаблю нават з похваў не выцягнуў. Толькі сціскаў сківіцы, хаваў вочы і спрабаваў не зважаць на з’едлівыя разважанні пана Гервасія пра тое, што лэдзі Кларэнс засталася, мяркуючы па ўсім, задаволенай лячэннем, і чаму толькі выправіла лекара наранку? Надакучыў? Другі доктар пад дзвярыма чакаў? Няўжо не прапаноўвала застацца падаўжэй?

— Прапаноўвала! — нарэшце раўнуў раззлаваны ўшчэнт Лёднік. — Усё прапаноўвала! Месца персанальнага доктара, амарата, палітычнага паплечніка з перспектывай увайсці ў партыю вігаў… Мала мне палітычных тузанінаў Рэчы Паспалітай! І калі панства яшчэ раз нагадае мне пра лэдзі, я, бадай што, падумаю над яе прапановай больш прыхільна.

Пасля гэтага жартачкі ўслых спыніліся, пан Гервасій таксама надзьмуўся, бо пана добра такі закранула, што на яго, радавітага, дужага, прыгожага і маладога, Пандора не паквапілася, і пайшоў піць портэр — моцнае ангельскае піва, якое ўвайшло ў моду на Беларусі. У Менску за бочку портэра прасілі васемнаццаць залатых, а тут яна каштавала ўсяго адзін. Дый піва было смачнейшым — бо свежае, не замучанае марскім плаваннем. А яшчэ казалі, што ангельскія півавары ў піва, якое прадаюць за мяжу, дадаюць усялякай халеры, каб смакавала і не псавалася, ледзь не мыш’яку. Так што пан Агалінскі, каб мог, цэлы карабель якасным півам загрузіў бы. Багінская схавалася ў сваім пакоі, бо добра памятала пра пагрозу выкрадання. Цэхіны Пранцысь дальнабачна прыбраў сабе. А Лёднік, як відаць, пачынаў ужо мучыць сябе за чарговы грэх.

— Я нічога не скажу пані Саламеі, — ціха прамовіў Пранціш.

— Я сам ёй скажу, — ганарыста абвесціў доктар. Студыёзус вылупіў вочы:

— Навошта? Здурэў, Бутрым? Хіба жонцы варта пра такое расказваць?

— А калі не варта, што ж гэта за шлюб? — паныла прамовіў Лёднік, відаць, ужо ўяўляючы непрыемную размову. Вырвіч ажно застагнаў — вось няшчаснае стварэнне гэты лекар, вечна сам сабе жыццё псуе.

— Ты вось што, перастань сябе грызці. У чым твая віна? Хіба ты сам да лэдзі ў госці набіваўся? Ну, трымаўся б за сваю годнасць, як сабака за гаспадарскі венік… І нас бы там, у бровары, усіх і паклалі. І ляжалі б нашыя костачкі ў сутарэннях, ото ж пані Саламеі радасць была б! Нам яшчэ вярнуцца трэба — і выжыць.

— Грэх ёсць грэх, — прабурчэў Лёднік, але, відаць, трохі супакоіўся, што Пранціш не пагарджае ім.

А Вырвіч яшчэ раз пасміхнуўся дзівацтвам былога слугі. Стаць амаратам асобы каралеўскай крыві — гэта ва ўсім свеце лічылася не за ганьбу, а за вышэйшы гонар, нават за дзяржаўную службу. За гэта змагаліся, ганарыліся, і ўжо, вядома, не саромеліся прымаць дарункі. Станіслаў Панятоўскі паўсюль дэманстраваў залатыя табакеркі з вензелямі расійскай імператрыцы. Расказвалі, што як жывы быў яшчэ муж Кацярыны, які жонку сваю законную дужа не любіў і рады быў ад супружаскага доўгу ўнікнуць, дык яны, здаралася, учатырох вячэралі — Пётр са сваё каханкай, Кацярына — з Цялком-Панятоўскім, а тады разыходзіліся гэткімі шчаслівымі парачкамі па пакоях. А былы мяшчук пераймаецца! Святы Ёзаф знайшоўся. Эх, ды каб яго, Пранціша, Пандора ў госці паклікала! Усё жыццё можна прыгоду такую ўспамінаць і сабой ганарыцца. Вунь паглядзець бы і на пана Агалінскага, які ад зайздрасці паветра кусае. Панна Багінская, чый жанаты брат з дапамогай дацкага пасла Зігфрыда фон Остэна набіваецца ў каханкі да царыцы, таксама на доктара цяпер з большай павагай глядзіць, як бы ён у шляхецтве ўмацаваўся. А Лёдніку, бач, сорамна! Адно слова — каму само ў рукі шчасце ідзе, той яго не цэніць…

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ. БЕЗ ЗАЛАТОГА РУНА

 

Чаго не лечаць травы, вылечвае жалеза; што не лякуе жалеза, ацаляе агонь; што не ацаляе агонь, тое належыць прызнаць невылечным.

Гіпакрат меў рацыю.

Ні травы, ні жалеза, ні агонь не дапамаглі б прафесару Віленскай акадэміі змагчы невылечную меланхолію. Выйшаў уранку з пакою гатэля «Дуб і Крумкач» змрачнейшы за зімовае лонданскае неба. І — дзіва — на пару з Пранцішам замовіў сабе кавы. Што ж, трэба было ўзбадзёрыцца — назаўтра вырашылі з’язджаць. А сённяшні дзень панна Багінская і пан Агалінскі запатрабавалі прысвяціць адна — крамам, другі — корчмам, а Пранціш, якога панна міла папрасіла ахоўваць яе падчас паходу за пакупкамі, быў у прадчуванні галантнага шпацыру — каму што, а млынару вецер. Панна, хоць і дэкляравала сваю нелюбоў да гарсетаў, абцасаў і фіжмаў, усё-ткі знудзілася па сваім свецкім абліччы і паспела ўжо накупіць таго-сяго, а цяпер, калі кампанія разжылася дукатамі Пандоры, як было не набыць штось з модных трантаў.

Руды гатэльшчык жэстам паклікаў Лёдніка да сябе, пашаптаўся… Вырвіч не надта ўстрывожыўся — пасля таго, як Лёднік за тры дні вылечыў корчу ў жонкі ангельца, той ставіўся да вучонага пастаяльца са шчырай прыязнасцю. Не выключана, што і падчас турніру ў байцоўскім клубе ўвішны гатэльшчык зрабіў пару ставачак на свайго жыльца праз таго ж служку, якога Лёднік пасылаў у клуб, каб запісацца на ўдзел.

Ангелец пашаптаўся з доктарам і знік. Лёднік вярнуўся з фізіяноміяй нібыта спакойнай. Але Пранціш навучыўся ўгадваць, што на дне таго прафесарскага спакою хаваецца… І пабачыў, што на гэты раз здарылася нежартоўнае.

Доктар уляцеў у нумар, як чорны віхор, студыёзус ледзь паспеў за ім. Пан Агалінскі ажно перастаў пазяхаць.

— Клічце панну Багінскую! Тэрмінова з’язджаем!

— А што такое, доктар? — заспана пацікавіўся Амерыканец, кратаючы спелы «ліхтар» пад вокам, які застаўся на памяць ад лорда Кавендзіша. Лёднік правёў рукой па твары.

— Лёдзі Кларэнс забілі. Гаспадар папярэдзіў, нас шукаюць. Галоўным чынам, вядома, мяне.

Бяда за бядою ходзіць з калядою. Пранціш агаломшана спрабаваў зразумець, ці не жартуе настаўнік. А той нервова кідаў рэчы ў дарожны куфар, а потым — вось нечакана — асцярожна ўзяў у рукі турэцкую шаблю, падарунак Пандоры, да якой дагэтуль так і не дакрануўся, дастаў з похваў, тужліва паглядзеў, схаваў у похвы — і рашуча пачапіў да пояса.

Вось тут Пранціш і паверыў, што лэдзі Кларэнс сапраўды няма!

— Магу паспрачацца на свой улюбёны парыжскі раброн са срэбнай парчы, што і запаветныя кляйноды з палаца лэдзі Кларэнс зніклі! — лена працягнула панна Багінская, якая перадаверыла пакаваць свой багаж гатэльнай прыслузе. — Яе мосць лэдзі занадта легкадумна ставілася да палітычных інтрыгаў. Калі ўвязваешся ў барацьбу за трон — трэба, каб ад кожнага кубка тры разы перад табой слугі адпівалі, — павучальна гаварыла панна. — Тыя, хто хацеў лэдзі вывесці з гульні, усё зрабілі мудра. Кляйноды акрым яе ніхто не чытаў, яны зніклі, уладальніца памерла, а замест таго, каб адразу распачаць інтрыгу, прабавілася ў кампаніі аднаго чужаземнага доктара, на якога вельмі зручна павесіць забойства. — Багінская гарэзна паглядзела на знерваванага Лёдніка, які ссыпаў бутэлечкі з лекамі ў валізку. — Ну, прынамсі, спадзяюся, што лэдзі перад смерцю правяла час з насалодай. Так ці не, пан Лёднік? Вам жа лепей ведаць!

Нават Пранцішу зрабілася прыкра ад такога цынізму. Доктар раздражнёна выпрастаўся і працяў паглядам нахабную паненку:

— Я не абмяркоўваю ні сваё, ні чужое прыватнае жыццё. І вам не раю.

— Ды ці не закахаўся вашамосць у тую халодную, як кавалак лёду, і пачуццёвую не больш за палена англічанку? — Паланэйка перабольшана наіўна ўзмахнула вейкамі. Доктар звузіў вочы.

— Баюся, што я, просты мяшчук па паходжанні, не магу дапяць да вашага разумення слова «кахаю». Неяк яно ў вашых магнацкіх мосцяў дзіўна трактуецца. Але запэўніваю вашу мосць, што ў мяне няма аніякіх падстаў для параўнання яе мосці лэдзі Кларэнс з лёдам і паленам.

Багінская трохі пачырванела і шматзначна паківала галавой, а пан Агалінскі дадаў сваёй атруты, злосна кінуўшы:

— Нешта ўсе твае каханкі, доктар, нядоўга жывуць.

Лёднік прамаўчаў, сцяўшы зубы, толькі так шпурнуў астатнюю шкляніцу ў валізу, што тая разбілася, і пакой запоўніў рэзкі пах балота.

Бывай, Вавілондан, ці давядзецца калі яшчэ сустрэцца…

Яны гналі коней скрозь халодны вецер і смугу, скрозь стому і расчараванне, і Вырвічу здавалася, што ад таго часу, калі ў кабінет прафесара Віленскай акадэміі пана Лёдніка ўваліліся п’яныя шляхцюкі з запаветам вялікага гетмана, прайшлі не месяцы, а гады… Як быццам яны здабывалі Святы Грааль у зачараванай краіне феі Марганы.

Агонь у каміне Дуўрскага гатэлю будаваў і зараз жа абрушваў гатычныя храмы, за вокнамі свістаў вецер, у кубках астываў грог, які не паленавалася ўласнаручна прыгатаваць адна высакародная княжна, і здавалася, што акрамя гэтага паўцёмнага ўтульнага пакою, дзе чацвёра маўчалі, кахаючы, ненавідзячы і церпячы адно аднаго, няма нічога.

Панна Паланэя ўвесь час няўзнак распраўляла карункі на сваёй сукенцы — нібыта хацела ўпэўніцца, што нарэшце прыняла звыклае аблічча дамы. У яе парыку луналі блакітныя птушачкі. Пранцысь не зводзіў вачэй — панна трошкі схуднела за час іх вандроўкі, але носік прыўздымаўся ўсё гэтак жа задзірыста, ніжняя губка міла выдавалася наперад. Палову жыцця аддаў бы за тое, каб пацалаваць гэтыя вусны — без пагрозы, што цябе пырнуць кінжальчыкам, напояць атрутным віном альбо насмяюцца над даверлівым студыёзусам. Вось пан Гервасій Агалінскі, «жаніх» самазваны, не пераймаецца — падкручвае вусы ды напявае сабе пад нос пра звялую руту і разбітае сэрца рыцара… Лёднік маўчыць, уткнуўшыся ў нейкую дужа рэдкую і адметна нудную кнігу, набытую у Лондане, але часам забывае перагортваць старонкі — глядзіць адсутным позіркам, думае нешта сваё, тужлівае… Нічога, вось-вось прыйдзе з Гданьску карабель, там доктару з ягонай марской хваробай будзе не да філасофскіх разважанняў.

Каб толькі бура сунялася…

— Што вы будзеце рабіць па вяртанні, пан Вырвіч? — лена папыталася Паланэйка, любуючыся адшліфаванымі пазногцікамі. — Можа, на вайсковую службу пойдзеце?

— Найперш атрымаю дыплом доктара вольных навук, — упарта адказаў Пранціш. — А там будзе відаць.

— Што ж, у майго будучага мужа, князя Паца, знойдзецца месца для яшчэ аднаго паэты, — невыносна фанабэрыстым тонам прамовіла панна Багінская. — А калі вы пойдзеце далей па медычнай частцы, магу выправіць вам і месца нашага прыдворнага лекара.

Вырвіч адчуў, што кроў прыліла да твару…

— Не думаю, што пайду на службу да вашага мужа.

Пан Агалінскі спыніў напяваць і ашчэрыўся, вычуўшы пачатак сваркі.

— А я б да вас, пан Вырвіч, лячыцца не пайшоў. Доктар павінен быць, вунь як гэты ваш былы слуга, сур’ёзны, змрочны, страшны. Добрыя лекі — горкія і агідныя на смак.

Панна Багінская манерна зарагатала.

— Так, пан Пранціш занадта куртуазны для навукі.

— А вы ўпэўнены, найяснейшая панна, што ягоная мосць князь Пац з вамі ажэніцца? — холадна спытаў Вырвіч, у якога ад гневу аж увушшу закладала. — Асабліва пасля вашай авантурнай вандроўкі. З якой вы прывезяцё замест цуда-зброі крышталёвы чэрап. І будуць паны магнаты адно ў аднаго пускаць сонечныя зайчыкі…

Паланея злосна прыкусіла губу.

— У майго пана брата і звычайнай зброі хопіць, каб заторкнуць раты нахабам!

Пранціш не збіраўся адступацца — аднекуль узялася смеласць выгаварыць усё, што згорклым асадкам ляжала на дне душы:

— Зняволілі, вашамосць, падступна пані Саламею Лёднік, і думаеце, вам усё даруецца нават на тым свеце? Вы, панна, вельмі нагадваеце мне яшчэ адну чароўную панну — Ядвігу Струтынскую.

— Гэта не тую, з-за якой на браслаўскім сойміку парэзаліся-пабіліся? — зацікавіўся Амекрыканец. Пранціш крыва пасміхнуўся.

— Яе… Стараста Опсаўскі Ян Цеханавецкі дамогся рукі чароўнай панны Ядвігі, а ейны бацька не даў за ёй абяцаных ста тысячаў залатых. Пан Цеханавецкі запатрабаваў разводу з-за непрыстойных паводзін жонкі. А як падчас сойміку ішоў па плошчы з братам, цесць яго ўбачыў, загадаў страляць праз вокны… Пана Цеханавецкага паранілі, а брата ягонага дык і зусім забілі. І разаніна якая ўсчалася! Дом Струтынскага ўзялі прыступам. Жывых ды мёртвых згрузілі на вазы ды ў Вільню павезлі… Мёртвых — прад’яўляць, жывых — судзіць. Але за Струтынскага былі Чартарыйскія, таму Цеханавецкія справу прайгралі. А ў той разаніне майго адзінага родзіча, дзядзьку, забілі, які грошы на маё навучанне даваў, ды пасля дэкляраваў памагчы. І якая, скажыце, розніца, быў ён на баку Цеханавецкіх альбо Струтынскіх? А пані і цяпер на балях красуецца…

Пранціш адсёрбнуў вохкага напою і паставіў кубак з сіняга шкла на стол з ножкамі ў выглядзе грыфонаў. Галава прыемна круцілася.

— Загінуць у бойцы за свайго сюзерэна — гэта доўг шляхціца! — павучальна сказаў пан Агалінскі.—І няма чаго дакараць прыўкрасных дам за тое, што яны карыстаюцца, чым Гасподзь надзяліў іх на нашую радасць і пагібель. Піў і буду піць з туфліка прыўкрасных дам, нашых галантных забойцаў! Вось аднойчы ў Нясвіжы на Масленіцу мы выпілі з бота пана Караля за ягоную фартуну — і няхай ягоная мосць пан Караль усю скуру з мяне заслужана злупіць за непавагу, але з туфліка… з маленечкага, расшытага золатам туфліка піць нашмат прыемней!

Пан Агалінскі таксама адпіў грогу і ўсміхнуўся бахусавым сваім успамінам.

— Калісьці я чытаў працы Андрэя Белаблоцкага, вучонага шляхціца і паэта, якога паклікаў у Маскву Сімяон Полацкі — адукоўваць тамтэйшы люд, незнаёмы ні з вершаскладаннем, ні з сучасным любамудрыем, — умяшаўся ментар-Лёднік. — Вядома, тады мяне найперш цікавіў трактат «Вялікая і найдзіўнейшая навука Богам высвечанага настаўніка Райманда Лулія». Лулій — вось хто золата варыў лёгка, як гаспадыня гарбузовую кашу… Але прачытаў я і «Пентатэўгум, альбо пяць кніг кароткіх пра чатыры рэчы апошнія, пра мітусню і жыццё чалавека». Там чуецца нашая беларуская мова, а ў аснове — творы нямецкіх паэтаў.

 

Гора гладкім тварам жаночым, душам, сэрцам, надзеям,

Што ганарацца, як хвост паўліна, у спакушэнне мужоў.

 

Блакітныя вочы панны Багінскай блішчэлі, як два сапфіры, ачышчаныя алхімікам да нябёснай празрыстай сінізны.

— Дакараеце дам за тое, што за іх кроў праліваецца? Бядуеце аб зняволенні пані Саламеі? А расказвалі вам пра лёс няшчаснай графіні Бельведэрскай? Яна надакучыла свайму мужу, таго намовіла палюбоўніца — і граф абвінаваціў няшчасную кабету ў здрадзе, і яна ўжо гадоў сем сядзіць пад замком. Ёй не дазваляюць бачыцца з дзецьмі, абкружылі самымі грубымі слугамі. Усе ведаюць, што графіня ні ў чым не вінаватая, усе бачаць, як яе муж жыве з іншымі кабетамі, але ніхто дапамагчы і не можа, і не спрабуе. А няшчасная Гальшка Астрожская! — на шчоках Паланэйкі ажно плямы гарэлі. — Яна засталася багатай спадчынніцай, за яе сварыліся жаніхі… Абвянчалася па каханні з Дзмітрыем Сангушкам — іх дагналі, Сангушку на яе вачах акрутна забілі… А потым няшчасную дзяўчыну проста кралі адно ў аднаго, пакуль прызначаны каралём жаніх, стары і сквапны, не ўзяў прыступам кляштар, дзе яна з маці хавалася, сілком з ёй ажаніўся… А калі небарака не захацела выявіць да нежаданага мужа любові — проста замкнуў яе на васемнаццаць гадоў у пакоі свайго замку, і нават слугам размаўляць з ёю забараніў. І дзядзька панны, вялікі гетман Канстанцін Астрожскі, рады не даў. А што ягоная мосць князь Геранім Радзівіл са сваймі жонкамі вытвараў! Тарэзу Сапегу ледзь бацька вызваліў, Магдалена Чапская сама да маці збегла, Анжаліку Мянчынскую брат, рызыкуючы жыццём, выкраў… У бяспраўных істотаў свае сродкі супраціву, панове. Я дасканала ўмею прыкідвацца, ліслівіць, інтрыгаваць, — Багінская нявесела пасміхнулася. — Я буду вельмі добрай жонкай. Думаеце, я не ведаю, што мяне чакае на радзіме? Я такі ж «прыз», як няшчасная Гальшка. Таго, хто ўхопіць мяне «не па рангу», чакае самая вартая жалю доля.

Пранціш і Амерыканец спахмурнелі, як восеньскі дзень.

— А мой жаніх… — панна Багінская тужліва глядзела, як уздымаюцца і рушацца ў каміне вогненныя вежы. — Магу спадзявацца толькі, што ён не будзе надта жорсткім. І не надта хітрым. І вяртацца цяпер… Пасля ўсяго перажытага… — Багінская ажно прастагнала скрозь зубы. — А падарожжа — хто ведае, што я была ў гэтым падарожжы? Па афіцыйнай версіі — я ў Гутаўскім кляштары бернардзінак, дарэчы, там жа, дзе пані Саламея Лёднік. Там і праўда цяпер сядзіць панна Паланэя Багінская, грахі адмольвае… Толькі цемнавокая і ціхмяная, як малако ў кубку.

Доктар ад згадкі пра жонку прыжмурыўся, як ад болю.

— Няўжо вашамосць паслала заміж сябе ў кляштар тую вашую камерыстку, як яе, Ганульку? — удавана абыякава прамовіў Пранціш, у якога ажно сэрца заходзілася ад безнадзейнасці, гневу і тугі.

— Менавіта! — жорстка ўсміхнулася Паланэйка. — Яна ж так закахалася ў вашу мосць, пан Вырвіч. Толькі вамі і трызніла. Ледзь да нярвовай гарачкі сябе не давяла. Адмовілася, між іншым, ад выгаднага шлюбу — адзін юрыста яе быў упадабаў. А я б дала варты яе становішча пасаг. Але для вас, пан Вырвіч, мая бедная Ганулька — занадта дробная птушка, ці не так?

Пранціш адвёў вочы. Ён і праўда не звяртаў асаблівай увагі на прыслугу княжны Багінскай — хоць і шляхцянка, і гожая, і ціхмяная. Але — хто ж згінаецца, каб сарваць маргарытку ля куста ружаў, калі вось яна перад вачыма — прыўкрасная, яркая ружа, няхай і калючая…

— Вось вас, пан Лёднік, муж вучоны, вой адважны, маг магутны, што найбольш абурае — што лэдзі Кларэнс такая нераскаяная грэшніца была, альбо што выбірала, вырашала, змушала — яна, жанчына, смелая, прыгожая і незалежная? Узяла вас, як цацку, пакарысталася — і адправіла з належнай платай, — Паланэйка дзёрзка чакала адказу.

Лёднік памаўчаў, гледзячы ў агонь, цені скакалі па ягоным худым твары. За сценамі білася ільдзяное сэрца буры, шэрань пакрыла шыбы, а гэта значыць, нехта з няшчасных бяздомных гэтай ноччу змерзне і адправіцца ў свой вялікі вечны дом. Маніць, прыкідвацца, падавацца лепшым, чым ёсць — навошта, калі бура змяце ўсё, а Бог бачыць усіх?

— Не буду прыкідвацца святым, — з цяжкасцю прагаварыў Лёднік. — І адмаўляцца не стану… Мне было добра з ёй… З адной з самых прыгожых, жарсных, незвычайных, небяспечных жанчын, якія трапляліся на маім шляху. Напэўна, я б мог нешта прыдумаць, каб не саграшыць, не здрадзіць сваёй каханай, якая засталася дома, у палоне… Але не стаў. І… мне было добра. Фан-тас-тыч-на… А ўведамленне, што пякельныя пакуты, раскайванне — усё будзе, але — пасля, яшчэ дадавала вастрыні адчуванням… Вы што, думаеце, я цалаваў яе і думаў пра Саламею? — былы алхімік суха засмяяўся. — Я ж… нармальны мужчына, з усім наборам жывёльных інстынктаў. І вось калі я даведаўся, што лэдзі мёртвая… Ведаеце — я адчуў палёгку. Быццам мой грэх стаў мізарнейшым, выкупіўся… — Лёднік на хвілю закрыў твар далонямі са слядамі «тамашоўскіх абдоймаў». — Чалавек так лёгка дамаўляецца сам з сабою, каб мець сілы жыць далей. І я буду жыць… Колькі атрымаецца.

— Твая праўда, Бутрым, — ціха сказаў Пранціш, які адчуваў дзіўную палёгку ва ўсім целе і нястрымнае жаданне выказаць, што на душы. — Вось ты апякуешся мною, як сынам. Але ж, каб не прыхамаць пана Багінскага, які выплаціў твой доўг, ты мог надалей заставацца маім бяспраўным слугою. Ты думаеш, я так лёгка адпусціў бы цябе на волю? — Вырвіч таксама горка засмяяўся. — Мне дужа падабалася, што ў мяне, немаёмаснага шляхцюка, у якога нават каня не было, з’явіўся ўласны доктар, раб, з якім я магу зрабіць усё, што хачу — хоць ён больш вучоны і мацнейшы за мяне. І я пераконваў сябе, што я ж аб табе клапачуся, я — добры гаспадар… Магчыма, аднойчы я ўдарыў бы цябе. І ты б сцярпеў. А потым… Я не ведаю, як бы склаўся твой і мой лёс, Бутрым…

Вецер скавытаў за вакном, як патэнцыйны шыбенік, але настолькі няўдалы, што не можа нават знайсці зручнае месца, каб павесіцца. Шчокі гарэлі, як быццам ад ліхаманкі… А свядомасць імглілася…

— Вось жукі гэтыя ангельцы, — прабурчэў пан Агалінскі.— Яны разбаўляюць гарбату малаком, малако — вадой, ром — гарбатай, а жарсць — доўгімі размовамі… Няма нічога горш за размовы, у якіх топяцца сапраўдныя мэты і мужнасць учынкаў… — Вырвіч заўважыў, што і твар пана Гервасія хваравіта гарыць, а ў вачах нездаровы шкляны бляск. — Дамовіцца з сабою лёгка… У нясвіжскім кадэцкім корпусе быў звычай — калі падчас коннай муштры хтось з нас па нязграбнасці сваёй звальваўся з каня, мусіў аддаць машталеру ўсё, што на ім ёсць. Адзенне, абутак, тое, што ў кішэнях… Толькі фамільную зброю можна было пакінуць. У нас, альбанчыкаў, не прынята было хітрыць, і ўсе ўчынялі, як дамоўлена. І вось аднойчы з каня паваліўся я. Не таму, што кепскі вершнік — а таму, што ноччу забаляваліся, ды так, што галава была, як цэбар з квашанай капустай. І вось пацягнуўся я на стайню… Распранаюся… Нічога не шкада — а вось паса шкада. Бо пас гэты шчаслівы — не тканы, а скураны, шырокі, са срэбнай бляхай… Я з ім заўсёды і ў карты выйграю, і дзеўку ўгавару… І так мне стала шкада гэтага пасу — як бы ўдачу сваю аддаць — што я яго прыхаваў. Сунуў за бэлькі, пакуль ніхто не бачыў… А ўвечары за ім вярнуўся. Што мне была тая дзяга? Я мог купіць воз такіх дзягаў! Але спакусіўся… Спалохаўся, што ўдача адвернецца… І праўда адвярнулася. Мяне падпільнавалі таварышы, як шарыўся за бэлькамі. Сораму набраўся… Ну як было патлумачыць, што не дзеля срэбнай бляхі правілы парушыў? Тады кожны з кадэтаў-альбанчыкаў у пакаранне павінен быў выцяць мяне той дзягай па спіне. Назаўтра ўстаць не мог… Але засвоіў: шляхціц не павінен нічым даражыцца, акрым гонару! Як толькі звыкаеш да якой рэчы, трэба ад яе пазбаўляцца!

— Мой пан-бацька Даніла Вырвіч, нябожчык, царства яму нябёснае, каб давесці, што не даражыцца ніякай рэччу, пазбавіў наш род маёмасці, а маю пані-маці звёў у магілу, — змрочна сказаў Пранціш. — Пабіўся з суседам аб заклад, хто больш тае сваёй маёмасці спляжыць і параздае. Ну і выйграў.

— Паважаю вашага пана-бацьку! — падняў кубак Амерыканец.

— І вось скажыце, пане-брацці, — працягнуў Пранціш, — чаму ў такім разе, калі пагарда да багацця і маёмасці лічыцца шляхецкай цнотай, вы падсмейваецеся над высакароднымі асобамі, якія той маёмасці маюць менш за вас? Колькі я нацярпеўся за жыццё — «А чаму пан Вырвіч не прымае ўдзел у прыдворнай каруселі? А дзе ягоны арабскі конь? А дзе ягоныя слугі? А гэты дыямент — адзіны, што пан мае?». А я, між іншым, вяду свой род ад князя Палямона!

Панна Багінская апусціла вочы.

Пан Агалінскі стукнуў аб дубовы стол пустым кубкам.

— Калі пан Караль стане каралём, ён усю радавітую шляхту надзеліць шчодра! Мы паны-браты ў роўнасці шляхоцкай — акрым усялякіх, з патэнтамі… Шляхціц — гэта вой! Чалавек просты душою і адважны. Пан Караль, калі да шляхты ў госці прыязджае, з каня сыходзіць — хай бы і ў гразь, і з кожным з дэлегацыі, што яго сустракае, абдымецца, нават калі іх больш за сотню. Не тое, што Цялок, які грэбуе агульны кубак за сталом прыняць. Не люблю людзей, якія хітраць ды нешта ўтойваюць….

— Нешта мы гэтым вечарам нічога не ўтойваем, — задумліва прагаварыў Пранціш, які адчуваў падазроную лёгкасць, аж сцены пагойдваліся. Лёднік пакруціў у руках кубак з выпітым напалову напоем, паднёс да носу, уцягнуў вохкі пах з насалодай.

— Я сёння перабіраў валізу і заўважыў, што ў некалькіх бутэлечках паменшала рэчываў. А пах таго, што налітае ў гэтыя кубкі, сведчыць, што дададзеная яшчэ і шчопаць парашку аднаго цікавага грыбочка, які, асабліва ў спалучэнні з пэўнымі рэчывамі, уплывае на псіхіку… Разнявольвае, паслабляе кантроль над гаворкай… Памятаеш, Пранціш, як цябе аднойчы частавалі ў Вільні? Гэта падобнае, толькі слабейшае.

Вырвіч рэзка паставіў кубак на стол і ўзняўся на ногі, якія былі як бы ватнымі, гнеўна ўтаропіўся ў Паланэйку.

— Зноў вашамосць атруты намяшалі? А ты… — звярнуўся да Бутрыма, — ты ведаў? Папярэдзіць не мог?

— Па маіх назіраннях, канцэнтрацыя рэчыва невялікая, падабраныя інгрэдыенты па-майстэрску… У італійскага знаўцы вучыліся, вашамосць? — ветліва папытаўся Лёднік у Паланэйкі. Тая нязмушана кіўнула. — Вось і не папярэджваў. Самыя важныя сакрэты ніхто не агучыў, вечар прабавілі цікава… Парашок у медальёне носіце? — зноў папытаўся Бутрым у княжны.

— У большым аб’ёме гэта імгненная бязбольная атрута, самі ведаеце, прафесар, — паціснула плячыма Паланэйка. — Рэч неабходная для дзяўчыны ў вандроўцы.

— Я люблю атруту, — прагаварыў пан Агалінскі, — І гарэлку, і табаку, і небяспечных жанчын. На шлюбным ложы буду трымаць пад падушкай кінжал.

— Вы можаце забіць жанчыну? — зацікаўлена перапытала Багінская. Яна, відаць, усё-ткі здзівілася, што яе падступны ўчынак Амерыканца не абурыў, як Вырвіча. А той шырока пасміхнуўся і раптам падскочыў і адным рыўком падняў на выцягнутых руках фатэль з паннай Багінскай. Тая ледзь галавой аб бэлькі не далася, добра, столь высокая.

— Я магу кахаць жанчыну! Так, што ёй не захочацца падсыпаць мне парашок ці настаўляць рогі!

Панна Багінская верашчала, учапіўшыся ў падлакотнікі, але Амерыканец урачыста пранёс яе па ўсім пакоі і толькі тады асцярожна апусціў разам з фатэлем.

— І калі пан Караль будзе літасцівы і падаруе мне жыццё, хоць я здабыў за морам толькі бескарысную скрынку з люстэркамі, я паспрабую выйсці яшчэ раз у кола супраць Галіяфа — пазмагацца за вас, чароўная панна. Супраць князя Паца, князя Багінскага, усяе Рэчы Паспалітае і ўсяго свету, — зірнуў на збляднелага Пранціша. — Ну і супраць вашага даўняга прыяцеля, студыёзуса.

Паланэйка прагаварыла сур’ёзна:

— Вы з панам Вырвічам бачылі мяне ў мужчынскім адзенні, у гразі, на саломе, без пудры і памады, вы бачылі, як я магу спраўляцца з кінжалам і атрутай, лаяцца і падманваць…

— Золатка маё, гэта робіць вашу мосць яшчэ каштоўней у маіх вачах, — галантна пакланіўся Амерыканец, — Мне не патрэбная васковая лялька, нават калі яна ўмее маляваць месца скарбу.

Пазяхнуў.

— Але ад атруты тваёй, мая панна, так у сон хіліць, што, бадай, пайду ў ложак… Пакуль што халасцяцкі, — падміргнуў і сышоў. А Пранціш зразумеў, што часам забіць чалавека вельмі лёгка — прынамсі, ён прыкончыў бы пана Гервасія з такой насалодай… Нават у спіну не пасаромеўся б загнаць кінжал.

— Ну што, панна атрымала задавальненне ад свайго ўчынку? — ціха спытаўся Лёднік. Паланэйка не адказала, задумліва гледзячы ў агонь і круцячы ў пальцах срэбны медальён з рэшткамі парашочку.

Так гэты вечар у Ангельшчыне застаўся ў памяці ліцвінаў блёкатам, трызненнем і сумам…

А Каляды сустрэлі на караблі. І каталіцкія, і праваслаўныя. Карабель быў магутнейшы, чым «Святая Брыгіта» — двухпалубны фрэгат «Залаты альбатрос». Усе атрымалі па асобнай каюце, а панна Багінская — нават з прыслугай жаночага полу, з мяккім ложкам і люстэркам у пазалочанай раме. З чаго вынікала, што капітан быў папярэджаны, што на борт падымецца радавітая дама. Радавітая і багатая настолькі, што на яе не распаўсюджваюцца прыкметы і забабоны. У адрозненне ад купецкай «Святой Брыгіты», тут высакародныя пасажыры прысутнічалі часта.

Зімовае мора прадказальна было неспакойным, і Лёднік сядзеў у каюце, забяспечаны вынайдзенымі падчас мінулага плавання лекамі ажно па макаўку. Але стараўся не напівацца — прымаў ромавую настойку столькі, абы не нудзіла. І Пранціш, пазбаўлены прафесарскага нагляду, кінуўся ў віры куртуазныя. Панна Паланэя, відаць, вырашыла кампенсавацца за ўвесь час, праведзены ў мужчынскай вопратцы, і цяпер у сваёй каюце зладзіла мініяцюрны свецкі салон, цвелячы па чарзе абодвух сваіх рыцараў, а падчас абедаў у кают-кампаніі распаўсюджвала чары і на флоцкіх афіцэраў. Падобна, і прафесара Віленскай акадэміі была б не супраць далучыць да сваёй світы — але паглядзела, як ён гайдаецца ў падвясным ложку, няшчасны, змрочны, аброслы чорнай шчэццю, прыціскаючы да сябе напалову пустую бутэльку, уздыхнула з прыкрасцю і сышла. Пакуль пад нагамі не акажацца сушы — ад вялікага мага і фехтавальшчыка толку мала.

Пранціш крэмзаў вершы, Амерыканец вывучаў крышталёвы чэрап і скрынку з люстэркамі і ўздыхаў, нібыта прыкідваў, ці не памяняцца з паннай Багінскай здабычай. А панна Багінская змушала нізенькую чарнявую іспанку-камерыстку рабіць сабе мудрагелістыя прычоскі і весялілася — як асуджаная на смерць.

Бяда здарылася, калі выдаўся рэдкі пагодны дзень, і ў хмарах залунала вялізная белая птушка з чорнымі крыламі. Вырвіч і Амерыканец стаялі на верхняй палубе, ля афіцэрскіх каютаў, і назіралі за палётам істоты, якая нават не ўзмахвала доўгімі крыламі, яе нёс вецер, як вада — рыбу, і ў гэтым адчувалася такая воля, такая сіла, што мімаволі хацелася паспрабаваць так жа.

— Кажуць, стары кароль зараз забаўляецца тым, што страляе з пісталету і кулямі перасякае ніткі і гасіць свечкі. Трэба ж — ледзь жывы, тлусты, як воз, а рука цвёрдая, — бязвінным галаском прамовіла Паланэйка, якая вызірнула са сваёй каюты, захутаная ў белае футрачка па апошняй лонданскай модзе.

Не трэба было быць астролагам, каб прадказаць бліжэйшую будучыню: Вырвіч і Агалінскі, абы давесці ўласную трапнасць і цвёрдасць рукі, пачалі пуляць у няшчасную птушку, забыўшыся на эстэтычныя ўражанні. І падстрэлілі — якраз калі белая прыгажуня крыляла над караблём… А толку — калі невядома, чыя куля пацэліла.

Птушка біла па палубе здаровым крылом — другое было афарбаванае крывёй, і страшна і хрыпла крычала, проста вычуваліся словы лаянкі. Нос у яе быў загнуты, як у Баўтрамея Лёдніка.

Не паспеў пан Агалінскі ўрачыста дабіць здабычу, як наляцелі матросы — з шаблямі, абардажнымі крукамі, пісталетамі, і не паспелі паны ачомацца, як іх укруцілі ў нерат, як двух селядцоў. На крыкі выскачыў штурман, і, пабачыўшы параненую птушку, таксама раззлаваўся, як бы ягоную матку абакралі, і патлумачыў дурным гасцям: птушка — альбатрос, сустрэць яе ў гэтых шыротах выпадае дужа рэдка і лічыцца за шчасце, бо на поўначы толькі адзін від яе трапляецца, з чорнымі крыламі і бровамі, які ладзіць гнёзды ў Шатландыі. А забіць альбатроса — вельмі кепская прыкмета, і накліча няшчасце на ўсіх. Альбатрос паказвае мараку дарогу дахаты, амаль ва ўсіх на караблі захоўваюцца побач з ладанкамі ды распяццямі фігуркі гэтых чароўных птушак. А паколькі фрэгат называецца «Залаты альбатрос», дык злачынства пасажыраў выглядае зусім недаравальным. Затоне карабель!

Паланэйка даўно схавалася, а двое рыцараў пачыналі ўсведамляць, што з-за свайго зухаватага бязглуздага подзьвігу патрапілі, як прусак у саладуху. Вырвіч дужа спадзяваўся, што зараз прыдуць афіцэры, адукаваныя людзі, з’явіцца капітан, разгоніць матрасню… Падумаеш, птах! Але калі капітан з’явіўся, становішча палепшала не нашмат. Пан з пагрознымі чорнымі вусамі патлумачыў скрозь зубы, што адзінае, чым ён можа ўратаваць жыцці сваім пасажырам — гэта пасадзіць іх пад ахову ў спецыяльны турэмны адсек у труме. Таму што падчас першага ж шторму — а яны будуць непазбежна ў такую пару — забойцаў альбатроса хутчэй за ўсё альбо зусім выпадкова змые за борт, альбо на іх упадзе нешта цяжкое. І вінаватых у тым ніхто не знойдзе. На шчасце, птушка яшчэ жывая, яе аднясуць да карабельнага доктара, і няхай паны моляцца, каб іх ахвяра выжыла.

Пранціш і пан Гервасій сядзелі ў цёмным і вузкім, як кішэня, катуху, дзе страшэнна смярдзела прагорклым тлушчам, і не маглі асэнсаваць такі выспятак Фартуны. Святло працэджвалася толькі скрозь закратаванае вакенца ў дзвярах, ад ліхтара, каля якога сядзела варта.

— Праўда, што баба на моры — да згубы, — тужліва прагаварыў пан Гервасій. — У Ангельшчыну плылі — бунт на караблі ўсчаўся з-за яе, доктара змусілі малітвы чытаць хвалям. Назад плывем — зноў з-за яе ў карцэр патрапілі, ды яшчэ і ўтопяць нас, не дай Бог. Трэба была нам тая птушка, як свінні завушніцы. От вясёлая мне жонка дастанецца! Буду з ёй часцей на паляванне едзіць. Дзічыну пастраляе да стомы — глядзіш, муж і ацалее да раніцы.

— Вашамосць жаніх фіктыўны, не забывайце, — скрозь зубы прагаварыў Пранціш. — І хоць багацейшы за мяне, аднак у вачах Багінскіх такі самы бядняк. А сардэчную схільнасць панна Паланэя дакладна дарыла не вам.

— Ці не вам, вашамосць? — пагрозна прамовіў пан Гервасій. — Такі смаркач, як васпан, не можа разлічваць нават насоўку панны падбіраць з падлогі.

— Гэта я смаркач? Я амаль доктар і нашчадак Палямона! А вашамосць — дзікун і болбадзень бясклёпачны! — каб не цёмна было, дык Пранціш ад гневу ўсё роўна нічога не забачыў бы.

— Вашамосць абражае шляхціца Агалінскага?

Месца для добрай бойкі было малавата, але затое праціўнік не мог схавацца. Змалацілі паны адзін аднаго з насалодай: пан Гервасій здаровы, як лось, затое Пранціш шустры, як яшчарка.

Раскаціліся ўбакі, толькі як ушчэнт замарыліся.

Задавальненне паўтарылася яшчэ тройчы.

А потым неяк нецікава стала біцца. Бо мінаў дзень за днём, а нічога не мянялася. У спецыяльнае акенца вязням падавалі ваду, хлеб, сланіну, нават панскія сыр і віно. Але ключ у замку не паварочваўся. Пранціш чакаў штохвілі, што вось дзверы адчыняцца, і пакажацца мілы тварык Паланэйкі — не пакіне ж яна тут сваіх кавалераў, што трапілі ў бяду, абы пакрасавацца перад дамай. Ну а Лёднік дык абавязкова з’явіцца — бо нават у сутарэннях Тамашоўскіх свайго вучня знайшоў. Прыйдзе, абавязкова прыйдзе — усіх ворагаў абяззброіць, зачаруе, пераканае, птушку альбатроса вылекуе… Адчытае дурных маладзёнаў, і жыццё пойдзе далей, у прыгодах і надзеях.

Але карабель гайдала ўсё мацней, сыр і віно з рацыёну вязняў зніклі, і не прыходзіў ніхто, нягледзячы на крыкі і патрабаванні зняволеных.

— Яна вырашыла ад нас пазбавіцца, — аднойчы сказаў пан Агалінскі — гаварыў ён цяпер, трохі прышэптваючы, бо пасля сустрэчы з кулаком Вырвіча адзін зуб у пана хістаўся. І Пранцішу не спадабалася, як ён гэта сказаў. Вельмі сур’ёзна, спакойна, без сумневу. Як бы паведамляў, што выпаў снег, ці што сёння пятніца… — Паклапацілася, каб доктар нічога пра нас не ведаў. Яму зараз кепска, ляжыць, ром смокча… А панна да яго, відаць, яшчэ і ходзіць, байкі расказвае. Прыбрала скрынку ад доктара Дзі, што на маю долю дасталася… І доктара Лёдніка прыбярэ да рук, каб фокусы пры ейным двары паказваў. Бо капітану заплачана Багінскімі — бачыў, якая каюта для панны падрыхтаваная? Нездарма слала ўвесь час лісты на Беларусь.

— Бутрыма ніхто да рук не прыбярэ! Гэта проста немагчыма, вашамосць! — рэзка адказаў Пранціш, а сэрца сціснула ад трывогі. Нешта і праўда доктар доўга не з’яўляецца… Ці не ўтварыла з ім што падступная паненка?

А потым нечакана карабель перастала гайдаць. Чуліся галасы, нешта стукала, грукала… А потым дзверы нарэшце адчыніліся. Капітан змрочна паведаміў вязням:

— Можаце павіншаваць сябе, панове. Вы даплылі да слаўнага горада Гданьску жывымі. Хоць альбатрос, вамі падстрэлены, здох, і той-сёй з каманды дужа хацеў адправіць вас за ім у птушыны рай. Пастаўце па пудовай свечцы святому Хрыстафору. За нязручнасці выбачайце — самі вінаватыя. Тое, што мне ўвесь час трэба было адрываць ад працы па два надзейныя матросы, каб вас ахоўвалі, таксама мог бы паставіць у рахунак. Але Бог з вамі, стралкі хрэнавы. Усё, шчаслівай дарогі дадому.

Пранцысь і пан Гервасій, жмурачы адвыклыя ад яркага святла вочы, выпаўзлі на палубу. Апошнія бочкі і цюкі згружаліся на сушу, апошнія матросы пакідалі «Залаты альбатрос» у прадчуванні сустрэч з роднымі і дарагімі, альбо хаця б з партовымі самадайкамі і куфлямі піва, лёгкі сняжок святочна прыкрашаў чарапічныя дахі, брук і каменныя скульптуры…

А каюты былі пустыя. І Лёднікава, і Паланэйкі. Мяшок з рэштай цэхінаў ад Пандоры быў на месцы. Але, як можна было прадбачыць, знікла і скрынка з люстэркамі, і зялёны сшытак, і крышталёвы чэрап — усё, што дасталося з хованкі доктара Дзі.

— От гадаўка! — неяк здзіўлена-захоплена прагаварыў пан Гервасій.

Вырвіч выбег з каюты і схапіў першага з каманды, што патрапіўся, за грудкі:

— Дзе доктар Баўтрамей Лёднік? Высокі такі, чарнявы? Дзе панна?

Худы смуглявы матрос спадылба зіркнуў на пасажыра.

— З’ехалі. Абодва. Селі ў карэту з гербамі, і…

— Даўно?

— Ды з гадзіну таму.

Пранціш схапіўся за русявыя валасы, гатовы іх выдраць з гора. Гэта немагчыма! Лёднік не мог так учыніць! Што з ім зрабіла гэтая кірпаносая вядзьмарка? Атруціла? Не, нават п’яны і хворы, доктар не мог не распазнаць атруты. Аглушыла? Звязала?

— Гэй, а ты бачыў, як доктар з карабля сыходзіць? — гукнуў у спіну матросу, які ўжо закінуў за плячо валізу, з якой тырчэў тонкі рулон ангельскага паркалю ў сінія кветачкі, падарунак для той, што дачакалася свайго любага. Марак незадаволена азірнуўся:

— А што тут бачыць? Ну, сыйшоў пан у капелюху, пры дарагой шаблі, дапамог паненцы ў карэту сесці. Злы, праўда, быў, як біскуп пад канец посту. Не хацеў бы з такім у цёмным завулку сустрэцца.

І пайшоў, пагойдваючыся, як бы карабель усё яшчэ змагаўся са штормам.

— Бутрым сапраўды любіць сваю жонку так моцна, як я думаю? — задумліва прамовіў пан Гервасій.

— Разумею, куды хіліць вашамосць! — знервавана прамовіў Пранціш. — Калі Багінская паабяцала Бутрыму, што павязе яго забіраць Саламею, паехаў на любых умовах. Слухай, яны яшчэ не так далёка! Паланэя прагаварылася, што Саламея ў Гутаўскім кляштары бернардзінак…

— Дагонім! — закрычаў пан Гервасій і ірвануў з карабля, як руды пацук з падпаленай адрыны. Пранціш ледзь паспеў падхапіць мяшок з цэхінамі.

Яны гналі коней, не шкадуючы, маючы яшчэ па адным у повадзе. Спыняліся толькі, каб распытаць пра карэту з гербамі Багінскіх. Першы след азначыўся яшчэ на выездзе з горада — экіпаж бачылі ля паўднёвай брамы. Потым пра сустрэчу з шыкоўнай карэтай — зусім нядаўна — пацвердзіў мужык, які вёз на санях забітага ваўка. А потым пачаўся лес, цёмныя са снежнай сівізной постаці елак вартавалі дарогу, і здавалася, што зараз нехта з-за іх змрочных шэрагаў падасць знак, і векавыя дрэвы, узмахнуўшы цяжкім голлем, рушаць напярэймы маленькім шкадлівым істотам, якія саманадзейна лічаць сябе ўладарамі над дрэвамі, жывёламі, птахамі ды жыхарамі марскімі, а самі не могуць адно з адным ужыцца ды дамовіцца…

А вось на дарозе і свежыя сляды палазоў. Пан Гервасій прыгнуўся да спіны каня і завыў па-ваўчынаму — руды, як гаспадар, конь захроп і паляцеў яшчэ хутчэй. Вырвіч таксама прыспешыў свайго рысака… І вось удалечыні паказалася карэта.

— Бутрым! Лёднік! — загарлаў з усяе сілы Вырвіч. Вершнікі няўмольна даганялі экіпаж, але слуга, які ехаў на запятках, прыцэліўся ў іх з пісталету, падобна, па чыёйсці камандзе… Але выстраліць не паспеў, скінуты ў снег чалавекам, які спрытна высунуўся з карэты.

— Бутрым! — узрадваўся Пранціш.

— Стой! — гарлаў пан Агалінскі, які амаль параўняўся з экіпажам. А фурман раптам збочыў — дарога ішла направа пад адхон, дзе ўнізе пятляла рэчка. Узімку пакрытыя ільдом рэкі ператвараліся ў найлепшыя дарогі, якім аддавалі перавагу перад сцяжынамі. Моцных маразоў сёлета не было, і наўрад лёд стаў дастаткова тоўсты… Затое на гладкім лёдзе карэта на палазах, запрэжаная чацвярнёй, мела болей шанцаў адарвацца ад пагоні. Баўтрамей ці сам саскочыў, ці проста паваліўся ў снег, пакаціўся… Пранціш спешыўся ля яго, дапамог падняцца:

— Ты як, цэлы?

— Нармальна, — доктар і праўда быў больш-менш звыклага выгляду, толькі трохі вочы запалі. — А ты хіба не сышоў раней за нас з карабля? — паглядзеў на скептычны твар вучня, пазмрачнеў.—Падобна, паненка развяла нас, як шчаўлікаў. Дык дзе ты быў увесь гэты час?

— У турэмным адсеку сядзеў, пад вартай, разам з панам Гервасіем.

— А мне казала — ты ў карты гуляеш. Каб толькі не хвароба мая клятая… — з прыкрасцю прамовіў доктар.

— Да Саламеі ехаў? — папытаўся-сцвердзіў Пранціш.

— Да яе, — уздыхнуў доктар. — Панна паставіла ўмову — без сведкаў, каб я адзін быў… А я перад жонкай і так вінаваты, і ейным жыццем рызыкаваць…

Між тым наперадзе пачуўся жаночы віск. Пранціш і Лёднік кінуліся туды.

Відовішча был жывапіснае: карэта адным бокам правалілася ўжо ў ваду, і было ясна, што выцягнуць яе немагчыма. Фурман у адчаі вызваляў коней, абразаючы вупраж, панна Багінская спрабавала выцягнуць з карэты дзве скрынкі са спадчынай доктара Дзі, а Гервасій Агалінскі стараўся падабрацца як бліжэй. Гэта было нялёгка, бо расколіны ў лёдзе распаўзаліся, як грахі па сумленні. Раптам карэта яшчэ больш абсунулася ў ваду, павалілася набок, панна ўскрыкнула.

— Руку давай! — загарлаў Агалінскі і ўхапіў такі Паланэю за таненькую, але моцную ручку, якая толькі што згубіла мехавую рукавіцу, і пацягнуў да сябе…

— Пачайкаце, вашамосць! Трэба гэта забраць! — паненка адчайна рвалася назад — з вакна тырчэлі скрынкі, іх можна было яшчэ лёгка дастаць.

Доктар і студыёзус застылі каля берага, лішні цяжар на лёдзе адразу павялічваў трэшчыны.

— Паглядзі на мяне! — крыкнуў пан Агалінскі, не выпускаючы рукі панны. Паланэйка няўважна азірнулася на яго. — Кінь гэта ўсё! Выходзь за мяне замуж! Мы з’едзем у Амерыку!

Князёўна нервова засмяялася.

— Пан што, вар’ят?

— Выходзь за мяне замуж! Абвянчаемся сёння ж! — вочы пана Гервасія гарэлі ўпартым агнём. Паланэйка істэрычна закрычала-зарагатала:

— Вар’ят! Дакладна вар’ят! Пан забыўся — я нядаўна пасадзіла яго ў турму і абакрала! Я на вачах пана цалавалася з іншымі! Я атруціць магу! Ці пан хоча адпомсціцца?

— Нават калі ты ўсадзіш мне нож у сэрца, я толькі пацалую тваю руку! — пракрычаў пан Агалінскі, нібыта яны знаходзіліся на розных берагах. І прагучэла так — што немагчыма было не паверыць. — Слова гонару — я адмаўляюся ад твайго пасагу! Не вазьму ні пярсцёнка, ні ламанага граша! Хопіць з нас майго майна. Мне патрэбная толькі ты, такая, як ёсць, смелая, хітрая, адчайная, вясёлая! Табе спадабаецца ў Амерыцы! Там нікога не дзівіць высакародная дама, якая гойсае на конях і трапна страляе. З індзейцамі ваяваць станем!

Паланэйка ў адчаі азірнулася на карэту, якая амаль пагрузілася ў ваду.

— Пакінь! — уладна выгукнуў пан Гервасій. — Я адмаўляюся ад свае часткі здабычы — адмоўся і ты! Няхай нікому не дастанецца праклятае ангельскае чараўніцтва! Дзеля цябе я забудуся на даручэнне свайго пана — забудзься і ты на сваё! Ну!

Панна разгублена паглядала то на карэту — скрынкі былі яшчэ бачныя, яшчэ можна было дацягнуцца, то на пана Гервасія, чые ноздры раздзімаліся, як у шале бойкі, а ў вачах гарэў вясёлы адчай. Вада падпаўзала да самых боцікаў панны, як цёмная халодная смерць, вусны Паланэйкі дрыжэлі, і Пранціш ніколі не бачыў яе такой па-дзіцячы бездапаможнай…

— Ну, золатка маё! Рашайся! Ці табе зацуглянай жыць, хай тыя цуглі й залатыя? Ільвіцы патрэбны леў!

— Таксама мне леў знайшоўся ў беларускім лесе! — скрозь слёзы ўсміхнулася панна. — А не баішся — што й цябе, як Дзмітрыя Сангушку — дагоняць з радавітай нявестай, заб’юць?

Агалінскі страсянуў рудымі пасмамі.

— У Сангушкі была шлюбная ноч, глыток волі і каханне ў вачах ягонай адзінай жанчыны. Ты думаеш, мне гэтага мала, каб расплаціцца жыццём? І колькі б нам часу ні дасталося — мы не засумуем разам, мая панна. Ого, свет ходарам заходзіць!

Лёд пад нагамі затрашчаў, карэта адправілася вазіць дачок вадзянога караля, а панна Паланэя апынулася ў абдоймах пана Гервасія. Вырвіч дрыжачай рукой намацваў шаблю, але Лёднік рашуча прытрымаў яго. Два абліччы, злітыя ў шалёным, жарсным пацалунку, расплываліся ў вачах студыёзуса… А потым пан Агалінскі падсадзіў Паланэйку на каня. Ускочыў сам…

— Стой! — пракрычаў Пранціш, здушваючы адчай. — А вызваліць пані Саламею?

— У пана Баўтрамея Лёдніка ёсць на гэта ліст! — пракрычала панна Багінская. — Бывайце!

Пранціш глядзеў услед вершнікам… У яго не было моцы нават абурацца. Тая жарсць, тое каханне, якія раптам перад ім адкрыліся — абяззбройвалі ягоны гнеў. Ці змог бы ён так учыніць, як пан Гервасій? Ці было каханне Пранціша Вырвіча да панны Паланэі Багінскай гэткім жа ўсемагутным — калі даруецца ўсё? Гэткім жа… бескарыслівым? Пранцішу патрэбная была ўсё ж менавіта княжна Багінская, сястра прэтэндэнта на трон, бліскучая прыдворная дама і магнатка, сувязь з якой узвысіла б яго ў вачах мітуслівага свету, узняла б на вяршыні жыцця… Гэта быў ягоны асабісты прыз, ягоная Фартуна… А пан Гервасій нават пайшоў супраць волі князя Караля Радзівіла, якога абагаўляў, і гатовы страціць усё — абы з ім была адчайная кабета, жонка, сяброўка і каханка, якая зможа гойсаць з ім на конях па прэрыях, плысці праз акіяны, біцца, мірыцца, кахацца — піць жыццё нагбом, не скардзячыся і не скараючыся ніколі.

Вырвіч разумеў, што безнадзейна прайграў.

На плячо студыёзуса лягла рука доктара.

— Калі не пазабіваюць адно аднаго, будуць жыць шчасна. Знайшліся абое рабое.

Гэта былі жорсткія словы — але Баўтрамей Лёднік быў не толькі доктарам, але і добрым хірургам. Скальпель ягоны над хворым целам ніколі не дрыжэў, доўга прымерваючыся, а разразаў адразу, выдаляючы пухліны і выпускаючы гной.

А раны загаіць — справа часу. Нават ментальная медыцына тут бяссілая.

— І што мне… далей… — прашаптаў студыёзус.

— Жыць, хлопча мой.

Пруская вайна нарэшце завяршылася. Па дарогах Еўропы яшчэ соўгаліся банды марадзёраў, але Бог быў літасцівы да двух ліцвінаў, даставаць шаблі давялося толькі аднойчы, каб на лясной дарозе адпалохаць рабаўнікоў — але тыя, нядаўнія сяляне са спаленай вёскі, адразу ж разумна схаваліся ў гушчар. Ехаць стараліся, не паўтараючы ўласныя сляды — наслядзілі ж па дарозе ў Ангельшчыну парадкам. Але давялося ўчуць, што ў Тамашоў прыйшла чума, і горад спусташыла так, што хоць ідзі выбірай вольныя дамы ды сяліся. А ў другім месцы распавялі пра цудоўны цмокаў фэст, які рыхтуецца ў слаўным горадзе Дракошчыне — цмок там жывы-здаровы, малады, рыкае — зямля трасецца… Толькі трэба з сабой поўны вацок грошай мець, дорага каштуе на тым фэсце пабываць-пабаляваць.

І, зразумела, усю дарогу прафесар Лёднік ганяў студыёзуса, які прагуляў ледзь не паўгады лекцый, па ўсіх прадметах. Дыплом жа атрымліваць!

А потым Вырвіч пабачыў яшчэ адно каханне — не ягонае. Калі з брамы кляштара выбегла танклявая жанчына ў цёмнай сціплай сукенцы, падобнай да мнішаўскай, але з тварам такім гожым, хаця і змучаным, што думалася пра каралеву альбо сільфіду, і кінулася на грудзі доктару Баўтрамею Лёдніку… І гладзіла тонкімі пальцамі ягоны худы твар, нібыта хацела сцерці з яго стому… А Лёднік цалаваў яе — нібыта ратаваўся…

Саламея плакала ад шчасця і ад жалю, прыкмячаючы ўсе новыя, незаўважныя чужому воку, сляды, якімі пазначыў нялітасцівы лёс яе мужа падчас неверагоднай вандроўкі. Вось паглыбілася зморшчына, з’явіўся сівы волас, дадалася драпіна… Цалавала ягоныя далоні са слядамі ад жалезных дзідаў…

— Паслухай, Саламея, я мушу прызнацца… Падчас падарожжа са мной здарылася… Я не ўтрымаўся… — з цяжкасцю падбіраючы словы, пачаў Лёднік. Пранціш адразу здагадаўся, што рыхтуецца споведзь наконт Пандоры і чараўніцкай спакусы ў Тамашове. Не, гэты доктар усё-ткі дзівак! Але мудрая Саламея прымусіла мужа змоўкнуць, паклаўшы вузкую даланю на ягоныя вусны.

— Усё, што з табой здарылася дарогай, усе спакусы, усе няшчасці — не маюць значэння, калі ты зноў са мной. Няўжо ты думаеш, што я не падзялю з табою ўсё? Не зразумею, не дарую? Дурненькі! Ды няхай бы ты вярнуўся да мяне ў абліччы крыважэрнага цмока — я пазнала б цябе і прыняла! Чакай, я адчуваю, што тут, на тваёй левай руцэ, у цябе таксама рана… Баліць?

Пранцішу таксама дасталося радасці і ласкавых слоў… А потым пані Саламея зазірнула ў вочы студыёзуса:

— А што здарылася з панам Вырвічам? Ягоная мосць перанёс нейкую сур’ёзную страту?

— Можна сказаць, так, — мякка адказаў замест Пранціша Лёднік. — Першае расчараванне ў першым пачуцці.

Саламея спачувальна дакранулася да пляча студыёзуса, які пастараўся прыняць ганарысты выгляд. Яшчэ чаго — яго будуць шкадаваць за разбітае сэрца! За тое, што выбралі не яго! Але пані Саламея прамовіла толькі:

— Калі прыйдзе сапраўднае, тваё, хлопчык — ты яго не ўпусціш. Нізавошта. Павер, я цябе ведаю, у цябе хопіць сілаў.

І Пранціш Вырвіч знайшоў сілы ўсміхнуцца.

 

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ. ШЧАСЦЕ БАЎТРАМЕЯ ЛЁДНІКА

 

Увогуле куфэркі з залатымі дукатамі не прынята перакульваць, як куфлі з няякасным півам.

Залатыя дукаты прынята пералічваць, любавацца іх уладным спакусным бляскам, перахоўваць, прыкідваць, на што патраціць…

Але доктар Баўтрамей Лёднік куфэрак з прыгожай разьбою, з накладным залатым вензелем з каронай менавіта перакуліў, і дукаты пакрыўджана раскаціліся па стале, са звонам спатыкаючыся аб хімічныя прылады.

— Фаўст, не гарачыся! — пагладзіла мужа па спіне пані Саламея. — Ну шпурнеш ты гэтыя манеты, па тваім выразе, у дыпламатычную пысу князя Рапніна, нажывеш яшчэ аднаго магутнага ворага, а што далей? Лепш аддай гэтыя грошы на царкву!

— Як ты не разумееш! — бушаваў Лёднік. — Ён жа прыслаў мне нібыта плату за тое, што я па ягонай замове абдурыў двух магнатаў, адцягнуў іх увагу ад барацьбы за трон! Каб я ўдзельнічаў у палітычных інтрыгах, ды яшчэ так… Ганьба!

Доктар знервавана захадзіў па кабінеце.

— Баўтрамей, не пераацэньвай сваю значнасць! — сурова сказала Саламея, зморшчынка пазначылася паміж яе чорных выгінастых броваў — праўдзівы мужчына што заўгодна зрабіў бы, абы на гэтым дасканала гожым абліччы не з’яўлялася такіх зморшчынак. Праўда, пасля свайго зняволення ў кляштары, пра якое яна ўспамінаць не любіла, прыступы тугі час ад часу находзілі на жонку доктара. — Няўжо ты думаеш, што так ужо істотна паўплываў на палітычныя падзеі, утварыў, так бы мовіць, гістарычную шкоду? Па-першае, і без цябе б нейкую інтрыгу прыдумалі. Па-другое, ты што, лічыш, ягоная мосць князь Радзівіл сядзеў і чакаў твайго вогненнага мяча? Ды ад яго на кожным сойміку ледзь не сцены рушыліся! Упэўнена — ён за гуляннямі ды засяданнямі і не ўспамінаў пра заморскую экспедыцыю, васковую ляльку, цуда-зброю… А князь Багінскі — няўжо, каб ты не выправіўся за мора, ён быў бы смялейшы, больш удачлівы? Не думаю. А па-трэцяе, ты дзейнічаў дзеля ратунку сваіх бліжніх, а значыць, дзеля адзіна правільнай мэты ў часы палітычных карагодаў. Радзівілы і Багінскія на цябе забыліся, князь Рапнін задаволены… Ды гэта проста цуд! І ведаеш што… — Саламея лёгенька пацалавала мужа ў шчаку. — Забудзься на сваё падарожжа, як на страшны сон…

— Я б і рады… — тужліва прамовіў Лёднік і павярнуўся ў той кут кабінету, дзе стаяла напалову разабраная скрыня. А ў скрыні сядзела васковая Пандора — ніхто з хатніх не мог уцяміць, хто і навошта яе доктару вярнуў. Верны слуга Хвелька толькі хрысціўся спалохана ды пацеры мармытаў, калі апынаўся побач з шатанскім аўтаматам. Лёднік падыйшоў да лялькі, задумліва дакрануўся да яе бела-ружовага твару, акрэсліў пальцам абрыс брыві, правёў па шчацэ, як бы лашчачы…

— Яна і ў жыцці такая ж прыгожая? — ціха папыталася Саламея.

Доктар уздрыгнуў ад такой праніклівасці жонкі, і, прамарудзіўшы, стрымана адказаў, не азіраючыся:

— Яшчэ прыгажэй. Воск не перадае характар… Уладнасць, жорсткасць… Наіўнасць. Вар’яцкае спалучэнне.

Саламея сціснула рукі, але наважылася на пытанне:

— Яна закахалася ў цябе?

Бутрым адвярнуўся ад лялькі, якая пазірала ненатуральна вялікімі шэрымі вачыма на партрэт Галена, быццам прыкідвала, ці не варта і гэтага славутага доктара залучыць да сваёй світы.

— Яна пагулялася мною. Такі быў капрыз асобы каралеўскай крыві. Можа быць, апошні капрыз у яе жыцці. Яна… загінула.

Пані Лёднік сутаргава ўздыхнула, абняла мужа за плечы, прыхінулася да яго вінавата прыгорбленай спіны.

— Дарагі, не пераймайся, прыхамаці радавітых асобаў нам добра знаёмыя. Успомні, як я была ў палоне ў князя Гераніма Радзівіла. Кожны з нас… можа патрапіць у такія варункі, калі ўсе нашыя цноты нас не ўберагуць, — пры гэтых словах голас Саламеі змяніўся, Пранцішу падалося, што пані зараз заплача, але яна перасіліла сябе і загаварыла больш весела. — Добра, што гэтай высакароднай даме не зажадалася нанесці табе шкоду. Ведаеш, з тваім характарам падобнае жаданне ўзнікае шмат у каго з тваіх знаёмцаў.

Лёднік павярнуўся, схапіў жонку ў абдоймы, схаваў твар у яе чорных, бліскучых, як шоўк, валасах.

— Я не варты цябе… Ты маеш рацыю — забыцца на ўсё, як на страшны сон… Толькі б яшчэ даведацца, ці стрымаў слова пан Агалінскі, ці мой хлопчык не пакутуе, ці не сапсаваны ягоны лёс…

— Ягоная мосць пан Агалінскі — сапраўдны шляхціц, ён трымае слова, — запэўніла Саламея. — Вось пабачыш — у хуткім часе аб’явіцца!

Зіма паціху канала ў калюжынах і лагчавінах, апошнія лапікі бруднага, як пабітага воспай, снегу ператвараліся ў веснавыя ручаіны, што буркаталі, бы сярдзітыя прафесары, і смяяліся, як пракудлівыя студыёзусы. Потым цёмнае цела ліцвінскай зямлі прыбралася ў зялёныя рызманы травы, і буслы па-гаспадарску аглядалі новыя гнёзды, не ведаючы, якое з іх ацалее.

А потым Пранціш Вырвіч вярнуўся дадому не сам. Па-праўдзе, прынеслі яго, як мех груцы, ягоныя аднакурснікі на чале з чарнявым мацаком-гарадзенцам Недалужным. Аднакурснікамі яны былі ўжо былымі — бо паны студыёзусы ператварыліся ў дыпламаваных дактароў вольных навук! З якой нагоды і быў учынены баль, пасля якога прыбавіцца працы шкельнікам, якіх жыхары слаўнага места Вільні будуць запрашаць устаўляць новыя шыбы, ліхтаршчыкам, якія будуць замяняць разбітыя ліхтары, карчмарам, якім давядзецца закупляць новы посуд…

— Калі я атрымаў дыплом у Празе, мы з сябрукамі загарнулі ноччу ўсе статуі на Карлавым мосце ў белыя прасціны, а раніцу я сустрэў на верхняй пляцоўцы званіцы, — меланхалічна сказаў Лёднік устрывожанай жонцы. — Прычым як я патрапіў на тую званіцу — забіце, не ўспомню.

І пайшоў варыць свайму вучню свежае зелле ад наступстваў начнога балявання.

Нараніцу Пранціш сапраўды мала што мог успомніць. Але дыплом — вось ён, з пячаткай! І шапачка доктарская, і мантыя! Цяпер можна заняцца і вайсковай кар’ерай… Хай прафесар выбачае — але медыцына Пранціша не вабіла.

Пасля візіту да палкоўніка коннага рэгімента вялікай булавы пана Мыцельскага, сябра памерлага вялікага гетмана Радзівіла Рыбанькі, што адбылося дзякуючы пратэкцыі доктара Лёдніка, Пранціш яшчэ больш павесялеў: яго чакала цікавае прызначэнне ў Ковенскі павет і для пачатку чын падхаружага з гадавым акладам ажно ў сто пяцьдзесят польскіх злотых! Не агледзяцца — стане бравы рыцар Вырвіч харужым, потым — капітанам, потым… Сто разоў пашкадуе паненка Багінская, што прамінула такога малойцу!

Пранціш, ганарыста заламаўшы новенькую шапку, зайшоў у дом з зялёнымі аканіцамі ля Вострай брамы. Хвелька, які і не падумаў схуднець за час расстання з доктарам, пакланіўся маладому пану Вырвічу асабліва ўрачыста: зразумеў, што цяпер пан не студэнт, а сапраўдны рыцар! Напрыканцы тыдня будзе гатовы драгунскі мундзір, італьянскі конь колеру спелага каштану чакае ў стайні, іншы рыштунак набудзецца… Вырвічу нават аванс выдалі — з увагі на асаблівыя адносіны да Лёдніка гетмана-нябожчыка, які да смерці сваёй быў шэфам рэгіменту.

А вось доктара, перад якім асабліва хацелася пахваліцца, дома не было. Пані Саламея дарэмна намагалася хаваць трывогу.

— Прыходзіў пан Агалінскі, — расказвала яна. — Вясёлы такі, прыбраны… Пагаварылі з Бутрымам, і паехалі.

— Куды? — разгубіўся Пранціш.

Пані Саламея паціснула плячыма.

— Бутрым сказаў — у госці да пана Агалінскага. Нібыта даўно слова даваў да яго з’ездзіць, вось і настаў час… Жартаваў, усміхаўся… А ў мяне нешта на сэрцы неспакойна. Разумею, што дарэмна турбуюся — паехаў да сябра. Сына свайго, напэўна, пабачыць, пацешыцца… Ну хіба што перап’юцца з панам Гервасіем…

Але голас пані дрыжэў, а пабачыўшы, як бялее твар Пранціша, Саламея дык і зусім голас страціла.

Не можа быць… Вырвіч даўно і думаць кінуў пра страшную прысягу Лёдніка, пра пагрозы пана Гервасія засцябаць таго да смерці за свайго брата і братаву жонку, у гібелі якіх вінаваціў доктара… Пасля перажытага разам! Пасля таго, як доктар столькі разоў таму ж пану Гервасію ратаваў жыццё, столькі разоў выяўляў свае ахвярнасць і высакароднасць — а яе ж у сына гарбара было не пазычаць… Няўжо Амерыканец вырашыў скарыстацца правам на жыццё былога раба?

А Лёднік — вось жа ўпарты! Да згубы ўпарты! Мог і паехаць на смерць…

Пранціш кінуўся ў прафесарскі кабінет, без усялякіх цырымоній параскідваў на стале паперы, павыцягваў шуфляды… У верхняй ляжаў запячатаны канверт, падпісаны пані Саламеі Лёднік і пану Пранцішу Вырвічу. Новаспечаны доктар і падхаружы не вагаўся: разарваны канверт паляцеў на падлогу, а змесціва…

Аркуш выслізнуў з пальцаў і адправіўся на падлогу за разарваным канвертам. Саламея падняла паперу, прабеглася вачыма па роўненькіх радках… Непаслухмянымі вуснамі спытала Вырвіча:

— Што гэта значыць?

Вырвіч схапіўся за галаву. Ён жа даваў слова Лёдніку не расказваць ягонай жонцы пра прысягу!

— Ведаеш, дзе маёнтак Агалінскіх? — раптам уладна крыкнула кабета, схапіўшы Пранціша за каўнер. — Пакажаш дарогу! Едзем!

І зноў яны гналі коней, і зноў цаной было жыццё… Вецер, які яшчэ захоўваў веснавую пранізлівасць, нецярпліва падганяў у спіны, з пад капытоў коней расплюхвалася фантанамі брудная вада, якая яшчэ нядаўна была празрыстым, бы дыяменты, дажджом. Пранціш паглядаў на ваяўнічы профіль жанчыны, якая прыгнулася да шыі каня, нібыта хацела прыспешыць тым ягоны бег, і прыходзіла ў галаву, што не хацеў бы ён апынуцца на месцы таго, хто пакрыўдзіць ейнага каханага. Ды і пісталеты пані прыхапіла з сабой. А што такога? Жаночыя двубоі — справа звычайная. Нават расійская імператрыца Кацярына яшчэ ў якасці жонкі спадчынніка трону кожны год па некалькі разоў бывала секунданткай у сваіх прыдворных дам. Ёсць кабеты ў Еўропе, якія і мужчын на двубоі выклікаюць. Адна такая, у Францыі, адразу з двума білася на шпагах, аднаго прыкончыла ўколам у горла, другога — у сэрца. Нават кароль умяшаўся і загадаў баявітай паненцы больш двубояў не ўчыняць. Панна Багінская вунь як спрытна ўпраўляецца з кінжальчыкам, хоць і шчуплая… І пані Саламея, падобна, не схібіць.

Маёнтак Агалінскіх быў не такі вялікі, як палацы Багінскіх і Радзівілаў, але ўсё-ткі — двухпавярховы мураваны дом з калонамі, каменныя гаспадарчыя пабудовы, прыгожы парк з мармуровымі альтанкамі… Яшчэ было заўважна, хоць гасцей прапусцілі без перашкод, што маёнтак падрыхтаваны да абароны, як сапраўдны замак — нават гарматы стаялі на валах.

— Дзе ягоная мосць пан Гервасій Агалінскі? — крыкнуў Пранціш лёкаю ў белай світцы. Той спалохана пакланіўся:

— Ягоная мосць пан з госцем пайшлі на стайню… Туды вось… За дрэвамі… Але пан Гервасій загадаў іх не турбаваць! І каб ніхто да стайняў не падыходзіў! Ні блізка! Пабачыць, што хтось падглядае — вушы адсячэ!

Апошнія словы лёкай з адчаем крычаў ужо ў спіну гасцям.

Завярнуўшы за кут доўгай каменнай будыніны, у якой размяшчаліся стайні, Пранціш пабачыў дзве постаці… І спыніў Саламею, зашаптаў:

— Пачакай… Тут справа гонару… Калі ўмяшацца — можам зрабіць яшчэ горш. Няхай разбяруцца паміж сабою раз і назаўсёды. З’явіцца паспеем, калі дойдзе да… незваротнага… Але ж не будзе пан Гервасій Бутрыма сапраўды забіваць!

Саламея, якая кусала вусны да крыві ад трывогі, моўчкі кіўнула галавой. Абодва асцярожна падабраліся бліжэй, схаваўшыся за таўшчэзную ліпу. Пранціш трымаў Саламею за плечы — баяўся, што яна ўсё сапсуе, выбяжыць… Бо жанчыну ажно калаціла ад страху за любага.

А той любы ніякага страху не выяўляў. Змрочны, саркастычны… Ну, як заўсёды. Пан Гервасій таксама не ўсміхаўся, стаяў, сунуўшы рукі за літы слуцкі паяс, які падпярэзваў сінюю чугу.

— Ну што, Бутрым, месца табе знаёмае. Наколькі я ведаю, праводзіў ты тут шмат часу… Без карысці, праўда, для тваёй спіны.

— Выбар месца аддаю вашамосці, — холадна прамовіў Лёднік. — Я не пераборлівы.

Пан Агалінскі крыва пасміхнуўся:

— Яшчэ б табе перабіраць… У стайню, на звычную табе лаўку, не пойдзем. Кладзіся, доктар, проста на зямлю… І без усялякіх дыванкоў.

Вырвіч рыпнуў зубамі. Біць шляхціца на голай зямлі — гэта ганьба! На дыване — можна… Каго на дыване не сцябалі? Нават Пана Каханку бацька — вялікі гетман ахаджваў. Але Лёдніку шляхецкія тонкасці, падобна, былі абыякавыя. Зняў камзол, кашулю, няўважна кінуў, скамечыўшы, убок, проста на вільготную ад нядаўніх дажджоў траву, як бы не спадзяваўся больш апранаць. Лёг…

— Так вашай мосці зручна будзе мяне забіваць? — яшчэ і атруты ў голас падпусціў. — Папярэджваю, я жывучы. Папрацаваць пану давядзецца цяжка.

— Нічога, я дужы! — насмешна прамовіў пан Агалінскі. — І спяшацца нам няма куды.

І зняў са сцяны, з аднаго са спецыяльна ўбітых крукоў, нат не бізун — а пугу, з цяжкім плеценым «хвастом»… Ды што гэта, Амерыканец усур’ёз сабраўся доктара прыкончыць? Гэта ўжо не жарцікі!

Пранціш ледзь утрымаў Саламею, якая заціскала рот кулаком.

— Як жа доўга я марыў гэта зрабіць! — весела прарычэў пан Гервасій і з усяе моцы ўдарыў па спіне доктара.

— Гэта табе за пані Галену… Гэта за брата майго… Гэта за тое, што лезеш у ложкі шляхцянак без сораму!

Вырвіч прыкідваў, колькі варта вычыкаць. Доктар, вядома, жывучы, але ж скура ў яго не такая, як у цмока…

Але пан Гервасій, сцебануўшы тры разы, спыніўся. Выпрастаўся, выцер рукавом спацелы лоб, выдыхнуў з палёгкай.

— Ёсць у мяне для цябе адна навіна, доктар. Малодшы мой пляменнік, пан Аляксандр Агалінскі, трагічна загінуў.

— Што?!! — доктар ускочыў, як не адчуваючы на сабе новай порцыі свежых шнараў. Пан Гервасій нават на крок адступіў — такое ў доктара было аблічча.

— Загінуў хлопчык, — упарта паўтарыў Амерыканец. — Карэта ўвалілася ў дрыгву, ну і… Нават целаў не знайшлі.

Лёднік зажмурыў вочы, і Пранцішу стала страшна ад думкі, што былы алхімік і чарадзей далей можа ўчыніць.

— Але, можа, і не загінуў, — спяшаючыся, прамовіў пан Гервасій, якому, відаць, таксама стала не па сабе. Лёднік адплюшчыў вочы і гнеўна выкрыкнуў:

— На такія жорсткія жарты я пану дазволу не даваў!

Пан Гервасій пасміхнуўся — яго, падобна, усцешыла, як доктар пераймаецца.

— А гэта ты зараз сам вырашыш, жарты ці не… Магчыма, пана Аляксандра Агалінскага знайшлі, удалося яго неяк дастаць з карэты… І будзе ён жыць, як варта нашчадку слаўнага шляхецкага роду, успадчынніць некалькі вёсак, зробіць кар’еру пры двары пана Радзівіла… А магчыма, беднае дзіця ўсё-ткі бясследна знікла ў дрыгве. Але… знайшоўся іншы хлопчык… Згублены сын аднаго вучонага, але не радавітага доктара.

У Лёдніка ажно вусны задрыжэлі ад раптоўнай здагадкі. А пан Агалінскі працягваў, амаль павучальна:

— Мала як бывае — выкралі дзіця, потым яно выхоўвалася невядома дзе… А якая там у малых памяць… Што там да трох гадоў было… І вось родны бацька цудам адшукаў сына. Дык вось не ведаю, як адбылося насамрэч? Які хлопчык выратаваўся?

Лёднік ступіў наперад і цвёрда прамовіў голасам, трохі здушаным ад узрушэння:

— Ягоная мосць пан Аляксандр Агалінскі трагічна загінуў. Амін.

— Ну што ж, тады сустракай свайго аднойдзенага сына! — прамовіў пан Гервасій і крыкнуў:

— Паланэйка! Давай, вядзі яго!

З густой прысады паказалася знаёмая постаць у белай сукенцы і карункавым каптуры: княжна Багінская, гарэзна ўсміхаючыся, несла на руках цемнавокага малечу.

Здарылася неверагоднае: малое пазнала дзядзьку, які з ім колісь важдаўся, і само пабегла да яго:

— Пан доктал!

Лёднік схапіў на рукі сваё шчасце… І тут жа строга сказаў:

— Не пан доктар, а пан бацька.

Хлопчык сур’ёзна паглядзеў на прафесара, нават скептычна.

— А цаму?

— Таму, што ты мой сын.

Малеча задумаўся — зусім па-прафесарску. Уважліва агледзеў нованабытага бацьку, крануў пальчыкам крывавы след ад пугі на яго плячы, азірнуўся на пана Гервасія Агалінскага. Нарэшце з годнасцю кіўнуў галавой.

— Добла, пан бацька. Хацу глядзець у тлубу на золы!

Трэба ж, памятае паход у абсерваторыю! Што значыць спадчыннасць…

Пан Гервасій абняў панну Багінскую — дакладней, мяркуючы па ейным уборы і заручальных пярсцёнках у абаіх — пані Агалінскую, і выгукнуў убок:

— Хопіць хавацца! Пан Вырвіч, пані Лёднік, выходзьце!

Пранціш раскланяўся з панам Гервасіем — той усміхаўся ва ўвесь рот, падкручваючы вусы.

— Ну што, скончыў вучобу, студэнт?

— А нягож! — Пранціш стараўся не глядзець на пані Агалінскую. — А не баішся, вашамосць, што наконт патопленай у дрыгве карэты нядобрыя чуткі пойдуць?

Амерыканец не збянтэжыўся ні на макавінку:

— А ніякага спадману! Сапраўды дурань-фурман коней не стрымаў, панеслі… Мы з Паланэйкай прагульваліся верхам, пачулі крыкі… Пакуль даскакалі… Нянька з фурманам Базылём патанулі — спрабавалі выплысці, ну і… А хлопчыка, якога зараза-нянька ў карэце кінула, я так-сяк выцягнуў — на пасе, навязаным да дрэва, ныраў у дрыгву… Анёл-ахоўнік паспрыяў, відаць. Малы непрытомны быў, як яго дастаў, але жывы, Паланэйка яго неяк выхадзіла. Ніхто не ведае, што ён выжыў, акрым маёй старой карміліцы, мяне і жонкі. Вось Паланэйцы і прыйшло да галавы — скарыстаць выпадак, каб вярнуць дзіця роднаму бацьку. Ну, дай Бог яму і доктару шчасця… А ўся маёмасць брата старэйшаму пляменніку дастанецца. Ні шэлега не вазьму, ніхто не папракне, што сірот абрабаваў. Я ж увогуле адсюль з’язджаю з жоначкай — карабель чакае ў Гданьску.

Пан Гервасій усміхнуўся Паланэйцы, і тая перапляла пальцы з ягонымі.

— За мяне цяпер ёсць каму думаць! — пахваліўся Амерыканец, гледзячы на жонку з захапленнем і жарсцю. — Паланэйка такія пасланні сачыніла — і свайму пану-брату, і ягонай мосці князю Радзівілу ад майго імя… Распісала нашыя прыгоды, падступнасць ангельскіх чараўнікоў, вернасць шляхецкім традыцыям… Пан Радзівіл аж расчуліўся, кажуць, дэкляраваў спраўдзіць бацькаў запавет і вярнуць васковую ляльку аднаму прафесару.

— Праўда, дзесяць альбанчыкаў прыслалі Гервасію пераламаныя пер’і, — з трохі нервовай усмешкай паведаміла Паланэя. — Што значыць, пры стрэчы заб’юць, як здрайцу.

— А твой пан-брат увогуле не адказаў, — заўважыў пан Гервасій. І Пранціш зразумеў, што шчасце гэтай пары насамрэч вельмі плыткае… І чапляюцца яны адно за аднаго, як пасажыры патанаючага чоўна.

Пранціш наважыўся зірнуць на пані Паланэю. Фанабэрыстая, упэўненая, хітравата-мілая, напятая смяротнай небяспекай — і шчаслівая…

Шчасце каханай жанчыны з другім — што можа раніць больш балюча?

— Я набыла выдатныя пістолі галандскай працы! Мы з Гервасіем прыстраляліся — усіх варон у парку перабілі!

Пан Агалінскі з пачуццём пацалаваў жончыну ручку:

— Ну, у каго яшчэ такая кабета ёсць? — і засмяяўся, як Цэзар над пераможанымі егіпцянамі. — А як лаяцца пачне — насалода слухаць! Я і слоў такіх не ведаю… Ну, усё, змарыўся я з-за гэнага доктара, аж плячо баліць. Лёднікі няхай пераначуюць у тым дамку, дзе мы паніча трымалі — ніхто не заўважыць. Пані Саламея спіну доктару падлечыць. Есці-піць карміліца ім прынясе… А ты, пан Вырвіч, пойдзеш з намі вячэраць — праз дзень-другі мы выпраўляемся за акіян.

— А Лёднікам лепей зранку ціхенька з’ехаць — каб ніхто не пабачыў іхняга сына, — скамандавала Паланэйка.

Пранцысь азірнуўся на прафесарскае сямейства — і зразумеў, дзеля чаго яны ўсе ездзілі ў гэтае нялёгкае бязглуздае падарожжа.

Нараніцу галава была цяжкаватая… Пранціш ледзь стрымліваўся, каб не пазяхаць пры дамах. Вырвіч вырашыў не заставацца ў гаспадароў, хаця пан Гервасій настойліва прапаноўваў працягнуць прыемнае развітанне. Нядоўгае сямейнае жыццё не дужа змяніла характары, таму развітанне з панам Гервасіем магло ператварыцца ў такое баляванне, пасля якога сцены і свядомасць па цаглінцы збіраюць. Тым болей пану Гервасію і Паланэйцы, па ўсім было відаць, карцела застацца сам-насам.

Неба пералівалася жаўтавата-ружовымі колерамі, як модны шлафрок, у якім выходзяць са спачывальні піць каву, і здавалася таксама нявыспаным і санлівым. Доктар, усеўшыся на каня, захінуў соннага малога сваім плашчом, як найвялікшую каштоўнасць. Малы Алесік дарогай соладка драмаў, але трэба было даць адпачыць і вершнікам, і коням. Таму прыпыніліся ля карчмы пад ганарліваю назвай «Тры цэзары». Якіх менавіта цэзараў меў на ўвазе той, хто замаўляў шыльду, незразумела, бо на кавалку бляхі была намаляваная толькі крываватая карона з перлінамі. Непадалёк блішчэла плынь ракі, і Пранціш успомніў, што дзесьці побач павінен быць пракляты млын, на якім яны столькі страхаў нацярпеліся.

У тлум і смурод карчмы заходзіць усёй кампаніяй не сталі, Лёднік выкупіў лепшага, што там мелася, прыдатнага да спажывання, і пані Саламея, усеўшыся на лавачцы пад кустом бэзу, частавала хлопчыка, які неяк адразу да яе прыхінуўся. Нешта яму напявала, усміхалася шчасліва… Пранціш не сумняваўся, што пані палюбіць малечу ўсім сэрцам. Лёднік прысеў побач з жонкай і сынам і любаваўся ідылічнай карцінай сямейнага шчасця. Пуга пана Гервасія была вельмі малой платай за гэта.

А Пранціш спрабаваў заглушыць тугу бутэлькай піва. І піва было не надта добрае — не портэр лонданскі, і туга была не з тых, якія могуць рассмактацца за адзін дзень… Не, не бачыў Пранціш у пане Гервасіі нічога такога, што рабіла б яго вартым панны Багінскай больш, чым пан Вырвіч. Толькі што — багацейшы ды нахабнейшы… Але Пранціш цяпер падхаружы драгунскай харугвы!

Ад піва прыемна круцілася галава… Вырвіч адыйшоўся да брамы, да густых кустоў язміну, якія яшчэ свяціліся вохкімі белымі зорачкамі, бо вуркатанне Лёднікаў над сваім малым лагоды душэўнай у ягоным цяперашнім стане не дадавала. Сонца пачало прыпякаць, нібыта цівун махануў над ім бізуном за нядбайную працу на панскіх палетках. Усё трэба было пачынаць спачатку — збіраць душу па кавалачках, шукаць сэнс жыцця, вяртаць здольнасць верыць і кахаць…

На падсохлай дарозе падняліся клубы пылу: неадменна ехаў вялікі атрад. Вырвіч напяўся: мала што… Час неспакойны. Можа, маскоўцы, можа, прусакі, можа, шляхецкі наезд… Але вершнікі, узброеныя, як на вайну, без мундзіраў ды іншых пазнак сваёй прыналежнасці, пад’ехалі да карчмы, хуценька перахапілі па кубку віна — і, кінуўшы карчмару жменю манетаў, рушылі далей. Не задзіраліся, не жартавалі, не спрабавалі зазірнуць пад спадніцу якой гожанькай прыслузе… Сур’ёзныя людзі, спрактыкаваныя воі, найміты на службе ў часовага пана. Пранціш стаяў у ценю язміну, сціснуўшы зялёнае горла паўпустой бутэлькі, нібыта хацеў яе задушыць… А потым кінуў у траву, нават не паспрабаваўшы дапіць. Таму што пазнаў аднаго з вершнікаў, таго, хто кіраваў атрадам. Пазнаць яго было няцяжка: здаровы, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі і бяздоннымі вачыма. Герман Ватман, найміт Багінскіх.

І Пранціш не сумняваўся, куды яны кіруюцца — у маёнтак Агалінскіх.

Малады драгун не разважаў. Ён падыйшоў як мага больш разняволенай хадой да Лёдніка і паведаміў, што мусіць вярнуцца па забытую ў Агалінскіх вельмі дарагую сэрцу рэч, а менавіта срэбны корд. Таму няхай едуць сабе ў Вільню, а ён дагоніць. А калі прыпозніцца — хай не хвалююцца. Дарослы пан, не студэнт.

— За кордам, значыць, — скептычна кінуў Лёднік, як відаць, не паверыўшы. — Захацеў усё-ткі пабаляваць з панам Гервасіем? Глядзі, панапіваецеся — не пабіцеся!

— Пастараюся! — весела вымавіў Пранціш і рушыў падалей ад шчаслівага сямейства. Схапіў першага стрэчнага мужыка за каршэнь:

— Ці ёсць тут якая яшчэ дарога да Глінішч, карацейшая?

Мужык падумаў, пачухаў галаву:

— Хіба што вунь там, лагчавінай праехаць… Толькі па дарозе будзе балота, дзе нядаўна малы паніч утапіўся з карэтай.

Вырвіч зноў гнаў каня колеру спелага каштану, і думаў пра тое, што Паланэйка займее таго, чаго баялася… Цікава, што даручана Ватману — толькі звесці паненку, альбо зрабіць яе ўдавою? А можа, вырашана абодвух, без магнацкага бласлаўлення пашлюбаваных, зняволіць? Сястру сваю пан Багінскі, вядома, забіваць не стане — а вось у манастыр адправіць.

Дарога была — так, адно найменне, што дарога. Ледзь пазначаная, голле сцябала па твары, па плячах… А потым і праўда пачалося балота. Конь паслізваўся на гліне, у адным месцы, саступіўшы са сцежкі, праваліўся ледзь не па грудзі… А вось і месца, дзе ўтапілася карэта — тут з балоцістай сцежкай скрыжоўвалася больш шырокая, наезжаная дарога, відаць, тая самая, па якой вось-вось да маёнтка даедзе атрад пад камандай Ватмана. На скрыжаванні стаяў нядаўна пастаўлены дубовы крыж — не звычайны, прыдарожны, аброчны, а ў памяць загінулых — пад ім, на грудку чорнай зямлі, ляжалі зрэзаныя, яшчэ не прывялыя, кветкі.

Пранціш, выпацканы ў гліне і твані, з наліплай на адзенне раскай, уляцеў на двор маёнтка Агалінскіх, як памежнік за кантрабандыстам:

— Пан Гервасій! Пані Паланэя! Зараз жа з’язджайце!

Агалінскі паспеў ужо, відаць, куфаль-другі піва выжлуктаваць і атрымаць за гэта ад ласкавай жоначкі добага прачуханца. Пачуўшы, што здарылася, ён страпянуўся, як певень, які праспаў світанак:

— Ну я іх сустрэну, гіцаляў! Гарматы падрыхтаваныя, зараз людзей узброю — і…

Паланэя, якая збялела, калі прагучала імя Германа Ватмана, тузанула мужа за рукаў.

— Нагадаю васпану, што гэта не купка нападнікаў, а людзі майго ягамосці брата, генерал-маёра і стольніка літоўскага… І ён, калі што, можа сюды цэлую армію прыслаць. Васпан будзе трымаць аблогу супраць цэлага войска? Вайну ўчыніць на ўсё княства? Я не Сафія Алелькавіч, а ваша мосць — не Януш Радзівіл. Гэта раней да вас на дапамогу прыскакалі б сваякі ды сябры… Але з-за нашага шлюбу вы — адзін. Усе адвярнуліся. Едзем да карабля!

Пан Гервасій лаяўся, праўда, ціха, але праз лічаныя хвілі абодва сядзелі ў карэце — на шчасце, куфры загрузілі яшчэ ўчора. На развітанне Паланэйка пацалавала Пранціша:

— Няхай пан знойдзе сваё шчасце! І… даруе мне за ўсё. Не буду прасіць — не забывайце мяне… Наадварот — няхай іншая, лепшая, як найхутчэй выцісне ўсялякі ўспамін пра мяне. А я ніколі не забудуся на адважнасць і дабрыню пана Вырвіча.

І нешта невялікае і цяжкое сунула яму ў руку…

Калі карэта схавалася з вачэй, Вырвіч усвядоміў, што шчокі ганебна мокрыя… Ды што ж гэта — расплакаўся, як дзяўчынка! Пацягнуўся кулаком выцерці — успомніў пра заціснуты там падарунак… Крыж. Залаты крыж на ланцугу, увесь усыпаны дыяментамі, рубінамі, смарагдамі, сапфірамі… Аж вачам глядзець балюча. Каралеўскі падарунак! Ды за гэты крыж, напэўна, вёску купіць можна!

Але на душы лягчэй не стала. Пранціш уздзеў дарагую рэч на шыю, засунуў пад кашулю… Што ж, мінулы раз, калі княжна паслала Пранціша на смерць у полацкія сутарэнні, яна ўзнагародзіла Вырвіча каштоўным кінжалам персіянскай працы… Той застаўся дзесь у тамашоўскіх сутарэннях, прыўлашчаны турэмшчыкам. А калі паненка разбіла свайму рыцару сэрца — адкупілася крыжам… Ці прынясе ён яму больш удачы?

Вырвіч кіраваў каня знаёмай балоцістай сцежкай, апусціўшы галаву, чуючы толькі ўласныя цяжкія думкі… Таму на скрыжаванні не адразу заўважыў, што па вялікай дарозе набліжаюцца вершнікі. Халера! Таксама — вой знайшоўся! Варона, а не вой!

Вырвіч прыпусціў каня па сцежцы, спадзеючыся, што яго не паспелі заўважыць з гасцінца. Але калі ззаду пачуліся галёканне і стрэлы, зразумеў, што папаў, як верабей у шапку.

А разагнацца не было як — па такой дарозе гаршкі не вазіць… Пакуль Пранціш адчайна раздумваў, ці не лепей саскочыць з каня ды кінуцца ў гушчар, конь спатыкнуўся…

Вырвіч паспеў выхапіць шаблю — Лёднік яго добра трэніраваў, але пад кулямі асабліва не пахвалішся фехтавальным майстэрствам. Дарэмна гарлаў пра тое, што ён шляхціц, драгун, падасць у суд на сваволю — найміты проста рабілі сваю справу. І некаторых ён бачыў раней — у Полацку, калі тыя разам з Ватманам сядзелі ў засоцы ў доме Рэнічаў са зняволенай пані Саламеяй. А вось і сам пан Герман Ватман — чакае, адкінуўшыся ў вольнай паставе на магутным дрыгканце.

— Вітаю вашую студэнцкую мосць!

— Я дыпламаваны доктар, васпан, і падхаружы літоўскай харугвы! І абураны страшэнна вашым падступным нападам! Я падам петыцыю ягонае каралеўскае мосці! У Трыбунал! Як вы насмеліліся гвалтам перапыняць шляхціца! — Пранціш не здымаў руку з дзяржальна шаблі. На Ватмана ягоная гарачая прамова зрабіла ўражання не больш, чым муха на збан малака.

— І якім жа чынам пан падхаружы патрапіў у гэтыя лясы? І ці не гасцяваў ён у адной дужа радавітай, прыгожанькай, але неўтаймоўнай, персоны?

— Я, вашамосць, рыхтуюся адпраўляцца да месца дыслакацыі сваёй харугвы, мне няма часу на гасцяванні! — Пранцысь на хаду сачыняў нешта пра важныя вайсковыя даручэнні, пра якія ён не мае права распавядаць, але Ватман толькі махнуў рукой.

— На ўсялякі выпадак ваша мосць праедзе з намі ў маёнтак Глінішчы. Раптам сустрэнем там нашых агульных знаёмых? Вось і адзначым разам спатканне… Дарэчы, а дзе баявіты доктар, былы слуга васпана? А то ён мае ўласцівасць узнікаць у самым непатрэбным месцы, у нязручную часіну, ды яшчэ з шабелькай. З гэтых кустоў не выскачыць?

Вырвіч запэўніў, што прафесар у Вільні, і ў кустах яго дакладна няма, і зноў пачаў абурацца… Але яго ніхто не слухаў. Нават шаблю адабралі, добра, што не звязалі, як сноп.

У маёнтак Агалінскіх, да Пранцішава задавальнення, бандзе Ватмана патрапіць так лёгка, як яму з пані Саламеяй, не ўдалося. Слугі, падобна, атрымалі адпаведны загад… Нават з гарматаў пару разоў выстралілі… Праўда, паранілі толькі шматпакутную беларускую зямлю, якую ранамі не здзівіш, а найміты Ватмана стрэлаў не баяліся. Пранціш лічыў кожную выйграную хвілю: гэта ж Паланэйка яшчэ бліжэй апынецца да свабоды!

Ватман час ад часу заклікаў пана Гервасія выдаць панну Багінскую ягонаму брату, але адказу, вядома, ніякага не атрымліваў.

Сонца ўсё ніжэй схілялася да лесу. За гэты час можна было ад’ехацца далекавата. Цяпер Пранціш быў амаль упэўнены, што Паланэйка ў бяспецы.

Калі нападнікі прарваліся ў маёнтак, то пераканаліся, што гаспадароў няма. Усё, што ўдалося дабіцца ад слугаў — пан і маладая пані з’ехалі. Куды — на вялікае шчасце, ніхто сказаць не мог. Напэўна, юнай пані Агалінскай удалося пакіраваць мужам, як след, і ён не крычаў на кожным кроку, што выпраўляецца ў Амерыку.

І тады Пранціш зразумеў, што неба хутка яму сінім вузлом завяжацца. Ватман падыйшоў да маладзёна, усміхаючыся, як гаспадар нядбайнаму арандатару.

— Нешта падказвае мне, што ягоная мосць пан Вырвіч мусіць ведаць, куды скіраваліся паны Агалінскія… І я веру, што высакародны пан Вырвіч мне шчыра пра гэта распавядзе. Бо пан дужа разумны, і не захоча займець нязручнасцяў, а можа, і пакутаў пякельных, яшчэ пры жыцці маладым… З-за кабеты, якая яму, між іншым, гарбуза дала.

Вырвіч адчуў, як паміж лапаткамі прабег мароз.

— Ды з чаго пан Ватман вырашыў, што я быў у гэтым маёнтку і нешта ведаю?

Ватман падчапіў з-за каўнера хлапца цяжкі залаты ланцуг і выцягнуў крыж, які, аказваецца, здрадліва пабліскваў у не да канца зашпіленай прарэсе кашулі.

— А гэткія каштоўнасці ў паноў Вырвічаў па куфрах заваляліся? Асабліва з гербам «Агнявец». Дый слугі пана пазналі. Дык дзе Паланэя Багінская? Куды яны паехалі?

Пранціш страсянуў русявым чубам. Гісторыю належала выдумаць кранальную — і доўгую, як бабулін сувой. І Вырвіч пранікнёна пачаў казаць пра свае пяшчотныя, але, вядома, выключна паважлівыя пачуцці да высакароднай княжны… Пра перанесеныя разам выпрабаванні, прыплятаючы тое-сёе з іх рэальных падарожных прыгодаў — гісторыя, як панну ледзь не скінулі з карабля ў бурныя хвалі збунтаваныя матросы, а харобры пан Вырвіч яе абараніў, атрымалася асабліва рамантычнай, амаль як балада нямецкага мінязінгера. І вось малады Вырвіч, перш чым выпраўляцца на вайсковую службу, вырашыў, ад неадольнасці пачуцця, пабачыць хоць разок сваю чароўную даму… А яна, жорсткая сэрцам, адкупілася ад яго залатым крыжам, узяўшы слова, што забудзецца на яе і не стане ні даведвацца, ні расшукваць. Вось і не ведае цяпер бедны Вырвіч з разбітым сэрцам, куды ягоная каханая падзелася з клятым панам Гервасіем Агалінскім, шчаслівым супернікам.

Ватман уважліва выслухаў… Нават не перабіў ні разочку. Спачувальна галавой ківаў. А пасля проста падаў знак, і пана падхаружага спрытненька скруцілі, не зважаючы на выспяткі і поўхі, якія той шчодра раздаваў, а потым ля ягонага носу аказалася бліскучае, вострае, як пагляд мытніка, лязо турэцкага кінжала.

— Ну, адкуль пачнем скуру лупіць з пана? Можа, з аблічча — каб ніводная дзеўка больш не паглядзела, а то перапсаваў іх, відаць, за сваё нядоўгае, але шкадлівае, жыццё…

Вырвіча моцна трымалі, заламаўшы рукі. Вочы Ватмана здаваліся зусім белымі. Як балотны туман. Нехта схапіў нядаўняга студыёзуса ззаду за валасы, прымусіўшы задраць галаву. Пранціш сціснуў зубы. Лязо пяшчотна, як сухая травінка, кранула ягоную шчаку.

Галоўнае — Паланэйка ў гэты час імчыць у карэце… Нават з іншым… Нават ужо забыўшыся на беднага шляхцюка з Падняводдзя…

— Адпусці хлопца!

Лязо прыбралася. Пранціш адплюшчыў вочы…

Баўтрамей Лёднік стаяў у спакойнай такой паставе, апусціўшы шаблю, чорныя валасы звязаныя на патыліцы ў хвост — значыць, падрыхтаваўся да сур’ёзнай бойкі. За ягонай спінай павольна апускалася, наліваючыся стамлёнай чырванню, сонца, і аблічча доктара здавалася цёмным, амаль злавесным.

— Так я і думаў, доктар, што ты выпаўзеш, як вужака з хмызоў.

Ватман гуляўся з кінжалам, як дзіця з бразготкай, і вочы ягоныя былі цяпер не белыя, а бяздонна-барвовыя.

— Адпусці хлопца, Ватман, — сурова паўтарыў Лёднік.

— А калі не адпушчу, што ты мне зробіш? — насмешна папытаўся найміт.

— А вось што! — Лёднік узняў руку, і з-за дрэў, што раслі вакол маёнтка, паказаліся людзі… Шмат людзей. Не жаўнеры — мужыкі. У світках, у палатняных кашулях… Але з віламі, косамі, сякерамі, цапамі, а той-сёй — са стрэльбамі ды гакаўніцамі. Асабліва небяспечна выглядалі прыхадні, узброеныя шаблямі ды пісталетамі, што былі апранутыя ў вывернутыя кажухі. У іх былі суровыя, абветраныя твары людзей, што звыклі хавацца, абараняцца, спаць на голай зямлі. Пранціш пазнаў таго-сяго… Гэта ж тыя, хто прыходзіў да праклятага млына, дзе Лёднік ратаваў абвінавачаную ў вядзьмарстве Саклету. Лясныя браты ды жыхары вёскі Карытнікі, у якой Лёднік лячыў ды раздаваў грошы… Вядома, за ўсемагутным доктарам яны цяпер пойдуць, куды скажа. Ды й пан Агалінскі, відаць, стрымаў слова і палепшыў сваім падданым, якія з кары хлеб пяклі, умовы жыцця.

— Яны не спалохаюцца і не адступяць, Ватман, — сурова прагаварыў Баўтрамей. — Ты са сваёй кампаніяй учыняеш вульгарны наезд на маёнтак шляхціца. Любы суд прызнае, што ягоныя гаспадары мелі права ўзброіць сваіх людзей і бараніцца. Адступіся. Разбіты збан не склеіш. Панны Багінскай больш няма — ёсць пані Агалінская, а яе муж адмовіўся ад пасагу, і падставы судзіцца няма.

Ватман ненавісна прымружыў шалёныя вочы.

— Тварына ты слізкая, доктар. Колькі ты яшчэ будзеш станавіцца на маім шляху? Ні ў моры не патануў, ні ў Ангельшчыне не забілі… І нават за тое, што ні з чым прыехаў, паны табе даравалі. Можа, ты чараўніцтва ўжываеш? Тым болей мушу цябе спыніць…

Найміт паклаў руку на дзяржальна шаблі.

— Давай так… Мы з табой — сам насам. Да смерці. Калі ты пераможаш — мае людзі сыдуць. Нікога не зачапнуць. Чуеце? — павярнуўся да каманды, тыя загулі на знак згоды. — А калі перамагу я… — Ватман злавесна ўсміхнуўся, — сыдуць твае людзі.

— Ты можаш прасіць толькі пра тое, каб вам дазволілі сысці, — строга прагаварыў Лёднік. — І зараз жа адпусці пана Вырвіча — іначай ніякіх перамоваў!

Найміты Ватмана змрочна збіліся ў купку вакол правадыра, цэліцца ім даводзілася ва ўсе бакі — бо і слугі з маёнтка ачомаліся і далучыліся да абароны ад наезду. Перавага відавочна была не на баку пасланцаў князя Багінскага.

— Адпушчу гэтага ілгуна, калі пагодзішся на двубой! — заявіў Ватман.

— Бутрым, не згаджайся! — пракрычаў Пранціш, спрабуючы выкруціцца з рук наймітаў. — Гэта пастка! Мы і так пераможам!

— Пан доктар, дазвольце, мы іх пастраляем, як цецярукоў! — выгукнуў з-за дрэва адзін з мужыкоў, у якога ад нецярпення стрэльба ў руках уздрыгвала. — Сярод нас паляўнічыя ёсць — у вока вавёркі трапляюць!

Ватманскія людзі паныла пераглядаліся — жадання гераічна паміраць за чужую справу ў іх дакладна не было. І Ватман не мог гэтага не разумець.

— Давай, Герман, не дурэй… — буркатліва прагаварыў Лёднік. — Сам бачыш — шанцаў у вас няма. Проста адпусціце хлапца і без усякіх двубояў сыходзьце. Няма чаго кроў дарэмне ліць, ні сваю, ні чужую. І так яе зашмат праліваецца.

— Баішся мяне, доктар? — злавесна прагаварыў Ватман, выходзячы наперад пругкай хадою — здаровы, як мядзведзь, белавалосы, белабровы, са спаласаваным шнарамі ружовым тварам. — А вось жоначка твая мяне не баялася. Ведаеш, так лягалася — дасюль сінякі не сышлі…

Ватман здзекліва засмяяўся, і Пранціш схаладнеў, зразумеўшы, што задумаў найміт.

— Не расказала табе чароўная Саламея пра нашу з ёй прыгоду? — насмешнічаў Ватман. — Што ж, у кожнай жанчыны ёсць свае сакрэты. А тут такая жанчына… Ніколі не забыцца мне тае начы! — пан Герман з насалодай прастагнаў. — Я пастараўся навучыць яе хоць чамусьці… Ты ж так і не дапяў, дактарок! Дзе табе… Такую жарсную кабету задаволіць няпроста… А я дужа стараўся!

— Мярзотнік! — Лёднік выхапіў шаблю і ступіў да Ватмана. Той дастаў сваю зброю.

— Дык што, двубой? На тых умовах, што агучвалі?

— Згодны! — скрозь зубы прагаварыў Лёднік, зняў камзол, скінуў на зямлю, стаў у пазіцыю. Пранціш адчуў, што яго адпускаюць, і падляцеў да доктара.

— Нашто ты паддаўся? Ён жа спецыяльна цябе расцвельваў! Падумай пра малога!

Лёднік няўважна адсунуў хлапца ўбок — і Пранціш зразумеў, глядзечы на ягонае аблічча, што словы бескарысныя. Для абодвух дуэлянтаў самым важным на свеце цяпер было — забіць ворага. Адразу абаім не было месца на гэтай не такой малой зямлі.

І, як і баяўся Пранціш, ад прадчування выбітнога відовішча вочы ў людзей загарэліся, усе — і найміты Багінскіх, і мужыкі з Карытнікаў, і лясныя браты, і лёкаі з маёнтка — на час нават забыліся на сваю варожасць, падцягнуліся бліжэй, каб лепей бачыць. Доктар — фехтавальшчык выбітны, вунь лёгка стаў чэмпіёнам лонданскага байцоўскага клубу… А Герман Ватман — вядомы на ўсю Еўропу найміт-забойца, якога перакупляюць каралі і князі. Тры гады таму ў полацкіх сутарэннях Пранціш і Лёднік удваіх не маглі з ім справіцца.

Момант, калі лязо сустрэлася з лязом, проста немагчыма было адсачыць. Як бы збліснулі дзве маланкі і адскочылі. Доктар рухаўся лёгка і прутка, кідаўся, як змяя, але і Ватман, падобны да скалы, быў хуткі і плаўны — як вадзяныя цмокі ў глыбінях марскіх… Каб справа была ў Лондане — зараз пачалі б рабіць стаўкі, і нехта разбагацеў бы нечувана.

— Не разумею цябе, доктар, — усміхаўся Ватман, — з чаго б табе заступацца за тую магнатку, што спрыяла зняволенню тваёй жонкі, сілком змусіла цябе ў падарожжа ехаць? Ці за выкармыша радзівілаўскага — ты ж быў рабом ягонага брата, і я бачыў тваю спіну. Што табе да багацеяў, якія цябе скарыстаюць, як трэсачку ў зубах пакалупацца, ды выкінуць грэбліва. Няўжо ты не хочаш іх пакараць? Скажы, куды яны з’ехалі, а потым, як выканаю сваю місію, мы з табой зноў сустрэнемся — і ты пакараеш мяне… Калі вядома, зможаш.

Найміт адбіў цэлую серыя выпадаў Лёдніка нязмушана, як бы ў чыжыка гуляў.

— Я не за іх, я за сябе б’юся, — скрозь зубы прагаварыў Лёднік. — Я аднаго ад усіх гэтых магнатаў ды князькоў хачу — каб пакінулі нас у спакоі! Перасталі гандляваць Беларуссю! Каб вырашалі свае амбіцыі, як павукі ў слоіку: перагрызіцеся вы там усе і пакіньце нам нашую зямлю!

Герман ледзь не дастаў доктара ў бок… Але ж не дастаў, з прыкрасцю хмыкнуў:

— А ты не заплыў тлушчам, Бутрым. Скачаш, як блыха. А ў спакоі вас не пакінуць — бо калі ёсць зямля, будуць тыя, хто захоча ёю ўладарыць. А пакуль будуць уладары — ім спатрэбяцца такія, як я.

— А вас, наймітаў, забойцаў, мы паганым венікам з Бацькаўшчыны будзем вымятаць! — Лёднік шалёным наступам змусіў Ватмана адысці і нават чыркануў па падбароддзі кончыкам шаблі, але зараз жа сам змушаны быў адступіць. Кожны ўдар Ватмана быў такой моцы, што стрымаць яго без высілкаў мог хіба той Галіяф, які заваліў пана Гервасія Агалінскага на байцоўскай пляцоўцы ў Лондане. Але доктар трымаўся — за кошт свайго майстэрства ды зваротлівасці, якія ўраўноўвалі недахоп сілы ў параўнанні з белавалосым гігантам.

— Нікуды мы не падзенемся! — выскаляўся Ватман. — Мы будзем прыходзіць і забіраць вашых жанчын, і атрымліваць ва ўзнагароду маёнткі, якія адбяруць у бунтаўнікоў, і вы станеце выхоўваць нашых дзяцей… А вось цікава будзе, калі пані Саламея народзіць ад мяне сына! І ты будзеш яго гадаваць! Папытаўся, дарэчы, ці не цяжарная жоначка — раз ты не змог ёй дзіця зрабіць, магчыма, у мяне атрымалася?

Доктар скрыжаваў зброю з наймітам з такой ятрасцю, што каб той быў слабейшы — паваліўся б, як сухая чараціна. Нейкі час біўся моўчкі, зацята… А потым здушана прамовіў:

— Няхай так… Няхай! У таго дзіцяці будзе і наша кроў. І мы выхаваем яго ў любові да гэтай зямлі, каб ён да апошняга змагаўся за яе з такімі, як ты! Каб ён не даў тваім гаспадарам прадаваць нас за магчымасць атрымаць уладу хоць з чыіх рук!

— Нічога ты не зробіш, доктар, — пагардліва прагаварыў Ватман. — Ні ты, майстар вучоны, ні рамантычныя хлопчыкі, як твой вучань, ні гэтыя мужыкі. Вы — або інструменты, якім дазваляюць мець трошкі клёку, ці проста быдла, якое ганяюць пугай. Па мне, дык лепей трымаць пугу ў руцэ.

— Ты ўпускаеш адну важную дэталь, Герман, — са стрыманым гневам прагаварыў сын полацкага гарбара. — Пугай можна пагнаць у храм ці на вайну… Але не прымусіш шчыра маліцца альбо стаць героем. Можаш згвалціць жанчыну — але не прымусіш яе пакахаць. У кожнага павінна быць тое, у што ён верыць і за што не збаіцца паміраць. Што ў цябе такога ёсць, а? Замак у чужой краіне, напханы нарабаваным дабром? У мяне — мая каханая, мой сын, мой вучань, мой Полацак…

— Пафасам не захлыніся, прафесар, — кінуў раззлаваны найміт. — Прамаўляеш, як героі старажытнагрэцкіх трагедый. Зараз я цябе проста заб’ю. І праз трыста гадоў ніхто не ўспомніць доктара Баўтрамея Лёдніка з усімі яго подзьвігамі. А пра паноў Багінскіх, Сапег, Радзівілаў, Панятоўскіх ды іншых уладароў — будуць чытаць і пісаць у кнігах. Якімі б пры жыцці паскуднымі, здрадлівымі, жорсткімі яны ні былі. Гісторыя — рэч несправядлівая! І калі не прызначана тваёй Беларусі быць — яна знікне, расчыніцца ў іншых краінах, як дзясяткі і сотні да яе дзяржаў, княстваў, герцагстваў…

— Яна не знікне ніколі, таму што заўсёды будуць нараджацца такія, як мы! — сказаў Бутрым, глыбока ўздыхнуў — як заўсёды рабіў, калі праганяў злосць, нервовасць, стому — і гледачы атрымалі задавальненне… Праціўнікам было больш не да слоў. Яны ўжывалі ўсе свае ўменні напоўніцу. Не для форсу, а каб забіць і не быць забітым. Сонца паволі знікала за лесам, цені раслі, быццам набліжаліся цікаўныя здані. У двары маёнтка Агалінскіх зрабілася шумна — бо гледачы захапляльнай бойкі раўлі, падбадзёрвалі дуэлянтаў, лаяліся… Карацей, нічым не адрозніваліся ад натоўпу ў Дракошчыне, Тамашове, Лондане ці Вільні, якому паказваюць відовішча з крывёй і смяротным завяршэннем… А завяршэнне мусіла быць хутка. Бо абодва дуэлянты стаміліся, пот і кроў залівалі вочы. Нарэшце Ватман зароў, як мядзведзь, і так махнуў шабляй вакол сябе, перакруціўшыся, як ваўчок, што доктару, каб пазбегнуць удару, давялося кульнуцца на зямлю. Зараз жа у тое месца, дзе ён упаў, уторкнулася шабля. Доктар круціўся па стаптанай траве, як вужака, ледзь паспяваючы ўхіляцца ды лежачы адбіваць удары, Ватман з хэканнем сек шабляй, не даючы ворагу падняцца… Вырвіч бегаў туды — сюды, спрабуючы ўсачыць за кожным рухам бойкі…

— Маёй будзе баба! — раўнуў Ватман і з сілай уторкнуў шаблю ў Лёдніка. Падняў — на лязе цямнела кроў. У Пранціша ажно сэрца спынілася… А Лёднік на імгненне замёр, і раптам выгнуўся, як спружына, неверагодным намаганнем паслаў знясіленае цела наперад — і Ватман застыў, заціскаючы рукамі рану ў грудзях, у белых вачах яго было шчырае здзіўленне:

— Табе б… доктар… у балагане выступаць…

На вуснах найміта паказалася крывавая пена. Гігант зноў падняў шаблю, зрабіў крок да ворага, але захістаўся і паваліўся, як слуп. Вырвічу падалося, што зямля задрыжэла.

Лёднік упаў на калені, абапершыся рукамі, і спрабаваў аддыхацца. Пранціш падбег да свайго прафесара:

— Бутрым, ты цэлы? Куды ён цябе параніў?

Лёднік ажно не мог гаварыць… Яшчэ б — каб паглядзець на такі паядынак, лонданскія знаўцы аддалі б горы золата! Нехта падаў конаўку з вадой. Прафесар, захлынаючыся, адпіў, аддыхаўся, падняў галаву…

— Саклета?

Невысокая жанчына ў намітцы шчасліва ўсміхалася:

— Пан доктар! Я, як толькі даведалася, што вы ў бядзе і на дапамогу клічаце, адразу свайго мужа адправіла. І братоў ягоных… І бацька мой вунь там, з канём, за дрэвамі.

Лёднік, пахістваючыся, узняўся: кашуля на баку набрыняла крывёй, падобна, там слізганула наастачу шабля Ватмана.

— Дазвольце, я вам раны прамыю… Я лекі ўзяла! Як вы тады вучылі, зроблена! З крываўнікам, з драўляным алеем… І хлеб з плесняй — як жа без яго?

Доктар абцёр рукой твар.

— Значыць, ты замуж выйшла?

— Так! — шчасліва ўсміхнулася Саклета. — Пан Гервасій пасаг прыслаў… А Антось мой харошы, з дзяцінства мяне шкадаваў… Толькі раней, як у мяне нараст на твары быў, сваякі не дазволілі б яму са мной ажаніцца. Цяпер майму бацьку дапамагае на млыне. Усё дзякуючы вам, пан Баўтрамей! Павек мне не расплаціцца!

Ад сонца застаўся толькі барвовы пасак над лесам. Баўтрамей, перавязаны, апрануты, фанабэрысты, стамлёна-змрочна зірнуў на Пранціша:

— Ну што, паехалі, рыцар? Пераначуем на млыне, вунь як запрашаюць. Хопіць, нагасцяваліся ў паноў Агалінскіх… Узяліся ж яны на нашу галаву… Рамэа ды Юлія беларускага разліву… А лоб за іх падстаўляць чамусьці нам. А я стары ўжо для такой гімнастыкі.

— А як ты аказаўся тут у самы зручны момант? — пацікавіўся Пранціш.

Лёднік памацаў плячо са старой ранай, асцярожна паправіў павязку на свежай ране на баку.

— Пасля твайго ад’езду «па срэбны корд» пачуў, як ля карчмы адна дзеўка расказвала другой пра страшнага волата з чырвонымі вачыма і белымі валасамі, які на чале войска пагнаў некуды ў бок Глінішчаў. Спалучыў у думках два і два… Адправіў Саламею ў Вільню — наняў ім з малым павозку з фурманам. А паколькі, у адрозненне ад пана Вырвіча, разумеў, што сам-насам з атрадам не спраўлюся, паскакаў па дапамогу. Мужыкі наездаў таксама не любяць.

Калі Лёднік, пакульгваючы, праходзіў паўз цела Ватмана, каля якога сабраліся ягоныя найміты, што рыхтаваліся без асаблівай славы, але і без стратаў, пакінуць Глінішчы, цела раптам варухнулася, і дужая, як сталёвая, рука ўхапіла доктара за крысо, так, што той ледзь не паваліўся.

— Наш двубой яшчэ напэрадзе, доктар! — прахрыпеў Ватман. На ягоных вуснах лопаліся крывавыя бурбалкі. Лёднік вызваліўся, змрочна агледзеў ворага, якога адзін з паплечнікаў узяўся лекаваць. Працэс лячэння доктару не спадабаўся:

— Чакай, не так, — скамандаваў ён самадзейнаму лекару. — Хлеб с плесняй пакладзі сюды… Прыцісні… Так, каб паветра не праходзіла. Вось гэткім чынам… — доктар дапамог перавязаць рану, якую сам жа і нанёс. Ватман ляжаў, заплюшчыўшы вочы, ці страціў прытомнасць, ці бачыць не хацеў, як ненавісны Лёднік яго ратуе.

— Будзеце везці, пакладзіце на левы бок, — распарадзіўся, цяжка ўстаючы, Бутрым.

Вырвіч ажно адвярнуўся з прыкрасцю. Цяпер ён ясна разумеў, чаму не хоча быць лекарам: вось так лёгка пераступаць праз свае пачуцці дзеля клятвы Гіпакрата, і ратаваць жыццё ворагу, які згвалціў тваю жонку і марыць толькі пра тое, каб цябе забіць… Не, пакуль што Пранціш на такое не здатны.

У апошнім святле доўгага летняга дня Пранціш заўважыў на твары Баўтрамея Лёдніка мройную ўсмешку… Такую, якая бывае ў вандроўніка, які нарэшце вяртаецца да каханых людзей.

 

РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ. ЭПІЛОГ

 

Васковы твар дасканалай прыгажосці плямілі чорныя пасакі сажы. Пад носам лялькі ўтварыліся бандыцкія вусы.

— Алесік! Што ты робіш? — пані Саламея сцягнула малога з каленяў Пандоры. Шыкоўная сукенка лялькі таксама была ў чорных адбітках маленькіх далонек.

— Цётка др-рэнная! — упэўнена заявіў Аляксандр Баўтрамеевіч Лёднік, дэманструючы не толькі прыроджанае імкненне да эксперыментаў, але і толькі што набытае ўменне вымаўляць літару «р».

— Пайшлі рукі мыць! — строга сказала Саламея. — Ну што ты нарабіў, татка сварыцца будзе…

— Не будзе! — заявіў малы. — Ён гэтую цётку не любіць!

Пранціш ледзь стрымаў рогат. Сын прафесара ўсе таткавы сакрэты раскрываў лёгка — відаць, з-за падабенства характараў. І ўжо карыстаўся тым напоўніцу: якім бы строгім татка не выглядаў, як бы ні адчытваў малечу за пракуды, а варта было таму ўсхліпнуць альбо зрабіць жаласныя вочы — і раставаў, як воск на сонцы… А ўжо калі малы пачынаў задаваць пытанні — чаму яблык падае ўніз, а не ўверх, як зроблены тэлескоп, чаму кроў чырвоная — расчульваўся, і давай захапляльныя лекцыі чытаць… І што з гэтага дзіцёнка толькі вырасце? Хіба што новы прафесар…

А вось цікава, ці ўспадчыніў малы магічныя здольнасці бацькі?

Вядома, пра гэта Пранціш услых ніколі не пытаўся. Лёднік усялякія згадкі пра вядзьмарства, таемныя веды і прадказанні прышласці не пераносіў на дух. Колькі малітваў па вяртанні з падарожжа адчытаў святому Кіпрыяну…

Пані Саламея падхапіла замурзанага, як лонданскі трубачыст, чарнавалосага і нават цяпер трохі дзюбаносага хлопчыка на рукі і панесла мыць. Пранцішу дасюль было аж не па сабе, як пані млела ад шчасця, калі малы час ад часу называў яе «мама». Пакуль што сама нараджаць яна не збіралася… Ватман дарэмна пагражаў. Пранціш хваляваўся, як Лёднікі перажывуць з’яўленне такога «шкілету з шафы», як прызнанне Ватмана пра ягоны гнюсны ўчынак з пані. Была цяжкая доўгая размова за зачыненымі дзвярыма, пасля якой пані хадзіла з заплаканымі вачыма, а доктар быў маўклівы, як дрыгва. Ясна — дакараў, чаму не распавяла пра бяду… Ён вунь адразу, з парогу, свае грахі вываліў. Потым былі пяшчотныя пацалункі, абдоймы і слёзы палёгкі… І, падобна, пасля перажытай бяды палачане сталі яшчэ дружнейшымі.

Ці будзе калі ў Вырвіча такое шчасце?

Вось ён, адпушчаны на святы дадому — так, менавіта ў Лёднікаў быў ягоны дом — сядзіць, такі гожы ў сваім мундзіры, з заўважнымі вусікамі, пры літым поясе са слуцкай персіярні, пры залатых галунах і чырвоных ботах, дзеўкі млеюць — а вялікага і вернага кахання няма. Знікла княжна Багінская за акіянам, адзіны след — перадала з Гданьску цыдулку без подпісу. Маўляў, адплываюць, памагай святы Хрыстафор.

На двары забрахаў руды Піфагор — весела, прыветна. Нешта забубнеў таксама прывітальнае Хвелька… Значыць, вярнуўся гаспадар.

Лёднік стамлёна зайшоў у пакой, зняў капялюш, паставіў доктарскую сваю валізу, сеў на канапу, правёў рукой па худым дзюбаносым твары.

— Цяжкая аперацыя была… Ледзь адратаваў пацыента. Жоўць разлілася ў брушыну… А вопытных асістэнтаў бракуе, — гэта ён дакорліва адрасаваў Вырвічу, які адрынуў медыцыну дзеля вайсковай справы. Пранціш, аднак, віны не адчуваў ні на каліва — пан Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, нашчадак Палямона — шляхціц, рыцар, вой!

Малы Алесь радасна падбег да бацькі, забраўся на калені. Лёднік пацалаваў малога ў лоб і адкінуўся на спінку канапы, заплюшчыў вочы, прыціскаючы да сябе сына і чуючы пахі вячэры — пані Саламея хуценька накрывала на стол…

Ніхто не ведаў, колькі лёс дазволіць доўжыцца такім ціхім вечарам, напоўненым сямейным шчасцем, таму яны і былі асабліва дарагія сэрцу.

На вуліцы пачуліся стрэлы і крыкі… Лёднік нат не зварухнуўся, не адплюшчыў вачэй, адно па твары ягоным прабег цень. Вырвіч ускочыў, зазірнуў у вакно:

— Што там робіцца? Бутрым, ведаеш што-небудзь?

Лёднік цяжка ўздыхнуў і неахвотна адказаў:

— У саборы людзі Станіслава Панятоўскага пачалі страляць па радзівілаўскіх… Ну і… зноў сеча. Відаць, хутка прыбягуць прасіць камусьці з паноў выпушчаныя вантробы ўправіць на месца.

Пранціш замітусіўся, схапіў шапку, шаблю. Пані Саламея трывожна глядзела на яго.

Лёднік толькі сумна папытаўся:

— За каго біцца будзеш, драгун?

Пранціш трохі задумаўся, потым усміхнуўся, расправіў плечы:

— Не бойся, у дурную зваду не палезу. Але што ж я за шляхціц, калі стану хавацца ад боек у цяжкія для радзімы часы? За каго біцца? Ясная рэч, за волю, за Беларусь! Ну, бывайце!

Пранціш выбег на двор, хутка па бруку застукалі капыты ягонага каня…

— Як думаеш, ён не патрапіць у бяду? — папыталася Саламея.

Лёднік толькі паціснуў плячыма.

— Калі залева, не вымакнуць немагчыма. Невядома, куды нас віры палітычныя занясуць. Будзем маліцца, Залфейка, ды чакаць. Калі ў чалавека ёсць годнасць ды любоў да радзімы — ён не стане трэскай на чужых хвалях. Не прападзе і ягоная мосць пан Пранціш Вырвіч.

Над Вільняй зазванілі званы, паплылі аблокі, заплакалі анёлы… Сонца прабілася скрозь хмары, як вогненны меч.

І не было іншага часу і іншага месца для тых, хто быў прызначаны жыць, кахаць і змагацца тут, дзе жыве Беларусь.


2014?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: https://www.rulit.me/