epub
 
Падключыць
слоўнікі

Людміла Рублеўская

Пясняр

Мой шлях абмінае густыя лясы,

Высокія замкі і вежы.

Спакою не ведаць, карон не насіць

І Госпаду толькі належаць -

Раскоша! Кілім верасовы і ноч,

І райскія птушкі шчабечуць.

І што мне да нечых спалоханых воч,

Да брыдкіх страсцей чалавечых?

Я - песня. Аднойчы замоўкнуць - не жыць.

Гукну - і сусвет адгукнецца.

І з неба крынічкай вясёлка збяжыць,

І ў камні загрукае сэрца.

Але для людзей назаўсёды нямы.

Стаміўшыся лаяць і хапаць,

Яны спачываюць і поўняць дамы

Юрлівымі снамі і храпам.

Ніколі, нікому - ні слова майго.

Што перлы - свінячай пародзе?

Я буду спяваць для дажджоў і снягоў,

Для ветраў і траваў - і годзе.

Чаму ж ты знясілела, песня мая?

Цябе адпусціў я на волю.

Ніхто тут не зможа нас больш абсмяяць.

Не зведаеш крыўды і болю.

Ніхто не пагоніць, ніхто не заб'е...

Ляці, як калісьці, да зорак!

Пакінуць не можаш ты грудзі мае,

Як мацерку хворы дзіцёнак.

Чаго не хапае? Няўжо бізуноў

І сытага рогату з вокнаў

І трэба вяртацца ў зняволенне зноў

Для нейкіх вар'яцкіх законаў?

Слязінкамі капаюць зоры з нябёс...

А помніш, як плакалі людзі

І слухалі песню, як слухаюць лёс,

Як моляцца Богу аб цудзе?

А помніш, як часам у нечых вачах

Ад песні успыхвалі зоры,

І значыць, што нехта забыўся на страх

І здрадзіў навечна пакоры.

Імгненні... Як рэдка такія былі...

А можа, іх дзеля - і толькі -

І дадзена быць песнярам на зямлі

І грэх адлятаць за аблокі?

Мой шлях абмінае густыя лясы,

Высокія замкі і вежы.

Спакою не ведаць, карон не насіць

І Госпаду толькі належаць

І быць - да апошняга - гэтым жыву -

З народам сваім і ў народзе.

Ці кінуць за спевы мядзяк на траву,

Ці зноў бізунамі заплоцяць.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com