epub
 
падключыць
слоўнікі

Людміла Рублеўская

Радавое гняздо

Пальцы гладзяць патрэсканы лак на партрэце.

Здасца, што фарбы праменяць чамусьці цяпло.

І праз разбіты вітраж завітае пан вецер...

Вось яно, продкаў, амаль што забытых, жытло.

 

Колькі змянілася тут пакаленняў і лёсаў!

Колькі вяселляў і колькі самотных старых!

Гэтыя сцены, што пахнуць гніллём і марозам,

Бачылі смерць, і каханне, і вояў чужых.

 

Бедны нашчадак у джынсавых портках, якія

Прадзед аддаў бы прыслузе на стайню насіць,

Памяць твая анічога табе не адкрые,

Як тут жылі! Так ніколі табе не пажыць.

 

Што за размовы ўчынялі за кубкам гарбаты

Інтэлігенты мясцовыя ўзросту твайго.

Свет перайначыць хацелася! «Хто вінаваты?»

Ды «Што рабіць?» - паўтаралася з году ды ў год.

 

Тут атэізм прапаведвалі кветкі-курсісткі,

Потым - вянчаліся, дзетак хрысцілі сваіх.

Тут пачыналіся спрэчкі аб мове мужыцкай

І беларусам назваў сябе нехта з сям'і.

 

Як яны марылі шчасце нашчадкаў наблізіць!

Волю ўспявалі, шукалі дарогі прамой...

Дом іх зрабіўся маёмасцю сацыялізму,

І пад нагамі нашчадка - тынкоўка і гной.

 

...Цені паненак вальсуючых, рэшткі паркета,

Мат рускамоўны на сценах, парваны плакат...

Цьмяны пагляд ацалелага цудам партрэта...

Час не павернецца... Дый і не трэба - назад.

 

Выйдзі адсюль, з апаганенай цёмнай грабніцы.

Хто вінаваты - не думаць пра гэта лягчэй...

Ветах запаліцца яснаю свечкай грамніцаў.

З вёскі чужой ты паедзеш як можна хутчэй.

 


2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая