epub
 
падключыць
слоўнікі

Людміла Рублеўская

Шляхта

Першы снег над мястэчкам,

І мерзнуць званы на званіцы;

І ў маленькі маёнтак з'язджаецца шляхта на баль.

І глядзяць з-пад рукі на паненак здаля маладзіцы -

Люд мясцовы, загадкавы, просты, як белы паркаль.

Мы жывём, нібы прыхадні тут, - шляхта, кветкі-прыкрасы.

Пакаленні змяняюцца - тыя ж бязродцы растуць.

Што за людзі жывуць тут? Якія тут рэчкі і краскі?

Што за песні пяюцца? На мове якой нас клянуць?

Невядома. Бліжэй нам героі пагаслай Элады

Ці маркізы парыжскія, нават расейскі разбой...

І не нам напяваюць балады пушчанскія шаты,

Абыходзіць дамы нашы лірнік з пагардай сляпой.

Як расплоцяцца горка за гордую пыху нашчадкі,

Як завянуць яны на зямлі, што не стала сваёй.

Выцвітаюць, як душы, кляйнодаў старыя пячаткі,

І змяшаецца смерць назаўсёды з блакітнай крывёй...

І ляцяць над мястэчкам іскрыстыя Штрауса вальсы,

А званы на мясцовай званіцы цяжкія, як лёс.

Не заўважаць вас нават, бязродныя кветкі-прыкрасы,

У гнілой каляіне ад бедных сялянскіх калёс.

 


2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая