epub
 
падключыць
слоўнікі

Лукаш Калюга

Іллюк-даследчык

Якой ён бяды сваім доследам аднаго разу нарабіў

 

Блага цяпер жыць Іллюку-прымаку, як сваю Альжу пахаваў. Ды і за яе бытнасць не вялікая роскаш была. Благая была жонка — сварлівая. Да чужых людзей не кідалася Альжа рап’ём, як гэта робяць іншыя ўпраўныя жонкі. Ну, не без таго — бывае наробіць зводаў. (На гэта кабет здало.) Перш наробіць, а потым будзе клясціся, бажыцца, што ўсё гэта няпраўда — не яна казала, а благія абрэхлівыя людзі выдумалі, каб ачарніць яе. Альжа гатова на прысягу стаць, што і моды такой не мае, каб на людзей за вочы напасць накладаць.

— Я,— кажа,— калі што на каго маю, у вочы выпалю. Перад людзьмі скажу, калі каму выгаварыць трэба,— ці ты цётка, ці ты Юста, ці ты чорт, ці ты д’ябал, ці як іначай цябе завуць: тое і тое ты брыдка робіш.

Ды не такі на зводы доўгі Альжын язык, як да сваркі ён спрытны. Яна слова не перапусціць свайму мужу, што б ён ні казаў. У адно слова дзяўбе:

— Ілжэш! Дзе ты быў? Што ты бачыў?

— Ды я свет схадзіў, мір народу знаю.

— Там ты, мусіць, і хлусіць навучыўся.

— От ты папробуй — салжы.

— Што мне лгаць?! На мой век і праўды стане. Толькі слухаць не люблю, што многа лагоніш і, што ні слова, дык салжэш.

І праўда: Іллюк, каб было з кім, любіў бы многа пагаварыць. Гэту прывычку ён яшчэ дома, да таго як у прымы ў Баркаўцы не заставаўся, папаў бы. Тады сталярку рабіў дома ў сваёй хаце ў доўгія зімовыя вечары. Хто папросіць вокны зрабіць у новую хату, таму вокны майструе. У каго стары стол збуцвеў, той у Іллюка рабіў сабе новы. Калі каторай дзяўчыне добрыя сваты пасватаюцца, а куфра яшчэ не справіла сабе, дык і тады Іллюк з бяды выкупіць — змайструе што трэба.

Не было таго вечара, каб Іллюк згуляў. Кожны раз над дошкамі з гэблікам крукам стаіць. З шурпатай на гладкую кожную пераробіць. Ён сабе габлюе, а мужчынскі гурт, да іх сабраўшыся, так сабе якую гаворку распачне. Адзін гладка салгаць умее, што і сок не пацячэ. Другі цікавую праўду раскажа, Іллюк жа ўсё гоніць істружку ды слухае.

Дадзеце яму гэблік цягаючы. Выкалупае з жалязка ўсякае балота, што туды набілася, выдзьме драбязу. Тады адпачыць сядзе на варштаце, папросіць у каго закурыць. Скруціць папяросу з чужога тытуню. Пусціць дымок паверх галоў ды сваё ўмелае слова ў гаворку прыкіне. Тады нікога яму наперакор не было.

Застаўся ў прымы, дык Альжа стала — ад’ядае сэрца. За кожным разам:

— Шалахвост ты! Як табе язык не забаліць?

Не такая б злосць Іллюку, каб яна гэта ў сваёй хаце сам-насам калі сказала, а то і пры людзях ані не сцеражэцца.

Альжа — баркаўчанская жанчына: тут яна радзілася, тут і гадавалася, гэтакая самая ўдалася, як і ўсе. Болей загадваць ды камандаваць любіць, як работу рабіць.

Іллюк жа па свеце цягаўся. Многа чаго бачыў, шмат чаго ад людзей чуў. От яму і цікнула аднаго разу: чаму гэта ў іх хаце сваркі многа, а ладу няма. Ці не мае сабе Альжа палюбоўніка? Можа, з тым лашчыцца, а з Іллюка адзін здзек. Гэта ж ходзіць па людзях, не без таго, такая пошасць.

Як запала Іллюку благая думка ў галаву, дык і есці таго дня не ўзяў і работу рабіць заленаваўся. Людзі косы кляпаюць — стуку паўнюсенька вёска. Назаўтра ўсе збіраюцца ісці канюшыну касіць — пара падышла. Іллюк з раніцы меўся ў кааператыў схадзіць — мянташку купіць трэ было. Потым як пачаў думаць, дык дадумаўся, што не патрэбна яна яму, што не сам сабе працуе, а на чорта лысага.

Як напалі на Іллюка жаласныя думкі, узяў рэзгіны і па нешта пайшоў у ток. Ужо даўно стала чыста ў гэтай будыніне: каб жменька сена, каб пласток саломы. У каровы ўжо другі тыдзень як загарадка не падсцілана, а конь дык ад самай вясны на голым гнаі качаецца. Абодва яны жніва ды першага ўмалоту чакаюць. Запалі ток —нічога не трэсне там: так чыста. Гэта не помнячыся пайшоў туды Іллюк з рэзгінамі.

Ідзе і дарогі не бачыць. Унурыўся, згорбіўся. У твары цёмны, як хмара.

Адчыніў ток. Распасцёр рэзгіны ля застаронка. Толькі тады агледзеўся, што класці на іх няма чаго.

Сеў на застаронку. Угледзеўся на рэзгіны. А ўваччу яго ні двоіцца, ні троіцца — ані нічога не бачна.

Так ад поўдня ледзь не да вечара, як пасядзеў, дык і надумаўся, якім манерам Альжу даследзіць, з кім яна займаецца. Надумаўся і павесялеў.

З застаронку ён устаў. Выцягнуў з току на двор драбінку. Знайшоў збанок з маззю. Падмазаў колы не шкадуючы. Трэба каб ціхенька пад’ехаць, каб колы ціхенька плюхцелі, а не тарахкалі, як будзе ехаць. Схадзіў яшчэ раз у ток. Узяў вупраж. Пайшоў у хату па вобраць, а адтуль проста на балота.

Альжы дзіва з усіх гэтых выбораў. Яшчэ пастух кароў не прыгнаў, а ўжо Іллюк каня прывёў дадому.

Альжа загнала авечак у хлеў, зачыніла загароду, выйшла на двор ды і пытаецца.

— Куды гэта ты супраць ночы?

— Да Хлюпску.

— Ці пры сваім ты розуме, чалавек? Гэта ж заўтра субота: торгу не будзе.

— Ат! Многа ты ведаеш! У мяне знойдзецца торг. От убачыш!

Так Іллюк і не даслухаў разумнай Альжынай рады. Да самага цямна выбіраўся. А тады, як пашарэла на дварэ ды людзі пайшлі ў хаты, за сталы вячэраць паселі, ён з прызбы набраў у крысо дробненькага, мякенькага жоўтага чвыру. На ганку і ў варота ім пацярушыў. Сам пасля гэтага сеў на калёсы.

— Но-о-о! — моцна, каб аж у хаце чуваць было, гукнуў на каня. Свіснуў пугаю і трухкам патрухаўся з гумна ў той бок, куды ад нас едуць, як трэба ў Хлюпск. Да гэтага мястэчка ад нас рукою падаць. Ніхто туды нанач не едзе. Каторага дня кірмаш, таго дня ўстаў крыху раней, агледзеўся, паснедаў — і заедзеш яшчэ ў самую пару і там набудзешся. Але ж Іллюку па людзях малы клопат. Ён робіць сваім адумам.

Усё б добра было, каб не нашы падшывальцы былі на той час на вуліцы. А то ўсе Іллюковы штукі бачылі яны. Што гэта азначае, добра спрачаліся — думалі: варажба. Параіліся адзін з адным ды пабеглі да мужчын, што таго вечара на вуліцы сабраўшыся былі. Кажуць:

— Вядзьмак наш Іллюк.

Усе, што бачылі, як што было, адзін перад адным пахваліліся.

— Далібог,— божацца,— на свае вочы бачылі.

Сталейшыя людзі, не малымі быўшы,— разумнейшыя. Адразачку здагадаліся, што тут да чаго ўходзіць.

— Такі паехаў? — пытаюцца ў малых.

— Паехаў.

— Ну, вядома,— даў адвод.

Жыватоў той вечар ледзь не пападрывалі. З рогату аж заходзіліся. А малых навучылі, як што зрабіць, каб Іллюка ў зман увесці:

— Схадзі каторы ды след зрабі на тым пясочку. З хаты і ў хату, каб відаць было: што нехта ішоў.

Малыя паслухмяныя: усім гуртам пабеглі. А на Іллюковай вуліцы сталі і баяцца на двор паткнуцца. Міхалкоў Кастусь за ўсіх смялейшы быў. Ды ногі ў яго не на тандэт, а на заказ выштукаваныя — не ва ўсякага і сталага гэткія дабярэш: па добраму лапцю велічыні і пляскатыя, шырокія, як апранікі ані ўсходу няма на іх. Панскім спацырам прайшоў Кастусь з вуліцы на ганак і назад з ганка на вуліцу. Яшчэ і на самым парозе след палажыў.

Толькі малыя вярнуліся пад мужчынскі гурт ды пахваліліся, што ўжо схадзілі слядоў нарабілі, дык і Іллюка бачылі, як цераз вуліцу пераходзіў. А месячна было, відно добра.

Прыгнуўся Іллюк у варотах. Паглядзеў — знаць сляды. І на ганку гэта самае запамеціў.

Грукае ў дзверы.

— Адчыняй!

Альжа спрасонку ў хаце яго слоў не дачула. Моцны стук яе пабудзіў. Бяжыць у сенцы і лае Іллюка за непаслушэнства.

— А што — от і схадзіў назад па розум: вярнуўся! Я табе не казала? Мая праўда: заўтра субота.

— Я ж табе пакажу суботу!

Толькі ў сенцы ўскочыў, дык адразачку за тое месца, адкуль каса пачынаецца, схапіў. Пакуль тая разгледзелася, разоў колькі аплявуху і ў плечы ўправіўся загрэць. Гэтым толькі і спагнаўся. Дзе яму, мізэрнаму такому з Альжаю сілай саўладаць. Калі хітрасці не ўжыў, дык і прытаўчэ да паўсмерці. Яна кабета, як ляпеш. Глянуць ёсць на што. На адзін фартух Альжы метра мала. Ды і Іллюк некалі быў нечага варт, але праз сваю дурную адвагу сарваўся.

Гэта ж быў п’яны залажыўся на гарнец гарэлкі, што воз бярвення, як каню павезці, пад узгорак гоней двое правязе. І праўда: хоць вочы на лоб лезлі, але воз прыцягнуў куды трэба было. Прыцягнуў ды і з ног зваліўся. Перш быў збялеў, а потым ссінеў. Ледзь адратавалі. Ужо на валасочку вісеў перад смерцю. І гарнец яму быў не наўме. Тры месяцы хварэў пасля гэтага. Потым, як крыху ачуняў, ды і цяпер не можа сам сабе пуда збожжа з зямлі за плечы закінуць. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Цяпер праз гэту самую прычыну і не давялося з Альжаю саўладаць. Біла яна яго на горкі яблык. Самадурня папаўся чалавек у спрытныя рукі. Сам сабе на тыдзень хваробы — ламаніны касцей — выстараўся.

Аж да поўначы валтузіліся яны папацёмку. Забыліся і пра сорам, і пра нашых звяглівых людзей. Хто што зарваў, пушчалі адзін у аднаго. Калі ж на кулачкі зграбуцца, дык Іллюк усё Альжы цаляў, каб пад вокам папасці, сінякоў насаджаць. Хацелася яму, дурному, каб людзі, як убачаць, ведалі, што яна за цаца. Але ж калі ён гэтага толькі хацеў, дык не трэба было надта і турбавацца: і так усе баркаўчане — малыя і старыя — збегліся былі таго прадстаўлення глядзець. Аж да белай раніцы ніхто спаць не клаўся — гэткія цікаўныя.

А ў Альжы не такі спрытны кулак, як кіпцюры. Доўгія яны ў яе і вострыя, ды яшчэ і ўпраўныя да таго. Абшальмавала Альжа імі твар мужыку, што проша бачыць: і нос, і шчокі, і ўсё чысценька, што пры іх ёсць, паганяла на чырвоныя пасачкі.

Як біцца ды біцца, дык так яны ўдваіх пастараліся, што ніводнага акна ў хаце не засталося, каб шыбы былі цэлыя. Таму ж акну, што супраць печы, папала горай як усім: з рамкамі на двор выкінулася. Зрабілі сабе на лета халадок.

Баркаўчан з гэтага толькі ўцеха бярэ. Хоць, як шыбы звінелі, і боязна было, каб каму праз акно галавы не расшчапілі, але ж затое стала лепш пачуць, што ў хаце крычалася і гаварылася. А што больш баркаўчанам трэба, калі не паслухаць? Паглядзець не было як. Хоць на дварэ і відна, месячна, але ж у хаце, дзе бой ідзе, нічога не ўбачыш здалёк. Знайшліся б такія цікаўныя, што ў разбітую шыбу галаву высунулі б, каб паглядзець, што робіцца ўсярэдзіне — толькі боязна, каб там хто знянацку носа не збіў.

Сышлося сюды баркаўчан, як на сход, дзе маюць нешта дзяліць ці так што дарма даваць. Дома насцеж дзверы пакідалі. Так спяшаліся сюды бегчы, што зачыніць не мелі часу. Вось бы тады злодзей пажывіўся, каб з іншай якой вёскі падскочыў у Баркаўцы на такі гарачы час.

Гэта пачуўшы, можа, каму падумаецца, што ў Баркаўцах зладзейскі завод даўно звёўся — і на раду такіх людзей у нас няма. Дзе там звёўся! Хто гэта казаў, што няма?! Стае з нас гэтага дабра на сваю патрэбу.

У нас такія парадкі: кінь толькі дзе ля сцежкі сякеру ці сахор, дык самы лепшы, павяроны чалавек прыбярэ, абы ўгледзеў. Дома такі прытулак узятай рэчы дасць, што спалі таго добрага чалавека, дык і на папялішчы свайго жалезца не знойдзеш, як ні капайся. А што каб усё цалкам назад вярнуць, дык і думаць не трэба — хацецца не будзе. Але ў тую ноч і зладзеі, і так сабе людзі — усе ля Іллюковай хаты сабраўшыся былі.

Толькі Іллюк з Альжаю на нашых цікаўных людзей не звярталі ўвагі. Свайго прадстаўлення яны за брыдкасць не лічаць. Яшчэ лепш папраўляюцца, каб мудрэй адзін аднаго наляскаць.

«Хай жа людзі ведаюць, што ты за цаца».

Як біцца стаміліся, сварыцца селі. Аж белая раніца іх агарнула за брэхнямі.

Тады Альжы і сварыцца надакучыла. Яна ўпраўнейшая, дык дагэтуль як мае быць наплакалася, накрычалася. З таго жалю, як упала на ложак, дык і дала зайздроснага храпунца.

Да Іллюка ж думкі прычапіліся. Узялі яго жаласныя думкі. Куды ні кіне — інакшага ратунку не знаходзіць, як толькі кінуць Баркаўцы ды пайсці ў свет шчасця-долі і добрых заработкаў шукаць. Калі ўжо інакшага ратунку няма, як шукаць сабе кавалка хлеба на старане, дык Іллюк і не прападзе. Ён мае талент у руках. Ён умее сталярку рабіць. З сякераю па зрубах лазіць ужо няма даўнейшай сілы, а сталярка не цяжкая.

Апошні раз Іллюк у гэтай хаце начуе. Толькі трэба людзям паказаць, як ён тут жыў, як мучыўся. Хай паглядзяць. Хай скажуць, ці можна было трываць чалавеку ці не (не жалезны ж ён!). А тады ўжо Іллюк возьме кій у рукі. Тады ў дарогу. Абы толькі людзі паглядзелі, а больш нічога яму не трэба.

Больш думаў Іллюк — лепш надумаўся. Хоць і будзе ён маўчаць, слова ні да кога не прагаворыць, а ўсякі, хто гляне, убачыць, які ён загнаны чалавек.

Палез сабе Іллюк на печ. Знайшоў свае лыкавыя лапці, што там ад зімы валяліся (іх ён меўся з сабою забраць). Палажыў пад лаваю лапаць на лапці, як падушку. А пры іх разаслаў сваю шарачковую капоту.

Падлез і сам туды. На капоце лёг, а на лапці галаву палажыў. Пакутуе чалавек, як падарожнік у заезжым доме, калі там лішне людзей збярэцца. Ляжыць і думае, чаго дабіўся-такі.

— От хай жа людзі бачаць, што мне за гора. Хай ведаюць, дзе яна мне на адыходзе пасцель дала.

Хацеў бы Іллюк заплакаць, ды цяжка не ўмеючы. Век жыў і ўсё плач за сорам меў. А цяпер у горы і згадзіўся б ён, але слёзы не прывыклі капаць з вачэй.

Думкі яго жаласныя, але нічога не выціскаецца. Прыйшло Іллюку на памяць, што як чхаецца, дык і слёзы на вачах знаходзяцца. Хацеў Іллюк знарок гэта зрабіць, ці добра выйдзе паспытаць, ды ў пору апомніўся, што куды гэта прыстала чхаць гаротнаму чалавеку.

Але дармо, што не бягуць крыніцы з Іллюковых вачэй. І так усякі скажа, глянуўшы на яго, што з гора, а не з роскашы ў гэткім цесным месцы сабе пасцель паслаў.

Адна надзея ў Іллюка, што людзі яго ўбачаць. Больш Іллюку нічога і не трэба.

Так аж датуль, пакуль сонца добра ў вокны не засвяціла, пралежаў пад лаваю Іллюк. І сон яго вачэй ні разу не паквапіўся сплюшчыць. Зараз і Альжа ўстала. Праспала яна быдлячага пастуха, а гарлаты авечы як загукаў:

— Выганя-а-ай! — прачнулася. Ускінула кажух на плечы і выйшла выгнаць авечак.

Іллюк дармо што чуў быдлячага пастуха, але і з месца не паварушыўся. Навошта яму гэтыя клопаты: ён чужы ўжо чалавек у гэтай хаце. Хай жывуць тут, як хочуць і хто хоча. Іллюк нікому тут не замінае. Ён здаўся на боскую волю.

Прыйшла Альжа ў хату, выгнаўшы авечак. Запаліла ў печы. Пайшла за сваёю гаспадыньскаю воглядкаю. Хоць і заўважыла, куды мужык дзеўся, але змоўчала.

Ды і Іллюку лепш на сто здохлых сабак глядзець, як на адну сваю жонку. Ён да сцяны вачыма, на хату плячыма лёг. Калі-нікалі спадцішка пацікуе, ці заўважыла яго Альжа, ці не, а так сцішыўся — ляжыць і не варушыцца, і не сапе моцна. Але Альжы і не ў галаве. Усё роўна, як ёй і не трэба Іллюка.

У таго сэрца не каменнае. Цярпеў, цярпеў, ды і не вытрываў. Давай стагнаць спрабаваць. Перш памаленьку, а потым штораз мацней-мацней.

Агідна Іллюку жончына мова. Лепш бы, наўкола яго пастаўшы, гайня ваўкоў выла, а яна адна маўчала. Але ж як у горы чалавек, у вялікай пакуце, дык і ад ворага добра ласкавае, спагадлівае слова пачуць. Такі бывае дурань чалавек. Гэтакі самы цяпер Іллюк.

Хоць не ўмеючы, але гатоў быў заплакаць — так ужаліўся. Ды якраз на тую часіну нагадзіўся Трахім з Пагулянкі. Яму Іллюковы енкі — самая лепшая прычына зайсці ў хату паглядзець, як ім здаровіцца пасля ўчарашняга. Трахім учора пад акном аж лішняе прастояў, усяго дагледзеў. Ужо даўно баркаўчане паразыходзіліся, даўно ў хаце ўсё ціха стала, а ён на вуліцы стаяў, чакаў, ці не пачнецца ўсё зноў. Толькі як заружавеў вішняк у тым баку, дзе ў нас улетку сонца ўсходзіць, тады Трахім на сваю Пагулянку падаўся. Хоць не паспеў, але ж даслухаў затое. А цяпер зноў на самы пачатак да Іллюка заспяшаўся. Карціць яму ведаць, як сёння ў іх жывецца. Трахіму не тое, што нам. Яму многа чаго ведаць трэба, каб, па хатах пайшоўшы, людзям гаворкі паддаць. Многія баркаўчане, як самы гарт праслухалі, учора раней дадому пайшлі, не даследзелі, чым тады скончылася — спаць ім трэба было, каб сёння ў пару ўстаць. Сёння не свята і не прысвятак, а будны дзень — субота. Людзям трэба канюшыны ганей са двое з расой аблажыць, бо як раса спадзе — цяжэй каса ў руках ходзіць.

От ім і добра: Трахіма меўшы — усё будуць ведаць. Ён ім усім сёння за адным заходам і ўчарашняе раскажа, і сённяшняе даложыць. А Трахіма паслухаўшы, лепш у памяці ўсё, як было, застанецца.

Заходзіць сабе Трахім у хату. Кажа:

— Дзень добры!

— Дзень добры! — адказваюць яму двое: Іллюк з-пад лавы крыху раней і Альжа трохі пазней.

Трахім — кемлівы чалавек: адразачку здагадаўся, дзе дзеўся сусед. Ён падыходзіць да лавы бліжэй. Нагінаецца і пытае:

— Ты хворы, суседзе?

— Ой цяжка, Трахімка!

Цяпер і Альжа ўшчухарылася.

— Ах ты, такі-сякі. Я ж табе пакажу! Я ж цябе пастагну! Я цябе навучу, як хварэць не ўмеючы.

Ды за чапялу, ды да Іллюка.

Трахім бачыць — непярэліўкі, гатова і яму папасці, што надта сяброўскую мову быў пачаў. Каб не зарабіць чапялы, кулём шмыгнуў за дзверы. Услед за ім і Іллюк пасягаў за парог.

Дармо што Іллюк у шапцы клаўся на сваю пасцель, а як чапялы па галёнцы папаў, дык і шапкі ў хаце адрокся. З голаю галавой выскачыў ён на двор. Не толькі адной шапкі, але няма пры ім і тых лапцяў, што былі пад галавою, і шарачковай капоты, што слаў пад бок. Усё ў жонкі-ліхадзейкі ў хаце засталося. Няма з чым Іллюку і ў дарогу выбірацца. Як жа ісці так, як стаіць, на людскі смех?

Іллюк, як уцякаў, дзвярэй не зачыніў за сабой. Мусіла Альжа ўслед выходзіць зачыняць, каб у хату мух з двара не налятала. І нашто была гадаўка — моцна завалкаю ўслед бразнула: замкнула за сабой. Усё Альжа робіць Іллюку на злосць, каб больш жалю паддаць старому, каб ведаў, што не сышча цяпер ад яе сваіх строяў.

Ціхенька, спусціўшы галаву, адышоў ён ад хаты. Сеў пад хлявом, што сёлета перасыпаў, на новым дубовым запасным шуле. Цяпер яму, адзінокаму, і Трахіма нідзе паблізу няма. Збаяўся той — уцёк. Адрокся і ён беднага прымака. Ніхто Іллюковаму гору не хоча спагадаць. Няма такога чалавека. Адзін адным сядзіць Іллюк на дубовай абчэсанай калодзе. Сядзіць і нешта думае жаласнае-жаласнае. Карова за сцяною чалавека пачула, рыкае. Есці просіць. Не выгнала Альжа каровы — не было на такую работу ёй часу.

А Трахіма цяпер як чорт імчаў цераз вёску. Ды потым дамоў на Пагулянку дзве гадзіны ішоў. Хат, можа, у шэсць па дарозе навіну занёс. Мужчын ні ў адной не застаў. І бяды па іх мала. Жанкам, як ад чапялы ўцякаў і дзе Іллюка бачыў, Трахім пахваліўся.

Так тады ў суботу і не выбраўся Іллюк упрочкі сысці. Але ад тых дат і аж да самай Альжынай смерці не меў ён на яе добрага вока. Яшчэ як цвярозы, дык бывае што і забудзецца, якую яна яму крыўду зрабіла, а хай толькі вып’е крыху, дык і давай скардзіцца.

Смешны Іллюк робіцца. Тады нахінецца да таго чалавека, з кім за адным сталом сядзіць, ды і шэпча:

— Я б табе, братка, ласку ўчыніў — за свае грошы кварту паставіў, у госці да сябе пазваў — аднак маё усе сваяцтва за мяжою засталося, аднак да мяне няма каму ездзіць. Толькі от, братка, бяда! От маё гора! Такая-сякая — мая. Яна мне свет завязала. Праз яе з добрымі людзьмі я не знаюся.

Баркаўчане — ужо на што ашчадныя (калі несквапныя) людзі: ніколі свайго не перапусцяць, нічогасабе на ўтрату не зробяць,— а Іллюка любяць падпаіць.

Ім пасмяяцца лепш, як рубля знайсці.

 

Таго самага года пазней крыху шчэ адно здарэнне было ў Іллюковай хаце.

Надта ж таго года ў жніво дажджы ішлі. Хто з сенажаццю прыпазніўся, не заспяшаўся разам з усімі скасіць, а папаў пад благое надвор’е, дык пагнаілі сена ў копах. Таго лета дождж хоць борзда пройдзе, але ўжо калі секане — рубца сухога на чалавеку не пакіне, каго ў дарозе заловіць. Азёры пастануць у лагчынах за адну гадзіну — такія спорныя былі тады дажджы.

От таго самага года ў гэтую дрэнную пару, аўсянае жніво, аднаго разу ўвечары ехалі з Хлюпска балаголы ў наш гарадок па тавары. Едуць і бачаць, што хмурыцца ды хмурыцца не на смех — не на дождж, а на патоп паказвае. А вазы ў балаголаў былі не цяжкія. Дык яны па конях — давай пугаю ім ахвоты да бягі паддаваць. Спяшаліся — хаця б жывымі куды ў вёску заскочыць.

Нашы ж Баркаўцы з падарожнікам падражнівацца ўмеюць. Самі ў лагчынцы стаяць, а белая царква з сіняю вежаю на ўзгорку вымуравана. Ідзеш ці едзеш — з узгорка ў лагчынку куляешся, а царква ўсё на адной меры стаіць, рукой да яе падаць, здэцца,— гэтак блізка. Ідзеш-ідзеш, аж сіне ўваччу зробіцца, углядаючыся. Царква ж, як на злосць, выцягнула галаву паверх і высокіх і малых узгоркаў нашых ды і сцаглела так — і бліжэй не пасоўваецца, і далей нікуды не ўцякае. Аж злосць бярэ, калі хутка трэба куды.

А балаголам і вунь як хутка трэ было. Падашукала іх царква. Не дапусціў дождж сухімі ў Баркаўцы прыскочыць. Усяго паўвярсты не даязджаючы, застаў ён іх у дарозе. Змачыў як мае быць. А нанач захаладала. Здубець можна было ім, мокрым, як жабам.

Закіравалі балаголы свае коні ў Баркаўцы. Занялі іх сярод вуліцы, а самі пад страху ад дажджу схаваліся. Потым, як пераціхла навальніца ды падрабнеў дождж, пайшлі па хатах прасіцца, каб у каго пераначаваць.

Іллюк у нас амаль не ля самай карчмы жыве. Зайшоў да яго адзін. Просіцца:

— Пусці, чалавеча, перасушыцца дарожнага чалавека. А ўжо што трэба — заплаціцца.

— Начуй сабе,— кажа.— А платы мне твае не патрэбна. Усё роўна не забагацееш. От сцяліся ды лажыся. Толькі што каня ў мяне няма дзе паставіць. А сам начуй сабе — хата вялікая.

За гэта, што падарожніка пусціць у сваю хату не адказен, Іллюк лепшы над усіх баркаўчанаў. У нас старац бывае просіцца, нанач каб пусцілі, дык усе хаты пройдзе і, калі Іллюка дома не застане, мусіць проці ночы ў дарогу ісці, клянучы Баркаўцы і баркаўчанаў. Чаго ўжо ён не зычыць: каб і згарэлі, і спапялелі, каб ніякага знаку на тым месцы не засталося, дзе мы цяпер жывём. Але ці пажар старца паслухае? Ніколі. Баркаўцоў і чорт не бярэ.

Іллюк у нас — прымак. Альжа — баркаўская кабета. Гадаўка яна за гэтым, як і ўсе ў нас. Калі Іллюка дома няма, усё роўна старца адправіць.

— Што ў мяне карчма, ці што? — такі ў яе адказ.— Хат многа ў Баркаўцоў — хай хто другі пусціць.

І праўда: капы дзве ў нас хат будзе, але карысці з іх чужому чалавеку і на гарэлы шэлег няма. Усе іх з канца ў канец старац абыдзе і далей пойдзе.

«Каб за гэту ноч адны вугольчыкі на іх месцы засталіся. Можа б, тады ніхто падарожнага чалавека ад таго жару не адагнаў. Можна было б хоць рукі пагрэць».

Толькі што Баркаўцы вёска ўпартая: ёй пажар зычаць, а яна шчэ больш садамі ды вішняком урастае — і не знайся.

Балаголы ў нас ані не лепшыя за старца. Удвух абышлі ўсю вёску і назад да свайго хаўрусніка, да Іллюка, прыйшлі скардзіцца.

Іллюк усім добры — і на гэтых кажа:

— Начуйце!

Заехалі ўсе тры фурманкі на яго двор. На гумне свае вазы паставілі. Спуталі коні жалезнымі путамі, за вазы папрывязалі. Дождж перш быў суняўся крыху, а потым зноў лінуў. Няма на яго перасціханку. З капяжа як хто з вядра ваду лье.

Унеслі ў хату балаголы, што ў іх лепшае было на вазах, а рэшту на дажджы пакінулі. Іллюк ім прынёс два снапы акалоту на трох. Разаслаў на падлозе.

— Лажыцеся,— кажа.— Адпачывайце.

Балаголы яго і паслухалі. Павешалі свае мокрыя лахманы на сцяне, каб сцяклі, а самі спаць ляглі. Крыху пакачаліся, пачухаліся ды і паснулі.

Толькі аднаго маладзейшага сон не браў. Даўгавата яны ўдвух з Іллюком гаварылі. Потым Іллюк такі першы здаўся — сцішыўся ды і захроп. Адзін той балагол застаўся перакочвацца з аднаго бока на другі. Усё нешта мармытаў па-свойму сам сабе пад нос. Вялікая яму ноч зрабілася. Чуў, калі дождж сціх, палічыў, колькі разоў у вёсцы сабакі пачыналі і перасціхалі брахаць. Потым надта ж коні пачалі путамі званіць. Балагола клопаты ўзялі. Ці ўсё там з вазоў пазбіралі? Хаця б там чаго хто не сцягнуў або каб колаў не паздзіраў.

От ён і ўстаў. Мокрую бурку на плечы ўскінуў і хацеў было на двор выйсці, што там робіцца, паглядзець.

Ноч цёмная тады была. Не толькі дзвярэй не відаць было, але і шыбы ані не блішчэлі. Выставіўшы наперад рукі, пайшоў балагол памаленьку, вобмацкам у той бок, дзе думаў, што павінны былі быць дзверы. Але заблудзіў — замест дзвярэй, ложак намацаў. Ды зноў яму не пашанцавала: не да чаго добрага дамацаўся, а папаліся ў рукі пальцы на Альжыных нагах, а яму трэба было клямкі.

Альжа спіць, як заяц: абы дакрануўся — прачнецца. Гэта самае было і цяпер. Ды яшчэ як на тое ліха сама за ноч разбрыкалася, а цяпер агледзелася, што коўдра на ёй раскрыта. Здалося жанчыне, што балагол тут вінаваты. Немаведама што падумалася: пусціў на яе перад касьбою Іллюк благую славу, дык ужо, сабе думае, аж у Хлюпску ведаюць і от далазяцца. Калі закрычыць Альжа на балагола:

— Чаго тут, такі-сякі, мацаешся?! Ты думаеш і праўда, што такая памоўка пайшла? Я ж табе пакажу, як да брэхняў усякіх прыслухоўвацца! Я ж цябе перамацаю!

Балагол спалохаўся:

— Што вы? Што вы? Я нічога! Што вы?

Хто яе ведае, дзе Альжа папала качалку. Калі ўзялася мясіць! З усяго пляча, як па сцяне якой, пляжыць. Б’е і прыказвае:

— А не лезь! А не лезь!

Такі ціхі балагол нарваўся, што і не адбіваецца. Са страху акамянеў і ўцячы не здагадаецца. Енчыць з болю ды ратунку просіць. Альжы ад гэтага яшчэ большая злосць.

«Калі не працівіцца, дык, мусіць, гэтага варт»,— яна здагадваецца ды яшчэ лепш папраўляецца.

Крык, енк у хаце пабудзіў Іллюка. Прахапіліся і балаголы. Усе пытаюцца:

— Што? За што?

Альжа так шчыра ўзялася ў чалавека здароўе адбіраць, што ні на каго і глядзець не хоча. Усё таго балагола, што нібыта правініўся, з рук не пушчае. Мусіць, уходаць яго была наважыла.

Хаўруснікі таго вінаватага па галасах разабралі, што ў хаце робіцца. Просяць яны, енчаць, каб Іллюк за іх хлапца заступіўся ды жывога з жаночых рук адабраў.

Іллюк гатоў паслухаць. Ён — добры. Памкнуўся абараняць. Ужо быў і нейкае слова Альжы напроціў сказаў. Тая ж і закіпела. Балагола пусціла ды на свайго мужыка з качалкаю рынулася.

— Гэта я праз цябе ад бога грэх і ад людзей смех зношу. Праз цябе мне выйсці няма куды! Пусціў пагалоску, дык пальцамі цяпер на мяне паказваюць. Праз цябе мяне ўжо і ў мястэчку ўсе ведаюць!

І каб не ўцёк Іллюк на тую часіну, каб хоць з хвіліну яшчэ пачакаў або даў Альжы за што на ім урэпіцца — да паўсмерці б прытаўкла і яго, як таго беднага маладога балагола. Мудрэй ваўчыцы зрабілася Альжа. Сапе — не ссапецца. На перапалоханых балаголаў як гукне:

— Вон! Каб і духу вашага тут не было.

Тых толькі яна і бачыла. І сваіх мокрых лахманоў у хаце пазабываліся. Добра, што Альжа, больш памятушчая за іх, услед за балаголамі мокрыя іх бравэркі на ганак вышпарыла.

Тыя пазбіралі, што чыё было. Запрэглі коні ды наўцёкі з Баркаўцоў. Даліся ім яны ў знакі. У памяці будуць. І перасушыцца — не перасушыліся і пуду набраліся. Але ж лепш мокрымі быць, як душою ў жаночых руках раптам загавець.

Было гэта здарэнне ўночы з поўначы. Хоць і крык быў у Іллюковай хаце, але як агню не палілі, дык баркаўчанцы і праспалі ўсё. Нічога не даслухалі, не даследзілі. А што ўвесь дзень назаўтра Іллюк у сваю хату не заходзіў — і ў галаву не прыйшло нікому на той час.

Так от ціха было аж да сёлетняга года. Трэці год пайшоў ад тых дат, і ніхто нічога не ведаў. Але ж на тым тыдні ўсё выйшла наверх. Тады аднаго дня ехалі гасцінцам тыя самыя балаголы з бочкамі. Хлюпскі кааператыў выправіў іх газы прывезці з горада.

Нешта прыйшло ж ім у галаву коні ў Баркаўцах напаіць. Заняліся яны за гэтай патрэбаю супраць нашага кааператыву. Паслалі аднаго па вядро, каб дзе яго на вёсцы расстараўся. Ды дзе там! — у баркаўчанцаў не пападзеш вядра. У якую хату ні зойдзе пасланец — усюды:

— Няма,— кажуць.

Да каго ні паткнешся — усюды адзін адказ:

— Няма. Пазайманы з памыямі.

Добра, што ў нечай хаце адзін малы папаўся, а сталейшых ніводнага чалавека. Яшчэ дзіцячы розум не ведае, што дзе ступіў, то і салгаць трэба. Бацькі ці то за работай, ці то за гулямі не навучылі малога, як адмовіцца, гладка салгаць чужому чалавеку, калі просіць чаго, дык малы і даў вядра.

А тым часам, пакуль пасланец хадзіў, вядра шукаў, ля балагольскіх фурманак гурт людзей сабраўся. Выйшаў Лук’ян з кааператыву, ды іншыя яшчэ мужчыны падышлі.

Разгаварыліся і неяк дамовіліся да таго трацягадовага здарэння. Балаголы ўсё, як тады было, расказалі : што чулі, бачылі і да чаго дадумаліся. Расказалі ды пытаюцца ў нашых людзей:

— А як жа яна цяпер жыве?

— Дзе, чорта, жыве! Летась памерла, ім кажуць.

— Ну, а наш жа хлопец таго самага году памер.

Так ён быў невялікі здаравяк — усё па дактарах ездзіў ды хваёвыя шышкі парыў — піў, а як адбіла яму нешта ўсярэдзіне, дык яшчэ пагоршала. Паўтара года пасля таго крывёю харкаў. Кажуць, яшчэ перапалохі падскочылі. Яно так: як цягаецца чалавек, дык нічога да яго не прыстае, а як занядужыў крыху, дык тады ўсякае балота наровіць упасці. Ну і шанавалі ж таго хлопца бацькі. Ужо дзе ні вазілі, як ні лячылі — ні ад чаго помачы не было. Высах у шчэпку ды памёр бедны. А такі ціхі быў. Да сваіх дзяўчат баяўся прыступіцца пагаварыць, а не то каб палез немаведама да каго і чаго.

Так расказвалі балаголы. І хоць не чуваць было, каб дзе праз благую жанчыну хто ў дамавіну пайшоў, каб так уладзілася жаўткі адбіць, каб не то што да паўсмерці прыбіты, але як мае быць у магілу прырыхтаваны выйшаў з яе рук, хоць нідзе гэтага не чуваць было, але баркаўчане адразачку далі веры балаголам, што і гэтага можна было ад Альжы спадзявацца. Ды не так ім дзіва, што не выхадзіўся балагол, як тое, што вельмі ж позна дачуліся пра такое цікавае здарэнне. Пад носам людзі ночы не спалі, заваруха была, і ніхто з баркаўчанаў таго разу не дачуўся. Як свет паўстаў, ніколі гэтага ў Баркаўцах не чуваць было.

Ды яшчэ па баркаўчанах бяда малая. Сама ж горай Трахіму не пашанцавала. Яму не давялося нават і балаголаў паслухаць, што яны казалі. Аж падсмакаваў ён потым, што прапусціў такую важнецкую гаворку, што давялося ў людзей распытвацца, а не самому на свае вушы чуць. Але як усё да малой макулінкі дазнаўся, ён і рукою матнуў і галавой страсянуў:

— Я даўно гэта казаў,— пахваліўся Трахім.

Толькі ніколі ад яго не чулі, што ён гэткае казаў. Але ж усе ведалі, якая благая жонка была за Іллюком. Заганяла яго, нікчэмнага, сарванага, і сваёю сілай і языком. Але цярпеў чалавек і жыў ціхенька. Летась жа, як памерла, дык некаторыя хвалілі, што на свае вочы бачылі, што заплакаў, як у дол спушчалі.

1929 г.

 


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я.Р.Лецкі; Камент. Н.В.Гаўрош, Т.М.Трыпуцінай. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. - 607 с., [5] л. іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан