epub
 
падключыць
слоўнікі

Лукаш Калюга

Краўцы і чаляднікі

 

У гэтым баку людзі добра знаюць заўжды напружанага, прыгорбленага, з густым шчаціннем на барадзе і баках краўца Аляксандру. Добра шые — моцна, і да чалавека адзежа прыстае. Па цэлым баржджэй дасца, а па шве не пусціць у яго. Усяго толькі, што марэда, капарнік: самую драбязу мэдзіць, выразае, дамярае, каб добра прыйшлося. Не ў нос гэта тым людзям, што скваркі зайздруюць, баяцца, каб кравец лішняга дня не пабыў. Ганяць яны Аляксандру, што саўсім няўмека — не шые, а вучыцца. Ганяць, ды патом яго к сабе шыць пазываюць, калі ёсць якая добрая работа: кажух, жакетка, бравэрка ці бурка. За драбнейшую работу Аляксандра і брацца не хоча. Няма калі яму носа ўцерці і ад буйнейшай. Каб уважыўся ды скідаў галіфэ альбо таўстоўку на сорак складак, трэба добра, доўга папрасіць. І то толькі добраму чалавеку гэтакую ласку ён можа ўчыніць. З якім дык і гаварыць не дасца.

Шчэ трэба ўмець як зарабіць годнасць добрага чалавека. Трэба не вельмі распушчаць язык. Горш паранай цыбулі не любіць Аляксандра, калі дзе абярэцца разумнік гаспадар ды стане над каркам і дакладае: от гэтта так трэба, а гэна вунь як — паправіць трэба. Тады звар’яціцца кравец. Лепш не гавары болей, калі здагадаўся. Закіпіць, зарыміць, зачмыхае... Бяда! Гатоў усё падраць, парэзаць і сам з машынаю к другому пераехаць. А грошы за сапсаваны матар’ял не прападуць: цераз людзей перашле. Больш знаць такога чалавека не захоча. Ды і крыўда! Як сабе ні было, такі ён — майстар, на гэта вучаны чалавек. Папусціся толькі ўсякаму, дык не кравец, а пэцкаль зробішся, стань толькі кожнага слухаць. Вось якой Аляксандра натуры. Яму спярша раскажы, што за моду ты прыставіць думаеш, і папрасі: «Глядзі ж, Аляксандрачка (ці дзядзечка, гэта гледзячы па ўзросту), каб добра было». А больш ані шэпні.

Усе добрыя краўцы ў вёсках спрадвеку хадзілі шыць па хатах. Чыё шыецца, дык у таго і машына стаіць, і сам кравец жыве, яго чаляднікі, калі ад дому далёка. На гаспадарскіх харчах без ніякага ўгавору становяцца. Двум ад гэтага выгада — гаспадару і краўцу. Гаспадару наглядаць, каб тавару пад крысо кравец не падапхнуў, дамоў адыходзячы, вельмі зручна. Краўцу лішняя капейка на харчы нідзе не валяецца, а ў гаспадара гэта не ў знак. Каторы чалавек не хоча свайго траціць, каб лішні кавалак матар’ялу прападаў, дык увесь дзень і вечар, як час ёсць, сядзіць у краўца над каркам. Распытваецца таго-сяго, розныя дробязі свайго жыцця прыпамінае, цікавымі прыгодамі хваліцца. І ўсё вочы сочаць, дзе ў таго рукі паварочваюцца, што робяць. А няма самога гаспадара, дык гаспадыня альбо малое на яго месцы сядзіць. Як малое — лепш: хоць маўчыць.

Не любіць Аляксандра гаваркіх гаспадароў, глядзець на іх не можа. Горш за ўсё агідна яму іх ласкавае абыходжанне. Далікаціць, а за злодзея мае. Паскуда! Не то каб Аляксандру што сцібіць хацелася — не, не такі чалавек. Падазронасць цяжка краўцу.

Сам Аляксандра, як шые, негаваркі чалавек. Ды і за сняданнем ці так за якою ядою — год з ім жыві, слова лішняга не пачуеш. Што б у хаце ні датваралася, што б ні гаварылі — ён будзе ціханька сядзець, сагнуўшыся над сваёю работаю: і ў той бок, здэцца, не глядзіць, не ўсміхнецца ні разочку. Калі лішняе хто пачне перад ім з берагоў выліваць, дык яшчэ горш напружыцца, прамармыча:

— Толькі работы рабіць не даюць...

А здэцца, што не глядзіць ні на вошта.

Калі ў гадзіну раз, сам больш — два, укіне свае слова ў хатнюю мову, дык яно не так нешта значыць. Усміхаецца неўзаметку, сам сабе, а не дзеля другіх.

Чаму? І жарты любіць. Толькі не дае гэтага перад людзьмі, каб не забаўлялі, ад работы не адрывалі. Ніколі болей расказваць не папросіць. І дапытвацца не будзе, чужой мовы не пераб’е.

Як ён дома — хто яго ведае! От гэтакага я знаў на рабоце.

Быў у мястэчку ўхвалёны кравец Вінцэнты. Меў невялічкую хатку на Загуменнай вуліцы. Было ў яго ўсяе гаспадаркі: пнёў пятнаццаць саду, а паміж яблын градкі паўскопваны — гуркі жонка садзіла. Мір народу ведаў яе, нізенькую, шчупленькую, скарачом падпяразаную. Абы кірмаш, дык і яна на месца з каламажкаю тупае каля свайго століка з салодкімі яблыкамі, дулямі-грушамі. Зазывае людзей, каб куплялі. Толькі суніміся напроці Вінцэнціхі, куды ідучы, дык яна калі расхваліць свой тавар — мусіш купіць. Не паспяшышся сам падысці, дык не палянуецца за рукаў альбо за крысо падцягнуць, каб часу ёй не сціраў, доўга не валаводзіўся, бо другім жа трэба купіць. Пад восень гуркі з возам вывозіла, на копы продала й на дзесяткі.

Сам Вінцэнты на Каляды й на Вялікдзень толькі дома быў. Урэдкаю калі неяк заскочыць, каб грошы жонцы пакінуць, што зарабіў.

Чалавек быў высокі, плячысты, вусы хоць за вушы закладай, меў рукі мажнейшыя як у каваля каторага. Да гаспадароў быў ласкавы, стараўся, каб дагадзіць. Надта ж любіў збіраць грыбы ўвосень. Абы прыйшла нядзеля, дык паснедае, у каго шые, папросіць сабе кашаля ці каробкі, што сеюць, і машэр у лес да самага змроку. Адных баравікоў прынясе. За глупствам усякім — казлякамі, махавікамі ці варыстым грыбам — нагінацца лянуецца. Месца ў сваім пасудку не хоча займаць. Абходзіць за дзень увесь маладнёг, пасекі, стары лес. Пад кожнаю елкаю паглядзіць. Баравіку не жыццё ад яго, ніяк не схаваецца. Абы шапачку з моху высадзіць, дык і ў Вінцэнтавай каробцы спыніцца. На кватэру прыйдзе — пацярэбіць, просіць, каб на печы спаражнілі, ды высушыць. Так, пакуль дамоў схадзіць збярэцца, поўну аброчную торбу іх насушыць. Узімку жонка на маністы наніжа ды ў кірмашныя дні носіць па месце1 продае.

Надта ж любіў Вінцэнты парадак і спраўнасць. Хай крышку што зблышыць чаляднік — не чакай дабра. Ох, вымерае аршынам па галаве, па руках, па чым заловіць. Б’е і прыгаворвае:

— А не псуй!.. А дзе твае вочы былі!..

Калі хочаш, каб малым абышлося, дык не аказвайся, цярпі і маўчы сціхатою, бо больш заробіш. Не перакор Вінцэнтаму.

У памяць Аляксандру Вінцэнтаў аршын. І цяпер бы, здаецца, пазнаў яго. Слізкі, гладкі, цяжкі, з нарэзамі, з крыжыкамі — усе вяршкі, чвэрткі зазначаны. Не раз Аляксандра яго пападаў. Ой, не раз! І каб аказаўся на гэта. Проста не здзівіцца Вінцэнты, што за трывалага чалядніка папаў. Прабаваў калі за нішто добра-такі прыскабліць — ану, можа, сваю натуру пакажа. Дык ці то па ім, ці па сцяне — каб вокам маргануў.

Паслушэнства й маўклівасць... Яно, калі ў меру, дык і добра нават. Але Вінцэнты праз гэта аж стаў дадумляцца, ці не злуе чаго чаляднік, ці не думае ён чым спасцігнуць.

От на якія хітрыкі кінуўся стары чалавек, а так быў добры, гаваркі.

Чатыры гады Аляксандра хадзіў з ім па хатах. Чатыры гады спадцішка прыглядаўся да работы свайго старшага майстра.

— Пакажэце вы мне, як гэта плечы ў жакетцы выкраіць, каб гладка прысталі,— нясмела, бывае, акажацца Аляксандра.

— Састарэеш хутка, калі замалада ўсё ўвазнаеш, брат ты мой,— жартам той адкаснецца.— Мала ты вучыўся,— кажа,— каб гэта знаць. Налета,— дакляруе,— гэтаю парою будзеш ведаць...

Аляксандра чакае налета гэтай пары. І тая пара прыходзіць. Аніяк нічога не кеміць — хоць ты кол на галаве чашы.

Сам праз сябе споздрыць кравецтва не можа. Вінцэнты зноў налета на гэту пару адкладае...

— Нічога, татачка, не будзе,— Аляксандра бядуе дома. І на вуліцу брыдка ісці яму, на вочы сорам таму паказвацца, хто бачыў, што гэтакі сам у сабе хлопец трэйці год выбывае і ўсяго старое, што будзе пераліцоўвацца, пора ды ірху на кажух выскрабае.

— Кіну... чорт яго будзе...

Тут маці давай угаворваць, прасіць:

— Аляксандрачка, а можа, як і спанатрыш, а можа, што і возьмеш у галаву. Слухай яго, будзь...

Колькі там тае зямлі дома: тры дзесяціны на усю сям’ю. Дзед Аляксандраў, як давалі зямлю пасля паншчыны, у маскалёх быў. З войска пусцілі, дык не хапіла паўвалокі, далі дзесяціны за вёскаю тром чалавекам. Там і яго надзялілі. Ды хацелася б, каб хоць адзін сем’янін меў сякі-такі талент у руках, сам сабе хлеб зарабляў.

Баіцца Вінцэнты, каб чаляднік у яго куска хлеба не адабраў, як сам шыць стане,— сцірае яму ўгоджаныя гады. Выбыў тры гады ён і невукам дамоў вярнуўся.

— Наўчыў, ёсць за што падзякаваць,— лае Аляксандраў бацька Вінцэнтага, сыскваючы сына.

— Што ж ты яму зробіш, калі абух удаўся, сваіх мазгоў не ўставіш...

Вялікі ўжо быў хлопец Аляксандра, а слёзы на вачах накаціліся, гэта пачуўшы.

Тут зараз вайна пачалася. Узялі перш на прызыў, а ўслед і ў войска Аляксандру. У воінскага начальніка пытаюць, што ўмееш рабіць. Перш хацеў ён стаіцца, а потым кажа — кравец. Так і запісалі. Другіх у маршавыя роты гоняць, а яму пашанцавала, у швальню бяруць. Усю вайну там праваяваў. Фронту таго праклятага здалёк не бачыў. Пярвушчым майстрам дамоў прыйшоў у семнаццатым годзе.

Таму-сяму скідаў рукамі якую адзежыну. Носяць людзі і майстра хваляць. Дачуваецца праз людзей Вінцэнты, што яго даўнейшы чаляднік добрым краўцом з войска вярнуўся. Блізка жылі, дык неяк, як свята зайшло, шараю гадзінаю прыходзіць ён к Аляксандру. Застаў таго дома ў хаце. Давай сёе-тое распытвацца — дзе быў, што чуў за гэтыя гады. На адыходзе і кажа:

— Што ты будзеш рабіць без машыны? Хто табе шыць панясе? Аставайся, калі хочаш, ка мне памесячна. Будзем разам свой абход абшываць.

Аляксандру і наруку — пакуль тая свая машына будзе ды пакуль начынне кравецкае хоць невялікае справіш. А так і грошы завядуцца, і падвучышся лепш. Ён усё думаў, што Вінцэнты немаведама які добры кравец. А як цяпер паглядзеў, дык ён лепш за свайго старога ўмее.

Угадзіўся сабе некалькі мільёнаў у месяц на тыя савецкія грошы, што тады хадзілі. Толькі заплаціць Вінцэнты, дык ён услед жыта купіць пудоў колькі і ссыпле ў бацькі. Усё на машыну спаранджаўся.

Так гадоў са тры яны разам шылі. А потым неяк хадзіла крываўка. Многа паклала людзей. Даўся і Вінцэнты. Пахавала жонка, паплакала. Бяздзетныя яны. Не патрэбна ні сынам ні дочкам бацькава машына. Старгаваўся Аляксандра з кабетаю і адкупіў машыну з усім дакладам да яе. Крыху заплаціў адразу, а большую палавіну, як знаёмаму чалавеку, паверыла на пачакай, пакуль грошай зашые.

Ад тых дат стаў ён пярвушчым краўцом на ўсю акулічнасць. Ходзіць па хатах зіму-лета. Людзі як хваліць не ведаюць:

— Добра.

— Моцна.

— Зграбна...

Язук Бліннік помежня з Аляксандравым братам на Пагулянцы жыве. Зайздросціць суседавым заработкам. І ў яго зямлі толькі маскальская частка, як і ў Аляксандравага брата, але таго чорт не бярэ, каня добрага мае, у заработкі ездзіць — калоды на вакзал турыць. А ў Язука і конь — дэрба, а жыць трэба. Штозіму купляй хлеб ад Каляд: свайго на далей не стане. Патрэба не глядзіць, ці ёсць за што.

Хваляць людзі Аляксандраву работу. Ведае і сам Язук, што добрая, няма чаго казаць. Надумаўся: «Аддам свайго сына за чалядніка, хай падвучыцца». Таго самага дня чорт падшахнуў жонцы пахваліцца, што добра б гэтак было. Таей толькі ў вушы ўнёс — ходу не дае, сварыцца, каб ішоў папытацца, ці возьме.

Язук бы і сам схадзіў і папытаўся б што трэба. Нашто над каркам у чалавека сядзець, сгліць дарэмна. Ці ж ён не бацька свайму Міхалюку, дабра не жадае. Горш палыну паранага яму жончын доўгі язык.

Наперакор ёй кажа, што йці нікуды не трэба, начорта Міхалюку тое кравецтва, і так хлеб будзе мець, калі работы рабіць не залянуецца. А ўдругае — плату вялікую, пэўне, гэны мармыч (Аляксандра, значыць) загародзіць, дык чорт яго і выпранчыць, з торбамі нядоўга пайсці.

— Да схадзіў бы ты, распытаўся б, а тады б чухаўся,— не саступіць жонка, покуль яе верх не будзе. Такая ўпэўненасць ёсць у кабеты, што, каб не яна, даўно б размахлёрыў Язук гаспадарку; за яго гультайствам ды недаглядам што само б не прапала, не згніло, суседзі б расцягалі. Усё баіцца, каб смерць рана не прыйшла, пакуль дзецям які спосаб дасць. Не саромеецца казаць перад мужыком свае смутныя думкі, сваю трывогу.

Гэта ведаючы, Язук і патрапляе ўсё рабіць не так, як жонцы думаецца. Калі што і трэба зрабіць, сам гэта ўжо ведаў, але ўсё часу не было, на другі раз адкладаў. А хай жонка тое загадае, дык кажа:

— Пайшла ты! Многа ты ў мяне ведаеш!..

Возьме ды, як на злосць, ляжа на ложку, паляжыць крыху. Той думаецца: «Гультай: ну — ні да чога... Прапала я за ўбоінаю навек...»

Давай на бацьку, на мацеру наракаць, што замуж самагцом выправілі. Чаму было ёй не за парабка з двара пайсці. Хадзіў жа адзін, пытаўся, каб пасватацца.

Дадзене, бывала, Язуку слухаць жончыны казані, дык ускіне кажух на плечы, калі на дварэ халаднавата, і шапку на галаву:

— Сціхні ты, балбацень! Разлякаталася! Пайду... зраблю... Хай табе ў жываце робіць!

«Гультай! Ну, ні да чога...» — зноў упэўніцца кабета, што яе нараканне справядлівае.

Каб Міхалюка за чалядніка к Аляксандру аддаць, гаварылася ў іх хаце даўно. Тады краўца поблізу нідзе не было, на шляхта шыць яго забралі былі. Доўга там забавіўся, покуль адшыўся. Тады адразачку ў хатнікі к Мікодыму бурку шыць ды яшчэ што з драбнейшага перабраўся з усёю сваею снасцю. Язучыха ўжо і забылася пра Міхалюкову благую долю, каб не забылася — сама б пабегла папытацца к Аляксандру, добра-такі яго папрасіць.

А Язук успомніў аднаго дня свае ранейшыя намеры. Вечарком, дома пасілкаваўшыся гарачай скрэбенай бульбай з маслёнкаю, пайшоў да Мікодыма.

Там бліжэй к краўцу падсеў. Увесь вечар прагаманіў з гаспадарамі. Аляксандра не мог дачакацца, калі ён пойдзе за дзверы, гэтак абрыдаў, пытаючыся рознай рознасці. Кравец што збольшага адкажа, а найбольш злоўчыць, прытвараючыся, што пільнуецца работы, недачуў.

Доўга-доўга ладэдзіў Язук, пакуль выбраў час пабедаваць па Аляксандры, што кепска яму аднаму без чалядніка:

— Усякую дробязь усё сам ды сам рабі, а то б памагаты быў...

— Не так паможа, як сапсуе. Толькі каб людзі маракавалі...

Яно й гэта праўда. Але ж не трэба ад першага разу даваць таго рабіць, дзе ад псотаў вялікі ўрон. Трэба патрошку прывучаць, каб і на чысцейшай рабоце не капыціўся.

Пасядзеў Язук яшчэ крыху, пагаварыў ды й нарэшце :

— Аставайцеся здаровы!

Што так скупы на словы Аляксандра, а то адказаў:

— Пайдзі здароў! — абы лопатня збыць з сваёй галавы.

Ужо ва ўсіх хатах агні пагасілі. Дома чакалі-чакалі ды ўкруцілі лямпу, а самі спаць ляглі. Траха сянец не завалілі. Вось бы тады Язук папабразгаў, пакуль бы дабудзіўся...

Прыйшоўшы ў хату, ён перш-наперш падкруціў агонь, а тады стаў распратвацца, разувацца, крактаць, гнучыся.

Міхалюк чуткі на сон — пачуў.

— Татка, дзе вы гэтак позна сядзелі?

— У Мікодыма.

— Кравец у іх яшчэ не адшыўся?

— Шчэ.

Гаворка ў хаце пабудзіла Язучыху. Шчэ добра не раскурстаўшыся, пытаецца:

— Ну як? Згадзіўся?

— Дзе ты бачыла!.. Табе цану калі загародзіць, і сок пацячэ...

— Колькі ж ён просіць?

— А табе не канечне ведаць.

— Каб ты не ведаў, які заўтра дзень! — зазлавала кабета. На хату спіною абярнулася. Маўчыць.

Язук разаслаў анучы па чарэні. Кінуў у куток пад цыбулю штаны, кашулю, з сябе зняўшы. У белым схадзіў задзьмуў лямпу. Падыходзіць к ложку.

— Тэ-э! Каціся к сцяне. Разляглася, як карова...

Цераз дзень пасля таго ўжо з паўдня пайшоў Язук к Мікодыму. Кравец у таго шчэ не адшыўся. Зноў уладзіўся бліжэй сесці каля Аляксандры. Гэты раз так папалася, што не доўга бавячыся сказаў, чаго прыйшоў.

Аляксандра перш недачуў. Ціханька абкідае сабе дзіркі на гузікі. Язук другі раз папытаўся:

— Ну, як будзе?

— Не ведаю,— коратка адчапіўся ад назолы.

Не дайшоў Язук у той дзень ніякага скутку. Дома нават і не прызнаўся, што быў у краўца.

Толькі Аляксандра, сеўшы вячэраць, вось што пра яго Мікодымавым сказаў:

— Хваліць: і ціхі, паслушны... А той Міхалючок самы першы падколак на вуліцы. І мне раз вочы пяском знячэўку засыпаў. Мусіць, думаў, што сябар які... Няхай мае шчасце, што ўцёк. Даўся б я яму ў знакі!

Хто яго ведае, як бы Аляксандра даўся ў знакі. Ніхто ад яго гэтага не бачыў.

Але прайшоў месяц, можа, і болей, сустрэліся зноў Аляксандра з Язуком.

— Ну, як жа будзе?

— Паглядзім.

Крыху памякчэў кравец. Казаў пасля гэтага, у каго шыў: «От смала! Прысляпіўся Язук, каб сына ўзяў вучыць, праходу не дае».

Падумаў, памеркаваўся і дае пераказ цераз людзей, каб прыходзіў Язук гадзіць сына. Той толькі гэтага і чакаў. Не доўга адкладаючы, схадзіў у тую вёску, дзе шыў Аляксандра. Угадзіліся за першы год Язуку прыплаціць, другі — дарэмна шыць, а на трэці год, калі Міхалюк захоча, дык ужо астанецца пры Аляксандры за плату, колькі варт будзе.

Аляксандра ціхенька шапянуў гаспадару, каб дзе барышу расстарацца. Той зараз клікнуў большага свайго хлапчука. Загадаў к адной удаве збегаць.

— Вазьмі,— кажа,— кварту.

Так усё і ўладзілі. А з панядзелка стаў Міхалюк хадзіць у навуку.

Толькі за ёю не вельмі ён і ўлягаўся. Не вялікая навука на кажуху старыя латкі даць альбо жаляска разадзьмуць. І работа не цяжкая — адна забаўка. З напарсткам без дна ад першага дня схапіў як абыходзіцца, іголку завалакаць гэтаксама спецыялен.

Міхалюку і так добра. Гэта і найлепш, што занятку мала. Бывае, што шыюць у каторай хаце, дзе адна, а то і дзве ці болей дзяўчат ёсць. Саўсім тады выгада, работы ў руках не меўшы. Перавернецца сабе к рабоце плячыма, на хату вачыма ды выскаляецца, падражніваецца.

— Выскрабі ірху,— мармане Аляксандра, убачыўшы, што Міхалюк гуляе, адкіне яму шматок аўчынкі.

Той ад гэтага не адказен. Умее дзве работы зараз рабіць. Рукі заняты сваім, а язык сваім. Толькі вочы не ведаюць, каму ў помачы быць, дзе патрэбней — туды-сюды толькі зірк-зірк...

Калі ў каго шыюць, дзе хата з кухняю, ды ў кухні дзяўчына ніштаватая мые адзежу ці так якою работаю занята, ды калі загадае Аляксандра ў жаляска вуголля набраць — тады лепшай выгады і хацець не трэба. Нібыта Міхалюк ля ямкі кешкаецца з жаляскам... Ушчыкне спадцішка, як абернецца тварам — падміргне, губамі смаргане, бы ўсміхнуўся. Калі дзяўчына не вельмі порсткая, не надта асыкаецца, дык і цяпнуць гатоў, дзе змалку звык.

Уважаючы па Аляксандравай рабоце: калі не надта скора жаляска патрэбна, дык і ў «абнімахар» (Міхалюкова слоўца) гатоў пагуляць, дзверы незнарок нагою прычыніўшы.

— Дзе ты там прапаў? — злосна Аляксандра аказваецца з хаты.

Чаляднік у кухні заняты, не чуе.

— Пусці,— просіцца дзяўчына,— няма часу. Бачыш ты які?

Міхалюк усё свае песні пяе, не перасціхае:

— Чаму ты такая ды гэтакая? І грудзістая, і плячыстая, і так, на цябе зірнуўшы, мажная дзяўчына.Чаму ў цябе шчокі адвіслі?

— А пайшоў ты! Ну і язычок, каб ён табе адсох да нядзелі.

Словы то сярдзітыя, але ласкава сказаны.

Прабуе і Міхалюк нарокам злаваць:

— Ховай божа цябе гэтак клясці, а што, каб тваё слова збылося?

— Палепшаў бы...

Тым часам Аляксандра гукае мацней і гучней.

— Дзе ты там утапіўся?

Жаляска нагрэта. І Аляксандра прачакаўся. Даўно трэ было прасаваць. Подбегам імчыць у хату спознены Міхалюк.

Дзверы адчыняюцца. Краўцу гаспадарская дачка відаць у кухні праз шчыліну. І ў той бок Аляксандр не пазірае, і не яго гады, здэцца, гэтак блазнаваць і прызіраць за маладымі. Не верце яму — усё бачыць, усяго даследзіць яго цікавае крыху косае правае вока, хоць крадкам, хоць спадылба. Нізка спусціўшы над швівам галаву, хавае толькі свой смех на губах. Пытае ў Міхалюка:

— Ці не к Атрахіму ты хадзіў па вуголле?

(А той Атрахім, нядэшлы чалавечак, саўсім у другім канцы жыве. Пасмешышча людзям з яго.)

Міхалюк не маўчыць. Ён апраўдваецца:

— Гэта ж усё не разгарвалася, дык раздзьмухваў.

Умее Міхалюк салгаць. Яшчэ і як умее!

Памаўчаў кравец ды і падцмаквае:

— Не! Табе трэба жаніцца — нічога так не будзе.

Хацеў нешта чаляднік аказацца, ужо і рот быў расчыніў, але не пасмеў перапыніць ціхай і пераканальнай мовы краўца.

— Я пагавару з бацькам. Ён хутка...

Стане зіма. Толькі пашарэе на дварэ, калі без агню цёмна шыць і паліць яшчэ няма нашто,— на гадзінку, не болей, збяжыць Міхалюк на сяло. Пагуляў бы і даўжэй, але ўсё на свайго краўца ашчаджаецца: боязна, каб не прагнаў. І так ужо разы два падпускаў шпількі, раскусваў як мае быць, толькі пажаваць Міхалюку аставалася. З ім не шуткуй! Калі што скажа, дык і зрабіць гатоў. Смяяцца таварыства будзе, як, тэрміну не дабыўшы, вернецца дамоў. Вось чаго боязна!

Паўтара сельсавета знаюць Міхалюка. У кожнай вёсцы, дзе шыў Аляксандра, маладзеж таварышкуе з ім. Дзяўчаты, дзе збяруцца з кудзеляю, дык, Міхалюка ўгледзеўшы, песню пяюць:

 

— Міхалюк, Міхалюк!

Пойдзем у апенькі!

— Не хачу, не люблю!

Я шчэ маладзенькі.

 

Ну як не падражніцца з такою яшчарыцаю, якую добра знаючы, дык і пагатоў мусіш.

Круга свету знаюць Міхалюка. Чаму не знаць? Ужо другі год пайшоў, як з Аляксандрам па людзях ходзіць. А шыць ані не бярэцца. Толькі нядаўна на машыне пачаў крыху ўлукаткі страчыць.

Ат! Што бедаваць. Пакуль ісці абучацца, неяк навучыцца на штодзень шарачковую куртку скідаць. А пажыве далей — наложыцца болей.

 

1 Места — так называлі рыначную плошчу.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я.Р.Лецкі; Камент. Н.В.Гаўрош, Т.М.Трыпуцінай. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. - 607 с., [5] л. іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан