epub
 
падключыць
слоўнікі

Лукаш Калюга

Лук'ян - капераціўскі сабака

 

 

Перш-наперш Лук'ян не прыбытковы чалавек для каперацыі. Бо што найбольш патрэбна даросламу людскаму чалавеку? Тытун. Некалі ў заварушныя гады кожны гаспадар сеяў сам сабе гэтага шчасця градку, а хто й дзве ў агародчыку за хатаю. Куплёнага, пачковага тытуну тады й на лякарства не было. Каб, скажам, пры смерці ляжаў чалавек, і так заманулася яму гэтага зелля, што абы пацягнуў разы два, дык і паправіўся б,— і то б не далі ратунку. Кончыўся б чалавек, пачковага стараражымскага тытуну не папрабаваўшы. Але ж няма такіх дурных людзей на свеце — зажадаць таго, чаго нідзе не расстараешся, можна хіба толькі пры смерці. А так людзі да таго ў самарослы ўцягнуліся, што й смак да яго знайшоўся і на гатункі сталі дзяліць. А ў каго добра рос, хто ўмеў яго дагледзець, у пару паліваць патрапляў, дык той упэўнена казаў, што ніякі «станболь» не паправіць, калі ўмеючы скрышыць. Быў самарослік паводле ўсякага густу. Хто вельмі моцны ўважае, той сабе «бесарабскага» насення пытаўся ў людзей, каб расстарацца. Каму слабейшы па душы, той сеяў «мультан». А хто зусім на смаку з тытуну не знаецца, дык у таго рос абы-які, якога ад людзей папаў насення.

Потым — на табе! З’явіўся куплёны тытун на століках у мястэчку. Трохі пачакаўшы, Даўнарэвіч (крамнік наш даўнейшы) прывозіць пачкаў дваццаць гэтай навіны.

Аж людзям дзіва было. Купляць спярша ўсё не адважваліся. Казалі, што тухлы, заплеснеў, усю вайну недзе праляжаўшы. Не верылася, бачыце, што і цяперашнім светам умеюць рабіць пачковыя карашкі. Калі хто й купляў іх, дык толькі каб пераканацца па смаку, папрабаваць самому й суседу пахваліцца.

Ды й пераканаліся людзі, што:

— Патом, як сабе ні было, а не свайму таварыш...

— Куплёны! Што й казаць...

Уляглі людзі ў карашкі. Найбольшы з іх прыбытак капераціву. Дык вось загэтым не прыбытковы чалавек наш Лук’ян для каперацыі. І даведваецца туды больш за каго другога. І карашкоў ніколі не купляе, а толькі паперу.

Бывае, што прывязуць у краму свежага тавару.

Людзям — як хто накажа тады. Чорт іх ведае! І з вёсак, і з пасёлкаў, і з засценкаў бягуць — хто дарогаю, а хто нацянькі па сцежках, па межах, а калі рог нівы дарогу заслоніць, дык чорт яе абыходзіў!..

Бяда тады, калі ўсе сыдуцца. У краму не ўціснешся за людзьмі, стаць няма дзе.

Трэба сказаць, што не ў пашане грошы цяперашнім светам. Бывала, зарве хто рубля якога — у самую бліжэйшую кішэню да цела паложыць, каб пачуць, калі хто руку туды паспрабуе засадзіць. Дадому прынясе, жонцы пакажа. Паглядзяць на яго, пасаймікуюцца дый у паклаж паложаць.

На горкую часіну хай ляжыць.

Цяпер не тое. Другі свет пайшоў. Падкачае, бывае, другі чалавек на пойле, на аўсе й канюшынавай сечцы гладзенькага жарэбчыка, зімою павучыць у санях хадзіць, ды так да Пятра, пакуль падатку не пісалі, і махне яго на месце за рублёў паўтараста. Пасля гэтага толькі й глядзіць, каб на што грошы ўперці, каб яны не мулялі ў кішэні, бо:

— Каб жа ведаў, што не прападуць. А калі што купіш, дык будзеш мець...

Чорт яго гэтакім людзям тавару набярэцца! Фабрыкі рабіць не спраўляюцца. Гэта ж у капераціве...

Мужчын там і не вельмі шмат. Найбольш відаць галовы ў хустках. Пэўна, з хаты па дзве, калі не больш. Яны тамака, дзе карты, паркаль на паліцах. А сама лепш хусткі хапаюць — адна перад аднэю. Усякіх навезлі. Ёсць ліпскія, турэцкія, скрозь у кветках, спрэс белыя, белыя з берагамі ў гарошак.

Толькі капераціўшчык здыме з паліцы пастаў, дык і загамоняць. Крычаць:

— Мне дзве мэтры!

— А мне паўтраці!

— А мне паўшасты!

Цераз галовы тавар бяруць. Гэтаксама і грошы плацяць. Так што калі голас няспраўны ці горла завузка, дык звесіўшы нос за буфет увесь дзень прастоіш і не возьмеш нічога. Ад упраўнейшых спаражняюцца паліцы.

Далей, у кутку, дзе тавар на боты ляжыць, падковы, саганы, галёшы, а ўнізе, на зямлі, скрынкі з тытуном стаяць,— там крыху меншы мужчынскі гурт трэцца, чакаюць капераціўшчыка. З гэтага боку памаўчаць-памаўчаць дый гукаюць, каб ім даў чаго трэба. Каторыя блізкія, па імені яго падклікаюць:

— Сцёпка! Што ты ўсё з гэтымі бабамі? Ніяк ад іх не адбратаешся. Ішоў бы нам адважыў чаго.

Далёкім абрыдзела стаяць. Скардзяцца:

— Калі ж да нас чарга дойдзе?! Ужо ад самай раніцы тут тырчым...

За мужчынскім гуртам на бочцы ад селядцоў, што адзін з паўкіло цягне, сядзіць Лук’ян, і наўкола яго гэтакіх самых чалавекі тры рассусольваюць. Пачуўшы, што чалавеку абрыдзела стаяць, яны спагадаць гатовы :

— Хадзі сюды! — падклікаюць.

Зараз знойдзецца паблізу недзе такоўская скрынка, што, на бок паставіўшы, і сесці льга. Таму далёкаму чалавеку й гэта добра. Толькі ўсяго скардзіцца, што:

— З голымі рукамі давядзецца дамоў ісці.

— Рукавіцы адзень, калі ў рукі холаду баішся,— параіць Лук’ян.

Вось за гэтае самае, што не спусціць нікому слова, Лук’яна завуць капераціўскім сабакам. А яму ад гэтага й не шум баравы. Кпі з яго колькі хочаш, а ён толькі адно слова дабярэ, ды калі рэкне, то табе й гаварыць не будзе чаго.

Пасадзіць сабе Лук’ян далёкага чалавека дый забудзецца пра яго. Курыць захацеў. Ніколі ён залатоўкі ці грыўні на тытун не прапусціць. Зараз убачыць чалавека, што пачкаў колькі купіў. Адыходзіцца сабе той чалавек ад буфета. Прыглядаецца: «Хаця б не шаснаццаты нумар! Кажуць, смярдзючыя гэта карашкі, адно цыб’ё, ані лісту не пакрышана...»

Цяпер Лук’ян устае з бочкі. Паперка на папяросу ў яго загадзя прырыхтавана — даўгая і шырокая. Падыходзіць з ёю к таму чалавеку:

— А братка! Пасып крыху, а то папера ёсць, а тытун вышаў. Пакуль даступішся, а курыць трэба...

Калі ж на пачку не рыба намалёвана, тады Лук яну лягчэй зманіць і гладзей ілжэцца:

— Дай, братка, папрабаваць! Гэта ж першы раз такі тытун бачу. Трэба купіць, дык ці добры...

Не на скупога пападзе, то адпячатуе пачак і насыпле, покуль Лук’ян — «Будзе!» — або «Годзе » не скажа.

Добрую суслу скруціць Лук’ян. Адным словам, ёсць што ў зубы ўзяць. Пакурыць, колькі трэба чалавеку, а рэшту папяросы ссыпле сабе ў мяшэчак пра запас: сёння на вечар і заўтра на раніцу каб стала.

Вось чаму Лук’ян не прыбытковы для каперацыі чалавек. Замінае надта ў такія кірмашовыя дні. Ды характар — абрыдзоны. Толькі й глядзіць, каб каго на якім слове спаймаць. Каб з каго рогат справіць. Ідзі чаго купіць і асцерагайся, каб не папасціся.

Але ж не дзень у дзень такі завоз у капераціве. Тавары з горада прывозяць усяго раз у тыдзень, а то й менш таго. Дык пасля гэтага здарэння дзень, хай два, ну — тры, не болей, у краме завоз. Тады калі хто часам і нарвецца мазі на колы набраць у стары шчарбаты гаршчок ці купіць гэтага самага тытуну, дык з ім гаворка кароткая: тавар даў, грошы ўзяў — і йдзі сабе, чалавеча, куды табе, адкуль ты прыйшоў.

От у такія часіны й патрэбен Лук’ян. Прыйдзе сабе, раскажа, дзе быў, што рабіў ці дзе чуў што ці бачыў. А заскочыць хто, каб купіць якую дробязь, дык і выбраць патрэбную рэч яму Лук’ян дапамагчы суладае.

Дзяўчына ў хустцы пад целяпень, бывае, забяжыць. Сюды-туды вачыма прабягае. Ішла сюды — добра не ведала чаго, а прыйшла — дарэшты забылася, разглядае, што ёсць. Што сабе патрабней, прыпамінае.

Тады кажа Лук’ян такім голасам, як бы перапыненую чужым чалавекам мову зноў пачынае:

— Патом, добрых тавараў гэты раз навезлі.

— Што ж там гэткае добрае? — не ўцерпіць, каб не папытацца, дзяўчына.

— Ці ж сама не бачыш? Вунь мыла пахучае, «барскае» што завуць, на паліцы ляжыць. Сама што маладой паненцы патрэбна.

— Хто яго! Я й сінім мылам ні разу не прабавала мыцца, а не то што «барскім»,— так спярша адкажа вёрткая дзяўчына.

Купіць што сваім адумам. Зірне ў вузельчык з грашыма, завязаны ў ражку насоўкі. Расплацілася, шчэ й засталося капеек колькі. На мыла грошай стане.

— Дайце,— кажа,— тое, што ў ружовенькім пачку.

От загэтым Лук’ян і патрэбны для каперацыі чалавек. Дзіву няма, што, як людзей мала, выме капераціўшчык пачак карашкоў з скрынкі. Распячатуе.

— Куры,— кажа,— Лук’ян!

 


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я.Р.Лецкі; Камент. Н.В.Гаўрош, Т.М.Трыпуцінай. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. - 607 с., [5] л. іл. - (Спадчына).