epub
 
падключыць
слоўнікі

Лукаш Калюга

Пустадомкі

Перад пустым канцом
  1
  2
  3
  4
Безымянны завулак
  6
  7
  8
Русалка на пераездзе
  9
  10
  11
  12
  13
  15
  16
  17
  18


 

 

А ў нядзелю ды ранюсенька

мора калыхалася —

Сонейка купалася.

Купаючыся, ды затонула.

Там дзяўчынка ды воду брала —

Сонейка ратавала,

Ратуючы, ды сама ўпала.

— А мамачка, ды ратуй мяне

З глыбокага мора —

З вялікага гора.

 

З вясельнай песні

 

Перад пустым канцом

 

 

1

Можа б, лепш было, каб цыганка паваражыла.

Можа, на зблытаных улукаткі дарожках Юголіных неўпынёных рук ужо тады назначыўся быў Чугуеўскіх пусты канец. Можа, кінуўшы карты, выпаў бы для іхняга лёсу казённы дом, а ў «што будзе» ляжа далёкая халодная дарога.

Ды быў у Чугуеўскіх свой чытач у хаце, катораму меншы брат, што жыў у Менску, «Беларускую вёску» з усімі дадаткамі выпісваў, і ён нарабіў крыку:

— Мамка!.. Ды не смяшэце вы людзей з сваімі варагамі! Мінулася... Цяпер не той свет.

А Юголя ўжо й гатова была. Ужо цыганка жартам, прыказкаю1 вельмі ж спрытна да свінога цела дабралася, й Чугуеўская гатова была прынесці кавалак за спраўны язык, хоць таго цела ў кубельцы й не вельмі было — больш аб млечным жылі.

Каб не Марка... Праз яго без ніякага скутку пайшла цыганка за парог.

На дварэ таго дня гэтаксама мелася ашуканства быць.

Выпусціў Пракоп Чугуеўскі да студні паіць дэрашку. І — дайце рады! — прысляпіўся да яго цыган. Пішчаліцаю лезе.

— Можа, бэцю, змяняем? — патыкаў ён Пракопу сваю здыхлу, што на вуліцы проці Чугуеўскіх двара спала ў аглоблях.

Каб цыганка паваражыла — сказала ім іхні лёс, можа, прыступнейшы тады быў бы Пракоп Чугуеўскі: змяняў бы дэрашку на тую віславухую здыхлу, бо якая Пракопу з таго карысць, што некаму так, як яму цяпер, будзе дэрашка па жарабяці, як ляльку, штогод прыводзіць. Як мае чорт лысы, хай бы цыган — круцель адсветны — ягоным дабром запамогся. А то:

— Адчапіся ты, смала,— сказаў Пракоп цыгану.

 

1 Згадай цыганскую прыгаворку: «Добрае дзела свіное цела. Дай, божа, спажыць, што ў кубельцы ляжыць.

2

А Марка Чугуеўчык чытаў «Беларускую вёску». Там мастак на загалоўку аздобна быў забудаваў: хаты новыя, ды не па-старасвецку, а з закотамі, у гладкі нямецкі вугол, і пад кожную страху дрот з электрычнасцю шыецца, а паабапал вуліцы слупы, як у мястэчку.

— Паедзеш на ўсяночную? — спытаў Пракоп у гэтага чытача, бо было ўжо не цеперся.

Марка палажыў газету, дзе падрабязна (на цэлыя тры балонкі) тлумачылася, адкуль узяўся Вялікдзень.

— А як жа?! — кажа.

— То пара збірацца, калі думаеш.

Марка пайшоў падмазваць колы. Гэты раз меўся ён абнавіць узімку купленую каламажку на жалезным хаду.

У Чугуеўскіх быў Чугуеўскі, Чугуеўская й два Чугуеўчыкі: большы дома на гаспадарцы, а меншы — на свеце. І не было ў іх ніводнае Чугаеўшчынкі. Так што Марку й на усяночную паехаць не было з кім.

Аж плюхцелі колы — так ён іх дагледзеў. Выцягнуў з адрынкі каламажку на гумно. Мякка вытаптаў сядзенне й арцабоваю посцелкаю заслаў. У перадок дэрашцы куравае канюшыны ўкінуў. Усё было гатова. Адно запрэгчы.

Пайшоў Марка сабе да Русецкіх хэўры старацца. Русеччык падрадзіўся ехаць. Клікаў Русецкаўну:

— Едзьма разам, Стэфка.

Але Русецкаўна адмовілася.

— Едзьце сабе,— кажа на Марку з братам.— Я з дзяўчатамі й пяхотам патраплю.

Не хацела Русецкаўна людское звягі, што яна нібыта да Чугуеўчыка чапляецца, гоніцца на іхнюю паўвалоку.

Усё як спрадвеку...

Напаткалі Чугуеўчык з Русеччыкам дзявочы гурт. Холадна так рана вясною, а яны ішлі босыя й чаравікі ў хустках увязаныя з сабою неслі. А ля Грабення штовясны доўга стаіць пасярод дарогі шырозная лужа.

Сядайце да нас — мора перавязём,— зачапіў дзяўчат доўгі на язык Русеччык.

— Мы гэта мора хутчэй пяхотам абыдзем, як вы канём аб’едзеце.

Падалося Марку, што знаёмая... Недзе ён гэту дзяўчыну, каторая адказала Русеччыку, бачыў, а дзе — не мог успомніць.

— Паглядзім,— свіснуў Марка дрытаванаю пужкаю на доўгім стусіновым пугаўі. Каб жа цыганка тады паваражыла, каб ведаў Чугуеўчык свой марны лёс,— думаеце, ён марудзіў бы — так тонка віў і туга ўкручваў бы пугу або так вымэджваў пугавейца? Ніколі! Зачапіў бы якую вераўчаку на ядлоўчыну, і добра б было.

Чугуеўскіх дэрашка не цыгановай здыхле раўня. Хоць старая, але знаць, што некалі ў Міры была куплена. Ад аднаго «но» трухацца пачынала, а пачуўшы, які тонкі, балючы голас у Маркавае дрытаванкі, не выцятая нават, як вужака — аж лезла з скуры.

Адно пырскі ў бакі ляцелі...

Памінулі хлопцы тую лужу насупраць Грабення. Прыцемна было. Дзяўчаты, каторым кружно ўсё ж яе абыходзіць, адно чулі, як лекаталі ўсё далей і далей па сухой дарозе неўпынёныя колы на жалезным хаду.

 

3

У тыя гады на ўсяночную збіраліся ўсе: і хто чытаў «Беларускую вёску», і хто не чытаў.

І царква, і народны дом усімі вокнамі свяцілі.

У народным доме «Мікітаў лапаць» правіўся гэты раз. Туды схлянулі найбольш тыя, хто чытаў «Беларускую вёску». Вядома, што ад іх не адстаў і Марка Чугуеўчык. Але ягоны хаўруснік Анупрэй Русецкі, каторы не так, як Марка, у чытанне ўлягаў, адгававарыў яго:

— Хадзем лепш у царкву. Так прастарней хоць.

Так яны і пакінулі спектакль пасля першага акта.

Ды было каму й там выпаўніць. Калі Марка праціскаўся праз народ, собіла яму, клышаногаму, наступіць на нейчы чаравік.

— Хадзі ды не спатыкайся! — аказалася дзяўчына. Ганарысты кірпаты насок у яе абутку ўжо нікуды не варт быў.

Марку знаёмым падаўся дзяўчынін голас. Азірнуўся. І самую яе, здаецца, недзе бачыў. У царкве пад агонь знаць было, што крыху непраўдзіва зардзеліся ў яе на гэты вечар шчокі. Відаць, чырвоная паперка асцярожна пахадзіла каля іх. Але гэта вадзіла не вельмі — чырвані было ў меру, а не цераз лад.

Раптам Марка ўспомніў.

— Зірні,— штурхануў ён локцем Русеччыка.— Тая самая, каторую мы каля Грабення памінулі,— па голасе пазнаў ён.

— От сказаў навіну! Я ведаю ўвесь іхні гурт.

— Ну?!

— З пасёлку, недалёка ад нас... З Захвойніку. А тая, што цяпер аказалася, Дзергаёва дачка, каторага «амерыканцам» дражняць.

Русеччык быў кравец. І паўсвету знаў праз гэта.

Тае ночы пад раніцу выявілася адна прыкрая Марку рэч. Як выйшаў на дзядзінец з царквы поп з крапідлам ды развязаў Чугуеўчык сваё пасвянцаць, убачыў, што ў газету ўверчан быў тугі масла крышан. Ужо днела тым часам. І Марка прачытаў, што якраз у той нумар, у каторым ён так і не дачытаў, адкуль жа і як з’явіўся Вялікдзень.

Другі раз гэта так бы мацеры не сышло: нашурмаваў бы Марка, дадому вярнуўшыся. Але гэты раз абышлося ціха, ды як ты будзеш распачынаць сварку ў такое вялікае свята — Вялікдзень, ды яшчэ на першы дзень!

«А з нядзелі ды на панядзелак», як у іх таей песні пяецца, хадзілі валачобнікі. І Марка Чугуеўчык, хоць ён у сваёй хэўры і невялікаю асобаю — усяго толькі механошам быў, як настаў: зайшлі яны й на пасёлак Захвойнік. У Дзяргая — «амерыканца» гэтаксама спявалі пад акном:

 

— Во ці дома, дома, слаўны пане?

Слаўны пане, пане гаспадару.

Хоць ён і дома — не акажацца...

Не акажацца, не пакажацца —

У новай святліцы звялічаецца.

 

Тут яны не ўвалгаліся. Новая, як велікодны звон, стаяла Дзергаёва нядаўна збудаваная хата. Высозныя вокны, як у тэй газеце на малюнку, распласталі аканіцы па склюдаваных гладкіх сценах. Адно не пашанцавала «амерыканцу» дахоўкамі сваю святліцу накрыць для поўнага падабенства з тым малюнкам. Не лішняе прывёз ён далараў, распусціў іх усе, пакуль на гаспадарку ўзбіўся. І мусіў Дзяргай старасвецкаю саломаю абысціся.

Толькі таму, што няма моды ў песні слова мяняць, спявалі: звелічаецца гаспадар, валачобнікам на вочы не хоча паказацца. Дзяргай сядзеў у рагу стала й слухаў, а яго запрашалі:

 

— Адчыні акенца — паглядзі ў гуменца.

Ды твае двары тынам атынёны,

Тынам атынёны, садам асаджоны...

 

Гадоў колькі было яшчэ Дзяргаю ўсяго гэтага чакаць. Высозныя «амерыканцавы» вокны цяпер здзіўлёна пазіралі ў чыстае поле. Не пазнавалі яны: як бы і не ў нашым зялёным вясёлым краі жыў Дзяргай. Саду ў пасялкоўца адно завад. Мізэрныя дубчыкі там, дзе яму быць, тырчалі.

Спрадвечныя крывічанскія вёскі — тыя ўсё каля рэчак, як статак у гарачыню. Сціснуцца яны, горш за тыя палахлівыя авечкі,— страха пры страсе. Абляпілі рэчкі, як мухі мёд. А выйдзі на загуменне... куды ні зірні, лесам край неба аблемаваны.

Захвойніку такое раскошы не давялося: не то каб рэчкі — ручаінкі ніякай поблізу не было. Так шырока, як пасялкоўцы тут рассяліліся, разыходзіцца статак, трапіўшы на добрую, не здрасаваную пашу. А тая аблямоўка ў пасялкоўцаў на самым загуменні была. Выносісты, часты рос тут хваёвы бор. У грыбы і ў ягады хадзіць было блізка.

Акрамя прышчэп, што паміж град, яшчэ Дзяргай, як толькі зямлю пусціла, уваткнуў быў гэты год два клянкі ад вуліцы пры шчакетах. І цяпер, валачобную песню слухаючы, бачыў ён, як разрасцецца, раскарчыцца ўсё гэта тут, як усцешна будзе воку зірнуць там, дзе некалі аднастайны абшарніцкі палетак быў.

Калі ж пачалі спяваць:

 

— Вобад вісіць — калясо будзе...

Пазаві ў хату — харашо будзе,—

 

Дзяргай нават песні скончыць не даў:

— Проша... проша, хлопчыкі, на пасвянцонае,— і траха не ўсё, што ў іхняй валачобнай песні спяваецца, паставіў ім на стол. А спяваецца там нямала:

 

— Гарнец гарэлкі — то для пасядзенкі.

Сыр на талерку — закусіць гарэлку.

Парасё з хвастом ды цягні на стол,

Сем пар кілбас, дык і будзе з нас.

 

Каб адыхтар як у песні — цяжка ўсё ж было выстранчыць. Але самае галоўнае то было: гарнец не гарнец, а дужаваная такі карафінка з’явілася ў Дзяргая на стале. Свае патаемнае работы была яна ў «амерыканца». Недзе ўся яго няхітрая фабрыка ў гэтым самым бары, што за гумном, пад вывараццю схована была: і сагнутая трубка, і гаршчок з дзіркаю ў дне.

 

4

Першы раз яшчэ Дзяргай пад сваім акном ды за сваім сталом валачобнікаў прымаў. Некалі, дваровым парабкам быўшы, ён іхнія песні адно здалёк чуў. Абміналі панскія чвыракі. Бо з чаго пачаць, чым скончыць?! Не было такіх песень, каб павелічаць чалавека, каторы на чужым хлебе жыве.

А цяпер быў рад Дзяргай гэтаму здарэнню. І вось што ён сказаў, крыху падпіўшы:

— Дзякуй вам, мае вы хлопчыкі, што на нас не забыліся, зайшлі, як да людзей, на гэты водшыб. І надалей не цурайцеся. Цяпер сюды, у Захвойнік, адусюль, як чарвей, народу напаўзло. 23 хаты на нашым пасёлку. А некалі голае як бубен панскае поле было. Я сам у дварэ за парабка быў, рабіў на гэтым полі. Вам не даводзілася так, што працуеш і смаку не чуеш, каб тваім добрым лысы чорт запамогся. А мне ўсяго на вяку было.

Добра ў памяць... Бывала, бярэцца пад восень, але яшчэ лета, яшчэ цёпла... Сакочуць жняяркі на недалёкім палетку, жнуць дваровы ячмень. А мы малоцім. Хлопцы прывозяць з поля шырока накладзеныя параконныя кары жытніх снапоў, проста з воза падаюць у малатарню на стол. Я, увесь у пыле, як мурын, адкідаю ад бубна вялізнае паравое малатарні. Малоцім на дварэ, на сонцы, сярод шырокага скарбовага гумна. І работа не цешыць, і скупое восеньскае ўжо сонца не грэе. Моўчкі літасці просячы, падымаеш да яго ўгару закураныя вочы.

Вы не ведаеце, і не дай божа ведаць, як абрыдла марудзіць на небе парабоцкае дакучнае сонца. Раз-поразу пазіраеш, калі яно дакоціцца да таго месца на самым краёчку вось гэтага, што ў нас за гумном, бору, калі акажацца на дзядзінцы званок. Зарубіў бы яго — тое месца на небе, каб лепш знаць было. Думаецца: ці не старасвецкія марудныя валы вязуць непаваротнае сонца. І як бы ім уся дарога пад крутую гару.

Доўга, агоркла... Эх, няма на іх добрага паганятага!..

Крыўдна было, мае вы хлопчыкі, што ў нашым — такім кароткім — жыцці ды так спаважна (нага за нагу) валачэцца дакучны парабоцкі дзень.

А надыдзе тая часіна... Кінеш-рынеш усё чыста ды ў чвырак ідзеш (называны!) дадому. І тады не агледзішся, калі міне: так коратак свой акраец дню, што застаецца да змроку. Віда-віда ён гасне! Подбегам, бывала, коціцца сонца за гэты, што ў нас за гумнамі, бор. Так гаспадарскі конь з вялікае дарогі дадому прэцца: ні паганяць, ні кіраваць не трэба, і на паваротках сам знойдзе, кудэю бліжэй.

Марка Чугуеўчык ператрос позіркам усю хату і без ніякага скутку. Дзергаянкі, каторай чаравіку на ўсяночнай небалазе прыйшлося, нідзе не відаць было. Адно з печы з-за коміна свяціў на іхнюю хэўру цікавымі вачыма Дзергаёў малы — гадоў 8-мі.

А Дзергаянка ў кухні накраяла на талеркі. Нібы тулялася яна хлапцоў. Але не ўсцераглася — матнулася ў няшчыльна прычыненых дзвярах, і Марка згледзеў.

— Проша сюды, паненка,— паклікаў Чугуеўчык.

— Ды йдзі ж, Стафаніна,— клікала й маці. Ідзі... Можа, каторы зяцем будзе,— нічога б Дзяргаіха не мела, каб гэты жарт праўдаю стаўся.

— Што вам так прыспела? — у бацькоў і хлопцаў спыталася Стафаніна, выйшаўшы на хату.

Цяпер ёй ніякае паперы не трэ было: мудрэй учарашняга зардзеліся шчокі.

Песні страх як любіў Марка, а голасу ані не меў. Быў ён у Чугуеўчыка такі недалугі, як у паколатага сагана звон. Нават цяпер, падпіўшы, не набраўся Марка смеласці з ім выткнуцца, а падбухторваў іншых:

— Хлопцы, паненцы спець.

— Ну!..— нецярпелася Марку, што марудзіў Яська Русеччык, каторы ў іх за пачынальніка быў.

— Малада паненка, адчыні акенка,— заспявалі хлопцы, седзячы ў Дзяргая за сталом.

Нічога б не хацеў Марка, каб толькі мець такі, як у Русеччыка, голас. Сабе й людзям на ўцеху быў ён у Маркавага хаўрусніка. А Чугуеўчык з сваім туляўся: больш губамі мыляў, чым пеў, каб ладу не сапсаваць. І адно там, дзе:

— Вясна красна на ўвесь свет...—

смялеў крыху Чугуеўчык, бо мацней, гучней гэта месца патрэбна было.

Лёгка было Марку й весела.

Назаўтрае, на другі дзень Вялікадня, першы раз людзі пачулі зязюльку. І каб Марка не так у «Беларускую вёску» ўвяраў, можа б, ён да гэтае птушкі прыслухаўся, папрасіў бы яе, каб пракукавала: колькі год яму, як гэты Вялікдзень, вясёламу быць.

А можа, зязюлька і без просьбы. Ды нешта кукавала не вельмі: акажацца разоў колькі ды й сціхне. Можа, якраз гэта Марку. Але ці ж мог увяраць у прамаворы такі шчыры чытач «Беларускае вёскі», як Чугуеўскіх сын?!

 

Безымянны завулак

Гаспадыніна дачка была па крайняй меры! Ужо не гаворым, якая з твару. На твар усякі ўвагу бярэ, й ніхто ганьбы не даваў. Даніла ад знакамітых чуў, што жанчыну з ног пачынаюць аглядаць. Як не было чаго рабіць, агледзеў ён гаспадыніну дачку такім спосабам (тым больш, кароткая мода агляду спрыяла) і не каяўся, што пераплачваў штомесяца лішніх 5 рублёў, у маткі гэтае дзяўчыны кватэру наняўшы.

Данілава гаспадыня вырасла на вёсцы. Дык паехала яна, старое паганяючы, на Ушэсце не то ў Гарадзішча, не то ў Чыкі на фэст, а з фэсту мелася зайсці да сваякоў у госці — там недзе недалёка жылі. Дому пільнасць пакінула дачку, каторую Даніла кагадзе аглядаў такім знакамітым спосабам.

Гаспадыніна дачка дома рэдка стыкалася. Працавала яна ў нейкай «Утыльсыравіне» на сакратарскай пасадзе і цалюткі дзень крычала ў тэлефон пра рознае рыззё. Вечарамі йзноў не было ёй адхлання: то сходы, то паседжанні. І гэты вечар гаспадынінай дачцэ не так прыйшлося — здумала нейкую вельмі ж уважлівую прычыну.

Каб не было вусцішна адной, паклікала гаспадыніна дачка ў кватарантаў малую дзяўчынку да сябе начаваць для разгарнення, дакляраваўшы гасцінцаў, што маці з фэсту павінна была прывезці. Малое на гасцінцы квапіла, а разгарненне з яго было не вялікае — рана асавела, а далей і зусім папрасілася спаць.

— Даніла, што вы там робіце? — спыталася гаспадыніна дачка праз тонкую сцяну.

— Нічога такоўскага. Чытаю.

— Хочаце шмат ведаць?! Не варта! Хутка састарэеце. Хадзеце лепш да нас.— Яна прывыкла да тлуму й чуралася адзіноты.

А ўсё ж, як зайшоў Даніла, толькі аб кнігі й была ў іх (ды самая нецікавая) мова. Вельмі ж гаспадыніна дачка Цішкі Гартнага «Сокамі цаліны» цікавілася. У іхняй «Утыльсыравіне» стаяла на сходзе пытанне, каб знаць класікаў, і была на гэты конт абавязковая пастанова. Дык і няма з чаго дзівіцца, што гаспадыніна дачка прачытала 2 часткі й дапытвалася ў Данілы 3-е.

— Можа, у вас там,— казала,— у рэдакцыі лягчэй будзе дастаць.

Даніла дакляраваў. А тым часам агонь у лямпе ўвачавідкі з яго пакепліваў. Такі звадыяш!.. Раз-поразу, сімулюючы, што нібыта няма газы ў магазіне, вельмі ж выразна моргаў Данілу.

Даніла не так даўно перабраўся сюды на кватэру.

І неяк так абыходзіўся — не было ў тым пільнае патрэбы — не называў па імені гаспадынінае дачкі. А цяпер агледзеўся, што тое імя лёгкае і мілагучнае.

— Людва.

— Што?

Даніла дзьмухнуў на лямпу. Агонь толькі вышэй, як тыя разы, высалапіў яму язык ды зусім згінуў, каб не быць замінкаю. А шчарбатаму месяцу там угары на той час нехта добра-такі ўкруціў кнот: не свяціў, а ледзьве-няледзьве цьмеў ён. Аканіцы былі не зачынены, і ў верхнюю шыбу над фіранкаю прыглядалася густая летняя ноч.

— Выбірайцеся вон, распуснік! — Адно цікаўнай ночы й відаць было, якім шырокім гэстам паказала Людва на парог, а для Данілы папоцемку быў марны ўвесь эфект гэтага абуранага руху.

— Вы такая прыгожая...

Нібы нешта пад шчарбаты месяц можна было разабраць.

— Дзіця прачнецца.

— А вы будзьце цішэй.

— Я гвалт спраўлю. Людзей клікну.

— Хочаце скандалу? Калі ласка.

Невялікае што месяц у першай квадры, дый той рана з вечара заходзіць. Зусім папацёмку бязвольнаю мляваю рукою разбірала Людва на канапе Данілу роўненька радок у валасах, якія сама ж і пакудлачыла.

Толькі цяпер прачнулася дзіця.

— Цётка, і — Чаго?

— Бабуля прыехала?

— Няма бабулі. Што табе падалося?

—А з кім вы там папацёмку шэпчаце?

— Ні з кім. От здумліваеш невядома што! Спі.

 

6

Данілу дома чэрствы зрабіўся бацькаў хлеб — ён звалокся на свет шукаць крошак. І здавалася: чаго хацець?! — тымі крошкамі сыт быў Невядомчык. От толькі... каторы год, як у горадзе жыве, і ўсё няма тут нядзелі. Бокам абышлі й памінулі ягонае жыццё святочныя дні. Для Данілы марна і ў тыя нават гады падзяляўся каляндар на чорныя й чырвоныя лісткі.

Некалі стары Вірута — Данілавае гаспадыні муж-нябожчык — служыў на чыгунцы за кандуктара. Ды і абрыдала яму, што мігціць заўсёды ў вокнах і калышацца падлога пад нагамі. Ён службу кінуў, а купіў пляц і забудаваўся ў канцы горада. Тады толькі заводзіўся Безымянны завулак. Горад быў на гары, а тут проста ад Вірутавых ганка пачыналася багна. Вусцішна было. Асабліва ўвосень, калі ўсходзіцца сіберны вецер. Проста не збыць было без работы доўгіх піліпаўскіх вечароў у святы ды ў прысвяткі.

Тое перабылося й забылася, бо даўно было. Гаварыць пра цяперашняе лепш будзе з Данілавага акна, на зялёны Безымянны завулак зірнуўшы.

Адзін толькі след там пасярэдзіне — каляіны як адным возам праехаць, а вуліца ў Безымянным завулку шырокая — невядома нашто! — уся чыста муравою заросшы. На таей мураве сядзелі безымянскія жанкі, тарчма пастаўляўшы старыя свае вострыя калені. Ім тут, дзеля іхняе нядзелі, ясна свяціла ціхае сонца, і ад ветру за горадам зацішак, і мяккая мурава, як бы знарок, праз увесь Безымянны завулак ім заслана была.

Але неўзабаве на такую ідылію аднекуль здалёк кэркнуў аўтамабіль.

— Даніла, цуд на Безымянным завулку! Зірніце сюды,— высунулася Людва ў адчыненае акно, каб усё бачыць.

Даніла толькі што зайшоў да іх, але ўжо быў назад памкнуўся, каб у сваім пакоі хоць збольшага што прыбраць. У яго была ўпэўненасць, што пяхотам не пойдзе, а па яго павінны прыехаць.

— Куды вы?! Зірніце: як спелая вішня — такі новы аўтамабіль на нашай мураве. О-ё-ёй!.. Як смешна! Ну адыхтар — кіно.

Аўтамабіль кэркнуў недзе бліжэй.

Даніла разважыў, што ўдзень прыехаць усё ж такі не павінны, й астаўся ў Людвы. Абое бачылі: праўда — смешна, праўда — як у кіно: як куры з пяску, паўсхватваліся з муравы безымянскія жанкі.

Людва прыгадала кіно й паскардзілася, што даўно яна за сходамі ды за пасяджэннямі не мела часу туды схадзіць. А ў «Спартаку», казала, вельмі цікавая старая карціна гэтымі днямі йдзе.

— То я заўтра вазьму білеты. Добра?

Вядома, што Людва адказала:

— Добра.

Безымянскія жанкі доўга глядзелі свайму пярэпалаху ўслед, а як ён за павароткаю схаваўся, разышліся дадому. Віруціха і гэты раз дачку з кватарантам пра кніжкі гаворачы застала.

— Дастаньце мне Мурашкавага «Сына». Надоечы ізноў у нас сход быў. Ужо і сучасную літаратуру ведаць трэба. Бібліятэкарка, што ў нас кватаруе, нядаўна мне «У іхнім доме» прыносіла. Цікава. А нехта дык нават і напісаў у канцы: «Няўжо гэта ўсё ў такім узросце можа быць?» Хацела б яшчэ й «Сына» прачытаць — аднак абавязкова, але ім у бібліятэку яшчэ не прыслалі.

— А я, прызнацца, ахвотней вашы надпісы, як самыя гэтыя кніжкі, чытаў бы.

— Вы бачылі, што я напісала? — дужа пачырванела гаспадыніна дачка.— Адкуль вы ведаеце, што гэта я напісала? Можа, так хто напісаў, а не я.

— Лепш Зарэцкага прынясу.

Даніла толькі што прачытаў ягоных «Крывічоў» (яшчэ ў яго на стале ляжаў расхінёны той нумар «Полымя») і шмат што дараваў за іх гэтаму пісьменніку.

— А вялікае што? — дапытвалася гаспадыніна дачка.

— «Сцежкі-дарожкі». Мала чаго адышлі ад «Сына».

Вярнуўшыся ў свой пакой, Даніла загарнуў той нумар «Полымя» з «Крывічамі» і сказаў услых:

— Трэба лепш.

Сам ён спаранджаўся на невядома што. Вобраз дзяўчыны-крывічанкі даўно яго турбаваў. Ды каб адным словам!.. Каб сама Рагнеда Полацкая саступіла ёй.

Мінулую ноч ён скончыў аповесць. І цяпер, перагортваючы яе, мігцела па ахайных балонках жаночае адно імя. Была з вёскі, студэнтка... Але што яшчэ скажуць?! Даніла аднёс надвечар тую сваю аповесць аднаму вялікаму пісьменніку, каторы к таму яшчэ і аўтарытэтным рэдактарам быў.

Туды йдучы, собіла Данілу стрэцца з матчыным, адмыслова нядзельным словам. Дый сказана яно было якраз так, як некалі Данілава маці казала,— у тым самым цудоўным спалучэнні чуваць была і няпэўнасць, і лагодны дакор:

— Ці ты маеш лад?!

Ішлі наперадзе ў Данілы дзве дзяўчыны і так хораша, так жвава пра невашта гаварылі. Адна з іх была гаспадыніна дачка, а другая, каторая Данілавае маці нядзельнае слова ўжыла,— гаспадынінае дачкі сяброўка, бібліятэкарка.

— Хо-хо-хо!.. Аповесць?! — так стрэў Данілу вялікі пісьменнік. Ну й добра,— кажа. Узяў рукапіс адлажыў на потым.

А Даніла хацеў, каб цяпер прачытаць. Такі ж яны з вялікім пісьменнікам былі бадай што сябры: аднаго разу ў нейкім дурным расчуленні вялікі пісьменнік нават быў пацалаваў Данілу. Толькі цяпер ён на тое на ўсё як бы забыўся.

— Дзе бачыў! 84 балонкі, ды яшчэ твой такі дробны почарк...

Нешта злоснае потым пра Цішку Гартнага (нібыта тоўст ён садзіцца на высокія пасады — ці што) прастарэкаваў вялікі пісьменнік і смяяўся:

— Хо-хо-хо!..— як сава.

А Данілу было прыкра, й шукаў ён прычыны, каб хутчэй дадому пайсці.

 

7

Загадчык кіно «Спартак», звычайна скупы на рэкламу, гэты раз выставіў высозны шчыт, на якім славутая акцёрка, падвесіўшы бараду на сашчэпленых руках, шырокімі здзіўлёнымі вачыма пазірала на менскую вулічную рэчаіснасць.

Мала было клею ў маляровых фарбах. Сек крывы дождж, і поўны дабраякасны амерыканскае акцёркі імпартны твар аплываў непрыемнымі рагамі.

Даніла схадзіў заўгадзей, пакуль не разабралі, узяў білеты. Пазваніў Людве з рэдакцыі:

— Ну як ты? Маеш часу на 3-ці сеанс?

Яна адказала, што ніяк не выпадае: над кашарамі «Утыльсыравіна» шэфства бярэ, і на ўвесь вечар яны туды пойдуць. Хоць і вельмі Людва шкадавала, што так сталася, але вырвацца, казала, ніяк нельга.

Тады Даніла ўспомніў, што ў Людвы ёсць сяброўка, ад каторай ён учора надвечар нядзельнае слова пачуў.

«Люба! Сягоння маю вольнага часу цэлы вечар. Дык няхай ён Ваш будзе. Месца й час стрэчы — гл. білет.

Вам невядомы Даніла Невядомскі».

Перасціх дождж. Весела выбліснула сонца. Даніла, прыйшоўшы з працы, зірнуў у скрынку на лісты. Там ляжаў ягоны канверт з тэю, толькі што цытаванаю, пісулькаю. І стаяла на ім паштовая пячатка — усё як след...

Вядома: куды там Любе проці гаспадынінае дачкі! Было гэта адзін жарт.

Няпэўная ісці ці не, траха не спазнілася гаспадынінае дачкі сяброўка. Як прыйшла, публіка ўжо была ў глядзельнай зале й сядзела на месцы.

— Прабачце... Што так пільна позіркам перабіраеце рады? — спытаўся Даніла ў свае суседкі, як тая села з ім поруч.

— Гэта вам усё роўна.

— Усё ж... Будзем знаёмы.

— Дзіўна б было не знаць, у адным доме жывучы.

— Я — Невядомскі.

— Вельмі благі псеўданім. Каб ведала, што такі ягоны носьбіт, мяне б тут цяпер не было. Ваш жарт быў так нязграбна здуман, што я спадзявалася тут каго-небудзь з даўнейшых сваіх знаёмых стрэць.

— Вы памыліліся. Хоць такі подпіс і стаяў разоў тройчы пад невялічкімі абразкамі з сялянскага жыцця, усё ж ён мае ўласнае прозвішча. Не вельмі ўважаю псеўданімы... І так у беларускую літаратуру навалаклі ўсякага пустазелля, з якога нават і трушанкі на харч не страсеш — толькі ў гной высыпаць.

Патух агонь. Засакатаў апарат у механікавай будцы. Гэты шум лепш як нядэшлы аркестр любіў слухаць Даніла. Стужка была старая, і прыкры дожджык бесперасціханку хвастаў экран. Не навіна, што рвалася стужка. Выйшла яшчэ цудней: собіла ёй струхлець на распачатым пацалунку.

— Хоць бы паведамленне далі, што «працяг будзе»,— не прамінуў Даніла гэтага выпадку.

— Не. Мусіць, сёння нам працягу не дачакацца.

Надта ж доўга механік там кешкаўся з клеем.

— А хочацца, каб хутчэй?..

— Ну, пэўне.

— То можна прыскорыць.

— Няўжо?

— От убачыце.

Было цёмна. Слабенькім пошчакам пасыпаўся скрадзены гук у залу. А далей зашумеў ізноў апарат. Пырснула жыццё на экран. І Данілаў (без асаблівага сэнсу — проста дзеля досціпу) учынак выйшаў у цудоўным аблямаванні. На экране перша недакончаны пацалунак паволі расклейваўся, й падазроныя гледачы той пошчак прыпісалі яму.

Пасля сеанса, мінаючы на вуліцы высозны рэкламны шчыт, ізноў зірнуў Даніла на імпартны маляваны твар. І — дайце рады! — тое, што на фанеры тлустымі — каб за вярсту відаць было — рысамі наляпана, тут жа побач з Данілам у Любы значна драбнейшае можна было заўважыць. І калі Даніла на відной вуліцы лепш да свае суседкі прыгледзеўся, ён заўважыў, што Люба гэта падабенства ведала й лёгенька падкрэслівала агульныя з амерыканскаю акцёркаю, ім абедзвём уласцівыя рысы.

Усё ж Любе Даніла аддаў перавагу ў сваім параўнанні. Акцёрчын фанерны твар быў абмыты крывым дожджыкам і рагамі аплыў. Любіна ж вяршэнства было, што яе — крамянае дзяўчыны, яшчэ не руйнаваў, а толькі ўдакладняў, дамалёўваў час. Але ўсё ж далёка было Любе да гаспадынінае дачкі.

— Можа, працяг патрэбен? — спытаўся Даніла на развітанні.

— І так доўга зацягнулася,— паспяшалася Люба пастукаць сваім суседзям у акно; у Данілы на гэты конт лепшая была выгада: у гаспадыніных сенечках званок.

Ужо спалі на глухім Безымянным завулку, і сапсаваўся ўвесь эфект неспадзяванкі, якую дома Данілу падрыхтавала была гаспадыня. Яна папрасіла даўжэй на ганку забавіцца. Бразнула завалкаю, а сама — чуваць было — подбегам пусцілася, каб хутчэй схавацца пад коўдру. Так і не бачыла гаспадыня, якое на Данілу зрабіла ўражанне, калі ён запаліў агонь ды з акно амаль на велічыню абраз мадонны ў сваім пакоі на сцяне ўбачыў.

Мала ведала гаспадыня свайго кватаранта. Даніла ў дзяцінстве шмат чытаў бязбожніцкіх дробненькіх усякіх кніжак. Так шмат, што агідзела яму ўсё святое, а разам з святым... і тыя дробненькія кніжачкі.

Не любіў Даніла ні абразікаў, ні карыкатур. Але змірыўся з гаспадынінаю гасціцаю ў сваёй хаце. Яна была дабра ды такога росту, што — адно ложак у Данілы завузак быў... Толькі што з чужым дзіцем. Але тут — ізноў-такі... Даніла прыемна ўсміхнуўся ў люстэрка свайму ўспаміну: у яго ў самым пачатку, як толькі ў горад астаўся, таксама была з гатовым дзіцем.

У гаспадыні лепшага люстэрка не знайшлося, а тое, што яна паставіла ў кватарантаў пакой, вельмі ж абалоністае было. Усмешка ў ім выйшла папярочная, плюгавая...

Назаўтрае зайшоў быў Даніла да гаспадыні пасмяяцца: ці не хочуць яны яго часам у каталіцкую веру навярнуць. Ажно самой Віруціхі не было дома. А Людва плакала. Рэдка, але важка сыпаліся слёзы.

Зблізку непрыгожа чужое гора. Як у кіно. Буйным планам — на ўвесь экран — нязграбнае з ямачкамі аблічча. І па ём, як па раллі, плыве гразь. Чуць дайшоў Даніла, з якой жа гэта прычыны.

— Я ўсё ведаю,— гідкім ад плачу голасам дакарала Людва.— Але ж усё чысценька... І пра тое нават, як парвалася стужка на распачатым пацалунку.

Каб Даніла расказаў, як там было, Людва й сама б убачыла, што ўсё гэта жарт і адно дзеля смеху... Але, як на тую бяду, зайшла ў хату гаспадыня, пашкодзіла кватарантавай шчырасці. А пасля таго не траплялася зручнае часіны, каб сам-насам астацца. Пісулькі ж, што Даніла, неўзапаметку ад гаспадыні, падкідаў Людве, нічога не дапамагалі. Не раз марна чакаў ён у прызначаным месцы. Недзе доўга вечарамі бавілася Людва.

Надвячоркамі, як успадзе туга, куды было дзецца Данілу, як не да Людвінае сяброўкі?! Ён заходзіў, але ненадоўга. Як толькі Люба зашастае запалкамі, Даніла зараз жа браўся за шапку й азіраўся на ненадзейную фіранку, якой наўрад ці стане на яе адзінокае, але ўшыркі даволі прасторнае акно.

— Пагуляйце. Куды вам спяшацца?!

— О, не! Дзе бачылі?! Трэба йсці. Другім разам калі-небудзь.

— Ну ўбачым, калі ў вас той другі раз будзе,— адна аставалася Люба.

Яна з вёскі, далей — студэнтка, а там — была ізноў на вёсцы. Траха не так, як у Данілавай аповесці.

Любіны лятункі спраўдзіліся. Нарэшце, пасля гармідару студэнцкіх інтэрнатаў, яна была дома. Вёска, дзе вучыла дзеці, не лічыцца. Там не было свае часіны. Штодня сходы, тлум...

У сваёй хатцы свае парадкі Люба павяла. Тут быў і славутае амерыканскае акцёркі партрэт на сцяне, і Любін уласны здымак з ім побач, дзе яна, на імпартную красуню глядзя, знялася на ўзлакотках, голымі плячыма павярнуўшыся на аб’ектыў.

Пойдзе Даніла. На Безымянным завулку ціха. Люба запаліць асобны, самастойны агонь. Адзінокі, весела шумеў ён. І быў такі ветлы, утульны, бо — свой!

 

8

Вялікі пісьменнік скінуў пантоплі, абуўся ў чаравікі, узяў кіёк і выйшаў на спацыр. Тут яны й стрэліся.

— Даніла Невядомскі!.. Хо-хо-хо!..— нібы рад быў гэтай стрэчы вялікі пісьменнік; толькі ягоны савіны смех прарочыў нейкую здраду.— Ты наконт апавядання?

— Але.

— Даваў К. чытаць.

— Ну й што?

— Казаў: «Разьгата вельмі». Не пойдзе. Трэба перапрацаваць.

Даніла забраў назад рукапіс. У вялікага пісьменніка ён не бавіўся — яшчэ пасля працы дома не быў. Дзівіўся, Безымянным завулкам ідучы, што дагэтуль не заўважаў: тут адыхтар жа як на вёсцы. Нават перад кожнаю хатаю ад вуліцы агародчык — у каго з краскамі (як у Віруціхі, напрыклад), а ў каго і так.

Была гарачыня. Віруціха паадчыняла вокны. У яе шумела людная бяседа, як — не прымеркам — на вёсцы вяселле, але з вуліцы за разьгатым густам нейкіх жоўтых высокіх красак толькі аднаго госця відаць быў правы плячук у вайсковай зеленкаватай кашулі.

Дома Даніла ўвесь свой беспарадак, з стала на ложак пераложаны, застаў. Сесці таксама не было на чом — гаспадыня ўсё да сябе забрала.

Разаслаў Даніла на падлозе газету, прыняў туды з ложка, што замінала, а сам прылёг вокам звесці.

Мусіць, у ягонае гаспадыні былі й з вёскі госці, бо час-часом старасвецкім звычаем крычалі:

— Горка, горка!..

Шум вясельны — і на самай рэчы вяселле было. Сцяна ў Данілы тонкая. Ён чуў сур'ёзны, як гімнастычнае практыкаванне, пацалунак маладых. Хацеў заснуць і не мог.

Нешта муляла. Паглядзеў у кішэні — ажно гэта быў скрутак з бракаванаю аповесцю. Даніла са злосці пашпарыў яго на разасланую газету. Той міфычны, што апошняе ў печ укінуў, мусіць, куды лепш выглядаў, як цяпер Даніла. Тым больш: люстэрка ў Данілы абалоністае, і ўвесь свет у ім быў папярочны, агідны. А чаго варт мадонна! — як цяпер ён у люстэрку прыгледзеўся. Такую місюгу, як мадонніна дзіця, каб разгадаваць, па першым спісе й першай катэгорыі трэба пайкі атрымліваць, да добрага зачыненага размеркавальніка быць прымацаваным — усё гэта шчасце пачало было з’яўляцца ў тыя гады, але Даніла, як і ўсе, павінен быў пытацца апошняга, калі яму што патрэбна было.

Балазе і ў Любы гарэў агонь — было куды ўцячы ад гідоты.

— Ну, сягоння пэўне воўк здох за гарою,— па-вясковаму жартавала яна з Данілавага неспадзяванага прыходу.— Там у вас тлумна сягоння?!.

Люба ўзаперлася наўзлакоткі на стол. Каля асабліва ветлае гэты вечар лямпы злажылі яны з Данілам дружныя галовы. Глядзелі здымкаў. І ў самой Любы, як на адным з іх, з’ехаў з плечука лёгенькі з вялікім горсам весні каптан.

Даніла азірнуўся на фіранку. (Гэтакая ў яго была старая й непатрэбная цяпер прывычка.) Фіранкі не толькі на акно хапіла, але каля вушакоў нават і невялічкі запас сабраўшыся быў.

Дапраўды ж само так здарылася, што, як п’яўка, прыліп Даніла да таго самага, калісь сфатаграфаванага, плечука.

— Гэта што яшчэ?! — усхапілася ўзлаваная Люба.

Зусім збянтэжыўся Даніла. Яму згадалася, што неяк раз быў плюнуў і заўважыў кроў.

— Вядома, у мяне, можа, й сухоты... Хоць рэнтгенам нічога не заўважана, але вынік аналізу харкавіння яшчэ невядомы.

Чуць трывала злосная Люба, каб не зарагатаць.

— Каб мне гэта апошні раз было!

Як хмара, выйшаў ён таго вечару ад Любы. Ды не дадому. Швэндаўся па вуліцах, адпачываў на каторай лавачцы цямней, дзе дрэвы гусцейшыя й далей ад ліхтара. Так і сцерлася тая агорклая ноч. Пад самую раніцу дастаў ён хустачку працерці бяссонныя вочы, але не ад чаго-небудзь, а проста стрэўся з Данілам віхор на рагу й запарушыў іх.

Няспрытна было без стала пісаць потым на ложку, але Даніла спяшаўся, каб не забыцца патрэбных слоў, якія цяпер так лёгка трапляліся.

«Любы браце! — пісаў ён Марку на вёску.— Ты заўважыў, што людзі кручаных дзён сіверынаю чуваць? Як бы ў чыстым полі, дзе адно дзікае лінялае неба было тупа звісшы, раслі й гадаваліся яны.

Ці варта казаць, што свет як на верацяне?! Сама горш вось, што ні ў водным акне нам не мігае ветлы агоньчык. Напрыклад, звяліся дзяды. Ты больш гэта ведаеш: праўда ж? — не садзяцца больш усею сям’ёю за стол, калі на дварэ восень, на дарогах — гразь, і на цэлым свеце хвошча аблудных бесхацімцаў дробненькі, падсяваны дождж. Золкі ён. Вастрэй за голку працінае праз усякія цыраты і брызенты аж да самага пасінелага цела. А памятаеш, у тых, бывала, што за стол дзедаваць сядуць, сабе кожнаму сем’яніну ветла моргае лямпа, й спакойны ўсе, што варушкая гаспадыня поўную — ды ці адну! — паставіць міску на стол. Па самае годзе хопіць усім, ды яшчэ на дне й дзядам нанач пакінуць застанецца.

Шкода. Вельмі шкода... Мінулася й тое, што:

— Мароз, мароз, хадзі куццю есці,— клікалі яго каляднага, траскучага, сеўшы ў цёплай хаце за мяккі, сенам падасланы стол.

Як пустадомкі, туляемся каля чужых халодных вуглоў. Ды калі й свой па ордэры завядзецца, у ім, не сагрэтым пакаленнямі, пуста і няўтульна, як у ваўкаўні.

Любы браце!

Цяпер лета. Такое хараство! Ці чуваць хаця песні ў нашым баку? Ці збіраецца на прызбах моладзь.»

 

Русалка на пераездзе

 

 

9

Яму ў дзяцінстве прыпаў невялічкі акрайчык таго заваляшчага свету. Шмат што дагэтуль у памяці зліняла, але не ўсё і не датла. Вось чым з тых дат той бок нямецкае вайны — можа ён пахваліцца.

— Не хадзі адзін на поле,— перасцерагала Петручыха.— Нарвешся на русалку — будзе бяды. Ахіне слізкімі, як рачное багавінне, валасамі, насмерць заказыча жалезнымі грудзьмі.

Але Арсень не слухаў мачахі. Цішком, бывала, уцячэ ён на поле. Далёка адыдзецца мяжою. Любіў глядзець, як жвавы вецер лёгка коціцца палеткам, а паабапал мяжы каласы адно трасуць яму сваімі пустымі галовамі. Іхні шум любіў малы слухаць. Крадком прыглядаўся: ану, можа,— хоць здалёк ды жывую русалку ўбачыць.

Як сцяна, проці малога палетак. Арсень увесь з шапкаю хаваўся за ёю. А ўсярэдзіне ў той сцяне цёмна і зелена — нічога не відаць, колькі ён ні азіраўся. Адно дзе-нідзе, прымружыўшы ясныя вочы, усміхнецца з даходнага дзіцяці васілёк.

Неўзабаве — лета.

«А ў нас сягоння ды зажон, зажон»,— загаласіла аднаго разу надвечар шырокае поле. І Петручыха таго дня прынесла дадому перавязаную жычкаю жменьку збажыны. Паставіла на куце пад абразамі. Ад тых дат і пачаў хрумстаць серп на палетку, але яшчэ не прытном, а выборам — лапінамі.

Пятрук дома рэдка стыкаўся: усё па заработках хадзіў. Апошні час недалёка — вёрст пяць ад дому — у Грукаціч у ляснічага правіў люхты ў стаяках. Узяў з сабою і малога, пакуль жніво ды няма каму дома за ім наглядаць. А па-другое: хацелася свайму сыну, мужычаму дзіцяці, усярэдзіне панскія пакоі паказаць.

І была там уся малога работа — замінаць бацьку пад рукамі.

Мала чаго старэйшая за Арсеня дзяўчынка на лета сыскалася да ляснічага. Ціхім тутэйшым летам і фальварковым спакоем ніяк нацешыцца яна не магла. У светлай сукенцы выходзіла ў сад, што за пакоямі, нашчыпаць траскучага агрэсту. Як матылёк, у яе з плечука на плячук пералятваў блакітны шырокі каснік. Хрумстаючы, чытала невялічкую аздобную кніжку, схаваўшыся ў трапяткое рабацінне летняга дню. Арсень адразу пазнаў, што гэта русалка: сюды ўцякла яна, як пабрыдчэла жыта ды каля яго завінуўся серп; але — хітры — спытаўся ў бацькі:

— Хто гэна?

— Дзе? — на хвілінку адхінуўся Пятрук ад працы.

— А вунь за йгрушу матнулася,— паказаў Арсень праз акно гэты цуд.

Абцёр тады муляр аб хвартух каравыя рукі. Дастаў партабак.

— Ляснічага,— кажа,— дачка. У горадзе вучыцца. От і ты не дурэй, слухай маці ды настаўніка, і цябе аддам у горад, як акзамінт здасі.

Пятрук пусціў першы дымок. Спрытна цыкнуў сліну праз свае скрышаныя зубы. Вельмі добра, што ніхто, акрамя ягонага нязналага сына, тады не чуў яго. Ато — прасмяялі б!.. Век ад кпінаў было б не абабрацца старому шалахтуну. Гэта трэба ведаць! — расказаў муляр свайму нязналаму сыну, што ён яго, калі не на ляснічага, дык на аб’ездчыка канечне выўчыць, і будзе Арсень, калі не ў такіх, дык у мала чаго горшых пакоях панам жыць. Пахваліўся, што ў яго на пошце каторы год як тры кацярынкі ляжаць, дый дома сёе-тое ў паклажы ёсць, што ўсё гэта не на што іншае, як на Арсеневу навуку.

У Петрука ўсё, нават самая шчырая праўда, на языку прырастала. З ягоных лятункаў хаця дзесятая доля каб спраўдзілася, даўно б ён смачна еў, доўга спаў і ў шаўкох хадзіў бы.

Прыцікаваў Арсень, што русалка, як чытала, так пад яблынаю і пакінула тую сваю аздобную кніжку. Хоць невялікі з Арсеня памагаты быў, але больш за праўдзівага муляра быў ён у гліне ўвесь чыста. А цяпер, каб да тае русалчынае кнігі дакрануцца, ён чыста вымыў рукі, выцягнуў падол ісподняе кашулі і насуха выцер іх.

Другазімец быў Арсень, але ніводнага слова не мог прачытаць у таей панскай — аж з рук плыве кнізе,— рэдка каторую літару пазнаваў. Асцярожна прынёс бацьку гэты цуд на параду.

— Зірніце, якая дзіўная кніга!

— Хто табе даў?

— Сам знайшоў.

— Дзе?

— Пад яблынаю.

— Зараз жа занясі, Арсенька, палажы, дзе ўзяў. Няможна чужога чапаць. Гэта панская, польская кніга.

Невядома, бачыла ці не русалка, што Арсень тую аздобную кнігу браў, але застала яна яго ў садзе з-пад яблыны йдучы.

— Ты чаго тут цягаешся? — злоснаю падалася русалка муляраваму сыну.

Арсень маўчаў.

— Каб больш і следу тут не палажыў!

Арсень зноў ні ачарніў, ні абяліў. На гэтым іхняя першая стрэча й першая спрэчка й скончылася.

Назаўтрае й па ўсёй рабоце ў ляснічага было. Зарабіў Пятрук два сажні добрых бярозавых дроў на зіму, а што падборкі, дык хоць цяпер едзь збірай колькі хочаш.

На малога ногі 5 вёрст — за блізкі свет. Прайшлі вёску, міналі стракатыя палеткі, бокам адступаліся назад зялёныя засценкі ды фальваркі. Нешта дзяцінае пра ляснічага русалку вярзлося Арсеню, і ён шчасліва ўсміхаўся ўсю дарогу. Так і не агледзеўся Арсень, калі яны на сваім полі ў прысадах апыніліся. Там Петручыха жала недалёка ад дарогі — убачыла. Пакінула яна адных жней ды пайшла разам з імі дадому. А яшчэ высока сонца было.

Забяліла міску крупніку.

— Ежце ж, мае вы работнічкі!

— Праўда, мама, што калі будзеш есці крупнік з хлебам, ніколі па-польску гаварыць не наўчышся? — прыгадаўся Арсеню стары мачашын жарт.

— Шчырая праўда, Арсенька,— засмяялася мачаха.

— Бяры от...— дужаватую такі лусту адкавяліў Пятрук свайму памагатаму.

Арсень добра вымярхаўся з дарогі. Лыжка ў лыжку йшоў ён з бацькам. А да хлеба і не дакрануўся.

 

10

Вы, напэўна, ведаеце такіх малых.

Каб не салгаць — завецца ён, скажам, Пакумейка. Арсень...— той самы, катораму ў ляснічага русалку давялося бачыць. Прозвішча дробнае, і сам ён (хоць ад тых дат і падрос крыху) даволі шчуплае дзіця. Імя і цяпер гучыць важка, а тым больш калі крыху асталюецца, людскі слых да сябе прызвычаіць. Тады й прозвішча зраўнуецца. Так бывае позная рунь, чырвоная шчэ, закажанелая хаваецца пад снег, а на вёсну, калі пакрэпяць цёплыя дажджы,— і не адрозніць: здаецца, гэта самая летась буяла.

Зойдзе, бывала, малы Пакуменка ў местачковую кнігарню, стане каля шчыту й доўга будзе адна за аднэю новыя неразрэзаныя кнігі перагортваць. Не відаць было яго купляючы, а ўчашчаў туды траха не штодня.

Калі Арсенеў бацька аднаго разу, седзячы з мужчынамі на прызбе пад сонца ў святы дзень, сказаў, што канечне свайго сына ў гарадскую школу вучыцца аддасць,— ніхто яму не даў веры. А калі муляр пабажыўся: «Да торбаў дайду, а на сваём пастаўлю».— «Не з тваім носам»,— нехта з гурту сказаў.

К таму часу ўжо ў яго больш як тры кацярынкі на гэту справу сабралася. Але вось па немалым часе і тыя кацярынкі — каторыя былі на пошце і каторыя дома — усе чыста ляснулі, а Пятрук такі свайго сына ў мястэчку вучыў.

Паложыць, бывала, Арсень свае сямігодскія падручнікі, у кнігарню зайшоўшы, на парэнчы, а Купалаву «Спадчыну» расхіне. Прыхваткамі малы шмат у ёй прачытаў. І кожны раз, бывала, Арсень на адвароце кошту паглядзіць. Усё тыя самыя, алоўкам напісаныя, рублі нязменна стаялі. З павагаю ставіў Арсень «Спадчыну» на яе высокае месца, каб дастаць якое, яму трэ было шчэ на дыбачкі станавіцца.

У Старым Сяле адзін кнігар на ўсё раённае аддзяленне БДзВ быў, але кожны раз цэтлік у касу і прадаўцу адбітак пад капірку выпісваў, хоць бы ўсяго на залатоўку прыйшлося чаго-небудзь прадаць. Мітусіўся страшэнна, калі хто-небудзь рашучым крокам пераступаў парог ягонае крамкі. Арсень і так быў, як ціхае лета, а ў такія ўрачыстыя хвіліны яго й зусім у кнігарні не было знаць.

Аднэю такою хвілінаю й пакарыстаўся малы. Калі кнігар адвярнуўся свой, невядома навошта патрэбны, цэтлік выпісваць, ён палажыў «Спадчыну» ў сярэдзіну ў свае падручнікі. Як заўсёды, ціхенька браўся ён за дзверы. І ўсё добра было б. Каб не сэрца... Не начай, яго пачуў кнігар: так моцазна лапатала.

— Пачакайце,— выйшаў ён з-за парэнчаў, глядзеце ў сваіх кніжках: ці не ўзялі праз памылку Купалавае «Спадчыны».

Паглядзеў Арсень і як вараны рак зрабіўся. І праўда — узяў.

— Прабачце. Я не знарок.

— Ну я ж і кажу: праз памылку,— ізноў «Спадчыну» кнігар высока паставіў.

Але замаркоціўся ён, калі Пакумейка з сораму пакінуў у кнігарню ўчашчаць. Спыніў нават кнігар Пакумейку, на вуліцы стрэўшы.

— Што ж вы цураецеся? А да нас апошнім часам цікавыя кніжкі прыйшлі,— і на развітанні малому Пакумейку руку падаў.— Заходзьце.

І ад таго разу, як бы і не было ніякае мітрэнгі. А на ад’ездзе, як скончыў Арсень сямігодку ды зайшоў у кнігарню з гэтаю навіною.

— Віншую, віншую...— рад быў стары кнігар.

— Пачакайце,— як той раз, калі з Купалаваю «Спадчынаю» так несамавіта выйшла, спыніў Пакумейку кнігар, толькі той памкнуўся за дзверы. Ён выйшаў з-за парэнчаў і вынес Пушчаву «Раніца рыкае» й Крапівова «Асьцё» — іх часцей як што Арсень пераглядваў.

— Вазьміце на ўспамінак.

З гасцінцам яшчэ хутчэй ягоны сябар, з каторага цешыўся стары, паджгаў за парог. Пакумейку хацелася як мага хутчэй з кніжкамі сам-насам застацца, бо іхняе знаёмства ў кнігарні вельмі ж тлумнае было.

Невялікі гасцінец — разам 64 невялікія балонкі, а з імі так прамільгнула ў Арсеня лета, што пра яго й напісаць няма чаго: даўжэй будзе чытацца, як перажылося.

Каго маці калі-небудзь збірала ў дарогу, паварушэце прыемны ўспамін: будзе акурат. Мала што Пакумейчыха Арсеню мачаха! Смела прыгадвайце сваё. Скупасць не скаланула Пакумейчышынай рукі, калі яна спакавала Арсеню ў невялічкі куфэрак два сушаныя сыры, вантрабяную шкілёнду й танчэйшых вэнджаных кілбас дзве пары, ды да ўсяго гэтага сала сырога й абгатаванага па велікаватым куску. Не век жа людзі шылам елі пайкаваны хлеб! З жарнавы камень яго, знарок на падсітак прасеянага й спечанага ў дарогу ўзяць, булку ўжо апрыч у мяшок, дзе бялізна й пасцель, давялося палажыць.

Не вельмі жнівень, такі рупны месяц, раскідаецца святамі. Быў будны дзень, а чыста, як да фэсту, прыадзеліся Пятрук Пакумейка з сынам.

Гэтаксама, як і вам некалі маці, па-святочнаму чыстаю посцелкаю заслала Пакумейчыха сядзенне на возе. Усею сям’ёю — і белашывы Лыска (таксама «Пакумейка») з імі — сышліся выпраўляць свайго семяніна ў дарогу.

Як бацька з сынам селі на воз, Пакумейчыха адчыніла вароты.

— Шчаслівае дарогі,— ласкавым словам выправіла іх з двара.

— Пачакай, Пятрук,— гукнула ім услед. Яна нечага забылася была ды ўспомніла.

Стары Пакумейка сутрымаў каня.

— Ты ж заўважай, дзе будзе конь фыркаць: на сваём ці на чужом полі — прыехаўшы скажаш,— падышоўшы да воза, наказала ў дарогу. Ну чым вам Пакумейчыха не родная маці?!

Конь фыркаў на саўгаскім полі.

— Дай жа божа! — сказаў Пятрук.— Астанешся...

Потым на станцыі, пакідаючы Арсеня аднаго, тысячу ўсякіх:

— Глядзі ж, сынку! — наказваў Пятрук, як што рабіць, каб не спракудзіцца ў чужых людзях.

— Добра... Ну добра, тата!

Даў сыну чырвонца на дарогу.

— Глядзі ж не распасор без толку — каб хапіла, пакуль казённая будзе якая дапамога.

— Ну добра, тата! — ледзьве выправіў Арсень бацьку дадому.

Цягніка доўга было чакаць, ды яшчэ к таму чырвонец — такія вялікія грошы! — у кішэні муляў. Арсень папрасіў аднае кабеціны куфэрка з мяшком папільнаваць, а сам пайшоў у мястэчка.

Трэба быць дужа сантыментальным, каб апісаць, як рад быў Арсеню стары кнігар. І ад гэтага я наперад адмаўляюся.

— Выпішце цэтлік.

Арсень вымеркаваў, што ён і аб васьмі рублях абыдзецца да тае казённае дапамогі.

Спраўдзілася неверагоднае. Была цяпер у Пакумейкі свая «Спадчына» і сам ён ехаў — жарты сказаць... у Менск.

...дзе самога Янку Купалу можна знянацку на вуліцы стрэць!

 

11

Першае, на чым спракудзіўся ў Менску Арсень Пакумейка, былі боты. Нібы бацька спадзяваўся, што з Арсеня волат будзе, калі прасіў шаўца навырост напусціць запас у іх, як націны — ну адыхтар: вераб’ёвы — здаваліся Арсеневы ногі. І калі прымеркаваць малога Пакумейку да шырокага поля й бязлюднае дарогі, выйдзе пагана: нізашто, здавалася, ён бы там на сваіх націнах не ўстояў, каб — няпрымеркам — крыху павеяў вецер. Нібы ён па тым полі й не хаджалы быў!..

Толькі ў Менску й агледзеўся Арсень, які клышаногі ў яго абутак, якія шырокія — нязграбна адтатуркшы — былі ягоныя халявы. Улетку ж дома не адно свае, гасцінца дадзеныя, 64 балонкі знаў ён. Удзень — то так. А як надыдзе вечар, як у чорныя сукачы пачнуць сукараціцца радкі друку, Арсень абуваў вось гэтыя самыя боты. Удзень хадзіў босы, а ўвечары дзе на прызбу да дзявочага гурту падысці ўжо босаму было ні сяк ні так. Бывала, шчоткаю з «функам» гэтыя самыя боты перавядзе. А «функ» да тавару куды лепш прыстае, як да літаратуры. Ого! Каб вы бачылі тады Арсеневы боты ў месячную ноч!.. А цяпер чапаліся яны ў Пакумейкі на нагах, як выходзіў з лекцыі ў калідор на перапынак.

Здавалася малому, што над менскі Белпедтэхнікум, куды ён паступіў, не знайсці лепшае школы. На дошцы абвестак знайшоў, што Паўлюку Трусу, каторага ён часта ў «Беларускай вёсцы» чытаў, нейкія падэсці падстроіла педрада, а Пятро Глебка меў па хіміі залікі на восень. Толькі самога Купалы так і не трапіласая Пакумейку стрэць.

Па бруку ды па цэменце ў горадзе Арсень хутка тыя свае валатоўскія боты дабіў. За стыпендыю справіў шчыгульныя — якраз да нагі — чаравікі. І ад тых дат да шмат чаго ён тут прынаравіўся.

Ізноў, як тады ў ляснічага, знайшоў Арсень і тут з русалкаю, аднаму яму прыкметнае, падабенства. Па-дзяцінаму жвавая была яна, й абы чуць — чырванела без дай прычыны. Было ёй 17 год, а рост мела не Пакумейку раўня: выносісты, смелы. Ад дакладнейшае ж анатоміі аўтар адмаўляецца. Ён не жаночы кравец — меркі не здымаў і не мае шырокага знаёмства з гэтым прадметам.

Самае ж галоўнае здарылася на 2-м курсе.

Хаця... нічога такоўскага й там не было. Проста — сядзеў Арсень адзін на самай задняй лаўцы, рыхтаваў сузор’і па светабудове. І села з Арсенем побач яна, каб разам рыхтаваць.

Нічога такоўскага... Але калі прыдзірацца з параўнаннямі, дык можна сказаць, што дзве буйныя зоры самага блізкага сузор’я тут жа побач з Арсенем блішчалі. Але ці варта?! Пра вочы адно ў вершах пішуць, а Пакумейка быў трывалы наконт вершаў. Дык так і абышоўся, на тое сузор’е не зірнуўшы.

Швачкі, не зважаючы на метрыкі, яе за малую мелі: не прынялі пад увагу дзяўчыніны 17 год, калі кафтан скроілі. Не аднаму Пакумейку, а ўсім відаць было, што не тоўпілася ў шваччынай скупасці дзяўчыніна сталасць. Толькі Арсень больш зайздросна, чым хто, на гэта сцішка цікаваў.

Хадзіла яна на літаратурны гурток. Можа, якраз праз гэта туды й Арсень запісаўся. І найбольш ён ганіў вершы, якія там чыталі, што вельмі ж яны дрэнныя. А да самога ніяк прыдрацца не маглі — ён вершаў не пісаў.

Больш такога здарэння, як на 2-м курсе, не было ў Арсеня. Няўзнак і датэрміновы выпуск надышоў. Цяпер не пара была надалей адкладаць. Але за ўтрапеннем Арсень не знайшоў часу. Некуды русалку за настаўніцу паслалі, й вельмі ж хутка выехала яна з Менска. Арсень, як не пара было, давай у сябровак распытвацца: куды? Але ніводная яму нічога пэўнага не магла сказаць. Казалі: не то ў Глуск, не то ў Вызну, не то ў Любань, а можа, нават і ў самыя жахлівыя Лельчыцы атрымала яна прызначэнне. Пакумейку ж накіравалі зусім у другі бок — недзе пад Лепель.

І тады ўсё, што гадамі збіралася, у тым прыгожым азёрным краі ў адзіноце так крута састоілася, што Арсень пачаў пісаць вершы. Улетку, на вакацыі прыехаўшы ў Менск, занёс іх у «Маладняк». Прачыталі.

І ўсе, хто пры том быў ды чуў, пагадзіліся на тым, што Арсень здолен на невядома што. Нагадзіўся там і сам Купала. Ён быў тае думкі, што і ўсе.

Зусім не той быў Купала, каторага Арсень, ні разу не бачыўшы, знаў. У гэтага Купалы блішчалі пацертыя локці. А яшчэ больш сапсаваў ён Арсенева ўяўленне, дастаўшы карашкі. Аж прыкра было пазіраць муляраваму сыну, як трэсліся старэчы паэтавы пальцы, калі круціў папяросу, і дробнаю пацярухаю сыпаліся далоў карашкі.

Нейчае нешта знялі, а Пакумейкава пусцілі ў самы блізкі нумар. І не паехаў Арсень назад пад Лепель. Застаўся ў Менску і ўладзіўся ва універсітэт.

От тут яму й спатрэбілася тое блізкае сузор’е з такіх аздобных зор. З гэтага давялося хлеб есці й чарку піць, без якой абысціся з «хлопцамі» ніяк нельга было. Прыгадваючы, Арсеню здавалася, што яны ў тае тэхнікумаўскае русалкі былі сінія, як у ягонага новага сябра Данілы Невядомскага. Арсень хацеў, каб сінія... Такімі некалі малому муляраваму сыну й васілёк у жыце прымружваўся. Але мог ён і памыліцца. Абышоўся ж не паглядзеўшы, як было льга. Вунь Зарэцкі — не Арсенем быўшы — прыслухаўся чытачом з шэрым гатункам вачэй, а потым, як лепш разгледзеўся, прызнаўся, што былі яны на самай рэчы як бы крыху зеленкаватыя. Так што і Арсень не ва ўсіх вершах, што сінія, цвёрда ўпэўнен быў.

Жыў Пакумейка далёка — за чыгункаю. Дакладны адрас даць не бяруся. Цяжка было што-небудзь пэўнае расчытаць на ліхтарыку. Ліхтарык той да таго закураў, што газніца ў ім усярэдзіне штоночы зусім марна тлела. Была яна толькі міліцыянеру адчэпнага, каб не сляпіўся са штрафамі.

Даніла Невядомскі там не раз быў — дарогу ведаў.

— Заходзь, браце,— рад быў Арсень яму.— Што ж ты нешта такім рэдкім госцем у мяне стаў?

— Калі ж бо сам забраўся за блізкі свет, у чортавы зубы!

— У цябе цяпер хаты не пазнаць,— здзівіўся Даніла новай шырознай канапе, якая ў цесным Пакумейкавым пакоіку заняла ложкава месца і абавязкі.

— А гэта за зборнік справіў.

— Ну як?

— А вось паглядзі,— паказаў Пакумейка, як здратаваны быў самы любы ягоны раздзел «Пяць адмен тугі».

Пакумейкаваму зборніку не пашанцавала. У выдавецтве аддалі яго Цытатавічу на палітрэдакцыю. Упарта вартаваў той афіцыйную суровасць, і чым драбнейшая, дакладнейшая дзе была паэтава інтымнасць, тым круглей прыгінаўся збоку чэрствым крукам Цытатавічаў чырвоны пытальнік. А ў выніку над усім раздзелам тлуста, са здавальненнем выведзены, таго самага колеру стаяў крыж.

У Пакумейкавым тым зборніку хадзілі каравыя змазчыкі, паілі колы, каб менш ад іх звягі, плётак у дарозе было. Як рэалістычныя дэталі, тырчаў увесь гэты народ на паэтавым пераездзе. На іх адных і ўважыўся Цытатавіч, а бухгалтар за іх паэту ордэр у касу выпісаў.

Невядомскаму хацелася яшчэ раз тых забароненых адмен паслухаць.

Арсень вельмі ж спрытна на сваёй канапе стоўпіўся, што яшчэ засталося й Данілу месца на мяккім прысесці. Вельмі ж пакаёвага росту быў Пакумейка. Умеў ён так, як цяпер, у тры пагібелі злажыцца, што нават і калені з канапы нікуды не тырчалі. Відаць было па ём, што звякуе ў горадзе. Ад вясковага Пакумейкі, катораму бацька наказваў: «Глядзі ж, сынку!» —асталіся бадай што адны валатоўскія боты. Ён, пад Лепелем быўшы, ім падноскі даў, і вельмі добра было на вёсцы швэндацца ў разводзіцу. Да Менска прыехаўшы, ён другі раз ды як мае быць дабіў іх: ніводзін шавец ужо не браўся правіць. Пара б ім было й на сметнік, але Арсень чамусьці пад канапу запраторыў, і цяпер адтуль шчэрылі зубы.

Гледзячы, як краталіся, чытаючы, Невядомскі заўважыў, што ў паэта надта ж таўстыя (не па ём) і, відаць, смолкія ў пацалунку негрыцянскія губы. Але добра ведаў Даніла свайго новага сябра, што да Таей, пра каторую ён пісаў невядома што, смолкімі сваімі губамі нават і ў сне не дакранаўся.

Цеперся было, як выйшаў Пакумейка Данілу праводзіць. Недзе паблізу аказаўся цягнік. Ягоны голас, гэтага вечару ў вершах ужо чужы, быў ярчэйшы, як калі.

Пакумейкаў зборнік зваўся «На маім пераездзе». Але дарма аўтар і ў вершах, і на самай рэчы выходзіў на пераезд сустракаць вячорныя цягнікі. Блішчэлі вокны... але вельмі слаба. Не праяснілася ніводнае з іх чаканым абліччам.

Якраз было ў пору. Перш чым самім той пераезд перайсці, сябры мусілі спыніцца й даць яго цягніку пераехаць. Як заўсёды, цьмяна мільганулі вокны.

Цягнік пераехаў, і сябры моўчкі развіталіся. Пасунуўся Пакумейка памаленьку дадому.

Можа, ён таго вечару прынёс з пераезду, каб запісаць і сабе прысвоіць яшчэ адну — шостую, нязнаную дагэтуль свету, адмену тугі.

Хто ведае?

 

12

Паводле «права ліць кроў з чужога сэрца» выходзіла, што за добрую, незаношаную рыфму роднага бацьку прадаць не толькі можна, але й патрэбна, а калі яшчэ скрыпіць на свеце які-небудзь заваляшчы дзед, дык і таго можна ў прыдачу прыкінуць.

Грамадзянства не павінна падглядаць ані ў якую шчыліну, чым жыве паэт. Асабістым жыццём ён нікому не ўзор і мае права быць апошнім плюгаўцам.

Талент, каторы разумеецца як спрытнасць скідаць вяршок з матэрыялу, пакрывае ўсё.

Ніколі не пісаць кроўю ўласнага сэрца. Не трэба інтымнага. Адзінота заўсёды падазроная.

Кроў уласнага сэрца — вельмі сантыментальна. Ад гэтае слодычы возьме на ваніты цвярозы чэрствага часу густ.

Усё роўна — над чым ні працаваць. Няма шчырасці й халтуры. Ёсць спрытнасць і нерастаропнасць.

Спрытнасць патрэбна ва ўсім. Трэба быць лёгкім, каб не пайсці на дно ў кручаным нашым віры. Трэба быць рухавым, каб кожны момант у найзграбнейшай паставе цябе бачылі на паверхні.

Тэмы — тое, што зверху заскарупла: адно вяршок які састроіўся над водарам цікавых дзён. Плуг — не начынне паэта, які ў найзграбнейшых паставах трымаецца над кручаным вірам. Драць цаліну, да жыўца даходзіць — не ягоная работа. Яму трэба адно зверху гладзенька забаранаваць, каб грудкі пад нагамі не мулялі.

Прышласць — усяму мерка.

Прышласці нішто не павінна заставаць. Там застанецца адно гатунковае зерне: яркае й ядранае, а рэшта зраўнуецца: і адданасць і здрада. Адданасць ідэалу перад судом прышласці — аргумент за, а здрада яму — аргумент супраць. Толькі каб яны з густам — зграбна былі выражаны.

Абы талент — усё будзе даравана.

Трэба толькі яснымі ранішнімі вачыма пазіраць на свет.

Пакумейка прызнаўся, што ў самога яго ёсць гэты ранішні позірк. Напрыклад: Езуса на крыжы шмат хто за сімвал укрыжаванае краіны мае, а Пакумейку здаецца, што ён проста на сваёй высокай шыбеніцы робіць гімнастыку, каторая развівае плечукі.

Усё было б як найлепш. Толькі трэ было Пакумейку дзе-небудзь пад самы ніз палажыць сваё «права» і пакрысе ім кіравацца.

Няўрокам кажучы:

«На маім пераездзе» выйшаў з друку. Рэцэнзіі хвалілі. У навучальных установах і работніцкіх клубах наладжваліся адмысловыя дыспуты. Хто чытаць не хацеў — мусіў.

У добры час сказаць, у ліхі — змоўчаць.

Ва ўсёй форме й з патарчакаю пры боку ўвайшоў Цытатавіч у літаратуру. І ніводным пытальнікам да другое Пакумейкавае кнігі «Усе юбілеі» ён не дакрануўся.

Было людзям на смех і сабе на глум Пакумейку шчырым быць. Так, прынамсі, яму й Невядомскі раіў, але пераканаць не мог. І знарок зайшоў Даніла (ды не адзін яшчэ) паслухаць, што з таго будзе. Застаў ужо гаворачы. Але дзіўная рэч! — яго з Любаю ў зале ўбачыўшы, Пакумейкавы думкі набылі задзірыстую акрэсленасць, а словы зрабіліся звонкія, як бывае звонкі разменены на дробязь рубель. Строні ж самога Невядомскага, строні ўсіх іхніх колішніх гаворак было тое, што Арсень сказаў пра адданасць і здраду. Ён прагнуў нейкае непатрэбнае волі, на варце якое й ставіў сваё — смеху вартае — «права». А яно цуралася ўсяго, што перашкаджала справіць канапу й чарку з «хлопцамі» піць.

Увесь час не зводзіў Арсень вачэй з таго месца, дзе Даніла з Любаю селі. Гэта быў самы сталы пункт погляду ва ўсім ягоным выступленні. Гаварыў многа больш, як перша запісана, а як скончыў, падышоў да іх.

— Калі? — ды: — Адкуль? Ці надоўга?

Ажно быў ён з Любаю знаём. Паводле таго, як рад быў Арсень, дазнаўшыся, што яна ў Менску стала жыве, і сляпы споздрыў бы, што не пойдзе больш ён на пераезд сустракаць вячорныя цягнікі. Пасля гэтае стрэчы адпала ўсякая патрэба марна сляпіць вочы, узіраючыся ў тыя мігатлівыя вокны.

«Хлопцы», што разам з Арсенем прыйшлі ў клуб, былі вельмі збянтэжаны ягоным выступленнем — нават Кучар... у каторага ўжо гатоў быў Пакумейкаў (накшталт Мараковага) літаратурны партрэт.

Так ласкава яшчэ пакаёвыя сабакі ўмеюць у гаспадарскія вочы зазіраць, як Кучар Цытатавічу. Ды запанібрата кратаў ён у крытыка тую патарчаку, калі раіцца даводзілася. Але ўсё ж Айзік і сваім одумам спудлаваў цяпер Пакумейкава «права» дарэшты, а з літаратурным партрэтам надумаўся пакуль што не вытыкацца.

Далей выступала маса. Нават каму перша паэтава «права» й спадабалася было, ганілі цяпер. Спаміж Пакумейкавых апанентаў выткнуўся й нікому не вядомы, нічым не выдатны хлапчук у машастовай кашулі. Яго можна й не запамінаць — зусім эпізадычны (адно ў гэтым абзацы). Але для аматараў дакладнасці не цяжка паведаміць, што ў таго хлапчука быў яшчэ чырвоны радзімы плеш, не памятаю, на каторай шчацэ. Знепрывычкі высока стаяць і гаварыць з вялікай аўдыторыяй хлапчук блытаўся вельмі, але ўсё ж можна было з ягоных слоў зразумець, што Пакумейка ў сваё «права» нечага такога з О. Генры налыгаў.

Чакалі ад Пакумейкі, што яшчэ раз возьме слова і ў памылках пакаецца (так у тыя гады павялося), і засталіся вельмі здзіўлены, калі ён гэтага не зрабіў.

Было не да таго. Куды важнейшая памылка, на якой ён яшчэ ў тэхнікуме скапыціўся, цяпер уладзілася — не трэба лепш: Люба знайшла нейкую прычыну й дакляравала днямі быць у тым баку за ягоным пераездам.

Арсень думаў — для гэтага шмат што патрэбна. Ён нават тое тэхнікумаўскае заданне пра сузор’і, што некалі разам рыхтавалі, паўтарыў. Выйшла ж усё многа прасцей і зусім неўспадзеўкі.

У Арсеня валяліся пляшкі й пабольвала галава: не хадзіў нават таго дня ва універсітэт.

— Што ў цябе тут робіцца?! — гаспадыньскім вокам заўважыла Люба, што пляшкі каторыя стаялі, а каторыя ляжалі.

— Гэта ж «хлопцы» ўчора ўвечары былі.

Хуценька прыняў ён з стала за канапу пляшку, у каторай на дне дужаватая такі «кропля» аставалася. Яшчэ з яе можна было ў прыгодзе кілішкаў два, а то й больш нацадзіць. Паставіў далей на акно шклянку, каб не так тхнула. Газетаю прыкрыў хлеба лусту й неадменнае фашыркі скрыль. Пустыя пляшкі пазбіраў і да гаспадароў вынес.

Люба, недзе — не то ў Глуску, не то ў Вызне, не то ў Любані, а можа, і ў самых жахлівых Лельчыцах — настаўніцаю пабыўшы, многа пасталела. Ёй быў цяпер 21-шы год. І швачкі прызналі Любіна права на сталасць. Прасторна ляжалі цяпер грудзі, як распранула паліто.

Зоры не спатрэбіліся. Абышлося прасцей. Як дома, прыперлася Люба дзівоснаю сваею сталасцю да Пакумейкавага стала. Як дома, знайшла люстэрка й паправіла перад ім валасы. Як свае, прыбрала і ў парадак злажыла Арсеневы кнігі.

Не буду пільнавацца дробязей — у якой было паступовасці. Бо што ж тады застанецца язычлівым жанкам, каторыя й за пераездам так, як на Безымянным завулку, любяць тарчма пастаўляць старэчыя свае вострыя калені, сабраўшыся гуртам на якой-небудзь мураве. Як там ні было, а скончылася тым, што зусім перабралася Люба з Безымяннага свайго завулка за пераезд.

Русалка мінулася. Не чырванела больш Люба, як некалі на 2-м курсе, без дай прычыны. Як праўдзівая гаспадыня, агледзела яна, што без толку валяюцца ў Арсеня тыя валатоўскія недатопкі. Дастала іх, запылёныя, з-пад канапы — выкінула на сметнік.

— Што вы нешта нашае хаты цурацца сталі? — спытала яна Данілу, неўзабаве стрэўшыся.— Заходзьце. Вас часта Арсень прыгадвае. Адно будзьце цяпер больш асцярожнымі,— жартам прыгадала яму Люба той нехлямяжы ўчынак, калі ў яе сяброўкі Людвы вяселле было.

Даніла зайшоў. Праўда: Арсень яму быў вельмі рад — аж у крамку на рагу пабег, хоць Даніла й адмаўляўся, што не будзе бавіцца.

Сам-насам з Любаю застаўшыся, было няспрытна.

— Ведаеце, чаго я папрашу на адыходзе? Дайце мне на ўспамін здымак, каторы мы тады глядзелі.

— О, не! Дзе гэта відана?! Каб не той хаця ваш учынак, я падумала б яшчэ, а пасля таго — няможна: хай вам не нагадвае...

 

13

Шылавічы ўсяк — удоўж і ўмітуські — сваяўством пераблытаны. Адны Русецкія Невядомскім ніяк не прыходзіліся. Але была ўсё ж надзея, што Марка паправіць гэта прыкрае выключэнне.

Заўважым, што з Стэфчынымі сяброўкамі Марка быў куды гарэзлівейшы, як з ёю. Спынімся тут адно на святочным, аздобным — чаго шкода будзе, калі зліняе з памяці за змрочныя гады. А пра тое, каб усякую брыду напаказ выкалупаць, хай Сымон Баран турбуецца. Мяне ад гэтага — хавай божа!..

— Языком гавары, а рукам волі не давай,— гэта Стэфчына прыгаворка заўсёды ацінала Марку, калі ён пачынаў дурэць якім непадобным спосабам.

І прыкмецілі, што толькі Стэфцы паслухмяны быў Невядомчык. Увечары, калі разыходзілася моладзь з сяла з пагуляння, яны — як зіма, як лета — разам дадому йшлі. Потым абое спыняліся насупраць Русецкіх варот. І не хутка, бывала, пасля таго лясне завалка ў сенцах за Стэфкаю. Прыхваткамі шмат чаго ў іх сам-насам перагаворана, а можа, што й даклярована было. Ды цьмяна толькі — надвае можна зразумець.

Так цягнулася не першы год. Як на ніве колас, калі ўсё яшчэ молада, зелена, толькі выплываў у іх першы пацалунак.

Што молад — праўда, але ўжо не зелен Марка быў. Ён тымчасам адбыў прызыў. Дык нельга было пагадзіцца, што пад нашым лінялым сонцам да прыкрасці марудзіць пачуццё — не спее, а чаўрае. І Марка не раз (яшчэ пазалетась улетку) няўхільнае памыкаўся прыскорыць, калі яны вельмі ж доўга застойваліся насупроць Русецкіх варот. Але ўсякі раз яго Стэфка заўчасне спыняла:

— Не трэба. Яшчэ хто ўбачыць...

Марка браўся не так, як развітваючыся,— дзе шорсткая, да якое цяжка прыстаць мазалю, далонь, а крыху вышэй — дзе, як і ў тых яе сясцёр, што не зналі працы, Стэфчына рука мяккая й гарачая, дзе яскравей трапечацца ўтаймаваная кроў.

— Ты куды гэта? — сутрымліваў яе.

— Заўтра рана ўставаць. У нас сена ў пракосах на луках не разбітае ляжыць.

Марку таксама... Яму заўтра касіць ісці. Сена разбіваецца, як дабравата-такі падымецца сонца ды спадзе, раса. А касіць з расою многа лягчэй, і ён з бацькам толькі развіднее — павінен ужо на луках быць. Гэта і сказаў Стэфцы.

— Думаеш, у мяне ўсяго й работы — сена разбіць! А каровы падаіць, каб не спазніцца на раніцу выгнаць? Яшчэ раней, як табе на лукі йсці.

Стэфка лёгка расчэплівала Маркаву руку — дужую, але паслухмяную ёй. Пакуль нічога не здарылася, спяшалася ў хату.

Бразне за ёю завалка ў сенцах, і Марку нічога не аставалася, як дадому йсці. Нехаця валокся.

Узімку мужчынам вальнейшы час. Калі ў лес не ездзіў, Марка часам, дома быдлу падаваўшы, да Русецкіх заходзіў. А Стэфка ўсё за работаю: то прадзе, то шые, то пер’е на падушкі скубе.

Марка не дзеля яе, а дзеля Яські да Русецкіх учашчаў. Толькі неяк трапляў ён часцей за ўсё ў такую пару, калі ягонага пярвейшага сябра якраз дома не было, калі шыў дзе-небудзь на людзях. А бывала і так, што зойдзе Марка і Яська дома, але той скажа:

— Ты пачакай крыху, я неўзабаве вярнуся,— і надоўга сыдзе куды-небудзь: ён быў пэвен, што за гэта ягоны пярвейшы сябар на яго не будзе маракаваць.

У Русецкіх хата яшчэ старасвецкая: нізкая, але добра агледжаная. Узімку добра яны напальвалі печ. Дык у летнім кафтаніку без рукаў прала Стэфка. Было не падобна, каб дзяўчыніны рукі на жывой касці выраслі — нібы дзе адмыслова (такія любыя) выбраны: гладкія, крамяныя. Паглядзець толькі збоку, як аздобна сморгала Стэфка кудзеліну бараду.

Бывае, Марка прыйдзе ў зусім непадобны час: і Яські дома няма, і Стэфцы аглядацца трэба йсці.

— Ты сабе рабі сваё,— скажа дачцэ прыхільная да Маркі Стэфчына маці.— Я сама сягоння.

Намяшае ў адным вядры кормным, у другім надворным свінням ды панясе ў хлеў.

А Марка тады бліжэй да Стэфкі падсядзе й скіне дасужай праллі шнур на калаўроце. І, жартаўлівы які знайшоўшы прыклёп, трымаў упраўнейшую дзяўчыніну руку, не даваў надзець шнура.

— Адпачні хвілінку!

— Не дурэй! Што маці скажа, як убачыць?! — спакойна вырывалася Стэфка й рабіла сваё.

Як чыё шчасце!.. Марку, напрыклад, не шанцавала. З Невядомскіх акна добра відаць было, як выносілі ад Русецкіх машыну. Паставілі яе ў перадку й самі селі ў развалкі — Яська з нейкім незнаёмым чалавекам. Стэфка зачыніла за імі вароты й вярнулася ў хату. Неўзабаве пасля гэтага Марка, якому так не шанцавала, і прыйшоў да свайго пярвейшага сябра.

— Калі? — вельмі ж удала ў яго выйшла здзіўленне, ад Стэфкі пачуўшы, што Яську на засценак шыць забралі.— Я ж яго,— казаў,— сягоння бачыў вуліцаю йдучы.

— От толькі што...

Не адно Яські — і старых нікога дома не было: адна Стэфка. Тымчасам змяркалася. Цёмныя слупы ўжо шырока распласталіся па куткох. Стаяла Стэфка пры сваім ложку, каторы і ў будныя нават дні старанна засцілала. Не нізкага росту была дзяўчына, а куды вышэйшы за сябе мела пасаг: дзвём сціртам падушак на тым яе ложку мала чаго не хапала да самае столі, а на самым версе ў галавах маленькі, як вежа, і лёгкі, як лятунак, пуховы з вышытаю наўлечкаю ясек ляжаў.

Пачалося з таго, што як ралля навобмацак былі Стэфчыны прапрадзеныя пальцы.

— Не цісні. Шчыміць...— папрасілася яна.

Такі самы (без рукаў) быў у Стэфкі й святочны каптан. Дык Марка ўзяўся вышэй.

— Пусці...

Але таму, што ў Невядомскіх перад гэтым нейкі госць быў, і Марка дома падпіў крыху, ён на просьбу не ўважыўся, а мацней яшчэ абедзвюма рукамі каля плечукоў Стэфку ашчарэпіў, прыхінуў да падушак. Тое самае (што падпіўшы быў) прычынілася і здарылася гэты раз шмат такога, чаго доўга трэ было чакаць, каб яно само прыйшло натуральна й паступова.

— Ты што?.. Каб на мяне потым людзі пальцамі паказвалі?..

— Адчапіся, смала!.. Вунь нехта клямкаю бразгае.

Апошняе дапамагло. Стэфка вырвалася й пайшла на коміне запалак шукаць.

Ажно й праўда: у хату зайшла меншая Стэфчына сястра. Стэфка запаліла агонь, паправіла падушкі, каб не было знаку, і думала, ужо ўсё. Але малая яшчэ непарадкі агледзела.

— Чаму гэта ясек доле валяецца?

Стэфка падняла.

У адным ражку на ясеку астаўся след ад шырокага мужчынскага абцаса. Стэфцы трэ было за гэта — на добры лад — злаваць. Ды нешта не збіралася злосці.

Малое папрасіла есці. Стэфка дастала яму нечага з печы і ў міску ўліла. Потым расказала Марку, што Новік, каторы ў блізкім дварэ кіраваў работнікамі, якія білі артэзіянскую студню, ды ў іхнюю вёску вечарамі гуляць прыходзіў, пытаўся ў бацькоў, каб да яе ў сваты прыйсці, а бацькі яму на гэта адказалі, што яе, Стэфчына, справа — яны не няволяць.

— Дармо, што з двара, а робіць як людзі,— казала й смела пазірала на Марку, а той свае вочы хаваў.

Пасля таго тыдні два саромеўся Марка Стэфцы на вочы находзіць. Русецкая заўважыла, што нешта тут нейкае — не адно, што Яські дома няма. Яна перш маўчала, а потым так і сказала:

— Што б з ім магло стацца?!

У будныя дні Марка з бацькам ездзіў у лес дровы секчы. Рана ўставалі. А ў Русецкіх ужо свяціў агонь. Яны з бацькам едуць паўз тыя бліскучыя вокны. Густа ды зграбна мароз палажыў на іх свае лапы. Але ўсё ж відаць, як дзяўчынін цень сморгае кудзеліну бараду, дастаючы з яе роўную, тонкую нітку, часам нахіліцца слінаю пальцы змачыць, каб не так прапрадаліся. Усе спяць, а ў Русецкіх досвіткам здалёк вокны, як зоркі. Бацька кіруе каня, а Марка на той бляск будзе пазіраць, аж пакуль не павернуць яны з вёскі на дарогу ў лес.

Потым ізноў усё стала на меры. Толькі Стэфка насіла каптан хоць з кароткімі, але з рукавамі. Часам паказвала яго Марку, што каля левага плечука былі знаць чатыры пальцы, а каля правага — усе пяць.

— От які ты нягодны!..— казала.

Тыя сінякі ў яе нешта доўга не сыходзілі. І Стэфка як бы гэтаму й рада была, што завялася невялічкая таямніца, якое, акрамя іх дваіх, ніхто больш не ведаў.

Пачаліся адлігі. Хлюпала пад нагамі, калі Марка йшоў у ток з рэзгінамі каровам трушанкі ўзяць. Чуваць было, як весела званілі шыбы ў Русецкіх. Вельмі ж моцна Стэфка гасіла набіліцамі.

Ішла вясна ў наш край. Усяе гэтае гасціцы яшчэ не было, але на дварэ ўжо блішчэла. А ў хаце ад гэтага яшчэ цямней, цяжэй знайсці нітку, калі часам парвецца ў бёрдзе. Але Стэфка спяшалася, каб хутчэй да праўдзівае, да зялёнае вясны скончыць. Там, па Вялікадні, як усеюцца і да касавіцы шмат будзе прыдатных свят: ушэсце, тройца, сёмуха, дзевятнік, дзесятуха... На тыя святы мела дзяўчына вялікую надзею — тым больш што Невядомскіх Югаля Стэфчыну маці й перад людзьмі й сам-насам сваціцаю звала.

— Дай божа! — казала на гэта Стэфчына маці, а дачка часам крадкам пазірала на тыя сінякі каля плечукоў. Ужо толькі ведаючы, дзе яны былі, можна было тое месца адрозніць, але Стэфка ўсё яшчэ не надзявала каптана без рукаў, і хоць значна радзей, але ўсё яшчэ дакарала Марку:

— От які ты нягодны!.. Гэта ж трэ было так?!.

І вось ціхія дажджы ды раптоўныя навальніцы змылі смугу з зямлі, што засталася была ад зімы ў спадках. Маладая травіца дружна ўзялася зелянець. І сады цвілі. Цешылася з гары на чысты, спакойны свет свойскае, не пякучае сонца. Яму напаказ яшчэ й Стэфка свой пасаг у садок вынесла. Гэта было хоць і неўзабаве, але ўсё ж па Вялікадні ўжо — толькі Стэфка нічога яшчэ не прыкмячала.

Усё было проста. Не было нават куплёнае фарбы ў тыя мітуслівыя гады, як пасталела Стэфка. Прадзедавым спосабам, забытым, але цяпер у патрэбе прыгаданым, чарніла яна маткі мучаном, што на балоце расце, а як выткала — выйшла чарней багны, чарней сырой раллі. Жаўціла альховаю карою, а калі цяпер на жэрдачцы павесіла, аж няспрытна яму там, угары, стала — у дзяўчыны колер выйшаў ярчэй і лепш, як у самога сонца. Бяліла лугам, паласкала ў крынічнай вадзе, а выйшлі дзяўчыніны абрусы траха не лепей за вішнёвы цвет, на каторы цяпер самая пара была.

А вышыванне на ручнікох! Да чаго ж можна хітра выблутаць наш сціплы нацыянальны ромб і наравістую лукатку! Усё ж вялося крыху ў Стэфчынае маці й добрай, перад вайною купленай фарбы. Так што з параўнаннем наконт вышывання трэба крыху пачакаць. Яшчэ не пара. От як зацвітуць сенажаці, тады якраз такое прыгажосці і кветак можна будзе дабраць.

Урэшце, думаеце, гэта ў Русецкіх садку Стэфчын пасаг развешан быў? Дзе бачылі! Гэта сушылася й так на шчэпку высушаная дзяўчыніна маладосць. Не абрусы, ручнікі, посцелкі,— а дні, вечары, досвіткі ад тых дат, як паднялася крыху на ногі.

«Усё ж тваё ды мінаецца...»— сквапна пералічвае вясельная песня дзявочае жыццё: там і познае пагулянейка, й кавалерскае прывітанейка, і шмат усяго ўсякага, чаго так скупа прыйшлося на Стэфчыну долю. Дык не магла яна счакацца, каб на самай рэчы мінулася ўсё тое ды каб ёй песню з доўгім тым пералічэннем спелі.

Бо ўжо ўсё было гатова.

Калі Стэфчыну маладосць — усё, што мінулася,— назад у куфар спакаваць, цяжка будзе прыданым тую маладосць, нават прасушаную, падняць, каб на воз паставіць.

— Вам сягоння з дадаткам,— здалёк паштар пацешыў Марку.

— «Сейбіт» ці «Плуг»?

— Мудрэй таго.

Марка вытрас з сярэдзіны «Беларускай вёскі» ліст.

У Шылавічах самая праўдзівая пошта была: сквапная навіну пачуць і ахвотная навіною пахваліцца. Шмат Гаўрушчыку, каторы яе насіў, усяго ўсякага можна было сабраць, два разы на тыдзень шэсць вёсак і тры пасёлкі абыходзячы, робячы кругу 21 вярсту.

Гаўрушчык ведаў, ад каго, але ўсё ж:

— Ад брата? — спытаўся ў Маркі.

— Але.

— Цікава: што піша,— падсеў ён побач на прызбу.

Ён яшчэ дома цікавіўся гэтым лістом. Як выняла жонка з печы звараны свінням жалезнік бульбы, Гаўрушчык пагрэў ліст над параю. Адклеіўся лёгка. Прачытаў, нічога не зразумеў, назад заклеіў. А тую бульбу, як жонка ў ражку высыпала, узяў сечку і дробненька на цеста ссек.

Думаў Гаўрушчык што-небудзь пэўнае ад Маркі дайсці, але перад гэтым Югаля Невядомская бедавала, што сама ўжо нядужа гаршкі цягаць з печы, што патрэбен у хату сем’янін,— і пазірала на Марку, так гаворачы; той аж палажыў лыжку й без пары злосны вылез з-за стала, бо гэта гаворка здарылася за полуднем. Пасля ўсяночнай ды, тым больш, на пасёлак з валачобнікамі схадзіўшы, Марку было прыкра слухаць строні таго выключэння, што яны Русецкім не свае. І толькі таму, што таго разу быў вельмі ж харошы сонечны дзень, хутка прастыла злосць, але яшчэ самы кончык яе тлеў, бо:

— Эт! што ён цікавае напіша?! — Таму, што быў не ў гуморы, палажыў Марка братні ліст у кішэню.— А што ў самых чуваць? — пад сонца ад тае злосці далей-болей сыходзіў прыкры цень, і хлапцова аблічча дабрадушна праяснівалася.

— Старыя кавалкі...— цяжка было пакрыўджанаму Гаўрушчыку ўставаць з нізкае прызбы ды без нічога новага брацца далей. І калі ён, хаты дзве памінуўшы, азірнуўся — тут жа на прызбе пад лагоднае сонца чытаў Марка братні ліст.

Марка адпісаў не хутка і не падрабязна, а збольшага. Лепш паглядзім самі, як і што на добры лад павінен ён быў бы адпісаць Данілу ў горад.

Пачаць Марку трэ было з таго, што гэна адно яны там, у гарадох, пустадомкамі парабіліся. А тут (не адно ў Шылавіч, але і ў вакулічнасці) яшчэ такія даматуры, што — проша прыехаць паглядзець!..

Або ж гэтак ужо спатрэбіўся падсітак Югалі! Гэтак яна тае сітніцы спячы нажадала!.. І чаму бо якраз тады, як Стэфка свой пасаг у садку вывесіла, пайшла Югаля да Русецкіх у пазыкі?!

— Вось арцабовыя... от гэта васьмінітныя... гэта ў чатыры ніты тканыя, тыя на дошчачку перабіраныя, а вунь у елачку,— надта ж ахвотна вадзіла суседку Стэфчына маці й паказвала, а потым: — Зайдзем у хату,— запрасіла, калі ўжо ўсё перагледзелі ды перамацалі, як тонка й гладка.— Я там,— кажа,— падсітка пашукаю.

Толькі шукала Русецкая таго падсітка вельмі дзіўна: адчыніла ў стале шуфляду. Падсітка там не было, дык дастала талерку накроенага сырога сала.

— Каб іх боль ела!..— сварылася на дзеці.— От з’ёлкне, у століку стоячы, а каб хоць адну скварачку ўзяло каторае. Усё ім нясмачна!.. усё вымышляюць!..

Здавалася: дзе б ім з чвэрткі й выстранчыць так штодня сала есці ўволю. Хто б гэта нават мог падумаць! А Русецкай было не слабо й пабажыцца ў патрэбе, што яно так.

Стэфчына маці на прыпеку пад трыножкаю развяла агонь ды паставіла на скаварадзе тое сала падпячы крыху. А ўсё шукала падсітка. Адчыніла насценную шафку. Ажно падсітка й там не было. Дастала замест яго чорную пляшку, у каторай цяжка было пазнаць, якая яна: поўная ці гуляшчая.

— Гэта ж,— кажа,— наш стары крыху слёз выціснуў к святу.

Зусім у непадобную пару — пад паўдня — выскачыў у Русецкіх дымок з коміна. Яму, такому жваваму, хацелася дапяць траха не да самых хмар, што былі, радзей яго самога, састоіўшыся на высокім небе таго дня. Але нагадзіўся вецер, каторы гэтаксама свой нораў мае,— садзьмуў неўпынёнага з гордае высі й па зямлі паслаў мізэрным туманам. От тут з ім на суседнім дварэ й размінулася Русецкіх малое ды знюхала, што госць у хаце: бо вельмі ж у смачнае — смажанае й крыху прыгарэлае — укачаўся дым, аціраючыся каля скаварады.

Гэтага дыму ні ў якім разе не павінен быў прамінуць Марка. Бо ў адных даматуроў вядзецца ён такі смачны. А пустадомку хоць праз ліст яго знюхаць было б вельмі прыемна.

Той дымок і самай меншай Стэфчынай сястры прыйшоўся дасмаку. Пакінула яна сваіх сябровак за дзіцячаю — вунь якою цікаваю — гульнёю ды прыбегла ў хату.

Перш моўчкі свяціла малое на мацеру ласымі вачыма, але маці збірала відэльцамі з скаварады назад на талерку скваркі, з якіх так смачна капала, і нічога не заўважала. Тады дзяўчынка пакрысе пачала егліць:

— Мамка!..

— Чаго табе? — не было ніякае спагады ў яе голасе.

За нейкаю патрэбаю Русецкая выйшла ў сенцы.

І малое за ёю. Ажно й па ўсёй патрэбе было — угразіцца дзіцяці:

— Папрасі ў мяне толькі перад чужым чалавекам!..

Выштурхнула за дзверы.

— Бяжы гуляць. А калі што астанецца, то гэта будзе на тваю долю.

— Чысценька, чысценька...— патом прымушала яна Югалю.— Што ж ты гэта, мая любая, адно прыклеп робіш?!

— Калі ж надта моцная... Вельмі ж ужо твой стары на яе майстар добры.

— Закусуй, суседка,— нешта не вельмі Русецкая турбавалася аб таей у сенцах дакляраванай долі: бо вельмі ж гасцінны наш народ.

— Дзякуй, сваціца. Я й сама стараюся.

Думаеце, калі моцна, як праўдзівыя п’яныя, на ўсю хату гаманілі суседкі, дык так, не падумаўшы, і ляпнула тую «сваціцу» Югаля Невядомская. О, не! Яна цвёрда наважыла прыскорыць падзеі, каб паправіць тое прыкрае выключэнне ў Шылавічах. А Русецкая ўсё дачкою хвалілася:

— Як я ж ды мая Стэфка,— было ў яе самае частае слова.

Югаля патаквала.

Такія добрыя яны абедзве былі! І не верылася цяпер Невядомскай, што праўду дзейкаюць людзі — нібыта Стэфчына маці ведзьма: на Купалле робіцца чорным катом ды ходзіць чужыя каровы даіць.

Але каб згулялі Маркава з Стэфкай вяселле, тады праз год, праз паўтара магла б і гэта памоўка згадзіцца, каб выкінуць на вока, калі чаго з нявесткаю не падзеляць. А цяпер Югалі было проста прыкра, што ў памяці круцілася невядома што.

Нашто таіцца: хоць па крысе, але назбіраліся суседкі. Толькі п’янства не пашкодзіла Русецкай падсітак знайсці, такі вісеў ён зусім навідавоку — на цвічку над паліцаю. А столькі шукала!

Пра ўсё гэта не павінен быў Марка забыцца брату напісаць. Тут, можа, што яшчэ гусцей як у тых, каторыя на дзяды дзедаваць садзяцца.

І павінен быў яшчэ Марка на братняе пытанне адказаць, што (хоць старыя й кажуць: цяпер не тое, што за іхняю бытнасць у маладосці — прыціхлі крыху песні) — яшчэ далёка вечарамі й ад цяперашняе весялосці яха йдзе.

У свята ў Шылавіч свае хлопцы рэдка стыкаюцца гэту вясну. Вечарамі дзяўчаты астаюцца толькі з сваімі песнямі ў кампаніі.

Як вецер з таго боку да ціхі дзень, у Шылавічах можна чуць, як у Захвойніку скрыпяць вілы ў студні, калі там чэрпаюць ваду: цераз балота нацянькі, цераз тарпавыя канавы туды блізка — гэта толькі дарогаю кружно. Дык няўжо ж адгэтуль не чуваць было там дзявочае песні, якая так злосна моцна спявалася, што нават і проці ветру магла цераз балота, тарпавыя канавы дайсці?!

 

Я павешу ключы

Проці цёмная начы:

Няхай любы ногі зломіць,

Да другое ідучы.

 

Толькі там было не да гэтага і ніхто не ўслухоўваўся. Спанатрылі шылавіцкія хлопцы туды на гушканку хадзіць. І Марка на пасёлак ісці быў першы. А як выявілася, на гушканцы высока падымацца ён не мог: круцілася галава й брала на ваніты. Ён раз папрабаваў, і стала нядобра — аж пайшоў да Дзяргая ў хату (насупроць якое на выгане й стаяла гушканка) вадою прагнаць млосць.

Была маладзікова — самая святая нядзелька. Вылез ад мачання з-за стала Дзяргай. Зняў ён з трамы Коласаву «Новую зямлю» і, калі Дзяргаіха прыняла са стала ды чыстым святочным абрусам заслала, сеў у рагу стала на відне каля акна. Расхінуў кнігу на тым месцы, дзе ў нейкі прысвятак на гэтым тыдні спыніўся быў. Так яго Марка й застаў, чытаючы, зайшоўшы напіцца.

Не пытаў, як Марку... Калі шчыра казаць, аўтару б хацелася самому на Невядомчыкавым месцы быць, ды не «Новую зямлю», а сваіх «Пустадомкаў» у пасялкоўцавых руках бачыць.

А можа... «Можа, калі й на наш гразкі, скапытаваны двор скіне пава залацістае пяро». І калі дзе заваляецца гэта нішчымная мая забаўка, яна тады будзе ў час. Будзе вельмі цікава ў лагодны па кручаным часе прачытаць. А пакуль што — хай ляжыць: есці не просіць. Можа, чаго далежыцца.

Некалі тое будзе...

Хаця... пакуль там што, не маю нічога, калі хто й цяпер перагорне гэтыя балонкі. Ану, можа, з усяго гэтага ды вырастуць шындзёлы тугі й замілавання, возьме рупнасць па дому.

Тады аўтар будзе вельмі ўсцешан, што не на узвей вецер было ягонае марудства, не марна па зернятку, па дробненькім збіраў ён, як крумкач косці, да ладу даводзіў: і зялёныя веснавыя дні, і прапаласканую навальніцамі, высцебаную маланкамі свежасць свету.

Дый Марку ў пасялкоўца спадабалася: і сам гаваркі «амерыканец», і што ён «Новую зямлю» чытаў.

— Тут у вас бог жыве,— казаў Марка строні таго, што поле на пасёлку вельмі ж блізка: на ганку стаўшы, можна з самае дальшае нівы палуднаваць у хату клікнуць.

Але нагадзіўся на гэту гаворку Дзергаёў малы, каторы на Вялікдзень валачобнікаў з-за коміна слухаў. Ён хадзіў трэцюю зіму ў школу і быў к таму лёгак на язык.

— Дзе той бог? Настаўнік казаў, што няпраўда — не заходзіць да таго бог, у каго на сёмуху май натыкан.

— Хай сабе...— быў самому Марку блізак малога задзёр.— Я кажу адно, што вельмі ж харашо ў вас.

 

15

Няўзнак міналі прыдатныя святы: і ўшэсце, і сёмуха, і дзевятнік, і дзесятуха. Траціліся марна Стэфчыны надзеі.

А там пачалася вайна. Самая вясёлая вайна ў свеце. Без ніводнае кроплі крыві вайна! — хіба толькі каторая з жней ненарокам свой палец сярпу падставіць: то тая кроў будзе за дурам. Бралі поле, як кажа жніўная песня, у палон. Вайна самая пераможная! Палонныя туга вязаліся ў снапы й нават весела пры гэтым шасталі сваімі каласістымі галовамі.

На дажынкі паклікалі Невядомскія Стэфку Русецкаўну. І, можа, лепш было ёй, што марна мінулі прыдатныя святы, бо якраз Стэфцы трапілася нарвацца на залом. Мог быць ён многа горшы, каб каласкі былі ў зямлю паўтыканы, то гэта было б на смерць, ато яны былі адно абломаны — на галодны год ды на ліхія пакуты, значыць. Стэфка паклікала жней да свае постаці на параду. Але знаўцаў па гэтай часці сярод іх не знайшлося.

І хлусілі потым жнеі, зацемна дадому вярнуўшыся, калі хваліліся гаспадару:

 

Змялі поле мяцёлкамі —

Прыйшлі дамоў з вясёлкаю,—

 

бо не чыста на полі пасля іх стала, а пакінулі пры мяжы з тым заломам невялічкую лапіну. Але гэта не вадзіла гаспадару патрабаванне жней спраўдзіць:

 

Тады казаў: жнейкі, жнеце,—

Цяпер кажы: жнейкі, пеце.

 

Апыталі Невядомскія славутага варажбіта, над каторага адрабіць і зрабіць таму, хто ламаў, не было большага майстра. Але такі ўжо Невядомскіх лёс: шанаваць бы сябе павінен такі знакаміты чалавек, а ён паквапіўся тае няшчаснае горасці крыху выціснуць, ды паленаваўся паглядзець перад гэтым у сваю чорную кнігу, што ў ягоным лёсе напісана на гэтакі выпадак. Так яго й папалі з панятымі пры самым апараце, падкладаючы дрэўкі пад гаршчок. А цяпер, як Пракопу спатрэбіўся, рэдкі той чалавек недзе адрабляў за сваё гультайства — што ў чорную кнігу ў пару не паглядзеў.

Так залому не адрабілі, й наканаванае пачыналася без ніякіх перашкод. Увосень прынеслі Невядомскім выканаць.

— Людцы мае! Ды што вы?! Мы ж усе выканаем, пакуль гэта выканаем...

Але — няма дуру!..

— Ды ўсіх нас на могліцы вывезуць, пакуль гэтулькі вывезем.

Але таму, што ў заломе каласкі ўсяго абламаны, а не ў зямлю заткнёны былі, Невядомскія не сканалі, а выканалі, не іх, а яны вывезлі.

Толькі ўсё гэта Данілу, гарадскому Невядомчыку, больш як каму — было непрыемна. І турбавала.

Ён на Берасцянскай ці то Маляўшчыцкай нейкай вуліцы знайшоў сабе спакой, які яму даўно рупіў. Дык баяўся, таго спакою каб як не парушваць.

На Маляўшчыцкай ці то Берасцянскай вуліцы ў Даніліхі не такое, як у Данілы — мужычага сына, а поўнае, фіксаванае дзяцінства было. На іх дваіх, калі пераглядалі, з старое карткі пазірала белагаловае дзіця ў светлай кашульцы, ашчарэпіўшы аберуч вялікі палец на пульхнай назе.

А яшчэ ў Данілішыных бацькоў стаяў на камодзе пузаты будзільнік. У спакойным, заваляшчым іхнім жыцці ніхто не памятае, з якога часу адным звагам тупае ён. Да ягонага шчабятання так прывыклі, што яно было цішынёю. А каму патрэбна была праўда, мусіў будзільніку пакланіцца: стаяў, бачыце, крыху занізка.

Адзін Даніла знепрывычкі, калі яшчэ хлопцам быў ды хадзіў да будучае Даніліхі, таей праўдзе не даваў веры. Калі б ён ні прыйшоў, усё трапляў то на полудзень, то на падвячорак — усё за сталом іхнюю сям’ю заставаў. Данілу здавалася, што той будзільнік ад яды да яды без памяці шпарка накручвае свае шылаватыя вусы, а як Данілішыны бацькі, ягонае праўды дазнаўшыся, за стол сядуць, робіцца ціхі — паўзе, як лапцяваты той чорны таракан па сцяне.

— Ну калі вы, скажы, жывяце? — пытаўся Даніла ў будучае Даніліхі ў тых невялічкіх антрактах паміж полуднямі й падвячоркамі.— Вы ж усё палуднуеце...

А здарыўся адзін такі полудзень, што вельмі ж зацягнуўся. Здаецца, тады зусім не было антракту паміж ім і падвячоркам, ды не ў памяць — ці не толькі пасля падвячорку адразу й вячэру падалі. І гэта без перапынку (аж пашчэнкі панавярэджвалі) яда — дайце рады! — звалася Данілавым вяселлем.

Чаго было лепшага хацець?! Невядомскіх пустадомку прыйшлася жонка (будучая, як мае быць Даніліхаю стала) не такая аздобная, каб хто на яе паквапіў; пакоік, што ў Данілішыных бацькоў знайшоўся, не такі быў прасторны, каб камгас за лішніцу жыллёвае плошчы да яго прыдзіраўся.

Але ніякі спакой, ніякая лагода не затаймуе ў воўка тугі па тым кусце, вакол якога прайшло ягонае, хай сабе і не фіксаванае, дзяцінства. Гэты куст крыху падстрыгчы, ахаяць — каб не такі прыкметны, а ўсё ж любы, так і заставаўся й выбраўся Даніла-пустадомак.

Хоць пазычце, ды майце хвіліну ўвагі.

Скажам, вы самі прыехалі на вёску. Лучылі якраз у такую пару, як Даніла Невядомскі, калі вясна сама што пачынае, дзе толькі льга, зелянець. І пяхотам ішлі з вячорнага познага цягніка за 15 якіх-небудзь гразкіх вёрст. Вам усю дарогу свяціў шчарбаты апошняе квадры месяц на шырокім — усеагульным, так сказаць, небе. Але прыйшлі бліжай, і той самы месяц ублытаўся, бо няспрытна яму з тымі ражкамі лазіць праз разьгатае поле. Гэта ваша родная, скажам, вёска.

Вам рады, як бацька Данілу, заспаныя сваякі. Паляць лямпу. Распытваюць няшмат. Гэта назаўтрае, на паслязаўтрае адкладаецца, а цяпер і самім ім трэба, а тым болей вам, паспаць, адпачыць з дарогі. Прыносяць млека пасілкавацца й сцелюць пасцель. Ложак на вас не прызапашан, дык прыстаўляюць да лавы зэдаль, і выходзіць вельмі прасторна. І ні знаку, што на пусты канец усяго гэтага залом ужо заламаны.

Наўтрае ж пачынаецца раніца зусім не тады, як развіднее ў хаце, а як на вас, соннага, першая муха зляціць. Гэта крыху пазней. Цяжка толькі першай мусе раніцу пачаць, а наследавальніц першай, рашучай, знойдзецца шмат. І топчуць усім гуртам ваш сон. Крокі іхнія лёгкія — толькі след вельмі востры.

Маці, як спаняламу, наліла ў міску цеплаватай вады, але Даніла, маленства паганяючы, пайшоў мыцца пад студню да цэбра.

Быў свет, як у тым нефіксаваным дзяцінстве: лёгкі і ясны...

За навіну пачуў Даніла, што спяваюць птушкі, што паўнюсенек свет імі. Хаця птушкі больш шчабяталі ды ціўкалі, як спявалі. Моцазна, на ўсю смелую! — адыхтар у дзяцінстве — упэўнена, што ўсім ад іхняга ўтрапення будзе прыемна, а калі каму прыкра — то толькі тае бяды! Быў свет такі гаманкі. І ясны, калі глядзець на яго сквапнымі вачыма.

У хату трапіў Даніла якраз на першы блін. Гэта йзноў з тае пары, калі ніякіх заломаў і почату не было. Данілу цяпер першы блін мірна прыйшоўся, а некалі колькі было спрэчак з братам — тым самым (сталым цяпер) Маркам — аж маці мусіла на гэты конт устанавіць чаргу (дзень — аднаму, дзень —другому). Так ад першага бліна адступілася ўсякая цікавасць — яго не еў ніводзін, бо ўсё на свеце можа сапсаваць чарга й норма.

Як бы і не было залому, ніякае наканаванасці не марнае (колькі трэба: калі — жменю, калі прыгаршчы, але ўсякі раз папоўніцы бранае) цягнулася жыццё. А што гадзіннік у Невядомскіх на сцяне целяпаўся, дык гэта адно дзеля прыклёпу. Жылі яны на цень глядзя. Пастушкі тут не счакаюцца, калі можна будзе цераз свой цень пераступіць, каб пусціць паству дадому. Але самы дакладнейшы цень быў у суседзяў на закоце.

Гарадскі Невядомчык заўважыў, што ў вясковых бацькоў больш тыдня, як каляндар не адрываны. Калі пачаў ён там наводзіць парадкі, агледзеліся, што й гадзіннік уночы стаў — учора забыліся падцягнуць яму вагі. Але дзень быў надзіва, й цень выразны. Вілачкамі роўна на сярэдзіне самае высшае дошкі над акенцам у Русецкіх на закоце стаў цень. Паводле яго Пракоп — гадзіннік роўна на 12, і яшчэ яны не спазніліся сесці палуднаваць.

 

16

Ніхто б не сказаў, што Нічыпар Высаковіч савецкі службовец, каб на ім не фрэнч. А так — адыхтар: у падоле дзве вялізныя торбы на таей адзежыне нашыты і на грудзях дзве — мала чаго меншыя. Сядзеў ён сціхатою за сваім, не вельмі патрэбным, сталом у Грукаціцкай воласці ды памаленьку развязваў задачы з Шапашнікава-Вальцава ў тоўсты агульны сшытак. Была восень. Захаладала крыху, дык так Высаковіч і сядзеў, не распрануўшыся.

— Ну як? — пытаўся звычайна загадчык валаснога аддзела народнае асветы, зайшоўшы да Высаковіча.

— А нішто сабе. Правільна выходзяць.

Наогул жа Высаковіча турбавалі рэдка. Яму было прыпаручана шлюбы ды разводы запісваць, даваць пашпарты на той свет. У 21-м годзе яшчэ мала чаго пэўнага ўсталявалася на свеце. Не спяшаліся надта жаніцца. І радзіны здараліся нячаста. А наконт смерці — у Грукаціцкай воласці ўпарты народ: каторыя былі нядэшлыя, у вайну адсыпаліся, й засталіся цяпер адны здараўцы.

Загадчык аддзела народнае асветы — і так жвавы — аднаго разу шпарчэй як заўсёды забег на хвілінку (ён усюды быў толькі хвілінку) у бязлюдны Высаковічаў загс. Узяў расхінёны ў самым канцы Шапашнікаў-Вальцаў. Паглядзеў назвы. 2-я частка — было даволі аўтарытэтна, і загадчык аддзела народнае асветы афіцыйна паведаміў, што Высаковіч прызначаецца за выкладчыка фізікі й арыфметыкі ў гарадской школе, якую ягоны аддзел адчыняе ў Грукаціч.

Толькі і настаўнікам стаўшы, не развітаўся Высаковіч з тым сваім таўстым сшыткам. Насіў яго з сабою ў клас. Прыгледзеўся вучням.

Бывала, у тых не выходзіць задача.

Адказ няправільны,— першае дзяцінае апраўданне ў такім выпадку.

Але Высаковіч не дасць хлусіць. Ён расхіне свой тоўсты сшытак, паглядзіць там праўды і скажа:

— Маніш. У гэтай задачы адказ правільны. Яна ў мяне добра выйшла.

От за што яго і зненавідзелі: што хлусіць не даваў. Пусцілі дзейку, што ў Высаковіча не ўласны сшытак — ён у некага падседзеў гатовыя, зробленыя задачы, а сам нічога не ўмее, і не слухалі настаўніка, стараліся ўсё рабіць яму наперакор. Вядома, не адставаў ад усіх і Даніла Невядомчык, каторы тыя гады вучыўся ў Грукаціцкім гарадскім.

Абрыдлыя з ненавіднымі дзецьмі міналі Высаковічавы настаўніцкія гады. Не адна вясна з іспытамі ды розным школьным утрапеннем сцерлася няўзнак. А Высаковічавы, яшчэ ў воласці за тым не вельмі патрэбным сталом распачатыя, лятункі пра універсітэт так і не спраўдзіліся. Усё спаранджаўся... А гэтага году, добра разважыўшы, ён іх і зусім адцураўся.

Тым часам самая праўдзівая вясна была на дварэ. З’явілася яна такая Высаковічу неяк раптоўна. Усё была гразь, разводзіца, туляўся снег, дзе большы цень, дзьмулі золкія вятры. А тут ні з таго ні з сяго агледзеўся закажанелы настаўнік аднаго дня, пасля лекцый са школы выйшаўшы, што цёпла і сцежка прасохшы, а снегу й праз лякарства нідзе не знайсці. Пачаў рупіць, цяжак зрабіўся Высаковічу з грубога салдацкага шыняля фрэнч на плячах. Ён яго ўжо не насіў колькі год, а цяпер уздзябурыў быў.

Што далей, то цяплей, харашэй станавілася. І хоць лятункаў пра універсітэт адцураўся, але так, як даўно рабіць налажыўся, зашчапіў на кручок сваю адзіноту й Рыбкіным засталучыў спакуслівы маладжавы свет. А той фрэнч, як даўней, ускінуў на плечы, хоць і не холадна было.

Толькі Высаковіч з сваімі канспектамі разлажыўся, як чуе стук. Прыходзяць і клічуць яго ў парадку грамадскае працы.

Высаковіч спытаў:

— На дварэ не холадна? — бо да Шылавіч за блізкі свет было.

— Вецер ёсць...

А ў тыя гады — хай яго кадук з ветрам! — павее не з узгодненага боку... і пакуль той флюс — так ухіліць у што-небудзь небяспечнае. Так што ад усякае такое хваробы з гарантаванага матар’ялу надзеў настаўнік той свой фрэнч.

Калі прыйшлі да Невядомскіх, тыя вазілі гной. Гарадскі Даніла дапамагаў бацьку накідаць. Дык так яны абодва й выйшлі з сахарамі з хлява.

— Чаго? — пытаецца Пракоп у прышлых.

Так і так — кажуць...

На сваім вяку вока нікому не запарушыў Пракоп. Ён і цяпер пакорна вадзіў ды ўсё, што пыталі, паказваў. Не адрабіў залому, як пара была, дык от цяпер рады не было ад начар. Але Высаковіч, з сваім былым вучнем у хаце застаўшыся, непрыкметна адбіўшыся ад тае табаны, зусім іншых шукаў тлумачэнняў.

— У людзей, асуджаных на згубу, гора смешнае,— казаў ён.— Вы паглядзеце на сваю маці. Яна плача па абразіках...

Праўды: Югаля кінулася была здымаць з кута, каб забраць іх з сабою. Асабліва ёй шкада было таго, каторы з матчынае хаты з сабою прывезла. Нязграбны — закрыты,— ён з самага малку бачыў яе кожны крок. Толькі цяжка было на гэта шукаць тлумачэнняў у Югалінай цёмнай, курнай душы.

У казцы на панава пытанне: як вёска трымаецца,— мужык адказаў:

— Плот за плот, вугол за вугол — так і трымаецца.

А цяпер на Невядомскіх — на суседнюю — бяду з-за кожнага плота свяцілі цікаўныя, а з-за кожнага вугла блішчалі нажаханыя вочы. З гэтымі вачыма Югаля й пачала сварыцца.

— Чаго вы цешыцеся з нашае бяды?!

Але быў пры ёй Марка — неадступны сын.

— Ціха, маці. Не гняві светак,— нават сурова сказаў ён.

— А маё ж ты полейка!..— галасіла Югаля, як па нябожчыку.— Ды мне ж цябе болей не рабіць... А мае ж вы сцежачкі!.. Ды мне болей па вас не хадзіць... Мая ж ты адзежка!.. Ды мне болей цябе не насіць...

У горы пазнаюцца лепшыя й горшыя дзеці. Марка ні на хвілінку не адступаўся ад мацеры. Усё разважаў :

— Мамка. Годзе... Ну будзе вам!

А Даніла — каменнае яго сэрца! — перадзяваўся.

Ён скінуў шарачковыя нагавіцы й зрэбную кашулю, што знарок узлажыў быў дзеля каравай работы. Мыўся ды надзяваў ізноў свой гарадскі гарнітур. Выкладчык жа фізікі і арыфметыкі казаў яму:

— Так трэба горач рассыпана найдрабнейшымі кроплямі. Па кроплі ўсім прыйшлося. І ад тае кроплі ўсе пачуваем цяжар. Але трэба падначаліцца. Усё вялікае зграбалася сабе нявольнымі рукамі. Прыгадайце званіцу, якую нашы суседзі заўсёды ў прыклад бяруць.

— І дурное...— наконт тае званіцы й тых велічаў злосна адгукнуўся Даніла.

— Паглядзеце, як прыгож, як зелен свет! Жыць,— казаў закажанелы,— ды яшчэ як! з берагоў выліваючы, трэба. Усяго выракайцеся: радні, жалю... Вам можна дастаць даведку. Старайцеся. Вы яшчэ не асуджаны на згубу. Вам прыйдзецца ўсяго адна — роўная для ўсіх — кропля. І затаймуйце абурэнне, што вашым бацькам з лішніцы прыйшоўся паўнюсенек кяліх.

Даніла, можа, й паслухаў, бо таго ж самага дня заспяшаўся, каб хаця не спазніцца на самы першы цягнік.

Бацькі яшчэ некалькі, але зусім адменных, дзён пражылі ў сваёй дамоўцы. І ў тым нязвыклым жыцці каляндар займаў непамернае месца. Ужо з календаром акуратныя былі Невядомскія, бо вельмі ж кароткі мелі тэрмін. А пасля яго Даніла атрымаў ад брата паштоўку з неязджалае даўней станцыі. Таму, што ў заломе каласкі адно абламаны, а не ў зямлю паўтыканы былі, Марка пісаў, што жывы й здаровы яны ўсе.

 

«Бывай!

Паляцелі ў халодны вырай»,—

як бы ні было крута, хай сабе горкі, але ўсё ж з нашым народам застаецца гумар.

 

З самога ж выраю да Данілы адзін за адным — цэлым шнурам ляцелі лісты. Там вясна не мела асаблівае пыхі, бо вырай — халодны. Таму Марка ў тых лістах больш пра сваю вясну пісаў:

 

...Ды ці тое яшчэ ў нас, на Крэвіі!..

Дома сабе, на бацькаўшчыне...

У нас усяк добра:

Няма лепш, калі сонца, адным словам, прыгрэе, калі высока намеценую, туга ўезджаную дарогу папрамываюць раўчукі, а ў вёсках каля плаксівых капяжоў пачнуць з жалезнякамі ўвіхацца рупныя гаспадары, паказваючы зручнейшую сцежку свавольнай вадзе, калі ў лагчынах з снегу хлюпкі кісель завядзецца ды ўзгоркі парыжэлыя свае лабэціны здзіўлёна ўверх пад спагаднае яснае сонца прасунуць. Каюк зіме!

Але не пагана, калі й нахмурэе, калі ў полі й прыслепіцца сівер да падарожнага шчок, хопіць за голыя рукі: а не цурайся без пары рукавіц! Хто плявузгаў, што гэта блага?! Хай сабе. Хай назбіраецца пад цяжкія, што, як падшываныя коўдры, звіснуць над зямлёю, хмары паўнюсенька туману. Ён снег — абрыдлую гэту зімовую слату — з’ядае. Каму яна міла й патрэбна напрадвесні, у сакавіку месяцы?! От так, як у гаршку, пабудзе дзён колькі, а там выблісне сонца — праясніцца, выпагадзіцца. Глядзіш — не адно ўзгоркі, але ж і на роўным полі гола цэлымі лапінамі. І невядома : якія — хмурыя ці ясныя дні вясне болей прыдбалі.

Ну куды там што проці бацькаўшчыны?!

...І блізка не стаяла!

 

Тыя з выраю лісты толькі ж вельмі паронкамі аддавалі. Відаць, быў у Менску — ды ці адзін! — Гаўрушчык.

А яшчэ пісаў Марка, што яму надта ж сняцца сны. І ў кожным яму ўдаецца непрыкметна вылузацца. Тады бывае ў знаёмых дарагіх мясцінах. А далей пачынаецца самае пакутнае: як бы назад у той халодны вырай вярнуцца, й каб не дазналіся, што яго там некаторы час не было. Толькі ачнуўшыся, пазбываўся Марка таго клопату.

Пісаў яшчэ Марка й пра сонца:

 

Я не магу... Не магу, калі надвечар бачу яго на захадзе. Гэта ж недзе там над нашым, Шылавіцкім, борам свеціць нашай зямлі, нашаму народу. Ледзьве ногі валачэш, а вабіць... Як воўка да таго, усім вядомага куста. Цяжка вытрываць — тых пакутных сноў не спраўдзіць. І тое можа стацца, калі не ў гэты чацвер — цераз сем (а то і ў дубальт таго) ненавідных нядзель можа выйсці з цярпення.

Дзеля чаго, па-твойму, хоць бы тое самае маею дарогаю штодня (ды яшчэ так навідавоку) ходзіць? Гэта яно праз лясы, праз горы сцежку цярэбіць — каб памятаў; каб не зблудзіў!

А мяне яшчэ сагрэе і не гэта — сваё сонца.

Ты ж, здаецца, бывала, дадому прыехаўшы, часам да Русецкіх заходзіў. Памятаеш сцірту падушак у Стэфкі. У маіх цяперашніх снох і яны бываюць. Ды не толькі ў Стэфкі... Ці ў аднае дзяўчыны ў нашым краі мяне не счакаецца пасажная падушка, на якую схілю з дарогі змораную галаву! Але ў Стэфкі — ты памятаеш? — ясёк... Маленькі такі, недасяжны — на самым версе... Можа, й на ім давядзецца адпачыць, бо далёкаму госцю — усё найлепшае.

Таго быць не можа... Яшчэ прайдуся па сваёй зямлі. Яна лёгкая хадзіць, а вочы прысыпаць і пагатоў — пухам!.. Калі побач з прашчурамі не пусцяць легчы, я згодзен і пад плотам — але пад сваім! З нас такіх не адзін, можа, курган завядзецца. Дзівіцца з іх будзе прышласць: што такое лютае тут было?

Уважлівы чытач!

Вам не трапілася от толькі што стрэць Марку Невядомчыка нацянькі крадком балонку пераходзячы? — аўтар гэтага не прыкмеціў. Бачыце, так шырока — на паўсвету (дзе Марка, а дзе Дзерасцянская ці Маляўшчыцкая вуліца!) — заняўшы, чалавек драбней мошкі робіцца. Хто яго ўсё згледзіць, усіх упасе!..

 

17

Вялікі пісьменнік сказаў Арсеню Пакумейку жахлівую праўду:

— Вашым творам бракуе праўдзівае рыскі. Вашы персанажы есці не хочуць, не аб хлебе, а «святым духам» — аб узнёслых прамовах жывуць. Уся вада, што аўтар жыў мала і няўзнак. Няма жыццяпісу. А трэба ўмець хоць самахцом тварыць сабе цікавы жыццяпіс. Гэта надта проста — адно трэба грунтоўна сапсаваць сабе жыццё.

Ды вялікі пісьменнік сваю гаворку, якая пачынала рабіцца цікаваю, звёў на плюгавенькі жарт.

— Некалі выклянуць дзеці, калі ў вашым жыццяпісе ўсё гладка будзе — незашта будзе памяці зачапіцца. Некалі задасць «Арсеня Пакумейку» настаўнік, каб з пройдзенага паўтарыць. І будуць блытаць вас, нажаханыя экзаменатарам, вучні. Хо-хо-хо!..— прыкрым савіным смехам перасыпаў вялікі пісьменнік.

Праўда: усё давалася Пакумейку лёгка, не знаў ён ні ў чым вялікіх перашкод. І цяпер бедаваў, як нецікава бачыць свет з добрага, фотагенічнага боку! Хутка прыгледзіцца, калі чыста й гладка ўсё. А недзе ж з благога боку і ў жыцці, як у тэатральных дэкарацыях, цвікі вострымі сваімі канцамі тырчаць. І, можа, куды цікавей, з таго боку ходзячы, аб іх незнарок якім-небудзь чынам прапароцца ды гаіць пякучыя болькі, можа, куды прыемней, чым, як Арсень, няўзнак лістаць зблажнелыя дні.

Кплівая наша песня вызначае сем гадоў па дзяўчыне сохнуць, дый на восьмым годзе лянуецца што-небудзь пэўнае дакляраваць. Арсень жа па Любе не ўвесь рачанец, а ўсяго два гады ў тузе выбыў. І потым раздумаўся, што прыйшлася яна яму лёгка й неўзабаве. Каяўся...— смеху варт!

От ужо ў маладых Пакумейкаў сын дык крыху замарудзіў. З’явіўся плаксун зусім неўспадзеўкі, калі ўжо яго пакінулі чакаць (прынамсі, Арсень). А цяпер якраз у такім узросце быў, калі бацьком з дзіцяці найбольшая ўцеха: пачынаў хадзіць.

Хто яго ведае чаму, а бацькоўскіх пачуццяў Арсень не меў. І без іх было няспрытна — даводзілася ўдаваць. Сын ад мамы да таты сваімі пульхнымі аглабелькамі тэпаў, штодня большыя ставячы рэкорды. А ў Арсеня ад удаванае любасці дранцвелі ў чаканні выцягнутыя рукі. Ды яшчэ цяжэй было яму ўтрымаць на твары так натуральна імітаваную бацькоўскую ветласць. Яна ў Арсеня дакладна з найдрабнейшых зморшчыкаў якраз на тым месцы, дзе й на самай рэчы ёй быць трэба, сабрана была.

Усё ж, калі хадзіць пачало, хоць большае падабенства з чалавекам у дзіцяці з’явілася. А раней быў проста вільготны камячок, якога маці перасыпала ўсякаю, у аптэцы купленаю, трасцаю, каб не так прэў. Ды нораву колькі ў жабуцькі?! — малечка што, дык і зачне егліць.

Бацькоўскага не было ў Арсеня. Намагаўся ён, каб хоць, як старонні назіральнік, што-небудзь вартае й цікавае ў сына сабе для замілавання знайсці.

Хіба вочы...

Яны, калі поўны слёз, толькі яскравейшыя ад гэтага. Сінія, як тыя, пра каторыя некалі Пакумейка ў «Пяці адменах тугі» пісаў. Ні на мацерыны, ні на ягоныя не былі падобны вочы ў дзіцяці, бо ў Любы вочы блакітныя — вельмі кволага й няпэўнага колеру з ледзь прыкметнаю жаўтаватаю лукаткаю.

Вынаходкі трапляюцца так: ні на што большае ўжо не стае фантазіі, тады што-небудзь самае звычайнае знойдзецца на пашэве — яго бяруць, і гэта, як потым разгледзяцца, самае каштоўнае.

Так і з Арсенем.

Плакала дзіця. Ні цацкі, ні забаўкі не маглі яму дабраць — нічым суцешыць. Арсень, як вельмі ж ужо апрыкрала, уключыў радыё. Гэта была вынаходка.

 

— Во запрагу коні,

                        коні вараныя,

Ды паеду даганяць

                        леты маладыя...

 

Малое не толькі перасціхла, заслухаўшыся — на яго, як ад калыханкі, ад тае песні спусціўся сон; ды заслухаўся і Арсень. Бо самага лютага жалю было паўнюсенька ў засмучонай песні, асабліва калі песня звярталася:

 

— Вярніцеся, млоды леты,

хаця ка мне ў госці.

 

Больш Любе было марна таіцца. Арсень, пасля гэтае песні, ведаў: ёй таксама агорк фотагенічны бок жыцця — от чаму не сядзелася дома, а было Любе за ўцеху куды-небудзь (а злашча аднэй) сысці. У засмучонай песні была й Любіна доля, бо спявала яна ў дзяржаўнай капэле. Гэта была ёй добрая прычына рэдка быць дома: то выступленні, то спейкі...

Але няўжо праўда?.. Няўжо ўся цікавасць памінёна?

Усё ж у Арсеня была надзея, што, пажадаўшы, непозна сапсаваць жыццё.

...чорт не браў, а вялікаму пісьменніку здавалася, што ён усё з таго боку, куды цвікі тырчаць.

Юбілею не дачакацца было. 15 год, як вялікі пісьменнік надрукаваў свой першы невялічкі абразок.

У самую завіруху гэта было, і той абразок так «Завірухаю» і зваўся. А ўсё ж ён тады куды мацней і ўсякую ноч спаў, а не тое што на шаснаццатым годзе.

Турбавала сон думка, што ўсё гэта не так сабе.

Вялікі пісьменнік цураўся прасторных відных вуліц цэнтру. Любіў ваколіцы. Там можна з вуліцы ў вулку неўспадзеўкі трапіць, улукаткі завілкамі пайшоўшы, хутка непрыкметным стаць.

На аднэй такой вуліцы, на спацыр выйшаўшы, вялікі пісьменнік некага ўбачыў, што спыніўся перад чымсьці цікавым у чужым акне, і падумаў, што гэта быў — вядома хто.

Вялікаму пісьменніку як бы крыху праяснілася, чаму так марудзіў юбілей. Можа, знарок дзеля яго гэны — вядома хто — і апынуўся ў такой глухой вуліцы.

І пайшоў вялікі пісьменнік блытаць улукаткі з вулак у вулачкі. А калі з свайго высокага ганка азірнуўся — убачыў Арсеня, але не пазнаў. Яму падалося, што гэна той вядома хто вулкі й вулачкі выблутаў за ім усё чыста ды йдзе назір.

— Што ім трэба ад мяне?! — абурыла вялікага пісьменніка такая ўвага. Ён, зайшоўшы дадому, расхінуў на акне фіранку — шырока, як толькі было льга. Запаліў электрычнасць і сеў за стол. Хацеў так і пісаць — перад усімі, навідавоку, як на гасцінцы дзе пад бярозкаю. Але здолеў адно працяжнікам абзац пачаць, і не больш таго.

З знакамі прыпынку ў вялікага пісьменніка былі надзвычай інтымныя стасункі. Працяжнікі любіў... а дужкі ненавідзеў: любіў падкрэсліваць, а не нашэптваць. Прыкры яму былі яшчэ двукоссі на балонцы: не любіў гэтае грымасы ў голасе. Кропка — як спрэс чорны гарнітур. У ёй было нешта панскае. І вялікі пісьменнік быў рад, баржджэй да яе дапісаўшыся. Да косак жа, як да вулічнага натоўпу, быў абыякавы.

Усё ж у тым публічным сеансе ў вялікага пісьменніка нічога не выходзіла. Закасаваў ён той працяжнік і далей усё, што на ягоным месцы пісаў, касаваць даводзілася. Толькі вылучалася пабочная зусім ягонай рабоце адна думка, што як маюць за ім валачыцца, можа, лепш вялікаму пісьменніку самому туды схадзіць. І сляпілася, як аса.

Ажно тут Арсень пазваніў.

Вялікі пісьменнік, пра іншых думаючы, вельмі ж ахвотна пабег адчыняць. Ён гатоў быў усюды весці, усё паказаць, бо на ўсіх ягоных планах (вялікі пісьменнік быў пэвен) Галаўліт добрую шырокую пячатку паставіць.

Зайшоў Пакумейка, і самому вялікаму пісьменніку ўсе ягоныя мадыгаванні да таго смешнымі падаліся, што ён ізноў, як звычайна, захінуў фіранку на акне, разуўся і ўссунуў на ногі мяккія пантоплі. А дагэтуль на ўсякі выпадак у чаравіках быў...

Толькі тая каравая думка, раз з’явіўшыся, так і цяпер засталася недзе глыбока тлець.

— Ты калі-небудзь даседжваўся да таго, каб ногі зацяклі? — пантоплевыя гаворкі распачаў вялікі пісьменнік.

— Не,— адказаў у гэтым нягрэшны Арсень.

— От бачыш!..— ты мала пішаш, а трэба пісаць шмат. Так нічога з цябе не будзе.

І калі Арсень прабаваў супярэчыць, што, можа, хоць што-небудзь ды будзе, вялікі пісьменнік злаваў вельмі:

— ...но з цябе будзе, — смачна казаў ён тое паскуднае слова, бо ці ж можа што-небудзь зраўняцца з тым, што сам вялікі пісьменнік пра сальнікаў піша.— Гэта на паўсвету, на ўсю Случчыну, пане ты мой!

У суседнім пакоі не маглі ніяк суцешыць дзіця. Вялікі пісьменнік схадзіў туды й прынёс яго ў свой кабінет.

— Скажы, дачушка, «...но будзе»,— строні тае ж з Арсенем гаворкі вялікі пісьменнік падбухторваў дзіця.

Праўда: дзіця развесялілася. Смеючыся й хаваючы ў бацькі на грудзях, паўтарала дачушка тое слова, шматкроп’ем тут сарамяжа азначанае.

Гэтаму вялікі пісьменнік быў вельмі рад. Ён любіў брыдкія словы.

Як назвач сядзеў Арсень у вялікага пісьменніка.

Як бы прысох у роце непаваротны язык. Трэ было сказаць шчырае слова й пачуць уважлівае. Гэтага й прыйшоў. Ды нельга было. І не мог.

 

18

Здарылася гэта неяк з поўначы.

Ні душы было... А вялікі пісьменнік ішоў і азіраўся.

Шырока свяціў той вестыбюль. У яго вялікі пісьменнік шмыгнуў, як у норку.

Не доўга — толькі на першы пачатак вялікаму пісьменніку з непрывычкі здалося, што ва ўсіх там вельмі ж падазроныя вочы. Потым:

— Калі ласка...— і стараліся з ім быць ветлымі.

Там цалюткую ноч чуваць было Вялікаму Пантаплёвічу, як ляскаюць дзверцы аўтамабіляў — то ад’язджаюць, то пад’язджаюць да вестыбюля. І ад таго стуку паўзлі на ём мурашкі й крыху блыталася з дому добра падрыхтаванае да дыктоўкі апавяданне.

Не ўсе аўтамабілі кэркаюць. Ёсць такія, што пад’язджаюць, як да мышы кот. Мяккія ў іх шыны, спраўныя рысоры, а для матора нават з савою будзе вельмі ж шумнае параўнанне.

І Даніла, і Арсень, і яшчэ шмат хто разам з’ехаліся.

Правапіс прыпаручае клічніку радасць і здзіўленне. Вось тут аўтару й няспрытна, што няма дыферэнцыяцыі. Якім бы гэта клічнікам... каб толькі здзівіцца? — бо радавацца ім, з’ехаўшыся, не было з чаго.

А вялікаму пісьменніку дакляравалі юбілей.

Новы — куды цікавейшы, непараўнальна сюжэтны пачынаўся раман. І месца дзеяння небывалае — адваротны свет. Толькі пра гэта бадай што ніколі ад мяне не будзе працягу.

Красавік 1933 — ліпень 1935 г.,

сутарэнне ў Менску — у Ірбіце на выгнанні

 

 


1933-1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я.Р.Лецкі; Камент. Н.В.Гаўрош, Т.М.Трыпуцінай. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. - 607 с., [5] л. іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан