epub
 
падключыць
слоўнікі

Лукаш Калюга

Вясна

 

Як маленечкія люстэрачкі, мяняюцца ад прамення вясенняга сонца растрэсеныя па полі сняжынкі. Весела міргае шыр палявая, як вокам скінуць, ад вуглоў трох новых хат з прыбудоўкамі хлеўчукоў ды такоў, што, як дзіця старчыхі ў цёплай хаце, туляцца ля іх, да бярэзнічку шляхечага хутара. Заве шыр на свае загоны.

Як тычкі, тырчаць гэтыя тры хаткі ў чыстым полі. Не пяюць ім ціхіх калыханак кучаравыя дрэўцы, схіліўшы над іх стрэхамі свае зялёныя галовы ў шарую гадзіну. Толькі вецер-падвей высвіствае песні, снуючы каля іх вуглоў. Ні плоту, ні замёту ніхто не ставіць упоперак яго сцежак.

У аднэй хатцы сядзіць ля акна Тодар Сітнюк і ўглядаецца ў белую шыр, снуе думкамі па дзірванах сваіх палеткаў. Думка радасная, што самахцом цягнула яго сюды, у гэты пустыр, часамі з’явіцца цяпер, і тады пад павіслым вусам прабяжыць лагодная ўсмешка.

Роўным звагам гудзе каля другога акна жончын калаўрот, і з-пад яе пальцаў тоненькая, як валасок, нітка жвава бяжыць у вілачкі.

* * *

І пачалося яно з ціхіх гаспадарчых меркаванняў, з практычных разваг. Але тэмп яго штораз павялічваўся і штораз вышэй узнімаўся Алімпін, Тодаравай жонкі, звонкі голас.

І як толькі ўпраўляўся яе бабскі язык. Сакатала:

— Ужо каторы дзень, каторы тыдзень я дзяўбу гэтаму надаўбню,— дабірала яна больш ядранае, буйное слоўца,— пайдзі да Вінцэся, каб ты па свеце не хадзіў,— пазыч жыта. А ён і вухам не вядзе. Па сваіх камітэтах валочыцца.

— Ціха!.. ціха!..— не то крычучы, не то просячы ратунку, пісклівым голасам наперабой жонцы залямантаваў Тодар. Яму гэтыя песні прыслухаліся за паўтары гады пасялкоўскага жыцця. І так яны вечна, дзе б ні быў, куды б ні пайшоў, як звон стаяць увушшу. Як бобам, сыпле імі Алімпа кожан дзень.

А яна раскудахкалася на ўсе застаўкі, як пусты млын. Жалілася на сваю горкую долю, на недахват куска хлеба, а да хлеба — і казаць няма чаго.

— Быў парабкам, і трэба было трымацца ў цёплым кутку чвырака, калі не выкідалі. Зазвоняць — бяры работу ў рукі. І ні табе клапот, ні думак. Воляю свет. Рукі ў кішэні — пасвіствай. А яму нядобра — трэба свой шнур мець, свае клопаты. Кажа, зямлю ўраджайнаю зробіць, будзе сітніцаю пазы затыкаць... Хвалько! Дурань!..

— Сціхні! — начальніцкім голасам загадвае Тодар і адначасна кулак спускае з-за пляча на рог стала.

— А вось не сціхну! — зазначае Алімпа.— Вось, Тодарка! Хоць голы, ды востры. Але помні: не дагоніш яго, Вінцэся, у пяту пацалаваць. Ты — скула пад яго вокам, і яшчэ пакланіцца яму не хочаш. У яго дабра поўны засекі, а ў цябе зубы на паліцы ляжаць.

* * *

А тым часам неўзаметку падкралася гадзіна злосці, штораз мацней сціскала Тодарава ўстрывожанае сэрца.

Не змагла яна ўтрымацца ў вузкіх берагах сумлення і шырокаю паводкаю хлынула цераз іх, змываючы па дарозе ўсё. Была ў яго на той час адна думка, адна мэта — даць. І засланіла яна сабою ўсе астатнія думкі, імкненні, развагі. Рвануўся Тодар, акамянелы кулак разоў колькі заехаў у каршэль Алімпе.

Загаласілі на ўсю печ дзеці.

— Людцы, ратуйце! — енчыла Алімпа, буйныя слёзы цурком ліліся з вачэй.

Апамятаўся Тодар, апрануў кажух і ціханька выйшаў з хаты. Сам на сябе і на ўвесь свет злосны быў ён.

Сёння пабіўся. Жарты гэта? П’яны быў, век пражыў — не біўся. А цяперака давялося. Злаваць... Во гэта другая справа. Злаваць ён умее, ды яшчэ як умее, заесца да таго, што год гаварыць не будзе, нават вачэй на таго не падыме. Другі б за тую віну крыві нарабіў — сабакам не папіць, а ён на гэта не здолен. Ён ціхай і ўпартай натуры.

Яркі свет рассыпаных па полі зорак сляпіў Тодару вочы. Праціраючы іх кулаком, пайшоў ён у вёску.

Вясна ідзе. Гудзе і пераліваецца маленькая ручаінка, перабягаючы пад невялічкім мастком дарогу. Па сцежках чарнеюць лужы. Снег — слюза, якую рассоўвае ў бакі Тодар, ідучы сваёю дарогаю. Насунуўшы сваю аблавушку на самыя вочы, унурыўшыся, пёрся ён па напрамку на Вінцэсеў бярэзнік.

Сваё жыццё і ўдоўж і ўпоперак перадумаў.

«Добра таму, у каго работнікаў поўна хата. А ў мяне — дзятва ды мы ўдваіх,— снаваў свае думкі Тодар.— Рвеш свае вантробы, з скуры пнешся, а ўсё недахваткі. Хоць бы на сваё насенне ўзбіцца. Чужое зерне — воўк. Аддасі яго, а ў засеку адны пазадкі астаюцца. Канцы з канцамі не сходзяцца... Ну, але налета іначай будзе. Перакідаемся сяк-так гэты год. Вось крапівы прыжджом. А там і на цыбулі пер’е адскочыць, будзе боршч, халаднік. Перахарчуемся лета. А жонка хваліць долю парабацкую. Ну яе...»

Вясною рунее жытцо і ярына, зялёнымі хвалямі к зямлі хінецца. Улетку спелыя калоссі гнуць свае пажоўклыя галовы на твае грудзі, як пройдзеш мяжою, і шастаюць казку пра жыццё.

А каб да шчырай працы ды навуку дадаць, агранома часцей пазываць на парады... Тады з сітніцаю можна будзе не толькі мары злучыць, але і справу на грунт сапраўднасці перавесці.

І хлюпаюць па макраце яго боты. Пырскі ў бакі за гоні разлятаюцца. А ён задумённа звесіў галаву і не пашле ласкавага погляду на сонца, што радасна ўсміхаецца з сіняй высі. І не падыме вачэй на бярэзнік, дзе з-за яго гэтакая калатня ўзнялася.

* * *

У бярэзнічку за будынкамі, што, як стада авечак, рассыпаліся па шырокай сядзібе шляхціца Вінцэся, ішоў апарат поўным ходам. Франак, сын, толькі ўпраўляўся пляшкі падстаўляць. Як з кранта, дзюрчалі шалёныя кроплі, ды яшчэ якія! Ужо разоў колькі ўпэўніўся ў гэтым Франак. Не больш напарстка пацягне ён, як толькі нойдзе поўная пляшка, а за горла як агнём хопіць. Кварта першаку, ганарыста растапырыўшы свае бакі, стаяла каля самага апарата. І другі гатунак мала чаго адставаў.

Спакусліва моргае агеньчык пад трыножкаю.

А Тодар гэтак і прэцца сцежкаю каля гумён.

— Бачыць. Каб яму вочы на лоб павыперла,— ціхенька кажа Вінцэсь.

Залілі агонь і спаважна пайшлі адзін за другім да будынка, як бы нічога і не ведаюць і ні ў чым не грэшныя. Франак пайшоў у хату, а Вінцэсь астаўся каля сцежкі, каб стрэцца з Тодарам.

Марнуючы час, з мінаю добрага знаўцы абглядаў вуглы пузатага будынка, што больш за сто коп глытае восенню ў свае зявы; барабаніў шчыкалаткамі аб сцяну, як бы гэтакім манерам умеў знайсці нейкі таемны, а разам з тым і практычна неабходны сакрэт.

І толькі параўняўся Тодар, ён кінуў свой занятак і абярнуўся да яго тварам.

— Дзень добры! — прывітаўся Тодар.

— Пачакай! Куды спяшаеш? — спыніў яго Вінцэсь, каб слова-другое закінуць і дазнацца, ці бачыў той яго каля агоньчыку.

— Трэба ў вёску даведацца,— неахвотна здаволіў Тодар Вінцэсеву цікавасць.

— Вясна ідзе,— падтрымліваў гаворку Вінцэсь.

— Але. У нас і ў таку і ў хаце чуваць яна. Сена на рэзгіны адразу забярэш. У хляве авечкі бляюць, карова рыкае. На печы дзеці ў кулак трубяць, есці просяць...

— Яно-то гэтак,— не то ў бядзе параду даючы, не то холадна заўважаючы факт, пацвердзіў Вінцэсь. У яго дык сена да Міколы хваціць, а хлеб яшчэ й засекі Еселевага шпікнэру папоўніць. Толькі й клапот, што пра сягонняшнюю бяду ды пра абрэзкі, дзе тры скулы як з-пад зямлі выраслі і колюць яго зрэнкі.

— А можа б, пане-дзядзьку, які б пудок пазычылі? — на спробу закінуў слова Тодар і з пытлівым поглядам заўняўся на яго абліччы.

— Яно то можна было б,— па слову выціскаў Вінцэсь. Тут яму і бровар на памяць усплыў, непакой быў у гэтым пункце ў яго сумленні. Каб не гэтая бяда, ён бы іначай загаварыў!..— Вось хіба, нябога, прыйдзі там па таей нядзелі. Тады па-суседску памяркуемся. Яшчэ з сваяўством як мае быць не разлічыўся. Анупрэй касіў, Дзянісіха жала. Трэба і іх не мінаць. Ат! Памяркуемся...

Гэтага толькі і чакаў Тодар.

Разышліся.

Смех бегаў па губах Вінцэся, расплываўся ў прыветную ўсмешку. Здаволены быў. Думкі ўзварушыліся, як сняжок пасля мяцеліцы.

«Лес не ровен, трава ўсякая, і чалавек — гэтае самае,— кажу я і ўсе разумныя людзі...— Падохнеш, галытра акаянная... І ангельцы, пранцузы, палякі не даюць храпунца. Яны на нас углядаюцца, ды яшчэ як...»

Здавалася Вінцэсю, што Польшча, Ангельшчына, Францыя, вытрашчыўшы вочы па яблыку, пільна ўзіраюцца ў Савецкую краіну і бачаць у ёй аднаго яго ды яшчэ, можа, Анісіма Стажэвіча. І цякуць, коцяцца на шырокае чэрава іх буржуйскія слёзы, бо бачаць, як абрэзка гняце Вінцэся Анбражыцкага і Анісіма Стажэвіча.

«Ой, пагоняць! Аж пыл закурыць»,— цешыць сябе Вінцэсь і памаленьку, калышучыся, йдзе ў хату, каб загадаць сыну баржджэй брацца за спыненую справу. Хто ж яго ведае? Гатоў падкусіць. Можа, ён з тым толькі й пайшоў.

Па дарозе глянуў у ток. Рыжаю лысінаю свяцілася старана саломы. З другога боку зелянела сена, як бы толькі што прывезенае з лук.

Радасна стала.

Але следам за гэтым горкасць салоным квачам лезла ў душу: успомніў абрэзкі...

* * *

Пад вечар Вінцэсь выйшаў з рэзгінамі на гумно ўзяць сена з току каровам. Бачыць — ідзе па дарозе ля гумён нехта з мехам за плячыма.

Пазнаў Тодара.

— Адкуль гэта? —здалёк папытаўся Вінцэсь.

— З бядняцкага камітэта,— адказаў той і мінуў Вінцэся, не сказаўшы больш ні слова.

«Бачыш вужаку! Ужо ён і шапкі не мерыцца зняць! Ліха іх хай возьме! Сабака сабаку знюхае!» — праводзіў яго думкамі Вінцэсь.

Пазіраючы на бакі, Тодар мерае гаспадарскім вокам шырыню Вінцэсевага поля. Імчацца думкі стройнымі чародамі.

«Вось мы ўкаранімся тут, тады падзівіцца свет. З гэтым абшарам нам саўладаць —плёвая справа».

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я.Р.Лецкі; Камент. Н.В.Гаўрош, Т.М.Трыпуцінай. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. - 607 с., [5] л. іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан