epub
 
падключыць
слоўнікі

М. Ісакоўскі

Майстры зямлі

З рускай — М. Ісакоўскага

 

Работнікі хлебнае справы.

Прынеслі яны сюды з вёскі сваей,

Дзе йграла багатае свята,

Маўклівую радасць працоўных людзей

І радасны воклік заплаты.

І глянулі з дзівам, як после вясны

Само ў рукі шчасце далося,

На поўнач, на поўдзень

Глядзелі яны

І жоўтае рвалі калоссе.

Яны перамогу адчулі сваю

І спорных чакалі ўмалотаў.

Яны ўспаміналі, як ў гэтым краю

Сівое

Дымела балота.

Карэннямі лозы крывыя з зямлі

Смакталі карысныя сокі.

І рэзалі рукі,

І вочы сяклі

Зялёныя пікі асокі.

І быў гэты край недаступен і глух —

Прыстанішча мукі і смерці.

І тысячу год забабонных старух

Пужалі балотныя чэрці.

Ўсё ж людзі,

Паўстаўшыя супраць чарцей,

30 Забыўшы лік на свае латы,

На ногі паставілі

Баб і дзяцей

І ў рукі ім далі

Лапаты.

І там,

Дзе не ўсякі мог смела прайсці

І вязлі ў калена дзе ногі,

Яны правялі

Пад’язныя шляхі,

Яны пралажылі

Дарогі.

І кожнай маўклівасць квадратнай вярсты

Яны пакарылі

Там працай нялёгкай.

І ўелася поле

Ў глухія пласты

Распетаю

Жоўтай затокай;

Прад імі ляглі маладыя лугі,

Шаўковыя скінуўшы шаты.

І стромкія свежага сена стагі

Лепш пахнуць

Ад лепшай гарбаты.

І ў свята, калі ўжо не скачуць сярпы

І косы карпацкія немы,

Па шчодрую плату

Прыходзяць сюды

Тварцы і героі паэмы.

І як бы скаваныя радасным сном

На жытніх калосістых гонях,

Стаяць і любуюцца

Буйным зярном,

Ляжачым

На жорсткай далоні.

І вецер адносіць адрыўкі іх слоў,

І гутаркі моўкнуць пустыя.

І гэтак здаецца, што ў гэтых майстроў

Іх рукі усіх

Залатыя.

 

[1934]


[1934]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан