epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Фантазія

Клубок Зямлі, агорнуты крывавым туманом і згараючы ў ім, рабіў свой вечны шлях у сістэме Сонца.

Найгусцей прыпаў туман на прасторы Беларусі.

Пад гулкі грукат гармат, траскатанне стрэльбаў і кулямётаў, пры водбліску страшных пажарышчаў раздаваліся дзікія воплі і балючыя стагнанні забіваных, рэзаных, паміраючых з голаду людзей.

Могілкі і турмы перапоўнілісь. Грэх спавіў кожнае сэрца. Крывёю і слязьмі пазаплывалі вочы.

Сцені памёршых продкаў у смяротнай нудзе стаялі над распятай краінай і адварачываліся ад сваіх затопленых смуроднаю запечанай крывёй могілак.

З расцерзаным да краю сэрцам вялікага гуманіста вылез у поцемках з няведамай патомкам ямы панураны Францыск Скарына і падаўся ў начавым паветры да свайго радзімага Полацка.

Даўгія, шырокія полы мантыі доктара лекарскіх і вызваленых навук развяваліся ад ветру, а яркі арэол наўкола сумнай галавы то разгараўся, то змяркаў.

Пралятаючы над слаба асвятлёным дзеля боязні аэрапланаў Менскам, сцень доктара шукаў вачмі таго шпіталя, дзе ляжаў пры смерці хворы з галадухі Янка Купала.

Пабачыўшы над цёмным домам ззячую кружэлку арэолу песняра, сцень спусціўся ў ціхую палату і стаў над сваім нядужым сябрам.

— Як маешся, мой браце? — без слоў спытаўся доктар у стагнаўшага паэта.

Хворы з трудом заварушыўся і сумна паглядзеў на гуманіста.

— Не мукі цела страшны, — прачытаў Францыск Скарына ў кроткіх галубых вачах, — баліць душа.

— Лячу ў Полацак, хачу даведацца, што цяпер там? — сказаў цераз невялікае маўчанне доктар.

— Скрозь адно... Што тут, што ў Вільні, што ў Смаленску і скрозь на Бацькаўшчыне мілай... — пакратаў перасохшымі ад смагі вустамі паэт.

Доктар засмучона схіліўся галавою да грудзей і доўга так стаяў.

— На сход! — сказаў у непрытомнасці Купала і збудзіў ад чорных дум паніклы сцень.

— Каму і на які? — азваўся рэхам сцень. Памаўчаў і прамовіў горка: — Магутны кліч твой раздаецца ўжо даўно — і скрозь, ад краю ў край, па Беларусі... А шмат з'явілася? Народ за доўгія вякі няволі аглох і зрабіўся нячулым.

— Што рабіць? — ізноў, як у гарачцы, застагнаў Купала.

— Што рабіць? — перапытаўся доктар, — тое, што ты і робіш. Але каб зразумеў народ наш паспаліты патрэбу сходу, ці не сабрацца спачатку толькі нам, будзіўшым яго на дабро ўсе вякі і кожны час?

— Добра... — прашаптаў паэт і сціх.

Сцень вылецеў з палаты і не падаўся далей к Полацку, а павярнуў назад к Ашмяншчыне.

Здалёку ўвідзеў ён на могілцы ў Жупранах вялікі яркі арэол народнага баяна.

Францыск Скарына спусціўся ля касцёла і чыркнуўся няўмысля палою мантыі аб спячага п'янога легіянера.

— Пся крэў! Холера! Быдло бялоруске! — закрычаў патурбаваны доктарам жандар, а яму рэхам адазваўся з-пад зямлі жудасна-балючы стогн бацькі адраджэння.

— Не стагні, мой браце любы! Барзджэй бяры ты сваю «Дудку» й «Смык», пойдзем на сход склікаць! — сказаў яму заместа прывітання доктар.

З магілы ўзняўся сцень вусатай постаці.

— Засіпла мая дудка, а смык не маець скрыпкі... — безнадзейна пажаліўся Багушэвіч і дадаў, падумаўшы аб сваёй музе:

 

Каб ты так іграла,

Каб немарасць брала!..

 

— Твая «Дудка» грыміць, мой браце, на ўвесь край, а да «Смыка» дарабіла ж «Скрыпку» Цётка. Пойдзем зараз у Лідчыну на той вясковы могільнік, пабудзім на сход найперш яе, бо гэтая руплівая сяброўка склікаць умее найлепш за ўсіх.

І два сцені паляцелі побач у Лідчыну.

Поўная запалу і энергіі, хаця худзенькая і бледная, ляцела ўжо сама да іх пяснярка і паэтычна, ціханька пяяла ў адказ на свае думкі:

 

Можа, хто з дзетак скруце жалейку,

Унучку паломанай ліры.

І так заіграе, што ўсенька зямелька

Пачуе мой одгалас шчыры...

 

— Ах, браточкі-галубочкі! — загаманіла яна без дальніх слоў. — Трэба так: адзін на ўсход, другі на захад, а я з тым-сім паклічу тых, што спачываюць на чужыне, — і зараз паняслася.

Неўзабаве сцені памёршых і духі жывых сцякаліся на свой Парнас з усіх бакоў.

Пакашліваючы, брыў з далёкай Ялты калматабровы Максім Багдановіч. Спяшаўся, як заўсёды, з Галіцыі, з сваей магілы ў Закапаным, запыханы Іван Луцкевіч. Глабаўся з-пад груду трупаў брацкай магілы ў Коўне Лявон Гмырак. Шыбка йшоў у хутры і ў зімовай сібірскай шапцы з Кракава даўгі Алесь Гарун. Важна і спакойна пасуваўся з Меншчыны пан Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Як непрытомны прыбліжаўся з Кіева празрыста-белы Сяргей Палуян з сінім шнурам на шыі... Прысадзіста калдыбаў разважны каранасты Карусь Каганец. Там ішлі яшчэ й другія.

А клубок Зямлі, згараючы ў крывавым тумане, ляцеў а ляцеў сваім вечным шляхам, як бы нічога не было.

 

[1921]


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая