epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Генерал

I
II
III


I

 

Ён быў ужо старэнькі.

Галіў, на англійскі манер, бараду і вусы, і таму не можна было з пэўнасцю сказаць, колькі яму гадоў. А пад вачмі – жоўтыя зморшчаныя мяшочкі, на макушцы – рэдзенькія валасы, сівенькія, мяккія, набок зачасаныя.

Рукі ў яго то прыкметна іншы раз, то непрыкметна дрыжэлі.

У стройненькім мундзірчыку на англійскі фасон і ў штанах галіфэ, з белым каўнерчыкам на шыі і ў манкетах у кратачкі на тонкіх худых руках, ён выглядаў дробненькаю, старэнькаю, але фарсістаю чысцёшкаю.

На грудзях жа ў яго была высокая баявая ўзнагарода: Георгіеўскі крыж.

Ён сядзеў у кабінеце, зробленым з гасцінага пакоя ў аграмадным старасвецкім панскім доме, дыміў цыгараю і часам сёрбаў маленькаю сярэбранаю лыжачкаю чорную сцюдзёную каву.

Яго працоўны дзень пачаўся даўно, але было яшчэ рана: першая гадзіна. Дывізія стаяла ўжо колькі месяцаў, без асаблівых прыгод, на адным месцы, і было нудна.

Ён прыдумваў і не ведаў – чым заняцца...

За вокнамі ківалася мокрае галлё, то больш, то менш прапускаючы да шыб мокрага надвор’я.

Часам глухі гул, як далёкі гром, далятаў сюды, лыжачка звінела аб брыж у шкпянцы, і мімаволі, падсвядома і незлавіма з’яўляліся і знікалі нейкія трывожныя ўспаміны і адчуванні.

Часам дзверы нячутна адчыняліся і ўваходзіў высокі і прызвычаена-зграбны, але безнадзейна тошчы ад выпітых салодкасцей жыцця ад’ютант з паперамі. Ён бразгаў банькамі, стукаючы бот аб бот, баўтаў аксельбантамі і штосьці пытаўся ў яго правасхадзіцельства, ціханька б’ючы пальцам з даўгім кіпцем па сваёй важнай паперыне... Ізноў бразгаў, крута і вёртка паварочваўся і таксама ціхенька выходзіў.

I тады, пакуль адчыняліся і зачыняліся дзверы, далятаў сюды шум ад людской гаворкі, шчоўкання друкавальных машынак і стукання падкаваных салдацкіх ботаў па старасвецкім дубовым паркеце.

Адкінуўшыся на падушку ў крэсле і выцягнуўшы дробненькія ногі, генерал пускаў сіні дымок і думаў...

Перад ім ляжалі апошнія загады вышэйшага камандавання, тэлеграмы, газеты і лісты. I ўсё было так аднастайна і нецікава... Нейкія цёмныя чуткі ў сталіцы... Бясконцая пустая гаварыльня ў Думе... Зноў пытанне аб мэтазгоднасці далейшых адыходаў на лепшыя пазіцыі... Ізноў разважанні аб катастрафічным зніжэнні баявой якасці новых вайсковых фармаванняў...

«Самае горшае ў кожнай справе, – думаў генерал, – калі пакідае людзей творчы настрой, калі здаецца, што ўсё ясна, усё скончана, усё, што можна, зроблена, і ніякіх асаблівых магчымасцей няма. I тады нудна...»

Ён мімаволі ўздыхнуў. Потым, не заўважаючы, пазваніў і, калі з’явіўся ад’ютант ізноў з паперамі, сказаў яму, каб падагналі аўтамабіль ехаць на пазіцыі.

– Абед, ваша правасхадзіцельства, гатоў, – сказаў ад’ютант.

– А... ну, усё роўна, – апатычна згадзіўся генерал і перайшоў у сталовы пакой.

У часе абеду, калі ад сытасці прыходзіць гумар, ён яшчэ больш засумаваў. Вясёлы падпалкоўнік, начальнік штаба, быў у водпуску. На абед былі запрошаны, паводле даўніх традыцый, новапрыбылыя афіцэры. Але цяпер гэта былі сарамяжлівыя і нязграбныя прапаршчыкі. Генерал пачуваў сябе дрэнна, бачачы, як не ўмелі яны абыходзіцца ў афіцэрскай кампаніі, чырванелі і марудзілі, каб не зрабіць чаго не так, і стараліся рабіць усё як найлепей, а ўсё ж ткі, забыўшыся, елі з нажа і бралі хлеб відэльцамі...

«I гэта нашы афіцэры!– сумна падумаў генерал. – Сапраўды, хіба з такімі афіцэрамі можна дайсці да перамогі?» – мімаволі горка патрос ён галавою.

Абед скончыўся дужа скора. Генерал еў зусім мала. Ён зараз выйшаў, сеў у аўтамабіль і адзін, нават без ад’ютанта, паехаў у штаб N-скага палка, які стаяў цяпер на пазіцыі.

– На наша правасхадзіцельства напала мерлехлюндзія, – сказаў ад’ютант доктару, калі аўтамабіль знік у туманнай пеляне. – Ці не хочаце, пане доктар, партыйку? – спытаўся ён, узяўшы доктара падпашку, і павёў яго ў генералаў кабінет за шахматны столік.

– Адну партыйку можна, – сказаў доктар, ідучы. – Нервачкі ў нашага правасхадзіцельства таво-с... – дадаў ён, троху прайшоўшы і падумаўшы, і паправіў на носе акуляры і пагладзіў сваю вялікую калматую і чорную земскую бараду.

 

II

 

Дарога ішла дробным лесам і па шэрых, мокрых, зазімавалых палянах. Збоку, у пакопаных канавах і ямках, было поўна вады з лядочкам па краях. Цягнуўся альшэўнік – цэлы і пасечаны сапёрамі, калі ладзілі дарогу.

У паветры вісеў туманны, дробны дожджык. Гэтая імжака курылася і курылася без канца. У некаторых месцах, у лесе, на палянах, з яго зліваўся дым. Там вольныя, уперамешку з салдатамі, капалі акопы, і генерал, паглядзеўшы на іхную работу, падумаў, што яны больш кладуць цяпло, кураць і гамоняць, чым капаюць.

Часта трэба было абганяць абозныя фурманкі. Яны павольна зварочвалі з сярэдзіны дарогі бліжэй да канавы. На кожным возе сядзеў барадаты салдат, ускінуўшы сабе на галаву торбу ці што другое ад імжакі. Спалохана, але някрутка скідаў ён торбу і прыкладваў руку да казыра.

«Самае горшае ў кожнай справе, – зноў разважаў сам з сабою генерал, – калі няма да чаго імкнуцца, калі няма куды ляцець, няма размаху...»

У штабе палка спыніліся толькі для таго, каб узяць праваджальніка. А палкоўніку ехаць з сабою адмовіў генерал, чым яго здзівіў і пакрыўдзіў.

– Вы мне даруйце, палкоўнік, – лагадней сказаў генерал, заўважыўшы яго крыўду. – Я ведаю, што ў вас у палку ўсё ў найлепшым парадку... Мне проста хочацца пабыць аднаму і не турбаваць ні сябе, ні людзей лішнімі службовымі гутаркамі...

Але палкоўнік не зразумеў і яшчэ болей пакрыўдзіўся.

Паціху кранулі і праз колькі хвілін уехалі ў дымны сасоннік, дзе віднеліся перадкі, зямлянкі, конскія морды, людзі перабягалі.

Тут стаяла батарэя.

Генерал выйшаў з аўтамабіля і пайшоў да зямлянак. Дзяжурны, спужаўшыся, кінуўся на спатканне, потым павярнуўся і пабег да камандзірскай зямлянкі. Адтуль, з погляду спакойна, выходзіў у крытым кажушку вусаты капітан, рыхтуючыся рапартаваць.

Але генерал, яшчэ не даўшы яму падысці, хмура спытаўся:

– Чаму вы, капітан, не назіраеце на сваім пункце?

Той марудзіў адказам і пачынаў ненавідзець генерала і злаваў на сябе, што апошнія часы апусціўся і ўсё пралежваў у зямлянцы, думаючы, як бы найлепей і дзе прарваць праціўніку фронт.

З батарэі генерал конна паехаў з капітанам на камандзірскі пункт, дзе нецікава падзівіўся ў трубу Цэйса, нічога не разгледзеўшы ў тумане, і адтуль пеша, з адным салдацікам, пайшоў у перадавыя пяхотныя акопы.

Там ужо мелі тэлефанаграму, што ён прыехаў, і чакалі яго.

Ішоў з маладым салдацікам, бязвусым, а ўжо з унтэр-афіцэрскімі нашыўкамі, і дужа хацеў разгаварыцца з ім.

I хоць салдацік бойка і зусім не саромеючыся адказваў яму, гутарка не ішла.

Генерал спытаўся, якой губерні, хто ёсць дома, ці часта пішуць, і ўсё ж такі не чуў у яго адказах тых прыемных, дрыжачых нотак, на якія спадзяваўся і якія з’яўляюцца, як ён думаў, калі паважаны, любы начальнік пытаецца што-небудзь інтымнае ў свайго ніжэйшага падначаленага.

Генерал не ведаў, аб чым яшчэ пагутарыць, і быў рады, што ўжо прыйшлі.

Ён ласкава паздароўкаўся з камандзірам, людзьмі і начальнікам. Салдаты хоць і з цьмянымі тварамі, але звычайна-вясёлыя, прапускалі яго, як яму здавалася, добрым і ўдзячным поглядам, што ён, генерал, даведаўся іх тут.

Жыць можна было... Вялікіх марозаў яшчэ не было.

Па начах ужо будаваліся бліндажы і зямлянкі. Пад сценку да супраціўніка салдаты падкапаліся лісінымі пячуркамі, вылажылі дно і сценкі елкаю і саломаю з лёнам з пакінутага хутара і завесілі палаткамі.

Для ночы былі, таксама ў сценках, падкопаны печачкі. Ад праходу ішоў акопчык да калодзежа і другі – для сцёку вады.

Салдаты падскоквалі з нагі на нагу, стукалі валенцамі, але можна было трываць.

Праходзячы, генерал раптам спыніўся каля аднаго маладзенькага салдаціка, даўганосага, з жаўтаватым худым тварам і пасінелымі вуснамі.

– А хлеб у цябе ёсць? – спытаўся ён у яго.

– Няма, ваша дзіц! – даволі бойка адказаў гэты несамавіты на выгляд хлопчык і зараз дадаў, мімаволі трошкі зірнуўшы ў той бок, дзе стаяў ротны: – Але сёння прывязуць, ваша дзіц!

– Малайчына! – ласкава шлёпнуў яго генерал па плячу.

– Рад старацца, ваша дзіц! – старанна крыкнуў салдацік і ўвесь выцягнуўся ў струнку.

– Сёння павінны падвезці хлеба, – адважыўся ўмяшацца ў гутарку ротны камандзір.

Гэта быў несамавіты на выгляд прапаршчык. «Пэўна, з настаўнікаў», – падумаў пра яго генерал.

– Учора чакалі, ды нешта выйшла ў дарозе, ваша правасхадзіцельства! – дадаў прапаршчык і ледзь не заблытаўся на даўгім слове.

– То-та яны такія цьмяныя, – патрапаў генерал салдаціка па шчацэ і быў рад, што так сказаў і так зрабіў і што гэта салдатам спадабаецца і падніме ў іх настрой.

«Нічога, – падумаў генерал, – і ў кожнай, здаецца, самай безнадзейнай справе можа раптам, немаведама адкуль, узяцца гэткі творчы настрой, што людзі з налёту робяць самае немагчымае самым магчымым».

 

III

 

Генерал павесялеў, і яму захацелася паехаць ужо назад, заехаць на батарэю і ласкавей абысціся з капітанам, зайсці да палкоўніка і яшчэ раз пахваліць яму яго полк, а ўвечары, у сваім цёплым кабінеце, згуляць з ад’ютантам і доктарам партыю ў шахматы, аднаму супроць дваіх, і выйграць.

Раптам ён успомніў, што не паглядзеў яшчэ тут поля абстрэлу. I ўзяў бінокль і пачаў углядацца ў мокрую, туманную пялёнку, што вісела наперадзе перад акопамі.

У бінокль відаць былі ў тумане нямецкія бліндажы. Там з іх віўся дым. Відаць былі загародкі, драты. Можна было разгледзець могілкі, крыж і раскіданае бярвенне ад згарэлае хаты.

Зірнуўшы туды, куды яму паказваў, выставіўшы руку, стары барадаты салдат, генерал убачыў скрозь туман, як два немцы нешта капалі, кідаючы ўгару зямлю, а трэці курыў, вытыркнуўшы галаву з-за бруствера.

– Што ж, вы страляеце па іх? – спытаўся генерал.

– Не, ваша дзіц, – адказаў старшы назіральнік, – па загаду з брыгады павінна сграляць батарэя, калі іх шмат збярэцца на работу. А мы страляем рэдка...

– Чаму?

– Яны папраўляюць бліндажы і дрот больш уначы, а ўдзень паказваюцца рэдка.

– Дайце-ка мне вінтоўку, – папрасіў генерал.

Ён доўга цэліўся, нарэшце стрэліў.

Хоць быў туман, стрэл прагучэў зычна, але як бы незнарок і адзінока. У адказ нічога не было.

Тады генерал падумаў, што хоць салдаты маюць добры выгляд, але пры гэткім нецікавым стаянні, нават без добрай перапалкі, у салдатаў траціцца храбрасць і явы прывыкаюць берагчы сябе.

– А па брустверы ідучы, добра відаць поле вашага абстрэлу? – спытаўся ён у камандзіра роты.

– Лепей троху, толькі ўдзень небяспечна, ваша правасхадзіцельства, – адказаў ротны і зноў ледзь не заблытаўся на гэтым доўгім і цяжкім для яго слове.

Генерал паглядзеў на яго і адчуў нястрымнае жаданне штурхануць яго некуды ці нешта зрабіць яму такое, каб ён не быў такі разлезлы. У гэты момант генерал так не любіў прапаршчыка, што гатоў быў яго ўдарыць.

Але неспадзявана для сябе самога і для ўсіх крута адвярнуўся, узышоў на прыступачку і, абпёршыся салдаціку на плячо, сказаў:

– Памажы-тка, брат...

I ўскочыў на бруствер. Пайшоў па брустверы спакойна і проста.

Зьнь, зьнь... – той жа час праляцелі над галавамі адна па адной дзве кулі, а з боку нямецкіх акопаў дакаціўся гул стрэлу.

– Страляюць. Небяспечна, – сказаў нехта.

«Каму патрэбна гэта дзівацкае выстаўленне сябе пад кулі? Здурнеў ён, ці што? – з абурэннем паглядзеў на генерала прапаршчык. – Але ж і мне трэба з ім ісці па брустверы, і мне трэба», – думаў ён, чуючы, як забілася сэрца.

Генерал зірнуў на яго і злосна падумаў: «Вучыцялішка... з тых, што ядуць з нажа... Шкадуе сябе».

Той раптам скочыў угару і стаў адзаду ў генерала, таксама высока і таксама небяспечна, і момант стаўся тут гадзінаю. Можа, ступіў ён два разы, як раптам перакуліўся і сунуўся ў акоп.

– Во... – вырвалася ў аднаго салдата.

Генерал скочыў услед і разам з другімі кінуўся да ляжачага.

Ён схапіў за руку мёртвага і крыкнуў:

– А дзе фельчар?

Забіты ляжаў, падагнуўшы ногі і адкінуўшы руку ў замшавай з белым баранькам рукавіцы. Шапка з’ехала, і былі відаць беленысія, зачасаныя набок валасы. А бародка, паголеная, раптам адзначылася шэраю бруддзю. Санкі трохі скрывіліся набок, а пад шапкаю відаць было трошку ліпкай крыві на мёрзлым, сухім акопным дне.

Прыбег фельчар са сваёю торбачкаю і, асцярожна абышоўшы генерала, сагнуўся і прыклаў вуха да грудзей таго.

– Сканаў яго благароддзе, ваша дзіцтва, – сказаў ён генералу так, як бы хацеў дадаць: «Я не вінават».

Генерал няпэўна ўзлажыў рукі забітага на яго грудзі, потым, не хапаючыся, паважна зняў шапку.

– Вечны спакой, – прашавяліў ён.

Потым, пачакаўшы і дрыгнуўшы ў задуме мускулам з левага боку санак, зноў апусціў шапку, сагнуўся і пацалаваў у мёртвы лоб.

– Слава загінуўшым сынам бацькаўшчыны! – дадаў і доўга няўмела надзяваў шапку.

А кулі перасталі дзвінаць. I ўсё зноў было ціха і мокра ў паветры. А далёка, каля лесу, на флангах, няможна было разабраць – дым ці туман.


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з нейкага сайту, магчыма http://rv-blr.com/